Текст книги "Мiколка-паравоз (на белорусском языке)"
Автор книги: Михась Лыньков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)
Лыньков Михась
Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Мiхась Лынькоў
Мiколка-паравоз
Хата на калёсах
Вы не бачылi Мiколкавай хаты?
Яна вунь у самым тупiку, дзе канчаюцца станцыённыя лiнii, дзе безлiч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнулiся, пабеглi блiскучыя рэйкi.
Па рэйках тых бягуць цягнiкi. Бягуць i днём, i ноччу. I шэраю ранiцай. Калi яшчэ сонца не ўзыходзiць. Калi яшчэ Мiколка спiць. Калi спяць усе звычайныя людзi, якiя ноччу не ў машынiстах, не ў кандуктарах, не ў рабочых дэпо, не ў абходчыках пуцявых. А цягнiкi бягуць. Зiмой i летам, увосень i ўвесну. I чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваiмi пукатымi блiскучымi вачыма ў далёкiя агеньчыкi семафораў. Агеньчыкi белыя, зялёныя, чырвоныя. I кожны паравоз крычыць па-свойму. Адзiн так гудзiць, што шыбы трасуцца ў вокнах. У другога хрыпаты голас, нiбы прастудзiўся паравоз, бегаючы ў зольных туманах i завеях. А трэцi – якая-небудзь кукушка – не гудзiць, а проста пасвiствае галаском такiм тонкiм, пранiзлiвым. I па голасу пазнае Мiколка кожны паравоз, цi то таварны, цi то пасажырскi. I часам ноччу, пачуўшы голас далёкага паравоза, Мiколка будзiць матку:
– Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскiм. Яго паравоз гудзiць.
– Сам ты паравоз! – дражнiць матка Мiколку. – Вось спаць не даеш толькi, пасажырскi яшчэ далёка...
Але матка ўставала, ставiла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Мiколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам i грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнiк, як зацiшаў ён хаду, а потым i зусiм станавiўся на станцыi. Тут зменьвалiся паравозы, зменьвалiся i машынiсты. I заўсёды акуратна, праз якiя-небудзь хвiлiн дзесяць, дахаты з'яўляецца Мiколкаў бацька.
– А ты прачнуўся ўжо, кур'ерскi? – гаварыў ён да Мiколкi i заўсёды намерваўся ўхапiць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Мiколка хаваўся пад коўдру i, паказваючы адтуль толькi кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:
– Чшы... чшы... чшы... чшы-чшы-чшы...
I важна гаварыў потым да бацькi:
– Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!
"Забуксаваў" – гэта значыць, што бацька далей не пасунецца нi на крок, нiяк не ўхапiць яму цяпер за Мiколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымi рукамi за коўдру брацца, павiнен ён памыцца як след. I калi бацька зоймецца з умывальнiкам, Мiколка таропка злазiць з ложка i бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкi. Ён спрабуе яе на вагу, а цi ёсць што ў ёй, цi варта ля яе турбавацца.
– Прывёз, татка, што-небудзь? – грозна пытае ён бацьку.
– А што будзе, калi не прывёз? – перапытвае бацька, смяецца.
– Што ж будзе? Нiчога не будзе... – гатоў пакрыўдзiцца Мiколка.
А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнiк, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкi "зайцавага хлеба" – так заве ён дарожныя недаедкi. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкi. Не сказаць, каб вялiкiя ласункi былi з чэрствага хлеба, але еў яго Мiколка з вялiкай ахвотай, толькi пугаўка-нос паблiскваў ад вялiкага задавальнення. Есць, i здаецца яму, нiбы ён таксама памочнiк машынiста, як бацька... Хлеб пахне трохi вугалем, i аддае крыху ад яго i мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, якi праехаў на паравозе сотнi вёрстаў, падсушыўся, паабiваўся ў скрынцы, прапах. I не дзiва, што як змеле Мiколка гарбушку, дык адразу i пайшоў:
– Чшы-чшы-чшы... Чшы-чшы-чшы...
Памчаў паравоз.
Аж падлога дрыжыць ад Мiколкавага бегу. Бяда толькi, што не разбяжышся як след: i цесна, i мацi ўшчувае:
– Кiнь ты дурыкамi займацца – узняўся нi свет нi зара. Яшчэ брата разбудзiш...
Акрамя "зайцавага хлеба" ў бацькавай скрынцы бывае шмат якiх цiкавых рэчаў. Не бывае нiводнага разу, каб бацька вярнуўся з пуцi з пустой скрынкай. Заўсёды ў скрынцы знаходзяцца новыя цацкi. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы iзалятар, то трубку якую блiскучую, а то проста каменьчыкаў розных, каляровых. Часам прывязе звычайны кавалак каменнага вугалю, падае Мiколку:
– Вось табе новая цацка!
Мiколка гатоў i ў крыўду ўкiнуцца: знайшоў бацька цацку! Ды iх, гэтакiх цацак, вунь цэлыя горы каля дэпо!
– А ты прыгледзься вось лепш, тады не будзеш i носа задзiраць...
I сапраўды, цiкавы камень. На адным баку малюнак, нiбы выразаў нехта цэлую ветку, i сцяблiнкi тут, i дробнае лiсцейка разышлося веерам.
– Хто маляваў? – пытае Мiколка.
– Нiхто... Сама мацi-прырода...
– А ты не абманьвай... Яшчэ памочнiкам называецца, жарты строiць... ушчувае Мiколка бацьку.
Тады расказвае бацька розныя цiкавыя гiсторыi пра гэты самы камень. Нiбы быў ён тысячы год назад не каменем, а самым звычайным дрэвам, высокiм, прыгожым, з гаманлiвым лiсцем зялёным. I вось найшла навальнiца, павалiлiся дрэвы, усю зямлю ўслалi векавыя гiганты. Iх засыпала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Ляжаць дрэвы пад зямлёй, ляжаць, не гнiюць. Год ляжаць, дзесяткi ляжаць, ляжаць сотнi i тысячы гадоў. Ляжаць, пакуль не скамянеюць. I лiсцейка як адцiснулася тысячы год назад, так i захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. А часам трапляецца адбiтак-адпячатак тагачасных казюрак, жывёлiнак. Вось якая гiсторыя гэтага малюнка...
Слухае Мiколка. Сапраўды ж цiкава. Бацька яшчэ раскажа i пра нафту, якую таксама паляць на паравозе. Бацька раскажа i пра мазут, дзе i як яго здабываюць. Ён раскажа i пра паравоз, i пра чыгунныя рэйкi, i пра розныя сiгналы. Багата чаго ведае ён. I нездарма заўсёды здзiўляецца Мiколка i кажа ў роздуме:
– Разумны ты, бацька!
Праўда, з гэтым не зусiм каб пагаджалася матка. Тая трымаецца трохi iнакшых думак пра бацьку i пра гэтыя свае думкi кажа часам уголас, ды ў якi яшчэ голас. Хоць вушы тады затыкай:
– I калi ты ўжо сур'ёзным чалавекам станеш? Другiя ж, глядзi, у старшыя машынiсты ўжо выбiлiся... Другiя, глядзi, на ўласныя хаткi з садамi ўзбiлiся... А ты век тут карпей ды гiбей у гэтым дзiравым вагоне... Галава непуцёвая.
На гэта бацька звычайна нiчога не адказваў, маўчаў. Альбо важна пытаўся: "Што скажаш яшчэ цiкавага?" Альбо запяваў канарэечку:
Канарэй, канарэй-пташачка,
Канарээ-е-чка жалабна пяёць.
Ну што ты з яго возьмеш тады, з гэтай канарэечкi. Пабурчыць, пабурчыць мацi ды сцiхамiрыцца.
А вагон сапраўды дзiравы. Вагон – хата Мiколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымi коламi, са збiтымi буферамi. З'ездзiўся вагон, пастарэў. Паставiлi яго ў тупiк пад жыллё. I колькi вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак – жывуць у iх дэпоўцы: токары, слесары, машынiсты з качагарамi. I цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзiне невялiкая печка. На другой палове месцiцца дзiцячы тапчан, тут жа спiць Мiколкаў старэйшы брат, якi ўжо сам зарабляе, ходзiць у змазчыках. Тут жа спiць дзед Астап. Тут жа невялiчкi стол, за якiм палуднуюць, вячэраюць, на якiм мацi бялiзну качае. Цесна ўсё ж.
Адно што добра: выскачыш з вагона, i тут табе воля вольная. Бяжы куды хочаш: цi пад дэпо, цi на пуцi, цi на недалёкае балота за лесам. Знадворку i вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусiм чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Пад арлом надпiс: "40 человек, 8 лошадей".
– Дзе ж тыя конi? – пытае бацьку Мiколка, калi старэйшы брат чытае часам уголас гэты надпiс.
– А мы з табой чым не конi? – пасмейваецца бацька.
– А чаму ў арла дзве галавы?
– Таму што адной не хапае, дзiравая... Таму, бачыш, i каронай накрытая.
Дужа там разбiраўся ў тых царскiх каронах Мiколка!
Куды цiкавей былi яму розныя цацкi: гайкi, каменьчыкi, шасцяронкi чыгунныя, розныя блiшчастыя гузiкi, якiя знаходзiў часам на пуцях. Ды яшчэ безлiч розных малюнкаў, аж паўсцяны вагона было аблеплена iмi. Кожны дзень папаўняў Мiколка сваю калекцыю, цi, як называў бацька, карцiнную галерэю. Шукаць доўга новыя малюнкi не прыходзiлася. Даволi прайсцiся раз у дзень па чыгунцы – вярсты дзве туды ды назад – вось i поўныя кiшэнi здабытку. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскiх цягнiкоў: тут i паперкi ад цукерак, папяросныя карабкi, часам цэлыя кнiжкi, газетныя лiсты, цiкавыя малюнкi на розных бутэльках.
"Смачна ядуць, чэрцi!" – думаў часам Мiколка, збiраючы сваю калекцыю. Пад чарцямi ён разумеў усiх тых, што ехалi ў пасажырскiх цягнiках, асаблiва ў вагонах першага i другога класа. Гэтыя вагоны ён вызначаў па iх колеру. Звычайны вагон бура-зялёнага прапыленага колеру, а другi i першы клас цёмна-сiняга, блакiтнага, а часам жоўтага.
– Паны... – у дадатак да чарцей называў ён пасажыраў гэтых вагонаў. I сапраўды, ездзiлi ў iх багата апранутыя людзi, прыгожыя ўборы былi на дзецях, якiя паказвалiся ў вокнах.
"Самi цукеркi жаруць, салодкую гарэлку п'юць, а мне толькi пустыя паперкi ды пустыя бутэлькi... Вось бы ўзяў бацька ды звярнуў цягнiк пад адхон, няхай бы тады гэтыя паняняты пехатой прайшлiся..." – так думаў часам Мiколка, не на жарты сярдуючы на гэтых людзей, якiя, вiдаць, не разумелi смаку ў "зайцавым хлебе" i жылi на ўсiм гатовым. I дзецi iх у прыгожых шапках з залатымi лiтарамi. Знайшоў раз Мiколка на пуцях такую шапку, дахаты прынёс, на галаву прымераў. Паглядзеў на шапку бацька ды кажа:
– Дурань ты, Мiколка! Хiба ў гэтай шапцы нам ды пры мазутнай справе... Не да твару, браце, нам такая шапка. У такiх шапках, браце, ходзяць толькi буржуйскiя дзецi.
– А хто такiя буржуi?
– Буржуi? – задумаўся бацька. – Гэта, бачыш, такiя людзi, якiя нiчога не робяць i смачна ядуць... Такiя, браце, пузатыя людзi, на чужым карку жывуць... на маiм вось, на тваiм.
Памацаў Мiколка свой карак, здзiвiўся.
– Няхай жа паспрабуе сесцi каторы, я яго гайкай па лбе.
– Дзiва што, гайкай... – пасмяяўся бацька.
Але думка пра буржуяў не пакiдала Мiколку. Часта ён чуў пра буржуяў у гутарках бацькi з другiмi суседзямi, рабочымi. Буржуямi часам лаяўся i старэйшы Мiколкаў брат – змазчык. I ў хуткiм часе адбылася сустрэча Мiколкi з буржуем. Можа, i не з сапраўдным буржуем, але ж вельмi да яго падобным. Зайшоў аднаго разу да iх нейкi начальнiк дэпо. I такi ж тоўсты-тоўсты, а на пузе блiшчастыя гузiкi, залатыя, няйначай. Зайшоў ён у вагон, абышоў кожны куток, усё поркаў нешта сваiм блiскучым кiёчкам, поркаў, носам вадзiў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямi старых шпал. На матку накiнуўся:
– Псуеце вы мне тут памяшканне, зусiм не даглядаеце за падлогай... Смецце каля вагона... Выганю ў дваццаць чатыры гадзiны.
I зусiм узлаваўся, аж плямiны белыя заскакалi на тлустым твары, ды кiёчкам сваiм як дзеўбане ў сценку, у самую галерэю карцiнную Мiколкаву.
– Гэта што? Сцены паскудзiць? Казённае памяшканне псаваць? Цi мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць. Ану, венiк сюды, паздзiраць усё, памыць, паскрэбцi.
А сам палкай поркае, здзiрае Мiколкавы малюнкi. I калi дабраўся да прыгожай крышкi з папяроснага карабка – быў то малюнак дзяўчынкi на срэбнай паперы, – не сцярпеў тут Мiколка, да начальнiка кiнуўся.
– Ты хто? Ты збiраў мае карцiнкi, каб iх здзiраць?
Той зiрнуў скоса на Мiколку, паморшчыўся. А Мiколка наступае:
– Буржуй ты!
Начальнiк аж абамлеў, мацi перапалохалася.
– Пузан ты! Ходзiць, як бочка ў штанах... Бач, раз'еўся на маiм карку... Вон!
Начальнiк, доўга не думаючы, даў ходу. Мацi – за iм.
– Даруйце. Дзiцё зусiм не разумее... Вярзе, не разабраўшы што.
А той не слухае, далей шпарыць. Толькi i кiнуў:
– Хамы вы! Самi хамы i дзяцей робiце хамамi.
Дасталася добрая прачуханка Мiколку ад маткi. Але бацька, прыехаўшы з работы i даведаўшыся аб "буржуi", толькi пасмейваўся.
– Так iх, Мiколка, так. Калi дах вось прагнiў, перакрыць трэба, дык iх нямашака... А да цацак дзiцячых чапiцца надумаўся... Крый iх, Мiколка, i ў хвост, i ў грыву...
Так жыў i гадаваўся Мiколка-паравоз. Ён i сам добра не ведаў, чаму празвалi яго паравозам. Магчыма, за тое, што вельмi ж упадабаў ён паравозы, асаблiва ж пасажырскiя. Стаiць такi прыгажун ля дэпо, калёсы высокiя, чырвоныя, не раўнуючы, як ногi ў бусла балотнага. Альбо выязджае такi прыгажун з дэпо i так важна парай пыхкае: пых... пых... пых...
Ну як тут уцерпець Мiколку, ды не падсесцi ззаду на тэндэрную падножку, ды не праехацца да паваротнага круга. Праўда, счэпшчыкi лаюцца часам:
– Злазь, жаба, а то падмажаш калёсы!
Дзе ты там злезеш!
Цiкава i ля паваротнага круга. Паравоз вялiкi-вялiкi, а на крузе стаiць, як дзiцё, не паварухнецца. I адзiн рабочы, усяго толькi адзiн, паварочвае гэты самы круг з паравозам. Канечне, Мiколка не прамiне, каб не дапамагчы тут рабочаму. I здаецца Мiколку, што пад яго рукой паварочваецца шпарчэй круг – гэткая аграмадзiна – i на ёй паравоз вялiкi, стаiць i пыхкае. Вось павернут круг, Мiколка зноў на падножку, i паравоз зноў жывы. Загудзiць, заляскоча i так памчыцца, што толькi пыл курыць ззаду аж да самых стрэлак, адтуль паравоз iдзе назад, на станцыю, пад пасажырскi поезд. На станцыi трэба пiльнавацца, каб не трапiць на вока жандару. Той не любiць дзяцей. Толькi заўважыць i бяжыць услед, памахваючы шабляй-селядцом. З падножак зганяе.
Ведаў бацька пра Мiколкавы практыкаваннi на падножках, ушчуваў колькi разоў, але нiчога не дапамагала.
– Ты памочнiк машынiста? – пытаў Мiколка ў такiх выпадках бацьку.
– Ну, а што?
– Вось табе i што. На паравозах ездзiш?
– Езджу. А што з таго?
– А нiчога... Павiнен i я ездзiць.
Што ты тут скажаш Мiколку? Нiчога. I, выязджаючы ў чарговую паездку на пуць, бацька толькi прасiў усiх знаёмых счэпшчыкаў i стрэлачнiкаў на станцыi:
– Вы, браткi, пiльнуйце хаця, каб не трапiў мой басурман на рэйкi!
– Дзе ты яго ўпiльнуеш, блыху? На жывое будзе жывы, не дзе дзенецца.
– Ды яно ж так.
Так гадаваўся Мiколка на рэйках.
Прыгоды Мiколкi з дзедам Астапам
У Мiколкавым раннiм дзяцiнстве было многа падзей, але цi дужа iх успомнiш усе. А таму i раскажам толькi аб тых, якiя больш памятны Мiколку, на якiя ён не забываецца да апошняга дня. Памятае ён пра вужа, пра гарачыя спрэчкi з дзедам, пра матчыных курэй i пра зялёнага ката. Ды яшчэ пра слаўную дзедаву стрэльбу i пра сваё досыць цiкавае знаёмства з царом.
Раскажам цяпер пра вужа.
Вольнымi днямi, калi Мiколкаў бацька адпачываў i не ездзiў на паравозе, Мiколка з бацькам iшлi на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыi. Тут лавiлiся добрыя акунькi, траплялi шчупакi на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавiлiся плоткi. Цэлымi стайкамi хадзiлi яны пад лазовымi кустамi, паблiскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькi знай закiдвай вудачку.
Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масцiлiся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя днi Мiколка лазiў з бацькам у рэчку i мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькi ў вушы вада не трапiла, а руку глыбей пад бераг. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Цiскане часам так, што аж вочы на лоб палезуць. Але не бяда, падхопiш яго, калючага, ды на бераг. Скачы там, як хочаш, кусайся. За гадзiну якую, глядзi, цэлае вядро ракаў дасталi. Прынясуць iх у вагон, паставяць. Павылазяць яны, разбрыдуцца па ўсёй падлозе. У такiя шчылiны забяруцца, што мацi потым гадзiнамi шукае iх, выпорвае венiкам ды праклiнае нашых рыбаловаў.
Дзед Астап быў старым мiкалаеўскiм салдатам, служыў вартаўнiком у дэпо, меў два срэбныя медалi за турэцкую вайну. У святочныя днi дзед важна чысцiў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалi i, павесiўшы iх на грудзi, урачыста iшоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, i на людзей падзiвiцца. Прыйшоўшы са станцыi, дзед звычайна хвалiўся:
– Iду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так i выцягнуўся... Бача, значыць, герой iдзе. А то яшчэ генерал мне насустрач... старэнькi такi... Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як вiдаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: "Здравiя жалаем, ваша высокаправасхадзiцельства". Вось яно як! Вiдаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал... Ды перад усiмi людзьмi, перад усёй станцыяй. Вось што знача мiкалаеўскi салдат! Вось што знача – медалi!
Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалi медалi, каб вiдаць было, якi ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары i генералы баяцца, пад казырок бяруць.
Бацька i мацi звычайна спакойна выслухоўвалi дзеда – яго заўсёдашняя пахвальба была iм у прывычку. Але Мiколка кiдаўся ў спрэчкi, сумняваўся.
– Ты, дзед, вялiкi манюка!
– Як то манюка? – аж садзiўся ад злосцi дзед.
– А так! Манiш усё... Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў i аж крактаў, нiзка кланяючыся. А яшчэ перад начальнiкам дэпо ты зусiм без шапкi ходзiш... Вунь, калi дождж быў, дык хадзiў ты перад iм без шапкi, аж з лысiны цякло.
Дзед не мог уседзець ад знявагi. Ён таропка хапаўся за папружку, знiмаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалi без папружкi, ён грозна размахваў другой рукой i наступаў на Мiколку:
– Я табе пакажу, як дзеда ў манюкi залiчваць! Я табе пакажу, як бэсцiць героя турэцкай вайны, старога мiкалаеўскага ваяку, якi, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотнi ворагаў пабiў – батальёны турак палажыў.
– А ты ж казаў, дзеду, дывiзii, а не батальёны! – кiдаў Мiколка i спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блiзкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкi, ды i небяспечна для адзення, яшчэ згубiш без папружкi. Таму дзед станавiўся звычайна ў дзвярах вагона i, патрасаючы кулаком, заводзiў доўгую дыскусiю з Мiколкам. Мiколка агрызаўся:
– Ты, дзед, камара не заб'еш, не толькi што турка!
– А за што медалi мне дадзены?
– Як за што? А за лягушак...
– За якiх гэта лягушак? – здзiўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над iм.
– А за тых лягушак, якiх ты ганяў з-пад пушак...
Сказаўшы гэта, Мiколка лiчыў за лепшае адступiць яшчэ на адну пазiцыю, падалей ад вагона.
"Хоць дзед звычайна i не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, – думае Мiколка, адыходзячы далей i ўжо шкадуючы дзеда. – Вiдаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт..."
I сапраўды, дзед набiраўся вялiкага гневу. Гэта ж жартачкi, усумнiцца ў яго былой храбрасцi. I хiтры дзед мяняў тактыку. Ён i вiду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завiхаўся ля чыгуннай печкi, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мiрнымi гаспадарчымi справамi. Але тым часам не зводзiў вока з падшыванца Мiколкi. I калi той з'яўляўся дзе поблiзу, дзед, быццам бы нiчога не было мiж iмi, клiкаў Мiколку:
– Унучак!
– Што?
– А цi не вып'ем мы з табой чаю?
Мiколка думае з хвiлiну. Як-нiяк чай вялiкая спакуса. А дзед iзноў:
– Абаранкi ў мяне ёсць... Свежыя... А пахнуць жа, пахнуць.
– Ну! – здзiўляецца ў сваю чаргу Мiколка. – Няўжо з макам?
– З макам, унучак, з макам! Ну i абаранкi! Дык вып'ем, кажаш?
– А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып'ем...
I Мiколка пераступае парог вагона, ужо ў думках ласуючыся абаранкамi, ды яшчэ з макам. Гэта ўжо, калi на тое пайшло, смачней за "зайцаў хлеб", смачней за ўсякiя прысмакi.
I тут пачынаюцца гэтыя абаранкi, ды яшчэ з якiм макам.
– Хадзi, хадзi, каток мой, паласуйся!
I дзедавы рукi нечакана спрытна ловяць Мiколку за вiхор. Тут толькi схамянецца Мiколка, даведаецца, што папаўся. Але позна. Кастлявыя дзедавы рукi моцныя, з iх вiхор не вызвалiш. А дзед круцiць вiхор ды прыгаворвае:
– Гэта табе за лягушкi! А гэта за пушкi! А гэта з макам! А не вычварай над дзедам! А не рабi над старым надругi! А не здзекуйся над старым мiкалаеўскiм артылерыстам!
Ужо Мiколка крычыць на ўвесь вагон, ужо заступаецца за яго мацi:
– Кiнь ты, чалавеча, над дзiцем здзекавацца!
Але гэта толькi падлiвае масла ў агонь. Дзед наступае на абодвух:
– Я вам пакажу, як зневажаць старога героя! Я вам пакажу, як турак б'юць... Я вам пакажу, як пушкi зараджаюць... Распатрашу пад карцеч!
Так асвойваў Мiколка артылерыйскую справу. I бачачы, што не паласа, пачынаў iсцi на мiравую:
– Даруй, дзеду, здаюся!
– А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такi я ёсць?
– Герой турэцкай вайны...
– Ну?
– I iмператарскiх ордэнаў...
– Ну?
– Смешна, дзеду!
– Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?
– Ну, кавалер... ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнiкавай Зоськi ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед – ды кавалер. Смешна!
– Усё табе смешна... – ужо мякка крыўдуе дзед i кiдаецца ў сумныя развагi: – Малы ты, не разумееш нiчога, якi кавалер i да чаго. Як бачыш, з'яўляюся я ўласнiкам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, i ёсць па-iмператарску кавалер... А медалi гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.
– А хто кажа, што не? – угаворвае i Мiколка. – Вядома, за храбрасць... Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусiць, на ўсiм свеце? – падлабуньваецца Мiколка да дзеда.
А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлiк i важна сiвую бараду разгладжвае. Трохi яна няроўная ў яго – адна палавiна густая, другая рэдкая. I медалi выне са скрынкi, унуку пакажа:
– Бачыш, гэта цар Мiкалай... А тут вось i напiсана: "За храбрасць!"
– А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?
– Гэта не барада, дурань, а бакi.
– А чаму бакi?
– "Чаму, чаму"... Таму... У мужыка барада, а ў пана бакi. Усе генералы i афiцэры такiя бакi насiлi. Некаторыя i салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакi насiлi. Ну, а каторы не спрытны, таму з такiмi бакамi нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афiцэру ўчапiцца, да апошняга валаска выскубалi... Вось i мая барада калiсь пацярпела, аж напалавiну выскублi.
– За храбрасць хiба? – пытаў не да ладу Мiколка.
– Ат, гавары з табой...
I дзед кiдаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. I не звычайная, а храбрасць мiкалаеўскага артылерыста, якi войны прайшоў i турэцкiя крэпасцi браў. Мiколка ўважлiва слухаў, каб займець з гэтай храбрасцi сякiя-такiя здабыткi i для сябе. Дзед любiць, калi яго хто доўга слухае. I за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось i цяпер, калi дзед скончыў свае расказы аб турэцкiх крэпасцях, ён зрабiўся зусiм лагодным i запрапанаваў Мiколку:
– Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!
На гэта Мiколка згодны. Яны iдуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбiрае, каб абаранак быў большым i мякчэйшым, ды паболей маку на iм. Так мiрылiся дзед з унукам, i Мiколка не пярэчыў тады дзеду i прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкi крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзiн, праз якi страцiлася ў Мiколкi ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапiлiся са сну ад вялiкага крыку.
Крычаў дзед:
– Ратуйце хутчэй!
Мацi кiнулася да лямпы, усё не магла нiяк патрапiць на яе, каб запалiць хутчэй. А дзед усё крычаў:
– Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!
– Што з табой, дзеду? – кiнуўся да яго Мiколка.
– Ой, гiну! Звяруга нейкая ў бараду ўбiлася, стрыжэ яе, як нажнiцамi...
Мiколка сцямiў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:
– Уцякай, уцякай, звер i табе пальцы адгрызе!
Але Мiколка ўжо трымаў звера ў руках, толькi нiяк не мог вызвалiць яго з барады. Тут мацi лямпу паднесла, i ўсе ўбачылi ў дзедавай барадзе звычайнага рака, якi запоўз туды i заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоiўся дзед, пакуль Мiколка выблытаў рака.
– Гэта ж трэба! Сплю я i чую: нешта ў барадзе шамацiць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў – галаву адгрызе.
Тут мацi ўжо на Мiколку ўскiнулася:
– Вечна ты з бацькам з гэтымi ракамi носiшся. А каб прыбраць iх як след, дык гэтага нямашака... Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магiлу загнаць.
I смех тут быў, як кажуць, i грэх.
А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, i калi толькi даведваўся, што днём лавiлi ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класцiся спаць на падлозе. I мусiў тады Мiколка мяняцца з дзедам месцамi, даваў яму прытулак на сваiм тапчане, а сам iшоў на дзедава месца. Iшоў i папракаў дзеда:
– А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!
– Гарматы i ракi – розныя, браце, штукi... – уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.
– А яшчэ храбры! Вось я i то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!
– Ну што ж, на ракаў ты храбрэц... – згаджаўся дзед з Мiколкам i доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.
Выйшла з дзедам i другая штука, калi аднаго разу рыбу лавiлi. Праўда, i Мiколка з бацькам набралiся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлi рыбу лавiць на раку. Хоць дзед i не меў асаблiвай прыхiльнасцi да гэтага занятку, але паколькi ён быў вольны i хацелася яму крыху прайсцiся, дык i далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзiць ды парады дае.
– Адтуль, адтуль заходзь – там самая рыба ходзiць! – радзiць дзед ды пiпку смыголiць.
Спачатку Мiколка з бацькам з таптухай цялёпкалiся, а потым узялiся рукамi плотак лавiць памiж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слiзкi, цяжка яго рукамi ўзяць. Бацька Мiколку на дапамогу клiкнуў. Ловяць рукамi, мiж карчоў шаруюць.
– Ну i вялiкi ж, няйначай хунтаў на шэсць! – кажа Мiколка, стараючыся спрытней падчапiць неўваротную рыбiну.
Але як ты яе нi бяры, выслiзгваецца, ды годзе. Выслiзгваецца ад Мiколкi, падаецца пад карчом да бацькi. Ад таго зноў назад.
– За зябры яго, за зябры, гада! – падае дзед параду.
– Ну, вядома, не за хвост... – адказвае бацька i яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нiчога не выходзiць. А дзеда тут ужо i нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацiкавiўся. Трэба-такi сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
– Рыба, яна, браце, заўсёды рыбiна! Гэта табе не ракi, з якiх нi смаку, нi наедку, а адна толькi прыкрасць ды барадзе маёй непакой...
I вось аж усхадзiўся на беразе дзед, забегаў. I пiпка ў яго даўно патухла, знае толькi – рукамi махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
– Яшчэ рыбаловы! Iм рыбу! Вам толькi прусоў ганяць!
– Сам злавi, – усердаваў тут не на жарты бацька.
– I злаўлю!
– А паспрабуй жа.
– I што ты думаеш? I паспрабую. Ён у мяне не выслiзнецца, як у вас, у няўмекаў...
I дзед самым рашучым чынам скiнуў адзежу i, павесiўшы яе на плечы баяўся пакiдаць на беразе, каб не скралi пастушкi, – смела рушыў у ваду.
– Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з iм разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Мiколка падзiвiўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасцi – дзед так захадзiўся каля карча, аж вада кiпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
– Ага! Папаўся-такi, не мiнуў маiх рук! А вы – няўмекi!
Мiколку з бацькам засталося толькi пераглянуцца мiж сабой. Ну i дзед, не чакалi такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымi пальцамi было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй i падчапiў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасцi, каб не ўпусцiць часам рыбiну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвiлiну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Мiколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такi ж вялiкi. Але тут падзеi прынялi зусiм нечаканы зварот. Толькi гэта дзед, урачыста гледзячы на Мiколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулi на яго Мiколкаў бацька ды i сам Мiколка i, як бачыш, сiганулi на бераг. Толькi пырскi паляцелi па вадзе. Аж збялеў Мiколка, засопся. Выскачыў на бераг, азiрнуўся. Стаiць дзед i на iх глядзiць, дзiвуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далi. Тут як закрычыць Мiколка не сваiм голасам:
– Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зiрнуў тады дзед на свайго ментуза – i ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кiне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубiў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавiў яго потым Мiколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.
I калi аддыхалiся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Мiколку i на яго бацьку:
– I якое лiха панесла вас вужаку лавiць?
– А цябе якое?
Змоўчаў дзед на якую хвiлiну. Гэтакi ж канфуз выйшаў – усё iшло так добра i гладка, i на табе, заместа ментуза гада злавiлi. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў нiколi болей у ваду не лазiць. I калi траплялася часамi Мiколку з бацькам лавiць якую рыбiну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзiць блiзка да iх, калi яны выцягвалi на бераг таптуху альбо брэдзень. I толькi здалёк пытаў:
– Ну што, шчупак цi акунь?
– А ты падыдзi, сам паглядзi!
– Хопiць ужо, нагледзеўся...
Прызнацца, i Мiколка з бацькам не адважвалiся болей мацаць ментузоў i, да вялiкай радасцi дзеда, баялiся лазiць i па ракавых пячорах.
– Яшчэ, чаго добрага, i адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...
А дзед толькi гаварыў:
– Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсiх гэтых прыгод з дзедавым ракам i ментузом кончылiся i ранейшыя дыскусii дзеда з Мiколкам, хто з iх храбрэйшы. Абодва прыйшлi да таго вываду, што храбрасцi хапае ў iх абодвух... Нават сталi яны блiзкiмi дружбакамi i зiмнiмi вечарамi вялi доўгiя размовы аб тым, як бы гэта агульнымi сiламi адпомсцiць "буржую" за Мiколкаву карцiнную галерэю. I аб тым, што яны будуць вясной рабiць, калi жаўранкi запяюць, калi зазвiняць ручаiны i ўкрыюцца лясы зелянiнай.
I парашылi ў адзiн голас – будуць яны ў вольныя ад работы днi заўзятымi паляўнiчымi, будуць качак бiць i ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вiсела без усякай карысцi пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, i парадкам заржавелая, страцiўшая ўсякi колер i вiд. Але як-нiяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялiкая штука. Прызнацца, i цяпер яна вiсела набiтая, бо колькi нi намагаўся дзед, каб разрадзiць яе, яму нiяк гэта не ўдавалася. I каб не нарабiць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруцiў анучай куркi ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такiя падшывальцы, як Мiколка, не нарабiлi б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. I не дзiва, што Мiколка, седзячы зiмой у халодным вагоне, так нецярплiва чакаў вясны. I цёпла тады. I качкi тады лятаюць. I ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гiсторыя з дзедавай "арудзiяй"
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелi чыгуначныя пуцi i курылiся парнасцю пад сонцам. А вечарамi храбусцелi льдзiнкi ў лужынах i востра пахла зямлёй, мазутам i каменным вугалем. Гучна гудзелi паравозы, i лiхтары гарэлi ў iх па-новаму, па-веснавому. I самi паравозы рабiлiся куды прыгажэйшымi. Не было тых iржавых лядовых сасулек, што вiселi зiмой пад дышламi, пад цылiндрамi, не было намёрзлага бруду, копацi. Паравозныя бакi льснiлiся на сонцы i дрыжалi, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цылiндраў i панесцiся ўдалячынь хутчэй ветру i птушкi.
А ў небе курлыкалi журавы i паблiсквалi на сонцы, нiбы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нiзку фарфоравых iзалятараў i кiнуў iх высока-высока ў блакiтныя безданi неба.
Хораша вясной! I дыхаць лягчэй, i на нагах неяк цвярдзей становiшся. I цяплей куды робiцца. I не трэба дзень пры днi сядзець у цесным вагоне i дыхаць цяжкiм смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. I дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размiнае пад сонцам старыя косцi i турэцкую вайну ўспамiнае. А калi дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго i Мiколка ацiраецца.