Текст книги "Плацiнавы абруч (на белорусском языке)"
Автор книги: Вольдемар Бааль
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)
Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што за апошнi час нашы мудрацы i так, дзякуй богу, прымоўклi. Нiхто ўжо без аглядкi не распiнаецца пра ўсяленскае дабро, пра "спрыяльныя i прыхiльныя адносiны да нас нязведанага", няхай гэта будзе космас або што iншае. Цяпер, прынамсi, скемiлi, што калi ён калi-небудзь i адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынiк можа быць розны, усякi, а не вось такi канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калi нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таi зла на другога, але не таi i пiльнасцi.
Урэшце – далей.
9
Такiм чынам, Маленькая Дафнiя ўспомнiла пра Плацiнавы Абруч. А на другi дзень, калi сяброўка, якая засталася добразычлiўкай, прыйшла праведаць i супакоiць яе, жыллё было пустое. Чуткi пра гэта разышлiся па ўсiм вадаёме, знiклую пачалi шукаць, абшукалi ўсе зацiшныя куточкi, але так i не знайшлi. I вырашылi, што бедалага або ўтапiлася, або схавалася куды-небудзь, каб памерцi галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпалiся ўзаемныя папрокi ў бессардэчнасцi. Асаблiва дасталося законнiцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем – цяпер яе абвiнавачвалi ў тым, за што ўчора ўзносiлi: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць – нахабнасцю. I ўрэшце "Закон аб пакараннi маўчаннем" быў адменены назаўсёды. Дафнii гэтай ноччу спалi дрэнна: кожнай блюзнiлася, што менавiта яна вiнаватая ў пагiбелi Маленькай Дафнii.
А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялiзарны i страшны Чорны Жук i сажраў зганьбаваную напярэдаднi законнiцу, а потым – тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнiю. А яшчэ праз дзень дафнiй ахапiла яшчэ большая жудасць: з'явiўся другi Чорны Жук, i пачалiся, як кажуць, беды вялiкiя...
Аднак, хоць Пасвячоны i спыняецца вельмi падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цiкавяць iншыя сферы.
Няма сэнсу расказваць, як уладальнiца таямнiцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафнii не складала, вiдаць, вялiкай цяжкасцi) i адсыпалася каля Плацiнавага Абруча. Толькi была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафнiяй, а вялiкай Белай Рыбай.
Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне i засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнiлася ёй лужына каля пня, прыгадалiся блошкi-дафнii, iх дробныя справы, дробненькiя жаданнi – усё iх дробнае-дробнае жыццё...
Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнiкi i хвост i, задаволеная i гордая, паплыла па цячэннi, i яе панесла ў невядомыя краiны.
Яна пабывала ў вялiзарных вадаёмах, дзе багацейшая раслiннасць i такi разнастайны i дзiвосны свет новых суродзiчаў, што немагчыма было не здзiўляцца часам, калi сустракалася якая-небудзь пачвара – таксама рыба i з якой па непiсаных падводных законах трэба было прывiтацца.
Яна зведала прэсныя i салёныя воды; больш ёй спадабалася ў прэсных – тут да таго ж было i спакайней. Самым жа лепшым месцам аказаўся зацiшны куточак дзе-небудзь у стаячай вадзе, дзе чарот i цiна, дзе цень i злёгку пахне балотам. Трэба сказаць, што прыстойнасць патрабавала пагарды да падобных закуткаў, але што зробiш з натурай? Калi яе бачылi тут свае, яна рабiла выгляд, што заплыла сюды выпадкова, а калi была адна, то ўпiвалася асалодай, цiшынёй i змрокам або палявала на ўсялякi дробны зброд – сталых жыхароў гэтых мясцiн: жучкоў, лiчынак, павучкоў. Асаблiва ж яна адрознiвала дафнiй – яны тут былi не карычневыя, але гэта не мяняла справы: Белая Рыба цярпець не магла гэтай бесталкоўшчыны, што шныпарыла, гэтых убогiх стварэнняў, якiя нават плаваць як след не ўмелi. Яна iх жэрла сотнямi i не таму, што была такая ненасытная, – яе страшэнна раздражняў iх выгляд.
Калi-нiкалi Белая Рыба наведвала Плацiнавы Абруч, яна пакутлiва ўзважвала, што б яшчэ выпрасiць у яго, але далей багатай i смачнай ежы нi да чога не дадумвалася.
Ад Абруча да населеных вадаёмаў вёў вузкi i цёмны калiдор, а Белая Рыба так разбылася, што ўжо ледзь працiскалася праз яго, i таму здагадалася папрасiць Абруч перамясцiць самога сябе ў адну з яе любiмых затокаў, дзе было асаблiва цiха i заценена. Iншыя рыбы не любiлi сюды заплываць, такiм чынам, Плацiнавы Абруч быў i пад рукой, як кажуць, i надзейна схаваны ад пабочных вачэй.
Колькi б працягвалася яе такое жыццё, сказаць, вядома, цяжка. Але аднойчы яна наткнулася на Шчупака, якога бачыла ўпершыню, i, разгледзеўшы драпежны i галодны бляск варожых вачэй, кiнулася ўцякаць, не разбiраючы дарогi, i Шчупак доўга гнаўся за ёй, ляскаючы скiвiцамi i выдаючы жудасны свiст, ад якога мутнеў розум. Нарэшце Шчупак адстаў, але тут раптам выскачылi дзве выдры, якiх Белая Рыба таксама бачыла першы раз. Яна адчула, што i гэта – ворагi, i, сабраўшы апошнiя сiлы, нырнула ў глыбiню i iмчалася ўнiз, пакуль не ўрэзалася ў дно. Вакол было змрочна – так глыбока яна яшчэ не апускалася. Белая Рыба паляжала на глеi, сяк-так аддыхалася i пачала, трымаючыся ценю i зараснiкаў, рухацца ў бок дому. Але няшчасцi не пакiдалi яе: яна заблудзiлася.
Не будзем затрымлiвацца на ўсiх калдобiнах яе падарожжа. Выбiраць правiльны напрамак ёй дапамаглi падслуханыя размовы iншых жыхароў падводнага царства; часам яна нават адважвалася распытаць пра дарогу. Але самае галоўнае: яна ж разумела мову дафнiй, не магла яе забыцца, як нi старалася, i цяпер яна ёй ах як спатрэбiлася. Дафнii, вядома, языкатыя: заўсёды ў iх нейкiя дыспуты i абмеркаваннi, заўсёды – плёткi i крыватолкi пра таямнiчыя воды, незвычайныя здарэннi i iншае глупства; i ў большасцi выпадкаў яны не маюць нiякага ўяўлення аб тэме размовы. Белая Рыба непрыкметна прыстройвалася дзе-небудзь поблiзу i лавiла кожнае слова i такiм чынам даведвалася пра шмат карысных дробязей. Яна слухала чарговую дыскусiю, а потым яе ўдзельнiкаў з'ядала i плыла сабе далей. Аднойчы, напрыклад, дафнii гаманiлi пра тое, што нiбыта недзе ў невядомых краях таксама жывуць дафнii, ды толькi, бачыце, карычневыя. Жывуць яны, значыцца, у лужыне каля пня – уяўляеце сабе?! – i быццам даводзiцца iм туга: знiшчаюць iх два лютыя Чорныя Жукi, ужо зусiм, бедалагаў, мала засталося. I гэтак далей, i да таго падобнае...
Белая Рыба слухала, i нешта ёй прыгадалася – не асаблiва прыемнае. I каб не псаваць нерваў, яна накiнулася на шумны гурт i цалкам праглынула яго.
Iншым разам яна заўважыла жука, якi ёй нешта дужа нагадваў. Яна i яго з'ела, але ён быў на рэдкасць каляны i нясмачны.
Так яна, урэшце, i дабралася да сваёй затокi.
10
Плацiнавы Абруч быў на месцы. Ён сляпуча зiхацеў, а вакол стоўпiлася такая колькасць разявак, што вада аж кiпела. Яны заўважылi Белую Рыбу i ў панiцы пачалi разбягацца; яна ўрэзалася ў самую гушчу, аглушальна чвякнула, вытрашчыла вочы i так гакнула хвастом, што чорная муць паднялася густым воблакам i ў iм, як у пекле, знiклi ўсе цiкаўныя. Не трацячы часу, Белая Рыба падплыла да Абруча, дакранулася да яго i вымавiла:
– Хачу быць Шустрай Выдрай!
I адразу ж зрабiлася ёю.
Не, яна не захацела ператварыцца ў Шчупака – ёсць iстота, якой i Шчупак баiцца, i гэтая iстота – Выдра.
З гэтага часу пачалася паласа дзiвосных ператварэнняў былой Маленькай Дафнii. Па меры таго як яна рабiлася больш моцнай i дасканалай, больш моцнымi i дасканалымi рабiлiся яе жаданнi. Яе жыццёвы вопыт няспынна ўзбагачаўся, запасiлiся веды, розум. Пераходзячы з аднаго вiду ў другi, яна, вядома, запамiнала мовы, звычкi, схiльнасцi i такiм чынам рабiлася ўсё больш грозным працiўнiкам нiжэйшых вiдаў, з якiх сама паходзiць. Ды i для сваiх яна была не менш небяспечнай, бо ведала больш, думала глыбей i, значыцца, была разумнейшая за iх.
Першы вывад, якi яна зрабiла пасля некалькiх ператварэнняў, быў такi: у кожнага ёсць вораг больш дужы i лепш прыстасаваны да жыцця; але i ў гэтага ворага ёсць свой вораг, i ў таго – свой, i дзе канец – невядома.
I другi вывад зрабiла былая Дафнiя: жаданням – мяжы няма: дасягнуўшы аднаго, адразу хочацца другога, новага, i гэта таксама бясконца. Калi высвятлялася, што нехта дужэйшы за яе, яна неадкладна займала яго месца. I не толькi не хацела залежаць ад каго-небудзь або кагосьцi баяцца – яна ўжо не мiрылася i з роўнымi сабе.
А вось i трэцi вывад: немагчыма ўявiць нiчога больш вартага жалю i ўбогага, як тая Старая Дафнiя, якая першая знайшла Плацiнавы Абруч...
Яна па чарзе перабывала ў ролi Шыпучай Змяi, Змрочнай Пантэры, Раз'юшанага Вепра, Клыкастага Воўка i iншых ролях. Потым: нарэшце ператварылася ў Грознага Мядзведзя, бо ў трох краях не было нiкога больш магутнага i грознага, чым ён. Але толькi першы час яна адчувала задавальненне ад становiшча Грознага. Бо калi i Мядзведзь – мяжа, дык гэта вельмi сумна. Што бегае за мяжой?..
Так ён, цар лесу, i блукаў па гарах i далiнах, i не давала яму супакою думка: што далей?
11
Тры ноблы, паведамляе нам далей зачараваны Пасвячоны, спакойна глядзелi на экран.
– Якая алагiчная эвалюцыя, – нарэшце сказаў Першы. – Не, гэта не нашы лоны, нiчога нават прыблiзна падобнага няма.
– Што мы ўжо адзначылi, – адклiкнуўся Другi.
– Ты, выходзiць, лiчыш, – звярнуўся Настаўнiк да Першага, – што калi б гэта былi нашы лоны цi падобныя да нашых, то яны эвалюцыянавалi б у нас?
– Так, не думаў, што стары Спiу так звязаў цябе, – весела заўважыў Другi.
Першы сумеўся.
– Даўно... У першыя гады Студыi... Адным словам, тады я патаемна раскруцiў лонаў. Настаўнiк! Яны вымерлi! Нашы лоны вымруць!
– Мабыць, ты карыстаўся недасканалым, вучнёўскiм эльвентарам, – спакойна прамовiў старшы. – Гэта так?
– Так... Некалькi стадый прамiльгнула... Я ведаю – я не павiнен быў... Але такi вынiк... Вымiранне!.. Я гатоў сваю вiну...
– Спецыфiчныя токi планеты Хi, на якой ты не паспеў яшчэ адаптавацца, выклiкаюць парой перабольшанае пачуццё вiны.
– Спецыфiчныя токi Хi, – нiбы рэха, адклiкнуўся Другi.
Першы апусцiў галаву...
* * *
На экране брыў па лясным гушчары калматы чорны мядзведзь; ён быў змрочны i сумны. I раптам паказалiся маляўнiчае возера, травянiсты беражок, сонечнае неба i на беразе – тры iстоты.
Гэта было апоўднi. Iстоты сядзелi колам, пiлi нешта, любавалiся прыродай i гутарылi. Усе тры – мужчыны.
Адзiн пiў гарбату з чарнiчным сочывам i ўпэўнена казаў, што ўсё на свеце грунтуецца на iнстынктах, бо iнстынкты непераходныя.
– Адсюлека што выходзiць? – пытаўся ён. – Што i як? А тое выходзiць, што немагчыма пра iнсцiкт сказаць, што гэны вось, значыцца, добры, а гэны – цьфу. Дык гэныя самыя яны, як адзiн, цi, па-вашаму, добрыя ўсе, – нiкудышныя.
Другi пiў гарбату з мёдам i нiзашто не згаджаўся з iм.
– Гэнта твая кансэпцыя няправiльная. Як кажуць, ва ўсёй сваёй паўнаце. Тут жа, да прыкладу, калi ж па-тваёму, то акурат выходзiць, што ўсё ўсем можна. Так? Так. А як жа так вось можна? Гэнтыя самыя, як ты кажаш, iсцiнты нельга пушчаць на самацёк. Вунь, возьмем, баба ў мяне...
– Iовi энд бовi! – усклiкнуў трэцi з прыяцеляў. – Каралi i капуста! Усё так. – Ён быў самы худы i стары i самы нязграбны з трох; ён пiў гарбату, падлiваючы ў свой кубак нешта з фляжкi, якую вымаў з унутранай кiшэнi i хаваў назад. – Iовi энд бовi.
– Бач? – сказаў той, што пiў з мёдам. – Падтрымлююць мяне. Калi ж для карысцi вобчаства, дык трэбаць гэнтыя iсцiнты падзялiць. Каторыя карысныя туды, – i ён паставiў свой кубак перад худым, – а каторыя некарысныя або, як кажуць, шкадлiвыя, гэнтыя пушчай iдуць сюды. – I кубак худога апынуўся перад прамоўцам, i той адразу спорна адпiў.
– А хто ж табе скажаць, якi iнсцiкт карысны, а якi храновы? – усмiхнулася чарнiчнае сочыва.
– Дык трэба ж глядзецi, глядзецi! – загарачыўся мёд. – Глядзецi! А як жа? Добраму – калi ласка, просiм. А каторы кепскi – стоп, хэндэ хох. А то адзiн гэны толькi хавус выйдзець. Баб вунь распусцiлi...
– Аддай мой кубак, – сказаў худы i заплакаў.
Злоўлены пакрыўдзiўся, сказаў, што манiпуляцыя з кубкамi патрэбна была для нагляднасцi, адпiў яшчэ крыху, потым аднавiў статус кво i панура працягваў:
– Бабам волю дай, iм дай волю...
– Воля, – усё яшчэ ўсхлiпваючы, працягваў худы. – Iнсургенты. Iовi энд бовi.
– Ну а мужыкам яе дай? – спытаўся вiноўнiк спрэчкi. – Дай iм, i што будзе?
– А нашто яна мне? На якi? Куды я пайду? А баба пойдзець – нiшто не ўтрымаець...
– Воля! – яшчэ раз паўтарыў худы, супакоiўся, лёг на спiну i дадаў з палёгкай: – Вунь у каго воля! Вунь ён! Арол-бацюхна. Кружыць сабе! Паглядвае! Прасторна наверсе. I нi да чога нашага справы няма. Гэта – воля! – I, скончыўшы, ён адразу заснуў як забiты.
– Ты яво беражы, – сказала чарнiчнае сочыва. – Высокага палёту быў.
– Быў ды сплыў, – помслiва ўсмiхнуўся мёд.
– Ты за iм як за каменнай сцяной.
– А ты?
– Я маўчу.
– Каторыя маўчаць, ваны не падзуджваюць.
– Хто ж падзуджаiць?
– А пра iсцiнты хто пачаўшы? Думаеш, я не паняўшы? Iсцiнты! Ваны вось яво i даканаўшы. А за iм i нас з табою.
– А ты мяне з сабою не раўняй!
– Ах-ах, цаца!
– Гэта паскудства, калега! – пакрыўджана змянiлася чарнiчнае сочыва. – Я ж знарок пачаў зусiм пабочную гаворку, каб адцягнуць яго ўвагу ад думак пра ўласнае падзенне, а вы...
– Ад паскуды чую, калега, – не застаўся ў даўгу мёд. – Вы не стамiлiся аплакваць сябе, я ведаю. I вам не церпiцца каго-небудзь абвiнавацiць у сваiх няўдачах.
– Гэта вы няўдачнiк, а ў мяне вынаходнiцтвы ёсць!
– Якая ж цана вашым талентам, калi вы трымалiся толькi дзякуючы яму.
– Я папрасiў бы вас заткнуцца, бездар вы i зайздроснiк жаўтушны!
– А вы – паразiтуючы неўрастэнiк!
– А вы – жабрак i лёкай!
– Iовi энд бовi, – пралепятаў спячы. – Арол-бацюхна... Лунае сабе... Воля...
– Божа! – журботна вымавiла чарнiчнае сочыва. – Як агiдна завяршаецца так удала пачаты эксперымент...
За кустамi сядзеў мядзведзь i назiраў. Ён, вядома, мог бы iх адразу ўсiх задраць – гэта ў яго на пысе напiсана, – але быў сыты. Ён проста выйшаў са сховiшча i зароў, i прыяцеляў як ветрам здзьмухнула. Мядзведзь даеў мёд i сочыва, а запаветную бiклажку так i не знайшоў: гаспадар яе, вiдаць, не пажадаў з ёю разлучыцца, нават рызыкуючы жыццём.
* * *
Экран працягваў мiгцець. Мядзведзь сунуўся берагам.
– Што гэта? – здзiўлена спытаўся Першы. – Хто яны?
– Гэта фiлосафы, – сказаў Настаўнiк.
12
Над вольнай раўнiнай, над шырокiм стэпам плыў Магутны Арол. Ён ляцеў так высока, што там не адчувалася гарачынi нават самай спякотнай парой; паветра свежае i мяккае, як пярына, i рухi Магутнага Арла былi плаўныя. Ён то хiлiўся на крыло i планiраваў, робячы кругi i млява прыплюшчваючы вочы, то складваў крылы i падаў, маючы асалоду ад ветру i хуткасцi, а потым зноў узносiўся i зноў лунаў, пазiраючы на сонца.
Нiжэй – дыстанцыя была раз i назаўсёды вызначана – ляцеў ад'ютант i целаахоўнiк Старэйшы Сокал, а яшчэ нiжэй кружылi чароды шулёнкаў – гэта была ахова. Шулёнкi не маглi намнога адарвацца ад зямлi (ды гэта i не дазвалялася) i знемагалi ад спякоты i смагi. Дзякуючы востраму зроку яны бачылi, што робiцца на зямлi: кiшачых мышэй, разнастайных птушак, сiнiя ручаiны i даўганогiх кулiкоў, на мелiзне нават бачылi рыбак, якiя абгрызалi сцяблiнкi трысця або проста раскашавалiся ў цiхiх затоках каля самай паверхнi. Усё гэта было як на далонi, але нi адзiн з шулёнкаў не меў права нават падумаць пажывiцца – Старэйшы Сокал надзвычай зоркi i пiльны. Ахоўваць бяспеку i спакой Магутнага Арла – вось такi iх абавязак, i нiчога iншага на свеце не павiнна было для iх iснаваць. Яны то згуртоўвалiся ў непрыступнае карэ, то перастройвалiся ў iмклiвы клiн, то размяшчалiся кругам, нi на секунду не выпускаючы з-пад увагi нi ад'ютанта, нi самога ўладара, нi вельмi мiзэрных змяненняў вакол iх – у паветры або ўнiзе. Яны не ведалi, ад якiх ворагаў трэба ахоўваць Магутнага Арла, яны толькi ведалi, што трэба ахоўваць, i ахоўваць пiльна. Час ад часу камандзiр шулёнкаў, самы дужы i натрэнiраваны з iх, адрываўся ад чарады i прабiваўся ўверх, да Старэйшага Сокала. Зразумела, ён не мог дасягнуць вышынi целаахоўнiка, не кажучы ўжо пра вышыню Магутнага Арла; ён падымаўся ўсяго настолькi, каб быць пачутым, i, задыхаючыся, крычаў:
– Ваша сцярвятнiцтва! На захадзе навальнiчная хмара!
Старэйшы Сокал у сваю чаргу таксама ўзлятаў, наколькi мог, i перасцярога перадавалася галоўнаму адрасату.
Магутны Арол даўно ўжо бачыў хмару, якая не была не толькi навальнiчнай, а нават i дажджавой i да таго ж праходзiла бокам. Ён пагардлiва пакасiўся ўнiз i адказаў:
– Бачу. Ты – вольны.
I Старэйшы Сокал iмклiва знiжаўся, i гэтак жа iмклiва ныраў унiз камандзiр шулёнкаў i, з палёгкай расслабiўшыся, займаў месца ў чарговым пастраеннi.
Бывалi – праўда, дужа рэдка – выпадкi, калi хто-небудзь з ахоўнiкаў, заўважыўшы суслiка, якi разлёгся на санцапёку, забываўся (спакуса брала сваё) i стрымгалоў кiдаўся на ахвяру. Але ён не паспяваў нават адчуць смаку свежага мяса – сабраццi адразу разрывалi суслiка на кавалкi. Пасля гэтага парушаны строй аднаўляўся i служба працягвалася.
А Магутны Арол цiхамiрна лунаў у вышынi. Вядома, ён часам заўважаў хвiлiннае замяшанне ў шэрагах ахоўнiкаў, але не надаваў гэтаму значэння.
"Няхай, – усмiхаючыся, думаў ён. – У iх там свас клопаты". Было светла на душы, думкi цяклi спакойна, як цiхая рака або як гэты вецер, халаднаваты i плаўны.
Час, калi ён хваляваўся, аглядваўся, выпрабоўваў моц крылаў i прызвычайваўся да вышынi, даўно мiнуў. Так, калiсьцi новае сваё становiшча ён прымаў яшчэ як дар лёсу. Ён ацэньваў сябе збоку, каб пазбавiцца шмат якiх звычак, што iшлi ад мiнулага, прыслухоўваўся да шматлiкiх галасоў у сабе i ўважлiва аглядваў кожнага, хто трапляўся на вока. Усё гэта даўно мiнула. Ён убачыў, што больш магутнага за яго няма, i яму ўжо не трызнiлася пра "дар лёсу", ён паверыў, што заўсёды быў такi, як цяпер, i што лёс да гэтага не мае дачынення. Ён цяпер не залежаў нi ад чога i нi ад кога; наадварот – усё жывое, з яго клопатамi, намерамi i iнтарэсамi, з яго сённяшнiм i будучым, падуладна толькi яму, Магутнаму Арлу, i цалкам залежыць толькi ад яго аднаго. Ён ужо не ўпiваўся сваёй магутнасцю, як спачатку, не даказваў яе на кожным кроку – яна ўжо i так была вiдавочная i непахiсная. "Усталяваны парадак, – горда думаў Магутны Арол, – адзiна магчымы. Ён справядлiвы. I калi б я нават сам нешта хацеў змянiць, дык не змог бы, бо гэта немажлiва".
Кожнай ранiцай ён вылятаў прагуляцца: прымаў паветраныя ванны, рабiў размiнку, каб не здранцвелi мускулы i не аслаблi крылы, аглядаў свае ўладаннi i думаў. Ён думаў пра сваё птушынае царства, але часцей за ўсё – аб прыгажосцi свету. Яго, само сабой, не цiкавiлi дробязi – з вялiзарнай арлiнай вышынi ён акiдваў зямлю пiльным позiркам, i яна была блакiтная i зялёная. Яна заўсёды была блакiтная i зялёная, i гэта яшчэ раз пацвярджала нязменнасць i непарушнасць сутнасцi. Часам – вядома, вельмi рэдка – у блакiтнасцi i зелянiне ўзнiкалi нейкiя пабочныя плямы, але iх iснаванне было кароткачасовае.
Пасля прагулкi, якая працягвалася дзве з паловай гадзiны, Магутнаму Арлу дакладвалi, што надыходзiць час абеду. Гэта таксама ўваходзiла ў абавязкi Старэйшага Сокала – па ўстаноўленай форме ён адчаканiў:
– Ваша Недаступнасць! Час абеду наблiжаецца, як пра гэта Вашай Недаступнасцi вядома лепш за мяне.
I тут шулёнкi ўнiзе размяшчалiся такiм чынам, што атрымлiвалася слова "АБЕД". Магутны Арол рэзка ўзмахваў крыламi, закiдваў галаву насустрач сонцу i потым плаўна знiжаўся да свайго жылля. А крыху нiжэй, у гэтым жа напрамку, ганiбалаўскiм паўмесяцам рухалася ахова.
У непрыступных скалах, на галавакружнай вышынi стаяў палац Магутнага Арла. Гэта быў моцны i велiчны замак, выкладзены знутры i ўсярэдзiне каштоўнымi камянямi. Яго складалi шматлiкiя залы, пакоi, калiдоры; iх было такое мноства i так мудрагелiста яны злучалiся памiж сабою, што не толькi выпадковы наведвальнiк, але i самi жыхары лёгка маглi заблудзiцца i трапiць у непрыемную гiсторыю, калi б iм, напрыклад, захацелася пацiкавiцца, куды вядзе такi вось, скажам, праход або што знаходзiцца ў тым вось замкнутым пакоi. Не заблудзiўся б у гэтым лабiрынце толькi сам Магутны Арол i яго верны вартавы Старэйшы Сокал. I яшчэ адзiн жыхар замка не заблудзiўся б тут – брамнiк Старажытны Крумкач, якi хоць i быў простым брамнiкам i не меў ключэй, акрамя ўваходных, але затое меў добрую памяць, бо стары i мудры быў i шмат чаго пабачыў на сваiм вяку.
Вось ён вылазiць са сваёй каморкi, бразгаючы ключамi, блiзарука жмурыцца з-пад крыла, заўважае стройную чароду шулёнкаў i, пакульгваючы, iдзе адмыкаць вароты. Шулёнкi падлятаюць, садзяцца ў дзве шарэнгi, i Крумкач кажа iм, уздыхаючы:
– Намарылiся, бедненькiя. Спякота! У цяньку б у такi час хавацца, а тут служба. Ах, кра-кра-кра...
– Маўчаць! – крычыць у такiх выпадках Старэйшы Сокал. – Чым балбатаць, старая здыхля, лепш бы падмёў каля варотаў!
– Усё робiцца ў адпаведнасцi з Улажэннем, ваша сцярвятнiцтва, – адказвае Старажытны Воран.
– А балбатня з аховай таксама ў адпаведнасцi з Улажэннем?
Яны заўсёды пачыналi сварыцца, бо даўно не любiлi адзiн аднаго, i спынялася сварка, як толькi з'яўляўся пан. Свiст ветру ў яго крылах заглушаў галасы, грозны грукат кiпцюроў аб каменную плiту ставiў кропку ўсялякiм спрэчкам. Крумкач кланяўся. Старэйшы Сокал адступаў убок i таксама схiляў галаву, i Яго Недаступнасць Магутны Арол, велiчна склаўшы крылы, нетаропка накiроўваўся ў замак.
13
На абед часцей за ўсё падавалiся жывая рыба або трус. Магутны Арол сядзеў у пуховым крэсле, побач стаяў Старэйшы Сокал, а каршуны-кухары падавалi стравы. Яны ставiлi iх перад уладаром i, не ўзнiмаючы позiрку, выходзiлi. I як толькi за iмi зачынялiся дзверы, Старэйшы Сокал вырываў з кожнай стравы па кавалку, праглытваў i чакаў. Магутны Арол сачыў за iм. Такiм чынам правяралася прыгоднасць ежы – яна ж магла быць i атручаная: цi мала што здараецца, калi на свеце жывуць зайздроснiкi. Магутны Арол паназiраў некалькi хвiлiн за сваiм слугой i пачынаў есцi. Калi рыбу прыносiлi ў акварыуме, ён удыхаў пах вады, i ў яго галаве лёгкiм хмелем усплывалi цьмяныя вобразы; ён заплюшчваў вочы i нейкi час сядзеў нерухома. Потым быццам апамятаўся i ўпiўся ў самую вялiкую рыбiну. Яна хацела вырвацца i круцiлася ў яго кiпцюрах, па пругкiм целе струменiлася i капала ў ваду кроў, i толькi Магутнаму Арлу быў зразумелы маўклiвы рыбiн крык: "Хутчэй – хутчэй..."
Шчупакi, мiж iншым, паводзiлi сябе iнакш. Яны не кiдалiся, як нейкiя там язi цi галаўлi, на сценку акварыума, а ў кiпцюрах Магутнага Арла ўсё старалiся ўкусiць велiчную асобу, бiлi хвастом i калолiся плаўнiкамi. I нi разу Магутны Арол не чуў, каб шчупак крыкнуў.
Труса падавалi асвежанага, i есцi яго ў такiм выглядзе не было, шчыра кажучы, нiякай цiкавасцi, i калi б не правiлы i этыкеты, магутны Арол загадаў бы падаваць труса жывога.
Абед канчаўся, i Яго Недаступнасць у суправаджэннi целаахоўнiка iшоў на зацемненую веранду, каб пачысцiць дзюбу i прыгладзiць узлахмачаныя пёры. Тут жа ён драмаў хвiлiн пятнаццаць-дваццаць, каб канчаткова прыняць прыстойны выгляд i сабрацца з думкамi – асаблiва шчупакi заўсёды псавалi яму настрой. Потым пачыналася дзелавая частка дня.
Гэта, па праўдзе кажучы, была аўдыенцыя. Прыходзiлi птушыныя мiнiстры, чыноўнiкi ўсiх рангаў, пасланцы, просьбiты i – пад канец – госцi.
Яго Недаступнасць Магутны Арол – Аквiла Рэгiя Iнвiктус Юстус* – сядзеў на высокiм залатым троне, асляпляючы царскiм адзеннем i велiчнай паставай. Па правы бок стаяў самы верны i адданы яго слуга Старэйшы Сокал, па левы – самы першы i любiмы сябар Строгi Сарыч – мiнiстр птушынага настрою i парадку.
* Арол царственны, непераможны, найвялiкшы, справядлiвы (лац.).
Вышэйшыя чыны ўваходзiлi па адным, дакладвалi, як iдуць справы, слухалi ўказаннi i адыходзiлi ўбок. Такiм чынам, зала паступова папаўнялася i да канца аўдыенцыi, перад забаўнай часткай, была поўная да адказу.
Прыходзiў Горны Грыф, галоўны фiлосаф, а таксама намеснiк Паўднёвых абласцей, якога жартам называлi проста Гэ-Гэ. У яго было нямала заслуг, што адзначалася ў спецыяльных Улажэннях, у адным з якiх, у прыватнасцi, гаварылася, што гэтага мужа трэба ў далейшым называць "Грыфус Мантанус Прэдзiтус"*. Ён быў павольны i спакойны, тым не менш лiчыўся карысным членам птушынага сената, прыемным субяседнiкам, а акрамя таго, даводзiўся Яго Недаступнасцi далёкiм сваяком. Гэ-Гэ ўваходзiў, кланяўся i пачынаў гаварыць пра тое, што ўсё зямное праходзiць i ўсялякае мiтусенне – доказ слабасцi жывых; не праходзяць толькi мудрасць i сiла Вялiкага.
* Грыф горны, таленавiты (лац.).
– Вера ў светлы i мудры вобраз уладара, у бязмежную яго справядлiвасць i клопаты выклiкае ў падданых бадзёрасць духу. Гэта вось i ёсць маральная аснова, Ваша Недаступнасць, гэта вось i паказвае кожнаму сваё месца i становiшча, таксама як i сферу i меру ўжытку здольнасцяў. I гора таму, хто забудзецца пра сцежку, якая яму вызначана. Бо справядлiвасць i цудоўнае заўсёды перамогуць – ваша крыло гэтаму сведка, Ваша Недаступнасць. Каб не быць галаслоўным, заўтра ж я пакажу вам, Ваша Недаступнасць, новы трактат...
Прылятаў Спрытны Каршун – першы сувязны. Ён iмклiва падбягаў да трона, кланяўся i дакладваў што-небудзь важнае, што лiчыў адпавядаючым настрою ўладара. Потым ён станавiўся побач з Гэ-Гэ i, яшчэ не аддыхаўшыся, пачынаў нешта шаптаць яму, але той, як правiла, ужо беспрабудна спаў.
Прылятала Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi. Заiкаючыся i папраўляючы акуляры, яна так блытана i таропка сыпала лiчбамi, што Старому Сарычу даводзiлася выразна паўтараць за ёй, iнакш бы ўладар нiчога не зразумеў.
Завiтваў Пануры Фiлiн, старэйшы пажарнiк. Ён запэўнiваў, што пажараў нiдзе няма i меры супроць узнiкнення гэтакiх увесь час прымаюцца.
Уваходзiў Зоркi Кондар, наглядчык рэсурсаў, маляваў шырокую карцiну стану матэрыяльна-харчовага становiшча; як заўсёды, ён не мог устрымацца ад крытыкi ў адрас Вялiкай Княгiнi.
– Склады не праветрываюцца, Ваша Недаступнасць, дзiркi ў падлогах не забiваюцца, што робiцца, як я думаю, з мэтай развядзення мышэй для асабiстых патрэб яе блiзарукасцi...
Разам з'яўлялiся Верны Сапсан i Адданы Крэчат, адпаведна старшынi Першай i Другой канцылярый, якiя загадвалi метэаралогiяй i турызмам.
Уваходзiлi i заляталi яшчэ доўга. Але вось аб'яўляўся перапынак, i цяпер наведвальнiкам дазвалялася гучна размаўляць, шчабятаць, клекатаць, шыпець i свiстаць, а таксама звяртацца да Яго Недаступнасцi з важнымi пытаннямi i прапановамi. I потым пачыналася другая, неафiцыйная частка прыёму.
Залятаў Элегантны Сокал-Каршачок, ахоўнiк мастацтва, прыводзiў сябе ў парадак, прыгожа падыходзiў да трона i гаварыў што-небудзь прыемнае.
З паветра прыплыў Важны Бусел, першы захавальнiк навiн, станавiўся адразу ўбаку i, калi яго пра нешта пыталiся, адказваў жэстамi, так што немагчыма было адрознiць "так" ад "не". Другi ж захоўнiк навiн, Спрытная Сарока, ужо з парога пачынала такую траскатню, што яе адразу даводзiлася хапаць пад крылы, адцягваць у самы дальнi кут i там паiць сокам, каб канчаткова не зарапартавалася.
З'яўляўся Бадзёры Страўс, галоўны фiзкультурнiк; Нясмелы Пелiкан, заканадаўца мод; Задуменны Журавель, мiнiстр уяўлення. I, нарэшце, выступаў Жвавы Певень, старэйшы весялун, празваны, як i Гэ-Гэ, жартам, Пэ-Пэ. I ў зале рабiлася цесна i шумна, сур'ёзныя справы адыходзiлi на другi план – пачыналася гулянка. Пэ-Пэ гойсаў усюды, прыдумваючы на хаду гульнi i анекдоты, складаў жарты, заводзiў арагоды; гэта значыць, стараўся на ўсю моц, каб нiхто не сумаваў. Грымеў смех, гучалi ўрачыстыя "ўра" i "брава". А магутны Арол мiж тым слухаў Цiхага Дзятла, якi сядзеў у ценю яго крыла на падлакотнiку трона i прывычна выстукваў сваёй доўгай дзюбай нешта ўмоўнае, зразумелае толькi яму i яго пану.
Але вось адчынялiся бакавыя дзверы, i ў суправаджэннi стройных дзяўчат-соек уваходзiла жонка Магутнага Арла – Прыгожая Галубка. Яна прыветлiва ўсмiхалася свайму ўладару, стрымана адказвала на паклоны царадворцаў i гасцей; каля залатога трона ўстанаўлiвалi маленькi срэбны тронiк, дзяўчаты-сойкi падсаджвалi на яго сваю панi i станавiлiся за яе спiной паўколам. Гэта быў апагей свята.
Грымела музыка, кружылiся пары, гулянка бурлiла ракой. Паэты Шпак i Драч чыталi новыя вершы, прысвечаныя царскiм асобам i прыгажосцi прыроды; спевакi Салавей i Кенар выконвалi гiмны i ўрачыстыя арыi; жартаўнiк Цецярук выдумляў каламбуры, часам засланяючы самога Пэ-Пэ, так што царыца смяялася да слёз. Памiж гасцямi мiтусiлiся спрытныя афiцыянты, разносячы марожанае i напiткi. I нiхто ў гэтай радаснай гамане не заўважыў, што ў нiшы над самым тронам сядзiць Галоўная Аракулька-Зязюля i спакойна прарочыць нешта абыякавым аднастайным голасам.
Здаралася, праўда, што Аракульку ўсё ж заўважалi, i тады па знаку Магутнага Арла ў нiшу пасылаўся адзiн з шулёнкаў.
– Яго Недаступнасць, – гаварыў Зязюлi пасланец, – загадзаюць вашай асобе пакiнуць залу i больш не паказвацца без асобнага распараджэння Яго Недаступнасцi.
– Ку-ку! – адказвала Аракулька. – Прадбачу ў мурашнiку дзён кармiнавыя аблокi...
– Дык вы пакiнеце залу цi не?!
– Кармiнавыя аблокi з чатырох бакоў. Вецер сухi, сярэднi, паўднёва-ўсходнi; тэмпература ўночы плюс два, днём мiнус адзiн...
Стражнiк ляцеў да Старэйшага Сокала i дакладваў, што "Зязюля не хоча пакiдаць залу i мармыча пра нейкiя аблокi, мурашак i пахаладанне".
– Яна звар'яцела, ваша сцярвятнiцтва!
Старэйшы Сокал нахiляўся да ўладара i шаптаў:
– Зязюля балбоча пра мурашак, Ваша Недаступнасць. Не iнакш з глузду з'ехала.
– Гнаць вон, – моршчыўся Магутны Арол i адварочваўся.
А свята ўсё грымела.
Нарэшце, калi госцi стамлялiся, музыкi знясiльвалiся, паэты хрыпелi, Пэ-Пэ выдыхаўся, Цецярук напiваўся, а Прыгожая Галубка пачынала пазяхаць, прыступалi да чытання новых Улажэнняў. Строгi Сарыч разгортваў жоўты скрутак, i пад скляпеннi залы ўзлятаў яго звонкi, чысты голас.
– "Iмем Яго Недаступнасцi Адзiнага Вялiкага Магутнага Арла, Аквiлы Рэгii Iнвiктуса Максiмуса Юстуса з гэтага дня i назаўсёды загадаць..."
У гэту хвiлiну станавiлася цiха на зямлi i на небе – нават вецер супакойваўся, нават рэкi запавольвалi свой бег, нават пракляты дзiкi кот, якi нiчога на свеце не разумее, замiраў дзе-небудзь у шчылiне, i страх скоўваў яго члены. Госцi i прыдворныя стаялi з выцягнутымi шыямi, не маючы права паварухнуцца нi адзiным пёркам, не мiргаючы i не дыхаючы.
– "Упамiнанне iмя Яго Недаступнасцi скорагаворкай, або невыразна разглядаць як абгавор з адпаведнымi адсюль вывадамi..."
– "Разважаннi пра справы i Ўлажэннi Яго Недаступнасцi ў неадпаведным месцы i кепскiм настроi лiчыць нядбалым легкадумствам з усiмi выцякаючымi вынiкамi..."
– "За руплiвасць i стараннасць на службе Яго Сцярвятнiцтва Старэйшага Сокала надзялiць асаблiвай увагай i ў далейшым называць "яго высокасцярвятнiцтва Старэйшы Сокал Магнiфiкус Альцiволанс..."*
* Цудоўны, якi высока ляцiць (лац.).