Текст книги "Так і жывём, брат"
Автор книги: Васіль Ткачоў
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 26 страниц)
– Больш яйкі на пост не насі, Міканораўна. Лепш сама з'еш. А пра пост той я ліст, куды трэба, напісаў...
Сцепаніда залякнулася ажно, пачуўшы пра яйкі, прыкінулася дзівачкай:
– А хто вам сказаў, Паўлавіч, пра тое?
– Людзі ўсё, дзякаваць Богу, ведаюць. Не сляпыя. Так што паслухайся мяне. Не насі больш яйкі. Не трэба. А то панясеш, а іх ужо няма... Беражы абутак.
4
У вагончыку іх было двое: сяржант Філанчук і Косцік, таксама сяржант. Трэці, аматар папіць чужыя курыныя яйкі міліцыянер, прозвішча якога было Халікаў, пацёгся ў лес, але не грыбы збіраць...
Ці то мясцовыя шафёры ведалі пра сцежкі-дарожкі і абміналі яго, а такіх магчымасцей у іх мелася нямала, усе сцежкі-дарожкі яны ведалі, ці нешта іншае, але з самай раніцы ніякага руху на дарозе не было, і паставыя сумавалі. Філанчук зрэдку выходзіў на дарогу, чакаў хоць нейкую аўтамашыну, але прагрукатаў толькі дзядок на калёсах. Сяржант хацеў зрабіць яму заўвагу, каб трымаўся правага боку, а тады перадумаў, махнуў рукой і зацёгся ў вагончык. Косцік ляжаў на тапчане, самгнуўшы вочы: драмаў.
– Спіш? – папытаў Філанчук.
Косцік не адказаў – не хапіла, відаць, сілы: навальваўся на яго, мусіць, самы што ні ёсць сон, і ён баяўся, паварушыўшы губамі, спужнуць яго.
– Спі, – дазволіў Філанчук, пасядзеў трохі на табурэце, пагартаў кніжку вершаў, маленькую і тонкую, і прапанаваў Косціку, які, мабыць, і не чуў яго. – Хочаш, я табе вершы прачытаю? Не? Не буду. Калі не хочаш... Не свярбіць, то навошта часацца? У мяне сусед – паэт. Яго раней па тэлевізары паказвалі, а тады перасталі: нешта не тое, кажуць, ляпнуў. Прагналі. А ён можа! У газеце рабіў, і калі адзін заваліў яго сваімі опусамі, дык мой сусед не вытрымаў, шпурнуў тыя вершы яму ў морду і прагнаў з кабінета: лепш пі гарэлку, толькі не пішы! Можа так сказаць, сусед мой, што паэт? Ці прыдумалі? А я думаю, што можа. Я, праўда, з ім блізка не трымаюся, але тады-сяды вітаемся. Ён на мове размаўляе – па-беларускаму... – Філанчук пагартаў кніжку, паглядзеў на Косціка, які драмаў і пыхкаў, бы імбрык. Захроп! Добра, пахрапі, а я на дарозе буду...
Філанчук чамусьці зноў, як перад Атрохавым, выцягнуў з кабуры пісталет, круціў яго на ўказальным пальцы, наводзіў на вагончык, на шыльду, што забараняла ісці ў лес грыбнікам і ягаднікам, і яму так карцела пастраляць, што прама няўсцерп. Ён жадаў нават, каб нехта паспрабаваў напасці на гэты пост, і тады б Філанчук паказаў, дзе ракі зімуюць!..
Аднак ахвотнікаў напасці на пост не знаходзілася, і гэтая акалічнасць пачынала раздражняць Філанчука, бо надта свярбелі рукі, а як пачасаць іх – ён, бедалага, не ведаў.
5
Кіроўца Сірацюк прыехаў у сваю вёску Антонаўка з фіктыўным пуцявым лістом. Добра, што на пасту сяржанту патрэбны быў бензін, таму асабліва не прыглядаўся. І цяпер вось у кузаве "газона" ляжала парожняя каністра на дваццаць літраў, і Сірацюк, кроў з носу, пастарацца абавязкова напоўніць яе палівам, іначай... Ён нават не хацеў уяўляць, што тады будзе яму – страшна падумаць. Тыя хлопцы жартаваць не любяць. Але ж не так проста расстарацца сёння ў Антонаўцы на паліва: дэфіцыт. На калгаснай запраўцы робіць, праўда, сваячка Каця, але яна баіцца згубіць сваё: старшыня паабяцаў, калі хоць адну кроплю пусціць налева, адкруціць галаву, што азначала – пакладзі ключы. Старшыню зразумееш – на паліва няма грошай, калгасу багата хто павінен за малако і мяса, але доўг вяртаць ніхто і не думаў, а тут заканчваецца ўборачная, яна пажэрла ўсё, што толькі было можна, далёка наперад. Так што на сваячку Сірацюк не разлічваў. А яшчэ ж трэба было і ў сваю машыну нешта заліць – не вада ж колы круціць. І чаго, папытаць бы, не заехаў на заправачную, што пры выездзе з горада? Гэта цяпер лёгка дакараць сябе, а тады проста пашкадаваў грошай, захацеў зэканоміць – у вёсцы, палічыў, можна ў мясцовых шафёраў купіць паліва значна танней, і ён рабіў так часцяком. Ды яшчэ гэтыя нахабныя: калгас упершыню застаўся без паліва, якое раней лілося тут ракой. А бензін патрэбны – для таго і прыехаў на машыне, каб зрабіць пару рэйсаў у лес па дровы, бо старым трэба дапамагчы, каб узімку было ім цёпла ў хаце. На машыне ці без яе, але дровы – ягоны клопат, так ужо сталася. А тут не тое што вярнуцца назад у горад праблема, у лес не з'ездзіш: міліцыянеры чакаюць жа сваю каністру, і не паражняком, вядома. Сірацюк думаў-гадаў, што гэта там за паставыя такія – даішнікі, падобна а мо і не, можа які экалагічны пост ці яшчэ што там, цяпер навыдумлялі гэтых міліцыянтаў процьму – і не мог даўмецца, але ў адным быў цвёрда перакананы: школа ў іх адна, таму экзамен трэба ўсё ж здаваць, не ўвільнеш. Каб яшчэ хоць гэтую каністру не падсунулі... бляха-муха!
У каго не пытаўся наконт бензіна Сірацюк, чуў адно кароткае, але пякучае, бы з патэльні знятае, слова: няма! Не мог выручыць і бацька, толькі паціскаў плячыма, чухаў патыліцу. Але не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Прыехаў у Антонаўку бліжэй к вечару таксама на службовым "газоне" сусед Валік Семчанка, у адным горадзе жывуць і працуюць, і сур'ёзна зламаўся: паляцела хадавая. А бак поўны. Дамовіліся зліць бензін, а пакуль Семчанка будзе рамантавацца, што-небудзь прыдумаюць. А з'ездзіўшы ў лес, Сірацюк дапаможа яму. Можа і так атрымацца, што давядзецца ехаць у горад па паліва, аднак жа пропускам туды павінна стаць поўная каністра. Хоць можна было і аб'ехаць. Можна – іншым, таму ж Семчанку, толькі не Сірацюку, бо трапіў у сіло моцна. Не, каб жа аб'ехаць, як іншыя. Дурань! Пцьфу!..
У лес рашылі ехаць на грузавіку, адразу пілаваць і загружаць дровы, ды там хапае і гатовага ламачча, будзе відаць, а потым адна брыгада павязе лес у вёску, а другая будзе нарыхтоўваць. Паехаць у лес падахвоцілася некалькі мужчын, якія туляліся без занятку, таму рабочых рук хапала.
І паехалі.
6
Можна сказць так пра гэты пост: ён створаны для таго, каб людзі бачылі, што ёсць міліцыя, што яна працуе... каб, як кажуць, карась не драмаў. Так, браткі, так. Нават дзед Міхей, збіраючыся ў бальніцу да сваёй бабкі, паглядзеў, ці ёсць затычкі ў колах, праверыў, ці ўсе спіцы. Адной, праўда, не было, аднак стары махнуў рукой: а мо і не звернуць увагі на пасту, не грузавік жа! А калі набліжаўся Міхей да вагончыка, адчуў, што хвалюецца. Во, хвароба на яго, як чалавек гэты злеплены! Ну хто ён міліцыі? Пенсіянер, бяззубы і сухі, як трэска, у чым толькі і душа трымаецца, тут і жыць засталося... А як убачыў міліцыянера каля вагончыка, затрымцелі лыткі. Стары паспачуваў шафёрам: тым і сапраўды не пазайздросціш. Гэта ж трэба мець такую моц той міліцыі, што баішся яе страшней, чым смерці. І праўда ж: скажы, што заўтра загавееш, Богу душу аддасі, і толькі паціснеш плячыма, уздыхнеш-выдыхнеш: пара дык пара. І ўсяго. А тут – лыткі трымцяць!..
Калі дзед Міхей наблізіўся да паста, сяржант Філанчук паказаў яму знак рукой: стоп! Стары паслухаўся, а сам падумаў: "Што яму, анціхрасту, трэба?" Міліцыянер загадаў пад'ехаць бліжэй. Пад'ехаў. Ні слова ні паўслова не сказаўшы, сяржант агледзеў калёсы, на якіх сядзеў, падклаўшы пад мяккае месца бярэмя сена, Міхей.
– Твой транспарт трэба, – сказаў сяржант, узяў у старога лейцы. – Адпачні пакуль, дзед.
Міхей заўпарціўся:
– Э-э-э, куды!? Мне некалі! У бальніцу еду, да бабкі сваёй. Аперацыю зрабілі ёй. Вітаміны вязу.
– Бабка пачакае, – сяржант Філанчук сядзеў ужо на месцы дзеда Міхея, а той таптаўся, нічога не разумеючы, каля калёс, атрасаючы рэшткі сена з портак. – Адпачні. Я скора. Пяць хвілін туды, пяць назад... У лес з'езджу. У туалет. А то ў нашым не павярнуцца. Не хвалюйся, стары. Пасядзі. Там, у будцы, Косцік спіць, разбудзі яго, дзед. Разбудзі, чуеш!
Дзед Міхей махнуў галавой і папярэдзіў міліцыянера, каб не замардаваў каня, бо ён для яго – само жыццё, і калі што здарыцца, крый Божа, стары такога не перажыве. Але той нічога яму не адказаў, а шлёгнуў каню па распаранай спіне лазінкай, што тая ажно пераламілася:
– Нэ-э-э!
Косцік, калі яго пакратаў за рукаў Міхей, злёгку здрыгануўся, але не адразу расплюшчыў вочы, а калі глянуў на старога, уставаць не спяшаўся: прыходзіў у сябе, разбіраўся, дзе ён і што ён. Ачуняў нарэшце. Лыпнуў вачыма, ускочыў:
– Выпіць хочаш?
– Вып'ю, – пагадзіўся стары. – Тым больш, што калі баба з бальніцы лаяцца пачне, скажу, што з міліцыянерам піў. Даруе. Гэта з Цімкам ці з суседам Язэпам калі клюкнем, то яна на дыбкі, бывае, становіцца. А з вамі даруе, акурат так. Яшчэ і пахваліць: глядзі ты, і міліцыянер цябе ўважыў! Не абы хто!
Косцік нічога не гаварыў, толькі пазяхаў, шырока разяўляючы рот і дэманструючы белыя, як часнок, зубы, корпаўся ў невялічкай шафцы – неўзабаве на століку з'явілася пачатая пляшка гарэлкі, дзве чаркі, цыбуліна, некалькі яек і скрылікаў сала. Забулькаў у чаркі, загадаў Міхею:
– Куляй, дзед.
– Кульну, – стары, не раздумваючы асабліва, выпіў гарэлку – яна аказалася не з крамы, а была самаробная.
– Пайшла? – праглынуўшы пітво, папытаў у старога міліцыянер.
– Як брахня па сялу... Фу-у! Добрая. І сала смачнае.
– На халяву, дзед, і воцат салодкі. Яшчэ будзеш?
– Доза, доза! – замахаў рукамі на міліцыянера Косціка Міхей. – І за гэтае дзякуй. Колькі і жыву, а з міліцыянерамі п'ю першы раз. Не падпускалі блізка. А на канцы веку, бач ты, і пашэнціла, ядры тваю ў корань! Самасадзіку не пагрэбуеш майго, га?
– Тут не чадзі, – толькі і сказаў Косцік, выйшаў на ганачак, павагаўся на мысках чаравікаў, прычыніў за Міхеем дзверы, які прасунуўся паўзбоч яго, і больш не ўважыў таго ніводным словам.
Маўчаў і стары, толькі раз-пораз паглядаў на лес, дзе колькі часу назад знік сяржант на ягоным кані...
Пакуль не вяртаецца.
Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?
7
У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі – у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль – бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў – не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення – прыемнага, трэба разумець – ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.
Дзяўчына пайшла дадому ранкам, а Косцік, праводзячы яе вачыма, брыдка плюнуў:
– Прастытутка! Бервяно! Вучыцца яшчэ ды вучыцца!..
Філанчук жа, пачуўшы яго, паабяцаў:
– Навучым!
– Давядзецца-а! – зарагатаў Косцік і падказаў Філанчуку ўбіць кол з шыльдай, якая б забараняла збіраць у лесе грыбы і ягады, а то, маўляў, сам разумееш, не дзіця, пра будан шмат людзей будуць ведаць, ды і зазірнуць цікаўныя ў самы непатрэбны момант могуць – што тады? Такога нельга дапусціць! Будан – наш!
У той дзень да будана сяржант Філанчук пад'ехаў на кані, а Сцяпан Пырх, чалавек сталага веку, разважлівы і адумны, які падмеўся бацьку Сірацюка дапамагчы прывезці з лесу дроў, прытупаў на сваіх дваіх: спазніўся на грузавік. Ідучы паўз будан, Пырх убачыў каня дзеда Міхея, паклікаў старога, але замест яго з будана выглянуў сяржант Філанчук, спадылба глянуў на Пырха:
– Вон адсюль! Ну!
Пырх, хоць і не з палахлівых, але з міліцыяй вырашыў не звязвацца, нічога не адказаў, а моўчкі пашоргаў па жухлай восеньскай лістоце на тое месца, дзе павінен быць грузавік з людзьмі. Аднак яго слых, колькі ішоў, рэзаў прыцішаны дзявочы воклік, які ўхапіў ён краем вуха пры падыходзе да будана, і быццам бы яшчэ наступныя словы: "А, між іншым, ты мне згвалтаваў... Ты!.." Голас той яму здаўся знаёмы, ён недзе чуў яго, але чый – не мог даўмецца, хоць трэсні. Во каб глянуў на твар дзяўчыны – адразу б сказаў... А так заставалася толькі гадаць-думаць... Вісіць на языку, а сплюнуць не атрымліваецца. Цьфу ты!..
Усё гэта не давала спакою Пырху, і, апынуўшыся на дзялянцы, дзе звінела бензапіла і стукалі сякеры, ён адчуў, што ўзмакрэла спіна, пераняло дых – як не заслупіла.
– Фу-у! – выдыхнуў ён, прыхінуўшыся да сасны. – Мужыкі! Мне здаецца, што ў будане робіцца нешта не тое... Схадзіць трэба. Хто са мной?
Мужчыны насцярожана глядзелі на Пырха, перакідваліся кароткімі позіркамі паміж сабой, і, здавалася, нічога не разумелі. Што ён, Сцяпан, за бязглуздзіцу вярзе? Дык, здаецца ж, цвярозы. А ў будане?.. Праўда, там і раней, кажуць, маладыя людзі цешыліся. Але хто бачыў? Не, трэба, трэба нарэшце падпаліць гэты будан к чортавай матары, ды і ўся размова на тым!
– Што, смелых няма? – зноў глядзеў на мужчын, чакаючы, Пырх.
– Схадзіць яно можна... – неяк няпэўна зморшчыўся яго равеснік Котаў. – Дык а дровы? Чаго мы ў лес прыехалі? Буданы пільнаваць?
Пырх не здаваўся:
– Дровы пачакаюць.
– Дык як, мужыкі? – папытаў Котаў.
Нехта прапанаваў перакурыць, а жадаючыя, калі такія ёсць, могуць схадзіць сабе і на экскурсію да будана. На здзіўленне Пырха, за ім пайшлі ўсе, акрамя бацькі Сірацюка: ён застаўся пры машыне і торбе з выпіўкай і закуссю. З машынай нічога не здарыцца, а вось торбу могуць прыхапіць...
Каля будана па-ранейшаму стаяў конь, прывязаны лейчынай да дрэва, а з міліцыянераў нікога відаць не было. Вусцішна. Але цішыня трымалася нядоўга, яе парушыў гнеўны голас сяржанта Філанчука – з будана:
– Вон адсюль, я сказаў! Ну-у! Пальну-у!
Людзі не рухаліся, стаялі, думалі, што ім рабіць далей. Няўжо і сапраўды можа стрэліць? Гэта справа няхітрая. Але ж за страляніну без дай прычыны па галоўцы не пагладзяць. Ці могуць прапусціць міма вушэй і вачэй? Але і стрэліць можна па-рознаму – у паветра, у чалавека. Няўжо... у чалавека асмеліцца? Але за што?
Патрабаванне з будана паўтарылася:
– Вон адсюль! Тры разы не паўтараю-ю!..
Сірацюк памахаў на мужчын рукой, каб схаваліся, а сам падкраўся да будана ззаду і чыркнуў запалкай – полымя адразу ж пачало лізаць вострымі язычкамі сухое сена, шуганула ўгору, і не паспеў Сірацюк падбегчы да мужчын, як завішчэла ў будане дзяўчына, а неўзабаве выскачыла адтуль у чым маці нарадзіла, губляючы транты, на якія наступала нагамі, бо тыя, наспех схопленыя, цягнуліся па зямлі... Дзяўчына спалохана зіркала па баках, а калі зразумела, што нікога паблізу няма, похапкам пачала апранацца. За ёй выляцеў з будана сяржант Філанчук, але ён быў апрануты па ўсёй выпраўцы – не мітусіўся і таму паспеў зацугляць сябе нават у партупею. Адразу ж адвязаў каня, ускочыў на калёсы і агрэў жывёліну лейчынай на баку:
– Нэ-э!
Дзяўчына кінулася ўслед, на хаду трапляючы нагой у чаравік:
– А я?! Пашка-а! А я?!
Сяржант Філанчук нават не азірнуўся. Пырх жа сказаў у бок дзяўчыны з непрыхаванай непрыязню:
– Сука! А я чакаю яе дома бульбу капаць... Няхай бяжыць услед. Пайшлі, мужыкі, лес пілаваць... на дровы...
8
Пост ліквідавалі ў тую ж восень. Калі былы школьны дырэктар ішоў ужо з новым кошыкам па апошнія восеньскія грыбы, то прачытаў на вагончыку напісанае вялікімі аршыннымі літарамі – белым колерам: "Прыбралі сабак – прыбярыце і будку!"
Жартаўнікі, аднак!..
1993 г.
ДА НЕБА КАМЕНЬ НЕ ДАКІНЕШ
1
Добра, здаецца, ведаю я сваіх землякоў, а не перастаю іншы раз здзіўляцца: быццам толькі і знаюць яны, што хлебчык вырошчваць, дзетак песціць-гушкаць, а калі час падаспее – і ў салдаты іх праводзіць, а потым сустракаць такім жа парадкам, з чаркай і з крыкліва-пісклявым гармонікам, але, бывае, нахопіцца ў іхнім жыцці, як той віхор сярод белага дня, такая сітуацыя, што ахнеш-охнеш, насмяешся і наспачуваешся, паспявай толькі слёзы прамакаць насоўкай. І тады ўся мая Гута жыве адчуваннем нечага новага, свежага, смачнага. На тварах людзей – заўсёды сур’ёзных і заклапочаных – запальваюцца, бы лямпачкі ўвечар, лагодныя ўсмешкі. Гэта ж добра, што так. Вось тады і я зайдрошчу землякам, нават, прызнаюся, крышачку шкадую, што жыву-таўкуся ў гарадскім тлуме. Але, дзякаваць Богу, не забываецца гэты маленькі куточак бацькоўскай зямлі, і чым жывуць людзі – жыву і я, а яшчэ ўмудраюся расказаць пра іх іншым.
Як вось і на гэты раз.
Гатовы паслухаць?
2
Кінамеханік і паштальён Мішка Арынавіч – ён дзве пасады займае ў нашай Гуце – і сам ніколі не мог, пэўна ж, падумаць, што пуцёўка на курорт, якую ў тэрміновым парадку ўручыў яму прафсаюз на адным, вядома ж, з працоўных франтоў, пераблытае ўсе карты, з ног на галаву паставіць вёску. Атрымалася ж якраз так. Адпраўляючыся ў Адлер, Арынавіч, паколькі чалавек ён адзінокі, прыглядаць за хатай і свойскай жыўнасцю даверыў Трафіму Кіпціку, дэманстраваць у клубе кіно – Ігнату Амерыканцу, а разносіць паштовую карэспандэнцыю прысобіў Ягора Чапуху. Размеркаваўшы, такім чынам, абавязкі, Арынавіч падняў запэцканую шклянку, глянуў на мужчын, у руках якіх было тое ж, што і ў самога, гучна і афіцыйна сказаў:
– Сябры мае! Аднавяскоўцы і аднадумцы! Думаеце, лёгка мне, забяры яго д’ябал, ехаць у той Адлер, каб ён спрах? А трэба. Трэба, браткі! Прафсаюз уважыў мяне як перадавіка вытворчасці, а перадавікамі, самі разумееце, не нараджаюцца. Імі становяцца. І хіба ж я, вось вы скажыце мне, вінаваты, што стаў ім... гэтым... як яго?
–Перадавіком,– падказаў Амерыканец.
–Правільна ... перадавіком,– падхапіў Арынавіч, ён часцяком не ўспамінаў словы, што павінны ісці наперадзе, калі выпіваў звыш нормы. –Дык вы ўжо выбачайце, што ўзваліў на вашы кволыя плечы лішні клопат, але ж Мішкапачастуе вас яшчэ больш, чым сёння, калі вернецца...
– Вяртайся, Мішка, жывы і здаровы,– пажадаў Кіпцік і потайкам хлюпнуў носам.
– Я вам, забяры яго д’ябал, прывязу з таго курорту, вы толькі добра глядзіце тут, каб камар носа не падтачыў, закусіць не скрыль сала прагорклага, а які-небудзь далікатэс,– паабяцаў Арынавіч і пахіснуўся, але яго падтрымаў Чапуха.
– Стаяць!– сказаў Чапуха і вылаяўся.
– У мяне ўсё,– уздыхнуў Арынавіч, па чарзе пацалаваў кожнага з мужчын – па тэлевізары ён бачыў, як гэта робіцца – і не з першай спробы падхапіў чамадан з зямлі, што валяўся на гарышчы з таго часу, калі Мішка ездзіў вучыцца ў горад на кінамеханіка, а цяпер вось і спатрэбіўся. – Чакайце. Мішка, забяры яго д’ябал, на тым курорце спраў наварочае і вам раскажа. Ну, мужыкі, трымайцеся тут, а я , так і быць, адчальваю. Пара. Пара ў шлях дарогу-у-у!..
Арынавіч, стараючыся ступаць цвёрда і непахісна, пачыкільгаў у бок крамы, дзе на крузе спыняецца аўтобус. Кіпцік, Амерыканец і Чапуха ўспомнілі пра шклянкі, у якіх было, пераглянуліся і моўчкі пракаўтнулі пітво.
За Мішку.
3
Раніцай наступнага дня Кіпцік адразу ж прытупаў на свой аб’ект – двор Арынавіча. У галаве камары таўклі мак. Пасля учарашняга. Бывае. На тое і мужык – перахварэць трэба. Але тое, што ён ўбачыў, не ідзе ні ў якое параўнанне з галаўным болем. На Кіпціка касавурыліся, бы жывыя, выбітымі шыбамі вокны. Каля будкі, з якой звычайна выглядваў прагны да людской ласкі лянівы сабака Швагер, ляжаў на траве ланцужок, падобны на бікфордаў шнур, які хтосьці перарэзаў. Гэта яшчэ паўбяды ў параўнанні з курамі, якія, усё роўна як хмаркі на чыстым небе, ляжалі па ўсім двары.
Схопішся тут не толькі за галаву. Шыбы выбіты... Куры атручаны... Сабака Швагер даў лататы...
– Хто-о-о? – затрос кулакамі Кіпцік. – Забіць вас мала-а-а! Хто-о-о? Не быць казе на вазе. Аднойчы даверылі адказны пост – і на табе, апраставалосіўся. Ну, што я чалавеку скажу? Як у вочу гляну? А збіраўся ж... як і належыць дакласці. Па ўсёй страявой выпраўцы. Як у арміі. Па статуту. – Ён прыняў стойку «смірна», прашоргаў затым па зялёнай траўцы страявым крокам, спыніўся, прыклаў руку да скроні. Паколькі адзін палец не выпраміўся, Кіпцік разагнуў яго левай рукой. – Таварыш Арынавіч! За час твайго курорту здарэнняў не адбылося! Куры наняслі два вядры яек... па кулаку кожнае. Не, ты не падумай, Амерыканцаў індык тут не пахадзіў. Добра, што верыш. Хата, значыць, у поўным парадку. Сабака спіць у будцы, на чужых і розных падазроных – шчэрыць зубы і гырчыць. – Але ўспомніўшы, што адбылося, Кіпцік зморшчыўся, махнуў рукой і апусціў азадак на лаву. – І трэба ж!.. Каб знаў, што ўпаду, ляснуся, то сеў бы. Сеў бы, гэта факт. Хоць на табурэт, хоць у лужу... У лужу? Гм, у лужу... Я што, дурань?
– А то хто ж ты?! – укацілася на падворак Груня, вырачыла на мужа вочы. – Я цябе пасаджу! У такую лужу, паразіт, што не ўстанеш! А божачкі! І пярнатых! А божачкі! Што ж гэта будзе? І зваліўся ж ты на маю галованьку, Кіпцік праклятушчы!
Кіпцік, скасіўшы вочы, глянуў на жонку, паспрабаваў прытупнуць нагой, але пабаяўся, і толькі ціха сказаў:
– Ш... ша. Ш... ша.
А Груня, не звяртаючы на мужа ўвагі, екатала:
– І павылазілі б у мяне вочы, калі я за цябе замуж у сельсавет ішла! Колькі жыву ад мук-страданняў не пазбаўлюся! З даўгоў не вылезу! Знімай штаны!
Ад пачутага Кіпцік ікнуў і паморшчыўся:
– Ты што? Ты што?
– Знімай!
– Я ж, Грунечка, пільна вахту нёс, – здрэйфіў Кіпцік, бо ведаў, што з ягонай Груняй жартачкі кепскія. – Не спаў. Не. Ага.
– Брэшаш!
– Клянуся, сонейка маё!
– Каб не дрых – усцярог бы!
Кіпцік прытворна скрывіўся, развёў рукамі:
– Не атрымалася – вось... Але стараўся. Заўваж: стараўся! Адно вока заўсёды цёр, каб яно з другога прыклад не брала. Так-так, Груня. Павер, сонейка...
– Ці ты, можа, не ў гэтай хаце адно вока цёр? У Лідкі, можа, цёр? – Груня выпяла грудзі, прытупнула нагой, чаго пабаяўся зрабіць колькі хвілін назад сам Кіпцік, замахнулася праўшой. – Ну, у каго пытаюць? Язык праглынуў?
– Што ты! Што ты!
– Знімай штаны!
– Ох і смала ж ты, жоначка! Ну навошта знімаць штаны? – Кіпцік таптаўся на адным месцы, паказваў вачмі на браму і рэдзенькі паркан. – Светла... Дзіркі ж вунь...
Але ж хіба Груні што дакажаш, і яна працягвала сваё:
– Навошта, пытаеш, знімаць штаны? То скажу, так і быць: я імі вокны затыкну-заканапачу. «Светла», «Дзіркі ...». Ты пра шыбкі думай!
– Не хопіць маіх штаноў... портак.. ага. Гэта каб тваю спадніцу ўзяць. Яе б хапіла. З гакам, – выдыхнуў з сябе Кіпцік.
– Ой, людзі!–З лёгкім дакорам заківала галавой Груня. – Ён яшчэ і хвост петушыць, Кіпцік мой. Вы чулі? Ой, людзі! Адны ж страты... з табой, а не жыццё! Цьфу!
Нічаго не паробіш, трэба ісці на прэмірэнне. І Кіпцік, хоць і з цяжкай галавой, гэта разуммее:
– Ты... ягадка мая балотная... кветачка палявая... не псуй нервовую сістэму... а ўсё астатняе – прыкупім. Усё прадаецца, а нервы ў вялікім дэфіцыце. Ёсць у краме і шкло, і... і...
Жонка ж на яго, здаецца, зусім не зважала, яна, хутчэй за ўсё, прыкідвала, у што абыдзецца для сям’і мужавага вартаніўцтва і ад гэтай думкі жанчыне было млосна.
– А божачкі! – скрыжаваўшы на грудзях рукі, соўгалася па двары Груня. – І навошта Мішку Арынавічу іх столькі разводзіць было, нясушак тых? Адзін жа жыве, адзін! А навошта яму таго сабаку пляшывага было трымаць? На маю, на маю галованьку. Колькі б ён сам тых курэй і яек з’еў? Каго карміць збіраўся?
– Горад! Хвала і слава Арынавічу! – торкнуў угору рукой Кіпцік, а другой круціў у кішэні жонцы дулі.
– Менш гавары – больш пачуеш, – уладарна сказала Груня.
– Гавары не гавары – труба дзела, – паморшчыўся Кіпцік. – Труба. Хоць сікісь-накісь, хоць накісь-сікісь. Ну што цяпер – паміраць?
– Ты памрэш! Ты мяне хутчэй у труну загоніш!
– Я ж... Я ж, Грунечка, люблю цябе... ага... кахаю нават...– Кіпцік пацалаваў паветра. – Усім сэрцам.. душой...
Груня раздражнёна затрэсла галавой:
– Дзе яно, тваё сэрца? А душа? Эх ты, Кіпцік! Марнатравец ты . Шалапут.
– Во, во, дагаварылася, – крыва ўсміхнуўся Кіпцік. – Ды дай мне толькі зубы ўставіць. Ух! Я табе тады ўсю маладосць вярну. Ага.
Груня падставіла да вуха мужа сваё:
– Што-што-што?
Кіпцік адвярнуўся:
– А ты пра шкло нейкае. Пра курэй. Пра Швагра. Ды хай яно ўсё гарам гарыць! Адкінулі капыты – туды ім і дарога!
– Не, вы чулі? Вось так і ўсё жыццё. Зробіць – і выкіне. Раскідон!
– Хто гэта раскідон? Я? Гаўкай ды не кусай. Мне, думаеш, соладка, калі так вось усё... кісь-накісь... Шурупіць трэба. А ты жменямі соль на балячку... Эх, жыццё!
– Соль? Я табе падсыплю яшчэ і не таго. Вось прыйдзем толькі дадому...
– А я не пайду!
– Чаго ж так?
– Ты мне сюды дыету прынось, а я з вахты ні на крок. – Кіпцік прытупнуў нагой, нібы цвік убіў абцасам. – Тут стаяць буду. Падпільную, нікуды ён не дзенецца, супастата. Ён жа не ўсё яшчэ пашкодзіў. Дах цэлы, на верандзе вунь шыбкі цалюткія... прыйдзе. А я яго – цап! І за каўнер! Ідзі, ідзі, галубчык, сюды! Давай, давай! Злачынцу заўсёды цягне на тое месца, дзе набедакурыў. Ты мне, Груня, сюды харч пастаўляй, сюды...
– А курэй скубі і еш, – сказала Груня і патупала на веранду.
Кіпцік моўчкі склаў курэй у кучу.
– А тут што робіцца! А тут! – пачуў ён пагрозлівы жончын голас з веранды. – А бутэлек! Не пераступіць! Дык вось ты чым тут займаўся, вартаўнік ліпавы?
«Трэба было б прыбраць», – падумаў Кіпцік, а жонцы крыкнуў:
– Ды не мае гэта! Не мае!
– Ты прызнаешся. Як рабіць што карыснае – язва, а жлукціць – масцір. Дыету яму сюды прынось... Я пакажу табе дыету – усё астатняе жыццё ікацца будзе.
– Якая цешча, такая і дачка, – буркліва сказаў Кіпцік.
– І каньяк грузінскі піў! І каньяк!
– Ад сабакі блін не з’ясі.
– Адзін сурагат. І адкуль жа твайму здароўю быць, п’яніца ты з першай шарэнгі?
Бутэлькі паляцелі на падворак. Кіпцік сеў каля кучкі курэй, закурыў, і працягваў весці перапалку з жонкай:
– І кот бы піў, каб хто наліў.
– І колькі іх выкідваць можна? Ай-я-яй! Вось ты тут чым займаўся, вартаўнік без стрэльбы. Каб на цябе радыкуліт да язвы ў прыдачу! Каб на цябе сто хвароб адразу прыляпілася!
– Што мне сёння, то табе заўтра.
Груня выглянула з веранды:
– А гэтую прыгожую пляшку дзе ўзяў? У нашай краме такіх спакон веку не вадзілася. Чаму маўчыш? У цябе пытаюць!
– Я ж кажу: не мае, – лагодна мовіў Кіпцік. – Я што – у горадзе калі быў?
– Няўжо Мішка так п’е? – уразілася Груня і прыціхла.
– Не ведаю, – паціснуў плячыма Кіпцік. – У сведках не лічуся. І сваіх не выдаю таксама. Ляжаць – няхай ляжаць. Есці не просяць. Вось прыедзе Мішка, здасьці пляшкі – і купіць курэй. А ты расквакталася-раскудахталася. А хочаш і я здам. Адважуся – і здам.
Гэтая ідэя спадабалася Груні:
– А што? І здай, і здай, Кіпцічак, Атрахімка мой...
Кіпцік паскроб за вухам, сумна сказаў:
– Мая тут усяго адна...
– Усё ж піў?
– А я што – святы? І рот у мяне ёсць. Бачыш? – разявіў рот.
– Няйначай самая вялікая бутэлька – твая? Вось гэтая?
– Мая маленькая. Чакушка, – прыплюснуў вока Кіпцік.
– Каму галаву тлуміш? Дзе ты бачыў, каб цяпер маленькія выпускалі? Дзе? Піць дык піць. Піце, людзі, атруту. Хутка пачнуць, відаць, у трохлітровых слоіках гарэлку прадаваць. Як сок бярозавы. Во ўжо дзе мужыкам радасці будзе – пакуль жа дно не ўбачыце...
Кіпцік пасмялеў:
– Цябе спыніць ці сама на тормаз націснеш? Ты лепш бы схадзіла ў краму. Нядобра ўсё ж атрымліваецца...
– Ты пра што? – насцярожылася Груня.
– Жывыя істоты куры. Памянуць трэба. Памянем, а тады я і прыкапаю іх. Чын па чыну. Ну, чаму стаіш?
– Маўчаў бы ўжо, ёлуп! Маўчаў бы! Такога натварыў, а яшчэ і язык у роце варочаецца! Хапае ж во сумлення!
– На тое і вір: калі і ўмелага закруціць, а калі і няўмелага на бераг выкіне.
І раптам, як гэта часта бывае ў апошнюю хвіліну, Груні прыйшла ідэя. Чарговая. Яна ўспляснула рукамі:
– Кіпцічак мой! Пачакай! Не спяшайся! Пачакай, родненькі! Ты ніяк курэй закапаць надумаўся?
– Ну. Акурат так.
– Не дазволю!
– А што, ты іх есці будзеш? – тут ужо сур’ёзна спытаўся Кіпцік.
– Выклікай міліцыю, няхай акт складаюць, злачынцаў шукаюць, – цвёрда і пераканаўча сказала кабета.
Кіпцік не на жарт задумаўся:
– А што? Але не, не трэба, мусіць. Атрад, думаеш, іх тут, злачынцаў? Я сам яго знайду...
– Ты?! – жонка нават засмяялася.
– Знайду– не адступаў Кіпцік.
– Не смяшы курэй... Цьфу! Людзей не смяшы. Ты знойдзеш. Ты зубы свае раніцай шукаеш, а ці заўсёды сам знаходзіш? Сышчык!
– Калі захочаш выцяць сабаку, то друк знойдзеш, – сказаў Кіпцік і ўспомніў пра сабаку, пачаў клікаць. – Швагер! Швагер! На-на-на!
– Слухай сюды, «на-на-на», – тузанула мужа за рукаў Груня. – Рабі так, як я табе раю: бяры, Кіпцік, адну чубатку, для экспертызы, сядай на аўтобус і ляці ў міліцыю. Ну, уявім, знойдзеш ты сам? І што далей? Пальцам крывым сваім паківаеш – і ўсё, увесь разлік. Ударыць нават нельга. Пысу намыліць. Закон не на тваім баку. А так яны, міліцыянеры, прымусяць злачынцу і за курэй заплаціць, і за шыбкі. Зразумеў?
Кіпцік уважліва выслухаў жонку, зноў паскроб за вухам, памяркоўна сказаў:
– Больш грошай праездзіш у тую міліцыю, чым каштуюць усе атручаныя куры і шыбкі разам узятыя.
– Едзь! – прагучаў, як стрэл, над ягоным вухам голас Груні.
– Можа не трэба? – адхрышчваючыся ад жончынай ідэі, паглядзеў на яе сумнымі вачыма Кіпцік. – Няўжо ў нашай Гуце я таго супастата не знайду? Дзе ён тут можа схавацца? У якім кусце? Пад які корч галаву засуне, га?
– І што ты за чалавек такі, Кіпцік? Хоць кол на тваей лысай галаве чашы, а ты адно і тое ж. Ну шукай, шукай, а я пабачу... хоць не ўсіх людзей ваўкі паелі – ёсць яшчэ, можа яны і дапамогуць. Як жа ты адзін на чыстую ваду таго злачынцу выведзеш, гора ты маё? – Груня прамакнула слязінку на шчацэ ражком хусткі. – Шукай, Атрахімка, шукай яго, гада. Ну гэта ж трэба так нашкодзіць, людцы родненькія! Гэта ж трэба!..
Кіпцік узяў рыдлёўку, запіхнуў курэй у мех, ускінуў на плячо.
– Не заўсёды добра сеўшы добра едуць, – сказаў жонцы. – Ён у мяне прыедзе. Я ў канец агарода, на выган. Курэй прыкапаю. А ты тут павартуй. Дажыліся – не пакінеш на пару хвілін жытло. Нехрысці. Толькі Швагер, калі заявіцца, можа цябе напалохацца і зусім збегчы. Ты ўжо ласкава, ласкава з ім. А калі будзеш гыркаць, як на мяне, то памінай чым звалі. Сабака табе не я. А лепш у хаці сядзі і ў акно назірай... у разбітае... вунь у тое... у крайняе... З яго ўвесь двор – што на далоні.
– Куды ўжо назіраць цяпер, Кіпцік ты недароблены? – Груня узбурылася на высокі ганак, цяжка ўздыхнула, махнула на мужа рукой. – Нясі ўжо курэй. Нясі. Цікава толькі мне, як ты перад Мішкам, ёлуп, апраўдвацца будзеш?
Кіпцік ужо не чуў яе слоў – ён шыбаваў па агародзе з мехам на плячах, а рыдлёўку выстаўляў наперад, бы сляпы – кіёк...