Текст книги "Албанскае танга"
Автор книги: Вінцэсь Мудроў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
– …У талерку дзьве сталовых лыжкі. Але хай нявестка толькі ў суп налівае, у кашу нельга. Другую лыжку будзе ўліваць – хай перахрысьціцца і скажа: – Спрахні, зельле! Адчапіся, гарэлка праклятая!
– Ці дапаможа? – азвалася на андросішыны словы Агата.
– Дапаможа. Хай толькі кожны дзень дае… У Халімоніхі сын быў зусім сьпіўся. Ужо й на людзей кідаўся. Дык казала: дала два разы, цяпер нават на Новы год ні кроплі ня выпіў.
Хвіліну на кухні было ціха, аж неўзабаве ў печы засіпелі мокрыя дровы і Агата, яшчэ раз уздыхнуўшы, прамовіла:
– Баюся і выпраўляць… Мінулы раз паехаў, дык сэрца схапіла. І цяпер во на сэрца жаліцца… Кульнецца дзе-небудзь… Сёньня й сон дрэнны сьніла. А як пайшла вочы прамываць, дык… ці паверыш… вунь той… лысы з газэціны… нібыта жывы паглядзеў. У мяне нават усё абарвалася.
Слухаць далей гэтую лухту не было як, таму Яўхім кашлянуў у жменю й рашуча кульнуўся на левы бок. Старыя спружыны жаласьліва застагналі, Агата, у сваю чаргу, бразнула засланкаю, а суседка падхапілася на ногі і голасна, каб было чутна яму, Яўхіму, галёкнула:
– Ну дык зьбірайцеся. Васька ўжо запраўляцца паехаў.
Праз пару хвілін, калі жанкі падаліся на падворак, Яўхім падняўся з ложка, няроўнай хадой пайшоў да рукамыйніка. Набраўшы вады ў прыгаршчы, ён па старой завядзёнцы зірнуў на пажоўклы здымак і маршал – гэта было бачна дарэшты выяўна, – пахітаў галавой і па-змоўніцку міргнуў левым вокам.
Васілёва малакавозка загула ля весьніц, калі ўжо зусім разьвіднела. Пачуўшы надрыўны сыгнал, Яўхім выйшаў на ганак, нясьпешна прывязаў да ручкі валізы канапляную шворку – цягнуць валізу трыма пальцамі не выпадала, таму даводзілася абкручваць вяроўчыну вакол цэўкі рукі і, такім чынам, можна было несьці ня толькі аполец сала зь вянком цыбулі, але й цэлага кабана, – і пад неадчэпнае мармытаньне Агаты: «Ідзі ж ты жвавей… на «дызэль» спозьнісься», – рушыў да весьніц.
У кабінку залез з дапамогаю Васіля, а перавёўшы дых, прымасьціў між ног валізу.
– Ды не цягай левай рукой, а то зноў сэрца схопіць… Чуеш?
– Чую! – адмахнуўся ён ад жончыных парадаў і зь нецярплівасьцю кіўнуў Васілю.
– Ваду замоўленую адразу ж нявестцы аддай. Ды глядзі каб Хведзька ня бачыў… – пасьпела сказаць Агата, перад тым як Васіль, наваліўшыся яму на калена, ляпнуў дзьверцай, націснуў на газ і старая, сілячыся перакрычаць гудзеньне рухавіка, бязгучна заварушыла губамі.
Да станцыі яго, як заўсёды, падкідваў андросішын сын Васька, які шторанку вазіў малако ў Азярышча.
Васька быў хлопцам маўклівым і дзікаватым. Меў ужо трыццаць гадоў, але дагэтуль халасьцякаваў, ня піў гарэлкі, не паліў і з тае нагоды быў празваны Баптыстам. З Васькам можна было даехаць да Азярышча, а то й да самога Віцебску, куды зрэдзьчасу ганялі малакавозку і не пачуць ад яго аніводнага слова: сядзіць, маўчыць, круціць руль і панылымі вачамі паглядае на дарогу.
Сама Андросіха тлумачыла сынава маўчаньне і непітучасьць тым, што падчас радзінаў павітуха цюкнула, па неасьцярожнасьці, немаўля галоўкаю аб край тапчану і дзіцёнак пасьля таго тры дні не смактаў малака і ня плакаў. Андросіха распавядала пра ўсё гэта не бяз гордасьці, шкадуючы, што і астатніх Васілёвых аднагодкаў, якія ўсе чыста сьпіліся, свойчас ня цюкнулі галовамі аб тапчан.
Праўда, хоць з Ваські Андросава і пасьмейваліся ды называлі Баптыстам, але ўадначас і паважалі: перш ад усяго за лагодны характар. Баптыст нікому не адмаўляў у дапамозе, прычым рабіў людзям дабро моўчкі, зь ледзь прыкметнаю ўсьмешкаю на твары. Вось і цяпер, пад'ехаўшы да клюба, ён спыніў машыну, вылез з кабінкі і пайшоў да клюбных дзьвярэй, ля якіх стаялі бляшанкі з кінастужкай. Бляшанкі тыя трэба было завезьці ў кінапракат, здаць па акту і атрымаць наўзамен новы фільм. Пазіраючы ў люстэрка задняга агляду на Баптыста, які прытарочваў скрыні да борта малакавозкі, Яўхім міжволі згадаў Юрку Раднёнка, зь якім дабіраўся да Азярышча мінулым разам. Юрка – Васьчын зьменшчык і горкі п'янюга, – ледзь не штовечару піячыў у кінабудцы, але ўсё адно, мацуючы скрыні да борта, уголас мацюкаўся, а потым да самых Балбекаў апавядаў – як яму абрыдла важдацца з гэтымі «кінамі».
Убіўшыся ў кабінку, Баптыст працёр анучкаю запацелую шыбу, кінуў анучку ў «бардачок» і толькі тады націснуў понаж газу. Па вясковай вуліцы праехаліся лецьмя, уздымаючы ўгору пульхны сьняжок, што выпаў з ночы, а павярнуўшы на азярышчанскі бальшак, паехалі павольней. За шыбаю праплыла хата старой Карпачыхі, закінуты калодзеж з асьверам, прыцярушаныя сьнегам яблыні і калгасная сталоўка, на ганку якой стаяла паварыха Пятроўна і, мяркуючы па ўсім, завіхалася зь непадатным замком.
Натужлівае выцьцё матора нарадзіла ў сэрцы неспакой. Яўхім павярнуў голаў, прыціснуўся шчакой да бакавой шыбы, спрабуючы ўгледзець родную хату, але нічога ня ўгледзеў апроч узьнятай коламі завірухі і скіраваў позірк на дарогу.
Машына тым часам агорала пад'ём, пайшла жвавей; у скронь ударыў струмок халоднага паветра і ён, гэты струмок, выпетраў з галавы тужлівыя думкі. Галава зьлёгку закружылася, сэрца забілася часьцей, а ля гатаўскай павароткі, калі з-пад колаў выскачыў ашалелы заяц, забілася так імпэтна, што давялося пацерці схаладнелыя грудзі гарачай далоньню. Васька пасыгналіў увасьлед вушастаму дуроніку, а Яўхім, удыхнуўшы паветра, ашчадна кашлянуў у жменю і, зь невядомай прычыны, падняў ды зноўку паставіў ля ног сваю цяжкую валізу.
Дарога ад Бычкоў да Азярышча на дзіва аднастайная: кусты, слупы, рэдкія масты праз ручаіны і на ўсім прасьцягу толькі адна вёска, ды і тая на тры хаты. Адразу за гатаўскай павароткай дарога забірае ўлева, бяжыць уздоўж Гатаўскага возера і змучаныя бясконцым мільгаценьнем кустоў вочы апаноўвае сьнежная роўнядзь. Упоперак белага цаліку віецца працярэбленая рыбакамі сьцяжына. Вочы чапляюцца за яе, потым губляюць, веі паволі зьліпаюцца; у замарачным гудзе малакавозкі Яўхіму чуецца конскае пырханьне і машына, тузануўшыся раз астатні, спыняецца. Ён адчыняе дзьверцы, апускае нагу на прыступку – хвілю стаіць незварушна, а потым скача на сьнег і прастуе па цаліку, мерачыся ўзьбіцца на сьцяжыну.
Ззаду цяжка сапе Рыжык… Ён азіраецца, махае рукой старшыне Дабіжу. Старшына канчаткова выбіўся з сіл: стаіць, ухапіўшыся за дугу і, панурыўшы голаў, пускае густую сьліну.
Яшчэ зранку тут была наежджаная танкеткамі дарога, а пасьля завірухі ад дарогі не засталося й сьледу і яны не маглі даць рады прабіцца на другі бок возера.
Ён яшчэ раз азірнуўся і пачуў як на супрацьлеглым беразе штосьці бабахнула і навакольле напоўнілася злавесным сьвістам. Хваля пругкага паветра ўдарыла ў сьпіну і, падаючы, ён убачыў шэры слуп вады, які ўзьняўся на тым месцы, дзе стаяў Дабіжа. Сьнег пад ім набрыняў вадой; ён паспрабаваў устаць і новы выбух узьняў яго ў паветра, убіў тварам у сьнег. Грудзіна ўзмакрэла – спачатку ад гарачага поту, а потым ад сьцюдзёнай вады і калі апаў сьнежны пыл, вушы напоўніліся шалёным конскім ржаньнем. Небарака Рыжык чабохтаўся пасярод вялікай палонкі, а потым, ускінуўшы ўгору абрубак нагі, зьнік зь відавоку і толькі адна аглобля засталася тырчаць у калыхлівым шарашу, паволі хістаючыся ўбокі.
– Рыжык! – хацеў крыкнуць Яўхім, але ня змог удыхнуць паветра і, ратуючыся ад удушша, стукнуўся галавой у шыбу.
Сэрца шалёна калацілася; ён хапнуў ротам паветра і з сардэчным клёкатам у горле адсопся.
Малакавозка гула паныла і аднастайна. Васіль запытальна кіўнуў, маўляў – заснуў, ці што? – і Яўхім, нічога не сказаўшы, расшпіліў вільготнымі пальцамі верхнія гузікі кашулі. Потым ён яшчэ раз глыбока ўздыхнуў і, выдыхаючы паветра, бязгучна прамармытаў: – Рыжык.
З-за павароткі выплыў жоўты паказальнік з надпісам «Балбекі» ды чорныя стрэхі хат. Да Азярышча заставалася дванаццаць кілямэтраў.
Хаця час і прысьпешваў, але да вакзала ён не паехаў, – вылез ля канторы кінапракату – вырашыў, па старой звычцы, зазірнуць на базар. Прычакаўшы, пакуль Васіль адвяжа бляшаныя скрыні, ён разьвітаўся з вадзілам, выцягнуў з кішэні пачак «паміру», у якім была адна-адзіная цыгарка, прыпаліў яе на каляным ветры і пайшоў, рассоўваючы як той марак на сушы, адседжаныя ногі.
Наведваньне базару было Яўхімавай жарсьцю. Калі дазваляў час, ён гадзінамі сноўдаўся між базарных радоў, слухаў людзкую гамэрню, дзівіўся на даўжэзны нос каўказца – каўказец узімку і ўлетку прадаваў на азярышчанскім базары гвазьдзікі, – і яму манулася таксама стаць пад паветку, расклаўшы перад сабой сякі-такі вясковы тавар. Аднаго разу ён ня вытрываў – даведаўся, колькі просяць за слоік мёду базарныя цёткі, стаў поруч і прадаў за тры рублі шклянку крупчастага ліпцу, які вёз унуку. Пра той выпадак Яўхім апавядаў потым кожнаму стрэчнаму і кожнага разу заканчваў аповед нязьменнай фразай: «Дык гэта ж мёд, а не брыдота, якую там прадаюць…»
Яшчэ гадоў пяць таму, па суботах і нядзелях, на азярышчанскім базары зьбіралася процьма народу. Хадзілі нават чуткі, што гандлёвы майдан будуць некуды пераносіць, бо людзкая гамана ды парсючыны віскат заміналі рабоце ваенкамату, які месьціўся непадалёку, аднак апошнім часам базар заняпаў. Сяляне цяпер калі і ехалі ў горад, дык не дзеля таго, каб штосьці прадаць, а каб купіць якіх харчоў; парсюкоў сталі прадаваць ля аўтастанцыі, а апусьцелыя гандлёвыя рады апанавалі азярышчанскія п'янтосы. Балазе, крама была побач, а закуску – вялізную карэйскую цыбулю – ім давалі ўвішныя базарныя бабулі, забіраючы ўзамен пустыя пляшкі.
Прымацаваны да шэрай сьцяны ваенкамата гадзіньнік паказваў палову дзясятай. Гарэлачная крама яшчэ не працавала і базар уражваў сваёй пустэльнасьцю: адно ля крайняй паветкі стаяла некалькі чалавек.
Яўхім спыніўся пад аркаю з надпісам «Колхозный рынок», маракуючы – ці ісьці да таго збою, ці адразу рушыць на вакзал, і ў гэты момант да ног ягоных падбег лядашчы сабака. Сабака задзёр пысу, адчуўшы, відаць, пах сала і зычны голас, што прагучаў непадалёку, прыціснуў цюцьку да зямлі.
– Сэмэчкі! Сэмэчкі бэрытэ! – гракнулі за калёнаю, на якой мацавалася арка і яшчэ празь імгненьне перад Яўхімавымі вачыма паўстала дзябёлая баба ў зрэбнай ватоўцы. Ад таго ляманту ў Яўхіма зварухнуліся рэшткі валасоў пад шапкай, а цюцька, сагнуўшыся склюдам, незадаволена брахнуў.
– Ну, шчо трэсэш яйцамы? – азвалася на тое хахлушка, тупнула кірзачом і дарэшты пакрыўджаны цюцька пабег, падкурчыўшы хвост, па базарным пляцы.
… Пад крайняю паветкай сядзелі тры спавітыя ў цёплыя хусткі кабеты. Ля першай зь іх стаяў, цьмяна бліскаючы бакамі, вялізны алюмініевы бітон, перад другой ляжала пірамідка цыбулін – кабеціна, відаць, чакала п'янтосаў, – а перад трэцяй ляжалі – хвастамі ўгору – два прывялыя буракі.
Уадначас з Яўхімам да паветкі падышла цыбатая цётухна, якая, утаропіўшыся на прывялыя буракі, пагрозьліва запытала:
– Пачом ваша свікла?
– Дваццаць капеек, – азвалася кабеціна, лускаючы двума ацалелымі зубамі гарбузовыя семкі.
– А пашалелі людзі, – гукнула цыба, зыркнуўшы на Яўхіма, – дваццаць капеек за бурак!
Сказаўшы так, цыба ўтаропілася на алюмініевы бітон, у гэты момант да яе падбег лядашчы сабака і цётка, замахнуўшыся на сабаку пустой сумкай, прасіпела:
– Кыш, паскуда!
Адчуваючы сваю далучанасьць да ўсёй гэтай дзеі, Яўхім муляўся, ня ведаючы як сысьці з базару і, нарэшце, у той момант, калі цыба счапілася з уладальніцай бітону і ўжо ня кідала на яго ястрабіных паглядаў, спачатку паволі, прыстаўным крокам, а потым, як ветрам гнаны, кінуўся да выхаду. Мінаючы арку, ён скасіў вока на хахлушку, а пачуўшы за сьпінаю лаянку цыбатай бабы ды сабачае скавытаньне, прыгнуў голаў і выцер рукавом узмакрэлую лабаціну.
Да вакзалу шыбаваў як мае быць – баяўся спазьніцца на «дызэль», а калі ўлез у вагон, абамлеў. Сэрца палезла вонкі і захрасла ў горле, уваччу замітусіліся чорныя мятлушкі, увушшу зазьвінела і сьвет перакуліўся потырч нагамі. Яго падхапілі, зьнялі з мокрай галавы шапку, пасадзілі на лаву…
– Храмугу адкрыйця, а то затахленьне! – віскліва крыкнулі над вухам і ён разьмежыў павекі. Людзі, што зьбіліся ля лавы, пачалі разыходзіцца, у тую ж хвіліну цягнік скрануўся зь месца і жанчына, якая патрабавала адчыніць фрамугу, узрушана паведаміла: – У нас у Лужасьне вынесьлі аднаго, дык так і памёр на станцыі.
… Па целу разьлілася хваравітая стома: цела зрабілася бязважкім, з галавы выпетрыліся думкі, а сэрца схаладнела і, як падалося, пакінула біцца. Павекі зноўку зьмежыліся, скронь лягла на шыбу, адчуўшы прыемны халадок, а яшчэ праз хвілю хтосьці недарэчна крануўся калена.
– С вами всё в порядке?
Сівы, ягоных гадоў мужчына сядзеў насупраць і спачувальна глядзеў яму ў вочы.
– Нармальна, – буркнуў Яўхім, мерачыся ізноў панурыцца ў млявую замарач, але спадарожнік не сунімаўся і другім разам крануўся калена.
– Вам необходимо выпить кофе. У меня хороший, с коньяком… – спадарожнік выцягнуў з сумкі вялізны, размаляваны ў кветкі, тэрмас і, заціснуўшы між ног, спрытна адкруціў плястмасавую накрыўку. Яўхім узяў накрыўку дрыжачаю рукою і толькі тады заўважыў, што ў спадарожніка няма рукі: пустое рукаво, выбіўшыся з-за паса скураной курткі, бездапаможна матлялася ў паветры.
Кава апаліла паднябеньне, хмельнай цеплынёй напоўніла грудзіну. Здавалася, ён піў гарачую гарэлку, але прыемную на смак і такую пахкую, што суседзі па вагону закруцілі насамі, а жанчына з Лужасна, якая сядзела за сьпінаю, уголас запытала:
– І чым эта пахніць такім укусным?
Рэшткі гарачай асалоды Яўхім уліў у глотку і праглынуў, заплюшчыўшы вочы.
– Ну как? – запытаўся спадарожнік, прымаючы з Яўхімавых рук плястмасавую пасудзіну, і Яўхім замест адказу баднуў галавой ды аблізнуў саладжавыя вусны.
– Последнее время только этим и спасаюсь, – спадарожнік уздыхнуў, наліў сабе духмянага паратунку.
Галава прыемна кружылася, вагон паволі гайдаўся, цётка з Лужасна больш не балбатала за сьпінаю і Яўхім, пазяхнуўшы ў жменю, прымасьціў галаву да шыбы. Сон, аднак, не ішоў. Пасядзеўшы хвіліну з заплюшчанымі вачыма, ён зьлёгку разьмежыў павекі і стаў цішком разглядаць спадарожніка.
Спадарожніку, мяркуючы па ўсім, ужо было за семдзесят і, як вылічыў Яўхім, гэта быў адстаўнік, бо ж толькі адстаўнікі гавораць гарадзкою моваю, ходзяць у лётчыцкіх куртках ды выцьвілых дыяганалевых брыджах. Але што найбольш уражвала ў адстаўніцкім уборы, дык гэта атлясны чорны гальштук, які выбіваўся з-пад шаліка. Дакладней, уражваў ня сам гальштук, а тое – якім чынам аднарукі яго завязвае. Паразважаўшы на гэты конт, Яўхім вырашыў, што гэта робіць жонка, ці, можа, якія ўнукі і разьмежыў павекі.
– Грыбачы… сьледуюшчая Бычыха, – прагучала з дынамікаў і цягнік, колькі разоў тузануўшыся, запаволіў хаду.
– Да-а, – уголас выдыхнуў Яўхім, правакуючы адстаўніка на размову, потым, з той жа мэтаю, керхануў у жменю, але адстаўнік маўчаў, з адсутным выглядам пазіраючы ў вокны.
Яўхіму праглася пагаманіць з гарадзкім чалавекам, але, ня ведаючы, як пачаць размову, доўга круціўся на лаве і, нарэшце, калі цягнік загайдала на стрэлках, набраўся сьмеласьці і кіўнуў на пустое рукаво:
– Руку гдзе паціралі?
Адстаўнік ці то не дачуў, ці то не зразумеў пытаньня – матлянуў галавой і Яўхім гучна паўтарыў:
– Руку, гвару, гдзе паціралі?
Адстаўніка такое пытаньне не на жарты ўсхвалявала. Ён ліхаманкавым рухам запіхнуў рукаво за пасак курткі, паправіў гальштук, няўцямна прамармытаў:
– Да так, было дело…
Звычайна Яўхім прыхоўваў ад людзкіх вачэй сваю зьнявечаную руку, а тут паклаў на калена, расчаперыў абрубкі пальцаў і, пазіраючы долу, прамовіў:
– Я вот тожа на фінскай… шэсьць пальцаў паціраў. Чатыры на нагах і два на руцэ.
– Были на финской? – ажывіўся спадарожнік.
– Быў, – каротка адказаў Яўхім і, надаўшы моманту элемэнты трагізма, насупіў бровы.
– Да-а… в сороковом холодрыга была о-ё-ёй. Я в то время в Архангельске служил, – шёл на Новый год к товарищу, так, поверите, в кармане шинелі бутылка водки от мороза лопнула, – суразмоўца пасьміхнуўся, кашлянуў і прыпаў да вакна, убачыўшы штосьці цікавае.
Такія размовы Яўхіму не спадабаліся. Дый дзіва што: ён пра вайну, пра абмарожаныя пальцы, а яму пра бутэльку гарэлкі. Ён жа не па п'янцы абмарозіўся, а пасьля артабстрэлу. І абстраляла свая ж батарэя… Яўхіму згадаліся шалёныя, налітыя крывёю вочы Рыжыка, калі той правальваўся пад лёд і сэрца ізноў пачало біцца з перабоямі.
– Мужики на переезде… напились – один двоих тащит, – зь вясёлым сьмяшком прамовіў адстаўнік, а заўважыўшы перамену ў Яўхімавым настроі, сумеўся і чарговым разам паправіў гальштук.
Чвэрць гадзіны яны моўчкі паглядалі ў вакно, папераменку ўздыхалі, а акурат у тую хвіліну, калі на даляглядзе зьявіўся комін Бычыхінскага льнозавода, спадарожнік нахіліўся і стоена запытаў:
– Вы там, среди пленных финнов, женщин не встречали?
Такое пытаньне ня толькі зьдзівіла, але і ўсхвалявала. Палонных фінаў ён зроду ня бачыў, таму і замармытаў штосьці няўцямнае, а спадарожнік, наблізіўшыся яшчэ бліжэй, ужо зусім прытоеным голасам паведаміў:
– Я тут недавно книжку прочёл – не у нас изданную, – так там написано, что если молодого финна убивало, то на фронт шла его жена…
– Да-а… ваявалі яны як немцы, – мусіў падтрымаць суразмоўцу Яўхім, – у лініі Маняргейму цэлы месяц стаялі. Эта ўжэ як Цімашэнка прыняў камандаваньне, так пашлі ў наступленьне, – узьбіўшыся на любімую тэму, Яўхім пацёр узмакрэлыя далоні. – Я, знаяця, ево як вас відзеў… Выйшаў з машыны…
– Кто вышел? – перапыніў суразмоўнік, імпэтна адкінуўшыся на прыслон лавы. – Тимошенко!? Эта жопа с ушами!? – Яўхім з жахам убачыў, што твар суразмоўніка стаў гэткім жа белым як і валасы.
– В сорок втором… под Харьковом… десять тысяч положили… Командующие сраные…
Ратуючыся, ад такіх слоў, Яўхім сьцяўся, забіўся ў кут, захінуў твар рукамі. Яму падалося, што ўсе навокал аціхлі і паглядзелі ў іхны бок.
«Шпіён!» – працяла сьвядомасьць жахлівая думка, а вочы, у пошуках паратунку, зачапіліся за вялікі мех, які плыў у бок тамбура. Шпег яшчэ штосьці казаў, але Яўхім ня чуў аніводнага слова. Рупячыся не глядзець на спадарожніка, ён намацаў ручку валізы і, ступаючы па людзкіх нагах, кінуўся сьледам за мехам.
Ён хацеў сысьці тут жа, на станцыі Бычыха, але ногі панесьлі яго ў вагонны пераход, адтуль – у канец цягніка і там, у паўпустым апошнім вагоне, Яўхім сьцішыўся на апошняй лаве, кідаючы спалоханыя погляды на ўваходныя дзьверы. Было такое адчуваньне, што шпег ідзе сюды, каб мучыць ягоную душу і пэўнай хвілінай Яўхім пашкадаваў, што не сышоў зь цягніка. Але аднарукі не зьяўляўся, замест яго ў вагон ўбіліся дзьве кабеціны – адна рабая, што тая рапуха, другая зь ледзь прыкметным сіняком пад вокам; селі насупраць, сьпехам дасталі з хатулёў па яйку і цюкнулі іх аб край вагоннай лавы.
– Клава! – прамовіла, калупаючы шалупайкі і скоса пазіраючы ў вакно, рабая кабета. – Ты йішчо не старая… найдёш сабе чылавека… А эты чорт цібе ў гроб загоніць.
– Кожны ж дзянёчак п'яненькі, – казала, як бы ня чуючы сяброўкі, другая – з падбітым вокам, – учора на палу заснуў і ўвесь чыста абасцаўся.
– Я вот выгнала свайго п'янтоса – ціпер жыву ў сваё удавольсьцьвіе, – рабуха паправіла зьбітую набакір махеравую шапку і дробна, як той Камосін, заварушыла сківіцамі.
Яечны смурод казытнуў у носе, Яўхім паморшчыўся, пакруціў галавою і неўзабаве, працяты цікаўнымі позіркамі кабет, зноўку схапіў валізу ды перабраўся на другі канец вагона.
«Нічога чалавек не баіцца… Цімашэнку лае. Няйначай шпіён нейкі», – з гэткаю думкаю ён уладкаваўся на новым месцы, але, паглядзеўшы ў вакно і памазгаваўшы, вырашыў, што на шпега аднарукі не цягне. Бо шпегі – людзі асьцярожныя, лішняга слова ня скажуць, а гэты на ўвесь голас абы-што гарлае.
На новым месцы схаладнелая душа ўраз адагрэлася, абмякла, сэрца пачало біцца суладна мернаму грукату колаў; ён ужо не казеліў вочы на дзьверы, а безуважна паглядаў у вакно і толькі на кароткі міг, калі колы раптам затахкалі часьцей, сэрца страпянулася і на белым сьнезе заваконьня яму прымроіўся жаночы твар, прыкрыты пасмамі сьветла-русых валасоў. У наступнае імгненьне відмо незваротна зьнікла і ў густым цеплавозным гудзе, які скалануў імглісты прасьцяг, яму дарэшты выразна пачуліся запытальныя словы аднарукага: – Женщин… случайно… не встречали?
Мароз перахопліваў дыханьне, працінаў да мазгоў; мазгі паволі стылі, зь іх выпетрыліся думкі і заставалася толькі сядзець нерухома, прыціснуўшыся сьпінай да хваёвага камля, анічога ня бачачы і анічога ня чуючы. Зрэдзьчасу ён спрабаваў паварушыцца, растульваў павекі іаднаго разу, зірнуўшы ўгору, убачыў варон, што ўзьняліся над лесам. Ён ня чуў стрэлу, але варонін грай сьведчыў за тое, што ў лесе стралялі. Здранцьвелаю рукою ён ссунуў з вуха будзёнаўку і сярод граю і пошуму хвояў пачуў працяжны і, як яму падалося, страшэнна далёкі вокліч старшыны. Скалелы, ён ледзьве перастаўляў ногі, да таго ж ісьці давялося на зламанай лыжыне, якая ўвесь час зануралася ў сьнег і старшына Дабіжа, выехаўшы насустрач, незадаволена крыкнуў:
– Что ползёшь, как усравшись?!
Старшына хутка, як бы дэманструючы свой спрыт, павярнуў лыжы ў адваротны бок і яны пайшлі ўздоўж узьлеску.
Ехаць па лыжні было лягчэй; ён рупіўся не адставаць ад старшыны і калі той нечакана спыніўся, наехаў мыском зламанай лыжы на дабіжаву пятку.
– Вон, видишь «кукушку»? Третье дерево справа, – старшына нахіліўся, каб падцягнуць на пяткі п'ексы – лямцавыя фінскія апоркі, у якіх надта зручна было хадзіць на лыжах. – Я в него пустил пулю, да зря. Замёрз, гад… вон и карабин на суку болтается.
Хаця ён і наструньваў зрок, але ніякай «зязюлі» ня бачыў і толькі пад'ехаўшы да вілаватай хваіны згледзеў угары, між асьнежанага вецьця, чалавечую фігуру.
– Заснул, наверное, – прамармытаў старшына і, кіўнуўшы на знак таго, што трэба лезьці на дрэва, ледзь чутна дадаў: – х… белофинский.
Хаця мароз і блукаў па скуры, але давялося скінуць шынель і зьняць рукавіцы. Старшына сагнуўся, падставіў плячук; ён папляваў на далоні, усьпёр нагу на дабіжаву сьпіну.
– За сук хватайся, – выдыхнуў пад ім старшына; ён зь цяжкасьцю дацягнуўся рукамі да сука і, ушчаперыўшыся ў яго азалелымі пальцамі, матлянуўся ў паветры не раўнуючы як на палкавым турніку.
– Подтягивайся… йоп… – гукнуў старшына, паспрабаваў ухапіць яго за нагу, але, атрымаўшы пяткаю ў лоб, кулём паваліўся ў сьнег.
Трэба было падцягнуцца, але сіл не ставала – елі яны два дні таму, ды і цягліцы канчаткова спруцянелі – і ён доўга боўтаўся між небам і зямлёй аж пакуль не згубіў валёнак і толькі тады здолеў уперціся нагой у хваёвы стаўбур і налёг грудзінаю на сук.
– Возьми… привязан, небось, – ужо лагодным голасам азваўся старшына, з падскокам перадаўшы яму спачатку фінку, а потым згублены валёнак.
На дрэва ён лез асьцярожна, рупячыся не хістаць стаўбур: баяўся, што адубелы мярцьвяк сарвецца з вышыні ды абрыне на голаў. Але мярцьвяк, дзякуй богу, сядзеў ціха і нават калі ён перарэзаў сырамятны рэмень, якім фін быў прывязаны да стаўбура, той застаўся сядзець, заціснуты ў вілаваціне, і давялося, зь лёгкай дрыготкай у руках, тузануць нябожчыка за нагу. У той жа міг зь вешаліны абрынула гурба калючага сьнегу і ён невідушча павадзіў рукою, спрабуючы намацаць карабін і сумку, якія віселі на галіне.
Долу злазіў сьпехам, не адчуваючы ні рук, ні ног. Яму здавалася, што там, у вышыні, нехта ёсьць, нехта сочыць за ім драпежным вокам. Пальцы ўжо ня слухаліся, таму, перш чым скокнуць на сьнег, ён абхапіў рукамі сук, зірнуў долу, ды так і застаўся вісець, боўтаючы нагамі ў паветры.
На сьнезе, галавой да камля, ляжала маладая жанчына. Вецер шкуматаў яе валасы, гнаў завірушны струмок на твары, варушыў зялёны – у дробны гарошак – шалік на тонкай шыі.
Ад нечаканасьці ён паспрабаваў быў зноўку лезьці на дрэва, але, злавіўшы суворы позірк старшыны, няўклюдна плюхнуўся ў сумёт. Сьнег заляпіў твар. Ён правёў рукавом па лобе, зірнуў левым, незалепленым вокам на Дабіжу. Старшына, гідліва прыкусіўшы вусны, здымаў зь нябожчыцы гадзіньнік.
– Шынель одень. Замёрзнешь н-нах…! – лаянка прагучала глуха і няўцямна, бо вушы таксама былі залеплены сьнегам. Вокраччу ён падпоўз да шыняля, цяжка падняўся на ногі, не спускаючы вачэй з пахілай дабіжавай сьпіны. Старшына тым часам латашыў трафэйную сумку. Вецер вырываў зь ягоных рук дробна сьпісаныя аркушы паперы, шматкі квяцістай матэрыі, раз-пораз Дабіжа штосьці таропка піхаў у кішэні, нарэшце, выцягнуўшы з сумкі нейкую цупкую паперку, замёр на хвіліну і пахітаў галавой.
У пасінелых дабіжавых пальцах матляўся, спрабуючы вырвацца на волю, маленькі фотаздымак. Ён падышоў бліжэй і прымружыўся: маладая дзяўчына са зьбітымі набакір валасамі, сядзела, прыціснуўшыся скроньню да плечука шыракатварага хлопца і шчасна пасьміхалася.
– С-сука, – здушана працадзіў Дабіжа, падраў фотаздымак нягнуткімі пальцамі, шпурнуў шматкі ў твар нябожчыцы і яны яшчэ з далоні былі падхопленыя ветрам.
У гэты момант душа Яўхімава – ці не ўпершыню ў жыцьці – напоўнілася лютай нянавісьцю. Ён нават памацаў рукою па сьнезе, шукаючы вінтоўку, але наткнуўся на шынель і, уклаўшы ў тое ўсю моц сваіх зьнямелых цягліцаў, ляснуў казённай апранахай па хваёвым камлі. Сьнежны пыл крануўся твару, насунулася цемра, пыл ізноўку казытнуў лабешнік і дзесьці зусім побач пачуўся жаночы голас:
– Уставай, п'янюга. А то назад зьедзеш.
Нейкая кабета, сёрбнуўшы вады са слоіка, пырснула на падлогу, прыкра зашоргала каляным дзеркачом.
– Ногі падымі… дай падмесьці, – кабета падхапіла крысо свайго чорнага шыняля і стала месьці пад лаўкаю.
З вохканьнем, Яўхім устаў на ногі, няпэўным крокам рушыў па вагону і ўжо ў тамбуры пачуў гаўклівы воклік вагоннай прыбіральшчыцы:
– Чумудан вазьмі, п'янюга!
Надвор'е зусім сапсавалася. У паветры вісела імжа, шэрыя хмары плылі над самай галавою, хаваючы ад вачэй вакзальны дах, а сам вакзал жоўтай плямай дрыжэў у сутоньні змрочнай каламуці.
Гэткім надвор'ем яму заўсёды блажыла: шчымела патыліца, хвараблівая млосьць апаноўвала цела і сэрца амаль што ня білася. Сёньня ж яно, здаецца, ня білася зусім. Выбіраючыся з чыгуначнага тупіка, ён колькі разоў спыняўся, сядаў на валізу і лез рукою пад кашулю, мацаючы тое месца, дзе павінна было грукаць сэрца. Расьціраючы на драбах халодныя кроплі поту, ён зь нейкім шалёным спакоем разважаў: ці дабярэцца да вакзалу, ці памрэ тут, між вагонаў, тыцнуўшыся носам у чорны жужаль?
Апошнія мэтры ён цягнуў валізу на вяроўчыне, а дацюпаўшы да вакзальнага сквэру, паваліўся на крайнюю, няўтульна-мокрую лаўку. Шапка звалілася з галавы, закацілася ў лужыну і ветрык прыемна ахаладзіў узмакрэлую лысіну. Хвілін дзесяць ён ляжаў, амаль непрытомны, з заплюшчанымі вачыма, а калі, зьлёгку апрытомнеўшы, зірнуў на сьвет, дык убачыў у шарым тумане дзьве чорныя плямы – адну нерухомую і адну рухавую: гэта нейкі надта ж гаспадарлівы грак хадзіў вакол шапкі, шкадуючы, відаць, што яе нельга зацягнуць на дрэва і прыстасаваць пад гняздо. Неўзабаве рухавая пляма зьнікла зь відавоку – грак адляцеў упрочкі – і перад вачыма, ужо даволі выразна, паўсталі зьбітыя жаночыя боты.
– Во напіўся чалавек. І шапка ў лужыне, – зумкнуў ля вуха пісклявы голас і шапка, узьняўшыся ў паветра, халоднай рэхвай абхапіла патыліцу.
– Піва даюць вуньдзека… Дык яны тут і п'юць, і сьпяць, і сцаць, – азвалася другая, мяркуючы па голасу, больш старая кабета.
Кабета кашлянула, зьбіраючыся, як бачна, яшчэ нешта сказаць, ды тут затрашчалі кусты й да Яўхімавых вушэй даляцеў асіплы мужчынскі вокліч:
– Ой, бля-а…
Пасьля такога воклічу ў вачох канчаткова праясьнела, Яўхім павярнуў голаў і ўбачыў плячыстага здаравілу, які лез па кустох, уадначас глытаючы піва з бутэлькі. Квадратны здаравілавы кадык прагна варушыўся, піва віхлястым цурком зьбягала з падбародзьдзя і Яўхім ад такога відовішча канчаткова апрытомеў. Спыніўшыся ля лаўкі, чалавек дапіў піва, пацёр пустой пляшкай па грудзіне і, узьняўшы вочы дагары, ізноў – цяпер ужо прачула й малітвенна, – прастагнаў:
– Ой, бля-а…
Ногі Яўхімавы міжволі падкурчыліся. Здаравіла задаволена адрыгнуў, плюхнуўся на край лаўкі і, ляпнуўшы далоньню па Яўхімай галёнцы, запытаў:
– Что, батяня, хоря давим?
Яўхім ня ведаў – што адказаць; яшчэ больш скурчыўся і ў гэты момант за сьпінаю зноўку затрашчалі кусты і да лавы падышлі яшчэ два хлопцы, якія трымалі ў руках тузін піўных пляшак.
– … Потом, кароче-э, Талян принёс два пузыря, – гракнуў здаравіла, працягваючы, відаць, перарваную размову і, пасунуўшыся на сярэдзіну лаўкі, прымусіў Яўхіма сесьці. – Потом ещё самогоняры замандячили – тут я и в-вырубился н-нах-х… – апошнія зыкі захрасьлі-зашэрхлі ў луджанай глотцы.
Адзін з хлопцаў – той, што быў маладзейшым, – прысеў на кукішкі, а другі – чалавек дарэшты схуднелы і зь лёгкай сівізною ў чарнявых валасах, – зь відочнаю неахвотаю прымасьціўся на другім канцы лавы. Здаравіла зубамі адкаркаваў пляшку, выплюнуў корак, прыпаў губамі да рыльца і Яўхім са зьдзіўленьнем убачыў, што здаравілавы кадык нават не зварухнуўся: піва лілося ў нутро, раз-поразу выбухаючы ў бутэльцы хлапякамі белай пены. Апаражніўшы пляшку, здаравіла каторым разам выгукнуў: – Ой, бля-а… – адкаркаваў новую, але цяпер ужо піў паволі: рабіў пару глыткоў і, ставячы пляшку на калена, зморана аддзімаўся.
Пазіраючы на тройцу, Яўхім адчуў раптам нясьцерпную смагу. Яму – аж да сьвербу ў пятках – закарцела прыпасьці вуснамі да рыльца бутэлькі і, заплюшчыўшы вочы, глытнуць гаючага пітва. Ён пакруціў галавой, выглядаючы – дзе там даюць піва, і сусед па лаўцы, скасіўшы на яго асавелыя буркалы, спачувальна запытаў:
– Что, батяня, тяжко?
Яўхім лыпнуў вачыма і сусед працягнуў яму вільготную пляшку, у якой яшчэ было ладна пітва.
– На, добивай.
… Піва цёплай хваляй разьлілося па целу і Яўхім нават крэкнуў ад асалоды. Паказваючы ўсім сваім выглядам, што яму і сапраўды цяжка пасьля ўчарашняга, ён з робленай цікаўнасьцю слухаў здаравілу, які апавядаў нейкі надта ж доўгі анэкдот і апавядальнік, натхнёны такой увагаю, колькі разоў хапаў яго за руку і захоплена прамаўляў:
– Прорвёмся, батяня-а!
Скончыць показку здаравілу, аднак, не давялося. Маладзён, што сядзеў на кукішках, пачаў раптам ікаць – кожнага разу гучней і залівісьцей, – і здаравіла, перапыніўшы аповед, дакорліва прасіпеў:
– Тебе что, Лёха, по кумполу бутылкой… чтоб полегчало?
Пачуўшы такое, Лёха панурыў долу вочы, пусьціў між ног цягуткую сьліну.
Сусед па лаўцы моўчкі дапіў піва, выцер рукавом вільготныя вусны, пасьля чаго прымірэнча-запытальна выдыхнуў:
– Слышь?! Лёх!
Лёха пакрыўджана перасмыкнуў плячыма, пакруціў галавою, але, перахапіўшы хітраваты погляд старэйшага сябра, наставіў ашклянелыя вочы на чарнявага худабзея.
– Васильевич… Ты как? Сотку возьмешь?
Васілевіч шмыгнуў носам і праз хвілю здушана прамармытаў: