355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вінцэсь Мудроў » Албанскае танга » Текст книги (страница 3)
Албанскае танга
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 22:32

Текст книги "Албанскае танга"


Автор книги: Вінцэсь Мудроў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

 
Всё, что мне ви-идится, всё, что мне слышится,
Всё, чем живё-отся, и всё, чем мне дышится,
Мне подари-ила земля моя вечная,
Самая до-обрая…
 

Нінэль Іванаўна заціснула рот, каб не разрыдацца…

 
и-и «Чебуречна-я-я» —
 

выдыхнуў, пасьля паўзы, сьпявак і заля выбухнула здушаным рогатам. Франц Апрышка таксама засьмяяўся, ды тут жа прыкусіў язык.

– Таварышы, ды хто яго выпусьціў на сцэну?… Гэта ж палітычнае блюзьнерства.

Сакратар абкаму казала яшчэ нешта, але Нінэль Іванаўна не пачула. Выставіўшы наперад рукі, яна выйшла з залі, прайшлася, абмацваючы сьцены, па калідоры, потым яе занесьлі ў «Кубань», паклалі на заднім сядзеньні, пырснулі ў твар вады, і яна, ужо непрытомная, паплыла пад гукі рахманінаўскіх сюіт на хвалях забыцьця, і чорнае неба над ейнай галавою асьвятлілі вогнепырскія фэервэркі.

* * *

Бычкоўскі квінтэт заняў на конкурсе другое месца, атрымаўшы ў якасьці прыза фанэрнае пано з выяваю Берасьцейскай крэпасьці, а Нінэль Іванаўна ўвечары таго ж дня памерла ад інфаркту. Пахавалі яе на радзіме – у горадзе Баравічы Наўгародзкай вобласьці.

Нячысьцік у фраку

Сіплы гудок скалануў абшар, паблукаў пад высокімі скляпеньнямі і замёр, праглынуты бязладным шумам ральгангу.

– Чё гудят? – запытаўся нехта з майстравых, ляснуўшы абцугамі, і ў адказ яму, аднекуль з супрацьлеглага канца цэха, нема загарлалі: – Ваську Рваного… вагонеткой придавило!

Дзесяцісажнёвая гарачая рэйка хітнулася ў памкненьні легчы на рухавыя вальцы, ды так і завісла на ланцугах, асыпаючы долу вогнепырскую акаліну. Майстравыя зьніякавелі, бліснулі бялкамі памутнелых ад сквару вачэй і, кінуўшы пад ногі абцугі, з дапамогай якіх цягалі рэйкі, прабеглі ў той бок, дзе нараджаліся крыкі і дзе ўздыхаў, змучаны несупыннай працай, магутны паравы молат.

Васька Рваны – малады, белатвары чараміс, якога ўсе любілі за рахманы нораў, – ляжаў ля задняй сьцяны і плаксіва, зусім па-бабску стагнаў.

– Чё он? Как ево? – пыталіся майстравыя.

– Не напирай! – адказвалі тыя, што стаялі вакол хлопца і моўчкі ківалі на ваганэтку з саракапудовай, кагадзе выцягнутай зь печы «штукай» мэталю.

Цэхавы молат засоплена ўздыхнуў, потым выдыхнуў і суціх, да верху схаваўшыся ў парнай аблачыне. Неўзабаве суціх і ральганг, і толькі ля пудлінгавай печы па-ранейшаму штосьці бухала й сярдзіта клекатала. Полымя ў печы набыло барвовую водцень, барва заліла заднюю сьцяну, на ёй крумкачыным крылом мільгануў нечы цень, і зьнямелы прасьцяг прарэзаў гаўклівы вокліч:

– Потшему не арбайт?! Металл стынет!

Упраўляючы завода Нольд, сухарлявы, сярэдняга веку немец, шыбаваў па цэху, а сьледам за ім, на ладнай адлегласьці, спалоханым трухам сунуліся канторшчыкі. Вочы Нольдавы злавесна пукаціліся, сівыя бакі варушыліся ад проймы, і гэта рабіла яго падобным да старога лемура.

– Что стали?! Пропустите лекаря! – крыкнулі канторшчыкі, але ніхто не зварухнуўся. Рабочыя стаялі, панурыўшы галовы, і на іхных сьпінах ляжала, наліваючыся чарноцьцем, злавесная палымніца. Зьнянацку ўсё аціхла. Нішто ня бухала, не клекатала, – і ў гэтай напятай цішыні нарадзілася суворая і мужная песьня.

– Вы же-ертвою па-ли в борьбе ро-ково-ой…

Голас сьпевака дрыжэў, зрываўся, але з кожным прыдыханьнем набіраў моцы; песьню падхапілі, і ўжо не адна, а сотні глотак выдыхнулі гняўлівыя словы:

– Подымем мы тяжкий свой молот, собъём им оковы свои…

Рабочыя ўзвалілі напаўжывога таварыша на плечы, панесьлі па цэху і калі ўпраўляючы, заступіўшы дарогу, закрычаў, каб людзі аціхлі, паветра скалануў гудок і галубы пад дахам, сарваўшыся зь месца, гамузам паляцелі насустрач людзкой грамадзе.

Нікандар Іванавіч Лапахін, фабрыкант з саракатысячным гадавым даходам, прачнуўся раніцою ў сваім кабінэце і доўга ня мог уцяміць – дзе ён, што зь ім, і што гэта за жанчына стаіць на тле асьветленага вакна. Фабрыкант працёр вочы, лыпнуў павекамі і ўбачыў, што поруч, на прыканапным століку, грувасьцілася пляшка Pommard’a, якую ён прызнаў было за жанчыну. Дрыжачая рука намацала пляшку, шурпатыя вусны прыпалі да рыльца, і віно прыемнай цеплынёй напоўніла страўнік.

Фабрыкант задаволена адрыгнуў, расчасаў пяцярнёй зьлямчаную бараду і толькі тады заўважыў, што спаў не распранены – у новым, прывезеным з Парыжа сурдуце і ў юхтовых, перапэцканых у гліну ботах. Гліна была мандрыкаўская – густая, з чырванаватым адценьнем, – а гэта сьведчыла за тое, што ўчора ён сустракаўся ня толькі з Мацільдаю, але і з Кіці. Нікандар Іванавіч мацюкнуўся, ляпнуў даланёй па кішэні, шукаючы партманэт, і, нічога не знайшоўшы, стаў сьцягваць з нагі юхтовы бот. Бот, аднак, не здымаўся. Фабрыкант счырванеў ад натугі, і ў гэты момант зь цёмнай проймы дзьвярэй прарэзаўся звонкі дзявочы голас:

– Что, папенька, снова накушались?

– Молчи, дура, – буркнуў пахмельны пакутнік і, усьпёршы на столік нагу з напаўсьцягнутым ботам, загадаў: – Ташшы!

– Кокоток своих попросите. Пусть они вам сапоги стаскивают. Тратите же вы на них по сотне за вечер…

Нікандар Іванавіч сьпехам сьцягнуў бот, зьбіраючыся шпурнуць ім у дачку, але Марфа хуценька прычыніла дзьверы й пабегла па рыплівых сходах на другі паверх.

– Прости мя, Господи, грешнаго! – выдыхнуў Нікандар Іванавіч, перахрысьціўшыся на партрэт памерлай жонкі, які вісеў над канапаю.

Ногі ў ботах добра-такі ўпрэлі і палатняныя анучы струменілі цяжкі дух. Нікандар Іванавіч калупнуў бруд паміж пальцаў правай нагі і шырокі лоб ягоны прабаразьнілі глыбокія маршчакі.

«А сапраўды, колькі ж я ўчора растраціў?» – панурая думка пачала блукаць па мазгавых зьвілінах, не знаходзячы выйсьця.

Дзьвесьце рублёў прайграў у карты Міхельсону – гэта ён добра памятаў, столькі ж пакінуў у «Канстанцінопалі», а дзе пакінуў яшчэ паўтысячы – пра тое сонная памяць маўчала. Лапахін уздыхнуў, са скрухай падумаў, што дзьве ўтрыманкі – гэта перабор, і вырашыў больш зь імі не сустракацца.

На доле зайграў раяль. Выдаў пару акордаў, аціх, сходы зноўку рыпнулі і ў дзьвярах паўстала цыбатая постаць князя Зьвезьдзіча – дваццацігадовага Марфінага кавалера.

– Может, Никандр Иваныч, за сельтерской послать, или огуречного рассолу принести? – кавалер стоена пасьміхнуўся і, лізнуўшы палец, стаў гартаць кнігу, якую трымаў у руках.

Увесну маладога князя выгналі з Казанскага ўнівэрсытэту, і цяпер ён дзень пры дні сядзеў у Марфы – сьпяваў рамансы, чытаў вершы, маляваў Марфіны партрэты, але ў кабінэт гаспадара завітваў толькі тады, калі трэба было прымірыць дачку з бацькам.

Лапахін аддзьмуўся, зьбіраючыся годна адказаць абібоку, ды нечакана страсянуў галавой і ўзьняў угору ўказальны палец. Дзесьці ў куце кабінэту – там, дзе стаяла манстэра ў кадцы, – нарадзіліся няўцямныя зыкі, якія праз хвілю ператварыліся ў раскацісты пошчак.

– У Михельсона опять шалят, – з задавальненьнем у голасе прамовіў Лапахін, ідучы да вакна.

За звонкай шыбай, у сутоньні шэрага дня, мільгацелі сінія казацкія фуражкі, бліскалі конскія капыты, якія гучна білі па бруку.

Міхельсонаўскі завод быў самым бунтоўным у губэрні – казакі гойсалі туды ледзь не штодня. І хаця ўчора, калі яны ігралі ў карты, Міхельсон выхваляўся, што перасадзіў усіх бунтароў, гэта яму, як бачна, не дапамагло.

Пазіраючы на казакоў, Лапахін пасьміхнуўся, пацёр далоні, ды, перахапіўшы гульлівы позірк маладога абібока, сумеўся і тузануў барадою:

– Что у вас там за книга?

– «Социальный переворот». Сочинение господина Каутского, – адказаў князь, з робленай цікавасьцю перагарнуўшы старонку.

Сказана гэта было зь лёгкай іроніяй, маўляў, літаратура не для простых мазгоў, і Лапахін, не прызвычаены да такіх абыходзінаў, каўтнуў прыпраўленую жоўцю сьліну.

– Вот такие Каутские и мутят народ.

– Ну зачем же так обобщать, – усё з той жа іроніяй прамовіў Зьвезьдзіч, – автор книги вполне респектабельный господин, живет себе в Германии, никого не трогает… – невядома, што б яшчэ казаў князь у абарону германца, ды тут на доле грукнулі дзьверы і пачуўся зрывісты Марфавы голас:

– Аркадий, поторопись! В цирк опаздываем!

«Вось яна, сучасная моладзь, – падумаў Лапахін, праводзіўшы позіркам гладкую сьпіну патэнцыйнага зяця, – удзень па цырках цягаецца, увечары розных прайдзісьветаў чытае, а ўночы ўлёткі раскідвае».

– Тфу, бля… – падвёў вынік сваім думкам Лапахін і засяродзіўся на цёмнай скрыні тэлефона. Лёгкі непакой зварухнуўся на дне душы: казакі, зрэшты, маглі ехаць і на ягоны завод. Рука – павольна і нерашуча – зьняла слухаўку, але неўзабаве вярнула на месца. «Калі б тое надарылася – Нольд пазваніў», – супакоіў сябе фабрыкант, крутнуў корбу адбою і гукнуў праз фортку вазьніцу Мітрафана.

Манчжур – буланы жарабок з шырокай грудзінай і падхорцістым азадкам неспакойна тузаў брычку, круціў пысай, і Мітрафан, каб суняць рысака, ляпаў таго па крыжы і суцішна мацюкаўся.

– Чё он? – запытаўся Лапахін, ляснуўшы па сьцягну лайкавымі пальчаткамі.

– Перепугалси, Никандр Иваныч, – адказаў вазьніца, нацягнуўшы аброць. – Барин с Марфой Никандровной час назад со двора выезжали… и прямо на него поехали. А он же у нас автомобилей страсть как боится. Пугливай, даром что рысак.

Нікандар Іванавіч з афіцэрскай павольнасьцю нацягнуў пальчаткі, зірнуў на адчыненую фортку, адкуль вырывалася на прасьцяг тэлефоннае зумканьне, – і, ускочыўшы ў брычку, каротка загадаў:

– В контору.

Халодны вецер ударыў у лоб, казытнуў скроні, убіўся за каршэнь, напорлівым струмком прайшоўся па хрыбціне. Гэта ўзбадзёрыла нэрвы, праясьніла галаву і нават вярнула ў яе сякія-такія згадкі з учарашняга вечара. Лапахін згадаў, як нейкая голая дэвотка скакала па пакоі, прыкрыўшы ніз жывата летнім капялюшыкам, але хто гэта была – Мацільда ці Кацька, гэтага ён не згадаў.

Манчжур бег жвавай рысьсю, матляючы галавой і скаланаючы Малую Пад’ячаскую зласьлівым пырханьнем. Міма з урачыстай паважнасьцю праплылі тэатар «Ілюзіён», зельня Сьліёзбэрга са сваёй ад веку перакрыўленай шыльдай, даходны дом купца Сабакіна, у якім жылі акторы й мадысткі і перад якім, як заўсёды такім часам, таўкліся гімназісты. Ля банку Харбінскай кампаніі брычка запаволіла бег, і Лапахін грукнуў нагой па козлах:

– Погоняй!

Паганяць, аднак, не выпадала. Наперадзе, на скрыжаваньні трох вуліц, дзеялася штосьці неверагоднае: сотні конскіх капытоў ляскаталі па бруку, несупынна квакалі кляксаны, бразгатаў званком трамвай, патрапіўшы ў атачэньне экіпажаў, і ўся гэтая шумная плойма рухалася па Губэрнатарскай у бок гарадзкога сада – туды, дзе імкнуліся ў неба згалелыя таполі, дзе гарлалі, перакрываючы вулічны галас, гракі, дзе грымеў Ізмайлаўскі марш і дзе лапатаў на ветры аграмадны брызэнтавы шацёр.

– В «Шапито» едут. Сегодня последнее представление, – вінавата патлумачыў Мітрафан і, пацягнуўшы лейцы, скіраваў Манчжура ў суседні завулак.

Вось ужо другі месяц у горадзе гастраляваў францускі цырк «Шапіто». І хаця злыя языкі сьцьвярджалі, што цыркачы толькі прыкідваліся французамі, тым ня менш паглядзець на заежджых штукароў ехалі людзі нават з далёкіх паветаў. А лапахінская дачка Марфа дык наогул не прапускала ніводнага прадстаўленьня – і цяпер паехала ў цырк са сваім кавалерам.

Мітрафан гнаў каня па вузкім завулку, гарлаў: – Побереги-ись! – і аднаго разу ледзь не зваліўся з козлаў, калі Манчжур парваў нацягнутую ўпоперак дарогі вяроўчыну зь бялізнай і адна прасьціна белым саванам спавіла вазьніцу. Пазіраючы на Мітрафана, які пнуўся вылезьці з савану, можна было памерці са сьмеху, але Лапахін адно толькі мацюкнуўся і выцер канцом прасьціны мыскі юхтовых ботаў. Настрой у фабрыканта ізноў сапсаваўся: ён прыгадаў, як учора па абедзе абібок Зьвезьдзіч падбіваў Марфу паступаць на нейкія курсы і, уявіўшы сваю дачку стрыжанай інстытуткай, сьцягнуў з рукі пальчатку і пацёр напятую скуру на лобе.

На Губэрнатарскую выехалі менавіта ў тым месцы, якое варта было абмінуць: ля гатэлю «Канстанцінопаль». Шэры гмах з анёламі на гзымсе і шкляным эркерам над уваходам, меў паганую славу. Гатэль быў другога разбору – кватаравалі ў ім, у асноўным, афіцэры, калежскія асэсары, багатыя ўтрыманкі, а верхні паверх займалі студэнты, якія кожнага месяцу страляліся ў сваіх нумарах, не пакідаючы пасьмяротных цыдулак. Таму й ня дзіва, што вясковыя сьвятары – а яны ранейшым часам любілі тут спыняцца – цяпер абміналі гатэль і, шыбуючы міма, набожна хрысьціліся – спачатку на шкляны эркер, а потым на крыжы Мікольскай царквы, якая стаяла непадалёку.

Праяжджаючы міма «Канстанцінопалю», Лапахін таксама перахрысьціўся, адвёў убок вочы і, не раўнуючы як Хама Брут перад Віем, уголас прашаптаў: – Не глядзі! – Але не вытрымаў, зірнуў у апошні момант на запаветнае вакно і яму падалося, што за цёмнай шыбай мільганула аблачынка белай сукні.

Вось яны, жаночыя чары! Гадзіну таму Лапахін даў зарок забыцца на дэвотак, але варта было пад’ехаць да гатэлю, у якім жыла Мацільда, як ён, забыўшыся на ўсё на сьвеце, кінуўся, пераскокваючы празь дзьве прыступкі, па гатэльных сходах. Нікандар Іванавіч Лапахін – пяцідзесяцігадовы фабрыкант-мільёншчык ляцеў па лесьвіцы і, як той гімназіст, пужліва прыслухоўваўся да рэху ўласных крокаў: сустрэць тут знаёмцаў не ўваходзіла ў ягоныя пляны. На шчасьце, у гатэльных калідорах было пустэльна, а на лесьвіцы яму сустрэліся толькі цыбатая сухарэбрыца ў pince-nez – з выгляду, клясная дама, – ды шызатвары, кагадзе паголены штабс-капітан, ад якога тхнула часныком і адэкалёнам. Доўгі шлейф моташных пахаў цягнуўся па лесьвіцы і нават калі Лапахін узьняўся на пяты паверх і дабег да абабітых цялячай скурай дзьвярэй, часнычна-адэкалённы смурод па-ранейшаму лез у ноздры і трапяткім халадком казытаў сэрца.

Незачыненыя дзьверы зь лёгкім рыпеньнем падаліся, з прыцемку павеяла спакусьлівым пахам ляванды, і сэрца лапахінскае ўраз пацяплела.

Першае, што кідалася ў вочы, калі ён уваходзіў да Мацільды, гэта шыкоўнае авальнае люстра. Яно вісела на бакавой сьцяне і ў ім звычайна адбіваўся чырвоны каберац ды кітайская шырма. Адбіваліся яны і цяпер, але, апроч іх, на тле каберца матляўся ў паветры бліскучы мужчынскі чаравік. Сэрца ізноў зашчымела, Лапахін кашлянуў, выпнуў грудзіну, стоена ўвайшоў у пакой.

Ля сьцяны, у выгодным крэсьле, сядзеў закінуўшы нага на нагу, маладзён у чорным фраку. У маладзёнавым абліччы было штосьці шайтанскае, а нерухомыя, крыху раскосыя вочы навылёт праціналі і сэрца, і душу.

Ад нечаканасьці Лапахін зьніякавеў, ізноў кашлянуў, зрабіў крок, у спадзеўцы, што незнаёмец падхопіцца, але той застаўся сядзець у ранейшай паставе, матляючы нагой і сьвідруючы яго сваімі нахабнымі вірламі.

Сытуацыя вымагала нейкай дзеі, нейкага руху, але Лапахін стаяў, ачмурэлы, і невядома колькі б усё гэта доўжылася, калі б за сьпінаю ня рыпнулі дзьверы і ў пакой не ўляцела Мацільда. Выляжанка спынілася на парозе, палка заірдзелася, і Лапахін, вытрымаўшы паўзу, страшным голасам запытаў:

– Кто это у тебя?

Вейкі дзявочыя панурыліся, потым узьняліся. Мацільда, лыпнуўшы імі колькі разоў запар, жаласьліва пралепятала:

– Ника, я сейчас всё объясню…

– Объясни, объясни, – азваўся з кута маладзён, і ў Нікі ад тых слоў зашумела ўвушшу і падлога паплыла пад нагамі.

…Ён бег па лесьвіцы, усьлед яму ляцеў лямант: – Не виноватая я-а! – і клясная дама, якая вярталася ў свой нумар, спалохана прыціснулася да сьцяны і pince-nez, зваліўшыся з глюгастага носа, гучна хруснула пад абцасам юхтовага бота.

Вылецеўшы з гатэлю, Лапахін кінуўся было шукаць гарадавога, каб адабраць у таго рэвальвэр і застрэліць выляжанку, але гарадавыя некуды пахаваліся і давялося, плюнуўшы пад ногі, шыбаваць да брычкі.

Мітрафан сядзеў, зьвесіўшы долу галаву, бачыў сёмы сон і не абудзіўся нават тады, калі гаспадар плюхнуўся на сядзеньне.

– Гони в Мандрыковку! – гракнуў гаспадар, абклаўшы мацюгамі каня, вазьніцу, выляжанку і ўсіх насельнікаў гатэлю.

Пачуўшы лаянку, Манчжур таргануўся, захроп і, не чакаючы, пакуль Мітрафан хвастане яго па сьпіне, сарваўся зь месца.

Брычку кідала ў бокі, колы аглушальна тахкалі па бруку, а Мітрафан, раскруціўшы над галавою лейцы, на ўсю глотку гарлаў:

– Зашибу-у!

Нейкая манашка, зьбягаючы з дарогі, зачапілася спадніцай за кусты; асэнізатарская кляча, выехаўшы з аркі, узьнялася на дыбкі; хлопчык з пякарні рассыпаў абаранкі, а гарадавы, пабачыўшы такое, зьбіраўся было дзьмухнуць у сьвістульку, ды пабачыўшы – хто едзе, падхорціўся і прыклаў далонь да скроні.

– В шампанском купалась… ананасы жрала… в Париж ездила, с-сука! – працэдзіў скрозь зубы Лапахін, калі брычка зьехала з брукаванкі і пакацілася па тупкім гасьцінцы.

Манчжур засоплена пырхаў, на конскім азадку задрыжэлі хлапякі шэрай пены, і Мітрафан, азірнуўшыся, зьлёгку нацягнуў лейцы.

У Мандрыкаўку, дальнюю гарадзкую ўскраіну, уяжджалі нетаропка і разважліва. Манчжур бег трушком, штохвілі пырхаў; Мітрафан штохвілі цокаў, прымушаючы каня бегчы шпарчэй, але рабіў гэта хутчэй дзеля прыліку, а Лапахін, раскінуўшыся на сядзеньні, глядзеў з-пад ілба на стрэхі мандрыкаўскіх хат і пакутліва аддзімаўся. Шаленства выпетрылася з душы і саступіла месца дзіўнаму замілаваньню. Пачуцьцё гэтае кожны раз апаноўвала душу, калі ён завітваў у Мандрыкаўку. Бо тут, у дымным рабочым прадмесьці, ён нарадзіўся, тут прайшло ягонае дзяцінства, і тут, трынаццацігадовым хлапчанём, ён пачаў сваю справу, крадучы муку са склада купца Берандзеева. Вочы лапахінскія пацяплелі, затуманіліся, а калі брычка, абліўшы гразёю пахілы плот, праехала міма шынка «Славянка», загадкава бліснулі. Лапахін зь вясёлым сумам згадаў, як калісьці, яшчэ за часамі цара Аляксашкі, яго прыціснулі да плоту берандзееўскія прыказчыкі і зьбілі да паўсьмерці.

Шчымлівыя згадкі заварушыліся ў галаве і нават калі Манчжур, пырхнуўшы наастачу, спыніўся, Лапахін колькі часу сядзеў незварушна, зацята паглядаючы на асмужаны фабрычным дымам далягляд. Нарэшце, дастаўшы з кішэні швэйцарскі «мозэр», ён пстрыкнуў жалезным вечкам, загадаў Мітрафану пад’ехаць а дзявятай вечара і, з дапамогай вазьніцы, выкуліўся з брычкі.

Дом, у якім жыла Кіці, Лапахін збудаваў дваццаць гадоў таму ўласнымі рукамі. Цяпер у яго было іншае жытло – двухпавярховік у самым цэнтры места, а тут, у прысадзістай камяніцы з высокім мэзанінам месьціліся, зьмяняючы адна другую, лапахінскія ўтрыманкі. Дом стаяў у нізкім месцы, на гліне; уся навакольная гразюка сьцякалася сюды, гучна чвякала пад нагамі, і зыкі гэтыя нарадзілі ў душы трывожнае пачуцьцё: яму падалося, што Кіці не адна.

…У прыцемным калідоры пахла рыбнымі пірагамі, на кухні бразгалі рандолі, і ў прадчуваньні смачнага абеду Лапахін пацёр вільготныя далоні. Ён зайшоў у вітальню, каб прычасацца ля люстра, ды так і застыў аслупянелы. Пасярод вітальні, у мяккім крэсьле, сядзеў, закінуўшы нага на нагу, той самы маладзён. Лапахін прымружыўся, страсянуў галавой, але відзежа не зьнікала. Фацэт матляў правай нагой, міргаў левым вокам, фанабэрліва пасьміхаўся, і страшная згадка працяла сьвядомасьць: перад ім сядзеў дэман!

Лапахін падаўся задам, стукнуўся патыліцай аб вушак выхадных дзьвярэй, улякнута страпянуўся. Праз хвілю небарака ўжо бег па гразкай вуліцы, мармытаў «Ойча наш» і таропка хрысьціўся. Вочы шукалі людзей, але на вуліцы не было ні душы і толькі ля «Славянкі» варушыліся нечыя постаці і чулася п’яная гамонка.

Фацэт у фраку быў, безумоўна, нячысьцікам: гэта ж толькі нячысьцікі могуць вомігам пералятаць з цэнтра места ў Мандрыкаўку. І хаця Лапахін пераконваў сябе, што нячысьцік яму прымроіўся – як таму Міхельсону, які пасьля запою бачыў чарцей на дроце, – але ўсё адно душа была не на месцы і замяшаны на пякельнай рэўнасьці непакой млоснай немаччу разьліваўся па целе. Ля ганку «Славянкі» раўнівец спыніўся ў памкненьні вярнуцца да Кіці ды разабрацца зь нячысьцікам, але, падумаўшы, вырашыў зайсьці ў шынок і прапусьціць, дзеля сьмеласьці, чарку гарэліцы.

… Пятнаццаць гадоў ня быў ён у «Славянцы», а ў шынку між тым анічога не зьмянілася. Тут па-ранейшаму кісла пахла аўчынай, пад скляпеністай стольлю вісела шызая махорачная аблачына, сьлізкая падлога, як і пятнаццаць гадоў таму, была засьмечана яечнымі шалупайкамі, а між сталоў, усё з тым жа імпэтам лётаў афіцыянт Васька, галава якога канчаткова аблысела і адбівала блікі ўсіх чатырох газавых ражкоў, што віселі пад стольлю.

Жыцьцё ў шынку ішло сваім ладам. Два падпітых майстравых аб нечым зацята спрачаліся, цягаючы адно другога за бараду, нейкі кудлаты маладзён, відавочна, поп-расстрыга, спаў, абхапіўшы рукамі піўную бочку, ля буфэту студэнт у шэрай тужурцы піў нагбом «цымлянскае», другі стаяў поруч і муляў вуснамі – лічыў глыкі, – а ў далёкім, прыцемным куце нейкія цыганістыя хлопцы, няйначай, канакрады, уздымалі чаркі, бязладна падпяваючы Шаляпіну, грымучы голас якога вырываўся з раструба музычнай скрыні «Манатон».

– Васька! – гукнуў Лапахін, але афіцыянт нават не зірнуў у ягоны бок: падхапіў тацу з брудным посудам, кінуўся на кухню, ды нечакана спыніўся і паволі апусьціў тацу на галаву аднаго з тых наведнікаў, якія сядзелі за крайнім сталом і зацята спрачаліся.

– Никан… Никандр Иваныч-с! Да как… да как же это?! – афіцыянт матлянуўся ў цёмны кут, потым да буфэту і, падхапіўшы, відаць, зь перапуду, трохвядзёрны самавар, зьнік у пройме кухонных дзьвярэй.

– Лопахин… Лопахин… – зашапталіся наведнікі, гармідар паволі аціх і з парнай кухні выплыла кудлатая барада шынкара Пракудзіна.

– Никандр Иваныч?! Вот радость-то! Вот уважили старика! – заенчыў шынкар, захоплена рассунуўшы рукі. – В кабинет пожалуйте-с… Для почётных гостей-с. У нас тут, на пасху, сам митрополит с мандрыковским батюшкой обедали-с…

– Нет, брат, я уж тут, с народом, – прамовіў Лапахін, шукаючы вачыма стол, за якім ён любіў сядзець калісьці.

– Васька, что стал, антихрист! – крыкнуў Пракудзін і праз імгненьне Васька – прычасаны, прыбраны ў новую льняную кашулю і зь бялюткім ручніком на плячы, ужо ляцеў па шынку з дыхтоўным венскім крэслам над галавою.

Лапахін плюхнуўся ў падстаўленае Васькам крэсла, налёг рукамі на стол, змучана крахтануў. Запанавала няёмкая ціша: мандрыкаўцы сядзелі, баючыся зварухнуцца, вінавата паглядаючы то на ўваходныя дзьверы, то на свае пустыя чаркі.

– Ну, чем кормите? – выдыхнуў ганаровы наведнік, тыцнуўшы пальцам у бок музычнай скрыні.

– Расстегайчики-с… сёмга-с… битки по-лопахински… – засакатаў над вухам афіцыянт, з прафэсійным аплёмбам абапёршыся на стол двума пальцамі.

У шынку ізноў засьпяваў Шаляпін, і наведнікі, перавёўшы дых, стоена загаманілі.

– Про битки сейчас придумал? – з робленай суворасьцю запытаў Лапахін.

Васька прыбраў са стала пальцы.

– Никак нет-с… Народ придумал. Десять лет подаём-с. Помните, вы нас учили: «Перчику, перчику подсыпте».

– Помню, помню, каналья. Неси свои битки… Всё неси, – ужо лагодным голасам вымавіў Лапахін, дастаўшы з партманэту храбусткую асыгнацыю. – И «смирновку» ташшы. На каждый стол по штофу.

Апошнія лапахінскія словы не на жарт усхвалявалі наведнікаў. Яны заварушыліся, стрымана закашлялі, а калі з кухонных дзьвярэй выкуліўся шынкар з тузінам штофаў ва ўзьнятых руках, дружна ўдарылі ў ладкі.

– Благодарствуем, Никандр Иваныч! Благодетель вы наш! – выдыхнулі мандрыкаўцы, узьняўшы чаркі.

Наведнікі паўсталі перад дабрадзеем, як перад царом Міколам – нават расстрыгу падхапілі пад пахі і той, нічога ня цямячы, зірнуў на сьвет зьведзенымі да пераносься вачыма.

– Ну будя, будя вам, – прамармытаў Лапахін і хвацка, не раўнуючы, як маладзён пасьля першай палучкі, кульнуў чарку.

– Можете, Никандр Иваныч! Сразу видно – из наших, мандрыковских! – лісьліва загаманілі наведнікі, Нікандар Іванавіч ізноў мармытнуў: – Будя, – і пад ухвальныя воплескі грамады прыклаўся вуснамі да бутэлечнага рыльца.

Гарэлка з натугай прайшла ў нутро і на душы адразу прасьвятлела. Лапахін адкінуўся на прыслон венскага крэсла, задаволена адрыгнуў і напаўголасу запытаў Ваську:

– К вам тут людишки… во фраках… не захаживают?

– Никак нет-с. У нас всё больше мастеровые да студенты обедают-с, – горача дыхнуў у лапахінскае вуха Васька, хацеў і яшчэ штосьці выдыхнуць, ды раптам стаіў дых і ўтаропіўся на ўваходныя дзьверы.

Ля ўваходу стаяў падхорцісты маладзён у чорным фраку і з кіслай усьмешкай на твары мружыўся на газавы ражок. Усьмешка сьведчыла пра тое, што маладзён прыехаў са сталіцы і вочы ягоныя праглі ня цьмянага газавага сьвятла, а зыркай электрыкі. Наведнік падышоў да вольнага стала, сеў, спрытна адкінуўшы фалды, і пстрыкнуўшы пальцамі, галёкнуў:

– Гарсон!

Гарсон быў заняты – падліваў гарэлку ў лапахінскую чарку, таму да маладзёна рушыў Пракудзін, а празь імгненьне і сам Лапахін. Перакуліўшы па дарозе стол і два крэслы, ганаровы наведнік пасьлізнуўся на кавалку расьцягаю, паваліўся на падлогу і зь лямантам: – Держи его! – ухапіўся рукамі за фалду маладзёнавага фраку.

Усчалася страшэнная сумятня: маладзён убрыкнуў Лапахіна нагой, чыясьці грузная туша навалілася на небараку-фабрыканта, а ў рот убілася нечая смуродлівая барада. Роспачным высілкам фабрыкант скінуў зь сябе цяжар і, сплюнуўшы крывавую пену з расквашанай губы, прасіпеў:

– Держите его, это демон!

Хлопцы трымалі нячысьціка за рукі, ногі і валасы, а Васька-афіцыянт, выціраючы стол, стоена мармытаў:

– Демон, Никандр Иваныч-с. Сущий демон-с!

– Не узнаёшь? – страшным голасам вымавіў Лапахін, памацаўшы разьбітую губу.

Нячысьцік маўчаў, а калі б і захацеў што сказаць, дык ня даў бы рады, бо хлопцы трымалі яго за пашчэнкі.

– Кто такой? – Лапахін крутнуў у паветры пальцамі.

Афіцыянт Васька, зразумеўшы такі жэст, таропка паднёс тацу з брынклівай чаркай.

– Фокусник это. Я его в цирке видал, – гукнуў нехта з наведнікаў і нячысьцік, на знак згоды, лыпнуў вачыма.

– У Катьки был, сатана?

– Бы-ыл… – прастагнаў нячысьцік, шморгнуўшы разьбітым носам.

– А как ты из «Константинополя» в Мандрыковку перелетел?

Нячысьцік ізноўку шморгнуў носам і ў вачах ягоных бліснулі сьлёзы.

– В гостинице мой брат был. Близнецы мы, нас даже матушка путает.

Лапахін каўтнуў гарэлкі, ізноў узьняў чарку і Васька, стукаючы рыльцам бутэлькі па шкле, напоўніў яе з каптуром.

– Какого дьявола к чужим бабам ходите? – Лапахін панурыў разьбітую губу ў чарку, аблізнуўся.

Фокусьнік маўчаў, Лапахін грукнуў кулаком па стале, і ўсе, хто стаяў поруч, улякнута сьцепануліся.

– Дама одна пришла за кулисы… С нею и господин был. Говорят: посидите пару часов у двух девиц. По пятёрке нам дали. И антрепренёру дали, чтобы с представленья отпустил. Завезли на авто… Девицам сказали, что мы из жандармерии, социалистов ловим…

– Дама в розовом платье была? – перабіў Лапахін і, не чакаючы адказу, сіпла і страшна працэдзіў: – Убью обоих.

– Не губите, матушка у нас больная… Сестрица инвалид… в приют определили…

– Да не тебя, дурак, – перакрывіўся Лапахін і загадаў хлопцам адкаснуцца ад фокусьніка.

Праз гадзіну, выпіўшы на пару з цыркачом штоф «сьмірноўкі», дарэшты ўпіты фабрыкант працяўся да субяседніка шчырай спагадай, назваў таго лепшым сябрам і, паклаўшы сваю важкую руку на сябруковы карак, прагугнеў:

– Хочешь – завтра же женю на Катьке…

– Не могу-у… У меня ангажемент. Завтра в Тамбов переезжаем, – цыркач разьліў у чаркі рэшткі гарэлкі са штофу, перадаў пустую пляшку афіцыянту.

– Какой н-нахер Тамбов. Возьму тебя на завод, – Лапахін ікнуў, няпэўнай рукой узьняў чарку, – ты что-нибудь, кроме фокусов, можешь делать?

– Романсы исполняю под гитару.

Такая навіна настолькі ўразіла фабрыканта, што ён нават працьверазеў. Пакруціўшы галавой у пошуках афіцыянта, фабрыкант чарговым разам грукнуў кулаком па стале і нема загарлаў:

– Васька, чёрт леший… гитару!

Гітара – парэпаная, зацяганая, з бруднай жычкай на грыфе – зьявілася на дзіва хутка.

Цыркач правёў пальцам па струнах, крутнуў калок, запытальна зірнуў на фабрыканта.

– «Чё те нада?» – знаешь?

Запанавала ціша – толькі на кухні сквірчэлі шанішкі ды ў дальнім куце надрыўна хроп расстрыга, але і той аціх, абуджаны хвацкім штурханом.

Першы зык атрымаўся напяты, як струна, але потым голас разьняволіўся, залунаў над прыціхлай грамадою. Толькі цяпер зразумеў Лапахін: чаго прагла ягоная душа. Душа прагла песьні – бязьмежнай, як стэп, і праўдзівай, як сама праўда. Цела стала на дзіва лёгкім, сэрца сьцялася, нібыта ад поціску жаночых рук, пякучыя сьлёзы перацялі дыханьне, і фабрыкант-мільёншчык, каб канчаткова не задыхнуцца, рвануў на грудзёх кашулю й далучыў свой дрогкі барытон да высокага фальцэту сьпевака.

– Ты скажи, ты скажи, чё те нада, чё те нада, может дам, может дам, чё ты хош…

Лапахін заплюшчыў вочы, забыўшыся на ўсе свае трывогі, а калі, пасьля другога рэфрэну, перавёў дых і разьмежыў павекі, дык убачыў, што фокусьнік пакінуў граць і, па прыкладу афіцыянта, утароплена глядзеў на ўваходныя дзьверы.

На парозе, насунуўшыся плечуком на дзьвярны вушак, стаяў упраўляючы Нольд. Нольдавыя валасы злавесна стаўбурыліся, на лобе чырванеў вялізны гузак, рукаво форменнай тужуркі было надарванае, і ўсё гэта наводзіла на думку, што немца толькі што выцягнулі з зашмаргі.

Позіркі іх сустрэліся, і немец задыхана прастагнаў:

– Никандр Ивановитш! Бунт! Социалисты завод подожгли, и меня немножэтшко убивайт!

Усе, хто быў у шынку, зацкавана паглядзелі на фабрыканта.

– Такую песню испортил, д-дурак! – прасіпеў Лапахін фразу, пачутую надоечы ў тэатры, наваліўся на стол і, абхапіўшы рукамі голаў, закалаціўся – ці то ад сьмеху, ці то ад роспачнага плачу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю