355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Софья де Сегюр » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 15:36

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Софья де Сегюр



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

– Добрая Козачка! Добрая Козачка! – закрычала яна. – Калi ласка, растлумачце мне, як магла са мной здарыцца такая дзiўная перамена? Учора ўвечары, кладучыся спаць, я была маленькай дзяўчынкаю, а сёння ранiцай прачнулася ўжо амаль дарослай! Можа, мне гэта толькi здаецца? Цi я сапраўды так вырасла за адну ноч?

– Усё сапраўды так i ёсць, дарагая Бландзiна, – адказала ёй Добрая Козачка. – Цяпер табе ўжо чатырнаццаць гадоў, бо ты спала сем год. Мы з Катком-Вуркатком вырашылi аберагчы цябе ад першых i сама цяжкiх крокаў у вучобе (бо калi ты прыйшла да нас, ты нiчога не ўмела, нават чытаць). Таму я ўсыпiла цябе на сем год, i ўвесь гэты час мы з Катком-Вуркатком вучылi цябе i выхоўвалi ў сне. Як вiдаць па тваiх вачах, ты ўжо адчуваеш, што шмат чаго ведаеш. Хадзем жа ў твой кабiнет, i ты сама пераканаешся, што многаму навучылася.

Бландзiна пайшла за Добраю Козачкай у свой кабiнет, падбегла да пiянiна i, як толькi пачала граць, пачула, што з-пад пальцаў у яе лiецца чароўная музыка. Яна ўзяла арфу i таксама ўпэўнiлася, што грае на ёй цудоўна. Заспяваўшы, яна заўважыла ў сябе дзiвосны голас; узяўшы ў рукi алоўкi i пэндзлi, пачала маляваць, ды так добра, што ў яе малюнках адчуваўся сапраўдны талент; яна пiсала зусiм без памылак i вельмi прыгожым почыркам; а зiрнуўшы на назвы кнiг, якiя стаялi на палiцах, прыгадала, што многiя з iх ужо чытала. Здзiўленая i вельмi радая, яна кiнулася на шыю Добрае Козачцы, ласкава пацалавала Катка-Вуркатка i сказала:

– О, мае добрыя, дарагiя, мае сапраўдныя сябры! Як я вам удзячна за тое, што вы пра мяне так паклапацiлiся, шмат чаму навучылi й так добра выхавалi! Я адчуваю, што зрабiлася цяпер нашмат лепшая, i ў гэтым я абавязаная вам.

Добрая Козачка прытулiла да сабе Бландзiну, а Каток-Вуркаток ласкава лiзнуў ёй руку. Калi першая радасць прайшла, Бландзiна апусцiла вочы i сцiпла спытала:

– Мiлыя мае, добрыя сябры, вы не палiчыце мяне няўдзячнаю, калi я папрашу вас зрабiць мне яшчэ адну паслугу? Скажыце, што з маiм бацькам? Цi ён дагэтуль смуткуе без мяне? Цi быў ён хоць трошкi шчаслiвы з таго дня, калi я згубiлася ў лесе?

– Твая просьба вельмi зразумелая, дарагая Бландзiна, i мы выканаем яе, адказала Добрая Козачка. – Зiрнi ў гэтае люстра, i ў iм ты адразу ўбачыш усё, што адбылося з тваiм бацькам пасля твайго знiкнення i што з iм цяпер.

Бландзiна падняла вочы i ўбачыла ў люстры бацькаў пакой. Кароль хадзiў па iм вельмi ўсхваляваны. Здавалася, ён некага чакае. Потым да яго зайшла каралева Фур'ета i пачала расказваць, што Бландзiна, нягледзячы на ўсе ўгаворы Гурмандзiнэ, захацела сама пакiраваць страўсамi, але тыя не падпарадкавалiся ёй i пабеглi да Бэзавага лесу; там брычка перакулiлася, i Бландзiна, пераляцеўшы цераз агароджу, апынулася ў лесе; ад адчаю i жаху, Гурмандзiнэ ледзь не страцiў розум, i таму каралева адправiла яго да сваiх бацькоў. Пачуўшы гэтую навiну, кароль быў у роспачы, ён кiнуўся да Бэзавага лесу шукаць Бландзiну, i яго толькi сiлай удалося ад гэтага ўтрымаць. Яго прывялi назад у палац, i ён яшчэ доўга пакутаваў ад скрухi, увесь час клiчучы сваю мiлую дачурку. Але нарэшце ён заснуў i ў сне ўбачыў Бландзiну ў палацы ў Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Добрая Козачка супакоiла яго i сказала, што Бландзiна ў яе жыве добра i шчаслiва i аднойчы настане дзень, калi яна вернецца да свайго бацькi.

Потым люстра пацьмянела, i ўсё знiкла. А калi засвяцiлася зноў, Бландзiна зноў убачыла бацьку. Ён пастарэў, валасы ў яго пасiвелi. Ён сумна сядзеў, трымаючы ў руцэ Бландзiнiн партрэт, цалаваў яго i цiха плакаў. Ён быў адзiн, нi каралевы, нi Брунеты Бландзiна не ўбачыла. Бедная Бландзiна горка заплакала.

– Чаму мой бацька адзiн? – спытала яна. – Чаму з iм нiкога няма? Дзе каралева з маёй сястрою Брунетай?

– Каралева зусiм мала смуткавала з-за тваёй смерцi (а ўсе лiчаць, што ты памерла), i ўрэшце кароль узненавiдзеў яе за гэта i паслаў назад да ейнага бацькi, караля Баламута, якi загадаў пасадзiць яе ў вежу, дзе яна неўзабаве памерла ад нуды i шаленства. А твая сястра Брунета зрабiлася такая злая i невыносная, што летась кароль хуценька аддаў яе замуж за прынца Жарсткена, якi ўзяўся выправiць яе злы i зайздрослiвы нораў. Прынц абыходзiцца з Брунетаю вельмi жорстка, i яна пачынае ўжо разумець, што злосць не прыносiць нiякага шчасця. Таму яна патроху пачала выпраўляцца. Ты з ёю яшчэ пабачышся i сваiм узорам канчаткова выправiш яе.

Бландзiна ласкава падзякавала Добрай Козачцы за навiны i хацела спытаць, калi ж нарэшце зможа ўбачыцца са сваiм бацькам? Але падумала, што лепей для гэтага пытання пачакаць iншага выпадку. Бо цяпер Добрай Козачцы можа здацца, што яна спяшаецца пакiнуць яе, а гэта будзе няветлiва.

Цэлымi днямi Бландзiна была нечым занятая, i часу нудзiцца ў яе не было. Але зрэдку яна ўсё ж сумавала: пагутарыць яна магла толькi з Добраю Козачкай, а Добрая Козачка бывала з ёй толькi на ўроках ды падчас ежы. Каток-Вуркаток не ўмеў размаўляць i, каб Бландзiна яго разумела, усё паказваў на мiгах. I газэлi, якiя старанна прыслугоўвалi Бландзiне, таксама заўсёды маўчалi.

На шпацыр Бландзiна заўсёды хадзiла з Катком-Вуркатком, якi паказваў ёй найлепшыя прысады i найпрыгажэйшыя кветкi. Добрая Козачка ўзяла з Бландзiны слова, што яна нiколi не будзе выходзiць за агароджу парка i нiколi не захоча пайсцi пагуляць у лес. Бландзiна часта пыталася ў Добрай Козачкi, чаму ёй нельга туды схадзiць.

Але Добрая Козачка, уздыхаючы, заўсёды адказвала:

– Ах, Бландзiна, нават i не думай хадзiць у гэты лес, ён прыносiць толькi няшчасце. I я зычу, каб ты нiколi болей туды не трапiла!

Выправiўшыся на шпацыр, Бландзiна часам заходзiла ў альтанку, што стаяла на ўзгорку каля самае агароджы, за якой пачынаўся лес. Адтуль яна бачыла прыгожыя высокiя дрэвы, чароўныя кветкi, тысячы птушак, якiя спявалi, пералятаючы з галiнкi на галiнку, i нiбыта заклiкалi яе прыйсцi да iх пагуляць. "Ну чаму Добрая Козачка не хоча адпусцiць мяне пагуляць у лесе? думала яна. – Хiба мне можа там што-небудзь пагражаць, калi яна сама мяне абараняе?"

Кожны раз, як яна гэта думала, Каток-Вуркаток, здавалася, прачытваў яе думкi i, ухапiўшы яе за прыпол, адразу пачынаў цягнуць прэч з альтанкi i жаласна мяўкаў.

Тады Бландзiна ўсмiхалася i йшла за Катком-Вуркатком гуляць далей па прыгожым, але бязлюдным парку.

Глава 7

Папугай

З таго дня, як Бландзiна прачнулася ад сямiгадовага сну, прайшло амаль паўгода. Цяпер ёй здавалася, што час iдзе вельмi марудна. Яна часта ўспамiнала бацьку, i гэты ўспамiн напаўняў яе сэрца сумам. Добрая Козачка i Каток-Вуркаток, напэўна, здагадвалiся пра яе думкi. Каток-Вуркаток пачынаў жаласна мяўкаць, а Добрая Козачка глыбока ўздыхала. Бландзiна рэдка гутарыла з iмi пра тое, што яе хвалявала, – яна баялася пакрыўдзiць Добрую Козачку, бо тая i так ужо тры цi чатыры разы казала ёй: "Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку, Бландзiна. Гэта здарыцца, калi табе споўнiцца пятнаццаць гадоў. А пакуль, павер, не трэба думаць пра будучыню. I сама галоўнае – не трэба спрабаваць ад нас уцячы."

Аднойчы ранiцай Бландзiна сядзела самотная, разважаючы пра сваё незвычайнае i аднастайнае жыццё. I тут яе думкi развеялiся, бо нехта цiхутка тройчы пастукаў у шыбу. Яна падняла галаву i ўбачыла прыгожага зялёнага папугая з аранжавымi шыйкаю i грудзiнкай. Здзiвiўшыся нечаканаму незнаёмцу, Бландзiна адчынiла акно i ўпусцiла Папугая ў пакой. I здзiвiлася яшчэ болей, калi птушка загаварыла танюткiм траскучым галаском.

– Дзень добры, Бландзiна. Я ведаю, што ты часта сумуеш, бо табе няма з кiм пагутарыць. Вось я i прыляцеў пагаварыць з табою. Але, калi ласка, не кажы нiкому, што ты мяне бачыла, iначай Добрая Козачка скруцiць мне шыю.

– Ды ну, што ты, мiлы Папугай, – адказала Бландзiна. – Добрая Козачка нiкому не робiць лiха. Яна не любiць толькi злыдняў ды злоснiкаў.

– Не, Бландзiна, калi ты не паабяцаеш, што нiчога не будзеш расказваць пра мяне Катку-Вуркатку i Добрай Козачцы, то я зараз жа палячу адсюль i нiколi больш не вярнуся.

– Ну добра, мiлы Папугай, калi ты ўжо так гэтага хочаш, я абяцаю. Давай трошкi пагутарым: я ўжо так даўно нi з кiм не гаварыла! Мне здаецца, што ты вельмi вясёлы i вельмi дасцiпны. I я ўпэўненая, што ты чым-небудзь мяне пазабавiш.

I Бландзiна пачала слухаць Папугаевы байкi, а той, як умеў, узяўся расхвальваць Бландзiну за яе прыгажосць, яе таленты i вялiкi розум. Бландзiна была зачараваная. Калi прайшла гадзiна, Папугай паляцеў i паабяцаў вярнуцца назаўтра. Так ён прылятаў яшчэ некалькi дзён запар i кожны раз расхвальваў Бландзiну i цешыў яе рознымi байкамi. I вось аднойчы ранкам ён пастукаўся ў шыбу i сказаў:

– Бландзiна, Бландзiна, адчыняй хутчэй, я прынёс табе вестку ад твайго бацькi. Толькi, калi ласка, не шумi, калi не хочаш, каб мне скруцiлi шыю.

Бландзiна хуценька адчынiла акно i спытала:

– Няўжо ты сапраўды прынёс мне навiны ад майго бацькi? Кажы хутчэй: што з iм i як ён?

– З тваiм бацькам усё добра, Бландзiна, – адказаў Папугай. – Але ён вельмi журыцца, што цябе няма побач. Я паабяцаў яму зрабiць усё, што ў маёй невялiкай сiле, каб вызвалiць цябе з твайго вязення. Але я змагу зрабiць гэта, толькi калi ты мне дапаможаш.

– З майго вязення? – здзiвiлася Бландзiна. – Дык ты проста не ведаеш, што Добрая Козачка i Каток-Вуркаток са мной заўсёды вельмi добрыя i ласкавыя i вельмi клапацяцца пра маё выхаванне! Яны вельмi ўзрадавалiся б, каб у iх была магчымасць вярнуць мяне майму бацьку. Мiлы Папугай, калi ласка, хадзi са мной, i я пазнаёмлю цябе з Добрай Козачкай.

– Ах, Бландзiна, – адказаў Папугай сваiм траскучым галаском, – ты не ведаеш яшчэ Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Яны ненавiдзяць мяне, бо мне ўжо некалькi разоў удавалася ратаваць iхнiх ахвяраў. Нiколi табе не ўбачыць свайго бацькi, Бландзiна, i нiколi не выйсцi з гэтага леса, калi ты сама не здымеш таго талiсмана, якi цябе тут трымае.

– Якога талiсмана? – зноў здзiвiлася Бландзiна. – Я нiякага талiсмана не ведаю. Дый якая карысць Добрай Козачцы i Катку-Вуркатку трымаць мяне тут у палоне?

– А тая карысць, Бландзiна, што iм тут сумна жыць у адзiноце. Што ж да талiсмана, дык гэта звычайная Ружа. Калi ты яе сарвеш, яна вызвалiць цябе з твайго вязення, i ты зноў апынешся ў абдымках у свайго бацькi.

– Але ж у садзе няма нiводнае Ружы... Як жа мне яе сарваць?

– Прыйдзе дзень, i я скажу табе гэта. Але сёння мне болей нельга з табою гутарыць: хутка сюды прыйдзе Добрая Козачка. Але каб ты магла пераканацца ў цудадзейнай якасцi Ружы, спытай пра яе ў Добрае Козачкi, i ты ўбачыш, якi ў яе будзе выгляд. А цяпер – да заўтра, Бландзiна, да заўтра.

I Папугай паляцеў задаволены, што яму ўдалося закiнуць у душу Бландзiне першыя зярняткi няўдзячнасцi i непаслушэнства.

Як толькi Папугай знiк, у пакой увайшла Добрая Козачка. Было вiдаць, што яна вельмi ўсхваляваная.

– З кiм гэта ты тут гутарыла? – спытала яна, насцярожана пазiраючы на расчыненае акно.

– Нi з кiм, панi, – адказала Бландзiна.

– Але я ўпэўненая, што чула тут галасы.

– Гэта я, вiдаць, размаўляла сама з сабою.

Добрая Козачка нiчога не адказала, але твар у яе быў сумны, i з вачэй нават выкацiлiся некалькi слязiнак.

Бландзiна таксама была вельмi ўсхваляваная: Папугаевы словы прымусiлi яе зусiм iначай зiрнуць на тое, што яна робiць у Добрай Козачкi i Катка-Вуркатка. I замест таго, каб падумаць, што козачка, якая ўмее гаварыць па-чалавечы i надзяляць розумам iншых жывёл; якая змагла на сем год усыпiць дзяўчынку i ўвесь гэты час прысвяцiла яе выхаванню; якая жыве ў палацы, дзе ёй прыслугоўваюць, як сапраўднай каралеве, што гэтая козачка – незвычайная; i замест таго, каб адчуць да яе ўдзячнасць, Бландзiна слепа паверыла Папугаю, якога зусiм не ведала i верыць словам якога ў яе не было нiякай прычыны, як i ў Папугая не было нiякай прычыны дапамагаць Бландзiне, рызыкуючы сваiм жыццём. Яна паверыла яму толькi таму, што ён увесь час расхвальваў яе таленты. Цяпер яна ўжо не глядзела з былой удзячнасцю на прыемнае i шчаслiвае жыццё, якое ёй падарылi Каток-Вуркаток i Добрая Козачка: яна вырашыла зрабiць усё так, як параiў ёй Папугай.

У той жа дзень, нiбы незнарок, яна спытала ў Добрае Козачкi:

– Скажыце, Добрая Козачка, чаму ў Вашым садзе столькi розных прыгожых кветак, а сама чароўнай i сама прыгожай – Ружы – няма?

Пачуўшы гэтае пытанне, Добрая Козачка чамусьцi вельмi збянтэжылася i з дрыготкаю ў голасе адказала:

– Бландзiна, ах, Бландзiна, не думай пра гэтую каварную кветку, якая коле кожнага, хто да яе дакранецца. I нiколi не гавары са мною пра Ружу. Ты не ўяўляеш, якая небяспека крыецца для цябе ў гэтае кветцы.

У Добрае Козачкi быў такi суровы выгляд, што Бландзiна не асмелiлася болей нiчога спытаць.

Дзень скончыўся сумна. Бландзiна адчувала сябе няёмка, Добрая Козачка была незадаволеная, а Каток-Вуркаток – журботны.

Назаўтра Бландзiна, прачнуўшыся, падбегла да акна i ледзь паспела яго адчынiць, як у пакой уляцеў Папугай.

– Ну, што, Бландзiна, – спытаў ён, – бачыла, як збянтэжылася Добрая Козачка, калi ты спытала ў яе пра Ружу? Я абяцаў табе расказаць, як здабыць гэту чароўную кветку, дык вось: табе трэба выйсцi з парка i пайсцi ў лес. Я палячу разам з табой i пакажу месца, дзе расце найпрыгажэйшая Ружа ў свеце.

– Але як жа я выйду з парка? Са мной на шпацыр заўсёды ходзiць Каток-Вуркаток.

– Пастарайся яго адаслаць, – сказаў Папугай. – А калi ён заўпарцiцца, усё роўна не слухай яго i выходзь за агароджу.

– Але ж калi гэтая Ружа расце далёка, у палацы абавязкова заўважаць, што мяне надта доўга няма.

– Iсцi трэба сама большае адну гадзiну. Добрая Козачка паклапацiлася, каб Ружа была як мага далей i каб ты нiколi не змагла вырвацца з яе палону.

– Але нашто ёй мяне трымаць? Яна такая магутная, няўжо яна не магла знайсцi сабе iншых уцех, апроч майго выхавання?

– Гэта ты зразумееш потым, Бландзiна, калi вернешся да свайго бацькi. А цяпер табе трэба быць вельмi рашучаю. Пасля снедання пазбаўся ад Катка-Вуркатка i выходзь у лес. Я буду цябе там чакаць.

Бландзiна паабяцала, што ўсё так i зробiць, i хуценька зачынiла акно, баючыся, каб iх не ўбачыла Добрая Козачка.

Пасля снедання Бландзiна, як зазвычай, пайшла на шпацыр у сад, i Каток-Вуркаток пайшоў разам з ёю. Некалькi разоў яна прасiла Катка, каб ён пакiнуў яе адну, але той жаласна мяўкаў i iшоў следам. Калi яны збочылi на дарожку, якая вяла да выхаду з парка, Бландзiна зноў паспрабавала пазбавiцца ад Катка-Вуркатка.

– Я хачу пагуляць адна, – сказала яна. – Iдзi адсюль, Каток-Вуркаток, чуеш?

Але Каток-Вуркаток зрабiў выгляд, быццам не разумее. Тады Бландзiна зусiм раззлавалася i, забыўшыся, што яна робiць, ударыла Катка-Вуркатка нагой.

Ад моцнага ўдару Каток-Вуркаток страшна крыкнуў i стрымгалоў кiнуўся да палаца.

Роспачны крык Катка-Вуркатка прымусiў Бландзiну апамятацца; яна была ўжо гатовая паклiкаць Катка-Вуркатка назад, адмовiцца ад Ружы i расказаць усё Добрай Козачцы. Але зрабiць гэта яна пасаромелася i, павярнуўшыся, рушыла да паркавай агароджы. Дрыготкай рукой яна адчынiла браму i выйшла ў лес.

Да яе зараз жа падляцеў Папугай.

– Смялей, Бландзiна! – закрычаў ён. – Яшчэ гадзiна, i ты атрымаеш Ружу, а потым зможаш нарэшце ўбачыць свайго дарагога бацьку.

Гэтыя словы зноў надалi Бландзiне рашучасцi, якую яна пачала была трацiць. I яна смела рушыла па сцяжынцы, якую ёй паказваў Папугай, пералятаючы наперадзе з галiнкi на галiнку. Лес, якi з паркавай альтанкi здаваўся такiм прыгожым, усё болей гусцеў i ператвараўся ў непралазную нетру. Вакол раслi калючкi, сцежку перагароджвалi вялiзныя камянi. Птушак было ўжо не чуваць, i кветкi кудысьцi знiклi. Бландзiна пачала адчуваць незразумелую млосць, але Папугай прыспешваў яе:

– Хутчэй, Бландзiна, хутчэй! Час iдзе! Калi Добрая Козачка заўважыць, што цябе няма ў парку, яна кiнецца ў пагоню i скруцiць мне шыю, а ты нiколi ўжо не ўбачыш свайго бацькi.

Бландзiна была стомленая, яна задыхалася, рукi ў яе былi падрапаныя, чаравiкi падралiся. Яна была гатовая ўжо сказаць, што нiкуды болей не пойдзе, калi Папугай закрычаў:

– Ну, вось мы й прыйшлi, Бландзiна! Вунь за тым невысокiм плотам i расце твая Ружа.

I сапраўды за павароткай сцяжыны Бландзiна ўбачыла невысокi плот. Папугай падляцеў да яго i адчынiў маленькiя дзверцы.

Зямля за плотам была сухая i камянiстая, але пасярэдзiне буйнеў цудоўны ружовы куст з найпрыгажэйшаю ў свеце Ружай.

– Бяры яе, Бландзiна, цяпер яна па праву належыць табе, – сказаў Папугай.

Болей не разважаючы, Бландзiна ўзялася за галiнку i, хоць у пальцы ёй балюча калолi шыпы, сарвала прыгожую кветку.

Як толькi Ружа апынулася ў яе ў руце, пачуўся нечый гучны смех. Ружа выслiзнула ў яе з рук i закрычала:

– Дзякуй табе, Бландзiна, што ты вызвалiла мяне ад чараў Добрае Козачкi! Я твой злы дух, i цяпер ты належыш мне!

– Ха-ха-ха! – засмяяўся Папугай. – Дзякуй табе, Бландзiна! Цяпер i я нарэшце магу набыць свой звычайны выгляд – выгляд чарадзея. Угаварыць цябе аказалася зусiм не так цяжка, як я ўяўляў. Досыць было толькi трошкi пацешыць тваё самалюбства, як ты адразу зрабiлася злая i няўдзячная. Ты сама прынесла пагiбель сваiм сябрам, якiя былi мае смяротныя ворагi. Бывай, Бландзiна!

I прамовiўшы гэтыя словы, Папугай разам з Ружай знiк i пакiнуў Бландзiну адну пасярод дрымучага леса.

Глава 8

Раскаянне

Ад нечаканасцi таго, што адбылося, Бландзiна стаяла, не ведаючы, што рабiць. Толькi цяпер яна зразумела, як дрэнна сябе паводзiла, якою аказалася няўдзячнай сваiм сябрам, якiя былi ёй настолькi адданыя i цэлыя сем гадоў прысвяцiлi яе выхаванню i навучанню. Цi захочуць яны цяпер убачыцца з ёю зноўку, цi даруюць ёй гэты ганебны ўчынак? Што з ёй будзе, калi яны не захочуць яе ўпускаць? I што азначала гэтая фраза, прамоўленая брыдкiм Папугаем: "Ты сама прынесла пагiбель сваiм сябрам"?

Бландзiна вырашыла як мага хутчэй вяртацца да Добрае Козачкi. Шыпы i калючкi раздзiралi ёй рукi, ногi i твар, але яна ўпарта прабiралася скрозь непралазны гушчар i праз тры гадзiны няспыннай хады дайшла нарэшце да замка Катка-Вуркатка i Добрае Козачкi.

Але што яна адчула, убачыўшы, што на месцы чароўнага замка ляжалi адны руiны, а замест прыгожых кветак i дрэваў раслi брыдкiя калючкi, ваўчкi ды крапiва?!

У жаху i вялiкае роспачы Бландзiна паспрабавала прабрацца памiж руiнаў, каб паглядзець, што сталася з яе сябрамi. Але раптам з-пад каменя вылезла вялiкая Жаба, якая села перад ёй i прамовiла:

– Што табе трэба? Цi не ты сваёю няўдзячнасцю прынесла пагiбель сваiм сябрам? Iдзi ж прэч i не зневажай iхняй памяцi сваёю прысутнасцю!

– Ах! – закрычала Бландзiна. – Бедныя мае сябры, Добрая Козачка i Каток-Вуркаток! Няхай я лепей памру, толькi б гэта магло выправiць гора, якое я вам прычынiла!

I горка заплакаўшы, яна ўпала на зямлю сярод камення i калючага пустазелля. На душы ў яе быў такi боль, што яна не адчувала ўколаў вострых камянёў i шыпоў. Яна плакала вельмi доўга, але нарэшце села i пачала шукаць якога-небудзь прытулку, дзе можна было б схавацца. Але вакол былi толькi камянi ды калючкi.

– Ну, што ж, – сказала яна, няхай мяне раздзяруць лютыя звяры, няхай я памру ад голаду i пакуты, але я ўсё роўна застануся тут, на магiле маiх мiлых Катка-Вуркатка i Добрае Козачкi!

I толькi яна прамовiла гэтыя словы, як аднекуль пачуўся голас, якi сказаў: "Раскаянне акупае шмат якiя грахi!"

Яна падняла галаву i ўбачыла вялiкага чорнага Крумкача, што кружыў па-над ёю ў небе.

– Шкада! – адказала яна. – Але ж як бы я нi раскайвалася, гэта наўрад цi верне жыццё Добрай Козачцы i Катку-Вуркатку.

– Будзь мужная, Бландзiна! – зноў пачуўся голас з вышынi. – Акупi свой ганебны ўчынак сваiм раскаяннем, не давай нудзе i маркоце завалодаць табою!

Бедная Бландзiна ўстала i рушыла прэч з гэтага месца, якое навявала на яе вялiкую роспач. Па маленькай сцяжынцы яна дабралася да той часткi леса, дзе высокiя, магутныя дрэвы не давалi разрасцiся калючкам. Увесь дол тут быў пакрыты мяккiм iмхом. Бландзiна зусiм знемаглася ад тугi i стомы i, упаўшы пад высокiм дрэвам на зямлю, зноў горка заплакала.

– Будзь мужная, Бландзiна! Не страчвай надзеi! – зноў крыкнуў ёй голас.

Яна азiрнулася i ўбачыла побач Жабу, якая глядзела на яе са спагадай.

– Мiлая Жаба, – сказала Бландзiна. – Ты мне спачуваеш. Але, Божа, што цяпер са мной будзе, калi я засталася адна ў цэлым свеце?

– Захоўвай надзею i мужнасць! – паўтарыў голас.

Бландзiна ўздыхнула i пачала шукаць якi-небудзь плод цi ягадку, каб наталiць смагу i голад. Але нiчога вакол не было, i яна зноў пачала лiць горкiя слёзы.

Раптам яе сумныя думкi развеяла дзiлiньканне грамкоў; яна падняла вочы i ўбачыла дзябёлую карову, якая паволi падыходзiла да яе. Карова спынiлася i, нахiлiўшыся, паказала Бландзiне мiсу, якая вiсела ў яе на шыi.

Узрадаваўшыся нечаканаму паратунку, Бландзiна адчапiла мiсу i, падаiўшы карову, пачала з асалодаю пiць свежае малачко. Малако было такое смачнае, што Бландзiна выпiла ажно дзве мiсы запар.

Калi яна нарэшце напiлася, карова паказала знакам, каб яна прычапiла мiсу назад, i Бландзiна, усё так i зрабiўшы, пацалавала карове ў шыю i сумна прамовiла:

– Дзякуй, Бяляначка. Я ведаю, цябе, напэўна, паслалi мне ў дапамогу мае няшчасныя сябры. Яны, вiдаць, з таго свету бачаць раскаянне iх беднай Бландзiны i хочуць палегчыць яе бяду.

– Раскаянне акупае шмат якiя грахi! – зноў пачуўся голас.

– Ах! – сказала Бландзiна. – Нават калi я праплачу цэлую сотню гадоў – усё роўна я нiчога сабе не дарую. Мне нiколi не будзе прабачэння.

Тым часам наблiжалася ноч. I нягледзячы на скруху, Бландзiна падумала, што трэба паклапацiцца пра сховiшча, у якiм можна было б уратавацца ад лютых звяроў, рык якiх ўжо чуўся ў лясное нетры.

На шчасце, за некалькi крокаў ад сябе яна ўбачыла нешта накшталт невялiчкай хаткi, якую ўтваралi шчыльна пераплеценыя галiны густых хмызоў. Трошкi схiлiўшыся, яна пралезла пад iмi i, калi выпрасталася, убачыла, што тут можна зрабiць вельмi добры прытулак.

Пакуль дзень канчаткова не згас, Бландзiна ўзялася ўладкоўваць сваю каморку: яна прынесла трошкi моху i зрабiла з яго матрац i падушку, а потым, наламаўшы галiнак, уторкнула iх у зямлю i схавала ўваход. Скончыўшы працу, яна раптам адчула вялiкую стому i ледзь толькi лягла спаць, як адразу заснула.

Прачнулася яна, калi ўжо зусiм развiднела. У першую хвiлiну яна нават не магла добра ўспомнiць, як тут апынулася, але сумная праўда хутка нагадала пра сябе, i Бландзiна зноў, як i ўчора, горка заплакала.

Неўзабаве яе пачаў мучыць голад, i яна занепакоена задумалася, дзе знайсцi ежу. I тут да яе зноў даляцела цiхае дзiлiньканне. Праз некалькi хвiлiн карова была каля Бландзiнiнай каморкi. Бландзiна, як i ўчора, адчапiла мiсу, надаiла малачка i напiлася яго, колькi хацела. Потым павесiла мiсу карове на шыю i, пацалаваўшы Бялянку, яшчэ доўга глядзела ёй услед з надзеяй, што i заўтра яна прыйдзе таксама.

Так яно i здарылася: кожны дзень ранiцай, апоўднi i ўвечары Бяляначка прыходзiла да Бландзiны i частавала дзяўчынку сваёю простаю ежай.

А Бландзiна ўвесь час аплаквала сваiх няшчасных сяброў i горка папракала сябе за свае памылкi.

– Сваёю непаслухмянасцю я прынесла вялiкае гора i цяпер нiколi не здолею яго выправiць, – казала яна. – Я не толькi страцiла сваiх добрых i мiлых сяброў, але i сябе пазбавiла адзiнай магчымасцi вярнуцца да бацькi. Бедны мой бацька! Ён, напэўна, яшчэ чакае сваю няшчасную Бландзiну, але цяпер ёй наканавана навечна застацца тут i памерцi адной у гэтым страшным лесе, якiм кiруе злы чарадзей.

Бландзiна старалася чым-небудзь развеяць свае цяжкiя думкi i займала сябе сама рознаю працай. Яна ўладкавала ўсё ў сваёй хатцы: зрабiла ложак з моху i лiсця; спляла з тоўстых прутоў крэсла; з доўгiх i тонкiх калючак зрабiла голкi i шпiлькi, а раскудзелiўшы некалькi сцяблiн высокай травы, што расла каля хаткi, спляла нешта накшталт тоўстай нiткi i зацыравала свае падраныя шыпамi чаравiкi i вопратку. Так яна жыла цэлых шэсць тыдняў. I ўвесь гэты час яе не пакiдала туга.

Але журылася яна зусiм не з-за таго, што жыццё ў яе было сумнае i самотнае, а з-за таго, што яе па-ранейшаму мучыў папрок i яна шчыра шкадавала свайго ганебнага ўчынку. Яна з радасцю пагадзiлася б правесцi ўсю рэшту свайго жыцця ў гэтым лесе, каб толькi гэта магло вярнуць жыццё Катку-Вуркатку i Добрай Козачцы.

Глава 9

Чарапаха

Аднойчы Бландзiна сядзела перад сваёю хаткай i, як зазвычай, думала пра сваiх сяброў i пра бацьку. I раптам проста перад сабой яна ўбачыла вялiкую Чарапаху.

– Бландзiна, а Бландзiна, – сказала ёй Чарапаха хрыпатым старэчым голасам. – Калi хочаш, я магу ўзяць цябе пад сваю апеку i вывесцi з гэтага небяспечнага лесу.

– Дарагая Чарапаха, – адказала Бландзiна. – Нашто мне пакiдаць гэты лес? Тут па маёй вiне памерлi мае сябры, i я таксама хачу тут спаткаць сваю смерць.

– А ты ўпэўненая, што твае сябры памерлi?

– Як? Хiба не?.. Але ж я сама бачыла руiны iхняга замка. Дый Папугай i Жаба казалi, што iх болей няма. Вы па сваёй дабрынi, напэўна, хочаце мяне супакоiць. Але я, на жаль, не спадзяюся iх калi-небудзь убачыць. Каб яны не памерлi, хiба яны кiнулi б мяне адну ў такой страшнай роспачы, каб я думала, што паслужыла прычынай iхняе смерцi?

– А хiба, па-твойму, яны не маглi быць вымушаныя кiнуць цябе? Хiба iх не мог прымусiць да гэтага чарадзей, якi мае болей магутную ўладу? Але ж ты ведаеш, Бландзiна, што раскаянне акупае шмат якiя памылкi.

– Ах, дарагая Чарапаха, калi яны сапраўды жывыя i ў вас ёсць ад iх вестка, скажыце, што я не вiнаватая ў iх смерцi i яшчэ змагу ўбачыцца з iмi. Я згодная на любое выпрабаванне, каб толькi заслужыць гэтае шчасце.

– Бландзiна, мне не дазволена казаць табе пра лёс, якi напаткаў тваiх сяброў. Але калi ў цябе стане мужнасцi залезцi да мяне на спiну i паўгода, пакуль не скончыцца нашае падарожжа, не злазiць з мяне i не прамаўляць нi слова, то я занясу цябе туды, дзе ты пра ўсё даведаешся.

– Я абяцаю зрабiць усё, што вы скажаце, дарагая Чарапаха, толькi б ведаць, што сталася з маiмi сябрамi.

– Сцеражыся ж, Бландзiна! Шэсць месяцаў ты павiнна будзеш не сыходзiць з маёй спiны i ўвесь час маўчаць! Калi ж па дарозе ты не вытрымаеш выпрабавання, ты навечна застанешся пад уладаю чарадзея Папугая i ягонае сястры Ружы. I тады я не змагу ўжо даць нават той малой дапамогi, якая дазволiла табе выжыць у гэтыя апошнiя шэсць тыдняў.

– Я згодная, дарагая Чарапаха, i гатовая зараз жа выправiцца ў дарогу. Няхай я лепей памру ад нуды i стомы, чым ад хвалявання i тугi. Цяпер, калi вашыя словы адрадзiлi ўва мне надзею, я адчуваю ў сабе сiлу выцярпець нават яшчэ цяжэйшае падарожжа, чым тое, пра якое вы кажаце.

– Няхай жа будзе па-твойму, Бландзiна. Сядай да мяне на спiну i не бойся нi смагi, нi голаду, нi сну i нiякага лiха. Пакуль мы будзем iсцi, нiчога гэтага ты можаш не апасацца.

Бландзiна хуценька ўзлезла Чарапасе на спiну, i тая прамовiла:

– А цяпер – болей нi слова! Маўчы да той самай хвiлiны, пакуль мы не прыйдзем i я сама першая не загавару з табой.

Глава 10

Падарожжа i вяртанне

Як i казала Чарапаха, падарожжа доўжылася цэлыя шэсць месяцаў. Калi мiнулi першыя тры месяцы, яны выйшлi з леса i апынулiся на высушанай раўнiне, па якой iшлi яшчэ шэсць тыдняў. Нарэшце на даляглядзе ўзнiк велiчны замак, вельмi падобны да таго, якi быў у Катка-Вуркатка з Добраю Козачкай. Яшчэ месяц яны дабiралiся да шырокай дарогi, што вяла да замкавай брамы. Бландзiна згарала ад нецярпення. "Няўжо гэта i ёсць той замак, дзе я даведаюся пра лёс маiх дарагiх сяброў?" – думала яна. Але нягледзячы на вялiкае жаданне, яна баялася спытаць пра гэта ў Чарапахi. Каб яна магла злезцi на зямлю з Чарапахiнай спiны, яна дабегла б да замка ўсяго за дзесяць хвiлiн, але Чарапаха ўсё йшла i йшла, i Бландзiна памятала, што ёй нельга гаварыць i злазiць са спiны. Таму, нягледзячы на пякучае жаданне, яна вырашыла чакаць. Але замест таго, каб паскорыць хаду, Чарапаха, здавалася, пачала яшчэ марудней перастаўляць ногi i йшла да замка яшчэ доўгiх пятнаццаць дзён, якiя падалiся Бландзiне пятнаццаццю гадамi. Бландзiна не зводзiла з замка вачэй i ўвесь час глядзела на яго браму. Замак здаваўся пакiнутым: з яго не далятала нiводнага гуку, быццам за яго мурамi зусiм не было жыцця. Нарэшце, на сто васьмiдзесяты дзень падарожжа Чарапаха спынiлася i сказала Бландзiне:

– Ну вось, Бландзiна, цяпер ты можаш злезцi з маёй спiны. Сваёю смеласцю i паслухмянасцю ты заслужыла ўзнагароду, якую я абяцала. Iдзi ж у замак праз гэтыя маленькiя дзверцы, што перад табой, i ў першага, каго сустрэнеш, папрасi, каб цябе завялi да Чароўнай феi. Яна й раскажа табе пра лёс тваiх дарагiх сяброў.

Бландзiна жвава саскочыла на зямлю. Шэсць месяцаў праседзеўшы нерухома, яна баялася, што ногi ў яе будуць зусiм здранцвелыя. Але яна адчула ў iх такую самую лёгкасць, як у тыя шчаслiвыя часы, калi жыла ў Добрай Козачкi з Катком-Вуркатком i цэлымi гадзiнамi бегала па парку, збiраючы кветкi i ганяючыся за матылькамi. Шчыра падзякаваўшы Чарапасе, яна хуценька адчынiла маленькiя дзверцы i адразу апынулася перад прыгожай дзяўчынай, апранутай ва ўсё белае. Дзяўчына спытала ў Бландзiны, каго яна тут шукае.

– Мне трэба пабачыць Чароўную фею, – адказала Бландзiна. – Калi ласка, перадайце ёй, што прынцэса Бландзiна вельмi просiць яе прыняць.

– Хадзiце за мной, прынцэса, – сказала дзяўчына.

I Бландзiна з хваляваннем пайшла за ёй. Яны праходзiлi па прыгожых залах i сустракалi шмат маладых дзяўчат, якiя таксама былi ва ўсiм белым, як i тая, якую Бландзiна сустрэла на дварэ. Дзяўчаты прыязна ўсмiхалiся Бландзiне i глядзелi на яе з такiм выглядам, быццам некалi ўжо бачылi. Нарэшце Бландзiна ўвайшла ў залу, кропля ў кроплю падобную да той, што была ў Добрай Козачкi ў Бэзавым лесе.

Гэты ўспамiн быў Бландзiне такi балючы, што яна нават не заўважыла, як маладая дзяўчына некуды знiкла. Яна сумна пачала разглядаць мэблю, якая стаяла ў зале, i заўважыла, што толькi адна рэч тут не такая, як у Добрай Козачкi ў Бэзавым лесе. Гэта была вялiкая шафа, аздобленая золатам i тонкай разною косткай. Шафа была зачыненая. I тут Бландзiна адчула, як шафа вабiць яе з неадольнаю сiлай, яна не магла звесцi з яе вачэй. Раптам дзверы ў залу адчынiлiся, i ў яе ўвайшла прыгожая, яшчэ маладая жанчына ў раскошным убраннi. Яна падышла да Бландзiны i прамовiла мяккiм, ласкавым голасам:

– Што ты хацела, мiлае дзiцятка?

– О, панi! – закрычала Бландзiна i кiнулася жанчыне ў ногi. – Мне сказалi, што вы можаце расказаць пра лёс, якi напаткаў маiх мiлых, чароўных сяброў Добраю Козачку i Катка-Вуркатка. Вы ж, напэўна, ведаеце, як я страцiла iх праз сваё злачыннае свавольства. Я шмат праплакала, думаючы, што яны памерлi. Але Чарапаха падарыла мне надзею, сказаўшы, што аднойчы я здолею iх убачыць. I вось яна прывезла мяне сюды. Калi ласка, панi, скажыце, што яны жывыя. I загадайце, што я павiнна зрабiць, каб заслужыць вялiкае шчасце ўбачыць iх зноўку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю