355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Мажылоўскі » Тайна гіблай затокі (СИ) » Текст книги (страница 4)
Тайна гіблай затокі (СИ)
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 20:30

Текст книги "Тайна гіблай затокі (СИ)"


Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі


Жанр:

   

Триллеры


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

– Пакуль не, аднак да раніцы, спадзяюся, павінен выйсці з комы.

– Канстанцін Сяргеевіч, – звярнулася да рэаніматолага немаладая медсястра, якая да гэтага ціха стаяла ля апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. – Толькі што перад вашым прыходам хворы глыбока ўздыхнуў і, як мне падалося, некалькі разоў міргнуў вейкамі.

– Ён не размаўляў у часе сну? – пацікавіўся ваенны.

– Размаўляў, – сумелася жанчына і запытальна паглядзела на доктара.

– Не хвалюйцеся, расказвайце ўсё, што чулі, – заспакоіў яе Канстанцін Сяргеевіч. – Тут усе свае.

– Апоўдні ён некалькі разоў смяяўся, а нядаўна пачаў трызніць на незнаёмай мне мове. Я, як вы і казалі, запісала яго словы.

– Што яшчэ?

Жанчына перадала аркушык паперы ваеннаму, паціснула плячыма:

– Нешта мармытаў з хвіліну, потым заціх, глыбока ўздыхнуў і ўсё.

Станкевіч наблізіўся да Кухара, паслухаў работу яго сэрца, палічыў пульс, расплюшчыў вока і зазірнуў у зрэнку хворага:

– Думаю, што капітан зараз спіць і змястоўна паразмаўляць з ім можна будзе толькі раніцай.

– Што ж, пачакаем да раніцы, – крыху падумаўшы, пагадзіўся з хірургам ваенны і павярнуўся да выхаду з палаты.

На выхадзе з бальніцы Віктар Станкевіч пацікавіўся ў ваеннага:

– Паслухай, Коля, мне цікава, якімі тайнамі валодае гэты звычайны ўчастковы інспектар міліцыі?

– Мне гэта таксама цікава, – без ценю ўсмешкі адказаў Мікалай. – Тут іншае. На першай запісцы, што ты перадаў мне раніцай, напісаны словы малітвы.

– Малітвы? Вось не падумаў бы!

– Прычым малітвы старадаўняй і пераказанай на сумесі арабскіх дыялектаў. Тайны тут аніякай, адно цікава – адкуль звычайны вясковы хлопец ведае фарсі?

– Можа, ён служыў у Афганістане?

– Не, служыў ён танкістам у нас, у Беларусі.

– Можа, там і вывучыў словы ад якога-небудзь туркмена?

– Такіх слоў не ведаюць ні туркмены, ні таджыкі, ні афганцы. Гэта старадаўняя паўзабытая мова.

– А можа...

– Сяброў-мусульман у яго няма, у школе ён вывучаў нямецкую мову, у бібліятэцы цікавіўся гістарычнай літаратурай.

– Дык вы пра яго ўсё ведаеце!

– Служба ў нас такая, Віця, – ваенны ўсміхнуўся, зірнуў на сябра. Потым выцягнуў з кішэні ранішнюю запіску і пачаў услых чытаць: – «Ён – Бог, акрамя яго няма Бога, які ведаў бы ўсё тайнае і сапраўднае. Ён міласцівы, міласэрны. Ён не мае сабе падобных!» – вось прыкладны пераклад гэтай запіскі, што амаль поўнасцю адпавядае 22 аяту 59 суры, які чытаецца так: «Ён – Алах, няма бажаства, акрамя Яго, які ведае схаванае і сузіраемае. Ён міласцівы, міласэрны!»

– А на другой запісцы што?

– Думаю, што там таксама запісаны словы малітвы, – Мікалай выцягнуў паперку, разгарнуў яе, прабег па напісаным позіркам, пачаў чытаць: «А Русь ер тангрыд сакласын; олло сакла, худо сакла! Бу даніада муну кібіць ер ектур: нечык Урус еры бегляры акой тугіль; Урусь ер абодан болсын; расць кам дарэць. Олло, худо, бог, даныры».

– І сапраўды падобна на малітву.

– Яна і ёсць, – ваенны схаваў напісанае ў кішэню. – Вось нас і зацікавіла – адкуль звычайны міліцыянер ведае арабскую мову? Тут, або ён механічна завучыў гэтыя словы з нейкай гістарычнай кнігі, або мы нечага не заўважылі.

– Ну, чытаць кнігі – гэта ж не злачынства.

– Гледзячы якія кнігі, – усміхнуўся ваенны і працягнуў хірургу на развітанне руку. – Але, думаю, усё гэта дурнота.

– Будзем спадзявацца, што часовая, – паціснуў працягнутую руку Віктар, так і не зразумеўшы, што за дурноту меў на ўвазе яго сябар і былы аднакласнік.

8

Першы раз Кухар прыйшоў у прытомнасць ноччу, і першае, што ён убачыў – спячую жанчыну ў белым халаце.

– О Алах! – міжволі вырваўся з яго вуснаў вокліч. Прагучаў ён ціха, амаль нягучна, аднак жанчына пачула яго, падняла галаву. Некалькі секунд яна напружана слухала цішыню палаты, потым паднялася з крэсла і наблізілася да хворага. Убачыўшы, што той ляжыць з расплюшчанымі вачыма, радасна ўсміхнулася: – Не памыліўся Канстанцін Сяргеевіч.

– Дзе я?

– У бальніцы.

Хворы заплюшчыў вочы і медсястра падумала, што ён зноў заснуў, аднак той, ледзь варочаючы языком, задаў наступнае пытанне:

– Колькі часу я тут?

– Прывезлі цябе заўчора вечарам, – абдумваючы кожнае слова, адказала жанчына. – Аперацыя прайшла ўдала, аперыраваў Станкевіч... – медсястра збіралася расказаць Кухару, які добры хірург яго аперыраваў, але спынілася, убачыла, што той яе не чуе, што ён заснуў. Яна паправіла на ім коўдру, крыху пастаяла побач, павярнулася і села ў крэсла.

Другі раз Кухар прачнуўся ў пачатку дня. Сонца яшчэ не паднялося над горадам, аднак у палаце было светла і медсястра, пакінуўшы дзверы прачыненымі, размаўляла з некім у суседнім пакоі.

– Усё будзе добра, любая, – чуў ён пранікнёныя спагадай словы медсястры. – Ты не плач, не убівайся так. Ну што зараз зробіш? Што выправіш? Ты ж ужо не дзяўчынка, і сама пажыла, і дзяцей вырасціла. Ну будзе ў цябе адна нага крыху карацейшая за другую – гэта ж не смяротна! А нашы майстры навучыліся рабіць добрыя пратэзы, не горшыя за замежныя. Пад доўгай сукенкай і не заўважна будзе.

Праз нейкі час медсястра зазірнула і ў яго палату, убачыла, што ён не спіць, наблізілася да ложка.

– Што са мной? – запытаўся Кухар.

Жанчына азірнулася на расчыненыя дзверы, уздыхнула.

– Там ляжыць правадніца з цягніка, якой учора прыйшлося ампутаваць ступню. Сорак гадоў кабеце, а яна ўсё хвалюецца, што муж яе бязногую кахаць не будзе.

– Са мной што?

– З табой? – медсястра на імгненне задумалася. – Віктар Мікалаевіч сабраў цябе па частках, сабраў акуратна, усё паставіў на месца, а як будзе далей – гэта ўжо ад цябе залежыць і як Бог дасць.

– Ногі, рукі на месцы?

– А куды ж яны дзенуцца? – стрымана ўсміхнулася жанчына. – Наколькі я ведаю, у цябе было выбіта плячо, зламана левая нага і некалькі рэбраў...

– Колькі дзён я тут знаходжуся?

– Крыху больш за суткі, – жанчына зноў па-добраму ўсміхнулася. – Можа, хочаш есці?

– Я лепш пасплю.

– Паспі, хлопец, паспі. Табе сон зараз лепей за любыя лекі.

Трэці раз Кухар прачнуўся апоўдні. Дзень быў у самым разгары. Сонечнае святло ахінала палату мяккім, па-восеньску лёгкім цяплом. Недзе ў кустах за акном бесклапотна чырыкалі вараб’і, і Кухару на імгненне падалося, што сёння нядзеля і ён спіць у сваёй дубоўненскай кватэры. Ён нават парадаваўся, што дзень такі добры і ён урэшце зможа з’ездзіць у Лугаўцы ў грыбы. Ён паспрабаваў падняцца, аднак пякучы боль ва ўсім целе вярнуў яго ў рэчаіснасць. Ён глуха ўскрыкнуў, не ад болю, ад нечаканасці, але яго вокліч пачула медсястра і праз імгненне яна была ўжо ля яго ложка.

– Што ж ты робіш, хлопец? Табе яшчэ некалькі дзён нельга будзе паднімацца з ложка.

– Я забыўся, – шчыра прызнаўся Кухар. – Думаў, што знаходжуся дома, што праспаў.

– Гэта бывае, – жанчына паправіла на ложку яго загіпсаваную нагу, коўдру і, панізіўшы голас, па-змоўніцку паведаміла:

– З табой хоча пагутарыць нейкі чалавек.

– Пэўна, «даішнік»?

Медсястра паціснула плячыма:

– Прасіў паклікаць яго, калі ты прачнешся.

– Хай заходзіць.

Медсястра згодна хітнула галавой і выйшла з палаты.

«Даішнік» з’явіўся ў палаце хвілін праз пяць. Малады, падцягнуты, у цывільнай вопратцы, ён зусім не нагадваў міліцыянера, ды і цікавіла яго не аварыя, а тое, якімі замежнымі мовамі валодае Кухар.

– Што? – не адразу зразумеў пытанне хворы. Ён уважліва паглядзеў на госця – ці не жартуе той? – і, убачыўшы па яго вачах і твары, што не жартуе, адказаў:

– У школе вывучаў нямецкую.

– А як вы патлумачыце той факт, што ў час свайго знаходжання ў коме, вы маліліся на сумесі арабскіх моў?

– Я маліўся? – разгублена рагатнуў Кухар. – Я ніводнай малітвы ніколі не ведаў і вучыць не збіраюся. Я не веру ў Бога!

– Верыць у Бога і ведаць малітвы – гэта не адно і тое, – госць быў сур’ёзным. Ён выцягнуў з кішэні некалькі лісткоў паперы, выбраў адзін з іх, патлумачыў:

– Вось Вашы словы, запісаныя медсястрой учора вечарам, – і прачытаў яму словы малітвы на сумесі стараславянскай і арабскай моў.

У палаце наступіла цішыня. Было чутна, як за адной яе сцяной плача жанчына, за другой – надрыўна стогне цяжкахворы. Першым загаварыў Кухар:

– Я не ведаю гэтых моў, ды і чаму я павінен маліцца за некага? Прабачце, вы хто?

Замест адказу Мікалай Кунцэвіч паказаў пасведчанне.

– Зразумела, – сказаў Кухар, нават не прачытаўшы яго. – Я, калі быў у коме, сніў нейкі дзіўны сон. Сутнасці яго я не памятаю, але там я, здаецца, быў нейкім вандроўнікам. Пэўна, прыснілася нешта такое, пра што я некалі чытаў. Вылезла з падсвядомасці.

– Аб нечым такім мне расказваў і Станкевіч, – Кунцэвіч падняўся з крэсла, на развітанне хітнуў галавой: – Выздараўлівай, капітан, – і, не азіраючыся, выйшаў з палаты.

9

Выпісалі Кухара з бальніцы ў адзін з ясных, пагодлівых кастрычніцкіх дзён. Ён выйшаў на бальнічны панадворак, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае, без звыклага паху лекаў, паветра, падняў угору галаву, напружана прыслухаўся – недзе там, у крохкім ад сонечнага святла небе, развітальна курлыкалі журавы, і яму раптам стала так шкада гэтых птушак, што ён ледзь-ледзь стрымаў камяк, падступіўшы да горла, аднак усё ж выказаў сваю горыч цяжкім уздыхам.

– Добры дзень, таварыш капітан, – нечакана зусім побач прагучала жаночае прывітанне.

– Дзень добры, – машынальна адказаў ён, апусціў галаву і паглядзеў у той бок, адкуль да яго данёсся голас – там, на лаўцы пад клёнам сядзела Таня і з лагоднай усмешкай назірала за ім. Ён таксама ўсміхнуўся ёй у адказ:

– Вельмі прыемна бачыць вас, Таня, тут сёння, хаця, скажу чэсна, для мяне гэта поўная нечаканасць.

– Мне нядаўна патэлефанаваў Ваш сябар, капітан Міклашэвіч і папрасіў сустрэць вас, заняць чым-небудзь на 30—40 хвілін, пакуль ён вырашыць тэрміновыя справы ў пракуратуры.

– Што ж, займайце, – Кухар усміхнуўся і зноў зірнуў угору. Але журавы былі ўжо далёка, і іх самотная песня ўжо ледзьве далятала да зямлі, затухала, і гэтае яе затуханне адазвалася невыразным болем пад яго сэрцам. На душы стала горка і пагана, быццам праводзіў у далёкі шлях не клін птушак, а некага роднага і дарагога.

– Можа, пасядзім у кавярні? – прапанавала дзяўчына. – Вы ж, пэўна, у бальніцы маркоціліся па добрай каве?

– Я сумую па працы, – сур’ёзна адказаў Кухар, аднак тут жа спахапіўся, паправіўся: – А разам з вамі я гатовы піць не толькі каву, але і атруту.

Таня ветліва ўсміхнулася ў адказ, але прамаўчала.

У кавярні было амаль бязлюдна – рабочы дзень у самым разгары, таму Кухар з дзяўчынай селі за свабодны кутні столік, заказалі каву.

– Чым зараз будзеце займацца? – пацікавілася Таня. – У вас жа, пэўна, будзе працяглы адпачынак.

– Так, – без усялякага энтузіязму пагадзіўся міліцыянер. – Два месяцы на аздараўленне, потым – водпуск. Хаця баюся, што гэтага часу мне можа і не хапіць, каб знайсці адказы на шматлікія пытанні па маёй аварыі.

– А я чула, што вы перавысілі хуткасць і не справіліся з кіраваннем.

– Гэта афіцыйная версія, а неафіцыйную ведаю толькі я адзін, і яна жудасная, неверагодная.

– На дарозе быў чалавек, дзіця, і вы, каб не забіць яго, звярнулі з дарогі і ўрэзаліся ў дрэва?

– Нешта такое.

– Дык вы ж герой! – здзівілася Кухаравай сціпласці Таня. – Пра вас у газетах пісаць трэба!

– Калі я раскажу праўду – мяне прымуць за вар’ята і, калі і напішуць нешта, дык толькі ў рубрыцы «Трызненні вар’ята».

– Я не разумею вас, Андрэй.

– Я сам пакуль яшчэ нічога не разумею, аднак вам скажу, бо вы сястра Максіма і мне паверыце, не будзеце смяяцца – мяне спрабаваў забіць той, хто забіў вашага брата.

– Што?

Кухар пачакаў, пакуль афіцыянтка паставіць на столік кубкі з кавай і толькі, калі яна адышлася, ціхім голасам пачаў расказ:

– Я зараз разумею, чаму Максім хаваў усе свае напрацоўкі і запісы, чаму ён не хацеў пасвячаць вас у свае справы. Ён вас любіў, шкадаваў, баяўся наклікаць на сваю сям’ю зло. Ён наблізіўся вельмі блізка да разгадкі нейкай тайны, вось толькі якой?

– Аб тым, што Макс мяне бярог, я здагадалася ў той вечар, калі вы паехалі ад нас. Тады мне пазванілі і сказалі, каб я забылася пра ўсё і ніколі ні з кім не абмяркоўвала гэтыя тэмы, каб я ўсё выкінула з галавы. Інакш абяцалі пакараць і мяне, і маіх бацькоў. Я тады вельмі спалохалася.

– Зараз я разумею, чаму вы не пазналі мяне наступнай раніцай, – мужчына крыху памаўчаў, потым загаварыў аб іншым: – У бальніцы я меў шмат вольнага часу на роздум і разважанні, і тое, аб чым я мог бы вам расказаць, настолькі неверагоднае і бязглуздае, што я сам у яго яшчэ не да канца веру, хаця гэта і здарылася асабіста са мной. Апошні месяц я жыву, быццам у сне.

– Раскажыце, – гэткім жа паўшэптам папрасіла дзяўчына. – Я вам веру і, магчыма, чым-небудзь змагу дапамагчы.

– Я нават не ведаю, з чаго пачаць, – крыху сумеўся Кухар, – тут так усё пераплецена. Тым адвячоркам я вяртаўся дадому. Асфальт быў сухі, бачнасць – добрая, хуткасць – недзе каля сямідзесяці. Раптам пасярод дарогі з’явілася белая постаць нейкай здані са старажытным мячом у руках. Я разгубіўся, перапалохаўся, а яна ўзмахнула мячом і ўсё – больш я нічога не памятаю.

– Гэта неверагодна!

– Але гэта не ўсё. Калі я ляжаў у стане комы, то сніў дзіўныя сны. Быццам маю душу аднесла ў далёкае мінулае і яна ўсялілася ў нейкага Мікіту.

– Не, тут крыху не так, – запярэчыла Таня. – Хутчэй за ўсё ваша душа некалі належала гэтаму Мікіту, а ў стане комы проста абвастрылася гістарычная памяць і вы ўспомнілі мінулае, тое, што ваша душа ўжо некалі перажыла.

– Магчыма, вы маеце рацыю. Але я сніў, што і ў мінулым сваім жыцці, у Мікітавам целе, я сустракаўся з гэтай белай пачварай. Зараз я збіраюся пакорпацца ў архівах, каб дакладна разабрацца, хто такі гэты Мікіта, чым ён вядомы, дзе быў і што рабіў у сваім жыцці. Яшчэ я хачу больш ведаць пра царскага ваяводу Пятра Абаленскага, які згубіў свой скарб каля Лядава, і пра нямецкую арганізацыю «Аненербэ».

– Вы адпраўляецеся па шляху Максіма.

– Напэўна. Вось толькі Максім усё рабіў у адзіночку, а я спадзяюся на падтрымку Пашы Міклашэвіча. Мне будзе лягчэй, чым вашаму брату, бо я ўжо сутыкаўся з забойцам і ў адным сваім жыцці, і ў другім.

– А давай мы будзем на «ты», – прапанавала Таня. – Калі ты і на самай справе збіраешся ўвязацца ў бойку з невядомым, то так нам будзе прасцей мець зносіны.

– А ці патрэбныя нам гэтыя зносіны?

– Патрэбныя.

Кухар на імгненне задумаўся, потым хітнуў галавой:

– Я згодны, – і, зірнуўшы ў акно, засмуціўся: – Пашка прыехаў. Нам час развітвацца.

– Але ж ты тэлефануй, трымай мяне ў курсе спраў.

– Добра, – паабяцаў мужчына і падняўся з-за стала.

10

Патэлефанаваў Кухар сваёй знаёмай толькі праз два тыдні. Патэлефанаваў вечарам, знянацку.

– Добры вечар, Таня, – праз шум і трэск у трубцы данёсся да дзяўчыны яго далёкі голас. – Прабач, што доўга не званіў.

– Я ведаю, што ты зараз корпаешся ў архівах, – чамусьці гучна адказала Таня і, шчыльней прытуліўшы слухаўку да вуха, дадала: – Мне на мінулым тыдні тэлефанаваў Міклашэвіч.

– Зараз я ў вашым горадзе і званю табе з чыгуначнага вакзала.

– Ты тут? – шчыра абрадавалася дзяўчына. – Прыязджай тады да нас.

Праз паўгадзіны стомлены, даўно няголены, але шчаслівы Кухар стаяў

перад уваходнымі дзвярыма хаты Камяневічаў. Убачыўшы яго з вусамі і невялікай бародкай, Таня шырока ўсміхнулася:

– Калі б я сустрэла цябе такога на вуліцы днём, то не пазнала б.

– А вечарам?

– Вечарам? – дзяўчына засмяялася. – Крый божа, сустрэць цябе такога вечарам! Аднак, што мы стаім на вуліцы, заходзь у хату.

Пакуль Кухар распранаўся ў вітальні, Таня аб нечым перашэптвалася на кухні са сваімі бацькамі. Потым выйшла да яго і прапанавала памыць рукі і павячэраць разам з імі.

– Я перакусіў ужо ў вакзальным рэстаране, – падзякаваў госць і зірнуў на наручны гадзіннік – Ды і апошні аўтобус на Дубоўну адпраўляецца праз дзве гадзіны, а я хачу расказаць табе пра сваю паездку.

– Ну давай хаця пап’ём чаю!

– Ад чаю не адмоўлюся.

Аднак пасля таго, як Кухар зайшоў на кухню, павітаўся з Танінымі бацькамі і сеў на табурэтку ля халадзільніка, гаспадар паставіў на стол бутэльку гарэлкі.

– Я думаю, што кілішак «Сталічнай» не зашкодзіць такому малайцу пасля працяглага падарожжа, – бадзёра сказаў ён.

– Ну, калі толькі кілішак.

За першым кілішкам быў другі, за другім – трэці і толькі потым Таня рашуча ўмяшалася ў цікавую гутарку мужчын пра спорт і палітыку.

– Тата! – дзяўчына з дакорам паглядзела на бацьку. – У Андрэя хутка аўтобус, а ён мне яшчэ не расказаў пра сваю паездку.

– Няхай тут расказвае.

– Табе яго расказ будзе нецікавы, бо расказваць ён будзе пра гісторыю.

– Гісторыю я і сапраўды не люблю, – пагадзіўся з дачкой бацька і неахвотна падняўся з-за стала. – Пайду тады ў залу глядзець разам з маці тэлевізар.

Калі бацька выйшаў, Таня агледзела стол, крыху падумала, потым села на бацькаву табурэтку і, зірнуўшы на Кухараў партфель, які той трымаў ля сваіх ног, пацікавілася:

– Пэўна, шмат старадаўніх тайнаў, палацавых інтрыг і сакрэтаў хаваецца ў гэтым партфелі?

– Інтрыгі мяне не цікавілі, да тайнаў – не дапускалі, аднак, на свае пытанні я ўсё ж знайшоў нейкія адказы. Заўтра буду іх аналізаваць, складаць лагічныя ланцужкі, каб потым прайсціся па кожным іх звяне і адказаць на галоўнае пытанне: «Хто забіў твайго брата і хацеў забіць мяне?»

– Што ты даведаўся?

– Я перагледзеў шмат старадаўніх рукапісаў, прачытаў шмат гістарычнай літаратуры і скажу, што сапраўднай гісторыі мы, напэўна, ніколі ведаць не будзем. Аднак я толькі спачатку звяртаў увагу на нестыкоўкі і супярэчанні ў апісанні тых або іншых падзей. Потым плюнуў на ўсё каментарыі гісторыкаў і запісваў толькі факты і сведчанні людзей.

– Расказвай, – Таня зручней уладкавалася на табурэтцы, паклала рукі на стол. – Пачынай пра Мікіту.

– Біяграфія цвярскога купца Мікіты амаль невядома гісторыкам, бо ў XV стагоддзі прасталюдзіны яшчэ не мелі прозвішчаў. Таму я не ўпэўнены, што тыя звесткі, якія я сабраў пра нашага Мікіту, праўдзівыя і дакладныя. Вядома, што ў 1468 годзе ад вялікага князя Цвярскога ён атрымаў грамату на дазвол гандляваць у Астрахані, і вясной таго ж года праз Клязьму, Угліч і Кастраму паплыў на чатырох стругах да гэтага горада. Аднак ля Астрахані яго абрабавалі татары хана Касіма і, каб не трапіць у даўгавую яму, ён адправіўся гандляваць у Персію, а потым і ў Індыю, – Кухар нахіліўся, падняў з падлогі на каленкі свой партфель, расшпіліў яго і выцягнуў папку з паперамі. Крыху пакорпаўшыся ў ёй, ён дастаў адтуль звычайны вучнёўскі сшытак:

– У Львоўскім летапісе пад 1475 годам чытаем: «.. .Того же году обретох напнсанне... тверкшна купца, что был в Ындее 4 годы, а ходнл, сказывает, с Вашлнем Папнным. Аз же опытах, колн Вашлей ходнл скречаты послом от велнкого князя, н сказаша мн за год до казанского похода прншел го Орды; колн княз Юрьн под Казанью был, тогда его под Казанью застрелнлн...»

Я не разабраў імя цвярскога купца ў гэтым летапісе, але думаю, што гэта быў Мікіта. З летапісу вынікае, што ён быў у Індыі 4 гады. І, на самай справе, у 1470 годзе ён прыбыў у горад Джуннар – прывёз на продаж жарабца, за якога заплаціў сто рублёў і якога збіраўся выгадна прадаць. Але мясцовы раджа адабраў у яго каня і грошы, а самога купца кінуў у вязніцу. І толькі заступніцтва знаёмага мусульманіна Мухамеда выратавала Мікіту ад ганьбы. «Случнлось Господне чудо на Спасов день. Господь Бог сжалнлся, не оставнл меня, грешного, мнлостью своей», – пісаў потым аб гэтай падзеі ў сваім дзённіку Мікіта. Але ўсё, сказанае мной, не істотнае і мае да нашага расследвання толькі ўскоснае дачыненне. Галоўнае, што ў Джуннары Мікіта натыкнуўся на разваліны старой крэпасці, але пра тыя падзеі ты ўжо ведаеш, – расказчык спыніў свой аповед і, не падымаючы галавы, перагарнуў некалькі старонак у сшытку, пачаў чытаць:

– «...Се же напнсано не обретох, в кое лето пошел нлн в кое лето прншел го Ынден, а сказывают, что ден Смоленьска не дошед, умер. А пнсанне то своею рукою напнсал, нже его рукы те тетрадн прнвезлн гостн к Мамыреву Вашлью, к днаку велнкого князя на Москву».

Тлумачу гэты запіс: у 1475 годзе Мікіта з Кафы адправіўся па Дняпры на радзіму. Значыць, ён меў дастаткова грошай, каб не баяцца сваіх крэдытораў. Але да Смаленска так і не даплыў, раптоўна памёр. Ад чаго памёр здаровы мужык? Куды падзеліся яго рэчы і грошы? Чаму яго запісы аказаліся ў Маскве, у княжага дарадчыка дзяка Васільі Мамырава, а не ў Смаленску ці Цвяры? – на гэтыя пытанні я не шукаў адказаў, бо яны відавочныя. Тут для нас галоўнае іншае – амулет Шывы трапіў у Масковію і, хутчэй за ўсё, асеў у каліце дзяка.

– А можа, нехта з купцоў забраў яго сабе?

– Гэта малаверагодна. Яны маглі падзяліць Мікітавы грошы і, хутчэй за ўсё, так і зрабілі, а вось амулет быў адзін і на дзве часткі не дзяліўся, – Кухар усміхнуўся сваім думкам, аднак хутка зноў стаў сур’ёзны:

– А зараз я табе раскажу пра род Пятра Сямёнавіча Абаленскага. У архівах дакапаўся нават да пачынальніка гэтага роду – Канстанціна Абаленскага – Кухар зноў перагарнуў некалькі старонак сшытка:

– Дзмітрый Шчэпа, меў двух сыноў: Івана і Сямёна. Старэйшага Івана ён назваў Залатым, а малодшага – Сярэбраным. Чаму так? – аб тым гісторыі не вядома. Дык вось, Шчэпа быў не толькі ваяводам пры маскоўскім князе Іване ІІІ, але і лепшым сябрам дзяка Васіля Мамырава. Разумеш? З вялікай верагоднасцю, і амулет у род Абаленскіх трапіў праз гэтага ўсюдыіснага дзяка. Іншая справа, што ні купцы, ні дзяк, ні князь не ведалі сапраўднай яго каштоўнасці, яго разбуральнай сілы, і таму захоўваўся ён у іх як звычайны кавалак золата.

– А калі б ведалі?

– Калі б ведалі, то не ўцякаў бы князь Пётр са сваёй шматтысячнай арміяй з-пад Оршы ад невялікага атрада Філона Кміты ў 1567 годзе. Лепш бараніў бы паўднёвыя межы Масковіі ад татар у 1570 годзе, а так, як піша Карамзін, – расказчык пераліснуў старонку: – «Славный воевода, от коего бежала многочнсленная рать Селнмова, который двадцать лет не сходнл с коня, побеждая н татар, н лнтву, н немцев, князь Петр Семеновнч, прнзванный в Москву, ввдел н слышал от царя однн ласкн, но вдруг лешон опрнчннков стремнтся к его дому кремлевскому, ломают ворота, дверн н перед лнцом, у ног Ноанна отсекают голову сему нн в чем не обвнненному воеводе».

– Адсеклі галаву? Божухна! – Таня ад жаху прыкрыла твар рукамі. – За што, калі ён быў такім слаўным ваяводам?

– Ну, не ўсяму напісанаму трэба верыць, – Кухар паклаў сшытак у папку, узяў другі, пераліснуў яго старонкі, уздыхнуў:

– Я думаю, што гэтак цар маскоўскі пакараў свайго ваяводу за згубу яго падарунка – кнігі з царскай ліберэі. Іван Жахлівы быў вельмі злапамятлівы чалавек. І яшчэ вось якія думкі рояцца ў маёй галаве: магчыма, купца Мікіту забілі і абрабавалі ў Лядаве – гэта ж непадалёк ад Смаленска. У гэтай жа вёсцы князь Абаленскі згубіў сваю казну. Чамусьці і «Спадчына Продкаў» нешта там шукала і, калі б не наступленне Чырвонай Арміі, то, думаю, адкапала б. Пэўна, і нам трэба шукаць гэтае «нешта» ў Лядаве. Вось толькі дзе, у каго, як яно выглядае?

– А нашчадкі ў Пятра Абаленскага былі?

– Не было ў яго нашчадкаў. Быў, праўда, князь Міхайла Рапнін, але і яго ў час царкоўнага богаслужэння забіў цар Іван Васільевіч.

– За што? – міжволі вырвалася ў Тані пытанне.

– Той адмовіўся быць блазнам у час п’янай царскай оргіі.

– Колькі ж ты бруду перакапаў у архівах!

– Калі б толькі бруду! Там кожны лісток крывёй насычаны. Там нават бібліятэкары працуюць у пальчатках. – Кухар уздыхнуў. – Толькі мяне і блізка не падпускалі да сапраўднай гісторыі, да праўдзівага мінулага. Уяўляю, якім пылам і брудам яно пакрыта, колькі на ім крыві, гвалту і несправядлівасці!

У пакоі наступіла цішыня. Таня са шкадаваннем глядзела на Андрэя, які засяроджана корпаўся ў сваёй папцы і ніяк не мог знайсці патрэбны яму запіс. Урэшце яна не вытрымала:

– Ты на словах раскажы, што шукаеш.

– Ды там выпіска з аповеду вяземскага купца ў Пасольскім прыказе. Ага, вось яна, – Кухар выцягнуў са стоса папер і сшыткаў невялікі аркушык і пачаў чытаць:

– «В 22 день генваря в Посольском прнказе явнлся вязьмятнн торговый человек Стенька Рогожка, н в распросе сказал дьяку Внсковатому:

По государеву де указу нмалн его с собой в Лнтву государевы людн, боярнн князь Фёдор Оболенскнй с товарншд. Н как де его те государевы людн отпустнлн нз Дубовны в Мошлёв с товары н для проведывання вестей н он де навешал Нвашку Хлеста в местечке Лядово, н в Мошлёве жнл 17 недель. Н как поведал Нвашка, что прншел го обозу н под Речнцы лнтовскнй гетман ксенжа Раднвнл в местечко Головчнн, от Мошлёва 25 верст. Н езднл он в Мошлев, а го Мошлёва в Головчнн к гетману для того, чтоб осмотреть гетманова войска н розведать вестей.

Да он же де был н в Глебовнчеве маетноста, Дубовне, Лядове. Н в тех де вышепнсаных городех, в Орше, н в Мошлеве, н в Шклове, н в Глебовнчеве маетноста. В Дубовне ратных людей ннкого нет, только тутошнне жнльцы».

– І што табе дае гэта выпіска?

– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Кухар. – Проста тут упамінаецца Лядава і маскоўскі лазутчык Івашка Хлёст. Пра князя Фёдара Абаленскага ў архівах я амаль нічога не знайшоў.

– Што ты будзеш рабіць заўтра?

Андрэй паклаў у партфель папку з паперамі, зашпіліў яго. Усё гэта ён рабіў спакойна, грунтоўна, засяроджана, і Таня разумела – зараз мужчына абдумвае сапраўдны сэнс яе пытання. Урэшце ён адказаў:

– Адасплюся, паразважаю над сабраным матэрыялам, потым з’езджу ў Лядава, прагледжу архівы іх сельскага савета.

– А калі будзеш у нашым горадзе?

Кухар падняў галаву, паглядзеў у бліскучыя, поўныя надзеі, вочы дзяўчыны.

– Міклашэвіч абяцаў на нейкі час пазычыць мне сваю «шасцёрку», – ён зірнуў на гадзіннік, падхапіўся з табурэткі і ўжо на выхадзе, пры развітанні, закончыў думку: – Думаю, што два-тры дні мне хопіць на асэнсаванне сабранай інфармацыі, потым я да цябе заеду і ўсё раскажу.

Частка ІІІ

1

Кухар стаяў ля акна і глядзеў на пусты ў гэты ранішні час двор свайго дома. Глядзеў і бачыў тое, чаго яму не хацелася бачыць больш за ўсё – свой апусцелы гараж. Але і не бачачы гаража, ён бы адчуваў крыўду і боль па сваёй разбітай машыне, і разам з тым ён быў удзячны ёй, як бывае ўдзячны чалавек другому чалавеку, які коштам уласнага жыцця выратаваў яго ад дачаснага падарожжа ў царства памерлых.

Андрэй уважліва агледзеў стары двухпавярховы цагляны дом з замшэлым дахам, цёмнымі вокнамі і зламанымі ўваходнымі дзвярыма, за якімі, як і ўва ўсім гарадку, не чулася ані голасу. Ён акінуў позіркам пустынныя вуліцы і тратуары, на якіх не было руху, і толькі нуда асенняй ночы, бы рэха апошняй навальніцы, паступова растваралася ў нежывым святле вулічных ліхтароў.

Зусім нядаўна спякотная хваля ахінула яго сэрца, змыла з душы стомленасць двух мінулых тыдняў, растварыла цяжар у галаве, асвятліла розум. І зараз, стоячы ля акна і азіраючы шэрае наваколле, ён са здзіўленнем слухаў далёкае курлыканне журавоў. Іх жалобны, прыглушаны ранішняй сырасцю, голас ледзь прабіваўся праз аконнае шкло. «Так позна, у лістападзе!» – не пераставаў дзівіцца ён і разам з тым думаючы – а ці не сніць ён, ці не галюцынацыі ўсё гэта?

З месяц таму, яшчэ з бальніцы, зрэдку ён пачаў чуць развітальнае курлыканне нябачных птушак. Што яно азначае – ён не ведаў, аднак успаміны і сны так перапляліся ў яго галаве, так зрасліся ў адно цэлае, што ён ужо не мог адрозніць адно ад аднаго, і такія яго паводзіны насцярожвалі і хвалявалі суседзяў і сяброў. «Я, пэўна, страчваю розум», – думаў Кухар і пільна ўзіраўся ў цяжкае неба, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць там запознены жураўліны клін. Але неба было безнадзейна пустым. «Упершыню я звярнуў увагу на курлыканне ў той фатальны дзень, потым – у дзень, калі да мяне прыходзіў афіцэр з органаў. Яшчэ два-тры разы яно мне пачулася ў сталіцы, і тымі днямі супрацоўнікі архіва адносіліся да мяне па-хамску, няветліва. Магчыма, так мяне нехта папярэджвае аб небяспецы? Але ж і ў дзень выпіскі з бальніцы я чуў курлыканне журавоў! Не, я ўсё яшчэ хворы і баюся, што ў мяне проста не хопіць здароўя, каб дабрацца да праўды, бо, каб пазнаць яе, трэба прайсці доўгі, нялёгкі шлях, на якім з кожным крокам мне даводзіцца губляць нешта важнае, дарагое, асабістае – каханне, сяброўства, давер да людзей, расчараванне ў жыцці. Не ператварыцца б самому ў тую пачвару, вайну якой я аб’явіў... Але што азначае гэта курлыканне? Чаму яго чую толькі я адзін?»

Учарашні дзень Кухар прысвяціў вывучэнню і аналізу прывезеных дакументаў, і чым глыбей ён паглыбляўся ў іх, тым больш упэўніваўся – тайна Гіблай затокі хаваецца не за дзвярыма міфічнай Залы Ведаў, а ў згубленым куфры маскоўскага ваяводы. Аднак, што за каштоўнасць там схавана, якая тайна, які сакрэт? – не дарэмна ж апрычнікі Івана Жахлівага за яго згубу адсеклі галаву Пятру Абаленскаму! Не, трэба зноў ехаць у Маскву.

А што шукалі эсэсаўцы ў Лядаве? Гэтых золата і самацветныя камяні не цікавілі. Іх можна было зацікавіць толькі нечым звышнатуральным, сапраўды дзіўным і фантастычным. Плёткам і чуткам яны не верылі, значыць, мелі нейкія сур’ёзныя дакументы. Якія? Не, трэба зноў ехаць у сталіцу, корпацца ў архівах.

Але спачатку трэба з’ездзіць у Лядава, пагутарыць са старажыламі, прагледзець архіўныя дакументы сельскага савета – магчыма, там адшукаецца нейкая нітачка. А, магчыма, скарб ваяводы даўно ўжо дасталі мясцовыя сяляне, пакінуўшы нашчадкам на памяць аб ім толькі прыгожую легенду?

На дварэ пасвятлела. Кухар адышоў ад акна і з задавальненнем уладкаваўся ў глыбокае, мяккае крэсла. Заплюшчыў вочы. І раптам, нібы ў прадаўжэнне яго думак, успомніўся скарб раджы Джагдзіша, які вартаваў вялікі белы сабака. Успомнілася і смерць ганчара-індуса Калідаса. Няўжо тая здань зараз знаходзіцца тут, у Лядаве? Гэта неверагодна. А калі так, то што яна там вартуе, што ахоўвае? Не ўваход жа ў Залу Ведаў!

Яна хацела забіць мяне. За што? Не ведаю, бо я нават расказу настаўніка Баранава аб звышрозуме і вечнасці жыцця не паверыў.

Што аб’ядноўвае мяне і Максіма Камяневіча? Нічога!

Што ў нас ёсць агульнага? Нічога!

Што мы ведалі на момант сваёй смерці пра пачвару? Нічога!

Што ж тады справакавала яе нападзенне, дзе хаваецца разгадка?

Разбудзіў Кухара настойлівы званок тэлефона. Андрэй падхапіўся з крэсла і, праціраючы вочы, падняў трубку:

– Капітан Кухар...

– Хопіць спаць, капітан, – у трубцы пачуўся басісты голас Міклашэвіча. – Машыну я паставіў у тваім двары, ключы ў попельніцы. Спадзяюся, што да вечара ты зробіш свае справы і вернеш мне маю ластаўку непабітую і спраўную.

– Не хвалюйся, – канчаткова адыходзячы ад сну, заспакоіў сябра Кухар. – Я з’езджу толькі ў Лядава.

– Гэта мяне і палохае.

У Лядава Кухар прыехаў апоўдні і адразу накіраваўся ў сельскі савет. Але яго старшыня, маладая і ўжо мажная жанчына, расчаравала:

– Свае архівы мы доўга не захоўваем, – паведаміла яна ўчастковаму. – Ды і што ты, Андрэй Сяргеевіч, можаш з іх даведацца: склад сям’і, колькасць жыўнасці ў гаспадарцы ці плошчу зямельнага ўчастка?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю