355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юры Станкевіч » Любіць ноч — права пацукоў » Текст книги (страница 3)
Любіць ноч — права пацукоў
  • Текст добавлен: 24 мая 2017, 21:30

Текст книги "Любіць ноч — права пацукоў"


Автор книги: Юры Станкевіч


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

        скачыце і вы, в натуры, не пашкадуеце!

і плыў на спіне, выторкваючы геніталіі, і крычаў

        маць яго, так і гэтак!

а потым вылез на бераг і пацягнуў у ваду дзяўчыну, глынуўшы з яе бутэлькі, а тая роблена вішчэла

        Сярожанька, не трэба! ай, бля, не хачу!

і хіхікала і зноў выкручвалася і крычала, звяртаючыся да тых, дваіх

        Карым, ратуй! дапамажыце!

але тыя раўнадушна глядзелі, пакуль урэшце голы Сярожа ўцягнуў яе ў раку, на глыбіню, і абое паплылі, мацюкаючыся і адплёўваючыся, прычым стрыжаны ўпарта плыў на спіне, дэманструючы свой перад, і ўрэшце вылезлі на бераг – дзяўчына пабегла за машыну і сцягнула там спадніцу і кашулю, застаўшыся ў майтках, бо ліфчыка на ёй не было, а стрыжаны Сярожа раптам падышоў да таго месца, дзе сядзеў Даніла Прусак, і сказаў

        я вытруся

але мужчына не зразумеў, пра што тлумачыць голы Сярожа, і, сціснуўшы сківіцы, заўважыў

        ты б менш крычаў, дзіцё напалохаеш

а той тым часам падчапіў з зямлі хлопчыкаву коўдру і ручнік і пачаў выціраць імі спачатку галаву і плечы, а потым жывот і геніталіі, але Даніла Прусак ужо ўскочыў на ногі і тузануў коўдру з рук нахаба

        думай, што робіш, ублюдак, гэта ж дзіцячыя рэчы!

скрозь зубы вырвалася ў яго, а Сярожа раптам усміхнуўся ўжо зусім цвяроза і прашыпеў яму ў твар

        што, не падабаецца, лох? я табе не падабаюся, да? ты нас не любіш, так?

і неспадзявана імгненна нанёс удар нагой, які прыйшоўся ў горла мужчыны, той пахіснуўся, ледзь не ўпаў і знерухомеў ад болю і шоку, бо не чакаў такой падлянкі, а голы Сярожа кінуў на траву пакамечаныя коўдру і ручнік і, гучна рыгнуўшы, пайшоў да сваіх, адкуль наўзабаве пачуліся дзявочы віск, лаянка, а потым усё гэта заглушыла музыка ад уключанага на поўную магутнасць магнітафона, а Даніла Прусак сутаргава зглынуў і адчуў, як горла апёк боль, а даўнёнак, пэўна, нічога не бачыў, бо ўдар быў спрактыкаваны і маланкавы, ва ўсякім разе мужчына спадзяваўся на тое, што малы не бачыў, і спусціўся да вады, дзе ляжала вуда, і сеў там, а даўнёнак падбег да яго і сказаў трывожна

        Даня

потым успомніў і заладзіў

        псіхі грэбаныя

зноў

        псіхіпсіхіпсіхі

Даніла Прусак патрос галавой і прыхінуў таго да сябе гаварыць ён не мог, толькі згодна кіўнуў, супакойваючы дзіцёнка, і сядзеў так хвілін пятнаццаць, а потым стаў складваць вуду, калена за каленам – адно ў адно, пакуль уся яна не зменшылася да даўжыні локця, надзеў верху пластыкавы каўпачок і пачаў аглядаць наваколле, пакуль не заўважыў удалечыні кропку – постаць Алесі – тая ўсё яшчэ самотна сядзела на беразе, і сказаў, хутчэй прасіпеў, даўнёнку

        ну, пойдзем сходзім вунь да той цёткі

сабраўшы яго рэчы, узяў хлопчыка за руку і павёў да жанчыны, ішоў марудна, часта спыняючыся, а калі наблізіўся, вымавіў з цяжкасцю

        прывет, Волечка

і тая сказала

        я ўсё бачыла, Данііл

вока ў яе было вострае, і мужчына зноў адзначыў гэта пра сябе, а яе папрасіў

        ты з хлопчыкам пабудзь, зрабі ласку, а я схаджу пагавару

але жанчына кінула недакурак і з жахам запярэчыла

        ты што, Данііл, не заводзься, яны ж заб’юць цябе

і той адказаў сіпата

        не бойся, я загавораны

Алеся-Вольга спытала дурнавата а той пажартаваў

        у дзяржстраху, на кругленькую суму

і голас не слухаўся яго, у горле быццам засела вялікая, вострая стрэмка, ад якой пульсаваў боль, і мужчына спусціўся да вады, намачыў у ёй ручнік і прыклаў да шыі, стаяў гэтак, а даўнёнак гаварыў

        рыбарыбарыба

а Вольга-Алеся лашчыла яго галаву невялікай бруднай даланёй і хвалявалася

        мне страшна, Данііл, не хадзі

зноў лашчыла даўнёнка, – пазногці на пальцах былі чорныя, і казала

        бедненькі

і гнула свае

        нехадзінехадзінехадзі

але мужчына кінуў на траву ручнік і абарваў

        змоўкні, Вольга, а то сапраўды нагаворыш

і вырашыў:

        ты пагуляй тут з хлопчыкам пакуль, а я зараз схаджу разбяруся, бачыш, нас зняважылі

і дадаў, звяртаючыся да малога

        пабудзеш з цёцяй Вольгай

і пайшоў, заціснуўшы ў руцэ пластыкавы цяжар вуды, паступова набліжаючыся да машыны, адкуль усё так жа гучэла рэзкая музыка, але галасоў ён не чуў, а калі падышоў бліжэй, са здзіўленнем убачыў, што ўсе спяць – зусім голая дзяўчына ў салоне, адкуль патыхнула потам і спермай – спадніца яе і майка сушыліся на капоце, двое чужынцаў у цяньку на посцілцы за машынай, а накачаны, мускулісты Сярожа, які ўжо быў у трусах, – прама на траве: усіх, пэўна, змарылі хуткацечны секс, сонца і выпіўка, і Даніла Прусак пасунуўся бліжэй, схіліўся над галавой стрыжанага і, размахнуўшыся, з усёй сілай апусціў таму на горла цяжкаватую пластыкавую вуду і ўбачыў, як той захрыпеў, пукацячы каламутныя цёмныя вочы, а потым ударыў яшчэ раз, па кадыку, і стрыжаны Сярожа засоўгаў нагамі і зашкроб зямлю, а мужчына кінуў вуду ў раку і пайшоў назад, дзе яго ўжо чакаў устрывожаны даўнёнак, узяў дзіцё за руку, а Алеся таропка абувала парусінавыя падраныя тапачкі і гаварыла

        я нічога не бачыла, я пайду

і Даніла Прусак падумаў і сказаў

        і добра зробіш, Волечка

і павёў даўнёнка па сцежцы, якая вяла праз пляж, выйшаў з ім у завулак, а потым на вуліцу, рукі ў яго ўсё яшчэ дрыжэлі, а хлопчык смуткаваў

        мамамамамама

мужчына зайшоў з ім у краму, а потым паіў квасам, і выпіў сам цэлы бакал, пасля чаго абодва рушылі дадому, але яшчэ здалёк прыкмеціў у канцы іх завулка міліцэйскі «уазік» і сцяўся – няўжо яны так хутка па яго прыехалі, і што там пасля адбылося на пляжы, ліхаманкава меркаваў ён, з тым эксгібіцыяністам Сярожам, але пакрочыў далей, трымаючы за руку даўнёнка, і ўбачыў, як з фралоўскага дома, пад воклічы жанчын міліцыянты праз брамку выцягвалі збітага Кліма Фралова, а той лаяўся і вышчэрваў у крыку шырокі запэцканы крывёю рот, так што былі бачныя мноства металёвых каронак, – падышоў бліжэй, і тут Клім пазнаў яго і выкрыкнуў, раздзіраючы адной рукой кашулю на грудзях

        не вер ім, Даніла, я не забіваў!

а той спытаў, пакуль двое ў зялёнай форме – так званыя «агуркі» – закручвалі таму рукі і надзявалі наручнікі

        ты пра што, Клім?

а той закрычаў

        сястры тваёй, Любы, не забіваў! ведай гэта, а то табе навешаюць цяпер!

і тут яго ўпіхнулі ў машыну, дзверцы захлопнуліся і «варанок» ад’ехаў.

IV. Зняволенне

Даніла Прусак папрасіў у следчага Кузіна зэдлік, пасадзіў на яго даўнёнка, раскрыўшы на каленях хлопчыка кніжку з коміксамі, прысеў сам, а следчаму сказаў

        віншую вас з бліскуча праведзенай аперацыяй, толькі вось з логікай няўвязка; сачыце за думкай: Клім Фралоў вяртаецца дадому, які заняты чужынцамі, а забівае суседку, дык якая ў яго матывацыя – забіваць яе?

а следчы Кузін перакрывіў вусны

        не вастраслоўце, іншым разам і матывацыя не трэба – у блатных гэта проста, не падабалася што ці «дуры» перабраў, і – гатова

і Даніла Прусак асцярожна папрасіў

        мне з ім пагаварыць трэба, ён жа ўсё яшчэ ў вас, у СІЗО?

а следчы Кузін запярэчыў

        гэтага нельга, дый няма яго тут, па сто першым артыкуле ў СІЗО доўга не трымаюць

і незадаволена засоўгаў па стале локцямі, а мужчына спытаў

        дарэчы, пра «дур»: вы ведаеце, што ў тым фралоўскм доме той «дур’ю» гандлююць адкрыта, а вашы службы нават не варушацца?

а следчы Кузін адказаў

        тое-сёе мы ведаем, але калі вы, прыкладам, дасце дзесяцігадоваму сыну тую «дур» і пашлеце яго прадаваць на вуліцу, то мы ў гэтым варыянце бяссільныя: няма законаў, каб дзяцей ці іх бацькоў – за краты

і тут жа перайшоў у наступ

        вы ўмешваецеся ў ход следства, блытаеце нам работу, думаеце, што ваша справа – самая галоўная

а Даніла Прусак ямчэй уладкаваўся ў крэсле і сказаў

        сястру вы мне не вернеце, але і сапраўднага злачынцу на свабодзе пакідаць не павінны

а следчы абарваў з крывой усмешкай

        а хто вы такі – даваць загады

на што Даніла Прусак азірнуўся на даўнёнка, які сядзеў на зэдліку ў той самай позе, у якой яго ўладкавалі, і спытаўся

        хто мы такія – скажы, малы

а той падумаў і адказаў гугнява

        мы псіхі грэбаныя

а следчы Кузін зноў пакрывіўся ва ўсмешцы

        не адна ваша справа на мне

патлумачыў ён незадаволена і гаварыў, гаварыў, гледзячы ў закратаванае акно, нешта нязначнае, але ў яго словах, быццам нязначных, хвосцікам тырчаў намёк на тое, што ўмешвацца ў лес Кліма Фралова не варта, і Даніла Прусак думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ішоў дадому, так нічога істотнага не дабіўшыся і на дазнаўшыся ад следчага Кузіна, хаця планаваў гэта, і даўнёнак плёўся побач, цяжка ўздыхаў і ўспамінаў

        мамамамамама

чарговы дзень ужо хіліўся на сход, было па-ранейшаму душна, і, хаця на даляглядзе быццам пачыналі скоплівацца хмары і нават адтуль ледзь чутна грукацела громам, – дажджу і доўгачаканай прахалоды не прыходзіла, хлопчык трывожыўся і нерваваўся, а Даніла міжволі заражаўся гэтым ад яго, а калі яны наблізіліся да жытла, то ён убачыў, што плот зноў павалены, і звыклую мітусню на фралоўскім падворку, і толькі сціснуў зубы, і вечарам, калі хлопчык заснуў, пайшоў да суседзяў, што жылі вышэй па вуліцы, і прапанаваў кожнаму толькі падысці ў названы ім час да фралоўскай брамы і моўчкі падтрымаць яго, а гаварыць з чужынцамі будзе ён сам – проста патрабуе ад іх, каб пакінулі гэтае месца, і яны сыйдуць, калі ўбачаць сілу, як тыя пацукі, і нерваваўся, паўтараў

        хіба не так, сусед, хіба ты хочаш, каб згвалцілі тваю дачку ці зрабілі наркаманам сына?

але ў лепшым выпадку той-сёй абяцаў падумаць, а згоды не даў ніхто, і так па ўсёй вуліцы, хаця жанчыны скардзіліся і абураліся, бо, – гаварылі яны, – ужо і дзецям малым не стала праходу, а калі яны вяртаюцца дадому з крамы, куды іх пасылаюць па хлеб, то дзеці чужынцаў накідваюцца гуртам і адбіраюць грошы ці закідваюць небаракаў каменнем, нападаюць на малалетніх дзяўчынак і задзіраюць ім спадніцы, і гэта можа скончыцца гвалтам, але зноў толькі абяцалі падумаць, і Даніла Прусак доўга не затрымліваўся ў тых дамах, хаця даў сабе слова абысці ўсіх у радыусе кіламетра і прасіць дапамогі, але толькі на другі дзень к вечару ў яго з’явіўся саюзнік, але і той быў нямоглы дзед, і мужчына, вядома, не стаў настойваць на сваім плане, хаця стары з дзіўнаватым прозвішчам Кніга, які жыў у доме адзін, цалкам падтрымаў яго, яны разгаварыліся, старога звалі Антон Пракопавіч, ён быў жоўты і нездаровы з твару, не меў ніводнай валасіны на шышкаватым чэрапе, але ў вачах яго раз-пораз бліскала іскра паразумення, калі ён патлумачыў мужчыну, што сеў адразу пасля вайны і цягнуў поўны «чырвонец», бо ў вайну пайшоў маладым яшчэ хлопцам у атрад самааховы, за што з прыходам бальшавікоў «атрымаў па рагах», але гаварыў Антон Кніга непахісна…

        я гэтую савецкую ўладу тэлеграфным слупам праз памыйную яму

і паўтараў і шкадаваў толькі, што цяжка аднаму, бо нічога не зарабіў за жыццё, хаця працы не цураўся, і гаварыў але часу не вернеш, ужо і градку на сваім участку цяжка ўскапаць, асабліва па вясне і запрашаў заходзіць, а даўнёнак гаварыў

        дзедадзедадзеда

і Даніла Прусак на другі дзень пакінуў з ім хлопчыка і завяршыў свой абход, а калі прыйшоў забіраць, то ўбачыў там згоду і што малы не сумуе, і давёў старому, чаму хлопчык такі, а потым расказаў пра гутаркі з людзьмі, і на саркастычнае запытанне старога, ці задавальняюць яго вынікі, толькі развёў рукамі, а Антон Кніга лаяўся апошнімі словам! і гаварыў

        …я гэтых пенцюхоў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

ставіў на стол талеркі, ліў туды кефір, куды потым крышыў зялёнае пер’е цыбулі і казаў

        чаму гэтыя бежанцы прыйшлі менавіта да нас, а не да літоўцаў, прыкладам, чэчэнцаў ці да эстонцаў? а таму, што іх адразу б вытурылі

пляваўся і пытаў

        хіба наглядчыкамі ды папугаямі на вышках ва ўсіх тых лагерах, дзе я пабываў, чужынцы былі? не, свае ж, маць іх грэбаную, такі народ

ставіў у цэнтр стала вараную бульбу, адкуль сплывала ў столь пара, і гаварыў

        і цяпер на зонах самі сваіх жа апускаюць, любімы занятак, самаеды, маць іх так і гэтак

зноў пытаў

        вось вы, можа, у нейкай ступені кніжнік, навуковец, можаце мне растлумачыць, чаму на нас хутка пляваць будуць і мець рацыю?

на што Даніла Прусак толькі крывіўся і адказваў сумна

        быў такі Гумілёў, што распрацаваў тэорыю пасіянарнасці, адпаведна якой для кожнага этнасу адпушчана прыблізна тысяча дзвесце гадоў: ён, этнас, з’яўляецца, пашыраецца і мацнее, потым плаўна спадае і кансервуецца, і мы зараз не адзіныя ў сваім заняпадзе – розніца хіба што ў формах, ну, вазьміце, прыкладам, Ангельшчыну, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды: там паўсюдна і імкліва расце колькасць чужынцаў – тых, хто знаходзіцца ў больш актыўнай стадыі этнагенезу; адны народы паміраюць, а на змену ім прыходзяць новыя

але стары перабіў зласліва

        нешта я не чуў, каб па сваёй асабістай ахвоце задніцы падстаўлялі

і мужчына пагадзіўся

        так, супраціў павінен быць, і гэта нармальна, але ў нас яшчэ і абцяжарваючы фактар – радыяцыя, а гэта значыць, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца, да таго ж мы не маем сістэмы генетычнага маніторынгу

а стары спытаў

        вы мне можаце прасцей патлумачыць, чым гэта ўсё нам пагражае?

і мужчына падумаў і сказаў

        мяркую, мы ў стадыі этнацыду, – калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар, дый пажылі каля тысячы гадоў, якраз у тэорыю таго ж Гумілёва ўпісваемся, хаця ёсць яшчэ і актыўная меншасць

і стары пацікавіўся змрочна

        дык што – віць усім вяроўкі?

а мужчына ўсміхнуўся і сказаў

        патрэбны людзі, якія яшчэ, можа, і знойдуцца, якія разумеюць сітуацыю, а натоўп агітаваць дарэмна, чым гучней ім крычаць праўду, тым больш яны тых крыкуноў ненавідзяць, бо знясіленыя не жадаюць дзеяння, хіба не так?

і стары не адставаў

        і што гэта за новыя людзі з’явяцца?

і мужчына сказаў

        выспявае ж нейкая рунь, бізнесоўцы ўсялякія, энергія ад іх новая

а стары не пагадзіўся

        тая рунь – проста блатныя ды прыблатнёныя – яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць, а вы пра энергію

і сачыў, каб даўнёнак еў і шкадаваў

        гэ-эх, нябога

меркаваў

        блатныя – яны абачлівыя і вялікія хітраваны, так што наўрад той Клім Фралоў на «макруху» проста так рашыўся: з якой нагоды? за «шмаль», кажаш? але і «шмаль» і «дур» жыцця не вартыя, хутчэй за ўсё падставілі зуха – ім, прыхадням, такі варыянт з абодвух бакоў ласы

Даніла Прусак па дарозе дадому ўспамінаў словы старога і думаў пра следчага Кузіна – чаму той маніць яму і не хоча, каб ён пабачыў Кліма Фралова, а даўнёнак трымаў яго за руку і гаварыў

        дзедадзедадзеда

Даніла Прусак абяцаў

        харошы дзед, заўтра зноў да яго пойдзем

адзначыў міжволі, што чужынцаў за апошні час стала больш не толькі на былой фралоўскай сядзібе, а і па ўсім горадзе: па двое, па трое яны шпацыравалі на вуліцах, многія з іх ашываліся ў цэнтры горада, на плошчы ля галоўнага помніка, ля шматлікіх ларкоў, а калі наблізіўся да дома, то ўбачыў, што перад фралоўскай брамай перадусім зрабілі наспех лаўку, а на ёй сядзелі ўжо некалькі дзяўчат, сярод якіх ён пазнаў і Манюкаву Рэгіну – усе яны, як ён адзначыў, былі апранутыя ў лепшыя свае сукенкі, не інакш, палілі цыгарэты і хікалі, а перад імі выломваліся двое з тых бежанцаў, як яны сябе называлі, ва ўзросце яго сына Ігната, толькі больш узмужнелыя ды закаснелыя і раз-пораз нешта рэзка выкрыквалі то на сваёй, то на ламанай рускай

        будулагу! гуламарадубугула! бляматаюшуву!

пасля таго як паклаў спаць малога, зноў ладзіў плот і хадзіў у хлявок то па інструменты, то па цвікі, то па новыя дошкі, бо ў плоце некалькіх ужо не хапала, і яму стала зразумела, з чаго зрабілі лаўку перад брамай, і прыбіў дошкі цвікамі і раптам здзівіўся таму, што ў тым – хляўку апошнім часам нічога быццам больш не прападала, хаця замка на дзвярах ён не вешаў: стаялі на сваіх месцах старая канапа і камод, крэслы з падранай абіўкай на сядзеннях, у куце, як і раней, пры жывой сястры, ляжалі нажоўка, гэблік, граблі, матыка, пустое вядро і яшчэ розны хлам, і мужчына думаў пра гэта нейкі час, але так і не знайшоў тлумачэння, а потым цераз плот папрасіў адну з жанчын, што завіхаліся на былым фралоўскім двары, паклікаць з дому іх самага галоўнага мужчыну, а тая заўважыла мімаходзь і нядбайна

        у нас всэ главные

пачала гучна крычаць па-свойму дзецям

        губудумузуру!

але потым усё-ткі знікла ў доме, адкуль счакаўшы час, да яго выйшаў высокі і зарослы чорнай шчэццю апуцак з тоўстай шыяй і дзіўна завостранай зверху галавой: патыліца ў яго была зрэзана, а лоб збягаў назад, і ўтаропіўся вострымі вачыма, а Даніла Прусак сказаў яму

        плот больш не чапайце, я не пацярплю

і не азіраючыся пайшоў у дом, а на другі дзень зноў накіраваўся да следчага Кузіна, доўга чакаў яго ў райаддзеле, а даўнёнак енчыў, прасіўся на вуліцу і пачынаў плакаць, калі ўрэшце следчы з’явіўся і, нават не запрасіўшы ў кабінет, абыякава спытаў

        ну, з чым на гэты раз?

і мужчына патлумачыў

        я б усё-ткі хацеў пагаварыць са сваім суседам, Клімам Фраловым, самі ведаеце, цікаўнасць маю вялікую

а следчы Кузін сказаў

        высока ўзнімацца спатрэбіцца, аж на самае неба, ён, пэўна, там ужо – якраз учора засіліўся, такая для вас навіна

але Даніла Прусак не паверыў

        жарты ў вас, ментоў

а следчы гаварыў

        часу не маю з вамі чырыкаць, але скажу толькі – жартаваць не абучаны, у кавээнах не ўдзельнічаў

і дадаў

        дык, каб вам зусім сюды больш марш-кідкі не рабіць, скажу па сакрэту, што ў тым доме Фраловых мы вобыск зрабілі – быў адразу дазвол пасля смерці вашай сястры – дык вось вам навіна: аніводнага грама наркаты там не знайшлі, пуста

пасля чаго Даніла Прусак не стрымаўся – заўважыў

        ну, у няўдалай Дар’і заўсёды авар’і

следчы Кузін быццам не пакрыўдзіўся і раптам спытаў

        вы там, у сталіцы, дзе працуеце?

мужчына адказаў, прапускаючы ў вузкім калідоры ўздоўж сябе то аднаго, то другога міліцыянера, а даўнёнак шчыльней ціснуўся да яго

        пасада невялікая, у канструктарскім бюро

следчы заўважыў павучальна і прывязчыва

        дык у вас там, можа, творчы ўзлёт і суцэльны поспех? рынкі асвойваеце?

І ўсміхнуўся з’едліва, закрываючы за сабой дзверы, а Прусак да радасці хлопчыка завярнуў да выхаду, і неўзабаве вуліца засмактала іх: было яшчэ не вельмі горача, хуткія аблокі адно за адным набягалі з усходу, раз-пораз накідваючы на наваколле ценевы вэлюм, а потым у гарадскім парку яны елі марожанае і назіралі, як звыкла спрачаліся паміж сабой купкі сп’янелых рабацяг ды зладзеяватых абадранцаў з апухлымі тварамі, але тут даўнёнка пачало хіліць у сон, і мужчына павёў яго дадому, і з перагаворнага пункта на паштамце званіў сыну, але там так і не знялі слухаўкі, і потым з хлопчыкам ішоў па вуліцы, на якой ужо, здавалася, мільгалі толькі постаці чужынцаў, бо ля фралоўскай сядзібы стаяла некалькі іншамарак, ля якіх віравалі мужчыны і з рэзкімі крыкамі насіліся ўзад-уперад дзеці і падлеткі, а з дома часам таксама з крыкамі выбягалі і забягалі зноў унутр жанчыны

        бугуламаташагудулу! бляматаюшуву!

чуў ён, а даўнёнак узяў яго за руку і ціснуўся бліжэй, і яны ішлі, і мужчына лавіў на сабе хуткія, ацэньваючыя позіркі, за якімі адразу ішлі ўслед разняволена-выклікаючыя спокіўкі, што разам дэманстравала прыхаваную агрэсіўнасць гэтых людзей, і мужчына думаў пра ўсё, пакуль карміў і ўкладваў спаць хлопчыка, і потым, калі крыкі на вуліцы і фралоўскім падворку, здаецца, дасягнулі верхняга напалу, у доме ўключылі магнітафон, быццам скідвалі напругу

        туруламтамтамбурулам!

        булурамдамрамдулубам!

        гурузамрамшамтубудам!

чуў ён, а пад вечар да фралоўскай сядзібы сталі раз-пораз пад’язджаць іншамаркі, а зрэдку і таксі, з якіх выскоквалі ці, наадварот, з цяжкасцю вылазілі маладыя людзі ўзросту яго сына Ігната, а то і меншага, і калі-нікалі з імі былі і дзяўчаты, і мужчына праз акно веранды бачыў, як яны заходзілі ці забягалі, бразгаючы брамкай, у дом і хутка выходзілі ці выскоквалі адтуль і зноў сядалі ў таксі, а машыны напружваліся рухавікамі, набіралі хуткасць

        ррррррррррррррррррр

і ўжо амаль ноччу, калі цёмнае неба над галавой заіскрылася там-сям зоркамі, ён выйшаў з дома ў сад – музыку за плотам ужо выключылі, але шум і ўскрыкі з боку былога фралоўскага надворка ўсё яшчэ даносіліся да яго слыху, і мужчына доўга сядзеў на ганку, вылоўліваючы паўзы цішыні, якія станавіліся ўсё больш аб’ёмнымі і працяглымі, пакуль урэшце не запоўнілі ўсю прастору, і вушы лавілі толькі камарыны звон ды аднастайнае сакатанне цвыркуноў, калі раптам яму здалося, што ў маленькім акне хляўка на мяжы фралоўскай сядзібы мільганула святло, і Даніла Прусак насцярожыўся, а потым некалькі хвілін запар назіраў за тым месцам, аж да напругі ў вачах, але цемра з таго боку была такая ж шчыльная, як і ў самым далёкім кутку саду, і ён вырашыў, што яму проста прымроілася, але нешта неасэнсаванае, нейкая трывога падсвядома перашкаджала яму ісці ў дом, і мужчына, памацаўшы ў кішэні, ці ёсць запалкі, паволі пакрочыў у напрамку да пабудовы, стараючыся ступаць бязгучна, не шумець, быццам ішоў не па сваім участку, а па незнаёмай і варожай яму зямлі, думкі пра гэта, узнікнуўшы, не пакідалі яго, бо памяць калі-нікалі падказвала і пракручвала адзін і той жа фрагмент: цела сястры на падлозе з прыціснутымі да грудзей рукамі і выразам жаху на твары, але мужчына адагнаў гэтыя думкі, ціха падышоў да дзвярэй і пацягнуў іх на сябе, і дзверы, рыпнуўшы, адчыніліся, і ён, пашкадаваўшы, што ў доме няма ліхтарыка, выняў запалкі, чыркнуў адну аб карабок і ступіў цераз парог, пасля чаго стаў, сцішыўшы дыханне і ўзіраючыся ў трапяткія цені ад святла на сценах, але святло мігнула і пагасла – запалка дагарэла, і ён выцягнуў з карабка другую, але яна не запалілася, толькі выбухнула іскрай і зашыпела, і мужчына не стаў запальваць трэцюю, а знерухомеў у цемры, прыслухоўваючыся да самых малых і нязначных гукаў, але іх, лічы, не было, і ён зрабіў крок назад, навобмацак зноў пацягнуў рыпнуўшыя дзверы і пераступіў парог, а потым павярнуўся, каб выйсці тварам наперад і адначасова зачыняючы за сабой дзверы, як раптам цемра перад ім амаль бязгучна скалыхнулася і абрынулася на яго, і мужчына ступіў яшчэ па інерцыі крок-другі, а потым ногі яго падламаліся, і ён цяжка рухнуў на зямлю, губляючы прытомнасць; і стала ўжо світаць, прайшло, можа, гадзіны дзве, калі ён ачуняў, урэшце ён не згадваў пра час, бо галаву працінаў боль, а рука, калі ён намацаў месца ўдару на галаве, стала ліпкай ад крыві, і мужчына адчуў ледзь улоўны, характэрны пах жалеза; са стогнам узняўся на адно калена, а потым на ногі і азірнуўся навокал, але ўсё ў садзе і ля хляўка было па-ранейшаму: хіба што цішыня стала больш выяўная – не было чуваць ні птушак, ні цвыркуноў, раса ўвільгоціла яго ногі і вопратку, і ён з цяжкасцю рушыў у бок веранды, і кожны крок, як малатком, удараў яму ў скроні, а калі зайшоў у дом, то адразу зазірнуў у бакоўку – хлопчык спаў, скруціўшыся на сваім цеснаватым ужо ложку, і мужчына прыслухаўся да дыхання дзіцяці, пастаяў так з хвіліну, а потым агледзеў сябе ў люстэрку – на галаве, на месцы ўдару, была бачная аб’ёмная гематома, з якой яшчэ сачылася кроў, і Даніла Прусак змыў яе над рукамыйнікам і змазаў ёдам рану, а потым знайшоў ручнік, намачыў яго ў вадзе і прыклаў да галавы; усё гэта ён рабіў механічна, як не на сабе, пасля чаго адшукаў бутэльку гарэлкі, адкаркаваў і зрабіў некалькі глыткоў прама з рыльца, і боль паступова пачаў заціхаць, стаў прыглушаны, і ён, зачыніўшы дзверы на верандзе, як быў, у вопратцы, скінуўшы толькі чаравікі, лёг на канапу і праспаў так з гадзіну-паўтары цяжкім, перарывістым сном, а раніцай, накарміўшы даўнёнка, пайшоў з ім да Антона Кнігі, і стары якраз хварэў, але падняўся з ложка і ўважліва слухаў мужчыну і гаварыў звыклае

        …я гэты горад і хто яго насяляе тэлеграфным слупам праз памыйную яму

і раіў

        з’язджайце, бо тут трэба толькі страляць, а вы на гэта не пойдзеце, дый не дадуць – абложаць, як звера, свае ж

і смуткаваў

        мне б маладыя гады – я б тут і хвіліны не затрымаўся, далібог, дрыгва

і даў хлопчыку цукерку, а той, асмялеўшы, хадзіў па пакойчыку і казаў

        дзедадзедадзеда

а стары папярэджваў

        сцеражыцеся і будзьце абачлівы, бо цяпер яны ўжо ўвайшлі ў смак і будуць паляваць на вас, як на жывёлу, пакуль свайго не даб’юцца

і мужчына перапытаў, нібы зацікаўлена

        чаго гэта – свайго?

а стары адказаў, як цвікі забіў

        калі пацукі заводзяцца ў доме, то гэта дрэнная прыкмета – значыць, туды неўзабаве бяда прыйдзе, а людзей, каб падпрэгчыся ды вам дапамагчы, няма, вы ж пахадзілі па хатах, пабачылі – юдава поле

на што Даніла Прусак сказаў вяла

        за вас старасць гаворыць, адзінота

але стары толькі ўсміхнуўся

        хіба не ў гэтым краі больш за ўсіх любяць здраду і здраднікаў? а стукачоў колькі тут на квадратны метр? ды я воляй клянуся, нідзе ў свеце іх столькі няма, як тут, па гэтых кватэрках затруханых, з прусакамі, у гэтых хатах, за гэтымі гнілымі парканамі

дадаў злосна і змрочна

        у мяне зямлі кавалачак, дрэўцы пасаджаны: яблынькі, вішні, а каму ўсё дастанецца? тым прыхадням ці гаўнаедам тутэйшым? ёсць нагода, каб думаць, праўда?

мужчына сказаў

        я вось таксама думаю, можа, варта альтэрнатыву пашукаць, калі міліцыянты не даюць рады?

стары злосна бліснуў жалезам зубоў

        да блатных звярнуцца карціць, ці як?

Даніла Прусак пацвердзіў, крыху і не без іроніі

        тут зараз адзін аўтарытэт быццам кіруе, па мянушцы Эмір, у рэстаране ў яго ніколі за вячэру грошай не патрабуюць

але стары ахалодзіў

        памятайце – блатныя не людзі

і пачаў з цяжкасцю хадзіць па пакойчыку ўзад-уперад

        чуў я пра таго Эміра, горад невялікі, днём у більярднай быццам, а вечарам – у рэстаране; мяркую – гэта так званы «смотрящий», але што цікава – і тут сабе на шыю нашы дурыкі чужынца пасадзілі, нават адпаведнага блатнога свайго не знайшлося

звыкла бурчэў

        … я гэтых аўтарытэтаў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

папрасіў на развітанне, усміхаючыся ўсімі сваімі штучнымі зэкаўскімі зубамі

        заходзьце, а то пагаварыць няма з кім, далібог, здзічэў

пасля чаго мужчына ішоў па вуліцы, дзе раз-пораз яго ахутвалі аблокі пылу – ад грузавікоў, што праязджалі, грукочучы і бразгаючы жалеззем у напаўпустых кузавах

        гахтрахбахцвынь

і адначасова

        рррррррррррррр

і зноў

        рррррррррррррр

а даўнёнак цягнуўся следам і канькаў

        піцьпіцьпіць

і мужчына зайшоў у краму і купіў пластыкавую бутэльку газіраванай вады, і хлопчык адразу ажывіўся і, заціснуўшы яе ў руках, пайшоў шпарчэй, але Даніла Прусак не павёў яго дадому, а скіраваў у гарадскі парк, і па дарозе туды, на вуліцах, ля крамаў – паўсюдна ён бачыў па два-тры такіх жа самых, як з панадворку фралоўскага дома, «бежанцаў» – жанчын і мужчын: яны вылучаліся сярод мясцовых жыхароў і знешнасцю і паводзінамі, але, як адзначыў Даніла Прусак, мала хто звяртаў на іх увагу, быццам не адчуваў нахабнай пагардлівасці чужынцаў, а калі і адчуваў, то спяшаўся хутчэй прайсці далей і не чуць іх гучна-крыклівых галасоў

        будулагашаматага!

        нахалабараманаза!

        ралатабазаладулаба!

і ў парку, на лаўках, ля часовых драўляных павільёнаў, якія нагадвалі сабачыя будкі, іх было яшчэ больш, але ў асноўным маладых, узросту яго сына Ігната, сярод іх былі і дзве-тры іх дзяўчыны, адна з якіх праз кароткія паўзы віскліва выкрыквала расейскі мат

        бляхубаматага!

але мясцовых дзяўчат усё гэта быццам толькі прыцягвала, бо яны віравалі сярод чужынцаў, рэзка і ненатуральна выгінаючы постаці і хіхікаючы

        хігіхігіхагахехі

а тыя хапалі іх за голыя рукі і спіны сальнымі ад тлушчу пальцамі, бо тут жа куплялі і елі смажаныя шашлыкі і мяса і выкрыквалі

        будугалашаратама!

І гергеталі па-свойму, і Даніла Прусак адчуў, як устрывожыўся хлопчык, і ўзяў яго руку ў сваю і пачаў шукаць тое, што яму было патрэбна, і сапраўды, сярод дрэваў, у зацені, па памяці знайшоў більярдную – прасторную драўляную пабудову, пафарбаваную ў сіні колер, там-сям фарба аблупілася, але шкло на вокнах было цэлае і вымытае, дзверы расчынены, і з памяшкання даносіліся галасы і мяккі грукат шароў

        тахтахтрахтах

і нехта казаў

        стоп, двойку ў лузу, так, гатова

і, адкаркаваўшы даўнёнку бутэльку, Даніла Прусак пасадзіў таго на прыступкі, а сам зайшоў у дзверы і акінуў позіркам залу, дзе за сталом ляніва ганялі шары двое коратка стрыжаных маладых людзей у спартыўных шараварах, тэнісках і пляжных тапачках на нагах, побач, на століку, стаялі дзве пачатыя бутэлькі шампанскага і ляжалі некалькі бананаў, а збоку, у канцы залы, ля бачка з вадой, сядзела сталага веку жанчына-білецёрка і чытала кнігу, і на яго таксама зіркнулі – хутка і ацэньваюча: адзін з гульцоў быў гадоў пад трыццаць, смуглява-чорны з драпежна выцягнутымі наперад, як у пацука, сківіцамі і цяжкім позіркам цёмных вачэй, а другі гадоў на пяць-шэсць маладзейшы, з кірпатым азіяцкім носам і накачанымі біцэпсамі, ніжэй ад якіх сінела цалкам традыцыйня старамодная татуіроўка з кінжаламі і змеямі – усё гэта Даніла адзначыў, пакуль стаяў, і хацеў загаварыць, але кірпаносы апусціў кій і апярэдзіў

        што, мужычок, згуляем на інтарэс?

але Даніла Прусак адмоўна пахітаў галавой, і той працягваў скрозь зубы, бо паспеў уставіць у рот запаленую цыгарэту

        дык не хадзі тут, бачыш – цёплай печкі няма, буфета – таксама, а ў нас свой базар

але мужчына сказаў, падлажваючыся пад іх слэнг

        я б хацеў з Эмірам пагаварыць, ёсць інтарэс, можа, зацікавіцеся

і смуглява-чорны сказаў, заганяючы шар у лузу

        Эмір – гэта мы

у множным ліку

        так

і дадаў

        толькі карацей, мужычок, а то я, бач, пенсію зарабляю

і скрывіў усмешліва шырокі вузкагубы рот

        хэхэхэ

а мужчына сказаў

        ды я на пару слоў

і калі яны выйшлі на прыступкі, адразу абмаляваў таму, нездаволенаму, сітуацыю з «бежанцамі» і спытаў, ці здолеюць яны, прыкладам, крыху дапамагчы яму, каб тыя чужынцы з’ехалі ў іншае месца, і, павагаўшыся, дадаў

        ну, і што з мяне за такую паслугу належыць – назавіце кошт

а яго субяседнік, гледзячы ўбок і пакручваючы кій, спытаў

        дзе прыжыліся тыя «бежанцы»? у якім месцы?

і, пачуўшы адказ, раптам страціў цікавасць, быццам унутрана ўсё разлічыў і вырашыў для сябе, хаця мужчына яшчэ па інерцыі паспеў сказаць

        я вашу работу кампенсую

але тут міжволі позірк яго машынальна затрымаўся на руках більярдыста, бо зблізу ён ясна разгледзеў на лакцявых згібах так званую «дарогу» – сляды ад шматлікага карыстання шпрыцам, і адразу з яго вачэй нібы ўпала заслона: гэты Эмір таксама мог быць кліентам у тым фралоўскім доме – здагадка выклікала пачуццё няёмкасці ад зробленага ім учынку, але більярдыст, сказаўшы толькі нядбайна


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю