355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вольдемар Бааль » Плацiнавы абруч (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:23

Текст книги "Плацiнавы абруч (на белорусском языке)"


Автор книги: Вольдемар Бааль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

Ён так захапляўся, што забываў, куды ляцiць, а калi схамянаўся, то бачыў: унiзе чарнее зямля, а ўдалечынi чарнее лес, а ў абмялелых рэках кiшаць усялякiя стварэннi i цьмянае сонца садзiцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае i напышлiвае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?

Магутны Арол апiсаў круг i ляцеў у замак. "Не, – казаў ён сам сабе стомлена. – Не будзе паўтарэння. I не трэба паўтараць..."

Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нiбы нехта яго паклiкаў. Цi гэта яму прыснiлася, цi хваравiты стан выпадкова выдаў той вокрык – у першыя секунды нiчога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая i месячная, стаяла мёртвая цiшыня. Ён падышоў да дзвярэй – за iмi стукала сэрца Старэйшага Сокала i Магутны Арол зразумеў, што трэба рабiць. Цела яго ныла i хвалявалася, нiбы ён вось-вось мусiў кiнуцца на ворага.

– Сокал? – гучна, як калiсьцi раней, паклiкаў ён.

– Ёсць, Ваша Недаступнасць!

– Дваццаць шулёнкаў! – Ён не адважыўся загадаць "сорак", як раней: колькасць iх ужо значна зменшылася.

– Ёсць...

I ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне i – спакойны голас: "А цяпер вы павiнны памерцi..." Толькi ўмяшання пана ўжо не трэба было – усе шулёнкi памерлi самi, такiя яны былi слабыя: невялiкая натуга, сутарга i – канец... Ён прыпаў да Абруча i прастагнаў:

– Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калi ён вымавiць маё iмя! Хачу ведаць гэта невядомае "потым"...

I святло Абруча напружылася i заiскрылася.

21

"Яны зноў, – чытаем у Пасвячонага, – прывялi ў дзеянне свой абскуратар i знiклi, i, такiм чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стамiлiся i пажадалi зрабiць перапынак i неабходныя манiпуляцыi для аднаўлення сiл, манiпуляцыi, сведкам якiх я не мушу быць.

Кожны раз, калi яны "знiкалi", мяне здзiўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваiх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што – можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў ноблы не баялiся iх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. I раптам – абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, i я зразумею. Значыцца, яны хацелi засланiць ад мяне даступнае. Што?

Раскрываючы свае "цуды", ноблы не баялiся i здзiвiць мяне, гэта значыць выклiкаць у мяне пачуццё звышнатуральнасцi, – яны былi перакананыя, што не выклiчуць; iнакш кажучы – проста ведалi, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палiчым незразумелае за звышнатуральнае i не будзем падаць нiц, як падалi перад зiхаценнем маланак i ўдарамi перуноў нашы далёкiя продкi. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. I цяжка iм было памыляцца адносна мяне, iстоты, якая назiрае з транскамунiкатарам у руках – вядома, недасканалым з iх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.

Такiм чынам, яны зрабiлiся нябачныя, а я пачаў чакаць iх з'яўлення i пакуль што раздумваў над убачаным i пачутым. Я думаў над гiпотэзай – "ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю". Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю i ноблаў, па ўсёй верагоднасцi, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў i тэхнiчныя магчымасцi робяць iх намнога больш магутнымi. Iм у сябе цесна, i гэта сур'ёзная акалiчнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае i мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. "За рукi возьмемся, сябры", як сказаў паэт мiнулага веку.

Але ёсць i другая гiпотэза: "ноблы шукаюць з намi кантакту, якi разумеюць адпаведна сваёй лагiчнай сiстэме". I калi яны пакуль яшчэ не iдуць на непасрэдны дыялог, то таму толькi, што не маюць дакладных i поўных, на iх думку, ведаў пра нас. Адным словам, праяўляюць асцярожнасць.

Магчыма (i да гэтага я схiляюся ўсё больш), справа не ў адной асцярожнасцi, а i ў тым, што ноблы неаднолькавыя, гэта значыць – мысляць неаднолькава. Адны больш ваяўнiчыя, кажучы нашай мовай, i прагнуць атрымаць жыццёвую прастору сiлай, другiя ж, мяркуючы па ўсiм, настроены iнакш. Гэта значыць, памiж першымi i другiмi няма поўнай згоды, што, трэба думаць, таксама затрымлiвае ажыццяўленне iх планаў.

Такi вывад напрасiўся ў мае разважаннi, калi я думаў пра Настаўнiка юнакоў, якi пажыў ужо на Зямлi i якога немагчыма адрознiць ад чалавека. Яго погляд, паводзiны, яго словы... Няма сумнення, што ён належыць да другiх у маiм умоўным, прыблiзным iх падзеле.

Я ўвесь час адчуваю, што памiж iм i мною нiбы тэлепатычная сувязь. Ён заўсёды як быццам падказвае мне: вось тут трэба засяродзiць увагу, а тут аслабiць, зразумейце маю працу правiльна, гэта сур'ёзна. А я быццам падтакваю, прашу тут запаволiць, там паскорыць...

Урэшце, час: я адчуў невыразны сiгнал, зараз яны працягнуць..."

* * *

Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён iм падтаквае.

Цяжкавата тут, паслягэтага месца "Запiсак", не западозрыць нашага Пасвячонага ў залiшняй даверлiвасцi i мяккасардэчнасцi. Але што зробiш: ён Пасвячоны.

22

Магутны Арол перажываў першыя днi бяссмерця. Цялесных змяненняў нiякiх не было, толькi ўсярэдзiне нiбы нешта спынiлася i зацвярдзела. Не адчувалася i прылiву сiл, на якi ён так разлiчваў. Затое з'явiлiся дасюль незнаёмыя, якiя нарасталi, быццам прыступы, адчуваннi пазачасавасцi i абыякавасцi да ўсяго. Ён ужо не харашыўся перад люстэркам, не сачыў за сваёй знешнасцю, а хадзiў з апушчаным хвастом i валочачы крылы; апярэнне яго звалялася i набыло той неканкрэтны колер, якi звычайна лiчыцца адзнакай або поўнай адлучанасцi ад надзённага, або – хваробы. Ён ужо амаль не выходзiў са спальнi, i спатрэбiлася зусiм мала часу, каб ён яшчэ адвык мыцца, праветрываць пакой i лiчыцца з тым, што ад яго кепска пахне. Цiхi Дзяцел збянтэжана адварочваў сваю доўгую дзюбу i даваў iнфармацыю, амаль не раскрываючы яе. Ён даносiў на Аракульку, але Магутны Арол адмахваўся:

– Не мароч мне, нарэшце, галавы.

I той таропка пакiдаў яго.

Спачатку Магутны Арол цешыў сябе думкай, што будзе жыць вечна, ВЕЧНА! Аднак неўзабаве ён так асвойтаўся, што пачуццё "вечнасцi" зусiм прапала, i замест яго ўзнiклi пустата i холад, а ўсё, што адбываецца наўкола, здавалася мiражом або выдумкай. I яму было дзiўна, што нехта ўваходзiць, кажа "Ваша Недаступнасць", прыносiць абед, i толькi потым аслаблая памяць падказвала iмя таго, хто ўваходзiў, – "Сокал".

А ўладаннi яго канчаткова заняпалi: амаль усё жывое вымерла, рэкi перасохлi, як быццам яны тут i не цяклi нiколi. Потым пайшлi яшчэ i пажары: у адным месцы загарэлася ад навальнiцы i так полымя пачало шугаць ва ўсе бакi, што не суняло яго нi дажджом, нi паводкай. Пасля гэтага зямля зрабiлася роўная, чыстая i цёмная. Дарэмна над папялiшчам рыскалi шулёнкi – нi адно стварэнне не трапляла на вочы, нi адзiн рух жыцця не ажыўляў пустынi. Толькi вецер паднiмаў слупы попелу i пылу, i яны, упiраючыся ў неба, ламаючыся i ўючыся, неслiся да мора. I шулёнкi прыляталi нi з чым, ачмураныя спякотай i жахам, i Старэйшы Сокал забiваў каго-небудзь з iх i нёс Яго Недаступнасцi на абед. З гэтай прычыны шулёнкi пачалi ў вялiкiм страху разлятацца: адны старалiся прабiцца за мора, другiя – праз пажарышча, але большая частка гiнула, бо прасторы былi шырокiя, а шулёнкi знясiленыя.

Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатнiх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзiў па адным, забiваў i нёс пану; рэшткi ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкi, каб не памерцi з голаду, рылi ў казематах зямлю i харчавалiся карэннямi, гнiллю i мышамi, калi яны траплялiся. Яны зусiм адзiчэлi i, мабыць, неўзабаве пачалi б пажыраць адзiн аднаго, як пацукi, калi б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць iх кожнага асобна.

Невядома, чым жывiўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гiбела Зязюля, затое дакладна вядома, што Цiхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылi ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства iх поўзала, лётала, скакала па ўсiм замку, i Дзятлу заставалася iх спакойна глытаць.

Магутны Арол тым часам зрабiўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманiў толькi са Старэйшым Сокалам i толькi пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў i драмаў i нi пра што не думаў. Нi голад, нi прага яго не даймалi – бо нi галодная i нiякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэннi Старэйшага Сокала з'ядалiся лянiва, па звычцы, без нiякага задавальнення.

А ўвогуле ён не адчуваў нiякай няёмкасцi, яму было проста ўсё роўна. I так днi iшлi i iшлi, але нiчога не мянялася.

23

Аднойчы вечарам, калi Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелi, за дзвярыма пачулiся галасы.

– Нельга! – чаканiў Старэйшы Сокал.

– Вельмi важна! – настойлiва казаў цiхi голас.

– Яго Недаступнасць адпачываюць!

– Прэч!

Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся i крыкнуў:

– Сокал! Пусцi Дзятла!

I не паспеў Цiхi Дзяцел пераступiць парог, як апынуўся ва ўчэпiстых кiпцюрах уладара. Магутны Арол i сам быў здзiўлены такому спрыту i прылiву гневу i энергii, але раздумваць не стаў.

– Дрэнь! – закрычаў ён лютым голасам. – Колькi, Дрэнь, ты будзеш трывожыць душу? Дакуль будзеш мучыць мяне?! – I з гэтымi словамi шпурнуў яго ў сцяну так, што ў таго перад вачыма павiсла вясёлка. Але здзiўленне i страх былi настолькi вялiкiя, што Дзяцел умомант апамятаўся i залепятаў:

– Крумкач, Ваша Недаступнасць... Запiскi... Сшытак...

Але пан гэтым разам не захацеў выслухаць свайго надзвычайнага слугу: ён зрабiў крок наперад i наступiў на Дзятла, i той расплюшчыўся. Вось так сумна скончылася жыццё Дзятла.

А Магутны Арол адшпурнуў яго цела i, яшчэ калоцячыся ад злосцi, праклекатаў:

– Выкiнь, Сокал, гэту Дрэнь. Я яго нават есцi не стану. – I Старэйшы Сокал з'еў Дзятла сам.

Толькi потым, калi ўляглося абурэнне, Магутны Арол успомнiў перадсмяротныя словы з'едзенага – успомнiў, задумаўся i зразумеў, што будзе бяссонная ноч.

Ён падбадзёрыўся, пачысцiўся, наколькi гэта было магчыма без пабочнай дапамогi, i стаў у царскую позу, як гэта бывала раней, калi размаўляў з падначаленымi.

– Сокал! – паклiкаў ён i, калi той з'явiўся, сказаў: – Ты быў мне заўсёды самым адданым слугой. Ты адзiн не здрадзiў мне ў маiх няшчасцях. Дык вось, Сокал, мы застаёмся ўдвух – гэту дурнiцу з нiшы пад увагу браць не будзем. Таму скажы: ты не пакiнеш мяне, што б нi здарылася?

– Я не iсную без волi i клопатаў майго пана, Ваша Недаступнасць! – адразу адказаў целаахоўнiк.

– Я люблю цябе, Сокал. А цяпер iдзi i прывядзi Крумкача.

I вось перад вачыма Яго Недаступнасцi Магутнага Арла стаяў брамнiк замка Старажытны Крумкач. Ён, здаецца, чакаў гэтага спаткання i таму быў спакойны.

Доўга моўчкi пазiраў на яго Магутны Арол, потым глыбока ўздыхнуў i сказаў такiя словы:

– Служыў ты мне, Крумкач, доўга, надта доўга, каб не падазраваць цябе ў бескарыслiвасцi. Ты перажыў многiх, хто быў важнейшы i больш знатны за цябе. Перажыў, а мог i не перажыць. Мог, але перажыў. А вось чаму, што на гэта скажаш?

– Разумею, Ваша Недаступнасць, – адказваў Крумкач. – Мне, праўду кажучы, i самому дзiўна, як гэта дасюль так абыходзiлiся са мной.

– Так, Крумкач, я заўсёды ведаў, што ты разумная птушка. Але вось скажы, будзь ласкавы, цi кепска табе жылося ў мяне?

– Ды не, Ваша Недаступнасць. Акрамя таго, што сцярвятнiкi Вашай Недаступнасцi два разы разбурылi маё гняздо i перабiлi крумкачанят ды аднойчы зламалi крыло маёй старой, ужо нябожчыцы, нiчога дрэннага не было.

– Можа, ты кепска еў або цвёрда спаў? Цi праца была не па сiле?

– Дзякуй богу, па сiле, Ваша Недаступнасць, не скарджуся. I еў-спаў няблага. Як вядома, мы народ непераборлiвы.

– Ну а можа, ты якую асабiстую крыўду таiў?

– Не, Ваша Недаступнасць, асабiстай крыўды не было.

– Дык якога ж ты, Крумкач, чорта пiшаш нейкiя там запiскi? Завёў сшытак, тоiшся, i я даведваюся пра гэта толькi цяпер!

Тут Старажытны Крумкач усмiхнуўся, паглядзеў проста ў гордыя вочы ўладара i прамовiў:

– Я гатоў. I хачу пазбавiць Вашу Недаступнасць ад лiшнiх пытанняў. Але гаварыць буду толькi з вока на вока.

– Сокал, выйдзi! – пачулася неадкладнае распараджэнне.

I потым Старажытны Крумкач сказаў сваё слова, якое мы прыводзiм дакладна, як расказваецца ў "Запiсках" Пасвячонага.

"– Арол! Ты магутная i вольная птушка. I я табе служу, як служыў твайму папярэднiку, якога ты перамог у лютым баi. Але служыў я i папярэднiку твайго папярэднiка, i яшчэ раней, i нават тады, калi ты не быў не толькi Магутным Арлом, але i Грозным Мядзведзем, але i Змрочнай Пантэрай, але i Белай Рыбай, а быў звычайнай Маленькай Дафнiяй з пароды карычневых, што мiрна жылi каля старога пня сярод гнiлога балота. Крумкачы, як бачыш, доўга жывуць, таму шмат i ведаюць. Ты быў радавой дафнiяй i адрознiваўся ад астатнiх хiба што выдатным здароўем ды ўпартым норавам. Але цябе загубiла славалюбства. Яно напаiла ядам тваю гордасць, гордасць кiнула цябе ў вiр крыўды, крыўда выгадавала помсту, помста спарадзiла зайздрасць, а тая – прагу ўлады. Цi памятаеш ты, Арол, што табе, памiраючы, расказала Старая Дафнiя? Яна перасцерагала цябе. Але зернi мудрасцi ўпалi на бясплодную глебу – памылiлася старая. У тваiм уладаннi апынуўся Плацiнавы Абруч – ды цi разумееш ты, якая рэдкая доля табе выпала?! Бо твой Абруч – ключ да Праўды. А ты з яго зрабiў цацку. Ты пакiнуў сваiх сародзiчаў i здрадзiў iм. З помсты ты наслаў на iх Чорнага Жука, ад продка якога iх выратавала Старая Дафнiя, якая даверылася табе. I табе мала здалося аднаго, дык ты напусцiў i другога. I цяпер няма больш дафнiй каля старога пня, Ваша Недаступнасць, нiводнай не засталося. Чорныя Жукi зрабiлi сваю справу. Яны самi загiнулi: нечым было жывiцца i, раз'юшаныя i галодныя, яны накiнулiся адзiн на аднаго i забiлi самi сябе. Пачварныя iх шкiлеты ляжаць на дне сажалкi, на тым самым месцы, дзе ляжаў Плацiнавы Абруч. I зарастае мясцiна карычневых дафнiй розным пустазеллем. Цябе ж, Арол, прага ўлады пацягнула ўсё вышэй i вышэй i ўсё далей ад Праўды. Так, ты дасягнуў вялiкiх вышыняў, ты стаў магутны i славуты. Але скажы, цi быў ты хоць хвiлiну шчаслiвы? Цi быў па-сапраўднаму i свабодна шчаслiвы? О, як жа ты, дурань, не датумкаў, як не здагадаўся! Ты патрабаваў i патрабаваў, тваiм убогiм жаданням не было канца, а Плацiнавы Абруч даваў i даваў. Але ж тое, што давалася, не магло быць суцяшэннем. Абруч жа не дае суцяшэння. Ён адмаўляе ў iм – такая ўмова! I Старая ж Дафнiя, якая папрасiла вызвалiць сваiх, не была суцешана – яе ацуралiся i абвiнавацiлi ў палахлiвасцi i здрадзе, не ведаючы, што выратавальнiца – яна; жыццё яе скончылася ў галечы i невядомасцi. Абруч выканаў яе жаданне, але не суцешыў! А табою атрыманае суцешыла цябе? I ты нi разу не задумаўся – чаму? Ты нiчога не зразумеў, Арол... Суцяшае дабро. Але ты яго нiколi i нiкому не рабiў. Суцяшае дружба, суцяшае каханне. Але не было побач з табою нi дружбы, нi кахання... Не, ты нiчога не змог зразумець нi ў пачатку, бо быў дурной i ганарыстай Маленькай Дафнiяй, не разумееш ты i цяпер, бо – дурны, стары, бездапаможны Арол.

А скажы, што ты пакiнуў пасля сябе? Якую частку дабрынi можна вымераць? Якую справу назавуць тваiм iмем?.. Разбурэннi. Дык колькi ж каштуюць воля твая i велiч твая? У iмя чаго яны? У iмя чаго ты?..

Я ведаю – ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробiцца горкiм, вялiкiм цяжарам. I так будзе заўсёды. Такi шлях твой сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацiнавы Абруч, як табе вядома, не забiрае назад бяссмерця, ён можа яго толькi даць.

Так, я запiсаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць i давялося яму пахiтраваць. А напiсаў – для навукi каму-небудзь. Хто ведае: можа, калi-небудзь хто знойдзе Плацiнавы Абруч i, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго i выказаць жаданне. I вось памятай, Арол: хоць ты i мацнейшы за мяне, а запiсак маiх табе не бачыць. Ты нiколi не знойдзеш iх, калi нават перакапаеш усё сваё царства... А цяпер воля твая, Ваша Недаступнасць..."

Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.

Нарэшце ўладар узняў змрочны позiрк, абвёў сваю спачывальню i, спынiўшыся на брамнiку, сказаў:

– Уважлiва слухаў я цябе, Крумкач... Шкада, не ведаў, што ты гэткi забаўны выдумшчык, а то паклапацiўся б раней... I за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гiсторыю праўдзiва i чэсна, вось табе мая воля: iдзi i жывi, нiхто цябе не кране. I мiрна пiшы далей, я не пярэчу.

Усмiхнуўся Старажытны Крумкач, пакланiўся i выйшаў.

Той жа ноччу царскi брамнiк раптоўна сканаў у сваёй каморцы.

24

Мiнуў час.

Старэйшы Сокал аслеп ад старасцi. Ён дзяжурыў ужо не за дзвярыма, а ў самой царскай спачывальнi. Як i раней, ён выконваў усе – ужо рэдкiя цяпер даручэннi свайго пана, карыстаючыся адным толькi сваiм нюхам, так што страта зроку хоць i недахоп, але ўжо не такi, каб дужа засмучацца. Ён адчуваў кожны рух уладара, кожнае жаданне Магутнага Арла адразу рабiлася i яго жаданнем, кожнае слова найвышэйшага было адзiным, што мела сэнс i значэнне. Магчыма, Старэйшы Сокал дагэтуль не памёр толькi таму, што на гэта не было загаду, а значыць, i права.

Шулёнкi скончылiся – Старэйшы Сокал выцягнуў з каземата апошняга.

– Iх больш няма, Ваша Недаступнасць. Магутны Арол паглядзеў на ўбогую кучачку пер'я i грэблiва адвярнуўся.

– Можаш з'есцi яго сам.

I целаахоўнiк адразу адказаў: "Ёсць!"

I з таго часу для харчавання пачаў лавiць мышэй. Калi ўжо i мышы ўсе перавялiся, ён прапанаваў на абед сябе.

Магутны Арол пачаў яго супакойваць, загадаў не падаць духам i спадзявацца, што заўтра з мышамi пашанцуе. Але Старэйшы Сокал упершыню за шматгадовую службу запярэчыў пану:

– Ваша Недаступнасць павiнны абедаць... I калi я нiчога не знайшоў...

Бачачы, што спрачацца справа марная, Магутны Арол абяцаў падумаць, i ад'ютант у сваiм куточку каля дзвярэй змоўк, i нiшто больш не трывожыла яго душы.

Ён чакаў увесь дзень i ўсю ноч, i наступны дзень, i наступную ноч, але ўладар нiякiх адзнак голаду не выказваў.

Праз тры днi Старэйшага Сокала апанавала забыццё, яму здавалася, што ён у вялiкай светлай зале, а вакол – безлiч тоўстых тлустых мышэй, i ўсе яны глядзяць на яго i навыперадкi просяць iх з'есцi. Ён зрабiў крок да блiжэйшай, але закружылася галава, падкасiлiся ногi, i ён павалiўся, раскiнуўшы крылы. Адразу ўсё знiкла, i Старэйшы Сокал прыпомнiў, дзе знаходзiцца, i зразумеў, што памiрае.

– Хто там? – пачуўся грозны воклiч.

Ён хацеў устаць, але сiл хапiла толькi на тое, каб падцягнуць крылы.

– Гэта ты? – спытаўся Магутны Арол i нахiлiўся над iм.

– Я зараз, Ваша Недаступнасць, – прашаптаў ён, i слёзы пацяклi з яго невiдушчых вачэй, нiколi за сваю доўгую службу ён не быў перад Яго Недаступнасцю ў такiм бездапаможным становiшчы.

– Ану, – сказаў Магутны Арол, – супакойся. Ты знясiлеў ад голаду. Зараз я пайду i пашукаю табе чаго-небудзь. Усё мiнецца. Хочаш, я прынясу табе Зязюлю? А то мы зусiм забылiся пра гэтую падлюгу-манюку. Дык вось я i прынясу табе яе, чаго з ёй цырымонiцца!

– Я памiраю, – ледзь вымавiў Старэйшы Сокал i заплакаў яшчэ мацней. Няхай Ваша Недаступнасць даруюць мне за такую подласць, што пакiдаю Вашу Недаступнасць у адзiноце. Але я сумленна служыў... – Слёзы яго былi горкiя i пякучыя.

– Ах, сябра мой, сябра, – вымавiў Магутны Арол i пагладзiў памiраючага крылом. – Сапраўды, ты служыў мне шчыра, ты адзiны, хто быў бескарыслiвы i адданы мне да канца. Бывай жа, мой верны таварыш.

I яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс суцешыўся i заплюшчыў вочы.

Так Магутны Арол застаўся адзiн.

Адзiчэлы, ён сноўдаўся па замку – то ў поўным бяспамяцтве, то хаваючыся ад неiснуючых ворагаў i клiчучы на дапамогу неiснуючых сяброў. Часам ён ужо не цямiў, хто ён i што вакол яго. А калi памяць прасвятлялася, ён мярцвеў ад думкi, што гэтак будзе заўсёды, заўсёды...

Ён прыгадаў Аракульку i радаваўся, што не аддаў яе з'есцi свайму ад'ютанту ў хвiлiну душэўнай расслабленасцi. Хадзiў па ўсiх пакоях, заглядваў ва ўсе нiшы, клiкаў, але дарэмна – Зязюля хавалася ад яго. Заходзiў у былую залу прыёмаў, глядзеў на пачарнелы трон, пакрытыя плесняй сцены i абваленую столь i нiяк не мог успомнiць, якое гэта памяшканне.

– Ку-ку! – гучала ўвышынi i сцiхала пад скляпеннямi.

– Аракулька! – старэчым голасам загадваў Магутны Арол. – Зараз жа iдзi сюды! Чуеш? Я патрабую!

– Ку-ку!

– Аракулька! – прасiў ён. – Не бойся! Я ж пажартаваў, прапануючы цябе Сокалу. Гэта былi толькi словы, я ж заўсёды адносiўся да цябе па-сяброўску. I мне цяпер дужа трэба пагаварыць з табою...

– Ку-ку! – адклiкалася цiшыня, i са столi сыпалася парахня.

– Аракулька! – упрошваў Магутны Арол, не выцiраючы слёз. – Злiтуйся! Я проста вар'яцею ад суму. Ну папрасi чаго-небудзь! Хочаш, я дам табе бессмяротнасць? Ты ведаеш, я ж бессмяротны! I вось я згодны перадаць гэта табе. Хочаш?

I толькi непарушнае маўчанне было адказам...

– Не! – як паранены, крычаў Магутны Арол. – Памыляўся гэты стары бязмозгi iдыёт Крумкач. Памыляўся! Плацiнавы Абруч не ключ да Праўды... Якая ж яна сама, гэта Праўда! Яна ж халодная i жахлiвая. Яна мёртвая... Аракулька, скажы, скажы, колькi яна каштуе, такая Праўда? Колькi яна каштуе, калi ёю не карыстацца...

* * *

I тут, на жаль, зноў пропуск: ноблы знiклi. Затое потым, да самага канца, Пасвячоны бачыў усё вельмi добра.

25

Аднойчы ясным павольным ранкам Магутны Арол, несвядома блукаючы па замку, выпадкова забрыў у кабiнет, дзе калiсьцi была Галоўная Канцылярыя. Ад крэслаў i сталоў засталося толькi ламачча, каваныя шафы аселi, заржавелi i раскляпалiся, з прагнутых палiц спаўзалi стосы тоўстых папак. Па сценах сцякала брудная слiзь, капала са столi, усё было зацягнута густым i лiпкiм павуцiннем. Адна з папак была раскрыта, i праз плесню i гнiль неразборлiва праглядвала наступнае:

"...высо...ша загадваю ў ...лейшым назы...ць поўн... iмем аквiла рэгiя iнвiктус максi... ..ма векi ...оў ...".

Ён апусцiўся на падлогу, побач з папкай. Прамiльгнула здзiўленне: няўжо гэта было калi-небудзь важна?

Доўгi час ён быў у нерухомым стане. Потым устаў i выйшаў. Хада яго была нечакана цвёрдая, позiрк мэтанакiраваны.

Ён падняўся на адну з яшчэ ўцалелых вежаў, стаў на ветры i пачаў абтрасацца, счышчаць з сябе гразь, i гэта заняло нямала часу. Нарэшце ён скончыў i зычна гукнуў унiз:

– Бывай, Аракулька! Бывай, Зязюля!

Потым узмахнуў крыламi, упэўнiўся, што моц у iх яшчэ ёсць, i ўзняўся ў паветра.

Было цiха i бязвоблачна. Ён ляцеў хутка, набiраючы вышыню, i ўбачыў нарэшце спераду палоску мора.

Мора было спакойнае. Адлiвам агалiлiся карычневыя камнi i блiшчэлi на сонцы. Пясчаная каса пад скалой ужо ўся выйшла з вады i абсыхала.

Ён апусцiўся на пясок i пачаў разграбаць яго. Выцягнуў Плацiнавы Абруч, абтрос i паклаў на пясок, далей ад ямы. Потым перадыхнуў, узяў Абруч у кiпцюры i паляцеў над морам.

Ляцеў ён да самага вечара. I калi сонца ўжо садзiлася на ваду, пачаў кругамi знiжацца. I вось за некалькi метраў ад паверхнi ён галавой дакрануўся да Плацiнавага Абруча i сказаў сваё апошняе жаданне:

– Хачу быць дафнiяй. Але дай мне арлом даляцець да маёй радзiмы.

I з гэтымi словамi ён раскрыў кiпцюры.

* * *

"Цуд! Адбыўся цуд, – паведамляе Пасвячоны. – Уяўляю супярэчлiвасць i ненавуковасць дадзенага слова, але не магу не вымавiць яго: так, адбыўся цуд. I я хоць i чакаў яго, i быў гатовы, але ў першыя iмгненнi не мог паверыць сваiм вачам: мы прыйшлi да зыходнага. А больш дакладна..."

26

Каля старога пня ў далёкiм лесе было спакойна i ўтульна. Вiлiся мяккiя водарасцi, цвiў па краях мох, пузырылася цiна. У вялiкiм мностве пасвiлiся ў вадзе амёбы, iнфузорыi i драпежныя цыклопы; яны здабывалi ежу, гулялi i грэлiся ў сонечным праменьчыку, калi той з'яўляўся.

I жыла памiж iмi дужа старая Вялiкая Дафнiя, якой гэтыя амёбы нiколi не баялiся, бо яна нiкога не чапала i ўвогуле паводзiла сябе так, нiбы нiкога не бачыла. Жыла яна ў шчылiне кораня i выходзiла з дому, толькi калi прыходзiў сонечны прамень. Яна складвала антэны i ножкi – атрымлiваўся такi вось шэры камячок – i, перасоўваючыся разам з промнем, драмала.

Ёй снiлiся дзiўныя сны. То мроiлася, што яна – Белая Рыба i жыве ў светлай рацэ, то, што яна – Шыпучая Змяя, то – вялiзарны Грозны Мядзведзь, i тады аднекуль даляталi галасы нейкiх разумнiкаў, якiя разважалi пра iнстынкты, i адзiн з iх плакаў. Часам жа ёй снiлася, што яна – Магутны Арол, якi лунае высока ў небе i горда аглядае зямлю, а зямля скрозь – блакiтная i зялёная. Але тут жа, у сне, адбывалася дзiўнае раздваенне; яна жыла нiбыта ў двух тварах: адзiн, што спiць, перажываў неверагодныя ператварэннi, а другi, што не спiць, назiраў за першым i добра разумеў, што гэта – няпраўда.

– Вядома, няпраўда, – мармытала сонная Дафнiя. – Бо заўсёды ж была непераадольная цяга да стаячай вады. Праўда, гэты вось, з дзюбай, дык ён саромеецца прызнавацца i на ўсе лады маскiруецца. Але ж я ўсё бачу i ўсё пра яго ведаю...

Яна мармытала нешта яшчэ, усмiхалася i прачыналася. Сон пужаў яе сваёй невымернасцю, у свядомасцi яшчэ плавалi адгалоскi незразумелага i зусiм выразна чуўся нейчы строгi голас...

"Ах ты, мой божа, – кожны раз, уздыхаючы, думала Вялiкая Дафнiя. – I што за напасць: адно i тое самае, адно i тое самае... I пра бессмяротнасць нейкая лухта..."

I тут памяць глухла канчаткова, Дафнiя пераварочвалася на другi бок i падстаўляла яго сонцу i зноў засынала, рухаючыся разам з промнем.

27

Калi замак разбурыўся настолькi, што не заставалася нiводнай нiшы, дзе можна было спакойна пасядзець, Зязюля вылецела з развалiнаў i ляцела да таго часу, пакуль уладаннi Магутнага Арла не засталiся далёка ззаду.

Тут зноў быў лес, i светлыя паляны, i цiхiя рэкi, якiя кiшэлi рыбай i iншай жыўнасцю. А пасярод лесу было зарослае балота са старым пнём. Зязюля пражыла тут нейкi час, знесла яйка i падклала яго ў чужое гняздо. А калi пераканалася, што яму тут няма нiякай пагрозы, яна пакiнула гэтыя краi i ўжо нiколi сюды больш не вярталася.

28

"Спынiўся эвальвентар, замерлi iншыя апараты, пагаслi экраны – эксперымент быў скончаны" – так пiша Пасвячоны.

Ноблы, сцвярджае ён, выглядалi цяпер змарнелымi, нават нiбы пастарэлi так абвастрылiся рысы iх твараў. Настаўнiк выняў з кiшэнi штаноў бамбукавую люльку i распалiў яе ад лазернай запальнiчкi. Маладыя пераглянулiся.

– Гэта, – растлумачыў ён спакойным голасам, у якiм, аднак, улоўлiвалася прыўзнятасць, – мясцовы звычай адзначаць канец працы.

Другi паглядзеў прасiцельна; Настаўнiк даў люльку; юнак зацягнуўся, выпусцiў дым.

– Гэта незвычайна, Настаўнiк.

– Пасля некалькiх сеансаў гэта робiцца жаданым.

– Настаўнiк! – Другi ўсмiхнуўся. – Што з сябе ўяўляюць "спецыфiчныя токi планеты Хi", пра якiя ты так часта ўпамiнаў?

– Iх вельмi многа – катэгорыi, падкатэгорыi, разрады, класы. Усё разам называецца словам "страхi". Iх можна адчуваць. Мы далёкiя ад такiх спраў, аднак жыхары Хi моцныя на розныя страхi.

– Па-мойму, я ўжо адчуваю...

– Настаўнiк! – стомлены позiрк Першага спынiўся на старэйшым. – Ты атрымаў i экранiзаваў iнфармацыю гэтай дзiўнай птушкi!

– Запiскi Крумкача? – задуменна перапытаў Настаўнiк. – У такiм разе як жа быць з той часткай экранiзацыi, якая iдзе за смерцю брамнiка?

– У птушкi былi меркаваннi, прагноз. Ты экранiзаваў гэты прагноз. З таго, што зафiксавалася ў яе мозгу, лёгка стварыць лагiчны ланцуг. I калi ён абарваны, не цяжка будзе яго ўзнавiць.

– Нас вучылi, Настаўнiк, што ты можаш усё, – смеючыся, сказаў Другi.

– Вы, мабыць, вырашылi, што я ашукаў вас?

– Не, – сумеўся Другi. – У цябе, вiдаць, была пэўная вучэбная мэта.

– У цябе была мэта, – згадзiўся Першы.

– Так, – сказаў Настаўнiк. – У мяне была вучэбная мэта. Вы сталi сведкамi эвалюцыi нiжэйшага. Падрыхтоўчы этап скончаны. Што цябе бянтэжыць? – звярнуўся ён да Першага. – Эвалюцыя лонаў Хi не скапiравала эвалюцыi нашых лонаў, якую табе прадэманстраваў вучнёўскi эвальвентар? А табе хацелася б, каб скапiравала?

– Не.

– Дык што ж цябе бянтэжыць? Ты ж цяпер пераканаўся, што нашы лоны i гэтыя – розняцца. На жаль, у цябе былi прабелы – вучнёўскi эвальвентар быў недасканалы, i ты не ўбачыў пiка эвалюцыi. Затое ты ўбачыў пiк гэтай эвалюцыi. Так, вынiкi супалi. Але ж гэта не азначае, што i пiкi супадаюць, цi не так? Або цябе бянтэжыць магчымасць экранiзацыi чыёй-небудзь iнфармацыi i прагнозаў. Урэшце, цi чыстая тут работа эвальвентара або экранiзацыя паслядоўнай iнфармацыi – у любым выпадку ты ўбачыў сапраўдны малюнак. Што ж усё-такi цябе бянтэжыць?

– Я, – цiха прашаптаў Першы i апусцiў вочы, – i тады бачыў пiк. Мой вучнёўскi эвальвентар працаваў нармальна.

– Значыць, ты ведаў! – радасна ўсклiкнуў Другi. – Ведаў, што тэорыя Спiу правiльная?!

– Ён ведаў, – мякка сказаў Настаўнiк, пыхкаючы люлькай. – Ён бачыў пацвярджэнне тэорыi Спiу, але не верыў сваiм вачам. Так, мы паходзiм ад лонаў. Шматмiльённагадовая эвалюцыя зрабiла нас такiмi, якiя мы ёсць. Мы рынулiся на планету Хi. Але тут нам па незразумелых прычынах здрадзiлi наша мэтанакiраванасць, наша стойкасць i рашучасць. Мы чамусьцi зрабiлiся вялыя i маларухомыя, мы пачалi дапускаць шматзначныя адказы на пытаннi, намi авалодалi "страхi", мы пачулi ў сабе незразумелыя хваляваннi, нашу iснасць пачалi хваляваць гукi, пахi i фарбы, малюнкi прыроды, якiя мяняюцца. Але гэтыя акалiчнасцi не прыгняталi нас, а, наадварот, як бы вызвалялi ад чагосьцi пакутлiвага i цяжкога. Спецыфiка планеты?.. Урэшце, многiя з нас пазбавiлiся ваяўнiчых памкненняў i змяшалiся з мясцовымi, а iншыя, хто спалохаўся такiх дзiўных зменаў, пайшлi назад, дамоў, i там вымерлi. Ты гэта бачыў, мой хлопчык?

– Так, Настаўнiк, – нiбы паўсонны, адклiкнуўся Першы. – I таму тут апынулiся лоны... Але я не мог зразумець, як мы, якiя настолькi пераўзыходзiм iх ва ўсiх галiнах ведаў, як мы аказалiся пераможанымi? Што гэта за невядомая зброя, дзякуючы якой яны перамаглi?

– Гэта – каханне, – сказаў Настаўнiк.

Яны доўга маўчалi. Нарэшце Першы прагаварыў:

– Я не быў гатовы да палёту. Але не мог прызнацца нi табе, нi Савету Студыi.

– Ты быў гатовы, – кiўнуў Настаўнiк. – Быў гатовы.

– Нам далi няправiльную iнфармацыю! Мы нiчога не ведаем пра жыхароў Хi!

– Мы ведаем аднабакова. I няма нiчога горшага за аднабаковыя веды. Каб ведаць iх, трэба жыць з iмi.

Другi сеў на траву, потым лёг.

– Настаўнiк! Я не чую, пра што ў вас гаворка. Я не хачу слухаць. I не магу зразумець, чаму гэта так. Ты навучыў нас iх мове, iх звычам, iх манерам адчуваць i выказваць сваё адчуванне. I мне хочацца сказаць на iх мове: мне добра тут... Ты казаў "фарбы, гукi, каханне...". Пакажы ж нам яго – я не хачу нiякiх эксперыментаў.

Настаўнiк паглядзеў на Першага.

– У нас ёсць заданне! – вымавiў той.

Другi заплюшчыў вочы, дыханне яго стала глыбокае i роўнае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю