Текст книги "Мiколка-паравоз (на белорусском языке)"
Автор книги: Михась Лыньков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)
Маўчаў дзед, не адказваў нiчога. Але, вiдаць, згаджаўся з сынам. I, вiдаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскiх арлах, што павыбiвалi жандары на Мiколкавым целе.
Так пазнаёмiўся Мiколка з царом.
Так пазнаў яго.
Цяжкiя гадзiны
Некаторым можа паказацца, што Мiколку заўсёды жылося весела i бесклапотна: то ракаў ён ловiць, то з дзедам на паляванне ходзiць, то ласуецца "зайцавым хлебам", то ўрэшце з "iмператарскiм вялiчаствам" знаёмiцца, самога Мiкалая Другога хоча за руку пацiснуць. Але гэта толькi так здаецца.
Мала было вясёлага ў Мiколкавым жыццi. Усю зiму мерзлi ў халодным i цесным вагоне, марачы аб цёплых летнiх днях. У дадатак да холаду даймаў i голад, асаблiва калi пачалася вайна. А тут i бяда насцiгла Мiколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалiлася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзiлi ўсiх. Шукалi нечага, нават дзеда паднялi з падлогi i ператрэслi мяшок з саломай, на якiм спаў дзед.
Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамi лаяўся:
– Што вы шукаеце тут, чаго не палажылi?
Адзiн з iх, той самы, якога пабiў некалi дзед на станцыi, штурхануў яго ў грудзi:
– Адыдзi, стары пёс!
Дзед не мог сцярпець такой знявагi i адразу захадзiўся ля свае скрынкi, усё мармычучы сабе пад нос:
– Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскi служака, я царскiя ўзнагароды маю... я...
– Кiнь, стары, свае штукi... Ведаю, хочаш ты свае медалi паказаць iм... – спынiў дзеда бацька. – Непатрэбны iм твае царскiя бляшанкi... у iх вунь у самiх поўныя грудзi бляшанак гэтых. Адна толькi рознiца, што ты сваёй крывёй медалi набыў, а яны набываюць медалi нашай крывёй... Глядзi вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.
Нiчога не знайшлi жандары, але бацьку забралi, не спыталi Мiколку. А за што? Цi бацька ўкраў што, цi забiў каго? Здаецца ж, нiчога такога з бацькам не здарылася. А вось узялi i ў турму пасадзiлi, як апошняга злодзея.
А на другi дзень ранiцай з'явiўся той самы станцыённы жандар i, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:
– Ану, выкiдвайцеся з вагона, каб i паху вашага тут не было!
Мацi спачатку нiчога не зразумела, запытала толькi:
– Як гэта выкiдвайцеся?
– А так! – сказаў абыякава жандар i, ухапiўшы вiсеўшае на сцяне дзедава палiто, выкiнуў яго з вагона.
– А як жа жыць? – спытала яшчэ раз мацi, нiчога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нiчога не адказваў, а толькi выкiдваў па чарзе невялiкiя набыткi Мiколкавай сям'i. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кiнуцца на жандара, але Мiколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, i кiнуўся к дзеду, павiс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
– Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака i забiць можа цябе...
– Вон, шчанюк! – i жандар, схапiўшы Мiколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Мацi сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькi слёзы кацiлiся адна за адной ды словы адны i тыя чулiся з яе вуснаў:
– Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...
– А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! – пасмейваўся жандар i не кiдаў сваёй работы.
Да вагона пазбiралiся людзi: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылi цiха памiж сабой, сумна кiвалi галовамi, спачувалi Мiколкавай сям'i. Потым пачалi гаварыць гучней i гучней, i хутка каля вагона чулiся ўжо крыкi, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалi ўгаворваць жандара:
– Што ты робiш, чалавеча, на зiму людзей выганяючы на холад? Сягоння iх, а заўтра нас выганяць будзеш?
– Адыдзi, а то ўраз i цябе арыштую... – агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
– Знайшлi ў кiм совесць шукаць! Цi была яна калi ў сабакi... гаварылi адны. А другiя ўжо грозна наступалi на жандара. Яны былi гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкi, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, якi сядзеў увесь час на разбiтым тапчане i сумна пазiраў на народ. Дзед рашуча ступiў уперад, загаварыў:
– Кiньце, людцы, гэтага сабаку... Не ў iм жа справа... Не выганiць ён мяне сягоння, дык заўтра iх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькi непрыемнасцi можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за iх людзi, яны разумеюць чалавечую справядлiвасць. Калi сына забралi гэтыя сабакi, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы i хто вiнаваты... А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлiвасць, верыў крыху ў цара.
– Не можа быць, каб ён дапускаў такiя непарадкi, калi чалавека за нiвошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў i надзеўшы свае медалi, ездзiў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнiчаць аб сыне. Але прыехаў вельмi пахмуры i расчараваны. Здзеў медалi свае, Мiколку кiнуў:
– На, унучак, хавай са сваiмi гузiкамi – блiскучыя цацкi будуць...
I, дастаўшы з кiшэнi паперу, чытаў яе Мiколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Мiколкi. Па "загаду яго iмператарскай вялiкасцi" быў засуджаны Мiколкаў бацька на дзесяць год катаргi.
– "Яго iмператарскай вялiкасцi"... – мармытаў пацiху дзед. – Погань гэта, а не вялiкасць... А я думаў...
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылi цяпер у невялiчкiм хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў iм пад жыллё адзiн стрэлачнiк. Дзед хадзiў кудысьцi на работу, цi то пiлаваць, цi то складаць дровы. Мацi хадзiла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялiзну, то падлогi, то прыбiрала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Мiколка, за што ж пасадзiлi бацьку. Але нiхто не мог адказаць яму дакладна i падрабязна. Ведаў толькi, што бацька яго палiтычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, нiяк не мог ён толкам дабраць. Хiба ж злачынства ў тым, што ён кiраваў забастоўкай i хацеў, каб рабочым плацiлi болей, каб iм лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хiба за гэта трэба людзей садзiць за краты?
Худое жыццё настала для Мiколкi. Некаму было i "зайцавым хлебам" пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кiдаўся спрасонку Мiколка да мацi:
– Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставiць самавар не было патрэбы, i мацi ўгаворвала Мiколку:
– Спi, сынок, спi... Бацькаў цягнiк яшчэ далёка, далёка.
Днi цягнулiся за днямi, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькi i было шчасця, калi прыходзiлi некаторыя рабочыя, суцяшалi мацi i дзеда:
– Не гаруйце, усё пройдзе, усё мiнецца, будзе свята калi-небудзь i на нашай вулiцы... Не ўсё ж iм ды iм.
Суцяшалi гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалi. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. I тады рабiўся весялейшы дзед, жартаваў з Мiколкам, падбадзёрваў яго:
– Не сумуй, унучак, дачакаемся i мы з табою лепшае долi...
Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзiўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў i злёг, з ложка не падымаўся.
I колькi нi даглядалi за iм мацi i Мiколка, аслаб зусiм дзед, да сябе паклiкаў:
– Вiдаць, трэба мне памiраць... Дык глядзi ж, Мiколка, слухайся мацi, расцi. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай... Не было ў нашым родзе людзей, якiя б з чужога мазаля жывiлiся, кожны здабываў хлеб сваiм гарбом...
Заплакаў тут горка Мiколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваiм i з другам-прыяцелем.
Але не здаў пазiцыi дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькi надоўга выбыў са строю, i Мiколкавы прыгоды надалей доўга абыходзiлiся без удзелу дзеда Астапа.
А днi iшлi. I неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалi да Мiколкавай сям'i даносiцца чуткi, адна другой дзiўней, адна другой цiкавей. Чуткi iшлi па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нiбы вялiкi смутак пайшоў у народзе i рабочы люд супроць цара выступае. Хадзiлi чуткi, што скора прыйдзе свабода i буржуям будзе канец. Буржуям i прыганятым iх. Чуткi рабiлiся ўсё больш яснейшымi, i ўжо ў кожнай хаце гаварылi, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.
Неяк аднаго разу вечарам да Мiколкавай сям'i зайшоў жандар. Быў ён чамусьцi без шаблi i без свае чырвонае шапкi. I голас быў зусiм не той. I выгляд зусiм не начальнiцкi. Зайшоў у хату i, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасiць Мiколкаву мацi, каб яна забылася на ўсё старое, бо "цi мала чаго ў жыццi бывае, усякiх там непрыемнасцей...".
Узлавалася тут мацi, выгнала яго:
– Iдзi, iдзi, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок...
Нiчога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калi прачнуўся Мiколка, то пачуў у горадзе стралянiну. На станцыi было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, i ўсе былi радасныя, вясёлыя. Не вiдаць было нi жандара, якi вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьцi начальства ды афiцэры, якiх раней багата было ў праходзiўшых праз станцыю эшалонах. I што зусiм здзiвiла Мiколку – ён смела прайшоў у тую залу, куды раней нiколi не мог папасцi нават разам з бацькам. Нiхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вiсеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзiралi са сцяны. Здзiралi з мясам. Ужо зляцелi на падлогу царскiя ногi i мундзiр, толькi галава пад каронай, учапiўшыся за цвiкi, усё яшчэ вiсела на сцяне. Вось гэтую галаву i сцягвалi багром рабочыя.
У залу ўбег начальнiк станцыi. Ён зiрнуў на сцяну, ахнуў i замахаў рукамi:
– Што вы робiце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалi!
За начальнiкам нехта пагнаўся жартам, а другiя ўжо зусiм без жартаў параiлi начальнiку вымятацца:
– А не, дык павесiм на царскае месца...
Хутка царская галава з кавалкам рамы i прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўнiз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалi дружна чыхаць.
– Адзiная хаця карысць з цара – насы прачысцiм... – пасмейвалiся рабочыя, калi стары прыбiральшчык станцыi змятаў у кучу цара, тынк i ўсякую гразь, каб вынесцi яе на сметнiк.
– Вось, браце, як цароў скiдаюць! – кiнуў нехта, смеючыся, Мiколку.
За станцыяй яшчэ чулiся стрэлы. То не здавалiся на некаторых вулiцах жандары i гарадавыя. Але стрэлы былi радзей i радзей. Мiколка кiнуўся ў горад. Па галоўнай вулiцы вялi групу арыштаваных. Тут было некалькi афiцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазiралi на народ, i злосныя агеньчыкi паблiсквалi ў iх пахмурых вачах.
– А... фараоны, папалiся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! чулiся паасобныя выклiкi людзей з тратуараў, з вулiцы.
"Нешта нашага жандара не вiдаць... Яшчэ ўцячэ куды, гад..." – падумаў Мiколка пра жандара са станцыi. Вось бы каго злавiць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якiм радзiўся Мiколка i з якога выкiнуў яго ненавiсны гэты чалавек.
I толькi гэта падумаў Мiколка, як бачыць ён: стаiць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькi аблiчча зусiм другое i вусы абстрыг, шынель змянiў на палiто, нiякай пры iм шапкi жандарскай, нi шаблi. Стаiць i з людзьмi гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.
– Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлi прыбавяць... – кажуць некаторыя сяляне.
– Як жа, чакайце зямлi, калi нiякага парадку цяпер не будзе, нiякага закону... – устаўляе сваё слова жандар.
Слова за слова i ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. I выходзiць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часiна, што "змушчаюць" народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-нiяк перашкаджаў iм цар апошнiя сокi з мужыка выцiскаць.
А цяпер хочуць гэтыя людзi свой парадак устанавiць.
Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кiнулiся.
– Што нi кажы, чалавеча, а перамена павiнна быць вялiкая... Вось каб ведаў ты, колькi нашага брата розныя ўраднiкi, стражнiкi ды жандары прыцiскалi.
– Пра стражнiкаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакi... Але пры чым тут цар, хiба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалi... – так гаворыць жандар i ў вус не дзьме, нiбы ён самы найлепшы, самы працавiты чалавек на свеце.
I ўжо хацелася Мiколку крыкнуць на ўвесь голас: "Лавiце яго, вось ён, жандар!" Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзi, дык гэты гад, чаго добрага, i пабiць яго надумаецца. I тут заўважыў Мiколка, як праз проразь палiто вiдаць жандарскiя сiнiя штаны. I тады адразу з'явiўся ў Мiколкi план, як спрытней узяць ворага.
Падышоў ён да яго, узяўся за полы палiто ды пытаецца:
– Дзядзенька, прадаеш палiто?
Людзi ў смех, а жандар у лаянку:
– Iдзi прэч, падшывалец! – i выказвае яўныя намеры адысцiся.
А Мiколка ўзяўся за палу, расхiлiў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:
– Вось яны, штаны жандарскiя! Лавiце яго!
Заўважылi людзi жандарскую адзежыну, заварушылiся адразу, жандара схапiлi.
– Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкiдваецца! Бач ты яго, царскi абаронца знайшоўся... I форму змянiў, каб не пазналi.
Так злавiў Мiколка апошняга жандара са сваёй станцыi i ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе вiталi Мiколку, вiншавалi з перамогай над ворагам:
– Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лавi iх, супастатаў, усюды, дзе толькi ўбачыш!
Так пачалася свабода, рэвалюцыя, i такi ўдзел браў у ёй наш Мiколка. А праз колькi дзён у Мiколкавай сям'i было вялiкае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькi было радасцi ў яго, весялосцi. Ён усiх абдымаў, цалаваўся з усiмi рабочымi, якiя цэлымi гурмамi прыйшлi да яго з дэпо. Рабочыя падкiдвалi бацьку ўгору, качалi на руках, звалi да сябе ў госцi.
– Цяпер, браткi, не да гасцявання! – жартаваў бацька. – Не доўга i прагасцявацца... Буржуi перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накiнуць...
Бацька так i зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалi назад, у родны вагон. Прыходзiў зноў той "буржуй", з дэпо, якi калiсьцi знiшчыў Мiколкаву карцiнную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправiць дах, змянiць некалькi дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькi, як на калёсiках, i ўсё пытаў:
– Можа, гэта падправiць, можа, лепшую печачку паставiць?
Бацька моршчыўся нечага, не адказваў. Потым не сцярпеў, крыкнуў:
– Адчапiся ты, чаго прылiп як банны лiст... Нешта раней ты не лiп да нашага брата... Зрабi вось, каб было па-людску.
"Буржуй" хадзiў як на заднiх лапках. Гаварыў лiслiва:
– Вы ўжо старое не памiнайце: што было, таго няма. А мяне вось рабочыя прыцiскаюць. Хочуць пад суд аддаць... Нiбы я iх прыцясняў калiсьцi, нiбы за крадзеж дом паставiў i на iхнiя капейчыны квапiўся. А вы цяпер вялiкi чалавек, паважаны чалавек. Недарэмна рабочыя хочуць за камiсара паставiць над участкам... Дык вы ўжо абаранiце хаця.
– Вон! – не сцярпеў тут бацька. Ды Мiколка паддаў жару:
– Iдзi, iдзi, погань буржуйская... Бач, хвост падцяў, калi на лапы наступiлi.
"Буржуй" пакiнуў вагон.
А жыццё зноў стала вельмi трывожнае. На свабоду спакушалiся тысячы ворагаў. Буржуi не хацелi даваць уладу рабочым, бальшавiкам, сярод якiх быў Мiколкаў бацька. Часцяком даводзiлася яму хавацца, каб не папасцiся ў лапы буржуяў, афiцар'я. Але Мiколка бачыў, што бальшавiкi над усiмi маюць перавагу. Усё дэпо iшло за iмi, усе рабочыя дбайна ахоўвалi сваiх бальшавiкоў ад буржуазнага ўрада Керанскага. Усе iшлi насупроць гэтага ўрада, не выконвалi яго распараджэнняў, псавалi вагоны, паравозы, не давалi iх пад пагрузку войскаў на фронт.
I толькi ў Кастрычнiку свабодна ўздыхнулi рабочыя. Улада перайшла канчаткова да iх.
– Цяпер, браце, наша свята! – сказаў бацька Мiколку. – Цяпер паравозы нашы, дарогi нашы, дзяржава наша. I каб толькi не ворагi – жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца.
Бацька быў цяпер камiсарам цэлага ўчастка дарогi i часта аб'язджаў яго, бываў на розных станцыях. Па старой звычцы ён не ездзiў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягнiка i так рабiў свае аб'езды, арганiзуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лiнiях.
А ворагi не хацелi здавацца. Яны збiралi ўсе сiлы, каб загубiць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавiць стары лад у краiне. Насоўвалiся цяжкiя днi.
Мiколка вызваляе бальшавiкоў
Ужо з тыдзень хадзiлi чуткi, што наблiжаецца нямецкае войска.
Рабочыя дэпо рыхтавалi лепшыя паравозы, каб не пакiнуць iх немцам. Мiколкаў бацька раiўся з другiмi рабочымi, што рабiць: цi ваяваць з немцамi, цi пусцiць iх без бою. Але паступiлi i пэўныя ўказаннi, каб не адкрыць бойкi, не рабiць кровапралiцця, бо што могуць зрабiць рабочыя з узброенымi да зубоў палкамi Вiльгельма. Ды трэба было памятаць i аб Берасцейскiм мiры, расказаць аб iм рабочым i сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкiх салдат, каб зрабiць iх салдатамi-рэвалюцыянерамi.
Меркавалi, што немцы прыйдуць праз днi два, праз тры. Але яны з'явiлiся ноччу зусiм нечакана. Вiдаць, знайшоўся здраднiк на суседняй станцыi i не папярэдзiў аб адпраўцы нямецкiх эшалонаў.
Прачнуўся Мiколка ад стрэлаў. То ганялiся немцы за бацькам, якi ў адной сарочцы выскачыў праз акно i адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялiкiх штабеляў дроў i схавацца там да вечара. I толькi ранiцай наступнага дня, калi iшлi рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадавалiся мацi i Мiколка. Яны чулi, што арыштавана i пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавiкоў, i нiчога не ведалi, цi жывы яны, цi пабiты, цi ёсць сярод iх Мiколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялiкай радасцi Мiколка, але бацька абурыўся на яго:
– Цiшэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды... А цяпер бывайце... Даводзiцца, як бачыце, хавацца... Арыштоўвалi, вiдаць, па спiску, нейкi гад пастараўся для немцаў спiсак скласцi ўсiх тых, хто быў найбольш актыўны... Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.
I толькi бацька нагу на парог паставiў, як падбегла ўсхваляваная мацi, на акно паказала:
– Пачакай, вунь iдзе адзiн з начальнiкаў дэпоўскiх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.
Да вагона наблiжаўся той самы "буржуй", з якiм былi ў Мiколкi неаднаразовыя сутычкi i якi загадваў жыллёвымi вагонамi дэпо. Ён iшоў проста да вагона. Мiколкаў бацька зайшоў за полаг i схаваўся там. Неўзабаве зайшоў "буржуй", не вiтаючыся, важна рассеўся на зэдлiку, нахабна азiраючы ўсё навокал...
– Ну што ж, вiтаю вас, вiтаю! Накамiсарствавалiся, значыць, здаволiлiся...
Маўчала мацi, маўчаў Мiколка, не ведаючы, да чаго хiлiць гэты чалавек.
А той сядзеў, азiраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. I ўрэшце загаварыў:
– Сказ мой будзе кароткi... Не ўсё ж у камiсарах хадзiць ды другiмi камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камiсарам. Паслухайце цяпер i майго загаду – у дваццаць чатыры гадзiны аслабанiць гэтую кватэру, i каб духу вашага тут не было... Хоць да д'ябла! А не паслухаеце – штыкамi выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць... Дык жыва ж... – разышоўся ваўсю "буржуй", i аж тлустая яго шыя пачырванела i заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамi, з рудай шчацiнай. I раптам "буржуй" змоўк, абмяк, нiбы костка яму ў горла папала цi нечакана паляруш стукнуў. Перад iм стаяў бацька, якi выйшаў з-за полага. Бацька прыставiў "буржую" рэвальвер да лба i гаварыў цiха, але так, што чуў i Мiколка:
– Дык вось хто немцам нас павыдаваў... Малiся ж Богу, што сядзiш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды iм непрыемнасцi рабiць.
Тут паказаў ён на Мiколку i на мацi.
– А цяпер глядзi: калi хоць пiкнеш слова якое пра мяне цi супроць нас усiх, цi будзеш iх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцiм... А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга – не раскрываць нiдзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыi...
"Буржуй" сядзеў i пiкнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб – i ад страху, i ад здзiўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Мiколкавага бацьку, якога лiчыў ён ужо нават загiнуўшым ад немцаў.
Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб "буржую" i, развiтаўшыся са сваiмi, пайшоў як нi ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы "буржуй" прасядзеў яшчэ з паўгадзiны i толькi тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкi, азiраючыся за сабой, як пабiты сабака.
А вечарам прыйшлi некалькi рабочых. Сярод iх Мiколкаў брат Павел, якi служыў змазчыкам. Мацi пайшла кудысьцi да суседзяў. Мiколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў i прыслухоўваўся, аб чым цiха гаварылi рабочыя. Яны, вiдаць, спрачалiся аб нечым, бо адны гаварылi, што можна ўцячы з пакгаўза, другiя гаварылi, што цяжка. Тады Мiколка зразумеў, што гутарка iдзе аб вызваленнi тых рабочых, якiя арыштаваны немцамi i сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Мiколка гэты пакгаўз, колькi разоў забiраўся ў яго з хлапчукамi, сваiмi таварышамi, калi грузiлi ў пакгаўз семечкi, гарох альбо якiя iншыя падобныя прысмакi.
– Туды вельмi цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаiць аж два – ад станцыi i ад горада, – чуў Мiколка, як гаварыў адзiн з рабочых. Пачуў i не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.
– Я магу залезцi ў пакгаўз, нягледзячы i на часавых... – хутка выпалiў ён i пачырванеў нават, цi то ад нечаканае свае храбрасцi, цi ад сарамлiвасцi.
Рабочыя аж ахнулi.
– Казаў жа я вам, каб гаварыць цiшэй... А то вось аб усiм i даведаўся гэты падшывалец.
Мiколку страшна ўкрыўдзiла такое слова. Ён скоса зiрнуў на гаварыўшага, працадзiў праз зубы:
– Каму падшывалец, а каму Мiколка, бальшавiкоў сын...
– Ну, то iдзi да немцаў i скажы iм, што бацька твой – бальшавiк!
– Няма такiх дурных! – увязаўся ў гутарку Мiколка. – Калi вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку i так ведаюць, што ён бальшавiк, бо не сталi б лавiць яго, нехта ж падказаў... А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькi разоў туды лазiлi галубоў ганяць...
– "Галубоў, галубоў!.." – перадражнiў яго адзiн з рабочых. – Тут, бачыш, не галубамi пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.
Хацеў тут Мiколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.
– Няхай сабе i малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезцi, чым катораму з вас вялiкаму...
На гэтым i разышлiся, строга-настрага наказаўшы Мiколку, каб нi слова, нi гуку нiхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.
– Ну, што вы, маленькiя якiя, цi што... – не на жарты ўсердаваў Мiколка. – Цi буржуй я, цi меншавiк, па-вашаму...
Чуў Мiколка пра меншавiкоў як пра вялiкiх паскуднiкаў, якiя любому буржую гатовы заўсёды боты лiзаць. Таму i памянуў пра iх.
– Ну, глядзi ж, – яшчэ раз сказалi яму на развiтанне.
А ранiцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзiў Павел Мiколку, сказаў яму пацiху:
– Ну, уставай, бальшавiк! Пойдзем сваiх ратаваць. Глядзi ж не падкачай... Зловяць, скажы – за галубамi палез.
– Якiя ж галубы па начах! – папракнуў Мiколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.
– Тады скажы, што за семечкамi палез.
– За семечкамi яшчэ можна... – згадзiўся Мiколка з такой прапановай.
Станцыя хавалася ў прадранiшнiм змроку. Сям-там мiгацелi стрэлачныя лiхтары, пыхкалi парай паравозы ля дэпо, збiраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялi адзiночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з iншымi грузамi. Каб не быць заўважанымi нямецкiмi часавымi, Мiколка з рабочымi прабiраўся каля вагонаў, хаваючыся ў iх доўгiм ценi.
I тут ля вагонаў заўважылi i дзеда Астапа. Ён iшоў следам за ўсiмi, не адстаючы нi на крок. На яго накiнулiся ўсе:
– Куды табе, дзеду, iсцi! Iдзi кладзiся спаць!
Аднак дзед аж узлаваўся:
– За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакiнуў унука свайго ў небяспецы?
I колькi нi спрачалiся з дзедам, нiчога не выйшла. Дзед не адступiў i рашуча iшоў услед. Вось i пакгаўз. На iм паблiскваюць цьмянымi аганькамi два-тры лiхтары, вiдаць шырокiя дзверы. Ля iх стаiць, не зварухнецца, нямецкi часавы. Дзесьцi далёка за пакгаўзам паблiскваюць у небе агнявыя зарнiцы – вiдаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарнiцы загадкава пазiрае часавы. Водблiскi iх мiгцяцца на шырокiм блiскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.
Задумаўся часавы, абапёрся на вiнтоўку, не зварухнецца.
А побач з пакгаўзам – вялiкiя штабелi дроў. Сюды i дабралiся Мiколка, Павел i другiя рабочыя. Адсюль добра вiдаць пакгаўз i часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Мiколка бачыць, як у руках яго таварышаў з'яўляюцца рэвальверы. Людзi становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Мiколку цiха вядуць да пакгаўза блiжэй, пад самы апошнi штабель дроў.
– Ну, цяпер дзейнiчай сам! Ды глядзi ж, не патрап пад вiнтоўку! – дае апошнiя парады брат Павел.
Мiколка ўзiраецца ў часавога, да яго якiх трыццаць цi сорак крокаў. Вiдаць толькi спiна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлi, цiха пасоўваецца Мiколка да пакгаўза, хаваючыся за раскiданыя побач каменнi. Мiколка паўзе i думае: што будзе з iм, калi заўважыць салдат, i куды трапiць нямецкая куля. Добра, каб у галаву – адразу i ўсё табе тут... А калi ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!
Падумаў Мiколка i аж улiп у зямлю, халодным потам аблiўся, замёр на якую хвiлiну-другую. Не з-за страху за свой жывот – якi там у яго жывот! а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, i яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставiў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Мiколка нi жывы нi мёртвы i толькi чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.
"Эх! хаця б ды супакоiлася, а то яшчэ ўчуе немец..." – думае Мiколка ды праз шчылiну мiж каменнямi сочыць за часавым. Той ужо супакоiўся, нейкую песеньку пачаў цiха напяваць. Папоўз Мiколка далей. Вось i ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезцi пад насцiл, на якi выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. I праз якую хвiлiну быў ужо Мiколка пад ганкам i прабiраўся праз дзiрку ў цаглiнах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапiўшы рукой у нешта слiзкае i халоднае. Але ўспомнiў, што i днём тут хаваюцца часам жабы, супакоiўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогi Мiколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабiў ён налёты сюды са сваiмi таварышамi. Вось i гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвiком.
Мiколку здаецца, што праходзiць цэлая гадзiна, пакуль удаецца яму падняць адзiн канец гэтай дошкi i прасунуць у дзiрку галаву. Спачатку нiчога не бачыць Мiколка, i толькi прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якiя згрудзiлiся ў кутку на ахапках гнiлой саломы. Недалёка на сценцы мiгае закапцелы чыгуначны лiхтар. Пад iм ляжыць чалавек i, як вiдаць, не спiць, бо часта варушыцца i ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Мiколка i пазнаў – гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машынiст Арлоў. Разам з бацькам колькi пачысцiлi яны на сходах эсэраў ды меншавiкоў, тыя прымушаны былi заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свiст, вострыя жарты i кепiкi.
Цiха падпоўз Мiколка да машынiста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Мiколка хуценька перадаў аб усiм, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго i глядзi, развiднее.
Доўга не збiралiся. Адзiн за адным з вялiкiмi перасцярогамi лезлi пад падлогу, па аднаму выбiралiся з-пад ганка i адтуль Мiколкавым спосабам паўзлi да дроў. Мiколка сядзеў пад ганкам i скрозь ранiшнi змрок сачыў за Паўлавымi сiгналамi. Апусцiць той руку за штабелем дроў – значыць можна паўзцi чалавеку. Падыме руку – значыць нельга, няйначай часавы ходзiць па насцiлу, над ганкам. Так i выпусцiў усiх восем чалавек, арыштаваных немцамi.
А сам затое ледзь не папаўся. Толькi высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Мiколка, як рак у пячору, сядзiць там сагнуўшыся, чакае i бачыць: над самым над iм сядзiць нямецкi часавы, ногi на прыступку ганка паставiў, вiнтоўку да калена прыцiснуў. Вiдаць, надакучыла яму стаяць, i, не бачачы поблiзу начальства ў такi час, рашыў ён прысесцi. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногi i цягнi пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзiць Мiколка хвiлiну, сядзiць другую, трэцюю. А далей ужо i нясцерп бярэ – калi ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут i кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу. Засунуў Мiколка канец рукава ў рот, сядзiць ды чхнуць баiцца.
I, магчыма, доўга б прасядзеў так Мiколка, каб не выручылi рабочыя. Павел загадаў двум рабочым перайсцi на другi бок пакгаўза i там чым-небудзь адцягнуць увагу часавога, прымусiць яго перайсцi на другi бок. Так i зрабiлi. Рабочыя адышлiся на добрую адлегласць i пачалi гучную гутарку, нiбы ў сварку ўкiнулiся адзiн з адным. Услухаўся часавы, падняўся з месца, падаўся ў другi бок пакгаўза. Не то праверыць хацеў, што там робiцца, не то проста пабаяўся начальства, каб не заспела яго часам седзячым на пасту.
А Мiколка толькi i чакаў гэтай хвiлiны i, як маланка, сiгануў пад дровы. Там цiха i моўчкi пацiскалi яму руку, а стары машынiст Арлоў расцалаваў яго i, жартам пацягнуўшы за нос, цiха сказаў:
– I якi ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабiць вялiкiя... Ну, расцi, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такiх бальшавiкоў, як ты, не паважаюць...
"Такiх бальшавiкоў, як ты..." – ад такога гонару можна было падскочыць, прайсцiся калясом на руках сярод дроў. "Бальшавiкоў! Гэта не дзедавы турэцкiя крэпасцi, а куды важней..." – думаў i радаваўся Мiколка. Але трэба было хутка i непрыкметна разыходзiцца ад дроў ды хавацца, каб не папасцiся на нямецкае вока.
Так вызвалiў Мiколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькi, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавiцца ад нямецкага арышту.
Яшчэ не выспаўся Мiколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся i падумаў: "А што ж будзе там, ля пакгаўза?" I тут успомнiў: "А дзе ж дзед?" Учора, як разыходзiлiся ад пакгаўза, не заўважыў Мiколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.
Мiколка агледзеў вагон – няма дзеда. Выйшаў за дзверы – i там няма. Запытаў у мацi. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда i не ведае, дзе ён цяпер.
"Няйначай, там..." – мiльганула думка, i Мiколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо i, каб не быць заўважаным нямецкiмi часавымi, разам з рабочымi перабраўся праз пуцi пад штабелi дроў. Даволi высока забралася ўжо сонца i мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружылiся галубы, усё вышэй i вышэй узнiмаючыся над страхой, паблiскваючы на сонцы беласнежнымi крыллямi.
"Вiдаць, нехта папужаў iх..." – падумаў Мiколка.
I сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушылiся людзi. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкi вагон, якi сурова пазiраў на Мiколку сваiмi грознымi вокнамi з тоўстымi жалезнымi кратамi. На падножках вагона стаялi нямецкiя часавыя. Ля вагона i паравоза завiхалiся стрэлачнiк i счэпшчыкi, машынiст курыў цыгарку i злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Мiколку, ён сярдзiта замахаў на яго рукой з паравознай будкi i крыкнуў цiха:
– Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзiш ты дзе не трэба...