Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]
– Тут нам дапамогуць звонку, – няўважна сказаў Лёднік. – Пра гэта турбавацца будзем потым. Усё, сіньёр Пучыні. Мне яшчэ лекі рыхтаваць, да Пфальцмана трэба наведацца. Да таго ж мы і так выклікалі падазрэнне сваімі доўгімі размовамі за зачыненымі дзвярыма. Так што прывядзіце да мяне яшчэ некалькі артыстаў на агляд…
– Тым больш ім цяпер лячэнне спатрэбіцца, – з’едліва сказаў Пранціш.
Пучыні запытальна глянуў на юнака. Вырвіч пагардліва пакрывіў вусны.
– Я толькі што бачыў, як у вашым тэатры выхоўваюць таленты. З дапамогай палкі.
Дырэктар спахмурнеў.
– Гер Пільшчын… Ён старанна выконвае распараджэнні княскае мосці. Што зробіш – насамрэч я не маю ніякай тут улады… Тэатр, здавалася б, раскошны, а які таленавіты мясцовы люд… Прыгонная дзяўчына, вырасла ў курнай хаце, і раптам – таньчыць як антычная багіня, і перадае ўсе тонкасці перажыванняў царэўны Наўсікаі, і ўглядаецца ў чаканні Адысея ва ўяўную марскую далячынь так, што свецкая публіка плача, змываючы пудру. А тая дзяўчына і мора не бачыла! Як добра ўсё пачыналася, на якім энтузіязме… Але хіба гэта храм мастацтва? Калі гаспадар патрабуе толькі муштры… – дабрэнны твар італьянца перакрывіўся ад нянавісці.—Артыстаў вярбуем паўсюль – у Кёльне, Вене, Кракаве, Варшаве… Але ніхто сюды ехаць не хоча, бо начутыя пра норавы. Князь можа хворага артыста на сцэну выгнаць, калі схібіць – у карцэр пасадзіць. Закупілі партыю мурынаў – прывезлі іх проста ў жалезных клетках, як звяроў. Таксама іграць прымушаюць. Дзеці ў балетнай школцы паміраюць, як не лічаныя… Забіраюць іх ад бацькоў, сялян ды простых месьцічаў – гвалтам… На сцэну жаўнераў выводзяць! Ва ўзбраенні! Якому-небудзь ротмістру могуць галоўную ролю распісаць – бо добра маршыруе. Калі б я не меў надзею на помсту… даўно б адсюль…
Пучыні адвярнуўся, спрабуючы супакоіцца.
– А што, сіньёр Пучыні, вы трымаеце тут якое-небудзь адмысловае італьянскае віно? – роўным голасам папытаўся Лёднік.
Дырэктар неўразумела паглядзеў на яго.
– Вы хочаце выпіць? Але князь не дазваляе…
– Мы хочам выпіць, – падкрэслена прамовіў Лёднік. – Дакладней, менавіта гэтым мы з вамі і займаліся апошнюю гадзіну. Нават чаркі недапітыя не схавалі… Вось такое парушэнне дысцыпліны. Князь, вядома, раззлуецца, але ж не да сячэння галоў…
– Што ж, ваша праўда, лепей такое тлумачэнне для шпегаў, чым ніякага, – італьянец падыйшоў да сакратэру з чырвонага дрэва, павярнуў ключ. За дзверцай весела збліснула пузатая бутэлька.
– Тасканскае… Каштую ў самыя горкія моманты жыцця.
Паставіў на стол тры чаркі, наліў да паловы.
– Ну што ж, за поспех!
– За поспех! – адгукнуліся Лёднік і Вырвіч.
Апошні глыток віна італьянец не дапіў, выплюхнуў на паркет, прамармытаўшы:
– Табе, Лаўрэнсія… – і звярнуўся да Лёдніка.
– Дарэчы, гер Лотман, даўно хацеў у вас папытацца, чым гэта вы так улагодзілі князя падчас першага агляду? Магія?
Лёднік усміхнуўся.
– Напаіў яго добрай супакаяльнай мікстурай. Ільвіная трава, півоня, валяр’яна… І трошачкі маку. Я з такімі кліентамі не раз сустракаўся. Уяўляеце, ён нават паказаў мне дыярыюш, які ўвесь час з сабою носіць і ў ім замалёўвае голкі, цвікі, аскалёпкі шкла, якія яму дадаюць у стравы.
Калі Пранцысь і Барталамей адсмяяліся, італьянец параіў:
– Паболей маку цяпер дабаўляйце ў князевы адвары, мой дружа.
– Пастараюся, – сур’ёзна прамовіў Лёднік.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
ПАЛЁТ СІЛЬФІДЫ
Як сцвярджаў Парацэльс, Сільфы і Сільфіды – элементалі паветра, па-сяброўску настроеныя да людзей, і нават былі выпадкі, калі яны запрашалі звычайнага чалавека пажыць на сваіх паветраных вастравах.
Але чалавек занадта цяжкі, каб жыць на паветраных вастравах. Яму патрэбна грувасціць камяні на камяні, змацоўваючы збудаванае чужой крывёю.
Лёднік, Пранцысь і малодшы брат сіньёра Пучыні Джавані, чарнавусы вясёлы спявак, любаваліся скрозь прыцемак Слуцкам, які ляжаў пад іхнімі нагамі – у прамым сэнсе гэтага слова. Бо названыя персоны стаялі на даху кутняй вежы, на тым яе схіле, які быў больш пляскаты. Вакол іх грувасціліся прыстасаванні, неабходныя для астранамічна-астралагічна-медычных рытуалаў, мелася нават невялікая падзорная труба, усталяваная на трох дрогкіх ножках, як пачварная жамярына. Санлівае восеньскае сонца амаль схавалася, і заходняе неба фарбавала дахі і муры ў барвовае адценне, нібыта памячала ілбы будучых ахвяраў крывёй. Брамнік Капыльскай брамы празваніў ужо першую чвэрць шарай гадзіны, і жыхары горада пачалі гасіць агонь у сваіх печках. Толькі там-сям свяціліся вокны – рамеснікам дазвалялася працягваць працу пры святле каганцоў і свечак. Замыкаліся нават корчмы. Калі ж які-небудзь наведнік, асабліва натхнёны сустрэчай са шкляным богам, не жадаў пакідаць прыветныя сцены карчомкі, рызыкаваў назаўтра апынуцца на вале і цягаць там зямлю разам з жабракамі, непачцівымі жанчынамі альбо дзёрзкімі падмайстрамі, якіх адправілі на вал у пакаранне за тое, што выпала ім шчасце жыць у слаўным беларускім горадзе Слуцку.
– А калісьці гэты замак належаў Алелькавічам, – задумліва прагаварыў Лёднік. – Вялікі палац пачынала будаваць княгіня Анастасія, удава, якая з мячом у руках стаяла на гэтых мурах… Потым тут пакутвала ціхая княжна Сафія, чакаючы з бясконцых паходаў свайго ганарлівага мужа, Януша Радзівіла. А сёння…
– Сёння тут пануе шалёны тыран! – злосна азваўся Джавані, які гаварыў па-беларуску практычна без акцэнту, і Лёднік спыніў на ім зацікаўлены позірк.
– А чаму вы ўвязаліся ў нашу небяспечную справу, Джавані? Вы былі так прывязаныя да жонкі вашага брата? Выбачайце, што пытаюся, але ж мы не на баль збіраемся…
Джаванні сціснуў сківіцы, яго твар раптам набыў жорсткія, вострыя абрысы, як у рымскага легіянера.
– Вы проста не разумееце, у якім жаху мы тут жывем. Паглядзіце на слупы з мерцвякамі… Гісторыя з Лаўрэнсіяй – гэта дробязь, князь усяго толькі хацеў пакараць яе мужа, які не выканаў ягоныя распараджэнні па спектаклю. Гэты вар’ят проста не ў стане ўявіць, што чужое жыццё чагосьці вартае… Думаеце, каб мы маглі з’ехаць, тут заставаліся б? – Джавані горка засмяяўся. – О, мадона, колькі разоў мы думалі збегчы! І не толькі мы. Некалькі год таму два курляндскія афіцэры самавольна пакінулі службу ў князя. Дык той не паленаваўся войска падняць. Небарак схапілі, інсцэнавалі смяротнае пакаранне, у апошнюю хвілю памілавалі, і больш пра іх ніхто не чуў… Да ўчарашняга дня. Знаёмы мушкецёр расказаў, што начальнік турмы атрымаў прашэнне: тыя два афіцэры прасілі замяніць ім вопратку і абутак, бо старое ўсё пагніло. Уяўляеце, дзе яны сядзяць, калі нават абутак гніе? – Джавані сплюнуў уніз. – Не хачу сказаць, што я такі смелы, што не баюся патрапіць у такія сутарэнні… Але адзіная надзея для нас – знайсці іншага апекуна. Сапегі абяцалі брату, што абароняць, дадуць працу, узнагародзяць. А калі давядзецца загінуць… Я – мужчына і неапалітанец. Галоўнае, каб хутка.
Лёднік моўчкі кіўнуў галавой і агледзеўся вакол. Слуцкі замак быў падзелены на дзве часткі: Верхні замак і Ніжні, з’яднаныя мастом. Ад Верхняга засталася адна толькі вежа, ператвораная ў турму. Яна злавесна ўзвышалася над горадам, як увасобленая постаць смерці, альбо хутчэй яе адзіны гнілы, але ўсё яшчэ моцны зуб… Абарончыя пабудовы былі, як пры прадзедах, з зямлі і дрэва. За земляным валам у восем метраў вышынёй злучаліся рэкі Случ і Бычок, стаяла лазня. Галоўны выхад з замку быў праз чатырохярусную браму з гадзіннікам і звонам. На яе вежы красаваўся флюгер з двума арламі – чорным і чырвоным. Па абодва бакі ад брамы месціліся памяшканні для варты. Яшчэ адна брама была паўночней, між двума палацамі Ніжняга замку, ля лазні. Вакол самога Слуцку таксама былі валы і равы, праз якія вялі пяць брам. Пры гэтым Радзівіле горад ператварыўся ў моцную крэпасць. Жаўнераў гарнізону муштравалі ў цытадэлі, якая знаходзілася за межамі замка, і ключ ад якой начальнік гарнізону Карлінг прыносіў асабіста князю кожны вечар. Пранцысь шчыра не разумеў, як можна спадзявацца адсюль уцячы, калі нават просты слуцкі мяшчук, пакуль дойдзе да свайго дому, некалькі разоў адкажа варце, хто такі, дзе быў і куды ідзе.
Джавані ціха заспяваў арыю пра Царыцу Ночы… Сапраўды, імкліва цямнела, паказалася першая зорка, падобная на здзіўленае вока: што робяць трое дзівакоў на даху?
– Ну, усё… Трэба пачынаць, а то хтосьці з назіральнікаў дакладзе князю, што мы тут проста вочы лупілі, як праўдзівыя шпегі.
Алхімік у святле ліхтара з дрогкім сэрцам свечкі расставіў на пацямнелай ад часу гонце сасуды з рознымі вадкасцямі, прыклаўся да трубы, якую скіраваў у нейкую вядомую толькі яму кропку, змрочна прабурчэў:
– Галоўнае, каб усе звыклі, што нямецкі доктар, апантаны сваёй навукай, кожную ноч падымаецца на дах, каб з дапамогай сілы зорак і эманацый эфіру рыхтаваць незвычайна моцныя лекі.
– Не хвалюйцеся. Заўтра ўвесь замак будзе ведаць з маіх слоў, якія складаныя і страшныя рытуалы вы тут праводзіце, – пасміхнуўся Джавані. – Людзі вочы падымаць на дах у гэты час збаяцца!
– Толькі ні пра якую чорную магію не гавары! – трывожна папярэдзіў Пранцысь. – Не хапала яшчэ, каб князь запісаў нас у ведзьмакі.
І пачаў акуратна даставаць са дна доктарава сакваяжа невялікае прыстасаванне з колцамі… Блок, праз які ў першую ж слотную ноч пройдзе выратавальны сталёвы шнур.
Калі верыць прагнозам Лёдніка, такая ноч надарыцца ў наступную пятніцу.
Дні цягнуліся, як смаўжы па магільнай пліце, пакідаючы агідны след на душы. Лёднік вяртаўся з лекарскіх візітаў да Сільфіды з такой фізіяноміяй, што хацелася чыста ад шкадобы яго прыстрэліць. А ён жа ўмеў хаваць пачуцці… Пранцысь толькі раз насмеліўся папытацца, як там панна Рэніч. Лёднік кінуў:
– Кепска.
І зноў паглыбіўся ў нейкія вылічэнні ды крэмзанні.
Калі князь Геранім пакідаў у спакоі свайго новага доктара, гера Лотмана часам клікалі да сур’ёзна хворых. Тады ён змяняўся – зусім забываўся на свае клопаты і думаў толькі, як найлепш скласці патрушчаную галёнку альбо ачысціць пратокі жоўцевага пухіра… Нагадваў ён у такія моманты гетмана на полі бітвы, ягоныя каманды выконваліся бегма, нават Пранцысь не насмеліўся б аслухацца свайго слугу… А калі ўдавалася выратаваць чыёсьці жыццё, Лёднік ззяў, паблажліва пазіраючы на не такі ўжо паганы свет. А пасля пахмурнеў і браўся чытаць пакаяльныя малітвы: бо ўспамінаў, колькі змарнаваў часу, які мог прысвяціць выратаванню бліжніх. Дзівак!
А Пранцысь глядзеў рэпетыцыі тэатру, і яму ўсё больш падабалася гожая танцорка Міхалішыўна – у яе рухах была незвычайная плаўнасць, выразнасць, здавалася, яна размаўляе жэстамі… І часам перадае нямецкаму юнаку з сінімі вачыма, што сядзіць у куце залы, шчырае прывітанне. Потым наведваў гера Пфальцмана, які ўсё больш змрачнеў, але нават выказваць сваю незадаволенасць і трывогу ўжо не асмельваўся. Фрау Пфальцман крадма плакала. Для жалезнай чарапахі, якую паставілі ў стайні ля Малога замку, на мясцовай людвісарні адлівалі гарматы па чарцяжах Пфальцмана, і ён справядліва непакоіўся, што калі ў іх выявяцца хібы, вінаватым найперш апынецца ён. І, відаць, праклінаў глупства караля Аўгуста Саса, які ў свой час адхіліў ягоны праект, чым даў магчымасць Гераніму Жорсткаму стаць працадаўцай нямецкага вынаходніка. Пакуль што гер Якуб адладжваў лёгкасць руху сваёй машыны, змазваў шарніры і колцы адмысловым алеем. Пранцысь за працу, вядома, не браўся, таму што лічыў, што яна не сумяшчальная са шляхецкай годнасцю – за рамесніцтва шляхціца маглі й шляхецкай годнасці пазбавіць, гэта ж не тое, што высакародна араць сваё поле альбо гнаць гарэлку. Апошняе шляхціцу дазвалялася. У Статуце ж было сказана, што «кгды б шляхціч, заняхаўшы імення і звычая свайго шляхецкага або праз худобу сваю шукаючы сабе пажывення, сышоў бы да места і мешкаў там, торг месцкі ведучы або і шынок у дому маючы і локцем мерачы, або рамяство робячы на варстаце, такі ўжо з вольнасцяў шляхецкіх весяліціся не маець».
Локцем мераць, гэта значыць, прадаваць тканіны і працаваць на варштаце Вырвіч не збіраўся, але назіраць і распытваць любіў. А, паназіраўшы, пераконваў сябе, што для ўласнага задавальнення шляхціц можа і з жалеззем пагуляцца. Вунь Пане Каханку выточвае ўласнаручна куфэрачкі, якія дорыць прыдворным. Чаму б і Вырвічу не падкруціць пару гаек? І хутка перамазваўся алеем па вушы, і абыходзіўся з самымі складанымі механізмамі звыкла, як з шабляй.
Было ў ягоных візітах на стайню і добрае. Жалезная чарапаха па-ранейшаму ўганяла мясцовых у пракаветны жах. Будынак з дэманскай машынай, адкуль час ад часу выляталі клубы чорнага дыму і даносілася страшнае сіпенне, абыходзілі як мага далей. Машталеры, што глядзелі коней у стайнях побач, хрысціліся, сплёўвалі, трымалі пальцы рожкамі… Тое ж пераносілася на стваральніка цмока, ягонага слугу Генрыха і памочніка новага княскага доктара Франца Магнуса. Таму і Вырвіча абыходзілі, як карослівага. Што давала яму магчымасць ухіляцца ад размоваў.
Вырвіч шчыра зайздросціў Пфальцманам і Лёдніку, якія маглі тут вольна размаўляць на сваёй нямецкай, на якой размаўляла большасць гарнізону і ўвесь тэатр. А шкаляр аказаўся пазбаўлены самай галоўнай сваёй зброі – добра падвешанага языка. Нават з прыгожанькай артысткай Міхалішыўнай пазнаёміцца толкам не ўдалося, хаця Пранціш не раз падміргваў ёй і абменьваўся ўсмешкамі.
Калі цямнела, Пранцысь цягнуў на дах падзорную трубу і з усё меншай цікаўнасцю назіраў маніпуляцыі доктара, які старанна змешваў вадкасці і парашкі і адначасова рабіў нейкія нябёсныя вымярэнні. А па вяртанні ў пакой шкаляр яшчэ мусіў вучыцца адмыкаць замкі з дапамогай сагнутага дроціку і нават трохі фехтаваць. Былы алхімік настаўнікам быў дрэнным, прынамсі, на погляд Пранцыся, бо не шкадаваў крыўдных словаў… Не лаянкі, не – проста самыя звычайныя словы ён мог вымавіць так, што хацелася выць ад крыўды – на яго і на сваё няўмельства.
– Abend studia in moris, – нудзіў былы алхімік. – Як казаў ангельскі мудрэц Бэкан, слабы розум можна ацаліць адпаведнымі навукамі гэтак жа, як адпаведнымі практыкаваннямі вылечваюцца нашыя цялесныя хваробы. Кеглі добрыя для камянёў у мачавым пухіры і хворай паясніцы, стральба – для хворых грудзей, нетаропкі шпацыр для страўніка, язда конна дзеля галавы. А таму, калі чалавек з благой памяццю, няхай вывучае матэматыку, калі не назіральны, няхай вывучае логіку, бо яна – cymini sektores, збіральніца кмену, калі ж хто не можа даказваць адно праз другое, не заўважаючы падабенства, няхай вывучае права.
Такім чынам, Пранцысю прадпісваўся поўны курс усіх навукаў.
А па начах не давалі спаць крыкі, што даносіліся з сутарэнняў. Можа, збольшага яны мсціліся – але ж Вырвіч дакладна ведаў, што тут ёсць каму крычаць.
Дарэчы, за распіццё віна на працоўным месцы і доктар, і дырэктар тэатра атрымалі велізарныя штрафы ў дзесяць дукатаў. Грошы мусілі быць вылічанымі з іхніх заробкаў. Хто данёс – невядома.
Пятніца пачалася з дажджу… Апоўдні вецер выў так, што здаваўся яшчэ адным вязнем слуцкага замку. Перад тым, як адправіцца на дах, Лёднік прачытаў канон Прасвятой Багародзіцы, а тады абкруціў вакол сябе тонкі сталёвы шнур, схаваўшы яго пад камзол. Цяжар быў салідны, не лягчэй за рыцарскі панцыр. У гэты момант Пранцысь і Лёднік, напэўна, не супраць былі б належаць да прасветленай расы Сільфаў, якія ўмеюць лётаць і рабіцца нябачнымі.
А ноч была сапраўды жудасная. Халодны дождж ліў так, нібыта дзесьці сівабароды Ной ужо зладзіў каўчэг і загнаў туды апошнюю пару тварын Божых. Цёмна – руку выцягні, не ўбачыш. Толькі няўцямны юрад мог расчыніць вакно, каб упусціць у цёплы пакой, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў, суровую стыхію.
Але вакно давялося расчыніць, таму што між дахам і пакоем доктара нацягнулася сталёвая нітка. Лёднік яшчэ раз праверыў, ці добра замацаваны на шкаляры адмысловыя рамяні, з дапамогай якіх артыстаў слуцкага тэатру ператваралі ў Купідонаў. Яшчэ раз шэптам прагаварыў апошнія настаўленні… Як толькі праз двор прайшлі няшчасныя мушкецёры, якім выпала несці варту ў такую слату, доктар прашаптаў:
– Давай! З Богам…
Пранцысь ступіў на падваконне. Лёднік крутануў за ручку пазычанага ў тэатры механізму: шнур бязгучна накручваўся на барабан, пры кожным павароце надзейна фіксуючыся, так што не трэба было напружвацца, каб утрымліваць груз. Пранцысь злёгку адштурхнуўся нагой, і адчуў, што яго пацягнула наверх. Шкаляр адразу вымак, як упушчаная ў ваду хустка. Але холаду не ачувалася: не да таго, калі кроў ад хвалявання бурліць.
На вылічанай вышыні шнур замёр. Цяпер трэба было аслабіць яго, моцна разгайдацца і дастаць да вакна Сільфіды. Скрозь дождж і цемру агні, што гарэлі ў памяшканнях варты, на валу, здаваліся цьмянымі вачыма паміраючага драпежніка. Вада цякла ў рынах з глухім рэвам, як зняволеная рэчка. Нарэшце Пранцысю ўдалося зачапіцца пальцамі за адкос ваконнай нішы. Так, закінуць нагу… Перачакаць, каб суцішылася шалёнае сэрцабіццё – Лёднік увесь час паўтараў, што трэба выхоўваць здольнасць да канцэнтрацыі, сачыць за дыханнем і пульсам. Цяпер трохі пасунуцца…
Пранцысь расшпіліў пасы і саскочыў на падлогу. Але працяла думка, што памыліўся: ногі сустрэлі не пухнаты кілім, а голыя дошкі. Не было й паху ўсходніх курэнняў і водару кветак… Холад, амаль як на вуліцы. Пранцысь асцярожна ступіў углыб пакоя. Цёмна, як цмок праглынуў. Ён напружана прыслухоўваўся: ці дыхае нехта побач?
– Хто тут? – ледзь чутны шэпт ударыў па напружаных нервах, як стрэл гарматаў.
– Панна, я ад Бутрыма…
– Гэта вы, такі мілы хлопчык, што з ім прыходзіў? – у шэпце чулася хваляванне. Пранцысь наблізіўся, выцягнуўшы рукі, і за ягоную руку ўхапіліся халодныя пальчыкі.
– Хлопчык, вы павінны зараз жа сысці, пакуль вашая авантура не мела непапраўных наступтваў! Я ўсё адно на ланцугу…
– Нічога… Дзе замок?
Пранцысь усляпую, як яго вучыў доктар, калупаўся сагнутым дротам у замку ад ланцуга хвілінаў дзесяць, якія падаліся бясконцымі. На лесвіцы ўвесь час мсціліся крокі. А што, калі зараз скрыгатнуць засовы, і ў пакой уварвецца сам князь! Па спіне шкаляра цёк халодны пот пры адной думцы, што не справіцца і давядзецца вярнуцца да Лёдніка ні з чым… Сільфіда маўчала, дыхаючы так ціха, што часам браў сумніў, ці яна зямное стварэнне. Нарэшце ў замку нешта шчоўкнула, і ланцуг апынуўся на падлозе. Сільфіда ўзнялася, зашаргатала тканіна. Хаця ўсяе раскошы ва ўбранні пакоя гаспадар непакорлівую палонніцу пазбавіў, на ёй яшчэ была неабдымная сукенка-рагоўка. Пранцысь пацягнуў Сільфіду за руку да вакна:
– Хадземце!
– Чакай… – жанчына паваждалася, і спадніца, нацягнутая на тры абручы з кітовага вусу, разам з абручамі з мяккім шоргатам апусцілася на зямлю.
– Усё…
І дух паветра вылецеў у вольную стыхію.
Лёднік падхапіў сяброўку свайго дзяцінства на рукі… Пранцысь сціпла адвярнуўся, хаця ў цемры ўсё роўна толькі мог пачуць усхваляванае дыханне абовух ды няўцямны шэпт «Гэта ты!», «Гэта ты!».
«Не, цмок з Белага возера», – пакрыўджана адказаў у думках Пранцысь паглынутым адзін адным палачанскім мяшчукам.
Вакно завесілі чорнай аксамітнай парцьерай, і можна было запаліць свечку і нарэшце адзін аднаго ўбачыць. Сільфіда з палёгкай сцягнула з сябе высокі парык, знізаны перлінамі, і яе чорныя валасы бліскучымі хвалямі рассыпаліся па плячах. У такім выглядзе, няхай з цёмнымі кругамі пад вачыма і схуднелая, яна выглядала яшчэ прыгажэй… Лёднік паднёс ёй адвар:
– Выпі зараз жа… Гэта дасць сілаў.
– Дзякую! – прамовіла Саламея Рэніч, прымаючы гарачы кубак з вохкім зеллем у далікатныя далоні – такія маглі б належаць шляхцянцы, якой з маленства адзявалі і ўдзень і ўначы трохі завузкія пальчаткі, каб пальцы былі тонкімі. – Каб не твае лекі, я за апошнія дні застудзілася б зусім…
Па твары доктара прайшла цень нянавісці:
– Разбэшчаныя юрады з радавымі гербамі замест мазгоў… І Бог у іх інакшы, чым у народа, якім кіруюць, і мова інакшая, і мараль інакшая… Bene natus et possessionatus et catholicus…
– Чым абражаць шляхту, ты б расказаў, што рабіць далей! – прамовіў Вырвіч.
Саламея ласкава ўсміхнулася разлаванаму шкаляру, чамусьці толькі на адной яе шчацэ, левай, утварылася ямінка, Пранціш сумеўся.
– Гэта твой вучань, Бутрым?
– Не зусім… – Лёднік паглядзеў на Пранцыся амаль бездапаможна, але Вырвіч не збіраўся прыніжаць яго ў вачах прыгажуні. Тым больш папера пра куплю алхіміка засталася ў Сапегі, перададзеная на захаванне ягонаму камердынеру ў невялікім клунку асабістых рэчаў, разам з нататнікам Вараняці і шляхецкай шапкай Вырвічаў. – Гэта… гэта высакародны юнак, якога даверылі мне дзеля выхавання. Ягонае сапраўднае імя – Франтасій.
– Пранціш, – ганарліва ўдакладніў шкаляр. – Пранціш Вырвіч, гербу Гіпацэнтаўр.
Сільфіда нават уздрыгнула, пачуўшы гучнае шляхецкае імя, яшчэ раз усміхнулася шкаляру, на гэты раз больш скавана, і схілілася ў паклоне.
– Прабачце, ваша міласць, я не ведала, хто вы. І вы рызыкуеце дзеля мяне, ваша міласць…
Пранціш паціснуў плячыма і прыняў важны выгляд, хаця яму больш было да спадобы, каб Сільфіда называла яго і надалей «мілы хлопчык». Але тая глядзела на доктара.
– Даўно хацела цябе спытаць… Гэта адкуль?
Яе пальцы кранулі шнар на ілбе алхіміка.
– Адзін шляхціц распісаўся, – незадаволена адказаў Лёднік.
– А гэта? – Саламея асцярожна правяла пальцам па яшчэ свежай драпіне на шыі.
– Другі шляхціц распісаўся.
– І шмат на табе такіх… арыстакратычных роспісаў? – у голасе Сільфіды пад насмешкай чуліся шкадоба і горыч.
– Не мае значэння… Урэшце, за тое, чым я займаўся, трэба расплочвацца. І дзякуй Госпаду, што спыніў мяне… – Лёднік перахрысціўся. – Чым глыбей мы былі ў прорве – тым мацней нас трэба цягнуць наверх. І вялікая няўдзячнасць – скардзіцца, калі ад моцнай выратавальнай рукі засталася пара сінякоў.
Доктар спыніў непрыемную размову і дастаў з-пад ложка клунак, у якім аказалася нейкая дзіўная вопратка: шаравары з паркалю, кацавейка, стракатыя анучы…
– Павінен засмуціць цябе, Саламея, у бліжэйшыя гадзіны ты будзеш мурынкай.
Тая ціха засмяялася.
– Пасля ролі Сільфіды ты мяне нічым не засмуціш.
Хутка замест Саламеі Рэніч у пакоі стаяла дзіўнае стварэнне, захутанае ў танную стракатую тканіну, наматаную паўзверх тоўстай кацавейкі. Лёднік задаволена агледзеў кабету:
– Постаць непазнавальная. Цяпер фарба…
Намацаў у клунку круглы слоік, зняў накрыўку…
– Вырвіч, гэта што?
Пранціш схіліўся над слоікам. Нават у прыцемку было відно, што фарба – не чорная і не брунатная, а чырвоная. Шкаляр засмуціўся.
– Джавані паказаў, дзе браць, сказаў, будзе напісана «для эфіёпаў».
– Гэта, па-твойму, слова «эфіёпы»? – злосна прашыпеў Лёднік. – Невук! Гэта для індыянаў! Чырвонаскурых!
Але не было часу высвятляць адносіны. Алхімік выклаў трохі фарбы ў сподак, затым дастаў з кішэні маленькую бутэлечку, высыпаў у фарбу яе чорнае змесціва з рэдкімі залацістымі іскрынкамі, перамяшаў проста пальцам, і скамандваў Саламеі:
– Павярніся да мяне!
Правёў па яе шчацэ цёмны пасак, акуратна расцёр, правяраючы адценне, асцярожна прыбраў пазногцем залатую іскрынку.
– Заўсёды марыў беспакаранна перапэцкаць твой тварык!
– Бутрым, што ты робіш? У каміне навалам сажы! А гэта ж… – Пранцысь зразумеў, што за бутэлечку апрастаў Лёднік.
– Гэта ўсяго толькі попел, і тут яму самае месца, – цвёрда сказаў Бутрым, размазваючы па белым твары сяброўкі дзяцінства алхімічнае золата, за якое аддаў дзесяць гадоў жыцця і сябе самога ў дадатак.
Цяпер у цемры твар Саламеі можна было, бадай, прыняць за мурынскі, калі б, вядома, не сінія вочы. На галаву ёй накруцілі палатно. А зверху Лёднік накінуў радно:
– Прыкрывай твар і рукі, каб дождж фарбу не размыў. Аснова тлустая, але ўсё-ткі лепш не рызыкаваць. І вочы свае валошкавыя не падымай.
Можна было б над гэтым маскарадам пасмяяцца, але не цяпер…
Лёднік узяў свечку, падыйшоў да вакна, сарваў аксамітную парцьеру, правёў свечкай справа налева нейкую загагуліну і зараз жа патушыў агонь. Дзесьці далёка ў цемры запаліўся агеньчык, які таксама апісаў зігзаг і згаснуў.
– Усё, цяпер будзем напагатове…
Дождж адбіваў шалёны рытм нялюдскіх скокаў. Заставалася няшмат часу, а пытанняў было, як маку ў смаргонскім абаранку.
– Як ты даведаўся, дзе я знаходжуся? – прашаптала Сільфіда. – Я думала, самлею, калі пабачыла цябе…
– Калі мяне арыштавалі за шарлатанства, – усміхнуўся Лёднік, – то дэкляравалі, што будуць судзіць разам з яшчэ адной… вядзьмачкай.
– Мне трэба было быць асцярожней… – сумна прашаптала Саламея. – Падарожны папрасіў дапамогі. Маўляў, вочы забалелі, моцы няма. І я ж бачыла – нармальныя вочы, можа, кулаком нацёртыя. Дала слабое содавае расчынне – абы адчапіўся. Гэта ж зусім бясшкодна, хоць пі, хоць умывайся… А назаўтра – усё, цягнуць у суд. Аслеп! І аказалася – падарожны са Слуцку, адзін з княскіх паюкоў. Ясна, што адмыслова падасланы… Толькі дзядзька Лейба, аптэкар наш, засведчыў, што я бясшкодныя лекі дала – але яго добра пужанулі, каб змоўк. Дый што ягонае сведчанне ў судзе каштуе. І мяне хуценька звезлі ў Слуцк, бо я пакалечыла слугу слуцкага ардыната.
– А ваявода полацкі ўзяў ліст ад Трыбунала, каб цябе вярнуць у Полацак. Цябе не дзівіць такая ўвага?
Сільфіда прамаўчала, і Лёднік скрушна ўздыхнуў.
– Ясна… І як спадару Івану пашчасціла патрапіць у такую гісторыю, ды яшчэ і цябе ўцягнуць? Што за блёкат пра захавальнікаў дзіды?
– Бацька зрабіў вялікую памылку, – прагаварыла Саламея. – Ён вынес з сутарэнняў некалькі світкаў… І не ўтрымаўся, паказаў знаёмаму гандляру. Не мог без захопленых слухачоў.
– Чакай… Дык ён усё-ткі знайшоў полацкую бібліятэку?
Саламея неахвотна адказала:
– Менавіта так той гандляр і вырашыў. А бацька, замест таго, каб усё адпрэчваць, давай рабіць намёкі, цану сабе набіваць… Ну ты яго ведаў. Прабач, і сам такі раней быў, як пачнеш разважаць пра Вялікае Дзеянне, аурум-аргентум, хоць над вухам выстралі, хоць пацалуй – не заўважыш, – Саламея ціха засмяялася, відаць, успомніўшы нейкі не самы ганаровы для Лёдніка выпадак. – Вось і пайшлі чуткі, чым далей, тым болей фантастычныя. Гандляр данёс Марціну Радзівілу, які даваў самую высокую цану за любую магічную лухту.
Пранціш расчаравана ўдакладніў:
– Дык няма нічога? Ні рамфеі, ні місіі яе захавальніка?
Але Лёднік не быў такі легкаверны. Ягоны голас не стаў менш напружаным.
– Саламея, ты разумееш ці не, што стала важнай фігурай у буйной палітычнай гульні? Што сама прысутнасць цябе ў стане таго ці іншага магната нібы дае яму больш правоў на карону? З-за Прыўкраснай Алены, між іншым, Троя загінула і куча небаязлівых дужых мужыкоў. Ты валодаеш нейкай ведай?
Саламея адказала крыху змененым голасам, у якім чулася нават уладнасць:
– Не кожнай ведай можна валодаць, дарагі мой, як валодаюць каштоўным камянём альбо ўніверсітэцкім дыпломам. Не кожную веду можна перадаць па сваім жаданні, як перадаюць права валодання домам альбо рабом. Вось я ведаю, што я – ліцвінка… Што ў мяне ёсць радзіма, за якую варта памерці, што я – са слаўнага вольнага горада. І бацька гэта ведаў. Але як перадаць гэтую веду таму, хто не можа яе падзяліць?
– Ты лічыш, што я моцна змяніўся, і не заслугоўваю больш даверу? – намагаючыся гаварыць спакойна, папытаўся Лёднік. – Што я перастаў любіць свой горад?
– Ты занадта доўга жыў на чужыне, і занадта лёгка пакінуў радзіму, – прагаварыла Саламея. – І я памятаю, як за звітак з формулай ты гатовы быў душу закласці, і пайшоў бы ў навучанне хоць да Харона, калі ён адкрые табе, як рабіць гамункулусаў… Ведаеш, як бацька цябе называў у часы тваёй адсутнасці? Фаўст. Наш бедны Фаўст. І цяпер, калі ты знік, а тваю маёмасць распрадалі, я вырашыла, ты зноў падаўся ў далёкія падарожжы.
Пранцысь адзначыў пра сябе, што Лёдніку ўдалося схаваць ад землякоў здзелку з панам Агалінскім.
– Што ж, я заслужыў такія словы. Але мяне можаш не баяцца, я на твае веды не прэтэндую – бо адмовіўся нават ад сваіх, – з цяжкасцю, нібы яму было балюча, прагаварыў Лёднік. – Так, я ўсё мог аддаць за новыя веды… Акрым душы. Верыў, што вось, няхай навучаюся ў бязбожнікаў, якія гавораць пра перасяленне душаў і сцвярджаюць, што зносяцца з духамі, але ж я толькі назіраю, і выбіраю, што варта пераймаць, і заўсёды змагу спыніцца, не пераступіць мяжы… Як быццам, ступіўшы ў брудную лужыну, можна выбраць сухое месца. І мне страшна ўявіць, як далёка я мог бы зайсці па дарозе ў бездань… Але ўсё ў волі Госпада, я зразумеў, што браць на сябе ролю абранца і носьбіта таемных ведаў – найвышэйшая праява гардыні. Я больш не алхімік і не астролаг. Я… лепш табе не ведаць, наколькі я мала цяпер значу.
Дождж ударыў у шыбу мяккай нябачнай лапай, нібыта аб чымсьці папярэджваў.
– Бутрым, я зусім не лічу сябе абранніцай ці цябе нявартым… – засмучона прагаварыла Саламея. – Я ж памятаю, як мы хадзілі ў Сафійку, сядзелі над Дзвіною, і як ты мне распавядаў пра Рагнеду і Уладзіміра, пра Еўфрасінню і Скарыну… І пра тое, як Іван Жахлівы заваёўваў наш горад, а тады Стафан Баторы. Як мы лазілі па мурах і сутарэннях, і як знайшлі іржавы рыцарскі меч з выявай вершніка… Павер, усё, што я маю, і я сама – належыць табе. Акрамя таго, пра што ты пытаешся. Проста гэта не мая таямніца, я яе не прасіла, і я над ёю не ўладная!
– Няважна… – прамовіў Лёднік. – Я за сваю гардыню расплочваюся напоўніцу. І не хачу, каб ты, няхай далучаная не па сваёй волі, расплацілася таксама. Бо калі нам нейкім цудам удасца выбрацца з замка – цябе зграбуць іншыя прагныя рукі… Сапегаў, Багінскіх, Чартарыйскіх, Панятоўскіх… Каго заўгодна. А я не дзеля таго спрабую цябе вызваліць.
– А дзеля чаго? – папыталася Саламея. Лёднік уздыхнуў, як студэнт на іспыце, да якога не падрыхтаваўся.
– Ты павінна быць вольнай… Жыць, як хочаш…
– Ты ведаеш, чаго… дакладней, каго я хачу, – голас кабеты гучэў нават насмешна. – Уласна кажучы, я ж дачакалася – ты прыйшоў! Мой бедны Фаўст…
І калі б доктар у гэты момант пачаў казаць, што яе няварты, Пранцысь перастаў бы яго паважаць. Але ў прыцемку, які пачаў трохі-трохі, кропляй белі, рабіцца святлейшым, Лёднік толькі паднёс да вуснаў руку жанчыны, нібыта дзюбнуў носам. У Вырвіча ў чарговы раз варухнулася крыўда: і чаму гэтага страхалюднага недарэку кахаюць самыя прыгожыя кабеты? І яшчэ мільганула думка: а Паланэя Багінская напэўна ж хоча займець тую рэліквію! Можа, з дапамогай рамфеі, дзіды Святога Маўрыкія, мяккі па характары, але адукаваны і схільны да мастацтваў князь Міхал Багінскі стане каралём Рэчы Паспалітай? Гэта будзе, напэўна, куды лепей, чым чарговы саксонец, расейскі стаўленік ці вар’ят Геранім Радзвіл… І што, калі тую рамфею дастане шляхціц Пранцысь Вырвіч? На трон яго самога, вядома, наўрад пасадзяць, трэба нават у марах ведаць межы… Але ён можа ўрачыста перадаць святыню будучаму каралю і тым як бы ўзвесці яго на трон. Пранцысь Вырвіч, дабрадзей караля! Тады юная Багінская паглядзіць на яго, як на роўнага!




























