355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Рувим Фраерман » Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне » Текст книги (страница 3)
Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 05:52

Текст книги "Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне"


Автор книги: Рувим Фраерман


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 7 страниц)

Так, добра было на свiтанку.

Але сёння, калi Таня прачнулася, зорак было ўжо мала: адны знiклi зусiм, а iншыя бледна гарэлi на краi небасхiлу.

"Вiдаць, не будзе сёння дабра, – падумала Таня. – Коля сабраўся з намi".

I тут жа пачула яна стук. Гэта ў акенца стукнуў два разы Фiлька.

Таня ў цемнаце апранула сукенку, накiнула на плечы хустку i, расхiнуўшы акно, саскочыла проста ў двор.

Фiлька стаяў перад ёю. Яго вочы ў бледных прыцемках былi дзiўнага колеру, блiшчалi, як у шалёнага, а вуды ляжалi на плячы.

– Ты што так запазнiўся? – спыталася Таня. – Увечары чарвякоў не накапаў?

– А ты паспрабуй накапай iх у горадзе! – хрыпла сказаў Фiлька. – Яшчэ не позна, якраз прыйдзем.

– Так, – сказала Таня, – з чарвякамi ў нас кепска. Вуду маю ўзяў?

– Узяў.

– Дык пойдзем? Чаго чакаць!

– А Коля? – запытаў Фiлька.

– А, Коля! – I Таня нават паморшчылася ў цемры, быццам зусiм забыла пра Колю, быццам не ўспамiнала пра яго ў тую самую хвiлiну, калi прачнулася i паглядзела ў акно на зоркi. – Мы пачакаем яго ў завулку на набярэжнай, сказала яна i цiха свiснула свайму старому сабаку.

Той нават не зварухнуўся пад сенцамi, не перамясцiў нават лапы. Толькi зiрнуў на Таню, нiбы хацеў сказаць ёй: "Хопiць! Хiба мала я хадзiў з табой улетку на рэчку за рыбай, зiмой на каток, i хiба не я так часта цягаў у зубах твае канькi! А цяпер досыць. Ты падумай толькi, куды я пайду ў такую сляпую рань!"

I Таня зразумела сабаку.

– Добра, – сказала яна, – ляжы.

"А можа, кошка пойдзе?"

Таня клiкнула:

– Казак!

Кошка паднялася i пайшла разам са сваiмi кацянятамi.

– Нашто яна табе? – спытаў Фiлька.

– Маўчы, маўчы, Фiлька, – сказала Таня. – Яна лепей за нас з табой ведае, чаго мы iдзём на раку.

I яны пайшлi, усё паглыбляючыся ў ранiцу, як у чароўны лес, што вырастаў перад iмi раптоўна. Кожнае дрэўца ў гаi здавалася клубам дыму, кожны дымок з комiна ператвараўся ў мудрагелiсты куст.

На рагу, каля спуску, яны пачакалi Колю.

Ён доўга не iшоў, i Фiлька дзьмухаў сабе на рукi: холадна было ўначы здабываць чарвякоў – капацца ў астылай зямлi.

А Таня са зларадствам маўчала. Але i яе азяблая постаць з голай галавой, тонкiмi валасамi, якiя ад вiльгацi закруцiлiся ў кольцы, нiбыта гаварылi: "Вось паглядзiце, якi ён, гэты Коля".

Нарэшце яны ўбачылi яго. Ён выходзiў з завулка. Ён зусiм не спяшаўся. Ён падышоў, гучна тупаючы нагамi, i зняў вуду з пляча.

– Выбачайце, калi ласка, – сказаў ён, – я спазнiўся. Учора мяне зацягнула да сябе Жэня. Яна паказвала мне розныя рыбы. Толькi трымае яна iх у акварыуме. А ёсць прыгожыя. Адна ўся залатая з доўгiм чорным хвастом, падобным на сукенку. Я заглядзеўся на яе... Так што даруйце мне, калi ласка.

Таня задрыжала ад гневу.

– "Выбачайце, калi ласка", – паўтарыла яна некалькi разоў. – Якая ветлiвасць! Ты б лепш не затрымлiваў нас. Праз цябе мы не наловiм рыбы.

Коля маўчаў.

– Мы яшчэ не празявалi, час ёсць. Гэта наверсе светла, а на вадзе паплавок яшчэ не бачны. Чаго ты злуеш? – сказаў Фiлька, больш спрактыкаваны, чым яна.

– Я таму злую, што не люблю вельмi ветлiвых, – адказала Таня. – Мне заўсёды здаецца, што яны могуць падмануць.

– А я, напрыклад, – сказаў, звяртаючыся да Фiлькi, Коля, – не люблю нiякiх кошак: нi тых, якiя ходзяць лавiць рыбу, нi тых, што нiкуды не ходзяць. Аднак з гэтага не раблю нiякага вываду.

I Фiлька, сэрца якога не выносiла цяжару сварак, сумна паглядзеў на абаiх.

– Чаму вы заўсёды лаецеся – i тут, i ў класе? А я вось што скажу: перад паляваннем сварыцца – дык лепш сядзець дома. Так гаворыць мой бацька. А ён ведае, што гаворыць.

Коля пацiснуў плячыма.

– Я не ведаю... Я нiколi не сваруся з ёю. А яна заўсёды нечым не задаволена. Бацька гаворыць, што мы павiнны быць сябрамi.

– Гэта не абавязкова, што гаворыць бацька, – сказала Таня.

Фiлька яшчэ больш скрушлiва паглядзеў на яе. I Коля таксама быў засмучаны яе словамi, хаця не падаў знаку.

– Не, я не згодзен, – сказаў Фiлька. – Мой бацька паляўнiчы, ён гаворыць са мной мала. Але ўсё, што скажа, – праўда.

– Вось бачыш, – сказаў Коля, – нават Фiлька, твой верны Санча Панса, не згодзен з табой.

– Чаму ж гэта ён Санча Панса? – здзеклiва запыталася Таня. – Цi не таму, што ты нядаўна прачытаў "Дон-Кiхота"?

– Не, "Дон-Кiхота" я прачытаў даўно, – адказаў Коля спакойна, – але хаця б таму, што ён заўсёды носiць твае вуды, капае табе чарвякоў.

– Таму, што ён у тысячу разоў лепшы за цябе! – крыкнула Таня, пачырванеўшы. – Фiлька, не давай яму чарвякоў!

А Фiлька падумаў:

"Лiха на iх, яны гавораць пра мяне, як пра забiтага мядзведзя, але ж я жывы!"

Коля яшчэ раз пацiснуў плячыма.

– I не трэба, я сам накапаю на беразе i месца знайду сабе. Не трэба мне тваiх чарвякоў!

I ён знiк пад берагам, дзе кусты i камянi схавалi яго iмгненна з вачэй. Толькi крокi яго доўга чулiся знiзу, з дарожкi.

Таня глядзела яму ўслед, ужо не бачачы яго. Белы туман падымаўся ёй насустрач з ракi, плыў па глiне, ступаў на лiсце, на траву i пясок. I такi ж белы туман стаяў у яе на душы.

Фiлька з жалем глядзеў у яе твар i маўчаў. I нарэшце сказаў праўду:

– Што табе трэба ад яго? Навошта ты да яго чапляешся? Я сяджу з iм на адной парце i ведаю: нiхто табе пра яго нiчога благога не скажа. I я не скажу. Я не бачу ў iм ганарлiвасцi, хаця ён вучыцца лепш за iншых, нават лепш за цябе. Я сам чуў, як ён гаварыў па-нямецку з настаўнiцай нямецкай мовы i гаварыў па-французску. Але ж у класе пра гэта нiхто не ведае. Дык чаго ж ты хочаш ад яго?

Таня нiчога не адказала Фiльку. Яна цiха рушыла наперад, насустрач рацэ, што драмала ўнiзе пад туманам. I кошка з кацянятамi таксама паплялася ўнiз да ракi.

А Фiлька iшоў следам за iмi i думаў: дзiўны гэты хлопчык Коля! Няхай тысячы кошак ходзяць на раку здабываць сабе рыбу, няхай мiльён кошак! Але калi яны з Таняй, то хiба яму, Фiльку, горш ад гэтага? Не, яму добра! I дзiўная гэта дзяўчынка Таня. Хай сабе Коля называе Фiльку i Санчам i Пансам, пра якiх ён не чуў пакуль што нiчога благога, але хiба яму, Фiльку, хоць на кроплю горш ад таго? Не, яму добра!

Так спусцiлiся яны па крутым беразе i дайшлi да ракi, да вузекькiх масткоў, куды прыставалi шампункi*, i ўбачылi, што Коля сядзiць на дошках якраз на тым месцы, дзе заўсёды бяруцца ляшчы.

* Шампунка – рыбацкая лодка кiтайскага тыпу.

– Усё-такi знайшоў ён гэта месца! – сказаў з радасцю Фiлька, таму што ў душы быў гэтым задаволены.

Ён наблiзiўся да Колi, зазiрнуў у ягоную банку, дзе на ржавым дне ляжала толькi жменька пустой зямлi, i, павярнуўшыся, каб не ўбачыла Таня, усыпаў туды чарвякоў.

Але Таня ўбачыла гэта i нiчога не сказала.

Яна ўзяла сваю вуду i чарвякоў, прайшлася на масткi i села амаль побач з Колем. А Фiлька адышоўся далей, выбраўшы сабе таксама нядрэннае месцейка. На паляваннi ён любiў быць адзiн.

I на хвiлiну, а можа, i болей рака завалодала дзецьмi i нават кошкай з кацянятамi, што з тых самых масткоў пiльна глядзелi ў ваду.

А там, у глыбiнi ракi, адбывалася нешта дзiўнае. Нiбы чыёсьцi дыханне падымала з глыбiнi туман, нiбы чыесьцi нябачныя рукi, што валодалi iм усю ноч, выпусцiлi яго на волю, i ён ляцеў цяпер па паверхнi ракi, цягнучы над вадой свае доўгiя ногi. Ён бег за сонцам, люляючыся ў вышынi. А сама рака святлела, усё вышэй узнiмалася неба, вiднелася глыбiня. Рыба выйшла пасвiцца да берагоў, пачала добра брацца. Божа, якая гэта была лоўля! Таня нiколi такога не бачыла.

Але калi ты глядзiш не на свой паплавок, а на чужы, то рыба гэта добра разумее. Можа, яна ў гэтую секунду здзекуецца з цябе, павярнуўшыся галавой на струмень.

А Таня штохвiлiнна падымала вочы i глядзела на Колеву вуду. Коля ж глядзеў на яе паплавок. I страх, што другi зловiць раней, не даваў iм абаiм спакою. Здабыча зрывалася з кручка, аб'еўшы прынаду.

Коля першы ўзняўся на ногi, нiчога не злавiўшы. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, косцi яго хруснулi.

– Я так i ведаў, што нiчога з гэтага не выйдзе, – прамовiў ён услых, аднак не звяртаючыся да Танi. – Невыносна ўвесь час глядзець на ваду, адразу хочацца спаць. Лепей ужо, як Жэня, трымаць гэтых дурных рыб у акварыуме.

– Вядома, яны дурныя, – сказала Таня, – калi не адрознiваць ваду ад звычайнага шкла.

А Коля не ведаў, што б яшчэ сказаць.

Ён пайшоў па мастках, не крануўшы пальцам сваёй вуды. Дошкi гнулiся ад яго крокаў. Кошка Казак, якая паспела ўжо лапай нацягаць на масткi дробнай рыбы, паглядзела на яго з асцярогай. Яна пасунулася, даючы яму дарогу. Але кацяня Арол, пахiстаўшыся на мокрай дошцы, з цiхiм усплёскам упала ў ваду. Цi было яно так захоплена малькамi, што шнырылi ля самай дошкi, цi вельмi блiзка падышло да краю, не выпусцiўшы ў час кiпцюры, толькi Таня ўбачыла кацяня па другi боi; масткоў, куды несла яго плынь. Кацяня захлыналася, а кошка мяўкала, бегаючы па мокрым пяску.

Таня ўскочыла на ногi, ледзь крануўшыся масткоў – такая яна была лёгкая.

Яна саскочыла на бераг, увайшла ў ваду, i рака надзьмула яе сукенку – яна стала падобная на лясную кветку. Кошка таксама скочыла ў ваду. А Коля застаўся на месцы.

Таня выцягнула руку i ўзяла кацяня ў далонь. Яно стала меншае за пацука. Рыжая поўсць яго вымакла, яно ледзь дыхала.

Таня паклала кацяня на камень, i кошка аблiзала яго.

А Коля ўсё стаяў на месцы.

– Ты знарок скiнуў яго ў раку! Я сама гэта бачыла! – крыкнула Таня сярдзiта.

Коля маўчаў.

"Можа, ён баязлiвец", – падумала Таня.

I тады яна прытупнула на яго нагой.

Але i гэта не заставiла яго зварухнуцца. Ён не мог вымавiць нi слова настолькi быў здзiўлены.

Таня кiнулася прэч ад яго. Яна бегла па сцяжынцы ўгору, i каленi яе абдымала мокрая сукенка.

Коля дагнаў яе на самай вяршынi гары, каля рыбацкiх дамоў, i тут, задыхаючыся, узяў яе за руку.

– Таня, – сказаў ён, – павер мне, я не хацеў... гэта выпадкова. Кацяня само ўпала ў ваду.

– Пусцi мяне, – сказала яна, вырываючыся. – Я больш не буду лавiць! Я пайду дахаты!

– Тады i я пайду.

Ён адпусцiў яе руку i ступаў шырока, каб не адставаць.

– Не хадзi за мной! – крыкнула Таня.

Яны спынiлiся ля высокага каменя, што падпiраў хацiнку рыбака.

– Але ты прыйдзеш да нас абедаць? – спытаў Коля. – Сёння выхадны. Тата будзе цябе чакаць. Ён скажа, што я пакрыўдзiў цябе.

– Вось чаго ты баiшся! – сказала Таня, прыхiнуўшыся да высокага каменя.

– Не, ты не так зразумела мяне. Я люблю тату, а ён будзе засмучаны. Вось што ты павiнна зразумець. Я не хачу, каб тата...

– Маўчы, – сказала яна, – я добра цябе зразумела. Я не прыйду сёння абедаць. Я больш нiколi да вас не прыйду.

Яна павярнула налева, i сцяна рыбаковай хаты адразу ж закрыла яе.

Коля сеў на камень – яго ўжо нагрэла сонца, ён быў сухi i цёплы, i толькi ў адным месцы цямнела сырая пляма. Гэта мокрая сукенка Танi кранулася каменя i пакiнула на iм свой след.

Коля пакратаў яго.

"Дзiўная дзяўчынка Таня, – падумаў ён таксама, як i Фiлька. – Цi не думае яна, што я баязлiвец? Дзiўная дзяўчынка, – рашыў ён цвёрда. – Хiба можна здзiўляцца таму, што яна зробiць цi скажа?"

I, зноў паклаўшы руку на камень, ён задумаўся.

А Фiлька нiчога не бачыў. Ён сядзеў за мыском на глiне i цягаў гусцёрак плоскiх рыбак з чорнымi вачыма – i выцягнуў карпа з вялiкай галавой, якога тут жа каменем забiў на пяску.

Пасля гэтага ён вырашыў адпачыць. Зiрнуў на масткi. Дзве вуды гойдалiся над вадой, лёскi былi туга напятыя – на iх хадзiла рыба, – але нiкога паблiзу не было – нi Колi, нi Танi.

I крамянiстая сцежка бязлюдная.

Ён паглядзеў таксама ўверх, на горы. I над гарамi хадзiў толькi вецер, таксама пустэльны, якi не наганяў нават асеннiх воблакаў.

Толькi адна кошка з кацянятамi валаклася з прыстанi ўгору.

IX

I ўсё-такi Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымi дзвярыма i рэзка адчынiла iх, шырока расхiнуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.

Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзiць, калi ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзiць да яго. I няхай нiхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь iншага, напрыклад, дзеля пiражкоў з чаромхай.

I Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.

Дзверы зазвiнелi i запелi шкляным голасам.

Таня зайшла i села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалi, i на стале стаяла поўная мiска з пельменямi.

– Таня! – узрадаваўся бацька. – Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй i еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабiла сёння для цябе пельменi. Паглядзi, як Коля iх лоўка зляпiў.

"Вось як, – падумала Таня, – ён i гэта ўмее!"

Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукi Надзеi Пятроўны, што падавалi ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зiрнуць не магла.

Яна сядзела, нiзка схiлiўшыся над сталом.

Коля таксама сядзеў на сваiм месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчылiся ад усмешкi.

– Тата, – сказаў ён, – навошта ты сказаў Танi, што я зляпiў гэтыя пельменi? Яна iх не будзе есцi.

– Хiба вы сварылiся, дзецi? – запытаў з трывогай бацька.

– Што ты, тата! – адказаў Коля. – Мы нiколi не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павiнны быць сябрамi.

– Але, – сказаў бацька.

А Коля, перагнуўшыся праз стол да Танi, прагаварыў шэптам:

– Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?

Таня адказала яму ўголас:

– Я зусiм не прыйшла абедаць. Я не хачу есцi. Не, не, я зусiм не хачу есцi! – гучна паўтарыла яна бацьку i яго жонцы, якiя разам загаварылi з ёй.

– Як жа гэта ты не хочаш есцi? – разгублена запытаўся бацька яшчэ раз. – А пельменi?

– Дзякуй, я паабедала з мамай.

– Не прасi яе, тата, у трэцi раз, – сказаў насмешлiва Коля, – яна ўсё роўна не будзе есцi.

– Шкада, – пашкадаваў бацька, – не хоча – дык не будзе. А дарма: пельменi такiя смачныя!

Вядома, яны былi смачнымi, гэтыя кавалачкi празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якiя гэтыя недарэкi палiваюць воцатам. Хто ж палiвае iх воцатам – неразумныя людзi! Iх ядуць з малаком, i пасыпаюць зверху перцам, i глытаюць, як чароўны агонь, якi iмгненна ажыўляе кроў.

Думкi Танi праносiлiся ў галаве як маленькiя вiхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылi пельменi. I галава яе цiха круцiлася, таму што дома яна не пад'ела i таму што ў яе былi здаровыя плечы, моцныя рукi i дужыя ногi, i толькi сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. I вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, i нiчога не бачыць, нiчога не чуе, акрамя стуку сваёй крывi. Можа, вучоная спрэчка супакоiць яе?

– Тата, – сказала раптам Таня, – а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусiм не прызнае заалогii.

– Што такое? Не разумею, – спытаў бацька.

Коля перастаў есцi. Ён выцер губы i правёў рукой па сваiм здзiўленым твары. Ён нiколi не гаварыў так. Аднак здзiўленне яго хутка знiкла, як толькi ён успомнiў, што яшчэ ранiцай рашыў не здзiўляцца, што б нi было – нi таму, што зробiць, нi таму, што скажа Таня.

I праз момант ён зноў спакойна i нерухома глядзеў на Таню чыстымi вачыма, у якiх, нiбы з глыбокага дна, падымалася цiхая ўсмешка.

– Так, не прызнаю, – сказаў ён. – Што гэта за навука: у кошкi чатыры нагi i хвост.

Лоб i шчокi Танi пачырванелi. Яна добра ведала, пра якую кошку ён гаворыць.

– А што ты любiш? – спытала яна.

– Матэматыку люблю... Калi дзве акружнасцi маюць агульную кропку, то... Лiтаратуру люблю, – дадаў ён, – гэта навука пяшчотная.

– Пяшчотная, – паўтарыла Таня.

I хаця душа яе была схiльна да мастацтва i сама яна любiла i Дзiкенса i Вальтэра Скота i яшчэ болей любiла Крылова i Гогаля, аднак з пагардай сказала:

– А што гэта за навука: "Асёл убачыў салаўя"?

Так размаўлялi яны, не смеючыся з уласных жартаў, з вачыма, поўнымi пагарды адзiн да аднаго, пакуль бацька, якi не мог зразумець iх спрэчкi, не сказаў:

– Дзецi, не гаварыце глупства, я вас перастаю разумець.

А Танiна галава круцiлася, моцна стукала ў вушах. Яна хацела есцi. Голад мучыў яе. Ён разрываў ёй грудзi i мозг i пранiкаў, здавалася, у кожную кроплю крывi. Яна закрыла вочы, каб не бачыць ежы. Калi ж яна адкрыла iх, то ўбачыла, што са стала ўжо прыбiраюць. Прыбралi мiску з пельменямi, прыбралi хлеб i соль у шкляной сальнiцы. Толькi яе талерка ўсё яшчэ стаяла на месцы. Але i па яе пацягнулася ўжо Надзея Пятроўна. Таня мiжволi прытрымала талерку рукой i тут жа пракляла сваю руку.

– Ты што? – спытала Надзея Пятроўна. – Можа, пакiнуць пельменi табе?

– Не, не, я толькi хацела даць сабаку некалькi штук. Можна?

– Зрабi ласку, – сказаў бацька, – аддай хоць усю талерку, гэта ж усё тваё.

Таня, пачапiўшы на вiдэлец некалькi халодных пельменяў, выйшла на ганак. I тут, прысеўшы на кукiшкi перад старым сабакам, яна з'ела iх адзiн за адным, амываючы слязьмi кожны.

Сабака, нiчога не разумеючы, гучна брахаў. I гэты гучны брэх перашкодзiў Танi пачуць крокi за спiной.

Бацькавы рукi раптам леглi ёй на плечы. Якiм пiльным позiркам паглядзеў ён ёй у вочы i на яе вейкi! Не, яна i не плакала зусiм.

– Я ўсё бачыў праз гэтыя шкляныя дзверы, – сказаў ён. – Што з табой, родная Таня? Якое ў цябе гора?

Ён падняў яе над зямлёй i патрымаў так, быццам уласнымi рукамi хацелася яму ўзважыць, наколькi цяжкое яно, гора дачкi. Яна пацiхеньку аглядвала яго. Ён здаваўся ёй яшчэ вельмi далёкiм i вялiкiм, як тыя дрэвы ў лесе, якiя яна не магла адразу ахапiць вачыма. Яна магла толькi дакрануцца да iх кары.

I Таня лёгенька прытулiлася да бацькавага пляча.

– Скажы мне, што з табой, Таня, можа, я дапамагу. Раскажы, што цябе радуе, аб чым ты смуткуеш i пра што ты думаеш цяпер.

Але яна яму нiчога не сказала, таму што думала так:

"Ёсць у мяне мацi, i дом у мяне ёсць, i абед, i нават сабака i кошка, а вось бацькi няма".

Хiба магла яна сказаць яму гэта, седзячы ў яго на каленях. Хiба, сказаўшы яму гэта, не прымусiла б яна яго змянiцца ў твары, можа, нават пабляднець, як не бляднеў ён перад самым страшным штурмам – смелы чалавек?

Але ў той жа самы час хiба магла яна ведаць, што цяпер – i калi спiць, i калi не спiць – ён не пераставаў думаць пра яе, з пяшчотай вымаўляў яе iмя, якое раней так рэдка ўспамiнаў. Што нават у гэтую хвiлiну, трымаючы яе на каленях, ён думаў:

"Сплыло маё шчасце, не гушкаў я яе на руках".

Што магла яна ведаць?

Яна толькi прытулiлася да яго, прыпала да грудзей.

Хаця была i не вясна, а ганак вiльготны ад халодных дажджоў i целу холадна пад лёгкай вопраткай, але i ў познюю восень, у гэты час, Танi было цёпла. Яна сядзела з бацькам доўга, пакуль над дарогай у крэпасць, над пабеленым вапнай каменнем, над хатай са шклянымi дзвярыма запалiлiся яе родныя сузор'i.

X

I дрэва можна лiчыць iстотай даволi разумнай, калi яно ўсмiхаецца табе вясной, апранутае лiсцем, калi яно гаворыць табе: "Добры дзень", калi ты ранiцай прыходзiш у свой клас i сядаеш на сваё месца ля акна. I ты таксама мiжволi гаворыш яму: "Добры дзень", хаця яно стаiць за акном на заднiм двары, дзе складваюць дровы для школы. Але праз шкло добра яго вiдаць.

Яно цяпер без лiсця. Але i без лiсця яно было прыгожае. Жывыя галiны яго iмкнулiся ў неба, а кара была цёмная.

Быў гэта вяз цi ясень, альбо якое iншае дрэва, Таня не ведала, але снег, што падаў зараз, першы снег, якi нiбы п'яны валiўся на дрэва, чапляючыся за кару i сукi, не мог утрымацца на iм. Ён раставаў, ледзь дакрануўшыся да ягоных галiн.

"Значыць, i па iм iмкнецца цяпло, такое ж, як i па мне", – думала Таня i цiхенька кiвала яму.

А Коля адказваў урок. Ён стаяў ля дошкi перад Аляксандрай Iванаўнай i расказваў пра старую Iзергiль.

Яго твар быў кемлiвы. З-пад крутога лба глядзелi вясёлыя i ясныя вочы. I словы, што зляталi з яго вуснаў, былi заўсёды жывыя.

Настаўнiца з задавальненнем думала пра тое, што гэты новы хлопчык пасябруе з класам.

– А я бачыў Горкага, – сказаў ён нечакана i моцна пачырванеў, бо нiводнай кроплi пахвальбы не выносiла яго душа...

Дзецi зразумелi яго няёмкасць.

– Раскажы! – закрычалi яны.

– Вось як! – сказала i Аляксандра Iванаўна. – Вельмi цiкава! Дзе ж ты бачыў яго? Можа, ты гаварыў з iм?

– Не, я бачыў яго толькi з-за дрэў у садзе. Гэта было ў Крыме. Але я дрэнна памятаю. Мне было дзесяць гадоў, калi мы з татам прыехалi туды.

– Што ж рабiў Аляксей Максiмавiч у садзе?

– Ён распальваў каля дарожкi вогнiшча.

– Раскажы нам пра тое, што ты помнiш.

Ён памятаў нямнога.

Ён расказаў пра гарысты край на поўднi, дзе каля шэрых дарог, нагрэтых сонцам, за загарадзямi, складзенымi з каменю, цямнее шурпатае лiсце вiнаграду, а ранiцай крычаць аслы.

I дзецi слухалi яго вельмi ўважлiва.

Толькi Таня адна, здавалася, нiчога не чула. Яна ўсё глядзела ў акно, дзе першы снег падаў на голае дрэва. Яно пачынала ўжо дрыжаць.

"Вiнаград, вiнаград, – думала Таня. – А я, апроч елак i пiхтаў, нiчога не бачыла".

Яна задумалася, стараючыся ўявiць сабе не вiнаград, а хоць яблыню ў квеценi, хоць хлеб, якi расце на полi. I ўяўленне малявала ёй нябачаныя кветкi i каласы.

Настаўнiца, абапершыся на падаконнiк, ужо даўно назiрала за ёю. Гэтая дзяўчынка, якую яна любiла болей за другiх, пачынала яе непакоiць.

"Цi не думае яна пра танцулькi? Яшчэ цудоўная памяць яе не аслабла, але позiрк безуважны, i мiнулы раз па гiсторыi яна атрымала толькi "добра".

– Таня Сабанеева, ты не слухаеш на ўроках.

Таня з цяжкасцю перавяла з акна свой позiрк, якi блукаў у яе далёкiм мроi, i ўстала. Яна была яшчэ не тут, у класе. Яна нiбыта не вярнулася са сваёй нябачнай далячынi.

– Што ж ты маўчыш?

– Ён расказвае нецiкава.

– Няпраўда. Ён расказвае добра. Мы ўсе слухаем яго з прыемнасцю. Хiба ты была калi-небудзь у Крыме i бачыла Аляксея Максiмавiча? Падумай толькi жывога Горкага!

– Мой бацька мяне туды не вазiў! – сказала Таня дрыготкiм голасам.

– Тым больш, табе варта яго паслухаць.

– Я не буду яго слухаць.

– Чаму?

– Таму, што гэта не датычыцца ўрока расейскай мовы.

Бог ведае, што яна гаварыла.

Настаўнiца павольна адышлася ад акна. Яе лёгкiя, звычайна цiхiя крокi загучалi гулка па класе. Яна iшла да Танi, i позiрк яе сурова гарэў, накiраваны нерухома наперад.

Таня пакорлiва чакала.

– Перадасi пасля заняткаў бацьку, каб ён зайшоў да мяне заўтра, – сказала Аляксандра Iванаўна.

Яна строга зiрнула на Таню, на яе палаючы лоб i вусны, i здзiвiлася, як пабялелi раптам гэтыя вусны, якiя толькi што вымавiлi такiя дзёрзкiя словы.

– Я перадам мацi, яна прыйдзе, – цiха сказала Таня.

Настаўнiца марудзiла. Яна ўсё думала: "Што з ёю робiцца? – i не знаходзiла поўнага адказу ў Танiных словах. – Можа, гэты хлопчык хвалюе яе?"

Яна вырашыла схадзiць да яе дадому. Рука яе паднялася i кранулася пальцаў Танi.

– Ты не ашукаеш мяне сваёй дзёрзкасцю. Няхай нiхто не прыходзiць. Я дарую табе ў гэты раз. Але ведай: ты паводзiла сябе зараз не як пiянерка. Ты думаеш не тое, што гаворыш. А раней ты заўжды была справядлiвая. I што з табой – мне незразумела.

Яна, усё яшчэ засмучаная, пайшла да сваёй кафедры. Усе сядзелi нерухома i маўчалi. Толькi дзяўчынка Жэня павярнулася назад так хутка, што ледзь не звiхнула сваю тоўстую шыю.

– Таня проста закахалася ў яго, – сказала яна шэптам Фiльку.

Ён пiхнуў яе нагой.

Ну што рабiць, калi гэтая балбатуха была такая дурная, што ў яе галаве з кучаравымi валасамi не было анiякай фантазii!

А Таня ўсё стаяла, трымаючыся рукамi за парту. Пальцы яе знясiлена дрыжалi. Яна магла б упасцi, калi б воля яе маўчала, як маўчаў яе скаваны язык.

– Чаго ж ты стаiш? – сказала Аляксандра Iванаўна.

– Дазвольце мне сесцi за iншую парту.

– Навошта? Хiба з Жэняй табе нязручна сядзець?

– Не, зручна, – сказала Таня, – але гэтае дрэва за акном адцягвае маю ўвагу.

– Садзiся. Якая ты аднак дзiўная!

I Таня села за апошнюю парту, дзе нiкога не было, апроч яе.

– Сядай i ты, Коля, – сказала настаўнiца.

Яна зусiм забылася на яго, занятая думкамi пра Таню. Але i цяпер, калi яна ўспомнiла, ён не крануўся з месца.

Ён стаяў, крыху падаўшыся наперад, нiбыта перад iм была не гладкая падлога, а крутая сцежка на гару; твар яго быў чырвоны, а позiрк прыжмураны.

– Добра, Коля, – сказала настаўнiца, – сядай. Я стаўлю табе "выдатна".

– Дазвольце мне сесцi на месца Сабанеевай Танi?

– Ды што гэта з вамi?

Але дазволiла.

Ён сеў на лаўку побач з дзяўчынкай Жэняй з-за адной толькi ўпартасцi.

Таня засталася адна. Яна глядзела ў акно, сапраўды спадзеючыся не бачыць дрэва.

Але i адсюль яно было вiдно. Першы снег накрыў яго галiны. Ён больш не раставаў. Першы снег кружыўся над яго галавой, што знiкала ў туманным небе.

XI

"Калi чалавек застаецца адзiн, ён рызыкуе трапiць на дрэнную дарогу", падумаў Фiлька, застаўшыся ў адзiноце на пустыннай вулiцы, па якой звычайна вяртаўся разам з Таняй са школы.

Цэлую гадзiну чакаў ён яе, стоячы на рагу каля латка кiтайца. Цi лiпучкi з салодкага цеста, што кучай ляжалi на латку, цi сам кiтаец у драўляных чаравiках заняў увагу Фiлькi, але толькi цяпер ён быў адзiн, i Таня пайшла адна, i гэта было аднолькава дрэнна для абаiх.

У тайзе Фiлька б ведаў, што рабiць. А тут, у горадзе, яго могуць прыняць за паляўнiчага сабаку i пасмяюцца з яго.

I, падумаўшы пра гэта, Фiлька прыйшоў да горкага вываду, што ён ведаў шмат чаго, што ў горадзе было яму не патрэбна.

Ён ведаў, напрыклад, як каля ручая ў лесе высачыць собаля па парошы, ведаў, што калi да ранiцы хлеб змерзне ў клецi, то можна ехаць у госцi на сабаках – лёд вытрымае нарту, i што калi вецер дзьме з Чорнай касы, а месяц стаiць круглы, то будзе буран.

Але тут, у горадзе, нiхто не глядзеў на месяц; цi моцны лёд на рацэ, даведвалiся проста з газеты, а перад буранам вывешвалi сцяг на каланчы альбо стралялi з гарматы.

Што датычыць самога Фiлькi, то яго прымушалi тут не высочваць звера па снезе, а рашаць задачы i знаходзiць у кнiзе дзейнiк i выказнiк, чыiх слядоў не знайшоў бы самы лепшы паляўнiчы ў стойбiшчы.

Але няхай Фiльку лiчаць сабакам, каму гэтага хочацца, i няхай смяюцца з яго, але ў гэты раз ён зробiць па-свойму.

I Фiлька сеў на кукiшкi пасярод вулiцы i праверыў усе сляды, якiя былi на снезе.

Добра, што гэта быў першы снег, i выпаў ён нядаўна, i што па гэтай вулiцы амаль нiхто не хадзiў.

Фiлька падняўся i пайшоў, не адрываючы вачэй ад зямлi. Ён пазнаў iх усiх, хто тут быў, нiбыта прайшлi яны ў яго перад вачыма. Вось адзiнокiя Танiны сляды ля самага плота – яна iшла адна паперадзе, ступаючы асцярожна, каб не вельмi таптаць нагамi гэты слабы снег. Вось сляды Жэнi ў галёшах i Колi – яго крок нешырокi, але ўпартасць надае яму адзнаку цвёрдасцi.

Але як дзiўна яны сябе паводзiлi! Паварочвалi, падпiльноўвалi Таню i зноў даганялi яе. Было падобна на тое, што яны смяялiся з яе. А яна ўсё iшла, iшла наперад, i неспакойна было ў яе на сэрцы. Хiба такiя сляды пакiдае яна на Фiлькавым двары цi на пяску ля ракi, куды ўдваiх яны ходзяць на акунёў?

Але ж куды яна знiкла?

Танiны сляды канчалiся раптоўна на месцы, дзе не было нi ганка, нi брамкi ў плоце. Яна, як ластаўка, паднялася проста ў паветра. А можа, гэта само паветра, цёмнае ад першага снегу, падхапiла яе ўгору, як лiст, i круцiць цяпер у воблаках i калыша? Не магла ж яна, на самай справе, пераскочыць праз такi высокi плот!

Фiлька пастаяў секунду, потым рушыў далей па слядах Жэнi i Колi – яны iшлi спачатку побач, а на рагу разыходзiлiся ў розныя бакi, не вельмi задаволеныя адно адным.

"Яны пасварылiся", – падумаў Фiлька i павярнуў назад, смеючыся.

Ля плота ён зноў пастаяў у роздуме над слядамi Танi i падняў руку ўгору.

"Так, на краi плота ёсць выступ, за якi можна зачапiцца рукой. I ў Танi дужыя ногi, – сказаў сабе Фiлька. – Але ў мяне павiнны быць удвая дужэй. Iнакш няхай мяне фiзкультурнiк наш закапае ў зямлю жывым".

I Фiлька, перакiнуўшы сумку з кнiгамi, падскочыў так высока, што старая, праходзячы мiма, назвала яго "нячысцiкам".

Але Фiлька ўжо не чуў таго. Ён быў за плотам i iшоў па чужым гародзе далей, побач са слядамi Танi.

У канцы гарода ён пераскочыў яшчэ праз адзiн плот, ужо не такi высокi, i выйшаў да гаю, якi быў блiзка ля дома. Тут абагнуў ён кусты невысокай калiны, што губляла ягады ў снег, i глянуў на гай. Увесь белы ад шаўковых каменных бярозак i маладога снегу, ён здаўся яму выдумкай, якая нiколi i не снiлася яму, выгадаванаму ў лесе. Кожная галiна бачылася рэзка, нiбы акрэсленая крэйдай, ствалы нiбы дымiлiся, светлыя iскры прабягалi па iх кары. I ў гэтым сярэбраным гаi, сярод нерухомых дрэў нерухома стаяла Таня i плакала. Яна не чула нi ягоных крокаў, нi шуму рассунутых галiн.

Фiлька адышоўся за кусты i пасядзеў нядоўга на снезе. Потым цiхенька адпоўз i нячутна пакрочыў назад.

"Калi чалавек застаецца адзiн, – зноў падумаў Фiлька, – то ён, вядома, можа трапiць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, i скакаць праз плот, i, як лiса, назiраць з-за кустоў за iншымi. Але калi чалавек плача ў адзiноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача".

I Фiлька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак i падышоў да варот Танi. Ён адчынiў брамку i зайшоў у яе дом смела, як нiколi не заходзiў.

Старая спытала, што яму трэба.

Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць мацi Танi i сказаць ёй, што ў школе сёння гурток i Таня запознiцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела мацi. Ён прыадчынiў дзверы i зноў хутка зачынiў iх. У пакоi на чырвонай канапцы побач з мацi сядзела Аляксандра Iванаўна.

Абняўшы мацi Танi, яна гаварыла ёй нешта, i абедзве трымалi ў руках маленькiя белыя хусткi, якiя яны зрэдку падносiлi да вачэй.

Няўжо i яны гаравалi аб нечым?

Фiлька падаўся назад, не рыпнуўшы нiводнай палавiцай. Ён выйшаў на ганак i хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многiя рэчы, якiя ў горадзе яму не былi патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбiню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапацiць лямцам, таму што птушкi цягаюць яго на гнёзды. Але калi людзi не смяюцца, а плачуць удваiх, ён не ведаў, што ў такiм выпадку рабiць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваiмi сабакамi, таму што настала зiма, i хутка лёд падымецца над вадой i ад месяца стане зялёным, як медзь.

XII

Снег падаў амаль да самых вакацый; пераставаў i падаў зноў i засыпаў увесь гарадок. У дамах стала цяжка адчыняць аканiцы. На тратуарах капалi траншэi. Дарога ўзнялася высока. А снег усё падаў, авалодваючы i ракой, i гарамi, i толькi ў адным месцы на школьным двары, дзе пастаянна тапталi яго дзiцячыя ногi, ён нiчога не мог зрабiць. Тут, утаптаны да зямлi, ён стаў тугiм i гладкiм, i можна было з яго ляпiць усё, што захочаш.

Вось ужо некалькi дзён запар на кожным вялiкiм перапынку Таня лепiць са снегу фiгуру вартавога.

Сёння яна скончыла яе. Хлопчыкi, што дапамагалi ёй, аднеслi да плота лесвiцу, адставiлi вядро з вадой. I Таня адышлася ўбок, каб паглядзець на сваю працу.

Гэта быў вартавы ў шлеме, з плячыма шырокiмi, як у бацькi, i з яго паставай. Нiбы на краi свету стаяў ён, абапiраючыся на ружжо i глядзячы ўдалячынь, а перад iм рассцiлалася цёмнае мора. Вядома, нiякага мора не было. Але такое моцнае было ўражанне, што дзецi ў першую хвiлiну маўчалi. Потым хлопчыкi, старэйшыя за Таню, непрыкметна абкружылi яе i з воклiчамi паднялi ўгору.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю