Текст книги "Iду на таран ! (на белорусском языке)"
Автор книги: Винцесь Мудров
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
Палкоўнiк уздыхнуў, сьлiзгануў даланёй па вiльготных павеках i пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.
– Утулка паляцела.
– Цямiш, – адгукнуўся на тое пiлёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.
– У прынцыпе, можна ўзьляцець i бяз кола, – iзноў падаў голас шараговец, трэба якi кавалак дрэва прымацаваць – зьняць кару, змазаць салiдолам...
Палкоўнiк страпянуўся, ляпнуў даланёй па абшыўцы, умольна зiрнуў на пiлёта. Пiлёт стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламi, церабiў падштанiкi i невядома колькi б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнiк ляпнуў пальцамi па шыi, зганяючы казытлiвую кузурку й пiлёт, па-свойму зразумеўшы такi жэст, нясьмела прамармытаў:
– Можна паспрабаваць.
"Канешне можна!" – хацеў было крыкнуць палкоўнiк, але стрымаўся, адно захоплена пацёр далоняй аб далонь, а калi хлопцы кiнулiся да элiнгу – за пiлой i сякерай, – воплескамi прысьпешыў iхны бег.
У нябесным прыцiне залiвалiся жаўрукi, пад нагамi гулi чмялi i восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнiк нiчога ня чуў i ня бачыў. Ён утрапёна хадзiў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьцi дарэшты няўцямнае, вадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы дзеяньнi на зьнiшчэньнi паветранага шара й маёру давялося гучна гвiздаць – у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнiк ачуўся i зiрнуў у бок легкавушкi. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф i палкоўнiк у вадказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму нiяк не выпадала.
... Мядовы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:
– ... Ажыцьцяўляем сачэньне... на перахоп паднятая эскадрыля зьнiшчальнiкаў... зьнiшчыць цэль загадана экiпажу самалёта... – галава маёрава на кароткае iмгненьне вытыркнулася з кабiнкi, – ... з бартавым нумарам ноль-дваццаць чатыры... Будзем рупiцца, таварыш генэрал...
"Як мянташкай лупiць", – прашаптаў палкоўнiк ды, цi не ўпершыню за ўвесь час знаёмства з маёрам, падумаў, што Кукарэка наогул някепскi малец.
– Квадрат чатыры-дванаццаць. Падлятае да базы, – крыкнуў тым часам Кукарэка, ляпнуў дзьверцамi ўазiка, а згледзеўшы шарагоўцаў, якiя цягнулi тоўстую лазовую крывулiну, пабег iм насустрач.
"Як Ленiн на суботнiку", – адзначыў палкоўнiк, пабачыўшы, што маёр падставiў плячо пад тонкi канец крывулiны i, цыкнуўшы сьлiнай, рушыў да пiлёта, якi цягнуў два тросы, скрутак дроту i яшчэ нейкае прычандальле.
Крывулiну прымацоўвалi ўсёй грамадой. Напачатку палкоўнiк ня мог дабраць ладу: як гэта можна прымацаваць гладкае бервяно да шпяня, на якiм сядзела кола. А хвiлiн праз дзесяць, калi, з дапамогаю кувалды, манцiроўкi i троса, крывулiна была прымацаваная, ляпнуў Кудзёлку па плячы i захоплена выдыхнуў:
– Зь мяне вядро гарэлкi!
Потым яны ўтрох – палкоўнiк з аднаго канца, два шарагоўцы з другога прыўзьнялi самалётны хвост на жалезным брусу, Кукарэка наехаў бампэрам уазiка на калоду, выпхнуў яе з-пад хваста, i пiлёт Кудзёлка, абабiўшы кальсоны, задыхана мовiў:
– Трэба выкiнуць усё лiшняе.
Праз пару хвiлiн з разнасьцежаных дзьвярэй "кукурузьнiка" паляцелi мяхi з калiйнымi ўгнаеньнямi, падраная раскладушка, два магiльных жалезных крыжы ды iншае ламачча. Пакуль шарагоўцы выкiдвалi хломазд, пiлёт з маёрам наладжвалi радыёсувязь.
– Палiва зусiм мала. Можам не ўзьляцець, – зумкнуў у дынамiку кудзёлкавы голас, калi сувязь была наладжаная.
– А ў бочцы цi ёсьць што? – запытаўся палкоўнiк, перахапiўшы з маёравых рук слухаўку.
Палкоўнiк наструнiў слых, але сувязь перарвалася.
– Дзесьцi тут было, – гукнуў Кудзёлка, цяпер ужо з самалётнага нутра i неўзабаве на паляну са страшэнным бразгатам выкацiлася пакарабачанае вядро.
З аграмаднай бочкi, што стаяла на ўзьмежку лётнага поля, нацэдзiлi чатыры вядры, пры гэтым шмат палiва пралiлi. Ня бачылi, як поўнiлася вядро, бо ў восем рук, крахтаючы i выпускаючы паветра, прызьнiмалi бочку з дапамогаю ўсё таго ж жалезнага бруса.
I вось яна насьпела, тая шчымлiва-трывожная хвiлiна, калi Кукарэка ўскiнуў на плячук кулямёт, шырокiм крокам пайшоў да самалёта, а сьледам, спрабуючы iсьцi ў ногу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.
– З богам! – прашаптаў усьлед iм палкоўнiк, залез у машыну i, стоiўшы дых, утаропiўся на нерухомы крыж прапэлера.
У нутры "кукурузьнiка" штосьцi загуло, заляскатала, прапэлер зварухнуўся, зрабiўся нябачным i пыльная вiхура, узьнятая самалётам, прымусiла прыкрыць даланёю вочы. Калi ж палкоўнiк растулiў пальцы й зiрнуў адным вокам на сьвет божы, самалёт з шалёным выцьцём бег па полю, не даючы рады ўзьняцца ў паветра, i з-пад лазовай крывулiны, здавалася, сыпалiся iскры.
Палкоўнiк iзноўку зьвёў пальцы, а калi чарговым разам расплючыў вока, дык убачыў, што самалёт адарваўся ад зямлi i, завалiўшыся на левае крыло, пачаў набiраць вышыню. Палкоўнiк налёг сьпiнаю на прыслон сядзеньня, сашчапiў за патылiцай пальцы рук, з палёгкаю ўздыхнуў, але празь iмгненьне прыхапiўся i акруглымi вачыма глянуў на хвост "кукурузьнiка". Прытарочаная да хваста крывулiна нечакана адарвалася, матлянулася на тросе й паляцела долу – акурат на хату, дзе жыла Сазонiха. Назiраючы такое, палкоўнiк ссунуўся на край сядзеньня, спрабуючы такiм чынам зьмянiць траекторыю палёту й яму гэта ўдалося: крывулiна грымнулася дзесьцi ў двары i, мяркуючы па тым, што ў неба ўзьнялiся куры й аблачына парахнi, патрапiла ў бабчын хляўчук.
Самалётны гуд паволi ацiх, над галавою iзноў засьпявалi птушкi, а ў мястэчку натужна забрахалi сабакi, устрывожаныя падзеньнем бервяна.
Палкоўнiк вылез з машыны, стаў ля задняга кола i з такiм шумам выпусьцiў паветра, што гракаўскiя сабакi разам ацiхлi, а потым забрахалi яшчэ больш зацята – з пiлiпаўскiм падвываньнем. Зашпiлiўшы прарэх, палкоўнiк агледзеўся, клiкнуў бялявага шарагоўца i калi той падбег, камандзёрскiм голасам загадаў:
– Шыбуй у краму, вазьмi скрыню гарэлкi... i што-небудзь на зуб... сказаўшы слова "зуб", палкоўнiк задаволена крэкнуў, выпусьцiў з адчайдушнай натугай рэшткi паветра i толькi тады працягнуў шарагоўцу пачак паперак з выяваю гераiчнай Берасьцейскай цьвердзi.
Борт 0-24 адгукнуўся празь сем хвiлiн пасьля ўзьлёту.
– Цэль выявiлi. Пачынаю аблёт, – прасiпеў у дынамiку зьнявечаны радыёшумамi кудзёлкавы голас i пакуль палкоўнiк убiваўся ў кабiнку i хапаў трубку, борт адключыўся.
Справа, можна сказаць, была зроблена. Заставалася толькi прыцэлiцца ды нацiснуць на спускавы кручок. Аднак штосьцi непакоiла, штосьцi цьвелiла душу i халадок затоенай трывогi блукаў па целу – ад пахаў да самага нiзу жывата. Каб нечым заняць сьвярблiвыя рукi, палкоўнiк уключыў i выключыў "дворнiкi", шчоўкнуў тумблерам вэнтылятара, нарэшце, падхапiў з-пад ног абрывак газэты, у якi былi загорнутыя пончыкi ды пачаў чытаць артыкул пра пастаноўку опэры "Залатыя агнi ў вокнах Адмiнiстрацыi" i нечакана дынамiк iзноўку ачуўся, i эфiр апанаваў ашалелы голас маёра Кукарэкi.
– Увесь дыск выпусьцiў... Хоць парвiся... Ляцiць, сука... Можа гэта i ня шар зусiм...
– Не вырубай рацыю! – гракнуў палкоўнiк i, разабраўшы сярод шуму словы "батарэi селi", спруцянелымi пальцамi расшпiлiў верхнiя гузiкi на кашулi.
"Што ж там лялiць, бляха!? I што будзе, як "Казловiчы" ўзьнiмуцца ў паветра?" – палкоўнiк уявiў, зь якiм iмпэтам гакнуць усе дванаццаць балiстычнах ракетаў, змарнеў з твару i спалохана прыхапiўся, пачуўшы натужлiвы шум у дынамiку.
– Казлы драныя! Халастыя ўпёрлi... А я й не дагледзеў... – галёкнуў сярод шуму маёр Кукарэка, замармытаў штосьцi пра паляваньне на дзiкоў i палкоўнiк, баючыся, што сувязь адключыцца, умольным голасам запытаў:
– Што рабiць будзем?
– Iду на таран! – гойкнуў у вадказ пiлёт Кудзёлка, потым гойкнуў яшчэ нешта, ды голас ягоны зьмяшаўся з бязладным шумам.
– Аляксей! Алёша! – палкоўнiк падхапiўся на ногi, упёрся макаўкай у пругкi брызэнт, а калi сувязь адключылася, бязвольна плюхнуўся на сядзеньне.
У тую хвiлю галава палкоўнiцкая стала дарэшты пустой, а таму й лёгкай. Такою лёгкай, што паспрабавала адарвацца ад тулава й палкоўнiк, прашаптаўшы: А што ж гэта дзеецца! – абхапiў голаў далоньмi.
Так ён i сядзеў, сьцiснуўшы вушы – аглухлы, невiдушчы й нават зумэр мабiльнага тэлефону, якi раней прымушаў спалохана схамянуцца, гэтым разам ня здолеў разьвеяць хваравiтай замарачы. Калi ж ён, зрэшты рэшт, зьняў слухаўку, тэлефонны зумэр пачынаў ужо сiпець.
– Бурзачыла?! Ты?! – шэфавы голас скалануў эфiр, змусiў задрыжэць тэлефонную мэмбрану.
– Я-а... таварыш генэрал-палко...о... – прастагнаў Бурзачыла i з флегматычнай разважлiвасьцю шморгнуў носам.
– Што там у вас? Чаму не выходзiш на сувязь?
Палкоўнiк ачуўся, парывiста ўздыхнуў, пацёр рукою пераносьсе.
–Экiпаж самалёта – бартавы нумар 0-24, – расстраляўшы ўвесь боезапас, пайшоў на таран... – слова "таран" захрасла ў горле; даўкi, памерам з ладную агрэсьцiну, камяк перацяў дыханьне, нiжняя скiвiца тарганулася i ў мораку падступных сьлёз палкоўнiку прымроiўся раптам сьветлы воблiк маёра Кукарэкi.
Эфiр напоўнiўся злавесным сiпеньнем, аднекуль здалёк пачулiся акорды шапэнаўскага вальса i толькi праз пару хвiлiн шэфавы голас – памужнелы i рахманы, – iзноў зварухнуў мэмбрану.
– Абвясьцiце ва ўсiх эскадрылях: экiпаж зьнiшчальнiка – бартавы нумар ноль-дваццаць чатыры, – узнагароджваецца пераходным Чырвоным сьцягам Адмiнiстрацыi... – злавесную паўзу запоўнiлi акорды шапэнаўскага вальса, а яшчэ празь iмгненьне слухаўка высьлiзнула з потнай рукi i бездапаможна матлянулася на дроце. Слухаўка яшчэ штосьцi зумкала, клiкала палкоўнiка, але сам палкоўнiк ужо нiчога гэтага ня чуў, бо слых ягоны апанавалi iншыя зыкi перарывiсты рокат самалёта i залiвiсты брэх навакольных сабак.
– Жывыя! – вырвалася з млявай грудзiны i ў доказ гэтай высновы з-за сазоньчынай хаты выплыў, зьбiваючы коламi шпакоўнi, гераiчны зьнiшчальнiк. Пераляцеўшы хату, зьнiшчальнiк рэзка пайшоў долу, павалiў плот, апошнiм разам рыкнуў маторам i, накруцiўшы на вiнт бялiзну, якая сушылася на вяроўцы, спынiлася ў колькiх мэтрах ад бабчынай казы.
З самалёта вылазiлi нетаропка: спачатку вылезьлi Кукарэка з шарагоўцам, потым пiлёт Кудзёлка. Кудзёлка доўга абабiваў падштанiкi, запраўляў кашулю i штосьцi казаў пры гэтым, кiваючы галавой у бок сазоньчынай хаты. Нарэшце ўсе трое сталi шыхтом i, не раўнуючы як касманаўты па касмадрому, рушылi па полi, са стрыманай мужнасьцю бухаючы чаравiкамi па ўтравелай сьцяжыне. Сьледам за iмi пайшла й каза Дуся, ды неўзабаве мусiла спынiцца, бо была прывязана вяроўкай да калка. У трох мэтрах ад палкоўнiка тройца бухнула чаравiкамi астатнiм разам, зьнерухомела й Кукарэка, паправiўшы на плячы кулямёт, прыклаў далонь да сьсiвелай скронi.
– Таварыш палкоўнiк! Загад камандаваньня... – маёр глытнуў паветра, каб скончыць фразу, але палкоўнiк з воклiчам: – Усё ведаю! – рынуў да сябра, абхапiў таго за шыю, смачна плюснуў у няголеную шчаку. Потым ён сьцiснуў мазолiстую кудзёлкаву руку, але рука раптам спалохана тарганулася i пiлёт з жахам у голасе прашаптаў:
– Сазонiха...
– А людцы мае добрыя! А што ж гэта робiцца-а! – скалануў прасьцяг жаночы лямант i ўсе павярнулi галовы.
Сазонiха бегла па полi – ускудлачаная, расхлiстаная, падабраўшы доўгую спаднiцу i з рагачом ва ўзьнятай руцэ.
– Канец! – вылаяўся Кудзёлка, матлянуўся некуды ўбок, потым спынiўся, падцягнуў кальсоны i вiхлястым алюрам пабег да самалёта.
Пiлёт хацеў, вiдаць, схавацца ў самалётным нутры, але Сазонiха пайшла напярэймы; яны двойчы аббеглi самалёт, Кудзёлка на хаду садраў зь вiнта палiнялыя трусы, кiнуў iх у твар ашалелай бабы i змораным подбегам кiнуўся ў адваротным накiрунку.
Тым часам у пагоню за пiлётам кiнулася й каза Дуся. Яна сарвалася зь вяроўкi, дагнала Кудзёлку i спрабавала ўжо падчапiць таго рагамi, ды тут маёр Кукарэка, зразумеўшы, што трэба канчаць усю гэтую камэдыю, даў чаргу з кулямёту. Кудзёлка спачатку не зразумеў – што да чаго, а калi маёр, прыцэлiўшыся, iзноў нацiснуў на кручок, павалiўся i застыў у нерухомасьцi. Убачыўшы ўсё гэта, Сазонiха аслупянела, выпусьцiла з рук рагач, а потым, задраўшы спаднiцу да азызлых сьцёгнаў, пабегла да сваёй хаты.
– Забiлi-i... Кудзёлку забiлi-i! – залямантава старая, ды такiм страшным голасам, што Кудзёлка падхапiўся на ногi, штосьцi закрычаў ёй усьлед, а палкоўнiк, цыркнуўшы сьлiнай, незадаволена прамармытаў:
– Увесь Гракаў падыме, корга дурная.
III
– Вунь там паглядзi, у кустох!
Маёр азiрнуўся, пачухаў карак, без асаблiвай ахвоты палез у кусты. Пад нагой маёравай затрашчаў сушняк, плюхнула вада i з кустоў, шалёна лопаючы крыламi, вылецела нейкая драпежная птушка.
Прыслухоўваючыся да зыкаў, што даляталi з хмызьняку, палкоўнiк прыпалiў цыгарэту, мелькам зiрнуў на гадзiньнiк.
Час iшоў. Ужо больш як гадзiну яны лазiлi па кустах у пошуках рэшткаў балёну, але нiчога не знаходзiлi. Дый цяжка было штосьцi знайсьцi ў гэтых хмызах. Тут, як на добры лад, трэба было кiдаць роту жаўнераў на прачэсваньне, а яны нават двух сваiх шарагоўцаў пакiнулi ў Гракаве – ставiць плот ды рамантаваць куратнiк.
Палкоўнiк захлынуўся тытунёвым дымам, але, адчуўшы пяршэньне ў горле, кiнуў недапалак пад ногi.
Кукарэка вылез з кустоў хвiлiн празь дзесяць: увесь абсыпаны леташнiм лiсьцем i ў мокрых чаравiках – увалiўся, вiдаць, у ручай. Правую руку гвардыi маёр трымаў неяк дзiўна: стваралася ўражаньне, што ён злавiў нейкага жука i сьцiскаў ў жменi, але, калi Кукарэка падышоў блiжэй, палкоўнiк угледзеў на ягонай далонi маленькае блакiтнае колца.
– Зьняў з дрэва, над ручаём, – патлумачыў маёр, падкiнуў знаходку ў паветра, а палкоўнiк, спрытна перахапiўшы, нацубiў колца на палец правай рукi.
Дакладней, гэта было ня колца, а мiнiятурны, пафарбаваны блакiтнай фарбай капялюшык, з жоўтым кутасiкам на макаўцы.
– Ад нейкай лялькi... Занесла ветрам, – буркнуў маёр, скiнуў чаравiк i, сеўшы на траву, стаў выкручваць шкарпэтку.
Такая знаходка палкоўнiка ня надта ўзрадавала. Ён скамечыў капялюшык, яшчэ раз агледзеў навакольле.
– Дакладна ведаеш, што гэта тое месца?
– Тое, – адгукнуўся Кукарэка, – вунь фэрма стаiць з вадавежай, а вунь каровы пасьвяцца.
Маёр нацягнуў шкарпэтку, памацаў жоўты пазногаць, якi вылез вонкi i пакутлiва ўздыхнуў.
...Перш, чым плюхнуцца на сядзеньне, палкоўнiк выцягнуў з "бардачка" пляшку гарэлкi, адкаркаваў зубамi.
– Ну, дык што павязем у амбасаду?
Пытаньне гэтае нiяк не адбiлася на кукарэкавым твары: нават жаўлакi не зварухнулiся на шчоках.
– Думай! – выгукнуў палкоўнiк, сёрбнуў на поўную губу i, навалiўшыся каркам на сьпiнку сядзеньня, заплюшчыў вочы.
Скрозь дрымоту палкоўнiк чуў, як маёр гаманiў па тэлефону, крыючы некага мацюкамi, потым усе гукi аддалiлiся, сталi невыразнымi, палкоўнiк храпянуў, не раўнуючы як Кудзёлка, ды нечакана прачнуўся, абуджаны лёгкiм тыцкам пад рэбры.
– Якi лепей – з апорнай рамкай, цi безь яе? – запытаўся маёр, чухаючы слухаўкай лабешнiк.
Палкоўнiк наставiў на сябра няўцямныя вочы.
– Аэрафотаапарат, кажу, з рамкай, цi безь яе? Хлопцы пытаюцца...
Палкоўнiк страсянуў галавой, цямячы – пра што гаворка, а ўцямiўшы, у думках пахвалiў маёра за прыродную кемлiвасьць i, змагаючыся з позехам, выгукнуў:
– З рамкай.
Усю дарогу ён спаў, прыхiнуўшыся скроньню да шыбы i прачнуўся толькi тады, калi ўазiк, чхнуўшы маторам, спынiўся ля будынку iнтэнданцкага ўпраўленьня, на пятым паверсе якога месьцiлiся ваенныя тапографы.
На душы i ў роце было пагана; балела галава i кожны зык – нават тупат маёравых ног па ганку ўпраўленьня балюча адбiваўся ў патылiцы. Палкоўнiк прыпаў да бутэлькi, дапiў рэшту, заплюшчыў вочы, у спадзеўцы панурыцца ў дрымоту, ды тут на ганку iзноў затупалi: маёр бег да машыны, трымаючы ў руках падаўгаватую шэрую скрыню.
– Во, апошняя мадэль... З двума аб'ектывамi. Хлопцы й плёнку ўкруцiлi, маёр нацiснуў кнопку на бакавой панэлi й на палкоўнiка зiрнулi два шкляных круглявых вока.
– Навюткi... анiводнай драпiны.
Палкоўнiк узважыў аэрафотаапарат на далонi, таксама нацiснуў кнопку.
– Гэта й дрэнна, што бяз драпiны, – палкоўнiк глянуў з-пад лоба на верхнiя паверхi ўпраўленьня, загадна матлянуў галавой. – Падымiся як мага вышэй i скiнь... вунь на той кветнiк, – сказаўшы так, палкоўнiк абхапiў рукамi скронi, зьмежыў павекi i застыў у нерухомасьцi. Ён доўга сядзеў так, не мяняючы паставы i не зварухнуўся нават тады, калi маёр плюхнуўся поруч i завёў рухавiк. I толькi ля самай амбасады, нiбы згадаўшы пра штосьцi, палкоўнiк схамянуўся, лiхаманкавым рухам адчынiў "бардачок" i, адшукаўшы там пагнуты цьвiк, надрапаў на бакавой панэлi аэрафотаапарата няроўныя лiтары: "Made in USA".
1996-1997