Текст книги "Мiколка-паравоз (на белорусском языке)"
Автор книги: Михась Лыньков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 8 страниц)
"Вiдаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе..." – падумаў Мiколка. Але ўспомнiў ноч i пусцiўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя... Вось заскачуць немцы, калi даведаюцца!
Мiколка хацеў яшчэ блiжэй падысцi да паравоза, каб разам з машынiстам пасмяяцца над дарэмнымi клопатамi немцаў. Машынiст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Мiколку рукой, нiбы хацеў сказаць: "Знаю, усё знаю... Не лезь на ражон дарэмна..."
Зразумеў Мiколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькi зiрнуў на пакгаўз. Той стаяў, як i раней. Той жа цяжкi замок вiсеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вiсела на замку. I толькi часавы быў не той, што ноччу.
У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамi, цiха падаўся ад вагона на стрэлкi. I тут успомнiў Мiколка пра дзеда: "Дзе ж ён падзеўся, аднак?"
I толькi падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Мiколка i пацiху падаўся ў дровы. Храп быў такi моцны, што станцыённыя вераб'i, прыляцеўшыя на дровы, палахлiва круцiлi з боку ў бок сваiмi дзюбамi. Яны скоса пазiралi на зямлю i палахлiва падымалiся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такiя страшэнныя, незразумелыя для iх гукi. Нават часавы ля пакгаўза пазiраў часам на штабелi дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго скiвiцы. Вiдаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.
На храп i дабраўся Мiколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшанiцу прадаўшы.
"З такiм гучным носам можна лёгка i ў турму патрапiць..." – падумаў Мiколка i пачаў асцярожна будзiць дзеда, торгаючы за руку.
Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:
– Другая арудзiя па бастыёну карцеччу, агонь!
Аж прысеў тут Мiколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвiлiся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:
– Эй! Хто там?
Аднак не iсцi ж Мiколку да часавога i растлумачваць яму, што ў дровах нiчога страшнага няма, што дзед Астап проста снiць свае турэцкiя баталii, ад якiх цяпер нiкому нi холадна нi горача. Мiколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй i лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.
Але Мiколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам i цiха шапнуў:
– Нiшкнi, дзед!
Часавы паслухаў, паслухаў – не чуваць нiчога – i паклыпаў на другi канец пакгаўза.
– Ну, цяпер выбiрайся, дзеду, з дроў i блiзка сюды не падыходзь. Аднак i падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту... – хацеў Мiколка сказаць "заснуў", але не хацелася крыўдзiць дзеда.
– Што падкачаў, то падкачаў... – вiнавата прамовiў дзед. – Гады бяруць сваё, унучак мой... Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазiў, ды неяк i задрамаў... А тут i сняцца мне ўсякiя туркi ды крэпасцi. Усё наступаю ды наступаю. I вось-вось ужо ў атаку павiнен быў кiнуцца, а ты разбудзiў...
– А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзiў!
– Як так дарэмна?
– А для чаго ты турэцкiя дывiзii лажыў, людзей бiў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?
– Дык вось у тым-та i справа, што пасля... А цар? Якi ён мой?
– Ну, вось! – пераможна сказаў Мiколка i, захапiўшыся, яшчэ колькi хвiлiн ушчуваў дзеда за яго турэцкiя прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мiнулай цемнатой, але потым у спрэчкi ўкiнуўся:
– Добра табе так разважаць, калi ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады...
Слова за слова, спрэчкi набылi такi гарачы характар, што нашы субяседнiкi i не заўважылi, як апынулiся пасярод нямецкiх салдат, якiя акружылi iх i чакалi далейшай каманды рыжавусага i надзвычай злоснага на вiд нямецкага каменданта.
– Ну, вось i прыехалi... – сказаў з перапуду дзед i змоўк.
Маўчаў i Мiколка, праклiнаючы ў думках дзедавы арудзii i турэцкiя бастыёны, праз якiя так нечакана трапiлi ў нямецкiя лапы. "Гэта ж трэба, надумалiся дзе спрачацца з дзедам!"
Па загаду каменданта iх прывялi да пакгаўза.
А справа ўся адбылася такiм чынам. Нямецкi камендант, якi прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправiць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкi вагон, учуяў гучныя спрэчкi Мiколкi з дзедам. Наяўнасць лiшнiх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды i хто наогул мае права блiзка хадзiць ля такога месца... Так натрапiў ён на Мiколку з дзедам i, каб высветлiць, што яны за людзi, затрымаў iх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Мiколка з дзедам адчувалi сябе зручна пад нямецкiмi штыкамi, але далейшыя падзеi намнога ўзнагародзiлi iх за якiя паўгадзiны нечаканага палону.
Паставiўшы дзеда i Мiколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок i пацягнуў дзверы. Дзверы не паддавалiся.
Мiколка сачыў за камендантам, за яго работай i хiтра падмiргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы i ў адказ на Мiколкавы падмiргваннi так сурова зiрнуў на яго i так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Мiколка палiчыў за лепшае "не падсыпаць дзеду солi на раны", як казала часам мацi. Калi дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.
А камендант усё завiхаўся ля дзвярэй. Ён i пыхцеў i соп, аж каплi поту ўкрылi яго лысiну, а дзверы ўсё не паддавалiся. Ён ужо некалькi разоў грозна крычаў, мусiць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчынiць дзверы i не заводзiць такой непрыемнай бузы.
"Як жа, адчыняць табе..." – пасмейваўся сам сабе Мiколка, успамiнаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя iм арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулi дзверы знутры на вялiкую жалезную засаўку.
Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, i чалавек з дзесятак салдат наляглi на дзверы. Але яны – нi з месца, як моцна нi калацiлi па iх дзесяткi чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглi салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддавалiся. I толькi са страхi пралiлiся некалькi струменьчыкаў вады i трапiлi за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяцiла сонца, на небе не вiдно было нi воблачка, над пакгаўзам мiрна ляталi белагрудыя ластаўкi, нiдзе не было анiякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.
Пакруцiў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накiнуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узялiся за працу, i цэлы струмень вады iзноў ёмка трапiў за каўнер каменданта. Аж ашалеў тут камендант, хапiўшыся рукой за спiну, дзе пад мундзiрам пацяклi халодныя струменьчыкi вады. Тут i салдаты пазiралi на яго, як на цуд, глядзелi ўгару, але неба па-ранейшаму было чыстае i яснае, без воблачка, без хмурынкi.
А Мiколка з дзедам закрывалi раты далонямi рук, каб не засмяяцца голасна, не прарвацца шалёным рогатам. Хто-хто, а яны-то ведалi, адкуль бярэцца нечаканы дождж.
– Узяць бервяно! – закамандаваў тут па-нямецку камендант. Прынеслi тэлеграфны слуп, якi ляжаў на пакгаўзным двары. Узялiся дружна салдаты i давай дзяўбцi слупам у дзверы. Такi стук паднялi, што народ пачаў збягацца, усiм хацелася падзiвiцца на незвычайную работу. I тут здарылася такое прадстаўленне, што дзед, расказваючы аб iм пасля, за бакi хапаўся ад вялiкага смеху. Толькi гэты слуп разышоўся як след па дзвярах, як на страсе нечакана раздаўся страшэнны грукат. Ледзь не абамлеў ад страху камендант, але паспеў грымнуць каманду:
– Лажыся! Агонь!
I выхапiў рэвальвер з кабуры.
Ляснуў вобземлю слуп. Салдаты маланкай сiганулi ўбок i заляглi на зямлю, нацэлiўшы вiнтоўкi на дзверы. I ў гэты момант скацiлася са страхi нешта круглае, чорнае, вялiкае, абдаўшы каменданта цэлай рэчкай вады. Яшчэ секунда – i гэтае круглае, чорнае, прабiўшы дно аб камендантаву каску, уссела на каменданта. Той толькi i паспеў, што пекануў разы са два з рэвальвера па гэтаму страшнаму ворагу. А потым стаяў як мыла з'еўшы, лыпаў вачыма. З вусоў лiлiся струменi вады, i ўвесь ён быў такi прыгажун у гэту хвiлiну, такi ваяўнiчы з выгляду, што цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыплiну ў такi ўрачысты момант. Яны залiвалiся дружным рогатам. Дзед i Мiколка не прамiнулi тут даць драпака.
Дзед бег так шпарка, што зачапiўся за кастыль i пакiнуў на iм палавiну адарванай падэшвы. Ды ў дадатак згубiў красала, якiм выкрэшваў заўсёды агонь для свае пiпкi. Гэтае красала, як i ўсё ў дзеда, пачынаючы з яго медалёў i канчаючы пiпкай, было, па яго словах, вельмi гiстарычным. Таму зразумелы тыя вохi i ахi, якiя апанавалi дзеда, калi ён не далiчыўся красала. Яно заўсёды было прывязана танюткiм раменьчыкам да пояса.
– Гэта ж не са звычайнага жалеза, а з турэцкай крывой шаблi была зроблена гэтая рэч. А шабля належала самаму заядламу турэцкаму салдату-янычару... – успамiнаў пасля дзед пра сваю страту i вельмi ж сумаваў i жалкаваў.
– Яно i вiдаць! – падтакваў дзеду Мiколка. – Калi ты пачынаеш красаць, дык нiбы шабляй махаеш, i не падыходзь блiзка.
I сапраўды, калi дзед выкрэсваў агонь для пiпкi, дык махаў так заўзята рукой, што лепш было адысцiся далей, каб не атрымаць па лбу. Ды i выгляд тады ў дзеда быў надзвычай суровы i грозны.
Так закончылiся ўцёкi для дзеда. Мiколка ж кiнуўся ў другi бок. Як маладзейшы i спрытнейшы, ён пабег пацiху памiж вагонаў, перабег пуцi i схаваўся за вадакачку. Апынуўшыся тут, ён не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаўзная справа. Па вiтай чыгуначнай лесвiцы ён спрытна забраўся на вадакачку i, прымасцiўшыся пад самай страхой, пiльна сачыў за пакгаўзам.
Там варушылiся ля каменданта салдаты. Яны вызвалiлi яго ад уссеўшай на яго бочкi, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вiльчыку, з вадой. Калi пачалi салдаты грукаць у дзверы i трэсцi сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахiлiлася трохi. Вось адкуль былi тыя струменьчыкi вады, якiя лiлiся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такi цiхi i ясны дзень. А калi салдаты ўзялiся за слуп i ўзялiся не на жарты за дзверы, бочка зусiм пахiснулася i, пакацiўшыся з грукатам нанiз, нагнала вялiкага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасцi той падумаў, што тут цэлая дывiзiя варожая наступае.
Калi салдаты вызвалiлi каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узялiся за перарваную справу.
Якiя нi моцныя былi пакгаўзныя дзверы, але падалiся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулi засаўкi, разляцелiся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кiнуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.
– Ану, выходзь, бандыты, рукi ўгару! – грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было цiха, як у магiле. I толькi пары з дзве галубоў са свiстам пранеслiся мiма падмочаных каменданцкiх вусоў, прымусiўшы яго для перасцярогi разы са два стрэлiць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамi, паволi плылi з дзвярэй, i ад гэтага пылу папярхнуўся начальнiк, зачыхаў. Зачыхаў i ўзлаваўся.
– ...Смiрна! – зароў начальнiк i тут жа – "чых... чых... чых!". – На плячо-о-о!.. чых... чых... чых... Шагам... арш... чых-чых-чых...
Выстраiлiся салдаты i, каб замаскiраваць свой вялiкi рогат над начальнiкам i залiшне яго не канфузiць, пачалi дружна чыхаць. Так i пайшла, што называецца, з носам чыхаючая каманда. I кожны ўяўляў сабе расправу, якую ўчынiць генерал над незадачлiвым камендантам, не сумеўшым усцерагчы арыштаваных бальшавiкоў.
А на станцыi была абвешчана ваенная трывога. Замiтусiлiся немцы, наладжваючы пошукi ўцекачоў. Але дзе ты iх зловiш! Сядзеў, сядзеў Мiколка на вадакачцы i ўрэшце наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, блiжэй да дзеда. Каб не папасцiся пад гарачую руку немцам, Мiколка з дзедам рашылi перасядзець у лесе ночы са тры, пакуль кiнуць немцы пошукi ўцекачоў.
Стрэл на паляне
То ж гэтыя мацi!
Яны заўсёды плачуць. Бацька на катарзе быў – мацi плакала. Бацька ад немцаў уцякаў – мацi ў слёзы. Вось i цяпер, калi сабраўся дзед з Мiколкам рушыць у паход, мацi таксама пусцiлася ў слёзы:
– I куды ж вы пойдзеце? Каб забiлi дзе-небудзь, такi ж час неспакойны...
– Не заб'юць... – казаў важна дзед. – А калi тут сядзець, то можна да немцаў у лагер канцэнтрацыйны трапiць... А гэта горай, чым заб'юць...
I дзед паказваў мацi нямецкую адозву да рабочых-чыгуначнiкаў. У ёй нямецкi генерал пагражаў рабочым куляй i катаржнымi лагерамi, калi яны будуць выступаць супроць нямецкага войска, няспраўна працаваць на чыгунцы. I асаблiва калi будуць падтрымлiваць бальшавiкоў i думаць аб нейкай там свабодзе.
Мацi не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такiм неспакойным жыццём, гатовая кожную хвiлiну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсцi ў лес, дзед схадзiў да Мiколкавага брата Паўла, якi хаваўся дзесьцi ў горадзе, i вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Мiколку сваю зброю. Гэта быў стары пiсталет, якi мог бы справядлiва канкурыраваць з дзедавай славутай "арудзiяй", якая калiсьцi ўзарвалася ад Мiколкавага стрэлу. Пiсталет быў вялiкi i цяжкi, але дзед любоўна пачысцiў яго, прывязаў рэмень, пералiчыў i перацёр патроны i схаваў зброю за пояс.
Так i пайшлi.
Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.
– Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? – запытаў Мiколка ў дзеда.
– Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...
– А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
– Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.
– Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!
– А што б ты зрабiў? – запытаў дзед.
– А пастраляў бы ўсiх! – I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
– Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...
Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.
Несцi пiсталет, вiдаць, было ў вялiкi труд дзеду, i ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае "аружжа". Тады Мiколка прасiў дзеда даць яму паднесцi пiсталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. I Мiколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялiкую чорную рулю, праўда, вельмi заржавелую i аблупленую. Мiколка цэлiўся з пiсталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне i быў вельмi задаволены такiм важнецкiм "аружжам".
"Усё роўна як вiнтоўка i страляе, мусiць, як з гарматы... Цяпер нiякiя немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!"
I Мiколка прыстаў, як смала, да дзеда:
– Давай паспрабуем, цi спраўна страляе!
Не было асаблiва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпiшся ад унука.
– Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады i паспрабуем...
Месца для начлегу выбралi надзвычай добрае. Старыя ялiны высока ўзнеслi свае лапы ў чорнае неба, на якiм мiгцелi рэдкiя зоры. Пад ялiнамi быў сухi ўзгорак, на якiм густа разраслiся верасы, папарацi i блiскучы бруснiчнiк. Яловыя лапы так моцна перапляталiся, што праз iх цяжка было прабрацца. Пад iмi было цiха, утульна. Сюды не дасягалi вятры, што глуха гулi ў верхавiнах дрэў, i нiякi дождж не прабiўся б тут праз густыя яловыя нетры.
На ўзгорак нацягалi сухога лiсця, моху i, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалi такiя мяккiя пасцелi, што дзед аж крактануў ад вялiкага задавальнення.
– Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка i пах якi духавiты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
– А ты калi-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелi? – запытаў Мiколка.
– Спаць не спаў, але думаю, што пасцелi ў буржуяў важныя, мяккiя... Нязручна ж з iх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
Назбiраўшы яшчэ сушняку, Мiколка з дзедам расклалi невялiкi агонь, i ён весела патрэскваў, асвятляючы блiжэйшыя дрэвы i згушчаючы ценi за iмi. З агнём стала куды весялей. Ён нiбы разганяў i тыя гукi лесавыя, да якiх уважлiва прыслухоўваўся Мiколка i, не разумеючы iх, распытваў дзеда:
– А хто гэта там крычыць?
– А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...
– А хто гэта нiбы рагоча так страшна?
– Гэта сава.
– Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пiсталета. Весялей будзе, i воўк уцячэ, калi пачуе...
– Ваўкi, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногiя звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.
– А ўсё ж паспрабуем, паглядзiм, як страляе.
Дзе ты тут адчэпiшся ад Мiколкi! Згадзiўся дзед. Мiколка ўсё намагаўся, каб самому стрэлiць. Але дзед, узгадаўшы колiшняе паляванне, рашуча адмовiў i стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабiўшы нажом метку на ялiне, дзед важна стаў у баявую позу i падняў пiсталет угору. Але калi пачаў цэлiцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пiсталета i так далёка адставiў руку са зброяй, што вiдаць было, як дзед яўна непакоiцца за вынiкi стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гiсторыя з "арудзiяй". I сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:
– Хавайся, Мiколка, за ялiны, а то чаго добрага...
Падаўся Мiколка за тоўстае дрэва i, высунуўшы з-за кары сваю кiрпаўку, назiраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой i глядзеў зусiм у другi бок ад мiшэнi, вiдаць, баючыся выбуху.
– Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэлiш! – дапамагаў Мiколка сваiмi парадамi.
Урэшце дзед адважыўся i, зажмурыўшы вочы, нацiснуў на курок. Мiколку здалося, што ў ялiну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж iглiцы i шышак. Аж шорах пайшоў па лесе – так церушылiся шышкi. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.
Дзед i Мiколка мнагазначна пераглянулiся:
– Вось гэта дык арудзiя, вось гэта дык б'е.
– Важнецкi б'е, не раўнуючы, як батарэя... – задаволена адказаў дзед i пачаў масцiцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную "батарэю".
Аднак спалi трывожна. Насiлiся па лесе нейкiя таемныя гукi, пагрозлiва шумелi верхавiны ялiн, i абамшэлыя ствалы гудзелi працягла i сумна. Зрэдку падалi каплi дажджу. З цiхiм шолахам скочвалiся яны з ялiн i сiпелi, трапляючы ў прысак вогнiшча. Дзесьцi раздавалiся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавiна неба зрабiлася барвовай. Барвовасць то рабiлася цьмянай, то набракала залацiстай чырванню, нiбы падмiргвала неба налiтым крывёю зрокам. Барвовыя спалохi неба наганялi жудасць i страх. Верхавiны дрэў нiбы загаралiся тады празрыстым полымем, i яшчэ гусцей быў змрок на зямлi.
А з ветрам, што кiдаўся зверху, з высокiх вяршалiн, даносiлiся водгукi нейкiх слоў, крыку. Нiбы нехта кiдаў у чорныя прасцягi ночы прыглушаныя словы цi то просьбы, цi то адчаю, цi гарачага заклiку да расправы, да помсты.
Мiколка бачыў, як дзед уважлiва прыслухоўваўся да нечага, прынiкшы вухам аж да самай зямлi. Твар дзеда быў трывожны.
– Што слухаеш, дзеду?
– Нiчога, унуча, гэта я так... – схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за iм назiрае Мiколка. – Ты сабе спi спакойна...
Але адзiн за адным даляцелi гукi стрэлаў, i тады Мiколка рашуча запытаў дзеда:
– Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робiцца ноччу?
– А што можа рабiцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.
З паўночы крыху паспакайнела, i Мiколка з дзедам моцна заснулi пад яловым дахам. Але пад самую ранiцу, калi пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, iзноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Мiколка да палахлiвых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былi паасобныя словы:
– Божа ж мой, Божа...
I яшчэ чуваць былi нейкiя словы, але былi яны зусiм незразумелымi, i нiколi Мiколка iх не чуў.
Заварушыўся Мiколка.
– Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блiзка недзе... Дапамагчы трэба.
Прыслухаўся дзед.
– Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмi толькi ў мяшок наша снеданне.
Мiколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбiн, якiя паклаў у прысак, калi лажылiся спаць. Укiнуў бульбу ў торбу, якая вiсела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, i ад торбы iшла прыемная цеплыня, прыграваючы Мiколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былi лесавыя травы, кусты i дрэвы. Аж пальцы на руках адубелi ў Мiколкi ад золкай вiльгацi ранiцы. Прыкладзеш руку да торбы – i добра, як ля печы ўсё роўна.
Развiднела.
Галасы раздавалiся ўсё мацней i мацней, выразна чуўся плач. Вось i выйшлi на самы ўскраек лесу да невялiчкай палянкi, акружанай непралазным хвойнiкам, хмызнякамi. Трохi не дайшлi да самай палянкi, як спынiлiся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарнiку. Стаялi i моўчкi глядзелi на палянку. I праз якую хвiлiну да Мiколкi нахiлiўся дзед, праказаў гарачым шэптам:
– Iдзi, Мiколка, назад адсюль... Не трэба глядзець на брудныя людскiя справы.
Але, сцяўшы зубы, стаяў Мiколка i, нiчога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалiстай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокi ў плячах, прысадзiсты. Быў ён без шапкi, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звiслi на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская свiтка, такiя ж зрэбныя штаны. Ён быў босы i зябка перамiнаўся з нагi на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкi вiдаць быў матроскi цельнiк у сiнюю з белым палосамi.
"Марак, вiдаць", – падумаў Мiколка, успомнiўшы матросаў, якiя цэлымi эшалонамi праходзiлi праз станцыю ў часе рэвалюцыi.
Але што асаблiва кiдалася ў вочы, гэта быў позiрк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялiкай нянавiсцi да людзей, што стаялi вакол яго з вiнтоўкамi са штыкамi. То былi немцы. Трое вартавалi чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылi лапатамi зямлю, капалi яму – магiлу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалi каменьчыкi аб лапаты. Завiхалiся людзi. I вiдаць было, нiбы чаго саромеюцца гэтыя людзi, унiкаюць глядзець у вочы адзiн другому i нiбы чакаюць нецярплiва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькi адзiн з iх, што быў без вiнтоўкi i трымаў у руцэ рэвальвер, хадзiў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалi зямлю, крычаў, лаяўся.
– Афiцэр... – цiха шапнуў Мiколку дзед i замоўк.
З ямы вылезлi салдаты, кiнулi ўбок лапаты, узялi вiнтоўкi, што стаялi прыхiленыя да дрэва. Афiцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кiшэнi нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, i Мiколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзiцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцiрала слёзы на перапалоханым i запэцканым тварыку. Жанчына кiнулася была да чалавека, што стаяў без шапкi, але грозна закрычаў афiцэр i, наставiўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.
Афiцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:
– "За пасягненне на маёмасць i жыццё мясцовага пана... за парушэнне закону аб уласнасцi... за супрацiўленне iмператарскiм нямецкiм войскам... за падбухторванне сялян супроць падаткаў... батрак Сямён, былы матрос i член былога бальшавiцкага савета, па загаду яго iмператарскага вялiчаства iмператара ўсяе Германii Вiльгельма II прысуджаны ваенным судом да расстрэлу..."
Двое салдат кiнулiся да чалавека пад хвояй i сталi надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скiнуў яго i, кiнуўшы мяшок у твар афiцэру, крыкнуў:
– Прэч, нягоднiкi!.. Не мне баяцца смерцi, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магiлы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... I многа яшчэ жывых...
Далейшыя словы былi не чутны. Нешта грозна крычаў афiцэр. Бразнулi затворы вiнтовак. Мiколка сцяўся ў халодны камяк, нiбы ўлiп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархацiць пясок на магiле, як скочваюцца каменьчыкi на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. I гарачыя слязiнкi павiслi на раснiцах. Вось-вось расплачацца Мiколка, выдасць сябе i дзеда ў гэтай лесавой схованцы.
Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцiлаўся над палянай. У iм гублялiся фiгуры салдатаў. Бачыў Мiколка: чалавек як стаяў, так i стаiць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Мiколка, як няўпэўнена ходзяць iх рукi, як дрыжаць вiнтоўкi, паднiмаючыся то задужа высока, то нiзка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаiць пад хвояй, i вочы яго гатовы, здаецца, спапялiць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. I вось бачыць Мiколка, як азвярэлы афiцэр кiдаецца да салдат, выхоплiвае ў аднаго вiнтоўку i пачынае цэлiцца ў чалавека пад хвояй.
I не заўважыў Мiколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афiцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскiнуўшы рукi на жоўтым пяску. Выразна бачыў Мiколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да iх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кiнулiся ўбок напалоханыя салдаты ды блiзка каля iх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелi завязаць вочы, каб нiколi-нiколi не бачыў ён нi зары, нi яснага сонечнага ўсходу, нi чыстых зор, нi ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлi. Гэта быў адзiн толькi момант, калi, здавалася, нiбы прыкуты быў да месца Мiколка, не мог скрануцца, паварушыцца.
– Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца...
Дзед быў узрушаны не менш, чым Мiколка, i таропка хаваў сваю зброю за пояс.
I тут не вытрымаў Мiколка. Ён кiнуўся дзеду на шыю, церабiў яго сiвую бараду, ласкава гладзiў шурпатыя шчокi ў маршчынках i, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:
– Якi ж ты, дзед, слаўны чалавек... Якi ж харошы, дзядуля... Якi ж ты, мой дзеду, храбры.
Але дзед тут паморшчыўся крыху.
– Пра храбрасць ты кiнь... Не ў ёй справа, унуча. Кожны павiнен дапамагчы свайму чалавеку, якi з мазаля жыве i якога крыўдзяць.
Мiколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлi ад таго месца, дзе вызвалiлi яны ад смерцi чалавека, якога нават не ведалi, пра iмя якога нiколi не чулi. Вызвалiлi таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былi мазалi, чалавека хацелi забiць насiльнiкi, прыгнятальнiкi.
Мiколка з дзедам трапляюць у бяду
Ужо вечарэла, калi Мiколка з дзедам натрапiлi на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькi дзесяткаў сялян з сем'ямi, з маёмасцю, з коньмi, з каровамi. Збоку ўсё было падобна на вялiкi цыганскi табар. Стаялi калёсы з паднятымi ўгору аглоблямi. На аглоблях былi панадзяваны розныя дзяругi, коўдры. Пад гэтымi дзяругамi спалi на лахманах дзецi. Плакалi жанчыны то голасна, то цiха, наўзрыд. Плакалi па-рознаму, але словы былi адны:
– А што ж то будзе далей? Хiба жывымi ў магiлу класцiся?
Ля калёс гарэлi агнi. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымi i сыпала ўгору снапы iскраў. Нiбы раiлiся залатыя пчолы, падымалiся ўсё вышэй i вышэй, аж пад самыя верхавiны маўклiвых сосен, ялiн. Ад сядзеўшых ля агню сялян мiтусiлiся навокал палахлiвыя ценi, яны скакалi па дрэвах, па кустах i знiкалi, праглынутыя чорнымi змрокамi ночы. Усюды было трывожна. Гэта вiдаць было i па плачу жанчын, i па гутарках сялян, па iх трывожных позiрках навокал. Некалькi чалавек было з старымi паляўнiчымi стрэльбамi. Яны вартавалi жывёлу – тут жа ў лесе пасвiлiся конi, каровы, свiннi.
Мiколку з дзедам спынiлi некалькi чалавек, акружылi, запыталi сурова:
– Што вы за людзi? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?
– А вы хто? – перапытаў у сваю чаргу дзед.
– Мы сяляне, уцяклi ў лес ад немцаў...
– Ну дык i мы ўцяклi ў лес... А самi мы рабочыя, чыгуначнiкi.
Слова за словам – пачалася гутарка. I тут убачыў Мiколка, што аднолькава прыходзiцца ад немцаў i рабочым i сялянам. I тым i другiм прыходзiцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошнi свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нiчога не даюць, прымушаюць галадаць. У селянiна немцы адбiраюць апошнюю карову, апошнi хлеб, паляць яго хату, калi селянiн не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступi супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерцi.
– Адным толькi панам настала цяпер вялiкае жыццё... – гаварыў адзiн з сялян. – Толькi немцы прыйшлi, з'явiўся i пан. I такую расправу ўчынiў нам, што мы i не снiлi нiколi... Вось i сядзiм цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, якi быў у батрацкiм камiтэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзiлi Сёмку да смерцi за тое, што ён нiбыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, вiдаць, i судзiлi. I хто ведае – жыў цяпер Сёмка цi не...
Да самае поўначы гаварылi каля агню. Тут жа i ўлеглiся спаць. Хто пад калёсамi, хто пад хатнiм скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу цi шапку-кучомку. Тут жа спалi i Мiколка з дзедам.
А перад самай ранiцай узнялiся ў лесе таропкiя стрэлы. Папрачыналiся напалоханыя людзi, беглi куды папала, крычалi:
– Ратуйцеся, немцы ў лесе!..
Але хавацца было ўжо недзе. З усiх бакоў акружылi немцы паляну, дзе размясцiлiся ўцекачы-сяляне. I калi намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасцi хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокi нямецкi штык i чуўся грозны воклiч:
– Стой! Назад!
Сяляне кiдалiся назад, але ўсюды iх сустракала адна i тая ж грозная каманда, шэрыя каскi салдат i ашчацiненыя штыкi. I тады ўбачыў Мiколка, як таропка хавалi сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлi, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруцiўшы яе старой хусцiнкай.
– Патроны, дзеду, хавай, патроны! – цiха крыкнуў Мiколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкi салдат i штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногi. Мiколка кiнуўся да салдата, лёг грудзьмi на вiнтоўку, каб адвесцi штык ад дзеда, але тут жа пакацiўся па зямлi. Яго ўдарыў прыкладам вiнтоўкi другi нямецкi салдат. Мiколка ледзь падняўся на ногi, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Мiколкi кружылася галава, нейкая пеляна засцiлала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, якi так немiласэрна ўдарыў яго. I вялiкае, непераможнае пачуццё помсты запалiла Мiколку. Ён падхапiў вялiкi камень i кiнуў яго ў салдата. Камень трапiў у каску. Азвярэлы салдат кiнуўся са штыком на Мiколку. I здавалася тады Мiколку, што нiколi яму болей не ўбачыць нi гэтай паляны, нi лесу, нi дзеда, нi бацькi. Ля самых грудзей прамiльгнуў перад iм шырокi штык, i Мiколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплi расы ў барвовых i яркiх водблiсках ранiцы. Але то была не раса. Гэта Мiколкава кроў пацякла па штыку. Хапiўшыся за яго абедзвюма рукамi, Мiколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы i крыкнуў. Яго адцягнулi ад штыка падбегшыя жанчыны.
– Што вы з хлопчыкам робiце, рабаўнiкi! – крыкнулi яны азвярэламу салдату.
Той памкнуўся быў жорстка расправiцца са сваёй ахвярай, але нейкi трэцi салдат затрымаў яго за рукi, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзiкi ўчынак.
Хутка ўсiх сялян павялi пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў i Мiколка з дзедам. Ззаду салдаты гналi сялянскiх кароў, ганялiся па лесе за коньмi, за свiннямi...