355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Мажылоўскі » Тайна гіблай затокі (СИ) » Текст книги (страница 3)
Тайна гіблай затокі (СИ)
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 20:30

Текст книги "Тайна гіблай затокі (СИ)"


Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі


Жанр:

   

Триллеры


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)

Адвячоркам капітан міліцыі Кухар вяртаўся ў Дубоўну. Ціха і заспакаяльна шумелі па асфальце калёсы машыны, роўна працаваў рухавік. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам, аднак бачнасць была добрай, і капітан ясна бачыў вялікага белага сабаку, які бег уздоўж шашы, бы спаборнічаючы з машынай у хуткасці. Дзе-нідзе ў нізінках курэў туман, што для жніўня было звыклай з’явай. Лёгкая музыка з радыёпрыёмніка разлівалася па ўсім целе млявасцю, спакоем і задавальненнем сабой. Раптоўна прама пасярод дарогі ўзнялася віхура, клубы прыдарожнага туману імкліва напаўзлі на чорную стужку асфальту, звіліся на ёй спачатку ў клубок, потым пашырыліся і ў адно імгненне пераўтварыліся ў невыразную чалавечую постаць з доўгім мячом у руках. Постаць узмахнула мячом, і міліцэйскія «Жыгулі», бы дзіцячая цацка, зляцелі з дарогі і ўдарыліся аб прыдарожнае дрэва...

Частка ІІ

1

Малады хірург гарадской бальніцы горада N. Віктар Станкевіч стаяў ля акна свайго кабінета і, гледзячы на клён, што рос непадалёку ад будыніны, думаў. Заканчвалася яго змена, а ён ніяк не мог вызначыцца – праводзіць сёння дзяжурную медсястру Свету дадому ці ўсё ж такі адчапіцца ад гэтай прыгожай, аднак легкадумнай дзяўчыны. Ён ужо два разы праводзіў яе, і няхай сумесныя прагулкі доўжылася ўсяго дваццаць хвілін і ні да чаго не абавязвалі іх абаіх, але Света сёння некалькі разоў глядзела на яго запытальна, бы чакаючы прапановы на нешта большае. Аднак Віктар не спяшаўся, і зараз, стоячы ля акна, са здзіўленнем адзначаў, што ўжо не зведвае таго радаснага, узнёслага пачуцця, таго замірання сэрца, з якімі праводзіў яе першы раз. «Усё ж такі добра, што мы не паспелі па-сапраўднаму зблізіцца, інакш зараз прыйшлося б рэзаць па-жывому, без наркозу, балюча».

Віктар сумна ўсміхнуўся сваім думкам – нават, разбіраючыся ва ўласных інтымных пачуццях, ён заставаўся хірургам.

Абыякавым позіркам акінуў клён за акном, крывава-памяранцавае неба над дахамі бліжэйшых пяціпавярховак, падумаў: «Нядоўга табе засталося быць зялёным», – і чамусьці пашкадаваў дрэва, зноў паглядзеў на неба, асветленае апошнімі промнямі заходзячага сонца. Не падабалася яму сёння неба – сваім нежывым колерам не адпавядала яго настрою. «Не, усё ж мы розныя, – зноў падумаў пра дзяўчыну. – У яе іншыя інтарэсы, свае запыты, яна не з майго свету. Ці ж мала за дваццаць сем гадоў жыцця я сустракаў на сваім шляху дзяўчат і жанчын? Дзясяткі, і ўсе яны так і заставаліся для мяне чужымі. Не, лепш пачакаць сустрэчы са сваёй адзінай, са сваім чалавекам».

Раптам Віктару стала няўтульна, холадна. Ён апусціўся на крэсла, схаваў твар у далоні. «Зараз выспацца б як след, змена была цяжкая». Тым часам нехта асцярожна пастукаўся ў дзверы, а праз імгненне яны прачыніліся і паказаўся сур’ёзны тварык Светы.

– Віктар Мікалаевіч, – прагаварыла медсястра. – Вас тэрмінова выклікаюць у прыёмны пакой.

– Што здарылася? – Віктар адняў далоні ад твару і міжволі зірнуў на насценны гадзіннік – да заканчэння яго змены заставалася яшчэ дзесяць хвілін.

– Мне тэлефанавалі, што міліцыянера прывезлі ледзь жывога пасля аварыі.

– Даўно?

– Толькі што, – жаль і спагада ў голасе дзяўчыны паказвалі, што яна шкадуе Віктара, што ён для яе неабыякавы, але яму раптоўна захацелася збегчы ад усяго гэтага, – ніводная жанчына, якая раней знаходзілася побач з ім, не падавалася такой чужой і далёкай. Ён спалохаўся яе кахання, а таму нечакана груба запытаўся:

– А вы чаму не на сваім пасту?

– Дык я ж.

– Прабачце, – Віктару стала сорамна за сваю нетактоўнасць і, не чакаючы адказу, ён падхапіўся з крэсла і подбегам накіраваўся да прыёмнага пакоя.

Міліцыянер ужо ляжаў на каталцы. Акрываўлены, з перавязанымі рукамі, шыяй і тварам, ён дыхаў надрыўна, з усхліпамі.

– Даўно ён разбіўся? – запытаўся хірург у немаладой жанчыны-фельчара з хуткай дапамогі. – Якія яму рабілі ўколы?

– Калола толькі абязбольваючыя, бо пры такім раненні. – фельчар няўпэўнена паціснула плячыма і, нібы апраўдваючыся, дадала: – Баялася больш нашкодзіць, чым дапамагчы.

– Добра, – Віктар расціснуў павекі параненага і зазірнуў у зрэнкі яго вачэй. Што ён там убачыў – не сказаў, аднак ужо больш упэўнена паўтарыў сваё «добра» і, звяртаючыся да аперацыйнай сястры, сказаў, які трэба зрабіць укол.

– Вы думаеце, што ў яго пачаўся ацёк галаўнога мозгу? – спыталася тая.

– Я нічога не думаю, – хірург асцярожна дакрануўся да пляча медсястры, сумна мовіў далей: – На ім няма жывога месца, ён увесь скалечаны, паламаны, і таму, Вера Міхайлаўна, пасля ўколу вязіце яго адразу на аперацыйны стол.

2

Мікіта сядзеў на бруднай земляной падлозе вузкага пакойчыка і пустым позіркам глядзеў у невялічкае акенца, больш падобнае на шчыліну ў яго сцяне. Ужо чатыры дні ён бачыў у ім адно і тое ж: ноччу – чорнае неба з незнаёмымі, а таму чужымі, зоркамі, днём – кавалак замшэлай крапасной сцяны. З першага дня свайго зняволення ён чакаў, што нехта патлумачыць яму прычыну няласкі да яго мясцовага раджы, аднак час ішоў, а Джунарскі раджа маўчаў. Маўчалі і яго слугі. Зрэдку да Мікіты заходзілі людзі. Яны палахліва, не падымаючы вачэй на белага чалавека, ставілі ля парога гліняныя гаршчэчкі з вадой ці ежай і адразу ж хаваліся за дзвярыма, надзейна зачыняючы іх на некалькі засавак.

Дзень змяняў ноч. Ноч змяняла дзень. Душа вязня пакутавала ад невядомасці і аднастайнасці. Пытанні без адказаў круціліся ў яго галаве ў шалёным танцы, і галоўнымі з іх былі: «За што? У чым мая правіна перад Джунарскім уладаром?»

Мікіта ўздыхнуў, зручней уладкаваўся ля шурпатай сцяны, заплюшчыў вочы. Яго памяць адразу ўспыхнула думкамі-ўспамінамі, яны выцеснілі без астатку ўсе пытанні, што дагэтуль трывожылі яго. Успомніўся вялікі князь Цвярскі Міхаіл Барысавіч, яго развітальныя словы: «Памятай, Мікіта, за межамі княства ты прадстаўляеш мяне, свайго князя, а таму вядзі сябе прыстойна, шануй нашу веру, беражы сваю годнасць».

Калі гэта было? Вясной 1468 года! Прайшло ўжо два гады блуканняў па Персіі. Два гады! А падаецца, што зусім нядаўна ён з гонарам адплываў на чатырох стругах уніз па Волзе з Ніжняга Ноўгарада. Колькі тады было надзей і спадзяванняў на ўдалае плаванне, на выгадны гандаль! Аслеплены тымі надзеямі, ён нават не звярнуў увагі на тое, што маскоўскі купец Васька Панін падмануў яго і адплыў на два дні раней. «Хай плыве сабе, – падумаў ён тады легкадумна, – усё роўна хутка сустрэнемся ў Астрахані ці Дзярбенце». Аднак пад Астраханню яго чакала сустрэча не з Паніным, а з татарамі хана Касіма, і пасля той сустрэчы ён застаўся голы і босы. «Ты мой даўжнік, – смяяўся яму ў твар хан Касім, – бо я жыццё табе дарую, а яно мае большую каштоўнасць, чым увесь хлам на тваіх караблях. А мо ты, гяур, не згодны з гэтым?» Як тут не пагодзішся?

Аднак і вяртанне на радзіму без грошай і тавараў пагражала яму ганьбай і даўгавой ямай, і тады ён вырашыў заняцца гандлем у Персіі. Гандляваў у Баку, Мазандэране, Армузе, а летам 1469 года дык і наогул адправіўся ў незнаёмую яму Індыю, дзе спадзяваўся выгадна прадаць арабскага жарабца.

Амаль год ён пражыў у гэтай краіне, але зразумець індусаў так і не змог. Многае ў іх жыцці здзіўляла Мікіту сваёй складанасцю, многае, наадварот, абурала ці нават палохала сваім прымітывізмам. Як гэта так: амаль усе людзі тут ходзяць голымі, але з залатымі ўпрыгожваннямі на руках і нагах? Што за дзікі звычай, калі жонка гаспадара павінна ноччу спаць не з мужам, а з госцем? А іх вера? А раздзяленне людзей на касты? А адносіны да жанчын? – не, многае з чужога жыцця Мікіта не ўспрымаў, адмаўляўся разумець. Напэўна, за гэта неразуменне яго і зняволіў Джунарскі раджа. Адабраў грошы, адабраў жарабца, а яго самога вырашыў замарыць у сваёй вязніцы. Хаця не, тады яго не кармілі б два разы на дзень, пакінулі б без вады, а то і наогул – прырэзалі б і канцы ў ваду. Вось толькі за што?

Успаміны закончыліся і зноў у галаве запульсавалі ранейшыя пытанні без адказаў.

Раптам за дзвярыма пачулася нягучная гутарка, якая закончылася бразгатам засавак. Праз імгненне дзверы расчыніліся і ў іх праёме паказалася худая постаць з кароткай дзідай у руках.

– Эй, ты! – постаць звярнулася да Мікіты. – Цябе жадае бачыць наш раджа Абхай.

– Хай пабачыць, калі жадае, – Мікіта павольна падняўся на ногі. – Я ўжо чатыры дні чакаю гэтай сустрэчы.

– Ідзі, – ухіліўся ад размовы ахоўнік.

За дзвярыма вязня чакалі яшчэ тры воіны ў набедраных павязках і з дзідамі ў руках. Іх рухі былі рэзкія, на цёмных, закасцянелых тварах застыў выраз злосці, а ў чорных вачах пераліваўся страх. «Баяцца белага чалавека, – міжволі мільганула думка. – Магчыма, лічаць пасланнікам Буды».

Раджа Абхай сядзеў на тоўстым дыване перад нізенькім столікам з вітымі ножкамі. Гэта быў невысокі, поўны чалавек з хітрым позіркам вопытнага купца і добразычлівым выразам на круглым твары. Ён уважліва слухаў свайго госця ў чорнай вопратцы, які сядзеў насупраць яго і гэтак жа, як і гаспадар, піў гарбату. Гутарка, пэўна, была вельмі важнай, бо на з’яўленне Мікіты ніхто з іх доўгі час не звяртаў увагі.

Урэшце раджа заўважыў вязня.

– Ну што, Мікіта, сын Афанасія, не надакучыла табе мая гасціннасць? – з лёгкім смяшком пацікавіўся ён. – Можа, за гэтыя чатыры дні ты ўсё ж такі рашыўся стаць сапраўдным прававерным ці так і застанешся верным свайму Ісусу?

– Я веры дзядоў не выракуся.

– Глядзі, каб потым не шкадаваў, – раджа хітнуў галавой слузе і той хуценька напоўніў духмяным напоем яго і госцеву піялы. – А хочаш, я заплачу табе тысячу золатам? Хочаш быць маім сябрам і жыць у гэткім жа палацы? Хочаш мець гарэм і маладых наложніц?

– Я хачу быць вольным.

– Вольным? Вольным у нашым свеце, Мікіта, быць немагчыма. Аднак я адпускаю цябе. Аддаю табе твае грошы і твайго каня і дазваляю жыць на маёй зямлі там, дзе ты пажадаеш, і столькі, колькі захочаш.

– Дзякуй, твая міласць, за ласку.

– Не мне дзякуй, – стомлена адмахнуўся ад Мікітавых слоў раджа. – Дзякуй кажы майму сябру Мухамеду, што ён сказаў пра цябе добрае слова.

Мікіта ўважліва агледзеў госця раджы і хутка пазнаў у ім свайго старога знаёмага купца Мухамеда, з якім неаднойчы сустракаўся на базарах Ніжняга Ноўгарада і Астрахані.

– Дзякуй, Мухамед, за добрыя словы.

Мухамед павярнуўся тварам да суразмоўцы і, прымаючы падзяку, лёгка хітнуў у адказ галавой:

– Я чуў пра твае няшчасці і адно скажу – Алах міласэрны і сваіх дзяцей у бядзе не кідае.

3

Пакінуўшы палац «гасціннага» раджы, Мікіта пасяліўся ў немаладога ганчара Готама. Індус з радасцю прыняў пастаяльца, паслаў у яго пакоі дыван, на які зверху паклаў некалькі цыновак. А вечарам за кубкам гарбаты Готам доўгі час расказваў госцю казкі пра чароўную птушку гукук, якая можа выпускаць

з дзюбы полымя, пра князя малпаў, які здольны ў адначассе сабраць вялікую раць і перамагчы любога ворага. Готам быў добрым казачнікам, і яго аповеды былі бясконцыя, аднак Мікіта раптоўна пацікавіўся пра іншае:

– Вось ты, Готам, расказваеш мне цікавыя гісторыі пра птушак, пра звяроў, а скажы: ці ёсць у вас бандыты?

– Бандыты? – акругліў вочы ганчар. – Гэта хто?

– Бандыты ці душагубы – гэта людзі, якія рабуюць, а часам і забіваюць іншых людзей дзеля ўласнай спажывы.

– Ёсць і такія, – Готам спахмурнеў, на некалькі імгненняў задумаўся, потым рашуча секануў рукой паветра. – Я раскажу табе казку пра раджу Джагдзіша, які правіў нашым горадам шмат год таму.

– Цікава.

– Ты бачыў разбураны палац ля падножжа гор, дзе пачынаецца цясніна Смерці?

Мікіта паціснуў плячыма:

– Не, я там ніколі не быў і пра гэту цясніну нічога не чуў.

– І добра, што не чуў, бо часам нават успамін пра яе можа стаць прычынай цяжкай хваробы, а то і смерці.

– Там жывуць злыя духі? – паспрабаваў адгадаць тайну незнаёмай цясніны Мікіта.

– Духі? – вочы гаспадара акругліліся, і Мікіту на імгненне падалося, што яны зараз павыскокваюць з вачніц. Готам спалохана азірнуўся па баках, панізіў голас: – Там жыве пачвара! – Ён зноў агледзеўся, потым, ужо больш спакойным шэптам, паведаміў:

– Дзясяткі адчайных галоў спрабавалі пабываць у той цясніне, разгадаць яе тайну, знайсці незлічонае багацце раджы Джагдзіша, але ніводны з іх не вярнуўся назад. Ніводны!

Мікіта з разуменнем хітнуў галавой, але прамаўчаў. Готам зашаптаў словы малітвы. Нейкі час мужчыны маўчалі, і толькі мяккае патрэскванне полымя парушала гэтую цішыню. Першым загаварыў гаспадар:

– Даўным-даўно тут знаходзілася сталіца ўладанняў раджы Джагдзіша. Людзі расказваюць, што ён быў жудасны правіцель: прыгожым, але без меры чэрствы і несправядлівы, сквапны, але смелы да адчайнасці. Напэўна, за смеласць яго палюбіў Шыва і даў яму магічны амулет – залатую пласцінку з выявай грыфона на адным яе баку і прадказальнікам на другім.

– Ад чаго бароніць гэткі амулет свайго уладальніка?

– Ад усяго! – Готам здзівіўся прастаце пытання госця. – Грыфон сімвалізуе ўладарства над зямлёй і паветрам, ён дае свайму гаспадару сілу, розум, асцярожнасць і ўважлівасць. Прадказальнік адчыняе перад смяротным чалавекам усе дзверы як на гэтым свеце, так і ў царстве ценяў. Ён дазваляе яму ведаць будучыню і змяняць падзеі сучаснага. Чалавек, які валодае гэтым амулетам, можа ўсё, але калі грыфона і прадказальніка раздзяліць, амулет губляе сваю моц і ператвараецца ў звычайны кавалак золата. – Г аспадар зірнуў на суразмоўцу – ці разумее той яго, і, убачыўшы, што Мікіта ўважліва слухае, прадоўжыў:

– Змеі, цмокі і грыфы, аберагаючы скарбы, заўжды бароняць шляхі да душы чалавечай, бо золата, срэбра і самацветныя камяні ёсць толькі сімвалы, якія даюць чалавеку ўладу, але не бяссмерце. Аб гэтым ведаў і раджа Джагдзіш, аднак усёдазволенасць усяліла ў яго сэрца непамерную пыху, якая затуманіла яго хворы розум настолькі, што ён кінуў выклік самому Шыву – уладару нябеснага воінства. Раззлаваўся Шыва на Джагдзіша і ў парыве шаленства са сваіх вуснаў стварыў страшэнную пачвару Вірабхадру, якая мела тысячу галоў, тысячу рук і тысячу ног, і кожная рука трымала смяротную зброю; з тысячы ратоў тырчэлі доўгія іклы, а цела пакрывала акрываўленая тыгравая шкура. «Што я павінен зрабіць для цябе, о найвялікшы з багоў?» – запытаўся Вірабхадра. «Ідзі на зямлю і знішчы армію Джагдзіша! – адказаў яму грозны Шыва. – Толькі самога раджу не чапай, хай пажыве без арміі і слуг, хай абдумае свой учынак».

Вірабхадра бездакорна выканаў загад Шывы, але людзі кажуць, што з таго часу раджа не можа насіць на сваіх грудзях чароўны амулет, а здольны толькі прыслугоўваць яго ўладальніку. Так рашыў Шыва.

– Казка цікавая, аднак раджа Джагдзіш даўно памёр. Каму ж зараз належыць той амулет?

– Джагдзіш, пэўна, і сапраўды памёр, – згодна хітнуў галавой Готам і, крыху памаўчаўшы, ледзь чутна прамовіў: – але душа яго блукае недзе тут – не пускае яе на неба Шыва. Людзі кажуць, што гэта яна ўладарыць у цясніне Смерці, што недзе там схаваны амулет Шывы і яна вартуе яго ад чужых вачэй.

– Цікава, адкуль ты ўсё ведаеш пра цясніну, калі душа раджы не пакідае сведкаў і ўсіх забівае?

– Я нічога не ведаю, – Готам зноў спалохана агледзеўся па баках. – Проста непадалёку ад разбуранага палаца раджы Джагдзіша мой работнік Калідас капае гліну, ну і... Навіны пра цясніну Смерці я дазнаюся ад яго.

– Яно і праўда – пра гэту цясніну лепш нічога не ведаць. У мяне на радзіме кажуць так: «Менш ведаеш – даўжэй жывеш!»

– Разумныя словы, – усміхнуўся шчарбатым ротам гаспадар, потым падняўся на кукішкі і пачаў напаўняць гарбатай пустыя піялы.

Мікіта моўчкі назіраў за індусам. Ён выдатна разумеў Готама, які, падзяліўшыся сваімі страхамі, зусім не заспакоіўся, а наадварот – стаў яшчэ больш запалоханым. І чаму ён нервуецца? Чаму так баіцца душы нябожчыка раджы? Што можа зрабіць яна жывому чалавеку? Забіць, знявечыць? – ды гэта смешна! Калі твая вера цвёрдая і непахісная, калі памкненні твае чыстыя і светлыя, то ніводны джагдзіш не пераможа цябе. Добрыя справы робяць чалавека бессмяротным, а не магічныя амулеты.

– Як часта твой работнік ездзіць капаць гліну?

– Заўтра раніцай паедзе, – Готам падаў свайму госцю піялу з гарбатай. – А чаму ты аб гэтым пытаешся?

Мікіта не адказаў. Ён і сам не ведаў, навошта запытаўся пра гэта ў Готама. Магчыма, каб парушыць маўчанне, а, магчыма, у яго галаве ўзнікла нейкая шалёная думка, аб якой ён яшчэ не здагадваўся.

4

А раніцай наступнага дня Мікіта разам з маладым работнікам Готама быў ля разбуранага палаца раджы.

Работнік, якога звалі Калідас, паказаў Мікіту на схіл гары і патлумачыў:

– Там я капаю гліну.

– А дзе ўваход у цясніну?

– Крыху далей, за пагоркам, – Калідас з цікаўнасцю агледзеў госця свайго гаспадара і пацікавіўся: – Ты думаеш ісці туды без зброі?

– У мяне няма зброі.

– Вазьмі тады хаця б гэта, – работнік выцягнуў з-за набедранай павязкі невялікую фігурку, выразаную з дрэва. – Я калі раней туды хадзіў, заўсёды браў з сабой фігурку арла. Дарэчы, я яе на гэтых развалінах і знайшоў.

Мікіта падзякаваў хлопцу за падарунак, узяў фігурку, прывязаў да яе скураны раменьчык і павесіў на шыю:

– Тут яна перашкаджаць мне не будзе.

Уваход у цясніну быў густа зарослы дрэвамі і кустамі, галіны якіх перапляталі ліяны і высокая трава. Аднак не гэта палохала смельчака – паўсюдна, куды б ён ні кідаў позірк, кішэлі змеі. Зялёныя, чорныя, сінія, паласатыя – яны, падавалася, віселі на кожнай галінцы, ляжалі пад кожным кустом. І ўсё ж Мікіта не адступіў. Асцярожна, крок за крокам, уважліва азіраючы наваколле, ён пачаў прадзірацца праз зараснікі і даволі хутка выйшаў на стары шлях. Ён не верыў казкам пра бессмяротнага раджу, ён не верыў расказам пра велізарныя скарбы, што схаваны ў гэтай цясніне, ён пасміхаўся са страхаў, якімі палохаў яго Готам, і адзінае, што вяло яго праз густыя зараснікі – гэта цікаўнасць.

Старую дарогу таксама перапляталі ліяны, але ісці па ёй было значна лягчэй.

Недзе апоўдні ён адчуў цяжкі, саладкаваты пах. Гэты пах яму быў знаёмы – так пахне труп жывёлы. Або чалавека! Мікіта спыніўся, агледзеўся, глыбей уцягнуў у сябе смярдзючае паветра. Сумненняў не было – недзе побач дагнівае труп. Вось толькі чый?

Збочваць Мікіта не стаў і пайшоў наперад. Праз некалькі дзясяткаў сажняў ён заўважыў невялікае возера, берагі якога курэлі парай, а па ўсёй гладкай паверхні з месца на месца перакочваліся клубы туману. Гэта здзівіла Мікіту: туман у спякоту? – дзіўна, аднак задумвацца над такой дробяззю ён не стаў. Яго больш зацікавіла пячора, уваход у якую ён заўважыў на супрацьлеглым беразе возера і дабрацца да якой можна было або па вадзе, або ў абыход, па беразе. «Плаваю я дрэнна, а зрабіць плыт няма чым. Пайду берагам», – вырашыў Мікіта і стаў паднімацца на невысокі скалісты пагорак. Дасягнуўшы вяршыні, ён аглядзеўся, кінуў позірк уніз і аслупянеў – там ён убачыў Калідаса, які стаяў ля вады і ў непаразуменні, куды знік ён, Мікіта, круціў галавой. Аднак не паводзіны памочніка ганчара прыкавалі яго ўвагу. Клубы туману, якія нядаўна спакойна віліся ля паверхні возера, раптоўна ажылі, пачалі рухацца ў кірунку Калідаса.

– Калідас! – з вышыні пагорка Мікіта паспрабаваў папярэдзіць юнака, але з яго горла вырвалася толькі нягучнае хрыпенне. – Калідас!

І раптам, у адначассе, у цясніне прапалі ўсе гукі і яе скавала смяротная цішыня, у якой гучна калацілася Мікітава сэрца, а на яго адзенне, на камяні, на траву з туману бязгучна апускаліся буйныя кроплі. Ён зноў паспрабаваў закрычаць, разарваць сваім крыкам прасціну жаху, аднак мяккая рука нябачнага забойцы надзейна сціснула яго горла. Ён бачыў, як там, ля возера, з туману ўзнік ратнік у старадаўніх даспехах, як ён узмахнуў мячом, як зваліўся ў ваду Калідас. Ці не сон гэта? Ці не трызненне? Чаму туман пачаў уздымацца ўверх па пагорку? Жах панаваў навокал, расцякаўся ледзяным холадам па жылах, звінеў у вушах, у галаве. Ратавацца – не ставала сіл, крычаць – не было голасу, і адзінае, што яшчэ мог рабіць Мікіта – гэта маліцца. Ён не баяўся смерці, ён быў гатовы да сустрэчы з ёй, аднак усё ж апусціўся на калені, зашаптаў апаленымі жахам вуснамі малітву, і праз імгненне адчуў, што жар адпусціў сэрца, што туман адступіўся, скаціўся па камяністай сцяне пагорка да возера. Ён паверыў, што для яго яшчэ не ўсё скончана, што яшчэ зможа ўратаваць сваё жыццё. Мікіта шаптаў словы малітвы, а перад яго вачыма праплывалі малюнкі мінулага, мілыя сэрцу ўспаміны, па-дзіцячы светлыя надзеі і летуценні. Ён маліўся і плакаў, разумеў, што пасля ўбачанага тут ужо ніколі не зможа заснуць спакойна, не сасніць добрых сноў і стане гэткім жа палахлівым і нервовым, як Готам. «Што табе ад мяне трэба?» – ва ўсе грудзі бязгучна крычаў ён свайму страху, і слёзы захліствалі яго горла. А калі не стала слёз, ён зусім ашалеў ад сораму: каму патрэбны мае слёзы? Чаму я стаў такім слабым, што не магу сябе абараніць і галашу, быццам баба? Я не хачу быць такім, як Готам, лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях! Я не баюся цябе, дух Джагдзіша!

Паступова Мікіта супакоіўся, выцер далонямі твар, вочы, падняўся на ногі і адразу навокал яго пасвятлела, рэдкія пасмы туману апусціліся да возера і растварыліся ў вадзе, а ён сам, быццам легкакрылы матылёк, узляцеў над гэтым замшэлым каменнем, над цяснінай, над возерам. Страх поўнасцю адпусціў сэрца, і Мікіту стала лёгка і радасна, ён зразумеў, што той, хто ўзнік з рачнога туману – гэта зусім не чалавек. Гэта нават не здань. Гэта падман, які стварыў яго напалоханы розум. Гэта страх, які некалі ўсяліўся ў яго душу і які будзе праследаваць яго ўсё жыццё і пра які ніхто на свеце не павінен ведаць. Толькі ён адзін будзе змагацца з ім да самай смерці. Толькі ён адзін зможа перамагчы яго, або падпарадкавацца яму. Гэта ўнутранае, гэта асабістае! Адчуўшы прыліў сіл, Мікіта страпянуўся і гучна, на ўсю цясніну, закрычаў:

– Я не баюся цябе! – разнёсся па наваколлі яго вокліч. – Не я табе, а ты мне будзеш служыць!

«Жыць, жыць, жыць!» – словы адбіваліся ад сцен цясніны і пераіначанымі вярталіся да вяршыні пагорка. Мікіта ўжо не баяўся азёрнай пачвары. Ён нават чакаў яе з’яўлення, аднак вада на возеры была спакойная, а туман ля яго берагоў радзеў проста на вачах.

Мужчына пастаяў яшчэ крыху на плоскай камяністай вяршыні, потым страпянуўся і рашуча пакрочыў у кірунку ўжо блізкага ўвахода ў пячору.

Пячора аказалася невялікай і нежылой. Спыніўшыся ля ўвахода, Мікіта пачакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да паўзмроку і толькі потым зрабіў некалькі крокаў унутр яе. Зайшоў і замёр ад здзіўлення і захаплення – уся прастора пячоры была застаўлена куфрамі, скрынямі, глінянымі сасудамі. На іх у беспарадку ляжалі рулоны тканіны, каштоўныя дываны, зброя, дарагое адзенне. Усё было пакрыта тоўстым пластом пылу і пераплецена павуціннем, аднак смяльчак адразу здагадаўся – ён знайшоў скарб раджы Джагдзіша. «А вось і сам раджа», – Мікіта заўважыў ля аднаго з куфраў чалавечы шкілет. Ён падышоў да шкілета, некалькі імгненняў пастаяў ля яго, успомніў словы Готама пра гэтага чалавека. «Тут знаходзяцца рэшткі твайго цела, – у думках пашкадаваў раджу Мікіта, – і я іх пахаваю». Раптам ля ўвахода заклубіўся туман і з яго, быццам з царства ценяў, з’явіўся белы сабака. Туман адразу знік, а сабака застаўся. Вялікі, магутны ён, напэўна, перамог бы ў адзінаборстве і тыгра, а зараз ён усеўся пасярод увахода і злымі, чырвонымі вачыма глядзеў на Мікіту. «А гэта, напэўна, спакутаваная душа Джагдзіша, – чалавек не спалохаўся сабакі. – Сапраўды, хворы розум і гнілая душа нараджаюць монстраў!» Ён адарваў кавалак дарагой тканіны, зноў нахіліўся над шкілетам, каб сабраць яго косткі і пахаваць. І тут ён заўважыў пасярод костак залатую пласцінку. «Гэта што? – Мікіта зняў пласцінку, працёр яе ад пылу, уважліва агледзеў. – Здаецца, нейкая пайцза», – і паклаў яе ў кішэню. Потым згарнуў косткі на тканіну, выпраміўся, паглядзеў на сабаку. Той сядзеў на ранейшым месцы, аднак на гэты раз у яго вачах замест злосці пульсавала адданасць. «Вось і добра», – мужчына нейкі час глядзеў у вочы звера, вагаючыся і гадаючы, як той сябе павядзе. Потым рашуча пакрочыў наперад, выйшаў з пячоры, знайшоў невялікае паглыбленне, паклаў у яго косткі і засыпаў іх каменнем.

Сабака пакорліва сядзеў побач.

5

Віктар Мікалаевіч з’явіўся ў хірургічным аддзяленні пазней звычайнага. Хворыя паснедалі ўжо, некаторыя пайшлі на працэдуры. Ён спачатку зрабіў некалькі тэлефонных званкоў, запісаў нешта важнае ў свой нататнік і толькі потым паклікаў старшую медсястру, каб разам прайсціся па палатах, і ўжо закончыўшы абыход, успомніў:

– А скажыце, Вера Мікалаеўна, як адчувае сябе ўчарашні міліцыянер?

– Кухар?

– Кухар? – хірург спыніўся і здзіўлена паглядзеў на медсястру. – Ён жа быў у міліцэйскай форме.

– Капітан міліцыі Кухар Андрэй Сяргеевіч, – стрымана ўсміхнулася Вера Мікалаеўна. – Прозвішча ў міліцыянера такое незвычайнае.

– Сапраўды, прозвішча запамінальнае, – усміхнуўся і хірург. – Ну дык як адчувае сябе капітан Кухар?

– Я была раніцай у рэанімацыі і цікавілася яго здароўем. Дзяўчаты кажуць, што стан у яго цяжкі, але стабільны і што ён выкараскаецца, адужыць хваробу. – Вера Мікалаеўна пакорпалася ў кішэнях халата, дастала кавалак паперчыны. – Каця Задужанная дзяжурыла ля яго сённяшняй ноччу і расказвала, што спаў ён спакойна і толькі пад раніцу пачаў трызніць.

– Ну, гэта звычайная з’ява.

– Але ж трызніў ён на нейкай незразумелай мове, – медсястра працягнула хірургу кавалак паперы: – Вось Каця запісала тое, што паспела зразумець

Віктар Мікалаевіч узяў паперку, пачаў услых чытаць: «Хуво могу лезі, ля лясаільля гуя алімуль гяібі ва шагадзіці. Гуя рахману рагіму, хубо могу лязі...»

– Нейкая тарабаршчына, – хірург яшчэ раз перачытаў напісаннае, задумаўся. – Ведаеце што, Вера Мікалаеўна, вы пра гэту запіску нікому не расказвайце і Кацю папярэдзьце, каб маўчала.

– Разумею.

– А я перадам яе каму трэба і хай пэўныя службы разбіраюцца, кім на самай справе з’яўляецца міліцэйскі капітан з беларускім прозвішчам Кухар.

6

Сэрца вандроўніка Мікіты амаль не білася, аднак, час ад часу трацячы прытомнасць, памяць выхоплівала са свайго сховішча кавалкі адыходзячага жыцця. Жыцця, якое зусім нядаўна кіпела, бушавала, бунтавала супраць няпраўды і несправядлівасці і пастаянна змагалася. Апошнія некалькі гадоў, пачынаючы з падарожжа ў Індыю, яму падавалася, быццам нейкая вышэйшая сіла і нечая воля, нябачныя і варожыя яму, прымушалі яго ісці супраць адвечных чалавечых каштоўнасцей, простых і хрысціянскіх: пабрацца шлюбам з добрай жанчынай, нараджаць дзяцей, вырасціць іх, дачакацца ўнукаў і памерці спакойнай смерцю. Але ж не, ён пастаянна шукаў нейкія свае шляхі-дарогі, увязваўся ў чужыя лёсы, шукаў свой сэнс жыцця, і ўвесь час яна, гэтая сіла, паказвала яму марнасць, бескарыснасць і бессэнсоўнасць яго існавання на гэтым свеце. Гэта было цяжка. Гэта было несправядліва. Мікіту апошнія гады амаль ніколі не пакідала пачуццё ўласнай непатрэбнасці. Яно вісела над ім дамоклавым мячом, страшэннай тайнай, пастаянна ўсяляла думкі аб непазбежнасці смерці і марнасці жыцця, яго блуканняў па прасторах Персіі, Індыі, Крыма. Ён як мог працівіўся гэтай д’ябальскай сіле і, чым нахабней і вастрэй яна праяўлялася, тым больш цвёрдым, настойлівым і непахісным станавіўся ён сам. За апошнія месяцы свайго жыцця ён звыкся з ёй, зросся ў адно цэлае. Спадзеючыся знішчыць яе ў сабе, і, перамагаючы яе, ён добраахвотна выпальваў сябе, сваё сэрца і сваю душу. Але не дзеля сябе, не дзеля ўласнай перамогі ён імкнуўся знішчыць незразумелага ім монстра, якога прылашчыў і прыручыў сам у цясніне Смерці. Ён баяўся перадаць яго ў злыя рукі, у рукі, якія дадуць зверу волю і з яго дапамогай прынясуць незлічоныя беды людзям.

Мікіта спяшаўся. Адплываючы вясной 1475 года ў Цвер, ён верыў, што перахітрыў індыйскую пачвару, пакінуў яе ў Крыме. Але не. За Кіевам, калі на іх караван напалі рачныя разбойнікі, здань бясшумна паднялася з дняпроўскай вады і перабіла з паўсотні сваіх і чужых людзей, перабіла люта, без разбору. Потым яна знікла, расцяклася туманам па прыбярэжным чароце. Пасля таго здарэння многія купцы сталі касавурыцца на Мікіту, абыходзіць яго бокам, і толькі два маскоўскія гандляры, Панфіл і Сысой, не адыходзілі ад дзіўнага вандроўніка, усё выпытвалі яго пра шлях у Індыю, пра звычаі гэтай краіны, прасілі паказаць запісы падарожжа, прапаноўвалі грошы, каб іх выкупіць ці хаця б перапісаць. Аднак Мікіта не хацеў нават слухаць іх ліслівых слоў, бо свае запіскі ён вёз у Цвер, свайму князю.

У Магілёве, пакуль канапацілі і рамантавалі лайбы, ён наведаў Куцеінскі манастыр, пасля чаго з Панфілам і Сысоем выпіў па кубку мясцовага віна і ад гэтага пачастунку яму раптам стала млосна. А праз дзень, праплыўшы Дуброўну, ён зразумеў, што памірае і што заморскі монстр застанецца непераможаным і зноў будзе напамінаць аб сабе дарэмнымі смерцямі.

Ён паміраў, але яго душа, якая столькі гадоў імкнулася прыстасавацца да ягоных задум і летуценняў, усё яшчэ не пакідала цела. Яна адна працягвала барацьбу з гусцеючай цемрай, якая высачэзнай хваляй насоўвалася на яго свядомасць, палала чорным колерам вечнасці, паступова запаўняючы кожны закуточак яго цела, неадступна выцясняючы адтуль яго душу. Гэтая бліскучая чарната ўшчэнт разбівала яго жыццё на кавалкі, якія адразу крышыліся і пераўтвараліся ў прах, а іх месца займалі халодная цішыня і бязлітасны спакой. Яна стварала пустэчу, у якой ужо бессэнсоўна было спадзявацца на дапамогу, чакаць праменьчыка цёплага, жывога святла.

Жыццё заканчвалася. Перад вачыма Мікіты мільгацелі малюнкі, якія не стасаваліся між сабой, якія ён і не імкнуўся разгадаць. Усё, больш нічога не выправіш, і, нічога не адчуваючы, ён назіраў заканчэнне свайго жыццёвага шляху, які пачынаў ужо абвальвацца ў чорную бездань; і ўвесь свет падаваўся яму гэткім жа пустым і чорным, як бясконцая прорва, што неадступна, усё хутчэй і хутчэй, насоўвалася на яго.

«А Русь ер тангрыд сакласын; олло сакла, худо сакла! Бу даніада муну кібіць ер ектур: нечык Урус еры бегляры акой тугіль; Урусь ер абодан болсын; расць кам дарэць. Олло, худо, бог, даныры», – шаптаў ён апошнія словы малітвы, не бачачы, як Панфіл ператрасае яго клункі ў пошуках запісак. І як толькі Сысой сарваў з яго грудзей амулет Шывы, Мікіта зрабіў свой апошні ўсхліп, усхліп, больш падобны на ўздых аблягчэння.

7

Адвячоркам Віктар Станкевіч разам з маладжавым мужчынам, выпраўка якога паказвала, што ён ваенны, зайшлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Ля ўвахода іх сустрэў рэаніматолаг. Ён прапанаваў наведвальнікам апрануць халаты, бахілы і павёў іх у палату, у якой ляжаў Андрэй Кухар.

– Вось ваш міліцыянер, – прапусціўшы наперад сябе ваеннага, рэаніматолаг паказаў вачыма на адзінага хворага, які знаходзіўся ў палаце.

– Размаўляць ён можа?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю