444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Вінцэсь Мудроў » Албанскае танга » Текст книги (страница 8)
Албанскае танга
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 22:32

Текст книги "Албанскае танга"


Автор книги: Вінцэсь Мудроў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]

– Браток, падкінь да Воршы.

* * *

Раніцою наступнага дня да шэрай хрушчобы, дзе жыў герой нашага аповеду, пад’ехаў сталёвага колеру «чэрокі». Зь яго выкуліўся Лёха Кайданоўскі і, азіраючыся, забег у першы пад’езд. Выбег Лёха з пад’езду хвілін празь пяць. Убіўшыся ў джып, ён хапануў, як выцягнутая з вады рыба, паветра, вохнуў, нарэшце, плаксіва прамовіў:

– Вісіць… у ваннай…

Чарнявы тыпус, што сядзеў за рулём, правёў далонямі па валасах.

– Усё агледзеў – ні грошай, ні цыдулкі… Толькі во… паперы нейкія, – Лёха дрогкай рукою працягнуў кампаньёну чырвоную тэчку.

– Паслалі лоха… – з дакорлівай усьмешкай прастагнаў кампаньён. – Абабралі, відаць, па дарозе, вось і палез у пятлю.

У тэчцы былі песьні з нотамі.

«Перадаць Юрыю Мамантаву», – прачытаў кампаньён размашысты надпіс на першай старонцы, кінуў тэчку на задняе сядзеньне.

– Спаліш дзе-небудзь, – чарнявы завёў машыну, паддаў газу і, глянуўшы на спалатнелага Лёху, працэдзіў: – Ня сцы, Кайдан, баксы былі фальшывыя.

Джып рвануўся зь месца, разагнаў убокі ваду з лужыны, і дзьве цёткі, якія ішлі міма, войкнулі і абабілі прыполы фальбоністых сукенак.

Тайна Пронінай сажалкі

І

Душным летнім вечарам, прыкладна а 19-й гадзіне, зь піўбару «Эрыдан», што сьціпла прыляпіўся да ўскрайку гарадзкога парку, выйшлі двое мужчынаў. Першы зь іх, маленькі, чарнявы, апранены ў пацёхканую вятроўку ды мышастага колеру нагавіцы, быў ніхто іншы, як намесьнік галоўнага рэдактара мясцовай газэты «Мандрыкаўскі весьнік» Рыгор Налівайка. Другі – высокі, лысаваты, зь вялізным носам, які рабіў яго падобным да генэрала дэ Голя, працаваў інспэктарам пажарнага нагляду і меў нетутэйшае (удмурцкае, як ён сам казаў) прозьвішча Мусьлін.

Завярнуўшы ў паркавыя прысады, мужчыны запалілі папяросы, і журналіст, выцершы рукавом вятроўкі ўзмакрэлы лоб, нецьвяроза й не да месца сувора запытаў:

– Ну, дык ты думаеш падаваць заяву?

Пытаньне прагучала няўцямна, правакавала на стрэчнае пытаньне: «Куды?» – але Мусьлін у адказ адно ўздыхнуў ды таксама правёў рукой па лабаціне.

Кожнага разу, выкуліўшыся з бару, сябрукі гаманілі пра літаратуру, і Налівайка, зацягнуўшыся папяросай і адрыгнуўшы піўным духам, кожнага разу заклікаў інспэктара падаваць заяву на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў. Мусьлін, як ужо чытачы зразумелі, пісаў вершы. Былі яны бясконца далёкія ад дасканаласьці, аднак «Мандрыкаўскі весьнік» іх зрэдзьчасу друкаваў, і, вядома ж, пасьля кожнай такой публікацыі аўтар вёў намесьніка галоўнага рэдактара ў «Эрыдан».

У душы Налівайка пацьвельваў з Мусьліна і ягоных «паэтычных пердлаў», да таго ж аднойчы злапаў паэта на плягіяце, але, кульнуўшы тры кухлі дармавога «жыгулёўскага», са шчырай дрыготкай у голасе заклікаў творцу напісаць заяву ў пісьменьніцкі зьвяз, а агораўшы чацьверты, здушана-ўрачыстым голасам, траха не са сьлязінай у вачох, прасіў сябра прачытаць што-небудзь зь яшчэ не надрукаванага.

Сёньня сябрукі выпілі па тры кухлі – у Мусьліна на большае не хапіла грошай.

Мужчыны дайшлі да канца ліпавых прысадаў і паэт змучана прамовіў:

– А як ня прымуць?

Налівайка спыніўся, прыпаліў прытухлую папяросу, хацеў штосьці сказаць, ды ў гэты момант за сьпінаю пачулася непрыемнае, падобнае да віскату цыркуляркі, зумканьне. Сябрукі разам азірнуліся і тут жа спалохана прыселі: па-над іхнымі галовамі, поўнячы слых каляным звонам і дыхнуўшы ў твар лёгкім ветрыкам праляцеў… Зрэшты, хто праляцеў над іхнымі галовамі, ня здолеў бы адказаць і самы фаховы энтамоляг. Памерамі лятун быў з добрага шпака, а з выгляду нагадваў звычайнага камара: такая ж доўгая дзюбіна, мехаваты, у шэрую палоску пузень, дзьве цыбатыя, задзёртыя ўгору лапкі. На кароткае імгненьне камарышча прыцішыў лёт, завіс над інспэктарам, а потым, зумкнуўшы наастачу, пераляцеў кусты і зьнік у паркавых нетрах.

У Налівайкі ад нечаканасьці з роту выпала папяроса і ён, падхапіўшы яе з-пад ног, тыцнуў беламорыну гарачым канцом у ніжнюю, уражана адвіслую вусну.

– Хто гэта быў? – прастагнаў журналіст, аблізваючы прыпечанае месца.

– Камар… – няўпэўнена прамармытаў Мусьлін, азіраючыся на бокі.

– Дзе ты бачыў такога камара? Гэтая халера з ног саб’е, як у лоб пацэліць, – журналіст дагэтуль стаяў паўсагнутым і толькі цяпер выпрастаў хрыбціну.

Увабраўшы галовы ў плечы, сябрукі пашыліся ў кусты й доўга стаялі там, слухаючы шапаценьне струмка. На твар Налівайкавы лёг цень засяроджанасьці, магчыма, нават турботы, а ў гарачай галаве замітусіліся бязладныя думкі ды абрыўкі газэтных паведамленьняў: «Неверагодная сэнсацыя!.. Камар-мутант шукае спажывы!.. Увага навуковай грамадзкасьці прыкутая да гарпасёлку Мандрыкаўка!.. Першы, хто паведаміў пра зьяўленьне мутанта, быў журналіст мясцовай газэты Рыгор Налівайка!»

– Чуеш?! – гукнуў журналіст, зашпільваючы прарэх. – Мы з табой сталі сьведкамі надзвычайнай падзеі, і я, як сумленны журналіст, – Налівайка гаварыў без іроніі, – мушу паведаміць пра гэта цывілізаванаму сьвету.

– Думаю, варта памаўчаць, – перапыніў яго Мусьлін, вылазячы з кустоў. – Халера яго ведае, што там паляцела.

– Не-э, братка… «Не магу маўчаць», як казаў клясык. Ты мне дасі невялічкае інтэрвію, распавядзеш – як там усё было. На гэтай справе – Налівайка ўкінуў у рот чарговую папяросу – мы зможам абабіць ладную капейчыну. За мяжою, думаю, гэты факт шмат каго зацікавіць, а інфармацыя ў наш час каштуе вялікіх грошай.

– Вазьмі інтэрвію яшчэ ў каго… Не хапала, каб мяне ў дурку выправілі. Разам з табою.

Журналіст яшчэ больш пасуравеў, абурана ікнуў.

– Ага-а… (ік!) чужыя вершы дзерці – гэта ён можа (ік!), а даць маленькае інтэрвію ня мае ахвоты…

Ікнуўшы тры разы запар, Налівайка мацюкнуўся, а суразмоўнік нэрвовым рухам пацёр упрэлы нос і сарамліва адвёў вочы.

Калісьці, падпіўшы з нагоды чарговай публікацыі, інспэктар запрасіў Налівайку да сябе ў хату – працягнуць банкет. І пакуль гаспадар бегаў у краму за чарговай бутэлькай, госьць выпадкова знайшоў сярод папераў пажоўклую тэчку з газэтнымі выцінанкамі. Гэта былі вершы зь нейкай шматтыражнай газэты хрушчоўскай пары. Вершы тыя, як зразумеў журналіст, Мусьлін акуратна перапісваў і выдаваў за свае.

– Ну дык што, Гамэр, прычыняем тваю гамэрню?… Колькі можна плягіятам займацца… – журналіст ляпнуў інспэктара па сьпіне і ўжо прымірэнчым тонам заўважыў: – Ды не хвалюйся ты. Я й прозьвішча называць ня буду. «Наш чытач М., работнік пажарнай інспэкцыі…»

– Зашыфраваў… У нас на ўсю Мандрыкаўку два інспэктары, – прамармытаў у адказ Мусьлін і таксама ікнуў – залівіста і гулка.

Пакуль бег да хаты, ізноў прыперла адліць, таму ад самых дзьвярэй, адсунуўшы плечуком жонку, Налівайка рушыў у прыбіральню.

– Ізноў дзюбнуўшы? Хоць бы дзьверы прычыняў, паскуда… – выдыхнула жонка, але голас ейны, на шчасьце, заглушыла звонкае цурчаньне.

– Пазасцывае ўвесь унітаз… выцірай потым ягоныя сцулі, – пад жончынае буркаценьне, не сказаўшы ні слова ў адказ – на тое папросту не было часу, – Налівайка скінуў вятроўку, зазірнуў у даччын пакой.

Люська, сямнаццацігадовае цыбатае дзяўчо, сядзела пры кампутары і вывучала шлюбныя абвесткі.

– Давай… згортвай сваю музыку… набярэш невялічкі тэкст.

– Хай табе твая Клаўка набірае, да якой ты цягаўся, – з жарсьцю прамовіла жонка. Жонка ўзялася ў бокі, зьбіраючыся сказаць яшчэ нешта на адрас рэдакцыйнай машыністкі, але, угледзеўшы шалёны бляск у мужавых вачах, сунялася і апалым голасам пралепятала: – Здарылася што?

Муж нічога не адказаў: закінуўшы рукі за сьпіну, пачаў мераць пакой разважлівым і, як у таго ката, сьцярожкім крокам.

Думкі блыталіся ў галаве. Хвілін пяць Налівайка сноўдаўся па пакойчыку, нарэшце памружыўся на нізкую столь, кашлянуў у далонь.

– Пішы: «Неверагоднае здарэньне ў гарадзкім парку».

Дачка іранічна хмыкнула, заляпала пальцамі па клявіятуры.

– «Сьведкамі дзіўнай зьявы стаўся мінулай серады інспэктар пажарнага нагляду Браніслаў Эм…»

– Ці ня той гэта п’яніца, што вершы піша? – азвалася з кухні жонка. – Стрымліваючы вогнепырскі гнеў, муж сьціснуў кулакі, пачаў мераць пакой крокам уладным і безразважна-рашучым.

– … і адзін з супрацоўнікаў нашай газэты… Прагульваючыся адвячоркам па цяністых прысадах, яны раптам убачылі над сваімі галовамі камара». Напісала? «Камар той, аднак, быў велічынёй зь вераб’я…»

– Во дапіліся, – жонка гучна бразнула талеркамі і муж, не стрываўшы, з такім імпэтам прычыніў дзьверы пакою, што пад ногі сыпанула тынкоўка, а трохражковая люстра, вясельны цешчын падарунак, зьлёгку крутнулася пад стольлю і гучна абрынулася на падлогу.

Наступнага ранку, азызлы, прыспаны – спаць давялося на раскладанцы – Налівайка ўвайшоў у рэдактарскі кабінэт, зь цяжкасьцю апусьціўся ў крэсла.

Іван Пятровіч Жох, рэдактар «Мандрыкаўскага весьніку», акінуў падначаленага вясёлым і ўадначас дакорлівым позіркам.

– Ну, як вы тут, безь мяне? – два мінулых тыдні Жох быў на сэмінары ідэалягічных работнікаў і на працы зьявіўся толькі сёньня. – Працавалі, бачу, безь перапынку на абед і асабістыя патрэбы. Аж вочы заплылі…

Налівайка такіх жарцікаў як і ня чуў. Дрогкай рукой выцягнуў з кішэні вятроўкі складзены ў дзьве столкі аркуш:

– Гэта ў набор… у заўтрашні нумар!

– Глядзі, Рыгор, – рэдактар кароткую хвілю вывучаў ніжнюю, апухлую і пасінелую вусну падначаленага, – дап’есься…

Жох разгарнуў паперку, насунуў на нос акуляры, і вочы ягоныя адбіткамі акварыюмных рыбак заварушыліся ў шкельцах. Напачатку рэдактар пасьміхаўся, потым ўраз пасур’ёзьнеў, дастаў з пачка цыгарэту.

– Слухай, у мяне ў вобласьці знаёмы нарколяг ёсьць. Прафэсар Сушчэня. Пазваню зараз, дамоўлюся. Наступным тыднем і выпраўляйся. Сушчэня і не такіх ставіць на ногі.

– Ды я гэтага камара на ўласныя вочы бачыў! – Налівайка грукнуў кулаком у грудзіну. – І ня я адзін… Мусьлін таксама.

– Гэта той паэт? – Жох падцягнуў да сябе газэтную падшыўку. – Як я ў камандзіроўку, ты адразу ставіш гэтага вершаплёта. Уся Мандрыкаўка сьмяецца. Карацей, ад сёньняшняга дня вершы ідуць толькі з маёй візай. Зразумеў?

Жох прыпаліў цыгарэту, разагнаў рукой шызы дым.

– Што вы там пілі? Можа якой халеры глынулі, вось і пачаліся глюкі.

– Мы маем шанец першымі паведаміць сьвету аб прыроднай анамаліі. Наша сраная раённая газэта можа патрапіць у гістарычныя аналы.

– У анальную адтуліну мы можам патрапіць, Рыгорка. Я дваццаты год у рэдактарскім крэсьле і маю пэўны досьвед газэтнай працы. Ну, засьведчыў ты зьяўленьне нейкай камарынай анамаліі… Ну, сфатаграфаваў ты таго камара… Усё адно мы мусім гэтую інфармацыю ўзгадніць. А раптам тут прысутнічае нейкая дзяржаўная тайна? А можа гэта вынік сакрэтнага генэтычнага экспэрымэнту? То ж бо то… Так што кінь дурыкі, на табе праграму сэмінару ідэалягічных работнікаў, і йдзі рыхтуй матэрыял. На першую паласу ставім.

Выкуліўшыся з рэдактарскага кабінэту, Рыгор абапёрся плечуком на дзьвярны вушак, зморана вохнуў.

– Вам што, Рыгор Іванавіч, нядужыцца?

Рэдакцыйная машыністка Клава, нястарая яшчэ, прышчаватая з твару разьвядзёнка, ад’ехала ад кампутара, крутнулася ў офіс-крэсьле.

– Клава… да заўтра, – выдыхнуў Рыгор Іванавіч і тая, да каго ён зьвяртаўся, з уздыхам пацягнулася да кайстры.

Пазычаных грошай хапіла на бутэльку самага таннага віна. Напачатку Налівайка хацеў тут жа, з рыльца, агораць пляшку, але згадаў пра сябра і рушыў на вуліцу Луначарскага, дзе месьцілася пажарная частка.

Мусьліна ён сустрэў па дарозе. Той, ціснучы да грудзіны службовую тэчку, шыбаваў насустрач.

– Вось дык сустрэча! Па кім звоняць, таго чорт гоніць, – пажартаваў Рыгор, і Мусьлін, убачыўшы пукаціну на Налівайкавым пінжаку, рашуча затрос галавой.

– Не магу… служба… Іду інспэктаваць стан пячнога ацяпленьня.

– Ды што ты як дзіцё. Ад пляшкі «чырвонага» і камар не захмялее.

Пачуўшы пра камара, Мусьлін азірнуўся, перакінуў з рукі ў руку парэпаную тэчку.

– Ну дык як, будзеце друкаваць?

– Крыху пачакаем. Трэба сабраць дадатковыя факты, – Налівайка сышоў з дарогі, сеў на бервяно каля плоту.

Мусьліна такая вестка ўзрадавала; ён нават рукі пацёр ад захапленьня і вомігам, рухам фаховага фокусьніка, выцягнуў кубак-складанец, які, па старой завядзёнцы, насіў у кішэні.

Сябры выпілі па першай, прыхінуліся сьпінамі да плоту, укінулі ў рот папяросіны.

– А што, уласна, цябе так усхвалявала? – выдыхнуў разам з папяросным дымам інспэктар пажнагляду. – Ну адгадаваўся той камар, ну набыў паўкілё жывой вагі, ну паляцеў… Ці варта з таго ў званы біць? Вунь… – інспэктар тыцнуў папяросінай у бок вароны, якая сядзела на дрэве й чысьціла дзюбу – … птушкі лётаюць… і нічога… нікому з таго няма бяды.

– Ты што, прыкідваесься, ці сапраўды такі дурны? – Налівайка ад абурэньня закашляўся і лінуў віна міма кубка. – Зьяўленьне гэтай пачвары – трывожны званок чалавецтву. Сьведчаньне таго, што ў прыродзе пачаліся генэтычныя зьмены з самымі непажаданымі наступствамі. Сёньня зьявіўся камар велічынёю з варону, заўтра зьявіцца варона памерам са слана… – Адчуўшы, што прамаўляе газэтнай мовай, Налівайка стуліў вусны, з гімораю агіды на твары прыклаўся да кубка.

– Калі тое яшчэ будзе, – нясьмела вымавіў Мусьлін. – Мы ж з табою ня зьменімся. Як-небудзь дажывём да сьмерці: ты ў сваёй газэце, я ў «пажарцы»…

– Разважаеш, як наш рэдактар, – Налівайка вытрусіў з бутэлькі апошнія кроплі. – Таму хоць сьвет згары – абы крэсла пад сракай не хісталася. А ты ўяўляеш, колькі такі камарышча можа за раз крыві высмактаць? Во, – Налівайка прыўзьняў кубачак, – цэлую шклянку!

– То ж звычайны камар можа неўпрыкмет крыві насмактацца. А гэты вялікі… сядзе – адразу адчуеш, – без упэўненасьці ў голасе парыраваў Мусьлін.

– А як засьнеш дзе, падпіты. Памятаеш, Лёшка Кабякоў заснуў на рыбалцы, дык потым месяц хадзіў азызлы.

Агораўшы пляшку, сябрукі хвілін пяць сядзелі моўчкі, думаючы кожны пра сваё, неўзабаве іхныя думкі зьліліся ў агул, Налівайка патрабавальна зірнуў Мусьліну ў вочы, і сябрук стаў мацаць кішэні, шукаючы грошы.

Другую пляшку пілі ў парку, непадалёку ад «Эрыдану». Селі ў цяньку, пад разложыстай ліпай. Рыгор скінуў вятроўку, прытуліўся макаўкай да гладкага стаўбура.

У паветры галавакружна пахла ліпавым кветам. Відаць, ад таго галава й сапраўды закружылася, вочы міжволі заплюшчыліся, і здалося на міг, што дрэва зьлёгку дрыжыць ад пчалінага гуду.

Мусьлін штосьці казаў пра пажары, пра загадчыцу мэблевай крамы Барановіч, якая ўчадзела ад дыму, пра тое, што ў пажарнай каланчы падгнілі палі і яна вось-вось абрыне долу, але Рыгор нічога гэтага ня чуў: сядзеў з заплюшчанымі вачыма, слухаў аднатоннае гудзеньне пчол, і ў душы ягонай было суцішна і ціхамірна. Адна з пчолак нечакана зумкнула каля вуха, тыцнулася ў скронь, і дзесьці непадалёку бразнулі шклянкі і нехта задаволена рагатнуў.

– Вось вы зараз сьмяецеся… – дакорліва гучаў за кустамі нечы непракерханы бас, і Рыгор пазнаў па голасе бугальтара райспажыўсаюзу Лёшку Кабякова. – Падыходжу да Пронінай сажалкі – і раптам… ляціць… вось такога памеру! – узрушана басіў Кабякоў: словы гэтыя пакрыў дружны рогат. – Ты, Лёха, наступным разам акуляры здымай, а то яны ў цябе па-п’янцы павялічваюць, – гамзата прамовілі ў адказ і новы выбух рогату скалануў навакольле.

Рыгор прыхапіўся на ногі як пчалою ўцяты.

– Што з табою? – улякнута запытаўся субяседнік.

Рыгор нічога не адказаў. Глынуў з рыльца сваю долю, падхапіў вятроўку і, матлянуўшы галавой, маўляў, пасядзі тут, я зараз, пабег па ўтравелай, засьмечанай поліэтыленавымі коркамі сьцяжыне.

Гарпасёлак, дзе надарыліся ўсе гэтыя жарсьці, быў спрэс забудаваны прыватнымі хацінамі, і толькі ў цэнтры, поруч з будынкам райвыканкаму стаяў пяток нехлямяжых камяніц ды на ўскраіне апошнім часам паўстала колькі пяціпавярховікаў. У адным зь іх і жыў наш герой.

Рыгор Налівайка правёў у Мандрыкаўцы, лічы, усё жыцьцё, і хвілінамі душэўнага одуму дзесьці ўнутры, у раёне хворай пячонкі, часьцяком нараджалася палкая нянавісьць да гэтай мясьціны і яе насельнікаў. Ён марыў зьехаць у сталіцу ці ў якое іншае вялікае места, дыхнуць на поўныя грудзі чаднага гарадзкога паветра й даць разгону свайму журналісцкаму імпэту. І вось, шыбуючы подбегам па галоўнай мандрыкаўскай вуліцы, адчуў Рыгор на спацелым твары халаднаваты подых блізкіх пераменаў і, мерачыся даць высьпятка гарластаму пеўню, што перабягаў дарогу, гарачымі вуснамі прашаптаў тэкст, які неўзабаве павінен быў зьявіцца на першых палосах сталічных газэт: «Журналіст Рыгор Налівайка першым паведаміў чалавецтву пра сьмяротную небясьпеку».

… Дачка Люська сядзела ў сваім пакоі і гуляла ў кампутарныя гульні.

Яму б паўшчуваць дачку («Цэлымі днямі лынды абівае. Хаця б посуд памыла»), але ён нічога такога не сказаў, адно зь нецярплівасьцю крутнуў пальцамі, мадэлюючы рух, якім укручваюць лямпачкі.

– Ці можаш павесіць інфармацыю… на гэтым… як яго? – Рыгор ізноў крутнуў пальцамі.

– На інфармацыйным сайце?

– Во-во, – пажвавеў Рыгор, неадрыўна пазіраючы на экран кампутару.

– Якая інфармацыя? Пра камароў? – хмыкнула дачка і тут жа незадаволена павяла кірпатым носам: – Ну, бацька, і смурод ад цябе…

Калі віно выходзіла потам, цела заўсёды сьмярдзела. Раней Налівайка не зьвяртаў на тое ўвагі, але сёньня, надыктаваўшы тэкст, пайшоў у ванную, распрануўся па пояс і абліўся халоднай вадою з-пад крану. А расьціраючы ручніком друзлае цела, падумаў, што гэта было сымбалічнае абмываньне перад пачаткам новага жыцьця.

Абліўся Рыгор халоднай вадою і адвячоркам. Навярнуў на сьпіну халадзёнкі, голасна крэкнуў ды мусіў, не выціраючыся, бегчы ў сьвятліцу, бо дачка Люська нема загарлала:

– Бацька, хутчэй сюды! Пра тваіх камароў распавядаюць!

Па тэлевізары ішла «Панарама». Неахайна стрыжаная дыктарка зь іранічнай усьмешкай на твары зачытвала паведамленьне Швэдзкай інфармацыйнай агенцыі. Рыгор пачуў толькі апошнія сказы:

«… Выяўленыя ў раёне пасёлка Мандрыкаўка камары маюць неверагодныя памеры. Сьведкі параўноўваюць іх са шпакамі, ці нават з варонамі. Мясцовыя ўлады, аднак, адмаўляюцца даваць на гэты конт нейкія камэнтары».

Рыгор пераступіў з нагі на нагу, прыбраў з вачэй мокрыя валасы, а дыктарка, задаволена пасьміхнуўшыся, зьвярнулася да суразмоўніка, які сядзеў поруч:

– Мы запрасілі ў студыю вядомага навукоўца, спэцыяліста ў галіне энтамалёгіі Фартуната Казімеравіча Падбайлу. – Фартунат Казімеравіч, што вы можаце сказаць наконт пачутага?»

Навуковец – ружовашчокі таўстун у пакамечаным пінжаку – паглядзеў некуды ў бок, стрымана керхануў.

– Прагныя да танных сэнсацый заходнія журналісты і раней паведамлялі сьвету шмат таго, што з пункту гледжаньня здаровага сэнсу можна назваць недарэчнасьцю. Паведамленьне пра зьяўленьне ў нашых краях гіганцкіх камароў – з таго шэрагу…»

Рыгор даглядзеў «Панараму» да канца, мацюкнуўся, пайшоў быў у ванную, ды тут – патрабавальна і трывожна – у вітальні азваўся тэлефон.

– Ну як… чуў? – гракнуў на другім канцы дроту Жох. – Уяўляеш, што б было, калі б мы тваю нататку надрукавалі? – Жох уражана зацокаў языком і ў слухаўцы пайшлі кароткія гудкі.

Хвіліну Рыгор стаяў у непаразуменьні, трымаючы ля вуха гудлівую слухаўку, і ў такім стане яго й засьпела жонка.

– А што гэта тут вады паналівана? – ад парогу выбухнула Капіталіна, прычыніўшы дзьверы азадкам.

Убачыўшы мокрага Рыгора, Капіталіна акінула таго дапытлівым позіркам.

– Ты што, зь выцьвярэзьніку зьбег?

Муж нічога не адказаў; скрыгатнуў зубамі і пасунуўся ў ванную выціраць мокрую галаву.

У пятніцу па абедзе заўсёды цягне на сон. Плынь думак раз за разам абрываецца, галава хіліцца долу і ўваччу пачынаюць брыніць няўклюдныя патарочы: жоўтыя сьцены, дым лясных пажараў і жонка Капіталіна, якая стаіць звычайна на тле жоўтай сьцяны і не сваім голасам прамаўляе: «Рыгор, ты мусіш пайсьці ў «Эрыдан» і выпіць кухаль піва!» Пасьля такога сьпічу Налівайка звычайна абуджаецца, выцірае з вуснаў цягуткую сьліну і празь імгненьне галава ягоная ізноў навісае над рэдакцыйным сталом.

Гэтым разам таксама прымроілася жоўтая сьцяна, і чорны дым пажару закрыў на момант бляклае сонца, і Капіталіна ўжо гатовая была раскрыць шчарбаты рот, ды тут пранізьліва дзынкнуў тэлефон і Рыгор, страсянуўшы чупрынай, падняў слухаўку.

– Гэта я, Мусьлін, – сьвідрануў вуха ўсхваляваны сябруковы голас.

– Ну, што там у цябе?…

– Давай да мяне. Тут адзін наш знаёмца камара бачыў.

«З Кабяковым выпіваюць», – падумаў Рыгор і, гукнуўшы Жоху: – Я на інтэрвію! – падаўся з рэдакцыі.

…Сябрук жыў непадалёку, у драўлянай хаціне з мансардай. Ляснуўшы нагой па коле запыленага службовага «казла» – інспэктар пажнагляду езьдзіў на ім па раёне, – Рыгор увайшоў у хату і пачуў натужлівае крэканьне. Мусьлін з Кабяковым стаялі на хісткім услоне, усьпіраючы на высокую печ саракалітровы бітон з-пад малака.

– Пляменьнік жэніцца, бражкі паставіў, – патлумачыў Мусьлін, абабіваючы далоні.

Рыгор паціснуў шурпатую Кабякову далонь.

– Сёньня ад ранку пайшоў на карасёў… – бугальтар гаварыў няўцямна, ляскаючы штучнай сківіцай, – карацей, гляжу: ляціць!

– Хто, камар? – перапытаў Рыгор, выцягваючы нягнуткімі пальцамі цыгарэту з прапанаванага Кабяковым пачка.

– Не камар, а камарынае страшыдла! Я яго там другім разам сустракаю.

– Дзе гэта?

– На Пронінай сажалцы, – патлумачыў Мусьлін, кіўком галавы заклікаючы Кабякова працягваць аповед.

– Праляцеў нада мной з рэактыўным гудам. Карацей, падышоў да сажалкі – я там ужо пяты годы карасёў лаўлю, – бачу, на вадзе нешта віхляецца. Гляньма, а гэта чарвяк плыве… ну, той, зь якога камар вылупліваецца. Нават, не плыве, а гэтак хуценька, усім целам згінаецца. Вы бачылі камарыныя лічынкі? Яны ў бочках з гнілою вадой вядуцца.

– Бачылі, – буркнуў Налівайка, хаця й ня надта цяміў – пра што гаворка.

– У звычайнага камара лічынку ледзь бачна, а гэтая дык з ладную сасіску.

– Трэба туды зьезьдзіць, – з турботаю ў голасе прамармытаў Рыгор, зірнуў на Мусьліна, і не пасьпеў той раскрыць рот, каб, па старой звычцы, паведаміць пра адсутнасьць бэнзіну, як журналіст ляпнуў яго па сьпіне і ўжо з парогу хаты выдыхнуў: – Зь мяне тры піва!

Проніна сажалка месьцілася за два кілямэтры ад пасёлку. Калісьці, яшчэ да вайны, тут бралі гліну для цагельні, кар’ер зь цягам часу запоўніўся вадою, берагі зарасьлі кустамі ды чаротам, і штучны вадаём ператварыўся ў сапраўдны карасёвы гадавальнік.

– Карасі пайшлі кіляграмы па тры, а мо і болей, – прамаўляў Кабякоў, ляскаючы сківіцай. – Нідзе такіх ня бачыў. Кабаны, а не карасі.

«Казёл» падкідвала й трэсла, бо ехалі па ўтравелай ральлі. Ужо ля самай сажалкі Мусьлін паддаў газу, наехаў на калдабан, і машыну так скаланула, што Налівайка ляснуўся барадою аб бардачок, а Кабякоў, які сядзеў ззаду, згубіў сківіцу разам зь акулярамі і потым, незадаволена мацюкаючыся, шукаў іх пад нагамі.

Мусьлін спыніў машыну ля кустоў, заглушыў матор.

– Ня дай бог – падвеска ляснулася, – інспэктар выкуліўся з кабінкі, палез пад машыну, а Налівайка, высалапіўшы прыкушаны язык, агледзеў навакольле.

– Дарма ня ўшяў вуду, пакашаў бы вам – якая тут лыба! – галоўны бугальтар уставіў сківіцу на месца, але, відаць, няўдала, таму й шапялявіў.

– Тут, браце, не да рыбы, – адказаў Налівайка. – У падтрымку такой думкі непадалёку затрашчаў хломазд і з кустоў выбеглі два падшыванцы з кароткімі вудамі ў руках.

– Дзя… дзядзькі… мы… толькі што… вось такога… бачылі! – навыперадкі загарлала дзятва.

Налівайка махнуў рукой, заклікаючы крыкуноў аціхнуць і распавесьці ўсё добрым ладам, але тут з-за кустоў вылецеў велізарны камарышча і, не раўнуючы НЛА, растаў у паветры.

Налівайка з Кабяковым моўчкі пераглянуліся, сьцярожка, на паўсагнутых, рушылі да сажалкі. Ужо ля самага берага пад Рыгоравай нагой трэснула сухая галіна, і сябрукі спалохана сьцепануліся. Далей не пайшлі – вырашылі пачакаць Мусьліна.

Інспэктар між тым бразнуў дзьверцамі, гукнуў падшыванцам: – Бяжыце адсюль, пакуль камар ня джгануў! – і таксама палез у хмызы, на хаду рассмоктваючы прытухлую беламорыну.

Ступіўшы на бераг, усе трое з насьцярогаю, утрапёна пыхкаючы папяросамі, сталі ўглядацца ў ваду. Вада была як вада: па ёй сноўдалі вадамеркі, з глыбіні пускалі дробныя бурбалкі маляўкі-карасі, а недзе ў чаратах заклапочана крахтала качка. І ўсё ж нейкая няўцямная трывога лунала ў паветры, штосьці злавеснае і патаемнае хавалася ў цёмнай вадзе. Налівайку нават здалося, што вось зараз тут, ля берагу, заварушыцца твань, пачуецца злавесны рык, і з сажалкі ўздымецца, бліснуўшы на сонцы зубчастай хрыбцінай, агідная пачвара. Яму нават падалося, што твань і папраўдзе зварухнулася, і зноўку ўлякнуўся, гэтым разам ад немага воклічу Кабякова.

– Вунь яна, зараза! – гракнуў галоўбух, запусьціўшы руку ў ваду.

Зрабіў ён гэта з такім імпэтам, што абрынуў у сажалку. На шчасьце, Мусьлін схапіў бугальтара за пінжак, дапамог выбрацца на бераг, выцягнуў з вады згубленыя сябруком акуляры.

У руцэ Кабяковай білася жывая сасіска. Сасіска ляснула бугальтару па носе, выбіла папяросіну з роту, потым высьлізнула з рукі і была расьціснутая бязьлітасным Мусьлінавым ботам.

– Ну і паскудзтва, – прамармытаў Налівайка, пазіраючы на расьціснутую, падобную да кавалка мокрай гліны лічынку, і толькі тады заўважыў, што спадарожнікі ягоныя ўжо прадзіраліся скрозь кусты да машыны.

Наступным днём у Мандрыкаўцы толькі пра гіганцкую камарэчу й гаманілі. Папаўзьлі вусьцішныя чуткі пра тое, што камары выпілі кроў у немаўляці, якога маці пакінула спаць у вазку; пра тое, што адзін з камарышчаў заехаў з усяго лёту ў лоб кіраўніку раённай «вэртыкалі» Цацоху, зьбіўшы таго з ног; што крылатыя нягоднікі закусалі да сьмерці двух падпітых рыбакоў, якія, сёрбнуўшы юшкі, заснулі на беразе Пронінай сажалкі. Пайшла таксама пагалоска, што ў далёкай сталіцы камарэча пасела гамузам на дах галоўнай юрыдычнай управы прэзыдэнцкай адміністрацыі, і дах, ня вытрымаўшы цяжару, абрынуўся долу.

Рыгор Налівайка, зразумела, усім гэтым плёткам не даваў веры. І ўсё ж лёгкі непакой варушыўся на дне душы, і адно пытаньне не давала патолі: ці не было сярод тых двух закусаных рыбакоў галоўбуха Кабякова?

Ад самай раніцы Рыгор пазваніў быў у райспажыўсаюз, але Кабякова на месцы не было. А калі, ўсхваляваны, патэлефанаваў Лёшку дахаты, сварлівая жонка незадаволена выдала: «Пайшоў зь вечара на рыбу і не вярнуўся. Хоць бы яго, падлюгу, камары зьелі!»

Трывога за лёс сябра апанавала й Мусьліна, зь якім Налівайка сустрэўся па абедзе ў «Эрыдане»: інспэктар сёрбаў піва без ахвоты, і ўздыхаў пасьля кожнага глыку.

– Дзе ж ён можа быць? – уголас прамовіў Налівайка, задуменна зьдзімаючы з кухля густую пену. – Я ўжо і жонцы званіў…

Мусьлін чарговым разам уздыхнуў: – Зь ёю лепш не размаўляць. Такога нагаворыць, што засілісься.

Хаця Кабякоў зарабляў добрыя грошы (шчырай хвілінай сябрук любіў казаць: «Гэта ня проста рай: гэта райспажыўсаюз!»), жонка зжывала галоўбуха са сьвету і ён штогоду падаваў заяву на развод.

Налівайка глынуў піва, зьмяніў тэму гамонкі: – Не, ты ўяўляеш? Наўкол толькі і размоваў пра камарэчу, а ў друку – ані слова! Далібог, пайду з газэты… не магу больш! Паверыш, як пабачу гэтага Жоха, плакаць хочацца.

Налівайка пацёр кулаком стомленыя павекі, змучана, са стогнам, крахтануў і ў гэтую хвілю сам Жох хваравітым прывідам паўстаў у дзьвярной пройме.

– Ты, Рыгорка, хутка ў піўную рэдакцыйны стол перацягнеш, – азваўся рэдактар ад парогу.

Рыгор незадаволена перасмыкнуў плечукамі: рэдакцыйныя разборкі ў прысутнасьці чужых людзей выглядалі недарэчнымі, але ўстурбаваныя Жохавыя вочы і злавесныя словы: – Пайшлі, цябе там нейкія людзі шукаюць! – зрабілі тлумнай галаву, і Рыгор рушыў за рэдактарам, нават не апаражніўшы кухля.

– Пятровіч, дык хто там прыехаў? – пытаўся Налівайка, шыбуючы за Жохам на абмяклых нагах. – Рыгор пнуўся выглядаць спакойным, але голас ягоны клекатаў і зрываўся.

– Нічога ня ведаю, – адказваў, не павярнуўшы галавы, Жох. – Пазванілі адтуль, – рэдактар тыцнуў палец угору, паказваючы, што тэлефанавалі з раённай «вэртыкалі», – загадалі тэрмінова зьявіцца ў кабінэт загадчыка агульнага аддзелу.

Рыгору пасьля таго канчаткова заняло духі, і ён, шукаючы падтрымкі, зацкавана зірнуў на Мусьліна, які пасьпяваў сьледам. «І падбіў чорт зьвязацца з гэтым інтэрнэтам», – падумаў небарака, сунімаючы сардэчную клякотку ў горле.

У кабінэце загадчыка агульнага аддзелу сядзела чалавек дзесяць. Сярод іх – Налівайка нават упрэў ад зьдзіўленьня – быў і галоўбух Кабякоў. На ім быў нехлямяжы, пазначаны шэрай рыбінай луской плашч, і гэта сьведчыла за тое, што галоўбуха даставілі сюды непасрэдна з рыбалкі.

– Заходзьце, заходзьце, – прамовілі адразу некалькі галасоў. У адным зь іх Налівайка пазнаў загадчыка агульнага аддзелу Абакуновіча. Загадчык кіўком галавы прапанаваў сесьці і скіраваў позірк на даўгалыгага, інтэлігентнага выгляду мужчыну. Абапёршыся азадкам на падаконьне, мужчына трымаў у руцэ пляншэт з малюнкам ці то камара, ці то яшчэ якой крылатай халеры. Інтэлігент штосьці распавядаў прысутным.

– Такім чынам, з усяго, што я тут пачуў, а пачуў, шчыра скажу няшмат, можна меркаваць, што мы маем справу з гіганцкім chironomidae, – інтэлігент адкашляўся, ашчадным рухам паправіў акуляры. – Зрэшты, магчыма, пачуем нейкія новыя падрабязнасьці, – інтэлігент зірнуў на Мусьліна з Налівайкам, і зноўку паправіў акуляры. – Як мяне інфармавалі, nematocera села некаму з вас, таварышы, на галаву.

Рыгор з Мусьлінам разам страсянулі галовамі, і ў гэты момант у супрацьлеглым канцы кабінэту рыпнулі крэслам і незадаволена выдыхнулі:

– Леанід Сяргеевіч, пакіньце тэрміналёгію для навуковага кангрэсу.

Круглявы, з віслым чэравам дзядзька, падняўся зь месца, прыбраў расчаперанай пяцярнёй пасму непаслухмяных валасоў з лабаціны.

– Тут, апроч нас, сабраліся людзі далёкія ад праблем энтамалёгіі, а таму хачу папулярна растлумачыць, што мы спрабуем высьветліць – ці гэта бяскрыўдны камар-званец, ці гэта крывасмок culex pipiens…

Усе наўкол зашумелі, зарыпалі крэсламі, і тут нарадзіўся яшчэ адзін голас – змораны й уладны.

– Мы, калегі, вядома ж, зьезьдзім на тую сажалку, пашнарым сачком па дне, апытаем тамтэйшых жыхароў… Але ўся гэтая гісторыя з камарамі мае не энтамалягічны, а псыхіятрычны аспэкт…

Гэтым разам з крэсла падняўся ружовашчокі таўстун зь сівою галавою і дэпутацкім значкам на штрыфлі пінжака. Устаўшы з крэсла, таўстун пачаў распальваць люльку, поўнячы навакольле пахучым дымам.

«Дзе я бачыў гэтага фацэта?» – падумаў Налівайка, і тут жа згадаў: па тэлевізары. Гэта быў той самы энтамоляг, што ганіў з экрану ласых да сэнсацыяў заходніх журналістаў.

Ніхто з калегаў таўстуну не запярэчыў. Распальваючы люльку, таўстун пайшоў да адчыненай форткі, і даўгалыгі інтэлігент запабежліва зьлез з падаконьня.

– Людзі наагул шмат што бачаць: чорта з рагамі, карову на месяцы, сьвятых угоднікаў са сьвечкамі. І калі мы, навукоўцы, пасьля кожнай такой відзежы, будзем ладзіць навуковыя экспэдыцыі…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю