Текст книги "Мiколка-паравоз (на белорусском языке)"
Автор книги: Михась Лыньков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
Рабочыя не здавалi апошнiх сваiх пазiцый, ладзiлi барыкады з дроў, забiралiся на дахi дамоў, каб зручней адбiваць налёты немцаў. Але вiдаць было, што перамогуць немцы, што гадзiну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя i прымушаны будуць цi здавацца на нямецкую лiтасць, цi загiнуць пад моцным кулямётным агнём. I быў ужо момант, калi дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесцi людзей з небяспекi, жыццё адратаваць iм. Задумаўся на хвiлiну i страпянуўся раптам. Гучнае i радаснае "ўра" страсянула паветра. Загрымелi замоўкшыя было партызанскiя кулямёты, сцiх на хвiлiну нямецкi агонь.
Зiрнуў дзед у бок ад станцыi i аж крыкнуў ад вялiкае радасцi. Вярстах у пяцi-шасцi ад станцыi iмчаў браняпоезд. Ясна вiдаць быў чырвоны сцяг над iм. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нiк у клубах чорнага паравознага дыму.
– Трымайся, хлопцы, нашы iмчаць!
Акрыялi радасцю рабочыя i партызаны.
Заварушылiся немцы. Павярнулi некалькi гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свiстам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў – ураз сцiхлi гарматы немцаў. Пара iхнiх гармат была збiта цяжкiм снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ i яшчэ – цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд бiў з цяжкiх гармат.
Немцы кiнулiся да пуцей, каб рэйкi ўзарваць, акапацца ля чыгункi. Але рабочыя i партызаны не пускалi iх да рэек, метка знiмалi кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.
А браняпоезд iшоў.
Крыху адчынiў Мiколкаў бацька сталёвае акенца, каб пуцi праверыць, цi цэлыя, цi пашкоджаныя. Глянуў туды i неяк раптам асеў, асунуўся, стаў хiлiцца да падлогi. Навiс на рычаг усiм цяжарам свайго цела. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег i ўсё цiшэй, цiшэй, вось i зусiм становiцца паравоз. Здзiўленыя твары чырвонаармейцаў паказалiся ў шчылiнах-акенцах вагонаў.
Узрадаваныя немцы беглi насустрач i шалёна крычалi, размахваючы ручнымi гранатамi. Прыцiхлi рабочыя i партызаны, не разумеючы, што сталася з браняпоездам.
I не памятае Мiколка, як адбылося ўсё гэта. Асцярожна адхiлiў ён бацькаву руку ад рэгулятара, нацiснуў на рычаг абедзвюма сваiмi рукамi iрвануў паравоз, зашыпеў весела парай, памчаў наперад. З браняпоезда ваўсю загаварылi кулямёты, грымнулi яшчэ разы са два цяжкiя гарматы. А Мiколка ўжо крычаў двум чырвонаармейцам, што былi разам з iм на паравозе:
– Машынiста кладзiце на падлогу ды перавязку хутчэй!
Бачыў, як прамазучаны бацькаў пiнжак набухаў чырвонай плямай. Яна рабiлася ўсё шырэй i шырэй. Чырвонаармейцы таропка знiмалi пiнжак, разразалi нажом кашулю, бiнтавалi бацькавы грудзi.
I хоць страшна горача было на паравозе, але адчуваў Мiколка, як халадзее яго маленькае сэрца, як халадзеюць яго пальцы на гарачым рычагу. Гэта вялiкi жаль да бацькi агарнуў усю яго малую iстоту, i ён нiбы сабраўся ўвесь у маленькi камок i, напружыўшы ўсе свае сiлы, трымаў у руках паравозны рычаг. I бачыў ён, зiрнуўшы ў шчылiнку паравознага акенца, як уцякалi немцы ва ўсе бакi, як беглi рабочыя, iмчалi да браняпоезда партызаны. Яны размахвалi карабiнамi, падкiдвалi шапкi, крычалi вясёлае "ўра", выкрыквалi словы:
– Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армiя!
Вось i станцыя.
Спынiў паравоз Мiколка. Кiнуўся з шапкай пад паравозны кран, халоднай вады набраў, выплеснуў бацьку на грудзi, абняў яго.
I не вытрымаў тут, заплакаў гарачымi слязамi.
– Цi жыў ты, бацька? Устань жа, ну слова скажы!
Але маўчаў бацька. Глуха плакаў Мiколка. Дзед Астап падышоў, паглядзеў, неяк пасуровеў адразу. Паслаў па доктара. Сабралiся рабочыя, партызаны, маўчалi ў вялiкiм суме. Хутка прыйшоў доктар. Агледзеў, рану прамыў. Зiрнуў на Мiколку, па плячы яго весела пахлопаў:
– Ну, Мiколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгiя гады... Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другi мы загоiм яе! Кроў у яго рабочая, здаровая...
I што тут пачалося толькi! У Мiколкi ўраз вочы сталi сухiмi. Усмiхнуўся доктару.
– Глядзi ж, не падманi!
А тут падхапiлi Мiколку на рукi – i ну качаць. Вышэй паравоза падкiнулi яго, аж дым паравозны перасiгнуў ён i ўпаў вясёлы i радасны на рукi рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе вiталi Мiколку, слаўнага машынiста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавiка.
А назаўтра Мiколка разам з другiмi рабочымi i партызанамi дыктаваў у нямецкiм штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзiў маўклiвы i пануры. Куды i гонар мiнулы падзеўся. Пабiлi яго рабочыя, а яшчэ болей пабiла рэвалюцыя ў Германii. Весткi аб гэтай рэвалюцыi дайшлi нарэшце да нямецкiх салдат.
Генерал хадзiў па кабiнеце i нехаця пазiраў у вокны. Ён бачыў, як гулялi па вулiцах яго салдаты. Салдаты старой iмператарскай армii. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялi сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталiся з гэтым народам. Яны называлi гэты народ сваiмi лепшымi прыяцелямi ў свеце.
Для гэтых салдат не iснуе больш ён, суровы i грозны генерал. Цяпер ён нiшто. Дый цi можа ён быць цяпер чым-небудзь, калi даводзiцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афiцэраў, каб ехаць у Германiю. Рабочыя i партызаны жартуюць:
– Вы б, ваша правасхадзiцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём...
Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любiць лiшнiх жартаў.
– Даць iм вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца...
А дзесяткi цягнiкоў, сотнi i тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыi, загрузiўшы ўсе пуцi i тупiкi. Не бачыць iх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.
Не выйшлi генеральскiя планы!
I як праў быў Мiколкаў бацька, калi казаў яму на паравозе:
– Мы не можам не перамагчы!
Перамаглi!
Не можа iначай рабiць Мiколкава слаўнае племя.
1936