Текст книги "Золак, убачаны здалёк"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)
У сталыя гады, падумаўшы калі-небудзь пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што? Сказаць, што ад фізічнай кволасці або ад лішняй баязлівасці – не скажу. І ў вайну, што ў партызанах, а што і потым, на фронце, дастаткова было магчымасцей пераканацца ў адваротным. Дый перад гэтым, у юнацтве і ў маленстве, я быў не з апошніх: здаровы, дужы, ахвотна смяяўся і спяваў. Калі, скажам, Валодзя або Зяма былі хлапчукі далікатныя, дык Шура ў маленстве бываў і не такі ўжо часам добранькі, любіў камандаваць мною. Часцей за ўсё я слухаў, бо і меншы на два з гакам, і па дружбе. Але неяк, калі я памагаў яму браць бульбу з іхняга пограба, ён так ужо закамандаваўся, што мы з ім і счапіліся. Ды не счапіліся нават, а я схапіў з вушака іх вялікі замок за адкрытую дужку і кінуўся да Сцягача, а ён – на здзіўленне маё пасля – сумеўся, ці што… Здалося нават, што спалохаўся мяне, і я тады спалохаўся таго, што мог бы, што хацеў зрабіць… Гэта было ў нас першы і апошні раз. Наогул – біцца я не любіў і не ўмеў. Раззлуешся, яшчэ не ўдарыш, а ўжо і шкада…
Гэта ў мяне цяпер – не пахвальба, не самалюбаванне, а цёплы ўспамін пра тое, як добра было кагосьці пашкадаваць, і не проста кагосьці, а чалавека, жывёлу ці птушку. Хоць жаласць тая была для цябе не заўсёды цёплай.
Валодзева маці, цётка Жэня, часта хварэла.
Тады ўжо ў іх была свая хатка на агародзе, за хатай-каморай-хлявом Каці Курыцы, усё-такі памяркоўнай сваячкі, што дазволіла ім прытуліцца на сваім пляцы. Хатка ў Паганкі малая, па сірочай беднасці ды па людской літасці збоцьканая з сякіх-такіх аполкаў ды канчароў. Але зімой яна, на мой дзіцячы розум, была вельмі прыгожая. Ад іскрыстага інею на сценах і столі, ад узорыстай намаразі на несуцэльных шыбінах. Асабліва прыгожа было, калі з двара свяціла ў хатку сонца. Аднак жа ў гэтай снежна-іскрыстай казцы, увайшоўшы з двара, з марозу, нават і ў кажушку неўзабаве рабілася холадна – аж да касцей, калі даўжэй пабыць.
Часта выходзіла чамусьці так, што калі я прыходзіў у гэтую хатку не так сабе, а прыносіў хворай ад мамы цёплага ў загорнутым гаршку, Валодзі дома не было. Толькі яго навінка – пісклявая самаробная скрыпка маўчала на сцяне, акалеўшы ад холаду, заінелая…
Валодзева мама, калі не хварэла, часцей за ўсё была вясёлая. Яна мяне называла цёзкай. Таму, што і яна ў сапраўднасці не Жэня, як я – не Юрка. Калі яе маленькую хрысцілі, кумы, вярнуўшыся з Мілтачоў, ушчэнт забыліся на марозе, якое ж гэта імя даў дзяўчынцы бацюшка. Таксама з кніжкі, па «святцах».
– Як жа так? – не адзін раз расказвала смяшлівая ды галаганістая цётка Жэня, як быццам сама яна ўсё гэта чула і разумела. – Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: «Зімавея!» Вядома ж, дзеравенскія! Гэта яны так Зіновію панялі. А нашы кажуць: наліха нам тая Зімавея, няхай будзе Жэня. Вось я і Жэня. І добра.
Цяпер цётка Жэня ляжала на халоднай печы моўчыкам, накрыўшыся ўсім іхнім лап'ём, і толькі ціха павойквала. А мне хацелася хутчэй уцячы – і ад таго, што яна так многа дзякуе маме і мне, і ад таго, што дома ў нас і цёпла, і ўсё ёсць, а яна, маці майго таварыша, у такой вось галечы ды ў сцюжы, і ад таго, што цётка Жэня не есць, пакуль цёплае, як мама прасіла ёй перадаць, а кажа: «Я пачакаўшы, я не галодная…», як быццам я не ведаю, што есці гэта будзе потым Валодзя… І мне ад гэтага ўсяго было да болю сорамна, нават і сцішна – і так, і для нашай з Валодзем дружбы. А ўсё ж і назаўтра, і колькі б разоў мама ні пасылала мяне ў тую жахліва-казачную хатку, я ахвотна ішоў, і стараўся ісці з загумення, «каб не вельмі хто бачыў», але ж і рад быў, зноў не застаўшы Валодзю дома…
Толя Немец жыў ненамнога лепш за Казака. Праўда, хата ў іх была цяплейшая, хоць і старая, і сама цётка Каця была, як гаварылі, не такая «піцерская» ды «нямоглая», куды больш за Паганку хадзіла на ўсякія заработкі. Аднак яе зацюканы, нейкі перапалохана вінаваты Немец хадзіў заўсёды недагледжаны.
Неяк зімою я яго пашкадаваў, што шапка парваная, летняя кепачка з такою дзіркай, што аж касмыль адтуль тырчыць. Я яму вынес на вуліцу сваю старую аблавушку: мне цеснаватую, а ён жа меншы за мяне больш як на год. На вуліцы нікога не было – я так падпільнаваў. Аднак жа, колькі я яго ні ўгаворваў, Толя шапкі не ўзяў. Можа, таму што на мне аблавушка была навейшая? Ці не хацеў, каб нават праз акно хто-небудзь гэта ўбачыў? А можа, таму, што мы з ім ўсё-такі па-сапраўднаму не сябравалі?..
Цяжка сказаць і сёння, чаму ён тады так занурыўся і пайшоў ад мяне, ледзь не да слёз уразіўшы, збянтэжыўшы маю, няхай сабе, можа, і кніжную трохі, а ўсё ж і шчырую спагаду.
А помніцца тое і сёння яшчэ ўсё прыкра. Гарчэй, чым наведванне Валодзевай казачнай хаткі.
14
Пра долю сіраты пры ліхой мачасе мы змалку многа чулі ад нашых мам і бабуляў. Праўду народных казак і песняў яны звычайна пацвярджалі новымі жывымі фактамі, убачаным і пачутым за век у блізкім і далейшым наваколлі.
Амаль зусім, а то, здаецца, і зусім не чуў я тады пра горкае сіроцтва каго-небудзь старога. Відаць, таму такой дзіўнай і страшнай здалася мне смерць дзеда Кеды. Абодва яго сыны загінулі на вайне: адзін ужо быў жанаты, толькі дзяцей не пакінуў, і вось пры нявестцы дзед Кеда дажываў сваё. Як дажываў – пра гэта можна меркаваць па тым, што памёр ён у сенцах, проста на таку каля сцяны, у той самай старэнькай сярмязе, у якой яго можна было і ў мароз, і ў слату, і ў спёку ўбачыць на вуліцы ці на прызбе. Так яго ўранні суседка і ўбачыла ў Кедавых сенцах: дзед ляжаў, можа, яшчэ звечара ўпруцянеўшы, а на ім сядзеў і заходзіўся брэхам верны сябрук, малы, уедлівы Курта. Нявестка, мардатая Тэкля, яшчэ не ўставала: «Нешта ў мяне галава…»
Цётка Анэта, наша суседка цераз вуліцу, вясной або ўлетку, у нядзелю ці ў свята якое выходзіла на грудок перад іхнім гародчыкам, садзілася на зямлі і, абняўшы аберуч калені худых босых ног, доўга сядзела так – моўчкі, адна.
– Анэта тужыць, – казала мама, гледзячы ў акно. – Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? – пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: – Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта – хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой – і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі – нічога добрага не ўбачыш.
Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, – нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, – Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:
– Матко! Отвуж, курва твоя маць!..
Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй – калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.
Такое было незвычайным, бо пілі тады значна менш, чым цяпер. Тарапач быў з патомна п'янай сям'і. Піў яго бацька, піла бабуля, бацькава маці. Сам ён, Гаўрыла, яшчэ пастушком, знайшоў раз, казалі, у бабінай пасцелі поўны паўбутэлек і, ад радасці, выліў яго ў міску, накрышыў туды зялёнай цыбулі ды, не спяшаючыся, бо адзін быў у хаце, высербаў лыжкай з хлебам. Гэта сёння можна пачуць пра кагосьці: «Яму паўлітра – за адну шчаку». Тады ж дзецюкі бралі бутэльку на чатырох-пяцёх, і ўсе былі вясёлыя. На вяселлі пілі малою рубцаватаю чарачкаю на доўгай ножцы, адзін за адным, па чарзе.
Раз толькі бачыў я тады, што чалавек можа выпіць цэлую шклянку гарэлкі. Гэта дзядзька Васіль, мужык цёткі Анэты. Але той быў наогул пацэтны. Сам ён – Васіль, а конік – Васілёк, таксама быстры, як і гаспадар. Дзядзька вясёлы, з дабрадушнай прымаўкай: «Каб цябе ў жыта галавою!» Пра беднасць іхнюю ён гаварыў: «Як ты, браце, ні круціся, а ўсё с… ззаду». І заядлы быў на работу. У хаце адны дзеўкі, сам толькі касец; уляжа – скосіць морг за дзень, а потым тры дні бегае, портак не падцягаючы. І тады, на вяселлі, ён захацеў паказацца. Выходзіла Прочымава Люба, дзядзька Васіль хварэў, але яго такі прывялі. І ён нібы загадаў, паказаўшы Цімоху пальцам на шклянку, якою пілі квас: «Мне – сюды!» І ўсе аж паўставалі, гледзячы, як ён выжлукціў тую гарэлку…
Пілі мала, а біліся часта.
І сёння горка, успомніўшы, як гэта дзядзька Цыбук, бацька Мані Вароны, біўся аднойчы са сваім братам за граніцу на агародзе. Як яны біліся, я не бачыў, – Манін тата толькі прабег каля мяне, моўчкі ўцякаючы па загуменнай дарозе. Ён трымаўся аберуч за твар, а праз пальцы лілася кроў – у гэтым быў мой дзіцячы жах, і гэта я ўспомніў праз многа гадоў, прачытаўшы ў кагосьці як быццам простыя словы:
Няма відовішча больш агіднага, чым тое, калі чалавек б'е чалавека.
Такія відовішчы ў Аўсяніках былі. Часта бывалі бойкі, можна сказаць, калектыўныя, на вуліцах, дзе танцавалі. Чаму б'юцца, за што – мы, малыя, не ведалі. Бойкі ўзнікалі зусім нечакана. Нехта некага ўдарыў, спачатку адзін аднаго, а тады ўжо ўсе хапаліся, хто за што – аддзіралі ад плота штакеціны, знаходзілі друкі, вымалі з-пад палы бязмен ці шворан – і пачыналася!.. З апошняй лаянкай, са страшэнным крыкам, з бабскім віскам і галашэннем, з крывёю на тварах, з глухімі ўдарамі па целе, з тупатам уцёкаў і пагоні. Каго паднімалі, каго адлівалі вадой, каго нават везлі ў Мілтачы да доктара, каб потым было як падавацца ў суд…
Раз на такую бойку нагадзіўся наш дзядзька Алесь. Ішоў ён, як і заўсёды, з загумення, цераз Анэцін двор, і ледзь яго не завірыла ў тую кудасу. Вывільнуўшы з крыкліва азвярэлага натоўпу, ён пастаяў са мной і мамай воддаль, каля нашых варотаў, а потым ужо, у хаце, сказаў:
– Цемната наша горкая!.. Хоць бы гэты Тарапач… Ты маладзец, Раман, што не ўлез. І ніколі не лезь. Што хацець?.. У акопы б другога або на «ўра», у штыкавую ці на кулямёт, – скора нацешыўся б! Уся храбрасць прайшла б…
Дзядзька Алесь тыя разы штосьці пачне, тады задумаецца, а потым – нібы пра іншае. Так і тады:
– На закаўказскім у нас у абозах вярблюды былі і буйвалы. Гарбачэ гэтыя цягавітыя, добра сігае, а трэба, то і падбяжыць. А буйвал – ат, на дзесяты дзень дзевятую вярсту. А ў малаканаў коні добрыя, фургоны добрыя, спраўнае ўсё. Расказваў мне адзін, як гэта туркі там армянаў рэзалі. Людзей. Сам я не бачыў, дарма не буду гаварыць. А ён кажа: усіх гамузам – што стары, што малы, і бабаў, і мужчын. «Брацец, кажа, краста на іх нет! Азіяты!..» А сам другі турак у плен пападзецца – лахудра лахудрай, аскеры гэтыя, сэплі папусціць – ужо ён тады чалавек…
Дзядзька Алесь памаўчаў.
– Ды што ты хочаш ад урага? – пачаў пасля. – Казакі нашыя… Кручкоў, Шмучкоў… Жулік, пустальга адна, лож! Ох, і звяры ж былі яны каторыя!.. Папрывыкалі, сволачы, людзей у гарадах нагайкамі хвастаць. Калі на дэманстрацыях. А то і шашкамі… На Букавіне раз было. Там жа таксама людзі свае, праваслаўныя. Зайшоў адзін у хату, а там нікога няма: пахаваліся людзі са страху. Печ на хлеб напалена, дзяжа сярод хаты стаіць. А на лаве сядзіць малое. Як на бяду. Казалі, дзевачка, яшчэ сядушка, да году. Дык той казак узяў ды на піку яе ды на жар, у печ…
– Госпадзі! – ахнула мама.
– І малады ж яшчэ, дурыла. Я сам яго потым бачыў, рабята паказвалі. Смяецца, скаціна жывотная, вочы заліўшы… А дружныя, адзін за аднаго, не зачапі…
Дзядзька яшчэ памаўчаў, а потым, як быццам зноў не пра тое:
– Першы раз мы на гэтае братанне ішлі і баяліся. Не верыцца! То рэзаліся колькі год, а то… Божа мой! – арцілерыя тая, і кулямёты, і конніца, і ўрукапашную… А тут… Ды што ты хочаш – усім за тры гады агоркла. Аўстрыяк – той далікатнейшы, ён не тое што немец. Гэты – таксама азіят, стаіць, як мур, а пойдзе – толькі дзяржыся! Цехніка! А аўстрыяк – не ваяка, ён і раней пачаў бы братацца. Ды ўжо ў свабоду і ў немца другое пайшло. Нашага Мікалашкі няма, іхні вусач сядзеў яшчэ, але і ў іх ужо не той нажым. І дзісціпліна не бярэ! Гэта ў нас у Курляндзіі было, цяпер яна Латва. Раўніна такая, луг. Але прадвесне, яшчэ не пусціла. У акопах сушэй. Памахалі мы белым, яны са свайго памахалі, і я тады: «Упярод, рабята, пайшлі!» І першы сам устаў над брустверам: што ўжо будзе, то будзе. Ідзем. Яны ідуць. І дзіка неяк, што без аружыя ўсе, што ціха так. Толькі боты па мёрзлай траве шалпацяць, лядок, дзе застаўся, хрупае. Ну, сышліся. Я і спачатку бачыў немца блізенька, але каторы забіты або ў пляну. А гэта… Чалавек – як чалавек. Адзёжа толькі не тая, форма. І не пагаворыш. Рукамі толькі разводзіць – ці то паказвае, што ў руках нічога няма, ці то другі і абдымацца палез бы, ужо як сваяк. «Камарад! Камарад!..» Дажа й «товарыш!». З намі паручык быў, Гаршэчнікаў, разумны парань, з вучыцялёў, дык той ужо за ўсіх: то ім гаворыць, па-іхняму, то нам. Закурваць пачалі. Яны ўсё бальшынство з люлькамі. Хто ў бесказырцы, хто ў касцы гэтай, з вастрыём. І пажылыя, як у нас, і маладзейшыя. Гавораць, смяюцца. Людзі – як людзі. Каб начальства не гнала – і ён не пайшоў бы. А то ж і абдурваюць нашага брата…
Ва ўсім перапляценні дзядзькавых расказаў пра вайну, дзе неаднойчы паўтаралася то храбрасць, гордасць за сваё, то чалавечы жах і праклёны на тых, праз каго дарма лілася кроў, – цар, царыца, Распуцін, буржуі, свае і нямецкія, – быў расказ і пра тое, як ім, нашым салдатам, з'явілася раз на небе Прасвятая Багародзіца. «Як сонца з-за хмары! І буквы вялікія: праваслаўныя пабядзяць!..» Нават і ў гэта верылася мне, усё з яго частых і доўгіх расказаў успрымалася па-дзіцячы, вобразна, як у казках. Тое, чаго я зусім не ведаў, хоць бы па «цацках» у кнігах, уяўлялася цяжэй, – скажам, тыя армяне, малакане і турэцкія аскеры, – а іншае ўсё адразу, само клалася на краявіды знаёмага наваколля. Не цяжка было, напрыклад, уявіць Багародзіцу, такую, як на нашай покуці, – як яна высветлілася з-за хмары; нават і хмары я выразна бачыў, як быццам усё яно было над нашай вёскай ці над пашай…
А тое братанне на латышскім лузе адразу прымацавалася ў маім уяўленні да «венгерскае пушты» – яроўскай пашы з самотнай вагой на зялёнай прасторы. Адразу прымацавалася і – назаўсёды. Спачатку былі там выбухі снарадаў, гул і віскат асколкаў, густое цёўканне куляў, хрыпата-дзікае «ўра», і «кровь лилась из свежей раны на истоптанный песок…». Тут ужо адхіленне было: стаптаны, акрываўлены пясок уяўляўся не каля вагі, а над нашай ракою… А потым з двух бакоў, з-за аднаго і з-за другога калючага дроту, расейцы і немцы махалі адны адным чым-небудзь белым, тады смела, як дзядзька Алесь, уставалі, вылазілі з акопаў і ішлі адны адным насустрач. Ужо без штыхоў, шорстка топчучы разбітымі ботамі даўно не кошаную траву, густую і яшчэ намёрзлую ў тое прадвесне, калі пачалася Свабода, шалпочучы над травою поламі збуцвелых у сырых акопах шынялёў…
Сярод расейцаў, колькі б разоў гэта мне ні ўяўлялася, першым заўсёды быў дзядзька Алесь. Не такі, як цяпер, худы, аброслы, у лапцях, а як тады, што ў нас на картачцы, – аж з чатырма крыжамі, толькі ўжо без кулямёта. А побач з ім – разумны паручык Гаршчэшнікаў: так у мяне выходзіла – не ад гаршка, а ад гаршчэшніка. Паручык – не такі, як той штабс-капітан, які свістаў у хаце дзеда Богуша, і не такі, як прапаршчык Салавей, што звар'яцеў, не дажыўшы да братання…
Можа, такі, як Шураў тата, хоць той і не быў камандзірам?..
15
У партызаны, пад восень 1943 года, мы пайшлі ўсёю сям'ёю: Раман з жонкай і дзіцем, мама і я, яшчэ нежанаты.
У Богушаў атрымалася інакш: Шура пайшоў з вясны, а дзядзька Іван, здаравенны і дабрадушны Чэп-дрэп, да сарака гадоў кавалер са зламанай у лесе нагой, упёрся, што з хаты свае ён нікуды не пойдзе. Яшчэ ўсё верылася чалавеку, што калі ён калека і нікуды не лезе, то за пляменніка караць не будуць. Івана ўзялі ў Мілтачы і там павесілі на плошчы, разам з шасцю іншымі партызанскімі сваякамі, з іншых вёсак, – хто таксама, як ён, па здароўі ці па гадах, не падыходзіў для вывазу ў Германію, на работу.
Зяма Касмовіч ваяваў тады недзе ў радах Чырвонай Арміі, толькі вярнуўшыся, даведаўся, як загінула яго сям'я. Застрэлілі маці, згвалцілі і застрэлілі красуню Шэйну, сястру, а бабу Роху, што пачала ўжо дзевяты дзесятак і не хадзіла з мехам па вёсках, прымусілі лезці на тэлеграфны слуп. Спачатку ім было весела, смешна, як яна лапае па тым слізкім дрэве сваёй нямоглай карчарукасцю, а потым гэта абрыдла – дабілі…
Мы іх нямала бачылі ўсякіх – спачатку гладкіх, самаздаволеных, нахабных, потым разлезлых, як дзярмо, з ліслівым «Гітлер капут», як быццам так ужо мы і паверылі ў іхнюю шчырасць…
Валодзя Казак і Толя Немец абодва не вярнуліся з вайны: першы загінуў пад блакадным Ленінградам, а другі ўжо за Віслай. Цётка Жэня да «пахаронкі» не дажыла, а Толева маці яшчэ ўсё совалася ціха каля плота, гадоў з дзесяць.
Мой Шура, Аляксандр Сяргеевіч, усе трыццаць год пасля вайны працаваў лесніком і толькі летась перадаў сваю «чыстую службу» меншаму сыну, Геніку, які закончыў лесатэхнікум. Сам бацька даглядае лясгасаўскую пасеку. Таксама пакуль прышлюць маладога, адукаванага. Сто трыццаць рамачных вулляў, якія добра відаць мне з-пад ліпы – чырвоныя, сінія, жоўтыя… Шура тым часам ужо і ўдавец, у лесе гаспадарыць сын, а ў хаце нявестка, талковая і вясёлая «бусліха» Яня. Старэйшы Шураў сын, Сяргей па дзеду, працуе ў Менску, інжынер на заводзе аўтаматычных ліній, – гэта ён мяне і даставіў сюды пазаўчора, едучы наведаць сваіх хлопчыкаў-блізнюкоў.
Шура з Генікам паехалі на матацыкле ў лясгас, а я вось пакуль што пад ліпай. Сядзеў да снедання з вудамі (галавень і сем добрых плотак), а зараз па лесе пайду. Даўнавата не быў тут, і ўсё, даўно вядомае, – рака, і ліпы, і лес, і лугі, – глядзіцца зноў як новае. А звон пчаліны, ціха-песенны ды бясконцы, вельмі дарэчы пасля сталічнай мітусні ды грукату.
Па сцежцы ад ракі ідзе найбольшая дзедава радасць – светлавалосая голенькая Наташа.
Лёс і мяне не абышоў – і сваю я праз тыдзень убачу. Таксама загарэлую, яшчэ больш шчабятлівую, з цёплай шчочкай, да якой добра бывае, нібы стомленай душой, прытуліцца старою… ужо старою, сівай скронню.
– Ната! Натачка, можа, хадзі сюды!
Яна спыняецца: можа, і праўда падысці?.. І вось ідзе. Па глыбокай траве, мала вышэй галавою над бела-жоўтым россыпам буйных рамонкаў. Прыйшла і стала, загарэлая галышка, каля чужога дзеда, такая паслухмяная, такая ўся харошая, са сваёй усмешкай – як сталаю, заўсёды трошкі спадылба. Сентыментальны інтэлігент… Нікога поблізу няма, і я бяру яе кволую, цёплую лапку з маленькімі пальчыкамі, спачатку толькі трымаю ў сваіх вялізных далонях, а потым і цалую – як за штосьці ўдзячны.
І за ўсмешкай Наташы мне ўспамінаюцца тры ўсмешкі іншыя. Адну з іх бачу я сам, другую ўяўляю, а трэцяя ўспомнілася здалёк.
Усмешка першая.
Так усміхалася Леначка, мая пляменніца, Раманава дачка. Вось ужо трыццаць два гады таму назад. Пасля партызан я трохі працаваў, да фронту, у ваенкамаце, і неяк увосень, прыехаўшы з Мілтачоў, спытаўся ў малое:
– Ну, чыжык, дзе ж табе лепей у школу хадзіць – у лесе было ці тут?
– У лесе, – усміхнулася яна.
Лена бегала там у «зялёную школу», што была то пад лісцяной павеццю, а то і проста на траве, у сонейку. А тут цяпер балаціна ў Аўсяніках і школа спалена, вучацца ў цеснай хаце. Тая радасць дзіцячая, тая «зялёная школа» адкрыта была перад самай блакадай, якая, на вялікае шчасце, не адбылася, бо пачалося наступленне нашай арміі. Як на вулкане, дзеці смяяліся і гулялі, усю тую школу прымаючы як гульню…
Другая ўсмешка.
Яе я толькі ўяўляю. Зрэшты, мне цяжка гэта і ўявіць… Як ён, галоўны кат захопленай, разбуранай, акрываўленай Беларусі, намеснік Гітлера фон Кубэ, наведаўшы пекла жыдоўскага гета, даваў асуджаным дзецям цукеркі. Можа, якое з іх і ўсміхнулася? Што ж, святая нявіннасць… Можа, усміхнулася і тое – на руках у ката не з галоўных, а радавога, аднаго з вельмі многіх, калі ён, раней чым кінуць яшчэ адно дзіця ў агонь яшчэ адной вёскі, трымаў такую вось Наташу, ці Леначку, ці маю Алесю на руках, на нейкі момант… ледзь не чалавечых?..
Усмешка трэцяя.
Яна прыйшла ажно адтуль, дзе цвіла мая першая ліпа, усміхалася Тоня Латышка, дзе былі тыя нашы пачуцці… А ці не можна лічыць іх нават першым каханнем – хто ведае?.. Адтуль усмешка тая, дзе святкавалася перамога маленства, дзе былі наш смех, нашы гульні па бачных-нябачных могілках і пажарышчах, дзе была шчаслівая натуральнасць, жыццёвасць нашай мудрай дружбы. Адтуль усмешка, дзе быў боль, адчуванне вялікай крыўды, вялікай несправядлівасці, калі дарослыя – дзеля дурнога, дзікага смеху – страўлівалі на бойку нашых сяброў – Валодзю Казака і Толю Немца.
Гэты боль, гэты сум ідзе са мною ўсё жыццё, то аціхае і далёка адыходзіцца, то зноў возьме вернецца, зусім нечакана. Так было мінулай зімою, калі я доўга ляжаў у бальніцы і вельмі многае ўспаміналася неяк зусім па-іншаму, спакайней і глыбей, чым гэта было б на сене, пад шум абложнага дажджу.
І вось цяпер, пад ліпай, згадалася зноў.
…«Бі яго, немца!.. Дай донарвэтару!.. Валодзька, які ж ты казак?!»
Ён стаяў у натоўпе дарослых, мой мілы Валодзя, разгублена глядзеў на аднаго, на другога, на ўсіх… Сямігадовы сірата, вясёлы, чарнявы, з адмецінай на лобе, загоенай ранкай ад вострага «чыжыка». Яго штурхалі ззаду ў той бок, дзе стаяў яго «вораг», а ён упіраўся, аднекваўся.
«Вораг», яшчэ марнейшы хлапчук Толя Немец, зацкаваны, пануры і як быццам вінаваты, стаяў у шчыльным акружэнні дарослых і малых, яшчэ ўсё азіраўся, дарма шукаючы дзіркі ў гэтым жывым частаколе.
«Толя, не бойся! Вунь ён смяецца з цябе! Падумаеш, казак – украў разак! Ану, давай!..»
Тут іх, нарэшце, штурханулі так, што нібы кінулі аднаго на аднаго, і хлопчыкі, балюча стукнуўшыся, счапіліся. Якая там бойка, больш валтузня, бездапаможнае размахванне рукамі, певунова наскокванне ў твар адзін аднаму. А стомяцца ды спыняцца – іх зноў штурхаюць-кідаюць: Немца на Казака або наадварот. І ўсе рагочуць, усе крычаць сваё: «Дай яму! Дай! Вунь ужо, бачыш, і юшку пусціў!..»
Кроў з носа, а то і з абодвух насоў, кроў і стома канчалі бойку плачам. Плакалі кожны па-свойму: Валодзя ўголас, з разлікам на маці, хоць тое тут і не было, а Толя ціха, не спадзеючыся і на матчыну жаласць.
– Вы дурныя! Вы дрэнныя ўсе! Так не можна, так брыдка!.. І ты, Раман!.. Я нашай маме скажу! І ты, Чэп-дрэп. Я пайду, скажу вашаму дзеду…
Я не сказаў так, не кінуўся разбараняць, не ўзяў свайго Валодзю за руку і не павёў яго да нас. Я толькі разам з імі заплакаў.
Не памятаю нават, ці там былі наш Раман і дзядзька Іван, ці і Шура быў там. Толькі той дзікі рогат чуецца. І плач. Безабаронны, беспрасветны…
…Каб не ён, я і не ўспомніў бы столькі ўсяго – праз паўвека.
1978
notes
Примечания
1
Няўдаліца, прыдурак (жыд.).
2
Балабос – гаспадар (жыд.).