355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михась Лыньков » Мiколка-паравоз (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 22:29

Текст книги "Мiколка-паравоз (на белорусском языке)"


Автор книги: Михась Лыньков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)

– Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!

– А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады i пойдзем...

Прыйшоў i доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброiўся абцугамi i доўга раскручваў дрот, не падпускаючы нi на крок Мiколку.

– Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзiся!

Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот i дастаўшы капшук з порахам i пiстонамi, дзед з Мiколкам рушылi ў паход. Гукнулi з сабой i невялiчкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку i, наставiўшы хвост пiсталетам, важнецка бег перад паляўнiчымi, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хвалiў такiх паводзiн i штохвiлiны падганяў "ганчака":

– Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!

Але вiдаць было, што асаблiвага спрыту ў паляўнiчых справах Жэўжык не меў i толькi кiдаўся ў розныя бакi, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка i зусiм знiк, сiгаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзiлi нашы паляўнiчыя, ногi намачылi, але нiякай здабычы не траплялася. Нi заяц не набягаў, нi дробная птушка не пралятала паблiзу. Толькi i заўважылi каршука, якi лятаў кругамi над ляском, апускаючыся нiжэй i нiжэй. I ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.

– Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлiм!

– А што ты думаеш? Пеканём!

Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пiстон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. I ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставiў i жмурыцца пачаў левым вокам, як Мiколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусiю распачаў:

– Не павiнен ты, дзед, першы страляць!

– Як гэта так?

– А так... Ты вунь колькi настраляўся за сваё жыццё: i з стрэльбы страляў, i з гармат смалiў... Сам жа казаў, колькi ты дывiзiй турэцкiх палажыў... Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю...

Дзед падумаў з хвiлiну, патылiцу пачухаў:

– Наконт турак ты гэта правiльна... Ну што ж, страляй... Толькi глядзi, станавiся моцна, а то павалiцца можаш ад аддачы.

– Нiчога, вытрымаю...

Мiколка ўпёрся нагой у купiну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэлiўся ў каршука, аж руля захадзiла ходырам, да таго рукi дрыжалi.

– А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! – раiў дзед, стоячы збоку.

Прыжмурыў вока Мiколка, на курок нацiснуў. I што адбылося тут, дык i сам дзед спачатку нiчога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешнiку, мякка ахiнаючы кусты i дрэвы. У двух кроках ад сябе нiчога нельга было ўбачыць.

– Дзе ты, Мiколка? – запытаўся, ачухаўшыся, дзед.

Нiхто не адказаў, i дзед яшчэ раз запытаўся. Iзноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты i пачаў на ўвесь голас клiкаць унука. Урэшце, як з-пад зямлi, раздаўся цiхi, прыглушаны голас:

– Я тут, дзеду, а што з каршуком?

– А лiха з iм, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?

Тут разышоўся дым, i дзед убачыў Мiколку. Той ляжаў на зямлi, перакiнуўшы праз купiну ногi, i цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусiм перапалохаўся.

– Цi жыў ты хаця?

– Жыў! А ты, дзеду?

– Як бачыш, варушуся...

З дзедавай дапамогай Мiколка ўстаў на ногi. I тут толькi яны заўважылi, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталiся адны толькi ўспамiны. I каб сказаць прыемныя – дык не: адна толькi пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Нi рулi, нi шомпала нiдзе паблiзу не аказалася, колькi нi шукаў iх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай "арудзii", як часам называў ён сваю стрэльбу.

– Лоўка ж пекануў! – здзiвiўся дзед. – Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялi: засмяялi б яны тут нас...

I як нi шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кiнуўся ў рогат. Мiколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо i вельмi саднiла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам i не паказаць вiду, што яму дужа балiць, што ён вельмi напалохаўся, Мiколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны "арудзiя" разляцелася на кавалкi.

– Вiдаць, што заржавела стрэльба... Ды i набой быў моцны, праз меру... бадай з паўхунта пораху заправiў я калiсьцi ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам... Магло б быць, унучак, трохi горай...

I яны абодва прынялiся ўважлiва шукаць забiтага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нiбыта нiчога i не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў i да стрэлу.

– Справы! – пачухаў дзед патылiцу. – З такiх паляўнiчых, як мы, i птушкi смяюцца.

А тут яшчэ некалькi пастушкоў падбегла i ўсё дапытвалiся, дзе гэта такi вялiкi выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася i нешта ў паветры праляцела з вялiкiм грукатам i вурчаннем.

Паслухалi Мiколка з дзедам гэтыя размовы i, панурыўшы плечы, паклыпалi моўчкi дахаты. I каб не Жэўжык, дык зусiм упалi б духам нашы слаўныя паляўнiчыя. Аж адкуль нi вазьмiся з'явiўся сабачка, якi ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавiць дзiчыну i не паспеў яшчэ расправiцца з ёй, як напаткаў Мiколку з дзедам.

– Ну вось, мы цяпер i не з пустымi рукамi дахаты варочаемся, ёсць i здабытак!

I Мiколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кiнуўся зноў у балота. I не прайшло некалькi хвiлiн, як ён выбег з другой птушкай у зубах.

Так дапамог Жэўжык нашым паляўнiчым паправiць крыху iх паляўнiчыя справы. I да таго ўнадзiўся Жэўжык птушак лавiць, што Мiколка i дзед кожнага вольнага дня iшлi з iм на луг да ракi альбо на балота i займалiся паляваннем. Iм i стрэльба цяпер непатрэбна была, малы сабачка быў вельмi спрытны на птушыную лоўлю. А слаўныя паляўнiчыя прывучылi яго не псаваць здабычу, а цэлай прыносiць у рукi.

Але нядоўга цягнулася такое шчаслiвае паляванне. I тут пасцiгнула нашых паляўнiчых чарговая няўдача. I, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй i пеўня. Задумала мацi летам курыную гаспадарку развесцi i купiла недзе тры курыцы i пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном i кожнае начы гучна выводзiць сваё непераможнае "кука-рэ-эку!".

Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, i мацi дужа клапацiлася аб тым, каб хто не спакусiўся на яе птушынае багацце. I вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнiчых, як казала мацi, птушыная гаспадарка ўраз загiнула. Неяк надумалася мацi ў сонечны дзень выпусцiць курэй са скрынкi, каб яны крыху пабегалi па пяску, паглядзелi белага свету. Выпусцiла, пiльнавала iх сярод пуцей, але потым на хвiлiну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапiўся Жэўжык. Набраўшыся вялiкага паляўнiчага спрыту i, вiдаць, прыняўшы курэй за нейкiх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй i, паклаўшы iх на парог вагона, кiнуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык – за iм.

Певень i скокам, а часамi i падскокам iмчаў, як вiхор, аж пад самае дэпо. Магчыма, i не давялося б Жэўжыку дагнаць курынага ўладыку, мо i ўцёк бы ён ад нашага паляўнiчага, але тут, як на бяду, iмчаў насустрач пасажырскi цягнiк. Толькi пер'е ўзляцела ў паветра – усё, што засталося ад кульгавага певуна, трапiўшага пад паравоз. Убачыла мацi такое няшчасце i за галаву схапiлася. Ды, узяўшы ў рукi лапку пеўня – неяк засталася цэлая пад вагонамi, – прыйшла з гэтай лапкай у вагон ды тыц ёю дзеду ў самую бараду, а потым, доўга не думаючы, ды гэтай самай лапкай Мiколку па патылiцы.

– Праз вас певень загiнуў!

Мiколка з дзедам, не кiдаючыся дужа ў спрэчкi, адразу ж падалiся вон з вагона, далей ад разгневанай мацi.

– Уцякайма, пакуль не позна. А то можа быць горай!

Але больш за ўсiх дасталося лепшаму памочнiку нашых паляўнiчых, заядламу "ганчаку" Жэўжыку. Злавiла яго мацi i адразу панесла да таварнага цягнiка, што стаяў на станцыi. Там адчынiла дзверы ў адным з пустых вагонаў i, загнаўшы туды Жэўжыка, зачынiла дзверы. А праз якую хвiлiну цягнiк пайшоў. Так i паехаў без бiлета Жэўжык, найлепшы дружака нашых паляўнiчых, да суседняй станцыi з таварным цягнiком. А мо i не да суседняй, мо куды i далей. Хiба прасочыш за таварным вагонам, куды ён iдзе, дзе ён спынiцца пад пагрузку.

З ад'ездам Жэўжыка спынiлiся паляўнiчыя справы Мiколкi з дзедам, бо не з голымi ж рукамi на качку iсцi. I доўга яшчэ памiнала мацi iх паляўнiчыя ўдачы i сваю трагiчна загiнуўшую курыную гаспадарку. I толькi бацька пасмейваўся:

– А ўсё ж трапна выйшла. Каб не займаўся дзед з Мiколкам паляваннем, то не давялося б нам курацiнкi паспытаць!

Дзед i Мiколка лiчылi пры гэтым за лепшае памаўчаць, каб не вярэдзiць матчыны раны i залiшне не выклiкаць яе гневу.

Мiколкавы непаразуменнi з Богам

Дужа багата было непрыемнасцей у Мiколкi з-за Бога. Нiяк не мог зразумець ён, што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзi, якой баiцца мацi. Нават дзед – на што ўжо храбры чалавек – i той, калi прыставаў да яго Мiколка з роспытамi пра Бога, адмахваўся рукой i шэптам казаў:

– Адчапiся, унуча, з гэтым сваiм Богам. Цi я вучоны чалавек, каб ведаць, што гэта такое за стварэнне... А калi мацi цябе малiцца прымушае, дык ты i памалiся, язык жа ў цябе не адвалiцца... А не захочаш малiцца, то, вядома, мацi дасць табе пытлю.

А пытлю мацi давала часта. Як толькi падымаўся Мiколка з ложка, то мацi тут як тут:

– Ану, станавiся "Ойча наш" чытаць! Кажы ўслед за мной: "Ойча наш, iжа ясi на небясах..."

Стаiць Мiколка, на абраз глядзiць, у мацi пытаецца:

– А што такое "ясi на небясах"?

Мацi ад нечаканасцi не ведае, што рабiць. Дужа яна ведае, што такое "ясi". Нерашуча адказвае:

– То ясi... Бачыш, мы ямо, скажам, хлеб, i Ойча наш – Бог таксама, мусiць, есць, бо далей i гаворыцца пра хлеб насушны...

А дзед моўчкi збоку слухае матчыны тлумачэннi, ды не сцерпiць i ў бараду сваю: хе-хе-хе.

Зiрне на яго грозна мацi, дзед адразу як шоўкавы, сядзiць, не варухнецца.

А мацi далей дыктуе:

– Хлеб наш насушны даждзь нам днесь...

А Мiколка зноў пытае:

– А чаму толькi насушны, а калi я, скажам, пiрага хачу цi абаранка?

Не сцерпiць тут дзед, падказвае: "З макам", а сам хуценька падаецца за дзверы, убачыўшы, што мацi грозна пазiрае на качарэжку каля печы.

А Мiколка зноў са сваiмi роспытамi:

– А цi любiць Бог "зайцаў хлеб"?

Замест адказу матчыны пальцы даволi блiзка знаёмяцца з Мiколкавым вухам, i яно пачынае гарэць i чырванець, як той семафор за стрэлкамi. А мацi прыгаворвае:

– Гэта табе за "зайцаў хлеб"! А гэта табе за непаслушэнства перад Богам. А гэта табе... бязбожнiк ты гэтакi... Кажы цяпер "Багародзiцу"!

Маўчыць Мiколка, насупiўшыся.

– Кажы: "Багародзiца Дзева, радуйся, благадатная..."

– Дужа яна ўзрадавалася б, твая благадатная, калi б яе так за вуха пацягалi... – мармыча Мiколка пад нос.

– Што ты вярзеш там, неслуш! – гневаецца мацi. – Ну, пачынай!

– Не буду...

– Кажы адразу!..

– Не буду... – упарта стаiць на сваiм Мiколка i скоса пазiрае, як матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся блiжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Мiколку ўсякi шлях да адступлення. Калi заўважае Мiколка, што развязваецца апошнi вузел i матузовая пагроза набывае яўную небяспеку, ён маланкай кiдаецца пад тапчан, наганяючы страху на спаўшага там ката. Той стралой iмчыць да дзвярэй, збiваючы з ног Мiколкаву мацi.

– Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзiцу!

– А няхай яна згарыць, твая Багародзiца! – лямантуе пад тапчаном Мiколка, забiраючыся ў самы куток за розныя скрынкi, клумкi з лахманамi.

– Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадацi... – рашуча бярэцца мацi за качаргу, i пачынаецца, як кажа дзед, баталiя-вайна. Праўда, выпараць Мiколку з-пад тапчана – не такая-то лёгкая справа. Ды i дзед прыходзiць на дапамогу Мiколку. Ён асцярожна падыходзiць да дзвярэй i пачынае ўшчуваць мацi:

– Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзiця з ражном перцi... Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача... – i дзед урачыста падымае руку ўгару, нiбы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робiць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Мiколкавых тапчаноў. Мацi мiмаволi глядзiць угару. Там ляцiць звычайная варона. Пакуль мацi прыглядаецца да яе, Мiколка паспявае вылезцi з-пад тапчаноў i праслiзнуць у дзверы пад самымi матчынымi рукамi. Тая толькi паспявае войкнуць – лавi цяпер бязбожнiка ў чыстым полi. Усё гэта хiтрыкi дзеда, i мацi добра разумее яго палiтыку. Але што ты з гэтым дзедам зробiш, не ганяцца ж за iм з качаргой, за гэтым старым бязбожнiкам.

А дзед ужо iдзе з Мiколкам да дэпо i павучае ўнука:

– Ты, браце, заўсёды, калi туга табе давядзецца з Багародзiцай, дык iмчы ў дэпо. У нас, браце, багi не ў пашане, ураз iм крыллi абскубуць.

I сапраўды, хоць i вiселi ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Мiколка, каб дужа малiлiся перад iмi, шапкi скiдалi. Усё больш завiхалiся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалi паравозныя печы, расточвалi цылiндры. I такi грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Мiколка, адразу павiнен быў аглухнуць. А якая пашана iм, глухiм. Вiсяць вось на сценах, копацi набiраюцца. I не дзiва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось i Мiколкаў бацька, калi надакучала мацi яму сваiмi жалобамi на сынава бязбожнiцтва, звычайна агрызаўся:

– А кiнь ты са сваiм дурным Богам!

Дзiвiўся тады Мiколка: у мацi Бог разумны, у бацькi ж ён выходзiць дурным. Каму ж верыць? Вiдаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб'ехаў на паравозе. I ўсё большае непавагi набiраўся Мiколка да багоў, хоць i цярпеў за гэта не раз вялiкiя непрыемнасцi. I не толькi ад маткi, але асаблiва ў школе, куды давялося яму ў хуткiм часе патрапiць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусiю з папом, не ведаючы спачатку, што такiя дыскусii заўсёды канчаюцца для вучняў вельмi кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Мiколку:

– Хто ты такi?

– Мiколка... – крыху нерашуча адказаў ён.

– Дурань! – накiнуўся чамусьцi поп. – Перш за ўсё ты раб Божы...

– Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, – набраўся смеласцi Мiколка. – А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы...

Чуў Мiколка пра рабочых, а пра нейкiх рабоў яму чуць не даводзiлася. Тут i ўсхадзiўся поп.

– Хто, хто? – перапытаў ён, набiраючыся злосцi, i ўжо запусцiў свае пальцы ў Мiколкаў вiхор.

– Паравознiкi мы, во хто мы... – пераказаў яшчэ раз Мiколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.

А другi раз такая дыскусiя закончылася яшчэ горш для Мiколкi. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўнiцтвам, як будаваў i стварыў свет, неба, зямлю, раслiны i жывёлу i як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Мiколка ды – у рогат. Так i пусцiўся ў смехi, аж да скамейкi прысядае. Раз'ярыўся поп, наступае грозна на Мiколку:

– Ты чаго, iрад, з Божага слова смяешся?

А Мiколка не сцiхае, рагоча, залiваецца. I як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама i Еву. Не пра тых, з якiмi Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачнiка Адама i прыбiральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькi рэбры ды косцi. А "буржуй" вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазiць, калi ходзiць па складу. А поп ужо за вуха Мiколкава ўзяўся:

– Кiнь смяяцца, кажу!

– То як жа кiнуць, калi смешна... Калi Адам i Ева ў нас такiя хударлявыя, што Богу i клопату не было з iмi, цi доўга iх стварыць... А вось як гэта Бог "буржуя" стварыў, няйначай тры днi пацеў.

– Якога "буржуя"? – вытарашчыў поп вочы.

– Ды нашага, што складам пры дэпо i нашымi вагонамi, дзе мы жывём, загадвае... Такi ж таўшчэзны. I злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.

Поп учапiўся, як абцугамi, за вуха i пацёг Мiколку ў кут на каленi.

– Станавiся тут i не варушыся! – i як бразне Мiколку аб падлогу, у таго аж iскры пасыпалiся з вачэй.

– А ты не бiся, чорт кудлаты! – не сцярпеў тут Мiколка ды як хопiць зубамi за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.

I чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Мiколку гэты "буржуй". Пацярпеў i чуб, i вушы, i каленi, хапiла яшчэ i па патылiцы. А ў дадатак да ўсяго загадалi бацьку паклiкаць у школу. I доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзiця, якое нiчога не разумее i вярзе часам тое, у чым само добра не разбiраецца. I калi iшлi са школы, бацька ўгаворваў Мiколку:

– Ты ўсё ж дужа не задзiрайся з папом... Вось выганяць са школы, дык будзе зусiм дрэнна i будзеш зусiм ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай i маўчы, лiха з iм.

– Калi ж гэты "буржуй" дужа смешны... Каб Бог ды стварыў яго.

I рашыў Мiколка адпомсцiць калi-небудзь "буржую" за ўсе непрыемнасцi, панесеныя праз яго. А тут яшчэ i прычыны былi новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнiлi некаторыя дошкi ў вагоне. I колькi нi прасiў бацька "буржуя", каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправiць, "буржуй" заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:

– Набярэшся тут на вас на ўсiх фарбы, калi на паравозы ды на вагоны не хапае...

Адмаўляў.

А зрабiць ён быў павiнен. I ведалi ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкi – алiву, фарбу, скрынкi цвiкоў, шкло, жалеза, што нi трапiць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое i дом, якi будаваў сабе за крадзеныя грошы, – палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросiшся ў яго?!

– Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай цi з фарбай... Ведаў бы тады ён.

А што ён ведаў, Мiколка i сам добра не разумеў.

Але ў хуткiм часе Мiколка сапраўды адпомсцiў "буржую". I хоць помста была i нядужа вялiкай, але давялося ўсё ж "буржую" перажыць некалькi непрыемных хвiлiн. Было гэта тады, калi "буржуй" скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялi толькi некалькi сарайчыкаў з рознымi матэрыяламi, i, як падгледзеў Мiколка з групай сваiх дружбакоў, былi там i бочкi з фарбай. З прычыны завяршэння будаўнiцтва дома гаспадар наладзiў урачысты баль, склiкаў шмат гасцей. Тут быў i начальнiк дэпо, i некаторае дарожнае начальства, усе вялiкiя шышкi на чыгунцы. Госцi весялiлiся ў невялiкiм садку, выпiвалi, закусвалi. Тут жа круцiўся ля стала i вялiкi пушысты кот, любiмец "буржуя". Мiколкава кампанiя доўга завiхалася ля садка, пакуль iм не ўдалося заманiць ката да сябе i злавiць яго.

А злавiўшы, усе забралiся ў адзiн сарай i наладзiлi кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскiя вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усiх бакоў фарба, Мiколкава кампанiя задала лататы i, схаваўшыся за садком, назiрала, што будзе рабiць кот. Той адразу ж кiнуўся да гасцей i, не доўга думаючы, скочыў на каленi да свайго гаспадара i пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. "Буржуй" не заўважыў спачатку нiчога, усё гаварыў нешта з гасцямi. Але потым да Мiколкавай кампанii данёсся выбух рогату: то смяялiся госцi над катовымi ўчынкамi. Увесь летнi касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.

Тады Мiколкава кампанiя крыкнула на ўвесь голас: "Крадзеная, крадзеная!" i ў адзiн мiг кiнулася наўцёкi. Што было далей з "буржуем", Мiколка не ведаў. Але быў вельмi задаволены – хоць чым-небудзь ды адпомсцiў ненавiснаму чалавеку.

– Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...

Царскiя арлы

Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў iх Мiколка i праз цара. Чуў ён пра яго i дома i ў школе. У школе нават спецыяльнай малiтве вучылi, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго iмператарскай вялiкасцi, каб захаваў яго жыццё i даў перамогу над супастатамi.

"Вось гэта дык асоба, калi ўсе моляцца аб ёй", – думаў Мiколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такi цар.

– Ого! Цар – гэта, браце мой, цар, а не абы-што... – адказваў дзед. Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг... Не менш! Адзiн каўбасу падае, другi – гарэлку, трэцi – селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркi прэ.

– А пяты? – пытае Мiколка.

– Пяты? Ну i пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блiнцы падае, дранiкi або капусту тушаную... – прыпамiнаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугi.

– А цi есць цар прэжаны гарох? – пытаўся Мiколка пра свой найлепшы прысмак.

Дзед доўга чухаў патылiцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:

– А што ж ты думаеш! Магчыма, есць... Ён, браце, усё можа... Захоча гароху – з'есць гароху, захоча смятаны – яму падаюць смятану... Яшчэ толькi ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад iм з гладышом смятаны, хоць адбаўляй... Але, як мне здаецца, цару i без гароху добра жывецца... Гарох жа не панская яда.

Тады ўжо Мiколка кiдаўся ў спрэчкi з дзедам:

– Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нiчога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, вiдаць, не дурны.

– Вядома, не дурны... Ён, браце, i хiтры, усё ведае, хто дзе жыве i што думае. Вось i пра нас з табой ён ведае. Сядзiць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зiрне, бачыць – станцыя наша... I адразу ў думках у яго: "Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Мiколкам, а паказаць iх мне перад мае царскiя вочы!" I што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу i скажа: "Ану, падайце мне сюды Мiколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!" I чык-чырык – няма галавы ў Мiколкi... А захоча памiлаваць, скажа: "А што табе, Мiколка, даць – залатыя палацы цi цуда-камень самацвет?"

– Мне палацы залатыя непатрэбны... – уздыхае Мiколка. – От бы далi нам, дзеду, невялiчкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зiмой нам усiм не прастуджвацца...

– Бачыш, куды ты хапiў! Невялiчкую хату – гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы... Не любiць цар такой драбязой займацца.

Мiколка ўздыхаў, не згаджаўся з такiмi парадкамi.

Так гаварылi часта памiж сабой дзед з унукам. Мiколка i ў бацькi пытаўся пра цара i пра гарох прэжаны.

Бацька пасмейваўся, на дзеда мiргаў:

– Ты яго, Мiколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямi частуе, вось пра якi гарох ён дбае...

Кулi i гарох – незразумела гэта крыху для Мiколкi. Распытаў бы яшчэ пра цара ў бацькi, але той не асаблiва паважае такiя гутаркi.

– Адчапiся ты з царамi сваiмi... Трутнi яны, крывасмокi на нашым целе.

– Як буржуi?

– Ну, вось... Цар над усiмi буржуямi буржуй, вось хто такi цар...

Не шкодзiла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсцi горай Адама i Евы...

А неўзабаве давялося Мiколку з царом пазнаёмiцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым i другiм не раiў.

Аднае ранiцы панеслiся па вагонах чуткi, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. I сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Мiколкi ўвалiлiся салдаты i пара жандараў. I так па ўсiх вагонах пасёлка. Бацьку i дзеду далi спецыяльныя бляшкi, каб павесiлi на грудзi замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, i не затрымлiваў на пуцях. I вельмi строга загадалi, каб не хадзiлi, аднак, без патрэбы па пуцях i каб нi кроку не рабiлi на станцыю. Ды загадалi яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А мацi цэлы экзамен учынiлi, загадалi ёй вагон звонку адмыць i новымi хусткамi дзверы i вокны завесiць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. I каб самi ля вокнаў не стаялi, iначай "страляць будзем".

– Ды глядзi, галадранца гэтага за дзверы не выпушчай, убача цар – у Сiбiр тады запяком! – гэта ўжо ў дачыненнi да Мiколкi.

"Вiдаць, пабойваецца мяне цар, калi зiрнуць на мяне баiцца..." падумаў Мiколка, але змоўк, не сказаў нiчога.

I як прачнуўся Мiколка, так i пiльнаваўся акна, а цi скора царскi цягнiк пойдзе. Бачыў ён, як завiхалiся на пуцях рабочыя, якiх падганялi жандары. Рабочыя падчышчалi i падмяталi пуцi, замыкалi стрэлкi i наглуха забiвалi iх кастылямi. Гэта для таго, каб царскi цягнiк не павярнуў на другую дарогу i каб нiхто не мог павярнуць стрэлку не туды, куды трэба. I ўвесь таварны i пасажырскi рух спынiўся. Таварныя цягнiкi стаялi ў тупiках, а пасажырскi як стаў на трэцiм пуцi, так i не пайшоў далей. А ўсiх пасажыраў выгналi з вагонаў i пазаганялi на станцыю. Вiдаць, таксама, каб цар не ўбачыў...

Мiколка назiраў за пераездам цераз чыгунку. Там таксама iшла работа. Салдаты i жандары не давалi нiкому пераязджаць цераз чыгунку i заганялi ўсiх – i конных i пешых – далей ад чыгункi ў лагчыну. Наогул, у гэты дзень было багата работы жандарам i салдатам. I колькi ж iх нагналi! Паабапал усёй дарогi было поўна iх, усё ганялiся за людзьмi, адганялi iх ад чыгункi.

Вось урэшце паказаўся i цягнiк. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былi завешаны фiранкамi. I як нi прыглядаўся Мiколка, ён нiчога не ўбачыў. I толькi ён сабраўся ўжо выйсцi з вагона, калi прайшоў цягнiк, як яго за руку схапiў салдат.

– Ты куды, падшывалец, назад!

Аказалася, што прайшоў толькi цягнiк з царскiмi генераламi i слугамi i хадзiць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якiя паўгадзiны паказаўся i царскi цягнiк. Вялi яго аж два паравозы, i на пярэднiм быў вялiкi двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Мiколкавым вагоне над надпiсам: "40 человек, 8 лошадей". Але гэты арол быў надзвычай вялiкi i блiскучы, аж загледзеўся на яго Мiколка, на якую хвiлiну i пра цара забыўся. Вагоны ў цягнiку былi надзвычай прыгожыя, усё з шырокiмi вокнамi, блiскучымi, як люстэркi. Цягнiк iшоў вельмi марудна на стрэлках, нiбы воз якi з малаком цi з гаршкамi. Мiколка пiльна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара цi хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласцi. А цягнiк усё iшоў цiха, паволi. I тады, не доўга думаючы, кiнуўся Мiколка маланкай да цягнiка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо наблiжаўся да вагонаў, як за iм пабеглi аж два жандары i крычалi так, што не чутна было стуку вагонаў:

– Стой! Стой! Страляць будзем...

Мiколка бачыў, як заварушылiся фiранкi на вокнах вагонаў i нечыя палахлiвыя твары схавалiся за iмi. I, каб не папасцiся ў лапы жандараў, Мiколка як дуж сiгануў на падножку вагона i кiнуўся далей, у тамбур.

"Пад'еду, – думаў, – за станцыю, а там i саскочу ля семафора..."

Толькi ён падумаў гэта, як яго i схапiлi за рукi ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялi непрыкмечаныя iм каля выхаду. А нейкi сiвы-сiвы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блiшчастых эпалетах, наставiў на Мiколку пiсталет i, трасучыся i адступаючы назад, крычаў не сваiм голасам:

– Стой! Стой! Рукi ўгару!

А дзе ты падымеш гэтыя рукi, калi iх сцiснулi так, што косцi занылi.

– Не варушыся, застралю! – не сунiмаўся стары. – Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!

Моцна скруцiлi Мiколку рукi назад, аж уелiся рамянi ў цела. Павалiлi Мiколку на падлогу, абшукваць пачалi. Але што ты там знойдзеш у Мiколкавых кiшэнях. Высыпалася з iх штук з дваццаць розных гузiкаў, дзве невялiчкiя гайкi, пара цвiкоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак "зайцавага хлеба".

Сiвы генерал, а можа, мiнiстр – не было асаблiва часу Мiколку даведацца дасканала пра ўсё, – трымаючы над Мiколкам пiсталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузiкаў, да цвiкоў. Ён нiбы баяўся, што гэтыя гузiкi ўзарвуцца адразу i разнясуць на мэтлахi ўвесь царскi цягнiк.

– Што гэта? – грозна спытаў ён Мiколку, паказваючы на гузiкi.

– Гузiкi... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...

– Маўчаць! – i так грозна крыкнуў сiвы, што ў Мiколкi i дух заняло. А гэта што? – i сiвы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.

– "Зайцаў хлеб"... – ледзь прашаптаў ад страху Мiколка, адчуваючы сябе нi жывым нi мёртвым пад грозным пiсталетам.

– Панюхаць! – скамандаваў салдатам сiвы.

Тыя добра панюхалi па чарзе, паклалi назад i грымнулi ў адказ, як па камандзе:

– Хлеб, ваша сiяцельства!

Сiвы недаверлiва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам i, наморшчыўшы нос, загадаў:

– Пакласцi ўсё назад у кiшэнi злачынца. А яго прывесцi ка мне на допыт...

I вось стаiць Мiколка перад генералам, а можа, перад мiнiстрам, i ўспамiнае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькi, да мацi. А цягнiк iдзе. Толькi чуваць, як пастукваюць колы: цiк-так-так, цiк-так-так... Праз завешанае акно нiчога не было вiдаць. Абапал Мiколкi стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукi. Генерал пытае сурова:

– Дык чаго ж ты скочыў у вагон?

– Убачыць хацеў... – выпалiў адразу Мiколка. Ён ужо смеласцi пачаў набiрацца, узгадаўшы, як храбра лавiў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кiнуў гэтага сiвога, якi, бачыш ты, не разумее, што такое гузiкi i што такое "зайцаў хлеб". Дый баiцца, вiдаць, яго гэты сiвы. Не стаў бы звязваць Мiколку, пiсталетам яму пагражаць.

– Каго ж ты ўбачыць хацеў?

– Цара! З царом хацеў пазнаёмiцца...

– Ах жа ты рыштант! – аж пачырванеў тут ад злосцi сiвы i ад злосцi той бараду сваю торгаў. – Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб нiколi не забыўся ты на гэта знаёмства...

На суседняй станцыi, дзе спынiўся на хвiлiну цягнiк – паравоз дровы браў, – з'явiлася ў вагон цэлая група жандараў i ўзяла з сабою Мiколку. На станцыi яны доўга распытвалi яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званiлi па тэлефоне на Мiколкаву станцыю i ўрэшце запыталi:

– Дык хочаш цара ўбачыць?

– Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй цi бацьку...

– Не... Чаму ж... мы пакажам... Загадана паказаць табе як след.

I так паказалi цара Мiколку, што ён i цяпер не любiць асаблiва ўспамiнаць аб гэтым. I плачу было тут, i слёз, i рову. Так спаласавалi хлопца папругамi, што месца жывога не пакiнулi. А адзiн усё банькай ад папругi стараўся.

Ледзь жывым вярнулi Мiколку на родную яму станцыю, куды накiравалi яго таварным цягнiком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыi ён патрапiў яшчэ ў рукi свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:

– Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-iмператара. Гэта за гузiкi ад штаноў дзеда Астапа, якiмi абразiў ты яго сiяцельства, вялiкага князя... Гэта табе за вялiкiя непрыемнасцi мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыi...

Хацеў Мiколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкi ў кiшэнi. Але не хапала сiлы, так быў збiты. Ледзь жывога вярнулi яго ў вагон да дзеда, да мацi, да бацькi. Ахнулi яны, жахнулiся. Раздзелi Мiколку, цёплай вадой пабоi змачылi. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:

– Глядзiце-ка, па ўсяму целу нiбы царскiя арлы павыбiвалi, няйначай хто казённай банькай стараўся...

А назаўтра дзед, узброiўшыся сукаватым кiем, пайшоў на станцыю i, напаткаўшы жандара, збiў яго на горкае яблыка. Патрушчыў i шаблю i пiсталет паламаў. I хоць уся станцыя i ўсё дэпо падтрымалi голасна дзеда пры гэтай баталii, аднак на другi дзень арыштавалi дзеда i пасадзiлi ў турму. Праўда, праз месяц якi выпусцiлi дзеда, з прычыны яго старасцi, на волю, але са службы ў дэпо прагналi як "небяспечнага злачынца". Дзед спрабаваў пахвалiцца крыху, што таму выпусцiлi яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалi за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:

– Кiнуў бы ты, стары, свае турэцкiя байкi. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзiць, i медалi веку ў цябе ўварвалi... Аддаў бы лепш малому на цацкi, чымся вешаць гэтыя бразджолкi на грудзi...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю