355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ніл Гілевіч » Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] » Текст книги (страница 2)
Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:10

Текст книги "Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства]"


Автор книги: Ніл Гілевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Вянок для мамы

Ліпа старэйшая за Ніну на два з палавінай гады. Невялікая, нібыта, розніца – усяго два з палавінай. Але гэта калі людзі дарослыя, у сталым веку, а калі каму восем, як Ніне, а каму ўжо дзесяць з палавінай, як Ліпе, – дык ого якая вялікая розніца! Ліпа ведае ўсяго ўсялякага нашмат-нашмат больш, чым Ніна, і разбіраецца многа ў чым нашмат-нашмат лепш. Там, дзе для Ніны яшчэ поўная няяснасць і загадка і толькі адны пытанні: а як гэта? а чаму? а куды і адкуль? – для Ліпы амаль усё ясна і зразумела, ці прынамсі зразумела нешта самае галоўнае, што дае права глядзець на Ніну як на яшчэ зусім някемную зялепуху і казаць: «Ну, ты ўсё роўна гэтага не зразумееш, ты яшчэ малая. Зразумееш, як трохі падрасцеш». Вось табе і ўсяго два з палавінай гады розніцы! I Ніна вельмі зайздросціла Ліпе, што тая ўжо вялікая і так шмат усяго ведае.

Быў самы пачатак чэрвеня. Закончана вучоба. Наперадзе – летнія канікулы. Першыя Нініны канікулы! Хоць і надта любіла хадзіць у школу, надта падабалася ёй чытаць і пісаць, рашаць задачкі, маляваць, развучваць новыя песні на ўроках спеваў, – і ўсё ж была радая, што ўжо вызвалілася ад усяго гэтага абавязковага штодзённага клопату, што наперадзе – аж тры месяцы зусім вольнага жыцця: гуляй і рабі што хочаш! Што хочаш! А пачынаецца ж лета – ужо дзеці спрабуюць купацца ў возеры, хоць вада яшчэ і халаднаватая; а скора пойдуць у гаях і на ўзлеску суніцы, услед – у смалістым сасновым бары – чарніцы, а ў гушчарах – маліны, а тады ж і вішні ў садку, і слівы, а пасля і яблыкі, салодкія ранетачкі, і мядовыя грушы... Ай-яй-яй, колькі ўсялякіх забаў і прыгод нясе цёплае сонечнае лета! Ну, але гэта ўсё – трошкі пасля, пазней, а цяпер... А цяпер – ужо надта шмат на аселіцы і ў лузе прыгожых красак-зёлак, асабліва – ярка-жоўтых казялкоў, ці кураслепаў. Вочы разбягаюцца, як паглядзіш: не луг – велічэзны залаты кілім! Ніхто не ведае, як Ніна любіць лугавыя і палявыя краскі! I не толькі глядзець-любавацца, але і рабіць з іх букецікі.

А ўчора дзяўчынкі-сяброўкі навучылі яе сплятаць з красак вянок. Аказалася, што гэта зусім няцяжка. I Ніна збегала на аселіцу і прынесла ладны жмут жоўтых казялкоў, якія ўжо зусім добра распусціліся. Рэч у тым, што не ўсякія краскі заплятаюцца ў вянок – трэба каб былі доўгія і гнуткія сцяблінкі. Сяброўкі казалі, што найлепш прыдатныя для гэтага васількі і рамонкі. Яны ж і самыя прыгожыя. Але васількі і рамонкі будуць пазней, можа, толькі праз месяц. Дык тады тое і будзе, а зараз – ну хіба не прыгожыя казялкі? I хіба не пекны будзе з іх вянок?

Ніна сядзела на ганку, на лавачцы, дзе стрэшка добра хавала ад высокага летняга сонца, і пляла вянок. Пляла з вялікай захопленасцю і стараннем, бо, па-першае, пляценне асвойвала паспяхова і ад гэтага расла ў сваіх вачах, а па-другое, задумала сплесці гэты вянок для мамы, – падарунак-сюрпрыз для яе. Пляла і ўяўляла, як папросіць маму надзець вянок на галаву і як яна будзе гожа ў ім глядзецца! О, Нініна мама і так, без ніякіх убораў, надта прыгожая, самая прыгожая ў іхняй вёсцы, ну а ў гэтым залатым вянку з казялкоў... – Ніна аж захлынулася ад радасці ў думках пра тую хвіліну, якую ёй давядзецца сёння перажыць. Яна надта любіць маму. I вельмі ганарыцца, што яе мама не такая, як усе ў вёсцы жанчыны. Да яе нават звяртаюцца не так, як да іншых – не па імені, а па бацьку: Захараўна, ці нават Марыя Захараўна.

За гэтым заняткам у шчасліва-салодкіх марах і застала яе Ліпа. Яна зайшла на падворак з вуліцы, паднялася на ганак, але села не на лаўцы, а на край памосту, на праходзе, спіною да Ніны. Ніну гэта непрыемна здзівіла. Яна не сумнявалася, што большая сястра паглядзіць і пахваліць яе за такую работу, і нават папросіць, каб і ёй спляла... А Ліпа толькі кінула вокам і моўчкі села ўнізе, адвярнуўшыся, абхапіла рукамі каленкі, сядзіць і глядзіць долу, сабе пад ногі.

– Ты вот нічога не ведаеш, а я ведаю, – сказала нарэшце Ліпа.

I сказала неяк нязвыкла сур'ёзна, цяжка-сумным голасам, і Ніна адчула гэта, улавіла нутром, тым больш што і паводзіцца Ліпа неяк незвычайна. Яна перастала плесці, але амаль гатовы вянок трымала ў руках, паглядзела на Ліпу і таксама сур'ёзна спытала:

– А што ты ведаеш?

Але сястра не адказала. Сядзела моўчкі і нерухома, нават не пакранулася. Ніну гэта зачапіла яшчэ больш, да цікаўнасці прымяшалася і пачуццё крыўды: як гэта – нешта ведае, а сказаць не хоча? Успомніла, што і раней, здаралася, Ліпа абдурвала яе такім чынам, проста, каб пацвеліцца і паказаць сваю перавагу.

– Нічога ты не ведаеш, толькі так гаворыш.

– А вот і ведаю, – паўтарыла тым жа голасам Ліпа. – Хадзі сюды, раскажу...

Ніна хацела пакласці недаплецены вянок на лаўку, але падумала, што заплёт можа распусціцца, калі яго не прытрымліваць, і таму падышла да Ліпы і села побач з вянком у руках, заціснуўшы пальцамі апошнюю ўплётку. Да таго ж яна хацела, каб Ліпа звярнула ўвагу на яе работу і пахваліла за ўменне.

– Што ты ведаеш?

– А тое, што мы з табой ужо разам жыць не будзем...

Сказала – і зноў змоўкла. Ніна рэзка павярнулася да сястры.

– Чаму – не будзем?... Гаворыш абы што, – зрэагавала мамінымі, сто разоў чутымі словамі Ніна.

– Не будзем, сястрычка, не будзем. Ты будзеш з татам жыць, а я – з мамай...

Сказаўшы гэтак, паглядзела на Ніну, а ў вачах – слёзы, вось-вось пакоцяцца, і яна тылам далоні выцерла іх. Тое, што Ніна пачула, было яшчэ недаступна яе разуменню: як гэта – «ты з татам, а я – з мамай»? Што такое бывае ў жыцці – яна яшчэ не ведала, ніхто пры ёй такога не гаварыў, і ў сваіх кніжках яна не чытала пра такое. Што ёсць дзеці сіроты – ці хлопчык, ці дзяўчынка, ці абое – гэта яна ведала, чула і чытала, але ж гэта калі мама ці тата памрэ. А калі жывыя? Нічога не можа зразумець Ніна. I што гэта Ліпа прыдумала? Але ж яна плача, значыць, праўда...

– А я хачу з табой! – цвёрда і голасна заявіла Ніна. – Я не хачу асобна!

Ліпа яшчэ раз правяла рукой па вачох, крыху павярнулася да Ніны і спакойна, разважліва – яна любіла гаварыць разважліва, як сталая паважная жанчына – сказала:

– Вот ты яшчэ малая і не разумееш. Мама і тата развяліся. А нас падзялілі. Мама ўзяла мяне, а тата – цябе.

– Як гэта – развяліся? – зноў не зразумела Ніна, бо і пра тое, што таты і мамы разводзяцца, яна таксама ніколі не чула. У вёсцы людзі не разводзіліся – сварыліся, нават біліся, але не разводзіліся.

– Ну развяліся, гэта значыць, тата і мама ўжо разам жыць не будуць. Паасобку будуць. Мама сказала, што тата схадзіў у сельсавет і аформіў развод.

«Аформіў развод» – паўтарыла ў думках дагэтуль незнаёмыя ёй словы Ніна.

– А чаму яны развяліся?

– Не ведаю... Можа, пасварыліся. Цётка Вульляна сказала, што тата моцна пакрыўдзіўся на маму. А за што – не ведаю.

Ніне стала надта горка і тужліва. Апусціўшы вочы, яна глядзела ў адну кропку – на самую вялікую ў вянку кветку, у сяродачку якой нерухома сядзела невялічкая, з бліскучымі крылцамі, мушка.

– Ліпа, а чаму мама і мяне не возьме? – спытала ціхім, прыдушаным голасам Ніна.

– Чаму? Таму што тата сказаў: Ніну не аддам.

– Ліпачка, я хачу быць з табой, Ліпачка, родненькая, я хачу быць разам, – ужо захліпаўшы, запрыказвала Ніна і, забыўшыся на вянок, абхапіла Ліпу за шыю рукамі, прыціснулася галавой да яе галавы і зайшлася плачам – горкім-горкім, з доўгім жаласлівым завываннем. Не стрывала, заплакала, прытуліўшы Ніну да сябе, і Ліпа, але – зусім ціха, без голасу, адно шморгаючы раз-пораз носам.

Калі недаплецены вянок зваліўся з каленак долу, на зямлю, – Ніна не адчула і не заўважыла.

Так іх і застала на ганку маці – прытуленых адна да адной, заплаканых, гаротных. Глянула – і ўсё зразумела: дочкі ведаюць, што адбылося. Жанчына яна была валявая, рашучая, шмат гаварыць не любіла.

– Ну, вось што, мае дзеткі: падрасцеце – тады і разберацеся ва ўсім самі, чаму так здарылася. А цяпер слухайце. Падвечар мы з табой, Ліпа, пойдзем на станцыю, а адтуль – цягніком у Віцебск, пажывём крыху там, у сваякоў. Ты, Ніна, застанешся тут, з татам, а пасля паедзеш з ім кудысьці аж за Сянно, ці за Чашнікі, – добра не ведаю. Будзеш з ім. Калі-небудзь я цябе забяру, а пакуль... Так трэба, дачушка.

Сказала строга, суха, жорстка – і пайшла ў хату. Паднялася і моўчкі пайшла за ёй Ліпа.

Прыбітая горам, падрэзаная крыўдай, спаралізаваная ад роспачы, Ніна засталася на прыступцы ганку. Сядзела і глядзела долу, на свой першы вянок для мамы, які так і застаўся недаплеценым.


* * *

– Ну, дачушка, хвілін праз дзесяць ад'язджаем, – сказаў, зайшоўшы ў хату бацька. – Давай вынесем рэчы ў двор, каб усё было напагатове, ты пасядзіш, пачакаеш, а я схаджуда сельсавета і прыганю падводу, яна ўжо там. Паедзем на добрым сельсавецкім кані, да вечара і на месцы будзем.

Бацька вынес спачатку ладны пузаты куфэрак, напакаваны кнігамі, падручнікамі, сшыткамі і розным школьным прычындаллем, потым – набіты пасцельнымі рэчамі мяшок, нарэшце – вялікі, звязаны накрыж чатырма рагамі хатуль, у якім, ведала Ніна, татава адзенне: зімовае і асенняе паліто, касцюм, кашулі, бялізна і абутак – боты, чаравікі... Ніна свой хатулёк вынесла сама – ён быў невялікі і не цяжкі: пальтэчка, сукеначка, сарафанік, спаднічка, кашулька, з абутку – валёначкі з галошамі ды сандалікі. А яшчэ – яе любімая шапка-вушанка, як у хлопчыкаў.

– Сядзь на мяшок і чакай, Ніначка. Усё будзе добра, не бойся, мы з табой не прападзём, – усміхнуўся Ніне тата, нават падміргнуў весела і пайшоў з двара – высокі, плячысты, стройны, паходка лёгкая, імклівая. Вельмі падабаўся Ніне тата, – такі прыгожы, такі разумны... I мама такая прыгожая... Чаму ж яны гэтак моцна пасварыліся?

Ніна села, як загадаў тата, на мяшок і зноў задумалася пра ўсё тое, што так нечакана здарылася ў іх сям'і. I куды яны з татам паедуць? I як яна там будзе жыць – без мамы, без Ліпы? I без сваіх сябровак? А якая там школа і якія дзеці? Ці падружацца яны з ёю? Трывожна і страшнавата.

Падышоў і стаў зусім блізка агніста-чырвоны певень, павярнуў галаву і глядзіць на Ніну зыркім круглым вокам, нібы дзівіцца: чаго яна тут сядзіць, пасярод двара? Гэта певень іх суседкі, бабы Грыпіны, Ніна з ім знаёма даўно, у іх – дружба, колькі разоў яна сыпала яму круп, употайкі ад мамы, і цешылася, што ён не пачынае сам дзяўбці, а кліча на пачастунак курачак...

– Пеўнічак! Пеўнічак! – ласкава загаварыла да яго Ніна. – Ужо мы расстанемся з табой, пеўнічак. Ужо я паеду адгэтуль, далёка паеду, а куды – не ведаю... Я там буду цябе ўспамінаць, пеўнічак...

Певень пастаяў, пачакаў і, зразумеўшы, што пачастунку не будзе, паважна-ганарыста пайшоў углыб двара. А можа, таму, што ўбачыў ката Вурку, які таксама завітаў у двор. Як бы для праводзінаў ці што? – бо нават мяўкнуў да Ніны, і ўскочыў на мяшок, і ахвотна пайшоў да рук дзяўчынкі. Дзіва што! Не злічыць, колькі разоў ён сядзеў у яе і на падоліку, і на плячы, тручыся аб шчаку і вуха, і колькі разоў быў узнагароджаны за службу якой-небудзь смакатой! Як і певень, гэты чорны, увесь чорны – з бліскуча-жоўтымі вачыма – прыгажун быў пестуном бабы Грыпіны.

– Коцічак! Міленькі мой коцічак! Ну хадзі ж развітаемся, хадзі! – Ніна ўзяла Вурку ў рукі, пасадзіла на прыпале і пачала лашчыць свайго даўняга сябра па галоўцы між вушэй, па шыйцы, па спінцы. – Паеду я ўжо, коцічак, паеду, далёка паеду, а куды – і сама не ведаю. Там я буду сумаваць па табе, коцічак...

Можа б, Ніна размаўляла з ім і даўжэй, але – во неспадзяванка: запырскаў дождж – рэдкімі буйнымі кроплямі залопаў па двары, па шырокім лісці агурэчніку за парканам. Малая ажно трохі спалохалася: ну трэба ж! А мяшок? А клунак? I адкуль узялася гэта сівабурая хмарка? Было ж такое чыстае, блякла-блакітнае, выцвілае ад сонца неба!

– Бяжы, коцічак, бяжы! – пусціла Вурку з рук Ніна. – Мне трэба клункі хаваць ад дажджу, бяжы!

Першым, вядома, Ніна занесла пад страху свой хатулёк. Потым учапілася абедзвюма рукамі ў хатуль з бацькавым адзеннем – і, на дзіва сабе, скранула з месца і, напінаючыся з усіх сіл, пядзі дзве працягнула, потым яшчэ пядзі дзве – і задыхалася. Села на хатуль і заплакала – ціха, горка, жаласна. На шчасце, кроплі з залётнай хмаркі сыпацца перасталі. Сціхла і іх шумнае лопанне – і на падворку, і ў агародзе, на градах. А пачулася тарахценне калёс. «Тата едзе, тата!» – узрадавалася Ніна і выбегла за вароты. Так, гэта быў тата, і з ім малады мужчына – возчык, які пагоніць падводу назад. Тата схапіў малую пад пахі і пасадзіў у калёсы на пульхнае свежае сена.

– А клуначак мой, тата! Я вазьму клуначак!

– Я сам прынясу, сядзі. Усё прынясу сам, не хвалюйся. Усё будзе добра, Ніначка, усё будзе добра!..

«Рыцар» Гамзук

Новае месца працы Нінінага таты – сямігадовая школа ў Замчышчы. Дзяцей у школе шмат, бо сюды ходзяць і вучні пятых-сёмых класаў з суседніх вёсак, дзе школы толькі пачатковыя. Іван Рыгоравіч з Нінай сталі на кватэру да старой, даўно аўдавелай бабулі Хрысціны. Хата невялікая, але – на дзве палавіны, у другой, як тут гавораць, «чыстай», і пасяліўся новы настаўнік. Баба Хрысціна – кабеціна негаваркая, норавам – строгая, любіць парадак, каб усё было дагледжана, прыбрана, вымыта, у яе нават мянушка не якая-небудзь крыўдная, а ганаровая – «чысцюля». Ніне чысціня і парадак падабаюцца, яе мама таксама за гэтым вельмі сачыла. Але кепска тое, што баба Хрысціна не дазваляе Ніне вадзіць у хату дзяцей – як яна кажа: «міндрыцу». У самой яе ўнукаў няма і яна, відаць, прывыкла да спакойнага, ціхага жыцця, – калі ніхто не замінае і не дурыць галаву. Ну і з-за гэтай самай чысціні і парадку: там, дзе збіраюцца на свае забавы малыя дзеці – там будзе шурум-бурум, а не парадак. Тата наконт гэтага строга папярэдзіў і патлумачыў чаму: баба Хрысціна – старая і хворая, ёй патрэбна цішыня, дык ты ўжо глядзі, Ніначка, а то давядзецца шукаць другую кватэру.

Вось і атрымалася, што з новымі сябрамі Ніна можа сустракацца для гульні-забавы толькі на вуліцы або ў хаце якой-небудзь дзяўчынкі. Можа, з гэтай прычыны, што часта даводзіцца быць дома адной, Ніна дужа ўцягнулася ў чытанне кніг. Хоць вучыцца яшчэ толькі ў другім класе, а чытае ўжо зусім бегла, хутка, і кнігі ў школьнай бібліятэцы мяняе вельмі часта – настаўніца-бібліятэкарка аж дзівіцца: «Калі ты іх паспяваеш прачытваць, Ніначка?» Кнігі асабліва любіць тыя, у якіх расказваецца пра горкае, гаротнае жыццё дзяцей – хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх, як «Нэллі і Патраш», прачытала па два-тры разы, і так перажывала за дзевачку і сабачку, так ёй было іх шкада, што аж слёзы да воч падступалі.

Зіма тым годам выдалася лютая – мароз даходзіў да 35-40 градусаў. Вясной людзі ўбачаць, што амаль усе дрэвы ў садах – і яблыні, і грушы, і слівы, і нават вішні – вымерзлі. Гэта была тая самая зіма, калі супраць нашай краіны, тлумачыла ў школе настаўніца, павялі вайну «нягоднікі-белафіны». Таму жыхарам Замчышча яна запомніцца не толькі небывалым холадам, але і першай ахвярай вёскі богу вайны: дзесьці там, у заснежаных лясах за Карэльскім перашыйкам, загінуў ад кулі фінскага снайпера сын старшыні калгаса, і ў вёсцы пра гэта шмат гаварылі. А Ніна ўсё распытвала тату, чаму тых нягоднікаў-снайпераў завуць «кукушкамі», бо ведала, што «кукушка» – гэта зязюлька, – самая сумная з усіх птушак, чые галасы Ніна чула, і ёй не падабалася, што такім прыгожым імем называюць забойцаў.

У тую незабыўную зіму, у самыя страшныя маразы дзеці ў школу не хадзілі, – быў аб'яўлены, і надоўга, каранцін. Але настаў дзень, калі мароз крыху адваліўся, на дварэ чуць-чуць памякчэла. «Чуць-чуць» – не азначала, што наступіла адліга, зусім не, але і не той яры марозны сквар, калі і рот не адкрыць – дых займае. Пры такім памякчэнні ўжо можна, хоць не надоўга, і на вуліцу выбегчы, каб крыху пазабаўляцца. I дзеці гэтай спрыяльнай акалічнасці не ўпускаюць. Вунь – бачыць Ніна праз акно – і Воўка Гамзук цягне саначкі, пакоўзацца выйшаў. Гамзук – гэта, вядома, мянушка, якую вясковыя дзеці доўга не шукалі: хлапчук гаворыць трохі ў-нос, гамзае, – адсюль і Гамзук. А саначкі ў Воўкі самыя лепшыя ў вёсцы – фабрычнай работы, на металёвых палазках. Ды і паліто ў яго таксама, мабыць, самае лепшае – крамнае, з тоўстым цёплым каўняром. Гэта ў яго падарункі ад роднага дзядзькі, матчынага брата, які ў Віцебску займае нейкую важную пасаду. Ды і маці – не ў калгасе робіць, а за грошы – загадвае паштовым аддзяленнем у Замчышчы. Убачыла Ніна Воўку – і так жа ёй захацелася раптам пакоўзацца на саначках! Але сваіх у яе няма – ні саначак, ні лыжаў, – тата яшчэ не купіў, нестае грошай, усе разыходзяцца на харчаванне, на вопратку і абутак. А тыя, старыя, засталіся ў Мурожніцы, на іх цяпер, напэўна, катаецца Ліпа. Таксама вельмі добрыя санкі, праўда, сваёй, вясковай работы: іх змайстраваў унучкам гады тры назад дзед Сеня. Паспеў зрабіць ім гэты падарунак якраз перад тым, як яго забралі і некуды павезлі вайскоўцы, амаль у той самы дзень, як і другога дзеда – Захара, знакамітага на ўсю ваколіцу пчаляра.

Ніна хуценька сунула ногі ў валёнкі, надзела пальтэчка і шапку-вушанку, схапіла вязаныя рукавічкі і выбегла на вуліцу.

– Воўка! Пачакай!..

Гамзук пачуў і азірнуўся. Яны вучыліся ў адным класе, праўда, не сказаць, каб сябравалі, – Ніна ўвогуле сябравала толькі з дзяўчынкамі, – але і ніколі не задзіраліся між сабой, не сварыліся. Тым больш што ён быў маўчун і крыху «ацеслівы».

– Давай я цябе паважу! – яшчэ падбягаючы, дружалюбна прапанавала Ніна. – Давай! Аж туды – у канец вуліцы!

Гамзук, было бачна, крыху разгубіўся ад такой нечаканай прапановы і адказаў не адразу.

– Не трэба... Я сам...

– Давай! – настойліва паўтарыла Ніна. – Ты не бойся, я не выкулю. Садзіся! Ну садзіся! – I падышла да яго і ўзялася за павадок.

I Гамзук прагэмзаў:

– Ну ладна... Але толькі трохі...

Ён аддаў ёй павадок, усеўся на санкі, ногі, крыху падкурчыўшы, упёр у пярэдняе білца, а рукамі ўчапіўся за крайнія планачкі насцілу.

Ніна хацела бегма рвануць з ходу, але з ходу бегма не атрымалася – Гамзук аказаўся цяжкаватым. I аднак жа, калі не бегма, дык амаль уподбег пацягнула, а дзе вуліца хоць трохі ішла ўніз – дык і бегма. Дзяўчо імгненна разагрэлася, расчырванеліся шчокі, разгарэліся – ад задавальнення, ад радасці – вочы. А яшчэ і ад думкі, ад надзеі, можна нават сказаць – ад упэўненасці, што Воўка наўзаем пакатае і яе, абавязкова пакатае, ну а як жа! Спярша – яна яго, а тады – ён яе, а пасля можна і яшчэ раз памяняцца месцамі. Ах, як шчыравала Ніна, у якім акрылёным настроі цягнула-пёрла па расслізганай вуліцы санкі з нялёгкім пасажырам! Адно шкада, што Воўка – маўчун, ну зусім маўчун, а ні слова не кажа. «Вось калі я ўсядуся, думала, дык адразу закамандую: «Гэй, пайшоў, конічак! Гэй, пайшоў!..»

Ніна пракаціла Гамзука далёка за апошнія хаты, не прыпыняючыся, акуратна развярнулася, шчасліва зіркнуўшы пры гэтым на маўчуна-пасажыра, і закапыціла што змогі назад. Ужо добра такі стамілася, але віду не паказвае. «Вось працягну міма школы, а там і запынюся...» А са школьнага двара на вуліцу выйшаў сам дырэктар, Адам Ігнатавіч. Ніна і на яго кінула шчаслівы пагляд, сказала «добры дзень!» і трохі збянтэжылася. Так заўсёды: хоць і тата настаўнік, а яна пры сустрэчы з іншымі настаўнікамі кожны раз бянтэжыцца.

– Вова! Ты гэта што? – спытаў у здзіўленні Адам Ігнатавіч. – Не ты Ніну, а яна цябе возіць? Ну і рыцар! Хіба рыцары гэтак робяць, га?

Ніна спынілася. Гамзук заварушыўся, даючы зразумець, што злазіць.

– Дык я... Дык гэта... яна сама... – заапраўдваўся прысаромлены «рыцар».

– А мне зусім няцяжка! – выгукнула ўжо ў спіну дырэктару Ніна. Той, было бачна, спяшаўся.

Гамзук злез з санак і тузануў з рук дзяўчынкі павадок:

– Давай, мне ўжо трэба дадому!..

На твары Ніна можна было ўбачыць не проста здзіўленне, а разгубленасць. «Дадому? Дык, значыць, ён мяне не пакатае? Тады... Тады – я пакатаюся сама, толькі хай пазыча саначак...»

– Воўка, – сказала, крыху заступіўшы яму дарогу, – а ты дай мне трохі пакатацца. Мне надта хочацца пакатацца! Я адразу ж іх табе прыцягну.

– Няможна, мама будзе сварыцца, – прагугнявіў Воўка.

– Я ім нічога не зраблю! Я буду асцярожна, не бойся! Трохі пакатаюся і прыцягну. Дай, Воўка, ну дай!

– Сказаў жа: няможна! – буркнуў насуплены гаспадар санак. Відаць, тое, што яго прысарамаціў дырэктар, ды не сам-насам, а пры Ніне, яму моцна сапсавала настрой і збудзіла непрыязнасць да дзяўчынкі. Што трэба быць удзячным і за дабро плаціць узаемнасцю – гэтага хлапчук яшчэ не разумеў.

Ніне можна было ісці з Воўкам разам, у адзін жа бок, але яна не пайшла, засталася стаяць там жа, насупраць школы. Вялікая крыўда і яшчэ нешта – можа, пагарда, а можа, і злосць, – затрымалі яе на месцы. Якое расчараванне і засмучэнне! Так спадзявалася і так шчыравала, з такой ахвотай і радасцю – і вось чым усё кончылася!

– Скупярдзяй! – голасна крыкнула яна, калі той ужо крокаў на дваццаць адышоўся. I яшчэ грамчэй паўтарыла: – Скупярдзяй!

«Рыцар» Гамзук не азірнуўся. Зрабіў выгляд, што не пачуў? Ці ад сораму?

Праз нейкую хвіліну, калі «скупярдзяй» ужо быў досыць далёка, Ніна ціха пайшла дадому. «Папрашу тату, каб купіў саначкі... Ці лыжы? От каб і саначкі і лыжы! От было б добра! Кожны б дзень коўзалася!..»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю