355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Рувим Фраерман » Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне » Текст книги (страница 4)
Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 05:52

Текст книги "Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне"


Автор книги: Рувим Фраерман


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)

Дзяўчынкi, якiх нiхто не чапаў, завiшчалi. А Таня нават не ўскрыкнула. Яна толькi сумелася, што на самай справе вартавы атрымаўся цудоўна. А яна i не ведала, як гэта зрабiць. Яна толькi схапiла сваю думку i моцна трымала яе, не выпускаючы са сваiх пальцаў да тае пары, пакуль не зрабiла штык да вiнтоўкi, пакрыўшы яго блiскучым iльдом. I цяпер пальцы яе балелi ад вады i снегу, i яна грэла iх, засунуўшы ў рот.

Коля стаяў убаку, не падыходзячы да Танi.

Аляксандра Iванаўна, зацiкаўленая крыкамi дзяцей, таксама выйшла на двор i пастаяла без футра ля снежнага вартавога. Яна была здзiўлена яго прыгажосцю.

Тонкiя варсiнкi на чорнай сукенцы настаўнiцы пакрылiся шэранню, гранатавая зорачка затуманiлася на яе грудзях, а яна ўсё стаяла, думаючы пра сваё маленства.

I яны таксама калiсьцi ляпiлi фiгуры з снегу. Адну яна запамятала добра. Гэта быў снегавiк у кутку на двары. Уначы, калi двор i цагляны мур залiваў месяц, на яго было страшна глядзець, на круглую распухлую галаву з чорным вугалем замест рота. I аднойчы, зiрнуўшы на снегавiка вечарам з акна, яна спалохалася i заплакала. Нiхто не ведаў, чаго яна плача. А яна не магла заснуць. Усю ноч у месячным святле мроiўся ёй гэты снегавiк, падобны на прывiд невядомых падземных iстот.

I цяпер, праз дваццаць гадоў, настаўнiца азiрнулася: цi няма i тут гэтага страшэннага снегавiка. Не, яна не ўбачыла яго. Тут былi i iншыя фiгуры, зробленыя не так па-майстэрску, як вартавы, але ўсё гэта былi воiны, героi, быў нават волат на канi – фантазiя наiўная i ўзнёслая насялiла ўсе куткi двара.

– Гэта ты зляпiла вартавога? – спытала яна ў Танi.

Таня кiўнула галавой i выняла пальцы з рота.

– Вам холадна, Аляксандра Iванаўна, – сказала яна, – ваша зорачка зусiм пацямнела. Можна мне яе пакратаць?

I Таня, працягнуўшы руку, пацерла зорачку пальцам, i зорачка зноў заблiшчала на гранях.

– Хочаш, я табе падару яе за тое, што ты так добра вылепiла вартавога? спытала настаўнiца.

Таня спалохана спынiла яе:

– Не трэба! Не рабiце гэтага, Аляксандра Iванаўна. Мы помнiм вас усе з гэтай зорачкай. Не трэба адбiраць яе ў другiх.

Таня пабегла да варот, дзе стаяў Фiлька i клiкаў яе да сябе рукой.

А настаўнiца, не спяшаючыся, пайшла да ганка i, пакуль iшла, увесь час думала пра Таню. Як часта яна заўважае ў апошнi час дзяўчынку сумнай i безуважнай, i ўсё-такi кожны яе рух поўны хараства. Можа, сапраўды, каханне кранула сваiм цiхiм дыханнем яе твар?

"Гэта зусiм не страшна, – думала з усмешкай настаўнiца. – Але што гэта яна жуе так старанна? Няўжо зноў яны здабылi ў кiтайца гэту агiдную серу? Так яно i ёсць! Любоў, о мiлая любоў, якую яшчэ можна ўлагодзiць серай!"

Настаўнiца засмяялася цiхенька i пайшла прэч ад дзяцей.

Сапраўды, Фiлька здабыў у кiтайца цэлы кавалак пiхтавай смалы i цяпер ахвотна раздаваў яе ўсiм. Ён даў тым, хто стаяў ад яго направа, i тым, хто стаяў налева, i толькi Жэнi не даў нiчога.

– Чаму ж ты мне не даеш серы? – крыкнула яму Жэня.

– Фiлька, не давай дзяўчатам серы, – сказалi хлопчыкi са смехам, хаця яны ведалi добра, якая шчодрая ў яго рука.

– Чаму ж не даць? – адказаў iм Фiлька. – Я дам ёй самы вялiкi кавалак. Хай падыдзе да мяне.

Жэня падышла.

Фiлька дастаў з кiшэнi маленькi папяровы пакунак i асцярожна паклаў ёй у руку.

– Ты багата мне даеш, – са здзiўленнем сказала Жэня.

Яна разгарнула паперку.

Маленькае, нядаўна народжанае мышаня дрыжучы сядзела ў яе на руцэ. Жэня з крыкам кiнула яго на зямлю, а дзяўчынкi, што стаялi паблiзу, разбеглiся.

Мышаня сядзела на снезе i дрыжала.

– Што вы робiце? – сярдзiта сказала Таня. – Яно ж змерзне!

Яна нахiлiлася i, падняўшы мышаня, падзьмухала на яго, абагрэла сваiм цёплым дыханнем i сунула яго да сябе пад футру за пазуху.

Да натоўпу падышоў чалавек, якога нiхто ў гэтым горадзе раней не бачыў. Ён быў у сiбiрскай шапцы з лiсiнага футра i ў дарожным кажушку. Ногi ж ягоныя былi абуты дрэнна. I гэта заўважылi ўсе.

– Нехта прыехаў сюды, – сказаў Фiлька, – не тутэйшы.

– Не тутэйшы, – пацвердзiлi астатнiя.

Усе глядзелi на яго, пакуль ён падыходзiў. А маленькая дзяўчынка са спрытнымi нагамi нават схапiла яго за кажух.

– Дзядзька, вы iнспектар? – спытала яна.

Ён падышоў да натоўпу, дзе стаяла Таня, i сказаў:

– Скажыце, дзецi, як трапiць да дырэктара?

Усе падалiся назад. Гэта мог быць на самай справе iнспектар.

– Чаму ж вы маўчыце? – спытаўся ён i звярнуўся да Танi: – Праводзь мяне ты, дзяўчынка.

Таня азiрнулася, мяркуючы, што ён гаворыць каму-небудзь iншаму.

– Не, ты, дзяўчынка, ты, з шэрымi вачыма, у якой мышаня.

Таня паглядзела на яго, шырока раскрыўшы вочы i гучна жуючы сваю серу. З-за пляча яе пазiрала мышаня, што прыгрэлася пад каўняром яе футра.

Чалавек усмiхнуўся яму.

I тады Таня выплюнула серу i пайшла да ганка.

– Хто гэта? – запытаўся Коля.

– Гэта, вiдаць, iнспектар з Уладзiвастока, – адказалi яму.

А Фiлька раптам выгукнуў спалохана:

– Гэта герой, даю слова! Я бачыў на ягоных грудзях ордэн.

XIII

А мiж iншым гэта быў пiсьменнiк. Хто яго ведае, чаму ён прыехаў у гэты горад зiмой без валёнак, у адных толькi ботах. Дый боты яго былi не з каровiнай скуры, прашытай, як у старацеляў, жылкамi, а са звычайнага шэрага брызенту, якi ўжо нiяк не мог сагрэць ногi. Праўда, на iм было i доўгае цёплае футра, i шапка з рыжай лiсы. У гэтым футры i шапцы яго бачылi i ў клубе ў пагранiчнiкаў. Казалi, нiбыта ён нарадзiўся ў гэтым горадзе i нават вучыўся ў гэтай самай школе, куды сёння прыйшоў.

Можа, захацелася яму ўспомнiць сваё дзяцiнства, калi рос ён тут хлапчуком, i няхай халодны, а ўсё ж родны вецер дзьмуў у ягоны твар, i знаёмы снег клаўся яму на вейкi. Цi, можа быць, захацелася яму паглядзець, як новыя парасткi шумяць цяпер на беразе яго ракi. А можа, засумаваў ён са сваёй славай у Маскве i рашыў адпачыць, як тыя вялiкiя зоркiя птушкi, што цэлы дзень лунаюць высока над лiманам i потым апускаюцца на нiзкiя ялiны, каб адпачыць тут у цiшынi.

Але Таня думала не так.

Хай сабе гэта не Горкi, думала яна, няхай гэта iншы, але затое ён прыехаў сюды, да яе дадому, у яе далёкi край, каб i яна магла паглядзець на яго сваiмi вачыма, а можа, нават i дакрануцца да ягонага футра рукой.

У яго былi сiвыя валасы на скронях, хаця ён быў не стары, i тонкi голас, якi ўразiў яе.

Яна толькi баялася, каб ён не спытаў яе, цi любiць яна Лушкiна i цi падабаюцца ёй яго ўласныя кнiгi.

Але ён нi пра што не запытаўся. Ён толькi сказаў:

– Дзякуй табе, дзяўчынка. Што ты будзеш рабiць з мышаняткам?

I хаця многiя чулi, што пiсьменнiк нiчога асаблiвага не сказаў, але клопатаў праз яго было ўсiм нямала.

Як добра бывала раней, калi раз у дзесяць дзён Аляксандра Iванаўна па вечарах, пасля заняткаў, займалася з лiтаратурным гуртком.

Яны сядалi за доўгi стол у пiянерскiм пакоi, а Аляксандра Iванаўна сядала ў крэсла. Яна рабiлася нiбыта зусiм iншай, чым у класе, нiбы з далёкага падарожжа прыплывала да iх на нябачным караблi. Яна клала падбародак на свае пераплеценыя пальцы i пачынала раптам чытаць:

Когда волнуется желтеющая нива

И свежий лес шумит при звуке ветерка...

Затым падумае крыху i скажа:

– Не, не гэта хацела я вам сёння прачытаць. Лепш паслухайце вось што:

И он к устам моим приник

И вырвал грешный мой язык.

И празднословный, и лукавый,

И...

Ах, дзецi, я так хачу, каб вы зразумелi, якiм цудоўным бывае паэтава слова, якiм чароўным сэнсам напоўнена яно!

А Фiлька нiчога не разумеў i гатовы быў без жалю вырваць свой язык, якi толькi i рабiў, што калацiўся без толку аб зубы, дапамагаючы яму жаваць усё, што нi трапляла ў рот, а нiводнага такога верша скласцi не мог. Але затое ён выдатна гаварыў, як кiтаец, што стаяў на рагу з лiпучкамi.

"I мала-мала ёсць, – гаварыў ён, – i худа ёсць, i шыбка харошо".

Усе смяялiся з яго.

Потым Жэня чытала вершы пра пагранiчнiкаў, а Таня – апавяданнi. Коля ж заўсёды ўсё крытыкаваў раўнадушна, жорстка i сам нiчога не пiсаў – ён баяўся напiсаць дрэнна.

Але зусiм нядаўна, некалькi дзён назад, Таня прачытала iм сваё апавяданне пра маленькае мышаня, якое пасялiлася ў рукаве старога футра. Яно жыло там доўга. Але аднойчы футра вынеслi з кладоўкi на мароз, i ўпершыню мышаня пабачыла снег. "I як толькi людзям не сорамна таптаць яго, – падумала мышаня, – гэта ж цукар!" – i выскачыла з рукава. Беднае мышаня! Як яно цяпер будзе жыць?

У гэты раз Коля не сказаў нiчога благога. Яго маўчанне Таня прыняла за пахвалу i цэлы дзень i ўсю ноч, нават у сне, адчувала шчасце. А ранiцай парвала апавяданне i выкiнула.

"Няўжо, – думала яна, – нават не пахвала, а маўчанне гэтага дзёрзкага хлопчыка можа зрабiць мяне шчаслiвай?"

Але сёння на занятках было зусiм iнакш.

Дзiўныя турботы апанавалi iх. Дзе дастаць кветак, каб падарыць iх увечары пiсьменнiку? Дзе ўзяць iх зiмой, пад снегам, калi нават звычайны хвошч на балоце, калi нават апошняя траўка ў лесе не засталася жывой?

Усе думалi пра гэта. Таня думала, але нiчога не магла прыдумаць – у яе болей не было кветак.

Тады таўсташчокая Жэня сказала (яна заўжды гаварыла карысныя рэчы):

– У нас дома, у гаршках, расцвiлi царскiя кучары.

– I ў нас, – разам сказалi дзяўчынкi, – зацвiлi кiтайскiя ружы i фуксii.

– У нас... – сказаў Фiлька i ў той жа момант змоўк, таму што яго гаспадыня не трымала кветак у хаце. Яна трымала свiнню, якую яго сабакi, чаго б гэта нi каштавала, хацелi разарваць на кавалкi.

Такiм чынам, назбiралi шмат кветак. Але хто ж аддасць iх яму? Хто пры ўсiх, у вялiкай школьнай зале, дзе будуць ярка гарэць сорак лямпаў, падымецца на драўляную сцэну, i пацiсне пiсьменнiку руку, i скажа: "Ад iмя ўсiх пiянераў..."

– Няхай гэта зробiць Таня! – выгукнуў Фiлька мацней за iншых.

– Хай Жэня, – сказалi дзяўчынкi. – Гэта ж яна прыдумала, як сабраць кветкi.

I хаця яны мелi рацыю, але ўсё ж хлопчыкi спрачалiся з iмi. Толькi Коля маўчаў.

I ўсё ж калi абралi Таню, а не Жэню, ён прыкрыў вочы рукой. I нiхто не зразумеў, што ён гэтым хацеў сказаць.

– Значыць, – сказала Аляксандра Iванаўна, – ты ўзыдзеш на трыбуну, Таня, падыдзеш да госця, пацiснеш яму руку i потым падасi кветкi. Ты скажаш яму тое, што мы тут вырашылi. Памяць у цябе добрая, больш я цябе вучыць не буду. Да пачатку засталося нямнога. Вазьмi кветкi.

I Таня выйшла, трымаючы кветкi ў руках.

"Вось яна справядлiвасць! Вось сапраўдная ўзнагарода за мае ўсе крыўды! думала Таня, прыцiскаючы да сябе кветкi. – Не хто iншы, а я пацiсну вядомаму пiсьменнiку руку, i аддам кветкi, i буду глядзець на яго, колькi захачу. I калi-небудзь потым, як пройдзе многа-многа часу – гадоў так праз пяць, – i я змагу сказаць сябрам, што пабачыла штосьцi на свеце".

Яна ўсмiхалася ўсiм, хто падыходзiў да яе блiзка. Яна ўсмiхалася i Жэнi, не заўважаючы яе злосных позiркаў.

– Дзiўна, чаму ўсё-такi выбралi Таню Сабанееву, – сказала Жэня сябрам. – Я не гавару пра сябе – я не ганарлiвая i мне гэта зусiм не трэба, – але лепш было б выбраць Колю. Ён разумнейшы за яе. А зрэшты, хлопчыкаў лёгка зразумець. Яны выбралi яе таму, што ў яе прыгожыя вочы. Нават пiсьменнiк штосьцi сказаў пра iх.

– Ён назваў iх толькi шэрымi, – сказаў Коля, смеючыся. – Але ты, Жэня, сказала праўду. Яны прыгожыя. I ты, вiдаць, хацела б, каб у цябе былi такiя вочы?

– Чаго-чаго, а гэтага не! – сказала Жэня.

Таня болей не слухала. I кветкi, што трымала яна ў руках, здалiся ёй цяжкiмi, як каменнымi. Яна кiнулася бегчы мiма класаў, мiма вялiкай залы, дзе, рассаджваючыся, грымелi крэсламi.

Яна збегла па лесвiцы i ў пустой цьмянай раздзявальнi спынiлася, задыхаючыся. Яна яшчэ не ведала ўсяго красамоўства зайздрасцi, яна была такая слабая.

"Цi магчыма, каб яна так гаварыла пра мяне? Гэта ж было б недастойна мяне, пiянеркi. Няхай шчасце не ўсмiхаецца мне. Цi не лепш зусiм адмовiцца, чым слухаць такiя словы?"

Ногi не трымалi яе.

"Не, гэта ўсё няпраўда! – сказала яна сабе. – Усё гэта глупства".

А ўсё-такi ёй захацелася пабачыць свае вочы. У раздзявальнi, дзе, нiбыта на лясной прагалiне, заўсёды панавала змрочнае святло, было цiха ў гэтую гадзiну. Вялiкае старое люстра, нахiленае злёгку наперад, стаяла ля белай сцяны. Яго чорная лакiраваная падстаўка заўсёды ўздрыгвала ад крокаў школьнiкаў, калi яны прабягалi мiма. I тады люстра таксама рухалася. Нiбы светлае воблака, праплывала яно наперад, адлюстроўваючы мноства дзiцячых твараў.

Але зараз яно стаяла нерухома. На падстаўцы стаялi чарнiлiцы, толькi што вымытыя вартаўнiком. I чарнiла стаяла тут жа на высокай падстаўцы ў простай бутэльцы, i ў высокай чвэрцi з этыкеткай, i яшчэ ў вялiзнай шкляной пасудзiне. Як многа чарнiла! Няўжо яго трэба аж столькi, каб ёй, Танi, зачэрпнуць кроплю на кончык свайго пяра?

Асцярожна абышоўшы бутэльку, што стаяла на падлозе, Таня падышла да люстра. Яна азiрнулася – вартаўнiка не было бачна – i, паклаўшы на падлюстэрнiк локцi, наблiзiла свой твар да шкла. З глыбiнi яго, больш светлай, чым навакольны змрок, глядзелi на Таню шэрыя, як у мацi, вочы. Яны былi адкрытыя, роўны бляск пакрываў iх паверхню, а ўглыбiнi хадзiлi лёгкiя ценi, i здавалася, што ў iх не было дна.

Так стаяла яна некалькi секунд, здзiўленая, як лясны звярок, што ўпершыню пабачыў сваё адлюстраванне. Потым цяжка ўздыхнула:

– Не, якiя ж гэта вочы!

З пачуццём жалю Таня адсунулася назад i распрамiлася.

I адразу ж, нiбы паўтараючы яе рух, хiснулася на падстаўцы люстра, вяртаючы Танi яе вочы. А бутэлька з чарнiлам раптам нахiлiлася наперад i пакацiлася, зазвiнеўшы аб пустыя чарнiлiцы.

Таня хутка працягнула руку. Але, як жывая iстота, бутэлька вывернулася i пакацiлася далей. Таня хацела злавiць яе на ляту, нават дакранулася пальцамi. Але бутэлька коўзалася, выкручвалася, як спрут, выкiдваючы чорную вадкасць. Яна звалiлася на падлогу нават не вельмi звонка, хутчэй з гукам глiны, што абрываецца з берага ў ваду.

З Таняй здарылася тое, што хоць раз у жыццi здараецца з кожнай дзяўчынкай, – яна разлiвае чарнiла.

– Вось гора! – усклiкнула Таня.

Яна адскочыла, падняўшы левую руку, у якой увесь час трымала кветкi. Усё ж некалькi чорных кропель блiшчала на кволых пялёстках кiтайскiх руж. Але другая рука! Таня з адчаем круцiла ёю перад вачыма, паварочваючы далоняй то ўверх, то ўнiз. Да самага згiбу кiсцi яна была чорная i страшная.

– Цiкава!

Так блiзка ад яе быў гэты воклiч, што ёй падалося, нiбы яна сама сказала гэтае слова. Яна хутка ўскiнула галаву. Перад ёй стаяў Коля i таксама пазiраў на яе руку.

– Цiкава, – паўтарыў ён, – як ты цяпер пацiснеш пiсьменнiку руку. Дарэчы, ён ужо тут i сядзiць зараз у настаўнiцкай. Усе сабралiся. Аляксандра Iванаўна паслала мяне па цябе.

Секунду Таня стаяла нерухома, i ў вачах яе, якiя толькi што глядзелi ў люстру з цiкавасцю, цяпер была пакута.

Проста дзiва, як ёй не шанцуе!

Яна падала яму кветкi. Яна хацела сказаць: "Вазьмi ў мяне i гэта. Няхай iх паднясе Жэня. У яе ж таксама добрая памяць".

I ён забраў бы гэтыя кветкi i, напэўна, разам з Жэняй пасмяяўся б з яе.

Таня жвава адвярнулася ад Колi i памчалася далей памiж радоў дзiцячых футраў, што суправаджалi яе, нiбы строй нерухомых сведак. Ва ўмывальнiку яна знайшла ваду. Яна вылiла яе ўсю да апошняй кроплi.

Яна церла руку пяском, але рука заставалася чорнай.

"Усё роўна ён скажа! Ён раскажа Аляксандры Iванаўне. Ён скажа Жэнi i ўсiм".

Значыць, яна не выйдзе сёння на сцэну, не падорыць кветак i не пацiсне пiсьменнiку руку.

Проста дзiва, як не шанцуе ёй з кветкамi, якiя яна так любiць! То аддае iх хвораму хлопчыку, а той аказваецца Колем, i зусiм iх не трэба было яму аддаваць, хаця гэта былi звычайныя саранкi.

I зараз – гэтыя пяшчотныя кветкi, якiя растуць толькi ў доме! Патрапiлi б яны да другой дзяўчынкi – колькi цудоўных i прыгожых гiсторый магло б з iмi здарыцца! А яна павiнна адмовiцца ад iх.

Таня страсянула з рукi кроплi вады i, не выцiраючы яе, пабрыла з раздзявальнi, не спяшаючыся нiкуды. Цяпер ужо ўсё роўна!

Яна ўзышла па прыступках, абiтых меднай палоскай па краi, i пайшла па калiдоры, заглядваючы ў вокны, каб убачыць на двары сваё дрэва, якое парой суцяшала яе. Але i яго не было. Яно расло не тут, яно расло пад iншымi вокнамi, з другога боку. А насустрач, перасякаючы ёй дарогу, iшоў па калiдоры пiсьменнiк. Яна ўбачыла яго, адарваўшыся на секунду ад акна.

Ён iшоў, таропка перастаўляючы ногi ў сваiх брызентавых ботах, без футра, у доўгай каўказскай кашулi з высокiм каўняром, перацягнутай у талii вузкай папружкай. I блiшчалi яго сярэбраныя валасы на патылiцы, блiшчаў сярэбраны пасак, i гузiкаў на яго доўгай кашулi Танi было не палiчыць.

Вось ён заверне за вугал калiдора да настаўнiцкай i знiкне назаўсёды.

– Таварыш пiсьменнiк! – крыкнула яна з адчаем.

Ён спынiўся. Ён павярнуўся кругом, як на спружыне, i пайшоў ёй насустрач, размахваючы рукамi i зморшчыўшы лоб, нiбы намагаўся загадзя ўспомнiць, што трэба гэтай дзяўчынцы, якая спынiла яго на дарозе. Цi не кветкi яна прынесла яму? Як шмат, як часта дораць яму кветкi! Ён не зiрнуў на iх нават.

– Таварыш пiсьменнiк, скажыце, вы добры?

Ён нахiлiў да яе твар.

– Не, скажыце, вы добры? – з мальбой паўтарыла Таня i павяла яго за сабой у глыбiню пустога калiдора.

– Таварыш пiсьменнiк, скажыце, вы добры? – паўтарыла яна ў трэцi раз.

Што ён мог адказаць на гэта дзяўчынцы?

– Чаго ты хочаш, дружок?

– Калi вы добры, то прашу вас, не падавайце мне рукi.

– А хiба ты зрабiла што-небудзь благое?

– Ды не, не тое! Я хацела сказаць другое. Я павiнна паднесцi вам кветкi, калi вы скончыце чытаць, i сказаць ад iмя ўсiх пiянераў дзякуй. Вы пададзiце мне руку. А як я вам падам? Са мной здарылася няшчасце. Паглядзiце.

I яна паказала сваю руку – худую, з доўгiмi пальцамi, усю выпацканую чарнiлам.

Ён сеў на падаконнiк i зарагатаў, прыцягнуўшы Таню да сябе.

Смех яго ўразiў яе яшчэ болей, чым голас, – ён быў яшчэ танчэйшы i звiнеў.

Таня думала:

"Ён, напэўна, добра спявае. Але цi зробiць ён тое, што я прашу?"

– Я зраблю так, як ты просiш, – сказаў ён ён.

Ён пайшоў, пасмейваючыся i размахваючы рукамi на свой асаблiвы манер.

Гэта была вясёлая хвiлiна ў яго доўгiм падарожжы. Яна прынесла яму задавальненне, i на сцэне ён быў таксама вясёлы. Ён сеў блiжэй да дзяцей i стаў чытаць iм, не дачакаўшыся, пакуль яны сцiхнуць. Яны перасталi. Таня, якая сядзела блiзка, увесь час слухала яго з удзячнасцю. Ён чытаў iм пра развiтанне сына з бацькам – вельмi горкае развiтанне, дзе кожны iшоў выконваць свой абавязак. I дзiўна: яго тонкi голас, якi так уразiў Таню, гучаў цяпер у яго кнiзе iнакш. У iм чулася цяпер медзь – звон трубы, на якi адгукалiся камянi, усе гукi, якiя Таня любiла болей, чым гукi струны пад ударамi пальцаў.

Вось ён скончыў. Вакол Танi крычалi i пляскалi ў далонi, яна ж не наважвалася выняць рукi з кiшэнi свайго швэдара, звязанага з грубай поўсцi. Кветкi ляжалi ў яе на каленях.

Яна глядзела на Аляксандру Iванаўну, чакаючы знаку. I вось усе сцiхлi, i ён адышоўся ад стала, закрыў сваю кнiгу, тады Аляксандра Iванаўна злёгку кiўнула Танi.

Таня ўзбегла па прыступках, не вымаючы рукi з кiшэнi. Яна наблiжалася да яго, хутка перабiраючы нагамi па дошках, потым пайшла павольней, потым спынiлася. А ён глядзеў у яе блiскучыя вочы, не рухаючыся.

"Ён забыўся, – падумала Таня. – Што будзе цяпер?"

Мароз прабег на яе скуры.

– Ад iмя ўсiх пiянераў i школьнiкаў... – сказала яна слабым голасам.

Але ён не забыўся. Ён не даў ёй скончыць: шырока раскiнуўшы рукi, падбег да яе, засланiў ад усiх i, узяўшы кветкi з яе моцна сцiснутай далонi, паклаў iх на стол. Потым абняў яе, i разам яны сышлi са сцэны ў залу. Ён нiкому не даваў да яе дакрануцца, пакуль з усiх бакоў не акружылi iх дзецi.

Маленькая дзяўчынка iшла перад iм i крычала:

– Дзядзя, вы жывы пiсьменнiк, сапраўдны цi не?

– Жывы, жывы, – гаварыў ён.

– Я нiколi не бачыла жывога. Я думала, ён зусiм не такi.

– А якi ж?

– Я думала, тоўсты.

Ён прысеў перад дзяўчынкай на кукiшкi i патануў сярод дзяцей, як у траве. Яны краталi яго рукамi, яны шумелi вакол, i нiколi самая гучная слава не спявала яму ў вушах так соладка, як гэты дзiўны крык, што аглушаў яго.

Ён на момант закрыў вочы рукой.

А Таня стаяла побач, амаль кранаючыся яго пляча. Раптам яна адчула, як нехта сiлiцца выцягнуць яе руку, схаваную глыбока ў кiшэнi. Яна ўскрыкнула i адсунулася. Гэта Коля трымаў яе руку за кiсць i цягнуў да сябе з усяе сiлы. Яна не давалася, сагнуўшы локаць, пакуль не аслабела рука. I Коля выняў яе з кiшэнi, але не падняў угору, як чакала Таня, а толькi моцна сцiснуў сваiмi рукамi.

– Таня, – сказаў ён цiха, – я так баяўся за цябе. Я думаў, што будуць з цябе смяяцца. Але ты малайчына! Не сярдуй на мяне, не сярдуй, я прашу. Мне так хочацца танцаваць з табой у школе на ёлцы.

Нi звычайнай усмешкi, нi ўпартасцi не пачула яна ў яго словах.

Ён паклаў сваю руку ёй на плячо, нiбыта вясёлы танец пачаўся зараз, i яны пачалi кружыцца.

Яна пачырванела, разгублена гледзячы на яго. Пяшчотная ўсмешка асвятлiла яе твар, напоўнiла вочы i вусны. I, нiчога не баючыся, яна таксама падняла сваю руку. Яна зусiм забылася на свае крыўды, i некалькi секунд яе перапэцканая худая рука ляжала на яго плячы.

Раптам Фiлька абняў абаiх. Ён запытальна глядзеў то на Таню, то на Колю, i бестурботны яго твар у гэты раз не выяўляў радасцi.

– Памiрылiся, значыць, – гучна сказаў ён.

Таня зняла руку з пляча Колi i апусцiла.

– Глупства ты гаворыш, Фiлька! – сказала яна, пачырванеўшы яшчэ больш. Ён толькi прасiў мяне, каб я запрасiла яго да сябе заўтра на свята. Але я не запрашаю. А наогул, няхай прыйдзе, калi яму так ужо хочацца.

– Так, так, -злёгку ўздыхнуў Фiлька, – заўтра Новы год, я памятаю – гэта тваё свята. Я прыйду да цябе з бацькам, ён прасiў мяне. Можна?

– Прыходзь, – паспешлiва сказала Таня. – Можа, у мяне не будзе сумна. Прыходзь, – сказала яна i Колю, дакрануўшыся да яго рукава.

Фiлька з сiлай працiснуўся памiж iмi, а за iм натоўп, якi iмкнуўся наперад, як шырокая рака, развёў iх.

XIV

Навагодняя ноч прыходзiла ў горад заўсёды цiхая, без завей, парой з чыстым небам, часам з тонкай iмглой, што загаралася ад кожнага мiгцення зоркi. А вышэй за гэтую iмглу, над ёй, у вялiзным на паўнеба крузе, хадзiў па сваёй дарозе месяц.

Гэтую ноч Таня любiла болей, чым самую цёплую ўлетку. Гэтай ноччу ёй дазвалялася не спаць. Гэта было яе свята. Свята ёсць свята, калi яно тваё i калi вакол цябе таксама радуюцца. А ў гэтую ноч у горадзе нiхто не спаў. Снег скiдвалi з тратуараў на дарогу i хадзiлi адзiн да аднаго ў госцi, i ўначы чулiся песнi, рыпелi крокi па снезе.

У гэты дзень мацi нiколi не працавала, i Таня, прыйшоўшы са школы, яшчэ з парога крычала:

– Стойце, без мяне пiражкоў не рабiце!

А мацi стаiць пасярод пакоя, i рукi ў яе выпацканы цестам. Яна адводзiць iх назад, як два крылы, якiя гатовы падняць яе ў паветра. Але мацi застаецца на зямлi. Яна нахiляецца да Танi, цалуе яе ў лоб i кажа ёй:

– Са святам цябе, Таня, з вакацыямi. А мы яшчэ нiчога не пачыналi рабiць, чакаем цябе.

Таня, кiнуўшы кнiгi на палiцу, спяшалася надзець сваю старэнькую ў чорных мушках сукенку. Яна ледзьве надзявала яе. Яе падрослае за год цела напаўняла яе, як вецер, што дзьме ў ветразь са спрыяльнага боку. I мацi, гледзячы на Танiны плечы, пачынала кiваць галавой:

– Вялiкая, вялiкая!

А Таня, не баючыся запэцкацца ў цесце, хапала яе ззаду за рукi i, падняўшы невысока ад зямлi, праносiла праз увесь пакой.

– Ты надарвешся! – крычала спалохана мацi.

Але мацi была лёгкая. Лягчэй вязанкi сухой травы была гэтая ноша для Танi.

Яна асцярожна апускала яе на падлогу, i абедзве глядзелi, сумеўшыся, на старую, што стаяла ў дзвярах.

– Падурнелi абедзве, – гаварыла старая, – забылiся на цеста!

I тады надыходзiлi самыя прыемныя гадзiны. Усё, што ўвечары Таня пiла i ела i чым частавала сяброў, – усё яна рабiла сама. Яна церла чорнае зерне маку, выцiскаючы з яго белы сок, падобны на малако адуванчыка. Яна бегала штохвiлiны ў кладоўку. А ў кладоўцы такi страшэнны холад! Усё змерзлася. Усе рэчывы змянiлi свой выгляд, свой стан, на якi асудзiла iх прырода. Мяса было цвёрдае, як камень. Таня пiлавала яго маленькай пiлкай. А малако кавалкамi ляжала на палiцы. Таня крышыла яго нажом, а з-пад нажа сыпалiся ёй на рукi доўгiя валокны i пыл, падобны на пыл канiфолi. Потым яна прыносiла хлеб. Ён сiвеў у кладоўцы, як стары. З кожнай яго поры веяла смерцю. Але Таня ведала, што ён жывы, што ўсё жыве ў яе кладоўцы. Нiшто не памерла. Яна ставiла мяса i хлеб на агонь i давала iм жыццё. I мяса мякчэла, пускаючы сок, малако пакрывалася пенай, i хлеб пачынаў дыхаць.

Потым Таня хадзiла на лыжах у гай. Яна збягала па палогаму схiлу ўнiз, дзе з-пад снегу былi бачны толькi вярхушкi маладзенькiх пiхтаў. Яна выбiрала адну, самую маладую, хвоя якой была больш блакiтная. Яна зразала яе вострым нажом i на плячах прыносiла дахаты.

Гэта было маленькае дрэўца, якое Таня ставiла на табурэт. Але i на маленькай пiхце знаходзiла яна некалькi кропель смалы, якую любiла жаваць. I пах гэтай смалы доўга жыў у хаце.

Упрыгожанняў на пiхце было мала: яе блакiтная хвоя, на якой блiшчала ад свечак канiцель, па галiнах спаўзалi срэбныя танкi, залатыя зоркi спускалiся на парашутах унiз. Вось i ўсё.

Але як добра было ў гэты шчаслiвы дзень! Заходзiлi госцi, i Таня радавалася сябрам. А мацi заводзiла для iх патэфон, якi прыносiла з сабой з бальнiцы.

I сёння павiнна быць не горш. Прыйдзе iх бацька, прыйдзе Коля... Цi прыйдзе ён?

"Я, здаецца, пакрыўдзiла яго зноў, – падумала Таня. – Навошта? Якая дзiўная iстота чалавек, калi два словы, сказаныя дурным хлопчыкам Фiлькам, могуць замуцiць ягоную радасць, затрымаць добрыя словы, што гатовы вырвацца з сэрца, спынiць працягнутую для сяброўства руку!"

Танi захацелася паглядзець на сваё плячо, дзе нядаўна некалькi секунд ляжала рука Колi. Нiякага знаку не было на плячы.

Але затое, павярнуўшы галаву, убачыла яна мацi, што ўважлiва глядзела на яе.

Мацi трымала яе дзённiк – школьную ведамасць. Не ўсё было ў гэтым сшытку так выдатна, як раней, але мацi ў гэты раз маўчала. I позiрк яе, звернуты да дачкi, быў задумлiвы i жаласлiвы, нiбы разглядвала яна не Таню, а маленькую iстоту, якую некалi гушкала на каленях.

Мацi была ўжо апранута ў святочную сукенку з чорнага шоўку. I як стройна трымалася сёння яе галава, якiмi цяжкiмi i блiскучымi былi валасы на патылiцы! Хiба ёсць у свеце чалавек, прыгажэйшы i мiлейшы за яе?

"Як не можа зразумець гэта бацька?" – падумала Таня.

Некалькi ватных пушынак прычапiлiся да сукенкi мацi. Таня садзьмула iх сваiм дыханнем.

– Хутка прыйдзе бацька, – сказала яна.

– Так, я чакаю, – сказала мацi, – i Надзея Пятроўна прыйдзе. Я прасiла яе прыйсцi.

– Лепш бы яна не прыходзiла! – мiжволi ўсклiкнула Таня.

– Чаму, Таня? – запытала мацi.

– Не трэба.

– Чаму ж усё-такi, неразумнае дзiця?

Але замест адказу Таня пакружыла мацi вакол свайго маленькага дрэўца, увесь час баючыся, што, можа стацца, i дарослыя прыкiдваюцца таксама, як i дзецi: яна кружыла яе доўга.

Рып крокаў i тупат на ганку спынiў iх гульню.

– Тата прыйшоў, – сказала мацi са смехам. – Перастань.

Таня адскочыла ў кут.

– Коля прыйшоў, – сказала яна, пабялеўшы.

Але не, гэта прыйшлi iншыя – тры дзяўчынкi, з якiмi Таня сябравала ў атрадзе.

Таня выйшла да iх з кутка.

– А танцаваць у цябе можна? – запыталiся дзяўчынкi, хаця з марозу вочы iх нiчога не бачылi i твары былi чырвоныя.

– Можна. Сёння ўсё можна! – сказала Таня. – Я зараз завяду патэфон.

Гучная музыка запоўнiла ўвесь дом, як сонца, залiла яго гукамi, набiла да самага даху.

Потым прыйшоў бацька з Надзеяй Пятроўнай. Ён некалькi разоў абняў Таню i павiншаваў яе са святам, а Надзея Пятроўна падарыла ёй тарбасы i маленькую даху, усю вышытую бiсерам.

А Колi не было.

I мацi запытала:

– А дзе ж Коля?

– Вось упартае хлапчаня! – сказаў бацька. – Нi за што не хацеў iсцi разам з намi. У мяне, кажа, свой падарунак Танi, я прынясу яго сам.

Услед за iмi прыйшоў Фiлька з бацькам, з мацi i з трыма маленькiмi братамi, якiя прыехалi на сабаках да яго ў горад. Усе яны былi смуглыя i сталi ў рад перад Таняй, пакланiўшыся ёй, як гаспадынi, нiзка. Потым усе, як адзiн дасталi з кiшэняў хусткi, складзеныя ў чатыры столкi, i выцерлi iмi насы. I паляўнiчы ганарыўся iх паводзiнамi, а мацi спакойна курыла люлечку, абiтую меднымi цвiкамi. I цвiкi гэтыя блiшчалi пры свечках.

Дзяцей падымалi на рукi, i Таня цалавала iх, усiх без разбору, зрэдку аглядаючыся на сваю мацi. Тая ўвесь вечар стаяла з Надзеяй Пятроўнай, трымаючы яе пад руку, хаця Таня ўжо некалькi разоў намагалася iх разлучыць: то прасiла патрымаць яе маленькую даху, то памагчы надзець тарбасы. Але кожны раз, з усмешкай паляпаўшы Таню па плячы, мацi вярталася на сваё месца да Надзеi Пятроўны, па-сяброўску размаўляючы з ёй.

Госцi зноў папрасiлiся танцаваць.

Таня падышла да патэфона, радуючыся, што хоць на секунду можа павярнуцца да ўсiх спiной.

Яна старанна круцiла ручку, i чорны блiскучы круг круцiўся перад яе вачыма, i, працавiтая, як конь, iголка хадзiла па сваёй баразёнцы. Яна спявала ў тры галасы i спявала ў адзiн, яна iграла, iграла, нiбы цэлы хор медных труб i флейт, як светлыя духi, пасялiўся на яе вастрыi.

А Колi не было.

– Дзе ж ён? – думала Таня з тугой.

За яе спiной, калышучы маленькую пiхту i вялiкi папяровы абажур пад столлю, танцавалi дзецi. З iмi разам танцаваў бацька. Ён быў вельмi вясёлы сёння i скакаў цудоўна, захапляючы дзяцей.

– Паглядзi, Таня, – гаварыла штохвiлiнна мацi, – гэта ж бацька танцуе!

– Так, – адказала Таня, – я бачу, мама, ён танцуе вельмi хораша.

Яна глядзела на бацьку. Але думкi i позiрк яе блукалi. I хутка яна злавiла сябе на тым, што бацька, i танец яго, i весялосць мала прыцягваюць яе ўвагу. А зусiм нядаўна колькi горкiх i салодкiх пачуццяў цяснiлася ў яе сэрцы пры адной толькi думцы пра бацьку! Што з ёй? Яна ўвесь час думае пра Колю.

"Дзе ён цяпер? У Жэнi сёння таксама ёлка".

Але тут Фiлька з братамi пачаў цiха кружыцца, пашыраючы круг. Яны закiдвалi ногi мякка, ледзь падымаючы iх з падлогi, i то адзiн з iх, то другi клiкаў да сябе Таню. Яны танцавалi танец, якi звычайна танцуюць вясёлыя эвенкi на пясчаным беразе Тугура ў час, калi ўзыходзiць над лесам месяц.

Таня ўвайшла ў iх кола. Яна танцавала, штохвiлiнна пазiраючы на дзверы.

– Малайцы! – крыкнуў у захапленнi бацька. – Чорт пабяры, мы будзем сёння весялiцца! Таня, папрасi ў мамы вiна. Я маю для вас яшчэ адзiн падарунак.

Мацi сказала:

– Бацька, не дурэй. Вiна iм нельга.

– Я ведаю цвёрда толькi адно, – сказаў бацька: – Нельга есцi воўчыя ягады. А вiна – па кроплi можна.

– Па кропельцы можна, – паўтарылi дзецi.

I нянька прынесла на вялiкiм падносе бутэльку салодкага вiна. А ўслед за нянькай зайшоў зусiм малады чырвонаармеец Фралоў. Ён быў у кажусе шафёра, усмiхаўся ўсiм хiтрай усмешкай, а ў руцэ трымаў вядро.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю