355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Софья де Сегюр » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 15:36

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Софья де Сегюр



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

З гэтымi словамi ён пайшоў прэч. А Разалi кiнулася на каленi i, залiваючыся слязьмi, пачала клiкаць, прасiць, але прынц знiк з вачэй, так нi разу i не азiрнуўшыся, каб убачыць Разалiну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страцiць прытомнасць, калi раптам зусiм побач пачула прарэзлiвы смех шэрае Мышы.

– Падзякуй мне, Разалi, – сказала Мыш. – Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца i прагрызла дзiркi ў покрыве, каб пад яго можна было зазiрнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хiтрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страцiла б i цябе, i твайго бацьку, i Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькi раз, i вы ўсе назаўжды зробiцеся маiмi рабамi.

Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалi, але яе здзеклiвыя словы зусiм не раззлавалi дзяўчынку.

"Гэта я ва ўсiм вiнаватая, – падумала Разалi. – Каб не мая злачынная цiкаўнасць, Мышы нiколi не ўдалося б прымусiць мяне зрабiць такi дрэнны ўчынак. Я павiнна выправiць яго сваiмi пакутамi, сваiм цярпеннем i нязломнаю волей. Я павiнна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно нi было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькi гадзiн. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё i бацькава шчасце".

Падумаўшы гэтак, Разалi вырашыла стаяць на месцы i больш нiкуды адсюль не iсцi. I колькi Мыш нi старалася, яна так i засталася каля разбуранага палаца.

Глава 5

Куфэрак

Так прайшоў увесь дзень. Разалi страшна хацелася пiць, але яна казала сабе:

– Не, я павiнна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусiла пакутаваць бацьку i прынца. I пакуль мне не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я нiкуды адсюль не пайду.

Пачынала цямнець, калi на дарозе з'явiлася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкi i папрасiла:

– Маё мiлае дзiцятка, цi не зробiце вы мне такую паслугу i цi не даглядзiце за маiм куфэркам? А то ён такi цяжкi, а мне яшчэ трэба зайсцi да адной сваячанiцы тут непадалёку.

Разалi была дзяўчынка спагадлiвая, i таму адказала:

– Калi ласка, бабулька, пакiдайце куфэрак, я за iм дагляджу.

Старая кабета падала ёй куфэрак i сказала:

– Дзякуй, маё мiлае дзiцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка i не глядзiце, што ў iм, бо там такое... такое, чаго вы не бачылi i нiколi не ўбачыце... Трымайце яго вельмi асцярожна i не стукнiце, калi захочаце паставiць на зямлю, бо ён вельмi нетрывалы i можа разламацца... I тады вы ўбачыце, што ў iм ляжыць... А гэтага нiхто не павiнен бачыць!

Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалi акуратна паставiла куфэрак побач з сабой на зямлю i пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусiм сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалi скiнула вокам на куфэрак i са здзiўленнем убачыла, што зямля вакол яго свецiцца.

"Што гэта за святло iдзе з гэтага куфэрка?" – падумала яна.

Яна ўзяла куфэрак у рукi, пакруцiла яго, агледзеўшы з усiх бакоў, але так i не зразумела, ад чаго iдзе такi незвычайны бляск. Тады яна паклала яго зноў на зямлю i сказала:

– Якая рознiца, што ў iм ляжыць? Ён жа не мой, а той бабулькi, якая мне яго даручыла. Не буду болей пра яго думаць, а то мне захочацца яго адчынiць.

I яна сапраўды перастала на яго глядзець i нават пастаралася болей пра яго не думаць. Заплюшчыўшы вочы, яна вырашыла чакаць новага дня.

– Калi настане дзень i мне споўнiцца пятнаццаць гадоў, я зноў убачу Чароўнага прынца i бацьку, i мне болей не трэба будзе баяцца нягоднае варажбiткi.

У тую ж хвiлiну Разалi пачула танюткi Мышыны галасок, якi насмешлiва вiскнуў:

– Разалi! Разалi, я тут! Я болей табе не вораг. Каб давесцi гэта, я нават магу, калi хочаш, паказаць табе, што ў гэтым куфэрку!

Разалi нiчога не адказала.

– Разалi, ты што – не чуеш, што я сказала? – зноў завiшчала Мыш. – Я твой сябар! Калi ласка, павер!

Але дзяўчына маўчала.

Тады Мыш, якой трэба было спяшацца, кiнулася на куфэрак i пачала грызцi ў яго вечка.

– Ах ты нягоднiца! – крыкнула Разалi, выдзiраючы куфэрак у Мышы i прыцiскаючы яго да грудзей. – Калi ты хоць раз яшчэ да яго дакранешся, я зараз жа скручу табе галаву!

Мыш злосна зiрнула на Разалi, але ўгнявiць яе пабаялася. Пакуль яна прыдумляла, як бы распалiць Разалiну цiкаўнасць, гадзiннiк прабiў паўночы. У тое ж iмгненне Мыш страшна завiшчала i крыкнула:

– Усё, Разалi, твой дзень нараджэння настаў! Цяпер табе споўнiлася пятнаццаць, i ты можаш болей мяне не баяцца. З гэтай хвiлiны вы ўжо не залежыце ад маiх чараў, нi ты, нi твой агiдны бацька, нi брыдкi прынц. А я назаўжды застануся гадкаю шэраю мышшу, пакуль не здолею завабiць у свае пасткi якую-небудзь iншую такую ж прыгожую дзяўчыну, як ты. Бывай, Разалi! Можаш цяпер адчынiць свой куфэрак.

Сказаўшы гэта, шэрая Мыш знiкла. Але Разалi не дала веры варажбiткiным словам i не зрабiла, як тая раiла. Яна вырашыла не адчыняць куфэрка, пакуль не настане дзень. I толькi яна прыняла гэтае рашэнне, як Пугач, што пралятаў над Разалi, выпусцiў з лапаў камень i трапiў iм якраз у самы куфэрак. Куфэрак разляцеўся на тысячы кавалкаў! Разалi крыкнула ад жаху i раптам убачыла перад сабой каралеву феяў, якая сказала:

– Не бойцеся, Разалi. Вы нарэшце перамаглi свайго жорсткага ворага, i цяпер я вярну вас да вашага бацькi. Але раней паешце ды папiце.

I чараўнiца падала ёй плод, аднаго кавалачка якога Разалi хапiла, каб наталiць i смагу, i голад. У тое ж iмгненне перад чараўнiцай узнiкла каляснiца, запрэжаная парай прыгожых, белых у шэрыя яблыкi, коней, яна села ў яе i запрасiла з сабой дзяўчыну.

Апамятаўшыся ад здзiўлення, Разалi шчыра падзякавала чараўнiцы за яе апеку i спытала, цi хутка можна будзе ўбачыцца з бацькам i Чароўным прынцам.

– Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, – адказала каралева феяў.

– Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены i стаў жабраком.

– Усё гэта было не па-сапраўднаму i было зроблена толькi дзеля таго, каб вы мацней спалохалiся сваёй цiкаўнасцi i не саступiлi ёй трэцi раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такiм, якi ён i быў, пакуль вы не падралi покрыва, пад якiм хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.

Пакуль чараўнiца прамаўляла гэтыя словы, каляснiца пад'ехала да палаца. На ганку Разалi ўжо чакалi бацька i прынц разам з усёю дворняй. Разалi кiнулася да iх, i яны шчаслiва абнялiся. Прынц, здавалася, зусiм забыў пра дрэнны ўчынак, якi Разалi ўтварыла напярэдаднi. Усё было ўжо гатовае да вяселля, i яго тут жа адсвяткавалi. На банкеце, якi доўжыўся некалькi дзён, былi чараўнiцы з усяе акругi. Разалiн бацька застаўся жыць разам са сваiмi дзецьмi. Разалi назаўжды пазбавiлася сваёй цiкаўнасцi i пражыла з Чароўным прынцам у каханнi ды шчасцi ўсё жыццё. У iх нарадзiлiся прыгожыя дзецi, i за хроснiц iм былi абраныя добрыя чараўнiцы, якiя заўжды абаранялi iх ад злых варажбiтак i чарадзеяў.

ДОБРЫ АНРЫ

Глава 1

Бедная хворая мацi

Жыла сабе аднойчы бедная жанчына. Муж у яе памёр, i засталася яна адна з маленькiм сыночкам, якога звалi Анры. Сына яна вельмi любiла, дый было за што: Анры быў прыгожы хлопчык, i хоць яму не было i сямi гадоў, ён ва ўсiм дапамагаў сваёй мацi. Пакуль яна краiла ды шыла цi хадзiла на базар гандляваць, Анры падмятаў, мыў падлогу ў хаце, гатаваў ежу цi працаваў у гародзе i маленькiм садочку, а потым браўся цыраваць адзенне, рамантаваць матчыны чаравiкi цi рабiў лавы, столiкi i ўсё, на што толькi быў здольны. Хатка, у якой яны жылi, стаяла за вёскай, i з яе вокнаў было вiдаць высокую гару, такую высокую, што нiхто i нiколi не мог дабрацца да яе вяршынi. Гару агiнала вiрная рака, а за ракой узвышалiся стромыя скалы i чарнелi бяздонныя прорвы.

Сын i мацi жылi ў ладзе ды згодзе, але аднойчы бедная кабета моцна захварэла. Знаёмых лекараў у iх не было, дый нават каб i былi, iм усё роўна не было б чым заплацiць. А сам Анры не ведаў, чым дапамагчы сваёй мацi. Калi ёй хацелася пiць, ён мог даць ёй толькi вады: нiчога iншага ў хаце не было. Дзень i ноч ён не адыходзiў ад матчынага ложка. А калi мацi засынала, глядзеў на яе i плакаў. Дзень пры днi хвароба мацнела, i ўрэшце бедная кабета зусiм сабралася памiраць – яна не магла нi гаварыць, нi есцi i нават не пазнавала Анры, якi, стоячы на каленях каля яе ложка, залiваўся гаручымi слязьмi. I тады хлопчык крыкнуў у роспачы:

– О Добрая фея! Дапамажыце мне, уратуйце маю бедную маму!

Толькi ён прамовiў гэтыя словы, як акно раптам адчынiлася i ў хаце ўзнiкла прыгожая жанчына.

– Што вам трэба, маленькi мой сябра? – спыталася яна ласкавым голасам. Вы клiкалi мяне, i вось я тут.

– Панi! – сказаў Анры, кiдаючыся на каленi i ўмольна сцiскаючы рукi. Калi вы Добрая фея, уратуйце маю бедную маму, iначай яна памрэ, i я застануся адзiн.

Чараўнiца ласкава зiрнула на хлопчыка i моўчкi падышла да ложка, на якiм ляжала яго мацi. Яна ўважлiва агледзела кабету i, дзьмухнуўшы ёй у твар, сказала:

– На жаль, мiлае дзiця, мае чары не могуць вылечыць тваю мацi. Зрабiць гэта можаш толькi ты сам. Але дзеля гэтага табе трэба быць смелым i пайсцi туды, куды я скажу.

– Я згодзен, панi. Скажыце, куды трэба iсцi, я ўсё зраблю дзеля сваёй мамы.

– Табе трэба здабыць кветку жыцця. I расце яна на вяршынi гары, якую ты бачыш з акна сваёй хаткi, – прамовiла Чараўнiца. – Калi ты здабудзеш кветку i напоiш яе сокам мацi, яна адразу ачуняе i будзе зноўку здаровая.

– Я гатовы зараз жа пайсцi на пошукi кветкi, панi. Але пакуль я буду яе шукаць, хто будзе даглядаць за маёй мацi? Дый яна, напэўна, памрэ раней, чым я паспею вярнуцца.

I хлопчык заплакаў яшчэ мацней.

– Не хвалюйся, беднае дзiцятка, – адказала Добрая фея. – Пакуль ты будзеш шукаць кветку, з тваёй мацi нiчога не здарыцца. Яна застанецца такая ж, як i цяпер. Але ведай: да таго, як ты знойдзеш кветку, цябе будуць чакаць вялiкiя выпрабаваннi i небяспека. I каб здабыць яе, табе трэба быць вельмi настойлiвым i смелым.

– Мне нiчога не страшна, панi, – сказаў Анры. – Смеласцi ў мяне хопiць. Але скажыце, як мне пазнаць гэтую кветку, бо iх так многа на гэтай гары.

– Калi ты дойдзеш да вяршынi, – адказала Чараўнiца, – паклiч доктара, якi ахоўвае чарадзейны сад. Ты скажаш яму, што гэта я паслала цябе, i тады ён дасць табе кветку.

Анры падзякаваў чараўнiцы, пацалаваў на развiтанне хворую мацi i, паклаўшы ў кiшэню кавалак хлеба, рушыў да гары.

Добрая фея ласкава зiрнула ўслед адважнаму хлопчыку, якi, хоць яму не было i сямi гадоў, не пабаяўся адзiн пайсцi на такую небяспечную гару. А гара была сапраўды небяспечная, бо ўсе, хто спрабаваў дайсцi да яе вяршынi, немаведама куды знiкалi цi гiнулi.

Глава 2

Крумкач, Певень i Жаба

Анры рашуча iшоў да гары, але аказалася, яна зусiм не так блiзка, як гэта здавалася. I замест таго, каб дабрацца да гары за паўгадзiны, яму давялося iсцi цэлы дзень.

Калi ён прайшоў ужо амаль трэцюю частку дарогi, ён раптам убачыў Крумкача, якi трапiў у пастаўленую нейкiм дрэнным хлопчыкам пастку. Бедны Крумкач марна стараўся вызвалiцца, увесь час тузаючы пятлю, але пятля толькi яшчэ мацней i балючай сцiскала яму лапу. Убачыўшы гэта, Анры жвава падбег да Крумкача, перарэзаў вяроўку i вызвалiў небараку. Крумкач узмахнуў крыламi, узляцеў у паветра i крыкнуў:

– Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся!

Анры вельмi здзiвiла, што Крумкач размаўляе па-чалавечы, але доўга думаць пра гэта часу ў яго не было, i ён рушыў далей.

Калi трошкi пазней ён спынiўся крыху адпачыць i сядзеў пад кустом, частуючыся кавалачкам хлеба, ён раптам убачыў Пеўня, за якiм гналася Лiса. Певень уцякаў з усiх ног, але Лiса ўсё роўна яго даганяла. Тады Анры злаўчыўся i, калi певень прабягаў зусiм блiзка, спрытна схапiў яго i, сунуўшы за пазуху, схаваў пад курткай. Лiса нiчога не заўважыла i, падумаўшы, што Певень павярнуў некуды ўбок, пабегла далей. Калi яна знiкла з вачэй, Анры выпусцiў Пеўня, i той, вельмi перапалоханы, шэптам сказаў:

– Дзякуй табе, слаўны хлопчык! Я таксама табе прыдамся.

Тым часам Анры адпачыў i, развiтаўшыся з Пеўнем, рушыў далей.

Ён прайшоў ужо ладны кавалак дарогi, калi раптам убачыў бедную жабу, якую збiралася праглынуць Змяя.

Жаба дрыжала ад страху i баялася паварушыцца, а Змяя падпаўзала ўсё блiжэй i блiжэй, шырока разяўляючы страшную пашчу. Але ў той самы момант, калi яна была ўжо гатовая праглынуць Жабу, Анры схапiў вялiкi камень i так трапна кiнуў iм у Змяю, што пацэлiў у самую глотку. Змяя задохлася i памерла. А Жаба паскакала прэч, крыкнуўшы на развiтанне:

– Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся.

Анры ўжо чуў, як размаўлялi Крумкач i Певень, i таму зусiм не здзiвiўся, што Жаба таксама размаўляе па-чалавечы. Ён рушыў далей i неўзабаве дайшоў да падножжа гары. Тут ён ўбачыў глыбокую i такую шырокую раку, што другога берага амаль не было вiдаць.

Спачатку Анры разгубiўся, але потым падумаў: "Можа, мне ўдасца знайсцi якi-небудзь мост цi брод, цi хоць якi човен?" Ён рушыў уздоўж ракi i абышоў кругам усю гару, але рака была паўсюль вельмi шырокая i глыбокая, i нiдзе на ёй не было нi моста, нi чоўна. Бедны Анры сеў на беразе i горка заплакаў.

– Дапамажыце мне, Добрая фея! – сказаў ён скрозь слёзы. – Якая карысць мне ведаць, што на вяршынi гары расце кветка, якая можа ўратаваць маю мацi, калi я ўсё роўна не здольны да яе дабрацца?!

Не паспеў ён гэтага сказаць, як побач узнiк Певень, якога ён уратаваў ад Лiсы.

– Добрая фея нiчым не можа дапамагчы табе, – сказаў Певень. – Гэтая гара не падпарадкуецца яе чарам. Але ты ўратаваў мне жыццё, i цяпер я хачу табе за гэта аддзячыць. Лезь да мяне на спiну! Слова гонару, я перанясу цябе на той бераг.

Без доўгiх разваг Анры ўскочыў Пеўню на спiну, i яму здалося, што зараз ён упадзе разам з Пеўнем у раку. Але Певень аказаўся такi дужы, што ў яго на спiне Анры адчуў сябе як у сядле на канi. Ён аберуч ухапiў Пеўня за грэбень, i Певень паляцеў. Рака была вельмi шырокая, i ляцець да другога берага iм давялося ажно дваццаць адзiн дзень. I ўвесь гэты час Анры не хацелася нi есцi, нi пiць, анi спаць.

Калi яны нарэшце апусцiлiся на зямлю, Анры падзякаваў Пеўню, а той прыгожа распусцiў пёры, i ў тую ж хвiлiну знiк. Анры пачаў азiрацца, шукаючы, куды ён падзеўся, i заўважыў, што рака некуды знiкла таксама.

– Напэўна, якi-небудзь чарадзей гэтай гары знарок зрабiў гэтую раку, каб не даць мне дайсцi да вяршынi, – падумаў Анры. – Але Добрая фея дапамагла мне, i цяпер я ўжо хутка дабяруся да кветкi.

Глава 3

Жнiво

Анры зноў рушыў у дарогу i iшоў яшчэ вельмi i вельмi доўга. Але колькi ён нi iшоў, усё было дарэмна: ён нi на крок не мог наблiзiцца да вяршынi нi скрануцца з месца, дзе нядаўна была рака.

Iншы хлопчык на яго месцы даўно павярнуў бы назад, але смелы Анры не адчайваўся i нягледзячы на вялiкую стому iшоў цэлыя тры днi запар. I за ўсе гэтыя тры днi так i не здолеў прасунуцца хоць трошкi наперад. Але ўсё ж рашучасць не пакiдала яго.

– Няхай мне давядзецца iсцi хоць сто год! – сказаў ён. – Я ўсё роўна буду iсцi, пакуль не дайду да вяршынi.

I не паспеў ён прамовiць гэтыя словы, як убачыў маленькага Дзядка, якi глядзеў на яго хiтрымi вачыма.

– Дык табе хочацца на вяршыню? – спытаўся Дзядок. – Што ж табе там такое трэба?

– Мне патрэбна кветка жыцця, добры пане, – адказаў Анры. – Яна патрэбная мне, каб вылечыць маю маму, iначай яна памрэ.

Дзядок закiваў галавой i, упершыся вострым падбародкам у залатую гульку на сваiм кiйку, доўга глядзеў на Анры. Нарэшце ён сказаў:

– Мне падабаецца твой ясны i шчыры твар, мой хлопча. Я чарадзей гэтай гары, i я дазволю табе прайсцi да вяршынi, але пры ўмове, што ты пажнеш i абмалоцiш усё маё збожжа, зробiш муку i спячэш з яе хлеб. Калi ж усё будзе зжата, абмалочана, змолата i спечана, паклiч мяне. Прылады, якiя спатрэбяцца табе ў працы, ты знойдзеш у тым вунь равочку. А пшанiчныя палi перад табой.

Дзядок знiк, а Анры спалохана акiнуў вокам бязмежныя пшанiчныя палi, якiя шырылiся па ўсiм схiле. Але ён нядоўга стаяў разгублены. Тут жа скiнуўшы куртку, ён адшукаў у равочку серп i рашуча ўзяўся за працу. Ён жаў сто дзевяноста пяць дзён i столькi ж начэй.

Калi ж усё было зжата, Анры ўзяў у равочку цэп i пачаў малацiць пшанiцу на млыне, якi стаяў на ўскрайку поля. Ён малоў дзевяноста пяць дзён. А калi ўсё было змолата, пачаў мясiць цеста i пячы хлеб. Ён мясiў i пёк яшчэ сто дваццаць дзён, а калi хлябы выпякалiся, складаў iх на палiчкi, як кнiжкi ў бiблiятэцы. Калi ж усё было нарэшце скончана, ён вельмi ўзрадаваўся i паклiкаў Дзядка. Дзядок адразу ўзнiк перад iм. Ён пералiчыў усе чатырыста шэсцьдзесят восем тысяч трыста дваццаць дзевяць хлябоў, пакаштаваў па маленькiм кавалачку ад першага i апошняга, потым падышоў да Анры i, ласкава ўсмiхнуўшыся, сказаў:

– Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за добрую працу.

Ён выняў з кiшэнi маленькую драўляную табакерку i, аддаўшы яе Анры, хiтра прамовiў:

– Калi вернешся дадому, адчынi гэтую табакерку. Ты знойдзеш у ёй табаку, якой нiколi раней не бачыў.

Анры нiколi не нюхаў табакi, i чарадзееў падарунак здаўся яму зусiм не цiкавым. Але ён быў добры хлопчык i не хацеў пакрыўдзiць Дзядка. Ён зрабiў задаволены выгляд i горача падзякаваў яму за падарунак.

Дзядок у адказ усмiхнуўся i раптам знiк.

Глава 4

Збор вiнаграду

Анры рушыў далей i з радасцю заўважыў, што цяпер кожны крок наблiжае яго да вяршынi. Гадзiны за тры ён прайшоў амаль две трэцi дарогi. Але раптам наперадзе вырас высокi мур, якога здалёк было чамусь не вiдаць. Анры пайшоў уздоўж мура i праз тры гадзiны з жахам заўважыў, што мур агiнае ўсю гару i ў iм няма нi дзвярэй, анi шчылiны, праз якую можна было б пралезцi.

Анры сеў на зямлю i задумаўся – як яму быць? Ён вырашыў чакаць i чакаў сорак пяць дзён, але мур стаяў, i нiчога з iм не рабiлася. Тады Анры сказаў:

– Няхай мне давядзецца чакаць хоць сто год! Я ўсё роўна не сыйду з гатага месца!

I не паспеў ён прамовiць гэтыя словы, як кавалак мура са страшным грукатам абрынуўся i з пралому да яго выйшаў Асiлак з палiцаю ў руцэ.

– Ты хочаш прайсцi, мой хлопчык? – спытаўся Асiлак. – Але што табе трэба за гэтым мурам?

– Мне патрэбна кветка жыцця, спадар Асiлак, – адказаў Анры. – Яна патрэбная мне, каб вылечыць маму, бо яна памiрае. Калi вы прапусцiце мяне, я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

– Праўда? – узрадаваўся Асiлак. – Ты мне падабаешся. Я адзiн з чарадзеяў гэтай гары, i я прапушчу цябе да вяршынi, калi ты напоўнiш вiном мае скляпы. Вiнаграднiкi перад табой: збяры вiнаград, выцiснi сок, разлi сок у бочкi, а бочкi складзi ў скляпы. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш пад мурам. А калi ўсё будзе зроблена, паклiч мяне.

Анры паглядзеў вакол i ўбачыў, што ва ўсе бакi, колькi хапае вачэй, цягнуцца вiнаграднiкi.

– Што ж, – падумаў Анры, – сабраў жа я Дзядку яго збожжа, то i Асiлкаў вiнаград сабраць здолею. Дый вiно з вiнаграду зрабiць не так цяжка, як хлеб з пшанiцы.

Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож i пачаў рэзаць гронкi ды складаць iх у цэбры. Ён збiраў вiнаград цэлыя трыццаць дзён. А калi ўсё было сабранае, пачаў выцiскаць сок i залiваць яго ў бочкi, а поўныя бочкi складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калi ж вiно было зробленае, бочкi складзеныя i скляпы поўныя, Анры паклiкаў Асiлка, i той адразу ўзнiк перад iм. Агледзеўшы ўсе бочкi, Асiлак пакаштаваў вiна з першай i апошняй i, павярнуўшыся да Анры, сказаў:

– Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асiлка дарма.

Ён выняў з кiшэнi кветку калючага чартапалоху i, аддаўшы яе Анры, сказаў:

– Калi ты вернешся дадому i табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.

Асiлкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж iмгненне Асiлак свiснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асiлкам знiклi, i Анры рушыў далей.

Глава 5

Паляванне

Калi да вяршынi заставалася iсцi ўсяго паўгадзiны, дарогу Анры перагарадзiла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было нiяк немагчыма, i такая глыбокая, што дна ў яе было зусiм не вiдаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе i iшоў вельмi i вельмi доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. I тады ён зразумеў, што прорва агiнае ўсю гару.

– Што рабiць? – падумаў Анры. – Ледзь толькi мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнiкае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?

На вочы беднаму хлопчыку набеглi горкiя слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсцi цераз прорву, але колькi нi думаў, так i не змог нiчога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, i ў тую ж хвiлiну пачуў страшны рык. Азiрнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялiзнага Воўка, якi глядзеў на яго вогненнымi вачыма.

– Што ты робiш у маiх уладаннях? – спытаўся Воўк сярдзiтым голасам.

– О, спадар Воўк! – адказаў яму Анры. – Я шукаю кветку жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае. I калi вы дапаможаце мне перабрацца на той бок, я абяцаю зрабiць усё, што вы загадаеце.

– Ну што ж, хлопча, калi ты здолееш пералавiць усю дзiчыну ў маiх лясах, усiх жывёл i птушак, а пасля iх спячэш цi падсмажыш, клянуся гонарам чарадзея гэтай гары – я прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў паляваннi й кухарстве, ты знойдзеш пад гэтым дрэвам. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне. I, прамовiўшы гэтыя словы, Воўк знiк. Анры зноў акрыяў духам. Ён узяў пад дрэвам лук са стрэламi i пайшоў у лес бiць курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў ды цецерукоў. Але страляць ён не ўмеў i не мог нi ў кога пацэлiць. Так прайшло цэлыя восем дзён. Ён пачаў быў ужо трацiць надзею, калi раптам убачыў Крумкача, якога ўратаваў, калi йшоў да гары.

– Ты ўратаваў мне жыццё, – пракаркаў Крумкач, – i я абяцаў, што таксама табе прыдамся. Вось я i прыляцеў, каб дапамагчы. Бо, калi ты не выканаеш Воўчага загаду, ён з'есць цябе замест дзiчыны. Хадзi за мной: я буду паляваць, а ты будзеш напаляванае збiраць ды смажыць.

Сказаўшы гэта, Крумкач паляцеў наперад i глюгай ды пазурамi пачаў забiваць усякую жывёлу цi птушку, што траплялася яму па дарозе. Так ён паляваў сто пяцьдзесят дзён i набiў за гэты час мiльён васемсот шэсцьдзесят тысяч семсот дваццаць шэсць казуляў, курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў, цецерукоў ды перапёлак.

Калi Крумкач забiваў iх, Анры адразу iх разбiраў, абскубаў цi абельваў, а потым пёк або смажыў. Калi ж усё было скончана, Анры расклаў нагатаваную дзiчыну на ўзлеску, i Крумкач сказаў яму:

– Бывай, Анры, цяпер перад табой засталася апошняя перашкода. I хоць я не змагу табе дапамагчы, не страчвай надзеi. Чараўнiцы бароняць сыноўскую любоў!

I не паспеў Анры падзякаваць Крумкачу, як той знiк. Тады Анры паклiкаў Воўка i сказаў яму:

– Вось, спадар Воўк, гэта ўся дзiчына з вашых лясоў. Я згатаваў яе, як вы мне загадвалi. Калi ласка, прапусцiце цяпер мяне цераз прорву.

Воўк агледзеў дзiчыну, пакаштаваў смажанага i печанага, аблiзнуўся i адказаў Анры:

– Ты добры i слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Воўка дарма, i ён нiчым табе не сплацiў.

Сказаўшы гэта, Воўк пабег у лес, прынёс палку i паклаў яе перад Анры.

– Вось табе мой падарунак, – сказаў ён. – Калi ты здабудзеш кветку жыцця i табе захочацца апынуцца дзе-небудзь далёка, сядай на гэтую палку, як на каня, i яна перанясе цябе, куды ты пажадаеш.

Анры хацеў закiнуць дурацкую палку ў лес, але падумаў, што гэта будзе няветлiва, i падзякаваў Воўку.

– А цяпер сядай мне на спiну, – сказаў Воўк.

Анры залез Воўку на спiну, той разбегся i так моцна скочыў, што пераляцеў над усёю прорвай i апынуўся на другiм беразе. Анры злез на зямлю, падзякаваў Воўку i рушыў далей.

Глава 6

Рыбалка

Нарэшце ён заўважыў агароджу сада, дзе расла чароўная кветка. Яго сэрца зайшлося ад шчасця, i, задраўшы галаву ўгору, ён пабег, колькi хапала сiлы. Але раптам адчуў, што некуды падае. Ён адразу адскочыў назад i ўбачыў перад сабой роў, поўны вады. Роў быў шырокi i вельмi доўгi, так што не было вiдаць, дзе ён канчаецца.

– Напэўна, гэта i ёсць апошняя перашкода, пра якую казаў Крумкач, падумаў Анры. – Але ж змог я адолець усе ранейшыя перашкоды, значыць, i гэтую адолею. Я ўпэўнены, што Добрая фея мне дапаможа. Гэта ж яна паслала мне Пеўня i Крумкача, а потым Дзядка, Асiлка i Воўка. Значыць, я дачакаюся яе дапамогi i гэты раз.

Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсцi, дзе ён канчаецца. Але праз два днi ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.

Анры гэта не засмуцiла, i ён зусiм не разгубiўся. Ён сеў на беразе i сказаў:

– Я не сыйду з гэтага месца, пакуль якi-небудзь чарадзей не дазволiць мне перабрацца цераз гэты роў.

I толькi ён сказаў гэтыя словы, як перад iм узнiк вялiзны Кот, якi пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.

– Што табе трэба, i навошта ты сюды прыйшоў? – сказаў Кот. – Цi ведаеш ты, што я адным сваiм кiпцюром магу разадраць цябе на шматкi?

– Дарагi Кот, я не сумняваюся ў вашай сiле, – адказаў Анры. – Але ж вы не зробiце мне нiчога дрэннага, калi даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памiрае. Калi ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, i я зраблю ўсё, што вы загадаеце.

– Праўда? – сказаў Кот. – Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калi ты вылавiш усю рыбу, што водзiцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе цi пасолiш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне.

Кот знiк, а Анры агледзеўся i ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавiць будзе доўга, ён узяў сетку i закiнуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловiць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нiчога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабiў нешта не так. I зноў закiнуў сетку, але калi зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закiдваў i выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так i не злавiў нiводнае рыбiны. Тады ён адклаў сетку i закiнуў вуду.

Ён чакаў гадзiну i дзве, але нiводная рыбiна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкi далей, потым яшчэ далей i яшчэ, i так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так i не злавiў нiводнае рыбiны, патрацiўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабiць, ён прыгадаў Добрую фею i падумаў, што яна, вiдаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе i пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, i на паверхню высунулася Жабiна галава.

– Анры, – прамовiла Жаба, – ты ўратаваў мне жыццё, i ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калi ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нiчога злавiць не зможаш: роў вельмi глыбокi, i ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавiць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкi – будзеш яе салiць або смажыць.

Прамовiўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, i Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурлiла, нiбыта на дне пачалася вялiкая бойка. Праз хвiлiну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбiну: гэта быў карп. Так яна лавiла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялiкiх рыбiн Анры смажыў на патэльнi, а малых складаў у бочкi ды салiў. Калi мiнула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг i сказала:

– Ну вось, цяпер у рове не засталося нiводнае рыбiны. Можаш клiкаць Ката.

Анры шчыра падзякаваў Жабе i пацiснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсмiхнулася i знiкла.

Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды салiў яе ў бочках. А калi ўсё было зроблена, паклiкаў Ката, i той адразу ўзнiк перад iм.

– Вось, спадар Кот, – сказаў яму Анры, – я пасалiў i пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калi ласка, выканайце i вы сваё абяцанне – прапусцiце мяне на той бераг.

Кот агледзеў горы смажанай рыбы i бочкi з салёнай, пакаштаваў i той, i другой, аблiзнуўся i сказаў Анры:

– Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.

Прамовiўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзiн кiпцюр i, аддаўшы яго Анры, сказаў:

– Калi ты захварэеш цi адчуеш блiзкую старасць, дакранiся гэтым кiпцюром да лба: боль, хвароба цi старасць адразу адступяць. А калi ты дакранешся iм да таго, каго ты любiш i хто любiць цябе, то i з iм будзе тое самае.

Анры шчыра падзякаваў Кату i, узяўшы ў яго чарадзейны кiпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца iм, бо вельмi стамiўся i быў зусiм змораны. Ледзь ён дакрануўся кiпцюром сабе да лба, як стома знiкла, i ён адчуў сябе бадзёрым i свежым, быццам толькi што ўстаў пасля добрага сну.

Кот усмiхнуўся i прамовiў:

– А цяпер сядай мне на хвост.

Анры сеў i адразу здзiўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расцi i выцягвацца, i неўзабаве перанёс яго на другi бераг.

Глава 7

Кветка жыцця

Анры пачцiва развiтаўся з Катом i пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, i Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спынiла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.

Ён пашукаў фортку i хутка яе знайшоў, бо сад быў зусiм невялiкi. Але ў iм расло столькi розных незнаёмых раслiн, што знайсцi сярод iх кветку жыцця было немагчыма.

На шчасце Анры прыгадаў, што Добрая фея сказала яму паклiкаць доктара, якi даглядае за чарадзейным садам. Ён голасна крыкнуў i не паспеў нават вокам мiргнуць, як раслiны побач з iм заварушылiся, i з iх выйшаў маленькi чалавечак ростам не большы за дзяркач. Ён быў у доўгай чорнае мантыi, з круглымi акулярамi на гарбатым носе i трымаў пад пахай тоўстую кнiгу.

– Што вам трэба, мой хлопча? – спытаўся Доктар, пазiраючы на Анры. – I як вам удалося дасюль дабрацца?

– Пане Доктар, – адказаў Анры, – мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае.

– Ну што ж, – сказаў Доктар, пачцiва прыўзнiмаючы шапку, – кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзiце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.

Ён павярнуўся i пайшоў у глыбiню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за iм. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, i болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такi маленькi, што цалкам знiкаў за сцяблiнамi высокiх раслiн.

Але нарэшце яны падышлi да нейкай раслiны, якая стаяла асобна i была ўся абсыпаная прыгожымi кветкамi. Доктар выняў з кiшэнi садовы нож, зрэзаў адну галiнку з кветкай i, аддаўшы яе Анры, сказаў:

– Вось, бярыце i рабiце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкi з рукi, бо калi вы яе пакладзеце, яна адразу i назаўсёды знiкне.

Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знiк сярод раслiн ды лекавых траваў. Застаўшыся адзiн, Анры падумаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю