355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вольдемар Бааль » Плацiнавы абруч (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Плацiнавы абруч (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:23

Текст книги "Плацiнавы абруч (на белорусском языке)"


Автор книги: Вольдемар Бааль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)

Бааль Вольдемар
Плацiнавы абруч (на белорусском языке)

Вальдэмар Бааль

Плацiнавы абруч

Пераклад: Мiкола Татур

1

Ёсць такое слова "мiтусенне". Яно вось i лезе ў галаву, калi чуеш i справа i злева пра гэтых амiкантактах i хосцiкантактах, гэта значыць, выходзiць, прыязных i непрыязных адносiнах з iншагасцямi. Не дае цяпер людзям супакою даволi вядомая Н-6813! Планета – не планета, штучная – натуральная, i адкуль толькi яна ўзялася ў вашай сiстэме, i хто такiя ноблы, што яе засяляюць, i чаму ноблы, i што iм ад нас трэба. Дыскусii, гiпотэзы... Лепш бы людзям працаваць, а не мiтусiцца. Але працаваць, мабыць, i няма калi – раней трэба, бачыце, пра назвы i разуменнi дамовiцца... Божа! А цi стануць больш таннымi штаны ў краме, калi яны не "ноблы", а "барбы", чэрцi, д'яблы?..

I чэшуць жа языкi – каму не лень, каб толькi выхвалiцца: мы таксама, бачыце, не лыкам шытыя, не цураемся "апошняга слова". Але гэтых i браць пад увагу не варта – iм абы звон ды знешнi выгляд. Але тыя, што рухаюць прагрэс, свяцiлы i прыхiльнiкi, яны хiба не ў той жа моды, не ў таго ж мiтусення пад абцасiкам, пад гэтай лакiраванай шпiлькай, што цокае сабе i цокае па тратуарах, зменiцца пакаленне i – зноў цокаць, як цокала i стагоддзе i два таму назад?.. Вучоныя дзеячы, паважаныя i славутыя, – а калi разабрацца, то суцэльная гульня словамi, як у малых дзяцей. А цi не больш карысна, дазвольце запытацца, прыдумаць формулу, каб, напрыклад, суседзi жылi мiрна?

Не, я не супраць навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi цi там прагрэсу, бог з iм, няхай сабе мудрацы адкрываюць розныя часцiнкi, а свяцiлы выводзяць заканамернасцi i чытаюць галаваграмы. Але наўрад, наўрад цi якраз гэта найважнейшы паказчык узроўню нашага быцця. Я – просты, сярэднi грамадзянiн, звычайны член грамадства, i хiба маё самаадчуванне, маё пачуццё такi ўжо другарадны гук у аркестры жыцця?

Назавiце гэта лiрычным адступленнем – але-але, так i лiчыце: пачаў з лiрычнага адступлення. Ваша справа. Не шмат iх тут сабе я дазволiў. Бо я усяго толькi апавядальнiк, i ўсё наступнае – не больш як апавяданне, якога я не мог не напiсаць, бо вельмi паважаю Пасвячонага, гэтага дастойнага i заслужанага чалавека i вучонага, чые "Запiскi" мне пашанцавала трымаць у руках. Калi б не было яго "Запiсак", не было б i гэтага апавядання. Але мушу заявiць, што яго не было б i ў тым выпадку, калi б прыхiльнiкi так званага амiкантакту не паспяшалiся заявiць у адзiн голас, што "Запiскi" – вада на iх млын.

Мала хто чытаў "Запiскi" – большасцi гэта проста недаступна: увесь тыражок пайшоў на гэты iх сiмпозiум (мне экземплярчык дасталi); таму вось больш звону, чым уяўлення – часцей за ўсё мяркуюць па чутках.

Проста здзiўляешся, колькi пустых клопатаў у чалавека! А спытайся, "нашто табе гэта трэба", – i адказаць яму няма чаго. "Усе, маўляў... Ну, i я..." Або пачне што-небудзь пра пярэднi край навукi. Патрэбны ён яму, гэты пярэднi край...

Паўтараю: я паважаю Пасвячонага. Ён – чалавек самавiты, аўтарытэтны, яму вунь рэдкiмi прыладамi дазваляюць карыстацца. I не мне, вядома, тлумачыць i каментаваць яго словы. Але апавядаць, няхай i з лiрычнымi адступленнямi, я ўсё-такi адважыўся. Потым, (каб, з аднаго боку, спынiлiся плёткi, а з другога – астыў запал прыхiльнiкаў розных легкадумных амiкантактаў.

Амiкантакт, разумееце, гэта – сусветнае каханне... А ноблы, мiж iншым, да нас практыкантаў засылаюць...

2

Дык вось у гэтай гiсторыi з дафнiямi замешаны менавiта ноблы, i тым карысныя "Запiскi" Пасвячонага, што якраз i паказваюць, хто яны такiя i чым любяць займацца.

Што мы ведалi?

Мы ведалi, што планету (або што яно там) занесла да нас у суседзi гадоў шэсцьдзесят таму назад, што яна, вiдаць, можа кiравацца, што на сiгналы не адказвае i сама маўчыць, ну i яшчэ дзве-тры дробязi. А цi мы ведаем, з якой мэтай яна з'явiлася ў нашай сiстэме? А цi ведаем, на што нам спадзявацца, калi яны ўздумаюць высадзiць эскадрыллю? А цi зразумела iм будзе, што мы гуманоiды?.. Нiчога мы не ведаем!

Вунь наша Служба Назiрання ў сваiм бюлетэнi пiша: "Н-6813 наблiжаецца да нас i адыходзiць, зусiм знiкаючы з поля дасягальнасцi з перыядычнасцю ад двух да шасцi месяцаў". А мiж тым той жа бюлетэнь у 2036 годзе пiсаў, што Н-6813 "адсутнiчала" цэлых дзесяць месяцаў. Вось дык перыядычнасць!

Пасвячоны даказвае, што ноблы добра пра нас iнфармаваныя i iх намер, як ён лiчыць, "дакладна вызначыць немагчыма". Пры ўсёй павазе, прызнацца, не ўсё мне тут зразумела, не да ўсяго, што расказаў гэты вучоны муж, ляжыць маё сэрца, а некаторыя вывады, шчыра скажу, засмучаюць душу. З гэтай прычыны фразу пра намеры ноблаў, якiя "дакладна вызначыць немагчыма", я ўспрымаю як сур'ёзную перасцярогу.

Пасвячоны бачыў iх не раз яшчэ да той сумятнi з дафнiямi, сумятнi дзiкай i непраўдападобнай, на падставе якой розныя разумнiкi, аматары слоўцаў, адразу ж паспяшалiся абгрунтаваць iдэю пра "арбэвалюцыю" (развiццю па кругу) у супрацьвагу старой "гелэвалюцыi" (развiццю па спiралi). Пасвячоны пiша, што хоць яны падобныя да нас рашуча ўсiм, ён умее пазнаць нобла сярод сотнi чалавекападобных. Перад iх ведамi ён, мабыць, стаiць навыцяжку (няхай не прымуць за непачцiвасць у адносiнах да шаноўнага Пасвячонага). А мне зразумела адно: планета iх перагружана, iм трэба кудысьцi рассяляцца, а ўмовы ў нас i на Н-6813 амаль аднолькавыя. Вось i падумайце, з якiмi намерамi яны круцяцца вакол нас i нават адважваюцца на экскурсii сюды i, пры гэтым, адчуваюць сябе тут вельмi нават упэўнена.

У тым вось i справа, што не толькi Пасвячоны iх бачыў. Прагледзьце добра прэсу апошнiх гадоў, будзьце ласкавы, пагартайце – такi цiкавы малюначак адкрыецца!

3

Цi гэта ўжо ў Пасвячонага нейкi там свой метад, цi гэта звышдакладныя разлiкi, цi гэта асаблiвы нюх, – як бы яно нi было, а менавiта ён стаў сведкам таго, як аднаго дня на казачным поўднi, на паляне сярод джунгляў, цiхiм раннiм часам пагусцела крыху паветра, паднялося лёгкае воблачка пылу, i вось – нi адсюль, нi адтуль – на траву апускаецца невялiчкi апарат калачападобнай формы, i з люка вылазяць двое.

Трэба адзначыць, што дзiўны iх карабель з'явiўся менавiта бясшумна i незаўважна: гэта значыць, яны прызямлiлiся i толькi потым сталi бачныя. Вось яна якая тэхнiка, абскурацыя гэта самая, якая дазваляе рабiцца нiбы адсутным, калi на самай справе ты ёсць. Але хто мае вочы, той бачыць.

Значыць, яны прызямлiлiся, паказалiся i пачалi аглядвацца. А ўжо да iх з узлеску спяшаецца трэцi, i апрануты ён, не ў прыклад гэтым – у зiхатлiвых камбiнезонах, а зусiм як чалавек у той краiне: саламяны капялюш лейкай, падкасаныя па каленi штаны, хустачка на шыi. I яшччэ здалёк пачалi яны гаварыць, але так па-чужому, што Пасвячонаму давялося, само сабой, уключыць свой транскамунiкатар (апарат, якi выдаецца, мiж iншым, па асаблiвым дазволе), i толькi тады ён пачаў разумець iх тарабаршчыну.

Аднак дадзiм слова самому Пасвячонаму.

* * *

Яны прывiталiся, – пiша ён, – стрымана, нават суха, але твары iх задаволена свяцiлiся ад сустрэчы. Тыя, што прыляцелi, былi дужа маладыя, а хто сустрэў – сярэднiх гадоў.

– Вiтаем Настаўнiка, – вымавiлi юнакi, i старэйшы адказаў:

– Вiтаю пасланцоў Студыi Прагнозаў.

Студыёзусы пачалi моцна мiтусiцца, нiбы яны адразу мусiлi прыступiць да неадкладнай справы; старэйшы ж далiкатна стрымлiваў iх, запрашаючы спачатку сесцi i выслухаць яго, а ўжо потым брацца за тое, дзеля чаго яны прыляцелi.

Якiя былi iх намеры, я ў першыя хвiлiны не мог здагадацца. Аднак хутка зразумеў: юныя пасланцы Студыi Прагнозаў Н-6813 – свайго роду практыканты, кажучы нашай мовай, i накiраваныя на Зямлю для збору пэўных звестак, чым надзвычай ганарылiся; а Настаўнiк, таксама зразумеў я, жыве тут ужо даволi доўга, ведае пра нас усё i знаходзiўся сярод нас, мабыць, з мэтай асвойтацца, каб потым прымаць практыкантаў. Няма сумненняў, што iх Студыя Прагнозаў рыхтуе спецыялiстаў па Зямлi, якiх iм, нягледзячы на рознабаковую пра iх iнфармацыю, тым не менш не хапае. Магчыма, паняццi "вычарпальная iнфармацыя" i ў iх i ў нас не супадаюць.

Настаўнiк пасадзiў нарэшце сваiх падапечных, i яны надзелi на галовы зiхатлiвыя абручы (прылады для хуткага i глыбокага засваення, як я здагадаўся), i такiм чынам пачаўся першы ўрок для iх па Зямлi ўжо непасрэдна на Зямлi.

Цяжка перадаць, што я перажыў, назiраючы гэты ўрок. Здзiўленне? Збянтэжанасць? Захапленне?.. Настаўнiк мала гаварыў, скупымi i сцiслымi фразамi-формуламi вызначаючы толькi пэўныя вехi, абагульненнi; затое яго мiмiка, позiрк, якi бурна мяняўся, былi настолькi разнастайныя i багатыя i неслi, як вiдаць, такое мноства iнфармацыi i з такой iнтэнсiўнасцю, што мой транскамунiкатар адразу ж перагрэўся, я ўжо нiчога не разумеў i вымушаны быў выключыць машыну. Усё было ясна: Настаўнiк – унiкальны выкладчык i прадмет ведае, вядома, выдатна, на зайздрасць кожнаму з нас.

Яны знялi свае абручы, урок скончыўся, пачалi спрачацца. А тут i мой транскамунiкатар паспеў астыць, i я ўключыў яго i зноў пачаў разумець iх размову.

Гасцей, як высветлiлася, цiкавiла разумная iстота гэтай планеты, якую яны, мiж iншым, называлi "Хi", што ў перакладзе з iх мовы азначае "яйка". Такое было яго заданне – яны жадалi неадкладна ўбачыць гэту разумную iстоту, прасачыць з дапамогай спецыяльных прыладаў яго эвалюцыю, а таксама разлiчыць, як яна скончыцца. Трэба сказаць, што самым дзiвосным з iх дзiвоснай апаратуры быў эвальвентар, гэта значыць расшыфравальнiк, узнаўляльнiк чаго-небудзь ад пачатку да канца, няхай гэта "што-небудзь" пачалося нават мiльён гадоў таму назад. Да эвальвентара падключаўся дэкуртар, або скарачальнiк, якi паскараў працэс, а таксама – амнiвiзар, з дапамогай якога ёсць мажлiвасць усё выразна назiраць – прызначэнне гэтых апаратаў я зразумеў пазней. Адным словам, узброены яны былi казачна, i не цярпелася iм сваё ўзбраенне выпрабаваць на справе. Але Настаўнiк прасiў не спяшацца, вывучыць напачатку хоць бы флору i фаўну гэтай вось паляны. I яны да часу пакiнулi свае грозныя апараты i разбрылiся, а выкладчык iх сядзеў з усё тым жа пяшчотна-сумным выразам твару.

А мне было цiкаўна назiраць, як маладыя рухаюцца па паляне, раз-пораз робячы вялiкiя скачкi (гэту асаблiвасць ноблаў я ведаў яшчэ з першай сустрэчы з iмi васемнаццаць гадоў таму назад), якiм пазайздросцiлi б самыя славутыя нашы спартсмены.

I вось адзiн з iх, вышэйшы, якога ў далейшым мы будзем называць "Першы", наткнуўся на адзiнокi пень, убачыў лужыну каля яго, зачэрпнуў далонню, прыгледзеўся i здзiўлена вымавiў:

– Лон!

– Так, – сказаў Настаўнiк – Па-мясцоваму будзе "дафнiя".

– Як тут апынуўся наш лон? I такi дробненькi! I чаму ён плавае?

– Тут жывуць таксама сухапутныя лоны, якiя скачуць, – адгукнуўся Настаўнiк. – Яны таксама дробныя. I паразiтуюць на жывых.

– I разумных? – спытаўся Другi, якi падышоў.

– I разумных.

– Нашы ў сто адзiн раз больш.

– У сто адзiн i шаснаццаць сотых, – паправiў Настаўнiк. – I нашы на нас не паразiтуюць.

– Гэта i немагчыма, – засмяяўся Другi.

– Ты верыш у той стары прымiтыў? – насупiўся Першы.

– Тэорыя Спiу не прымiтыў, – з лагоднай усмешкай вымавiў Настаўнiк. – Яна была стройная.

I яны зноў пачалi спрачацца, i з iх спрэчак я зрабiў вывад, што нейкi iх мудрэц Спiу ў свой час распрацаваў тэорыю, у якой даводзiлася, што ноблы паходзяць ад лонаў, гэта значыць ад iх дафнiяў: сведчаннем таму некаторыя iх старыя эмблемы, статуэткi, культ насякомых у продкаў, а таксама ўменне ноблаў цудоўна скакаць. Далей я ўразумеў, што тэорыя iх мудраца была з часам адрынутая, аб'яўленая лжэнавуковай i аддадзеная забыццю, а новая гаварыла, што ноблы паходзяць ад ноблаў, i гэта цяпер лiчылася настолькi аксiёматычным, што, нават маючы на ўзбраеннi такiя разумныя машыны, як эвальвентар, амнiвiзар i iншыя, з дапамогай якiх можна было б за самы кароткi час аднавiць i прасачыць на экране iх эвалюцыю, яны адмаўлялiся ад такога доследу, бо падобнае расцэньвалася як учынак невуцкi, а то i амаральны, а таму правесцi такi дослед проста нiкому i ў галаву не прыходзiла. Ноблы паходзяць ад ноблаў – гэта зразумела i дзiцяцi, гэта быў абсалют.

Аднак на Зямлi, удалечынi ад сваiх, яны дазвалялi сабе паразважаць, як бачым, на тэмы, на якiя не маглi гутарыць дома, i нават спрачалiся. Першы нешта ўжо вельмi ўпарта паўтараў аб прымiтыўнасцi i лжэнавуковасцi старой тэорыi, а другi, трымаючыся, вядома ж, агульнапрынятага пункта погляду, пасмейваўся тым не менш, жартаваў з свайго прыяцеля, нiбы пацяшаючыся яго ўпартасцю i ўпэўненасцю. Настаўнiк зноў жа ветлiва i тонка наводзiў на думку, што ўсякi пункт гледжання правiльна было б, увогуле, паважаць, – вядома, без шкоды для дамiнуючага, – таму што калi ўжо ён, гэты пункт гледжання, запаланiў у свой час галовы, то, зразумела, невыпадкова: ён, трэба думаць, быў доказны i развязваў шмат якiя вузлы. Ён нагадаў маладым iншапланецянам, што мiсiя iх пакуль што выключна вучэбная i ў гэтых умовах усякае папаўненне ведаў заслугоўвае пахвалы, а значыць, каб прыступiць да асноўнага эксперыменту, яны могуць правесцi некалькi падрыхтоўчых, i чаму, напрыклад, не заняцца тымi ж дафнiямi: такi вось вопыт мог быць павучальны.

– Настаўнiк! – прамовiў Першы. – Мы нiколi не эксперыментавалi над лонамi. Гэта лiчыцца...

– Глупствам, – перапынiў весела Другi. – Але як хочацца адпачыць на гэтай утульнай Хi i пазаймацца глупствам.

– Гэта не мае сэнсу, – сказаў Першы.

– Хто сказаў, што лоны i дафнii – аднаго роду iстоты? – спытаўся Настаўнiк. – Хiба вас не вучылi, што падабенства формы не заўсёды мае на ўвазе падабенства зместу?

Так, ён пераканаў iх! Яны пачалi рыхтавацца да эксперыменту i правялi яго – эксперымент небывалы, якi нельга ўявiць, i я ўдзячны лёсу, што стаў сведкам гэтага.

Яны настроiлi сваю апаратуру. Каля пня былi ўстаноўлены эвальвентар, дэкуртар, амнiвiзар i iншыя апараты, якiм пакуль што i назвы няма на чалавечай мове. I калi ўсё было гатова, Настаўнiк сказаў:

– Не забудзьцеся пра стымулятар, разлiчыце час падключэння.

О, гэта ўжо не былi ранейшыя спрытныя, дураслiвыя юнакi, энергiя якiх рабiла iх такiмi падобнымi на нашых зямных; гэта былi суровыя, сталыя iстоты з засяроджанымi тварамi.

– Абскуратам кiрую я, – сказаў Настаўнiк.

I эксперымент пачаўся...

* * *

Як тут яе пазайздросцiць Пасвячонаму, якi ўбачыў такое? I шкада, што "Запiскам" не стае падрабязнасцяў. Цi ведаў гэты Настаўнiк аб прысутнасцi нашага Пасвячонага? Ды як не ведаць, цяжка нават i ўявiць, што не ведаў, калi ён здольны бачыць праз тоўшчу вякоў. А тут – усяго толькi метраў сто. Але ж хмызняк. Ды што такое хмызняк для праклятага нобла, што кiруе эвальвентарамi... Ведаў, як мы ўбачым, добра ведаў. Але глядзi вось, дапусцiў прысутнасць чужынца, дазволiў яму, праўда, з купюрамi – не ўсё. Значыць, лiчыў магчымым адкрыць, ды не ўсе свае сакрэты. Але ж часткова ўсё-такi адкрыў! Для чаго?.. Пасвячоны, вядома, тлумачыць...

А чортавы ноблы, вiдаць, i сапраўды далёка абагналi нас, калi на такую аперацыю юнакоў паслалi i называюць гэта вучэбнай практыкай. Што ж у iх тады "не практыка", што сур'ёзная справа? Нават страшна падумаць, немагчыма ўявiць!

Але дадзiм далейшы ход дзеянню i як можам перакажам "Запiскi" Пасвячонага, каб карацей было.

Значыцца, яны пачалi сваю справу.

4

Пасярод лесу ў маленькiм балотцы жыла Маленькая Дафнiя. Гэта было ўжо i не балотца, а ўсяго толькi маленькае акенца каля старога пня, лужына, невялiчкi вадаёмчык, адным словам, а балота даўно высахла i зарасло. Пад пнём вось i жыла тая Дафнiя.

Сонца туды амаль не пранiкала, толькi тоненькiя праменьчыкi прарывалiся часам праз карэннi i зараснiкi, i тады каля пня рабiлася светла i прыемна, усё ажывала i пачынала рухацца. Маленькая Дафнiя нiколi не прамiнала такога моманту. Яна выплывала з ценю проста на праменьчык, замiрала i грэлася. Яна нават ненадоўга засынала – так ёй было добра. Вакол у тым промнi вiселi i драмалi iншыя дафнii i таксама рухалiся ўслед за сонцам. Не спалi толькi вартаўнiкi; яны размяшчалiся наўкола i сачылi, цi не з'явiцца раптам небяспека.

Моладзь здзiўлялася: якая небяспека? адкуль? гэтыя казкi пра Чорнага Жука? Заўсёды старыя перабольшваюць, вераць усялякай лухце...

Потым прамень знiкаў, рабiлася змрочна. I тады дафнii амаль не сустракалiся адна з адной, бо кожная жыла ў сваiм куточку, а калi нехта некаму i трапляўся па дарозе ў часе палявання, дык адразу ж кiдаўся прэч, бо ў цемры цяжка пазнаць, сябра сустрэўся цi вораг, а таму пазбегнуць спаткання заўсёды больш надзейна. Быў у Маленькай Дафнii свой куток: у самай цемры пад тоўстым коранем. Там яна спала, там жа трымала харчовыя запасы, а на промысел па амёбы i хларэлы адплывала недалёка. Ёй жылося добра: нiхто не трывожыў, харчоў хапала, а цемра – што ж! – праменьчык хутка зноў прыйдзе, i святла будзе ўволю.

Адным пахмурным днём пад коранем з'явiўся нейчы цень. Ён заплываў у чужы дом бясшумна i павольна, як страшэнна стомленая iстота цi драпежны рабаўнiк. Маленькая Дафнiя спачатку спалохалася i стаiлася ў шчылiне кораня, але потым разгледзела, што гэта не чужаземец i не рабаўнiк, а ўсяго толькi вялiкая Старая Дафнiя, якая ледзь рухалася, такая яна была бездапаможная i трухлявая.

– Не бойся, – вымавiла яна слабым голасам. – Я кепскага не зраблю. А прыйшла прасiць прытулку. У мяне ўжо даўно няма сваёй хаты, усе блiзкiя i сваякi адвярнулiся ад мяне i адусюль выгналi. Прымi мяне, у цябе добрае сэрца.

Маленькая Дафнiя супакоiлася i, усцешаная, запрасiла:

– Уваходзь, калi ласка, месца хопiць на дзвюх.

Яна дапамагла бабульцы дабрацца да шчылiны, паслала ёй цiны i пачала ганяцца за калаўроткамi i iнфузорыямi, каб накармiць госцю. Але тая спынiла яе:

– Не трэба. У маiх гадах ужо не ядуць. Старыя жывуць думамi i памяццю. Клапацiся аб сабе – табе сiлы больш патрэбныя.

А калi надышла ноч, Старая Дафнiя сказала, што адчувае блiзкую смерць i таму ёй трэба спяшацца – ёсць таямнiца, якой нельга памерцi разам з ёю.

– Падыдзi да мяне, – сказала яна, – будзь побач. Нас нiхто не павiнен пачуць. Ты была добрая i ласкавая, таму сваю таямнiцу я адкрыю табе. Слухай...

I Старая Дафнiя расказала такую гiсторыю.

Даўным-даўно, калi бабулi было столькi гадоў, колькi цяперашняй яе слухачцы, ёй расказалi казку. Iх лужына каля пня нiбы зусiм не лужына, а глыбокая студня, i вось на дне яе ляжыць Плацiнавы Абруч.

– Зусiм невялiкi абруч – самая маленькая дафнiя магла б абабегчы яго ў адзiн момант. Але нiколi не зможа гэтага зрабiць, бо бясконца будзе апiсваць кола, не помнячы, адкуль пачаўся бег. У дафнiй, мая родная, кепская памяць: яны забываюць пра мiнулае i, каб утаiць гэта, выдумляюць усялякiя небылiцы.

Дык вось, значыцца, паводле яе слоў выходзiла, што Абруч той – незвычайнай уласцiвасцi: варта да яго дакрануцца i сказаць жаданне, як яно адразу ж збудзецца. Кожнае жаданне! Бяссiльны быў Абруч толькi ў двух выпадках: ён не выконваў аднаго i таго ж жадання двойчы i не мог адмянiць выкананага. I яшчэ Абруч не ў стане быў даць суцяшэння.

Старая Дафнiя ў маладосцi была натурай уразлiвай i летуценнай i таму запомнiла казку, i ёй нават снiўся гэты Абруч.

Жыццё ў iх тады было нялёгкае: у вадаёме вадзiўся Чорны Жук, ненажэрнае драпежнае стварэнне, ад якога дафнiям не было ратунку – нават калi ён не нападаў, а толькi здалёк прымерваўся, кроў стыла ў жылах i не было сiл уцякаць i ратавацца. Тады вось i з'явiлiся вартаўнiкi, каб своечасова папярэджваць легкадумную моладзь аб наблiжэннi Чорнага Жука.

Аднойчы гэта дафнiя, грэючыся ў сонечным праменьчыку, убачыла, як вокамгненна мiльгнуў чорны цень i побач з ёю ў жахлiвай пашчы захрабусцелi панцыры яе суседак. Яна самлела ад страху.

– Я забiлася ў нейкi кут, – апавядала яна, – i наваколле знiкла для мяне. Я захварэла. Трызненне змянялася явай, гарачка – дрыжыкамi; часам здавалася, што храбусценне панцыраў – жахлiвы сон. Перамяшалiся днi i ночы. А калi я нарэшце ачуняла i выглянула са свайго сховiшча, то адразу ж адчула, што на мяне скiраваны бязлiтасны i ненажэрны позiрк. На гэтым мая маладосць i скончылася... Магчыма, Маленькая Дафнiя, шмат што з гэтага табе расказвалi як старыя плёткi. Але Чорны Жук – не плётка... Ён быў бязлiтасны i з'яўляўся ўсюды. Кiдаўся iмклiва i дакладна. А мы не былi арганiзаваныя. У нас не хапала вопытных вартаўнiкоў, кожны дрыжаў за сябе i нiчога не ведаў пра iншага. Страх быў нашай доляй. I племя наша няспынна змяншалася. Бачачы такое, астатнiя паддалiся роспачы i панiцы, i я тады зразумела, што калi так будзе далей, то хутка карычневых дафнiй залiчаць у разрад знiклых вiдаў. I вось я асмелiлася на самы важны крок у сваiм жыццi. Доўга раздумвала, раней, чым пачаць выкананне свайго плана, пастаралася ўлiчыць усе дробязi i нарэшце прыйшла да адзiнага вываду...

Яна, бачыце, вырашыла праверыць казку пра Плацiнавы Абруч. I вось што прыдумала: знайшла каменьчык, дабралася па травiнцы да сярэдзiны вадаёмчыка, адчапiлася i кiнулася ўнiз.

I набралася яна ў часе гэтага пагружэння страху: цяпло змянiлася пякучым холадам, ад хуткасцi падзення кружылася галава, ды ў дадатак да ўсяго апраметная цемра. Падарожнiца была амаль беспрытомная, як апусканне раптам запаволiлася i знiзу блiснула святло: яно было белае i нiбы струменiлася. Каменьчык ужо не iмчаўся, а павольна асядаў, як асядала паднятая маладымi дафнiямi муць у сонечным промнi. I вось нарэшце ён спынiўся, i дафнiя ўпала каля белага зiхатлiвага круга. Гэта быў Плацiнавы Абруч.

– Ты – малая i дурненькая казяўка, – гаварыла далей Старая Дафнiя, – i з гэтай прычыны табе зараз шмат чаго не зразумець, Але калi-небудзь... калi-небудзь... Ты, вядома, як мага хутчэй хочаш даведацца, што было далей, i табе зусiм не цiкавыя мае разважаннi. Гэта ўжо так: старыя пацiху мудруюць сабе, маладыя спяшаюцца... Ну што ж! Я здзейснiла сваю задуму. Дакранулася да Абруча i папрасiла яго зрабiць так, каб знiк з нашага вадаёма жахлiвы Чорны Жук, а народ мой быў у далейшым згуртаваны i стойкi i каб пазбавiўся ад легкадумнасцi i страху. Вось якое было маё жаданне. А потым я папрасiла Абруч яшчэ пра адно. "Дай мне, – сказала я, – магчымасць вярнуцца дамоў".

Пасля гэтага яе пачало паднiмаць над Абручом, iмклiва пацягнула ўверх, святло прапала, i ў наступны момант яна была выкiнута да самай паверхнi iх жылля.

Суродзiчы адразу яе заўважылi i акружылi. I яна здзiвiлася iх позiркам, якiя зрабiлiся змрочнымi, нiбы яна прынесла iм бяду. Нарэшце адна з былых сябровак вымавiла:

– Вось яна, баязлiўка i дэзерцiрка! Заяўляю ад iмя ўсiх: з гэтага часу ў цябе не будзе нi сяброў, нi спраў нiякiх. Жывi як хочаш!

Наша Дафнiя разгубiлася, падумала, што сяброўка жартуе.

– Чаго ты?! Цi што-небудзь здарылася?

– Ха-ха-ха! Здарылася! Гляньце на гэту прытвору!

– Прытвора! – паўтарылi ўсе. – Прытвора i здраднiца! – Нiхто не жартаваў.

– Што ж, – сказала яна. – Судзiце, калi вiнаватая.

– Судзiць! – зноў засмяялася сяброўка. – Ты сама сябе асудзiла! Подлая манюка! Лепш скажы, у якой нары ты адседжвалася, пакуль мы распраўлялiся з Чорным Жуком! Ганьба!

I ўсе паўтарылi: "Ганьба!" I асуджаная паплыла ў сваю хату... Ёй было крыўдна i горка, але яна плакала ад радасцi, што збылося яе жаданне: няма больш Чорнага Жука, i народ яе будзе жыць, i нiхто не залiчыць карычневых дафнiй у разрад вымерлых вiдаў.

Яна, якой выраклiся, жыла вельмi доўга, амаль у тры разы перажыла сваiх равеснiц. Ёй было цяжка, бо да яе iмя ставiлiся з пагардай. Праўда, з пакалення ў пакаленне пагарда гэта слабела, але нават слабая пагарда усё-такi пагарда.

– Хiба ты не чула легенды аб здраднiцы? Дык вось, гэта легенда пра мяне. Але ўсё ж я нiколi нi на момант не пашкадавала аб зробленым. Вядома, усё можна было б змянiць – варта расказаць пра Плацiнавы Абруч. Але я разумела, што гэтага рабiць нельга. Нехта не паверыў бы, нехта (i гэта страшней за ўсё) сам рызыкнуў бы выпрабаваць сiлу Абруча, i невядома, чым бы скончылася яго спроба...

5

Старая Дафнiя склала свае антэны.

– Маленькая Дафнiя, – цiха прамовiла яна, – цяпер гэта твая таямнiца, i я магу спакойна памерцi. Захоўвай яе строга, не паддавайся спакусам i карыстайся ёю толькi ў выпадку вялiкай патрэбы – дробнае i пустое само па сабе вырашыцца. Не апагань чараўнiчай сiлы Плацiнавага Абруча! Але калi нашым зноў стане кепска – ты ведаеш, што зрабiць? I перадай таямнiцу вартаму.

З гэтымi словамi яна лягла на бок i сцiхла.

Маленькая Дафнiя пахавала яе ў вузкай шчылiне суседняга кораня, вярнулася да сябе i пачала думаць.

Спачатку яна падумала: "Ах, якая мужная Старая Дафнiя!" Потым яна падумала: "Якая ж яна дурная, гэта Старая Дафнiя..." Але тут надышла ранiца, пад пень зазiрнуў праменьчык, i Маленькая Дафнiя паплыла гуляць – яе сяброўкi ўжо збiралi карагод.

6

– Эксперымент скончаны? – сказаў Першы i выключыў эвальвентар.

– Усё?! – Другi быў вiдавочна расчараваны. – Зараз яны там пачнуць бурна размнажацца, з'явяцца кланы, якiя сапернiчаюць, пачнуцца змаганнi за жыццёвую прастору... Так, стары Спiу быў вялiкiм казачнiкам.

– Стары Спiу валодаў цярпеннем, – прамовiў Настаўнiк.

Маладыя ноблы пераглянулiся.

– Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? – палiчыў Першы.

– Плацiнавы Абруч – надзейны стымулятар, – сказаў Настаўнiк. – Мы бачылi толькi пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзi дэкуртар на поўную магутнасць...

I тут запiс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькi праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснiчалi са сваiмi апаратамi, i Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць...

Вольнаму воля, але цi варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнiчаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькi прыгадаю як факт "Запiскi" Пасвячонага напоўнены такiмi "засмучэннямi" i шкадаваннямi.

Ну як тут усумнiцца, што толькi чыстая цiкаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён цi паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзi, назiрай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага iншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлiвасцi. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне...)

О цiкаўнасць – мацi пачуццяў зямных! Ты – слiзкая горка, i нясе па табе ўнiз злоўленых табою, i няма за што iм зачапiцца. I ўсё нiжэй i нiжэй iмчыць у туманную далiну ганарлiвых вучоных забабонаў. I называецца гэта "прагрэс". Калiсьцi, расказваюць, зямлю не аблытвалi жалезныя i бетонныя iстужкi, неба было светлае i цiхае, у модзе былi спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра...

Цiкаўнасць – той Абруч, той iх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнiкамi.

7

Увогуле, эксперымент iх паехаў далей. I Маленькая Дафнiя вырасла настолькi, што пачала, як часта здараецца ў пэўным узросце, лiчыць сябе самай дужай, самай разумнай, самай смелай i прыгожай. Ёй, значыцца, хацелася, каб пра яе ўсе гаварылi, захаплялiся яе талентам i ўмельствам. I таму, што гаварылi зусiм не тое, яна пачала грубiянiць, чапляцца да ўсiх узапар, выкiдваць бясконцыя штучкi. Яна па-залiхвацку насiлася па вадаёме, усчынала страшэнны вэрхал, разладжвала заадно розныя зборы i сходы, разбурала жыллё i нават некаторых калечыла.

Дарослыя старалiся яе ўцiхамiрыць, усяляк абразумлялi, але нiякай рады не далi – павучэннi i заўвагi на яе не дзейнiчалi, нiкога яна не чула, нiкога не бачыла.

– Нiкчэмныя казяўкi, я вас не баюся! – крычала яна. – Кожную правучу! Я лепшая за ўсiх!

Само сабой, у яе з'явiлiся староннiкi, падабралася кампанiя, i пачалося такое... Казалi нават, што i ў часы Чорнага Жука было крыху лепш. I тады вырашыла грамада: гэту гарлапанку i хулiганку перад усiмi пакараць.

Суд, якi быў у карычневых дафнiй, караў вiнаватага маўчаннем: асуджаны мусiў моўчкi i нерухома праплыць праз увесь строй – усе толькi з дакорам глядзелi. Да-сведчаныя, мiж iншым, кажуць, што падобны вопыт у сiстэме выхавання – сапраўднае катаванне, у параўнаннi з якiм нават бiзун – дробязь.

Вось гэта i здарылася з нашай паддоследнай. Праўда, яна праплыла скрозь строй з горда паднятымi антэнамi, а пасля, у сябе дома, залiлася слязьмi ад крыўды i ўнiжэння. Кепска было яшчэ i тое, што па дарозе дахаты ёй сустрзлася суседка, абазвала няшчаснай балбатухай i ўшчыпнула балюча за ножку. I вось Маленькая Дафнiя сядзела самотна i плакала, i думалася ёй, што свет пабудаваны паскудна, што дафнii – лютае племя, i яна ўпершыню пашкадавала, што сама дафнiя. Яна не ведала, кiм бы хацела быць, – ды хоць цыклопам якiм-небудзь, хоць павучком пачварным, толькi б не дафнiяй. Тут яна ўспомнiла пра нейкую вялiзную Белую Рыбу – з дзiцячых, вядома, казачак, – i адразу ж ёй уявiлася нешта магутнае, вольнае i прыгожае. I раптам думка наткнулася на Плацiнавы Абруч.

8

– Настаўнiк, – прагаварыў Другi, – гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькi цi залiчыць Савет Студыi...

– Савет Студыi Прагнозаў залiчыць вашу паслядоўнасць, – адклiкнуўся той.

– Ты казаў нам пра папярэднiя эксперыменты, Настаўнiк, – адклiкнуўся Першы, – пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робiм, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта – гульня.

– Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынiкаў.

– Мы не атрымаем правiльных вынiкаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць – скажаем.

– Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.

– Настаўнiк! – працягваў Першы. – Мы бывалi ў мясцiнах больш далёкiх i неспрыяльных, чым гэта Хi. Нiколi нам не даводзiлася займацца такой... працай!

– Ты хацеў сказаць "такой бяссэнсавай працай"?

– Так.

– Трэба было сказаць – "такой важнай", – далiкатна ўдакладнiў старэйшы. Мы прыступiлi ўжо да галоўнага эксперыменту.

– Нам патрэбны вышэйшы, якi валодае вышэйшым розумам.

– Вышэйшае пазнаецца праз нiжэйшае.

– Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? – асцярожна спытаўся Першы.

– Я хачу сказаь: гульня – выпрабаваны сродак для зразумення сутнасцi.

– Настаўнiк! – сказаў Другi. – За намi назiраюць. Мой iндыкатар сiгналiць з самага пачатку.

– Мой таксама, – кiўнуў Першы.

– Так, – адказаў Настаўнiк.

– Калi гэта назiранне, – то ў межах допуску. Але я лiчу, што гэта спецыфiчныя токi планеты Хi.

– Ты даў два адказы!

– Такая асаблiвасць Хi, – сказаў Настаўнiк. – Далей...

* * *

Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнiкi. Нават розуму недаступна – яны тут, i ў той самы час iх нiбы няма: шчоўк – i прапалi. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далонi, што зусiм побач стаiць нехта i глядзiць i ўсё яму пра цябе вядома, – ведаць гэта i нiчога не бачыць, i няма куды падзецца... Самi, самi вiнаватыя. Навучылiся, наадкрывалi, насiгналiлiся ў белы свет, i цяпер вось – будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды нiхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваiм доме на становiшчы той жа паддоследнай казяўкi: захочуць – пакажуць табе фокус, не захочуць – адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню i даўжыню, ад прашчураў да фiнiты, i ўбачаць яны навылет, як там з табою было i як будзе i цi надаешся ты да ўжытку...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю

  • wait_for_cache