Текст книги "Золак, убачаны здалёк"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
Вучыліся ўсе ад усіх, і вучыцца было ад каго. Першы, штодзённы прыклад прастаты адносін давала прырода. З самага малку, калі ў чалавека бывае найбольш ненатольных «чаму?», мы бачылі, як гэта робіць усё жывое. Слоўнік для акрэслення таго, і брыдкага, і панаднага, быў адпаведна багаты. Коні палявалі, каровы бегалі, свінні гукалі, авечкі маркатавалі, сабакі гандлявалі, каты марцавалі. Пра птушак, усіх аднолькава, гаварылася: граюць. І куры, і буслы, і вераб'і, і галубы. У буслоў гэта адбывалася пад самым небам, на гумне, а ў галубоў найпрыгажэй: яны спачатку доўга цалаваліся, пяшчотна гудучы. Вясной славутая трэска лезла на трэску. Нават жабы і тыя паркаваліся, цяжка скакалі верхам адна на адной, і гэта называлася нерасам. Што было смешна, а што – напрыклад, галубы – ужо і хвалявала нас, не называючыся каханнем.
Не лічачы звычайнай і штодзённай грубасці, прастаты ў акрэсліванні ўсяго сваімі словамі, была яшчэ і мацярная лаянка, якое мужчыны навалаклі з усіх казармаў царскай імперыі, а потым ужо і польскага «паньства», дзяржавы. Не ўсе бацькі асцерагаліся гаварыць пра гэта пры малых. У цясноце хат маладыя, жанатыя не заўсёды спалі ў каморы і не заўсёды маглі дачакацца, пакуль тыя хатнія паснуць. А хто і не вельмі хацеў засынаць, прыслухоўваўся, хоць і набегаўся за дзень на пашы. Прочымаў Цімох ажаніўся, як гаварылася, на вельмі прыгожай Зосі з далёкай вёскі. Мы, хлапчукі, падпільнавалі, як тая тоненькая Зося купалася раз адна ў рацэ, а потым гуртам абмяркоўвалі і тое, што пабачылі, і тое, што ўяўлялася ў дачыненні з целюкаватым здаравяком Цімохам. Сабраўшыся на вуліцы ці, зімою, у нечай хаце, мужчыны маглі свабодна ўзняць і такую тэму: «Ну, хлопцы, давай раскажам, як у каго было ў першую ноч». І ўсё гэта пры малых, не вельмі іх адганяючы, калі на вуліцы, а ў хаце нібы не памятаючы, хто іх слухае з печы. Каханне дзецюкоў з дзяўчатамі, у асноўным патаемнае, выходзіла наверх то вяселлем, то гаворкаю пра тое, як тая ці іншая няўдала скінула, ад чаго «бедная» або і «сучка гэтая» вось і «сохне цяпер», то спробамі атруціцца самой ці піхнуць у рэчку шчаслівейшую суперніцу, а то і проста цяжарнасцю ашуканай дзяўчыны, з якое тады за вочы і ў вочы кпілі: «Што, з'ела павука?..»
Зімой, на масленіцу, жанчыны гулялі «на доўгі лён»: каб ён ім улетку добра ўрадзіў. Спачатку пакуль валіцца на сані ды імчацца з песнямі ў другую вёску, яны галёкалі ў чыёй-небудзь хаце, а мы і дарослыя дзецюкі і мужчыны стаялі ды начэквалі цікавага. І яно пасля пачыналася. Трохі падвыпіўшы, маладзіцы і весялейшыя цёткі з крыкам і смехам высыпалі на вуліцу. Некаторыя былі «за мужчын», у шапках і ў портках, намазаўшы сажай вусы, а порткі ўзброіўшы морквінай ці тонкім бураком. Мама мая гаварыла, што як жанчына вылаяцца матам, дык пад ёю на цэлы сажань углыбіню загарыцца зямля – такі грэх. Бабы звычайна і не лаяліся па-мужчынску, у сварках далей «пацалуй ты мне» ці «а во табе» не даходзіла. А цяпер, на масленіцу, быў і мат, нейкі нягеглы ў вуснах жанчын, і такія прыпеўкі, што проста не верылася: няўжо тая ці гэтая, маладая ці трохі старэйшая цётка цішком насіла ў сабе дагэтуль ажно такую смешную брыдоту… Ды што казаць пра маладых… Дзед Богуш быў добры, разумны і смелы. Пра дабрату яго я ведаў і сам. Раз я прыпасваў свае каровы на папары, паміж Прочымавым жытам і Богушавым аўсом, трохі прыціх, задумаўся седзячы, потым прылёг і, заўсёды гатовы, заснуў…
– Унучак, уставай! – катурхаў мяне дзед. Я ўсхапіўся і ўбачыў, што каровы мае – у іхнім, Богушавым, аўсе! Толькі пысамі ўгару патузваюць, цярэбячы яго, яшчэ зялёны. Я страшэнна спалохаўся, мне было вельмі брыдка, нават і так падумалася балюча, што вось канец і нашай з Шурам дружбы – як ты зойдзеш цяпер да іх у хату. А дзед сказаў:
– Адвярні іх, унучак. І не ляжы, бо зноў заснеш.
Больш нічога. Кульба ў яго руцэ засталася толькі падпоркай.
Пра дзедавы розум і смеласць.
У вайну, калі тут стаялі расейцы, у Богушавых жыў афіцэр. І ўсё свістаў у хаце, як быццам тут ні людзей, ні іконаў. І дзеду такое вельмі не падабалася. Спачатку ён маўчаў – што ж, усё-такі пастаялец не абы-хто, а ваша благародзіе. Потым не вытрымаў.
– Свішчы, свішчы, – сказаў, – ужо семнаццаць губерняў прасвістаў, васемнаццатую свішчаш?
– Молчи, старик! – уз'еўся той штабс-капітан.
А дзед:
– Вось давай мы з табой, як людзі, і памаўчым.
Пра гэта расказвалі, а другі раз, ужо на маіх вачах, польскі камендант паліцыі ехаў па нашай вёсцы конна. Было нейкае свята, і мужчыны сядзелі перад дзедавай хатай. Пан камендант спыніўся каля іх, спачатку пачакаў, а потым:
– А чэму ж то не вітаце сень зэ мнон?
Усе маўчаць, а дзед яму, як заўсёды спакойна:
– У нас яно спрадвеку так, што калі добры чалавек да людзей падыходзіць або пад'язджае, вось як ты, дык сам і вітаецца першы.
– Цо, цо ты мувіш, стары галгане?
– А ўжо ж, калі я цябе разумею, дык і ты падвучыся, і будзеш ведаць, што я гавару.
Дзеда я паважаў і любіў разам з Шурам, можа, і таму яшчэ, што свайго ў мяне не было. І дзеда не было, і бацькі я не памятаў. А да таго ж яшчэ, да дабраты, розуму і смеласці, ён быў такі магутны і стары. Адно, праўда, уяўлялася, а ўжо другое, дык было відаць. Неяк калі ён прыйшоў да ракі, дзе мы купаліся, і пачаў распранацца, я з вады вельмі здзівіўся, што ён не толькі сівы сам, але і ўсюды ў яго ўжо сіва. І дзіўным, да сораму дзіўным, ужо не толькі смешным тады здалося мне тое, што нядаўна пра дзеда расказвалі. Як удава Яроміха папрасіла яго па-суседску набіць на цабэрак абручы, а калі ён набіў і прынёс, яна пачала яму дзякаваць і пытацца:
– А што ж вам, дзедачку, за гэта? Што?
Дзед хмыкнуў у бараду і сказаў:
– Ты мне, галубко, сырое… Памяркуемся трохі, як баба з мужчынай…
І гэта, і яшчэ сёе-тое пра дзеда, што мы чулі ў вёсцы і на пашы, Шуру нібы і не крыўдзіла, смяяўся ён разам з усімі.
Уплыў нармальнага, што акружала нас у прыродзе, уплыў свабоднай, цёмнай разбэшчанасці слова і, у пэўнай ступені, паводзіны дарослых рабілі сваё. Пасучы свіней, мы яшчэ заставаліся зусім дзецьмі, якія, хоць і пераймалі ў гульнях і сон бацькоў, і заляцанне моладзі, за сваёю патрэбай адбягаліся ад гурту зусім не далёка. А ўжо ў вышэйшым класе гэтай пастухоўскай школы, каля кароў, нашы гульні, гутаркі, паводзіны пачыналі быць іншымі. Прыходзіла пара падлеткавай раз'яднанасці, выспявання. Дзяўчаткі шапталіся сабе, хлапчукі сабе, асабліва большыя, – у хлапчукоў таксама былі ўжо свае таямніцы. Дзякуючы тым большым і да меншых прыйшла неўзабаве салодкая, брыдкая патаемнасць, пачатак многіх інтымнасцей сталага веку, і хмельна шчаслівых, і з цяжкім пахмеллем. Праўда, большыя хлапчукі не надта шапталіся: па прыкладу дарослых, дзецюкоў і мужчын, яны не толькі ўголас гаварылі пра сваё, але яшчэ і фанабэрыліся перад меншымі хлапчукамі і перад дзеўкамі, а тыя дзеўкі, хоць ім і цікава было, ужо нібы і саромеліся, як ім належыцца, і нават ушчувалі хлопцаў:
– От дурныя! Каб вам яны паадсыхалі, вашы язычкі!..
Гульні нашы былі ўжо сталейшыя. Больш памятаюцца мірныя гульні, можа, таму што мне так сёння хочацца ўспамінаць, так бачыцца наша з'яўленне на папялішчах вайны, наш радасны, непераможны смех. У дзяўчат былі «каменьчыкі», у хлопцаў «ножык». Гуляць у каменьчыкі спрабавалі і мы, але ў дзяўчат гэта выходзіла лепш, іхнія рукі меншыя, пальцы спрытнейшыя, ці што, бо яны ж ужо і вязалі на пашы, і вышывалі, змалку работніцы. Хапаць з гладкай, да зямлі выгрызенай травы то два, то тры, то зноў адзін, то ўсе чатыры каменьчыкі, паспяваючы падхапіць падкінуты пяты, усё гэта мяняць, лічыць… Ат, няхай сабе носяць свае каменьчыкі ў кішэнях кофтачак ці каптаноў, старанна падабраныя, адшліфаваныя пальцамі, – куды лепш мужчынскае – «ножык»! Адкрыты складанчык з небяспечным вастрыём, які яшчэ больш, чым тыя каменьчыкі, трэба ўмець падкідаць. Так трэба, каб ён перакуліўся, а ты схапіў яго на далонь, тады зноў, другім бокам падкінуць, каб ён уваткнуўся ў зямлю толькі так, як ты хочаш. Многа ўсякіх «каленцаў», не менш, чым у «каменьчыках». А потым было пакаранне таго, хто на гэты раз праіграў. Ён менціць тым складанчыкам перад раскрытым ротам, а пераможца камечыць земляныя шарыкі і спакойна, смакуючы першынства, намагаецца «накарміць» – цаляе ў той нехаця, ледзь не сутаргава разяўлены рот. Хоп – ёсць! Адзін адплёўваецца, а ўсе рагочуць, і хлапчукі, і дзяўчаткі. Перад дзяўчатамі да таго ж цікавей, прыемней быць пераможцам.
Для смеху былі гульні і яшчэ менш чыстыя. Калі хто часам і адыдзецца задалёка, прыляжа і, размораны спёкай, засне, – пастух жа заўсёды недасыпае, – яго асцярожненька, пры ўсеагульным напружаным маўчанні трохі намазвалі свежым каровіным. Не намазвалі нават, а толькі рабілі вусы. Тады пабудзяць крыкам-рогатам, а ён, пакуль здагадаецца, пачынае выцірацца, а потым бяжыць да вады. Не лічылася гэта ні брыдкім, ні крыўдным, бо такое, як і стаць апошнім у лічылцы, магло здарыцца з кожным. З усякім гноем, які называўся прасцей, мы, на свой пастухоўскі лад, абыходзіліся па-гаспадарску: сухія каровіны ляпёшкі кідалі ў вогнішча, а конскае, перасохлае, здаўна лічылася настолькі ўжо чыстым, што яго церушылі ў махорку, калі яе нехта прыносіў часамі з дому. А то смалілі і без махоркі, абы дым. Гэта была ўжо адзнака нашай мужчынскай даросласці.
Такою ж адзнакай былі і праверкі, якія мы, хлопцы, сяды-тады рабілі ў дзяўчат. Калі тая праверка ўголас і знарок раптоўна, як трывога, аб'яўлялася, дзяўчаты кідаліся ўцякаць, мы іх лавілі, па двух ці трох на адну, і, пакаціўшы на траву, загольвалі ды глядзелі, ці ўсё ў яе ўжо як у дзевак. Адна пры гэтым намагалася абараняцца, па-дзяўчацку няўдала менцячы перад сабой кіёчкам, нашай агульнай пастухоўскай зброяй, а потым, ужо на праверцы, плакала і дарэмна крычала. А другая і не ўцякала лішне, бо куды ты ўцячэш. Яшчэ і смяялася, пакуль яе «правяралі».
Тоня абаранялася і крычала найбольш. І як мага старалася апынуцца побач з Маняй…
Сярод хлопцаў я быў найменшы, аднак не адставаў, нават часамі стараўся найбольш. І Тоня аднойчы, ужо абараніўшыся, седзячы побач з Маняй, як пад аховай у тае, сказала мне, што стаў задыхана перад імі:
– Дурань ты, Ігага! Я вось скажу тваёй маме!..
Ігага – гэта мая мянушка. Я нарадзіўся ў бежанстве, калі па новаму стылю, дык пятага чэрвеня, у дзень святога Ігара. І поп, «не мудрствуя лукаво», так мяне і назваў. А маме, калі кумы вярнуліся, вельмі не спадабалася маё імя: «Ігага нейкае! Будзе лепш Юрык». Адтуль яно і прыйшло – з Тамбоўскай губерні ў нашы Аўсянікі: ці мама, ці Раман, ці і сам я прагаварыўся. Дый цяпер яно так: каму я Ігар, каму Ігар Міхайлавіч, а каму, па-сваяцку ды па-зямляцку, і Юрык, добра, што ўжо не Ігага, хоць і на гэта я, пачуўшы даўняе, вясёлае, адразу азірнуўся б…
Але тады мяне, ад Тоні, не мянушка, і не «дурань», не страх перад мамай збянтэжылі.
Крываротая, аднавокая Маня Варона і ў той дзень, як заўсёды на нашых праверках, сядзела моўчкі, панура прыгорбленая. Можа, якраз і хочучы, каб і яе, як усіх… Ды мы яе ніколі, аніразу не зачапілі.
Чаму?
Гэтае страшнае «чаму» я тады, гледзячы ў знявечаны вайною твар нашай горкай сяброўкі, адчуў як быццам упершыню. «Каб гэта цяля ці аўца…» – пачуўся мне голас дзядзькі Цыбука. Здалося нават, што вось я вазьму – у сонцы такім, на траве – уголас, як малы, заплачу…
7
Калі на пашы над усімі намі верхаводзіў Шура, дык у школе я адчуваў сябе амаль што раўнёю з ім, а ў нечым і першым. Мы вучыліся ў адным класе – пасля ваеннага ліхалецця многа было пераросткаў, і класы былі па ўзросту няроўныя, – да таго ж я вучыўся лепш, нямала дапамагаў Аляксандру Сяргеевічу, выручаў яго, і гэта, як адчуванне раўнавагі ў нашай дружбе, было мне прыемна.
Школа стаяла трохі наводшыбе, бліжэй да гасцінца. Стары, шэры даміна пад гонтавым дахам, з незвычайна для вёскі вялікімі вокнамі. Адзін пакой на ўсе тры класы, калідор, у якім мы распраналіся, і пакойчык настаўніка. Раней, для нашых бацькоў ці старэйшых сямейнікаў, школа была расейскай, царкоўнапрыходскай, а для нас яна стала польскай, «паўшэхнай», і арудаваў тут малады паляк, які нядаўна прыехаў недзе з-пад Кракава ці Жэшува, каб тут на новы лад даводзіць нам, што мы – дзеці народа без імені, без роднай мовы. Ва ўсім гэтым, праўда, спачатку лепш разбіраліся старэйшыя, а для нас, дакладней – пры нас, «пан навучыцель» часцей за ўсё выглядаў квактухай пры качанятах. Гімназіст-недавучка, падмацаваны настаўніцкімі курсамі, нібы фанабэрысты трохі, нібы прастадушны, не злосны, чужаніца гэты, каб вучыць нас на сваёй мове, павінен быў хоць трохі разбірацца ў нашай, у звычаях іншага асяроддзя. Спачатку ён разбіраўся неяк сам, а неўзабаве знайшоў памочніцу. За паўтара кіламетра ад нашых Аўсянікаў быў моцны хутар «без'языкага», Кучуры, які гаварыў пра самога сябе: «Я – Куцура, маленькі памесцыцак». У яго была Верачка, якую ў нас называлі Цукерка, таксама недавучка, толькі ўжо з расейскай гімназіі. Наш пан Сатурнін Комар хадзіў туды нешта з паўгода, потым Цукерка павянчалася з ім у нясвіжскім касцёле і стала паняй Камаровай, а ён для «памесцыцка» – ганаровым зяцем. І жыць перабраўся на хутар, пакойчык пры школе назваўшы канцылярыяй.
Пры дзіўным імені – Сатурнін, якое мы не адразу засвоілі, прозвішча ў яго было нібыта наскае: падумаеш, розніца – Комар там ці Камар. І гэта рабіла пана навучыцеля неяк пацешна зразумелым, ледзь не блізкім для вёскі, калі б не лічыць яго чужацкага навучання, а потым, калі ён знюхаўся з Кучурамі, і нялюбасці да багатага, ганарлівага хутаранца, частка якое прыйшлася і на зяця. Падгладзіўся польскі дзяцюк, пачаў валачыцца са стрэльбай, бахкаць на зайцоў, на качак. А ўсё ж, трэба сказаць, што ён па-ранейшаму сам вітаўся з людзьмі, сам загаворваў, «крывіўся трохі па-нашаму». Дайшло нават да таго, што, калі «пачаліся гуртке», славутая стотысячная Грамада, магутны ўздым нацыянальнай самасвядомасці, Камар сам вучыў нас і па-беларуску, тры-чатыры ўрокі на тыдзень. Праўда, вучыў ён не толькі пры дапамозе Цукеркі, але і тых пераросткаў, што трохі ведалі родную грамату з дому.
Ужо ў другім класе і я сяды-тады дапамагаў пану навучыцелю. Ён пойдзе ў сваю канцылярыю і сядзіць, чытае або так ляжыць, а я пішу на дошцы першаму класу – нашы літары, словы, а то і кароценькія сказы. Такому памочніку бывала і нялёгка. Адна няўрымста так раз напрыкрала мне, што давялося, па прыкладу настаўніка, узяць і за вуха. Яна пабегла скардзіцца, а потым, увайшоўшы ў клас, кінула мне пераможна:
– Казаў, каб ты прыйшоў. Вось палядзіш цяперака!..
Але ў густа накуранай канцылярыі наш асветнік ледзь адарваўся на момант ад кнігі, паглядзеў на мяне і з нейкай крывой усмешкай сказаў, вядома ж, па-польску:
– І ахвота табе, браце, зачапацца з бабаю?.. Ідзі, пішы далей.
Апроч капрызнай Цукеркі, у яго была яшчэ і цешча, звяглівая пані Кучурыха. Ці не адтуль ішла яго прымакоўская мудрасць, набытая на чужой старане?.. Зрэшты, тады я так не падумаў. Вярнуўся ў клас, можна сказаць, пасталеўшы.
Шура настолькі верыў мне, што, калі я часамі падказваў яму ззаду, на больш чуткае вуха, што-небудзь для смеху не так, ён упіраўся і даводзіў настаўніку яўную недарэчнасць. А потым і не злаваў на мяне, ну, не вельмі злаваў, а то яшчэ і ўсміхаўся, трохі разгублена, а трохі дабрадушна. Штурхане толькі трохі або небалюча ляпне па карку сваім сцягачом.
Вельмі яму не давалася польская мова, з тымі яе насавымі галоснымі – «он» ды «эн». Колькі Камар ні папраўляе яго вымаўленне – усё ў Богуша не так. І злуюцца абодва.
А я не толькі падказваў Шуру часамі не тое, але і мог падвучыць яго, старэйшага, да «рэспусту». Так аднойчы мы з ім накралі ў школе кантовых таўкачыкаў крэйды і ўвечары панапісвалі ледзь не кожнаму ў вёсцы яго мянушку. Ад варот да варот, ад сцяны да сцяны, у каго тая сцяна сама на вуліцу вылезла. Натэч, Акудыты, Пшэпюрка… Першая мянушка ад таго, што пажылы, паважаны дзядзька Субота не выгаворваў «п», казаў не «пайшлі», а «тайшлі», не «на печ», а «на тэч»… Другога дзядзьку, худога, доўгага Панасевіча, стары бацька ноччу крыкам з печы ганяў ад жонкі на ложку, бо і так ужо многа дзяцей: «А куды ты?!» Трэці дзядзька, наймаладзейшы, порсткі Савачка, зусім нядаўна служыў у панскім войску і, на пабыўцы, смешна выглядаў у рагатай шапцы, у авіячах-абмотках, з «сяледчыкам», кінжальным штыхом на сцягне. Яшчэ і па-польску курдупель набыльваў, калечыў мову, – чым не Пшэпюрка, перш за ўсё з-за тых яго – трэба, не трэба – «пшы» ды «пшэ». Ну і яшчэ мянушкі ў людзей, і яшчэ… Мужчынскія, бабскія: Сячкарня, Ведзьма, Маркітантка… Назаўтра адны проста сціралі тую крэйду з варот ці са сцяны, а хто і лаяўся, калі дзеці ў школу ішлі («Грамацеі смаркатыя!…»), а нам з Шурам было ўпотай прыемна, што вось жа і невядома, хто гэта зрабіў. Бо мы і на сваіх варотах панапісвалі: ён – дзядзькава Чэп-дрэп, а я Раманаву мянушку – Дзяцел.
Шура праславіўся аднойчы і самастойна. Неяк на нашым гасцінцы – быў такі незвычайны дзень! – праходзілі міжнародныя аўтагонкі. Дарэчы кажучы, нядаўна я быў у Амерыцы, турыстам, а там, між іншым, нам паказалі і музей славутага Форда, аўтамабілі – ад самага іх з'яўлення і да нашых дзён. Цікава было глядзець не толькі на машыны найранейшыя, але і на мадэлі трыццатых, нават саракавых гадоў – такія ўжо яны пацешныя ў сваёй недасканаласці. Там я прыгадаў дні свайго маленства, гады дваццатыя, калі мы, пастушкі, як толькі з-за ўзгорка пакажацца раз у тыдзень якая-небудзь машына – так і ляцім ад свіней на гасцінец, з радасным крыкам: «Та-на-біль!» або на польскі лад: «Са-ма-ход!» І раптам – аўтагонкі! Амаль цэлы дзень, адзін за адным, ды ўсё розныя, амаль кожны адкрыты, з панамі, кожны такі прыгожы, усё з іншым сцяжком на радыятары. Быў чэрвень, час у гаспадарцы свабаднейшы, пасля веснавой работы – перад касавіцай, аднак жа будні дзень. Ды ўсё ж і моладзь, і пажылыя мужчыны, колькі там тыя маці і жонкі ні сварыліся, доўга стаялі чародкамі пры гасцінцы.
І нас у школе было не ўтрымаць. І сам Камар з намі стаяў, і Цукерка прыйшла памаленьку, спачатку ў школу з хутара, а потым і на гасцінец, жывот прыкрыўшы расшпіленым плашчыкам. Наша школьная чарада, крыху ўперамешку з дарослымі, была найбольшая.
На адным і на другім выездзе з Аўсянікаў стаялі пешыя паліцыянты. З вінтоўкамі, і кожны яшчэ з «божым пальцам» – паўметровай гумовай палкай, культурным кіем, на англійскі ўзор, але ўжо сваёй вытворчасці. А потым і пан камендант паказаўся ад Мілтачоў, дзе ў іх быў «пастарунак».
Трэба думаць, што ён і гэтым разам не павітаўся б з людзьмі, як тады, калі яму адказаў дзед Богуш, але ж цяпер стаялі тут, у натоўпе, і свае. Ён важна казырнуў па-вайсковаму, двума пальцамі, пані Веры сказаў «цалуен рончкі», а пану Сатурніну «чэсць!». Было б, відаць, і яшчэ што-небудзь, але тут…
Тут мне трэба спачатку агаварыцца шырэй.
У Мілтачах апроч пастарунка былі яшчэ царква, крамы вакол рыначнай плошчы, пошта, пякарня, заезд, бальніца і школа-сямігодка, куды з навакольных вёсак хадзілі, закончыўшы такую, як наша, трохкласную. Была і добраахвотная пажарная каманда, пры якой нядаўна арганізавалі духавы аркестр. Трэцяга мая, у свята канстытуцыі, Камар вадзіў нас у Мілтачы, і там мы чулі, як той аркестр два разы зайграў «Ешчэ Польска…», перад мітынгам і пасля. А тады пажарнікі пайшлі па плошчы і па вуліцы – пад марш.
Перад аркестрам пайшоў пан камендант. Ужо і мы, малыя, ведалі, хто ён такі, што такое панская паліцыя. Наш Камар – няхай сабе ён і не злосны, а то і вясёлы бывае, – не прыехаў бы сюды з-за свету, марочыць нас на свой лад, каб не было гэтай паліцыі. Яна высочвае, арыштоўвае, катуе ў склепе той мураванкі, дзе пастарунак, а потым гоніць у турму ўсіх тых дзецюкоў і дзевак, што хочуць, каб і тут, як у Саветах, толькі за трыццаць два кіламетры адгэтуль на ўсход, не было маёнткаў і розных іншых багацеяў, у вёсках і ў гарадах, а каб усё было для тых, хто многа працуе, а сам усё бедны ды бедны. І каб школа была ў нас свая, на роднай мове. Такіх людзей – пад паліцэйскім канвоем, у кайданках – мы ўжо не раз бачылі на нашым гасцінцы: яны ўсё тутэйшыя – з Рыкавіч, з Хвоева, з Пагудзенкі і з іншых вёсак, што навокал Мілтачоў. Сядзяць у турме і нашы: Суботаў Кастусь, што вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, і дзядзька Хведар, Шураў сваяк, пляменнік дзеда Богуша.
І ён, гэты пан камендант, – не проста задавака, а галоўны кат. Так пра яго і гавораць.
Ён не проста ішоў перад строем пажарнай каманды – яшчэ і шаблю сваю з похвы выхапіў, трымаў перад сабой упоперак. І галаву задзёр. У круглай сіняй шапцы з вялікім, акантаваным бляхай козырам. Грукату мноства ног не чуваць было ад галёкання труб. Пажарнікі прайшлі ў канец брукаванай вуліцы, павярнулі назад. Ужо і трубы хрыпяць слінява ад стомы, і камендант спацеў, ачмурэлы ад фанабэрыі, а ўсё яшчэ тупае, задзірае наглянцаваныя боты, трымае шаблю, талопіцца толькі наперад і трохі ўгару. Калі ж параўняўся з людзьмі – усё-такі зірнуў убок, дзе на краі натоўпу стаяла ягоная пані і пані іншых паноў. Пан камендант не проста паглядзеў на іх – ён яшчэ раптам… высалапіў язык! І жонцы, і ўсім. Звычайны, тоўсты, чырвоны язык. І жонка яго, і ўсе іншыя пані – настаўніцы, жонкі паліцэйскіх, ужэнднікаў, навакольных падпанкаў і багацейшых асаднікаў – таксама ж ведалі, што за нялюдскую работу робіць ён у сваім пастарунку. Аднак на гэтага ката яны глядзелі па-іншаму, з чужога для нас боку. Для іх высалаплены язык пана Зыгмуся – гэта было так молада, так гарэзліва-міла, што не толькі жонка яго, але і ўсе іншыя пані заўсміхаліся, загаманілі і запляскалі далонькамі ў пальчатках.
Гэты язык і воплескі я прыгадаў, калі пан камендант пад'ехаў да нашай чарады пры гасцінцы і павітаўся – толькі з Камарамі. Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, ды тут з-за ўзгорка выгудзеў новы адкрыты легкавік. Камендантава сівая кабыліца – не сказаць, што такі ўжо агонь, – раптам упудзілася, ірванула з месца галопам, панесла! Не па гасцінцы, а ў поле – па бульбе, па аўсе, па жыце – наўпоперак загонаў, зверху ўніз, у даліну… Яздок, расставіўшы локці, бездапаможна тузаўся на ёй, усё далей, далей ад нас. А наўздагон яму пераможна, нібы нарэшце дачакаўшыся такога, грымнуў рогат і крык – і дарослых, і наш, са свістам у пальцы.
І вось тады Шура, як быццам азораны, умомант нанава перажыў усе свае пакуты з «он» ды «эн» чужое граматы, убачыў той мілтачоўскі грымучы аркестр і закрычаў услед каменданту:
– Затронбіш – кабылэн – у дупэн!
Няхай не вельмі правільна, аднак адразу з трыма насавымі галоснымі.
Вокліч гэты прыйшоўся якраз на паўзу ў нашым галёканні, усе пачулі яго, і рогат з крыкам ды свістам выбухнуў з новай сілай.
Тады наш Камар упершыню зазлаваў па-сапраўднаму. Пагнаў усіх нас у школу, а там Шуру і мяне паставіў у кут на калені.
За што ж мяне? Няўжо ён падумаў, што я падказаў? А мо са страху за такую дэманстрацыю пры ім? Ці проста таму, што мы з Шурам дружым?
Дарэчы, так ён і крычаў:
– Я ведаю вас! Ведаю!..
Педагог з пана Сатурніна наогул быў вялікі. Дагэтуль жыва помніцца, як ён тады, калі нам першы раз грымелі трубы, купіў сабе цэлую шклянку марожанага і пры нас, пры дзецях, з якіх далёка не кожнаму бацькі купілі б таго смаку хоць у найменшых круглых вафельках, доўга, спакойна, са смакам еў яго на ганку крамы лыжачкай, а мы глядзелі знізу чарадой, чакалі, калі ж ён кончыць… Даволі часта, лянуючыся падрыхтавацца да чарговых заняткаў, а то і не вельмі цямячы, як іх сёння весці, ён прыносіў якую-небудзь кнігу, не падручнік, а з этажэркі ў канцылярыі, і ў нас было чытанне. Пан навучыцель, пацясніўшы тых, што сядзелі на першай парце або і выселіўшы некага на другую, садзіўся на парту тварам да нас, ногі паставіўшы на дошку сядзення, і пачынаў што-небудзь чытаць, усім тром класам адразу.
Але за гэта я ўжо яму дзякую, са спазненнем ды наўздагон. За тое дзякую, што праз чужую мову я часамі даходзіў тады – усе мы даходзілі – да хараства такога ж блізкага, як і сваё, да праўды роднай і нам, беларускім мужыцкім дзецям. Скажам, у той гуральскай казцы, дзе хлопец з апошняй у сям'і місай мукі адчыніў дзверы свіронка, а сіберны вецер раптоўна так дзьмухануў, што вымеў з місы ўсю муку – панёс яе, не збярэш, не дагоніш!.. Гэта быў толькі пачатак польскай народнай казкі, толькі яго я і помню цяпер, але і ён мне гаворыць многа…
Быў у нас і другі культуртрэгер, з іншаю мовай і іншым панствам, – мілтачоўскі поп.
Маліцца мама мяне вучыла і прымушала з самага малку, аднак са словам «рэлігія» я пазнаёміўся толькі ў школе, упершыню спыніўшыся на ім у «роскладзе годзін», павешаным Камаром на сцяне, толькі тады ўсвядоміў, што не адны малітвы, але і ўсе тыя гісторыі, якія нам бацюшка так цікава расказвае, гэта таксама рэлігія. Бо сам ён іх называў інакш – «законом божиим».
Рэдка яго прывозілі да нас, затое дні гэта былі нібы святочныя. Зранку па бацюшку пасылалі падводу, мы ведалі хто, чый тата або брат паехаў гэтым разам у Мілтачы, і мы чакалі, хваляваліся. Чамусьці мне найлепш уяўляецца прыезд зімовы. Пачуўшы званок з-пад дугі ці ўбачыўшы праз намаразь акна каня і сані, мы рваліся з класа на двор, і Камар нас пускаў, бо і сам ён ішоў сустракаць паважанага госця. Не апрануўшыся, мы высыпалі на двор і крычалі ўжо не «дзень добры», а «здрастуйця». Старэнькі, сівы, ён цяжка вылазіў з саней-вазка, так незвычайна, багата апрануты, у чорнай каракулевай шапцы, у чорным доўгім паліто з каракулевым каўняром, а пад паліто, калі ён распранаўся ў канцылярыі і ўваходзіў у клас, была яшчэ чорная доўгая раса. Без пазлацаных рызаў, у якіх мы вельмі рэдка бачылі яго ў царкве, або калі ён прыязджаў хаваць каго-небудзь, ці раз у год служыў малебен у нашай капліцы на могілках. Трэба сказаць, што наш пастухоўскі фальклор ахопліваў і бацюшку, была і такая прыпеўка:
Гоп-па-па, гоп-па-па,
чорна с… у папа,
а ў папіхі белая,
поп за ёю бегае!..
Аднак у школе мы пра гэта забываліся. Ён таксама, як і Камар, садзіўся на першую парту, яшчэ больш пацясніўшы вучняў або выселіўшы не аднаго, а двух, гаварыў сваё «ну-с…» і пачынаў расказваць «з галавы». Усе тыя гісторыі – які быў страшны сусветны патоп і як потым голуба паслалі з каўчэга ў разведку і ён вярнуўся з маслічным лістам у дзюбе; як браты прадалі Іосіфа ў няволю, а потым самі, у вялікі голад, прыязджалі да яго, калі ён стаў амаль царом; як маленькага, вельмі прыгожага Майсея бедная маці схавала ў трыснягу ў прасмоленым кашы і як яго знайшла там фараонава дачка… – усё гэта і многа іншага з расказаў бацюшкі хвалявала маё ўяўленне, гучала для нас цудоўнымі казкамі. І казкі гэтыя былі, у параўнанні з Камаровымі, куды больш даступныя для нас на мове расейскай, якую так ці гэтак, уперамешку з роднай, ужывалі ў нас дарослыя, – у сваіх гарадскіх ды ваенных успамінах, у песнях, – на мове, якая была і ў тых кнігах, што засталіся па хатах з вайны.
Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…
Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае – дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён – галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага – праўда, найлепш для нас зразумелая.
І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць, не згараючы ў вечным агні…
Зімою, у палавіне другога класа, мне ішоў дзевяты год, а Шуры дванаццаты. І вось аднойчы, калі мы ўдвух, пасля такой «рэлігіі», ішлі дахаты, ён пачаў:
– Мне дзед казаў, што гэты поп служыў у паліцыі. Не ў польскай, а ў расейскай. І ў свабоду людзі хацелі яго забіць на вуліцы. На кавалкі парвалі б, але ён адмалёкаўся, што маленькія дзеці, што пойдзе на папа. І людзі пашкадавалі яго…
Цётка Марта, дваюрадная сястра нашай мамы, служыла тады ў бацюшкі. Неяк яна прыйшла да нас з Мілтачоў і расказвала, як тыя бацюшкавы колішнія дзеці, цяпер тры брыдкія незамужнія ганаровыя пападзянкі, анічога не хочуць дома рабіць, а п'юць не малако, не чай, а шакалад з маленькіх кубачкаў. Во як жывуць!.. А тут яшчэ з гэтай паліцыяй… Аж не верыцца.
Я маўчаў. Мне згадалася на тыя нашы меркі даўняе – што было пазалетась, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. Як бацюшка прыязджаў у Аўсянікі ўлетку і, пасля малення ў капліцы і над магіламі, быў хрэсны ход па полі і па вёсцы. Наша мама, злосная на Рамана, што ён не памагае ёй, сама вынесла на вуліцу стол, заслала яго чыстым настольнікам, палажыла бохан хлеба і дзве свечкі, сабе і мне. Гэтак тады многія павыносілі, амаль перад кожнай хатай стаялі белыя сталы. Хрэсны ход, з вялікім драўляным крыжам, з пратэсамі і песнямі спыніўся і каля нас. Бацюшка ў пазалочанай рызе маліўся, мілтачоўскія дзеўкі, пеўчыя, падпявалі, а мы з мамай стаялі са свечкамі. Мая таксама была вялікая, соладка пахла расплаўленым воскам, і агеньчык то роўна гарэў, то калываўся, калі я махаў свабоднай рукою, хрысціўся. А можа, і ад тых дзявочых «аллилуя, аллилуя, слава тебе, бож-же», бо пеўчыя былі зусім блізка, столькі іх дыхала на агонь. Яшчэ як мы з мамай стаялі каля стала адны, чакаючы, яна мне загадала не толькі крыж пацалаваць, але і бацюшкаву руку. Я, можа, не забыўся б пра гэта і сам, але яна, як дайшло да таго цалавання, штурханула мяне, і я, вядома, паслухаў…
«Мне дзед казаў» – такое для Шуры было неабвержнаю праўдаю. А я адразу не зусім паверыў пра тую бацюшкаву паліцэйскую службу, і, як толькі мы з дзедам Богушам, у той жа вечар, апынуліся ў іхняй хаце толькі ўдвух, я спытаўся, ці праўда гэта.