Текст книги "Плацiнавы абруч (на белорусском языке)"
Автор книги: Вольдемар Бааль
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)
Бывалi i iншыя Ўлажэннi – iх назапасiлася вельмi многа, i ўсе яны выдавалiся на жоўтых скрутках, якiя потым захоўвалiся ў Стальным Куфры Галоўнай Канцылярыi.
Пасля прачытання Ўлажэнняў чулася гучнае ўхвальнае клекатанне, i госцi пачыналi разыходзiцца. Як толькi адыходзiў апошнi, Магутны Арол саскокваў з трона i пад крыло з Прыгожай Галубкай iшоў у спальню. Дзяўчаты-сойкi разыходзiлiся па залах, змешвалiся з кавалерамi-папугаямi i вялi свабодны лад жыцця, адпачываючы ад нялёгкiх абавязкаў фрэйлiн.
Вечарам Магутны Арол часцей за ўсё раiўся са Строгiм Сарычом i старшынямi канцылярый, а глыбокай ноччу – зноў з Цiхiм Дзятлам. Потым ён iшоў у свае пакоi, i ў замку запаноўвала цiшыня.
14
Часам у бурную непагадзь, калi цемру асвятлялi маланкi i грукатала неба, нiбы абвальвалiся скалы, Магутнаму Арлу рабiлася тужлiва i адзiнока ў вялiзарным замку сярод прывычных асоб. Ён адмяняў справы i вясёлыя вiдовiшчы, садзiўся ў царскую нiшу ў адной з верхнiх вежаў i так сядзеў пры свячы адзiн, задумлiва ўглядаючыся ў навальнiчную ноч. Нават Старэйшага Сокала не было побач – ён стаяў за дзвярыма, бо ў такiя хвiлiны нiхто не павiнен бачыць уладара.
Ён углядаўся ў ноч, i хiсткiя думкi праносiлiся ў яго галаве. "Чаго я дасягнуў? – думаў Магутны Арол. – Да чаго прыйшоў? А цi ўсё гэта, што магчыма смертнаму? А калi гэта ўсё, дык чаму турбуюць думкi? Я маю ўсё, што можна мець, няма каму са мной мерацца нi сiлай, нi славай, нi багаццем, я наймагутны, i воля мая свабодная, i няма перашкодаў для яе. Нават для вады ёсць перашкода – сонца, нават для ветру – скалы, нават для святла – самая маленькая рэч на яго шляху. А для маёй волi няма перашкодаў. У мяне няма ворагаў, у мяне няма i сяброў – мой розум вышэйшы за дружбу або нянавiсць. Дык што ж вярэдзiць душу, што перашкаджае пiць асалоду з зямных радасцяў?"
Так разважаў Магутны Арол, а вецер iрваў i трапаў полымя свечкi, i ў нiшы мiтусiлiся чорныя ценi.
– Сокал!
Вокамгненна той быў побач.
– Сорак шулёнкаў.
– Ёсць, Ваша Недаступнасць!
Ад'ютант не цiкавiўся задумай пана, не стрымлiваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынiкi – ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.
На халодным ветры на самай высокай вежы збiралiся шулёнкi. Яны спрасонку азiралiся, курчылiся i нервова варушылi крыламi, бо iх чакала штось таямнiчае.
– Ты застанешся тут, – сказаў Магутны Арол Сокалу.
– Ёсць! – адклiкнуўся той, прызначыў камандзiра атрада i рэцiраваўся.
I чарада кiдалася ў цемру.
Шулёнкi прыцiскалiся да самай зямлi, iх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялi пад кiраўнiцтвам свайго камандзiра, i палёт працягваўся. Нiхто не ведаў, куды iх вёў уладар, – вядома было адно: з такiх палётаў нiхто не вяртаўся.
А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмi ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламi – яму падабалася гэта барацьба.
Яны прыляцелi на бераг мора, дзе шум i грукат дасягалi такой сiлы, што здавалася, нiбы трэскаецца неба.
– Дваццаць – убок! – камандаваў Магутны Арол, i дваццаць шулёнкаў адляцелi i схавалiся пад скалой. Тут было цiха, i, збiўшыся ў гурт, яны чакалi наступнага загаду i адпачывалi. А тым, хто застаўся на беразе, загадалi капаць; крыламi i кiпцюрамi яны ўзялiся рыць пясок. Вецер валiў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, i маланкi асляплялi, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краi ямы, i ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкi выстраiлiся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлiвала целамi нацiск мора, другая частка працягвала капаць.
Магутны Арол стаяў збоку i чакаў. Калi шулёнкi закопвалiся на дастатковую глыбiню, ён камандаваў: "Адставiць", i тыя зноў выстройвалiся перад уладаром, якi загадваў:
– Цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.
– Ёсць, Ваша Недаступнасць! – адказаў дружны хор. I тут жа камандзiр, як самы адданы, зрабiў над сабой намаганне i звалiўся мёртвы. Яго прыклад пераймалi iншыя, а тых, хто не валодаў такой уладай над сабой, магутны Арол бiў дзюбай у галаву, i яны клалiся побач з таварышамi. Потым ён скiнуў iх целы ў мора i саскочыў у яму. Яму заставалася саскрэбцi толькi невялiчкi слой, i ноч азаралася белым дрыготкiм святлом – на дне ямы ляжаў зiхатлiвы Плацiнавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлiвым хваляваннем, i засяроджана перабiраў у памяцi, чаго б яшчэ папрасiць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце – усё было ўжо даўно дадзена, i прыдумаць новую просьбу не хапала фантазii, а паўтарацца нельга было: Плацiнавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.
– Сiлы! – шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. Зоркасцi!.. Упэўненасцi!.. Моцы крылаў!..
Але Абруч нiяк не адклiкаўся – не было ў яго бляску таго характэрнага напружання i iскрэння, якiя б сведчылi, што просьба прынята i выканана. I Магутны Арол разумеў – прыляцеў сюды дарэмна.
Прыгнецены i стомлены, ён закiдваў Абруч пяском, каб святло не пранiкала наверх, потым выбраўся з ямы i грозна загадаў:
– Да мяне!
I шулёнкi, што засталiся, умомант былi перад iм; яны не пыталiся, куды падзелiся iх таварышы, – пытацца было парушэннем Улажэння i, значыць, злачынствам.
– Закапаць.
Такая работа звычайна заканчвалася за некалькi хвiлiн.
– А цяпер вы павiнны памерцi. Такая мая воля.
– Ёсць, Ваша Недаступнасць! – пачуўся дружны адказ.
Магутны Арол застаўся адзiн, узняўся ў паветра i, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залiзвала сляды працы; вось ужо зусiм гладкi пясок, вось хвалi перакочваюцца цераз мелiзну i дасягаюць скалы, дзе нядаўна хавалiся шулёнкi, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяцiцца неба. Iдзе прылiў...
* * *
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. "Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е – ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, – разважаў ён. – Бо я – увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць". А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: "Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я – Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, – iнакш што ж я за "непераможны i найвялiкшы", калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?"
Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады... Цяжка было ўявiць, што будзе тады...
15
Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.
– Што такое жыццё? – пытаўся ён, i яна адказвала:
– Жыццё – гэта рух.
– Ад чаго да чаго?
– З аднаго месца на другое.
На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай – яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.
– Што рухае?
– Неабходнасць.
– Адкуль неабходнасць?
– Ад жаданняў.
– Адкуль жаданнi?
– Ад неабходнасцi рухацца.
– Дзе ж тут пачатак i дзе канец?
– Няма нi пачатку, нi канца.
– А смерць?
– Смерць – вяха.
– Што пасля?
– Цемра.
– Ах! – усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. – Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе...
– Будзе, – прагучаў адказ.
– Але я магу стаць бессмяротны!
– Жывы труп...
– Пайшла вон!
Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.
– Так нядоўга i да хваробы...
– Што ж, – усмiхнуўся Магутны Арол, – па-твойму, я магу памерцi?
– Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.
– Лекары, – паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.
– Можа, – спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, – Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты...
– Што ты называеш "на час адкласцi справы"?
– Паляванне! – Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. – Паляванне – найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць...
Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.
Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было – раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.
Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. "Вось, – думаў ён. – Можна, значыць, абысцiся i без Абруча..."
У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.
16
Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.
– Мы хочам асвоiць планету Хi, – прамовiў Настаўнiк. – Такая галоўная мэта?
– Так, – прашаптаў Першы. – Ты ведаеш...
– Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.
– Так...
– У такiм разе што цябе прыгнятае?
– Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца...
– Паляванне наладзiў былы лон, – з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?
– Мы не ад лонаў! – з роспаччу запярэчыў Першы.
– Хто гэта даказаў?
– Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў...
– Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi...
– У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
– Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.
– Не трэба такiх спрэчак! – строга вымавiў Настаўнiк. – Яны не памогуць нам.
– Хi – дзiкая планета! – не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. – Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi...
– Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.
– Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!
– А мне падыходзiць гэта планета, – задумлiва сказаў Другi. – Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
– Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў...
– У нас урок, – сказаў Настаўнiк. – Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.
– Я хачу бачыць вышэйшых! – упарцiўся Першы.
– Ты iх ужо бачыў, – адказаў Другi.
– Тыя тры на беразе?
– Урок не скончаны! – Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.
"I зноў замiльгаў экран, – пiша Пасвячоны, – i жахлiвы iх урок працягваўся..."
* * *
"Жахлiвы ўрок"... Прызнае, такiм чынам, што жахлiвы. А вось каб перашкодзiць iм... Цi слушнасцi няма, цi этыка навуковая не дазваляе. А калi разабрацца, дык на якой падставе, па якiм праве нейкiя страшыдлы прылятаюць на нашу Зямлю, як да сябе дамоў (юнаку, бачыце, "падыходзiць гэта планета"!), i спакойненька, на вачах, разыгрываюць свае забавы?! Смальнуць бы з лазернай гарматкi, каб дарогу сюды забылiся. Вось i быў бы iм эксперымент.
Але ўжо працягнем, i няхай не пакрыўдзiцца Пасвячоны, што перапыняю яго апавяданне на свой манер.
17
Нягледзячы на ўсялякiя меры i засцярогi, у вотчыне грознага Аквiлы Рэгii пачалi адбывацца неверагодныя рэчы. Нечакана-негадана раптам высветлiлася, што Вялiкая Княгiня Сава, загадчыца складамi, не чыстая на руку i што, значыцца, начны спосаб яе жыцця ўвогуле, папулярна кажучы, павiнен быць лепшы ва ўсiх адносiнах.
Следства скончылася за самы кароткi час, "а калi яшчэ, – пiша Пасвячоны, мець на ўвазе хуткасць, з якой гэта дэманстраваў наш цудадзейны эвальвентар ноблаў, дык выйдзе толькi кароткае iмгненне". Факты, адным словам, пацвердзiлiся цалкам, нават з лiшкам, i Яго Недаступнасць асабiста распарадзiўся лёсам злачынкi: сарваў з яе акуляры, шпурнуў у фiзiяномiю i тупнуў так, што задрыжалi скляпеннi замка.
– Цяжка ўявiць! Неверагодна! У маiм уладаннi! У маiм доме! На маёй службе!!! Погань ненасытная! – Ён у знямозе павалiўся на трон i зайшоўся ў нервовым кашлi. – Лiквiдаваць!
Вялiкую Княгiню прыбралi ў чорнае адзенне, прывязалi на шыю камень, занеслi на мора i кiнулi ў самым глыбокiм месцы. Перад пакараынем яна паспела толькi пралепятаць:
– Перадайце гэтаму даўганосаму падлюгу, што... – Але дагаварыць не паспела.
Галоўны фiлосаф Грыфус Мантанус Прэдзiтус з прычыны гэтага сумнага здарэння нiбы сказаў, што ў гады росквiту i дабрабыту, у хвiлiну зацiшша пiльнасць асаблiва патрэбная. Бо ўсе, бачыце, клопатаў не ведаюць, усе радуюцца сытасцi i цiшынi, i святочны стан распаўсюджваецца падобна эпiдэмii. А гэта, сказаў ён, вельмi небяспечны i шкодны стан.
Уладар абазваў яго балбатуном, а цiкаўная Аракулька выдала сваё спакойнае "ку-ку".
А сiтуацыя мiж тым развiвалася далей.
Не паспела зацiхнуць гамонка пра складскiя справы, як з Заходнiх лясоў прыйшла вестка пра бясчынствы драздоў: збiралiся вялiкiмi чародкамi, наладжвалi шумныя i недапушчальныя банкеты, у часе якiх абгаворвалi Яго Недаступнасць, а таксама апаганьвалi мясцiны палявання. Каб навесцi парадак, прыйшлося паслаць туды эскадрыллю шулёнкаў. Авохцi! – неўзабаве нешта ж падобнае адбылося i на Паўднёвых Пласкагор'ях, у вотчыне Гэ-Гэ; гэтым разам вызначылiся перапёлкi. Гэтыя пайшлi яшчэ далей: зрабiлi чучала свайго гаспадара-фiлосафа, вiлiся вакол яго i выкрыквалi (лiтаральна так), "што не хочуць падпарадкоўвацца ўсялякiм калматым жывадзёрам". Акрамя таго, яны знеслаўлялi Прыгожую Галубку, абзываючы яе рознымi брыдкiмi словамi. Над гэтымi нахабнiкамi зрабiлi паказальны суд.
А Зязюля-Аракулька не стамлялася прадказваць смуты, хоць ужо i так было зразумела, што птушыны мацярык перажывае крызiс. Пасля перапёлак слухалася справа аб хабарнiцтве гракоў; потым на павальным браканьерстве папалiся кулiкi, а ў дадатак нешта з вадаплаўнымi... I так – адно за адным... Ды ўсё ж яшчэ можна было мiрыцца, калi б не гэта жахлiвая навiна пра змову. Так-так! у самым палацы рыхтавалася змова, i на чале – хочаце верце, хочаце не – стаяў нiхто iншы, як фанабэрысты Строгi Сарыч.
Спачатку было два-тры сiгналы, якiм уладар не надаў значэння, бо лiчыў гэта чыстай лухтой. Але прыйшоў Яго Непазбежнасць Выпадак – ён заўсёды, урэшце, прыходзiць, i – вочы раскрылiся.
Было так. Магутны Арол iшоў калiдорам, i раптам з пакояў Прыгожай Галубкi пачуўся шчаслiвы смех. Магутны Арол прыслухаўся i пазнаў голас свайго сябра i мiнiстра настрою i парадку. Сумненняў не было, бо ён пазнаў бы гэты цудоўны голас сярод тысячы падобных – столькi Ўлажэнняў было iм зачытана! А праз некалькi хвiлiн адчынiлiся дзверы, i мiнiстр з'явiўся ўласнай персонай. Без адзiнага гуку ўладар адразу сам арыштаваў яго. На допыце Строгi Сарыч прызнаўся, што задумваў пераварот. Калi афiцыйная частка закончылася, Магутны Арол наведаў зняволенага ў камеры.
Строгi Сарыч быў распасцёрты на падлозе i нагадваў хутчэй бясформенную кучу зваляных пёраў, чым жывое цела. Магутны Арол сеў i закрыў вочы крыламi: яму было цяжка бачыць свайго нядаўняга любiмца, якi так нiзка паў.
– Нiколi, Сарыч, – прамовiў ён з болем, – нiколi я не паверыў бы, што ты... – I заплакаў.
– Я невiнаваты, Ваша Недаступнасць, – пачуўся млявы хрып; голас, гэты цудоўны голас, загiнуў назаўсёды (Строгаму Сарычу праламалi горла), i Магутны Арол заплакаў яшчэ мацней.
– Я невiнаваты...
– Так-так, Сарыч. Несумленны i перад смерцю манiць.
– Невiнаваты...
– Ты ж прызнаўся, Сарыч. Нашто цяпер упарцiцца? Ад страху?
– Я не баюся, Ваша Недаступнасць. Але так памерцi...
– Як жа ты думаў памерцi?
– На полi бiтвы.
– На полi бiтвы... Добранькае ж поле ты нагледзеў сабе... Гэтак подла ашукаць мяне... А ты ж быў сябрам. Сокал, той – мой сабака, а ты быў сябрам. Ты памятаеш нашы паляваннi? Ты, значыць, для таго ўгаворваў мяне адлучацца з замка, каб плесцi сеткi здрады? Так, вiдаць, такi настаў час, Сарыч, што i сябрам веры няма. Бывай жа. Памры стойка.
I з гэтымi словамi Магутны Арол выйшаў, выцiраючы слёзы.
Тры днi правёў ён на адзiноце ў патаемным пакоi, на чацвёрты iм раптам авалодаў небывалы прыступ лютасцi. Ён уварваўся ў спальню Прыгожай Галубкi (яна якраз займалася перадабедзенным туалетам), выгнаў соек i раз'юшана закрычаў:
– Распуснiца! Здраднiца! I ты з iм заадно? Ты, якую я падабраў на сметнiку i зрабiў царыцай, хоць у паскудных тваiх жылах няма нi кроплi арлiнай крывi! Ты, якая стала б звычайнай дзеўкай у карчме трэцяга разраду! I ты пасмела зганьбiць маё iмя! – I тут ён пачаў зрываць з яе царскае ўбранне.
– Мiлы, – шаптала яна, ледзь не трацячы прытомнасцi, – Ваша Недаступнасць! Памылка... малю... выслухайце...
– Маўчаць!!!
I на гэтым бiяграфiя Прыгожай Галубкi "мела, як пiша Пасвячоны, свой канец". А фрэйлiны яе былi аддадзены на пацеху iнтэндантам-канюкам, а потым пасланыя ачышчаць лясы ад шкодных жучкоў.
Надышлi цяжкiя часы. Прыёмы i аўдыенцыi былi адменены, установы, дзе можна было б прыемна пасядзець i весела прабавiць час, – замкнутыя, ранiшнiя прагулкi не практыкавалiся. На месца Старога Сарыча, з захаваннем ранейшых абавязкаў, быў прызначаны яго раўнадушнасць Зоркi Кондар, якi адразу выдаў Улажэнне, што забараняецца па начах запальваць святло. I толькi працягвалiся выхады на паляванне. Тут Магутны Арол адпачываў душой i целам.
18
Пад скляпеннямi замка часцей пачаў снаваць Цiхi Дзяцел; ён вызначаўся здзiўляючай здольнасцю з'яўляцца i знiкаць у самых нечаканых месцах i самым нечаканым чынам. Яго баялiся ўсе. Але разам з тым лiчылi, што ён выконвае працу дужа надзвычайную ў дадзенай сiтуацыi – Строгi Сарыч меў нямала сваякоў, i нiчога асаблiвага не было ў тым, што адзiн за адным выяўлялiся ўсякага роду казнакрады i лiхадзеi, хлусы i прайдзiсветы, якiмi былы вяльможа ў свой час шчодра сябе акружыў. I Цiхаму Дзятлу старалiся па магчымасцi дапамагаць.
За кароткi час сышлi са сцэны Верны Сапсан i Адцаны Крэчат, якiя выкарысталi службовае становiшча ў мэтах кантрабанды, Важны Бусел, што парушыў "Улажэнне пра самаўпраўства", Бадзёры Страўс за тое, што спрасонку прагаварыўся аб нейкiх "iншых мацерыках", i яшчэ многiя.
Чарга дайшла, нарэшце, i да Гэ-Гэ. Пры ўважлiвым вывучэннi яго трактатаў высветлiлася, што ўсе да аднаго яны спiсаны з чужых, што ён толькi тым i займаўся, што хвалiўся сваiм сваяцтвам з уладаром, быў дужа пражэрлiвы, многа спаў i прысвойваў сабе чужыя думкi. Калi нарэшце ўсё раскрылася i Гэ-Гэ пра гэта даведаўся, ён тут жа памёр ад разрыву сэрца.
Пасля гэтых мер аднавiлася адносна здаровая абстаноўка.
19
Да гэтага часу не магу зразумець, чаму яны прычапiлiся да гэтых шалапутаў, што п'юць гарбату на беразе возера. Ну наткнулiся выпадкова, а потым чаго чапляцца?
Пасвячоны пераконвае, што гэта нездарма i што бесклапотны юны нобл Другi, значыць, – якi патрабаваў яшчэ i яшчэ раз вярнуцца да "трох фiлосафаў", зусiм не такi ўжо бесклапотны, бо ён, бачыце, улавiў нейкую там сувязь памiж тымi галубчыкамi i дафнiямi i не быў абвергнуты Настаўнiкам. Першаму ён у сваёй жартаўлiвай манеры сказаў, што, значыцца, нiякiя гэта не мясцовыя "вышэйшыя", а, вiдаць, ноблы, якiя аклiматызавалiся на планеце Хi, i прыяцель яму адказаў, што не чакаў такога легкадумства.
I вось яны, нягледзячы на пратэсты Першага, пачалi ганяць свой эвальвентар сюды i туды, i "фiлосафы" з'яўлялiся то зусiм галадранцамi, то ў касмiчным адзеннi, i мова iх, якая толькi што была грубая i непiсьменная, раптам рабiлася культурнай, а то i настолькi перасыпанай вучонымi слоўцамi, што, далiбог, я i ў апiсаннi Пасвячонага нiчога амаль не мог зразумець.
Не ведаю, нашто iм – Другому i яго Настаўнiку – патрэбна была гэта камедыя. Але нарэшце высветлiлася, што iх "фiлосафы" цi нейкiя акцёры, цi дыялектолагi, якiм трэба было апусцiцца, каб здабыць, бачыце, некаторыя спецыяльныя веды. А потым Другi хiтра ўсмiхнуўся i сказаў, што ўлоўлiвае падабенства старэйшага з "фiлосафаў" з iх Вялiкiм Магiстрам (загадчыкам, цi што, гэтай Студыi Прагнозаў?) i што той нiбы таксама носiць з сабой нейкую там пасудзiну. На што Першы адказаў, што гэта ўжо поўны здзек i ў такiх умовах вучэбную практыку праходзiць немагчыма. Другi раптам сур'ёзна запярэчыў, што практыка – самая найлепшая, што нiколi, бачыце, перад iм не паўставала столькi значных пытанняў, як цяпер.
Мне няма нiякай справы да ноблаў i iх праклятай студыi, а таксама да тамашнiх парадкаў i магiстраў. Але мне дзiўна, што Пасвячоны так падрабязна, так акуратна i не без замiлавання нават (ды няхай ён мне прабачыць, калi я чаго-небудзь не зусiм зразумеў) апiсвае ўсё гэта.
Далей – болей.
Маладыя ноблы заспрачалiся пра тое, чым растлумачыць такое iх падабенства з "жыхарамi Хi", гэта значыць з намi. Першы рабiў упор, значыцца, на тое, што нiбы тут выпадковае супадзенне; Другi ж пачаў фантазiраваць, што яны (гэта значыць ноблы) ужо калiсьцi пабывалi на Хi, а то i ўвогуле Хi – iх прарадзiма, i проста яны ў свой час пакiнулi яе i падалiся ў космасу пошуках жыццёвага прастору. I Настаўнiк не пярэчыў фантазii свайго падапечнага.
– Калi мы – Хi, – сказаў абураны Першы, – дык чаму яны такiя адсталыя? Чаму дзiчэюць?
– Можа, мы дзiчэем? – з запалам спытаўся Другi. – Мы, перанасычаныя тэхнiчнымi i навуковымi ведамi, адсталыя i дзiкiя ў параўнаннi з iмi?
– Веды i дзiкасць несумяшчальныя!
– Лягчэй давесцi адваротнае!..
20
Ну, тут мне няма чаго рабiць са сваiмi каментарыямi, прапусцiм гэта месца з "Запiсак" Пасвячонага, тым больш, што нiякiх, запэўнiваю вас, адносiн да тэмы, як кажуць, iх спрэчка не мае, а так – адна пустая грызня: хто каго пераканае, хто каго перакрычыць.
Прапусцiм дзесяткi тры старонак i зноў вернемся ў птушынае царства.
Зацiшша там, як i трэба было чакаць, было нядоўгае. Не паспелi, як кажуць, атрымаць ад яго асалоду, як на табе! – зноў навiна: скампраметавалi сябе Фiлiн, Каршун i Сакол-Каршачок, а таксама кухары-каршуны. Прычым у абвiнаваўчых актах на гэты раз фiгуравалi такiя словы, як "сладастраснасць", "скажэнне смакавых адчуванняў", "цяга да неўласцiвай птушкам ежы" (Элегантны Сакол-Каршачок нiбыта нават наладзiў патаемную вытворчасць i гандаль мёдам).
Магутны Арол з цяжкасцю ўзышоў на троннае месца i мутным позiркам аглядзеў залу. Змрочнай пустатой дыхнула на яго, час нiбы застыў, ашчэрылiся бязгучныя пашчы вокнаў. Трэба было ляцець да Плацiнавага Абруча. Але чым дапаможа ён на гэты раз? Адновiць парадак? Верне адданых саратнiкаў? Супакоiць?.. Але ж Абруч не дае суцяшэння.
Магутны Арол паклiкаў Цiхага Дзятла i спытаўся пра новыя факты беззаконня i вось якi пачуў адказ.
– Памылкi няма, Ваша Недаступнасць. I не можа быць. Калi кожны з iх невiнаваты, дапусцiм, яўна, дык вiнаваты скрыта, – гэта iсцiна. Перад дадзенай iсцiнай усе законы i Ўлажэннi – поўная бездапаможнасць. Бо вiна, Ваша Недаступнасць, павiнна вызначацца не цяжкасцю ўжо зробленых правiннасцяў, не выкрывальнымi фактамi, а ступенню магчымасцi ўзнiкнення iх. Усе магутныя ўладары ўсiх часоў толькi таму цярпелi крах, што не ведалi гэтай iсцiны або не жадалi яе засвоiць.Кожны з падданных Вашай Недаступнасцi ў розны час дапускаў такое, што наводзiла мяне на роздум. Аднак я да часу чакаў, каб не быць галаслоўным перад Вашай Недаступнасцю. Памяркуйце самi! Вось, напрыклад, яго неўтаймаванасць Спрытны Каршун, якi, як вядома, стаў над канцылярыямi пасля "Справы 666". Неаднойчы я чуў, што ён, адрываючыся ад працы i апускаючы галаву на паперы, казаў: "Ах вы, клопаты-клопаты..." Вось i прааналiзуем... Чаму ён так казаў?.. Чаму ён так казаў;.. i чаму ён так казаў? Да таго ж, вядома, Вашай Недаступнасцi не трэба тлумачыць, што стаiць за гэтым "ах вы, клопаты...". А калi б Ваша Недаступнасць магла чуць, з якiмi iнтанацыямi ён вымаўляў... Акрамя таго, гэтае скажэнне смакавых адчуванняў?.. А кухары? Вечныя перашэптваннi на кухнi, патаемныя азiраннi па баках, i нешта хаваюць пад крыло... я не здзiвiўся б, калi б яго высокасцярвятнiцтва, дэгустуючы, аднойчы павалiўся мёртвы... Дужа баяўся сведак яго раўнадушнасць Зоркi Кондар – варта мне паказацца, як ён злосна праганяў мяне, называючы мярзотнiкам i подлай жывёлiнай. Зразумела, я здагадваўся аб прычыне: ён як быццам сваяк Вашай Недаступнасцi... А Фiлiн як стрыечны брат Вялiкай Княгiнi...
– Пачакай, – перапынiў яго Магутны Арол. – Ты кажаш, што кожны мой падданы дапускаў такое. Значыць, i ты?
– Я вось таму i служу Вашай Недаступнасцi, каб выкрываць такое.
– Але ж i ты мог дапусцiць такое. Мог жа. Можа, твае рапарты толькi нагаворы, каб я ўзвышаў цябе перад iншымi, га? Бо ты пташка, якая любiць пашану!
– Але хiба я калi-небудзь пра што-небудзь такое прасiў Вашу Недаступнасць? Мая служба...
– А навошта яна ўвогуле патрэбна, твая служба, калi ты i сам прызнаёш, што за кожным водзiцца такое, гэта значыць, калi ўжо ўсё загадзя вядома?
– Я ўвесь ва ўладзе Вашай Недаступнасцi, i калi Ваша Недаступнасць мяркуе, што я i мае абавязкi, а больш дакладна, калi Ваша Недаступнасць лiчыць iх...
Магутны Арол ужо не чуў Дзятлавага мармытання. Лютасць ускаламуцiла яго душу, як раптоўны абвал ускаламучвае спакойнае возера.
– Усiх! – закрычаў ён. – Усiх да аднаго – зволiць, зволiць! Кухараў, капельмайстраў, астролагаў, пажарнiкаў... Усiх! Гэта не царскi дом, а прыстанiшча мярзотнiкаў...
– Ёсць! – адказаў Старэйшы Сокал, якi з'явiўся ў дзвярах.
I з гэтага моманту ў замку ўсталявалася поўная цiшыня.
Па пустых калiдорах i залах гуляў вецер, бясшумна варушылiся выцвiлыя шторы, па падлозе тут i там слiзгалi розныя паперкi, шматкi адзення, абрыўкi пер'я i iншая дробязь. Па пустых кабiнетах нячутна рухаўся Цiхi Дзяцел, выстукваў сцены, падаконнiкi, ножкi сталоў i падлакотнiкi крэслаў, заглядваў у пустыя куты, пазяхаў i, сумуючы, кiраваўся далей.
Каля варотаў драмаў адзiнокi Старажытны Крумкач; прачынаючыся, ён блiзарука жмурыўся на сонца i ўздыхаў.
Цiшыня парушалася толькi зрэдку: у нiшы над пустым тронам абуджалася Аракулька, i тады па замку гулка разносiлася:
– У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу... у су-мя-тнi дзён... У су-мя-тнi дзён я прад-ба-чу... Ку-ку... ку-ку...
Крумкач, бразгаючы ключамi, заглядваў у залу i сумна гаварыў:
– Змоўкла б ужо, далiбог...
– Ку-ку, – адказвала Аракулька, i эха разлягалася ў дальнiх памяшканнях, i ўздрыгвалi на верхнiх вежах шулёнкi, чакаючы загаду, i зноў апаноўвала iх адранцвенне, бо загаду не было.
Магутны Арол амаль не пакiдаў сваiх пакояў. Ежу яму прыносiў Старэйшы Сокал, пасцель ён засцiлаў сам. Справы ўжо не цiкавiлi яго.
А ў лясах i далiнах (магчыма, i ў вынiку частых паляванняў) стала мала жыўнасцi, ды i тая, што ўцалела, гiнула ад засухi i хвароб або перасялялася ў далёкiя i змрочныя нетры, так што шулёнкам усё больш цяжка было здабываць ежу сабе i свайму пану. У дадатак на лясы раптам напала казявачная эпiдэмiя амаль нябачныя кузуркi i чарвячкi пажыралi не толькi хвою i лiсце, але i кару, i лясы хутка пачарнелi, пачалi гнiць, i нясцерпны смурод iшоў ад iх. А дзяўчат-соек там даўно i след прастыў.
Магутны Арол, седзячы на падаконнiку, пазiраў удалечыню, i цяжкiя думкi маршчынiлi яго лоб. "Вось, – думаў ён, – вось да чаго я дайшоў. Я – Аквiла Рэгiя Iнвiктус Максiмус Юстус – павiнен перажыць крушэнне самога сябе..."
Ён паклiкаў Аракульку.
– Я – вялiкi?
– Ага.
– Чым?
– Магчымасцямi.
– Якiмi?
– Iмем.
– А велiч духу?
– Прах.
– А свабода?
– Лухта.
– А ўлада?
– Ку-ку.
– Але я быў патрэбны!
– Чарадзе.
– Я – замяняльны?
– Ага.
– Хлусiш, праклятая вяшчунка! – крычаў Магутны Арол i, адвярнуўшыся, закрываўся крылом, каб Зязюля не бачыла перакрыўленага пакутамi позiрку.
– Хто можа замянiць мяне?
– Кожны.
– А iмя?
– Дадуць.
– Хто?
– Чарада.
– Тая, якую я...
– Тая.
– Хлусiш!
– Ку-ку.
– Я – люты?
– Адносна.
– Я варты жалю?
– Адносна.
– Я хворы?
– Адносна.
– Можа, вернецца страчанае?
– Не.
– А што сталася?
– Жыццё.
I заўсёды, пасля паўзы, ён задаваў апошняе пытанне:
– Што мяне чакае?
I адказ заўсёды быў адзiн i той самы:
– Бяссмерце.
Гэтае слова ўпiвалася ў яго, як страла, i ён, пакутуючы, праганяў Зязюлю. "Што мне ад бяссмерця? – думаў ён. – Цi лягчэй ад усведамлення таго, што iмя тваё ўвойдзе ў вякi? У такiм вось веку, скажа нейкi паважны нашчадак, у такiх вось краях жыў-быў Магутны Арол. Але я не ўбачу твару гэтага нашчадка, не пачую, якiм голасам вымавiць ён гэтыя словы... Хто iм раскажа, як шмат у канцы сваiх дзён перажыў той, якому не было роўных? Адзiнокi, непатрэбны..."
Часам авалодвала iм прага дзейнасцi. Ён пакiдаў замак i ляцеў над зямлёй. I хоць яна не была ўжо блакiтная i зялёная, а цалкам чорная, ён дзелавiта аглядваў яе з вышынi, прыкiдваў, як яе змянiць.
– Мы збяром тых, хто застаўся, – казаў ён вернаму свайму целаахоўнiку. Мы ўсё iм адкрыта скажам, i яны пачуюць свайго пана i сябра! Мы аздаровiм рэкi i стэпы, звядзём гэтых праклятых кузуркаў, якiя нiшчаць лясы. Мы забаронiм паляванне – няхай звяры нараджаюцца нанова i пасяляюцца, дзе хочуць...
I вось ужо далёкiя думкi, падобныя свежаму ветру, пранiзвалi яго. "I тады ў мяне будзе новы двор, новыя слугi, я знiшчу ўсе старыя Ўлажэннi i выдам новыя, i абнародаваць iх будзе роўным прыгожым голасам малады Сарыч. Падрасце моладзь, я выберу лепшых для здзяйснення задумаў, мы перабудуем палац, i ў часе шумных прыёмаў маладая царыца будзе сядзець побач са мной на новым троне. А гэтага праклятага Дзятла я загадаю пасадзiць у клетку i кармiць цераз дзень казуркавай падлай..."