Текст книги "Iду на таран ! (на белорусском языке)"
Автор книги: Винцесь Мудров
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Мудров Винцесь
Iду на таран ! (на белорусском языке)
Вiнцэсь Мудроў
Iду на таран!
Амаль што дакумэнтальны аповед
На трэйцiя суткi палёту ў небе зьявiлiся аблокi. Бухматыя, крутабокiя, яны нагадвалi сонных мядзьведзяў, i карантышкi, пазiраючы на iх, мiжволi сьцепаналiся, прагна глыталi халоднае паветра i стоена пераводзiлi дых, не раўнуючы, як пасьля доўгай беганiны. Белыя аграмады праплывалi мiма непадалёку ад шара, – i аднаго разу зямля зьнiкла зь вiдавоку й навакольле панурылася ў шэры i волкi цi то дым, цi то туман.
– Што гэта? – закрычалi ўсе. – Адкуль гэты дым?
– Гэта ня дым, – адказаў Знайка, – гэта воблака. Мы паднялiся да аблокаў i зараз ляцiм у аблачыне.
– Ну ты прыдумаў, – выгукнуў Нязнайка. – Воблака – яно вадкае, як жур, а гэта нейкi туман.
– А з чаго, ты думаеш, зроблена воблака? – запытаўся Знайка. – З таго ж самага туману. Гэта толькi здаецца, што яно шчыльнае.
Знайка прыкусiў верхнюю губу, сеў на лаўку й, дастаўшы з пляншэту мапу, расклаў яе на каленях.
Карантышкi з дакорам паглядзелi на Нязнайку, а потым – з надзеяй у вачох на свайго камандзёра.
– Нас увесь час нясе на паўночны ўсход, – прамармытаў Знайка; у гэты момант шар вырваўся з аблачыны й сонца вясёлкава зайграла на шкельцах знайкавых акуляраў.
Карантышкi ўважлiва сачылi за камандзёрам i калi той пачаў раптам лiхаманкава папраўляць шкельцы на носе, зразумелi, што здарылася штосьцi непапраўнае. Хвiлiну Знайка сядзеў нерухома, а потым, пашнарыўшы рукою пад лаўкай, роспачна прасiпеў:
– Ратуймася, хлопцы! Нас нясе на Беларусь!
Яшчэ празь iмгненьне ён выцягнуў з-пад лаўкi парашут i, насунуўшы на плечы сырамятныя лямкi, выгукнуў:
– Скачам па чарзе... Усе за мной! Пайшлi!
Знайка скочыў першым. За iм пайшоў Тарапыжка, але тут надарылася неспадзеўка. Замест таго, каб скокнуць, а потым раскрыць парашут, Тарапыжка спачатку раскрыў парашут, а потым скокнуў i ў вынiку той зачапiўся за край каша. Тарапыжка заблытаўся ў стропах i павiс дагары нагамi.
– Браткi! – закрычаў доктар Пiлюлькiн. – Калi парашут адчэпiцца, Тарапыжка грымнецца галавой аб зямлю.
Карантышкi ўчапiлiся рукамi за парашут, уцягнулi Тарапыжку назад у кош i ў гэты самы момант Нязнайка, якi не чытаў газэтаў i нiколi ня чуў пра Беларусь, загарлаў:
– Стойце! Нiкому больш скакаць ня трэба!
– А што Знайка будзе бяз нас рабiць? – запытаўся ў сваю чаргу Пончык. Стаўшы каленямi на лаўку, Пончык зьвесiў долу кучаравую галаву.
Усе, хто быў у кашы, таксама зьвесiлi галовы, назiраючы за белым дзьмухаўцом знайкавага парашута. Нават сабачка Булька, якi дагэтуль увесь час сядзеў у куце, ускочыў на лаву i, убiўшыся памiж гаспадаром – паляўнiчым Пулькам – i Нязнайкам, глянуў на зямлю. Булька акiнуў уважлiвым поглядам навакольле, патрабавальна нюхнуў паветра, а потым, адчуўшы ва ўсiм гэтым штосьцi нядобрае, голасна заскавытаў. Ад гэтых зыкаў у Нязнайкi заварушылiся валасы на галаве, капялюш наехаў на патылiцу й давялося хапаць яго абедзьвума рукамi i зь сiлаю насоўваць на самыя бровы.
I
Палкоўнiк Бурзачыла стаяў ля вакна i, упiхнуўшы рукi ў кiшэнi форменных штаноў, задуменна перабiраў ядры. Краявiд за вакном лашчыў вока: неба было пазначанае ранiшняй ружавiзною, па небу плылi лёгкiя аблачынкi, а ля самай шыбы гайдалася квiтучая галiнка вiшнi, на якой шумлiва завiхалiся маладыя вераб'i. Гледзячы на ўсё гэта, якi-небудзь японскi сузiральнiк вiдочна стоiў бы дых i, ачараваны, пачаў бы дэклямаваць вершы Такасi Нагацукi цi Акiка Ёсаны, але палкоўнiк быў не японскiм сузiральнiкам, а штабным афiцэрам, а таму глядзеў не на ўвiшных вераб'ёў i не на ружовыя аблокi, а на буфэтчыцу Тосю, што стаяла на доле й лiчыла скрынкi, якiя выгружалi з машыны два дарэшты схуднелых шарагоўцы.
Порсткi ветрык даймаў карацельку-спаднiцу, агаляў белыя сьцёгны, з кожным парывам ветру палкоўнiк хiтаўся, налягаючы на пяткi, i хромавыя палкоўнiцкiя боты поўнiлi габiнэт прыемным рыпам.
I вось, калi шарагоўцы зьнялi з кодабу апошнюю скрыню, гарэза-ветрык задзёр караценькую спаднiцу да самых да зялёных трусiкаў, палкоўнiк хiтнуўся зь небясьпечнай для сябе амплiтудай, i хромавiкi рыпнулi з такой рашучасьцю, зь якой здольныя рыпець толькi боты кадравых штабных афiцэраў. Палкоўнiк пасьмiхнуўся, падцягнуў матню форменных штаноў i ў гэты момант за сьпiнаю ягонай азваўся тэлефон апэратыўнай сувязi. Юрлiвыя крозы выпетрылiся з галавы, палкоўнiк счакаў хвiлiну, у спадзеўцы, што тэлефон ацiхне, але той не ацiхаў, i таму давялося iсьцi да апарата.
Тэлефанавалi аднекуль здалёк: у слухаўцы спачатку штосьцi рыпала, потым узбуджана вохкала, потым задаволена аддзiмалася i, нарэшце, у тэлефонных глыбiнях узьнiк залiвiсты голас нейкага маладзёна.
– Таварыш палкоўнiк... Дакладвае лейтэнант Пашкоў...
– Ну, што там у вас, – палкоўнiк мацюкнуўся, прыцiснуў слухаўку да вуха, але на другiм канцы провада iзноў узбуджана завохкалi, нейкая кабета – вiдаць, тэлефанiстка – рашуча загадала: – Канчайце! – i толькi пасьля гэтага залiвiсты лейтэнантавы голас скалануў мэмбрану:
– Засеклi... Ляцiць на паўночны ўсход...
– Хто ляцiць!? Каго засеклi!? – выдыхнуў палкоўнiк, праводзячы рукой нiжэй сьпiны.
– Аб'ект... Шар дыямэтрам тры мэтры. Вышыня тысяча васемсот. Хуткасьць адзiн мэтар у хвiлю...
– Каардынаты! – гукнуў палкоўнiк, iкнуўшы на апошняй лiтары "а".
– Квадрат 3-62... – лейтэнант хацеў сказаць яшчэ нешта, але ў тэлефоне чарговым разам штосьцi загуло i нейкая кабета, дыхнуўшы ў слухаўку, летуценна запыталася: – Ты часнык пасадзiла?
Палкоўнiк канчаткова страцiў раўнавагу. Ён удыхнуў паветра, зьбiраючыся годна адказаць на такое пытаньне, але не пасьпеў: лейтэнантавы голас зноў казытнуў сапрэлае вуха.
– Там у яго штосьцi боўтаецца...
– У каго? – перапытаў палкоўнiк, хапаючыся за матню.
– У шара...
– Можа, радыёзонд? – нясьмела запытаўся палкоўнiк пасьля хвiлiны маўчаньня.
– Ды не, на зонд не падобна, – адказаў лейтэнант, i ўсё тая ж кабета гэтым разам керхануўшы ў трубку – з крыўдаю ў голасе паведамiла: – Майго ж учора прынесьлi... i штаны паабсцываныя.
– Йоп... Лейтэнант! Ты адкуль звонiш? – гракнуў палкоўнiк ужо зусiм вар'яцкiм голасам.
– Ды тут... з сельсавета, таварыш палкоўнiк. Наша станцыя ляснулася. Хтосьцi скраў медныя кантакты... – сказаўшы так, лейтэнант уздыхнуў, i слухаўка азвалася кароткiмi гудкамi.
Хвiлiну-другую палкоўнiк усьвядомлiваў пачутае, задуменна чухаючы слухаўкаю за вухам, а потым, кiнуўшы гудзёлку на вагар, спружнай хадой падышоў да мапы. Закарузлы палец тыцнуўся ў населены пункт Гракаў, папоўз угору, потым долу i, нарэшце, засяродзiўся на квадраце 3-62.
– Адзiн мэтар у хвiлю... Тры з паловаю кэмэ ў гадзiну... – прамармытаў палкоўнiк, палец ягоны нэрвова папоўз на паўночны ўсход, а наехаўшы на чырвоны трохкутнiк з надпiсам "Казловiчы", мiжволi здрыгануўся: праз тры, максымум чатыры гадзiны паветраны балён, пра якi паведамiў лейтэнант, павiнен быў праляцець над "Казловiчамi" – звышсакрэтнай базай ваенна-касьмiчных сiл.
– Што ж там, бляха, ляцiць? – уголас запытаўся палкоўнiк, дастаючы з кiшэнi форменных штаноў зашмальцаваную насоўку. Выцершы потную лабацiну, палкоўнiк супакоiў сябе на думцы, што гэта ўсё ж такi радыёзонд i нават з палёгкаю аддзьмуўся, але, пахадзiўшы вакол стала, iзноў задумаўся й скасiў вока на тэлефон з надпiсам "Масква" на мацiцовым дыску. "А можа, гэта праверка? Запусьцiлi пузыр з фотакамэрай... Здымуць тыя ж "Казловiчы", а потым пачнуць... здымкамi пад носам трэсьцi. Ад маскоўскiх падлюк можна ўсяго чакаць..." – з гэтымi думкамi палкоўнiк падняў слухаўку i з сардэчным клёкатам у горле перавёў дых.
Масква не прымусiла доўга чакаць i адгукнулася барытонiста i непракерхана:
– Прапаршчык Сапрыкiн слухае.
– Гэта зь Беларускай акругi турбуюць... Палкоўнiк Бурзачыла. Зьвяжыце мяне, калi ласка, з генэрал-маёрам Затулiным, – пралепятаў палкоўнiк, утаймоўваючы прыкрую дрыготку ў голасе.
– Генэрал у камандзiроўцы, – адказаў прапаршчык i адкерхаўся.
– Мы тут аб'ект засеклi... Шар дыямэтрам тры мэтры, – пачаў быў палкоўнiк, але прапаршчык зноўку пачаў керхаць, а потым злавесным голасам загадаў:
– Дзейнiчайце згодна iнструкцыi. Праз гадзiну дакладзеце абстаноўку.
– Слухаюся, таварыш прапаршчык! – гукнуў палкоўнiк, канчаткова зразумеўшы, што пузыр над "Казловiчамi" – гэта затулiнскiя штукi.
Вядомы авантурыст Шцiрлiц, як сьведчаць показкi, у хвiлiны непакою меў звычку поркацца ў штанах, мацаў пры гэтым набрынялыя ад шматгадовага ўстрыманьня ядры i, казелячы вокам на Леванiда Бранявога, з халоднай разважнасьцю прамаўляў:
– А гэта канец...
Пасьля размовы з прапаршчыкам палкоўнiка Бурзачылу таксама апанаваў непакой. Ён пiхнуў рукi ў кiшэнi штаноў, крутнуў, па прыкладу штандартэнфюрэра левую ядрыну, спрабуючы такiм чынам настроiць мазгi на працоўны лад, але мазгi канчаткова растапiлiся, нiякiх канструктыўных iдэй у iх не нараджалася, i палкоўнiк, прамовiўшы штосьцi дарэшты пэсымiстычнае й сугучнае слову "канец", плюхнуўся ў крэсла.
Сытуацыя вымалёўвалася – горай не прыдумаеш. Баявая авiяцыя стаяла ў ангарах бяз палiва – акурат на мiнулым тыднi ўвесь яе аварыйны запас чатырнаццаць бэнзавозаў – загналi лабусам; мабiльныя зэнiткi яшчэ ў 1991 годзе прадалi армянам, а ўсе шрубалёты ад нядаўнiх часiн перайшлi на балянс Адмiнiстрацыi i за iхнюю арэнду трэба было выкладваць шалёныя грошы.
Зрэшты, пра тое, што бэнзавозы пайшлi ў Жамойць, ведалi, апроч яго, яшчэ два чалавекi: мiнiстар абароны ды маёр Кукарэка з ваенна-паветранай базы ў Мачульнiках. Тавар яны здалi са спакойнай душой: у сераду павiнны былi прыйсьцi эшалоны з авiяцыйнай газай. Фiрма "Хрэнойл" набыла дзеля свайго офiса будынак штабу Чырвонасьцяжнай ваеннай акругi i цяпер разьлiчвалася натурай. У войску, вядома ж, кралi i не такое. I кожны раз усё iшло цiха-цiхенька. I раптам гэты званок...
"Зьядуць i не падавяцца. Спачатку шэфа, а потым нас з Кукарэкам", падумаў той хвiляй палкоўнiк, пацёр даланёю па драбах, расьцiраючы казытлiвыя кроплi поту i ў душы пажадаў генэралу Затулiну ды ягонаму швагру – старлею Пiдуце, якi мерыўся заняць мiнiстэрскае крэсла, падавiцца хаця б адной сваёй рабрынай.
Хвiлiн пятнаццаць, а мо й болей палкоўнiк сядзеў, раскiнуўшыся ў крэсьле, ачмурэла пазiраў на кiвач старога гадзiньнiка, што стаяў у супрацьлеглым куце габiнэту й ачуўся толькi тады, калi ўнутры масыўнай шафы штосьцi рыпнула, а потым надзiва гучна бомкнула. Гадзiньнiк пачаў адбiваць час: з кожным новым ударам палкоўнiцкая галава пудлiва ўбiвалася ў плечы, пасьля дзевятага ўдару ўбiлася па самыя вушы, а разам зь дзесятым ударам дзьверы габiнэту расчынiлiся i ў пройме дзьвярэй паўстаў маёр Кукарэка. Мундур маёравы быў расшпiлены, фуражка зьехала на вуха, а з прарэху штаноў тырчэў ражок кашулi.
– Чуў? – выдыхнуў Кукарэка не зусiм цьвярозым голасам i да палкоўнiцкага носа даляцеў пах армянскага каньяку.
"Трахаўся, вiдаць, са сваёй тэлефанiсткай. Нават прарэх не зашпiлiў, скацiна", – палкоўнiк сашчапiў пальцы рук на патылiцы, зь непрыхаванай пагардай паглядзеў на кампаньёна.
– Ну што, так i будзеш сядзець? – запытаўся маёр, зьняўшы фуражку й прамакнуўшы рукавом узмакрэлую лысiну. – Аб'ект у шасьцi кэмэ ад Казловiчаў, а яму нi ў галаве, нi ў пяце. Чуеш? Што рабiць будзем?
– А ты што, ня ведаеш? Едзь у Мачульнiкi, падымай свае МiГi... – прамовiў, нарэшце, палкоўнiк з блазнаватай усьмешкай на твары, i Кукарэка пасьля такiх слоў канчаткова працьверазеў.
– Зьдзекваесься? А мо забыўся, куды мы авiягазу сплавiлi? – выгукнуў ацьверазелы маёр, i палкоўнiку, каб суняць балбатуна, давялося папераджальна кашлянуць ды кiўнуць галавой у бок тэлефона ўрадавай сувязi.
Маёр пакасiўся на тэлефонны апарат i ў працяг няскончанай фразы ледзь чутна дадаў:
– Нават з бакаў зьлiлi.
Хвiлiну яны маўчалi, наструнена глядзелi адно другому ў вочы, пасьля чаго маёр, ухапiўшыся рукамi за штрыфелi мундура, нэрвовым крокам прайшоўся ад стала да гадзiньнiка, потым ад гадзiньнiка да стала i, нарэшце, падбег да апэратыўнай мапы.
"Бегае, як той Ленiн у васемнаццатым годзе", – адзначыў пра сябе палкоўнiк, з падступным задавальненьнем пазiраючы на ўсхваляванага маёра. Маёр тым часам уторкнуў нос у раён мяркуемага месцазнаходжаньня аб'екта й заклапочана прамармытаў:
– Падлятае да Гракава.
"Гракаў... Ракаў... Акаў", – шматкроць адбiлася ў палкоўнiцкiх мазгах, i лёгкае хваляваньне халоднай мурашкай казытнула апрэлыя ядры. Пальцы машынальна кранулiся скроняў, гадзiньнiк у куце адбiў палову адзiнаццатай, i ў той жа мiг нейкая страшная сiла падняла палкоўнiка на ногi. Пад'ём быў такiм iмпэтным, што Кукарэка сагнуў ногi ў каленях, чакаючы, што Бурзачыла кiнецца на яго з кулакамi, але той i ня думаў бiцца. Палкоўнiк абцягнуў мундур, стрымана кашлянуў i, скiраваўшы погляд на тэлефон урадавай сувязi, урачыстым голасам прамовiў:
– Хтосьцi вырашыў прамацаць нашу супрацьпаветраную абарону... Дык мы гэтыя мацакi падкарацiм!
Яшчэ iмгненьне, i палкоўнiк, нацубiўшы на вочы фуражку, рушыў да дзьвярэй, а сьледам за iм кiнуўся агаломшаны маёр Кукарэка.
Яны iшлi бясконцым калiдорам – маёр нячутна ступаў па ходнiку, раз-пораз азiраючыся; палкоўнiк iшоў ля сьцяны, грукаючы абцасамi аб падлогу й грукат трывожным рэхам блукаў пад скляпеньнямi. Гэта была хада Камандора.
Маёр тым часам ня толькi азiраўся але й керхаў у жменю – вiдочна, хацеў штосьцi спытаць, ды не рашаўся й загаварыў толькi тады, калi яны павярнулi на лесьвiцу.
– Што, падслухоўваюць? – дрогкiм голасам запытаўся маёр, але спадарожнiк нiчога не адказаў – адно дакорлiва хiтнуў галавою.
Другое маёрава пытаньне было яшчэ больш ляканiчным.
– Палякi? – запытаў маёр, спрабуючы iсьцi ўпоравень са спадарожнiкам i запабежлiва пазiраючы таму ў левае вуха.
– Якiя палякi? – выдыхнуў спадарожнiк, спынiўшыся на пляцоўцы памiж першым i другiм паверхам.
– Ну гэта... кажу... палякi пузыр запусьцiлi? – усё тым жа ўсхвалявана-гугнявым голасам запытаўся маёр, намаляваўшы ў паветры вялiкае кола.
Палкоўнiк дастаў пачак "Данхiлу", укiнуў у рот цыгарэту, наструнiўся, слухаючы – цi таўчэцца хто на сходах i ў гэты момант маёр, папярэдне ляпнуўшы па кiшэнях, тыцнуў яму пад нос сваю запальнiчку.
– Ты, Кукарэка, як маёрам стаў, дык зусiм здурнеў... – прамовiў палкоўнiк, не адрываючы вачэй ад кампаньёна. – Iм што, больш рабiць не хер, як толькi пузыры пускаць?
Словы гучалi пераканаўча й Кукарэка, стоячы з зацепленай запальнiчкай як са сьвечкай, стоена прашаптаў:
– НАТА?
Палкоўнiк зморана ўздыхнуў: паветра, што вырвалася зь ягонай грудзiны затушыла запальнiчку й данесла да маёравых вушэй шматзначнае пытаньне:
– Старлея Пiдуту ведаеш?
– Швагра... – маёр не дагаварыў: на доле бразнулi дзьверы й кампаньёны мiжволi наструнiлiся. Дзесьцi на першым паверсе загаманiлi, чхнулi, потым мацюкнулiся i неўзабаве ўсё ацiхла.
– Затулiн?.. – зьбялелымi вуснамi прашаптаў Кукарэка, а ягоны суразмоўца, ступiўшы колькi крокаў па сходах, кiнуў цераз плячук фразу, якую любiў казаць падначаленаму ў часiны душэўнага ўздыму:
– Пайшлi, што стаў, як певень пасьля кукарэку...
Дыхтоўныя, абабiтыя масянжовымi паскамi дзьверы з натугаю падалiся i ў вочы пырснула гарачае сонечнае сьвятло. Усё навокал цвыркала, плыло, цьвiло i гаманiла. Цвыркалi вераб'i на даху, плылi аблокi ў небе, цьвiла вiшня ля ўваходу, а за сьпiнаю палкоўнiцкай гаманiў, штохвiлi шморгаючы носам, маёр Кукарэка.
– Я што... я чалавек маленькi... Мне загадалi – я й зьлiў палiва. А куды яно пайшло – ня ведаю й ведаць не жадаю.
Палкоўнiк быў заняты сваiмi думкамi й ня надта слухаў Кукарэку, а калi прыслухаўся, дык пальцы рук ягоных сьцiснулiся ў кулакi, а на шчоках прабiлася нездаровая чырвань.
Маёр Кукарэка – гэты зацяты хапуга, якi краў нават лыжкi ў жаўнерскай ядальнi, меў здольнасьць пераўвасабляцца ў бязьвiнную авечку. Маёра колькi разоў хапалi на гарачым, аднаго разу – калi з палкавога складу зьнiкла чатыры тоны масла – на яго нават завялi крымiнальную справу, аднак – дзiўная рэч! маёр, дзякуючы гэтаму самаму пераўвасабленьню заўсёды выходзiў сухiм з вады, i з пасадаў, а то й з войску выляталi ягоныя падзельнiкi.
Летась палкоўнiк i сам ледзь не зьляцеў з пасады, таму, пачуўшы кукарэкава бляяньне, счырванеў як гiпэртонiк. Ён хацеў адразу заехаць маёру мiж вачэй, ды, угледзеўшы бакавым зрокам двух шарагоўцаў, што сядзелi на лаве, аддзьмуўся, перакiнуў з аднаго кутка вуснаў у другi прытухлую цыгарку i гэтым самым утаймаваў свае нэрвы.
– Кулямёт ёсьць? – запытаўся палкоўнiк, папераменку пазiраючы то на маёравы ўазiк, то на двух схуднелых шарагоўцаў, якiя сядзелi ў цяньку i штосьцi жэрлi.
– Якi кулямёт? – не зразумеў маёр.
– Буйнакалiбэрны, йоп... – вылаяўся палкоўнiк, нэрвова смактануўшы амаль што затухлую цыгарку.
– Ёсьць... у Мачульнiках... – Кукарэка шморгнуў носам i два разы запар спатыкнуўся на роўным асвальце.
– У Мачу-у-ульнiках, – перадражнiў палкоўнiк. Засяродзiўшы вочы на канцы цыгарэты, ён яшчэ пару разоў смактануў i палез у кiшэнь за сярнiчкамi. – Да Мачульнiкаў сорак кэмэ, а ў нас кожная хвiлiна на ўлiку.
– Ёсьць яшчэ на лецiшчы, у Ждановiчах. Думалi ж на дзiкоў ехаць...
Шарагоўцы – з выгляду салагi-першагодкi – сядзелi на лаве i, не зважаючы на афiцэраў, елi гарачыя пончыкi.
"Тося пачаставала", – падумаў палкоўнiк, увабраўшы носам агiдны пах алею й яблычнага павiдла.
За колькi мэтраў ад лаўкi афiцэры запаволiлi крок, чакаючы, што шарагоўцы падхопяцца на ногi, але тыя й ня думалi падхоплiвацца i палкоўнiк, з астатнiх сiл утаймоўваючы лютасьць, павадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы той рух, якiм дырыгенты падымаць аркестры, а штабныя афiцэры ўзважваюць тугiя жаночыя грудзi. Шарагоўцы адарвалi ад лаўкi схуднелыя азадкi, выпрасталiся, прыцiснулi далонi да сьцёгнаў, але жаваць не перасталi i, як тыя хамякi, варушылi пашчэнкамi.
– Чаго расьселiся?! – грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлiнаю на палкоўнiцкую шыю.
Адзiн з шарагоўцаў – маленькi, чарнявы, з падбiтым левым вокам, – пачаў штосьцi казаць, глытаючы ежу i з усяго iм сказанага ўцямна прагучала толькi слова "выгружалi".
– А чаму жарэце як не ў сабе? – гукнуў у сваю чаргу палкоўнiк, зiрнуўшы на пончыкi, што грудком ляжалi на газэце.
– Два днi ня елi, таварыш старшы лейтэнант, – прамовiў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец i палкоўнiк, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:
– Разуй буркалы, с-салага!
Такой абразы гвардыi палкоўнiк Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнiк яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралi польку, але доўжылася гэта кароткую хвiлю: ужо празь iмгненьне ён зацягнуўся цыгарэцiнай i злавесным голасам запытаў:
– Зь якой часткi?
Чарнявы салага панiк, скурчыўся, увабраў голаў у плечы i зацкавана паглядзеў на сябра – бялявага салагу з падбiтым правым вокам.
– Гэта мае... тэхнары з Мачульнiкаў, – працэдзiў маёр, панурыўшы вочы, прадукты ў буфэт прывезьлi.
Словы тыя як зь неба ўпалi. Ну вядома з Мачульнiкаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўнiцкая адтаяла, цела зрабiлася лёгкiм, i палкоўнiк, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазiка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнiк Бурзачыла пашукаў вачыма сьметнiцу, а згледзеўшы яе на другiм канцы ходнiка, пстрыкнуў пальцам па сьлiнявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццацi мэтраў i дакладна лёг у цэль.
– Вучыся! – цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнiк маёру i дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.
II
Адразу за Гракавам – пыльным мястэчкам з тузiнам старых камянiц i сотняй вясковых хат, – ляжыць агромiстае поле. Свойчас усходнi, дальнi ад мястэчка клiн, перааралi "кiраўцамi" – зьбiралiся, вiдаць, нешта пасеяць, але нiчога не пасеялi; ральля зь цягам часу ўзялася дзiрванам i нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым клiне – ачайна бразгаючы ўсiм сваiм жалезным начыньнем i плаксiва скуголячы рухавiком – i кратаўся вайсковы ўазiк. Унутры яго сядзелi чатыры вайскоўцы: палкоўнiк, маёр – ён круцiў "абаранак", – а таксама два шарагоўцы, якiя калацiлiся на заднем сядзеньнi, раз-пораз кранаючыся галовамi брызэнтавага верха.
Маёр, штохвiлiны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазiку пераадольваць утравелыя калдобiны; а вось палкоўнiк лаяўся зрэдзьчасу – толькi тады, калi руля буйнакалiбэрнай зброi, якую трымаў адзiн з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнiк прамаўляў няўцямнае: – Йоп..., – шараговец адводзiў зброю ўбок, руля бiла па карку маёра i той дагаворваў пачатую палкоўнiкам фразу да канца.
Праехаўшы па ральлi паўтара кiлямэтры, машына выбiлася на роўнае й маёр, прытапiўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:
– Фу, бляць...
Уазiк аб'ехаў высахлую балацявiну, абмiнуў купку чэзлага вербалозу i за брудным ветравым шклом задрыжэлi вiдарысы серабрыстага элiнгу i двухкрылага, падобнага да вялiкай страказы, "кукурузьнiка". Пабачыўшы самалёт, афiцэры шматзначна пераглянулiся: палкоўнiк палез у кiшэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьцiўшы на хвiлю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далонi.
Месца, куды яны прыехалi, цяжка было назваць лётнiшчам. Тут стаяў усяго адзiн самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзiравага элiнгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.
Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнiк глыбокай зацяжкай дапалiў цыгарэту да фiльтра i, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулi, якая даiла на ўскрайку поля рабую казу.
Бабуля, вiдаць, была глухаватая, бо не пачула крокаў, таму палкоўнiку давялося другiм разам абцягваць мундур i напаўжартам галёкнуць:
– Прывiтаньне казаводам!
Пасьля такiх слоў бабуля падхапiлася, абцёрла рукi аб спаднiцу, а каза, стукнуўшы капытом аб даёнку, рушыла насустрач палкоўнiку.
Бабулiна жывёлiна была жывым увасабленьнем чорта: такая ж рабая, рагатая, з жаўтлявымi, не раўнуючы як у ката, вачыма. Адно што ў ката – як адцемiў палкоўнiк, – шчылiны зрэнак вэртыкальныя, а ў казы яны былi гарызантальныя.
Спынiўшыся непадалёку, каза мэкнула, зь недаверам крутнула галавой, i палкоўнiк, каб убiцца ў давер, павабiў жывёлiну пальцам i ласкава залапатаў языком:
– Цып-цып-цып...
У вадказ каза пагрозьлiва страсянула галавой, бабуля сьпехам падхапiла даёнку, а палкоўнiк, зразумеўшы, што зрабiў штосьцi ня тое, кашлянуў у далонь i задаў пытаньне, якое даўно сьпела на канцы языка.
– А што, самалёт лётае, цi як?
– Лётае, каб на яго немарач, – жвава адгукнулася бабуля. – Дзесяць гадкоў няма спакою... Дзень да ночы лётае... i ўсё над маёй хатай. Пазалетась дык нейкай халерай абсыпаў. У мяне потым гусак акалеў. Я ж ужо куды толькi не хадзiла, куды толькi не пiсала...
Бабуля, мяркуючы па ўсiм, была балбатлiваю. Палкоўнiк зiрнуў на гадзiньнiк, па старой звычцы кашлянуў у далонь, але гэта не дапамагло.
– Каб яму сьлепакi павылазiлi, паскуднiку гэтаму... Дусю надоечы так напужаў, што тры днi малака не было.
– А Дуся – гэта хто? – перабiў палкоўнiк.
– А во... козачка... кармiлiца мая, – прамовiла бабуля, падышла да казы i з палёгкаю ў голасе дадала: – Ад нядзелi, праўда, ня лётае. Штосьцi ў яго там зламалася.
Такая навiна прымусiла палкоўнiка наструнiцца i бязгучна мацюкнуцца.
– Учора сабраў п'янiц – Толiка Манькiна, Фарзуна з Кабздохам – дык ужо хвост жардзiнай падымалi ды нешта там поркалiся. Потым у краму бегалi. Мiронаўна казала – чатыры белых бралi, а ўвечары да Андросiхi за самагонкай цягалiся...
– Ну, а дзе ён жыве? – запытаўся палкоўнiк, дэманстратыўна зiрнуўшы на гадзiньнiк.
– Зь вясны ў Рапухi жыў. П'янiца ў нас тут такая... Бiлiся кожнага вечару. Процi ночы нап'юцца, тады ён яе ганяе, а з ранку ўжо, – у гэтым месцы апавядальнiца сьцiшыла голас да шэпту, – iдуць у магазiн пад ручку...
– Ну а дзе ён зараз жыве? – амаль што з адчаем выдыхнуў палкоўнiк.
– Да Райкi Мандрыкавай прыбiўся. Да Рапухi ж мужык прыехаў. Жыў недзе ў Архангельску, цi дзе там... на пасяленьнi. Потым тамака ажанiўся...
– Райка дзе жыве, йоп...!? – гракнуў канчаткова здэнэрваваны палкоўнiк, ды так гучна, што бабуля выпусьцiла з рук вядро, а каза Дуся ўбрыкнула заднiмi нагамi. Калi ж палкоўнiк, плюнуўшы са злосьцi, пабег да сваiх, Дуся рынула сьледам, парываючыся зжаваць канцы палкоўнiцкага мундура.
– Шэф званiў, – гукнуў Кукарэка, калi палкоўнiк падбег да машыны. Зiрнуўшы на шарагоўцаў, маёр выцер рукавом узмакрэлую лысiну. – Загадаў зьбiты аб'ект везьцi ў расейскую амбасаду. Там ужо чакаюць.
Палкоўнiк прычакаў хвiлю, усьведамляючы пачутае, потым зацкавана глянуў на хвост "кукурузьнiка", потым на свае "камандзёрскiя", потым мацюкнуўся – цяпер ужо ўголас – i, сядаючы ў машыну, прамармытаў:
– Паедзем шукаць Райку.
Райчыну хату знайшлi даволi хутка. Стаяла яна на ўзгорку, непадалёку ад лётнiшча – звычайная цагляная будынiна з разнымi шалёўкамi на вокнах. Ступiўшы на шырокi двор, палкоўнiк адразу ж зьвярнуў увагу на тыя шалёўчыны. Ён правёў рукою па шурпатай лiштве й вусны палкоўнiцкiя кранула ўсьмешка: калiсьцi, у далёкiм дзяцiнстве, бацька зрабiў такiя ж лiштвы i ўся вёска хадзiла глядзець на вокны iхнай хаты.
Хвiлiнны одум разьвеяў маёр, тузануўшы за рукаво й паказаўшы пальцам углыб двара. Там, куды паказаў Кукарэка, стаяла прысадзiстая адрына, з прачыненых дзьвярэй якой вырывалася на дваровы прасьцяг сiплаватае храпеньне.
...Пасьля зыркага сьвятла вочы апанавала цемра. Уваччу паплылi вясёлкавыя кулi, паўсталi нейкiя шэрыя патарочы, якiя празь iмгненьне ператварылiся ў кучу плеценых кашоў, старыя начоўкi й капу зьляжалай леташняй саломы. Там, на версе капы i нараджалася немае храпеньне, а чэзлая яснасьць, што цэдзiлася з незашклёнага, захiнутага маладой лiстотай, паддашкавага вакна, вырывала з паўзмроку нечыя голыя пяткi.
– Гучней храпiць толькi мая цешча, – зазначыў маёр Кукарэка, выцяўшы нагой па вялiзным кашы. Маёр памружыўся на голыя пяткi i, насьледуючы галасам мачульнiкаўскiх днявальных, загарлаў:
– Ротэ-э... пад'ём!
На верху тарпы са смакам схрапянулi, штосьцi прамармыталi й захроплi з ранейшым iмпэтам.
Маёр падхапiў з-пад ног кашолку, пусьцiў яе ў храпуна, але той працягваў храпець, нават не зьмянiўшы танальнасьцi.
Кукарэка агледзеўся, шукаючы чаго больш важкага, але нiчога такога не ўгледзеў i палез на капу.
– Уставай, б-бляха, – маёр схапiў храпуна за нагу, пацягнуў долу й храпун, мацюкнуўшыся спрасонку, заехаў маёру пяткай у лабешнiк. Кукарэка скацiўся з тарпы, патрапiўшы галавой у кош i з тым кашом ён i паўстаў перад палкоўнiкам, якi ўжо ня мог трымацца на нагах i курчыўся ад сьмеху, поўзаючы па земляной падлозе й пазначаючы каленi форменных штаноў бела-зялёнымi плямамi курынага памёту.
Кукарэка выбег з адрыны, цяжка затупаў па цэмэнтавым ходнiку, ляпнуў дзьверцамi ўазiка i неўзабаве iзноў паўстаў перад палкоўнiкам – цяпер ужо з буйнакалiбэрным кулямётам у руках. Такi паварот усхваляваў Бурзачылу. Палкоўнiк спалатнеў, памкнуўся схапiць маёра за мундур, але той, высьлiзнуўшы з-пад рукi, спужаным катом узьбiўся на капу. Там ён кляцнуў затворам, наблiзiў зброю да храпуна i, наставiўшы рулю ў незашклёнае вакно, гваздануў адзiночным. У куце з адчайным лямантам узьляцела курыца, знадворку загарлаў певень, а храпун, глынуўшы парахавога дыму чхнуў, няўцямна мацюкнуўся i яшчэ празь iмгненьне ўскудлачаная галава ягоная вытыркнулася з-за краю тарпы.
Маёр тым часам споўз, лежачы на жываце, долу i, наставiўшы на храпуна кулямёт, сувора прасiпеў:
– Iмя... Прозьвiшча...
Храпун узьняў рукi, прыхапiўся, грымнуўся галавой аб крокву й палкоўнiк адчуў на сваёй узмакрэлай шыi казытлiвую парахню, якая сыпанула з даху.
– Кудзёлка... Аляксей... – прамовiў храпун, зьвёўшы вочы да кулямётнага дула.
– I хто такi? – ужо больш лагодна запытаўся маёр.
– Ды тут... працую... пiлётам сельгасавiяцыi.
– Злазь, ты нам патрэбны, – падаў голас палкоўнiк, зь вiдочным хваляваньнем закiдваючы ў рот чарговую цыгарэцiну.
Пiлёта таксама апанавала хваляваньне. Яму нават мову заняло: нiжняя скiвiца пiлётава дробна задрыжэла й сунялася толькi тады, калi маёр апусьцiў кулямёт долу.
– Ды ў мяне палiва... на пяць хвiлiн лёту, – выдыхнуў пiлёт пераселым ад хваляваньня голасам, – нават да Менску не дацягнем.
– Нам у Менск i ня трэба. Акурат за пяць хвiлiн i ўправiмся.
Пiлёта такiя словы зьбянтэжылi. Ён апусьцiў рукi, пацёр далоньмi па споднiках, а ўцямiўшы, што пiраты прыехалi на бэнзавозе, змучана шморгнуў носам.
– Кола задняе зьняў. Трэба новая ўтулка.
Запанавала цiша. Нават певень кiнуў кудактаць i цяпер ужо палкоўнiку прысьпела пара шморгнуць носам i пачухаць прыцярушаную парахнёй патылiцу.
Пiлёт iшоў да машыны як бальшавiк на расстрэл – у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазiраючы праз плячук на кулямётную рулю, – а калi выходзiў зь весьнiц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помсьлiвы голас знаёмай бабулi:
– Таварышы, ён i Лукашэнку лаяў!
...Да лётнiшча ехалi што духу: разганяючы курэй i стукаючыся скронямi аб кулямётную рулю. Маёр наўмысна пасадзiў пiлёта на задняе сядзеньне i даў у рукi зброю. Такiя захады мусiлi пераканаць небараку, што перад iм не паветраныя пiраты, а абаронцы мiрнага неба Садружнасьцi.
Мiж тым выгляд пiлётавы прагнуў спагады: нiжняя скiвiца дробна дрыжэла, вочы заплылi, у валасы ўбiлася саламяная пацяруха, а спусьцiсты лоб баранавалi кроплi хвараблiвага поту, якiя, зрываючыся, цёмнымi плямамi пакрывалi падштанiкi. Пiлёта даймала пахмельле.
Гледзячы на небараку, палкоўнiку манулася дапамагчы хлопцу, падтрымаць шчырым словам, але словы такiя не прыходзiлi ў галаву – палкоўнiк маўчаў i толькi ля самага лётнiшча, згадаўшы пра бабулю, пранiкнёна запытаўся:
– Што гэта за порхаўка... казу пасе?
– Сазонiха, – буркнуў пiлёт, зiрнуўшы ў вакенца, – жыве ў крайняй хаце. Зьвягня, якiх сьвет ня бачыў.
Пiлёт змоўк, а палкоўнiк, узбадзёраны такiм адказам, тыцнуў пальцам у шыбу.
– А гэта што там за шост з абручом?
Не павярнуўшы галавы, пiлёт уздыхнуў, перакрывiўся як ад зубнога болю.
– "Каўбаса" была, ды ветрам падрала.
Уазiк абмiнуў рабую казу, праехаўся па полi i загамаваў у двух мэтрах ад "кукурузьнiка", ля якога завiхалiся два шарагоўцы: чарнявы выцiраў анучкаю перапэцканыя салiдолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве i смалiў цыгарэту.
У самалёта й сапраўды адсутнiчала задняе кола – хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладзьдзi ляжалi падшыпнiкi, патрубкi, кувалда з манцiроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыцiснутая да зямлi блiскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхiнуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты натурморт, а разам зь iм i ўсе палкоўнiцкiя надзеi ды спадзяваньнi.
Палкоўнiк паклаў рукi на цёплую абшыўку самалёта, прыцiснуўся да абшыўкi лобам i заплюшчыў павекi.
Апэрацыя была правалена, але ў душы палкоўнiцкай не было нi жалю, нi роспачы, нi хваляваньня. На душы было лёгка, прасьветлена i чыста. Палкоўнiк уявiў, як ён прыйдзе заўтра ў свой габiнэт, падцягне па старой звычцы гiру старога гадзiньнiка, потым нетаропка сядзе за стол i, ускудлацiўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напiша рапарт. Потым ён прысмалiць цыгарку, падыйдзе да вакна i, глянуўшы долу, убачыць буфэтчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усьмешкай, сарамлiва абцягне спаднiцу i тут жа крутнецца на высокiх абцасiках, падступна агалiўшы крамяныя сьцёгны.