Текст книги "Тайна гіблай затокі (СИ)"
Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі
Жанр:
Триллеры
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)
– Думаеш, косці – Іванава справа?
– А тут і думаць не трэба, хаця, як у вас кажуць: «Не спайманы – не злодзей», – Мішка бесклапотна ўсміхнуўся, аднак раптам спахапіўся: – Я ж на работу спазняюся. Як там мае цяляткі?
– Можаш ехаць да сваіх цялятак, – дазволіў Бабылю старшы аператыўнік і звярнуўся да сяброў: – Пайшлі з дзецьмі пагутарым?
Аднак хлопчыкі нічога новага не паведамілі: ішлі ў суседнюю вёску, заўважылі чалавека на беразе, а калі зразумелі, што ён нежывы, пабеглі ў Лядава і аб убачаным расказалі першаму сустрэтаму імі даросламу. Ім аказалася бібліятэкарка Вера Мікалаеўна.
– Што ж, Андрэй, ты працягвай апытваць вяскоўцаў, а мы пагутарым з вадзіцелямі рэйсавых аўтобусаў і дубровенскімі таксістамі, – паціскаючы Кухару руку, на развітанне гаварыў старшы аператыўнік. – Праз дзень-другі высветлім прозвішча гэтага незнаёмца і даведаемся, чаго ён сюды прыехаў.
5
Цэлы дзень капітан апытваў сялян, размаўляў і са старымі, і з маладымі, і са школьнікамі, аднак пра незнаёмага чалавека ў джынсавым касцюме ніхто нічога не памятаў. І толькі вечарам, калі Кухар ужо ішоў да сваёй машыны, яго дагнаў на веласіпедзе Мішка Бабыль.
– Пачакай, таварыш участковы, – задыхаючыся ад хуткай язды і ад хвалявання, прасіпеў ён у спіну Кухару. – Я бачыў учора тапельца, бачыў на чым ён прыехаў і куды пайшоў.
Участковы спыніўся, пачакаў, пакуль Мішка аддыхаецца, і толькі потым загаварыў:
– Мы ж у цябе пра яго яшчэ раніцай пыталіся. Тады ты нічога не чуў і не бачыў, казкі нам пра цялятак расказваў. А тут раптам успомніў. З чаго б гэта?
– Раніцай пра тапельца я яшчэ нічога не ведаў, ды і пыталіся вы ў мяне пра ўчарашні вечар, – Мішка выцер успацелы твар рукавом бруднай кашулі, прадоўжыў: – А таго хлопца я бачыў днём, якраз апоўдні.
– Расказвай падрабязна.
– Апоўдні я паехаў у краму, каб купіць пачак «Астры». Выходжу і гляджу – па шашы кацяць «Жыгулі» з уключаным левым паваротам. «Куды гэта ён?» – падумаў я пра шафёра і паехаў за ім, тым больш, што дарога ідзе ля маёй хаты. Аднак машына хутка спынілася і з яе выйшлі два чалавекі – Грышка Баранаў з Плавуноў і малады, незнаёмы хлопец у джынсавым касцюме. Незнаёмец разлічыўся з шафёрам, той развярнуўся і паехаў у бок Дубоўны. А Грышка са сваім прыяцелем пайшлі ўздоўж рэчкі ў Плавуны.
– Шафёра машыны запомніў?
– Мужык гадоў пад сорак, вусаты, у акулярах. Машына – жоўтая «сямёрка», як і ў нашага старшыні, а нумар, – Мішка напружыўся, крыху памаўчаў, потым весела махнуў рукой: – 45-54, а на літары я не звярнуў увагі.
Кухар спачатку нават і не паверыў у такую ўдачу – цэлы дзень ён шукаў сведкаў, абышоў кожны дом, кожную хату, кожную арганізацыю, а тут на табе – уся інфармацыя і ў аднаго чалавека. Вось дык Мішка, вось дык сабачы хвост!.. Чаму ж ты не ўспомніў гэта раніцай? Гэта ж колькі сіл і часу патрачана дарэмна? А нерваў? Аднак участковы не стаў крыўдаваць на Бабыля. Наадварот, ён выцягнуў з кішэні памятую пяцёрку і ўрачыста, ад усёй душы ўручыў яе мужчыне:
– Гэта, таварыш Бабыль, табе прэмія за каштоўную інфармацыю. Нямнога канешне, аднак і ты правініўся, паведаміў яе ў самы апошні момант.
Мішка ўзяў пяць рублёў, схаваў іх у кішэнь і, крыху падумаўшы, пажартаваў:
– Спадзяюся – гэта не хабар?
– Не хвалюйся – гэта падзяка.
І абодва мужчыны рассмяяліся. А пасля развітання Бабыль паімчаў да крамы, а Кухар – у сельскі савет да тэлефона.
6
Следчага пракуратуры Паўла Міклашэвіча Кухар застаў яшчэ на рабочым месцы. Той уважліва выслухаў участковага інспектара, задаў некалькі нязначных удакладняючых пытанняў, падзякваў за працу і ў самым канцы гутаркі папрасіў:
– Ты ўсё роўна зараз побач з Плавунамі, заедзь да гэтага Баранава, пагутары з ім, можна і без пратакола, можа, ён раскажа табе штосьці пра нябожчыка.
Грышка Баранаў, статны, саракагадовы мужчына, сядзеў ля сваёй хаты на бярозавай калодцы і папраўляў вуду. Убачыўшы міліцыянера, ён неахвотна падняўся, паціснуў працягнутую руку і, чакаючы тлумачэнняў, прытуліўся спінай да шурпатага ствала яблыні.
– На вячэрнюю рыбалку сабраўся? – Кухар паказаў вачыма на вуду. Потым дастаў з кішэні пачак цыгарэт і прапанаваў Грышку. Той падзякаваў і адмоўна хітнуў галавой: «Не куру». Капітан выцягнуў цыгарэту, закурыў сам і запытаўся па сутнасці свайго візіту:
– Учора апоўдні ты прыехаў у Лядава з адным хлопцам...
– А-а, вы ад яго? А я думаў што ён сам да мяне прыйдзе па свой заплечнік, раскажа пра Гіблую затоку, пакажа рыбу, якую там злавіў.
– Не прыйдзе ён да цябе і рыбы, злоўленай у Гнілой затоцы, не пакажа, бо памёр учора вечарам. Сэрца.
– Памёр? – недаверлівая ўсмешка з’явілася на твары Грышкі. – Пакажы-ка, капітан, сваё пасведчанне.
Уважліва прагледзеўшы міліцэйскае пасведчанне, гаспадар цяжка ўздыхнуў:
– А я, дурань, учора нават крыху на яго пакрыўдзіўся, думаў, што яму не спадабаўся ў мяне камфорт і ён застаўся ў некага ў Лядаве, а тут... Аднак, чаму мы стаім на панадворку? Прашу ў хату.
Хата ў Грышкі была невялікай – два пакоі і куханька. Мэбля цяжкая, старая. Некаторую, як кухонную шафу, стол і табурэткі – наогул рабіў мясцовы сталяр, а фарбаваў, пэўна, сам гаспадар і на свой густ. Толькі каляровы тэлевізар не пасаваў абстаноўцы, рэзка кантраставаў побач з самаробнай этажэркай і цяжкім круглым сталом. Заўважыўшы цікаўнасць госця, Грышка патлумачыў:
– Мэблю даўно трэба было б замяніць, аднак маці не дазваляе, бо яе пасля вайны рабіў мой бацька, і яна для маці зараз, бы жывая. Не паверыш, капітан, а часам яна і размаўляе з ёй, і раіцца, і скардзіцца на жыццё ці свае хваробы.
– Значыць, ёй не хапае тваёй увагі.
– Каюся, – гаспадар уключыў у разетку электрачайнік, дастаў з палічкі цукар, пачак індыйскага чаю, пакет з пернікамі, – дома бываю рэдка.
– А ты не тут жывеш?
– Не, жыву я ў Смаленску, працую настаўнікам, а да маці прыязджаю на вакацыі ці на святы.
– Зразумела, – Кухар пачакаў, накуль Грышка разалье па кубках кіпень і толькі потым запытаўся:
– А дзе вы ўчора сустрэліся з..., – ён на імгненне сумеўся, – з чалавекам, які пакінуў у вас свае рэчы?
– З Максімам? Мы з ім адным аўтобусам ехалі ў Дубоўну. Разгаварыліся. Аказалася, што яго цікавіць наша Гіблая затока, таму я і прапанаваў яму яе паказаць.
– На чым вы прыехалі ў Лядава?
– У Дубоўне на аўтастанцыі нанялі нейкага прыватніка і ён за дзесяць рублёў прывёз нас сюды. Я паказаў Максіму затоку, і мы пайшлі да мяне. Я думаў, што Максім тут пераначуе, а ўжо раніцай пачне свае даследаванні, аднак ён узяў ласты, маску і гарпун і пакрочыў да рэчкі, сказаў, што хоча паплаваць.
– А аб чым вы размаўлялі? Што зацікавіла Максіма ў Гіблай затоцы, месцы, якое абыходзяць усе мясцовыя жыхары?
– Я не ведаю, якія дзівосы прывабілі яго да нашай рэчкі, аднак з гісторыі нашай дзяржавы ён ведае шмат займальнага, пазнавальнага, нам невядомага. Ды і суразмоўца ён цікавы, – Грышка асцярожна падштурхнуў бліжэй да госця пернікі і прадоўжыў:
– Мы з ім шмат пагаварылі аб сэнсе жыцця, іншапланецянах, сусветным розуме, НЛА.
– І вы, настаўнік, верыце ў кантакты з іншапланецянамі? Азірніцеся – на двары восемдзесят пяты год дваццатага стагоддзя!
– А вы не верыце? – Грышка хітра ўсміхнуўся, і Кухар адчуў, што знянацку зачапіў любімую тэму гаспадара. Аднак адступаць было позна, ды і сам капітан, неаднойчы перад сном, часта разважаў на падобныя тэмы. – Вы ж не думаеце, што іншапланецянін будзе размаўляць з вамі так, як гэта тут робім мы? Не, кантакт будзе адбывацца тэлепатычна, праз абмен думкамі. А зараз скажыце, Вы размаўляеце самі з сабой?
– Здараецца размаўляю, нават спрачаюся.
– А ў вас што, унутры жыве нехта гэткі ж разумны, як і вы? Не, гэта вы сам. А вы ў гэтым упэнены? Чаму вы раіцеся самі з сабой, чаму не робіце так, як задумалі адразу? А раптам вы пытаецеся парады не ў сябе, а ў некага іншага, якога проста не бачыце з-за недасканаласці нашага вока? Памятаеце, колькі пісьменнікаў апісвалі свае дыялогі з чортам ці д’яблам? Аднак вы ж разумееце – тое, што кажа чорт, нараджаецца ў галаве пісьменніка, а гэта зусім не азначае, што ў ёй чорт і жыве. Таму я веру, што ў Сусвеце існуе адзіная логіка і адзіны розум, і згодна ім, знешняя сіла не павінна ўздзейнічаць на падзеі на нашай планеце. Аднак тыя людзі, якія вырашаюць гісторыю зямлі, зусім не цікавяцца парадамі з космасу. Больш таго, напрошваецца вывад аб змове вялікіх краін, якія замоўчваюць або скажаюць факты прысутнасці на нашай планеце прадстаўнікоў іншага розуму.
– Я прадстаўнік сілавых структур, – Кухару пачала надакучваць такая гутарка ні аб чым, – і якія факты я перад вамі скажаю? Я прашу вас расказаць мне пра канкрэтнага чалавека, а вы расказваеце мне пра сусветны розум.
– Мы жывём не ў вялікай краіне, а вы – усяго толькі малюсенькі вінцік у яе механізме. Аднак вы пыталіся ў мяне, чаму Максіма зацікавіла наша Гіблая затока. Вы не верыце агульным словам, тэорыі, верыце толькі фактам. Што ж, даю факты. Мой бацька ў сорак трэцім годзе быў дзесяцігадовым смаркачом і ён мне расказаў, што ў верасні таго года да гэтай затокі на дзвюх машынах фашысты прывезлі нейкіх палонных людзей, мабыць, чалавек дзесяць-дванаццаць. Фашысты адразу пачалі нешта вымяраць ля рэчкі, забіваць у зямлю калкі, чарціць нейкія планы, а палонныя прыняліся капаць траншэю ўздоўж берага. Мой бацька тады вудзіў непадалёку і, заўважыўшы чужынцаў, схаваўся ў кусты, пачаў назіраць за імі. Ён бачыў, як раптам над затокай заклубіўся туман, як з гэтага туману з’явілася здань у вобразе чалавека і як яна пачала доўгім мячом сячы тых, хто знаходзіўся ля рэчкі. Фашысты крычалі ад жаху, стралялі па здані з аўтаматаў, аднак яна не звяртала на кулі ўвагі і секла людзей, пакуль не пазабівала ўсіх. Потым яна знікла, растварылася ў рачной вадзе разам з туманам. А самае цікавае – на целах забітых не было ні крыві, ні нават глыбокіх драпін. Праз тры тыдні вёску вызваліла савецкая армія і пра тое здарэнне бацька больш не ўспамінаў.
Магчыма, Максім у архівах знайшоў нейкую інфармацыю пра той выпадак і яго ён зацікавіў, не ведаю, ён мне аб сваёй рабоце нічога не расказваў. Гучыць неверагодна, праўда? Мне аб ім расказаў бацька перад сваёй смерцю, аднак я ўсё роўна недзе ў глыбіні душы сумняваюся ў яго праўдзівасці, спадзяюся, што тады яму гэта падалося са страху.
– Так яно і было, – упэўнена пацвердзіў міліцыянер. – Маленькі хлапчук упершыню зблізку ўбачыў смерць, спалохаўся яе выскалу і яго ўяўленне, каб дачасна не выпаліць дзіцячы розум, адразу намалявала пачвару з мячом у руках. Гэта, як міраж, часовы псіхічны разлад.
– А вось Максім паверыў у расказ майго бацькі, нават па-свойму патлумачыў, чаму тая здань не пасекла фашыстаў.
– Ну і чаму?
– У фашыстаў на форме і на пілотках былі нашыты арлы, а грыфон арла не кранае. Гэтыя і тыя нясуць смерць.
– Які Грыфон? Што за Арол?
Грышка паціснуў плячыма:
– Пра іх некалькі разоў успамінаў Максім.
– Пэўна, мянушкі яго сяброў?
– Магчыма. Я не зразумеў.
Кухар дапіў чай, падзякаваў і, імкнучыся больш не закранаць тэм пра НЛА ці сусветны розум, запытаўся пра рэчы нябожчыка.
– Вунь на куфры ляжыць яго заплечнік. Я да яго нават не дакранаўся.
Участковы падняўся з табурэткі, падышоў да куфра, узяў у рукі невялікі заплечнік, зазірнуў у яго. Той быў амаль пусты і ляжалі ў ім толькі фотаапарат «Зеніт», пачак фотаплёнкі «Кодак», кашалёк ды невялікі радыёпрыёмнік. Аднак у бакавой кішэні Кухар знайшоў тое, дзеля чаго працаваў цэлы дзень – пашпарт незнаёмца. Раскрыўшы яго, ён з шумам выдыхнуў з сябе паветра, а разам з ім і клопаты, і перажыванні, і раздражнёнасць прайшоўшага дня.
– Камяневіч Максім Фёдаравіч, – амаль па складах прачытаў ён прозвішча і тут жа пачаў гартаць старонкі пашпарта, шукаючы прапіску яго ўладальніка. – Горад мне добра вядомы, вуліца Дубовенская. Што ж ты, Максім Фёдаравіч, хацеў знайсці ў гэтай рэчцы? Чаму табе не сядзелася дома? Няўжо і сапраўды паверыў у байкі пра туманных ратнікаў?
– А вы не паверылі?
– Ды лухта ўсё гэта. Калі я раскажу заўтра следчаму, што Камяневіча Максіма Фёдаравіча забіла пачвара, якая ўзнікае з туману, а жыве ў рацэ, то мяне адразу ж, у лепшым выпадку, адправяць да псіхіятра, у горшым – у псіхушку. Ладна, калі б гутарка ішла пра Днепр ці Дзвіну, а то – у нейкай ручаіне жыве няведама хто! Вы самі, паважаны Грыгорый, ці верыце ў свае міфы?
– Веру, – цвёрда адказаў гаспадар. – А вам я спачуваю, бо калі вы паверыце ў іх, ужо можа быць позна.
– Я ў іх не паверу ніколі, – капітан працягнуў Баранаву на развітанне руку. – Дзякуй за чай. Прыемна было пазнаёміцца.
Міліцыянер паехаў. А гаспадар выйшаў на панадворак, паглядзеў на цёмную стужку ракі, у якой ужо серабрыўся месяц, прагаварыў:
– Дзвіна і Днепр – рэкі вялікія, паўнаводныя, людныя, навідавоку, а наша Мірэя – рака хатняя, ціхая і непрыкметная. Аднак не дарэмна ж продкі назвалі яе Мірэя, што азначае Мроя, Мара, надзея на лепшае.
7
Прайшоў тыдзень з дня смерці Максіма Камяневіча. Падзеі таго дня пачалі паступова сцірацца з памяці ўчастковага капітана Кухара, адыходзіць на задні план. Зноў яго рабочы дзень напоўніўся турботамі пра якасную ўборку ўраджаю, пра парадак на калгасных мехдварах і фермах.
Аднойчы раніцай у аддзеле міліцыі яго выпадкова сустрэў следчы пракуратуры Павел Міклашэвіч. Павіталіся.
– Паслухай, Андрэй, – не адпускаючы Кухаравай рукі, загаварыў следчы. – Ты не збіраешся, выпадкам, сёння ў горад?
– Вось зараз і паеду. Але па справах.
– Я ведаю, – суха ўсміхнуўся Міклашэвіч. – Завязі ты туды заплечнік Камяневіча. Пакінеш у дзяжурцы, а хлопцы потым самі перададуць яго каму трэба.
– Без праблем, – пагадзіўся капітан.
– Ну вось і добра. А то валяецца на складзе без патрэбы.
Аднак Кухар не выканаў свайго абяцання, забыўся, не пакінуў перадачу ў райаддзеле міліцыі і ўспомніў аб ёй толькі на выездзе з горада. «Чорт бы мяне ўзяў! – спыняючы машыну, лаяў сябе капітан. – Трэба ехаць назад». І тут ён успомніў, што Камяневіч Максім жыў на Дубовенскай вуліцы, а гэта ж недзе зусім побач. Ён паглядзеў на нумар бліжэйшага дома, праехаў яшчэ крыху наперад і прытармазіў ля звычайнай вясковай хаты, якую акружаў стары сад і невялікія дагледжаныя кветнікі. Ён выйшаў з машыны, наблізіўся да ўваходных дзвярэй, націснуў на кнопку электразванка. Дзверы адчыніліся амаль адразу, і ў іх праёме ўзнікла дзявочая постаць у жалобным строі.
– Вы да каго? – пацікавілася дзяўчына.
– Я хацеў бы пабачыць каго-небудзь з родных Максіма Камяневіча.
– Я яго сястра. Бацькі зараз на працы.
– Я хачу перадаць рэчы Максіма.
Дзяўчына крыху падумала, уздыхнула, потым адхілілася ўбок.
– Праходзьце, – дазволіла яна і, калі Кухар зайшоў у сені, зачыніла дзверы. – Праходзьце ў хату, не саромцеся.
У хаце панаваў паўзмрок. Капітан зайшоў у вітальню і спыніўся ў нерашучасці, не ведаючы, куды ісці далей.
– Праходзьце ў залу, – данёсся з сяней дзявочы голас.
Кухар прайшоў у залу, агледзеўся і ўладкаваўся ў крэсле ля зграбнага журнальнага століка, на якім ляжаў патрапаны тонкі вучнёўскі сшытак і некалькі часопісаў. У пакоі было прахалодна, чысценька і ўтульна, і ўчастковаму стала нават сорамна, што ён не здагадаўся зняць абутак. Аднак гаспадыня не звярнула на гэта ўвагі. Яна прайшла да канапы, села на яе край і запытальна паглядзела на заплечнік, які ляжаў на падлозе ля ног участковага.
– Тут рэчы вашага брата, – перахапіўшы позірк дзяўчыны, парушыў няёмкую цішыню Кухар. – Фотаапарат, грошы, прыёмнік, ласты з маскай, ружжо для падводнага палявання. – Ён узяў у рукі заплечнік і хацеў падаць дзяўчыне, аднак тая адмоўна, нават спалохана, махнула рукой:
– Не трэба. Хай ляжыць там.
Капітан зноў апусціў заплечнік на дыван. Дзяўчына яму падабалася, і ён быў не супраць нейкі час пагутарыць з ёй. Вось толькі аб чым? Акрамя міліцэйскіх тэм у галаву больш нічога не лезла, і ён запытаўся:
– Скажыце, а што хацеў адшукаць ваш брат у рэчцы? Скарб нейкага маскоўскага баярына? У ваколіцах Лядава ходзяць чуткі, што ў Мірэі патануў куфар з золатам, аднак гэта было так даўно. Ды і байкі ўсё гэта.
– Ну чаму байкі? Вось каля вас на стале ляжыць сшытак, які я выпадкова знайшла ў Максімавым пакоі, і там ёсць некалькі ўспамінаў пра той скарб. Пачытайце, калі вам цікава.
Кухар узяў у рукі сшытак. Ні ў якія скарбы на дне Мірэі ён не верыў, аднак сам жа першым загаварыў на гэтую тэму, і таму ён адгарнуў вокладку і пачаў чытаць.
Скарга сялян вёскі Лядава на свайго лаўніка:
«Мы, убогие подданые з села Лядава, ускаржаемося вашым милостям, нашым милостивым паном, на лавника дубовенского на име Рома Беззубца, который нам великие а незносные кривды чынит от колко лет безвинне нас грабит и грабежы у него гинуть, а коли почнем у него грабежов просит, тогды нас бьеть, мордуеть нас самих и детей наших, што узмовит на нас брат пану, то сам берет во двое того. Ябедник лихий, присяжник, лихвяр примушае нас скарб московского боярина в Мирее искати ан нет так сребро ему давати. С пугою железною ходит, што кат. Дети, скоро обачывшы его с пугою идучого, то от него утекают, а псы и духу его боятся».
Вытрымка з запіскі невядомага ліцвіна аб бітве пад Улаю:
«1564 р. 11 лютага
…Еще, по написанию цедулы моей, другая потешная новина пришла до пана моего, иж в той битве самого Шуйского забито и тело его в реке знойдено; а то поведил подскарбий его, которого поймано от наших людей, ищучи тело пана своего. А Шереметьев также в битве будучи древом шкодливе пробит и скоро приехавши до Полоцка умер. А тое войско неприятельское, што под Дубровною было, уже ся были перепровадили на сюю сторону Орщи и Днепра; а скоро о войску господоря нашего и теж о поражьце Шуйского з войском уведали, вземши на себя страх и покинувши увесь кош побегли, и яко за три дни у Смоленска стали; а бегучи, добра и маетности свои кидали. Тако ж Серебрянный-Аболенский казну утопил, а оршанцы поведають, иж такое великое добычи и при великой Оршанской не взято. А теперь князь великий московский послал был дворянина своего Петра Ивановича Сотницына-Клобукова з сорокма коней, снать, казну отшукати и даючи ведати о той битве: которого казаки Дубровенские побили и двух живых поймали, с чого со всего нехай будет хвала пану Богу!»
Кухар стаміўся чытаць неразборлівы Максімаў почырк, яму надакучылі спробы зразумець сэнс некаторых слоў, таму ён не стаў чытаць далей і паклаў сшытак на ранейшае месца.
– Так, тут упамінаецца пра нейкую казну, аднак гэтыя доказы ўскосныя, без канкрэтыкі. І што, толькі па гэтых фактах ваш брат хацеў знайсці золата?
– Золата Максіма зусім не цікавіла. Ён шукаў іншае і ўшчыльную займаўся адной звышсакрэтнай фашысцкай арганізацыяй, – дзяўчына задумалася, уважліва паглядзела на свайго суразмоўцу, усміхнулася:
– Дарэчы, мяне завуць Таня.
– Андрэй, – прадставіўся капітан і паспрабаваў падняцца з крэсла.
– Вельмі прыемна.
– Мне таксама, – Кухар зноў апусціўся на мяккае сядзенне. – Скажыце, Таня, а што за ваенныя сакрэты знайшоў Максім у Лядаве?
– Я не ведаю, што знайшоў Максім у Лядаве, але дакладна ведаю – ваенныя тайны яго цікавілі мала і ён шукаў архіўныя звесткі з аддзела «Германскі навуковы патэнцыял у дзеянні». А за тры дні да сваёй смерці Максім вярнуўся дамоў узнёслы, радасны, светлы. Сказаў, што яго пошукі наблізіліся да заканчэння і што хутка ён стане вядомым чалавекам.
– А над чым ён працаваў канкрэтна?
– Над усім, – Таня сумна ўсміхнулася і пальцам выцерла пад вокам нябачную слязінку. – Падрабязнасці ён абяцаў мне расказаць пазней, баяўся сурокаў. А можа, інфармацыя была сапраўды выбухованебяспечнай, калі ён не захацеў падзяліцца ёй нават са мной?
– Я не ведаю, – шчыра прызнаўся капітан. – Я нават пра гэтую нямецкую арганізацыю раней нічога не чуў і даведаўся пра яе толькі ад вас.
– Яшчэ Максім неяк прагаварыўся, што за ім сочаць, і аднойчы па тэлефоне яму пагражалі, патрабавалі спыніць пошукі і спаліць усе паперы.
– Калі гэта было? Як яны прадстаўляліся?
– Ніяк яны не прадстаўляліся. Проста патэлефанавалі і сказалі, што, калі ён хоча жыць, то няхай спыняе сваю дзейнасць. А было гэта месяцы два таму.
– Магчыма, гэта канкурэнты ці зайздроснікі, – паспрабаваў заспакоіць дзяўчыну Кухар. – Ён жа не адзін цікавіўся «Спадчынай продкаў», пэўна, ёсць у горадзе і іншыя... краязнаўцы? Той жа Арол ці Грыфон.
– Тое, што адбылося з братам, не ўкладваецца ў маёй галаве. Я ніколі не паверу, што ён памёр ад сардэчнай недастатковасці. Так, Максім не быў асілкам, аднак і на сэрца ён ніколі не скардзіўся. Я не паверу, што яго смерць на сумленні нейкіх міфічных зайздроснікаў, бо іх у яго не было, ды і зайздроснікі ў сваёй большасці людзі слабыя, нерашучыя і на сапраўдны ўчынак ніколі не асмеляцца. А забойства чалавека – гэта ўчынак. Таму я і не разумею, пра якіх Арла з Грыфонам Вы ў мяне пытаецеся? Не было ў Макса знаёмых з такімі мянушкамі.
– Пра іх ён расказваў свайму спадарожніку, з якім разам прыехаў у Лядава.
– А-а, пэўна, брат меў на ўвазе грыфона – міфічнага крылатага звера, сімвала сонца, які лічыцца апекуном зямнога і нябеснага царстваў, і арла – міфічнага ахоўніка шчасця і ўдачы, магутнасці і спрытнасці, розуму і спакою. Толькі арол можа глядзець на яркае сонца не міргаючы, а таму толькі яго не кранае грыфон.
– Магчыма і так, – капітан згодна хітнуў галавой. – Але ж, я думаю, ваш брат усё ж расказваў вам нешта пра свае захапленні, радасці, бо з кім, як не з блізкім чалавекам, можна падзяліцца імі? Каму, як не роднай сястры, даверыць пякучую тайну?
– Не, Максім лішняга ніколі не гаварыў і мне амаль нічога не расказваў. Ён нават свае запісы захоўваў недзе ў незнаёмым мне месцы. Хаця, месяцы два таму, прагаварыўся, што вылічыў, дзе схаваны дзверы ў Залу Ведаў, і ўсё.
– Дзверы куды, у Залу Ведаў, пад рэчкай? – міліцыянер ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. – Што гэта яшчэ за зала?
Таня з недаверам паглядзела на суразмоўцу і, прачытаўшы ў яго вачах, што той і сапраўды нічога не ведае пра Залу, патлумачыла:
– Зала Ведаў – гэта комплекс памяшканняў для захоўвання і перадачы інфармацыі аб нашай планеце, аб народах, якія яе насяляюць, аб іх мовах, звычаях і абрадах, аб рычагах уздзеяння на прыроду і гэтак далей. З дапамогай гэтай Залы абраныя людзі, Максім называў іх Вялікімі, могуць кіраваць рознымі працэсамі на зямлі: паводкамі, землятрусамі, войнамі, знікненнем адных і ўзнікненнем другіх дзяржаў. Яны могуць нават рэгуляваць курс валюты той або іншай дзяржавы праз эканамічныя зносіны або прыродныя катаклізмы. На планеце існуе дванаццаць дзвярэй у Залу Ведаў і адны з іх – у нас. Магчыма, там, ля той вёскі, і знаходзяцца гэтыя дзверы, і мой брат на ўласныя вочы хацеў у гэтым упэўніцца.
– Лухта нейкая, – не стрымаўся Кухар.
– Чаму лухта? Дарэчы, дзверы ў гэтую Залу ў час апошняй вайны шукалі і вучоныя з «Аненербэ», а гэта была сур’ёзная арганізацыя, а не кааператыў па нарыхтоўцы рагоў і капытоў, і працавалі ў ёй найлепшыя вучоныя з розных галін навукі.
– Ну а навошта ваш брат шукаў гэтую Залу? Ён жа павінен быў разумець, што калі яна і існуе, то ўваход у яе будзе надзейна абаронены і пранікнуць туды простаму смяротнаму немагчыма.
– Ён усё гэта ведаў, – Таня зноў змахнула з вейкі нябачную слязінку. – Ён выдатна разумеў, што час герояў-адзіночак даўно прайшоў, аднак разам з тым ён быў перакананы, што невядомая нам сіла ўжо запусціла на Зямлі праграму самазнішчэння чалавека і што толькі ў Зале Ведаў гэтую праграму можна спыніць ці наогул адключыць.
Кухар хмыкнуў, паціснуў плячыма і, не хаваючы вясёлых смяшынак у сваіх вачах, пацікавіўся аб іншым:
– А вам, Таня, падабаецца жыць?
– Жыць? – пачуўшы пытанне, дзяўчына раптоўна сцялася і насцярожана, нават спалохана, паглядзела на суразмоўцу: – Чаму вы пра гэта пытаецеся?
– Проста я ніколі не адчуваў раней і не адчуваю зараз аніякай цягі да самазнішчэння. Наадварот, мне вельмі цікава і хораша жыць на гэтай планеце. Я хачу жыць кожнай сваёй клеткай і спадзяюся дажыць да глыбокай старасці гэткім жа здаровым і шчаслівым чалавекам.
– Дапамагай вам Бог, – гаспадыня сумна ўсміхнулася і зручней уладкавалася на канапе. – Чалавек не мае органаў, якія здольны кантраляваць разбурэнне яго асобы, і таму для яго гэтыя працэсы адбываюцца непрыкметна і неадчувальна. Але вы азірніцеся навокал, задумайцеся і шчыра адкажыце самі сабе: што сталася з прыродай, з чалавекам? Чаму яны зрабіліся такія агрэсіўныя? Чаму людзі масава выракаюцца сваёй веры і ў той жа час ахвотна вераць розным прайдзісветам? Куды знікае чалавечая мараль і ўва што ператвораны сем смяротных грахоў? Ды і хто зараз пра іх памятае!
– Пра грахі я вам нічога не скажу, а вось агрэсіі, лічу, і раней было не менш, чым зараз.
– Раней агрэсія была больш прыкметнай, паколькі здзяйснялася праз учынкі, праз кроў і смерць. Зараз жа яна амаль нябачная, звыклая, бо праяўляецца праз рэчы, на якія мы даўно не звяртаем увагі. Нават просценькая ігольніца ў форме чалавечай галавы, а іх зараз поўна ў нашых крамах, з’яўляецца элементам агрэсіі. Такіх прыкладаў мноства, яны дапаўняюць адно аднаго, сабраны ў цэласную сістэму і ўсе служаць рэалізацыі праграмы самазнішчэння. Каму гэта патрэбна, Андрэй?
Андрэй некалькі разоў адмоўна хітнуў галавой, паціснуў плячыма і прамаўчаў. А Таня працягвала:
– Максім усё выдатна разумеў. Ён не быў дурнем або наіўным хлапчуком, аднак ён не хацеў быць і абыякавым назіральнікам. Куды ён толькі не звяртаўся, але... У лепшым выпадку з яго адкрыта не смяяліся. Таму і хаваў ён свае напрацоўкі, таму і спрабаваў у адзіночку пранікнуць у Залу Ведаў, каб урэшце спыніць праграму знішчэння, каб накіраваць чалавечыя памкненні не да матэрыяльнага, а да духоўнага багацця. Ён верыў, што калі чалавек павернецца тварам да адзінства з Прыродай, да любові, да дабрыні і прыгажосці, у яго адродзіцца духоўнасць і гарманізуюцца светлыя сілы. Максім спадзяваўся выратаваць чалавецтва. – Таня стомлена ўздыхнула.
– Я недзе чуў пра такую тэорыю, – на гэты раз у словах Кухара гучала зацікаўленасць. – Здаецца, расійскі доктар Бутэйка таксама сцвярджае, што наша цывілізацыя ў сваім развіцці, як і чалавечае жыццё, праходзіць чатыры этапы: нараджэнне, росквіт, заняпад і смерць, і што зараз мы ўступілі ў трэці этап эвалюцыі – заняпад. Аднак – гэта ўсё словы, якія гучаць загадкава, прыгожа, а часам, нават, і праўдзіва. І ўсё ж я думаю, што менавіта сам чалавек з’яўляецца кавалём свайго лёсу, што толькі ён вырашае меру сваёй духоўнасці, сваёй маралі і сваёй разбэшчанасці. Вось вы кажаце, што і немцы з «Аненербэ» шукалі ўваход у Залу Ведаў, але ж я не думаю, што ён ім быў патрэбны для таго, каб адрадзіць у людзей духоўнасць.
Таня паціснула плячыма: «Нешта не аб тым мы гаворым», задумалася, потым адкінулася на спінку канапы і заплюшчыла вочы. Участковы нейкі час глядзеў на дзяўчыну, потым ціха падняўся, каб непрыкметна выйсці і пакінуць яе ў спакоі, аднак гаспадыня кволым голасам, амаль шэптам, папрасіла:
– Пасядзіце са мной яшчэ крышачку, мне з вамі ўтульна і спакойна.
– Калі ласка, – адказаў міліцыянер і зноў сеў на крэсла.
Дзяўчына расплюшчыла вочы, сумна ўсміхнулася і прапанавала:
– А можа, вып’еце кавы?
– Дзякуй, – Кухар крыху разгубіўся і, нечакана для сябе, згадзіўся: – З задавальненнем.
Гаспадыня зноў яму ўсміхнулася, на гэты раз удзячна, паднялася з канапы і накіравалася на кухню. Кухар таксама ўстаў з крэсла і, не ведаючы, што рабіць далей, пакорліва пакрочыў услед за дзяўчынай.
Кухня была невялічкай і ў ёй ледзь змяшчаліся газавая пліта, халадзільнік і стандартны набор кухоннай мэблі.
– Сядайце ў кут ля халадзільніка, – прапанавала Таня, – там любіў сядзець Максім, – і, калі капітан уладкаваўся на табурэтцы, прадоўжыла свой расповяд:
– «Аненербэ» курыравала амаль усю навуковую дзейнасць Германіі: магчымасці масавага псіхатропнага ўздзеяння на людзей, стварэнне «звышчалавека», распрацоўкі новых нестандартных відаў зброі і шмат-шмат што яшчэ. Іншая справа, што многія свае пачварныя эксперыменты яны праводзілі на ваеннапалонных, на вязнях канцэнтрацыйных лагераў, на жанчынах і дзецях, і за іх злачынствы ім няма і ніколі не будзе даравання ні перад людзьмі, ні перад Богам.
– Аднак, якое дачыненне тая арганізацыя мае да скарбу, пра які згадваецца ў сшытку? Вы, Таня, мяне зусім заблыталі: Максім шукаў уваход у Залу Ведаў, скарб ці хацеў выкрыць ваенных злачынцаў з фашысцкай арганізацыі «Спадчына продкаў»?
– Мой брат быў разумным, адукаваным хлопцам і ён спрабаваў знайсці дзверы, уваход у Залу, а скарб і нямецкая арганізацыя – гэта проста выпадковыя адгалінаванні ў яго даследаваннях.
– Вы думаеце, што яго забілі?
– Я не ведаю, – шчыра адказала Таня. Яе вочы напоўніліся слязьмі. – Я баюся пра гэта думаць.
Кухар падняўся з табурэта, каб суцешыць дзяўчыну, аднак у гэты момант у калідоры зазваніў электразванок.
– Маці прыйшла з працы, – падхапілася з табурэткі і дзяўчына. Яна хуценька змахнула з вачэй слёзы, усміхнулася госцю: – Зараз я вас пазнаёмлю.
– Але мне трэба ехаць.
– Вельмі шкада. З вамі так цікава гутарыць, і маўчаць цікава.
Дадому капітан прыехаў вечарам і калі ён падняўся ў сваю кватэру, там
ужо некалькі хвілін заходзіўся яго тэлефон. «Пэўна, Міклашэвіч хвалюецца за Максімаў заплечнік», – падумаў Кухар і падхапіў трубку.
– Капітан Кухар, забудзься пра ўсё, аб чым табе расказвала Таццяна Камяневіч. Інакш... – у трубцы загучалі доўгія гудкі.
– Інакш што? – няведама на каго закрычаў міліцыянер. – Заб’еш мяне, спаліш або атруціш? – але тэлефон маўчаў.
8
Спаў капітан трывожна. Сніў нябожчыка Максіма, стральцоў, якія выцягваюць з ледзяной купелі свайго ваяводу, іншапланецян з антэнамі на скафандрах і эсэсаўцаў, якія расстрэльваюць гэтых іншапланецян з аўтаматаў. Кухар з нецярпеннем чакаў раніцы, і ледзь-ледзь жнівеньскае сонца расфарбавала небасхіл у жоўты колер, як ён схапіў трубку тэлефона і нервова пачаў набіраць міжгародні нумар. На тым канцы трубку доўга не паднімалі, аднак участковы ўпарта чакаў. Урэшце доўгія гудкі заціхлі.
– Ало, – прагучаў сонны голас Тані. – Слухаю вас.
– Таня, добрай раніцы. Гэта я, Андрэй Кухар.
– Андрэй? Кухар? – дзяўчына не пазнавала ўчарашняга суразмоўцу. – Вы памыліліся нумарам.
– Я перадаў вам учора заплечнік і рэчы вашага брата. Потым мы пілі каву.
– Малады чалавек, майце сумленне, – пакрыўдзілася дзяўчына. – Я ж вам ясна сказала, што я вас не ведаю і вы памыліліся нумарам.
– Прабачце, – участковы павесіў трубку і злосна стукнуў кулаком па сценцы.
А днём ён быў ля Гіблай затокі і на ўсялякі выпадак сціскаў у руцэ вайсковы гузік з выявай арла. Ён нерухома стаяў на беразе і спакойна глядзеў на цёмную і гладкую стужку вады. Няўжо пад ёй хаваецца патаемны ўваход у Залу Ведаў? А можа, менавіта тут адступаючыя фашысты схавалі свой архіў, а сведкаў расстралялі? А можа, на дне ракі і сапраўды ляжыць куфар з золатам маскоўскага ваяводы? Ды лухта ўсё гэта, трызненні хворых людзей. Аднак чаму ж тады так трывожна на душы? Чаму часта, бы спалоханая птушка, б’ецца ў грудзях сэрца? Які жартаўнік званіў учора вечарам і адкуль ён ведаў пра візіт да Тані і размову з ёй? Чаму Таня раптоўна пра ўсё забылася? Не, трэба ўсё ж даследаваць гэтае гіблае месца, прайсціся па беразе з металашукальнікам, узяць пробы вады, аера, чарота. Трэба заспакоіць сваё сумленне, трэба даказаць і сабе, і такім, як Грышка Баранаў, што ніякіх звышлюдзей на нашай планеце няма, і што чалавек звычайны – вянец тварэння і самамэта Прыроды.