Текст книги "Золак, убачаны здалёк"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)
– Праўда, унучак. Але не паліцэйскім, не спраўнікам ці прыставам, а следавацелям па паліцічаскіх дзялах. Яшчэ ў тую свабоду, што ў пятым годзе была. Ён чалавек вучаны, – удакладніў дзед і, памаўчаўшы трохі, дадаў: – Такі вялікі прыход, колькі вёсак, і Мілтачы на пяць вуліцаў. Што дзень, то і мярцвец, што нядзеля, то і вянец, – чаму тут не будзеш, як ты здароў, унучак, кажаш, піць той шакалад?
Я ніколі яшчэ не цалаваў чужое рукі. Ды такой яшчэ жоўтай, халоднай і валасатай, сціснутай на крыжы…
Не, я такога пра сябе нікому не скажу!
8
З дарослай дзеўкай, работніцай і весялухай, здарыўся прыступ апендыцыту. Завезлі ў Мілтачы, доктар зрабіў аперацыю. Праз тыдзень, калі ўжо хворую прывезлі дахаты, жанаты брат дзяўчыны нёс яе з воза ў хату, як малую. І яна, казалі, не вытрывала тады, яшчэ на руках, пацалавала яго ў шчаку, а ён, казалі, ажно заплакаў. А ўсё-такі яе, тую спраўную і вясёлую Ліду, празвалі потым Рэзаны Жывот.
Недабітая выбухам Маня стала Варонай, Шура – Сцягачом, Глушаком. У каго баляць вочы – Сляпы, трохі сутулішся – Гарбач, накульгваеш – Клышаногі, Кандыба…
Што гэта – натуральны адбор ці проста грубая, бязлітасная цемра?..
Псіхічнахворых усіх называлі дурнымі. Ці буйны ён, ці не, ці проста так сабе шаламок – усё роўна: Дурны.
У нашай вёсцы быў дурны Цупрон. Нястрыжаны, няголены, у лахманах, кіслагубы, што гаворыць – не кожны адразу і разбярэ. Рабіў, як гаварылі, за каня – многа і ўсё найцяжэйшае. Зусім бесталковы, але няшкодны грукач. А дзядзіна, пры якой ён жыў, не толькі вечна лаяла яго, але ж і біла, як жывёліну, чым пападзе. Мужык яе, Цупронаў дзядзька, не біў – у іхняй хаце ўсё яна сама. Суседзі чулі тады, як той нядоля плача, даўно дарослы дзяцюк, а румзае, як малое дзіця, сцішна, ледзь не па-воўчы, падвываючы. Аднойчы дзядзіна так ужо набіла ды настрашыла яго, што Цупрон утапіўся. Не на глыбокім, а ў бродзе, укленчыўшы і галаву да плячэй унурыўшы ў ваду. А перад гэтым, калі ён, босы лахмей, бег па вёсцы і плакаў, падвываючы, штосьці сваё балбатаў, ніхто не падумаў, што гэта ён так скардзіцца. От, вядома, Дурны!.. У труне ён быў чорны, страшны. А дуб на могілках, пад якім яго пахавалі, стары, разложысты, зялёны дуб стаў ад гэтага страшным. «Цупронаў дуб». «Пад Цупронавым дубам»…
У мамінай Руце быў іншы дурны – Салавей. Памерла там неяк адна старая. Каму яна маці была, каму бабуля або цётка – пахавалі раднёй, паплакалі, памянулі. А назаўтра нявестка выйшла на досвітку ў сені – ахнула, закрычала і павалілася. Дзверы на двор былі адчынены, каля сцяны, старчаком, абапёртая аб сцяну, стаяла труна без века, а ў ёй – старэнькая нябожчыца… Самлеўшы, нявестка ўжо не пачула, як за іх плотам, у агародзе, хтосьці зарагатаў.
Гэта быў Салавей. Такое з ім час ад часу бывала: адкапае і прынясе. Адлупцаваць яго, адвучыць назаўсёды – нельга, ніхто не адолее; хіба толькі адразу забіць, а хто ж гэта возьме грэх такі на душу? І сёстры ў дурня, і брат, і бацькі старэнькія – во дзе няшчасце ў хаце!..
Босы і летам і зімой, задрыпаны, аброслы, вочы дзікія – у твар такому не зірнеш, ён выходзіў на гасцінец і толькі па каляіне ішоў кудысьці – доўга, гледзячы сабе пад ногі. Сустрэчныя падводы з'язджалі тады набок. У кірмашны дзень дарогу яму даваў увесь бясконцы паток вазоў з мяхамі збожжа, звязанымі цялятамі, парсюкамі, кошыкамі курэй і спалоханымі цёткамі. Дый дзядзькі рады былі, што ціха размінуліся. Хоць Дурны гэты на людзей не кідаўся. Найчасцей ад яго і слова якога не чулі – проста ішоў. А калі і мармытаў сабе пад нос:
Соловей, соловей, пташечка,
Канареюшка жалобно поет…
Калі праходзілі аўтагонкі, ён на гасцінцы чамусьці не паказаўся, а нашы людзі ўспаміналі яго, нібы чакалі такое нагоды. Загінуў Салавей улетку сорак першага. Пакуль пайсці абозным фургонам, крытым чырванавата-карычневым палатачным палатном, з двума здаравеннымі, кароткахвостымі першаронамі абапал дышля, насустрач Дурному – у яго бясконцай і заўсёды вольнай каляіне – цяпер на ўсход ішло такое незвычайнае ды грукатлівае, што не дало яму дарогі – танкі… Ды гэта толькі праз пятнаццаць год.
Бывалі дні, калі ён з крыкам бегаў па чыстаполіцы, атакаваў у лоб ці акружаў які-небудзь пусты прыгорак, лажыўся з размаху, зноў падхопліваўся, бег… Жанцы ці сейбіты не чапалі яго, і ён нікога не чапаў – ён рабіў сваю справу адзін.
Гэта была яшчэ ўсё вайна. Зноў і зноў яна прачыналася ў ім, калісьці светлым сялянскім падлетку, што з бацькавага мазаля закончыў гарадское вучылішча, а потым, маладзенькі прапаршчык, звар'яцеў у першай штыкавой атацы…
У вёсцы тады будынкі стаялі так: ад вуліцы – хата, сені, камора, хлявы, усё «адным шнурам», пад суцэльнай страхой. Часцей за ўсё пасля хаты кухня і сені былі малыя, дзве бакоўкі, а ў некаторых кухні не было, у хаце і грубка і печ, а сені затое вялікія. Як у Шуравага дзеда.
Аднойчы цёмным, дажджлівым вечарам я зайшоў з двара ў Богушавы сені, зачыніў за сабою дзверы і, пакуль наўздагад, па прывычцы ісці ў чорнай цемры да хатніх дзвярэй, спыніўся і немаведама чаму ўспомніў бабулю, якую Салавей прынёс і ў адкрытай труне паставіў каля сцяны. А тут яшчэ раптам, як з таго свету, пачулася зычнае, ніколі не чутае, гугнява-здушанае «бэ-лэ-лэ!..». Я не самлеў, я толькі рвануўся да дзвярэй у хату… З мяне смяяліся. Бо гэта ж у іхніх сенях быў катух для авечак, пра што я ведаў і сам, і гэта ж авечка забэкала так незвычайна, з сенам у роце.
Страх… Я ўжо тады, дарэчы, ведаў яго і з кніжак, чытаў «Вія», пасля чаго баяўся хадзіць на змярканні ў гумно. Аднак жа з Салаўём і ў тых расказах пра нядаўнюю вайну, якіх я – і дома, і ў Богушавых, і на вуліцы – чуў так многа, страх быў іншы.
Ды, можа, і зусім не страх гэта, а штосьці іншае?..
– Пакінь, Алесь, супраць ночы! А то дзіця ізноў не засне…
Так гаварыла мама майму дзядзьку, свайму малодшаму брату, які часта прыходзіў да нас з іхняй Руты. І пра што б калі ні гаварыў, зноў сыходзіў на сваё, пра вайну. Там ён, дзядзька Алесь, быў старшым унцерам кулямётнай каманды, амаль зусім непісьменны, а даслужыўся за храбрасць, бо было ў яго аж чатыры георгіеўскія крыжы. Раман расказваў, што ў горадзе Казлове, калі мы там у бежанстве былі і тата наш яшчэ жыў, працаваў на заводзе, дзядзька Алесь прыязджаў да нас на пабыўку, і ўтрох яны, тата, дзядзька Алесь і Раман, ішлі па вуліцы, дык афіцэры ім казыралі. Не ім, вядома, а дзядзьку, але і тату з Раманам прыемна было. У нас і здымак вісеў на сцяне, пад шклом, у вялікай раме, разам з іншымі здымкамі, – дзядзька Алесь з усімі чатырма крыжамі, у шапцы з цэшкай, з нашыўкамі на пагонах. Не такі ўжо стары, якім ён бачыцца цяпер, а бязвусы, і вочы быстрыя. Цяпер у яго не было дзвюх рабрынаў, многа зубоў няма пад вусамі, часта бухукае. Жывуць яны бедна, дзядзька з цёткай Аленай і трое іхніх дзяцей, у будзень дзядзька прыходзіць да нас зімою ў такім кажушку, што ён нібы чарапіцай пакрыты – латка на латцы.
І ўсё расказвае пра вайну… Як яны перлі з Усходняй Прусіі і ў яго за адну ноч конь раскаваўся на ўсе чатыры нагі. Як за Каўказам туркі ў чырвоных шапках ішлі на яго кулямёт, а дзядзька падпусціў іх так блізенька, што аж чуваць было, як дыхаюць, а тады ўжо ўсіх пакасіў… Як у Галіцыі… Як каля возера Нарач…
А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:
– Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы – навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі – людзей, чалавек – чалавека!..
…Мы едзем з мамай да цёткі Аксені, у Яры.
Мама дала мне лейцы, трохі патрымаць, а потым забрала. Бо вось насустрач нам едзе доўгі абоз. Вазы – нібы з якой канюшынай або з сухім картаплянікам – высока нашантыраны вялізнымі кубамі густа зматанага дроту, чорна-карычнева-іржавага, змацаванага процьмай калючак. Таго самага дроту, які тры гады таму назад здаваўся мне копамі, несамавіта чорнымі копамі на чыстай пакошы і ў збожжы. Таго дроту, пра які Раман тады сказаў: «Мо і крыві было на ім», а мама перапыніла яго, што пры дзіцяці не трэба…
Я ўжо намнога старэйшы, пры мне ўжо столькі гаворана… Я ўспамінаю дзядзькава – з горкай тугою пасля азарту – пра рукі-ногі-галовы і кішкі на дроце… Я гляджу на вазы, якія хмарна сунуцца насустрач нам, і мне здаецца, што бачу іх – тыя кішкі, расцягнута пасохлыя ў калючай, іржавай гушчыні – у кожнай хмары, ад воза да воза… Коні, такія розныя, стараюцца ісці, цягнуць усе аднолькава. Дзядзькі-гаспадары, усе аднолькава незнаёмыя, ідуць побач з вазамі і не прытрымліваюць іх, як вазы сена ці канюшыны, за валок убітых грабель, а толькі лейцы трымаюць. Спакойна ідуць, задаволена – такі заработак цяперашнім светам не часта здараецца.
Я ўжо вялікі, хоць мама і забрала ў мяне лейцы, – я яшчэ летась сыходзіў з Людай у самы найглыбейшы іхні яр, і мы там заходзілі ў бліндажы, дзе калісьці сядзелі немцы. Як у склепе халодным – такая там цымантовая сцішната. З высокай гары за першым ярам, калі глядзець на ўсход з колішняга нямецкага боку, відаць лугі, справа – круты зялёны ўзгорак, тая «георгіеўская сопка», з якое немцы ніяк не маглі выбіць расейцаў снарадамі; насупраць – вёска і безгаловая царква; злева – далёка і ледзь прыкметна – шэры кручок вагі, мае «венгерскае пушты».
Чорныя копы дроту, нарэшце, вывозяць.
Вага застаецца адна.
Я ўжо туды, да яе, пераношу многае з пачутага пра вайну. І выбухі снарадаў, і густы, насмерць пякучы звон куляў, і крык «ура», і глуха-хрыпатую, як душачыся, лаянку, апошнюю для многіх… І балючую, цудоўную песню пра тое, як гэта там, пад зялёнай ракітай
кровь лилась из свежей раны
на истоптанный песок…
Можа, не там ён, каля вагі, той патаптаны пясок, і не над нашай ракою – над нейкай іншай, далёкай, у тым баі, дзе раптам стаў назаўсёды дурным той маладзенькі прапаршчык, што сёння – страшны Салавей?..
І вось мне здаецца цяпер, на гасцінцы, што гэта не мы з мамай едзем насустрач чорнаму драцяному абозу, што гэта прапаршчык… Што гэта я іду… Босы, брудны, нястрыжаны. Гляджу пад ногі, і ўсе вазы даюць мне дарогу. Бо гэта я туды, дзе будзе зноў патаптаны пясок… Я не адзін. Усе гарлапаняць строем, і я, бо гэта ж трэба і мне, мармычу, як быццам нікога не чуючы:
Салавей, салавей, пташачка,
канарэюшка жалабна паёт!..
А наша мама нікому цяпер не кажа, што супраць ночы такога не трэба, бо дзіця… бо гэта я пасля не засну…
Цяпер не ноч, цяпер такі ясны, сонечны дзень.
Ноч будзе потым.
9
Лета – як лета, зіма – як зіма, гразь высыхае або замярзае, а ўвосень вуліца нашай вёскі – проста вялізнае, даўжэзнае карыта глыбокай гразі, ад плота да плота. Ідучы з пашы, каровы паволі, цяжка выцягваюць ногі, адну за адной, а вым'е, у каторай большае, валачэцца па той халоднай, глеіста-шэрай рошчыне – пакуль дамыцца потым да малака!.. Якая сумная, бясконцая работа, тое цярплівае выцягванне ног з гразі – і каровам, і коням, і самому табе, калі з пашы ці ў школу ідзеш каля плота, дарма выбіраючы месца, дзе лепей ступіць. А ўжо авечкам бедным – хоць ты плыві. Яны яшчэ і горка бэкаюць ад мокрай крыўды за сябе, за нас, за ўсё жывое. Бо тут жа і дождж – спорны часамі прыпусціць, а то цярушыць бясконца, і з такой жа гэта занудлівай упэўненасцю, як быццам толькі яго тут і не хапала…
Во калі глухмень!..
Апроч жывёлы ды сваіх людзей каля платоў, па вуліцы цэлымі днямі ніхто чужы не пройдзе, не праедзе. От, праплыве калі-небудзь воз незнаёмага пагарэльца з дзесяткам кулёў нажабраванай саломы. Сяды-тады прасунуцца старцы ў зрэбнай будзе, мокрай, з худымі рэбрамі абручоў. Дзед і баба, гуннявы і жаласна-галасістая. І малёканне сумнае па надвор'і: «Дзеткі вашы маленькія, анёлачкі боскія, чыстакроўна мадлітэўныя…» (Часта яны, анёлачкі, паміралі.) Прашалэндае, здарыцца, хоцькі-няхоцькі збочыўшы з гасцінца, мясцовы, суседні падпанак на мокрай, нягеглай пары ў кракаўскіх хамутах…
А часцей за ўсё наша карыта наведвалі анучнікі, госці заўсёды жаданыя і руплівыя самі: гешэфт ёсць гешэфт.
Адзін з іх, маленькі, кучаравы Мэйшка, быў вельмі ж звонкагалосы і меў свой уласны, адмысловы рэчытатыў. Як толькі ён, прымасціўшыся бокам на сваім шырокім возе, укалышацца ў вёску, дык адразу і загалёкае, як на пажар:
– Баббы-баббы-баббы, ого-го-о!..
Потым ішла музычная рэклама:
– Міло браць! Голкі браць! Хварбі браць!.. Баббы-баббы-баббы!..
У трэцім калене згадваліся патрэбныя Мэйшку прадметы натуральнага абмену:
– Ас-мі-чы-ны з-пад коўдро! Ку-дзе-ля! Яй-цы! А-ну-чы!..
І наступаў узрыў той самай, што і ў пачатку, сілы, ужо не заклік, а ледзь не адчай у адным шматступенчатым слове: – Баббы-баббы-баббы-о-го-го!..
Не такі мудрагеліста-звонкагалосы быў другі анучнік, Лёкім. Затое ўсё ў яго было спраўнейшае – і конь, і воз, і сам ён, салідны белабароды Саваоф, які ўязджаў у нашу гразь, седзячы не бачком на цапку, а з нагамі на возе, і не галёкаў, як блазен, а важна і глуха ўрываючы бухаў:
– Боб! Боб! Боб!..
З яго ў нас смяяліся: «Уй, мой Лёкум! Усім яму любяць: і бабы, і маладзіцы…» Так хвалілася яго жонка – тая першая, што памерла. Апрануты дзед Лёкім быў заўсёды добра, асабліва пасля таго, калі ён, на здзіўленне ўсяму наваколлю, ажаніўся з маладой, казалі нават, што і прыгожай, не мілтачоўскай, а недзе аж з Клецка. А пра яго багатую, разложыстую бараду, жаўтлявую праз сівізну, расказвалі, што з яе былі наздзекаваліся ў вайну польскія жаўнеры, – падпалілі, звязаўшы чалавеку рукі.
Былі анучнікі і апроч гэтых двух, але ўжо значна менш цікавыя.
І былі яшчэ мяшэчнікі, стары мітуслівы Дзічка і баба Роха. Хадзілі яны кожны сам сабе і толькі не ў завіруху ды не ў такую гразь, як позняй восенню. Дзічка быў смешны. У хаты ён не заходзіў. Ад варот – ледзь не подбегам – да зачыненага акна і гукне ў яго цераз высокую прызбу:
– Шэрсць-есць-га-німа-пайшоў!
Сам і спытаецца, сам сабе і адкажа, рэдка хто яго добра пачуе ды ў хату пакліча.
Другою была баба Роха.
Неяк вясною яна зайшла да нас не адна – мех за ёю нёс незнаёмы дзяцюк.
– Ганно-сястрыцо, здрастуй! – прывіталася, як заўсёды з парога. – Як ты сягоння жывеш, як ты здарова маешся?
Гаварыла баба Роха неяк аж надта па-беларуску, без жыдоўскага акцэнту, густа-гучным і смачным голасам вясковай дабрадушнай цёткі.
Дзяцюк, спусціўшы з пляча няпоўны мех, пакланіўся:
– Здраствуйце вам! Называм сень Тэофіль.
Пяць слоў на дзвюх мовах. І дзіўнае – польскае імя. Па тагачаснай модзе.
На дзецюку былі запыленыя боты-дудкі, галіфэ і суконная куртка, а над губамі ды бровамі – «варшаўская» кепка з доўгім казырком.
– Гэто, Ганно, мой пляменнік, Малчын найменшы, Тэпсік. Ты ж нашу Малку ведаеш: што за Нохімам. Большыя дзеці – нішто сабе, а гэты, сястрыцо, я і пры ім скажу: гультай, паніч. Тэпсік, сядзь тут, на лаве, не тырчы ля парога.
Тэофіль падышоў да лавы, каля стала, за якім я рашаў задачкі, і, паглядзеўшы на мяне, сказаў з таўстагубай усмешкай:
– Гаронца!
– А мы ў цябе, Ганно-сястрыцо, і паабедалі б, – гаварыла тым часам старая, яшчэ ўсё стоячы перад мамай каля печы.
– Ой, Рохачко, мо хібо трохі малака, а то ж капуста ў мяне заскварана.
Мама гаворыць гэта, а сама як быццам усміхаецца.
– Салам? – спыталася Роха, як быццам сама і не ведае, чым гэта заскварваюць.
– Салам, – пацвердзіла мама, таксама як быццам не ведаючы, што госці сала есці не можна, аднак яна есць.
– Каб без сала, сястрыцо, дык гэто горо было б. Яму, можа, дай малака. Тэпсік, капусту будзеш есці? Ці малака табе?
– Буду, – важна адказаў Тэофіль. – А потым пап'ю і млека.
Яны абедалі без нас, бо мы з мамай толькі што ад стала, а Рамана дома не было. Потым мама пайшла ў агарод, Роха, пакінуўшы мех і Тэпсіка ў нас, падалася са сваімі голкамі ды шмолкамі па хатах, а Тэпсік сказаў мне:
– Дай, хлопак, якую-небудзь ксёнжку. Расейскую ілі польскую, ушыстко едно.
Наш тоўсты, добра такі растрэсены, аднатомнік Пушкіна, які Раман прывёз з бежанства, ляжаў у шуфлядзе стала. Калі я дастаў яго і палажыў перад госцем, ён мне параіў пайсці пагуляць. Я пайшоў. Каровы выганяць было яшчэ рана, а мне ж карцела паглядзець, як той Тэофіль чытае. Бо я ўжо многа чытаў у Пушкіна, а сёе-тое ведаў і на памяць: само запомнілася, не завучваў. Скажам: «Трусоват был Ваня бедный» або «Горит восток зарею новой». Калі я ўвайшоў у хату – Пушкін ляжаў разгорнуты, а госць драмаў, заслінена адвесіўшы чырвоную губу. Ён падцягнуў яе, прахапіўшыся, паправіўся на лаве і сказаў:
– Да… Такую ксёнжку нада чытаць з бутэлечкай харошага вінца, на мяккай канапе…
Другі раз, тою ж вясной, але тыдняў праз два і ў нядзелю, баба Роха прыйшла таксама не адна, а з такім, як я, хлапчуком. Зноў жа з парога:
– Ганно-сястрыцо, здраствуй! Мало было табе майго пляменніка, дык на яшчэ і ўнука. Куды нянька, туды і лялька. Самому ж вельмі захацелася, як пра твайго яму расказала. Зяма, скажы добры дзень!
Хлопец несарамліва здалёк прывітаўся з усімі, з мамай, Раманам і мною, а тады падышоў да мяне, падаў руку і сказаў на дадатак:
– Здароў!
І я таксама адказаў:
– Здароў!
А баба Роха тым часам тлумачыла маме:
– Мяха яшчэ поўнага не панясе, ды ўсё ж мне трохо весялей. Той кунэлэмул[1], Тэпсік, не хоча памагчы, пану заўстыдам, неганарова. А гэта майго Хаіма-нябожчыка сынок. Сіротка, як і ваш. Бацьку яго, сама, сястрыцо, ведаеш, германец забіў, каб ён аб вугал галавою біўся, дзе ён ёсць!..
Баба Роха пайшла з таварам па хатах, а мы з Зямам пабылі спачатку ў нас, глядзелі кнігі, потым у садзе, на вуліцы. Да Шуры пайшлі, аднак у іх нікога дома не было. А потым, як Зямава баба вярнулася, селі абедаць – усе разам.
Але спачатку, толькі мама адсланіла печ, каб даставаць гаршкі, Роха штосьці ёй там зашаптала, і шэпт быў такі, што я і ля стала пачуў:
– Сама ўжо… я такі поп, што бяру і боб… А за яго… Раструбіць па ўсіх Мілтачах…
– Ды не, Рохачко. Сёння пасоля з пеўнем, а потым панцак забелены, – уголас адказала мама.
Было пацешна, калі баба Роха зачэрпала з місы кавалак мяса, а тады ўзяла яго са свае лыжкі пальцамі і палажыла Зяме на лусту.
– І ты, – сказала, – палцамі бяры. Раней бог стварыў палцы, а тады ўжо відэлцы.
А больш дык добра было, што гэты хлопец, такі не наш, не вясковы, і такі… ну, па-іншаму свой, сядзіць вось у нас за сталом, як калісьці Шура, – той, першы раз, з нашым першым агульным уловам. Ён, Зяма, як і мы з Аляксандрам Сяргеевічам, канчае другі клас, а калі мы кончым трэці, дык і мы будзем у чацвёрты хадзіць у Мілтачы, і тады ўжо нам будзе яшчэ лепш дружыць. Шкада толькі, што вось паабедаем і ён пойдзе… І я папрасіўся Зяму правесці.
– Яшчэ чаго? – здзівілася мама. – Ён жа з бабаю, не адзін. А каровы твае?
Адразу ў дзве столкі супраць. Першае «супраць» адхіліла баба Роха:
– Ганно-сястрыцо, хай сабе дружаць сіроткі. Ці ж ты, здарова, не бачыш? А Зяма і вучыцца добра. Ён яшчэ і карцінкі малюе, як жывапівец.
Мы з Зямам засмяяліся. А пра другое маміна «супраць» я сказаў, што папрашу Тоню: яна мне вінавата не паўдня, а цэлы дзень адпасвіць. Тут яшчэ і Раман сваё гаспадарскае слова сказаў, і наша мама пусціла мяне.
Мех з анучамі ды з кудзеляй баба Роха пакінула ў нас, бо заўтра ўранні Раман меўся ехаць у Мілтачы. Яны ўсё яшчэ нечага, баба і мама, ніяк не маглі дагаварыць, і мы пайшлі з Зямам адны.
10
Да Мілтачоў ад нас пяць кіламетраў. На той узрост адлегласць немалая, хоць каля дому ці на пашы малыя босыя ногі выбегвалі і не столькі.
Пазней, калі я падрос і ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, яно спакваля пачало мне здавацца не такім ужо і горадам, як здавалася змалку, з Аўсянікаў. І пра тое пачуў, ад чаго яно называецца Мілтачы. Мілту, рэдкую заціруху з аўсянай мукі, якое, дарэчы, у нашай вёсцы не варылі, мілтачане, у нейкім сваім легендарна-далёкім паходзе, раскалочвалі проста ў прыдарожным мачуле, маленькай сажалцы, – адтуль і сёрбалі лыжкамі. Легенда кплівая, вясковая, самі мяшчане яе не любілі. Яны былі з гонарам, жаніліся толькі свае са сваімі, усіх вясковых лічылі хамамі, а ў тым сасновым гаі, што паміж Мілтачамі і панскім маёнткам, здымалі з гнёздаў грачанят, якія яшчэ не лятаюць, а ўжо, як зліўкі, сытыя. Мяхамі цэлымі прыносілі і тушылі. Вось ад гэтага іхніх дзевак, як смяяліся ў нас, ніхто вясковы замуж не бярэ: дыхцяць грачынай.
Пра ўсё гэта я буду ведаць пазней. Тым часам я іду і рад, што мы не толькі падыдзем да Мілтачоў, што я не толькі яшчэ раз пабачу мястэчка, але і ў хату да Зямы зайду. Божа мой – цэлае падарожжа ў свет, няхай сабе і намнога бліжэй, чым у цётчыны Яры!..
Я ішоў босы, а Зяма ў старых сандаліках, я ў выбіванкавых портках і ў картовай кашулі, а ён у крамным увесь, а ўжо без шапак мы абодва, стрыжаныя пад машынку. І ў Зямы вушы трохі больш тырчаць, чым у мяне. І вочы ў яго чорныя, вялікія. Мы ішлі, гаварылі, не азіраліся, а потым, як азірнуліся, убачылі, што баба Роха вельмі далёка ззаду, яшчэ толькі на ўзгорак выйшла. Ды мы яе чакаць не будзем – пойдзем трохі памалей.
Далей гасцінец сцелецца ў даліну, аж да мястэчка так. І яно ўжо нам добра відно – і хаты, і мураванкі, і царква над усім, са сваімі шасцю купаламі. Абапал гасцінца стаяць старыя бярозы, паміж бяроз адна, а потым і яшчэ адна нізкая груша, тоўстая дзічка, таксама старэнькая. Спачатку абапал гасцінца, за прысадамі, было адно поле, а потым дрэвы скончыліся, і з левага боку пачалася вялікая паша. Там хадзілі каровы, шырока і рэдка разбрыўшыся па траве. Зяма сказаў, што гэта каровы іхнія, мілтачоўскіх жыдоў, і пасуць іх не дзеці, як у нас, а наняты пастух, дзядзька Шыман.
– Вось паглядзіш, які ён пацэтны. І добры. Там і нашая бгэймэ. Гэта – карова па-нашаму. А называецца Блімэлэ, кветачка.
Калі мы дайшлі да статка, Зяма яе паказаў. Рыжая Блімэлэ пазнала яго. Мы ў дзве рукі пачухалі бгэйму паміж рог, а яна пастаяла, паслухала, як і наша Падласка. А потым мы пайшлі да пастуха.
Гэта быў дзядзька з дарашаватай бародкай, у стракатай кепачцы. Босы і не з кіем, як мы, аўсянікаўскія пастухі, а з вераўчаным плеценым бізуном на тоўстай кароткай ручцы з сырамятнай пятлёй на канцы. Бізун гэты, складзены ў некалькі столак, вісеў у дзядзькі цераз плячо, ручкай наперад. Дзядзькава спалавелая ад сонца картовая кашуля была ўвабрана ў зашмальцаваныя, палапленыя порткі, таксама крамныя, падперазаныя вузенькім рэменем.
– Здароў, Шыман! – сказаў Зяма, падаючы дзядзьку руку. Як мне ў нашай хаце. І мне адразу гэта здалося вельмі нязвычным, бо ў нас малыя ўсім старэйшым гавораць «вы». Ды дзядзька не пакрыўдзіўся.
– Здароў, Залман! – сказаў ён. – Даўно не сустракаліся. А дзе ж ты бабу Роху дзеў?
Я здагадаўся, што яны вітаюцца жартам, сёння ўжо бачыліся, але Зяма хоча пахваліцца, як гэта проста ў яго са старым.
– А гэта чый? – спытаўся дзядзька пра мяне.
– Гэта Юрык, мой друг. Мы з ім з Аўсянікі ідзем. Да нас. А баба нас даганяе.
– Ясна. Ну, Зямін друг, здароў! – сказаў мне дзядзька, працягнуўшы руку. Ці смехам, ці не – адразу не пазнаць. І я сваю падаў – мы павіталіся.
– Шыман, ты нам пакажаш, як страляць з бізуном, як суслік біць і як іграць на гармонік.
– Адразу стока трэбуяш? – усміхнуўся дзядзька. – А сам як будта песцішся, гімназіст. А трэба па-настаяшчаму так: страляць бізуном, біць сусліка, іграць на гармоніку. К таму жа – на губным.
– Ну, Шыман, пакажы! А то нас баба дагоніць.
І дзядзька паказаў.
Ён адышоўся ад нас і павярнуўся ў другі бок. Тады ўзяў свой бізун за тоўстую ручку, пятлю надзеўшы на запясць, кінуў даўжэзную, чым далей, то танчэйшую вужаку бізуна перад сабою, тады замахнуўся над галавой, нечакана весела гікнуў і, як маланкаю, стрэліў!.. Ажно, здаецца, порахам запахла, як тады, калі мы разбіваем патронны капсуль, каменем на камені.
Стрэліўшы і яшчэ два разы, дзядзька сабраў свой бізун зноў у некалькі столак, павесіў цераз плячо, зноў ручкай наперад.
– Цяпер касаема сусліка, – сказаў ён і дастаў з правай кішэні портак камень. – Перш за ўсё тут нужон падхадзяшчы штэйн.
– Гэта камень па-нашаму, – растлумачыў мне Зяма. – А ў той, другой кішэні – гармонік.
– Залман, условіе – тока не перабіваць!.. Ітак – са штэйнам мы становімся на левае калена. Так. Смотрым, дзе ён стаіць каля норачкі – той а суслік, а балабост[2], конь без хвост. Цаляем унімацельна і – без промаха – б'ем!..
Дзядзька шпурнуў свой камень у штосьці нябачнае на траве.
– Ну, маладзёж, знайсці і падняць!
Мы, смеючыся, пабеглі, знайшлі той гладкі, адшліфаваны рукамі камень, і я падаў яго дзядзьку. Штэйн пайшоў у кішэню, а дзядзька Шыман сказаў:
– Ну вось. Засім астаюсь ваш быўшы сын, ныне яфрэйтар утарога Туркестанскага палка…
– Шыман, а гармонік? – як спалохана, ледзь не крыкам перапыніў яго Зяма. Дзядзька ўсміхнуўся:
– Залман, условіе: тока без нерваў!.. Музыка трэбуя паўзы і падхадзяшчага ўніманія. Позна! Вунь ужо баба Роха ідзе. Рахіль Шлёмаўна. Шэствуя важна ў спакойсцвіі чыннам…
Ён яе першы заўважыў.
Яна падышла да нас злосна і стомлена.
– Бежыце, як шчанюкі якія, старой не дагнаць… А ты ўсё, Шыман, забаўляешся? Гнаў бы далей ад гасцінца, можа, там лепшая трава. Ох, замарылася!..
Яна памаўчала хвіліну, аддыхваючыся, а тады спыталася:
– А што гэта там, у Індыках, людзей нешта многа? Я ўжо добра не бачу…
«Індыкамі» называецца канец бліжэйшай ад нас мілтачоўскай вуліцы, у якую ўліваецца гасцінец. Мы ўсе зірнулі туды. І праўда – з вуліцы на гасцінец выходзілі людзі, цэлы натоўп. Найбольш, здаецца, дзяцей…
Спачатку мы ішлі разам з бабай Рохай, а потым, з Зямам удвух, мы ўжо не вытрымалі, пабеглі.
…Усякае было – калючы дрот чорнымі хмарамі везлі па нашым гасцінцы, легкавыя машыны з розных краін ішлі ледзь не цэлы дзень, кавалерыя тупала на манеўрах, а то і галопам ішла, – але такога яшчэ не было!
У тым натоўпе, дзе найбольш было мілтачоўскіх дзяцей, ішлі мядзведзі з цыганамі… Не, цыганы з мядзведзямі… Яшчэ раз не – усё-такі не цыганы былі там перш за ўсё!..
Адзін за адным, на павадах, з намызнікамі – мядзведзі нізка над зямлёй і цяжка члапаюць ды клыпаюць сваімі лапішчамі па жвіры, нібы знарок, на пацеху панакрываўшыся вывернутымі кажухамі. Сем мядзведзяў!..
А цыганы тыя – сем цыганоў – у чорных капелюшах, у запыленых ботах, аброслыя, чорнабародыя, з кіямі. І нічога ні з кім не гавораць. Нехта хоча даць хлеба мядзведзю, той праз намызнік хоча ўзяць, але цыган яму – кіем, хлеб той за пазуху, а сам маўчыць, далей ідзе побач з мядзведзем. І мішка зноў маўчыць – толькі рыкнуў ад крыўды, замармытаў і сціх.
Усе ішлі – малыя, дзецюкі, дзядзькі – і мы з Зямам таксама ішлі ўжо назад у Аўсянікі. Бабу Роху не чулі, не бачылі, проста забыліся пра яе…
Сем мядзведзяў. Сем цыганоў. Адкуль? Куды? Як у казцы якой… Бо мы і ведалі ж іх толькі з казак, спачатку чутых, потым чытаных. Гэта я – пра мядзведзяў. А цыганы?
Дагэтуль бачыў я не цыганоў, а цыганак з цыганянятамі, яны хадзілі па хатах адны, без мужчын. У шырозных квяцістых спадніцах з мноствам бяздонных патайных кішэняў. Усе чарнявыя, з пацеркамі ды завушніцамі, голыя грудзі часамі відаць. На адной руцэ малы галапупец, а ў другой – вялікі, знізу закураны чайнік. Туды яна злівае малако, якое хто дасць, салодкае, кіслае – брр!.. Я не еў бы, а мама казала: «От, на агні яго адтопіць, з'есць тварагом». Усе цыганкі здаваліся мне бруднымі, ніколі не мытымі, і зверху, і пад сваімі квяцістымі кофтамі і шырачэзна-даўжэзнымі спадніцамі. То варажыць, гадаць налазяць, то просяць завучана:
– Мая ж ты бабка, залатая твая шапка, уся ты ў раі, толькі пята на краі! Дай беднай цыганцы сала, каб і пяту ў рай схавала!..
Ці так яшчэ:
– Дай ты, бабка, майму малачка, а свайму хоць смятанкі дасі. Красіваму ды башкавітаму! І будзеш ты жыць да белага воласу, да чорнага зуба!..
Абдурвалі яны людзей па-рознаму. Мама расказвала, як адна баба пашкадавала цыганянятка, якое цыганка пакінула «на хвілінку» ў хаце. Баба тая: «З марозу, бедненькае, ацэпла…» Узяла яго на печ, а цыганка ўбягае ды ў крык:
– Ты мне дзіця навек акалечыла! Як я вазьму яго на мароз?!
Ледзь адкупілася – салам, мукою, толькі б забрала.
А ў Руце было і такое. Гарманіст Качан і цыганка так адно аднаго ўпадабалі, што пажаніліся. Ён быў бедны, гультаяваты, і нешта праз год яго чарнявая сказала:
– Сядзі ты, міленькі, хаты глядзі, а я сама пайду хлеба шукаць. З сыночкам пойдзем, тату ам-ам прынясем.
Я і сам бачыў яе, бо і да нас яна заходзіла. Гэта яна – з галапупцам ды з чайнікам. Адна, без цыганак. І хлопчык ужо не чарнявы, а беленькі.
Усё цыганкі, цыганкі… Пра цыгана аднаго гаварылі, што ён забіў табурэткай мілтачоўскага злодзея Саўку – такога дужага, што паднімаў за аглоблі, навыцяжку, перадок воза. Ды гэта было недзе вельмі далёка, у таямнічай для нас, падшыванцаў, страшнай турме. А ў нашых Аўсяніках, і ў Руце, і ў Мілтачах, нават у цётчыных Ярах не бачыў я ні цыганоў-мужчын, ні цыганскага табара. У кнізе Канапніцкай, вельмі цікавай казцы, якую Камар чытаў нам некалькі дзён, цыган хадзіў па кірмашах адзін, пакуль не злавіў сабе двух «красналюдкаў», маленечкіх чалавечкаў. А ў нашай кнізе Пушкіна быў цэлы табар, і, чытаючы пра яго, калі адзін, дык і ўголас самому сабе, я ажно ўздрыгваў – так гэта хораша:
…И песни жен, и крик детей,
И звон походной наковальни…
Ці там, дзе стары гаворыць Алеку:
…Железо куй – иль песни пой
И села обходи с медведем.
Ды гэта ж у казках, у кнігах усё, а цяпер…
Адкуль, куды яны ішлі – сем цыганоў і сем мядзведзяў – ніхто не ведаў і не даведаўся. А нас, малых, гэта і не цікавіла. Ішлі – як з казкі, і мы побач з імі ішлі, як у казцы.
Натоўп усё меншаў патроху, старэйшыя адставалі, вярталіся. А мілтачоўскія дзеці дайшлі аж да нашай вёскі. Убачыўшы, што цыганы, якія і ў Мілтачах не спыняліся, цяпер не збочылі ў Аўсянікі, пайшлі і далей правым бокам гасцінца, дзеці спыніліся, пастаялі і вырашылі вяртацца. Далей ісці не падахвоціла іх і тое, што з нашай вёскі – ад гумнаў, полем – беглі ўжо на гасцінец дзеці і дарослыя…
Вярнуўся і Зяма. Я толькі трохі падышоў з ім, а потым мы пагаварылі, што ў Мілтачы мне сёння позна ўжо, бо вунь і сонца хутка сядзе.
Першы наш дзень, такі цікавы, закончыўся проста. Нават за руку мы не развіталіся.
Потым я яшчэ цэлы год хадзіў дома ў трэці, і з Зямам мы бачыліся вельмі рэдка. Тады быў год у чацвёртым, ужо ў Мілтачах, калі мы з ім нават за адной партай сядзелі. А па канікулах, калі ўжо мы сустрэліся ў пятым, яно і здарылася ўпершыню ў маім жыцці – пацалаваўся з хлопцам. Ад радасці. Хоць ён і не сваяк які, а проста дружны, вясёлы таварыш.
11
Тады з вайны вярталіся па-рознаму. Хто зусім цэлы, здаровы, хто трохі паранены, хто газу глытнуў і яшчэ ўсё бухукае. Адзін быў бязногі. Другі на каня крычаў «донарвэтар»: гэта – з палону, дзе ён, у той Германіі, і «страляць» навучыўся ў хаце, добра, што хоць не за сталом, як тыя яго «баўэры».
А некаторыя і не вярнуліся…
У Тоні бацька быў. Няхай сабе ён для нас, малых, «нейкі латыш», у нейкім горадзе Лібава, – але быў, і яна не сірата, хоць бацьку таго ніколі не бачыла.