355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юры Станкевіч » Любіць ноч — права пацукоў » Текст книги (страница 1)
Любіць ноч — права пацукоў
  • Текст добавлен: 24 мая 2017, 21:30

Текст книги "Любіць ноч — права пацукоў"


Автор книги: Юры Станкевіч


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Юры Станкевіч
Любіць ноч – права пацукоў

I. Уварванне

Цяпер, праз адфільтраваную ў часе памяць, мінулыя гады ўжо не ўспрымаліся нешчаслівымі, і ўсё было па-за парогам адчування, нават нараджэнне хворага хлопчыка і смерць мужа не здаваліся ёй катастрофамі, як тады, пакуль не з’явіліся тыя людзі, – раптоўна, быццам з іншага вымярэння, і яна не ведала, адкуль яны і чаму не тлумачылі свае з’яўленне, бо спачатку яны пасяліліся на ўскраіне ў канцы вуліцы, якраз за ўчасткам маёра Фралова, бо той русак выйшаў у адстаўку і пасля вайны асеў у іх мясцінах, тут яму пабудавалі дом, ён недзе служыў, але неўзабаве кінуў, і ў яго доме пачалі піць, і не так, як пілі суседзі ці ўвогуле мясцовыя, – у доме Фраловых пілі ўсе: ён, яго жонка і дарослыя дзеці – дачка Феня і сын Клім; маёр сядзеў штодня на лаўцы перад сваім домам, брывасты, з жабіным ротам, і па-дурному ўсміхаўся ці зрэдку пачынаў выкрыкваць нешта пагрозлівае

        так, маць вашу, так, уга-ха

яго і знайшлі неяк раніцай ля той лаўкі, а потым усё пацягнулася як і раней, пакуль дом не апусцеў – Феню звёз малады афіцэр, а апошнім знік маёрскі сын Клім: казалі, што яго асудзілі па «хуліганцы» – дзвесце першаму артыкулу – і ён хутка выйдзе на волю, але ён так і не вярнуўся, і тады, стаяла якраз лета, з’явіліся тыя людзі, з імі шмат крыклівых дзяцей – быццам сям’я, і ветліва віталіся

        зрасстэ, зрасстэ

а на якой мове яны размаўлялі паміж сабой, яна так і не здолела зразумець, і іх рабілася ўсё больш і больш: яны пакрысе асвоілі пуню і павець у маёрскім садзе, а потым быццам папрасілі дазволу (хутчэй за ўсё і не думалі прасіць – у каго, дарэчы?) пасяліцца ў яго кінутым доме, бо нашчадак (Клім), пэўна, згубіўся, ці то ў лагерах, ці то на расейскіх прасторах, але гэтага ніхто не ведаў; дык вось, яны ададралі неяк удзень дошкі з вокнаў маёрскай хаты і пачалі там жыць, і амаль адразу ж да іх панаехалі аднекуль здалёк, спачатку на машынах простых, на «капейках», а потым і на іншамарках, а затым да дома зрабілі прыбудову з цэглы і там пасяліліся яшчэ людзі, а потым за павеццю вырас перанесены аднекуль зблізу драўляны дом – усё гэта адбывалася хутка, амаль што імкліва, яна нават не паспявала заўважаць, але не заўважаць, быццам іх і не было, не даводзілася, бо яны ўжо не казал і пры сустрэчы

        зрасстэзрасстэзрасстэ

а не віталіся зусім, быццам яе тут не існавала, і тут якраз паваліўся плот, ці, можа, яны знарок гэта зрабілі, бо іх жанчыны пачалі карыстацца той яе дальняй часткай саду як прыбіральняй, выходзілі з раніцы, падбіралі спадніцы і гадзілі там, а дзеці іх ужо сноўдаліся па ўсім гародзе, выядалі ўсё, што спела, расло, і крычалі адно аднаму, здавалася, толькі адно зразумелае ёй слова

        дайдайдайдай

і вырывалі адно ў другога з рук, з рота, а потым яны раптам заўважылі хлопчыка, дакладней, заўважылі, што ў таго не ўсё ў згодзе з псіхікай, са здароўем; адкуль ім было ведаць, што хлопчык нарадзіўся з хваробай Даўна па той простай прычыне, што быў зачаты там, дзе дазіметры паказвалі больш як пятнаццаць кюры, да таго ж муж пачаў піць і не захацеў спыніцца, так яно і атрымалася – бяда адна ніколі не ходзіць, казалі ёй, яна і сама не раз упэўнівалася ў той вядомай усім ісціне, але штодня глядзець на хлопчыка ўсё роўна было балюча, хаця той быў такі рахманы і ціхі і размаўляў з птушкамі, пчоламі, восамі, чмялямі, жабамі, трусом у клетцы, якога зваў Піля (зменшанае ад Піліпа) і карміў таго дзьмухаўцамі, прыгаворваючы

        ПіляПіляПіля

Трус белага колеру, атлусцелы, як шар, хутка-хутка працаваў сківіцамі за дротавай рашоткай клеткі, паядаючы траву, і пазіраў на хлопчыка круглым чырвоным вокам, і калі што яму не падабалася, гучна грукаў аб падлогу заднімі лапамі

        трахбах

даўнёнак радасна ўсміхаўся і рабіў выгляд, што пужаецца, і гаварыў

        ешешешеш

вось дзеці тых перасяленцаў ці бежанцаў (як яны пра сябе казалі) пачалі падбірацца да яе Улі (так яго звалі ад сапраўднага, дадзенага пры нараджэнні, Юльян), бо даўнёнак сам казаў пра сябе

        Уля

і спачатку быццам жартавалі: шчыкалі, тузалі яго, але іх жарты набывалі ўсё больш садысцкае адценне, і даўнёнак пачаў іх баяцца, хаця ўвогуле любіў вазіцца з дзецьмі, пакуль яны, тыя дзеці прыхадняў, не пачалі піхаць і штурхаць яго, а потым і біць па твары, па руках, і даўнёнак не разумеў гэтага і хаваўся ў хаце і не хацеў потым выходзіць у сад, а затым з клеткі знік трус – ўвогуле гэтага трэба было чакаць, бо яго проста скралі і з’елі, нават косткі не пасаромеліся выкінуць за павалены плот, дзе ўтварылі сметнік, і яна каторы раз пайшла з імі сварыцца, але, як і першы, і другі, і трэці раз, з гэтага нічога не атрымалася – яе проста не заўважалі, і тады яна звярнулася да ўчастковага, былога вяскоўца, зухаватага, маладога яшчэ, гадоў трыццаці, вузкага ў плячах і ўжо аб’ёмнага ў паясніцы чалавека, які дасягнуў межавай для сябе вышыні – падняўся да лейтэнанцкага звання, і той хадзіў разбірацца і на яе пытанні заўсёды казаў

        тактак

нешта з паважным выглядам крэсліў у сябе ў блакноце асадкай, пукаціў чорныя, ухілістыя вочы і зноў казаў

        тактак

і яна ў думках ужо зняважліва звала яго Тактакам і разумела, што спадзявацца на яго ці на які закон дарэмна, бо Тактак збольшага растлумачыў ёй, што тыя першыя бежанцы ўжо прапісаліся праз гарвыканкам і набылі нават грамадзянства, і каб даказаць, што яны гандлююць наркатой (а яна ўсё часцей заўважала, як да чужынцаў звярталіся маладыя дзяўчаты і хлопцы, а апошнім часам і падлеткі, і некаторыя з іх так спяшаліся, што карысталіся шпрыцамі прама на вуліцы, за плотам), трэба сур’ёзныя доказы

        тактактак

тлумачыў ёй участковы і адводзіў вочы, у яго ўжо з’явілася іншамарка, ён увесь час некуды спяшаўся, і яна канчаткова дапяла, што ніхто не паварушыць і пальцам у яе абарону, бо суседзі, што жылі далей па вуліцы, займаліся кожны сваім і рабілі выгляд, быццам навакол нічога не адбываецца, і заставалася адно – прасіць парады і, магчыма, дапамогі ў брата Данілы, які калісьці жыў тут, разам з ёй, і тады быў невялікі правінцыйны горад Янаўск (такі ён, дарэчы, і застаўся) і была сям’я, а цяпер яна засталася ў гэтым Янаўску адна: хіба даўнёнка можна лічыць за памочніка, меркавала яна і з жахам чакала кожнай ночы, бо начамі, як ні дзіўна, актыўнасць прышэльцаў узрастала: рыкалі маторы аўто, нехта прыязджаў ці, наадварот, ад’язджаў, даносіліся ўвесь час чыесьці галасы, крыкі, а то па садзе нехта хадзіў, яна была ўпэўнена, што часам і заглядвалі ў вокны, але чамусьці асабліва страшылася яна па начах хляўка ў глыбіні саду, ля самага паваленага плота, свайго хляўка, адкуль ужо неаднойчы знікалі то рыдлёўка, то граблі, то што з інструмента мужа-нябожчыка, а пільнаваць усё гэта яна не магла, і ніякія замкі тут не дапамаглі б, яна была ўпэўнена, пасля таго, як купіла адзін такі ў гаспадарчай краме і навесіла, але ён знік разам з клямкай на другую ж, здаецца, ноч, і яна зразумела, што захаваць тут нічога немагчыма, але, тым не менш, трэба было, бо насоўваліся восень і зіма, а з надыходам халадоў ёй неабходна было апальваць дом, хіба дзеля даўнёнка, дзеля таго, каб неяк жыць далей, бо яна ведала, што адказвае за гэта безабароннае жыццё, анягож, і ў думках хацела толькі аднаго – каб аднойчы яна прачнулася і ўбачыла, як згінулі, праваліліся скрозь зямлю нахабныя чужынцы, гэтая набрыдзь, але пакуль усё заставалася па-ранейшаму, бо ў тым хляўку не толькі выкруцілі лямпачку і адарвалі провад, а і ўвогуле звечара станавілася вусцішна, нават дзіка, бо аднойчы, калі яна пайшла туды са свечкай, каб адшукаць сокавыціскалку, і запаліла тую свечку сярнічкай, то раптам агеньчык патух, быццам з-за пляча яе нехта яго задзьмуў, і жанчына спачатку анямела ад незразумелага ёй жаху, а потым кінулася да дзвярэй і апамяталася толькі ў хаце, і шкадавала, што няма тэлефона (яшчэ не падышла яе чарга, хаця, як настаўніца, яна мела нейкія нязначныя прывілеі), гладзіла па галаве даўнёнка, які, хоць і было позна, чамусьці не спаў, і гаварыла

        у доме павінен жыць мужчына, інакш гэта не дом

а даўнёнак, які церабіў старую цацку і пазіраў убок, сумна ўсміхаўся і паўтараў у прастору перад сабой

        ПіляПіляПіля

і тут яна канчаткова вырашыла паведаміць брату, але не званіць яму, не прасіць прыехаць неадкладна, а проста напісаць ліст, у якім хіба што збольшага прыгадаць пра ўсё тое, што адбывалася тут з ёй, і папрасіць парады, што ёй рабіць далей, і на другі дзень выбрала час, знайшла канверт, аркуш паперы і пачала выводзіць словы

        «Дабрыдзень, Даня…»

і надоўга задумалася, але потым рашуча працягвала пісаць, пакуль не напісала ліст і не заклеіла яго ў канверт, а даўнёнак сядзеў побач і казаў

        ДаняДаняДаня

бо акрамя пчол, восаў, якія, дарэчы, ніколі не кусалі яго, розных раслін, мошак, жаб і птушак ён любіў яшчэ яе і свайго дзядзьку Данілу якога зваў, як і яна, памяншальна – Даня, і голас яго радасна зазвінеў

        ДаняДаняДаня

казаў ён, а яна ківала хлопчыку галавой і думала пра тое, як ёй пакінуць яго аднаго, пакуль яна ходзіць у краму, бо цяпер, хаця і лета і ў яе адпачынак, а значыць, што дзіцё пры ёй, але яна апошнім часам стала ўсяго баяцца, а гэта ўжо зусім не жыццё, калі ўвесь час у галаве, нібы цвік, адна і тая ж думка

        небяспеканебяспеканебяспека

і яшчэ ў чужынцаў з’явілася пакаёўка, – яны прывезлі яе аднекуль здалёк, пэўна, адтуль, дзе жылі раней, і якую звалі Васіліна, – русачка гадаў сарака пяці, высокая, худая, з вульгарным тварам крымінальніцы і моцнымі, доўгімі рукамі, але яе ніколі не бачылі п’янай ці з цыгарэтай у руцэ; у яе былі чорныя блукаючыя вочы і цупкі і прывязлівы позірк, часам як у вар’яткі, а ёй падпарадкоўваліся дзве паслугачкі ў гадох – яны то мылі бялізну, то даглядалі і мамчылі дзяцей, якіх станавілася ўсё больш і больш, і ўсіх гэтых траіх, найбольш Васіліну, жанчына чамусьці вылічыла і не засцерагалася, як тых чужынцаў, асабліва пакаёўку, якая здавалася ёй хаця і прымітыўнай і незразумелай, але ўсё-такі больш блізкай істотай, з якой яна аднойчы нават перакінулася словам, хаця тая і не вельмі хацела размовы, у рэшце рэшт і сама размова атрымалася імклівай і нелагічнай, але, меркавала яна, так і бывае ў жанчын, успамінаючы, як тады спытала ў пакаёўкі

        здалёк прыехалі?

і нервова рыхтавалася задаць яшчэ пытанні, іх было шмат: пра тое, хто яны такія, чаму з’явіліся і чаго хочуць, якія ў іх мэты – павінны ж быць у людзей нейкія мэты, але пакаёўка пакінула яе пытанні без адказу, а ў сваю чаргу пыталася

        а чорны хлеб можна есці?

і тлумачыла

        у ім, кажуць, радыяцыя, бо ён з жыта, а пшаніца прывазная і цікавілася а тут правяралі зямлю, паветра?

і, калі пачула, што радыеактыўнасць тут значна меншая, чым, напрыклад, у паўднёвых раёнах, адразу перапыніла размову, проста завярнулася і пайшла, і ўсё гэта здалося тады жанчыне нерэальным і невытлумачальным, як бывае ў сне, але ж гэта было наяве, і яна ўсё-ткі супраціўлялася і імкнулася шукаць хаця б паразумення, але тыя прыхадні рабілі сваю справу з механічнай мэтанакіраванасцю насякомых, якія адкладваюць свае яйкі на аблюбаваныя імі ахвяры, і вынік нібы быў імі прадугледжаны, быццам яны толькі выканаўцы непаразумелага ёй і адхіленага ў часе валявога акту, і жанчына хадзіла ля дома, пазіраючы ў бок суседзяў, і вусны яе зноў варушыліся, каб вымавіць адно і тое ж

        небяспеканебяспеканебяспека

пакуль аднойчы яна не вырашыла па-добраму пагаварыць з іхнімі жанчынамі, – няхай ёй і не пашанцавала з суседзямі, дый і ўсёй вуліцы таксама, але паразуменне павінна быць знойдзена, трэба ж неяк жыць далей, і ўзяла з сабой пакет з пернікамі – гасцінцы іх дзецям – і пайшла прама цераз павалены плот, – жанчыны на былым фралоўскім падворку таксама к вечару збіраліся разам, – яна пачула гэта па рэзкіх крыках і дзіцячаму віску, але размовы, як і раней, і тады ў іх не атрымалася, а разам з тым і паразумення, бо хаця дзеці іх і павырывалі і расхапілі ў яе з рук пернікі, жанчыны тыя абмежаваліся двума-трыма фразамі, нават у дом не запрасілі, хаця яе здзівіла тое, што яны ведалі і імя яе, і прозвішча, калі пыталі бесцырымонна на ламанай рускай мове

        а брат, сэстра ў тэбя ест?

        а што ў малчыка?

        а гдэ работаеш?

пасля чаго ўвогуле хутка страцілі да яе цікавасць, тут якраз да брамы пад’ехала іншамарка, адкуль вылезлі некалькі жукаватых і крыклівых мужчын і жанчын, і яна скіравала назад, цераз павалены плот, і дома ўжо з раптоўным сорамам успамінала, як стаяла перад імі: проставалосая, з чырвонымі плямамі на шчоках, прыніжана стараючыся знайсці паразуменне там, дзе ім і не пахла, а потым, ужо ўвечары, прывезлі з гартапа выпісанае на зіму паліва – крыху дроў і брыкету, і скінулі ўсё гэта на вуліцы перад брамай, і яны ўдваіх з даўнёнкам насілі ў хлявок, але перанеслі няшмат, бо наступіла ноч, і яны пайшлі ў дом, дзе яна накарміла даўнёнка кашай і напаіла гарбатай, а потым паклала яго спаць і легла сама, а калі прачнулася – ужо світала, яна выйшла на падворак, зазірнула за браму і ўбачыла, што ні брыкету, ні дроў ужо не засталося, а напярэдадні яны з хлопчыкам перанеслі ў хлявок хіба трэцюю частку таго паліва, і скамянела, сціснуўшы вусны, бо нават слёзы не хацелі з’яўляцца ў вачох, мо тады яна адчула б палёгку, але жанчына адагнала гэтыя думкі, як не маючыя сэнсу, і скіравала прама цераз павалены плот, які яна ўжо не раз падымала і ўмацоўвала, але яго валілі зноў і зноў, і пачала грукаць у дзверы былога фралоўскага дома, але ніхто ёй і не думаў адчыніць, хаця фіранкі на вокнах варушыліся і за ёй відавочна назіралі, і так яна прастаяла нейкі час, а потым завярнулася і пайшла, і тут ззаду бразнула фортка, і ўслед ёй паляцеў кусанак яблыка, які ўпаў пад нагамі, ледзь не трапіўшы ў спіну, а потым фортка з трэскам зачынілася, і жанчына на некалькі секунд знерухомела, ліхаманкава шукаючы варыянт далейшых паводзін, але сітуацыя была ўжо небяспечнай не толькі для яе – яна з усіх сіл імкнулася стрымацца, бо памятала пра дзіцё там, у хаце, і вярнулася дадому, дзе села ў крэсла і пачала думаць, як жыць далей, але тут прачнуўся хлопчык і завёў свае

        ПіляПіляПіля

і трэба было дапамагчы яму апрануцца і накарміць: яна рабіла ўсё механічна, як заведзеная лялька, толькі вусны шапталі, па меры таго як яна супакойвалася

        небяспеканебяспеканебяспека

а потым пайшла да суседа, які жыў з іншага боку ад фралоўскай хаты і якога звалі Іосіф Манюка – гэта было сапраўднае яго прозвішча, а наколькі ён адпавядаў яму яна б завагалася адказаць, бо Юзік, як яго тут звалі, працаваў у райспажыўсаюзе нарыхтоўшчыкам, а прасцей кажучы, старызнікам, збіраў па горадзе розны хлам, і ўвесь двор і гарод яго былі заўсёды завалены ржавымі трубамі, анучамі, сапсаванымі чыгуннымі радыятарамі, бочкамі ды розным іншым жалеззем, чаму нават адпаведную назву ці слова цяжка было знайсці, і вось яна прабралася праз увесь гэты хлам і зайшла ў дом, дзе яе сустрэла пятнаццацігадовая Рэгіна – дачка Манюкі: ужо зусім аформленая ў жанчыну, чарнавокая і з крыху выцягнутымі наперад, як і ў яе бацькі, сківіцамі – і паведаміла

        а бацька дома, адпачывае

і пайшла праз вітальню наперад, адкуль ужо даносілася мармытанне тэлевізара, а потым з’явіўся і сам Іосіф Манюка; высунутая яго сківіцы нешта жавалі, і сказаў

        праходзь, Люба

і тут жа спытаў асцярожна

        ну, як жывеш, з чым прыйшла?

і запрасіў сесці, сеў сам на пацёртую, у плямах канапу, і жанчына пачала нервова расказваць пра тых прыхадняў-бежанцаў, голас яе задрыжаў ад хвалявання, пакуль яна гаварыла пра тое, што адбылося з ёй за апошнія суткі, але раптам нібы ачуняла, бо Манюка зірнуў убок і перабіў яе трывіяльнымі словамі

        усе яны – таксама людзі і ім жыць трэба, анягож

і адвёў вочы, а яна пасля яго слоў сцялася і зірнула на Манюку больш уважліва, але ўжо праз якую секунду збянтэжанасці знайшлася што адказаць, і словы яе прагучалі, як прыхаваны ўкол гаспадару дома, калі яна вымавіла

        і ты б, сусед, за Роняй сваёй прыглядваў, а то ля яе занадта тыя чужынцы пачалі круціцца

але Манюка, пэўна, ужо нешта ў сваёй галаве абмазгаваў, пралічыў і вырашыў, бо сказаў

        што мы зробім, калі і ўлады і міліцыя рады не могуць даць

і дадаў

        а можа, і не хочуць

але яна ўжо не слухала, бо яе на ваніты пацягнула ад такіх слоў, і яна паднялася з крэсла, таропка кіўнула, развітваючыся, і пайшла, а гаспадар цягнуўся следам, жаваў выцягнутымі наперад, як у малпы, сківіцамі і гнуў свае

        усім жыць трэба, усе хочуць есці, піць, анягож

а яна ішла па вузкай, заваленай смеццем і зарослай ля плота дзядоўнікам, падбелам і падарожнікам вуліцы і думала, што жаданні есці, піць і спажываць як мага болей – хіба не гэтыя інстынкты валодаюць светам, і калі свет толькі такі, дык ён варты свайго лесу, а даўнёнак ужо чакаў яе на верандзе, бо ў сад ён, як яна адзначыла, без яе не выходзіў, і гаварыў

        ПіляПіляПіля

а потым сумна ўсміхнуўся, зусім як дарослы, і сказаў

        мы грэбаныя псіхі

і папрасіў

        кашыкашыкашы

а яна, унутрана сцепануўшыся, пацікавілася

        хто табе пра псіхаў давёў?

на што даўнёнак паказаў пальцам у бок фралоўскага дома, а яна сказала

        не гавары так, а то прыедзе Даніла і будзе на цябе крычаць

і даўнёнак адразу пераключыўся

        ДаняДаняДаня

а яна пайшла ў хлявок па сіта, каб працерці парэчкі хлопчыку на джэм, стараючыся не глядзець на абабраныя і абламаныя кусты і яблыні ля плота, а ля самых дзвярэй у хлявок спынілася, бо пачула адтуль галасы: спачатку дзявочы, які прасіў

        ну, не трэба, не

а потым мужчынскі, які гучэў неразборліва і гугнява

        бугубудубугуду

ціха прыадчыніла дзверы і ўбачыла на старой канапе, якую сама калісьці выкінула сюды з хаты, дзяўчыну ў жоўтай трыкатажнай майцы, светлавалосую, з вострым тварыкам, на якім выдзяляўся тлуста падведзены памадай рот, спадніца яе была заголена, майткі валяліся на падлозе, аголеная рука звісала з крэсла, што стаяла побач з канапай, а да яе спінай, так, што твару не было бачна, а толькі чорная валасатая патыліца, сядзеў, пэўна, адзін з тых падлеткаў, што пасяліліся ў фралоўскім доме, торкаў шпрыцом і гаварыў гугнява

        ну, рука ў цябе, в натуре, «дарогу» не знайсці

зноў торкаў, а жанчына праз прыадчыненыя дзверы назірала ўсё гэта і стаяла так з паўхвіліны, пакуль урэшце яе ўбачылі, пасля чаго дзяўчына падхапілася на канапе і абцягнула ногі сукенкай, але хлопец стрымаў яе палахлівы імпэт і, нахабна вышчарыўшы ў залатых каронках зубы на цёмным, вузкалобым твары, на якім, здаецца, валасы раслі ад самых брывоў, абарваў

        тусуй ты адсель на х…, сука старая

спрытна падскочыў да дзвярэй і захлопнуў іх знутры

        бугубудубугуду

яшчэ гугнеў ён там і мацюкаўся, а яна ўжо бегла да веранды, дзе, як ведала, стаяла ў шкапчыку бутэлька з бензінам, адшукала і, не памятаючы сябе, кінулася назад, да хляўка, вырвала зубамі корак і лінула з бутэлькі на дзверы і на сцены, але запалак у кішэні фартука не знайшлося, і яна зноў памкнулася на веранду, а калі вярталася, ўбачыла дваіх – зусім не тых дзяўчыну і хлопца, а іншых падлеткаў, – на яе погляд, з дома, які быў прыбудаваны за фралоўскім: чорнавалосых, у спартыўных касцюмах, адзін трымаў у роце цыгарэту, і ўвогуле падлеткамі іх можна было назваць умоўна, бо яны былі па-мужчынску дужыя і, пэўна, ужо галіліся; і раптоўная здагадка маланкай працяла яе: яны ж чакаюць сваёй чаргі, і стаялі за хляўком з паўночнага боку – там ёсць маленькае акенца, і цікавалі праз яго на тое, што робіцца ўнутры, і рукі ў яе затрэсліся, калі яна выцягвала з карабка запалку, але падлеткі схапілі яе і вырвалі карабок

        ты, бабуля, ішла б дадому

сказаў адзін, а другі толькі засмяяўся

        ты свае адбегала

але раптам дадаў здзіўлена

        ай! яна ж падпаліць хацела!

і піхнуў нагой напалавіну пустую бутэльку на зямлі

        бензін, чуеш?

і яны загергеталі нешта па-свойму, а яна пачала вырывацца і ўрэшце вырвалася з іх учэпістых рук, але тут на фралоўскім падворку бразнула брамка і пачуліся ўсхваляваныя галасы, раптам стала ціха, а потым зноў пачаўся вэрхал, і яна зірнула праз павалены плот і са здзіўленнем убачыла Кліма Фралова, які стаяў у сваім двары і шчэрыў вузкагубы жабін рот, і бровы яго – шырокія і чорныя, зусім як у бацькі-нябожчыка – былі з непаразуменнем узняты, а вакол яго ўжо бегалі, то хапаючы яго за кашулю, то запрашаючы ў дом – разбірацца, і пайшла на веранду, дзе дзіцё даўно чакала яе і адразу пачало свае

        кашыкашыкашы

і яна паставіла на пліту каструлю з вадой, насыпала ў яе рыс, адкруціла вентыль балона і запаліла газ – рукі ў яе дрыжэлі

        зараз, зараз

гаварыла яна хлопчыку, знайшла пачак пячэння

        на вось, пакуль

даўнёнак выхапіў у яе з рук пачак і зашамацеў абгорткай, а яна ліхаманкава думала пра адно – што ёй цяпер рабіць, пакуль не прыехаў Даніла, і што будзе, калі ён прыедзе, – раптам згадалася ёй – што тады будзе: мо яны з’едуць, бо ў фралоўскі дом вярнуўся гаспадар, і нервова хадзіла па верандзе, а хлопчык вымаў з пачка адну пячэніну за другой і смуткаваў

        ПіляПіляПіля

і яна да самага вечара хадзіла каля дома: было горача, даўнёнак упарта не выходзіў, а, пагуляўшы са сваімі цацкамі, скруціўся ў кутку, як шчанё, і заснуў, і ўрэшце сонца пачало закатвацца за цёмную рысу далягляду, і адразу з фралоўскага дома пачулася музыка – уключылі магнітафон з расейскай папсой, загудзелі маторы аўто, якія пад’язджалі і праз нейкі час ад’язджалі

        буруламдамтамдулубам!

        турузамрамшамтубудам!

чула яна, глытаючы таблетку транквілізатара, а потым з фралоўскага дома выйшаў п’яны Клім з цыгарэтай у зубах і, адышоўшы некалькі крокаў да паваленага плота, стаў мачыцца прама на зямлю, але яго зноў павялі, паляпваючы па плячы, у дом, і яна разбудзіла хлопчыка, нагуляла з ім, пакарміла і паклала яго ў ложак, і надышла ўжо ноч, калі яна знайшла свечку, запалкі і рушыла да хляўка, дзе было ціха; яна спынілася ў дзвярах, і зноў пачуццё страху ахапіла яе, але жанчына ступіла ўнутр і пачала ў святле агеньчыка ўзірацца ў цемру, а потым асцярожна пакрочыла наперад, трымаючы свечку ў руцэ крыху збоку, і цемра згусцілася за яе спінай, а затым яна быццам пачула шолах, з-за пляча яе дзьмухнула паветрам, полымя замігацела і пагасла, і адразу цемра агарнула яе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю