412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ніл Гілевіч » Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] » Текст книги (страница 5)
Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:10

Текст книги "Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]"


Автор книги: Ніл Гілевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)

Павадырка сляпога старца

Любімае месца для забаў і гульняў мурожніцкай малечы – сухі, утравелы грудок на беразе возера, там, дзе ў яго ўпадае нешырокая, метры на паўтара, рэчачка Калпеніца. Людзі, якія ідуць берагам возера да мястэчка, пераходзяць Калпеніцу па кладцы – доўгай, трохі выгнутай пасярэдзіне дошцы, прыкметна выбеленай за доўгія гады дажджамі і сонцам. Кіламетры за два ўбок ад возера ёсць дарога на мястэчка, і там Калпеніцу пераходзяць уброд, скінуўшы, вядома, абутак. Але гэта ўсё ж далекавата, і ўсе, хто хоча мець выйгрыш у часе, ходзяць тут, карыстаюцца кладкай.

Ніне гэта мясцінка падабаецца таксама. Па-першае, возера, з водмеллю, дзе можна было смела пялёхацца, – хлапчукі сюды не прыходзілі, яны любілі купацца на глыбокім, а гэта нашмат далей, па той бок Калпеніцы. Па-другое, надта Ніне падабаецца сама рэчачка; сядзе на кладку, ногі спусціць да вады і глядзіць, як вада згінае і калыша каля берагоў доўгія наемы травы, як імпэтна слізгаюць па паверхні вадзяныя «конікі», як часам чорным ценем мільгане ад берага да берага рыбіна, – няйначай шчупачок. Можа доўга-доўга сядзець яна гэтак і думаць пра нешта сваё, пакуль іншыя дзяўчынкі ладзяць вясёлыя гульні – скачуць, куляюцца праз галаву, бегаюць у перагонкі, круцяць «мяцеліцу», ці дастаюць з возера, з трыснягу, чорныя «калатоўкі» – надта ж прыгожа глядзяцца яны дома ў збанку, асабліва сярод высокіх, з буйнымі каласамі, каліваў жыта.

Летняй парой дзеці звычайна ішлі сюды паснедаўшы – калі, вядома, не зваблівала якая іншая прынада ці забава. Пасля сняданку – сопкай, разварыстай бульбы з кіслым малаком – прышла, як заўсёды, і гэтым разам Ніна. Дзяцей было яшчэ няшмат – толькі тры ці чатыры дзяўчынкі, якія прыдумалі сабе новую забаву: прайсці па кладцы туды і назад, заплюшчыў-шы вочы. Адна ідзе, а астатнія пільна сочаць з берага, каб не падглядала. Калі ў якое хоць чуць-чуць прыадплюшчацца павекі – усё, незалік, у гэтым туры – пройгрыш. Яшчэ мела значэнне і тое, як хутка – паволі ці шпарка – праходзіш па кладцы. Самыя нясмелыя, баючыся, каб не страціць раўнавагу і не зваліцца ў ваду, ішлі зусім паціхеньку, балансуючы пры гэтым раскінутымі рукамі. Ніне гульня спадабалася, і яна з кожным разам перамервала кладку ўсё больш упэўнена і шпарчэй. Раптам меншая з дзяўчынакІрка спалохана закрычала:

– Уцякайце! Вунь жабрак ідзе! Сляпы жабрак ідзе!

Усе паглядзелі туды, куды глядзела Ірка. Сапраўды, сцежкай паўз возера ішоў старац: памылкі не было – праз адно і другое плячо ў яго віселі дзве ладныя торбы, а ў правай руцэ быў кій, якім ён вадзіў перад сабой па зямлі, як гэта робяць усе сляпыя, што ходзяць без павадыра.

– А чаго ўцякаць? – з недаўменнем глянула на Ірку Ніна.

– Ну бо гэта ж жабрак! Я заўсёды ад жабракоў хаваюся, – адказала, прыцішыўшы голас, Ірка. I было бачна, што ў сваю чаргу яна здзіўлена: як гэта можна не баяцца жабракоў? Дзяўчынка помніла, што яе, як была зусім яшчэ малой, палохалі: «Уцякай, бо жабрак забярэ ў торбу, і панясе, і прадасць у мястэчку!»

Тым часам старац скіраваў на дзіцячыя галасы, падышоў досыць блізка і спыніўся. Гэта быў невысокі і худы, з доўгай сівой барадой і выцеклымі вачыма дзядок, у зношаным шэрым пінжаку, з-пад якога была відаць белая палатняная кашуля, у кароткіх, хлапчукоўскіх, крамных штанах, з латамі на каленях, і босы.

– Дзеці! – паклікаў ён сухім сіплым голасам. – Падыдзіце да мяне бліжэй!

Дзяўчынкі сцішыліся, знерухомелі і маўчалі. Тады ад іх адлучылася Ніна і наблізілася да старца.

– Я падышла, дзядулька, – сказала.

– Як цябе зваць, золатка?

– Ніна.

– А колькі табе гадкоў?

– Дзесяць. Адзінаццаты пайшоў.

– О, дык ты ўжо вялікая. Ніначка, тут недзе ёсць кладка праз рэчку, правядзі мяне да яе, калі ласка.

Сказаў – і працягнуў да дзяўчынкі руку. Ніна на імгненне сумелася, як бы завагалася ў нерашучасці, але тут жа гэту боязь пераадолела і ступіла наперад, і яе рука апынулася ў яго кашчавай далоні.

– Яна во тут зусім блізка, хадзіце за мною, – ласкава выказала ахвоту дапамагчы Ніна.

Старац перакінуў сваю далонь ёй на плячо, і яна адчула яго лёгкія, учэпістыя пальцы.

– Вядзі, золатка!

Ніна, ідучы побач з жабраком, кінула позірк на сябровак і тройчы махнула ім свабоднай рукой – маўляў, ідзіце і вы за намі, не бойцеся. I дзяўчаткі пайшлі, але нясмела і трохі воддаль. Ужо каля самай кладкі малая павадырка схамянулася: а як жа далей – як ён, сляпы, пяройдзе на той бераг? Ён жа сарвецца! Вядома, Калпеніца неглыбокая, не ўтопішся, але ж... увесь будзе мокры, а ён ідзе, напэўна, у мястэчка. Значыць, трэба перавесці яго, – само сабою прыйшло ў галаву рашэнне.

– Мы ўжо каля кладкі, – сказала Ніна, – я правяду вас і на той бераг, бо кладка вузкая.

– Во якая ты кемная дзяўчынка! – усклікнуў жабрак. – Я толькі хацеў цябе папрасіць, а ты і сама здагадалася. Стань, дзетка, паперадзе і паціхеньку ідзі, а я за табою, трымаючыся за плечыка... Толькі не спяшайся. А сама ты не баішся пераходзіць?

– Не-е! Я шмат разоў пераходзіла, нават заплюшчыўшы вочы.

– Во малайчына! Ну хадзем.

Ніна спакойна ступіла на кладку і памалу-памалу, на трэць кроку, пайшла. Адчула, што рука жабрака на яе правым плячы быццам стала цяжэйшай. Абмацваючы босымі нагамі кладку, старац пасоўваўся за Нінай услед, прыстукваючы, для пэўнасці, канцом кія збоку па дошцы.

Колькі разоў пераходзіла Ніна гэту Калпеніцу, а такой трывогі, як цяпер, ніколі не зведала. Не за сябе, вядома. За сляпога старога чалавека баялася: хаця б не страціў раўнавагу і не сарваўся! Але вось ужо і другі бераг – гэткі ж зарослы ніцым лазняком і высокай травою, як і той. I вось ужо яны абое на беразе, на сцежцы. I так лёгка і хораша стала на душы ў Ніны! Аж глянула жабраку ў твар – каб убачыць, ці задаволены ён, што на яго абліччы? I ўбачыла: дзядок усміхаецца. Не вачыма, а толькі бяззубым, пад сівымі вусамі, ротам. Ніколі яшчэ не бачыла, як усміхаецца чалавек без вачэй, і гэта яе моцна ўразіла, бо перш за ўсё ці смяюцца ці плачуць вочы, і па гэтым відаць, што на душы ў чалавека. А тут... I аднак жа яна ўбачыла, што дзядок задаволены, што ён усміхаецца.

– Вось і перайшлі, дзякую табе, золатка, дзякую, – ласкава сказаў стары. – А заўтра аб гэтай пары ты не будзеш тут?

– Буду! – з пэўнасцю адказала Ніна. – Я кожны дзень тут бываю пасля снядання.

– Вось як? Ну тады я і заўтра папрашу цябе памагчы мне. Добра?

– Добра! – кіўнула галавой Ніна, як быццам ён мог бачыць гэты яе ківок. I раптам, бы спахапіўшыся, спытала: – Можа, вас правесці далей?

– Не-не, не трэба, – адказаў старац. – Тут я пайду і пайду гэтай бітай сцягою, а там на дарогу выйду. Бяжы, золатка, да дзяцей, бяжы.

Ніна трохі пастаяла, паглядзела, як цупаючы кіем сцежку, аддаляецца старац, і пайшла назад. I кладку перайшла з заплюшчанымі вачыма. I амаль подбегам – шпарка, як ніколі.

– Ой, якая ты смелая, Ніна! – выказала здзіўленне Ірка. – Я б нізашто не далася, каб жабрак мне руку на плячо паклаў!

Назаўтра Ніна прыйшла на грудок каля возера першая. Снедала спяшаючыся, бо баялася спазніцца, і гэта заўважыла маці.

– Куды гэта так спяшаешся? На якую работу? – спытала амаль сярдзіта.

– Мне трэба, там... чакаюць.

– Пачакаюць. Еш! А то праз гадзіну прыляціш: мама, есці!

I аднак жа Ніна паспела, яшчэ і пагуляла з сяброўкамі, пакуль на сцежцы паявіўся дзед-жабрак. Яна кінулася яму насустрач, азвалася і ўбачыла, як ён узрадаваўся, пачуўшы яе голас, як адкрыўся пад вусамі яго амаль зусім бяззубы рот. I Ніна перавяла яго праз кладку, і ёй здалося – яшчэ больш спраўна, чым учора.

Так было і на трэці дзень, і на чацвёрты. А на пяты... Маці зноў заўважыла, што Ніна надта спяшаецца пайсці з-за стала, амаль не паснедаўшы. З'ела адну бульбіну, запіла шклянкай малака – і ўжо гатова выпырхнуць.

– Куды! А ну-ка сядзь! – сувора прыкрыкнула маці. – Што гэта такое – каторы дзень ляціш, як на пажар! Што гарыць?

– Ма-а-ма, гэта ж яна спяшаецца, каб сляпога жабрака перавесці праз рэчку, – па-здрадніцку выдала прычыну Нінінай спешкі Ліпа. – Ужо ўсе дзеці ў сяле пра гэта гавораць.

– Жабрака? Гэнага Пігулеўскага? Ды ты нешта выдумляеш, – паглядзела маці на сваю заўсёды спакойную, разважлівую большую.

– Праўда! Пераводзіць жабрака праз кладку. Мне і Вікця казала, і Анютка, і Ірка...

Ніна пачырванела, як быццам яе выкрылі ў нейкім непрыгожым брыдкім учынку. Нават адчула, як не хоча глытацца камяк бульбянай кашы.

– Ну і пераводжу, і ў цябе пытацца не буду! – са злосцю кінула Ліпе.

– Ты здурнела, ці што? – уставілася маці на віноўніцу. – Мая дачка – за павадырку ў старца?

– Ен сляпы, мама, у яго зусім няма вачэй, – адчуваючы, што вось-вось набягуць слёзы, стала тлумачыць Ніна. – У яго на германскай вайне газам выела вочы, ён мне сам расказаў пра гэта. Мне надта шкада яго, мама! Ён папрасіў мяне правесці да кладкі... А тады і па кладцы... Бо адзін, ён можа сарвацца ў рэчку...

Ніна гаварыла гэта і ўсё-такі спяшалася даесці кашу, адчуваючы, што пабяжыць, што яе ніхто не стрымае – нават мама.

– Дзяцінец цябе ведае, што за наўда прыстала! Гэта ж падумаць: павадыркай да жабрака нанялася! – сярдзіта выгаварыла маці. Але з кожным словам спакайней і лагодней.

I Ніна выпырхнула, і праз колькі хвілін была на грудку. Сяброўкі ўжо чакалі яе.

– Не ішоў? – спытала, задыхаўшыся, Ніна.

– Не ішоў, – адказалі тыя ў адзін голас. Пра каго яна пытаецца – ведалі. – Мы ўжо даўно тут, яшчэ не ішоў...

Ніна далучылася да іхніх забаў, але ўвесь час, праз кожную хвіліну, кідала позірк на сцягу паўз возера – ці не ідзе той, дзеля каго яна так спяшалася. Аднакстарацтак і не паявіўся. I ў Ніны сапсаваўся настрой. Што здарылася? Чаму ён не прыйшоў? Ён жа казаў, што заўтра будзе ісці, і гэткай самай парой.

Не прыйшоў сляпы жабрак і назаўтра. Ніна нават пабегла на грудок яшчэ да снядання, думаючы, што ён пачаў хадзіць раней. Доўга стаяла, а тады яшчэ даўжэй сядзела моўчкі на кладцы, і было ёй вельмі маркотна – так, што нават да гульняў сябровак не далучылася.

Не прыйшоў старац і на трэці дзень, і на чацвёрты. I Ніна зразумела: нешта здарылася. Так, нешта нядобрае здарылася, і той убогі сляпы дзед больш не прыйдзе. Можа, немцы схапілі дзе-небудзь у дарозе? Чула, гаварылі ў вёсцы, што немцы беспрытульных, бяздомных бадзягаў забіраюць і кудысьці адвозяць. А куды – невядома.

Кожны раз, калі Ніне даводзілася пасля пераходзіць па той кладцы Калпеніцу, ёй здавалася, што яна адчувае на сваім плячы лёгкія, але ўчэпістыя пальцы сляпога старца.

Прароцтва бабы Юстыны

З кухні ў пакой, дзе сядзела ў чаканні сняданку Ніна, пацягнула смачным духам гарачай, толькі што зваранай бульбы. Дзяўчынка з прыемнасцю адрозніла па паху, што бульба варылася абіраная, ці чышчаная, а не ў «мундзірах», якая трохі аддае паранкай. Зрэшты, у «мундзірах» маці ставіла варыць бульбу на полудзень, да капусты, а раніцай звычайна варыла абіраную, а значыць – пасоленую, якая смачна есца і ўсухамятку. Ніна паглядзела на прыадчыненыя ў кухню дзверы, хвілінку падумала, потым адклала ўбок вязанне, якім, прачнуўшыся, занялася, саскочыла з ложку, амаль подбегам пра-мерала пакой з кута да парога і ціха выткнула праз дзверы галаву. «Ой, дык сёння будзе бульбяная каша!» Так, стоячы ўскрай стала, маці спрытна таўчэ на ўслоне, у ладным саганку, бульбу. «Значыць, будзем есці з салёнымі агуркамі...» – зазначыла сабе Ніна. З агуркамі, вядома, бо да кашы больш нічога няма. Малака ў іх няма, бо няма каровы, цёлачку набылі, але ёй яшчэ толькі год; сала няма таксама, бо адзінага парсючка яшчэ першымі замаразкамі забралі ўначы партызаны (ці «бандыты-рабаўнікі з горада», як перашэптваліся людзі).

Калі б не каша, а «цалкі», хоць сабе і ў «мундзірах», то затраўкай да іх маглі б быць тлустыя, трохі шчыплівыя, духмяныя «маслёнікі» – стоўчанае ў ступцы падсмажанае ільняное або канаплянае семя. Макаць гарачай бульбінай у «маслёнікі» – гэта смаката не абы-якая. Куды смачней, чым бульбяныя посныя камы з салёнымі, да таго ж ужо трохі разлезлымі ў кадзі агуркамі. Але хай сабе і посныя камы, і з агуркамі – абы хутчэй, бо надта ж есці хочацца, аж у жываце падцягвае. Ісці да стала і круціцца каля маці зараз няможна, маці не любіць гэтага. Але і ўпусціць момант, калі ўсе садзяцца за стол, таксама нельга. Трэба абавязкова пачуць, як маці голасна гукне: «Есці!». Або: «Ідзіце!». Два словы разам – «Ідзіце есці!» – яна ніколі не счапляе. Здаралася, што, захопленая якім-небудзь сваім заняткам, Ніна прапус-кала загадны кліч «есці!» міма вушэй, і тады маці шырэй адчыняла дзверыну ў пакой і сярдзіта кідала: «А табе асобнае запрашэнне трэба?» Тут ужо марудзіць небяспечна, бо можна і кухталя атрымаць. А яшчэ горш, што новы мамін муж, дзядзька Міця, пачне пускацьу ход свае падкалупкі. «Вялікая пані! Дык і запрашэння чакае: сызвольце адкушаць!..» Як яна не любіць гэтыя яго шпількі! Не так самі шпількі, як тон, якім ён іх вымаўляе. Ну такі ўжо непрыемны, насмешлівы і калючы – за жывое чапляе.

Ніна вярнулася на хвілінку да свайго вязання. Гэтае захапленне найшло на яе зусім нядаўна. Зімовымі вечарамі яна не раз бачыла, як маці двума пруткамі з дзюбкамі вяжа з шарсцяных нітак то панчошкі – ёй і Ліпе, то рукавіцы, то шкарпэткі дзядзьку Міцю, то шалік. Глядзела-назірала, як чапляецца «вочка» за «вочка», як нарастае радок за радком, і аднойчы ёй здалося, што гэта не такая ўжо і хітрая рэч – вязанне, што і ў яе магло б атрымацца, калі б мама дазволіла. Але папрасіць яе аб гэтым не насмелілася. Ды неяк вечарам, прыйшоўшы з коўзанкі дахаты, – ахнула: Ліпа штосьці вяжа на тых маміных прутках! Сядзіць на ўслоне, край стала, каля самай газніцы, на стале – вялікі шэры клубоктоўстых шарсцяных нітак, а сама такая засяроджаная, важная, толькі вокам кінула на сястру, маўляў, бачыш, на што я здольная, якой сур'ёзнай справай занятая, не тое што ты, смаркачка саплівая... I – ой як заманілася Ніне таксама навучывдіа вязаць! «Ліпачка, дай і я паспрабую! – горача ўзмалілася яна. – Дай, Ліпачка, дай! Я не сапсую, вось убачыш!..» I Ліпа саступіла просьбе і неўзабаве сама здзівілася, якхутка «саплівая смаркачка» пачала вязаць не горш за яе самую.

Ніна хацела, пакуль прагучыць каманда «есці!», дадаць яшчэ адзін-другі радоку пачаты шалічак, але з кухні тхнула ўжо не проста гарачай бульбай, а кашай з такім знаёмым пахам, на які яна ўжо даўно забылася: запахла расплаўленым у гарачых камах маслам. Яна падбегла да дзвярэй, шморгнула спачатку лёгка, а тады глыбей разы тры носікам, і аж вочы акругліла: ну сапраўды з маслам! Ой, як здо-рава! Сёння каша будзе затоўчана маслам! А дзе ж яго мама брала? Можа, абмяняла на што-небудзь у каго з вяскоўцаў? Ці нехта ўзычыў ёй такога гасцінца? Хто гэткі добры?

Ніна выйшла на кухню. Маці яшчэ завіналася каля саганка. Поруч, як давераная асоба, пасвячоная ў таінства сатварэння сняданку, стаяла Ліпа. Да яе і прыткнулася заінтрыгаваная магічным пахам «вязальшчыца». Не паспела Ліпа пацясніць яе плечуком, як Ніна радасна прадэкламавала:

– Мама! Дык яна ж з маслам!

– Выдумляеш абы-што! – незадаволена сувірнулася маці, абскрэбваючы лыжкай таўкачык. – Яшчэ скажы: з каўбасою.

– Гэта табе ўжо мярэшчыцца масла, – спакойна дадала да слоў маці сваё патлумачэнне Ліпа. – Калі чаго смачнага доўга не ясі, дык яно тады пачынае мярэшчыцца. I са мной так, помню, было.

Здзівілася Ніна з іх адказаў, удыхнула пахкае паветра яшчэ і яшчэ раз і, можа, нешта б запярэчыла, але якраз зайшоў з двара дзядзька Міця – у зацяганай вушанцы, латаным рыжым кажуху і падшытых скурай валёнках. А калісьці, Насця памятала гэта, ён шчыгіляў у такім фацэтным чыгуначным шынялі і адпаведнай форменнай фуражцы.

– Не спазніўся?

– Ого, каб ты ды спазніўся! – не вельмі пачціва адказала маці. – Усё! Выкладаю ў місу і – сядайце! Агуркі ўжо на стале.

Кожны заняў сваё месца, і пачалі снедаць. «Ну што ж гэта за такое? – студзячы агурком гарачы камяк у роце, не перастае здзіўляцца Ніна. – Як жа я выдумляю, калі пахне! Няўжо і праўда мярэшчыцца?»

Як наўмысна, чарговую лыжку яна зачэрпнула асабліва ўдачна, і ўсе сумненні развеяліся: малюпасенечкі камячок масла не паспеў растаць у кашы і апынуўся ў яе на языку. Пасля яна зразумее, чаму не паспеў расплавіцца камячок: масла было з хола-ду, замерзлае.

– Мама! Далібог з маслам! Я не выдумляю! – выгукнула Ніна і падняла шчасліва-пераможны пагляд на маці.

– А не дуры ты галавы! – злосна абсадзіла яе тут жа маці сваёй любімай прыгаворкай. – Дурное нешта ўдукрыла сабе! Еш і не прынюхвайся!

Не данёс да місы і на нейкі момант затрымаў у падвешаным стане пустую лыжку дзядзька Міця. Сярдзітымі блякла-шэрымі вачыма ён уставіўся ў твар Ніны, і дзяўчынка на імгненне перахапіла яго калючы пагляд.

– Каб узяў ды гэтай лыжкай па лабэціне трэснуў – дык не вынюхвала б, а ела, калі пастаўлена!..

Хоць Ніна і прывыкла да грубых дзядзькавых слоў і абзыванняў, але гэтым разам яны ўдарылі яе асабліва балюча.

– Ну! Ты ўжо! Траскач знайшоўся! – кінула на дзядзьку скасавураны позірк маці. Яна не любіла, калі ён занадта злосна сувіраўся на яе дачок, і кожны раз заступалася за іх. Праўда, болыную Ліпу, ён амаль не чапаў, затое меншай даставалася на кожным кроку і з любой нагоды.

У Ніны на вачах заблішчэлі слёзы. Не так ад дзядзькавых слоў, як ад крыўды на ўсіх, што маюць яе за дурную і лічаць выдумлякай. Каша ўжо не здавалася такой смачнай, як дагэтуль, і яе лыжка відочна запаволіла тэмп. Даснедвала Ніна ўжо без ахвоты.

Самае дзіўнае, аднак, было тое, што і на другі дзень у застоллі яна зноў пачула пах масла. Праўда, ужо не за сняданкам, а за полуднем, і не ў бульбяной кашы, а ў вогусі, – так у Мурожніцы называлі кашу з тоўстых аўсяных круп. На гэты раз Ніна стрымалася – і знаку не падала, што вогусь з маслам. «Хай думаюць, што я не пазнала...»

А дні праз чатыры, калі яна ўжо і думаць перастала пра загадкавы пах і перажытыя непрыемнасці, здарылася штось зусім нечаканае. Ніна ляпіла на падворку снежнага дзеда і раптам пачула ці то плач, ці то крык-лямант іхняй суседкі – бабы Юстыны. Матка настаўніка Паўлава, якога забралі на вайну, Юстына жыла ў другой палавіне школьнага дому – у Кавалёвых за сцяною. Агульны быў не толькі дом, але і хлеў-пуня, дзе стаялі побач яе карова Зорка і цялушка Кавалёвых Мілка і дзе ляжаў, разгароджаны перасценкам, корм – дзве сцірты сена і ячнай саломы. Цяпер бабуля ішла менавіта ад пуні, і чым бліжэй падыходзіла да дому, тым выразней Ніна чула, што яна ў сваім плачы-ляманце прамаўляе.

«А каб жа ім рукі паадсыхалі па самыя локці!

А каб жа яно ім праз бакі палезла!

А ці ж яно было ў мяне лішняе!

А я ж яго сканаплю-сканаплю па каліўцу, каб было чым заваложыць картоплю, як кароўка запусціцца!

А хто ж гэта, бессаромны, на яго паквапіўся!..»

– Чаго вы, бабулька? – ступіўшы два-тры крокі насустрач, спытала крыху спалоханая і ўстрывожаная Ніна. – У вас нешта прапала?

– Прапала, дзіцятка, – выціраючы рогам хусткі вочы, адказала Юстына. – Нехта мой гарнушак масла ўкраў. Хунтаў пяць масла. Схавала ў пуні, у сене, дома баялася трымаць, што ноччу парцізані забяруць, як ужо раз забралі – і цёрлічку масла, і рукавок солі, і Валодзевы боты, што іх так і не панасіў мой сыночак... Дык во – і ў пуні нехта знайшоў, у сене, каб ён, даў Бог, сцежкі не знайшоў да парогу!..

Юстына памкнулася ўжо да свайго ганачку, як раптам Ніна ступіла ўслед і схапіла яе за рукаў.

– Бабулька, а можа, гэта мы ваша масла з'елі? Юстына рэзка туханула руку, якую яшчэ не паспела адпусціць Ніна, паглядзела пашырэлымі з'рэнкамі на дзеўчанё, долю хвіліны памаўчала, і тым гняўлівым тонам, якім звычайна бабулі-дзяды ўшчуваюць малечу, засувіралася:

– Што гэта ты, дзіцятка, гаворыш? Што ты гаворыш? Каб такія прыстойныя людзі, як твая мама, такое зрабілі?.. Не ўздумай нікому гаварыць, што ты цяпер сказала! Чуеш? Ні дома і нідзе! Нікому!.. Я ведаю, хто маё масла ўкраў, і Бог яго пакарае, на здароўе не пойдзе.

Падціснуўшы вусны, Ніна ківала галавой (маўляў, я ўсё разумею) і нязвыкла глуха прамаўляла:

– Добра, бабулька... Добра... Добра...

Юстына пасунулася ў хату, але тут жа, бадай праз хвіліну, зноў выйшла на ганак і няголасна, як бы асцерагаючыся, каб не пачулі, гукнула:

– Ніна! Хадзі сюды!.. – Пачакала, пакуль дзяўчынка подбегам перасекла падворак, і дадала: – Зайдзі да мяне ў хату.

На палавіну бабы Юстыны Ніна заходзіла часта – звычайна, з нейкім даручэннем маці. Ёй падабалася бываць у заўсёды чыстым і ўтульным пакоі бабулі: у ім жыў нейкі асаблівы дух – дух абжытасці, цішыні і супакою, у яе, здавалася Ніне, заўсёды было цяплей, чым у іх. Падабалася, што на падваконнях стаяць у гаршках кунацістыя або расахатыя вазоны, і Ніна іх ведала паімённа: вось гэта «мушкат», гэта – «бярозка», гэта – альвас, гэта – пальма, а гэта – фікус... Падабалася, што на ўсіх трох вокнах на папярэчныя верхнія шыбіны прыспушчаны шырокія папяровыя палосы ў выразаных узорах – у дробных квадраціках, ромбіках, трохкутнічках, кружках і паукружках, лісціках і кветках... А бадай найбольш падабалася Ніне, што на покуці, ахінуты доўгім белым рушніком, з мярэжкамі па канцах, вісіць абраз Прасвятой Багародзіцы, вялікія сумныя вочы якой цягнулі Ніну да сябе нейкай незразумелай чароўнай сілай.

I гэтым разам Ніна таксама падняла вочы на абраз Багародзіцы. «Чаму яна так сумна, так балюча глядзіць?» – зноў мільганула ў галаве пытанне, што ўзнікала кожны раз і дагэтуль.

– Хадзі да стала, выпі малака кубачак, – ласкава пазвала Юстына. – Сядзь во тут, на табурэтку...

I наліла – з высокага паліванага збана – не кубачак, а вялікі кубак малака, ды поўны – аж да краёчкаў. Ніна асцярожна ўзяла кубак у абедзве далоні і пачала піць яшчэ свежае, яшчэ добра не адстаянае, малако: відаць, Зорку сваю сёння бабуля даіла позна. Пакуль малая доўга, перадыхаючы і адсапваючыся, піла, Юстына глядзела на яе добрымі, цёплымі вачыма, потым уздыхнула, прабожкала («ой, Божа мой, Божа!») ды і сказала:

– Цяжка табе будзе сярод людзей, маё дзіцятка! Ой, цяжка! Адзін Бог ведае, якая цябе чакае доля...

– Чаму, бабулька? – не так здзіўленым, як спалоханым голасам спытала Ніна. – Чаму – цяжка?

– Такім, як ты, лёгка сярод людзей не жывецца. Я даўно да цябе прыглядаюся, бачу, якая ты. Я ўжо надта шмат жыву, дзіцятка, дык таму і шмат бачу, і шмат разумею... Буду маліцца перад абразом Прасвятой Багародзіцы і за цябе. Каб заступалася, каб спрыяла і памагала табе... Ну, а цяпер – ідзі гуляй, Ніначка, ідзі...

Толькі гадоў, можа, праз пяць-шэсць Ніна даведалася ад Ліпы, як было. Дзядзька Міця пайшоў раніцай у хлеў-пуню падкінуць цялушцы ахапак струшанкі; д'ябал спакусіў яго наскубці сена не са сваёй сцірты, а з Юстынінай. Пачаў скубці і – о, дзіва: з сена пакаціўся гарнушак. Шчыльна абвязаны кавалкам чыстага белага зрэб'я чорны гарнушак. Развязаў – масла! Жоўтае, моцна ўмерзлае на холадзе, масла! I д'ябал спакусіў дзядзьку Міцю яшчэ раз...

Вось і ўсё. А што было далей – ужо вядома.

Ну, а прароцтва бабы Юстыны збылося. Хоць і заступалася (напэўна ж, заступалася!) Прасвятая Багародзіца, але засцерагчы Ніну ад цяжкай, несправядлівай долі не змагла. Колькі яна за жыццё сярод людзей адпакутавала, колькі перажыла крыўдаў, колькі прыніжэнняў, знявагі і абразы перацярпела, колькі подлай хлусні і ашуканства зазнала, – гэта ведае толькі яна сама ды хіба тая, з Юстынінага абраза, Багародзіца, позірк якой з таго часу стаў яшчэ больш сумным і балючым.

2002-2004


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю