355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Васіль Ткачоў » Так і жывём, брат » Текст книги (страница 16)
Так і жывём, брат
  • Текст добавлен: 9 мая 2017, 07:30

Текст книги "Так і жывём, брат"


Автор книги: Васіль Ткачоў


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 26 страниц)

– Ведаць не ведаю!

Кацька цмокнула ўсё ж старога ў шчаку, але і гэта не дапамагло – на другі дзень яе ўчынак разбіралі на сходзе ў цэху. Сход сабралі не спецыяльна, каб наладзіць кранаўшчыцы Кацьцы прачуханку, не, так супала, што ён быў запланаваны, назбіралася шмат вытворчых пытанняў, якія трэба было неадкладна вырашаць, а ў канцы і пра яе ўспомнілі.

– Давай, Міхалыч, што там у цябе? – паглядзеў на старога начальнік цэха Лісаў.

– А што дакладваць? – крыху сумеўся стары, патаптаўся на месцы, глянуў на Кацьку, твар у якой запунсавеў – кветкі на клумбе пачалі прадаваць. – Зацікавіўся я, значыць, хто б мог пакасціць. Хлапчукі, думаю. Шпана. А тут, бачу, Кацька рве. Кацька-а. Вось яна самая... – Міхалыч паказаў на дзяўчыну вачамі. – Я за тэлефонную будку – нырк, назіраю...

У зале пачуўся смех: многія, відаць, уявілі, як нырнуў за тую будку кручкаваты дзядок.

А Міхалыч працягваў:

– Не дзеўка, а хлапчынка нейкі гэтая Кацька. Яно ж і праўда, людзі: на кран той хіба дзеўка ўскараскаецца? У мяне б у самога шапка звалілася.

Зноў пачуўся смех.

– Міхалыч, па сутнасці, па сутнасці гавары, – больш строга напомніў старому начальнік цэха

– Дык па сутнасці і кажу, – трохі пакрыўдзіўся стары. – Дык я і кажу... Тым разам, на жончыным якраз дзяжурстве, шыбу выбіла... Бутэлькай...

Нехта прысвіснуў: во дае Кацька!

Стары сеў.

– Кацярына, ты дзе? – быцам не бачыў, дзе стаяла кранаўшчыца, пашукаў яе вачыма Лісаў. – Раскажы ўсё сама. І пра кветкі, і пра выбітую шыбіну. Давайце Кацярыну паслухаем.

Дзяўчына паднялася – маленькая, шчупленькая, падзьмула на пасмачку валасоў, што звесілася на лоб, ціха мовіла:

– А што мне вам сказаць? – Вытрымаўшы паўзачку, паспрабавала ўсміхнуцца. – Рвала кветкі... Міхалыч бачыў, не дасць схлусіць. І шкло разбіла... бутэлькай...

– Яна хоць поўная была ці не? – хіхікнуў нехта.

– Поўная, – з твару дзяўчыны амаль зусім знікла чырвань, ён пасур’ёзнеў, падабрэў. – Як наліць. І дарагая – камерцыйная. Я, праўда, бутэльку разбіць хацела – не шкло. Так атрымалася. Але ж я сама шкло паставіла. Так, Міхалыч?

Стары схамянуўся, крэкнуў:

– Гэта праўда. Сама.

– Дык, а што ж ты хочаш, дзед? З кім не бывае? – заступіўся за Кацьку вусаты хлопец, што сядзеў недалёка ад яе. – Думаеш, калі дзяўчына малая, то яе і пакрыўдзіць можна? Кацька, дай дзеду здачы!

– Міхалыч не вінаваты, – спакойна сказала Кацька. – Ён пры выкананні. Яму, можна, і дзякуй трэба сказаць, што пільна на вахце стаіць. І я, відаць, таксама не вінавата. З бутэлькай да мяне жаніх прыходзіў... Ну, адзін раз можна... але ж не кожны! Не трэба мне жаніх з бутэлькай. А кветкі? – Яна крышачку разгубілася, сарамліва паглядзела ў прэзідыум, па баках. – Я кахаю Толіка... Хацела яго схадзіць, папрасіць прабачэння... З кветкамі. Я люблю кветкі... А яны, ведаеце самі, цяпер дарагія... а грошы нам не плацяць за работу ўжо другі месяц. Прабачце... Я больш, таварышы дарагія, не буду... Даруйце...

Начальнік цэха барабаніў пальцамі па стале, дзед Міхалыч глядзеў некуды сабе пад ногі, прылізваючы растапыранымі пальцамі пучок валасоў на лысай галаве, той-сёй перашэптваўся...

– Хлапчынка, ты хлапчынка, – пахістаў услед галавой Кацьцы дзед Міхалыч, калі сход закончыўся і ўсе пачалі разыходзіцца. – І для каго кветак пашкадаваў, каб спытаць? Цьфу! Толькі асарамаціўся. Бач, усе на яе баку, адзін я толькі вытыркнуўся, як Мікіта з канапель. Хоць не: на клумбе кветкі растуць для горада, а не для адной хлапчынкі.

СУМКА

Па сцяжынцы, што выгінаецца ўсцяж шашы, нетаропка едзе веласіпедыст. Гэта вясковы настаўнік Юрый Трафімавіч. Сухі і доўгі, у паношаным шэрым пінжаку і расхрыстанай белай сарочцы, ён нагадвае нечым кінаартыста Філіпава.

Паволі круцяцца колы веласіпеда, мігцяць, зіхацяць на сонцы спіцы. На рулі пагойдваецца старая, зашмальцаваная сумка.

Веласіпедыста абганяюць грузавікі, легкавушкі, ажно вецер шугае ў бок Юрыя Трафімавіча, сіліцца сарваць саламянага колеру капронавы капялюш – у таго толькі згінаецца левы, што к дарозе, акраек.

Калі паназіраць за спіной веласіпедыста, якая ўсё аддаляецца і аддаляецца ад цябе, то не цяжка зазначыць: гэты чалавек ніколі і нікуды не спяшаецца, не з хапатлівых ён людзей – усё робіць разважліва, спакойна, роздумна.

Колы веласіпеда ўжо коцяцца па заасфальтаванай вуліцы раённага гарадка, на рулі супакойваецца сумка. Настрой у Юрыя Трафімавіча добры: твар яго раз-пораз кранае лёгкая ўсмешка, вочы свецяцца непасрэднасцю і шчырасцю.

Нарэшце Юрый Трафімавіч супыняецца, выцягвае з кішэні насоўку: хоць і ледзьве круціў педалі, в лысіна ўсё ж узмакрэла. Ды ўжо ж не семнаццаць гадкоў. Настаўнік вядзе веласіпед па тратуары, губляецца сярод людзей, якія ходка шнуруюць туды-сюды.

Юрый Трафімавіч , здаецца, і сам таго не заўважыў, як апынуўся перад аднапавярховым, жоўтага колеру будынкам, на якім кідаецца ў вочы шыльдачка з надпісам: «Банк». Ён ставіць веласіпед да нізенькага акуратнага парканчыка, здымае з руля сумку, вітаецца з нейкім чалавекам і па стаптаных прыступках накіроўваецца ў будынак.

Сіратліва стаіць веласіпед, толькі скок-паскок на сядзенні верабей. Нарэшце птах падціскае пад сябе лапкі, заплюшчвае вочкі – спіць. Ён бы і сам спаў, але выходзіць з будынка Юрый Трафімавіч, перабівае спачын вераб’ю. Той пырхнуў, заціліўкаў і даў лёту над нізкімі кустамі бэзу.

Настаўнік, правёўшы кароткім позіркам шэрую драбязу, чапляе на рог кручкаватага руля сумку, зноўку круціць педалі. Стаіць у самай сваёй моцы летні дзень, спякотны і ціхі. Прыпарвае. Неба, аднак, па-ранейшаму чыстае і светлае, без хмурынкі, поўніцца россыпам птушыных галасоў.

Нарэшце Юрый Трафімавіч выруліў на ціхую, бязлюдную вуліцу. Пярэдняе кола веласіпеда наматвае на сябе дарогу: бяжыць узбоч яго, а то і трапіць пад самы след цень настаўніка. Наперадзе мільгануў, загойдаўся перад яго вачамі фасад малаказавода. За шырокія дзверы на яго тэрыторыю зарульваюць адзін за другім некалькі малакавозаў – вяртаюцца з прыёмных пунктаў. Вахцёр, на першы погляд дзядзька трохі мешкаваты, што трымае руку на кнопцы, прапускае пузатыя машыны – заўважае Юрыя Тафімавіча, адбівае лёгкі паклон яму, а крыху пазней, калі дзверы зноўку самкнуліся, падыходзіць да настаўніка, падае руку. Вітаюцца. Цёпла. Як старыя знаёмыя.

– Міхася праведаць?– пытаецца вахцёр.

– Калі ўжо ў горадзе, то дай, думаю, і заеду.

– Трэба, трэба. Сваё, душа баліць. А як жа...

Юрый Трафімавіч нясмела пытаецца:

– Як ён тут?

Вахцёр – трохі здзіўлена:

– Хто – Міхась-та? У-у.. Хлапец – зух! Вунь, глядзі, на дошцы – «маланка» прыгажуніцца,– паказвае рукой. – То ён не прападзе. Хоць і навічок на заводзе, а яго халадзільнік, брат, марозіць – ого-го! Ажно іней курэе. Так што, бацька, радуйся за сына.

Загарэлы твар Юрыя Трафімавіча прасвятлеў у прыемнай, праўда, крыху нязграбнай, няўдалай усмешцы. Вахцёр тым часам заглянуў у сваю будку, адкуль быў чуцён яго голас: «Кавалёва, ну таго, што па накіраванні. З тэхнікума, ага... Як зразумеў? Прыём. Падсылай на прахадную».

Вахцёр вяртаецца да настаўніка, на хаду пачухвае патыліцу, мурлыча: «Салдат вярнёцца...»

Зноў пад’язджаюць і піпікаюць малакавозы.

– Добра, слаўна малако ідзе, – радасна кажа настаўніку вахцёр і зноў спяшаецца да кнопкі, націскае яе кароткім тоўстым пальцам.

А тым часам да Юрыя Трафімавіча падыходзіць Міхась з нейкім незнаёмым хлопцам, але вельмі падобным на сына настаўніка. Такі ж рослы, прыгожы, акуратны. Аднак больш падобняць іх, мусіць, беласнежныя халаты.

– Ты ўсё на ім? – зірнуў Міхась на веласіпед.

– А то яшчэ на чым жа?

– Надзейна, выгодна, зручна. Лятайце веласіпедамі! – пажартаваў той незнаёмы хлопец.

– Сямён, – нарэшце кіўнуў бацьку на таварыша Міхась. – Разам вучыліся і цяпер вось...

Юрый Трафімавіч яшчэ раз глянуў на Сямёна, толькі ўважлівей. І зноў загаварыў:

– Сапраўды, самы надзейны конь. – Ляпнуў па рулі адразу дзвюма далонямі.—Аўтобус то прыйдзе,то не. Сам ведаеш, як ходзіць. А гэта надзе-й-ны конь. Мы па-старэчы, не спяшаючыся. Круць-верць, верць-круць – глядзіш –і прыехалі...

– І колькі ж ты сюды дабіраўся? – пытаецца Міхась.

– Ды нядоўга. Па справах надзённых прыехаў, от. Трэба шчэ недзе бляшанку сурыку прыдбаць. Рамонт у школе, лічыць можна, закончылі. У маім класе толькі недаробкі : бляшанку сурыку – і тады смела, з чыстым сумленнем адпачываць можна.

– Сурыку? Усяго бляшанку? – не проста так, ад няма чаго рабіць, перапытвае Міхасёў таварыш. – Нават і дзве магу. Слова – закон. А чаму і не, калі ёсць. У мяне дома стаіць фарба, высыхае – псуецца адно: харомы свае рамантавалі з бацькам, засталася. Магу адскочыць,га? Я тут недалёка... – Сямён кранаецца рукой веласіпеда.

Юрый Трафімавіч уступае яму свой надзейны транспарт.

– Ну, калі не шкада,– ніякавата паціскае плячамі настаўнік.

– Ды я ўмомант! Я тут недалёка... на вуліцы Смалячкова жыву. Для школы, для дзяцей – хіба ж можна фарбы пашкадаваць! Было б чаго... Чакайце, я зараз. Адна нага тут, другая – там.

І Міхасёў таварыш спрытна скокнуў на сядзенне. Веласіпед, нібы скінуўшы цяжар суму па хуткім бегу, памчаў вуліцай, што неаб’езджаны стаеннік. Відаць было, што прагаладаўся па гэтым транспарце і Сямён,– так апантана працаваў ён нагамі. А сумка, тая старая зашмальцаваная сумка, не знаходзіла, здаецца, сабе месца на рулі – гайдалася і трэслася, бы адбівала польку– «весялуху».

Вось веласіпедыст выруліў ужо на цэнтральную вуліцу, фарсіста імчыць па ёй, ажно прыўзняўся на сядле. Эх, і тэхніка! Расступіцеся, грузавікі і розныя там легкавікі—веласіпеду зялёнае святло! Але святлафор лыпнуў зялёным вокам раз, другі і ўспыхнуў чырвоным: стоп! І веласіпедыст ці то разгубіўся, ці то ўсё ж мераўся прашмыгнуць, але перад ім ужо зашугалі шчыльным ланцужком машыны, і яму нічога не заставалася, як «даць па тармазах». Даў, але не зусім удала: грымнуўся. Веласіпед у адзін бок, сам – у другі, а з сумкі высыпаліся проста на асфальт... грошы. Некалькі пачкаў. Сямён адрабіўся лёгкім перапалохам, а ўбачыўшы грошы, разгубіўся, бадай, яшчэ больш, чым хвілінай раней. Перад вачамі пракруціліся тыя пачкі з грашамі, бы на нейкім круглым дыску. Ён матлянуў галавой, нясмела зноўку паглядзеў на пачкі. Не, сапраўды – грошы...

Сямён, вядома, не бачыў, што за якія тры-чатыры крокі ад яго стаяў сяржант міліцыі. Стаяў, дакладней, матацыкл «Урал», а вартаўнік парадку масціўся на сядзенні ды барабаніў пальцамі па бензабаку. Як шлёпнуўся перад ім веласіпедыст, сяржант насцярожыўся. Калі ж з сумкі пасыпаліся грошы, ён ажно ўзняўся з сядзення, ажно працёр пальцамі вочы. Яны, відаць, абодва – Сямён і міліцыянер – глядзелі на грошы і не маглі паверыць: яны ці не яны? Сяржант, ну, канечне ж, адразу з прафесійнага пункту гледжання ацаніў абставіны: «Ага, ляціць на скрут галавы... Так-так-так... Куды ляцець– спяшацца можна? З такімі грашамі і на таксі не грэх праехаць. Уцякае, значыць. Бач, яму крадзеныя грошы нат за ўласнае жыццё даражэй – ледзьве пад колы не трапіў. Што робім? Затрымліваем. Дастаўляем. Дзейнічаем! Ні хвіліны замінкі!»

Свісток з гарошынай усярэдзіне грымнуў на усё скрыжаванне. Што? Чаму? Навошта?– азіраліся шафёры, матацыклісты, прахожыя. А свісток заліваўся. Хоць вушы затыкай. Сяржант падбег да разгубленага Сямёна, які і сам не ведае, адкуль тыя грошы на асфальце: ці шчодра сыпануў хто, ці з гэтай вось сумкі вываліся? Ды няўжо можа быць, каб з сумкі? Міліцыянер нешта даказвае хлопцу, той разводзіць рукамі – не разабраць, далекавата яны, ды і машыны шалёна гудуць.

Паколькі сутнасці справы яны не высветлілі, то едуць у райаддзел міліцыі. Наперадзе спакваля круціць педалі веласіпедыст, азадачаны і хмурнаваты, раз-пораз папраўляючы – ужо асцярожненька, далікатна – на рулі сумку, а за ім важна кіруе сяржант.

У райаддзеле сяржант дакладвае дзяжурнаму:

– Таварыш лейтэнант! Невядомы грамадзянін... – Глядзіць на хлапца, просіць вачамі, каб той назваўся.

– Сямён... Неслух. З вуліцы Смалячкова.

– Во,во,– неслух... Гы-эм,– сяржанту не падабаецца, як лічыць ён, празмерная Сямёнава іронія.– ... Затрыманы з невядомай сумкай і эннай колькасцю грошай. Факт патрабуе разабрацца.

Дзяжурны па райаддзеле міліцыі, не такі і малады ўжо лейтэнант, запрашае прайсці ў цеснаваты пакойчык.

– Сядайце,грамадзянін, – кіўнуў Сямёну, а сяржанту загадаў: – Раскавазвайце, Кудасаў...

– Значыць, так... Я мушу спярша запытаць таварыша... Як там цябе?...

– Сямён Неслух.

– ... адкуль у цябе, Неслух, грошы?

Сямён, хоць і разумее пытанне, аднак адказаць не можа. Паціскае плячамі:

– Не ведаю. Чэснае слова, не ведаю.

– Ну, бачыце,– сяржант, задаволены сабою, пераможна паглядае на дзяжурнага. – Я ж адразу і падумаў: свіснуў!.. Свіснуў – і кропка.

– З чаго б свіснуў? Ды ў мяне і свістка няма,– паказвае рукі Неслух, прыкідваецца дзіваком, проста па сваёй натуры ён такі наіўны і крышачку з дзяцінствам яшчэ ў галаве чалавек.

Між іншым дзяжурны ўсё ж згаджаецца, што перад ім не той хлпапчына, які можа ўкрасці. Штосьці ўсё ж умеціў у ягоных вачах лейтэнант. Штосьці шчырае, непасрэднае.

– Давай, Сямён, расказвай: чый веласіпед, чыя сумка?

– А-а!– нібыта прачынаецца Неслух.–Дык гэта ж веласіпед бацькі майго таварыша. І сумка... І сумка яго!

– А дзе ж ён, бацька той?– спакойна вядзе допыт лейтэнант.

– Ля прахадной завода.

– «Уралмаша»?– іранізуе дзяжурны.

Сямён зразумеў, што лейтэнант злавіў яго, як кажуць, на слове, таму тут жа сумеўся, трошкі вінавата ўсміхнуўся:

– Ну, вы даяце... Ля малаказавода...

Зноў у тым жа парадку, як і ў райаддзел, едуць на малаказавод. Неслух азіраецца на сяржанта, крычыць таму:

– Таварыш сяржант, а таварыш сяржант! Вы чалавек ці не,– відаць, што ён не ўпершыню звяртаецца да сяржанта з такой просьбай. – Фарба настаўніку трэба. Пазарэз. З-за яе рамонт у школе зацягваецца. Дзеці што, па старой падлозе павінны шоргаць? Як вы зразумець не можаце... Я тут недалёка, на Смалячкова жыву. Чулі пра такога героя?

Сяржант толькі махае рукой: кіруй далей і ніякіх размоў, можа, фарба тая – прычына ўцячы. Разбярэмся, тады хоць еш яе, фарбу тую, хоць лыжкай, а хоць жменяй. Ды не адной рукой, а дзвюма адразу можаш...

Невядома, успомніў Юрый Трафімавіч пра сумку, як невядома, ці забываўся ўвогуле ён пра яе. Настаўнік стаіць з сынам і вахцёрам, нешта расказвае ім смешнае, бо вахцёр ажно за жывот ухапіўся і тупнуў па зямлі ботам, бы збіраўся апынуцца ў бойкім танцы. Але ён першым заўважыў стракаты міліцэйскі матацыкл, таму адразу неяк суцішыўся, выпрастаўся.

Пад’ехалі Неслух з сяржантам. Апошні заглушыў матацыкл, зняў шлем, а потым падаўся да мужчын, павітаўся з кожным за руку. Побач з ім стаяў Сямён, не знаходзячы, што яму рабіць: перадаваць веласіпед уладальніку альбо чакаць загаду на гэта ад чалавека ў пагонах.

– Чый будзе веласіпед?– спытаў сяржант, прымерваючыся позіркам да кожнага, хто стаяў насупраць яго. – Смялей жа, мужчынкі!

– Веласіпед чый? Як чый – мой,– не мог, здаецца, зразумець настаўнік, чаго дамагаецца вартаўнік парадку.

– А сумка?

– І сумка.

– А там, у ёй, бублікі якія ці яшчэ паважнейшае?

– Грошы,– спакойна адказвае Юрый Трафімавіч.

– Грошы, кажаце?– прыняў больш канкрэтна дзелавы выгляд сяржант. – А ў вас якім чынам такая сума, га?

Юрый Трафімавіч трымаецца незалежна, сабрана. Допыт, невядома пакуль чым выкліканы, не выбівае яго з каляіны. Ну і што, калі міліцыянер? Няхай сабе. Хоць яшчэ другі побач няхай стане. А ён пры чым? Ну, грошы...

– У банку атрымаў. Адпускныя. На настаўнікаў...

Сяржант дакорліва ківае галавой:

– Грошы – у сумку. А галава на плячах навошта, спытаць варта. Што, для шляпы? Эх, паважаны чалавек-е-к... А калі б што? Сумку калі б хто зняў у Неслуха, як тады, га? Шукай у полі ветру?

Юрый Трафімавіч не ведае, як трымацца яму перад міліцыянерам, кепска, зусім кепска адчувае ён перад ім, таму адразу і слоў у адказ не знаходзіць.

– Ды... ды на гэтую сумку і паглядзець ніхто не паглядзіць. Старэнькая яна, нягеглая. Выкінь такую – палянуюцца людзі нагнуцца, каб падняць, не кажучы ўжо...

– Каб такія валяліся на дарозе... – сяржант паспрабаваў усміхнуцца. –Адказная сумка ў вас, таварыш. Сур’ёзная сумка. Колькі ў ёй?

– Багата...

– Ну во. З грашамі так не абыходзяцца. Паакуратней трэба, паасцярожней. Ёсць у нас яшчэ майстры лёгкага жыцця, якія чуюць вось гэтым самым месцам,– торкнуў пальцам у свой прыплюснуты нос,– як яны пахнуць, грошы. Мець на ўвазе трэба, паважаны...

А ён, Юрый Трафімаівіч, просты вясковы настаўнік, даверлівы і чулы, не можа дакеміць, да яго ніяк не даходзіць, што ёсць такія «майстры». Адно ён ведаў дакладна: у іхняй вёсцы няма. І сярод яго выхаванцаў, былых вучняў – таксама няма, на ўсе сто працэнтаў няма. І сумнявацца не трэба.

– Вось што, паважаны, – звяртаецца міліцыянер да Юрыя Тафімавіча. – У Кулагу вам трэба? Праз лес?

Настаўнік ківае: і ў Кулагу, і праз лес.

– Сядайце, падкіну я вас. Сур’ёзная ў вас сумка. Людзі грошы чакаюць. Адпускныя ці якія яны, а чакаюць.

Юрый Трафімавіч разгублена глядзіць то на сына, то на Сямёна, то на вахцёра, а больш – на сяржанта. І не пагаджаецца:

– Я сам... Не хвалюйцеся, таварыш міліцыянер. А за ўвагу, за клопаты дзякуй. Дастаўлю цэлымі і зберажонымі. Не хвалюйцеся задарма. Вось мой і транспарт,– ён бярэ ў Сямёна веласіпед. – З ім мы як-небудзь...

Сяржант не можа зразумець Юрыя Трафімавіча, ён, мусіць, лічыць яго дзіваком – яшчэ большым, чым той Сямён.

– Ды і фарба ж мне трэба...

... Як і ў райцэнтр, не спяшаючыся вяртаецца ў сваю вёску Юрый Трафімавіч. Гайдаецца на рулі сумка. Настаўнік зварочвае з асфальту, дарога –нялёгкая пасля ўчарашняга дажджу – бяжыць у глыб лесу, густога і стромкага. У лесе ціха, свежа, самотна. Хораша ў лесе Лес ёсць лес. Пасля гарадской мітусні, пасля тых не зусім прыемных хвілін, праведзеных у размове з міліцыянерам, хоць, прынамсі, нічога і не было ж такога, ад чаго мог сапсавацца ў яго настрой, але Юрый Трафімавіч адчуў сябе ў лесе, у знаёмых мясцінах, як дома. Ён і ехаў, і каціў веласіпед. Каціў пад узлобак ці ў лагчынцы, дзе не асабліва разгонішся – слізгота, гразь.

Яшчэ здалёк настаўнік запрыкмеціў легкавушку. Пад’ехаў бліжэй, убачыў: «Жыгулі» праваліліся заднім колам у разбітую каляіну, а яго гаспадар – мужчына сярэдніх гадоў – сядзеў на траве побач з машынай і шчыпаў травінкі, нервова адкідваў іх убок. Калі пад’ехаў да яго Юрый Трафімавіч, мужчына яшчэ хапнуў жменяй травы, скубануў, але ў руцэ было не густа травінак. Ён адкінуў іх убок, падхапіўся.

– Засеў?– адразу ж пацікавіўся Юрый Трафімавіч, хоць і без таго было бачна: не адпачываць жа сабраўся чалавек у лужыне.

– Занесла. Думаў, прайду па броўцы, ды прамахнуўся. Сцягнула во...

– Мо штурхануць?– прапанаваў сваю дапамогу настаўнік і прыставіў веласіпед да адзінокай бярозкі, што цягнулася ўгору на палянцы паміж лесам і дарогай.

– Паспрабаваць можна,– недаверліва глянуў на Юрыя Трафімавіча мужчына. – Толькі ці выпаўзем?

– Выпаўзем,– запэўніў настаўнік.

– Тады вы паакуратней, каб не заляпала,– шафёр ужо ўладкаваўся на сядзенні, гыркнуў маторам, папярэдзіў:– Слухайце каманду... Раз,два,– узялі! Так,так... О-па!

З цяжкасцю, але ўсё ж выбіраюцца «Жыгулі» з лужыны.

– Дзякуй вам вялікае,– на твары гаспадара «Жыгулёў» засвяцілася ўпершыню, як стрэўся з ім настаўнік, усмешка.

– Нічога, свае людзі,– змахвае са штаноў кроплі гразі Юрый Трафімавіч. –Глядзі, там наперадзе яшчэ адна яміна. Бяры лявей...

«Жыгулі» ад’язджаюць, а Юрый Трафімаівч вяртаецца да веласіпеда. Веласіпед стаіць пад бярозкай, і чорная сумка, на якую ўсё ж трэба прымайстраваць нейкі замок, вісіць на рулі. А можа, і не патрэбен ён, той замок? Навошта?

Бяжыць дарога, знікае пад коламі. Едзе на веласіпедзе чалавек, адбівае паклоны землякам, і не верыцца яму, што мог нехта працягнуць руку да ягонай сумкі.

Ніяк не верыцца.

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ

Калі Ягорка п’янеў, ён рэзаў паветра растапыранымі пальцамі – справа налева – і пачынаў часта тупацець чобатамі, выбіваючы пыл з зямлі, а галаву трымаў высока і горда, нібы на цемені стаяла шклянка з віном , і ён баяўся, што расплешча каштоўныя кроплі. Сам жа крычаў сіпатым голасам:

– Танцуй, арцель! Не было б мне горка, каб не зваўся я Ягорка ! Х-ха-ха-ха-а! Гуляй, і-э-эх!

Мужчыны, з якімі Ягорка толькі што браў чарку, здзекліва-абразліва пасміхаліся, назіраючы за танцорам, а калі іх напарнік, запыхаўшыся да ачмурэння, бездапаможна павісаў на прылаўку, прапаноўвалі яму, пераміргваючыся, прамачыць яшчэ горла, не шкадуючы для яго слоў пахвальбы. Ягорка пагаджаўся, бо сёння якраз пенсія, капейчына ёсць, ён без лішніх слоў кідаў пакамечаныя грошы на вагі, загадваў:

– Для ўсіх. Ы-ы. Для таго і цывілізацыя, што хоць піва пап’ём. Налівай, Сцяпанаўна. Чым паўней. Хопіць, што згубіў жыццё, можна сказаць, у сваёй глухой Слабадзе. Не лічачы арміі. Там хоць свету пабачыў, на людзей паглядзеў і сябе паказаў. Нагу нат апаласнуў у Ціхім акіяне. Як, га? То-та ж!

Рукі мужчын цягнуліся да куфляў, Ягорка лагоднеў: хто вас частуе, маць вашу!.. Знайце і шануйце, бамжы д’яблавы!

А потым ён, хістаючыся, плёўся да хаты, падаў ніцма на ложак і хроп. Закончыўся яшчэ адзін дзень. Жонка, вастраногая і сухарэбрая, але мяккая і падатлівая Насця, прывыкла ўжо да ягоных п’янак – у апошні час яны абрынуліся на яе, як пракляцце. Але рада-радзёшанька была, што калі нажлукціцца Ягорка, то хоць руку на яе не падымае. Не-е, грэх сказаць. Прыгаворвае: «Абы ціха, абы ціха, Насця»,– і брык на ложак. Іншы раз перад тым, як пачаць храпці і высвістваць носам, прамумкае: «Абы не было вайны...»

Тут, у Доўску, Ягорка з’явіўся два гады назад – як толькі пайшоў на пенсію, прыехаў да сястры пагасцяваць. Пахадзіў, паглядзеў, як тая жыве, і засвяціліся ў калгаснага пенсіянера вочы: «А чым я горшы? Навошта млець мне ў сваёй Слабадзе? На якога д’ябла? Тут жа, гляньце, і дурань бачыць, крам багата, нават рэстаран ёсць, і кульдзім. А ў нас? Крама і тая за тры кіламетры».

Вярнуўшыся ў Слабаду, выклаў свой план Насці. Жонка ўважліва выслухала Ягорку, а тады ўздыхнула – выдумаеш таксама!– і патэпала на двор. Ягорка – услед, за плячо яе сваёй рукой павярнуў – твар у твар:

– Дык ты што, на маю прыдумку чхнула?

– Адвяжыся. Мелеш абы што. З глузду, бачу, пад старасць з’ехаў,– і яна рашуча павярнулася , каб ісці далей.

Аднак Ягорка натапырыўся ўсур’ёз:

– Паеду адзін!

– Едзь. Абрусам дарога.

– Дык там жа людзі жывуць! А мы тут?.. Хто мы? Хоць... хоць, разумееш, апошнюю кроплю шчасця – ды на язык, га?

– Вось-вось,– з лёгкім дакорам заківала Насця. – Табе, бачу, тая кропля і спадабалася?

– Ды не тая кропля , не тая!– зморшчыўся Ягорка і тупнуў нагой. – У вас, баб, толькі адно ў галаве... Кропля шчасця! Шчасця-я-я! Га? Мы ж будзем жыць, як людзі. Я ж там і дамок прыгледзеў. З садам. Сад яшчэ большы, чым у нас. А побач – якраз насупраць – аўтастанцыя. Вядзерца яблыкаў ці груш прадаў... там і сліў багата... і заўсёды свежая капейка. Жывая. А з нашай Слабады не павязеш садавіну ў Доўск – далёка, няблізкі свет, адно больш грошай праездзіш.

Пра яблыкі Насці спадабалася. Але мужу нічога не сказала, пачала даіць карову, а той сеў побач на корч каля веснічак, згарнуў самакрутку, пацягнуўся, сказаў:

– Я б тады і табаку не садзіў. Мілае дзела – усё побач. А пенсій нам хопіць. Яшчэ дзецям паможам. Ды... ды і ім да нас на новае месца лягчэй будзе прыехаць. З Доўску – чуеш, маладзіца? – у любы бок: хочаш у Адэсу, хочаш у Маскву, а хочаш... ды куды хочаш, туды і шуруй.

Раптам Насця папытала:

– А хлеў там ёсць?

Ягорка разгубіўся: бач, ён ёй цывілізацыю прапаноўвае, а яна, не інакш, дурніца, хоча цягнуць за сабой і рагулю. Кашлянуў у кулак, дыпламатычна паўшчуваў:

– Хлеў ёсць. Добры хлеў. З блокаў. Але навошта ён нам? Хопіць пенсіянерам за цыцкі шморгаць. Нашморгаліся. Паберажы пальцы.

Насця, нібы не пачула ягоных слоў, ціха мовіла:

– А Зорку куды паставіш? Пад зоркі?

– Маць тваю, га!– не стрымаўся ўсё ж Ягорка, прытупнуў нагой. – Там жа можна купіць любую трасцу. І кефір, і малако. На якога д’ябла нам дзяржава пенсіі дала? Купім, купім, Настуля, усё, што трэба.

Хату ў Слабадзе Ягорка, вядома ж, не прадаў: каму яна ў глушы патрэбна, калі іх вунь колькі, людзьмі і Богам забытых, побач стаіць? Заходзь у любую, добры чалавек, і жыві. Макар ці Свірыд, якія непадалёку на могілках, супраць не будуць. Не выганяць і дзеці, бо хто ведае, дзе яны, сыны і дочкі? Ды, можа, тыя яшчэ і рады будуць : няхай хоць так, бясплатна, чужыя людзі жывуць, і тое добра. А пачнеш патрабаваць грошы – толькі згоніш людзей з месца. А іх ужо аднаго разу прагналі... Адтуль, дзе белае сонца аказалася для славян чорным. Нацярпеліся. Хапіла. Ды і вокны ў хаце павінны свяціцца. На тое і хата.

Загрузіўшы рэчы ў кузавок «газончыка», Ягорка, як ні стрымліваўся, усё ж пусціў слязу. Жонка скарыстала гэты момант, папракнула:

– Сам жа хацеў, дык не плач, бабёр.

– Ага, сам,– пакорліва паківаў галавой Ягорка, а потым узяў падрыхтаваныя загадзя дошкі, закалаціў імі крыж-накрыж вокны. – Не крыўдуй, хата. Думаеш, мне не шкада цябе пакідаць, але ж і ў цывілізацыі хочацца пажыць. Колькі там засталося, га?..

– Сядай ужо ў машыну, румза,– шкуматнула за рукаў жонка. – Ён з хатай прашчаецца. Бачылі? Ды ты не з хатай – ты з жыццём прашчаешся... з нармальным... з прывычным. Божухны, і куды ж мяне ты, дурную бабу, цягнеш? – і Насця затрэслася, нібы яе пранізала электрычным токам, з вачэй пырснулі слёзы. – Ой, не магу, людцы мае мілыя! Ёлупа паслухалася свайго. Каб жа папытаць – навошта?

Цяпер ужо яе прыспешваў Ягорка:

– Хопіць, хопіць, пара. Шахвёр моршчыцца: у яго, думаеш, акрамя нас, іншых спраў няма?

Неўзабаве ў бок Ягоркавай хаты тоўстай вяроўчынай шугануў дым з выхлапной трубы, і старонняму чалавеку магло б падацца, што яна, хата, засланілася ад гару дошкамі, што былі на вокнах, нібы чалавек рукамі...

Жыў у Слабадзе Ягорка ашчадна. На свае не піў. І смешна было б – на свае: брыгадзір жа. Ды асабліва і не налягаў на яе, халеру. А зарабляў капейчыну неблагую, таму Насці было што трамбаваць у панчоху. Хату ў Доўску купілі без натугі. І добрую хату, як казаў Ягорка, каля аўтастанцыі. Вось яна, насупраць. Сядзі на лаўцы, назірай, як падрульваюць і ад’язджаюць аўтобусы самай рознай масці, як выходзяць-заходзяць людзі. А хочаш, ідзі ў краму. Каўбаска, вэнджаная рыба, булкі-шмулкі. А піва? Вінца нальюць, калі закажаш. Гарэлачкі таксама. Прыгажосць! Ягорка не раз успамінаў суседа па Слабадзе Пятра і шкадаваў яго: «Не жыве, а чмыхае. Глянуў бы на мяне!» Ягорка прапаноўваў Пятру таксама падацца ўслед за ім, але той адно ўсміхнуўся і паказаў сумнымі вачыма на могілкі:

– Туды мне ўжо пара пераязджаць.

– Дарэмна, дарэмна, суседзе. А я паеду, ядрона шыш! Там, глядзіш, і больш працягну. А ты гібей тут, на балоце, неслух.

Амаль штодня цяпер Ягорка налягаў на піва – навёрстваў страчанае, ян ён сам лічыў. Нярэдка абыякава кідаў грошы на прылавак:

– Яшчэ тры куфлі, Сцяпанаўна. Пачастую, так і быць, вунь тых мужыкоў. Я, колькі і жыву, люблю гасцей сустракаць. А яны, бачу, госці. Прыезджыя. Дзярэўня. Хай паспытаюць цывілізацыі, хай удыхнуць, маць іх!..

Мужчыны пілі, што ім. Надаралася, што і Ягорку частавалі. У адказ . Тады ён успамінаў Слабаду, Пятра, капыліў губы: шкада рабілася і вёску, і суседа, не мог стрымаць слёз.

А Пятро неяк прыехаў. Нечакана-негадана. Ранічкай. Ягорка спаў. Паляпаў у веснічкі. Насця ўбачыла суседа праз шыбу, закатурхала мужа:

– Падымайся, ірад. Пятро прыехаў. Чуеш? Падымайся, кажу!

Так-сяк Ягорка дачыкільгаў да веснічак. Калі падаваў Пятру руку, тая трымцела, як ні стараўся яе суняць. Твар быў падобны на печанага яблыка. Няголены. Таму Пятру было ад чаго разявіць рот – як не да вушэй. Ён крэкнуў, сказаў суха і холадна:

– Ледзь пазнаў я цябе, зямляк. То я дамоў паеду. У Слабаду. Падалей , Ягор, ад тваёй цывілізацыі...

І плюнуў.

– Чаму ж так? – здзівіўся Ягорка. – Чаму ж? Заходзь, заходзь, сусед. Насця зараз на стол збярэ, а я ў краму... вунь яны, крамы... на любы манер... Хочаш – гарэлачкі, хочаш – піва... Я пенсію ўчора атрымаў... Ты... ты што, Пятро-о-о-о?

Пятро, не азіраючыся, пакрочыў у напрамку аўтастанцыі. Ягорка ж ніяк не мог зразумець, чаму ён, небарака, так зрабіў. І доўга ламаў голаў: за што б той мог на яго пакрыўдзіцца?

СТАЖОРКА

Маршрут аўтобуса змянілі якраз учора: раней «дванаццатка» хадзіла з аўтавакзала ў канец Навабеліцы, на вуліцу Зайцава, а тут палічылі, відаць, што адтуль і так багата чаго ходзіць у розных напрамках і злучылі засожжа з сельмашаўскім мікрараёнам. Зручна стала многім пасажырам – едзь сабе праміком, без перасадкі. Танней і хутчэй. А сёння гэта важна – рабочых месцаў побач з жытлом не заўсёды хапае, таму людзі сноўдаюць узад-уперад па ўсім абласным цэнтры.

Вось на гэты дванаццаты аўтобусны маршрут і прызначылі стажоркай Клаўдзію Сцяпанаўну. «Павучыцеся пару дзён». Павучыцца трэба, бо раней яна з аўтатранспартам спраў аніякіх не мела, калі не лічыць, што карысталася ім, як звычайны пасажыр. Хто ж не карыстаўся? У аддзеле кадраў не надта цікавіліся, дзе і як жыла яна раней, больш, па ўсяму было бачна, глядзелі на яе твар – ці не пакамечаны, ці не выпівае? Каб не памыліцца і на гэты раз, а то сустракаліся жанчыны , якія пасля першай дзённай выручкі прападалі, бы ў каналізацыю правальваліся. Тады шукай іх. А Клаўдзія Сцяпанаўна, па праўдзе гаворачы, сур’ёзна рыхтавалася да візіту ў аддзел кадраў, уяўляла нат, што там пацікавяцца, як жыла яна ў тым далёкім сонечным Душанбэ, чаму, не дачакаўшыся якіх пару гадоў да пенсіі, вярнулася на радзіму. І пасаду ж там займала добрую – была завучам у сярэдняй школе, на вуліцы Путоўскага што, дзе вучыліся ў асноўным дзеці творчай інтэлігенцыі – пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў...А не пацікавіліся. Хоць што б яна сказала новага, акрамя таго, што пра ўсё людзі чулі-бачылі ўжо і самі па тэлебачанні і чыталі ў газетах? Амерыкі не адкрыеш. А пра настальгію тым, хто ніколі далёка ад мясцінаў, дзе нарадзіўся, не жыў, расказваць нешта дарэмна: не зразумеюць. Праз гэта трэба прайсці. Дамоў вярнуцца заўсёды, колькі і жыла там Клаўдзія Сцяпанаўна, хацелася і ёй. А тут – разладддзе ў былым Саюзе, якраз склаліся спрыяльныя абставіны, калі сталася не шкада ні школы, у якой увогуле някепска ёй працавалася, ні суседзяў, ні тых прыгожых гарадскіх зацененых ад спёкі вуліц, дзе было ўсё знаёма-перазнаёма. Рынуліся, бы горны паток, славяне з Таджыкістана, а з ўсімі было лягчэй пакідаць нажыты скарб і ёй, Клаўдзіі Сцяпанаўне. Адважылася. І вось цяпер, у аддзеле кадраў, думае, чаму ж гэта людзі не пацікавіліся, як жылося ёй там, на чужыне? Відаць, хапае і ў іх, гэтых людзей, сваіх клопатаў – не да яе. Нават парадавалася, што не варушылі мінулае, а адразу ж прызначылі стажоркай. То і добра.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю