355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ніл Гілевіч » Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] » Текст книги (страница 1)
Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:10

Текст книги "Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]"


Автор книги: Ніл Гілевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)

Ніл Гілевіч
РАЗУМНАЯ ДЗЕВАЧКА

Маленькая аповесць пра адно дзяцінства

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Разумная дзевачка: Маленькая аповесць пра адно дзяцінства. – Мн.: «Про Хрысто», 2005. – 124 с.

Рэдактар: М. Гіль

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Светлай памяці Ніны Іванаўны,

поруч з якой мне пашчасціла

прайсці жыццё

Аўтар

Шчаслівы пачатак

Ніне ўжо амаль чатыры, і яна выглядае якраз на гэтыя гадкі. Ростам – не высочанькая, ці скажам так – не цыбаценькая, але і не малюпашачка-кнопачка, на цела – не тоўсценькая і не пухленькая, як піражок, але і не дробная мізурачка, а – самы раз, каб як надзене кашульку і сарафанік – удаваць сабой мілую паненачку. Асабліва зграбненькія ножкі. Баба Прося, прыехаўшы да сына і нявесткі ў госці, аднойчы сказала: «Мусіць, ты будзеш танцорачкай, Ніна. З такімі ножкамі толькі ў танок выходзіць – каб людзі любаваліся». I пры гэтым спела ўнучцы песеньку:

 
Мяне мамачка радзіла,
Шоўкам ножкі спавіла –
Каб я роўненька хадзіла
I танцорачкай была.
 

Валасы ў Ніны – цёмна-русыя, роўненькія, без аніякай нідзе кучаравінкі, і падстрыжана яна «пад хлопчыка». А вочкі ў Ніны – карыя, і глядзяць яны звычайна або ветліва і весела, радуючыся таму, што бачаць, або – сур'ёзна і пільна-ўважліва, калі яе моцна захапляе цікавасць да нечага такога, што ёй адкрываецца ўпершыню і што яна хоча зразумець. Як і ва ўсіх яшчэ малых дзяцей. іншы раз яе вочкі і плакалі, але здаралася гэта рэдка і толькі з вельмі важнай прычыны. Ну, напрыклад, тата купіў для яе чаравічак новыя шнуркі – у старых пазрываліся металёвыя наканечнікі і іх стала цяжка ўцягваць у «вочкі» на халяўках. Новыя то новыя, але не такія доўгія, як тыя, што былі. Канцы тых можна было завязаць двайным банцікам – і Ніне гэта дужа падабалася. Яна ўсё любіла рабіць сама – так і прасіла, і вельмі настойліва: «Дай! Я хачу сама! Я сама! Дай!» Узялася сама і новыя шнуркі ўцягваць. I сяк-так уцягнула, і ёй здалося, што канцы засталіся зусім кароткія, – на банцік не хопіць. Ад крыўды і засмучэння не заплакаць тут было проста немагчыма. I яна, з чаравічкам у руках, ціха зарумзала. Спачатку – зусім ціха, а тады і трохі мацней, каб пачулі. I тата пачуў.

– Чаго ты, Ніначка? Што здарылася? – спытаў ласкава.

– Цаго, цаго! Купіў снуркі, а яны кароткія! – крыўдліва-крыўдліва адказала, яшчэ галасней заплакаўшы, Ніна.

Мелі Нініны вочкі і яшчэ адну асаблівасць: вельмі любілі рана з вечара заплюшчвацца і засынаць. Яшчэ толькі-толькі схавалася за лес сонца, а Нініна галоўка ўжо хіліцца да сну. I заснула б – у адну пару з курамі на куросаднях, – калі б не ведала, не помніла, што вось-вось прыйдзе з поля кароўка Рабоня і прынясе свежае малачко. I мама будзе ў Ніны на вачах кароўку даіць, – не ў хлеве, а тут жа на падворку, дзе яшчэ відна, а падаіўшы – адразу ж налье ёй вялікі кубак сырадою. О, гэты цёплы, яшчэ пенны, смачна-духмяны сырадой! Як яна любіла піць гэту ні з чым не параўнаную смакату! Абхопіць кубак у дзве ручкі – і памалу, няспешна, лёгка пасапваючы, цэдзіць і цэдзіць, без пярэдыху, праз дробныя зубкі малачко. Куды ўвесь гэты час яна пазірае? Не здагадваецеся? На коціка, вядома. На чорнага, у белых «пантофліках» і з белым «гальштучкам» коціка. Пакуль Ніна засяроджана, моўчкі цягне смакату з кубка, ён, прыгажун-пястун Кіця, хлебча сырадой са сподка. Вядома ж, на Ніну ён пры гэтым – ніякай увагі. Калі мама, узяўшы даёнку, ішла даіць Рабоню – услед за ёй беглі двое: Ніна і Кіця. Кіця нават абганяў Ніну і ўсаджваўся трохі наўзбоч – за які метр ад гаспадыні. Ніна на дол не садзілася, а стаяла побач з мамай і сачыла за белымі цуркамі, якія ляцелі, няйначай з маміных жменяў, у даёнку – спачатку са звонам, а тады – з мяккім журчаннем, якое ачароўвала дзяўчынку, як боская музыка. Назад, у хату, і Ніна і Кіця вярталіся таксама разам з мамай, але каля парога Кіця абганяў і Ніну, і гаспадыню і, пакуль малако працэджвалася ў збаны, паводзіўся вельмі неспакойна, цёрся каля ног гаспадыні, ускокваў на ўслон і несціхана мяўкаў. Першай, вядома ж, мама налівала поўны кубак Ніне, а ўжо потым – поўны глыбокі сподак Кіцю.

Цяпер трэба сказаць і вось што. Вядома, што калі нехта вельмі рана звечара кладзецца спаць, то ён і ўстае назаўтра вельмі рана. Такіх людзей за гэту іх прыродную рысу называюць «жаўранкамі». А тых, што наадварот – вельмі позна кладуцца і позна ўстаюць – завуць «совамі». Ніна, такім чынам, была «жаўраначкай». Бывала, яшчэ толькі-толькі наступае раніца, яшчэ і сонейка не заглянула ў вокны і ў хаце ўсе спяць – і мама, і тата, і старэйшая сястра Ліпа, – а Ніна ўжо прачынаецца і пачынае варушыцца ў сваім невялічкім металёвым, з мяккім ватнім матрацам, ложку. Выслабаніўшы з-пад коўдры руку, яна водзіць пальчыкам па абклеенай шпалерамі сцяне – па вузенькай хвалістай цёмна-жоўтай палосцы, якая здаецца ёй дарожкай. I пачынае ціхенька, сама сабе, спяваць завучаную ад бабулі песеньку:

 
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку,
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Дарожачка слізка,
А ехаць няблізка.
 

Ніна ведае, што скора прачнецца і мама, устане і пойдзе даіць Рабоню. Гэтага Ніна і чакае. Ранішні сырадой ёй здаецца яшчэ смачнейшым, чым перад сном вячэрні. I мама нарэшце ўстае, выходзіць у пярэдні пакой, нешта там трохі робіць, а тады Ніна чуе, як яна бразнула даёнкай і пайшла з хаты. Ну, значыць, скора – вось-вось! – мама налье ёй кубак яшчэ пеннага, цёплага, пахучага сырадою. А Кіцю – у сподачак. Звычайна Ніна чакала гэтага пачастунку ў пасцелі – мама падавала ёй кубак і стаяла побач, пакуль яна не вып'е. А іншы раз ёй здавалася, што мама занадта там марудзіць, і яна саскоквала з ложку і выбягала ў першую палавіну хаты сама.

Аднойчы сталася так, што Ніна прачнулася, можа, трохі раней, чым звычайна, і праспявала ўсе свае любімыя песенькі, а мама ўсё не прачынаецца, не ўстае. Мамін ложак стаяў упрытык да Нінінага, узгалоўем да ўзгалоўя, і Ніна скінула з сябе лёгкую байкавую коўдру, прыпаднялася, потым стала на каленкі, узялася за верх металёвай спінкі, трохі перагнулася праз яе, каб убачыць мамін твар: няўжо яна яшчэ спіць? – і нягромка, але надта ж прачула-пяшчотна папрасіла:

– Мама, уставай кароўку даіць!..

Але мама не паварухнулася. I Ніна – тым жа тонам, а можа, яшчэ больш пяшчотна – паўтарыла:

– Мама, уставай кароўку даіць!.. Памаўчала – і дадала:

– Ужо Ніна малачка хоча!..

Гэта яна ўспомніла, як неяк нядаўна, калі яна выбегла на пах сырадою ў кухню, тата весела падміргнуў ёй і спытаў: «Што – ужо Ніна малачка хоча? Пі, дачушка, малачко, пі – ад малачка здаровай і дужай вырасцеш». Амаль перавесіўшыся праз спінкі двух ложкаў, Ніна пачала паўтараць: Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча! Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча!.. Атрымалася нешта як вершык ці песенька. Знаёмы Нінін голас няйначай як паслужыў сігналам і для Кіці, які раптам аб'явіўся ў пакоі, ускочыў да Ніны на ложак, з коўдры – на падушку і, тручыся аб калена дзяўчынкі, жаласна замяўкаў. Ніна вельмі любіла Кіцю, заўсёды была яму рада і цяпер ласкава пагладзіла свайго пестуна паміж вушэй. I зразумела, што яго мяўканне – гэта яго просьба, што гэта і ён ужо захацеў пахлябтаць са сподка смакаты. I сам сабой у вершык-песеньку дабавіўся радок: «Ужо й коцік малачка хоча...» Так далей і пайшло:

 
Мама, уставай кароўку даіць!
Ужо Ніна малачка хоча,
Ужо й коцік малачка хоча.
Мама, уставай кароўку даіць!
Ужо Ніна малачка хоча,
Ужо й коцік малачка хоча...
 

– Во смаллянка, га! – прачнуўшыся нарэшце, кажа з ноткай незадаволенасці мама. – I хвілінкі лішняй паспаць не дасць. Уздзярэцца яшчэ да сонца – і пачынае. Ужо цэлы сцішок пра малако склала...

Чаму «смаллянка» – Ніна не разумее, хоць ужо амаль і прывыкла да гэтай мянушкі, якою яе нярэдка, калі трэба насварыцца, называе мама. А за мамай – і Ліпа. Праз колькі гадоў сястра ёй патлумачыць: «Цётка Вулляна казала, што ў нас тут жабрачка са Смаленшчыны доўгі час хадзіла, пабіралася, дык усе яе звалі «смаллянка» – затое, што са Смаленшчыны...» Пасля гэтага тлумачэння Ніна будзе ўспрымаць мянушку толькі з крыўдай. I аднойчы запратэстуе: «Мама, ты не заві мяне „смаллянкай". Я не хачу раўняцца з жабрачкаю...» Сказала сур'ёзна-сур'ёзна – ледзь не са слязьмі на вачах. Маці глянула на яе і гэтак жа сур'ёзна адказала: «Добра, болей не буду...»

I мянушка знікла. Назаўсёды.

Але гэта станецца нашмат пасля. А цяпер... А цяпер – Ніна рада, што мама ўстала і зараз пойдзе даіць кароўку. I вернецца ў хату з поўнай, амаль да краёў, даёнкай. Ах, гэта цёплае, яшчэ ўспененае, пахучае малачко! Нават «белыя вусы» над верхняй губой аблізаць соладка! Вып'е Ніна гэтую смакату – да дна, да кропелькі, перавядзе дыханне, падасць маме пусты кубак і такім тонам, нібы здзейсніла важны ўчынак, за які яе трэба пахваліць, скажа:

– Усё!..

А мама, замест пахвалы, заўважыць:

– Губы вытры, а то кот прыйдзе і абліжа.

На дасціпны мамін жарт шчаслівая Ніна адно ўсміхнецца.

Першы раз на ўроку

Хвілін праз колькі, як пачаўся ўрок, дзверы ціха адчыніліся і, на здзіўленне ўсім дзецям, у клас зайшла пяцігадовая дачка іхняга настаўніка Ніна. Левай рукой яна прыціскала да сябе дзве тоўстыя кніжкі, правай падтрымлівала іх знізу.

– Ніна? – не ўтаіў здзіўлення і Іван Рыгоравіч. – Чаго ж ты сюды прыйшла, дачушка?

– У школу прыйшла, ужо буду вучыцца, – сур'ёзна і нават неяк паважна, з годнасцю адказала Ніна.

– Дык табе яшчэ рана ў школу, Ніначка, толькі пяць гадкоў маеш, – ласкава патлумачыў бацька.

– Ну ўжо буду вучыцца, – як бы і не пачула яго слоў Ніна і пайшла да першай у крайнім радзе парты, дзе ўбачыла незанятае месца – нехта з дзяцей адсутнічаў.

– Ну, ладна, пабудзь, павучыся, раз ужо гэтак хочацца, – усміхнуўся Іван Рыгоравіч і памог малой усесціся за партай, побач з белабрысенькай, у шэрачках, трэцякласніцай Феняй. – Толькі сядзі ціха, – строга папярэдзіў тата, – ціхенька сядзі! Слухай і не замінай дзецям, чуеш?

Ніна нічога не адказала, бо ўжо глядзела ў сшытак суседкі, у які тая акуратненька спісвала з дошкі задачкі на дзяленне.

Пачатковая школа ў Мурожніцы, як і шмат дзе ў той час, была двухкамплектная: першы клас вучыўся разам, у адным пакоі, з трэцім класам, а другі – з чацвёртым. Быў канец травеня, навучальны год завяршаўся, і настаўнік Іван Рыгоравіч, ён жа загадчык школы, займаў дзяцей паўтарэннем пройдзенага, каб пераканацца, хто чаму навучыўся, каму якія паставіць у табель гадавыя адзнакі.

– Так, дзеці, цяпер слухайце мяне вы, – звярнуўся Іван Рыгоравіч да першакласнікаў. – Пакуль трэці клас будзе рашаць задачкі, мы з вамі давайце ўспомнім вершыкі, якія вы на працягу году вучылі напамяць. Хто які вершык хоча расказаць – падыміце руку. Ты, Коля, хочаш? Ну калі ласка! Выйдзі сюды, да стала, і раскажы.

Ніне гэта было цікава, яна ўжо не глядзела, што піша Феня, а слухала бацьку і аж прыўстала, каб убачыць, хто ж падняў руку і будзе расказваць вершык. Некалькі вершыкаў яна і сама ўжо ведала напамяць – ад таты, ад мамы, ад старэйшай сястры Ліпы, – ведала і любіла дома іх дэкламаваць. З канца класа да стала выйшаў Коля – худзенькі рослы хлапчук, у клятчатай кашульцы, у залатаных на каленях штоніках і босы (ужо амаль лета на дварэ, і хадзіць у абутку грэшна, бо – не напараешся, калі не эканоміць). Ён крыху задраў галаву, як бы глядзеў кудысь у далячынь, набраў паветра, напружыўся і гучна, хоць і глухаватым голасам, выгукнуў: «Мой конь!» I шпарка, амаль без перадыху, пагнаў:

 
Гэй мой конік, гэй, мой сівы,
Быстраногі, белагрывы,
Галавою страсяні,
Капытамі зазвіні,
I далёка, мілы мой,
Паімчымся мы з табой!
 

– Малайчына, Коля, выдатна расказаў, – пахваліў хлапчука Іван Рыгоравіч і нават ласкава правёў далонню па яго стрыжанай «пад барана» – радамі – галаве. – А ногі, галубок, трэба мыць, а то дзяўчаткі смяяцца будуць. Сёння ж харашэнька вымый ногі, добра?

– Добра, – радасна паабяцаў хлапчук.

– Хто яшчэ хоча расказаць вершык? Ты, Ваня, хочаш? Ну, калі ласка.

Да стала выйшаў відочна каранастага складу хлапчук, не па ўзросце шырочанькі ў плячах і з велікаватай круглай галавой і таксама босы. Не чакаючы паўторнага запрашэння, гладка і хутка адмалаціў:

 
Толькі выпаў першы снег —
Я на лыжы – і пабег.
Пакуль бегаць навучыўся —
Разоў сотню паваліўся.
 

– I ты малайчына, Ваня, – пахваліў настаўнік і таксама пагладзіў хлопчыка па галаве. – А ногі і ў цябе брудныя. Абавязкова памый перад сном, добра? Не забудзеш?

Іван Рыгоравіч абвёў позіркам два рады першакласнікаў і са здзіўленнем у голасе спытаў:

– А што ж гэта ў нас адны хлопчыкі расказваюць? А дзяўчынкі хіба не ведаюць?

– Я!..Я!..Я!.. – падалі голас адразу некалькі дзяўчынак.

– Ну, Аленка, ты ўжо даўно руку трымаеш, хадзі раскажы ты, а мы паслухаем.

Выйшла Аленка – у белым каптаніку і чырвона-чорнай, у прадольныя палосы, спаднічцы. На нагах – карычневыя сандалікі і ружовыя панчошкі да каленкаў. Як на свята, як тая паненачка-сяляначка. У школу бацькі адпраўлялі яе толькі так. Дома ўвесь гэты ўбор тут жа скідаўся.

– Я раскажу вершыка пра вераб'я, – крыху шапялявячы абвясціла Аленка.

 
Верабей.
Чы-чы, чы-чы, верабей,
Не клюй маіх канапель,
Бо я табе, вераб'ю,
Кіем ножку пераб'ю.
 

– Малайчына, Аленка, вельмі хораша расказала. Як і заўсёды, – пагладзіў і яе па галоўцы Іван Рыгоравіч. – Ты ў нас выдатніца. Хто яшчэ раскажа?

I тут здарылася нечаканае: мацней за ўсіх дзяўчынак закрычала «я!» Ніна.

– Я раскажу, я! Ужо я раскажу!

I, не чакаючы запрашэння, уподбег пайшла на сярэдзіну класа. Іван Рыгоравіч аж рукамі развёў: во якія неспадзяванкі выкідвае яго меншая!

– А што ж ты, Ніна, хочаш расказаць нам? Які верш?

Думаў, Ніна ці назаве, ці скажа, пра што яе верш, а яна адразу ж пачала дэкламаваць:

 
У Савосева суседа
Быў пярэсценькі каток...
 

– Пачакай, пачакай, – перабіў яе Іван Рыгоравіч. – Дзеці, Ніна хоча расказаць нам верш пра коціка. А ці хочаце вы яго паслухаць?

– Хочам! – амаль усе, хорам, адказалі дзеці, у тым ліку і трэцякласнікі, якіх гэта Нініна ініцыятыва таксама вельмі зацікавіла.

– Ну, расказвай, Ніна, – павярнуўся да малой Іван Рыгоравіч.

I Ніна, ні разу не збіўшыся, не запнуўшыся, прачытала па памяці:

 
У Савосева суседа
Быў пярэсценькі каток
Выхаванец Паўла-дзеда,
Такі слаўны пестунок.
Нос бялявы, хвост чарнявы,
Задзірасценькі,
Кіпцік-шчыпчык заграбасценькі,
Вушкі-слушкі не мыляюцца,
Вочкі ў ночку запаляюцца.
Мяўкнуў коцік, выгнуў спінку,
Хвост падняў, як корбку,
Але ў тую ж у хвілінку -
Шусь каток у торбу!
 

На гэтым Нінін верш – урывак з паэмы Якуба Коласа «Савось-распуснік» – заканвачаўся, тата гэта ведаў.

– Ну што ж, і ты малайчына, Ніна, добра расказала, вельмі добра. Бачыла, як усе дзеці слухалі? А як пойдзеш у школу, тады будзеш ведаць вершаў яшчэ больш, многа-многа будзеш ведаць. Бяжы цяпер, дачушка, дамоў, там ужо, відаць, мама цябе шукае. Бяжы!..

Пакуль, седзячы на крэсле, тата яе хваліў, Ніна стаяла паблізу нерухома, як бы нечага чакаючы – ці запрашэння пачытаць яшчэ, ці чагось іншага, і гэтае чаканне на яе тварыку свяцілася, адбівалася, трымцела ў вачох і на растуленых у шчаслівай усмешцы губках. Але як толькі ён сказаў ісці дадому і, падышоўшы, крануў за плячо і яшчэ раз сказаў «Ідзі, дачушка!», – святлістасць на тварыку імгненна пачала гаснуць, яна апусціла вочы, пахіліла галоўку і моўчкі, ні на кога не гледзячы, паволі перастаўляючы ногі, падалася да дзвярэй. Іван Рыгоравіч гэту рэзкую перамену ў настроі дачкі заўважыў, але падыходзіў да канца ўрок, астатнія хвіліны яму былі патрэбны на трэцякласнікаў, і ён вырашыў высветліць прычыну пасля, на перапынку: зойдзе дадому і распытае Ніну, што здарылася.

Так і зрабіў. Дадому ісці недалёка, кватэра ў гэтым жа школьным будынку, толькі з другога ўваходу, і праз хвіліну пасля званка Іван Рыгоравіч ужо быў на сваёй палавіне. Ніна была дома адна, сядзела на канапе спанураная, засмучаная і на бацьку не падняла вачэй. Больш за гэта – пачала шморгаць носам і ўсхліпваць. Іван Рыгоравіч сеў побач, пасадзіў яе сабе на калена (адчуў, што нават упіраецца, не хоча яго пяшчоты) і ласкава пачаў пытаць:

– Чаго ты, Ніначка? Што з табой? Нават слёзкамі плачаш? Чаго?

– А ты... а ты... мяне не пагладзіў, – з вялікай крыўдай у голасе, глытаючы спазмы, адказала Ніна. – Усіх пагладзіў па галаве, а мяне не пагладзіў...

Іван Рыгоравіч быў моцна ўражаны. Прытуліў малую да грудзей, абцалаваў вочы, галоўку, і гладзіў, і прамаўляў, расчулены амаль да слёз:

– Ах ты, мая раднюсенькая, крывіначка ты мая дарагая! Якая ж ты раўнівая і ранімая! Так лёгка ўпадаеш у крыўду! Ой жа і дастанецца табе ў жыцці з такім сэрцайкам!..

Ягоных высокіх слоў Ніна яшчэ не разумела. На тую хвіліну ёй было досыць адчуць, што тата моцна-моцна яе любіць. Як і яна яго.

«Не бі вавёрачку»

На перапынках любімае месца дзяцей было пад бярозай – высознай, кунатай, ужо досыць тоўстай у камлі, унізе парэпаным, у чорных трэшчынах, вышэй – белым і гладкім, у танюсенькіх завіточках-стужачках на кары. Яна стаяла за нейкіх трыццаць крокаў ад будынку школы, за глухою, без вокнаў, сцяной, наўзбоч ад дарогі, што вяла да недалёкага лесу. Зямля пад бярозаю была вытаптана дзіцячымі нагамі так, што ў летнія сухія дні напамінала пульхны шэры попел, ніякая трава там ужо ніколі не расла – не паспявала прарасці. Для забаў і гульняў месца было вельмі прывабнае. Дзяўчынкі, пабраўшыся за рукі, утваралі колца і раскручвалі яго – колькі было сілы, аж пакуль не парвецца, і тады нехта, пад вясёлы смех-рогат астатніх, паляціць-пакоціцца долу. Хлопчыкі любілі тут дужацца, мерацца сілай, гуляць «у ножыка», а яшчэ – спаборнічалі, хто вышэй залезе на бярозу. Справа была не з лёгкіх – абхопліваючы гладкі камель рукамі і нагамі, дабрацца да першых сукоў. Але найбольш спрытным са старэйшых гэта ўдавалася. Ну а там, па суках, залазілі і досыць высока.

Гэтым разам першы збег з ганку школы і пусціўся, падскокваючы, да бярозы Юзік Грабянок – самы задзірысты ўчацвёртым класе малец, завадатар усялякіх хлапечых прыгод. Ён жа і ўбачыў першы, як з зямлі скочыла на камель бярозы і потым шуснула ўгору, у маёвую зелень, вавёрка. Юзік «тармазнуў» і, нібы не верачы вачам сваім, на імгненне аслупянеў. Тым часам ад школы, як наперагонкі, несліся хлапчукі, а за імі і дзяўчынкі. I Юзік, павярнуўшыся да іх, штосілы закрычаў:

– Вавёрка! Вавёрка на бярозе!

I падбег да дрэва бліжэй, і, задраўшы галаву, паказваў угору рукой.

– Вунь, на другім суку, вунь! Бачыце, як пазірае!

I дзеці ўбачылі, і закрычалі наперабой – каб пачулі і тыя, што былі каля школы.

– Вавёрка! Вавёрка! Хутчэй сюды! Вавёрка!

– А які хвост, гляньце! Большы за самую!

– Во, пабегла яшчэ вышэй!

– Дзе яна, дзе? Я не бачу, пакажыце! Коля, дзе яна? Ты бачыш?

Праз хвіліну пад бярозаю была ўся школа – усе чатыры класы. Збегліся як на вялікае дзіва. Хоць зусім мала хто – хіба сёй-той з першакласнікаў – не бачыў вавёрак у лесе. Але ў лесе – гэта адно, а тут – на краі вёскі, каля самай школы, – гэта ўжо зусім іншае. Ды калі яшчэ побач з табой – больш за паўсотні чалавек, і ўсе крычаць, свішчуць, улюлюкаюць, – і нядзіва прымеш за дзіва.

Ніна гуляла з такой жа дашкольніцай, як сама, у дварэ школы, калі ўсчаўся ўвесь гэты гармідар, і зразумела, што каля бярозы нешта здарылася, і таксама пабегла ўслед за дзецьмі. Такі ўжо закон грамады: раз бягуць усе – бягу і я. Чацвёртакласніца Фрузка, таксама дачка настаўніцы, схапіла Ніну за руку, падвяла бліжэй да бярозы і паказала, дзе сядзіць вавёрка. I Ніна ўбачыла.

– Вавёрачка! Вавёрачка! – радасна закрычала яна і нават заскакала і ў ладкі запляскала. – Якая прыгожанькая! Якая прыгожанькая!

– Давайце згонім яе з бярозы і зловім! – прапанаваў Юзік. – Ёй жа тут, долках, не будзе дзе дзецца!

– А як ты яе згоніш?

– Каменнямі, палкамі!..

– А. як пападзеш каменем дый заб'еш?

– Ведаеце што? Трэба, каб хто палез на бярозу і пачаў там страшыць яе, дык яна па суках і спусціцца. Хто ў нас найлепш лазіць?

– Во – Мішка Цала!

– Цала, палезеш?

Цала – гэта была мянушка, бо як быў малы – замест «сала» казаў «цала». Мішка задзёр галаву, зморшчыў кірпаты нос у рабацінні, вышчарыў рэдкія, са шчарбінай, зубы і ўставіўся позіркам у светла-зялёную высь, яшчэ такую не густую, што запалоханы звярок быў адусюль відаць.

– Магу злазіць, – сказаў неяк вяла, без ніякага запалу Мішка.

Але пакараскаўся па ствале спрытна, сілу, было бачна, у руках меў – падцягваўся лёгка, нагамі абшчарэпваў бярозу, як клешчамі. Праз якую хвіліну ўжо стаяў на першым суку і шукаў вачыма бедную нязваную-неспадзяваную лясную госцю. Адчуўшы небяспеку, вавёрка шмыгнула вышэй і схавалася за ствол. Яшчэ праз хвіліну Цала забраўся на наступны сук. I тут Юзік, які і падбіў сябрука лезці, раптам закрычаў:

– Цала! Уцякай! Яна табе на галаву зараз скоча! Як кот Савосю! Уцякай скарэй!

I ўсе гэтак моцна падхапілі:

– Уцякай, Цала! Яна табе вочы выдзера!

– Яна ўжо зусім блізка, Цала! Уцякай!

– Уцякай, Цала! Як Савосю будзе!

– Злазь, Цала! Злазь!

Мішка, вядома ж, ведаў гісторыю пра Савося, якому кот, ратуючыся ад сабакі, скочыў на галаву, – тады гэту паэму Якуба Коласа ўсе школьнікі ведалі. Не на жарт перапалоханы, Цала долу не злазіў, а ляцеў, ледзь дакранаючыся рукамі і нагамі да ствала, а метры за два ад зямлі і зусім сарваўся, гэпнуўся і кульнуўся прэч ад бярозы. Смеху-рогату было ад той пацехі нямала. Смяялася, аж заходзілася, і Ніна.

– Давайце яе камянямі згонім! – даў новую каманду завадатар Юзік.

– Камянямі! Камянямі! – падхапілі ў паляўнічым азарце хлапчукі і кінуліся шукаць доле камяні. Вось і першы камень паляцеў у крону, потым і другі, і трэці.

– Вы ж можаце забіць яе, грахаводнікі! – за-крычала Фрузка. – Перастаньце кідаць!

– Перастаньце кідаць! – услед за Фрузкай крыкнула Ніна. – Перастаньце кідаць!

Але хто ж будзе слухаць гэтыя пісклявыя галасы пратэсту, калі ўся істота поўніцца корцю – сагнаць! сагнаць! сагнаць! Асабліва стараецца, мабыць, каб загладзіць канфуз і апраўдацца ў вачах «публікі», Мішка. Вось і зноў прымерваецца, каб трапна запусціць у вавёрку каменем. I не паспеў: да яго ў адно імгненне падскочыла і замалаціла кулачкамі ў жывот Ніна.

– Не бі вавёрачку! Не бі вавёрачку!

Цала адштурхнуў малую досыць моцна – бо яна ўпала, і шпурнуў камень у палонніцу неразумнага дзіцячага азарту. Камень папаў у ствол і адскочыў, падаючы, ударыўся аб сук, слізгануў па голлі і – трэба ж было! – зваліўся на галоўку Ніне, – яна якраз перабягала пад бярозай туды, дзе стаяла Фрузка. Моцна закрычала малая заступніца вавёрачкі, схапілася рукой за надлоб'е, і дзеці зразумелі, што здарылася няшчасце, асабліва як убачылі, што з-пад русявай грыўкі да пераносся паліўся струменьчык крыві. Адны кінуліся да Ніны, першаю – Фрузка, падхапіла яе на рукі і ад страху залемантавала сама. Другія панесліся да школы, грамадой уварваліся ў настаўніцкую і наперабой закрычалі да дырэктара.

– Іван Рыгоравіч! Ніне галаву разбілі!

– Каменем! Мішка Цала!

– Кроў цячэ!

Дырэктар збялеў, падхапіўся з крэсла.

– Дзе яна?

– Там, пад бярозай!

Іван Рыгоравіч выскачыў з настаўніцкай і кінуўся ў двор. Не адступаючы ад яго, беглі, лапочучы, вестуны.

– Гэта Мішка, Іван Рыгоравіч! Гэта Цала!

– Ён хацеў збіць вавёрку каменем!

Ад бярозы да школы ішлі гурмой вучні, паперадзе, з Нінай на руках – Фрузка. Ніна трымалася рукой за галаву і моцна плакала, лоб, пераноссе, шчокі былі ў крыві. Убачыўшы бацьку, заплакала яшчэ мацней. Іван Рыгоравіч разгарнуў грыўку і агледзеў рану. На шчасце, яна не была сечанай – толькі трохі счасала скуру. «Камень быў, відаць, невялікі і не востры», – вызначыў, супакойваючыся, дырэктар. Узяў Ніну на левую руку, правай прыціснуў да ранкі белую хусцінку-насовачку. Ніна ўжо ведала, што галаву ёй разбіў камень, кінуты ў вавёрку Мішкам Цалам, і, жаласна румзаючы, скардзілася тату:

– Гэта Мішка кінуў каменем, ён хацеў забіць вавёрачку, там вавёрачка на бярозе, прыгожанькая-прыгожанькая!..

– Ах які ён хуліган, гэны Мішка! Ну, мала яму за гэта не будзе! Ой, будзе! Вось пазвонім у міліцыю, прыедзе міліцыя, забярэ яго і пасадзіць у турму – за яго хуліганства.

– Праўда? Забярэ і пасадзіць? – быццам узрадавана перапытала Ніна.

– Забярэ і пасадзіць! – сурова, з націскам, пацвердзіў бацька. – Будзе ведаць, як хуліганіць! А ты не плач, дачушачка, не плач. Зараз я залячу тваю ранку. Змажу ёдзікам, пашчыпле трохі, і ўсё загоіцца.

Пацалаваў Ніну ў лобік, мацней прытуліў да сябе і панёс у хату.


* * *

Назаўтра раніцай, калі Іван Рыгоравіч збіраўся ісці ў школу і шукаў патрэбны сшытак, у хату з двара ўляцела Ніна і, нават не зачыніўшы дзвярэй, выпаліла:

– Тата! Ён уцёк!

– Хто – уцёк?

– Мішка! Ён уцёк!

– Які Мішка? I адкуль уцёк? – заклапочаны сваім, не адразу скеміў Іван Рыгоравіч.

– З турмы уцёк! Мішка! Ён пайшоў у школу!

– А-а, Мішка! – успомніў, нарэшце, Іван Рыгоравіч. – Не, Ніначка, ён не ўцёк. Ён надта прасіўся, каб яму даравалі, і даў слова, што больш ніколі не будзе хуліганіць. Ну вось, яго пашкадавалі, паверылі яму і адпусцілі. Разумееш?

– Больш ніколі не будзе? – перапытала Ніна. Памаўчала і сур'ёзна, у задуменні, дадала: – То гэта добра.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю