355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вінцэсь Мудроў » Албанскае танга » Текст книги (страница 5)
Албанскае танга
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 22:32

Текст книги "Албанскае танга"


Автор книги: Вінцэсь Мудроў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

– Цягні! – гракнуў Макар, швагра тузануў вудзільна, паваліўся на дно лодкі і, пакуль ён падаў, перад носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.

– Фу ты, йо… Цягнуць трэба было, а ня тузаць, – Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукішках, утрапёна пазіраючы ў ваду.

– Думаеш цяпер рукамі злавіць?

– Акуляры зваліліся, – уздыхнуў небарака і Макар упершыню пашкадаваў, што выправіўся на гэтую чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з азёрнага дна было ня так і проста. Калі Макар зьмераў глыбіню, дык вудзільна панурылася ў ваду па самы вяршок.

«Не дастану, дык хоць скупануся», – падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны і сігануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.

Выпусьціўшы з грудзей паветра, ён схапіўся за нейкую сьцябліну і адзінае, што пасьпеў угледзіць, дык гэта кансэрвавую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

– Глыбака, бляха… – задыхана вымавіў Макар, ухапіўшыся рукою за край лодкі.

Пару хвілін ён аддзімаўся, сплёўваў твань, потым нырнуў, кульнуўся ўніз галавою, з сілаю адштурхнуўся нагамі ад лодкі. На гэты раз ён нічога ня ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся галавой аб днішча. Удар атрымаўся такім хвацкім, што Макар, магчыма, ізноў пайшоў бы на дно, калі б перапужаны напарнік не схапіў яго за чупрыну.

… Набіўшы вялізны гузак на макаўцы, ён доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю і насуплена пазіраў то на высокае неба, то на прагнутую, зьлёгку пачырванелую шваграву сьпіну. Лавіць рыбу прапала ахвота, да таго ж напарнік без акуляраў нічога ня бачыў. Зьнікла ахвота й пацьвельваць гэтага ёлупня. Таму Макар і ляжаў незварушна, маракуючы, што на наступным тыдні ізноў давядзецца ехаць на пільню і што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкі, якія прывёз Базыль, выбраць меншыя і зрабіць маці апоркі. Неўпрыкмет навалілася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, зьбіраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатаньне. Ракатаў «беларус» – ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткі, кустамі, бо чутна было, як трашчала ламачча. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зірнуў на бераг.

Трактар вырваўся з кустоў, пад'ехаў да вады і з кабінкі вылезьлі спачатку дзядзькавы сусед Лёшка Мандрык, а потым браты Бадуновы – Юрка ды Пецька. Дрымота зьляцела з павекаў, Макар стаў ва ўвесь рост, засьвістаў у чатыры пальцы і хлопцы на беразе, прыклаўшы да брывоў далоні, засьвісталі ў адказ. У наступнае імгненьне Макар схапіў фанэрыну і стаў энэргічна заграбаць ля кармы, забыўшыся на «катвігу», якая не давала лодцы зварухнуцца зь месца.

– Стая-аць! – галёкнуў Лёшка Мандрык, калі лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне і, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: «Сюд-да-а!»

Прыяжджаючы ў Бычкі, Макар часьцяком спансіраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя і ўзрадаваліся, убачыўшы спонсара, і не пасьпеў той выйсьці з лодкі, як яны рынулі ў ваду і зь вясёлымі мацюкамі ўсьцягнулі пласкадонку на бераг.

Пад'ехалі бычкоўцы не з пустымі рукамі. Малодшы з братоў, трыццацігадовы Юрка, залез у кабіну, перадаў брату шэсьць «фугасаў», а потым, папоркаўшыся ў «бардачку», шпурнуў у ваду – каб спаласнуць – бляшаную конаўку.

Убіўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцізорыкам «фугасіну», скоса глянуў на інтэлігента і Макар, перахапіўшы пагляд, растлумачыў:

– Тамарчын муж. У газэце працуе.

Лёха напоўніў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.

– Пакрыўдзіць хочаш? – вусьцішна прасіпеў Мандрык і гарадзкі госьць, намацаўшы пасудзіну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамі.

Віно – хахляцкае «Яблучне» – пілі паволі, з бадзёрым крэканьнем, са штохвілінным прыпальваньнем цыгарэтаў і з гэткім жа штохвілінным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы «чарвіўкі», Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку і мацюкнуўшыся, зьбіваўся на іншыя тэмы. І вось, выліўшы ў конаўку рэшты віна з апошняй пляшкі, Лёха абвясьціў, што заўтра ж спаліць катэдж, які старшыня пабудаваў на ўскраіне Азярышча і, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставіў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовіў ні слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, ікнуў, праліўшы трунак, і малітвенна прастагнаў:

– Цудоўныя хлопцы!

Уліўшы ў глотку рэшткі пітва, інтэлігент квола пасьміхнуўся, кульнуўся на траву і, заплюшчыўшы вочы, ледзь чутна паўтарыў:

– Цудоўныя!

Дахаты ехалі на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамі па жалезнай скрыні, у якой увесь час штосьці бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака (на адным з паваротаў швагра зьехаў са скрыні, стукнуўся скроньню аб бляшаную буду), таму Макар абдымаў сваяка за шыю і калі той зьяжджаў убок, мацніў абдоймы і, па прыкладу Лёхі Мандрыка, гукаў:

– Сядзе-эць!

І чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.

– Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыцьцё? – выгукнуў Макар на чарговым павароце і сваяк, бліснуўшы бельмамі вачэй, здушана вякнуў і выбухнуў ванітамі.

Макар пякельна скрывіўся, падхапіў з-пад ног рызьзё, каб выцерці падлогу, ды тут чарговая порцыя ванітаў агіднай цеплынёй кранулася карку. Хвіліну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, а потым, тузануўшыся ўсім целам, падцягнуў да сябе пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сьценкі да сьценкі.

Ён выкуліўся з сястрынага пад'езду ў той міг, калі на небасхіле запаляліся самыя дробныя зоркі і таропка пайшоў да воданапорнай калёнкі. Сьцягнуўшы праз голаў кашулю, ён падставіў карак пад бойкі струмень і гракнуў, ды так гучна, што на другім канцы Азярышча абудзіліся сабакі. Сабакі забрахалі ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыі, нарэшце сонна рыкнулі зусім побач – за плотам «Сельгастэхнікі».

– Я табе рыкну, – жартам выдыхнуў Макар і, выціраючы кашуляй расчырванелы твар, падзівіўся таму – як хутка насунулася ноч.

1994

Зімовыя сны

– Пошел вон!! – гаркнул вдруг посиневший и затрясшийся генерал.

– Что-с? – спросил шепотом Червяков, млея от ужаса.

– Пошел вон!! – повторил генерал…

А. Чехов. «Смерть чиновника».

Промень сонца высьлізнуў з прамывіны ружовай імглы, зрабіў сьнег невыносна бліскучым. Глядзець пад ногі не было як, таму ён прымружыўся, прыкрыў твар рукавіцай. Уваччу паплылі шэрыя плямы, а разам зь імі паплыў, гнаны гарачымі сьлязьмі, размыты відарыс трактара. Трактар стаяў на ўзьлеску і там, відаць, таксама былі забітыя, бо конь увесь час круціў галавой і наструнена пырхаў.

Ён выпусьціў з рук аброць, скінуў з плечука вінтоўку і, уторкнуўшы яе ў востры грэбень сумёту, папраставаў па цаліку, правальваючыся ў сьнег па самыя сьцёгны.

Па полі зьмяілася дуйка. Дуйка віравала-ляцела, вочы чапляліся за канцы віхурыстых пасмаў, і ён зьбіваўся зь кірунку, забіраючы ў той бок, куды дзьмуў вецер.

Калі да трактара заставалася ня болей дваццаці мэтраў, сьнег стаў такім глыбокім, што давялося паўзьці плазам, і гэта адбірала апошнія сілы. Зьнясілены, ён тыцнуўся тварам у сумёт, колькі часу ляжаў нерухома, а ўзьняўшы голаў, правёў рукавом па пераносьсі.

Гусенічны «сталінец» – дакладна такую гаргару прыгналі напярэдадні вайны і ў іх полк – стаяў, уткнуўшыся носам у вячыстую хвою, на мядзяным стаўбуры якой былі бачныя белыя меціны ад куляў.

«Зязюлі»… Забілі, відаць, трактарыста… Ехаў самапасам, пакуль на дрэва ня ўзьбіўся», – з гэтымі думкамі ён яшчэ раз агледзеў узьлесьсе і, стаўшы вокрач, папоўз да трактара.

Поўз доўга, да поўнай змогі, нават не падымаючы вачэй і спыніўся толькі тады, як стукнуўся галавой аб заінелую трактарную гусеніцу.

Над трактарам, над тым месцам, дзе павінен сядзець трактарыст, высілася паветка, на якой ляжала вялізная гурба сьнегу. Гурба мела даволі дзіўную форму – нагадвала ўзьбітую падушку, таму вочы міжволі затрымаліся на сьнежных пукатасьцях, а калі ён, нарэшце, зірнуў долу, дык убачыў Мікіту Пустасьвята – мэханіка іхнага палка. Так! Таго самага Пустасьвята, які ўвосень скраў з палкавой стайні казённы хамут і які, як казалі, падчас калектывізацыі забіў свайго бацьку-падкулачніка. Галава Мікітава была пакрытая інеем, а шырока расплюшчаныя вочы з жахам і зьдзіўленьнем пазіралі на трактарныя вагары.

Улякнуты, ён ступіў колькі крокаў назад, наткнуўся на штосьці жалезнае і, плюхаючыся азадкам у сьнег, здагадаўся: наляцеў на сані. Па хрыбціне казытліва зьбягалі кроплі халоднага поту. Давялося зварухнуцца, напяць кашулю, а потым павярнуцца, адчуўшы непрыемны сьверб ля лапаткі. За сьпінаю тырчала, кранаючыся шыняля, кашчавая рука з паабгрызанымі пальцамі.

Ён адхінуўся, капнуў пры гэтым сьнег і пад азалелай рукавіцай агалілася шчака са знаёмай радзімкай і клок рудых валасоў. Твар нябожчыка быў страшэнна зьнявечаны: ваўкі, а мо й лісы адгрызьлі нос, ад'елі верхнюю губу, але ён пазнаў свайго камандзіра і, правёўшы рукавом па заінелых пятліцах, з халодным спакоем убачыў палкоўніцкія «шпалы».

Дзесьці ўдалечыні стамлёна бухнула гаўбіца і з трактарнай паветкі ценькім раўчуком пасыпаўся сьнег.

«Фінская!» – апаліла сьвядомасьць трывожная думка; ён разьмежыў зьліплыя ад марозу павекі і панурыўся ў цёплую цемру роднае хаты.

Сэрца білася так, як ніколі дагэтуль: сэрца захлыналася гарачай крывёй, гатовае было вырвацца з грудзіны, і Яўхім падумаў было, што памірае, ды нечакана ў горле штосьці булькнула, сэрца сунялася, зрабілася як лядзяк халодным, і ён, глынуўшы паветра, перавёў дых.

На кухні тахкалі ходзікі, пад бокам сапла Агата, і да гэтых суладных гукаў далучаўся яшчэ адзін, глухі і няўцямны, які далятаў знадворку. Гэта біўся рагамі ў сьценку хлява баран Мікіта.

«Так і памерці можна», – падумаў Яўхім, кульнуўся на бок і прыціснуўся схаладнелай грудзінай да цёплай жончынай сьпіны.

Вось ужо каторым разам яму прысьніўся той сонечны марозны дзень, калі ён поўзаў па зьнямелых палях, выцягваючы са сьнежных магіл на дарогу скарчанелыя трупы. Сон гэты яму сьніўся амаль кожнае ночы, і кожную ноч ён боўтаўся ў пульхным сьнезе, мружыўся на зыркае сонца, крычаў штосьці сваім таварышам, якія засталіся на дарозе.

За сорак гадоў шмат якія падзеі забыліся. Вайна сталася чымсьці цьмяным, балючым і шэрым – гэтакім жа шэрым, як столь у сестрарэцкім шпіталі, на якую ён два месяцы запар глядзеў апухлымі ад бяссоньня вачыма, – але ў снах забытыя фарбы і гукі зноў ажывалі, і зноўку бухалі гарматы, і заінелыя елкі адбівалі нябесны блакіт, і вецер гудзеў у хвоях, адпяваючы занесеных сьнегам чырвонаармейцаў. У снах ён нават згадваў мянушку каня, на якім вазілі трупы, але, прачнуўшыся, адразу ж забываў, і рэха гэтага імя блукала ў спратах памяці, цьвелячы сваёй невыразнасьцю…

Паляжаўшы на левым баку, Яўхім лёг на сьпіну, у ходзіках тым часам штосьці стрэльнула і Агата, пакінуўшы сапці, прыспана запыталася:

– Сэрца схапіла?

Яўхім, як заўсёды, прамаўчаў, а жонка з вохканьнем вылезла з-пад коўдры і, прыкрыўшы далоньню зяхлівыя рот, няроўнай хадой пайшла на кухню.

– Забіў, відаць, некага на вайне – вось і сьняцца нябожчыкі. Зайшоў бы калі ў царкву, сьвечку паставіў… Яно б і адлягло ад сэрца… – за сьценкаю пачуліся ўздыхі і непрыемны, як да ночы, бразгат лыжкі аб конаўку. Жонка дала яму папіць нейкай саладжавай вады, перахрысьцілася на цёмны кут, спрытна падбілася пад коўдру.

– Мо не паедзеш? А то зноўку самлееш, – прамовіла Агата, а Яўхім, нічога не сказаўшы, закінуў рукі за патыліцу і пакутліва ўздыхнуў.

Баран Мікіта больш ня бухаў у сьценку, жонка прыціхла і не сапла ля вуха – навокал стала ціха, і толькі ходзікі мерна тахкалі ўпоравень зь біцьцём неспакойнага сэрца.

«А можа сапраўды ня ехаць?», – падумаў Яўхім, але тут жа згадаў пра ўнука, пра наладаваную салам валізу ды пра тое, што сын зь нявесткай зьбіраюцца разводзіцца, другім разам уздыхнуў і, выдыхаючы паветра, варухнуў губамі:

– Трэба ехаць.

У ходзіках зноў штосьці стрэльнула, ківач затахкаў часьцей, а разам з ківачом гэтак жа імпэтна забілася сэрца. Неўзабаве тахканьне запаволілася, і Яўхім зь лёгкім спалохам падумаў – што будзе, як гадзіньнік спыніцца? Думка гэтая не давала спакою. Старому прымроілася, што Агата забылася падцягнуць гіру і тая вось-вось кранецца падлогі. Кульнуўшыся колькі разоў са сьпіны на бок і наадварот, ён урэшце пералез цераз жонку і ў адказ на сіплы вокліч: – Куды ты? – незадаволена буркнуў: – На вядро.

Гіра, вядома ж, вісела дзе трэба. Падцягнуўшы яе на пару зьвёнаў, стары бязгучна вылаяўся, пайшоў, абмацваючы цямноцьце, у сені і там, наткнуўшыся на валізу з салам, ізноў мацюкнуўся – гэтым разам голасна і брыдка.

Да ложку вяртаўся на дыбачках, дакладней, на шасьцёх ацалелых пальцах. У сенцах панаваў холад, і пяткі ўраз скарчанелі. Залезшы пад коўдру, ён прытуліўся чэравам да жончынага азадка, і Агата, якой, відаць, абрыдла ягоная бессань, рашуча адсунулася на край пасьцелі.

– Зноў цісьнеш свае сцанікі!

Падштанікі былі, як заўсёды, мокрыя. Яўхім адвярнуўся да сьценкі, падсунуў да жонкі акалелыя пяткі, з крыўдаю ў голасе прамовіў:

– Сьпі ты, халера!

– Засьнеш тут… Пяты раз будзіць… – абурана прашаптала Агата, потым прамармытала яшчэ нешта, але зусім няўцямна і праз пару хвілін ізноў заснула, засопшы як і раней – салодка і аднастайна.

На фінскай вайне, якая сьнілася па начах, Яўхім, можна сказаць, ні разу і ня стрэльнуў. Пра тое, чым давялося займацца ў складзе дзеючай арміі, стары ніколі нічога не казаў, а калі хто і пачынаў роспыты, ніякавеў і, адвёўшы ўбок вочы, прамаўляў:

– Ды так… ваявалі…

Нічога не казаў ён і жонцы Агаце. Ды тая ня надта і цікавілася ягонымі подзьвігамі. Жонка па-свойму тлумачыла такое маўчаньне і кожнага разу пасьмейвалася, калі ён чапляў напярэдадні дня Перамогі жоўтыя мэдалькі. А аднойчы, калі да іх прыйшла маладая настаўніца, каб запрасіць вэтэрана фінскай вайны на школьную вечарыну, грымнула чыгунамі і жартам заўважыла:

– Знайшлі героя… Сядзеў у балоце, усёршыся, пакуль не абмёрз увесь.

Што й казаць: крыўдныя былі словы. Але Яўхім і брывом не павёў. У душы нават падзячыў Агату, бо настаўніца неўзабаве разьвіталася і пабегла з хаты. Выступаць перад школьнікамі ён зусім ня ўмеў, ды і пра што мог расказаць? Як цягаў адубелых нябожчыкаў? Бо менавіта гэтым і давялося займацца на вайне зь белафінамі.

Праўда, была адна падзея на векапомнай фінскай вайне, пра якую ён зрэдзьчасу апавядаў: ці то зяцю, калі прыяжджаў у горад, ці то суседу Андросаву, кульнуўшы зь ім па чарцы. Гэта была нават не падзея, а так – дробны эпізод. Аднак Яўхім казаў пра тое з хваляваньнем у голасе, а на добрым падпітку дык і са сьлязою на вачах. І апавядаў ён пра сустрэчу з камандармам Сямёнам Канстанцінавічам Цімашэнкам.

– Выйшаў з машыны… высокі такі… у кажуху – і побач ардынарац…

Глухаваты Андросаў слухаў аповед, не да месца ківаў галавой, а ўпіхнуўшы ў рот жменю кіслай капусты, таропка, нібыта той заяц, варушыў сківіцамі.

Пілі звычайна ў суседавай хаце і кожнага разу, пачуўшы Яўхімавы байкі, на кухні ўсхліпвала старая Андросіха. У старой на фінскай ваяваў родны брат, якому пасьля першага ж бою ампутавалі абедзьве нагі, і хаця брат застаўся жывым і дагэтуль смуродзіў сьвет недзе на Ўрале, суседка бедавала па ім як па нябожчыку.

– Казаў… выкінулі, бедненькіх, на лёд… Мароз сорак градусаў, а яны ў баціначках. Так і памерзьлі ўсе.

Плаксівы бабскі голас псаваў настрой. Яўхім хітаў галавой, тушыў у кансэрвавай бляшанцы недакурак і панура поўніў шклянкі.

Камандарма Цімашэнку – хаця й здалёк – Яўхіму лёсіла ўбачыць у студзені 1940 года, на ўскраіне Сестрарэцку. У той дзень іх санітарная каманда – дарэшты стомленая і зьлёгку вашывая, – рушыла, а дакладней кажучы бегла, бо мароз працінаў да костак, у лазьню і нечакана хтосьці зь пярэдніх шыхтоў улякнута прамовіў:

– Камандуючы фронтам!

Усе разам замёрлі, стаілі дыханьне і Яўхім пачуў, як недзе наперадзе загула, а потым суціхла легкавушка. Ён ішоў апошнім, таму нічога ня бачыў, а калі стаў на дыбачкі ды выцягнуў шыю, дык згледзеў фарбаваную ў белае «эмку», што буксавала наўскрай дарогі, па самы бампэр панурыўшыся ў сьнежную кашу. Ля легкавушкі стаялі двое – перацягнуты рамянямі маладзён у бліскучых ботах і яшчэ нехта – мажны, шыракаплечы, які, раскінуўшы крысьсе кажуха, паліваў сьнежны бруствэр узбочыны.

На марозе чуваць далёка, таму да вушэй Яўхімавых даляцеў пошум струменя, які сьвідраваў зьляжалы сьнег, два кароткія выхлапы, якія, зрэшты, прыглушыў рыплівы тупат маладзёна і ягоны нецярплівы вокліч:

– Давай сюды!

Першым ачуўся старшына Дабіжа. Выгукнуўшы прозьвішчы трох чырвонаармейцаў, што стаялі ў першым шыхту, Дабіжа пабег, па-бабску раскідваючы цыбатыя ногі, а сьледам, рупячыся ісьці нага ў нагу, рушыла пакліканая ім тройца. На статутнай адлегласьці старшына прыклаў далонь да скроні, пайшоў парадным крокам, але той, у кажуху, незадаволена таргануў галавой і, зашпіліўшы прарэх, нацягнуў на рукі пальчаткі.

– Цімашэнка! Без аховы… – шапталіся зьлева і справа і Яўхім стаяў, зьбянтэжаны і зачараваны, і рой бязладных думак гарачымі іголкамі калоў патыліцу. «Няўжо гэта Цімашэнка, той самы славуты камандарм першага рангу, пра якога пішуць у газэтах і які прыехаў даць дыхту нахабным белафінам?…»

І вось ужо «эмка», пханая санітарамі, выехала на сярэдзіну дарогі, перацягнуты рамянямі маладзён адчыніў дзьверцы, а камандарм, сказаўшы штосьці Дабіжу, падышоў да легкавушкі. Аднак, што было потым, Яўхім ня бачыў. Нехта зь першых шыхтоў зварухнуўся, захінуў відасяг і як ён ні цягнуў шыю, выглядаючы Цімашэнку, анічога болей ня ўбачыў. Пачуў толькі, як легкавушка, стрэльнуўшы выхлапнымі газамі, скранулася зь месца, а потым загула дзесьці праваруч, завярнуўшы ў завулак.

Да лазьні маршыравалі, ня чуючы пад сабою ног, з паходнай песьняй на вуснах, а датупаўшы да камяніцы, на фасадзе якой вісеў кавалак фанэры з надпісам «санобработка», пачалі, перабіваючы адно другога, дзяліцца ўражаньнямі ад сустрэчы з камандармам.

«Што, што ён вам сказаў?» – пыталіся ўсе чырвонаармейца Сівалапа, якому пашчасьціла піхаць «эмку», і Сівалап, вытрымаўшы паўзу, прамаўляў:

– Спасіба, хлопцы.

«Спасіба, хлопцы», – бязгучна паўтараў Яўхім, і прытоена-шчасьлівая ўсьмешка кранала ягоныя вусны. Ён паўтарыў гэтыя два словы шматкроць: калі здымаў брудныя споднікі, калі, па загаду нейкага акулярыстага здыхлі, змазваў ліпучым квачом пэўныя мясьціны на сваім целе, і потым, калі вадзіў пляскатым змылкам па ўпалай грудзіне. Змылак той, спавіты валасьнёй, дрэнна мыліўся, але ён не заўважаў гэтага, і з твару ягонага не зьнікала анёльская ўсьмешка.

«Гэта ж трэба – самога Цімашэнку пабачыў», – думаў Яўхім, і сьвет брыніў уваччу і зыкі, што даляталі з парыльні – ляскат венікаў, сыканьне распаленых камянёў, лямант чырвонаармейца Сівалапа, які расьціраўся прынесеным знадворку сьнегам, – паволі аддаляліся, ператвараліся ў няўцямны гул, і сэрца ягонае раставала, не раўнуючы, як сьнежная пляма на сівалапавым азадку ад невыказнай любові да камандарма.

Ён і сам ня мог зразумець – чым так зачараваў яго камандарм, але пачуцьцё, якое нарадзілася ў лазьні, не мінала, набываючы рысы ціхага шаленства. Праз паўгадзіны, ідучы бадзёрым крокам на станцыю, Яўхім спрабаваў угледзець тое месца, дзе стаяў Цімашэнка, але было ўжо прыцемна, ды і ўзбочыну тую замілаваў ня толькі камандуючы. А яшчэ праз пару тыдняў, патрапіўшы ў шпіталь, ён кожнага дня прасіў мэдсястру прынесьці яму «Красноармейскую правду» і ў змроку зімовага дня мядзьведзявата гартаў забінтаванымі рукамі газэціну, шукаючы на старонках прозьвішча камандарма. Ну а ў траўні таго ж саракавога году, вяртаючыся пасьля шпіталя дахаты, Яўхім пачуў па радыё паведамленьне аб прызначэньні Цімашэнкі Сямёна Канстанцінавіча наркамам абароны і цёплая хваля пачуцьця ізноў падкацілася да сэрца. Было гэта на станцыі Дно.

Яўхім сядзеў на мулкай энкапээсаўскай лаве, глядзеў на чорны квадрат рэпрадуктара і з сардэчным клёкатам у горле казаў бязногаму кавалерысту, што сядзеў на другім канцы лавы:

– Бачыў яго як цябе зараз.

І кавалерыст, які таксама вяртаўся з фінскай кампаніі, ледзь чутна вылаяўся ў адказ.

Потым была яшчэ адна вайна, на якую яго не ўзялі па прычыне адсутнасьці двух пальцаў, потым ізноў прыйшлі Саветы і была страшэнная галадуха і акурат у той час, як у Бычках скончылася апошняя бульба, Яўхім надумаў напісаць Сямёну Канстанцінавічу ліста. Дзеля гэтай мэты сьцягнуў нават аркуш паперы ў сельсавеце. Але, сеўшы пры стале і тыцнуўшы ручкаю ў каламар, зразумеў: пісаць, уласна кажучы, няма пра што.

У сорак дзявятым маршала Цімашэнку перавялі з Паўднёвага Ўралу ў Беларусь – камандаваць акругай. Пачуўшы пра гэта, Яўхім ізноў сеў пісаць ліста, а крыху пазьней стаў садзіць за стол і сына Хведзьку. Пыхкаючы цыгаркаю, ён звычайна дыктаваў толькі адну фразу: – Здравствуйте, Сямён Константинович, – потым змаўкаў, мружыўся на заседжаную мухамі лямпу і асуджана махаў рукою.

А гадоў дзесяць таму, убачыўшы ў «Известиях» маршальскі партрэт у жалобнай асадзе, Яўхім абамлеў і, не апрануты, – а быў самы пачатак красавіка, – пабег у бычкоўскую краму. Гарэлкі ў продажы, вядома ж, не было, але магазыншчыца, пабачыўшы неапранутага наведніка, выдала пляшку з уласнага запасу, а цёткі, што стаялі ля прылаўка, пры гэтым наструнена зашморгалі насамі.

Увесь той дзень ён адседзеў на кухні, невідушча глядзеў у вакно, за якім мільгалі жаночыя галовы й чулася адно і тое ж пытаньне: – Ці памёр хто? – і напаўголасу сьпяваў «Красноармейскую походную». Увечары, дапіўшы рэшту гарэлкі, Яўхім выцяў з газэты маршальскі партрэт і з дапамогаю мыла прыляпіў над рукамыйнікам.

– Зусім зьдзяцінеў… Чорта лысага лепіць… – прамовіла той хвіляй Агата і ён так зыркнуў на жонку, што старая выпусьціла з рук абярэмак дроў і сьпехам выкулілася з хаты.

І цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носік рукамыйніка, Яўхім касіў вока на пажоўклы здымак і толькі пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.

На вайсковую службу Яўхіма павінны былі ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялі па здароўі. Тры гады хаваўся недалуга Яўхім ад грэблівых дзявочых позіркаў, а ў трыццаць сёмым убіўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку – мыў там талеркі, калоў дровы ды насіў ваду з калодзежа, – ад'еўся на дармавых харчах і неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскім палку, які стаяў у мястэчку Ідрыца. Да гаўбіц яго, аднак, не падпускалі – тры гады завіхаўся ля коней на палкавой стайні. Ну а ўвосень трыццаць дзявятага, адслужыўшы прызначаны тэрмін, пачаў рыхтавацца да дому: цішком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайні чатыры кавалкі цукру, але акурат тым часам фінская ваеншчына ўсчала правакацыі на граніцы і пэўнай ночы іхны полк узьнялі па трывозе. Станцыя Ідрыца – маленькая, хаця й вузлавая, – за ўсю сваю гісторыю ня бачыла такога вэрхалу, які панаваў тае ночы… Цягам некалькіх гадзінаў чырвонаармейцы ўсьперлі на плятформы цяжкія гарматы, загналі ў цяплушкі коней, загрузілі фураж – сам кампалка Хаміцкі сачыў за яго пагрузкай – і выехалі ў кірунку Пскова.

У апошнім вагоне эшалёну выправіўся ў далёкі сьвет і чырвонаармеец Яўхім. Цэлыя суткі ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы і сумнымі вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана. У праломе шарэла асьлізлае неба, дрыжэлі цьмяныя зоркі, гарэла ранішняя палымніца, чорны паравозны дым засьціў халодную чырвань, і душа Яўхімава не знаходзіла сабе месца ў стылай грудзіне. Яна, душа, трымцела ў чаканьні невядомага, прагла вырвацца вонкі, і вось, дзесьці пад Ленінградам, калі Яўхім канчаткова зьмерз і ад халадэчы пачаў трызьніць, душа ягоная пакінула грудзіну, сіганула ў пралом і паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Ідрыцу. Яўхім убачыў хвост цягніка, убачыў нейкую асьнежаную станцыю, доўгі шыхт пакгаўзаў і салодкае здранцьвеньне – падобнае на тое, якое ён зьведваў у дзяцінстве, калі маці перабірала пальцамі ягоныя валасы на макаўцы, – да краю напоўніла разьняволеную душу. Дзесьці ўдалечыні гучалі людзкія галасы, штосьці грымела і бухала, гуло і стагнала, ён наструніў слых і пачуў, як аднекуль – ці то з бочкі, ці то з таго сьвету прастуджана гракнуў старшына Хамук:

– Ты шчо там… вмэр? Выгружай фураж!

Душа вярталася ў цела зь неахвотаю. Яўхім ачуўся, паспрабаваў падняцца, але ня здолеў нават паварушыць спруцянелымі пальцамі. Нейкая магутная сіла страсянула яго, паставіла на ногі, і яшчэ праз імгненьне ён выляцеў з пульману, балюча стукнуўшыся лобам аб край дзьвярнога вушака.

У заінелай галаве гуло і шумела. Усе навакольныя зыкі – конскае ржаньне, надрыўныя паравозныя гудкі, мацюгі старшыны Хамука зьліліся ў адзін працяглы гул, і Яўхім, ужо ўзваліўшы на карак мех з аўсом, аніяк ня мог уцяміць – дзе ён, што зь ім і якая гэта халера ўсьперлася яму на сьпіну.

Потым ён, аглухлы і невідушчы, цягаў мяхі з вагона, старшына Хамук біў яго нагой пад зад – каб хутчэй варушыўся, – пасьля шостага ці сёмага высьпятку Яўхім упаў у сьнег, і ў гэты момант слых і зрок дарэшты праясьнелі. Ён пачуў, як недзе непадалёку ўдарылі капыты па сходнях, як ля вуха чхнуў старшына Хамук і як на другім баку эшалёну хтосьці па-хахляцку закрычаў:

– Хлопці, шчо за станція?

– Белавостраў… Белавостраў… – шматкроць паўтарылі навокал, і Яўхім пачуў вокліч, які прымусіў яго схамянуцца і ўстаць на ногі.

– Эй, Хамук, давай сюды дзесяць чалавек, – крыкнуў ад суседняй цяплушкі палкоўнік Хаміцкі.

Палкоўнік стаяў на пагорку – відаць, гэта быў чыгуначны тупік, а побач зь ім завіхаўся, махаючы рукамі, дзядок у белым халаце.

– Раненых трэба вынесьці… – пасьпеў крыкнуць кампалка, перш чым голас ягоны пакрыў сіпаты паравозны гудок. Палкоўнік крычаў яшчэ нешта – вялікая радзімка дрогалася на няголеным твары, – але паравоз гудзеў як ашалелы і ад таго гуду скаланалася зямля пад нагамі.

… Яны беглі ўздоўж доўгага шыхта вагонаў, сьледам трухаў сівы дзядок, і ў сьпіну ім ляцеў ваяўнічы палкоўніцкі лямант:

– Даю трыццаць хвілін! Праз паўгадзіны дарога павінна быць свабоднай! – наперадзе стаяў санітарны цягнік і не прапускаў іх эшалён.

Будынак станцыі быў запоўнены раненымі: яны ляжалі на насілках, ці то проста на падлозе, гучна стагналі, скрыгаталі зубамі; у паветры вісеў пах крыві і карболкі, і ў Яўхіма ад усяго гэтага закружылася галава і халодны камяк падкаціў пад горла. Ванітаваць, на шчасьце, не было чым і не было калі. Ён змучана вякнуў, праглынуў агідны камяк і, ухапіўшыся за ручкі насілак, патупаў да выхаду, утаропіўшыся на сьпіну напарніка – нізенькага каржакаватага санітара.

Праз гадзіну, страшэнна стомлены, ён праводзіў вачыма санітарны цягнік, у які заносілі раненых, сьледам за ім праплылі плятформы са спавітымі ў брызэнт гарматамі, потым вагоны з конскімі пысамі ў проймах разнасьцежаных дзьвярэй і, нарэшце, з жахам убачыў свой пульман, на якім вісьлі артылерысты, што дапамагалі заносіць раненых і які шарым прывідам праплыў у вечаровым паўзмроку.

– Што стаіш? Раненых прывезьлі! – крыкнулі за сьпінай, потым ляпнулі між лапатак, нарэшце далі па карку, а ён усё стаяў, атарапелы, неадрыўна пазіраючы ў той бок, дзе асядаў паравозны дым, дзе тырчаў сэмафор і дзе ляжалі, зваленыя ў кучу, мяхі з фуражом.

Адстаць-адбіцца ад сваіх – справа не жартоўная. Гэта ўсё адно што дэзэрціраваць. У вачох Яўхімавых паўстаў плякат, які вісеў у палкавой сталоўцы і на якім быў намаляваны гэты самы дэзэрцір і левую нагу ягоную апанавалі нэрвовыя дрыжыкі. Праз хвілю-другую магчыма б і ўвесь ён закалаціўся, ды тут напарнік-санітар агрэў яго па сьпіне насілкамі і роблена-бадзёрым голасам выгукнуў:

– Не сумуй, артылерыя… Далёка ня зьедуць. Праз тры кілямэтры граніца.

Там, наперадзе, сапраўды штосьці бухала, зусім па-чалавечы стагнала й рыкала, а цёмнае неба раз-поразу асьвечвала барвовая палымніца.

Пасьля такой навіны заставалася толькі аддзьмухнуцца. «Нічога, сёньня пацягаю раненых, а заўтра даганю сваіх», – падумаў тады Яўхім і пабег за напарнікам, на хаду спавіваючы абрыўкам бінта намазоленую руку.

Аднак ні на заўтра, ні ў наступныя дні даганяць сваіх ён так і ня выправіўся. Ад ранку да ночы цягаў раненых – выгружаў іх з вазоў і машын, заносіў у будынак вакзала, адтуль – у санітарны цягнік; спаў па чатыры гадзіны ў суткі, падбіўшыся пад бок якому-небудзь нябожчыку і, нагледзеўшыся людзкіх пакутаў ды наслухаўшыся страхаморлівых аповедаў, зусім ня прагнуў ісьці на штурм лініі Манэргейма.

Неўзабаве грымнулі маразы. Маразы былі такія лютыя, што нават напарнік – сыбірак Кармунін – дзівіўся такой халадэчы, – і на станцыю пачалі падвозіць ня толькі раненых, але і абмарожаных. У асноўным, гэта былі чырванафлётцы, што выправіліся на вайну ў зрэбных бушлатах ды закарэлых чаравіках, і Яўхім, цягаючы абмарожаных балтыйцаў, у душы слаў падзякі сівому дзядку – ваенлекару 2-га ранга Прыбышэўскаму, які ня даў яму памерці на марозе.

Блізу месяца завіхаўся ён каля раненых, а пасьля Новага году, калі на фронце ўсталяваўся зацішак, яго і яшчэ двух санітараў паслалі зьбіраць на абшарах былых баёў трупы забітых чырвонаармейцаў.

На месца прызначэньня ехалі ў кодабу інтэнданцкага грузавіка, разам з кажухамі і валёнкамі, а прыехаўшы ў нейкі фінскі пасёлак, атрымалі па пяць сухароў, кудлатага каня-«мангола» і апэратыўны загад: агледзець навакольны лес, выцягнуць адтуль усіх забітых – як нашых, так і фінаў, – а выявіўшы сярод трупаў камкора ці палкоўніка, тэрмінова паведаміць пра тое камандаваньню.

Там, на ўзьлесьсі, Яўхім і наткнуўся на палкоўніка Хаміцкага, які камандаваў іхным артылерыйскім палком, і ад тае пары палкоўнік, а дакладней, ягоны зьнявечаны лісамі труп прыходзіў у сны, спыняючы на імгненьне збалелае сэрца.

Зімовымі ранкамі, калі вочы самі сабою заплюшчваюцца, каб ня бачыць сьвятла, якое цэдзіцца з кухні, адзінае, што лагодзіць пагляд, гэта малінавыя бліскі – адбіткі агню ў печы. Бліскі бягуць па цёмнай столі, дрыжаць і мітусяцца, не раўнуючы як месячнае сьвятло на неспакойнай вадзе і калі доўга глядзець на тое мігценьне, губляецца адчуваньне часу і асавелая галава аніяк ня можа ўцяміць: што на дварэ – вечар, ноч, альбо раніца.

Гэтым разам, аднак, галава была на дзіва сьветлаю і адбіткі агню, што мітусіліся на столі, ня толькі не лагодзілі зрок, але і выклікалі лёгкае раздражненьне. Раздражнялі, зрэшты, ня толькі бліскі, але і тупы боль у сэрцы, трэск асінавых дроў, ды шапатлівыя жаночыя галасы на кухні: апошнім часам суседка Андросіха займела звычку завітваць у хату з цёмнага ранку.

Ён ужо зьбіраўся быў рыпнуць ложкам, даючы зразумець, што прачнуўся, але нечакана перадумаў і, паклаўшы далонь на тое месца, дзе білася сэрца, наструніў слых.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю