355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега » Текст книги (страница 5)
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 05:40

Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЯГОНЫ СЛУГА НЕМЦАМІ СТАЛІ

Леанарда да Вінчы ў сваім «Бестыярыі» напісаў, што совы помсцяць тым, хто над імі насміхаецца – выдзёўбваюць вочы. Леанарда лічыў, што вачастыя птушкі толькі гэтай ежаю і могуць пракарміцца.

Праўда, сава, якую Пранціш пабачыў учора вечарам, дакладна харчавалася не чалавечымі вачыма, а мышамі. Падгледзеў трошкі ейнага палявання… Вось і яны з Лёднікам зараз, як мышы. Таго й глядзі, кіпцюры ў бакі нехта запусціць. Хаця лес для ліцвіна – гэта ж ратунак, не так, як для іншых, што атаясамлялі яго з першабытным хаосам, ці з лабірынтам, у якім жыве Мінатаўр… Дастаткова, праўда, і тутэйшага медзвядзя, каб да Абрама на піва выправіцца. Але пакуль нічога буйней за саву шкаляр ды доктар не сустрэлі. Не знайшлі і святое дрэва Перыдэксіён, пладамі якога харчуюцца галубы, а змеі нават ад ценю ягонага ўцякаюць. Не расло тут і дрэва Ігдрасіль, па якім памерлыя душы сыходзяць на той свет… Наверсе дрэва Ігдрасіль жыве арол, пад карэннямі – цмок, а па ствале бегае туды-сюды вавёрка Рататоск, увасабляючы свет мітуслівы чалавечы. Гэта ўсё Лёднік па дарозе засмечваў Пранцысеву кучаравую галаву непатрэбнымі цытатамі, відаць, вырашыўшы, што свяшчэнны ягоны доўг – давучыць свайго гаспадара замест езуітаў. Ха! Тыя абламаліся, і сыну полацкага гарбара нічога не свяціла на неўрадлівай ніве Пранцысевай адукаванасці. Затое свойскі лясун за апошні дзень не аднойчы падкідваў падарожнікам пад ногі паваленую елку альбо паліваў нечаканым, як прыступ кашлю ў старэчы, дажджом. Так, на грыбах ды арэхах жыць сумна, маючы ў кішэні залатыя дукаты…

Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з «Досведаў» філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік – не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.

– Прасвятая Багародзіца, ратуй!

З боку дарогі бегла двое мужыкоў у звычайных упэцканых світах і магерках, відаць па ўсім, дужа пераляканыя. Адзін на бягу спрабаваў маліцца, другі выкрыкваў, быццам заікаўся:

– Цмок! Цмок! Цмок!

І наўрад гэткім чынам ён намякаў на пацалункі. Што ж, простыя людзі, вядома, і саву палічаць нячыстай сілай. Калі небаракі, спатыкаючыся на вільготных карэннях, абдзіраючыся аб голле, адбегліся дастаткова далёка, Лёднік і Вырвіч з належнай асцярожнасцю рушылі далей: тое, што напалохала мужыкоў, павінна было знаходзіцца на дарозе трохі наперадзе.

Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор’е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.

Пранціш і ягоны слуга вызірнулі з-за кустоў, на якіх засталіся вісець пераможанымі сцягамі толькі асобныя рудыя лісты. Пасярод дарогі стаялі дзве павозкі. Адна – звычайны дарожны экіпаж, брычка з наладаванымі ззаду куфрамі. А вось другі ўяўляў з сябе нешта падобнае да невялікай адрыны на колах, шчыльна накрытай прасмоленымі палотнамі. У гэтую адрыну было запрэжана ажно восем коней, але й яны не маглі зрушыць з месца волатаўскі воз, які патрапіў двума левымі коламі ў велізарную калюжыну, так, што пагрозліва пахіліўся. З аднаго боку палотны, якімі быў шчыльна схаваны таямнічы груз, разышліся, і між імі нешта металічна паблісквала. Каля возу мітусіўся невысокі пузаты чалавечак у чорным камзоле з простым белым каўняром, з-пад капелюша з высокім верхам звісалі пасыпаныя пудрай буклі. А на нагах, зусім недарэчна на ліцвінскіх восеньскіх дарогах, былі чаравікі і калісьці белыя панчохі. Менавіта гэты чалавечак і сыпаў праклёнамі. Высокая худая кабета ў каптуры, захінутая ў дорожны плашч, час ад часу перакрывала ягоныя крыкі пранізлівым:

– Якаб, вазьмі сябе ў рукі!

Вусаты фурман, таксама апрануты ў нямецкі строй, завіхаўся ля коней…

– Няхай будзе пракляты той дзень, калі я атрымаў ліст са Слуцку і зажадаў княскіх дукатаў! – гарлаў чалавек у капелюшы, прынамсі, менавіта так Пранціш, у якога поспехі ў нямецкай былі даволі сціплымі, разумеў ягоныя скаргі. Але ясна было, што экіпажы кіруюцца ў Слуцк! Лёднік перарывіста ўздыхнуў, як паляўнічы, што нарэшце пабачыў з засокі вепрука:

– Вось табе і літасць лёсу… Здаецца, гэты немчык мне знаёмы. Аднакурснік мой па Лейпцыгу… Калісьці мы няблага праводзілі час. Але як ён павядзецца, калі даведаецца, што мы збеглі з-пад арышту?

– А ты што, вось так сабраўся яму ўсё пра нас вываліць? – Пранціш ледзь не засмяяўся – вось наіўная дзівачына гэты доктар.

– А як патлумачыць, чаму мы тут апынуліся, ды яшчэ ў такім выглядзе?

Пранціш агледзеў сябе й Бутрыма прыдзірлівым вокам: так, не з балявання паны… Абцерханыя, брудныя… Добра, што ўзброеныя, але ж – пешкі ідуць! А які гэта высакародны пан без каня?

– Гэх, каб ён толькі па-нашаму разумеў… – з прыкрасцю прамовіў Вырвіч.

– Якаб Пфальцман? Ды ён моваў дваццаць ведае, і ліцвінскую разумее дакладна, – запэўніў доктар.

Шкаляр драпежна ўсміхнуўся:

– Тады ніякіх праблемаў! Рушылі! А ты толькі з усім згаджайся, што я скажу. Homo semper in ore aliud fert, aliud cogitat. Чалавек заўсёды адно гаворыць, а іншае думае.

Сямейства Пфальцманаў сустрэла з’яўленне чужынцаў, калі мякка казаць, насцярожана: фрау схавалася за невядомую канструкцыю на возе, а гер Пфальцман проста наставіў на прыхадняў з лесу два пісталеты. Але пры набліжэнні Лёдніка немец разгублена апусціў сваю зброю і нясмела заўсміхаўся.

– Гер Лёднік? Не можа быць! Майн Гот! Гэта вы, мой сябра, альбо інкуб у вашым абліччы?

Былы алхімік расцягнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі.

– Вітаю пана Пфальцмана!

– Эльза! Гэта доктар Бутрымус Лёднік, з Лейпцыгу, той, што вынайшаў двадцаць тры спосабы трахеатаміі! Колькі піва, сябар мой! Колькі добрага піва ў карчомцы «Пад карасём» мы папілі! Генрых, апусці зброю, усё ладам!

Апошнія словы на нямецкай Пфальцман скіраваў фурману, які ўвесь гэты час стаяў за возам, наставіўшы на гасцей вялізную, з раструбам, рулю стрэльбы. Між тым Лёднік з чыста навуковай цікавасцю наблізіўся да канструкцыі, прыкрытай палотнамі, і зазірнуў у дзірку, чым гер Пфальцман быў вельмі незадаволены і, падобна, каб мог, не падпусціў бы туды старога сябра. На возе грувасцілася нейкая незразумелая жалезная прылада, відочная частка якой сапраўды выглядала як рэбры цмока.

Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:

– Машына-чарапаха? Ты ўсё-ткі зрабіў яе, Якубе?

Пфальцман з пачырванелай фізіяноміяй кінуўся захінаць таямнічую канструкцыю.

– Прабач, сябар, але… У навуцы кожны сам за сябе… Мне б не хацелася раней часу дэманстраваць сваё вынаходніцтва, якое далёка не кожны здольны ацаніць.

Лёднік насмешна паківаў галавою.

– Не бойся, Якуб. Я не збіраюся красці тваё вынаходніцтва. Тым больш мы ж з табой разам бачылі ягоныя чарцяжы ў нататніку Леанарда да Вінчы.

– Там быў эскіз! Накід! Нічога канкрэтнага! – пакрыўдзіўся Пфальцман. – Пра мой вадзяны рухавік твой Леанарда нават памысліць не мог!

– І мы з табой гаварылі, што такая бязлітасная зброя была б занадта вялікай спакусай для тыранаў, – цвёрда прагаварыў Лёднік.

– І дазволіла б за адзін дзень завершыць любую вайну і тым зберагчы жыцці! – раздражнёна запярэчыў Пфальцман, відаць, працягваючы старую спрэчку.

– А калі кацёл узарвецца – а ён напэўна ўзарвецца, калі папрацуе хвіляў дваццаць, то зварыцца найперш той, хто будзе сядзець у гэтай скрынцы.

– Я ўдасканаліў рухавік! Ён звонку, аддзелены ад унутранага памяшкання двайным сталёвым лістом. Я сам ездзіў у гэтай машыне, і нічога, жывы! – раз’юшыўся Якуб.

– Але пасярод калюжыны беларусінскага лесу гэтая цуда-машына выратаваць свайго стваральніка не можа! – з’едліва зазначыў Лёднік, і Пранцысь ледзь не пхнуў свайго слугу нагой – знайшоў калі дыспут учыняць. Твар Пфальцмана пайшоў плямамі, так што фрау Эльза, якая не разумела ні слова з размовы, пачала дужа няўхвальна паглядаць на дзюбаносага прыхадня, які крыўдзіў ейнага геніяльнага мужа.

Пфальцман зноў выдаў порцыю лаянкі наконт кепскіх дарог і дзікуноў-мужыкоў… Як зразумеў з ягоных словаў Пранцысь, нямецкі вынаходнік вёз сваю канструкцыю князю Гераніму Радзівілу, які паабяцаў немалыя грошы. Такія, што фрау Эльза, кабета практычная і не баязлівая, не наважылася адпускаць мужа ў дарогу аднаго. Хацелася і ўцячы з ахопленай вайной Саксоніі. Аднак падарожжа ад пачатку не заладзілася. Даводзілася праязджаць кружнымі шляхамі, мінуючы ваенныя дзеянні, а вайна – гэта ж не паненка, якую можна замкнуць у асобным пакоі. Вялізны груз, які Пфальцман выдаваў за дэкарацыі для тэатру пана Гераніма Радзівіла, выклікаў нездаровую цікаўнасць. У Варшаве адзін з памочнікаў гэтак зайграўся ў адным са славутых клубаў для гульні, што нібыта растварыўся ў напоўненым азартам і віннымі выпарэннямі паветры. Другі памочнік ад мясцовай ежы захварэў на жывот, давялося яго пакінуць у Берасці. Не паспелі ад’ехаць ад Берасця – карэта звалілася з мосту так, што нагадвала тыя выкапнёвыя парэшткі, якія засталіся ад Ноева каўчэгу на гары Арарат. Фурман пакалечыўся, добра, самі Пфальцманы мудра перачэквалі на беразе, пакуль іх экіпаж праедзе небяспечны мост. Жалезную чарапаху перацягвалі праз раку двое сутак, дрэвы валілі, як звар’яцелыя бабры. У Камянцы Пфальцман ледзь раздабыў новую павозку, вось гэтую нехлямяжую брычку з сеннікам замест абцягнутых зялёным сукном сядзенняў. Наняў і некалькі мясцовых мужыкоў. Тыя, аднак, да немца паставіліся падазрона, калі адварочваўся, хрысціліся, да груза на павозцы дакранацца баяліся. Давялося павысіць плату. Але патрапіў aus dem Staub in die Muhle kommen, з пылу ў млын. Калі здарылася няшчасце з калюгай і накрыўка расхінулася, неадукаваныя найміты вырашылі, што пабачылі самога д’ябла ў выглядзе жалезнага цмока і разбегліся, кінуўшы гаспадара ў самым бядотным становішчы.

– А якім чынам лёс паслаў сюды вас, і хто гэты юнак? Ці не сын твой?

Пранцыся аж перасмыкнула. Якое падабенства можна ўгледзець між ім і алхімікам? Належала браць справу ў свае рукі, пакуль Лёднік не пачаў сэнсацыйную споведзь, а то яшчэ ў прыступе самабічавання распавядзе і пра тое, што яго прадалі ў рабства малаадукаванаму шкаляру. Тады не чакай павагі, і адпаведна, дапамогі.

– Толькі прашу пана Пфальцмана захоўваць пачутае ў таямніцы! – інтрыгуюча пачаў Пранціш.

А з расповеду ягонага вынікала, што Пранціш – малодшы сын багатага і радавітага шляхціца, толькі не варта прамаўляць ягонае імя ўслых, таму што Пранціш сям’ю сваю раззлаваў, увязаўшыся ў авантуры.

– Амурныя справы, разумееце? – даверліва пазіраючы блакітнымі вачыма, гаварыў Вырвіч.

Амурныя справы тыя наносілі крыўду другой, яшчэ больш радавітай сям’і, і юнака з разбітым ад нешчаслівага кахання сэрцам давялося адправіць падалей ад непрыемнасцяў, пад прыглядам ягонага хатняга настаўніка, шаноўнага доктара гера Лотмана – менавіта так цяпер належала называць Бутрымуса Лёдніка.

У гэтым месцы расповеду Бутрымус нібы пракаўтнуў нешта, што перасела ў горле. Але прамаўчаў.

Вядома, выправілі Пранціша («Можаце называць мяне Франц Магнус!» – сціпла прапанаваў Вырвіч, стараючыся не глядзець на слугу) не голым-босым, былі і гладкія коні, і куфры з дабром, і грошы… Вось толькі мінулым вечарам на іх з настаўнікам напалі падступна грабежнікі, і ўсё адабралі, нават распранулі, давялося ахвярам скарыстацца з тых абноскаў, што латругі праклятыя, з сябе зняўшы, ім кінулі. Пры гэтых словах Пранціш патрос перад сваймі вачмі паедзенай моллю шапкай, быццам веры на даваў, што мог апрануць гэткую непаглядную рэч.

Але жменьку грошай захаваць ад грабежнікаў усё-ткі ўдалося, так што Пранціш і ягоны настаўнік будуць вельмі ўдзячныя, калі пан Пфальцман падзеліцца з імі адзеннем за разумную плату… А яны ахвотна дапамогуць пану ў ягоным бядотным становішчы, прыкладуць усе сілы, каб выцягнуць павозку з калюжыны і даставіць у Слуцк, бо дзве шаблі і пісталет у руках людзей баявітых і смелых у дарозе не лішнія, а надалей і ў дэманстрацыі цуда-машыны паспрыяюць.

– Бо як мяне выправілі ў свет за навучаннем, дык я рады буду пазнаёміцца з такім дасведчаным панам, як вы, гер Пфальцман, і паназіраць за цуд-машынай… Толькі трымайце ў таямніцы, хто мы – а то могуць быць непрыемнасці і для нас, і для вас. Можаце мяне прадстаўляць, як Франца, асістэнта гера Лотмана.

Пранціш уклаў у голас як мага больш пранікнёнасці, і гер Пфальцман размяк. Ён каротка пераклаў расповед Пранціша жонцы, і фрау Эльза ажно ўсхліпнула ад расчуленасці і ласкава паглядзела трохі пукатымі светлымі вачыма на блакітнавокага высакароднага юнака, які трапіў у бяду з-за палкасці пачуццяў, якім, вядома, жанчыны з вялікім сэрцам не спачуваць не могуць.

Лёднік, прабачце, гер Лотман, мудра маўчаў.

Мясцовы лясун відавочна прыйшоў у добры настрой і перастаў учыняць падарожным гадасці. Вецер Сутон працягваў наганяць хмары і плявацца халоднай вадой. Але Пранціш і Лёднік ехалі ў экіпажы Пфальцманаў. На абодвух былі нямецкія касцюмы, такія ж, як на гаспадары карэты. Двух дукатаў, вядома, шкада, але таргавацца не даводзілася – Пранціш выдатна адчуваў мяжу беражлівасці дабрадзеяў, за якую пераступаць нельга. З прычыны таго, што ўсе найміты збеглі, Лёдніку давялося быць за фурмана – бо вусаты Генрых кіраваў павозкай з застрашлівай жалезнай чарапахай.

Між тым Пфальцман забыўся на непрыемны выпадак і набыў выгляд самазадаволены да агіды. Ён паблажліва паглядаў на спіну Лёдніка, чыя залежнасць ад ягонае ласкі была яму, падобна, страшэнна прыемнай, нарэшце перасеў бліжэй да былога сябра і загаварыў.

– І чаму гэта, гер… Лотман, апошнія гадоў дзесяць я пра цябе нічога не чуў? – голас немца можна было на булку замест мёда мазаць. – Ты ж такім свяцілам быў… Трактат пра солі напісаў, артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе друкаваў. Прафесар Гофман лічыў цябе новым Парацэльсам. А ты, аказваецца, у хатнія настаўнікі пайшоў! Можа, таксама нешта вынайшаў за гэты час, але сціплічаеш?

Лёднік пахмура скасавурыўся на былога аднакурсніка.

– Хваліцца мне няма чым. На маім млыне малоліся адны камяні, а з іх хлеба не спячэш.

Куртаты Пфальцман ад гэтых слоў яшчэ больш раздзьмуўся і ўмудраўся паглядаць на высокага суразмоўцу зверху ўніз. Пранцысю зрабілася страшэнна крыўдна – гэта ж, уласна кажучы, ставілася пад сумніў каштоўнасць таго, што належала яму, Вырвічу! Чаго гэты Лёднік сябе прыніжае! Ён жа, на погляд абазнаных у алхіміі, навуковы подзьвіг здзейсніў, філасофскі камень знайшоў, алхімічнае золата здабыў, тут якраз ацанілі б!

– Бутрым, ды пакажы яму шкеліцу! – штурхануў слугу пад локаць Вырвіч. Але Лёднік, не выпускаючы лейцы з рук, толькі працяў юнака цяжкім позіркам і ўпарта паўтарыў:

– Мне няма чым пахваліцца.

Пранціш ажно засычэў ад расчаравання. Сам ён ні хвілечкі б не прамарудзіў пакрасавацца, каб было чым. Як можна дапускаць, каб нехта, дурнейшы за цябе, над табой узносіўся? Але Бутрыма гэта, падобна, зусім не турбавала. Гэтак жа спакойна ён адмовіўся складаць зорны прагноз шляху, які іх чакае, чым невымерна Пфальцмана здзівіў – Пранцысь зразумеў, што Лёднік у маладосці лічыўся майстрам такой справы і прадказанні рабіў ахвотна.

З неба зноў ліўся паскудны дождж, які барабаніў аб скураны навес павозкі. Лёднік і Пфальцман пачалі ўспамінаць падзеі прускай вайны, падчас якой абодвум давялося зашыць нямала ран і адрэзаць горы раструшчаных канечнасцяў. Фрау Эльза час ад часу спрабавала спыніць крывавую гаворку, але мужчыны рассмакаваліся, і Вырвіч задрамаў пад натхнёны расповед пра цікавыя прэцэдэнты кшталту даставання кулі з сёмага пазванка.

Пад вечар давялося зноў выцягваць павозку з калюжыны. Пасля фрау Эльза вылучыла ўсім па кавалку белага хлеба, лусце вяндліны і цыбуліне, а Пранцішу дык нават дастаўся кавалачак саксонскага перніка на мёдзе, які фрау ашчаджала, каб час ад часу ўспамінаць салодкі смак роднага дому. Да бліжэйшай карчмы было яшчэ гадзіны дзве, бо рухаліся яны з-за жалезнай чарапахі дужа марудна, дарога была больш падобнай рабрыстай дошкі, якой гаспадыні шуруюць бялізну, і коні стамляліся. Вось і зноў – чарговы адпачынак.

Затое выпала магчымасць трохі пахадзіць па лесе, размяцца. Пранціш адыйшоўся да маладых хвоек і выхапіў шаблю: нельга закідваць высакароднае мастацтва фехтавання! Выпад, выпад, узмах, адбіць, прапароць… Вырвіч забыўся на ўсё на свеце, уяўляючы на месцы хвоек, з якіх так і абляталі ссечаныя галінкі, бяссілых супраць спрыту і сілы вырвічаўскай варожых рыцараў. Раптам пры выпадзе з разваротам шабля Пранціша стукнулася аб метал… Лёднік улез са сваёй шабляй! Паківаў галавой расчаравана, адступіў на крок, адсалютваў зброяй, як робіцца перад кожным паядынкам, і па-настаўніцку скамандваў:

– У пазіцыю!

Гэты дактарок што, вырашыў выпрабаваць баявое ўменне шляхціца? Ну, зараз атрымаеш!

Пранцысь кінуўся на Лёдніка, спадзеючыся збіць з таго фанабэрыю… Але неяк хутка аказаўся без шаблі. Выбітая з рукі нейкім невядомым чынам, яна ўторкнулася ў вільготную глебу побач з норкай лясной мышы.

Лёднік занудным голасам тлумачыў Пранцысю ягоныя памылкі, і наконт паставы, і наконт увагі, і як правільна адбіваць удар… Вырвіч ужо нічога не чуў, толькі шум уласнай крыві… Схапіў шаблю – і на доктара…

Ды што ж гэта такое!

Задыханы Вырвіч, з потнымі кудзерамі, прыліплымі да ілба, хрыпла дыхаў і глядзеў на сваю шаблю, якая зноў ляжала на зямлі. Лёднік схаваў зброю ў похвы, падыйшоў да юнака і ўзяў за плечы:

– Паглядзі на мяне! Чуеш? Удыхні і затрымай дыханне! Так! Цяпер выдыхні… Яшчэ раз… Пастарайся супакоіцца. Cave canem, бойся сабакі, як казалі рымляне, і асабліва ўласнага гневу.

Пранціш з прыкрасцю страсянуў з сябе рукі слугі. Хацелася плакаць, але слёзы былі б ганьбай. Яшчэ хацелася адлупцаваць паскуднага доктара, так, каб у нагах валяўся, падла. А той стаў перад панам, скрыжаваўшы рукі на грудзях, сур’ёзны, як прафесар на іспыце.

– Я бачу ў табе два розныя тэмпераменты, якія, відаць, дасталіся ў спадчыну па родавых лініях і ўступаюць у канфлікт. З аднаго боку – ты жыццярадасны, здольны да спачування, празрысты і хуткі, як вада ў ручаі. З другога – у тваёй крыві занадта шмат агню, калі ты ўсхваляваны, абражаны, агонь успыхвае, кроў бяжыць хутчэй, і ты губляеш над сабой уладу і робішся жорсткім. Гэтая якасць узмоцніцца, калі пачнеш ужываць алкаголь. Кепска, што ў моманты перавагі другога, халерычнага, тэмпераменту ты нічога не чуеш, не ўспрымаеш… Калі размахваў шабляй, я да цябе лёгка падыйшоў са спіны. Ты мусіш вучыцца ўладаць сабою!

– А ты мяне і навучыш, значыць? – раздражнёна прамовіў Пранцысь. – А я, між іншым, не дазваляў табе скрыжоўваць са мной зброю! Гэта ты што, адпомсціць захацеў за мінулае, калі я шаблю табе да горла прыставіў?

Лёднік разгубіўся, нават пачырванеў.

– Як табе ў галаву такое прыйшло? – злосна прамовіў ён. – Я сам усё жыццё кіраваўся тым, што калі ёсць чаму і ў каго навучыцца, трэба не ўпускаць такой магчымасці! І калі можаш падзяліцца ведамі, трэба гэта рабіць. Але, відаць, некаторыя высакародныя асобы маюць устойлівую агіду да навукі…

Лёднік пакрыўджана адвярнуўся. Пранцысь некалькі разоў паводле парады доктара глыбока ўздыхнуў. Два тэмпераменты… Агонь і вада… Што ж, лепей, чым чорная жоўць альбо флегма.

– А дзе ты так фехтаваць навучыўся?

– У Лейпцыгу, – неахвотна адказаў доктар. – Ва ўніверсітэце кожны бурш павінен удзельнічаць у студэнцкіх двубоях – на шаблях, з морам крыві… Спецыяльна ставяць навічка супраць самых моцных – каб выпрабаваць, ці зможа стрываць раны, ці не схібіць. Хочаш выжыць – вучыся біцца і цярпець. А я ў кожнай навуцы прагнуў дайсці да вяршынь. А потым… усялякія школы былі. На вайне і доктар павінен умець абараніцца.

Пранціш памаўчаў, яшчэ раз уздыхнуў:

– Гэй, доктар, пакажы той прыёмчык… Калі ты апошні раз у мяне шаблю выбіў.

Лёднік, вытрымаўшы імгненні гонару, моўчкі павярнуўся. Выпрабавальна паглядзеў на гаспадара, маланкава выхапіў шаблю:

– У пазіцыю!

Цяпер Пранціш быў упэўнены, што кожную вольную хвілю знаходжання побач з доктарам той будзе выкарыстоўваць, каб напружваць альбо мазгі маладога гаспадара, альбо ягонае фізічнае цела…

Адзіная выратавальная думка – затое гэты настаўнік пры ўсёй сваёй суровасці ні дысцыплінай не адхвастае, ні ў карцэр не пасадзіць. А вось Пранцысь яго можа адлупцаваць! І той нічога не зробіць і не ўцячэ, мураш бяскрылы.

Шлях цягнуўся страшэнна марудна – пешкі, магчыма, дайшлі б хутчэй. Затое хапала часу на разважанні. Дапамагаць Пфальцманам – гэта вельмі добры, і, магчыма, адзіны шанец патрапіць у Слуцкі замак. Але ж трэба і знайсці Аляксандра Сапегу! А той, як сцвярджалі чуткі, спыніўся са сваім войскам на падыходзе да горада, у будынку кавалергардыі. У горад яго не пускаюць, але й прагнаць не могуць: узброенае перамір’е, ён з Радзівілам усё роўна як два шчупакі застылі над маленькай паўжывой рыбкай, ведаючы, што калі пачнуць біцца за здабычу, адзін аднаго зжаруць, ускаламуцяць усё возера, а рыбка, глядзіш, і выслізне.

Пранціш сядзеў побач са сваім слугою на козлах брычкі, весела пабоўтваючы нагамі ў нямецкіх чаравіках і недарэчных белых панчохах, якія зрабіліся плямістымі, як лемпард. Пфальцманы драмалі ззаду на сенніку, воз з жалезнай чарапахай цягнуўся за брычкай, як грахі за грэшнікам. Лёднік упэўнена кіраваў коньмі і вучыў Пранцыся вымаўляць без акцэнту нямецкія фразы.

Апошнія елачкі расчыніліся ў прыцемку, замільгалі хаты… Наперадзе гарэлі цьмяныя агні ў вокнах камяніцаў…

– Стой! Хто такія?

Дарогу перагарадзілі людзі ў амарантавых жупанах каралеўскіх войскаў, асвятляючы падарожных паходнямі. Пранцысь насунуў капялюш як мага ніжэй, зрабілася млосна, як перад іспытамі. Няўжо зноў? Лёднік таксама апусціў галаву.

Якуб Пфальцман вылез наперад.

– Я доктар Якуб Пфальцман з Лейпцыгу! Вязу дэкарацыі і піратэхнічныя прылады да тэатру найяснейшага князя Гераніма Радзівіла!

– А, Гераніма Радзівіла? А ці не ёсць гэтыя дэкарацыі толькі, так бы мовіць, дэкарацыямі? – з’едліва адгукнуўся высокі ўлан. – Можа, вы дапамагаеце пану Радзівілу рыхтаваць паўстанне супраць нашага законнага караля? Пакажыце, што везяце!

– Па якім праве? – абурыўся гер Пфальцман, які звык, што імя Радзівілаў выклікае ў сустрэчных звычайна багавейлівы жах.

– Па загадзе генерал-маёра Аляксандра Сапегі! – адказаў улан, і Пранціш ускінуўся: вось дык шанец!

– А дзе зараз найяснейшы пан Сапега?

– А табе што за справа, немчык? – пагардліва кінуў улан, і нават палаш з похваў трохі высунуў, каб пастрашыць падшыванца. Пранцысь жа забыўся, у якім ён зараз абліччы. Але пазбаўляцца шанцу сустрэцца з Сапегам было немагчыма. Вырвіч саскочыў з брычкі, наблізіўся да ўлана і пачаў тлумачыць пра таемнае і тэрміновае пасланне.

– Нядаўна да пана Сапегі прыехаў малады казак [10]10
  Казакі– не толькі сацыяльная супольнасць, але таксама і від лёгкай кавалерыі.


[Закрыть]
, увесь аброслы… Давялося яго пагаліць, каб прачытаць на ягонай чэрапаўцы напісанае квасцамі пасланне. У цябе таксама нешта падобнае? – насмешна папытаўся улан. – Ты ж разумееш, што калі ветрам гандлюеш, нашыя шаблі хутка праветраць твае вантробы.

Пранціш паклаў руку на сваю зброю:

– Слова шляхціца! Калі неадкладна праводзіце да пана Сапегі мяне і майго доктара, генерал толькі рады будзе.

А за ягонай спінай ужо дыхаў Лёднік, гатовы абараняць маладога гаспадара. Пфальцман выціраў насоўкай спацелы лоб, уцяміўшы, што патрапіў у рукі ворагаў свайго кліента, не менш магутных, чым той, а побач грувасцілася захінутая палотнамі жалезная чарапаха.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю