355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега » Текст книги (страница 1)
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 05:40

Текст книги "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

Людміла Рублеўская
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны

Медны шэлег [1]1
  Шэлег– дробная мядзяная манета, роўная адной трэці меднага гроша.


[Закрыть]
– гэта вам не срэбны грош… І тым болей не чырвоны талер.

Але каб вызначыць, куды далей рушыць з гэтага няўтульнага раздарожжа, дзе толькі і ёсць што тры асіны, пахілены драўляны крыж ды вялізная, як саксонскі ложак караля Аўгуста, і бяздонная, як кішэні ягоных амаратаў, лужына, дык і мядзяк прыдасца.

Пранцысь – учорашні навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму, а сёння – прайдзісвет, галадранец, валацуга, галыганец ды як яго там яшчэ ўшаноўвала гандлярка булкамі на Ніжнім рынку, і што наперадзе – невядома, бо ў васемнаццаць гадоў нават святы Францішак Асізскі меў у галаве вецер, а ў руках – чарку віна…

Праўда, віном, салодкім і спакусным, нібы яблык у руцэ прабабулі Евы, як відаць, пачаставацца Пранцысю выпадзе яшчэ не хутка… Маем на ўвазе – за ўласны кошт.

Але дзе-небудзь ды знойдзецца халяўны келіх для не дужа моцнага, але ладнага блакітнавокага шкаляра з усмешлівымі вуснамі і ўпартым русявым чубам…

Дзе?

Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры – ясная справа, кампаніі, нават такой жа мядзянай, у торбе гаспадара яму не прадбачылася. Баявіты вершнік з мечам на цьмяным твары манеты скакаў у бок Валожына. А можа, Варшавы… Ці Дрэздэна…

А чаму б шкаляру, які дасканала авалодаў кухоннай лацінкай, не дайсці да Дрэздэна ці нават Рыма? Паўсюль знойдзецца таўсманная гандлярка булкамі, якая час ад часу страчвае пільнасць дзеля вельмі карыснага для разгону флегмы і спальвання лішняй жоўці перабрэху з суседкамі па кірмашы, і ўжо, ясная справа, не здольная дагнаць жвавага, як вадкае срэбра, нашчадка згалелага шляхецкага роду Вырвічаў герба «Гіпацэнтаўр» – на якім некалькі стагоддзяў кентаўр з сімпатычным, дужа рахманым тварам замахваецца мячом на ўласны хвост, што ператварыўся ў ікластага цмока. Бацька, пан Даніла Вырвіч, а ён часам прыпадабняўся пасля карчмы пабітаму цмоку, казаў, выява на іхнім гербе азначае, што ў кожным хаваецца і анёл, і пакорлівая жывёла, і драпежны звер, і трэба заўсёды мець пры сабе бліскучы меч шляхецкай годнасці ды адвагі, каб застацца чалавекам…

Асіны мілажальна зашаргацелі вузкімі лістамі, нібыта касцельныя дэвоткі заскавыталі ў спіну: ой, прападзе, скруціць голаў, загубіць душу сваю грэшную неслух чубаты…

А Пранцысь перахрысціўся на пахілены крыж з парэшткамі аброчнага рушніка, гадоў дваццаць таму вытканага зляканай, што не павядуць да шлюбу, альбо што не вернецца са слаўнага каралеўскага войска ейны чалавек, ткаляй… Паправіў на галаве шляхецкую шапку з сапраўдным, хаця й паедзеным моллю собалем і жаўтаватым дыяментавым гузам [2]2
  Гуз– дыямент, якім упрыгожвалі шляхецкую шапку.


[Закрыть]
– адзінае, што старэйшы пан Вырвіч змог падарыць сыну-студыёзусу, акрамя пацямнелага ад часу прадзедавага залатога сыкгнету ды шаблі з выгравіраваным на дзяржальне гербам «Гіпацэнтаўр». Старанна начышчаны Гіпацэнтаўр быў ганебна пакінуты ў канвенце – інтэрнаце калегіюма падчас тэрміновай рэтырацыі… Пранціш здушыў горкі ўздых пры ўспаміне пра страчаную шляхецкую зброю і рушыў – туды, куды вецер дзьме, лятуць першыя восеньскія лісты і аблокі і птушкі Сімург і мроі недавучаных шкаляроў езуіцкага калегіюма.

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
ЯК ПРАНЦЫСЬ КУПІЎ АЛХІМІКА.

Карэта была шыкоўнай – і бруднай. Бруднай, як мужыцкі скураны поршань. З-за наліплай гразі нельга было разгледзець нават герб на дзверцы карэты. А коні сытыя, імклівыя… Бруд фантанамі з-пад капытоў… Эх, калі б тут кустоў’е на ўзбочыне, ды прыцемак, ды коні трохі замарудзіліся…Тут бы Пранцысь і прычапіўся да экіпажу, і, з дапамогай святога Франтасія, даехаў бы хоць да Каменнай Горкі. Але было светла, а фурман злосна пазіраў па баках, як пугач у пошуках неасцярожлівай мышы. Пранцысь тужліва глядзеў услед карэце, калі раптам… Няўжо святы Франтасій паспрыяў? – фурман, пачуўшы вокліч гаспадара, нацягнуў лейцы… Карэта спынілася. Але мудры шкаляр не спяшаўся падбегчы – мала што заманецца панам? Можа, злосць на кім спагнаць захацелася… Ведама, шляхціц да шляхціца павінен звяртацца «пане браце», як да роўні, незалежна, ці ты магнат, ці «шарачок», у якога нямашака ніводнага прыгоннага. Але насамрэч шыты золатам кунтуш аблезламу собалю не роўня. З братамі Валадковічамі, кумпанамі [3]3
  Кумпан– блізкі сябар.


[Закрыть]
Радзівілаў, спаткаешся не ў добры час, не дай Гасподзь – сто і адзін бізун гарантаваны… Ні за трэску, а для форсу. А з вакенца карэты між тым высунулася вусатае аблічча падарожнага. Твар чырвоны, вусы пшанічныя даўжэзныя, на шапцы дыяментавы гуз амаль са сліву, а ад злосці ледзь не агнём дыхае. Чырванатвары спыніўся позіркам на Пранцысевай шляхецкай шапцы, недарэчна спалучанай са шкалярскай мантыяй… Не прамінуў залаты сыкнет, што цьмяна пабліскваў на Пранцысевым пальцы – нездарма шляхціц хутчэй здохне з голаду, чым застанецца без адзнакаў свайго звання. Хлопец у чарговы раз пашкадаваў, што не мае шаблі. Эх, дзе ты, шабелька… Няхай чорная, не парадная, у похвах са скуры вугра… Без каня – таксама кепска, але заўсёды можна зылгаць, што прайграў вернага дрыгканта ў карты. А шляхціц без шаблі – усё роўна што голы.

– Гэй, ты, гіцаль [4]4
  Гіцаль– памочнік ката, слова ўжывалася як лаянка.


[Закрыть]
! Шкаляр! Табе кажу, не лужыне. Падыдзі. Фартуну [5]5
  Фартуна– улюбёны вобраз куртуазнай літаратуры, удача.


[Закрыть]
сваю лаві!

Ага, фартуну… Такі чырванатвары хіба кулаком у пысу адорыць.

Але Пранцысь асцярожна наблізіўся, гатовы ўвобмірг адскочыць.

– Што, у езуітаў вучышся? – слізгануў падарожны позіркам па Пранцысевай апратцы. – Шляхціц?

– Шляхціц! – ганарыста адказаў Пранцысь, паклаўшы руку з сыкгнетам на ўяўную шаблю.

– А грошы маеш, лабідуда? Стаяць! – раўнуў, заўважыўшы, што Пранцысь пры недалікатным пытанні пра грошы адскочыў на тры лужыны, а Пранцысь у сваю чаргу заўважыў самае прыкрае, што пабачыць можна на пустэльным восеньскім гасцінцы, а менавіта рулю настаўленага на яго пісталета. Тут не пабегаеш надта… Ды і фурман вунь які пагрозны, і таксама з пісталетам за пасам – гэты не прамарудзіць пагнацца па гаспадарскім загадзе.

– Ты што думаеш, пан Агалінскі рабаваць цябе будзе? Я прадаць адну каштоўную рэч жадаю. Ну хоць які ламаны паўгрош маецца?

Пранцысь неахвотна палез у кішэню.

– Вось… Шэлег…

– Матка Боска Чанстахоўска! Цэлы шэлег! – пісталет затросся ў руцэ чырванатварага – так зарагатаў. – Чуеш, зоркавед? Я прадам цябе за цэлы шэлег! – дадаў ён, павярнуўшыся да кагосьці ў карэце.

Потым зноў запытаўся ў падарожнага:

– Як цябе завуць? Імя скажы!

– Пранцысь Вырвіч, са слаўнага роду Вырвічаў з Падняводдзя, герба «Гіпацэнтаўр»!

– Няхай будзе Вырвіч… Запісвай… – апошняе зноў было сказана да невядомага ў карэце.

Пранцысь тужліва пазіраў па баках, выглядаючы ратунку. Раптам дзверцы з захляпаным гразёй гербам расчыніліся, і князь Агалінскі вывалак з карэты хударлявага немаладога тыпуса ў доўгай чорнай апратцы, падобнай да мантыі выкладчыка калегіюму, з паголеным па нямецкім звычаі тварам. Спадар паглядаў калючымі цёмнымі вачыма з-пад адрослых чорных пасмаў гэтак ненавісна, што Пранцысю падалося, што зараз пачуе звыклы вокліч: «Гэта самы лянівы студыёзус ад Тыбру да Барысфену! А розаг бярозавых яму…» Між тым пан Агалінскі ледзь не адарваў магутнай рукою тыпуса ад зямлі за каршэнь, хоць той быў вышэй пана на поўгалавы, і штурхнуў яго проста пад ногі шкаляру, у бруд.

– Давай шэлег, васпан!

Пранцысь працягнуў на далоні сваю апошнюю каштоўнасць… Агалінскі ўзяў двума пальцамі:

– Вось! Неба сведка, слова шляхціца: ад гэтага часу паскуднік Бутрымус належыць табе, рабі з ім, што хочаш, – і палез ізноў у карэту, выкрыкваючы на развітанне насмешна. – Ото, шчасце, хлопча, займеў. Гэта муж вучоны, алхімік. Ён табе золата наварыць, засыплешся! Не забывайся толькі бакі яму падпраўляць калацінай, чарнакніжніку праклятаму!

З карэты вылецеў папяровы скрутак проста ў твар Пранцішу, той ледзь паспеў яго схапіць.

Фурман таксама падарыў ашалеламу Пранцысю на развітанне надта брыдкую ўсмешку, тузануў лейцы…

Толькі калі карэта аддалілася на адлегласць свісту, Пранцысь трохі ачомаўся і перавёў позірк на сваё новае ўладанне.

Чалавек моўчкі ўзняўся на ногі і абтрос доўгую чорную світку. Ягоны нос нагадваў дзюбу драпежнай птушкі, вусны пагардліва падціснутыя… Так што Пранцысю падалося, што гэта не ён купіў валасатага прайдзісвета, а зусім надварот. Ці не варта ўцячы падалей ад гэтага тыпуса, пакуль не позна? А раптам ён і праўда чараўнік… Пранціш разгарнуў звітак: гэта была аформленая, як належыць, папера на ўладанне слугою мужчынскага полу Баўтрамеем Лёднікам, майстрам навук таемных, доктарам ды талмачом, які з прычыны немагчымасці выплаціць доўг у дзвесце дукатаў даў прысягу служыць свайму пану пажыццёва, без платы і права сысці, і пан можа распараджацца ім, як яму заўгодна. Імя Пранціша крыху крыва ўпісалі на належнае месца, атрамант яшчэ не прасох, і апошняя літара прозвішча мела размазаны хвосцік, нібыта яе затрымалі, калі збіралася ўцякаць з падазронага аркуша.

Між тым алхімік утаропіўся ў свайго новага гаспадара змрочным пранізлівым позіркам. Маўчанне зацягнулася, як варшаўскі сойм. Яго парушыў Бутрымус.

– Ну?

Пранцысь разгубіўся.

– Рабіць што збіраецца мой гаспадар? Тут начаваць, ці як? Пан Пранціш, матка Боска… Толькі бязмозгага хлапчыскі мне не хапала за ўладальніка.

Голас зоркаведа ажно рыпеў ад пагарды. Вырвіч пакрыўдзіўся. Урэшце, гэта не яго толькі што прадалі, як лапатнага мужыка, а фанабэрыстага доктара. Трэба паказаць яму, хто на якім шастку начаваць будзе!

– Куды скажу, Бутрымус, туды і пойдзем… У бліжэйшую карчму, напрыклад.

– Было б дарэчы, каб вы называлі мяне доктарам, – змрочна прамовіў Пранцысеў слуга. – Доктарскага звання мяне ніхто не пазбаўляў, гэтак жа, як Платон не перастаў быць філосафам, калі яго таксама прадалі ў рабства. – Памаўчаў, неахвотна працягнуў: – Карчма – гэта някепска. Апошні раз я еў… Даўно, карацей. Але за што там баляваць? Вы ж, як я разумею, апошні шэлег на маю каштоўную персону патрацілі?

Пранцысь збянтэжана хмыкнуў. Праўда, грошай няма. А пан абавязаны клапаціцца пра сваіх слугаў. Якая павага да пана-галадранца, які й сабе кавалак хлеба не купіць? Праўда, цяпер Пранціш быў багацейшы за свайго татачку на цэлага слугу! У пана Данілы Вырвіча ніводнага халопа не засталося, калі не лічыць старой Агаты, усё спляжылася на карчомку.

– А ў вас… у цябе ёсць грошы?

Доктар абварыў юнака поглядам.

– Каб у мяне былі грошы, мяне б тут не было. Ну што ж, рушым у карчму.

І падыбаў у бок Валожына, як чорны бусел з перабітымі крыллямі, не зважаючы ўвагі на шкаляра. Пранцысь разгубіўся. А што, калі доктар накінецца, паперу аб куплі адбярэ, парве, уцячэ? Худзючы, але жылісты і злосны, як хорт. Пранцысь так бы і ўчыніў на ягоным месцы. Ясна, што халопскае становішча гэтаму тыпусу ўнове.

Але шкаляр – гэта вам не тлусты карась, якога можна прыціснуць у нераце. Галоўнае, не спалохаць гэтага… Бутрымуса. Дайсці з ім да люднага месца. А там – перапрадаць хоць каму. Ён жа вучоны, лячыць, відаць, умее, зоркі чытаць… І Пранцысь бадзёра дагнаў свайго слугу, які абыякава расплюхваў нагамі восеньскую калатэчу.

– Пан Агалінскі казаў, ты золата рабіць умееш. Гэта ты яго падманваў, відаць? Наш прафесар Кумоцкі казаў, што гэта байкі ды круцельства, насамрэч нікому не ўдалося зрабіць ані крупачкі штучнага золата!

Доктар падараваў шкаляру яшчэ адзін востры пагардлівы позірк, хоць замест цвіка ў сцяну ўбівай, прыпыніўся, пакорпаўся ў таемных кішэнях свайго балахона і дастаў маленькую шкляную бутэлечку, не больш за мезенец.

Пранцысь прагна ўгледзеўся… У бутэлечцы цямнела нешта падобнае да чорнага вуглю. Доктар патрос змесціва, і шкаляр заўважыў у чорным залатыя іскрынкі. Калі гэта золата, дык за яго й булкі не дадуць… Вусны Бутрымуса перакрывіла горкая ўсмешка.

– Так, лёс злосна жартуе з тых, хто аддаецца гардыні розуму й лічыць, што яму пад сілу зацугляць Богам створаныя стыхіі… У гэтым мізэрным сасудзе, хлопча, дзесяць год майго вартага жалю жыцця, уся мая радавая маёмасць і ўрэшце мае годнасць і воля… Шчопаць золата, змяшанага з попелам… Я сапраўды каштую не больш за шэлег.

Зверху сыпанулі дробныя, як празрыстыя макавінкі, кроплі дажджу. Бутрымус схаваў бутэлечку ў кішэню і рушыў далей, і ляцеў за ім восеньскі вецер, як местачковы падшыванец за юрадам, і дражніўся празрыстым языком, і тузаў за крысо… А Пранціш падумаў тое, што заўсёды думае ўпэўненая ў сабе, дужая маладосць пры сутыкненні з нечым сталым расчараваннем: «Я ніколі такім не стану. Са мной нічога падобнага не здарыцца».

Словы даводзілася выцягваць з алхіміка, як пчаліны мёд з корсты – асцярожліва, рашуча і з рызыкай быць уджаленым.

Бутрым Лёднік быў сынам полацкага гарбара. Той меў маленькую майстэрню па вырабе скураў і вялікія надзеі на пашырэнне справы. Але адзіны сын, які атрымаў гучнае імя Баўтрамей, бацьку моцна расчараваў, бо ад смуроду сырых скураў увесь пакрываўся балячкамі ды млеў, як паненка пасля дзесяці мазурак. Адзінае, на што быў прыдатны – змешваць розныя солі ды вадкасці… Але гарбара з яго не выйшла б ніколі, хоць з самога ўсю скуру злупі. Давялося аддаць недарэку ў вучні да дурнаватага ўладальніка лаўкі кніжнай ды майстэрні пераплётнай купца Івана Рэніча. Дабрэнны чалавек, але дзівак: ідзе па вуліцы, у кнігу нос уткнуўшы, па начах у трубу на зоры глядзіць, яшчарак ды іншых пачварак у слоіках са спіртам трымае, ды яшчэ вока ўвесь час тузаецца, быццам на яго нябачная муха садзіцца. Адно слова – няма каму клёку дадаць, бо як з дачкой малой застаўся, так новую кабету ў дом і не ўпусціў. Жонка ад недарэкі самым ганебным чынам збегла з заезжым уланам. Дык Рэніч, замест таго, каб падаць у суд на распусную кабету, ды каб за валасы дамоў прыцягнулі, па закону змусілі адказваць за пералюбства, толькі выцер слязу ды адмахнуўся ад прапаноў: няхай, маўляў, жыве спадарыня Рэніч, як хоча, як ёй шчасней. А яшчэ падазрона, што з габрэямі сябруе, з аптэкарам Лейбам колькі вечароў за вучонымі размовамі правялі! Кажа – усе мы Божыя істоты, усім Гасподзь адну зямлю даў, у адным горадзе пасяліў, на адзін рынак ходзім – і няма чаго нам дзяліць, калі ворагі нашу зямлю падзяліць мараць. Няйначай, кабаліст і чарнакніжнік.

Вось тут, сярод цяжэнных фаліянтаў ды ўтульных томікаў ін-кварта, псалтыраў з залатымі буквіцамі ды філасофскіх трактатаў з загадкавымі малюнкамі Бутрым сябе й знайшоў, бо да навукі кніжнай аказаўся вельмі кемны, і ў стварэнні атрамантаў розных… Трактат Тэафіла «Аб разнастайных штукарствах» вывучыў ён напамяць гадоў у дванаццаць, і ўмеў скласці фарбу «посх» першага і другога роду, і фарбу вірыдонавую, і аўрыпігмент… І вывучыў, «чым валодаюць грэкі ў адносінах да розных фарбаў і сумесяў, што ведаюць у Таскане пра фініфць ды розныя віды чарнення і чым вылучаюцца арабы ў сваіх каваных, ліцейных альбо чаканных вырабах, якой разнастайнасцю сасудаў, гем, разной косткі з золатам і срэбрам знакамітая Італія, як любяць у Францыі розныя прыкрасы ў вокнах і як пашанотныя ў Германіі вытанчаныя працы з золата, срэбра, медзі, жалеза, дрэва і каменя». А аптэкар Лейба навучыў яго разбірацца ў зёлках ды мікстурах, і складаць тынктуры, і распавёў пра суадносіны ў арганізме вадкасцяў, іначай – гумораў, а менавіта крыві, жоўтай жоўці, чорнай жоўці і флегмы, а яшчэ навучаў лаціне і старагебрайскаму…

Іван Рэніч здольнасці хлапца заўважыў, сэрцам да яго прыхінуўся, цяпер было яму разам з кім глядзець на зоры і вывучаць заспіртаваных яшчарак. Бутрым засвоіў усе пераплётныя ўменні і мог працаваць надалей на гаспадара. Але прагу да ведаў Рэніч лічыў галоўнай вартасцю чалавека, таму вылучыў грошы на навучанне юнага Бутрыма, а нешта дадаў і аптэкар Лейба. Давялося гарбару змірыцца з тым, што сын пойдзе па вучонай частцы. Скончыў Лёднік Полацкі калегіюм, атрымліваючы на кожным курсе залаты медаль, тады рушыў ва ўніверсітэт у Празе, скончыў там факультэт мастацтваў, вывучаючы сем вольных навукаў ды царыцу навук – філасофію, тады перабраўся ў Лейпцыг, паступіў на медыцынскі факультэт… Новыя і новыя веды п’янілі мацней за віно. Здабыў доктарскі ланцуг на грудзі, але больш, чым богаўгодная лекарская справа, захапілі яго навукі таемныя. А найперш – алхімія. Знайсці філасофскі камень! Якая высокая мэта жыцця! А што ж, нават іншы палачанін, славуты Францішак, сын Скарынін, некалькі год на здабыванне таго каменя спляжыў, перад тым, як пачаў кніжкі друкаваць. Год за годам Бутрым набліжаўся да разгадкі… Падарожнічаў, знаёміўся са славутымі мыслярамі і алхімікамі, бачыў такое, што зямному воку бачыць не належыць. І на вайне давялося пабываць, і чуму сустрэць, з палону ўцякаць, і ў палацах красавацца… Нават да шалёнага Марціна Радзівіла, які заняўся чарнакніжніцтвам ды склікаў да сябе ўсіх знаўцаў навук таемных, патрапіў… І ледзь ацалеў, бо стомлены хараством шматлікіх «кадэтак» князь захацеў чагось незямнога. І чамусьці ўзяў у галаву, а хутчэй наплявузгаў яму ад зайздрасці хтось з вучоных калегаў, што малады Лёднік можа выклікаць для суцяшэння пана Сільфіду, паветранага духа прыгажосці незвычайнай, які надорвае зямнога каханка здольнасцю лётаць ды мову птаства разумець… Толькі вось не хоча Баўтрамей прызнацца ў гэтым сваім уменні, каб адзінаасобна вабнотамі духаў паветраных цешыцца. Так што калі не менш шалёны брат Марціна Геранім Радзівіл, па мянушцы Жорсткі, разам з другім братам, гетманам Міхалам Радзівілам ды пляменнікам Каралем узялі штурмам Марцінаў замак, а вучоную хеўру разагналі, Бутрымус успрыняў гэта як ратунак, бо гаспадар усур’ёз збіраўся пусціць упартага алхіміка на інгрыдыенты для доследаў.

Пакуль муж вучоны швэндаўся па свеце, і маладосць прайшла, і бацькоў забрала чорная воспа – толку, што сын на лекара вывучыўся. Але часу гараваць не было. Алхімік засеў у бацькоўскім апусцелым доме і пачаў Вялікае Дзеянне – здабываць філасофскі камень… На рэдкія складнікі спляжыліся і свае, і бацькоўскія грошы. Дом і майстэрня пайшлі ў заклад. І гэтага не хапіла. А таемны працэс быў ужо на той стадыі, калі нельга адыходзіць ад палаючага тыглю, калі нельга перарываць справу. Бутрым паступова перастаў лекаваць нават самых багатых кліентаў. І ўрэшце заклаў аднаму з іх – пану Агалінскаму – апошняе, што меў: сябе самога, паабяцаўшы, што вось-вось зможа ператвараць жалеза і волава ў самае чыстае на свеце золата, і тады расплоціцца з панам з лішкам. А іначай будзе служыць яму да скону.

Агалінскі чакаў цэлы год. Урэшце золата збліснула ў вугалях тыглю… Але калі пан усвядоміў, колькі будзе каштаваць адна манета з такога штучнага золата, і колькі гадоў трэба збіраць на яе бліскучы метал – уз’ятрыўся і запатрабаваў доўг. І Лёднік перастаў быць вольным чалавекам.

У жаху Бутрым азірнуўся на свой лёс… І зразумеў, што гэта – Божае пакаранне. Ён даў сабе слова, што больш ніколі не пойдзе супраць Божага промыслу, не стане не толькі займацца алхіміяй, але й нават складаць гараскопы, назаўсёды адрачэцца ад чараўніцтва і гадання.

Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…

Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча зазірнуць у будучыню! Нават Пранцішаў бацька, п’янтос і буяш, на кожнае вялікае свята замаўляў сабе прадказанне ў аптэкара з бліжэйшага мястэчка, які падрабляў зоркаведам. Але ж калі гэты ўпарты Лёднік астралогію адрынуў, можна скарыстаць ягоныя іншыя ўменні…

– Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?

Алхімік пагардліва хмыкнуў.

– А што, пан расхварэўся?

– Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… – Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. – Хто ж паверыць, што славуты доктар – слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.

Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.

– Нешта прадказвае мне, я сто разоў пашкадую, што пан Агалінскі не адправіў мяне служыць на стайню.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю