Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
– Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.
Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах – гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць¸ не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:
– Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так – то…
– Нікога я не баюся! – паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. – Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…
Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.
– Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова – гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.
Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае – мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.
– Напачатку – паслуга, потым – удзячнасць! – прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.
Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!
Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара – хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка – слузе, ваевадзянка – гаспадару! О так!
Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…
Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.
Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.
Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.
А самае непрыемнае, што паміж двух жаўнераў стаяў Лёднік. Спакойна гэтак стаяў, скрывіўшы вусны і ўнурыўшы голаў, як быццам ужо развітаўся з белым светам. Доўгія цёмныя валасы звісалі па баках ягонага худога твару, нібыта ўладальнік хацеў імі адгарадзіцца ад сваіх нялітасцівых бліжніх.
– А гэта ягоны асістэнт! – раптам заблагаў віж, паказваючы на Пранцыся пальцам з доўгім жоўтым пазногцем. – Таксама чарнакніжнік!
Вырвіч спыніўся на ніжняй прыступцы лесвіцы, гатовы рынуцца наверх.
– Гэты хлапчыска ні пры чым! – ганарыста закінуў галаву Бутрым. – Я яго толькі ўчора на дарозе сустрэў, намовіў падзарабіць. Ён пра мяне толкам нічога і не ведае…
– Хто кляцьбе ведзьмака верыць, пэўне, штораніцу дурнап’яну сабе ў гарбату дадае, – сурова прамовіў падобны да худога пеўня пан у чорным камзоле. Павярнуўся, абшарыў вачыма Пранцыся, яшчэ больш скрывіўся. – Ты хто?
– Я – шляхціц, Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, – урачыста абвесціў Вырвіч, яшчэ трохі пасоўваючыся назад. Што-што, а ўцякаць шкаляр наўчыўся так, што ногі самі за яго думалі.
– Гіпацэнтаўр? – недаверліва працягнуў Юдыцкі. —Вырвічы карыстаюцца гербам «Далега».
– Мы – старэйшая галіна, з Падняводдзя, маем права на абодва гербы, – годна патлумачыў Пранціш. – Мы з бацькам – апошнія з роду. А што кепскага зрабіў гэты… чалавек? Ён жа проста лекар! У яго і дыплом ёсць!
Важны зарагатаў, як па арэхах абцасамі прайшоўся.
– Лекар! Цела, можа, ён і вылечыць, а душу загубіць! Чарнакніжнік ён!
– Тут свае дактары маюцца! – віскнуў віж. – З паперамі належнымі, якія тутэйшых кліентаў прымаюць па дамоўленасці з уладамі! Ян Гутнік, Людвіг Высакоўскі… Вы, паважаны пан суддзя Юдыцкі, Высакоўскага павінны памятаць, ён вам яшчэ скулу на сцягне прыпальваў, калі вы з палявання вярталіся… А гэты гіцаль сумленных дактароў заробку пазбаўляе!
Вось яно што… Значыць, Лёднік па намове Пранцыся проста заступіў на чужую тэрыторыю! Гэта ж толькі здаецца, што дастаткова ўмельства мець ды патрэбу ў хлебе штодзённым… А паспрабуй нават на рынку з шапкай жабрацкай прысесці – тут жа «законныя» жабракі налятуць, у каршэнь «захопніка» натаўкуць. А не дай Бог таму яшчэ пару капеек ад літасцівых мінакоў перападзе…
Лёднік, відаць, таксама гэта разумеў, бо нават не зрабіў спробы абараніцца і засведчыць аб сваёй высокай абазнанасці ды еўрапейскай адукацыі, і паныла вывучаў зацярушаную бруднай саломай падлогу, нібыта спіну безнадзейна хворага.
– А можа, мы проста кампенсуем шаноўным дактарам страты, якія міжволі, не хочучы, ім нанеслі? – пранікліва прагаварыў Пранцысь. Насы віжа і жаўнераў адразу павярнуліся да шкаляра, нібыта на пах смажанага вепрука. Ага, грошы ўсе любяць! Пранцысь белазуба ўсміхнуўся, хаця пры думцы, што давядзецца страціць толькі што набытыя дукаты, аж душа пераварочвалася, змінаючы свае пёры.
Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.
– Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.
Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага – усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных – таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.
– Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, – змрочна прагаварыў Лёднік. – У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.
Юдыцкі толькі пакрывіўся.
– Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!
Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма – гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо – адзін з жаўнераў нават мімаволі – спрацаваў інстынкт старога воя – перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.
– А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?
– А табе нашто? – Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. – Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.
– Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! – ўгодліва падказаў віж. – Страшной сілы вядзьмарка!
– Што за блёкат! – на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы – так усхадзіўся. – Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…
– Ты пра сябе думай! – абсёк яго Юдыцкі. – Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! – жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…
Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.
– Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.
Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым – кулём – назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.
– Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў – вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!
Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам – і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.
Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.
– Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…
– Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! – узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. – Я – лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам – я казаў – мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!
– Лекар – мая маёмасць! – не здаваўся Пранцысь. – Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар – толькі ў маёй уладзе!
– Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, – Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. – Але будзем шчырымі – пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?
– Колькі меў пры сабе! – цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.
– Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.
Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:
– Мой слуга не прадаецца!
Твар суддзі пайшоў плямамі.
– Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!
Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.
– Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!
– Не! – зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. – Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!
Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.
– Тады паехалі ў Слуцак!
Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся – ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:
– Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.
Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.
Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: «Ці варта яно таго было?»… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.
Юдыцкага перасмыкнула, як паляўнічага пры ўсведамленні, што набоі ў ружжы скончыліся, а мядзьведзь дакладна ведае, каго валіць.
– Пан Герман Ватман! Верны хорт Багінскіх!
– Пан Юдыцкі! Верны хорт Радзівілаў!
Паны ашчэрыліся, удаючы прывітальныя ўсмешкі. Ясна было, што біцца яны не будуць, не маючы адмысловага загаду гаспадароў. У магнатаў, вядома, свае рахубы: то згаворваюцца, то варагуюць, то зноў разам дамагаюцца нейкае справы, а потым нацкоўваюць адно на аднаго сваіх кляўрэтаў. Ватман акінуў цёмным позіркам двух злачынцаў, узятых пад варту.
– Багаты ўлоў, Юдыцкі!
– Справа тычыцца вядзьмарства, Ватман. Не лезь.
– Была ахвота.
– А твой гаспадар усё каралю не наважваецца дулю паказаць?
– Мой гаспадар пра сваю прысягу памятае. А твой усё з русалкамі селядцоў нараджае? – адрэзаў Ватман, нагадваючы пра адну з вядомых баек, што любіў расказваць пра сябе ўладальнік Нясвіжу Караль Радзівіл Пане Каханку.
– Затое нікому азадак не ліжа. Ні расейцам, ні саксонцам, – не паступіўся суддзя.
Судовы «кручок» Юдыцкі і ландскнехт Ватман з’ядалі адзін аднаго вачмі, запанавала такая ціша, што чуваць было, як дзумкае апошняя восеньская муха. Нарэшце Ватман скрывіў рот.
– Не згубі парык па дарозе, суддзя!
Развярнуўся і падняўся наверх, ад чаго не толькі Юдыцкі, але й жаўнеры з віжом не стрымалі ўздыху палёгкі. З драўляных прыступак ад кожнага кроку сыпаўся пыл. Зверху апякун ваевадзянкі яшчэ раз азірнуўся, Пранцысю падалося, што на гэтым іх знаёмства не скончыцца.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК НЕ ДАЕХАЛІ ДА РАДЗІВІЛАЎ НА БУЛЁН
«Пуць кароценькі. Салодка дзерава к горкаму не прыстане, к чалавеку пуць не прыстане…» – прыгаворвала калісьці старая Агата, Пранцішава нянька, калі выпраўляла маладога гаспадара ў далёкую дарогу.
Нічога добрага ў тае дарозе людзі паспалітыя земляў тутэйшых не бачылі. Усё, што патрэбнае самавітаму гаспадару, маецца і тут, вунь ад таго балота да таго гая… А далей – іншасвет, нават з вёскі за лесам дзеўку ўзяць – век чужаніцай пражыве, выглядзяць суседзі ў небаракі не тыя звычаі: не тая хада, не так юшку варыць… І ўжо зусім прапашчы чалавек, што ад уласнае хаты сам цягнецца ў дарогу, як старац альбо пагарэлец… Гэна ж толькі ў роднай хацінцы дух агменю Сопуха жыве, перад якім належыць крыжам класціся… Думаеш – каханачка, ажно – печка-гліняначка, а ў чужой хаце і жывая ды гарачая кабета не сагрэе.
І калі ўжо беларусін спакусіўся ды пацягнуўся ў дарогу, і спыну яму нямашака, дык чаго дзівіцца, што шлях ягоны адны зайцы перабягаць будуць, ды самотны восеньскі дождж у калюгах скакаць перад ім стане?
У карэце для перавозкі асабліва важных і радавітых злачынцаў было цесна, як у клетцы для курэй. Замкнёныя на вялізны замок краты, якія аддзялялі месца для вязняў ад месца для іх турэмшчыкаў, гэтае падабенства ўзмацнялі, і Пранціш ведаў, што лёс яго і ягонага слугі не надта адрозніваецца ад лёсу спамянутых хатніх птушак… Адна надзея – шляхецкае становішча Пранціша не дазволіць ціха зрабіць з арыштаваных накрыпку для пірагоў, бо шляхціца можа судзіць толькі шляхецкі суд, і законы для яго асаблівыя… Не дарэмна ж іх з лекарам не пагрузілі на калёсы, не пагналі, беражы, Прасвятая Багародзіца, пешкі, а пасадзілі ў гэтую карэту… Калі што, дык не бізуны і турма шляхціца чакаюць, а заключэнне ў вежу. Найбольш цяпер вярэдзіла Пранцыся – каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада… А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот… Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці – праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы…
А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка – нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха… Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:
Ехаў мазур да млына,
Ехаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Да млына.
Здохла ў яго кабыла,
Здохла ў яго,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Кабыла.
Як стаў мазур дзялiцi,
Як стаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Дзялiцi.
Са скуры будзе ёй шуба,
Са скуры будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй шуба.
З грыўкi будзе ёй каўнер.
З грыўкi будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каўнер.
Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру… У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання… Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзвежыя скуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне – заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном – каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.
– З хвоста будзе ёй каса,
З хвоста будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каса.
Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.
– З вочак будуць гузiчкi,
З вочак будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Гузiчкi.
З зубоў будуць пацеркi,
З зубоў будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Пацеркi, – з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.
Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма – суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:
– Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?
Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.
– Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!
Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.
– І праўда, маўчаў бы ты… – і ветліва звярнуўся да суддзі. – Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!
Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў:
– Што ж, маладому чалавеку, накшталт вас, карысна будзе паслухаць…
Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі, нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.
– Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! – звягліва прамовіў Юдыцкі.—Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава, ці сірата – апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне – але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда – задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… – Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: – Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…
– Але навошта тая купчыха пану Гераніму? – папытаўся Вырвіч.
– Не вашага гэта розуму справа, – надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму – чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць:
– З-за прыгожых вочак – наўрад… Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць – дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. І, відаць, важнае – бо чамусьці Трыбунал [8]8
Трыбунал– галоўны суд ВКЛ.
[Закрыть]вырашыў умяшацца.
– Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? – здагадаўся Пранцысь. Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.
– Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбуналу грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, – суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. – Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку… Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў… Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове – чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх… Ёсць такая дзева-птушка – Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі… І няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою – спазнае руку следства.
– Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая… – падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.
– Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна – самая шкоднасць для дзяржавы! А што, калі на яе гледзячы, другія белагаловыя волі захочуць? Не, у пятлю дурную блудніцу – і ўсё!
– Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! – Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй, абсунуўся назад на лаву. Пранцысь зараз жа наваліўся на свайго наравістага слугу, каб спыніць ягоныя далейшыя шалёныя ўчынкі. Але язык лекара ён падрэзаць не мог, і той пастараўся адказаць на ўдар:
– У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!
Ой-ёй… Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: «Ды не слухайце вы гэтага дурня…».
– Адкажаш за ўсё, лайно! – сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. – Падзякуй, што лязом не ткнуў – трэба цябе цэленькім здаць, каб каты больш задавальнення атрымалі. І ты, смаркач, расплоцішся… Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! – суддзя пастукаў у вакно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.
З вочак будуць гузічкі…
З кішак будзе каўбаса…
Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той больш не спрабаваў выломваць краты… Застыў, закрыўшы твар рукамі – зноў злавіў сусветную нуду.
– Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! – крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.
– Гэта я яе загубіў, – глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.
– Ну, што панна Саламея – дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, – сярдзіта прамовіў Пранцысь. – Відаць, амуры з дзеўкай круціў!
– Не мяркуй па сабе… – раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. – Яна ж малая была… Мне – дзесяць, ёй – пяць… Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?
Уздыхнуў… Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.
Маленькая Саламея, адзіная дачка кнігара Сымона Рэніча, пястунка ды разумніца, за бацькавым вучнем ценем хадзіла… Можа, таму, што іншых дзяцей у доме не бывала? І Бутрым, які таксама дома рос адзін-адзінюткі, ды яшчэ на поліўцы з кухталёў, патроху прывык да шчабятання побач і ставіўся да паненкі, як да малодшай сястрычкі. Чытаць яе вучыў… І дазваляў перамешваць фарбы ў ступках… Нават разважаў пры малой услых над сваймі доследамі – які ні ёсць, а слухач. І толькі калі падчас чарговых вакацыяў Лёднік вярнуўся дахаты, і давялося даць у нос суседскаму хлапцу, што гэтак апантана закідваў чатырнаццацігадовую Саламейку калючымі шарыкамі дзядоўніка – вядома, найлепшы сродак заляцання – Бутрым заўважыў, якія сінія-сінія вочы ў ягонай сяброўкі, якая белая скура, чорныя бліскучыя косы, а пастава… Не дзіцячая пастава. А калі яна ўсміхаецца, дык ямінка чамусьці толькі на адной шчочцы, левай… Дакрануцца да тае ямінкі хочацца – аж да млосці… І пажадана вуснамі…
Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Па-першае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні… Па-другое – Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. І Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак…
Ён нават не паабяцаў ён нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці… Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку… Не да таго было – вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся… Бо ўсведамленне «мяне чакаюць» павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека, і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынту.
Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом, пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцы свайго настаўніка… І яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не насмельваўся…
А яна проста сказала:
– Мне – нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.
Ён не хацеў траціць сябе на нешта акрым таемных навук… І больш не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці – не пайшоў да яе… Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. І Бутрым зрабіў усё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім – выкупіла б… А ён таго няварты.
Але ніхто яшчэ не змог уберагчы трэску ў сэрцы вогнішча.
– Калі б я ажаніўся з ёю – яна б загінула… Не ажаніўся – усё роўна загубіў яе.
Пранцысю дужа не спадабалася адчайная нянавісць да сябе, што гучала ў голасе алхіміка. Нібыта зараз ён разаб’е сваю ўпартую галаву аб іржавыя краты. А той яшчэ дастаў запаветную шкеліцу з алхімічным золатам і паныла разглядаў, як увасоблены дакор.
– Загубіў – дык ратуй! Чаго дарэмна плакацца?