Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"
Автор книги: Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]
Вырвіч адчуваў у жываце ільдзяны камяк. Тым больш і сіньёр Пучыні паглядаў на яго спачувальна. Прайшла, відаць, цэлая гадзіна… Ніхто не насмельваўся ўстаць з месца, горш за ўсё даводзілася нерухомым мушкецёрам ды скульптурам. Музыкі распачалі граць чарговую мелодыю, якой Пранцысь з прычыны сваёй музычнай неадукаванасці пазнаць не мог, але гучэла яна дужа жаласна, як быццам кагосьці на ланцугу па пакутах вадзілі, нават мсціліся словы з карчомнай песенькі пра сіротку Дароту. Кавалак у горла не лез, хаця стол быў багацюшчы: такіх пачварын, якія красаваліся на срэбных блюдах, Вырвіч ніколі не бачыў. Птахі з выкручанымі крылцамі і шыямі, фаршыраваныя грыбамі і садавінай… Шчупакі, з галавы адвараныя, у сярэдзіне запечаныя, з хваста засмажаныя… Парсючкі з прыстаўленымі крыламі… Срэбныя сервізы – складаныя канструкцыі з талерак на вытанчаных маленькіх калонах, упрыгожаныя выявамі антычных багоў, прыпадабняліся славутаму рогу казы Амалфеі, на іх навалілі ўсялякае смакоцце, ад лімонаў да марцыпанаў. На ніжняй талерцы паціху плавіліся «італьянскія лёды», і кожны сервіз стаяў на круглым люстэрку. Раскоша!
А есці не хочацца.
Грукнулі дзверы… Князь Геранім увайшоў у залу парывістым крокам, ягоныя вусны крывіліся задаволенай усмешкай, а ўсміхаўся князь у апошні раз, відаць, калі сабакі на ягоных вачах рвалі зашытых у мядзвежыя скуры правадыроў Крычаўскага паўстання. Уся зала адначасова нібыта выдыхнула з палёгкай, як толькі столь не прыўзнялася. За князем з каменным фанабэрыстым тварам крочыў Лёднік.
– Неад-дменна сёння ж усе вашыя ад-двары мусяць быць гатовыя! – абвесціў на нямецкай князь Геранім і ўрачыста ўсеўся на месца. – Зоймеш п-пасаду майго асабістага д-доктара! Італійцаў вон! Д-дваццаць дукатаў у месяц даю! Я заўсёды к-казаў, што нямецкая мед-дыцына самая лепшая! – і перайшоў на беларускую: – Зараз жа п-падаць мне аўсянай кашы і к-кавалак ад-дварной ялавічыны…
– Толькі ўсё ешце без солі, ваша княская міласць! – сваім нізкім голасам па нямецку прамовіў Лёднік, і можна было зразумець, што гэта прапісаную ім дыету князь пачаў неадкладна спраўджваць.
– Чуеце, невукі? Без солі! Т-толькі атручваць мяне зд-дольныя вэнджаным д-ды смажаным! Пры маіх хворых нырках!
Пахолкі забегалі з такім жахам на твары, нібыта кавалак ялавічыны зараз выражуць з іхніх сцёгнаў. Цяпер уся ўвага засяродзілася на цуда-доктары. Лёднік быў на вышыні. Ён тарабаніў па-нямецку пра солі і мінералы, жыццёвыя сокі і энергію месяца так пераканаўча, што нават Пранцысь, які разумеў з пятага на дзесятае, зацікавіўся.
Раптам князь рэзка ўзняўся, музыка зараз ж сціхла, як перарэзалі струны, і кінуў у бок Пфальцмана і Лёдніка:
– Хадземце, немчукі, мне п-патрэбныя парады добрых знаўцаў.
Пфальцман паспеў увярнуць нешта пра тое, што ягоная мосць князь Радзівіл і сам найвыдатны знаўца ўсіх навук і рамёстваў, але на князя найшла істэрычная прага дзеяння. Ён, зразумела, пад прыглядам чатырох янычараў [12]12
Янычары– від войскаў у ВКЛ.
[Закрыть]у наматаных паўзверх бабровых шапак белых чалмах, цягаў немцаў па ўсім палацы, распавядаючы пра грандыёзныя задумы, якія часткова пачаў здзяйсняць. Вялікі палац Ніжняга замку быў сапраўды велізарны, але аднапавярховы, крыты гонтай – драўлянай чарапіцай, з высокім цокальным паверхам. Пры князі Гераніме тут дадаліся дзве алькежы – бакавыя прыбудовы, паўкруглы выступ з фасаду, падраслі дзве вежы – князь відавочна імкнуўся дагнаць у раскошы свайго слуцкага жытла нясвіжскага пляменніка Пане Каханку. А Радзівіл усё яшчэ шмат планаваў, пра што натхнёна і распавядаў сваім нямецкім спадарожнікам: зладзіць аранжарэю з кактусаў, дзівосных калючых раслінаў з Амерыкі, каб раслі аж пад самую столь, правесці перагаворныя трубы, каб з любога пакою гукнуць у такую – і пачуюць у самым далёкім памяшканні. Зрабіць шкляны пакой, у якім будзе штучнае мора, каб назіраць за жыццём марскіх пачвараў – пераплюнуць Пане Каханку, у якога рыбы над шкляной столлю плавалі… Паказаў паноптыкум, у якім сабраў дзівосы – ад васковых лялек у чалавечы рост, што ўмелі таньчыць і прамаўляць, да заспіртаваных двухгаловых цялятаў, вялізны глобус і нават мадэль сонечнай сістэмы – мядзяная зямля на ёй магла рухацца вакол пазалочанага сонца, бронзавы месяц – вакол зямлі. І Пранцысь, які паслухмяна насіў за Лёднікам ягоны доктарскі сакваяж, раптоўна пабачыў перад сабой іншага чалавека, таго, які б мог адбыцца – але застаўся толькі часткай натуры разбэшчанага дэспата. Чалавека дапытлівага, смелага ў здагадках, прагнага да ведаў… Так, ён у звычайных абставінах быў бы таксама не самым дасканалым чалавекам – крыўдлівы, лёгка раздражняўся б… Але калі ён павінен быў бы займацца нейкай карыснай, канкрэтнай справай, то ў пачвару, якая пакутуе сама і мучыць іншых, ператварыцца б не змог.
Уласна кажучы, ад немцаў патрабавалася толькі згаджацца і захапляцца. Нарэшце князь спыніўся ў нядаўна адбудаванай галерэі, завешанай фамільнымі партрэтамі і габеленамі з выявамі слаўных бітваў, у якіх бралі ўдзел Радзівілы, бліснуў дзікімі чорнымі вачыма.
– А цяпер я пакажу вам Сільфіду. Я злавіў яе сам, прывабіў мудрасцю сваёю. Але тут, на зямлі, у грубым матэрыяльным асяроддзі, Сільфіды пачуваюцца нядобра. І вы, гер Лотман, павінны параіць, як падлячыць гэтую нябёсную істоту, якая зараз прыняла аблічча і цела зямной жанчыны. Гаварыць з ёй я вам забараняю, але агледзець, толькі асцярожна і ў маёй прысутнасці, вы яе зможаце. Але запомніце: калі пасля вашага візіту гэтая істота надалей расхварэецца, я вельмі, вельмі расчаруюся ў вас, мае шаноўныя немцы.
Пфальцман збляднеў і выцер лоб насоўкай, працягваючы захоплена-прыніжана ўсміхацца. Лёднік толькі моўчкі схіліўся, а Пранціш зноў адчуў ганебны для шляхціца страх: вар’ят! Гэты Геранім сапраўдны вар’ят! Не менш, чым ягоны брат. Ці справіцца на гэты раз Лёднік? Гэта ж не чалавека лячыць… Што за пачвару ці прывіда князь у сябе трымае?
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
СІЛЬФІДА СЛУЦКАГА ЗАМКУ
Да Сільфіды трэба было падымацца на верхнюю пляцоўку правай вежы. Там знаходзіліся акаваныя жалезам дзверы з замкамі і засовамі, ды яшчэ два вартавыя мэнчыліся. Пфальцман застаўся на лесвіцы, справядліва лічачы, што чым менш магнацкіх таямніцаў ведаеш, тым даўжэй пражывеш. Дзверы цяжка расчыніліся, нібыта вечка ўсыпальніцы. Першым зайшоў князь, за ім – Лёднік і Пранціш.
Убранне невялікага пакоя было падобным да ўсходняй казкі: пяшчотных колераў шаўковыя шпалеры і покрывы, карункавыя фіранкі, чырвоны пухнаты кілім, на ім рассыпаныя яркія аранжарэйныя кветкі… Святло прасявалася скрозь вітражы – малюнак на іх выяўляў кветкі лілеі. Паветра, здавалася, можна пакратаць рукою, бо ў ім таньчылі, звіваліся, раставалі струменьчыкі дыму ад усходніх курэнняў. Дадавала прыкрага мёртвага водару нібы знятая з вітража вялізная кветка лілеі ў срэбнай вазе. Але ўся гэтая раскоша не заўважалася пры поглядзе на істоту, што нерухома сядзела на засланай белым кілімам канапе і безуважна пазірала перад сабой вялізнымі сінімі вачыма. Пранцысь аж спатыкнуўся… Яму стала б крыўдна за Паланэйку Багінскую, якая на фоне гэтай жанчыны, нашмат за яе старэйшай, здавалася гэткай звычайнай кірпаносай дзеўчынёхай, каб ён загадзя не ведаў, што мае справу з істотай незямнога паходжання. Сільфідзе – можна быць такой гожай.
Стыхійны дух быў апрануты па апошняй палацавай модзе – белая сукенка з шоўку і карункаў, неверагодна тонкі стан, зацягнуты ў гарсэт, высокі парык, упрыгожаны перлінамі, набелены і нарумянены твар, падведзеныя чорным выгінастыя броўкі, мушка на правай шчацэ… Дыяменты ззялі на дасканалай скуры пані гэтак натуральна, як раса на пялёстках белай ружы. У яе абліччы былі і вытанчанасць, і веліч, якая можа сыходзіць толькі знутры, з душы. Праўда, калі першае захапленне прайшло, Пранцысь заўважыў, што Сільфіда сапраўды пачуваецца не дужа добра: на твары з тонкімі, нібыта вытачанымі рысамі заўважныя дарожкі, якія ўтвараюцца на пудры ад слёз, вялікія вочы з даўжэзнымі чорнымі вейкамі пачырванелыя, дасканалыя вусны – з горкай складкай… А рукі такія тонкія, белыя, аж празрыстыя. І нат не зварухнулася, позірк не перавяла, як быццам зусім страціла ахвоту да жыцця.
Князь Геранім загаварыў, намагаючыся змягчыць голас:
– Даражэнькая, я прывёў выдатнага доктара. Яго завуць гер Барталамей Лотман, ён немец, не разумее ні слова па-нашаму, так што не спрабуй з ім загаварыць, не траць дарма сілаў. Але ён неадменна дапаможа табе пачувацца больш бадзёра! У нас жа яшчэ столькі спраў, дарагая мая панна!
Пры апошніх словах гаспадара палаца Сільфіда трохі падала прыкметы жыцця, куточкі яе вуснаў пакрывіліся. Лёднік, які, падобна, быў уражаны выглядам незямной істоты яшчэ больш за Пранцыся, да зласлівай радасці апошняга, наблізіўся да стыхійнага духу і павольна апусціўся перед ім на калена, так, што ягоны твар апынуўся проста перад сінімі сумнымі вачыма… І тыя раптоўна пашырыліся, у іх нешта палыхнула, ад чаго Сільфіда падалася яшчэ больш прыгожай. Яна перарывіста ўздыхнула і трохі адкінулася назад.
– Не бойся, даражэнькая, доктар не зробіць табе нічога кепскага, – супакойваюча прагаварыў князь Геранім. Але Пранцысь бачыў, што ў вачах Сільфіды быў не спалох, а… нешта іншае. Між тым Лёднік асцярожна, як быццам дакранаўся да крохкага крышталю, узяўся за тонкую руку Сільфіды. Намацаў пульс, пяшчотна-пяшчотна, нібы лашчачы злоўленую птушку… Потым праверыў пульс на другой руцэ… Пранцысь стаяў збоку, таму мог бачыць, у адрозненне ад князя, што Лёднік і Сільфіда неадрыўна глядзяць адзін аднаму ў вочы, нібыта вядуць нячутную іншым размову. Вось жа доктар-прайдзісвет… Нават са стыхійным духам паразумеўся!
Між тым Лёднік асцярожна адпусціў руку Сільфіды, Пранцысю падалося, нават злёгку яе паціснуўшы, і схіліўся ніжэй… Як нейкі святарны покрыў, адгарнуў наверх падол сукенкі з белай шорсткай парчы, адкрыўшы ножкі панны ў мізэрных, шытых срэбнымі нітамі, туфліках. І Пранцысь пабачыў, што да левай ножкі незямнога стварэння прымацаваны тонкі бліскучы ланцуг, які другім канцом заходзіў пад канапу. Лёднік асцярожна памацаў ножку, зняволеную бранзалетам ад ланцуга, і павярнуўся да князя:
– Ваша княская мосць, ці не можна на нейкі час зняць гэтае ўпрыгожванне з нагі панны? Я адчуваю тут запаленне… На маю сціплую думку, Сільфідзе непрыгожа кульгаць, а гэта непазбежна, калі запаленне не залячыць.
Радзівіл незадаволена кіўнуў слузе, той адамкнуў бранзалет на назе Сільфіды, якая не зварухнулася, працягваючы вывучаць аблічча доктара. Лёднік – вось жа вольнасці рамяства! – правёў рукамі ўверх па ножцы, раз – і шаўковая панчошка ў ягонай руцэ… А на назе Сільфіды, трохі вышэй шчыкалаці, адкрылася трохі паджыўшая рана – такая магла б утварыцца, калі б стыхійны дух, не зважаючы на боль ад жалеза, якое ўпівалася ў цела, ірваўся прэч з ланцуга, спрабаваў узляцець у неба, да родных аблокаў… Пранцысь так яскрава ўявіў гэтую карціну, што мімаволі пачаў шукаць вачыма, дзе за спінай Сільфіда хавае крылы.
Лёднік даў знак Вырвічу падаць сакваяж, пакорпаўся там і дастаў слоічак з паскуднай на выгляд зялёнай маззю. Калі слоічак быў адкаркаваны, выявілася, што мазь яшчэ і смярдзіць балотам. Лёднік пачаў наносіць гэтыя грубыя зямныя лекі на ножку Сільфіды. Тая пакорліва сядзела, глядзела, як быццам гэта доктар быў стыхійным духам, незразумелым чынам прываблены на зямлю… А Лёднік схіліўся нізка, ледзь не носам вадзіў па белай скуры пацыенткі… А пад канец – Пранцысь мог прысягнуць – незаўважна для князя дакрануўся да ножкі вуснамі, а Сільфіда – зноў нічога, толькі ружовыя пульхныя вусны трошачкі здрыгануліся.
«Трэба станавіцца доктарам і лячыць прыўкрасных паненак!» – з зайздрасцю падумаў Вырвіч, уявіўшы на месцы Сільфіды – Паланэйку, а на месцы Лёдніка – сябе.
Лёднік яшчэ і праслухаў Сільфіду з дапамогай кароткай трубкі з пашырэннем на канцы, і горла ёй памацаў, і ў вочы зазірнуў блізка-блізка…
«Яшчэ трохі – і на смак яе пакаштуе», раздражнёна падумаў Пранціш.
Лёднік, аднак, разумеў, што не варта выпрабоўваць цярпенне Радзівіла, устаў і пакланіўся пану.
– Калі дазволіць ваша мосць, я распавяду вынікі абследвання, – голас доктара рыпеў, як у рэктара падчас лекцыі – ніякіх эмоцыяў, толькі ветлівы інтарэс. – Я заўважаю прыкметы выснажэння, баланс вадкасцяў у целе парушаны. Паколькі ў істотах сільфідаў павінна быць шмат паветра, я б рэкамендаваў часцей праветрываць гэтае памяшканне, і не запаўняць яго дымам. Найлепей трымаць вакно заўсёды трошачкі прыадчыненым, каб Сільфіда адчувала сваю сувязь з роднай стыхіяй і гэта змяншала яе меланхолію. Трэба ўмацоўваць лёгкія і павышаць утрыманне ў крыві жалеза. Я б рэкамендаваў дыету з курынага булёну і адварнога птушынага мяса, можна індычыну, больш гародніны і садавіны, валошскія арэхі і разынкі. Не зацягваць гэтак шчыльна шнуроўку на гарсэце, што перашкаджае паненцы, у якой і так саслабелыя лёгкія. І па магчымасці даць спакой параненай назе.
– А каб кроў пусціць? – нецярпліва прагаварыў Радзівіл. – Усе мае дактары лічылі гэта найлепшым сродкам!
Лёднік пачціва пакланіўся.
– На маю нявартую думку, крывепушчанне яшчэ больш саслабіць арганізм. Калі мне будзе дадзеная магчымасць лекаваць паненку прынамсі цягам тыдня, абяцаю, што да яе вернецца жыццёвы тонус і распрастаюцца крылы. Вядома, тут найлепей правесці кансіліум, калі б мне перагаварыць з доктарам, які назіраў за ёй раней…
Геранім Радзівіл нецярпліва тупнуў нагой.
– Крылы ейныя мне без патрэбы! Зрабі, как усміхалася і не губляла прытомнасць! А са сваім папярэднікам ты і так ужо знаёмы – ён тыдні два вісіць на слупе ў двары. Так што кансіліум праводзь, колькі хочаш! А зараз мне трэба, каб гэты… дух змог устаць на зямныя ногі, і не кульгаючы, з прыемным выразам твару, прайшоў туды, куды я захачу!
Сільфіда перарывіста ўздыхнула, нібыта стрымліваючы выкрык абурэння. Лёднік зараз жа захінуў яе ад погляду князя.
– Прыкладу ўсе намаганні!
І прыняўся корпацца ў сваім сакваяжы, застукаў слоікамі… Пахолкі былі пасланыя па ваду і шклянкі. Лёднік паіў Сільфіду мікстурамі, і Пранцысю здавалася, што ён назірае нейкі складаны рытуал, сэнс якога яму няўцямны. Князь нецярпліва хадзіў па пакоі, падбіваючы нагой рассыпаныя па падлозе кветкі.
Нарэшце доктар зачыніў сакваяж і павярнуўся да князя. Сільфіда ўзнялася, горда выпрасталася. Цяпер яе вочы гарэлі сінім пагардлівым агнём, і князь злавесна ўсміхнуўся.
– Вось гэта іншая справа! Падправіць паненцы выгляд!
Зараз жа падляцела прыслуга, якой раней не было бачна, нібыта слугавалі тут таксама стыхійныя духі, што прымалі цялесныя абліччы па першым загадзе гаспадара. Кабета прыпудрыла пухоўкай твар Сільфіды, паправіла парык, складачкі на сукенцы…
– Усё, пайшлі адведаем дурня! – уладна скамандваў князь і кінуў Лёдніку: – Сачы за ёй, і як толькі ўбачыш зноў прыступ меланхоліі – лякуй! І помні, шалберства не пацярплю!
Сільфіда была амаль аднаго росту з Пранцысем, у яе стройнай фігурцы адчувалася не толькі вытанчанасць, але і сіла – як у таненькай вярбе, якую, аднак, не пераломіш. Панна зусім не кульгала, але туды, куды яе вялі, відавочна не чакала нічога прыемнага. І Вырвічу было так шкада прыгажуні, што выбіў бы, здаецца, першае ж вакно ды выпусціў палонніцу ў неба.
Ісці ім давялося на верх левай вежы, у такое ж памяшканне, у якім была Сільфіда. Таксама дзверы, замкнёныя на шмат замкоў ды засоваў, варта… Але ўнутры не было ніякіх шаўкоў і кветак – наадварот: голыя каменныя сцены і падлога, драўляны насціл у куце, які мусіў замяняць ложак адзінаму насельніку, таксама не добраахвотнаму. Замест прыгожага вітража ў шыбах – краты. Шчуплы чалавечак з дзіўна прыплюснутым тварам, з вачыма, якія знаходзіліся на розных узроўнях, апрануты ў брунатны выцерты камзол, убачыўшы гасцей, ускочыў, на ягонай назе грукнуў ланцуг. Геранім Радзівіл завёў за руку ў пакой Сільфіду і расцягнуў вусны ў прывідзе ўсмешкі:
– Ну што, Марцін, бачыш, мая Сільфіда са мною! І пасвячае мяне ва ўсе таямніцы!
Шчуплы чалавечак ашчэрыў зубы, якія не ўсе былі ў наяўнасці, і кінуўся да гасцей, ланцуг нацягнуўся.
– Яна мая! Ясна табе? Мая! І яе таямніцы мае!
– Але ж гэта не я сяджу на ланцугу, а ты, браце!
Пранціш схаладнеў. Марцін Радзівіл, аддадзены пад апеку свайго брата князя Гераніма! Які прымушаў Лёдніка выклікаць яму Сільфіду! Ён жа зараз яго пазнае! Доктар, відаць, гэта выдатна разумеў, таму і спыніўся сціпла ў самых дзвярах, апусціўшы галаву. Пранцысь пастараўся, як мог, закрыць яго сабою. На шчасце, Марцін глядзеў толькі на Сільфіду.
– Не гавары яму нічога! Ён няварты!
Геранім злосна закрычаў, зрываючы голас:
– Гэта ты няварты! Калі не хочаш сядзець надалей на хлебе і вадзе, гавары, дзе ўваход у сутарэнні! Тады я дазволю табе пабыць з Сільфідай і скарыстацца з яе вабнотаў!
Князь моцна ўхапіў прыгажуню за руку і дэманстратыўна правёў перад Марцінам.
– Ну, згодзен? Ты ж так марыў пра сувязь са стыхійным духам, столькі грошай убіў на шарлатанаў, якія абяцалі яго выклікаць!
Марцін глядзеў на Сільфіду, як паміраючы ад смагі на струмень вады, яго вырачаныя вочы блішчэлі, як у рыбіны.
– Ну што?
Марцін раптам засмяяўся сухім здзеклівым смехам, у якім не чулася вар’яцтва.
– Ты ніколі не атрымаеш жаданага, брат! Бо ты – кавалак лайна, якое ўсе абягаюць падалей, каб не ўпэцкацца. У наступным жыцці ты будзеш рабаком, якога раздушыць мой абцас.
– У цябе не будзе хутка нават і гэтага жыцця! – зароў Геранім. Сільфіда стаяла нерухома, як вытанчаная парцалянавая статуэтка. Марцін махаў рукамі і лаяўся. Ягоны погляд спыніўся на Лёдніку і загарэўся па-вар’яцку:
– Гэта ўсё ты! Для мяне не пастараўся, а яму выклікаў! Будзь ты пракляты! Пракляты!
На шчасце, у агульнай лаянцы ягонае пазнаванне доктара прайшло незаўважным.
Дзверы зачыніліся, а Геранім Радзівіл усё тросся ад злосці. І прамовіў да Сільфіды:
– І ты падумай, даражэнькая, раптам брат пагодзіцца на маю прапанову раней, чым ты, тады мне давядзецца выканаць, што яму абяцаю! І будзеш яго ўлагоджваць!
Сільфіда маўчала, адсутна гледзячы сінімі вачыма ў нікуды, і вартаўнікі павялі яе назад. Князь крыкнуў услед:
– Вакно не зачыняйце, няхай дыхае роднай стыхіяй! І камін не тапіце.
– Але ж яна застудзіцца! Ночы халодныя… – насмеліўся прамовіць Лёднік. Князь зараз жа вырачыў на яго шалёныя цёмныя вочы, зрабіўшыся раптам падобным да свайго брата Марціна.
– Памерзне, дык, можа, пачне цаніць тое цяпло, якое ёй давалі. А ты… немец… вучыць мяне ўздумаў?
Князь маланкава выхапіў шаблю і прыставіў да горла Лёдніка.
Пранцысь з сорамам успомніў падобную ж сітуацыю з ягоным удзелам. Няўжо і ён мог бы ператварыцца ў такога вось… дэспата? А што тут неверагоднага? Каб яму дасталася багатая спадчына, ды мітусіліся вакол адданыя слугі… Каб усе вакол казалі безупынна, які ён, Пранцысь Вырвіч, мудры, дужы, прыгожы… І любы капрыз зараз жа кідаліся выконваць… Адно што такія, як Лёднік, моўчкі пагарджалі б, але ж таксама схіляліся, бо жыць хочацца. Хіба ў гэтым ідэал шляхецтва? А як жа «пане-браце», роўнасць, гонар, сармацкія звычаі?
Доктар, не выказваючы страху, пакорліва чакаў, што будзе ўгодна князю. Геранім чыркануў лязом па шыі Лёдніка, пакінуўшы драпіну, і прыбраў шаблю.
– Няхай гэта будзе табе памяткай! Тут ёсць толькі адна воля – мая!
Кроў з драпіны афарбавала бялюткі каўнер.
– Ніколі гэтага больш не забуду, ваша княская мосць! – ветліва прагаварыў Лёднік.
– Каб усе лекі былі да раніцы гатовыя! І ўсе пакаштуеш сам, на маіх вачах!
Калі Геранім Радзівіл сышоў, нібыта нават сцены ўздыхнулі з палёгкай. Пранціш і Лёднік не насмельваліся загаварыць, пакуль за імі не замкнуліся дзверы іх пакоя. Доктар нават абапёрся на іх знутры абедзьвума рукамі, шумна выдыхнуўшы, як быццам па той бок засталася пагоня. Пранцысь паваліўся на ложак, шкаляра злёгку патрэсвала. Лёднік наліў вады з мядзянага збана ў місу для ўмывання, зачэрпнуў, энергічна спаласнуў твар, змыў кроў з шыі, злосна сцягнуў парык і цяжка ўсеўся на атаманку. Абодва шпегі адчувалі сябе, як быццам пабывалі ў бойцы з медзвядзём.
– А ты ад Сільфіды зусім галаву страціў, – скрозь стому дакорліва прагаварыў Пранціш. – А сваю купчыху калі шукаць збіраешся?
– А я яе ўжо знайшоў, – глуха прагаварыў Лёднік і дадаў, падпусціўшы атруты ў голас. – А вялікі і абазнаны пан Вырвіч, значыць, свята паверыў, што пазнаёміўся з духам паветра? Так, гэта князь удала прыдумаў – выдаваць Саламею за Сільфіду… Шпегаў з толку саб’е, яшчэ і брата памучае.
Пранціш разгубіўся. Не тое, каб ён успрыняў словы Гераніма Радзівіла ўсур’ёз… Прыгажуня, урэшце, была цалкам зямной, зняволенай і няшчаснай… І ўсё-ткі адначасова па-незямному прыгожай. Вочы яе пазіралі занадта мудра для кабеты… Ну так жа хочацца ў васемнаццаць гадоў паверыць, што сутыкнуўся з нечым надзвычайным! А ўжо супаставіць чароўны вобраз, што адкрыўся за жалезнымі дзвярыма з мноствам засоваў, са старой дзеўкай з Полацку, дачкой звычайнага купца і сяброўкай дзяцінства Лёдніка… Не тое, каб у Пранціша не мільганула і думкі пра Саламею Рэніч, але ён гэтыя думкі рамантычна адагнаў.Таму цяпер і пачуваўся абсалютовым дурнем.
– І як ты мог адмовіцца ад такой? – вырвалася ў Пранціша.
– Я яе не варты, – зноў глуха прагаварыў Лёднік улюбёную фразу і перавярнуўся на спіну, стамлёна заплюшчыў вочы.
Але Вырвічу гэтае самапрыніжэнне надакучыла.
– У нас, калі езуіты ў хор запісвалі, таксама ўсе пачыналі гаварыць: «Вой, ойча, у мяне слыху няма, голасу няма, я б і рады, але ж спяваць не ўмею, слых шаноўнай публіку абражаць буду… Няварты я такога гонару». А насамрэч проста нікому не хацелася лішніх клопатаў: вольны час на рэпетыцыі траціць, падчас канцэртаў залівацца салавейкам…
Лёднік нічога не адказаў на гэтую рэпліку, відаць, яна дастала да балючага. Ляжаў нерухома, маўчаў хвілінаў дзесяць. Потым азваўся сухім голасам:
– Гэты вар’ят яе замучыць. Трэба неадкладна брацца за справу.
Справа – гэта значыць, ратаваць Рэнічаўну? Але як? Пранціш нічога не сказаў, каб не падацца баязліўцам, але пакуль ніякага прыстойнага плану яму ў галаву не прыходзіла. Па стромай сцяне вежы нават ён не змог бы ўскараскацца. А варта ў палацы на кожным кроку… Лёднік, відаць, пра гэта таксама думаў, таму й быў змрочны, як апошні цмок у возеры.
Па іх прыйшлі з загадам, што новы доктар павінен перабрацца ў пакоі старога. І тут з’явіўся цень надзеі, бо вылучаны ім пакой, падзелены на дзве часткі, з ложкам пад аксамітным балдахінам колеру старой лістоты, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў і зялёных вінаградных гронак, быў у Вялікім палацы, і знаходзіўся якраз побач з вежай. Пранцысь заўважыў, як прасвятлеў твар Лёдніка, але па-ранейшаму не мог уцяміць, чым гэта дапаможа… Да вакна Рэнічаўны можна было ўзляцець толькі на крылах! Хіба стралу ў яго паслаць з вяроўкай? Пранцысь высунуўся з іх вакна, прымерыўся… Не, ніяк не атрымаецца, відаць толькі самы край аконнага праёму… А стаць сярод двара і цэліць у вакно, ці лесвіцу падстаўляць да сцяны, пад якой і ўдзень і ўноч праходзяць гвардзейцы – можна адразу самому на слуп прыбіцца, каб катаў не турбаваць.
Назаўтра Лёднік абвесціў невыносна камандзірскім тонам:
– Табе, пан Вырвіч, дастанецца самая прыемная частка нашай прыгоды: пойдзеш са мной у тэатр. Мяне запрасілі падлячыць некалькі артыстаў.
– І што я там павінен буду рабіць? – ажывіўся Пранціш.
– Проста паглядзіш на рэпетыцыю. Атрымлівай насалоду, пакуль ёсць магчымасць, – усміхнуўся Лёднік. – І не ўздумай нешта рабіць сам па сабе. А галоўнае – што б ні рабіў я, не зважай. Адыдуся – не круці галавой, не пытайся, куды падзеўся. Я сам за табой вярнуся. Ясна?
У тэатры, перабудаваным з судовага дому, было шыкоўна – не параўнаць з залай менскага езуіцкага калегіюму. Сцены і ложы абцягнутыя зялёным сукном, упрыгожаныя гірляндамі штучных кветак. У праходах пунсовыя дываны. Аркестровая яма, цяжкі аксамітны занавес… Лёднік усадзіў Пранціша пасярэдзіне трэцяга раду і знік за кулісамі з доктарскім сакваяжам у руках. А на сцэне рэпеціравалі нямецкую оперу, да якіх Геранім Радзівіл быў вельмі ахвочы. Дэкарацыі ўяўлялі з сябе пастаральныя пейзажы з гаёчкамі, лужочкамі ды авечачкамі, і былі намаляваныя дасканалымі майстрамі на вялізных палотнах. Але нават на неспрактыкаваны погляд Вырвіча, меліся ў рэпетыцыі дзіўноты. Артысты былі пры ўсім парадзе, прыбраныя, як падчас прэм’еры, і так стараліся – як жаўнеры на пляцы. Жаўнеры, дарэчы, таксама на сцэне былі. Пры ўсёй выкладцы, яны, падобна антычнаму хору, стваралі фон для пастаральных спеваў закаханых пастушка і пастушкі, час ад часу дэманструючы практыкаванні муштры. Дый сярод сцэнічных пейзан Пранцысь пазнаў некаторых жаўнераў, бачаных у замку. Такім чынам спектакль ўяўляў з себе нейкую дзіўную сумесь оперы і вайсковай падрыхтоўкі. Акрамя дарослых, у балеце ўдзельнічалі і дзеці – у Слуцку мелася балетная школа. Дзеткі, худзенькія, як трэсачкі, набеленыя і нарумяненыя, рухаліся, як завадныя. А яшчэ сярод іх было некалькі маленькіх мурынаў – у белых парычках, гэткія ж худзенькія, старанныя…
Усё было вельмі прыгожа… Як у музычным куфэрку. Асабліва ўразіла Пранцыся, калі ў дзеянне ўключыліся Купідоны і алімпійскія багі – як і належыць бажаствам, яны спускаліся з неба і вольна луналі ў паветры над усёй сцэнай. Вырвіч адразу нават пералякаўся – ці не водзяцца тут і сапраўды духі! Але, пільна прыгледзеўшыся, зразумеў, што артыстаў носяць над сцэнай адмысловыя механізмы, да якіх Купідоны і багі падвешаныя з дапамогай таненькіх вяровак, якія практычна не заўважныя… З чаго, цікава, тыя вяровачкі зробленыя?
Але нечакана дзейства перарвала страшэнная лаянка на нямецкай. Падобны да жабы пан выскачыў на сцэну і пачаў лакіраванай кульбачкай з усяе моцы біць па руках і нагах артыстаў, якія, на яго думку, памыліліся. Даставалася і дзецям, яны, аднак, як і дарослыя, не плакалі і не ўхіляліся ад удараў, а застывалі ў недарэчных скульптурных паставах. Асабліва перападала самай прыгожай і зграбнай дзяўчыне, якую пан-жаба называў «Міхалішыўна», дадаючы непрыстойнае слова.
Ніхто не ўскрыкваў, не стагнаў, гучала толькі лаянка і глухія ўдары. І Пранцысю зрабілася млосна ад такога мастацтва. Шкаляр напляваў на загад свайго слугі і выправіўся яго шукаць за кулісы. Галоўнае, не забыцца, што ён сам – немец… Шырокая ўсмешка, наіўныя блакітныя вочы, запытальнае: «Гер Лотман?», і ўрэшце Вырвіча скіравалі ў пакойчык, дзе стаіліся Пучыні і Лёднік. Доктар адчыніў дзверы з самым зверскім выразам твару, але шчырая ўсмешка Вырвіча змусіла яго прастагнаць ды адступіць ад дзвярэй.
– Я, відаць, нават у пекле ад вас не схаваюся! Не бойцеся, сіньёр Пучыні, пан Франц Магнус ва ўсё пасвечаны…
Пучыні зачыніў дзверы і звярнуўся да Лёдніка:
– Мой пан, як дарэчы з’явіўся ваш малады калега! А я якраз гаварыў, што нам патрэбны хтось лягчэйшы за вас!
– Я не тоўсты, – скрозь зубы прагаварыў Лёднік. – І спраўлюся сам.
– Мой дружа, вы нармальнага складу мужчына, моцны і высокі. Таму пры ўсім жаданні не можаце быць вагой з падлетка.
– Шнур вытрымае, – упарціўся былы алхімік.
– Вас аднаго – магчыма… А падвойны груз? Я б не рызыкаваў. Калі ёсць выбар…
– Выбару няма! Хлопца туды не пушчу! Урэшце, я проста магу застацца там і не спускацца! – халодна сцвердзіў Лёднік.
– Я ніколі не меў справу з самазабойцамі, разумееце, – раззлаваўся нарэшце і Пучыні. —З такімі намерамі я магу паслаць вас толькі ў вашу жалезную пачвару.
Наспявала сварка, і Пранцысь умяшаўся.
– Я ўсё-ткі не мэбля, можаце звяртацца і да мяне наўпрост, спадары! І патлумачце мне, нарэшце, пра што вы, халера на вас, гаворыце?
Лёднік і дырэктар дружна паглядзелі на юнака, доктар, відаць, змагаўся з палкім жаданнем выставіць Пранцыся за дзверы, але італьянец падсунуў таму пад нос аркушык з чарцяжом:
– Вось, пан Магнус… Усё, што пакуль удалося прыдумаць.
На аркушыку красавалася схема нейкага механізму: нацягнуты між двума блокамі шнур, вугал адхілення, контуры сцяны з ваконнымі праёмамі… Да Вырвіча дайшло: гэта ж план выратавання Сільфіды!
– Забраць яе звычайным шляхам немагчыма, – неахвотна загаварыў Лёднік. – Тут цэлае войска павінна прабівацца – праз варту на кожным паверсе, праз жалезныя дзверы… Нават калі ўявім тут новую Трою – узяць Слуцкі замак за ягоную гісторыю не ўдалося яшчэ нікому, ні татарам, ні маскоўцам, ні сваім жа магнатам. Адзінае на нашу карысць – гэта што нас пасялілі ў адным будынку з Рэнічаўнай, і вокны выходзяць на адзін бок.
– Але, на жаль, не на адной лініі! – загаварыў Пучыні. —Таму ад выканаўцы патрабуюцца проста акрабатычныя здольнасці. І шмат шанцавання!
– Вы хочаце выкрасці яе праз вакно? – усклікнуў Вырвіч. – Ты спецыяльна ўвёў князю ў вушы, каб у Сільфіды праветрываць! Раз так, лазіць па вокнах і дахах я – лепшы знаўца!
Лёднік не забыўся хмыкнуць на гэтую рэпліку. Але Пучыні задаволена хітнуў галавой.
– Што ж, значыць, давядзецца скарыстацца з вашага ўмення, юнача.
– Гэты хлопец і без таго мае з-за мяне непрыемнасцяў на сваю ўпартую галаву! – пахмура заявіў Лёднік. – Ён – юнак высакароднага паходжання, і я за яго адказваю. Я не магу на гэта пагадзіцца. Няхай лепей мне дапаможа ваш брат Джавані.
– А я твайго дазволу і не пытаюся! – ганарыста прамовіў Пранціш. – Ён за мяне адказвае! Забыўся, хто ты і хто я? Шляхціц сам вырашае, ісці ў бойку ці не!
Лёднік падціснуў вусны і панурыўся. Пучыні са здзіўленнем паглядзеў на абодвух, з уздыхам падсунуў да сябе аркуш, пацёр нос-бульбіну і працягнуў размову-змову, на гэты раз ледзь заўважна, але пачціва схіляючыся ў бок Пранціша, які прызнаўся ў сваім высакародным паходжанні:
– Пакуль што наш план утвараецца з некалькіх амаль невыканальных задач. Калі б мне прынеслі ставіць такую п’есу, я б адразу сказаў, што яна непраўдападобная, і сюжэт выратуе толькі «бог з машыны».
– Смеласць замяняе любую машыну! – фанабэрыста заявіў Пранцысь. – Мне здаецца, вы тут усё ўскладняеце. Схемы намалявалі…
Доктар нервова сціснуў пальцы:
– Адна справа, калі зняволены можа дзейнічаць сам. А Саламею наўрад з ланцуга адпусцілі. Перадаць ёй напільнік, вяроўку, нават цыдулку ці словам перамовіцца – немагчыма, за кожным маім рухам у яе прысутнасці назіраюць, яе самую абшукваюць. Адзіная наша надзея – што ў тэатры ёсць адмысловыя прыстасаванні для палётаў Купідонаў. Бачыў?
Пранцысь кіўнуў галавой.
– Шнур сплецены са сталёвых валокнаў, ён зусім тонкі, але трывалы і гнуткі. Калі слотнай ноччу ён павісне на сцяне, ніхто не заўважыць.
– Раніцай заўважаць. Варты тут болей, чым простых слуг. Слуцак трэба пакідаць у тую ж ноч. Іначай – усё… Мыш не праслізне. І часу на другую спробу не будзе, – папярэдзіў Пучыні.– Карацей, трэба яшчэ раз усё вымераць, разважыць…
– Ну, добра, перамераеце вы сцены палаца… А як уцякаць з замка? – пацікавіўся Пранціш. – Валы, мост, на кожнай браме варта…