355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юры Станкевіч » Любіць ноч — права пацукоў » Текст книги (страница 2)
Любіць ноч — права пацукоў
  • Текст добавлен: 24 мая 2017, 21:30

Текст книги "Любіць ноч — права пацукоў"


Автор книги: Юры Станкевіч


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

II. Злачынства

Чалавек па прозвішчы Даніла Прусак выцягнуў з паштовай скрыні канверт, які быў надарваны, бо са скрыняў кралі, пэўна, і гэтым разам праверылі, ці ёсць што каштоўнае, але ліст пакінулі, і мужчына пазнаў почырк сястры Любы, паклаў канверт у кішэню, падняўся да сябе на ліфце, адамкнуў ключом дзверы кватэры, дзе жыў апошнім часам з сынам, бо жонка з’ехала, каб даглядаць сваю хворую маці, і мусіла заставацца з ёю ўжо да канца, як яны і вырашылі перадусім; яна часам тэлефанавала з далёкага, на паўночнай мяжы, горада і, пасля кароткіх пытанняў, звычайна гаварыла з трывогай:

        ты толькі не запі там

быццам ён запіваў – такога ні разу не здаралася, – і калі ён запэўніваў, што не збіраецца, крыху супакойвалася і дадавала

        ужо патрываем, Даня, даруй

і вось цяпер мужчына сеў у крэсла і пачаў чытаць ліст – цішыня агортвала яго, і сястра спачатку паведамляла звычайнае, а потым пра хлопчыка, і тут мужчына па прозвішчы Даніла Прусак пацмокаў вуснамі і сказаў уголас

        лепш бы яму не бачыць гэты свет, бо тут часам здаровыя ў сіло лезуць

і пахітаў галавой, бо неяк асабліва шкадаваў і любіў даўнёнка, як свайго крэўнага, за незвычайную дабрыню, рахманасць і даверлівасць, нібы ў свойскай жывёлы, і чытаў далей ліст, у якім сястра быццам збілася на другаснае, але тут пачыналася незразумелае, думкі яе нібы ахапіла ліхаманкай, хаця яна стрымлівала сябе, і ён перачытаў абзац усярэдзіне, які выклікаў у яго неспакой і дзе гаварылася, што

        «…засяліліся побач чужынцы, ніхто іх раней не бачыў, – набрыдзь, панаехалі да іх яшчэ ўсякія, паводзяць сябе непрыстойна, ужо не ведаю, што і рабіць, бо не маю сіл абараніць сябе і хлопчыка, ты б параіў што, Даня, ты ў сталіцы, ведаеш больш, а я простая настаўніца, тут у нас стала зусім дзіка, мне страшна…»

потым склад пісьма стаў больш роўны, але быццам хвароба ўжо выявіла сябе, ён адчуў гэта і, ведаючы стрыманы характар сястры, зразумеў, што ёй сапраўды блага ад нечага незразумелага яму, і вырашыў узяць адпачынак (яму былі вінны тыдзень яшчэ за мінулы год) і неадкладна паехаць, а пакуль паведаміць пра гэта сыну, які якраз адчыніў дзверы і буркнуў нешта замест прывітання і кпіў нязлосна

        а, ты дома, хм, так, нешта рана, светла ж яшчэ, ці гэта такая будучыня надышла светлая, а мо цябе скарацілі?

быццам незадаволена гаварыў яго васемнаццацігадовы сын Ігнат, скідаючы красоўкі і куртку, і Даніла Прусак, як неаднойчы апошнім часам, уважліва зірнуў таму ў твар і зноў убачыў яго недахопы: вузкія плечы, слабы падбародак, тонкую шыю і, што з часам усё больш насцярожвала – шырокі, бясформенны рот цесця, былога палітрука, камісара: знешняе падабенства станавілася ўсё больш яўным і злавесным, у глыбіні душы ён ведаў гэта і адганяў брыдкія думкі, хаця ўсё было, ён прадчуваў, так, а можа, будзе і горш, а сын прапанаваў

        ты б паесці зрабіў, ці як, а то растучаму арганізму трэба шмат калорыяў

і Даніла Прусак не стаў спрачацца, каму гатаваць ежу, а сказаў

        Люба, цётка твая, ліст даслала, пэўна, у яе там праблемы ўзніклі, трэба з’ездзіць, недалёка ж, дзве гадзіны на электрычцы, ты ж памятаеш, ездзіў…

быццам апраўдваўся, а сын чамусьці ажывіўся, вочы яго бліснулі ледзь не радасцю, і згадзіўся: пэўна, прыкінуў свае інтарэсы

        едзь, я ўжо тут сам

і, як заўсёды, невядома было, пра што ён сапраўды думае, а мужчына сказаў напаўжартоўна

        адзін жа застанешся, а гора аднаму, калі ўпадзе і другога няма, каб падняць яго маючы на ўвазе радкі з Эклезіяста, якія раптам успомніў, але сын Ігнат зразумеў па-свойму і, зачапіўшыся за словы, сказаў у адказ

падняцца зараз – умець трэба, але нейкая купіна пад нагамі павінна быць, інакш не ўзляціш і працягваў з намёкам

        са мной у групе сын калгаснага брыгадзіра вучыцца – невялікая быццам купіна: брыгадзір, а штурхае добра, бо і ежы ў яго нашчадка хапае і прыкінуты, як трэба, і ў кішэні зашамацець ёсць

але Даніла Прусак абарваў

        ты думай пра вучобу, радуйся, што здаровы, малады, што ногі лёгкія, не інвалід, што дзеўкі ўвагай не абмінуць, дый хіба ў тым сэнс, каб шамацець?

раптам сумна ўсміхнуўся ён, а Ігнат бурчэў

        сэнс, сэнс, усе пра адно і тое ж, а які сэнс, калі няма за што рукі зачапіць?

і ўключыў тэлевізар, утаропіўшыся ў экран, на якім мільгацелі адзін за адным рэкламныя кліпы, і вузкагубы яго рот крывіўся

        шмат з вашага сэнсу карысці

пасля чаго Даніла Прусак зрабіў вячэру і адразу стаў збірацца на заўтра, а потым пачало сутонець, а затым надышла ноч, і ён усё абдумваў: у чым раніцай паедзе, у якой вопратцы, як, на якім транспарце да вакзала, а там ужо на электрычцы, а потым думкі перакінуліся на сям’ю – на жонку, да якой апошнім часам быў амаль раўнадушны, і сына, які нават постаццю і паходкай усё больш нагадваў таго цесця-камісара, жонка часам гаварыла яму насуперак, што вось тата быў неблагі і яго кахалі жанчыны, і ён заўсёды здзіўляўся, як такога сухога і дурнаватага функцыянера маглі кахаць, хіба за бліскучую вайсковую форму – розныя там пагончыкі, гузікі, пятлічкі, ці за што-небудзь іншае – гіпертрафіраваныя геніталіі, напрыклад, і ледзь не плюнуў у ложку, бо не любіў і не паважаў таго, і стаў думаць пра гарадок, куды заўтра паедзе, дзе нарадзіўся і часам бываў, і гарадок той таксама быў яму не даспадобы, хіба што вабіла рака, якая цякла паблізу, але і яе за апошнія тры дзесяткі гадоў загадзілі, засмецілі безгустоўнымі будынкамі на берагах, адкідамі з заводаў, і ён доўга ляжаў у цемры са сваімі думкамі, слухаючы, як нарастаў шум рухавікоў за вакном

        ррррррррррррррррррр

а потым гук паступова заціхаў, толькі праз паўзы ажываў стары халадзільнік на кухні

        ўжыўжыўжыўжы

і звыклая туга і сум авалодалі ім, але тут ён заснуў ізноў; ужо ў сне, пабачыў раптам тую раку, быццам ён плыў па ёй на хісткім чоўне, голы і, вяслуючы, усё трывожыўся пра тое, як ён голы выйдзе на бераг, пэўна, яму ж сустрэнуцца людзі, але раптам прачнуўся і ляжаў у ложку, а потым задрамаў зноў, ва ўсю раўлі ўжо маторы на вуліцы, але сон быў павярхоўны, неглыбокі, і – калі ён прачнуўся другі раз – трэба было збірацца, ён памыўся, апрануўся, ускінуў на плячо сумку і сказаў сыну, які якраз выйшаў са свайго пакойчыка,

        ну, нашчадак, я на дзень, два знікаю, пазваню, калі што, ты ўжо тут сам воз вязі, грошы я пакідаю, прадукты ёсць, жыві.

Сын кіўнуў – ён быў яўна задаволены, пэўна, намеціў ужо прывесці дзеўку нанач, а пры бацьку саромеўся, падумаў Даніла Прусак і выйшаў у раніцу, а потым нейкі час ехаў у перапоўненым тралейбусе па маршруту да вакзала, урэшце вылез і апынуўся, нягледзячы на ранні час, у моры чалавечых цел, пакуль стаяў у чарзе па білет, і потым таксама, калі сеў у засмечаны вагон, дзе, нягледзячы на цеплыню, нямытыя вокны былі шчыльна зачынены, і так ехаў, сціснуўшы вусны і заплюшчыўшы вочы, не зважаючы на праходзячых убогіх і жабракоў, толькі адзіны, быццам нязначны выпадак выклікаў у яго пахмурную цікавасць – калі гандлярка газетамі, кабета гадоў трыццаці пяці – сарака, пэўна, з жонак якога былога ці яўнага вайскоўца, скуластая русачка з чорнымі фарбаванымі валасамі і ў спартыўным абцягваючым трыко, раптам пасунулася да купкі крыклівых і брудных цемнатварых жанчын, пэўна, аднекуль здалёк, выхапіла з рук адной з іх дзіцёнка, яшчэ больш бруднага, смаркатага і, пэўна, вашывага, і з радасцю, ледзь не з захапленнем на твары, прабегла з ім у канец вагона і потым назад, пры гэтым жанчыны змоўклі і назіралі за ёй, а тая закружыла дзіцё на руках у праходзе, прамаўляючы з робленай ці, можа, шчырай пяшчотай па-расейску

        уй, какіе мы холосенькіе, правда, правда мы холосенькіе

а потым аддала яго жанчынам – яны ўжо быццам усміхаліся, і Даніла Прусак зноў заплюшчыў вочы, доўга раздумваючы пра тое, што бачыў, і так даехаў да патрэбнай яму станцыі, дзе пакінуў свае месца, яшчэ праз вакно выхапіўшы вачыма шыльду над будынкам вакзала

        ЯНАЎСК

што азначала назву гэтага сярэдніх памераў раённага цэнтра, такіх гарадоў ён пабачыў за свае жыццё нямала, але гэты ведаў больш за ўсіх, бо нарадзіўся і жыў тут даволі доўга, і, як заўсёды, на некалькіх прыпынках стаялі паныла купкі людзей, швэндаліся бамжы, а ўбаку, ля крамак, дзяжурылі дзве маладыя прастытуткі, і адна з іх беспамылкова пазнала ў ім прыезджага і заўсміхалася, выставіўшы наперад далоні з растапыранымі пальцамі, што азначала, пэўна, лічбу – дзесяць даляраў, і ён не стаў чакаць аўтобус, пайшоў пешшу, бо вакзалы заўсёды наганялі на яго трывогу, а да дома, дзе жыла сястра Люба, было з паўгадзіны хады, прахожыя ішлі яму насустрач, а то і абганялі, гучна прамаўляючы паміж сабой, значна гучней, чым у сталіцы, а то часам брыдкасловілі, пускаючы ў паветра дымкі цыгарэт і адкідваючы прама пад ногі ці ў бакі недакуркі

        так яго і разгэтак

чуў ён і паволі ішоў далей, удыхаючы паветра, і паветра тут было нават горшае, чым у сталіцы, думаў ён, разглядаючы рэдкія вітрыны і прыцэньваючыся – варта купіць што-небудзь для даўнёнка, – але раптам заўважыў на тратуары аднакласніцу Алесю, якая раней была звычайная школьніца з пышнымі прыгожымі валасамі колеру спелага жыта, гэтыя валасы, падумаў Даніла Прусак, і саслужылі ёй дрэнную службу, бо ў горадзе неяк пабудавалі новы завод, вядома, ваеннага прызначэння, але ў адным з цэхаў дзеля камуфляжу пачалі распрацоўваць бытавыя прыборы, у тым ліку і фен для валасоў, і на вокладку ўпаковачнай каробкі спатрэбіўся рэкламны здымак маладой дзяўчыны – вось яна і трапіла на вока фатографу, і выява яе галавы з распушчанымі валасамі з’явілася на каробках з фенамі, а потым гэтыя здымкі пачалі наклейваць маладыя вадзіцелі на свае грузавікі

        АЛЕСЯ

чыталі гараджане на скрынях з фенамі і на кабінах машын, якія вадзілі чырванашыія ўчарашнія армейцы, а потым у правінцыйны гарадок завітаў сталічны кінарэжысёр, які здымаў тут царкву і мост, і паабяцаў зняць у фільме Волечку: яе сапраўднае імя было Вольга, і яна хадзіла да рэжысёра ў гасцініцу, а потым, калі той з’язджаў назад у сталіцу, спрабавала засіліцца – звычайны «тэатральны суіцыд», і вось цяпер яна ўбачыла Данілу і адразу пазнала яго (заўсёды пазнавала), памяць яна мела надзвычай учэпістую, пераходзіць на другі бок вуліцы было позна, і Даніла Прусак сказаў

        ну, прывет, Волечка, усё прыгажэеш

а яна заўсміхалася гнілымі ад незалечанага карыесу зубамі і папрасіла адразу

        дай цыгарэтку

і ён сказаў

        я і ў школе не курыў, ты ж памятаеш

хацеў ісці далей, але яна спытала неспадзявана

        навошта ты прыехаў у гэты горад, Данііл?

ўдакладніла

        ён жа мёртвы, тут усе мёртвыя

быццам з вачэй яе на імгненне-другое ўпала заслона, бо ён убачыў раптам у іх асэнсаванасць, тугу і боль, і сказаў

        ты ж жывеш у ім, і іншыя людзі, бо не могуць жа ўсе перасяліцца ў Парыж ці Прагу ці нават у якую Вільню па суседству

але яна сумна ўсміхнулася

        таму і не могуць, бо з іх жыццё высмактана, уцякай адсель, Данііл, а то ён змарнуе і цябе, высмакча і твае сілы, забярэ ўсё, – ты ненадоўга сюды, праўда?

і дадала настальгічна

        а памятаеш наш клас?

на што Даніла Прусак адказаў

        а як жа, памятаю, сустракаю таго-сяго іншым разам, вось як цябе

і адчуў сябе ніякавата, бо не любіў пустых успамінаў і робленых размоваў, але яна перапыніла

        з таго класа амаль палова ўжо на могілках ляжаць, я запісваю ўсіх, па нумарах

і тут ужо ён па-сапраўднаму здзівіўся

        навошта ж запісваць, які сэнс?

а Вольга-Алеся адказала

        яны ўсе кпяць з мяне, смяюцца, а спачатку зайздросцілі, дык хто тут застаўся, не з’ехаў – адыходзяць цяпер адзін за другім, я апошняя буду, ужо тады толькі перадусім пасмяюся

але, быццам заслона з’явілася зноў, яна захіхікала, а з апухлага, у зморшчынах, твару глядзелі ўжо на яго вочы той, якой яна была хвіліну назад, – вочы напаўюродкі

        усіх перажыву

какетліва парасмыкнула плячыма, падміргнула, а калі ўбачыла, што мужчына збіраецца крочыць далей, дадала

        ты адзін, Данііл, з мяне ніколі не смяяўся, не думай, я ўсё бачыла

і затрымала яго за кашулю

        дай хоць пару паперак, я за півам збегаю, тут недалёка

і ён дастаў з кішэні некалькі дробных банкнот і, не гледзячы, сунуў ёй у рукі, і твар яе – старэчы, у зморшчынах – палагоднеў, а ёй жа толькі і ўсяго – каля сарака, думаў Даніла Прусак, ідучы далей па цэнтральнай вуліцы, і гэтая вуліца была яму знаёмая: з пяціпавярховымі дамамі, у якіх жылі ў асноўным рускамоўныя вайскоўцы ці былыя вайскоўцы, і ў памяці яго раптам узнік успамін пра тое, як ішла яшчэ на пачатку той перабудовы па гэтай вуліцы рэдкая рыска людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і як на іх зверху, з вокнаў, ляцелі агрызкі і смецце, і мужчына па прозвішчу Даніла Прусак перасмыкнуў плячыма і спыніўся ля вітрыны крамы, дзе пабачыў сябе ў люстэрку – хударлявага, сярэдняга росту бландзіна з шэрымі вачыма і вузкім доўгім тварам, – продкі яго былі са Случчыны, а там здаўна аселі балты, прусакі, адсюль, пэўна, яго і прозвішча, цэлы сельсавет так і называўся – прускі; ён паволі пайшоў, азіраючыся па баках, але ўсё навокал было як раней, хіба толькі яшчэ больш адчуваўся агульны заняпад: у многіх кватэрах вокны былі выбітыя і закладзеныя фанерай, а то і заткнутая рыззём, каналізацыйныя люкі зеўралі пустатой, там-сям іржавелі паваленыя агароджы, а каля харчовых крамаў тоўпіліся брудныя мужчыны і жанчыны з азызлымі азіяцкімі тварамі ў чырвоных пражылках – тварамі аматараў спіртнога і апушчэнцаў, і адтуль даляталі ўвесь час рэзкія крыкліва-істэрычныя воклічы

        матахудабатак і гэтак!

чуў ён, але да боек пакуль не даходзіла, хаця на тварах некаторых з іх бачныя былі старыя і свежыя драпіны і сінякі, тут жа ішоў гандаль цыгарэтамі, жавальнай гумкай – той драбязой, што давала ім магчымасць зноў выпіць шклянку-другую таннага віна і выкрыкваць свае незадаволенае

        хуратаматак і разгэтак!

але ім гэта жыццё было даспадобы, не інакш, думаў Даніла Прусак, бо хто перашкаджаў любому з іх перайсці на другі бок вуліцы і трапіць у іншы свет, дзе заняцца чым-небудзь больш прыстойным, толькі яны не жадалі і не хацелі альбо не разумелі, як тая Алеся, якой калісьці ўсміхнуўся выпадак, але тут жа засмактала, быццам саромеючыся за сваю памылку, бездань, і, абыходзячы лужыны, смецце і бруд, ля якіх там-сям ляжалі, праважаючы яго залепленымі гноем вачыма, худыя, заражоныя лішаём, бадзяжныя сабакі, мужчына ямчэй перахапіў сумку і пакрочыў па вуліцы, якая вяла да ўскраіны, і горад быў ужо быццам той і не той, нешта няўлоўнае змянілася ў паветры, мо таму, што памяняліся некаторыя шыльды і з’явіліся прыватызаваныя крамы, а над мэрыяй зноў лунаў чырвона-зялёны сцяг, і яшчэ ў нечым зусім іншым, хто ведае, ці, можа, у тым, што пабольшала жабракоў і папрашаек, як вось цяпер, думаў мужчына, калі ўбачыў на тратуары сляпога цемнаскурага і чорнавалосага малалетку гадоў дзесяці-дванаццаці, які сядзеў, вытарашчыўшы ў неба бялкі вачэй, а побач стаяла невялікая картонная скрыня, на пярэднім баку якой было выведзена па-расейску і з памылкамі

        «…подайте люди добрые Христа ради инвалидам бежинцам кто чьто можит»

і прахожыя кідалі ў скрыню, асабліва жанчыны, а Даніла Прусак запаволіў крок ля крамы і хацеў ужо зайсці ўнутр, але міжволі спыніўся, бо ў люстэрку ў вітрыне ўбачыў, як жабрак-малалетка за яго спінай раптам спрытна ўскочыў на ногі і, зыркнуўшы па баках цалкам здаровымі і відушчымі вачыма, а побач з ім якраз нікога не было, выграб са скрыні грошы і крыкнуў, азірнуўшыся назад, на незразумелай мове

        будулагашарага!

а ззаду, у цяні клёнаў, тоўпілася некалькі постацяў, адна з якіх – жанчына гадоў трыццаці – аддзялілася ад астатніх і рэзка выгукнула

        радамашаталаза!

падышла да малалеткі і забрала ў яго грошы, якія адразу зніклі ў рукавах яе адзення, а Даніла Прусак зайшоў у краму, а калі выйшаў адтуль, то ўбачыў, што папрашайка зноў сядзіць на сваім месцы, а метраў праз дзвесце са здзіўленнем заўважыў амаль такога ж малалетку, і скрыня была амаль такая ж, і надпіс, а калі звярнуў на бліжэйшую бакавую вуліцу, то і там ўбачыў постаць на тратуары, але гэта была ўжо дзяўчынка, і мужчына нейкі час раздумваў над усім гэтым, пакуль ішоў, усё болей адхіляючыся ад цэнтральных вуліц, дзе пад нагамі ўжо дзе-нідзе бліскалі жоўтай, застаялай вадой, пэўна, ніколі не высыхаючыя лужыны, а ля драўляных парканаў-агароджаў выглядалі з пустазелля і пырніка кучы смецця і застарэлага попелу, які яшчэ зімой выкідвалі сюды з печак і топак, і апынуўся на яшчэ вузейшай вуліцы, а потым завулку і адразу ўбачыў павалены плот і новабудоўлю за фралоўскім домам, ля брамы якога стаялі дзве іншамаркі і бегалі з крыкамі дзеці, але пляменніка сярод іх не было, і Даніла Прусак адчыніў брамку і зайшоў на падворак, але яго ніхто не сустракаў, і цень трывогі крануў твар мужчыны, а потым ён зайшоў у хату і пабачыў хлопчыка, які сядзеў у куце, насцярожана, як звярок, выглядваючы адтуль, і адразу падхапіўся, калі пазнаў дзядзьку

        ДаняДаняДаня

гаварыў ён, а Даніла спытаў

        а маці дзе?

і даўнёнак сказаў

        няма

і зноў пачаў свае

        ДаняДаняДаня

твар яго быў заплаканы, а кашуля пакамечаная і брудная, і Даніла зноў спытаў

        Люба пайшла?

але хлопчык ужо пераключыўся

        кашыкашыкашы

гаварыў ён, і Даніла аддаў яму пернікі і цацку на колцах, якую купіў у краме, і даўнёнак пачаў прагна есці, а на цацку не звярнуў увагі, і мужчыну зноў стала вусцішна, і ён, раптам здагадваючыся, спытаў

        а ноччу яна была з табой, ну, калі цёмна было?

і хлопчык затрос галавой

        ненене

і адразу захваляваўся і пачаў енчыць

        мамамамамама

а потым раптам успомніў

        ПіляПіляПіля

смуткаваў ён, і Даніла падняў ужо цяжкаватага хлопчыка на рукі і выйшаў так у сад і абышоў яго, зазірнуўшы ўсюды: кусты парэчак былі абабраныя і дзе-нідзе віселі абламанымі галінкамі, на дзвюх агурковых градках было пуста, плот, за якім адразу пачыналася тэрыторыя фралоўскага маёнтка, павалены, мужчына агледзеў усё гэта, а потым паставіў хлопчыка на зямлю і, быццам нехта павёў яго, рушыў да хляўка, адчыніў дзверы і адразу зачыніў, стараючыся, каб даўнёнак не зазірнуў унутр, зноў падхапіў таго на рукі і пабег з ім у дом і сказаў

        пабудзь тут, на вось еш

сунуў яму рэшткі пернікаў і паабяцаў

        я зараз, ты не выходзь

а даўнёнак спытаў

        ты вернешся?

але ён ужо бег да хляўка, ірвануў на сябе дзверы і схіліўся над целам сястры, якая ляжала на правым баку, рукі яе былі прыціснуты да грудзей, быццам жанчына ў апошнія імгненні спадзявалася абараніцца ад небяспекі, і на твары яе застыла маска жаху.

III. Напад

Следчы па прозвішчу Кузін – нізкарослы малады мужчына гадоў трыццаці, з вострым кірпаносым тварам і цёмнымі мангалоіднымі вачыма, прыходзіў спачатку штодня, але потым яго наведванні рабіліся ўсё больш рэдкімі, а з дня забойства і хаўтураў прайшло ўжо каля тыдня, і Даніла Прусак сам пайшоў да таго ў райаддзел, і даўнёнак быў цяпер заўсёды з ім, ён, пэўна, шмат што зразумеў, бо часта трывожыўся, плакаў і гаварыў

        мамамамамама

а то яшчэ ўспамінаў труса і мармытаў

        ПіляПіляПіля

а больш маўчаў і не адыходзіў ад свайго дзядзькі ні на крок, вось і на гэты раз сеў у кабінеце ля дзвярэй на зэдлік і слухаў, як следчы незадаволена казаў

        пакуль нічога новага, але як толькі нешта праясніцца, то адразу вам паведамім

але мужчына перапыніў яго рэзкім узмахам рукі

        вы забойцу знайдзіце, а не праясненняў чакайце

і нерваваўся, а следчы выслізгваў, як піскун, і гаварыў банальнасці і яшчэ нешта доўгае, нецікавае і неістотнае, і мужчына выслухаў, сціснуў сківіцы, а потым устаў з крэсла і пайшоў прэч, узяўшы даўнёнка за руку; яны ішлі вуліцай, было горача ад сонца, якое вісела прама над імі на бясхмарным небе, дрэвы, пакрытыя пылам з-пад колаў грузавікоў, якія раз-пораз грукаталі побач, амаль не варушылі лісцем і здаваліся штучнымі ў бязветранай прасторы, даўнёнак часта спыняўся і прасіў

        піцьпіцьпіць

Даніла Прусак напаіў яго квасам, а потым яны рушылі ла цэнтра горада, дзе месціўся паштамт, і мужчына тэлефанаваў сыну – той праходзіў вытворчую практыку і якраз быў дома

        я бы прыехаў

апраўдваўся той

        але ж вы мне не паведамілі, хоць бы сказалі, дык мяне б адпусцілі

і Даніла сказаў

        так, без цябе Любу пахавалі, але тут яшчэ шмат спраў розных, я затрымаюся

і потым спытаў

        грошы хоць ёсць, стыпендыя нябось скончылася?

і той адказаў бадзёра, як у фільмах, якія глядзеў бясконца па тэлевізары

        няма праблем

пасля чаго мужчына сказаў, што яшчэ хутка патэлефануе, а даўнёнак стаяў побач і енчыў

        піцьпіцьпіць

а потым яны пайшлі дадому, толькі ў завулку ля сваёй брамы спыніліся, бо на вуліцы стаялі двое ўжо ладных падлеткаў, па выгляду з фралоўскага дома, і мачыліся прама сабе пад ногі, і Даніла Прусак не стрываў і сказаў

        прэч адсюль, вырадкі

але тыя не спяшаліся, нахабна зыркнулі на яго вачыма і загаварылі па-свойму, а потым пайшлі, азірнуўшыся, і мужчына адамкнуў хату, зварыў хлопчыку кашу, адкаркаваў кансервавую бляшанку з рыбай, і яны паелі, і адразу даўнёнка змарыў сон, а мужчына пайшоў і за дзве гадзіны паставіў плот, рыдлёўкай перакінуў за яго на былы фралоўскі пляц бруд і смецце, якое накідалі чужынцы, – там броўнаўскім рухам брутальна віравала незнаёмае яму жыццё: бегалі мурзатыя дзеці, крычалі жанчыны, пад’ехала «вольва», адкуль жукаватыя мужчыны вынеслі некалькі кардонавых скрыняў і занеслі ў дом, потым уключылі магнітафон, і Даніла Прусак адразу кінуў працу, аднёс на веранду рыдлёўку і інструмент, і ўвесь час за ім назіралі – у расчыненых вокнах з’яўляўся то адзін твар, то адразу некалькі, а затым прачнуўся даўнёнак і пачаў смуткаваць

        ПіляПіляПіля

і мужчына пайшоў з ім у краму, перад якой, глытаючы з рыльца піва, звыкла лаяліся некалькі прыблатнёных і апушчэнцаў, і купіў у ёй хлеба і малака, а потым шукаў і ўрэшце дачакаўся няўлоўнага ўчастковага, і той з прыхаванай незадаволенасцю ад таго, што патурбавалі, гаварыў яму

        тактак, яна скардзілася, па суседству большасць так скардзяцца і гавораць, хаця, канешне, новыя вашы суседзі турботныя, ды прыгожа жыць не забароніш – зараз так?

але Даніла Прусак перабіў яго

        яны гандлююць наркатой, хіба вы не ведаеце пра гэта? любы падлетак з вуліцы пацвердзіць, у вас жа, пэўна, ёсць інфарматары

а ўчастковы ўсміхнуўся

        тактак

гаварыў ён,

        усё магчыма, але паспрабуйце даказаць – гэта не так проста, мы іх там усіх дапыталі, а доказаў ніякіх, вашу сястру мог забіць чалавек і з вуліцы, так, хіба хто з яе старых знаёмых, мо ў яе была з кім, ну, скажам, любоўная сувязь

але пасля гэтых яго слоў Даніла Прусак завярнуўся і пайшоў, хлопчык цягнуўся ўслед за ім і гаварыў трывожна

        ДаняДаняДаня

быццам адчуваў стан мужчыны, і яны пайшлі па забруджанай смеццем вуліцы – апошнім часам яго выкідвалі прама на дарогу, хілілася ўжо к вечару, хмара набегла на сонца, і на кароткі час дыхнула прахалодай, і даўнёнак пакінуў выпрошваць піць і пайшоў шпарчэй, а потым, калі зайшлі ў дом, адразу лёг на каналу і заснуў; мужчына хацеў сказаць яму, што не варта спаць на захадзе сонца, але той усё роўна не зразумеў бы яго, таму накрыў хлопчыка посцілкай і выйшаў на панадворак, прайшоў у сад і тут убачыў, як двое падлеткаў, ускрыкваючы і смеючыся, але досыць настойліва, цягнулі да хляўка дачку старызніка Манюкі, непаўналетнюю Рэгіну, якая хіхікала і нескаардынавана ўзмахвала рукамі, – пэўна, далі глынуць спіртнога, – падумаў Даніла Прусак, – можа, і падсыпалі яшчэ пару таблетак атаміналу натрыя ці яшчэ чаго, – колькі дошак з плота, які ён паставіў некалькі гадзін таму, былі выламаны і валяліся на зямлі з яго боку; мужчыну скаланула ад раптоўнага выбуху гневу, і ён зрабіў хуткі крок наперад і ўдарам кулака адразу зваліў аднаго з крыўдзіцеляў, а вось другі кінуў Рэгіну, якая шмыгнула ў дзірку ў плоце, а потым уцякла ў заўсёды расчыненыя ў тым двары дзверы, і схапіў Данілу Прусака за кашулю, – ён быў па-мужчынску дужы – і дыхнуў на яго сумессю алкаголю з часнаком, выскаліўшы зубы з жоўтага металу, другі ўжо падымаўся з зямлі, і Даніла Прусак саўгануў праціўніку каленам у пах, а потым зачапіў кулаком знізу ў падбародак – калісьці ў юнацтве ён баксіраваў, і зараз вось спатрэбілася, – нахабнік рохкнуў і заваліўся на спіну, а яго хаўруснік кінуўся ў дзірку ў плоце і ўзняў у двары былога фралоўскага дома лямант

        бугуламудулага!

крычаў ён нешта па-свойму, а Даніла Прусак зайшоў у дом, зняўшы з цвічка на сцяне веранды сякерку, зноў выйшаў у сад да дзіркі ў плоце, за якой ужо лямантавалі, узмахваючы ў яго бок кулакамі, жанчыны, а падлеткі брыдкасловілі і рабілі яму непрыстойныя жэсты, і, скарыстаўшы тую ж кухарскую сякерку, узняў плот: прыбіў цвікамі дошкі да жэрдак, а потым на верандзе пачаў гатаваць ежу, паступова супакойваючыся, і тут якраз прачнуўся даўнёнак і сказаў ласкава і сумна

        Даня

і мужчына падвёў яго да рукамыйніка, і хлопчык памыў сабе рукі і твар, і Даніла Прусак сказаў

        заўтра пойдзем на раку і вуду возьмем, каб лавіць рыбу, а можа, і скупнёмся раз-другі, калі дажджу не нацягне

а сам думаў пра тое, што будзе рабіць далей, бо дапамога на пахаванне, якую атрымалі і прынеслі яму настаўніцы з тае школы, дзе працавала Люба, пайшла на хаўтуры, а грошы, што знайшоў у шуфлядцы – пэўна, рэшта яе «адпускных», – таксама хутка сплывалі, і трэба было неяк жыць далей, некуды ўладкоўваць хлопчыка, але пакуль тое, ён разбярэцца тут да канца, а потым вырашыць пра лес жытла, – усё імкліва набягала на яго, як набягае на адзінокага хадака на дарозе навальніца, і раптам ён сцяўся ад холаду, які пракаціўся па спіне і знік у нагах, хаця на верандзе было цёпла, бо раптоўна адчуў, як гэта ўжо было з ім не раз у апошні час, сваю адзіноту ў гэтым свеце і адказнасць за жыццё тых нямногіх, хто спадзяваўся толькі на яго, бо ім і не было спадзявацца больш ні на каго іншага; а потым мужчына накарміў даўнёнка і пайшоў з ім да суседа Манюкі, дзе іх сустрэла дачка Манюкі Рэгіна і, адводзячы вочы ўбок, правяла ў пакой да бацькі, – яна была відавочна спалохана, думала, што сусед прыйшоў расказаць бацьку аб здарэнні, але Даніла Прусак прыйшоў зусім не дзеля гэтага, ён прагнуў пачуць што-небудзь пра апошнія дні сястры, не можа быць, гаварыў ён, каб сусед, ці яго жонка, ці дачка не ведалі б чаго, якой-небудзь важнай дробязі, а можа, што бачылі ці пачулі, але жонка Манюкі – Марыля – адмоўчвалася, а гаспадар гнуў свае

        цяпер кожны за сябе

гаварыў ён скрушна

        цэны скачуць, беспрацоўе, рабаўнікоў, зладзеяў развялося

і яшчэ нешта пустое, як і сам, але раз-пораз Даніла Прусак лавіў на сабе яго насцярожаны, ацэньваючы позірк і думаў, што гэты чалавек, калі што і ведае, не дапаможа яму аніяк, і ўспомніў раптам ангельскую прымаўку: «чым вышэйшы плот, тым лепшы сусед», але ж вось у літоўцаў амаль няма парканаў паміж сваімі, і – жывуць, і чужынцаў на сваю зямлю не дапускаюць, і з гэтай думкай развітаўся з Манюкам і выйшаў з хлопчыкам у цемру – надыходзіла ўжо ноч, і ў тых людзей, што засялілі ўчастак зямлі на постфралоўскай прасторы, якраз усё брутальна ажывілася – рыкалі маторамі некалькі іншамарак, сноўдалі постаці, адтуль увесь час нешта гучна выкрыквалі, быццам ніколі і не ўмелі гаварыць нармальна, а з вокнаў гучэла расейская папса, і Даніла Прусак падумаў, што пацукі на тое і здольныя, каб існаваць уначы, так ужо ім наканавана, і тут трэба быць пільным і не дапусціць, каб яны ўсё пераўтварылі ў ноч, а даўнёнак цягнуўся за ім, уздыхаў і гаварыў

        ПіляПіляПіляПіля

а потым ўспомніў і пытаўся

        мамамамамама?

і, ужо дома, нечакана лёг і, па звычцы, адразу заснуў, а раніцай мужчына накарміў яго, дастаў сваю старую пластыкавую вуду, паклаў у кішэнь хлеба, узяў для хлопчыка коўдрачку і ручнік і, як абяцаў, павёў таго на пляж, дзе было яшчэ пуста, пляж увогуле быў у заняпадзе, бо рака мяняла тут рэчышча і падмывала бераг насупраць, і ўжо можна было прадбачыць лес грувасткага і безгустоўнага катэджа, пабудаванага гады два таму метраў за сорак ад берага, а цяпер, прыкінуў Даніла Прусак, да вады засталося ўжо метраў дваццаць пяць, а потым думкі яго зноў вярнуліся да апошніх падзей, а даўнёнак гаварыў

        рыбарыбарыба

але тут Даніла Прусак убачыў адзінокую жаночую постаць на беразе з паўхвіліны хады ад іх і пазнаў Алесю, якая сядзела, падкурчыўшы ногі, глядзела ў ваду і паліла, а побач тырчэла ў неба рыльца бутэлькі, і мужчына адвёў хлопчыка ў супрацьлеглы бок, каб тая не прычапілася з пустой размовай, паслаў даўнёнку на траву коўдру, дапамог таму распрануцца і распрануўся сам, адчуваючы, як прыемна заказытала босыя ногі трава – пахла мятай, – яе роўныя, зялёныя пруткі ўперамешку з аерам выторкваліся з зямлі, спускаючыся да вады, – рака бязгучна спяшалася далей пад стромкім; берагам насупраць, і даўнёнак адразу знайшоў сабе занятак: пачаў корпацца ў пяску і часам уваходзіў у ваду па калені і гаварыў, назіраючы малявак і верхаводак

        рыбарыбарыба

а мужчына выкапаў чарвяка і закінуў вуду – проста так, зусім не спадзеючыся злавіць, і лёг на траву, адчуваючы, як святло сонца пяшчотна гарачыць і падпальвае скуру на спіне і нагах, і доўга ляжаў так, назіраючы за даўнёнкам і амаль фізічна адчуваючы, як запавольваецца бег часу, пакуль урэшце гук матора не вывеў яго з гэтага стану: доўгі шэры «мерседэс» старога выпуску разварочваўся прама на пляжы і спыніўся метраў за дваццаць, ляснулі дзверцы кабіны, і разам з гукамі папсы адтуль вылезлі трое: адзін, пэўна, з мясцовых, вышэй сярэдняга росту, з ральефнымі біцэпсамі, коратка стрыжаны, і з ім двое таго ж тылу, што жылі ў фралоўскім доме, а можа, нават, і з тых самых, быццам бежанцаў, адзначыў Даніла Прусак, – усе на падпітку, а потым з кабіны, хіхікаючы, з’явілася яшчэ адна асоба – дзяўчына гадоў дваццаці з цыгарэтай у руцэ і бутэлькай віна ў другой, і, пахіснуўшыся, села на траву, а мясцовы закрычаў

        купацца! хто са мной, маць вашу так!

і здзёр з сябе спартыўныя штаны, куртку, а потым трусы, застаўся голы, разагнаўся і спрытна нырнуў з берага ў плынь ракі, а двое яго сябрукоў загаманілі па-свойму і знялі толькі кашулі, застаўшыся на беразе, між тым як голы мацак з рэзкімі выкрыкамі сплываў па рэчцы ўсё бліжэй і ўрэшце праплыў побач з паплаўком вуды Данілы Прусака, быццам не заўважыўшы ні яго, ні вуды, а даўнёнак адразу перастаў корпацца ў пяску і насцярожана, як звярок, які пачуў небяспеку, узіраўся ў чужынца, а той крычаў


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю