355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ніл Гілевіч » Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] » Текст книги (страница 3)
Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:10

Текст книги "Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]"


Автор книги: Ніл Гілевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)

Памяць пра кіно ў Замчышчы

У адзін з самых марозных дзён той зімы ў Замчышча прывезлі кіно. Падзея – не звычайная, бо здаралася рэдка, можа, раз у паўгода. Паказваюць кіно ў калгаснай канцылярыі – у хаце былога «кулака», высланага з сям'ёй гадоў сем назад на Поўнач, у Котлас (так гаварылі). Хата, па вясковых мерках, вялікая, раздзеленая сеначкамі на дзве палавіны. У меншай – сама канцылярыя, стол старшыні праўлення, стол рахункавода, шафа з паперамі; а большая, нашмат большая, адпушчана пад калгасны клуб, які ўсё абяцаюць пабудаваць, але таму і не спяшаюцца, што ёсць гэтая пустая палавіна кулацкай хаты. Тут збіраюцца калгаснікі на свой агульны сход, тут праводзяцца ўрачыстыя вечары ў гонар Чырвонага Кастрычніка, ці Першамая, ці дня Савецкай Арміі, ці Міжнароднага дня жанчын і даюцца канцэрты мастацкай самадзейнасці. Тут, зразумела, паказваюць і кіно. Трэба сказаць, што ў Замчышчы глядзець кіно любілі – кожны раз сыходзілася амаль уся вёска, нават многія старыя дзяды і бабы, асабліва ж дападалі дзеці, упусціць гэты шанц для іх раўнялася няшчасцю. Тым больш што квіткі купляў на ўсіх агулам калгас, – старшыня мудра разлічыў: выдаткі невялікія, а далучаюць такім чынам людзей да культуры – справа вельмі важная. «Чаму не схадзіць, калі бясплатна», – разважалі тыя, хто стараўся ашчаджаць кожную капейку. А хто з вяскоўцаў тады не ашчаджаўся?

Яшчэ раніцай Ніне паведалі пра навіну сяброўкі.

– Ці чула, Нінка, сёння ў клубе будзе кіно, у восем вечара. Мы ўсе ідзём, а ты? Пойдзеш? Такое, кажуць, будзе кіно!

Як і ўсе беларускія дзеці той пары, Ніна вельмі любіла глядзець кіно і ўспрыняла навіну з вялікай радасцю. Як гэта яна не пойдзе на кіно! Вядома, пойдзе! Тут і пытацца не трэба.

– А ведаеш, што кажуць? Што малых дзяцей не пусцяць. Табе добра, твой тата цябе правядзе. А мы – знаеш, што прыдумалі? Пойдзем за гадзіну раней, залезем на печ і схаваемся за комінам, у куточку.

– Таты няма дома, ён паехаў у Віцебск, вернецца толькі заўтра.

– Дык тады далучайся да нас! – прапанавалі сяброўкі. – Мы цябе паклічам, добра?

Ніна з радасцю згадзілася. Вось будзе цікава! Усіх дзяцей прагоняць, а яны схаваюцца за комінам і іх не ўбачаць.

Вечара Ніна чакала з нецярпеннем. Але і яе, і яе сябровак напаткала вялікае расчараванне: калі яны прыйшлі, за добрую гадзіну да пачатку, у клуб, печ ужо была захоплена хлапчукамі, – з тым жа самым намерам. Ну, а чаму хлапчукі павінны быць менш разумнымі і кемлівымі, чым дзяўчынкі? Расчараваным нічога не заставалася, як стуліцца ў куточку каля печы, хоць і на гэты куточак ахвотнікаў было уга колькі. На вялікі жаль, чуткі спраўдзіліся: калі ўжо насыходзілася амаль поўная хата людзей, кіншчык, здаравенны таўстагаловы дзяцюк, загадаў:

– Дзеці да чатырнаццаці гадоў – асвабадзіце памяшканне! Чулі? Давайце, давайце! Хуценька! Не чакайце, пакуль стану за шкірку выкідваць!..

I дзеці, перш за ўсё дзяўчаткі, падаліся да дзвярэй. Нічога не зробіш. Прасіліся, угаворвалі, ледзь не слёзна енчылі – не памагло. Кіншчыку, па ўзгадненні з дырэктарам школы, даў загад старшыня калгаса.

– Ну, а ты – што? Цябе не датычыць? – крануў кіншчык за плячо падлетка ў насунутай на лоб авечай аблавушцы, які зручна стуліўся сярод дарослых на ўслоне.

– А што – я? – незадаволена зіркнуў той з-пад аблавушкі. – Мне ўжо скора шашнаццаць!

– Табе – шашнаццаць? – перакрывіў, не паверыўшы, кіншчык. – Хлусіш, пашавэлак!

– Праўда, праўда! – заступілася за «пашавэлка» кабета, што сядзела перад ім. – Гэта ён ростам не выйшаў, а яму ўжо напэўна шаснаццаць.

– Ён ужо да Яўхімавай Нюркі ў сваты прыходзіў, а ты яго за пашавэлка маеш! – гукнуў мужчына з канца лаўкі, зарагатаў сам, і ўсе, хто пачуў, весела зарагаталі.

– Ну тады на вашу адказнасць, – прымірэнча пагадзіўся кіншчык. – А вы – пайшлі, пайшлі! Вам пара спаць, шантрапа, а не па кінах хадзіць!

«Шантрапа» – гэта і былі ўсе такія, як Ніна і яе сяброўкі. Выходзіць не спяшаліся, спадзяваліся: а раптам кіншчык злітуецца і дазволіць застацца. «О, каб быў тата! – пашкадавала ў думках Ніна. – Ён бы мяне пасадзіў побач з сабою, як тыя разы, бывала... I чаму ён якраз сёння паехаў? Так хочацца паглядзець кіно!..»

На дварэ тым часам пачаў крапчэць – нанач – мароз. Пасля цёплай хаты – Ніна гэта адразу ж адчула. Падумала пабегчы дадому, але самая кемлівая з сябровак Лідачка (гэта яна і наконт схованкі за комінам прыдумала) затрымала ўсіх нечаканай прапановай:

– Дзевачкі! А мы давайце праз акно паглядзім! Станем на прызьбе – і ўсё будзе відаць. Помніце, як вясной глядзелі?

– Дык гэта вясной, а цяпер... яно ж замерзлае!

– Не скрозь замерзлае, а толькі знізу. Нешта ўбачым...

I заядлыя малыя кіношнікі імпэтна паўскоквалі на прызбу і пачалі ўглядацца праз замерзлыя шыбіны, што там робіцца ў хаце і ці не пачалі пускаць кіно. Ніне дасталося месца скраю, яна ўткнулася тварыкам у шыбіну, левай рукой трымаючыся за ліштву, правай – за ніжнюю асадку рамы, і пачала ўглядацца, хоць кіно яшчэ не пачыналася. Неўзабаве адчула, як мароз заходзіць і ў рукавічкі, і ў валёначкі – і там і там пальцам холадна, але стаяла, бо баялася, што як толькі адыдзецца, то нехта захопіць месца, дзяўчынак каля вакна шмат. Спрабавала варушыць пальцамі, але гэта чамусьці слаба памагала, холад даймаў іх усё мацней, і нарэшце яны няйначай як перасталі слухацца яе. А тут загула ў хаце дынама – значыць, пачалося кіно, і ўсе дзяўчынкі прымкнулі да вакна. На жаль, праз замерзлую шыбіну нічога не было бачна, і Ніна з крыўдай у душы зразумела, што кіна яна не паглядзіць. Трэба ісці дадому. «Пайду ўжо я», – сказала хутчэй сабе, чым сяброўкам, і саскочыла з прызбы. I ўпала: ступні ног як адзервянелі і не слухаліся яе. Падымаючыся, адчула, што не слухаюцца і пальцы рук – нібы амярцвелыя. I аднак жа паднялася і, неяк няўклюдна ступаючы, як не на сваіх нагах, пасунулася на вуліцу. I датупала да хаты, а дзверы адчыніць не можа, – ніяк не націсне на слясак, каб падняць клямку, адзервянелыя пальцы зрываюцца. Трохі злякаўшыся, памкнулася пастукаць у дзверы кулачком, – баба Хрысціна пачуе і адчыніць, але далонька ў кулачок як трэба не згарнулася, і Ніна, стаўшы да дзвярэй упаўбока, пачала стукаць локцікам, – моцна, колькі было сілы. I гаспадыня пачула, і клямка бразнула.

– А хто ж гэта тут стукае? – спытала, расчыняючы дзверы, баба Хрысціна. – Нінка? Ты ж умееш адчыняць, чаго ж ты стукаеш?

Відаць, і дзіцячым розумам скеміўшы, што з ёю здарылася бяда, Ніна ў адказ ціха войкнула і заплакала.

– Я змерзла... Рукі змерзлі... I ногі...

Баба Хрысціна сцягнула з рук дзяўчаці рукавічкі і схапіла ў цёплыя далоні яе адубянелыя пальчыкі.

– Ай-я-я-яй! – заякатала адразу ж, усплянуўшы ў далоні. – Ай-я-я-яй! А дзіцятка маё, а як жа гэта сталася? Ты ж на кіно пайшла, а не на вуліцу!

– Не пусцілі ў кіно, – ужо зусім не стрымліваючы плачу, адказала Ніна. – Кіншчык усіх дзяцей прагнаў...

Хрысціна сцягнула з малой пальтэчка, потым, пасадзіўшы на ўслонік, валёначкі і замітусілася, войкаючы і божкаючы, па хаце.

– Зараз, дзіцятка, зараз буду лячыць цябе... На няшчасце, і бацькі няма дома...

Яна наліла ў медны тазік халоднай вады, некалькі конавак лінула ў ладную гліняную місу, тазік паставіла Ніне пад ногі, а місу – побач на ўслоніку.

– Апускай ногі ў ваду, дзіцятка, апускай, а рукі – во сюды, у міску. Ай-я-я-я-яй! Аж пасінелі! Во – плямамі пайшлі твае ручачкі! Абмарозіла, неразумненькая, абмарозіла! Як жа мне ўратаваць іх?!..

Чым больш Хрысціна гаварыла, тым мацней і жаласней плакала і енчыла Ніна – пальцы рук і ног пачало надта балюча калоць і ламіць. «Таму што ў вадзе», – здагадалася беднае дзеўчаня і хацела выняць далонькі з місы, але баба прыкрыкнула:

– Трымай у вадзе! Трымай і цярпі, а то без пальцаў застанешся! Некалі, помню, заечым тлушчам абмарожанае гаілі – самае лепшае лякарства, нават лепш за гусіны шмэльц памагае, але ж дзе ты цяпер таго тлушчу возьмеш. А вось шмэльц павінен быць у Якубіхі, яна трымае гусей. Схаджу да Якубавых, папрашу, калі яшчэ спаць не ўклаліся... Пасядзі, дзіцятка, я зараз вярнуся, толькі не вымай з вады рукі і ногі...

Хрысціна хуценька апранула кажух, накінула на галаву хустку і знікла за дзвярыма. Застаўшыся адна, Ніна заплакала галасней, – боль з кожнай хвілінай мацнеў, асабліва ў пальцах рук, трываць было проста немагчыма, такога болю яна ніколі не ведала. Баба Хрысціна вярнулася занадта скора – і ні з чым.

– Ці спяць ужо, ці ўсе на тое кіно сышлі – але ў вокнах цёмна, – ад парога паведаміла Ніне. – Заўтра раненька схаджу, а цяпер надзяру цыбулі на тарку і абкладу табе пальчыкі дзёртай цыбуляй – таксама памагае. Цярпі, дзіцятачка, цярпі!..

Яна абчысціла тры вялікія цыбуліны, узяла на заложніку тарку, спрытна сцёрла іх, і пазагортвала тую ружаватую кашыцу ў кавалачкі марлі. Потым завяла Ніну ў ложак і паабкладала абмарожаныя пальцы гэтым ядавіта-горкім і страшна пякучым лекам.

– Зараз я напаю цябе гарачым чаем, ліповым, і з малінавым варэннем, каб унутры холад не застаўся, – сказала малой гаротніцы.

Ніна ўжо змаглася ад плачу і, трохі прыцярпеўшыся да болю, ціха, жаласна скуголіла.


* * *

Доўгі час скура на руках і на ступнях ног аблазіла, здзіралася, сыходзіла, траціла прыгожы прыродны колер і – без натуральнага валасковага покрыву – рабілася непрыемнай для вока бліскуча-голай. Асабліва гэта адбілася на пальцах рук, на ўсё жыццё яны засталіся падобнымі на дробныя зморшчаныя моркавачкі, толькі колеру не маркоўнага, а сінюшнага. На ўсё жыццё! Колькі Ніна адплакала з-за гэтага, колькі тымі пальчыкамі выцерла горкіх дзіцячых слёз! Калі б слёзы мелі чароўную сілу лекавання, яны вярнулі б яе пальчыкам тую красу-прыгажосць, што была ад Бога. Але слёзы, на жаль, гэткіх чараў не маюць.

З плачом – у белы свет

На пачатку восені Ніна развіталася з утульнай хацінай бабы Хрысціны: Івану Рыгоравічу далі казённую кватэру – звычайную вясковую хату побач са школай. Таксама абжытую, і з гатовай мэбляй, і вядома ж – з печчу. Праз колькі дзён, рана ў нядзелю, тата сказаў Ніне, што едзе ў раён і вернецца пад вечар. I сапраўды позна па абедзе вярнуўся, але не адзін: разам з ім у новае жытло зайшла маладая невысокая хударлявая жанчына, якую Ніна ніколі раней у Замчышчы не бачыла. Апранута яна была ў крамнае, але як бы не падагнанае пад яе адзенне: задоўгая цёмна-зялёная спадніца, зашырокая на плячах і ў таліі чорная жакетка, белая з дробнымі шклянымі гузічкамі блузка, на нагах – карычневыя, з нізкімі халяўкамі, чаравікі. У руках – невялікі, самаробны, з пафарбаванай фанеры, куфэрак. А ў таты ў руках – два вялікія, перавязаныя шпагатам хатулі. Убачыўшы праз вакно, што тата ідзе не адзін, Ніна адразу ж насцярожылася і не кінулася, як заўсёды, адчыняць дзверы, а спынілася ў нерашучасці непадалёк ад парогу. «А хто ж гэта з татам ідзе? Нейкая жанчына... А хто яна? Новая настаўніца? Напэўна, настаўніца...»

Іван Рыгоравіч паклаў на ўслон хатулі, потым узяў з рук жанчыны і паставіў побач з хатулямі куфэрак, тады неяк крыва ўсміхнуўся да Ніны і сказаў:

– Ну, знаёмся, дачушка, гэта – Ліда Паўлаўна, цяпер яна будзе табе за маму.

Яшчэ не дагаварыўшы апошнія словы, паклаў руку на худзенькі плячук дзяўчаці.

– За маму? – перапытала спалохана-разгубленым голасам Ніна і падняла поўныя недаўмення і страху вочы на тату.

– Ты прабач, дачушка, што я не сказаў табе раней – думаў, так будзе лепш, – каб ты загадзя не хвалявалася. Лепш – каб ты адразу і пазнаёмілася. Ты ў мяне добрая, кемлівая і ўсё зразумееш. Ну не магу ж я без гаспадыні жыць, праўда? Ды і за табой мацярынскі догляд патрэбен.

Хоць і зусім яшчэ малая была Ніна – толькі дзесяты пайшоў, але сэрцам адчула бяду. Схапіла ў далонькі татаву руку, уткнулася тварыкам у крысо ягонага пінжака і ціха, жаласна захліпала.

– Чаго ты спавохалася? Не бойся! – азвалася нарэшце непрыемным скрыпучым голасам Ліда Паўлаўна, да таго ж – моцна картавячы. – Ты бач яе: яшчэ не б'юць, а ўжо пвача.

– Не плач, Ніначка, не плач, – пагладзіў дзяўчынку па галаве бацька. – Чаго ж плакаць? Усё будзе добра.

Ніна перастала хліпаць, але засталася стаяць, як і стаяла, толькі яшчэ мацней сціснула вялікую бацькаву далоню ў сваіх шурпаценькіх маленькіх.

– Ну давай паздавоўкаемся! – зноў праскрыпела Ліда Паўлаўна і працягнула Ніне абсівераную кашчавую руку. – Павяўніся ж сюды, што ды адвяўнулася!

Ніна зрабіла гэта не адразу, а толькі пасля таго, як і тата сказаў:

– Ну павярніся, дачушка, павярніся!

Тады яна і адхіліла галаву ад татавага пінжака і падняла мокрыя вочы на тую, што будзе «за маму»; вусны яе торгаліся і крывіліся як ад болю, выгляд быў надта няшчасны. Добра, што бацька з вышыні свайго росту гэтага не бачыў і, можа, таму не ўсё разумеў, што робіцца ў душы яго дзіцяці, перад якім страшным выпрабаваннем апынулася яе маленькае сэрца.

Пацёршы кулачком вочы, Ніна падала жанчыне руку і, на яе картавае «зваствуй!», ледзь чутна, як праз не магу, вымавіла:

– Здрастуйце...

– Зараз я табе падавунак дам, я табе падавунак пвывезла, – бадзёра, амаль урачыста, сказала Ліда Паўлаўна.

Адышлася да ўслона, адчыніла куфэрак і дастала з яго падарунак: невялікую паркалёвую хусціну з шырокай сіняй каймой і ў такі ж сіні гарошак. Хустка Ніне не спадабалася – не той колер і не тыя ўзоры, яна любіла маміны хусткі – ружовыя ці светла-зялёныя і абавязкова квяцістыя. Ды такой бяды і з тым колерам і з узорам! Проста ёй не хацелася прымаць падарунак ад гэтай чужой незнаёмай жанчыны. Яна падняла вочы на тату і ўбачыла, як ён ёй хораша цёпла ўсміхнуўся. I яна ўзяла падарунак і хацела пайсці з ім да стала, за якім рабіла дамашняе заданне, але Ліда Паўлаўна затрымала.

– Пачакай, давай жа завяжам хустку! Жанчына спрытна завязала Ніне хусціну – ражкамі пад падбародак, і голасна сама сябе пахваліла: – Во як удачна выбрала! Як яна табе падыходзіць!

I Ніна зноў паглядзела на тату: ці праўда?

– Ой якая ты ў мяне прыгажуня! Ну, Ніначка, у такой хустцы на цябе ўсе хлопчыкі ў школе заглядацца будуць!

– Аво табе яшчэ і цукеркі, – сказала Ліда Паўлаўна і падала Ніне ладны кулёк «падушачак».

I Ніна зноў паглядзела на тату, як бы пытаючыся: браць ці не браць?

– Бяры, бяры, ты ж іх любіш, – даў ёй згоду бацька.

Ніна ўзяла і зноў выціснула з сябе «дзякуй», аднак настрой у яе не палепшыўся. Яна выйшла на ганак, села на верхнюю прыступку ўсходцаў і пачала смактаць начыненыя «мёдам» і выкачаныя ў цукры «падушачкі» – самы лепшы тагачасны ласунак вясковай малечы. «Падушачкі» былі смачныя, салодкія, а думкі Нініны – наадварот: горкія, тужлівыя, скрушныя. «Якая яна непрыгожая! Яна ж касавокая! I нос нейкі... выгнуты, яку качкі. Мая мама – у сто разоў прыгажэйшая!.. Мама! Мамачка! Я хачу да цябе! Нашто ты мяне аддала, мамачка! Я хачу быць з табой і з Ліпай! Я не хачу, каб за маму мне была гэтая... гэтая брыдкая чужая цётка!..»

Ніна брала з кулька, як у забыцці, «падушачкі», клала ў рот, смактала, разжоўвала і не чула, як паабапал яе кірпатага носіка коцяцца дробныя слязінкі.


* * *

Мачыху Ніна, як гэта кажуць, «непрыняла». Ніяк. Праходзілі дні, тыдні – каб хоць што-небудзь цёпла-светлае прагаварыла ў душы дзяўчынкі пры думках пра мачыху, каб хоць бы раз нешта шчыра-прыязнае адзыўнулася ў ёй на праявы клопату і ўвагі той, што «за маму». I Ліда Паўлаўна гэта таксама адразу ж адчула. «От ваўчанё! Ты бач, якое ваўчанё!» – з непрыязнасцю казала яна іншы раз сама сабе. I не магла ўцяміць, чаму не атрымліваецца лагоднага паразумення і кантактавання. Ніна старалася ні пра што не пытаць, нічога не прасіць і ніяк не звяртацца – ні «цётка Ліда», ні «Ліда Паўлаўна», і ўсё глыбей замыкалася ў сабе. Але калі прыходзіў дадому бацька – радасна кідалася да яго, і абдымала, і лашчылася, і шмат яму шчабятала, расказвала пра ўсе свае прыгоды, і ён уцешна слухаў. I мачыха гэта бачыла і вельмі хутка пачала самым сапраўдным чынам раўнаваць. I ставіцца да дзевяцігадовай падчаркі ўсё горш і горш – прыдзірацца, сувірацца, папракаць, і нават і дражніць ды абзываць нядобрымі словамі. I аднойчы дайшла ў злосці да недазволенага:

– Што гэта за дзіця! – закрычала. – Гэта ж пракляцце нейкае, а не дзіця! Не дзіва, што ад цябе родная маці адраклася!

Ніне – як у самое сэрца ўпілося нябачнае вострае джала. Яна саскочыла з тапчана, які нанач быў яе ложкам, падбегла да мачыхі і, гледзячы ёй наўпрост у твар, выпаліла:

– Гэта няпраўда! Не адраклася! Мама забярэ мяне скора! Забярэ! Вось убачыце!

Выкрыкнула – і спалохалася: «А калі не забярэ? А калі так і будзе?»

– А як жа, забярэ! Чакай!.. Патрэбна ты ёй! – насмешліва перакрывіла падчарку мачыха.

Ніна крутнулася, схапіла з вешалкі каля дзвярэй пальтэчка, ужо на хаду апранула яго і выбегла на вуліцу. А куды далей? У школу? Але ж тата на ўроках. Ды ён і забараніў прыходзіць да яго без пільнай патрэбы. А гэта – хіба надта пільная патрэба? Паскардзіцца тату, што Ліда Паўлаўна так нядобра сказала? А калі яна сказала... праўду?

Ніна спынілася ў нерашучасці: можа, пахадзіць па вуліцы, пачакаць, калі ён будзе ісці са школы і вярнуцца дадому разам з ім? Ці схадзіць да Марылькі – сваёй самай блізкай сяброўкі? I яна пайшла да Марылькі.

Марылька была дома адна і чытала надта ж цікавую кніжку пісьменніка Якімовіча «Незвычайны мядзведзь» – пра ворага-кулака, які ў мядзведжай скуры палохаў на калгасным полі жней. Ніна скінула пальтэчка і падсела чытаць разам – як яны рабілі неаднойчы раней. Неўзабаве адчула, як моцна засвярбела галава; захопленая чытаннем, Ніна сунула пальцы ў сваю густую, ужо даўно не раўняную цёмна-русую чупрынку і пачала часаць. I – што такое? На правую старонку, над якой была нахіліўшыся Ніна, звалілася... маленькае рыжаватае насякомае. Дзяўчынкі яго заўважылі разам.

– Гэта ж вош! – усклікнула ў здзіўленні Марылька. – Ты счасала з валасоў вош!

Яна адарвалася ад кнігі і, машынальна адхіснуўшыся, паглядзела на Ніну. Хоць гэтае малёханькае куслівае стварэнне не было тады ў вёсцы дзівам, Ніна, аднак, ведала, што мець вошы – сорамна і брыдка, – так заўсёды казала мама, яна была вялікай чысцюляй і пільна сачыла, каб, крый Бог, не завялося гэтае насенне ў яе дачок. I цяпер Ніна ад няёмкасці аж пачырванела.

– Пачакай, – сказала Марылька, – дай пагляджу.

Не чакаючы згоды, нахіліла да сябе Нініну галаву і пачала досыць спрытна, як дарослая, перабіраць пальцамі пасмы. Праз хвіліну амаль узрадавана абвясціла:

– Во! Яшчэ адна ёсць! Гэткая самая! Пачакай, я заб'ю яе.

Ніне стала страшнавата, яна як бы штосьці зразумела, можа, тое, што дачцы настаўніка вашывай быць няможна, бо будуць смяяцца людзі.

– Я пайду, Марылька, мне ўжо трэба дадому, – сказала.

Апранула спехам пальтэчка і вышмыгнула за дзверы. На вуліцы прыпынілася: а куды цяпер? Трэба ўсё ж да школы. Трэба сказаць тату.

Іван Рыгоравіч убачыў Ніну праз вакно і, заўважыўшы, у якім яна настроі, зразумеў, што нешта здарылася. Выйшаў у двор, як быў на ўроку – у гарнітуры.

– Што з табою, дачушка? Нехта пакрыўдзіў? Ніна апусціла галаву, адвяла ўбок вочы і скрушна, нібы пра сваю вялікую віну, адказала:

– У мяне вошы...

– Вошы? – перапытаў, здзіўлены, Іван Рыгоравіч.

– Ну. Вошы. Адну я сама счасала на кніжку, а другую знайшла Марылька ў валасах.

– Нічога страшнага, Ніначка, проста я даўно не купаў цябе. Гэтую нечысць мы лёгка ліквідуем, не бядуй. Ідзі дадому і чакай мяне. Лідзе Паўлаўне не кажы нічога.

...Вечарам Іван Рыгоравіч нагрэў на прымусе вялізную каструлю вады і сам выкупаў Ніну ў балеі, асабліва старанна вымыў, шчодра намыльваючы, галаву. Апрануў дзяўчынку ў чыстае і ўклаў спаць. Усё зрабіў так, як цэлы год рабіў на кватэры ў бабы Хрысціны і потым ужо тут, пры новай гаспадыні. У лазню Ніну не адпускаў – ні з бабай Хрысцінай, ні з мачыхай. Купаў сам, дома – як бы знаходзячы ў гэтым нейкую палёгку для душы, нейкі выкуп сваёй віны за тое, што сям'я разбурылася і яго любімая дачушка пазбавілася матулінай ласкі.

Ужо засынаючы, Ніна пачула кароткую нелагодную перамоўку:

– Заўтра будуць тапіць лазню, магла б я гэта зрабіць і ў лазні. Дык ты ж не хочаш.

– Не хачу. Вось – не агледзеўся, як маё беднае дзіцё нуда заела.


* * *

Так прайшла зіма – у відочнай нелюбові і непрыязні той, што «за маму», да падчаркі. А на пачатку вясны Ніна пачула ад Марыльчынай маткі, занадта гаваркой і языкатай «лапатухі», незвычайную навіну:

– Скора табе стане жыць весялей, Ніначка: будзеш мець дома ці браціка, ці сястрычку. Месяцы праз два, калі не хутчэй, твая мачыха рассыплецца.

Што жанчыны нараджаюць дзяцей – гэта Ніна ведала ўжо даўно, і што значыць «рассыплецца» – зразумела адразу. I толькі цяпер скеміла, чаму ў Ліды Паўлаўны пачаў выпукляцца пад сукенкай жывот: будзе дзіцятка. Але чаму – мой брацік ці сястрычка? Каб гэта мая мама нарадзіла – тады быў бы мой брацік ці мая сястрычка. А гэта ж не мая мама... Нешта тут у Нініна разуменне крэўнасці не ўкладвалася. Што бываюць гэтак званыя «зводныя» браты і сёстры – яна проста не ведала, ніхто ніколі ёй гэтага не тлумачыў. Пасля навіны, пачутай ад Лапатухі, Ніна стала ўнепрыкмет назіраць за мачыхай, за яе відочна пакруглелым жыватом, сумненні ў тым, што дзіцятка чакаецца, адпалі і ў душы дзяўчынкі пачала нарастаць з аднаго боку – цікаўнасць, а з другога – неспакой і ўстрывожанасць: дык а як жа яно тады будзе, у якім становішчы апынецца яна? Заадно нарастала пачуццё адчужэння і непрыязнасці да мачыхі – ад не зусім усвядомленага разумення, што большаюць правы гэтай жанчыны на яе тату, тым самым – меншаюць яе правы, менш увагі і ласкі дастанецца ёй. Ніна зрабілася больш унурыстай, капрызнай, стала лягчэй раздражняцца і часцей праяўляць непаслухмянасць. Амаль зусім не стала чуваць яе вясёлага смеху.

У травені, перад самым заканчэннем трэцяга класа, Ніна пабывала з татам у Віцебску. I там яе напаткалі адразу дзве радасці. Па-першае, тата купіў адрэз прыгожай цёмна-бардовай фланелі на сукенку, на восень і зіму, хадзіць у школу. Ах, якая прыгожая тканіна, якая будзе сукенка! Ніна ўявіла, як яна зойдзе ў клас у такой цудоўнай абнове і як ёй будзе радасна, і ўсе будуць глядзець і зайздросціць, што ў яе такі тата – такую сукенку справіў. А па-другое, дзеці татавага сваяка, да якога яны заходзілі ў госці, на ўскраіне горада, падарылі Ніне голуба – дзівоснага прыгажуна турмана, светла-рабенькага, у чорнай «камізэльцы», з вялікімі круглымі вочкамі і кароткай дзюбкай. I такога рахманага, прыручанага, даверлівага. Татаў сваяк не быў заядлым галубятнікам, але любіў гэтых ласкавых свойскіх птушак, і ў яго двары іх было многа, бо і дзеці вельмі любілі вазіцца з імі.

Дзецям спадабалася прыгожая мілая дзяўчынка з вёскі, і ім захацелася зрабіць ёй на ўспамін такі незвычайны падарунак. Бацька ахвотна падтрымаў іх жаданне, пабачыўшы, з якім захапленнем яна глядзела, аж пляскала ў далонькі, калі ён паклікаў сваіх гадаванцаў да сябе на пачастунак. Як жа было не ашчаслівіць такую сімпатычную госцю, дачку сябра-настаўніка жывым падарункам!

Дадому Ніна прывезла голуба ў накрытым радзюжкай лазовым кошыку, – у тым самым, у якім ён жыў пад паветкай у былога гаспадара. Яе радасці не было мяжы. Нават забылася на ўсе неспакойныя скрушныя думкі. Амаль цэлы дзень, па прыездзе, бавілася з гэтым крылатым навасёлам, карміла хлебнымі крошкамі, налівала вадзіцу ў сподак і вучылася клікаць яго да сябе: вуль-вуль-вуль-вуль-вуль! Так было і на другі дзень, і на трэці, і цэлы тыдзень. А потым сталася трагедыя.

Зусім не пудкі, ласкавы птах ішоў да дзяўчынкі на рукі, садзіўся на прыпале, ляцеў на яе голас. Але з першых хвілін першага дня не ўзлюбіла голуба мачыха – можа, якраз таму, што бачыла, колькі радасці і ўцехі ён дорыць падчарыцы. «Нашто ты, зараза, яго прывезла? Начорта ён нам!» – Ніна чула гэта па некалькі разоў на дзень. Аднойчы, калі мачыха пайшла па нейкай патрэбе да суседзяў, дзяўчынка прынесла голуба ў хату і, забыўшыся на небяспеку, пачала яго частаваць хлебам. На няшчасце, мачыха зусім хутка вярнулася і заспела Ніну за гэтым «злачынствам». Ліда Паўлаўна як бы толькі гэтага і чакала і імгненна прыйшла ў лютасць: «У хаце?! Можа, яшчэ на стол пасадзіш?!..» Цяжкай грузнай хадой, але шпарка падышла да Ніны і так злосна раўнула «аддай!», што дзеўчанё тут жа працягнула ёй сціснутага ў далонях голуба. Але тая брала яго няспрытна, і голуб вырваўся з яе пальцаў і, зрабіўшы паўкруга пад столлю, сеў на шафе. «Заб'ю!» – закрычала мачыха, схапіла ў качарэжніку чапялу і на вачах у аслупянелай ад жаху Ніны замахнулася на голуба. Бедны птах, вядома ж, не стаў чакаць, пакуль чапяла пераломіць яму косці, і кінуўся ў акно, не разумеючы, што той свет-паратунак, які ён бачыў і ў які хацеў вырвацца, адгароджаны ад яго шклом, і ўдарыўся ў шыбіну, але не разбіў, а ссунуўся па ёй на падваконнік. Пры гэтым зачапіў крыламі і перакуліў вазон – высочанькі малады фікус, гліняная вазонніца пакацілася, бразнулася аб падлогу і раскалолася на кавалкі, сам фікус пераламаўся. «А-яй! – закрычала мачыха. – А-яй, што яна нарабіла!» Голуб сядзеў на падваконніку, развёўшы ўбакі крылы, уткнуўшыся дзюбкай у шкло. Мачыха кінула чапялу на падлогу і памкнулася да вакна, каб злавіць праклятага віноўніка бяды. Аднак яе апярэдзіла насмерць перапалоханая ад усяго, што здарылася, Ніна, і абшчарэпіла голуба далонькамі, і прытуліла да грудзей, і вачыма, поўнымі мальбы аб літасці, глядзела на мачыху. «Аддай!» – яшчэ страшней, чым першы раз, раўнула Ліда Паўлаўна і працягнула рукі да птаха. «Не дам! Не дам! Не дам!» – запрымаўляла, круцячы галавой, Ніна. Але мачыха схапіла голуба за стуленыя лапкі і сілком вырвала яго з рук дзеўчаняці. I той жа грузнай, але шпаркай хадой пайшла праз адчыненыя дзверы ў сенцы, з сенцаў – у двор. Ніна – моўчкі – следам. Хацела нешта закрычаць, але словы не паслухаліся, захраслі. Убачыла, як мачыха з голубам у руцэ звярнула пад паветку. Нібы прадчуваючы нешта страшнае, нясмела, замаруджваючы хаду, падалася туды і яна. I ўбачыла... Тое, што ўбачыла Ніна, будзе ёй прыгадвацца і мярэшчыцца ўсё жыццё. Трымаючы левай рукой за лапкі, мачыха паклала голуба на край калодкі, на якой Іван Рыгоравіч сек дровы, і на вачах у Ніны гакнула тапаром па шыза-дымчатай шыйцы. Паглядзела дзікім вар'яцкім паглядам на дзяўчынку і кінула ёй пад ногі акрываўленую птушку, што яшчэ торгалася канвульсіўна крылкамі. Ніна на імгненне аслупянела ад жаху, а тады закрычала немым крыкам і кінулася бегма прэч. Вылецела на вуліцу, але пабегла, гэтак жа крычучы, не туды, дзе школа, дзе тата, а ў процілеглы канец. Яна крычала так страшна, што, пачуўшы яе, людзі, найперш дзеці, выскоквалі на вуліцу. Некаторыя аклікалі: «Ніна! Ніна! Чаго ты? Што з табой, Ніна?» – але яна іх не чула. Сёй-той з дзяцей спрабаваў пераняць яе, але яна вырывалася і ўсё з тым жа немым крыкам штосілы імчала далей, у канец вёскі.

– Марылька! Бяжы ў школу, скажы Івану Рыгоравічу! – загадала дачцэ Лапатуха. – Ай-я-яй, у белы свет з плачом дзіця паляцела! Што яна ёй зрабіла, гэная картавешка?..

Ніна выбегла за вёску і ўжо не так шпарка, бо стамілася, пабегла сярэдзінай дарогі туды, дзе непадалёк высіўся гонкі сасновы бор. Гэта была тая дарога, якою гады два назад яны ехалі з бацькам сюды, у Замчышча, – тая дарога, якою, калі бегчы і бегчы, можна вярнуцца туды, дзе яна жыла, дзе яны ўсе былі разам – і тата, і мама, і Ліпа, і яна, Ніна. Дзе мама з Ліпай жывуць і цяпер. I нічога пра яе не ведаюць.

Ад моцнага крыку Ніна ахрыпла і, дабегшы да лесу, ужо не крычала, а плакала – голасна, заходзячыся, задыхаючыся. На ўзлеску і пачула, што яе гукае тата. Азірнулася: так, тата імчыцца на веласіпедзе! Параўнаўся, шпурнуў веласіпед на абочыну і падхапіў дзяўчо на рукі, як некалі малую.

– Ніна! Дачушка! Крывіначка мая залатая! Што з табой? Куды ты бяжыш, родненькая мая?..

– Туды, – паказала рукой Ніна. – Да мамы... Я хачу да мамы! Татачка! Завязі мяне ў Мурожніцу! Завязі! Яна засекла яго! Яна засекла!..

– Завязу, дочачка, завязу, вось кончыцца вучэбны год – і я завязу цябе. Абавязкова. Даю слова гонару. А галубка куплю табе другога, не плач.

Іван Рыгоравіч пасадзіў уцякачку перад сабой на раму веласіпеда і павёз дадому. Яшчэ на падворку, каля ганку, пачуў, як енчыць-крычыць Ліда Паўлаўна. Ускочыў у хату, падбег да ложка, на якім яна ляжала дагары, выпінаючыся і сцягваючыся ад болю, і ўсё зразумеў.

– Кліч скарэй бабку, – прагаварыла. – Пачынаецца... У бальніцу не паспеем...

Праз паўгадзіны суседка-бабка прыняла ў парадзіхі хлопчыка – на шчасце, здаровенькага і ладнага.

– Брацік у цябе паявіўся, – сказала павітуха Ніне, калі ёй нарэшце дазволілі зайсці ў хату.

Незвычайная падзея – прыход у жыццё новага чалавека – дапамагла Ніне лягчэй перажыць тое жахлівае, што адбылося. Малы аказаўся крыклівы і галасісты, і яго часты плач Ніна не магла чуць спакойна, ёй здавалася, што яму нешта моцна баліць, і яна шкадавала яго.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю