355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Софья де Сегюр » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 15:36

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Софья де Сегюр



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)

– Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калi я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якiя сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!

I тут ён на шчасце ўспомнiў пра палку, якую падараваў яму Воўк.

– Зараз паглядзiм, – падумаў Анры, – цi праўда, што яна можа перанесцi мяне дадому.

Ён сеў верхi на палку i не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра i ляцiць некуды з маланкавай хуткасцю.

Праз iмгненне ён быў ужо каля ложка, у якiм ляжала яго хворая мацi.

Ён кiнуўся да яе, i пачаў цалаваць ды абдымаць, але мацi не варушылася. Тады ён хуценька выцiснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкi, i ў тую ж хвiлiну мацi расплюшчыла вочы i, абняўшы Анры, ускрыкнула:

– Мiлае маё дзiця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. I мне вельмi хочацца есцi.

Тут яна ўважлiва зiрнула на сына i са здзiўленнем сказала:

– Але ж ты вельмi вырас, мой мiлы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасцi за некалькi дзён?

Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў i шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынiлася, i ў пакоi ўзнiкла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка i расказала кабеце пра ўсё, што зрабiў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькi яму давялося адолець цяжкасцяў i перажыць небяспекi, i якi ён увесь гэты час быў мужны, цярплiвы i добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хвалiць Добрая фея, а мацi яшчэ мацней прыцiскала яго да сэрца i ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з мацi i сынам, Добрая фея сказала:

– А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамi, якiя далi табе Дзядок i Асiлак.

Анры выняў табакерку i адчынiў яе; з табакеркi адразу выйшаў цэлы натоўп маленькiх рабочых – такiх маленькiх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але iх было так многа, што яны запоўнiлi ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалi працаваць, ды так спрытна i хутка, што ўжо праз чвэртку гадзiны збудавалi i абставiлi мэбляй прыгожы дом пасярод вялiкага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзiў лес, а з другога – цудоўны поплаў.

– Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, – сказала Добрая фея. – Калi табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асiлкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькi захочаш, а кiпцюр, якi падарыў табе Кот, захавае табе i тваёй мацi здароўе i маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жывi шчаслiва i не забывайся, што дабрыня i сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.

Анры кiнуўся Добрай феi ў ногi; яна дазволiла яму пацалаваць сабе ў руку, усмiхнулася i знiкла.

Мацi Анры вельмi хацелася ўстаць ды пайсцi палюбавацца на новы дом, сад, лес i поплаў, але ў яе не было нiводнай сукенкi: калi яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення i хоць трошкi зарабiў iм на хлеб. Таму цяпер у яе зусiм нiчога не засталося.

– Ах, дарагi сыночку, – сказала яна, – на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма нi спаднiцы, нi сукенкi, нi чаравiкаў.

– Не бядуйце, мама, – адказаў Анры. – Зараз усё ў вас будзе.

Ён выняў з кiшэнi чартапалох i, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у iх з мацi былi чаравiкi i добрая вопратка, а ў хаце – абрусы ды бялiзна на ложках.

У тую ж хвiлiну шафы ў доме напоўнiлiся адзеннем, мацi аказалася апранутаю ў чароўную сукенку з тонкае воўны, а Анры ў цудоўны блакiтны гарнiтур, i на нагах у iх узнiклi прыгожыя чаравiкi. Абое ажно ўскрыкнулi ад радасцi; мацi саскочыла з ложка i разам з Анры пайшла аглядаць новы дом. Тут усяго было ўдосталь: паўсюль стаяла прыгожая i зручная мэбля, на кухнi было шмат сама розных каструль, рондаляў i мiсаў. Але ўсе яны былi пустыя. Тады Анры панюхаў чартапалох i пажадаў, каб на стале быў накрыты добры абед. У тую ж хвiлiну перад iмi ўзнiклi гарачы суп, смажаная баранiна, запечаная курыца i вельмi смачная салата. Яны адразу селi за стол i пачалi есцi з такiм смакам, што, гледзячы на iх, любы здагадаўся б, што яны не елi цэлыя тры гады. У адзiн момант яны праглынулi i суп, i баранiну, i курыцу, а потым i ўсю салату. Наталiўшы голад, мацi з дапамогай Анры прыбрала са стала, яны памылi посуд i падмялi ў кухнi. А потым заслалi ложкi чыстай бялiзнай, якую знайшлi ў шафах, i ляглi спаць, падзякаваўшы Богу i Добрае феi. А мацi шчыра падзякавала яшчэ i свайму сыну Анры. Так яны i зажылi ў шчасцi ды згодзе: дзякуючы чартапалоху ў iх заўжды было ўсяго ўдосталь; дзякуючы кiпцюру яны нiколi не хварэлi i не старэлi, а палкай яны не карысталiся, бо ў сваiм доме iм было добра i нiкуды ў iншае месца зусiм не хацелася.

У чартапалоха Анры папрасiў толькi парачку добрых кароў, парачку коней ды яшчэ сама неабходнае ў звычайным вясковым жыццi. Ён нiколi не прасiў нiчога лiшняга – нi з вопраткi, нi з ежы, i таму чартапалох захаваўся ў яго на ўсё жыццё. Колькi ён так пражыў са сваёй мацi, нiхто не ведае. Але кажуць, што Каралева феяў зрабiла iх пазней несмяротнымi i забрала да сябе ў палац, дзе яны жывуць i цяпер.

КАЗКА ПРА БЛАНДЗIНУ, ДОБРУЮ КОЗАЧКУ I КАТКА-ВУРКАТКА

Глава 1

Бландзiна

Жыў сабе аднойчы кароль, на iмя Бенэн. Быў ён добры, i ўсе яго вельмi любiлi. Баялiся яго толькi злыднi, таму што ён быў справядлiвы. Яго жонка, каралева, таксама была вельмi добрая, i звалi яе Дусэта. Была ў караля з каралевай дачка, маленькая прынцэса Бландзiна, якую назвалi так за яе цудоўныя бялявыя валасы, i была яна такая ж добрая i чароўная, як яе бацька i мацi.

На няшчасце праз некалькi месяцаў пасля нараджэння Бландзiны каралева памерла, i кароль доўга i многа плакаў ад гора. Бландзiна ж была маленькая i не разумела, што яе мама памерла; яна па-ранейшаму смяялася, гуляла, пiла малачко i цiхутка спала. Кароль вельмi любiў Бландзiну, i Бландзiна таксама вельмi любiла свайго бацьку – болей за ўсiх на свеце. Кароль дарыў Бландзiне найпрыгажэйшыя цацкi, найлепшыя цукеркi i найсмачнейшыя ласункi, i дзяўчынка была вельмi шчаслiвая.

Iшоў час, i вось аднойчы прыдворныя пачалi прасiць караля, каб ён ажанiўся зноў. Яны хацелi, каб у яго нарадзiўся сын, якi пасля свайго бацькi мог бы заняць яго месца на троне. Спачатку кароль адмаўляўся, але ўрэшце такi саступiў настойлiвым угаворам прыдворных. Ён паклiкаў свайго мiнiстра Лежэ i сказаў:

– Дарагi мой дружа, усе хочуць, каб я ажанiўся зноў. Але пасля смерцi маёй дарагой Дусэты на душы ў мяне такi сум, што я не хачу шукаць iншае каралевы. Таму я прашу цябе, знайдзi мне сам такую прынцэсу, якая змагла б прынесцi шчасце маёй мiлай Бландзiне. Iншага мне не трэба. Iдзi, дарагi дружа, i калi знойдзеш добрую дзяўчыну, прасi ў яе рукi ад майго iмя ды вязi да мяне ў палац.

Лежэ адразу выправiўся ў дарогу. Ён аб'ехаў усiх каралёў i бачыў шмат розных прынцэс, але ўсе яны былi брыдкiя, гарбатыя цi злыя. Нарэшце прыехаў ён да караля Баламута, у якога, як казалi, была прыгожая, разумная i на выгляд вельмi добрая дачка. Мiнiстру Лежэ яна так спадабалася, што ён адразу ад iмя караля Бенэна папрасiў у яе рукi, забыўшыся нават спытаць, цi сапраўды яна такая добрая, як выглядае. Пачуўшы мiнiстраву прапанову, Баламут вельмi ўзрадаваўся: ён быў шчаслiвы пазбавiцца ад сваёй дачкi, характар у якой быў злы, зайздрослiвы i наравiсты. Апроч таго кароль любiў ездзiць у далёкiя i блiзкiя вандроўкi, на паляванне i на скачкi, а з такою дачкой ён не мог сабе гэтага дазволiць. Таму ён адразу пагадзiўся з Лежэ i папрасiў яго нават, каб ён хутчэй вёз прынцэсу да караля Бенэна.

У той жа дзень Лежэ разам з прынцэсай Фур'етай i ўсiм яе скарбам, сукенкамi ды аздобамi, пагружанымi аж на чатыры тысячы мулаў, выправiўся дадому.

Пра iхнi прыезд кароль Бенэн быў папярэджаны праз пасланца, i калi iх доўгi картэж пад'язджаў да палаца, кароль сам выйшаў сустракаць прынцэсу. Фур'ета здалася яму даволi прыгожай, але ў аблiччы ў яе не было такой дабрынi, якая была ў Дусэты. Калi ж Фур'ета ўбачыла Бландзiну, то зiрнула на яе такiмi злымi вачыма, што маленькая дзяўчынка, якой было ўсяго тры гадкi, спалохалася i заплакала.

– Што з табой? – спытаўся кароль. – Чаму мая добрая, мiлая Бландзiна плача, як нейкае дрэннае дзiцё?

– Татачка, тата, – закрычала Бландзiна, хаваючыся ў караля ў абдымках, не аддавайце мяне гэтай прынцэсе. Я баюся, яна такая злая!

Кароль здзiвiўся. Ён зiрнуў на прынцэсу Фур'ету, але тая не паспела перамянiць свайго твару, i кароль адразу заўважыў яе страшны позiрк, якi так напалохаў Бландзiну. У тую ж хвiлiну ён вырашыў, што Бландзiна i новая каралева будуць жыць паасобку, а выхаваннем яго дачкi, як i раней, будуць займацца яе мамка i пакаёўка, якiя заўсёды i шчыра яе любiлi. З гэтага часу каралева мала бачылася з Бландзiнай, а калi зрэдку сустракала яе, то не магла схаваць сваёй нянавiсцi да дзяўчынкi.

Прайшоў год, i нарадзiлася ў каралевы дачка, якую назвалi Брунета, таму што ў яе былi чорныя, як смоль, валасы. Брунета была прыгожая, але не такая, як Бландзiна. I апроч таго яна была злосная, як яе мацi, i вельмi не любiла Бландзiну, робячы ёй усякiя гадасцi: яна кусала яе i шчыкала, тузала за валасы, ламала ёй цацкi ды пэцкала яе сама прыгожыя сукенкi. Але добрая Бландзiна нiколi не злавалася на яе, наадварот – яна заўсёды спрабавала знайсцi ёй апраўданне.

– Ай, тата, – казала яна каралю, – не сварыцеся на яе, яна ж яшчэ такая маленькая. Яна не разумее, што робiць мне балюча, ламаючы мае цацкi... I за валасы яна мяне торгае, каб падурэць... А кусаецца, проста гуляючы...

Кароль Бенэн абдымаў сваю дачурку Бландзiну i нiчога ёй не адказваў. Але ж ён добра бачыў, што Брунета робiць усё гэта толькi праз сваю злосць, а Бландзiна па сваёй дабрынi ўсё ёй даруе. I таму ён любiў Бландзiну ўсё болей i болей, а Брунету – усё менш i менш.

Каралева Фур'ета была не дурная i таксама ўсё добра бачыла, але праз гэта толькi яшчэ больш ненавiдзела Бландзiну. I каб яна не баялася караля Бенэна, то ўжо даўно зрабiла б падчарку сама няшчасным дзiцём на свеце. Але кароль забараняў каралеве заставацца сам-насам з Бландзiнай, i яна не адважвалася парушыць яго загаду, бо чула, што ён справядлiвы i сурова карае за непаслушэнства.

Глава 2

Бландзiна згубiлася

Iшоў час, Бландзiне споўнiлася сем гадоў, а Брунеце тры. Кароль падарыў Бландзiне чароўную брычку, запрэжаную двума страўсамi, якiмi кiраваў маленькi паж. Пажу было дзесяць гадоў, i клiкалi яго Гурмандзiнэ. Ён быў пляменнiк Бландзiнiнай мамкi i ведаў Бландзiну ад самага яе нараджэння. Ён заўсёды гуляў разам з ёю i вельмi яе любiў, а Бландзiна адказвала яму ўсёй сваёй дабрынёй. Але была ў пажа адна страшная загана: ён быў такi ласун i так любiў розныя слодычы, што за мяшэчак цукерак быў здольны нават на дрэнны ўчынак. Таму Бландзiна часта казала яму:

– Хоць ты i добры хлопчык, Гурмандзiнэ, але мне не падабаецца, што ты такi аб'ядайла. Ужо, калi ласка, як-небудзь выпраў гэтую брыдкую сваю загану, iначай нiхто i нiколi цябе не будзе любiць.

Гурмандзiнэ цалаваў ёй у руку i абяцаў выправiцца, але ўсё роўна цягаў цесткi з кухнi цi цукеркi з буфета i быў часта сцябаны за сваё абжэрства i непаслухмянасць.

Аднойчы пра загану маленькага пажа дачулася каралева Фур'ета. Яна адразу падумала, што зможа выкарыстаць гэтую загану на шкоду Бландзiне. I вось што яна вырашыла зрабiць.

На сваёй брычцы, запрэжанай страўсамi, Бландзiна вельмi любiла катацца па садзе, якi шырыўся вакол палаца, i вазiў яе на гэтыя прагулкi Гурмандзiнэ. Сад быў абнесены агароджай, а за ёй пачынаўся прыгожы бязмежны лес. Гэты лес называлi Бэзавым, бо круглы год у iм квiтнелi чароўныя кусты бэзу. Але нiхто не хадзiў у той лес, бо ўсе ведалi, што ён зачараваны: хто хоць аднойчы туды трапляў, той нiколi ўжо з яго не вяртаўся. Гурмандзiнэ ведаў гэтую страшную гiсторыю, i яму было строга забаронена вазiць у той бок Бландзiну, каб яна выпадкова не пралезла памiж прутамi ў агароджы i не трапiла ў Бэзавы лес.

Шмат разоў кароль спрабаваў паставiць вакол сада высокi каменны мур цi хоць бы зрабiць шчыльней пруты ў агароджы, каб памiж iмi няможна было пралезцi, але кожны раз, як муралi завяршалi працу, нейкая невядомая сiла ўсё знiшчала, i мур цi агароджа самi сабой знiкалi.

I вось, каб паддобрыцца да Гурмандзiнэ i ўбiцца яму ў давер, каралева Фур'ета пачала кожны дзень частаваць яго сама рознымi ласункамi. Урэшце Гурмандзiнэ так прызвычаiўся да ўсякiх слодычаў, што ўжо й паўдня не мог пражыць без цукеркi, жэле цi пiрожнага, якiмi яго ўволю кармiла каварная гаспадыня. Тады яна паклiкала яго да сябе i сказала:

– Гурмандзiнэ, я хачу нешта ў цябе папрасiць, i калi ты пагодзiшся, у цябе будзе цэлы куфар цукерак i розных ласункаў, калi ж не – ты болей нiколi не будзеш iх есцi.

– Як не буду?! О, панi, без iх я памру ад тугi. Скажыце хутчэй, што я павiнен зрабiць, i я ўсё выканаю.

Тады каралева пiльна зiрнула на яго i прамовiла:

– Ты павiнен завезцi прынцэсу Бландзiну ў канец сада, дзе пачынаецца Бэзавы лес.

– Але я не магу зрабiць гэтага, панi, кароль мне строга забаранiў, адказаў няшчасны хлопец.

– Ах, ты не можаш? – незалюбiла каралева. – Ну што ж, тады бывай. Больш ты не ўбачыш ад мяне нiводнае слодычы, i я забараню ўсiм, каб табе iх давалi.

– О, панi, – плачучы, пачаў прасiць Гурмандзiнэ, – не будзьце такою жорсткай! Дайце мне любы iншы загад, якi я змагу выканаць.

– Паўтараю табе яшчэ раз: я хачу, каб ты завёз Бландзiну да Бэзавага лесу i зрабiў так, каб яна сышла з брычкi, пералезла за агароджу i ўвайшла ў гэты лес.

– Але, панi, – увесь збялеўшы, зноў пачаў малiць Гурмандзiнэ, – калi прынцэса ўвойдзе ў той лес, яна ўжо нiколi з яго не выйдзе. Вы ж ведаеце, што гэты лес зачараваны. I пасылаць туды прынцэсу – значыць пасылаць яе на немiнучую смерць.

– Трэцi i апошнi раз я пытаюся ў цябе: павязеш ты Бландзiну да лесу цi не? Выбiрай жа – або поўны куфар цукерак, якi я буду напаўняць кожны месяц, або ўвогуле i назаўжды нiякiх слодычаў ды ласункаў.

– Але як я потым здолею пазбегнуць той страшнае кары, якую мне прызначыць кароль?

– Пра гэтае не турбуйся. Як толькi табе ўдасца завабiць Бландзiну ў Бэзавы лес, прыязджай да мяне. Я дам табе абяцаныя цукеркi i падрыхтую ўсё, каб ты адсюль з'ехаў.

– О, панi, пашкадуйце, не прымушайце мяне губiць маю дарагую прынцэсу. Яна была са мною заўсёды такая добрая!

– Ты яшчэ не рашаешся, нягоднiк! Якая табе рознiца, што будзе з Бландзiнай? Я абяцаю табе, што потым зраблю ўсё, каб цябе ўзялi на службу да Брунеты, i буду сама сачыць, каб у цябе заўсёды было ўдосталь цукерак.

Некалькi хвiлiн Гурмандзiнэ ўсё яшчэ не рашаўся, але ўрэшце, як гэтага не шкада, пагадзiўся ахвяраваць сваёю добрай маленькаю гаспадыняй, прамяняўшы яе на некалькi фунтаў цукерак. Увесь вечар i ўсю ноч ён мучыўся ад думкi, што павiнен зрабiць вялiкае злачынства. Але ж адмовiўшыся выканаць загад каралевы, ён нiколi ўжо не змог бы паласавацца смачнымi слодычамi! Такая перспектыва яго палохала яшчэ болей, i таму, паспадзяваўшыся, што аднойчы, з дапамогаю якой-небудзь магутнай чараўнiцы, ён усё роўна здолее адшукаць Бландзiну ў зачараваным лесе, ён адкiнуў усе сумненнi i вырашыў падпарадкавацца каралеве.

Назаўтра, гадзiне а чацвёртай, Бландзiна папрасiла, каб ёй падалi яе маленькую брычку. Сеўшы ў яе, яна развiталася з бацькам i паабяцала, што праз дзве гадзiны вернецца дадому. Сад быў вялiкi. I спачатку Гурмандзiнэ накiраваў страўсаў у адваротным напрамку ад таго месца, дзе пачынаўся Бэзавы лес.

Калi ж яны ад'ехалiся так далёка, што з палаца iх ужо было не вiдаць, ён перамянiў напрамак i паехаў проста да агароджы, за якой шырыўся Бэзавы лес. Па дарозе ён увесь час быў маўклiвы i сумны: злачынства, якое ён мусiў учынiць, увесь час не давала яму спакою i кроiла сэрца.

– Што з табой, Гурмандзiнэ? – спытала ў яго Бландзiна. – Ты ўвесь час маўчыш. Ты часам не захварэў?

– Не, прынцэса, – адказаў Гурмандзiнэ, – я адчуваю сябе добра.

– Але ж ты такi бледны! Скажы, што з табой, бедны Гурмандзiнэ. Я абяцаю, што зраблю ўсё, каб табе было лепей.

Расчулiўшы Гурмандзiнэ сваёй дабрынёй, Бландзiна сябе амаль уратавала. Але ўспамiн пра цукеркi, паабяцаныя каралевай Фур'етай, прымусiў хлопца прагнаць свае добрыя пачуццi.

I не паспеў ён нiчога адказаць, як страўсы ўпёрлiся ў агароджу, за якой рос зачараваны Бэзавы лес.

– Ах! – ускрыкнула Бландзiна. – Якi прыгожы бэз! I як ён чароўна пахне! Вось добра было б сабраць вялiкi букет i падарыць яго тату! Гурмандзiнэ, калi ласка, злезь з брычкi i прынясi мне некалькi галiнак.

– Я не магу, прынцэса, – азваўся маленькi паж. – Пакуль мяне не будзе, страўсы могуць уцячы.

– Ну i што? – сказала Бландзiна. – Я i сама магу на iх даехаць да палаца.

– Але тады кароль будзе сварыцца, што я вас пакiнуў адну. Можа, вы лепей самi сходзiце па гэтыя кветкi ды выбераце, якiя вам больш спадабаюцца.

– I праўда, – пагадзiлася Бландзiна. – А то мне будзе вельмi непрыемна, калi на цябе, мой бедны Гурмандзiне, будуць з-за мяне сварыцца.

I сказаўшы гэта, Бландзiна саскочыла з брычкi, пралезла памiж прутоў у агароджы i пачала збiраць кветкi.

Як толькi яна гэта зрабiла, у Гурмандзiнэ ўсё ўсярэдзiне здрыганулася i яго пачалi мучыць згрызоты. Яму захацелася выправiць сваё злачынства, паклiкаць Бландзiну назад. Але хоць прынцэса была ўсяго за дзесяць крокаў, i ён яе выдатна бачыў, яна зусiм не чула ягоных крыкаў i ўсё глыбей заходзiла ў зачараваны лес. Гурмандзiнэ доўга яшчэ глядзеў, як яна збiрае прыгожыя кветкi, пакуль прынцэса зусiм не знiкла з вачэй.

Не ведаючы, што рабiць, хлопец горка заплакаў, ён праклiнаў сваю ненаеднасць i ненавiдзеў каралеву Фур'ету. Але прыгадаўшы, што час, калi Бландзiна павiнна вярнуцца ў палац, ужо зусiм блiзкi, ён нарэшце паехаў назад i задворкамi прыбег да каралевы, якая яго чакала. Убачыўшы, якi ён бледны i якiя ў яго чырвоныя i заплаканыя ад нячыстага сумлення вочы, каралева здагадалася, што Бландзiна прапала.

– Ты ўсё зрабiў? – спытала яна.

У адказ Гурмандзiнэ толькi кiўнуў галавой, бо гаварыць у яго не было сiлы.

– То хадзi за мной, – сказала яму каралева. – Вось твая ўзнагарода.

I яна паказала пажу на вялiкi куфар, поўны сама розных цукерак. Потым яна паклiкала служку i загадала яму пагрузiць гэты куфар на аднаго з тых мулаў, на якiх прывезлi яе каштоўнасцi i аздобы.

– Гурмандзiнэ завязе гэты куфар майму бацьку, – сказала каралева i дадала, павярнуўшыся да пажа. – Выязджай зараз жа, а праз месяц прыедзеш зноў i завязеш яшчэ адзiн куфар.

У тую ж хвiлiну яна неўпрыкмет сунула хлопцу ў руку мяшэчак з залатымi манетамi. Гурмандзiнэ нiчога не адказаў i моўчкi залез на мула. Доўга не думаючы, ён адразу пусцiў наўзгалоп; але мул быў вельмi натурысты i ўпарты, i, хутка стамiўшыся ад цяжкага куфра, ён пачаў кiдацца з боку ў бок, брыкацца i нарэшце такi скiнуў Гурмандзiнэ разам з усiмi яго цукеркамi. Хлопец яшчэ не ўмеў добра ездзiць нават на канi, не тое, што на муле, i, зляцеўшы на зямлю, ударыўся галавой аб камень i тут жа памёр. Ён так i не змог скарыстацца ўзнагародаю за сваё злачынства, бо не паспеў з'есцi нiводнае цукеркi, падоранай яму каралевай.

Нiхто яго не пашкадаваў, бо нiхто яго й не любiў у палацы, апроч беднай Бландзiны, якая ў гэты самы час блукала па зачараваным Бэзавым лесе.

Глава 3

Бэзавы лес

Апынуўшыся ў лесе, Бландзiна пачала збiраць прыгожыя кветкi. Яна радавалася, што iх так многа i што ў iх такi добры пах. Збiраючы, яна заходзiла ўсё далей i заўважала яшчэ прыгажэйшыя кветкi, тады яна вытрасала фартух i шапку i пачынала збiраць новыя.

Так прайшла цэлая гадзiна. Бландзiне ўжо зрабiлася горача, а букет быў такi цяжкi, што яна пачала стамляцца. I тады яна вырашыла, што пара вяртацца ў палац. Яна павярнулася i ўбачыла, што з усiх бакоў яе абступае бэз.

Яна паклiкала Гурмандзiнэ, але нiхто не адказаў. "Здаецца, я адышлася трошкi далей, чым думала, – сказала Бландзiна. – Што ж, хоць я i стамiлася, давядзецца iсцi назад. Гурмандзiнэ пачуе мяне i выйдзе насустрач."

Яна рушыла назад па сваiх слядах, але колькi нi йшла, дрэвы i кусты не радзелi i ўскрайку леса было не вiдаць. Яна зноў доўга клiкала Гурмандзiнэ, але ёй зноў нiхто не адказаў. I тады ёй зрабiлася страшна.

– Што са мной будзе ў гэтым лесе? I што падумае мой бедны тата, убачыўшы, што я не вярнулася? А небарака Гурмандзiнэ? Ён жа не адважыцца вярнуцца ў палац без мяне: на яго будуць сварыцца, а можа нават адлупцуюць! I ўсё гэта з-за мяне, з-за таго, што мне захацелася назбiраць гэтага бэзу... Ах, якая я няшчасная! Цяпер я памру ў гэтым лесе ад смагi i голаду, калi ўначы мяне не задзяруць злыя ваўкi.

Бландзiна кiнулася пад высокiм дрэвам на зямлю i горка заплакала. Яна плакала вельмi доўга, але ўрэшце стома перамагла яе смутак, i, паклаўшы пад галаву букет, яна моцна заснула.

Глава 4

Бландзiна прачынаецца першы раз i сустракаецца з Катком-Вуркатком

Так Бландзiна праспала ўсю ноч. Нiводзiн драпежны звер не патрывожыў яе спакойнага сну, i холад яна не адчула. Назаўтра яна прачнулася позна i, калi працерла вочы, здзiўлена ўбачыла, што з усiх бакоў яе абступаюць нейкiя дрэвы i што ляжыць яна зусiм не ў сваiм ложку i не ў сваiм пакоi. Яна паклiкала пакаёўку i пачула ў адказ цiхае мяўканне. Здзiвiўшыся i амаль спалохаўшыся, яна пачала азiрацца вакол i ўбачыла каля сваiх ног прыгожага белага ката, якi ласкава глядзеў на яе i мяўкаў.

– Ах, ты, Каток-Вуркаток, якi ж ты прыгожы! – сказала Бландзiна i пагладзiла ката па яго белай, як снег, iльснянае поўсцi. – Я вельмi радая цябе бачыць. Ты ж завядзеш мяне да сваёй хаткi? Але я такая галодная, што напэўна, нiкуды не змагу дайсцi, пакуль не паем.

Толькi яна сказала гэтыя словы, як Каток-Вуркаток мяўкнуў яшчэ раз i паказаў сваёй маленькаю лапкай на невялiкi пакунак, якi ляжаў побач з ёй. У чыстай белай тканiне было нешта загорнута. Бландзiна разгарнула тканiну i ўбачыла некалькi лусценяў з маслам.

Яна пакаштавала адзiн i адразу адчула, што лусценi вельмi смачныя. Тады яна адламала некалькi кавалачкаў Катку-Вуркатку, i той з вуркатаннем пачаў iх есцi. Было вiдаць, што лусценi яму таксама вельмi падабаюцца.

Калi Бландзiна добра пад'ела, яна нахiлiлася да Катка-Вуркатка, палашчыла яго i сказала:

– Дзякуй табе, Каток-Вуркаток, за тое, што ты прынёс мне сняданак. Можа, цяпер ты завядзеш мяне да майго бацькi? Бо ён, напэўна, вельмi хвалюецца, што мяне так доўга няма.

Каток-Вуркаток зiрнуў на Бландзiну i апусцiў галаву.

– Ах, Каток-Вуркаток, дык ты мяне разумееш? – здагадалася Бландзiна. Тады, калi ласка, пашкадуй мяне, завядзi хоць да якой-небудзь хаткi. Бо адна я загiну ў гэтым страшным лесе ад холаду, голаду i розных жахаў.

Каток-Вуркаток зноў зiрнуў на Бландзiну i, кiўнуўшы ў знак таго, што ўсё разумее, устаў, ступiў некалькi крокаў i азiрнуўся, каб паглядзець, цi iдзе Бландзiна за iм.

– Я iду-iду, Каток-Вуркаток, – сказала Бландзiна, – iду за табой. Але як мы зможам прабрацца скрозь гэты гушчар? Тут жа няма нiякай сцяжынкi.

Замест адказу Каток-Вуркаток смела рушыў наперад. I раптам кусты пачалi самi сабой расступацца, даючы iм дарогу, а потым зноў злучалiся ў iх за спiнаю, утвараючы непралазны гушчар. Так Бландзiна iшла цэлую гадзiну.

Лес паступова пачынаў святлець, трава рабiлася болей мяккая, вакол раслi рознакаляровыя кветкi, спявалi, хаваючыся ў лiстоце, прыгожыя птушкi, па галiнках бегалi вавёркi. Бландзiна не сумнявалася, што хутка ўжо зможа выйсцi з гэтага лесу i ўбачыць свайго дарагога бацьку. Усё, што яна цяпер бачыла вакол, вельмi радавала яе. Ёй нават хацелася спынiцца i назбiраць трошкi кветак, але Каток-Вуркаток увесь час бег наперадзе i кожны раз, як яна спынялася, пачынаў жаласна мяўкаць.

Так прайшла яшчэ гадзiна, i нарэшце Бландзiна ўбачыла велiчны замак. Каток-Вуркаток падвёў яе да мура з магутнымi залачонымi кратамi i спынiўся. Але краты былi апушчаныя, i Бландзiна не ведала, як увайсцi, бо нiдзе не было нават званка. Яна пачала азiрацца i ўбачыла, што Каток-Вуркаток знiк i яна засталася адна.

Глава 5

Добрая Козачка

А Каток-Вуркаток прайшоў у маленечкую фортку, якая была зроблена, вiдаць, спецыяльна дзеля яго. Ён, напэўна, кагосьцi папярэдзiў у замку, бо краты раптам паднялiся, i Бландзiна ўвайшла на двор.

Тут зноў нiкога не было, i дзверы ў замак адчынiлiся самi сабой, прапускаючы Бландзiну ў вялiкую залу, дзе ўсё было з рэдкага белага мармуру. Бландзiна пайшла наперад i пачала пераходзiць з аднаго пакоя ў другi, i ўсе дзверы, як i раней, самi адчынялiся перад ёю. Нарэшце яна трапiла ў чароўную залу, пафарбаваную ў блакiтны i залацiсты колер, i ўбачыла ў дальнiм куце козачку, якая адпачывала на ложы з духмяных траваў. Побач з Козачкай сядзеў i Каток-Вуркаток. Убачыўшы Бландзiну, Козачка ўстала, падышла да яе i прамовiла:

– Шчыра вiтаю цябе, Бландзiна. Мы з маiм сынам Катком-Вуркатком даўно ўжо чакаем цябе.

Ад нечаканасцi Бландзiна крыху спалохалася. I таму Козачка ёй сказала:

– Не бойся, Бландзiна, мы твае сябры. Я ведаю твайго бацьку-караля i люблю яго гэтаксама, як i ты.

– О, панi! – адказала Бландзiна. – Калi вы ведаеце майго бацьку, завядзiце мяне да яго. Ён, напэўна, вельмi хвалюецца, што мяне так доўга няма.

– Дарагая Бландзiна, – прамовiла Добрая Козачка, уздыхнуўшы, – я не магу вярнуць цябе твайму бацьку. Ты знаходзiшся тут пад уладаю чарадзея Бэзавага леса. I мы з Катком-Вуркатком таксама яму падпарадкуемся, бо ён магутнейшы за мяне. Але я магу паслаць твайму бацьку сны, якiя яго супакояць i раскажуць пра ўсё, што з табою здарылася. У сне я паведамлю яму, што цяпер ты знаходзiшся ў мяне.

– Як?! – ускрыкнула з жахам Бландзiна. – Няўжо я болей нiколi не ўбачу майго дарагога бацьку, майго беднага бацьку, якога я так горача i моцна люблю?

– Дарагая Бландзiна, – сказала Добрая Козачка, – не будзем цяпер гаварыць пра будучыню. Дабрыня i паслухмянасць заўсёды бываюць узнагароджаныя. Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку. А пакуль – будзь добрая i паслухмяная, а мы з Катком-Вуркатком зробiм усё, што ад нас залежыць, каб ты адчувала сябе шчаслiваю.

Бландзiна ўздыхнула, i з вачэй у яе выкацiлася некалькi маленькiх слязiнак. Але тут жа яна падумала, што будзе не вельмi ветлiва ўвесь час заставацца сумнай побач з Добраю Козачкай у падзяку за яе дабрыню. I яна пастаралася быць вясёлай.

Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялi Бландзiну паказваць, дзе яна будзе жыць. Сцены ў Бландзiнiнай спальнi былi абабiтыя ружовым ядвабам, гафтаваным золатам, а мэбля – белым аксамiтам, на якiм блiскучымi рознакаляровымi нiткамi былi вышытыя сама розныя жывёлы, птушкi, матылькi ды жучкi. Побач быў кабiнет, у якiм Бландзiна магла вучыцца. Сцены ў кабiнеце былi зацягнутыя нябесна-лазуркавым адамашкам, расшытым дробнымi перлiнкамi, а мэбля пакрыта срэбна-муараваю тканiнай, падбiтай цвiчкамi з буйнымi бiрузовымi галоўкамi. На адной сцяне вiселi дзве цудоўныя карцiны, на якiх былi намаляваныя нейкая маладая, вельмi прыгожая жанчына i чароўны юнак. Мяркуючы па iх вопратцы, яны належалi да каралеўскага роду.

– Чые гэта партрэты, панi? – спыталася Бландзiна ў Добрай Козачкi.

– Мне забаронена адказваць на гэта пытанне, – сказала Козачка. – Ты даведаешся пра гэта пазней. А цяпер хадзем абедаць. Ты ж, Бландзiна, напэўна, прагаладалася?

Бландзiне сапраўды вельмi хацелася есцi. Яна пайшла за Добраю Козачкай i неўзабаве апынулася ў прасторнай зале, дзе быў даволi дзiўна накрыты стол: з аднаго боку ад яго ляжаў белы сацiнавы матрац для Добрае Козачкi, а перад матрацам быў пакладзены ахапак свежай, сакавiтай травы i стаяла залатое карытца з празрыстай крынiчнай вадою. З другога боку стаяў высокi зэдлiк для Катка-Вуркатка, i перад iм у залатой мiсе ляжала смажаная рыба, запечаныя бакасiкi i стаяла вялiкая конаўка з горнага крышталю з цёплым яшчэ сырадоем.

Памiж Катком-Вуркатком i Добраю Козачкай было падрыхтаванае месца i для Бландзiны: ёй паставiлi невялiкi фатэль, зроблены з разной слановае косткi i абцягнуты пунсовым аксамiтам, якi па беражках быў замацаваны цвiчкамi з дыяментавымi галоўкамi; на стале стаяла прыгожая залатая талерка з вельмi смачным рагу з рабчыкаў i лясных жаўрукоў, а побач з талеркай ляжалi залатыя вiдэлец з лыжкай i стаялi шклянка з графiнам (таксама, як у Катка-Вуркатка, з горнага крышталю). Не забылiся пакласцi Бландзiне i сурвэтку – з такога тонкага бацiсту, што раней Бландзiна такога не бачыла. Слугавалi за абедам вельмi спрытныя i прыгожыя газэлi: яны прыносiлi i выносiлi стравы, угадваючы ўсе жаданнi Бландзiны, Добрай Козачкi i Катка-Вуркатка.

Абед быў вельмi багаты: iм падавалi сама розную птушку, сама рэдкую дзiчыну, сама далiкатную рыбу i сама духмяныя пiрагi i ласункi. Бландзiна была галодная i таму пакаштавала кожную страву – i ўсе яны падалiся ёй незвычайна смачнымi.

Пасля абеда Каток-Вуркаток з Добраю Козачкай павялi Бландзiну ў сад i гулялi там па чароўных прысадах, у якiх раслi раскошныя дрэвы са спелымi сакавiтымi пладамi. Набегаўшыся ды нагуляўшыся, Бландзiна нарэшце стамiлася i пайшла са сваiмi новымi сябрамi назад у палац. Там Добрая Козачка прапанавала ёй пайсцi спаць, i Бландзiна з радасцю пагадзiлася.

У спальнi яе ўжо чакалi дзве газэлi, якiя павiнны былi ёй прыслугоўваць. Яны спрытна дапамаглi ёй распрануцца, паклалi ў ложак i засталiся побач сачыць, каб нiшто не патрывожыла яе сну. У ложку Бландзiна прыгадала пра бацьку i трошкi паплакала, шкадуючы, што яго няма побач. Але неўзабаве яна моцна заснула.

Глава 6

Бландзiна прачынаецца другi раз

Бландзiна доўга спала глыбокiм сном, а калi прачнулася, ёй падалося, што яна зусiм не такая, якая была, калi засынала: яна вельмi вырасла, i думкi ў яе зрабiлiся болей дарослыя. У яе было такое ўражанне, быццам яна вельмi паразумнела. Ёй здавалася, што ў сне яна прачытала шмат розных кнiжак, шмат пiсала, малявала, спявала, грала на арфе i пiянiна.

Але пакой быў той самы, у якi яшчэ ўчора яе прывяла Добрая Козачка i ў якiм яна лягла спаць.

З хваляваннем Бландзiна ўстала з ложка i, падбегшы да люстра, сапраўды ўбачыла, што зрабiлася намнога вышэйшая i, што таксама трэба прызнаць, сто разоў прыгажэйшая, чым раней, калi засынала. Яе прыгожыя бялявыя валасы спадалi да самай падлогi, у яе быў чароўны бялюткi твар, вялiкiя блакiтныя вочы, маленькi роўненькi носiк, пунсовыя губкi, ружовыя шчочкi i вельмi стройны i зграбны стан з тонкаю талiяй. Усё гэта рабiла яе такою прыгожай, што другой такое красунi ёй нiколi яшчэ не даводзiлася бачыць.

Усхваляваная амаль да спалоху тымi зменамi, якiя ў ёй адбылiся, Бландзiна хуценька апранулася i пабегла да Добрае Козачкi, якую знайшла ў тым самым пакоi, дзе ўбачыла першы раз.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю