355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Софья де Сегюр » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 15:36

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Софья де Сегюр



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)

– Бландзiна, – сумна адказала Чароўная фея, – ты даведаешся, што здарылася з тваiмi сябрамi. Але што б ты не ўбачыла, не адчайвайся i не страчвай надзеi.

З гэтымi словамi яна падняла бедную Бландзiну з каленяў i падвяла да шафы, якая так прывабiла яе позiрк.

– Вось, мiлая Бландзiна, – сказала фея, – вазьмi гэты ключык i адчынi гэтую шафу. Але будзь мужная!

I яна аддала Бландзiне залаты ключык.

Бландзiна адчынiла шафу дрыготкай рукою... I што яна магла адчуць, калi ўбачыла, што ў шафе вiсяць шкуры Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка, прыбiтыя дыяментавымi цвiкамi?!

Няшчасная Бландзiна роспачна крыкнула i ў непрытомнасцi ўпала на рукi Чароўнае фее.

У тое ж iмгненне дзверы ў залу зноў адчынiлiся i на парозе ўзнiк прыгожы, як сонейка, прынц. Ён кiнуўся да Бландзiны i сказаў:

– Ах, мацi, гэтае выпрабаванне было занадта моцнае для нашай мiлай Бландзiны.

– Я таксама шкадую, сынку, i мне таксама балiць за яе сэрца. Алё ты ведаеш, што гэтае пакаранне было патрэбнае, каб ужо назаўсёды вызвалiць яе з-пад улады злога чарадзея Бэзавага леса.

З гэтымi словамi, Чароўная фея дакранулася да Бландзiны сваёю палачкай, i Бландзiна адразу ачнулася. Але ўспомнiўшы ўбачанае, яна зноў горка заплакала i ў роспачы закрычала:

– Дайце мне памерцi, мне не хочацца болей жыць. Няма больш надзеi, i мне нiколi не ўбачыць шчасця. Мiлыя мае, дарагiя сябры, ваша Бландзiна хутка ўжо будзе з вамi!

– Бландзiна, дарагая, – сказала фея, моцна абняўшы дзяўчынку, – твае сябры жывыя i любяць цябе. Я i ёсць Добрая Козачка, а гэта – мой сын, Каток-Вуркаток. Некалi злы чарадзей Бэзавага лесу скарыстаўся няўважлiвасцю майго сына, i яму ўдалося ператварыць нас у жывёл. У гэтым выглядзе ты з намi й пазнаёмiлася. Свой нармальны выгляд мы маглi набыць толькi тады, калi б ты вызвалiла Ружу, якую я ператварыла ў куст. Я ведала, што яна твой сама злы вораг, i таму пасадзiла яе як мага далей ад замка, каб ты не магла яе ўбачыць. Я ведала, якiя няшчасцi ты можаш на сябе наклiкаць, выпусцiўшы яе на волю. I неба мне сведка, мы з сынам былi гатовыя ўсё жыццё заставацца Добраю Козачкай i Катком-Вуркатком, толькi б аберагчы цябе ад страшнай пакуты, якую табе давялося перажыць. На жаль, нягледзячы на ўсе нашыя перасцярогi, Папугаю ўдалося цябе ашукаць. А ўсё астатняе ты сама ведаеш. Магу толькi дадаць, што мы таксама вельмi пакутавалi, ведаючы, што ты засталася зусiм адна i так горка плачаш.

Бландзiна кiнулася цалаваць ды абдымаць фею, i дзякаваць ёй i прынцу. I няспынна задавала пытаннi.

– А што сталася з газэлямi, што нам прыслугоўвалi?

– Ты iх усiх бачыла, дарагая Бландзiна. Гэта тыя дзяўчаты, што прывялi цябе ў гэтую залу. Яны таксама абярнулiся зноў у людзей.

– А адкуль узялася карова, што прыносiла мне кожны дзень малако?

– Нам з сынам удалося ўгаварыць каралеву феяў паслаць табе гэтую невялiкую дапамогу. I Крумкача, якi падбадзёрваў цябе сваiмi словамi, таксама паслалi мы.

– Дык значыць, i Чарапаху вы да мяне прыслалi?

– I Чарапаху, Бландзiна. Каралеву феяў вельмi расчулiлi твае роспач i скруха, i яна вырашыла пазбавiць ляснога чарадзея ўсёй улады над табою. Але дзеля гэтага ты павiнна была яшчэ раз даказаць сваю паслухмянасць, вытрымаўшы доўгае i нуднае падарожжа, i ў знак пакарання паверыць у нашу смерць, убачыўшы гэтыя шкуры. Я прасiла, малiла каралеву феяў пазбавiць цябе ад такога суровага выпрабавання, але яна была няўмольная.

Бландзiна ўсё слухала i слухала, i глядзела, i абдымала сваiх сяброў, якiх так даўно згубiла i ўжо не спадзявалася ўбачыць. Але нарэшце яна прыгадала пра бацьку. Прынц зразумеў яе думкi i нешта шапнуў сваёй мацi.

– Збiрайся, Бландзiна, – сказала фея. – Хутка ты ўбачыш бацьку. Я ўжо яго папярэдзiла, i ён цябе чакае.

У тую ж хвiлiну Бландзiна апынулася ў каляснiцы, аздобленай золатам i перламi. Побач з ёй села фея, а насупраць прынц. Прынц быў вельмi шчаслiвы i не зводзiў з Бландзiны вачэй. Каляснiца была запрэжаная чацверыком белых-бялюткiх лебедзяў. Яны паднялiся ў паветра i паляцелi так хутка, што ўсяго праз пяць хвiлiн былi ўжо каля палаца караля Бенэна.

Уся каралеўская дворня стаяла на шырокiм ганку i чакала Бландзiну. I як толькi ў небе ўзнiкла каляснiца, пачулiся такiя радасныя воклiчы, што лебедзi перапалохалiся i ледзь не павярнулi ў iншы бок. Але прынц, якi кiраваў iмi, здолеў, на шчасце, iх супакоiць, i каляснiца апусцiлася каля самага ўваходу ў палац.

Кароль Бенэн кiнуўся да Бландзiны, i тая, саскочыўшы на зямлю, адразу апынулася ў абдымках у бацькi. Яны доўга не выпускалi адно аднаго. А ўсе вакол стаялi i плакалi, але цяпер гэта былi слёзы радасцi.

Калi хваляванне ад сустрэчы крыху прайшло, кароль ласкава пацалаваў феi ў руку i падзякаваў за тое, што яна так аберагала яго дачку i так добра яе навучыла i выхавала. Потым ён абняў прынца i заўважыў, што ён вельмi i вельмi прыгожы.

Цэлы тыдзень усе святкавалi Бландзiнiна вяртанне. А калi тыдзень прайшоў, фея сабралася дадому. Але прынцу й Бландзiне было так сумна расставацца, што кароль дамовiўся з феяй, каб яны нiкуды не ад'язджалi i заставалiся жыць у iх. Кароль ажанiўся з феяй, а Бландзiна выйшла замуж за прынца, якi так i застаўся для яе на ўсё жыццё Катком-Вуркатком з Бэзавага леса.

Брунета, якая ўрэшце здолела выправiць свой характар, часта прыязджала да Бландзiны ў госцi.

Яе муж, прынц Жарсткен, таксама крыху палагоднеў, убачыўшы, што Брунета зрабiлася намнога дабрэйшая. I жылi яны даволi шчаслiва.

А Бландзiне болей нiколi не даводзiлася сумаваць. Яна нарадзiла некалькi дачок, якiя былi вельмi да яе падобныя, i некалькi сыноў, якiя былi вельмi падобныя да прынца. Усе iх любiлi, i ўсе вакол былi шчаслiвыя.

Пераклаў Змiцер Колас


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю