355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Мажылоўскі » Тайна гіблай затокі (СИ) » Текст книги (страница 1)
Тайна гіблай затокі (СИ)
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 20:30

Текст книги "Тайна гіблай затокі (СИ)"


Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі


Жанр:

   

Триллеры


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)

Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ

ТАЙНА ГІБЛАЙ ЗАТОКІ

Містычная аповесць

Частка І

1

Суботнім вечарам дваццаць дзявятага студзеня 1564 года, калі князь Пётр прыйшоў з лазні і дапіваў першы кубак хлебнае, халоднае брагі, да яго ў хату, без папярэджання і стуку, уваліўся перапалоханы брат Васіль.

– Толькі што вярнуўся з віжавання Грышка Хлёст, – задыхаючыся ад хуткай хады і ўзрушэння, проста ад парога прасіпеў ён апошнюю навіну, – і расказвае халоп неверагоднае.

– Ну-у! – раззлаваны Пётр падхапіўся з лавы і рэзка павярнуўся да брата. Халодны хлебны напой плескануўся на яго бараду, тонкай ручаінай пацёк на чырвоныя, распараныя грудзі, але князь гэтага не адчуваў.

– Кажа, што ліцвіны поўнасцю разбілі войска князя Пятра Іванавіча, яго самаго ці то засеклі, ці то закавалі ў жалеза і зараз спешным маршам ідуць сюды, па нашы душы.

Малодшага брата трэсла ліхаманка, сківіцы яго гучна шчоўкалі, рукі, як і маленькія вочы, не знаходзілі спакою. Пётр ад такой навіны зноў апусціўся на лаву, потым рэзка падхапіўся з яе.

– Не можа такога быць! – гучна, амаль істэрычна выгукнуў ён і запусціў гліняным кубкам у печ. На яго крык у пакой заскочыў устрывожаны ахоўнік, але ваявода махнуў яму рукой: «Знікні!» – і павярнуўся да брата:

– Князь Шуйскі Інфлянты паставіў на калені, прайшоў столькі бітваў, што іншаму баярыну і не снілася, ваяваў Полацк... Не, такога не можа быць! Не мо-жа!

– Чаму не можа? Білі ж нас і раней ліцвіны, і неаднойчы!

– Калі тое было? – распранае цела князя Пятра пакрылася буйнымі кроплямі поту. – Якое ж тады войска мае Радзівіл? Сорак тысяч? Пяцьдзясят? Семдзесят?

Брат паціснуў плячыма:

– Хлёст на панадворку чакае.

– Давай яго сюды!

Пяцідзясятнік Грышка Хлёст, невысокі, каржакаваты стралец з шызым носам і падпаленай, рудаватай барадой, спалохана, бокам увайшоў у памяшканне, зняў свой каўпак і грузка паваліўся на калені. Калі б хтосьці з братоў у гэты момант сказаў слова ці нават проста кашлянуў, Грышка ўпаў бы і на жывот, але ў горача натопленым пакоі панавала цяжкая цішыня. Допыт пачаў старшы з братоў, Пётр:

– Ну што ты даведаўся пра князя Шуйскага? Ці надзейныя твае звесткі?

Стралец, заікаючыся і блытаючыся ў словах, пачаў расказ:

– Я раніцай са сваёй паўсотняй выехаў на віжаванне ў бок Зубрэвічаў. Ля вёскі мы схаваліся ў прыдарожным ельніку, добра ўкрыліся і пачалі чакаць, спадзеючыся захапіць у палон якога-небудзь неасцярожнага шляхціца. Але шляхціцаў не было. Тады я і Цёмка Гуз пераапрануліся пад сялян і накіраваліся ў мясцовую карчму, каб паслухаць, пра што там гавораць людзі...

– Гарэлкі папіць ты туды направіўся, сабачае рыла! – прашыпеў князь Пётр. – Што далей?

– У карчме мы ўзялі гарлач піва і селі ў цёмны кут, каб нас ніхто не бачыў. Хутка туды ўвалілася з дзясятак шляхціцаў. Яны былі вясёлыя, гучна рагаталі, бруднымі словамі адзываліся аб вашай светласці...

– Па справе давай!

– Ад іх мы і пачулі, што князь Шуйскі забіты, а войска яго поўнасцю разгромлена. Што саракатысячны атрад Радзівіла Рудога павінен злучыцца з ліцвінскім войскам, якое спяшаецца сюды з Барысава, і разам яны намерыліся акружыць нас і ўсіх бязлітасна выразаць. Быццам ад іх караля паступіў загад – палонных не браць!

– Вось звяры! – вырвалася ў Васіля.

Старшы брат злосна зыркнуў на малодшага, крыва ўсміхнуўся, але прамаўчаў. Расказ стральца падаўся яму неверагодным па сваёй сутнасці, выклікаў шмат пытанняў і сумненняў, але ж і пяцідзясятніку не з рукі было падманваць. Такімі звесткамі не жартуюць, за такія жарты караюць шыбеніцай! Ваявода махнуў Хлясту рукой, дазваляючы таму падняцца з каленак і пакінуць памяшканне. Калі стралец зачыніў за сабой дзверы, Пётр звярнуўся да брата:

– Ты яму верыш?

Васіль нерашуча паціснуў плячыма, адвёў вочы і пачаў папраўляць кнот аплыўшай свечкі. Па зачаднелых сценах пакоя заскакалі фантастычныя цені-пачвары.

– Заўтра нядзеля, і мы ў царкву збіраліся схадзіць!

– Глядзі, каб цябе заўтра не адпявалі ў гэтай царкве! – груба, бы адсякаючы сумненні, выгукнуў Пётр. – Ды адчапіся ты ўрэшце ад свечкі! Ідзі лепш узмацні варту і кладзіся адпачываць.

Аднак і старэйшаму з Абаленскіх не спалася: чорныя думкі, адна жудаснейшая за другую, лезлі ў галаву, кашмарамі бударажылі ўяўленне, перашкаджалі сну. «Ператапілі ў хаце, – апоўначы не вытрымаў ваявода і падняўся з лежака: – Пачытаю крыху, магчыма, лягчэй стане». Ён перажагнаўся, ступіў на халодную падлогу, наблізіўся да стала, адкінуў вечка невялікага куфра, дастаў адтуль кнігу і цяжка ўздыхнуў – усяго некалькі тыдняў таму сам цар даў яму гэтую кнігу з уласнай ліберэі. «Чытай, Пятро, – яшчэ і зараз гучалі ў вушах царскія словы. – Мо і ты калі-небудзь навучышся ваяваць так, як ваяваў Цэзар».

Князь пагартаў Цэзаравы запіскі аб Гальскай вайне, якія зусім нядаўна пераклаў на рускую мову пастар Ветэрман з Дзерпта, закрыў кнігу і зноў асцярожна, быццам найвялікшую каштоўнасць, схаваў яе ў куфар – не затрымліваліся ў памяці мудрыя словы вялікага рымляніна, не ўспрымаў розум яго задум і парад, і разуменне гэтага толькі ўзмацняла непрыемнае пачуццё трывогі. «Выйду праветруся», – вырашыў князь і стаў нацягваць боты.

У мястэчку, не зважаючы на ноч, было шумна і неспакойна. Ярка гарэлі кастры, устрывожаныя стральцы вялікімі натоўпамі рухаліся па вуліцах, нешта бурна абмяркоўвалі, спрачаліся і лаяліся.

– Што тут такое? – запытаўся князь у вартавога. – Чаму не спяць ратнікі?

Вартавы, магутнага целаскладу стралец, паціснуў шырокімі плячыма і грубым, прастуджаным голасам, паведаміў:

– Кажуць, што статысячнае ліцвінскае войска ўжо на падыходзе.

Ад такога паведамлення Пятра кінула ў жар: «Няўжо?» – на большае ў яго не хапіла смеласці. Глыбока глытаючы свежае марознае паветра, князь некалькі імгненняў разгублена стаяў на панадворку. Цяжкімі ўдарамі ў скронях пульсавала адзінае пытанне: «Няўжо?», і хаця сам ваявода быў чалавекам рашучым і смелым, але ўсеагульны сполах разам з сырым, халодным паветрам пранік і ў яго істоту. Ён рэзка павярнуўся на месцы і, ўжо заходзячы ў нізкія дзверы хаты, раздражнёна кінуў вартавому:

– Пакліч сюды брата!

Братняя нарада была нядоўгай і, яшчэ далёка да ўзыходу сонца, стралецкія палкі пачалі згортваць свой лагер і ціха, бы рабаўнікі, пакідаць наваколле Барані.

Рухаліся хутка, без прывалаў. Ваявода ведаў – цар не даруе яму палону. З баязлівасці пасмяецца, магчыма, паб’е сваім посахам, раз-другі абняславіць перад баярамі, аднак сорам не дым, вочы не выесць, з ім жыць можна. А вось палон! Палон – гэта непазбежная смерць. Моцна захрасла ў памяці князя Пятра, з якой звярынай лютасцю і д’ябальскай асалодай цар Іван Васільевіч уласнаручна сек палоненых палачан, пускаў пад рачны лёд яшчэ жывых габрэяў, іх жонак і дзяцей. Не любіў цар палонных, таму і ўцякаў князь Пётр ад невядомай яму сілы – лепш ганьба, але жыццё, чым палон і смерць.

Шлях быў наезджаны, накатаны, вядомы: па дняпроўскім лёдзе да Дубоўны, адтуль – на Красны. Там можна адпачыць, аддыхацца, прывесці ў парадак свае думкі.

У Дубоўне не спыняліся, памянялі коней і зноў у дарогу.

Да памежнага паселішча Лядава пад’ехалі, калі дзень быў у самым разгары, і як ні спяшаўся князь, як ні стараўся яго возчык гнаць коней, але чуткі аб набліжэнні ліцвінаў імчалі хутчэй. Менавіта тут князь Пётр пачуў ад свайго ахоўніка Грышкі Хляста, што пяцітысячная стралецкая застава, пакінутая ім у Крапіўне, поўнасцю высечана ліцвінамі і што іх конныя раз’езды ўжо бачылі ў ваколіцах Лядава. Аднак вестка аб конных раз’ездах праціўніка мала зацікавіла князя. Яго ўвагу прыцягнула стоўпатварэнне ля вузкага мастка праз рэчку, і ўрэшце ён не вытрымаў, запытаўся:

– Што там такое?

– Мост аказаўся трухлявым, ваша міласць, – першым адазваўся Хлёст. – Не вытрымаў цяжару нашай раці і абваліўся.

Абаленскі брудна вылаяўся, задумаўся і праз некалькі імгненняў паказаў рукой у бок лесу, дзе над вяршынямі елак віліся ледзь бачныя стужкі дыму.

– Там што за паселішча?

– Вёсачка Плавуны называецца, – здавалася, што Хлёст ведаў усё. – Каля трох дзясяткаў халопскіх душ.

– Едзем! – ваявода ўладарна секануў рукой паветра і зручней уладкаваўся ў сваім вазку.

І аднаго гэтага руху хапіла, каб велізарная стужка абозу збочыла з наезджанай дарогі на рачны лёд Мірэі і па ім папаўзла ўбок недалёкага паселішча. Душэўна спустошаны, няголены, стомлены і галодны, князь Пётр сядзеў у санках і, быццам зачараваны, глядзеў на заснежаныя векавыя яліны, якія нагадвалі яму волатаў, што шмат дзесяцігоддзяў нерухома стаяць тут на варце межаў сваёй дзяржавы. Ён ніколі не паказваў свайго хвалявання перад падначаленымі, заўсёды імкнуўся быць спакойным і разважлівым. Аднак зараз рукі яго міжволі задрыжэлі, а на шчоках зазіхацелі кропелькі слёз. На душы зрабілася неспакойна і млосна. Раптоўна захацелася стаць маленькім, схавацца пад футрамі ад брата, ад стральцоў, ад усяго свету, схавацца і выплакацца. Але... Што перашкаджала яму зрабіць гэта, князь не паспеў дадумаць – магутны ўдар скалануў вазок, падкінуў яго ўгору, з усяе моцы пляснуў аб лёд, і князь страціў прытомнасць.

Ачуняў ён хутка. Расплюшчыў вочы і першае, што ўбачыў – перапалоханыя стральцы аховы пад камандаю Хляста выцягваюць з палонкі на лёд яго вазок. Князь з дапамогай брата падняўся на ногі, зрабіў некалькі глыткоў з біклагі, якую падаў яму Васіль і, канчаткова прыходзячы ў сябе, злосна трасянуў рукой:

– Ты куды глядзеў, воўчае семя? – ён выхапіў з похваў шаблю і з усяе сілы, укладваючы ва ўдар свае боль і злосць, секануў возчыка па галаве.

Гарачая кроў фантанам пырснула ва ўсе бакі, запэцкала белы княжы кафтан, пафарбавала лёд, напалохала каня, але яна і ахаладзіла Пятра, быццам разам з душой небаракі-стральца з яго вылецелі і злосць, і нянавісць, і раздражненне. Князь на імгненне супакоіўся, аднак новы страх балюча ўдарыў пад сэрца і вырваўся з яго вуснаў ледзьве чутным пытаннем:

– Дзе мой куфар?

Адказам была цішыня. Нават стральцы, якія мянялі на выцягнутым з палонкі вазку зламаныя аглоблі, палахліва сцішыліся, уцягнулі ў плечы галовы, зрабілі выгляд, што не пачулі пытання.

– Дзе мой куфар? – са страхам і адчаем закрычаў князь. – Дзе куфар?

Зноў цішыня была яму адказам, і князь не вытрымаў гэтай цішыні.

Быццам падкошаны нябачным асілкам, ён са стогнам паваліўся на рачны лёд, стаў качацца па ім, выць, кленчыць, дзіка смяяцца.

Стральцы спалохана адступіліся да палонкі і толькі малодшы брат Васіль таптаўся ля ваяводы, спрабаваў яго неяк супакоіць, суцешыць. Урэшце яму ўдалося ўліць у рот Пятра некалькі глыткоў гарэлкі і той прыціх, а праз некалькі імгненняў, спустошаны, абязволены і знясілены, заплакаў. Яго турботы і памкненні, мары і спадзяванні – усё, дзеля чаго ён цярпеў спёку Бахчысарая і лютыя маразы Масковіі, зараз не мела значэння, бо ён страціў пад лёдам гэтай нікому невядомай рэчкі не проста казну, тут ён згубіў кнігу, якую яму даў цар. А разам з кнігай у гэтай вадзе патанулі не толькі яго гонар і годнасць, разам з ёй тут патанула яго жыццё. Хаця. А раптам.

Князь падняўся на ногі, мутным позіркам абвёў прыціхлага брата, стральцоў, хітнуў Хлясту:

– Падыдзі.

Грышка спалатнеў, паваліўся на лёд, падпоўз да свайго ўладара і заціх, чакаючы вырашэння свайго лёсу. Але Абаленскі не спяшаўся, думаў. Урэшце ён узмахнуў рукой, каб стральцы крыху адышлі ад яго і загаварыў.

– Твае бацькі верай і праўдай служылі маім бацькам. Ты таксама мой верны служка, а таму я хачу даверыцца табе.

Хлёст усхліпнуў, схапіў князя за мокрае крысо кафтана, прыпаў да яго вуснамі. Князь Пётр не звярнуў на гэта ўвагі і, гледзячы ў шэрую прастору неба, працягваў гаварыць сваю задуму. Голас яго гучаў роўна, але ў ім не адчувалася ні адценняў, ні пачуццяў, быццам гаварыў не чалавек, а нябожчык.

– Ты бачыў, дзе мой куфар пайшоў на дно і таму ты таксама застанешся тут, – князь выцягнуў з кішэні залаты дукат, паклаў яго на дошку вазка, падняў шаблю.

– Памілуй, уладар, – усхліпнуў Хлёст. Плечы яго затрэсліся.

Аднак ваявода не слухаў свайго халопа. Шабля са свістам рассекла паветра і распалавінены дукат бясшумна ўпаў на акрываўлены лёд. Князь падняў адну палавінку і паклаў у сваю кішэнь.

– Вазьмі, Грышка, палову манеты, – загадаў ён стральцу і, калі той, яшчэ нічога не разумеючы і не верачы канчаткова ў сваё выратаванне, падхапіў з лёду кавалак золата, прадоўжыў: – Пакажаш месца, дзе патануў куфар таму, у каго будзе другая палова.

– А ці доўга.

– Ты будзеш ахоўваць мой куфар столькі, колькі спатрэбіцца і заб’еш кожнага, хто захоча яго дастаць без маёй на тое волі.

– А калі...

– Калі ты памрэш, яго будзе ахоўваць твой сын, не стане сына – яго сын... І гэтак да таго часу, пакуль дзве паловы манеты не сустрэнуцца.

– Мне патрэбны памочнік, – зразумеўшы заданне, крыху асмялеў Хлёст.

– Памочнік? – князь спахмурнеў. – Што ж, я дам табе памочніка, – з гэтымі словамі ён зняў са сваіх грудзей амулет і працягнуў яго стральцу. – Гэта грыфон – сімвал сонца, прывезены мне з Бахчысарая. Той, хто ім валодае, набывае вялікую сілу і становіцца бессмяротным. Сцеражы скарб, інакш ты і твой род будзеце праклятымі на вечныя пакуты ў пекле, – сказаўшы апошнія словы, князь Пётр узабраўся на каня і, не азіраючыся, паехаў у бок недалёкай вёскі.

2

Заканчвалася лета 1985 года. Яно зрабіла сваю справу: выспеліла добры ўраджай, і зараз, ахінаючы прастору мяккім цяплом, з лагоднай усмешкай назірала за руплівай працай хлебаробаў.

Дні стаялі сухія і ціхія. Гэтага іх спакою не парушалі ні вятры, якія зрэдку выляталі аднекуль з-за лесу, ні туманы, якія раніцамі ўсё часцей клубіліся белай парай у нізінках і быццам папярэджвалі: «Спяшайся, земляроб. Восень на падыходзе!»

Капітан міліцыі Андрэй Кухар спаць лёг апоўначы – у час жніва шмат работы ва ўчастковага інспектара, а тут яшчэ і ўчастак дастаўся яму памежны, неспакойны. Лёгкай хмаркай сон ахутваў яго розум, стомленае за дзень цела, і пакрышачку, па частачках ён плаўна апускаўся ў іншае, адрознае ад дзённага, небыццё, у якім будзе жыць цікавым і захапляльным жыццём цэлую ноч.

Жнівеньскія ночы, як правіла, зорныя, з яркім месяцам і чыстым да крохкасці паветрам, у якім пад ранак ужо адчуваецца восеньская свежасць. Менавіта ў такія ночы прыадчыняецца брамка ў невядомы свет, поўны таямніц, рамантыкі, прыгод і гераізму. Гэты свет расквечаны бліскучымі і прытушанымі зоркамі, сузор’ямі і зарніцамі, блакітнымі дугамі падаючых метэарытаў, жамчужным россыпам Млечнага шляху. А пад мяккім святлом месяца пануе такая цудатворная цішыня, што падаецца, быццам на гэтым свеце зусім няма зла і ніколі не здараецца нічога дрэннага.

Аднак капітан не паспеў дагледзець свой сон – тэлефонны званок настойліва, і таму трывожна, за некалькі секунд ушчэнт разбіў усе яго светлыя летуценні. Андрэй падхапіўся з ложка, схапіў слухаўку і застыў у чаканні нейкіх, непрыемных для яго, звестак.

– Ало, – да яго слыху данёсся ўстрывожаны жаночы голас. – Андрэй Сяргеевіч?

– Так, капітан міліцыі Кухар слухае.

– Андрэй Сяргеевіч, гэта Вера Мікалаеўна, загадчыца Лядаўскай бібліятэкі.

– Слухаю вас, Вера Мікалаеўна.

– У нас забойства.

«Гэтага мне толькі не хапала для поўнага шчасця!» – канчаткова прачынаючыся, падумаў участковы. А ўголас пацікавіўся:

– Хто каго забіў?

– Я не ведаю, – здавалася, што жанчына вось-вось заплача. – Хлапчукі вясковыя ішлі на рыбалку і знайшлі на беразе Мірэі нябожчыка. – У трубцы пачуліся ўсхліпы. – Кажуць, што ён не наш, не мясцовы.

– Вера Мікалаеўна, вы не хвалюйцеся. Зараз прыедзе следчая брыгада і ва ўсім разбярэцца. Вы толькі прасачыце, калі ласка, каб ніхто з цікаўных не падыходзіў да трупа, не затаптаў магчымыя сляды, і дзетак затрымайце да прыезду следчых. Добра?

– Добра.

Пасля размовы з жанчынай Андрэй патэлефанаваў дзяжурнаму, далажыў пра здарэнне, паставіў на газ чайнік і сам пачаў збірацца на працу. Забойства ў Лядаве спачатку яго быццам не вельмі ўсхвалявала – ёсць следчыя, ёсць пракуратура, яны разбяруцца. У яго ж зараз патрабаванне пра захаванне тэхнікі бяспекі на жніве, пра дысцыпліну механізатараў і работнікаў зернесушылак, пра зладжаную работу дзіцячых садкоў і крам на тэрыторыі сельскага савета. Ды і забіты – чалавек не мясцовы, хаця – усё ж забойства, а гэта зусім не жартачкі...

А за акном пачынаўся новы дзень. Велізарны пунсовы дыск паказаўся на ўсходнім небасхіле, накінуў пурпуровую мантыю на вершаліны лесу, на палі і паселішчы. Сонечныя прамяні пазалацілі аконныя шыбы, гарэзліва заскакалі зайчыкамі па сценах дамоў, па галінах дрэў, пачалі настойліва прабівацца ў кватэры. І ў адначассе ранішняя шэрань растварылася ў тумане, зазіхацела рознакаляровымі фарбамі ў буйных кроплях расы, саступіла месца дзённай радасці.

Кухар выйшаў на панадворак, адчыніў дзверцы сваіх «Жыгулёў», завёў рухавік і праз некалькі хвілін каціў у бок беларуска-расійскай мяжы да вёскі Лядава.

Але ў Лядаве ён не спыняўся і адразу паехаў да рэчкі, бо ўжо ўявіў, дзе дзеці маглі знайсці тапельца. Ля кожнай рэчкі, як ля кожнага вадаёма, ёсць мясціны, якія найбольш прыдатныя для купання ці рыбалкі. Былі такія мясціны і на Мірэі, і ўчастковы іх выдатна ведаў. Аднак ён памыліўся – нябожчыка знайшлі намнога ніжэй па цячэнні, ды яшчэ ў такім месцы, куды, напэўна, не заходзіў ніводны рыбак. Нядобрая слава была ў гэтай невялікай, забалочанай затокі. І не таму, што тут з зямлі біла адразу некалькі крыніц, што вада тут не прагравалася, была сцюдзёнай нават у самую вялікую спёку. Не таму, што тут быў балоцісты бераг і вудзіць рыбу было нязручна, паколькі не заходзілі сюды ні галавень, ні плотка, ні акунь. Нядобрая слава замацавалася за гэтай затокай яшчэ з часоў сівой даўніны, бо нідзе ў акрузе не гінула столькі жывёлы, як ля яе, а чалавека, які выпадкова праходзіў побач, ахоплівала невытлумачальная трывога, і ён імкнуўся хутчэй пакінуць гэтае месца. Таму і называлі затоку Гіблай. Таму і памыліўся ўчастковы, не чакаў ён, што знойдзецца нейкі дзівак, які захоча на ўласнай скуры праверыць, ці праўду расказваюць мясцовыя старажылы аб гэтай праклятай затоцы.

Кухар пакінуў машыну на вузкай палявой дарозе і пешшу накіраваўся да адзінокай жаночай постаці, што стаяла метраў за пяцьдзясят ад затокі. Ён яшчэ раз павітаўся з Верай Мікалаеўнай і, каб не маўчаць, запытаўся пра дзяцей, якія знайшлі труп.

– Я іх адпусціла, – ціхім голасам, быццам баючыся патрывожыць сон нябожчыка, прагаварыла загадчыца бібліятэкі. – Ім і так хапіла страху.

– А што яны тут рабілі? – шчыра здзівіўся Кухар. – Рыба не ловіцца, купацца холадна. Цікава.

– Яны ішлі ў Плавуны да сваіх знаёмых, каб там разам вудзіць рыбу.

– Зразумела, – прагаварыў участковы і павярнуўся на шум матора – проста па полі да іх набліжаўся міліцэйскі уазік у суправаджэнні «хуткай дапамогі». – А вось і пракуратура едзе.

– Мне зараз можна ісці? – і такая надзея гучала ў голасе жанчыны, што Кухару стала яе шкада.

– Я думаю, што следчы вас надоўга не затрымае і хутка адпусціць.

Следчы, капітан Міклашэвіч, за руку павітаўся з Кухарам, строга, быццам

першага падазронага, агледзеў Веру Мікалаеўну і павярнуўся да двух аператыўнікаў і маладзенькай жанчыны-эксперта:

– Вы, хлопцы, пакуль агледзьце месца злачынства, а я пагутару са сведкай.

– Я нічога не бачыла, – адразу адгукнулася загадчыца бібліятэкі. – Я тут па просьбе Андрэя Сяргеевіча, сачыла, каб ніхто не наблізіўся да памерлага.

– Хто такі Андрэй Сяргеевіч і ад каго ён даведаўся пра труп?

– Андрэй Сяргеевіч – гэта я, – уступіў у гутарку Кухар, – а Вера Мікалаеўна загадвае мясцовай бібліятэкай. Раніцай два хлопчыкі з Лядава ішлі ў суседнюю вёску да сваіх сяброў, убачылі на беразе рэчкі нябожчыка і паведамілі пра гэта ёй. Яна патэлефанавала мне, і я папрасіў яе падзяжурыць да майго прыезду.

– З гэтым разабраліся, – палагоднеў следчы. – А дзе зараз тыя хлопчыкі?

– Я іх адпусціла дахаты, бо яны і так вельмі перапалохаліся.

Следчы хітнуў галавой, нешта памеціў у сваім нататніку, зірнуў на высокае ўжо сонца, уздыхнуў:

– Зноў дзень будзе спякотным.

– Мне можна ісці? – не падтрымала перажыванняў Міклашэвіча Вера Мікалаеўна. – У мяне рабочы дзень у самым разгары.

– Можаце быць свабоднымі, – не задумваючыся дазволіў следчы і адразу забыўся на жанчыну. – Пайшлі, капітан, паглядзім на нябожчыка.

Калі работнік пракуратуры і ўчастковы падышлі да берага Мірэі, эксперт ужо заканчвала агляд кішэняў вопраткі незнаёмца. Сам нябожчык, даволі малады і прыгожы хлопец, ляжаў на спіне на беразе, а яго ногі амаль поўнасцю амываліся рачной вадой. Па ўсім было бачна, што памёр ён раптоўна і хутчэй за ўсё ад сардэчнага прыступу. Гэта пацвердзіла і эксперт:

– Труп на сто працэнтаў не крымінальны, – бясколерным голасам прагаварыла яна. – Памёр чалавек учора вечарам, слядоў барацьбы няма, аднак што дзіўна – ні пашпарта, ні грошай, ні аўтобуснага квітка ў яго кішэнях я не знайшла. Ну не могуць быць поўнасцю пустымі столькі кішэняў, – жанчына патрэсла ў паветры новым джынсавым касцюмам. – Толькі ў адной з кішэняў я знайшла гузік ад абмундзіравання польскага жаўнера, ды і той чамусьці прышыты. Вы бачылі, Павел Казіміравіч, каб нехта насіў у кішэні прышыты гузік ад ваеннай формы?

– Я многа што бачыў, – сур’ёзна адказаў Міклашэвіч і павярнуўся да аператыўнікаў:

– Што ў вас?

– Чалавек вечарам вырашыў паплаваць з маскай, папаляваць на шчупака, аднак не разлічыў, што тут вада вельмі халодная і як вынік – інфаркт.

– Чаму менавіта тут? – больш у сябе, чым у прысутных, запытаўся Кухар.

– Ну памёр бы ён вунь у той затоцы, тады б ты пытаўся чаму там, а не тут, – пажартаваў адзін з аператыўнікаў. – А вось чаму ён без грошай і без дакументаў – гэта ўжо і сапраўды цікава і з гэтым трэба разбірацца.

– Вось і разбірайцеся, – Міклашэвіч выцягнуў з кішэні цыгарэты, закурыў і, убачыўшы, што аператыўнікі не зрушыліся з месца, а таксама стаяць і кураць, павысіў голас:

– Хопіць паліць! Бярыце з сабой участковага і ідзіце апытваць калгаснікаў, а ў першую чаргу пагутарце з дзецьмі, якія знайшлі гэтага небараку.

3

Бліжэй за іншых да Гіблай затокі жыў Іван Хлястоў. Яго двор размяшчаўся на пагорку і быў абнесены старым, высокім парканам. Побач з парканам знаходзіўся невялікі, яблынь на шэсць, сад і гэткі ж невялічкі гародчык.

– Бы ў крэпасці жыве, – адзначыў адзін з аператаўнікаў. – Значыць, ёсць што хаваць ад суседскага вока.

– Наконт дабра не ведаю, а вось сам Іван – чалавек прыжымісты, крыху дзікаваты, нелюдзімы і неразгаворлівы. Да пенсіі працаваў у калгасе конюхам, стасункаў з людзьмі практычна не меў і адносін ні з кім так і не наладзіў, а таму сяброў не мае.

– А родныя, жонка, дзеці?

– Пра родных нічога не чуў, а жонка збегла ад яго, не вытрымаўшы і трох гадоў сумеснага жыцця, пакінуўшы яму немаўля-сына.

– І дзе зараз сын?

– Шафёрыць на аўтабазе.

Зблізку двор Івана выглядаў не так злавесна, як ад рэчкі. Старая, пачарнелая ад часу і дажджоў брама, была яшчэ даволі моцнай. Брамка, якая размяшчалася побач, нядаўна рамантавалася і зараз надзейна бараніла свайго гаспадара ад няпрошаных гасцей. Дошкі паркана хоць і былі чорныя, але сярод іх не відаць ніводнай трухлявай ці падгнілай. Яблыні саду ахайна падрэзаны і пабелены, у гародчыку таксама панаваў парадак.

– А Іван – мужык гаспадарлівы, – пахваліў гаспадара старшы з аператыўнікаў.

– Гаспадарлівы, – чамусьці ўздыхнуў Кухар і, некалькі разоў тузануўшы зачыненыя дзверы брамкі, загрукаў па іх кулаком: – Іван, адчыняй. Міліцыя!

Аднак за варотцамі ніхто не адгукнуўся на стук участковага. Тады Кухар паўтарыў спробу:

– Іван, адчыняй. Трэба пагутарыць.

Зноў цішыня стала адказам на заклікі міліцыянера. «Можа, яго няма дома?» – Кухар яшчэ некалькі разоў ударыў кулаком па тоўстых дошках брамкі, прыслухаўся і прыпаў вокам да невялікай шчыліны ў дошках. Прыпаў і тут жа, бы ўджалены, адхіснуўся – праз шчыліну на яго глядзела немігаючае чырвонае вока.

– Чорт бы цябе ўзяў! – вылаяўся ўчастковы некалькі разоў, бы адганяючы насланнё, хітнуў галавой і патлумачыў сваім сябрам: – Ён жа, хлопцы, стаіць за дзвярыма і даўно назірае за намі.

– Што вам трэба? – данёсся з-за варот рыпучы голас.

– Хочам задаць табе пару пытанняў.

– Пытайцеся.

– Праз вароты? – здзівіўся малодшы аператыўнік і, не пачуўшы адказу, змірыўся, запытаўся: – Ці ведаеш ты чалавека, якога знайшлі на беразе рэчкі?

– Не ведаю.

– А ці бачыў ты, адкуль ён прыйшоў?

– Не бачыў.

– Можа, учора вечарам чуў нешта незвычайнае ля рэчкі ці ў суседзяў?

– Нічога не чуў і за суседзямі я не сачу.

На гэтым гутарка закончылася.

Калі міліцыянеры адышліся далей, гаспадар расціснуў кулак – на яго далоні мяккім залатым бляскам заблішчэла палова манеты. Ён уздыхнуў, схаваў золата ў кішэнь, прысеў на кукішкі і патрапаў за морду вялікага белага сабаку, што ўвесь час стаяў побач з ім. «Будзем чакаць, Грыфон. А гэтых людзей нам няма чаго баяцца, бо ў іх разуменні – мы з табой бессмяротныя!»

4

Мішка Бабыль – бліжэйшы сусед Івана Хлястова. Жыў у цагляным калгасным доме і па характары быў поўнай супрацьлегласцю Івана: лянівы, неахайны, аднак бяскрыўдны і гаваркі. У сябрах ён меў добрую палову вёскі, другая палова была яго таварышамі. Яго дом не меў агароджы і часта нават наогул не зачыняўся на замок. «А што ў мяне можна ўкрасці? – пытаўся ў сяброў Мішка. – Усё каштоўнае я заўсёды нашу з сабой». А на пытанне, што ў яго ёсць каштоўнага, нязменна адказваў: «Добрае сэрца і чыстая душа». І калі наконт чысціні яго душы можна было паспрачацца, то сэрца ён і сапраўды меў добрае, лагоднае.

Як і Іван, Мішка быў ужо на пенсіі, але працягваў працаваць на ферме падвозчыкам кармоў. Работа цяжкая, аднак ён кожны дзень меў магчымасць папіць уволю свежага малака а, калі побач не было даярак, то і наліць бутэльку сырадою сабе на вячэру.

Калі міліцыянеры падышлі да яго дома, Мішка ўжо садзіўся на веласіпед, каб ехаць на ферму. Убачыўшы нечаканых гасцей, ён спыніўся, нават зняў з галавы брудны капялюш. У яго бясколерных вачах побач з бесклапотнасцю і цікаўнасцю з’явіліся і іскрынкі трывогі. Ён першым павітаўся з міліцыянерамі і, чамусьці гледзячы на Кухара, сцяўся ў чаканні пытанняў – усё ж такі крыху хлусіў Мішка, не вельмі чыстым было яго сумленне.

– А не познішся ты на работу? – пацікавіўся ўчастковы. – Сонца ўжо вунь як высока.

– Я цялятак даўно пакарміў, – Мішка нават паружавеў ад напружання і невядомасці. – Прыехаў на паўгадзінкі дахаты, каб паснедаць і...

– Добра, аб працы пагаворыце потым, – перапыніў Бабыля старшы аператыўны работнік. – Зараз ты нам скажы, што незвычайнага ты бачыў учора вечарам?

– Незвычайнага? Учора вечарам? – Мішка некалькі разоў паціснуў плячыма, задумаўся. Урэшце ён нешта ўспомніў, бо вочы яго зазіхацелі вясёлым смехам: – Учора вечарам некалькі цялятак вырваліся з загону, дык мы з заатэхніцай да глыбокай ночы іх лавілі і цягалі на ферму.

– А тут, ля рэчкі?

– Тут? – Мішка хмыкнуў. – Тут я нічога не бачыў, бо дахаты вярнуўся позна ноччу. Пакуль пералавілі...

– Добра, пра цялят мы ўжо чулі, – старшы аператыўнік нешта памеціў у нататніку. – А што ты нам скажаш пра свайго суседа: ну, які ён чалавек, чым займаецца ў вольны час, хто яго наведвае?

– Пра іншага я за вочы вам нічога не расказаў бы, але пра Ваньку скажу. Чалавек ён цяжкі, падазроны, з нейкай гнільцой. Я яго ведаю з дзяцінства і ўвесь час ён быў такім: скрытным, вечна пахмурным, маўклівым. Адзін прыклад з будаўніцтвам хаты для Цішкі Прышчэпы чаго варты!

– Прышчэпа – гэта ваш інжынер? – удакладніў Кухар.

– Ён самы.

– Дык і што здарылася з будаўніцтвам хаты для Цішкі і пры чым тут твой сусед?

– Гэта даўняя і непрыемная гісторыя.

– Мы папалім, а ты расказвай, – старшы аператыўнік выцягнуў пачак цыгарэт. – Пяць хвілін табе хопіць?

Мішка па звычцы зноў паціснуў плячыма:

– Як пойдзе.

– Расказвай.

– Гадоў з дзесяць таму Цішка закончыў тэхнікум і быў размеркаваны ў наш калгас механікам. Ён і зараз хлопец гарачы, а тады быў – агонь, самы сапраўдны Везувій. Яму давалі кватэру ў цэнтры вёскі, але ён адмовіўся. «Сам хачу паставіць хату, сваімі рукамі», – сказаў ён на праўленні і ад яго адчапіліся. Ён выпісаў лесу, праз калгас закупіў цэглу, дошкі, цэмент, шыфер і з дапамогай сваіх бацькі і двух братоў распачаў ставіць зруб. Тры месяцы ішло будаўніцтва, затое і хату яны пабудавалі адмысловую – высокую, на тры пакоі, з шырокімі вокнамі і прасторнай верандай. А ў красавіку амаль усю вёску Цішка запрасіў на наваселле.

Месяцы тры хлопец ніяк не мог нацешыцца сваім жытлом. Аднак неяк пад восень у яго раптоўна захварэла карова і яе давялося прырэзаць. Потым здохлі два парсюкі, куры, пачалі хварэць і самі гаспадары. Цішка быў у роспачы, не ведаў, што рабіць, да каго звярнуцца па дапамогу ці хаця б параду.

Аднойчы да яго зайшла бабка Сідарыха.

– Кепскае ў цябе жытло, – яна ўважліва агледзела хату. – Ні абраза, ні крыжа няма ў ім, а значыць, і бараніць цябе няма каму.

– Дзе ж узяць абраз і ці дапаможа ён маёй сям’і?

– Ён дапаможа табе зразумець прычыну, а перамагчы зло ты павінен сам, – бабка прайшлася па хаце і паказала вачыма на кут, дзе трэба павесіць абраз. Потым развязала хустку, якую прынесла з сабой, дастала з яе невялікі абразок, паклала на стол.

– Гэта мой падарунак табе на наваселле, – сказала яна, прачытала кароценькую малітву, перажагналася і накіравалася да выхаду.

– А мне што рабіць?

– Павесь абраз і чакай.

У той жа дзень Цішка павесіў абраз ва ўказаным Сідарыхай куце, а вечарам да яго зайшоў у госці Ванька Хлястоў. Ні да каго ніколі не заходзіў, а тут на табе, прыпёрся, ды яшчэ з пляшкай гарэлкі.

– Хлястоў хадзіў у госці? – не паверыў Кухар. – Ён жа, як кажуць, не ўсіх вяскоўцаў у твар ведае. І чаму ён такую пашану хацеў аказаць Прышчэпу?

– Дык Цішка хату паставіў вунь там, амаль побач з Ванькавым замкам.

– Вось нават як, – прысвіснуў участковы. – А я і не ведаў гэтага.

– Аднак расказваю, што адбылося далей, – Мішка сам захапіўся сваім расказам і адчуваючы, што яго ўважліва слухаюць, узяў невялікі перапынак, закурыў цыгарэту, са смакам выдыхнуў смярдзючы дым. – Піць Іванаву гарэлку Цішка не стаў, а калі той пайшоў, зачыніў за ім дзверы і лёг спаць. Але спаў ён нядоўга – апоўначы, акурат ля яго хаты пачуліся валтузня, енк і сабачае скавытанне. Спачатку Цішка спалохаўся, а потым схапіў стрэльбу, выскачыў на панадворак і пальнуў адразу з двух ствалоў у суцэльную цемру.

Рэшту ночы Прышчэпа спаў спакойна, а пад раніцу сасніў сон, быццам ён едзе на машыне ў раён і па дарозе падбірае спадарожніка – старога з доўгай сівой барадой, і на развітанне той яму кажа: «Добры ў цябе дом, хлопец, аднак яго трэба разабраць і перанесці ў іншае месца». Разабраць дом – гэта не жартачкі, ды яшчэ восенню. Але Цішка з наступнага дня і прыступіў да работы. І што вы думаеце, – Мішка пераможна пачаргова агледзеў міліцыянераў, – у тым куце, дзе вісеў абраз, разам з мохам ляжалі абпаленыя косткі жывёл. Хто іх туды падкінуў – загадка і па сёння. А Цішка перавёз свой дом на іншую вуліцу і зараз жыве там без усялякіх клопатаў і турбот.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю