Текст книги "Заўтрашнi дзень"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
– А браткi мае, от жа ёмка, але ж i далi! От жа ж! – I раптам знiк у паплаўным хмызняку.
Чакалi гэтага моманту восем сутак у засадзе ля шашы, а самая аперацыя закончылася праз некалькi хвiлiн. Коля Сушчэвiч i Антон Крамарэвiч выйшлi на шашу. Нямецкi афiцэр ляжаў нежывы. У гэтым месцы на шашы была толькi адна яма, па той бок машыны, якая бадай што цэлая стаяла над афiцэрам. Колева граната пераляцела паўз машыну па той бок яе i ўпала ў старане ад яе: Коля не разлiчыў размаху сваёй рукi. Вельмi можа быць, што афiцэр сканаў, упаўшы патылiцаю аб каменную дарогу. Коля аглядаў яго з усiх бакоў. У Антона Крамарэвiча пачалiся першыя адзнакi шчасця помстай ачышчаць сваю душу ад смутку i цяжару. Гэтае пачуццё ў хуткiм часе стала яму вельмi знаёмым. Калi праз доўгi час ён успамiнаў гэты момант, то выразна думаў, што адгэтуль i пачалося поўнае знiкненне яго духоўнай прыгнечанасцi. Ён пакiнуў закiдаць думкi назад i забягаць iмi лiшне далёка. Ён ужо жыў тым, чым жыў кожны дзень. Многа людзей з выратаванага натоўпу асталося пры атрадзе.
Якраз у тыя днi пачалiся сталыя халады i нападаў снег. Атрад вярнуўся ў ранейшыя свае мясцiны, але не ў лес, а заняў тыя шэсць хат пры лесе. У няскончаным Крамарэвiчавым доме паклалi падлогу, паставiлi печы, пашклiлi вокны, i неўзабаве над дахам гэтага дома пачаў вiцца дым з комiна. Антон Крамарэвiч аднак жа астаўся ў старой хаце i з iм Коля Сушчэвiч. Сэрцу Антона Крамарэвiча нiчога не гаварылi сцены новага дома.
У тыя днi, пасля справы на шашы, нiводнага немца не асталося ў раённым цэнтры, i гэты пасёлак заняў другi атрад, якi ў часе яшчэ ляснога жыцця суседзiў з цяперашнiм шасцiхатнiм атрадам. Пачалася зiма як мае быць. Па шашы цяпер зусiм не ездзiлi немцы. I па ўсёй тут вялiкай акрузе зусiм не з'яўлялiся. Партызаны ўладалi тут усiм на вялiкую разлегласць.
Пераход на новае месца, новыя справы ў атрадзе, новыя ўражаннi самога Колi Сушчэвiча i шпаркая хада часу ўзялi на сябе ўсю ўвагу гэтага ўражлiвага хлапчука. I ён цяпер ужо не мучыўся думкамi аб бацьку. Быццам бы ён уведаў тую праўду, што яшчэ не тое што гады, а дзесяткi год будуць турбаваць яго ўсялякiя думкi пра бацьку, а цяпер трэба рабiць самае важнае: трымацца за штодзённыя чалавечыя справы i абавязкi, у якiх i сэнс, i радасць. Ён за гэты час i пажвавеў, i папрутчэў.
Але сам Аляксандр Сушчэвiч якраз у гэты час больш, як калi раней, думаў пра Колю, i можа нават думкi пра сына былi цяпер адзiным апiрышчам яго душы, у гэты злы i брыдкi час яго жыцця.
Можна пэўна сказаць: яго згубiў той вялiкi разрыў, што быў у яго памiж розумам i дзейнасцю, якую ён выбраў сабе, i не абы-як, а на ўсё жыццё. Ён лез у кiраўнiкi. I ў гэтым было няшчасце не так таго раёна, дзе ён быў даволi-такi паважнай асобай, як яго самога. Кiраўнiчага таленту ў яго можа хапiла б на тое, каб сядзець у возе, трымацца за лейцы i скiроўваць каня то ўправа, то ўлева. Ён i не падумаў нiколi, што навакол яго людзi. Яму здавалася, што ён нечым кiруе i нешта арганiзоўвае, а было так, што людзi бачылi яго i хтосьцi нават сказаў быў раз:
– Каб замест яго паклаў у яго крэсла палена, то тое самае было б.
Але няхай сабе яго i абсмейвалi. Гэта яшчэ паўбяды. Поўная бяда была з таго, што яго пачыналi ненавiдзець. Антон жа Крамарэвiч не так сабе кiнуў сям'ю i зноў выехаў у свет шукаць спосабу жыць. Выязджаючы, ён раструбiў усiм, што гэта праз Сушчэвiча ён разлучаецца з сям'ёй. Гэтаму Крамарэвiчу i ў галаву не прыйшло, што Сушчэвiч можа тут i сам жахнуўся б, каб яму хто сказаў, што ён i не кiраўнiк, i не работнiк, а самы сапраўдны злачынец перад савецкай дзяржавай. Але ён не толькi гэтага не ведаў i не адчуваў, а думаў, што ён вельмi важны чалавек у сацыялiзме. Ён вельмi быў пакрыўджан тым, што не быў узнагароджан ордэнам. Я нядаўна чуў, як адзiн работнiк так суцяшаў сябе: "Яшчэ рана думаць, што ўсё скончана. Яшчэ не ўсе загадчыкi аддзелаў атрымалi ордэны". Як быццам бы ордэн павiнен давацца за загадванне аддзелам, а не за працу i заслугi перад дзяржавай. Аляксандр Сушчэвiч насiў у сабе крыўду i пакрысе варушыўся. Можа б Антон Крамарэвiч i вярнуўся б хутка дадому, i скончыў бы, як сам хацеў, сваю новую хату, але да яго даходзiлi чуткi пра некаторыя справы каля Аляксандра Сушчэвiча, i ён думаў: "Пачакаю яшчэ крыху, няхай там ацiхне".
У тым раёне быў памылкова раскулачан адзiн чалавек, якi не быў кулаком. Недагляд гэта быў цi якое-небудзь спагнанне злосцi? А пасля аднаго чалавека выкiнулi з калгаса за тое, што ён сказаў быў раз: "Якая ж гэта савецкая ўлада, калi тут чалавека раскулачваюць, а не кулака?" Каб на добры розум, дык гэтага чалавека трэба было б падзякаваць i пахвалiць за добрую i справядлiвую думку, а Сушчэвiч прышыў яму абвiнавачанне, што ён падрывае аўтарытэт прадстаўнiкоў улады. Ох, гэты "аўтарытэт", там, дзе яго няма! Колькi разоў мне даводзiлася выслухваць навучаннi, як працаваць i як жыць, ад людзей, якiя самi не ведаюць, як трэба працаваць i як трэба нам усiм жыць.
Была i яшчэ хiба ў Аляксандра Сушчэвiча. Ён сiлаю-гвалтам укараняў у людское жыццё тое, што было ўласцiва яму самому. Вядома, не кожны мог прыняць гэта як непарушную праўду. Да таго ж, сярод гэтых людзей знаходзiлiся i такiя, што галоў на пяць былi разумнейшыя нават за самога Аляксандра Сушчэвiча. Не прымаючы сушчэвiчаўскiх нормаў i спосабаў, а робячы iнакш, яны былi пад падазронасцю ў яго. Здаралася, што праз колькi год, абсвяжыўшыся якiм-небудзь свежым ветрам, Сушчэвiч даходзiў да новых думак i ў захапленнi сам ад сябе тлумачыў усiм новыя дасягненнi сваёй галавы. Яму гэта была навiна, а многiя ўвесь свой век жылi гэтымi думкамi i спосабамi. Дык некаторыя з яго пасмiхалiся, а некаторыя з пэўнага часу ўзненавiдзелi. Вялiкае няшчасце бывае тады, калi чалавек з мандатам на права навучаць iншых пачынае думаць, што навокал яго ўсе бараны, якiя нiчога самi не ведаюць i не маюць сваiх мазгоў. Вельмi часта з Сушчэвiчам выходзiла тое ж самае. Але ўсё гэта была драбяза пакуль што. Навокал Аляксандра Сушчэвiча жыццё iшло сабе. Расло добра на полi, спела ўвосень садавiна, людзi багацелi сабе i разжывалiся, дзяўчаты iшлi замуж, гадавалiся дзецi, улетку было цёпла, а ўзiмку холадна. Але тут здарылася, што той раскулачаны пачаў дамагацца свайго права. Чалавек ён быў прабiтны i рухавы. Ён ездзiў кудысьцi да вышэйшых кiраўнiчых сфер, браў з сабой сведак i цэлы шмут усялякiх даведак i вярнуўся з высокай рэзалюцыяй па сваёй заяве аб тым, што яму павiнна быць аддадзена ўсё, што ў яго ўзялi ў часе раскулачвання. Тым жа часам паперка аб гэтым пайшла ў раён. Хоць Аляксандр Сушчэвiч i не быў якi-небудзь самы вышэйшы ў раёне кiраўнiчы, аднак жа ён вельмi заеўся. Вядома, кожны мае свой гонар. I бяды нiякай тут няма. А там яна, злая i горкая, дзе на шалькi з аднаго боку кладзецца начальнiцкi гонар, а з другога жыццё чалавека. У Сушчэвiча з тым раскулачаным была даволi-такi бурная размова. Абодва яны ненавiдзелi адзiн другога. Той забраў усю сваю адабраную маёмасць i падаў на Сушчэвiча заяву, што той падрывае аўтарытэт савецкай улады тым, што раскулачвае не кулакоў. Сушчэвiч кiдаўся ўсюды, i справа нейк абышлася цiха. Аднак жа нянавiсцi яго да таго чалавека ўжо не было меры. Можна было падумаць, што ён узяў за мэту свайго жыцця згубiць гэтага чалавека. Ён пачаў да яго капацца. Тут мела месца не толькi нянавiсць, але i страх, што той даможацца свайго i ссадзiць яго з пасады. Дык пакуль той дамогся свайго, то Сушчэвiч хутчэй дапаў да сваёй душэўнай лагоды: ён такi сагнаў чалавека з жывога месца. На яго было ўзвернена гэтулькi ўсялякай вiны, што той аж сам уздрыгануўся. Ён кiнуўся, каб дзе дзецца з Сушчэвiчавых вачэй. Казалi, што ён, сцураўшыся i здабытай маёмасцi, падаўся з роднага месца на старану i астаўся за рабочага на тарфяных распрацоўках. Нешта яму там не спадабалася, ён перайшоў на iншае месца i на iншую работу, але i там доўга не ўбыў. Так ён i бадзяўся з месца на месца аж да самай вайны. У самыя першыя днi вайны яго ўжо бачылi дома. Ён пастарэў i загадаваў вусы, густыя i распушаныя. Трэба думаць, што ён калi i не зiхацеў з радасцi, што iдуць немцы, то i не лiшне плакаў ад гэтага. У кожным разе, ён, калi пачуў, што ў суседнiм з гэтым раёне раённыя кiраўнiкi арганiзавалi партызанскi атрад i скрылiся ў лясы, сказаў:
– Смеху варта. Яны хочуць даўбешкаю сагнуць гармату.
У апошнi дзень перад прыходам немцаў ён ужо смела хадзiў сабе па мястэчку i нават з нейкай душэўнай прыўзнятасцi, як сам пасля казаў, "гакнуў з суседам паўлiтра". Пасля яны з суседам выйшлi, п'янаватыя, на гасцiнец i ўбачылi, што Аляксандр Сушчэвiч iмчыцца ў сваёй легкавой машыне як з пажару. Удвух яны сталi пасярод дарогi, паднялi рукi ўгару i запынiлi машыну, i ў вочы iм кiнулася, што Сушчэвiч ехаў з чамаданамi, клункамi i нават з патэфонам.
– А-а-а, – зацягнулi яны ў адзiн голас, – куды ж гэта цябе нячыстая сiла гонiць? Чаму ж гэта ты раней быў такi смелы?!
– Калi са мною ваяваў... – дадаў вусаты.
– Гэта ж чужынец iдзе, а не хто iншы, яго ж бiць трэба, а не ўцякаць ад яго.
– На каго ж ты нас усiх пакiнуў, ты ж, калi ўсё добра на свеце было, паказваў перад намi сваю моц.
– А жонку i сына чаму ты не забраў з сабою?
– Я не ўцякаю, я еду выконваць свае абавязкi, – адказаў збянтэжаны Сушчэвiч. – Дрэнны той чалавек, якi ў рашучы момант жонку ставiць вышэй рэспублiкi. Сыдзi з дарогi!
Невядома, цi меў намер Сушчэвiч яшчэ вярнуцца па жонку i сына, цi меў што iншае ў галаве, але ён раптам пазнаў, што вусаты перад яго машынай гэта той самы, што быў раней бязвусы. Звыклая да схематычнага i дагматычнага думання, яго галава адразу нарысавала, цi, праўдзiвей сказаць, узяла гатовую схему: "Гэта ж той самы. Ён стаў ненавiснiкам савецкай улады. Цяпер ён рад, што прыходзiць фашызм!"
Сам спалохаўшыся, ён выхапiў наган, стрэлiў у паветра i закрычаў, каб тыя не стаялi на дарозе. А тыя кiнулiся на яго, сцяглi яго з машыны i параiлi збянтэжанаму шафёру ехаць, куды ён сабе хоча. Аляксандр Сушчэвiч пайшоў кудысьцi ў дарогу, а вусаты насмешлiва гукнуў яму наўздагон:
– Iдзi ў суседнi раён, да партызанскiх атрадаў прыставай!
Назаўтра ўсю гэтую мясцовасць занялi немцы. Сушчэвiч не ведаў, што яму рабiць: вярнуцца дадому ён баяўся. Выходзiць на ўсход за фронт або тут брацца за што-небудзь рашучае ён таксама баяўся. Да таго ж ён думаў, што калi ён як бы без следу згiне, немцы не зачэпяць яго сям'i. I спачатку ён паспрабаваў туляцца, а пасля як-небудзь цiхом прыйсцi дадому. Яго галава меркавала так, што раз ён быў у раёне даволi знаным чалавекам, то немцам толькi i клопату, каб злавiць яго. Праўда, калi ўжо тут з'явiўся нямецкi камендант, а ў суседнiм раёне партызаны даволi ўжо далiся немцам у знак, знайшоўся нехта такi, што падаткнуў данос, што гэта нiбыта Сушчэвiч арудуе ў суседнiм раёне i яго жонка ведае пра гэта i мае ад яго весткi.
Вядома, даносчык! Сапраўдны даносчык нiколi не пакажа праўды, бо ён яе i не нюхае нiколi. Няхай гэта ведаюць тыя, хто ўмее думаць, што на даносах льга ўгрунтоўваць грамадства. Даносчыкi родзяцца на свет там, дзе знiкае вера ў чалавека. Трэба ведаць, што без веры ў чалавека не можа трымацца не толькi сям'я або сяброўства двух, але i цэлая дзяржава. Як бы там нi было, але Сушчэвiчыху немцы ўзялi на допыт, нiчога ад яе не дамаглiся i спешным парадкам павесiлi няшчасную жанчыну. Сушчэвiч неўзабаве i дазнаўся пра гэта. Яго здушыў смутак аб Колю. Хлапчук астаўся адзiн. Што будзе з iм i што будзе з самiм Сушчэвiчам? Тут яго галава зварыла так: "Не ўдалася савецкая дзяржава, ёй прыйшоў канец. Цяпер трэба пачаць нанава жыць. Хоць як, але каб умасцiцца ў жыццё". З такiмi думкамi ён наважыўся выслужыцца перад немцамi. "Яны кажуць, што прыйшлi знiшчыць бальшавiзм. Як бы гэта, каб забылася навек тое, кiм я быў да вайны праз гэтулькi год? Каб забылася або загладзiлася". Яго розуму хапiла на тое, каб паверыць, што злодзей i разбойнiк маюць нейкае iдэалагiчнае абгрунтаванне сваёй дзейнасцi. Нi разу яго сумленне не ўзварушвала яго душы. страх забiваў у iм усё жывое. На гэты час ён нават i пра Колю пакiнуў успамiнаць. Скончылася тым, што ён такi нарэшце пайшоў да каменданта i папрасiўся на службу. Ён i сам здзiвiўся, што яго адразу на службу i ўзялi. Перад iм паставiлi задачу: раскрыць камунiстычную падпольную арганiзацыю ў раёне. Не падумаўшы нават, што можа такой арганiзацыi тут якраз i няма, ён кiўнуў галавой i развiтаўся з камендантам за руку. Гестапны немец навучыў яго: калi ў яго няма ў самога нiякiх канцоў у руках, то трэба высачыць партызан i ад iх пачынаць вiжаваць. Iдучы ад немцаў, ён быў як пад зямлёй: а можа ўпасцi да ног перад партызанамi? Астацца з iмi? З сваiмi быць – гэта шчасце. Але ж там можа быць i той, з вусамi. Не, той служыць немцам. "Дык гэта яшчэ горш, бо я з iм тут магу спаткацца". Зноў страх апанаваў яго. Страх еў яго душу i пустошыў сэрца. I ён рынуўся вiжаваць. Хадзiў, слухаў, сачыў. Так прыйшла восень i падышла блiзка зiма. Яго ўсё трымалi на такой рабоце, а ён стараўся зрабiць, што яму казалi, каб пасля зашыцца ў кут, у зацiшак i хоць так жыць. Ён пакiнуў спаць начамi, i рысы яго твару пачалi перасмыквацца. Нiчога яму, аднак, не ўдавалася. Скончылася восень, i на шашы адбылося вызваленне забраных людзей. Немцы пачалi выбiрацца з таго раёна. Ужо не страх, ужо жах уладаў Сушчэвiчам. Горкай практыкай ён ужо дайшоў да той праўды, што немцы прыйшлi сюды дзеля таго, дзеля чаго яны сюды прыйшлi, а не дзеля таго, каб ён перад iмi выслужыўся. Не ведаючы, у якi бок схiлiць галаву, ён прыняў апошнi загад астацца ў гэтых месцах.
Марозлiвым днём ён падышоў да шасцi хат i ўбачыў з-за тоўстай хвоi: людзi габлююць дошкi, сядзяць на бярвеннi, кураць сабе, устаўляюць вокны ў хату, а тут i той вусаты з сякерай стаiць. Вось ён дзе! Не служыць ён немцам! Але самае важнае, што тут убачыў Сушчэвiч, гэта тое, што ўсе кiраўнiкi суседняга раёна i сакратар райкома гэтага раёна, чалавек, якога Сушчэвiч ведаў многа год, тут. I яны тут усе каля гэтай хаты. I Антон Крамарэвiч тут. Унь гаворыць нешта з вусатым. I многа тут людзей. Унь вартавы з аўтаматам стаiць.
Вялiкае было шчасце Аляксандра Сушчэвiча, што нейкiм выпадкам ён не ўбачыў тут свайго Колi. Смутак мог бы задушыць яго. Як утрапёны шаленствам, ён даў ходу з-за тоўстай хвоi i ўвечары таго дня ён сказаў таму, хто распараджаўся цяпер яго душой:
– Я высачыў партызан. На шэсць хат трэба кiравацца.
Каб гэта раней, то гэта мог бы быць доўгачаканы яго момант: першая ўдача за такi доўгi час. Цяпер жа выпусташаная душа яго не радавалася i не хвалявалася. Ён тупеў з кожным тыднем. Яму сказалi:
– Павядзеш туды глухiмi сцежкамi карны атрад.
Ён не меў яшчэ дагэтуль нiколi такога ўтрапення. Нiякага апiрышча душа яго ўжо не мела. I як за апошняе ён ухапiўся за Колю. Ён жа жыве недзе! Можа нават дзе тут блiзка. Каб як выбiцца з гэтай пасткi, дзе прастарней дыхаць, дзе вальней, дзе стаў бы сам сабою, ды каб Колю знайсцi i жыць з iм i дзеля яго.
Гэтая думка была пакутная, бо не было веры ў яе. Ён нават быў упэўнен, што нiколi гэтага не будзе.
Лепш бы не жыць такому чалавеку на свеце.
Праз дзён дзесяць ён iшоў лесам без сцежкi i без жадання хутчэй дайсцi туды, куды ён iшоў. Дзень быў змрочны. Снегавая хмара вiсела над лесам. Было вельмi цiха. Ён чуў, як за iм шастаюць па зямлi крокi немцаў i палiцаяў. Зямля была мерзлая i прыцярушаная снегам. Гук ног аб яе быў востры i калючы.
Далейшыя справы таго дня пайшлi вельмi шпарка, адна за адной. Вартавыя паведамiлi, што ў лясы навокал шасцi хат прасочваюцца адзiн за адным нейкiя людзi. Iх было даволi-такi нямала. Як пасля выявiлася, гэта былi пераадзетыя палiцэйскiя. Аднаго з iх злавiлi i прывялi ў старую Крамарэвiчаву хату, дзе за сталом сядзеў камандзiр атрада, а прыпёршыся плячом да печы стаяў Коля i курыў. На лаве сядзелi людзi з аўтаматамi i вiнтоўкамi. З вiнтоўкай тут быў i Антон Крамарэвiч. Пераадзетага палiцая ўзялi на допыт. Пра сябе ён так расказаў: у першыя днi вайны яму трэба было мабiлiзавацца ў армiю i трэба было шукаць ваенкамата, якi эвакуiраваўся ў тыя ж днi. Ён вярнуўся дадому i астаўся там. Немцы прыйшлi неўзабаве. Яму трэба было з'явiцца да каменданта. Камендант сказаў яму:
– Дык ты не захацеў iсцi ў сваю армiю? Значыцца, ты быў супроць дзяржаўнай улады? Дык калi не пойдзеш зараз служыць у палiцыю, то адразу расстраляю.
I ён стаў палiцаем.
Пра агульную справу ён так сказаў:
– Пасля таго, калi партызаны ўкаранiлiся ва ўсiм гэтым раёне i, самае важнае, загарадзiлi шашу, па якой немцы не мелi цяпер праезду, нямецкае камандаванне дайшло да свае патрэбы выцеснiць адсюль партызан. На гэта ўжо ўзяты ўсе палiцэйскiя, тутэйшыя гарнiзоны, i яшчэ прыйшоў атрад эсэсаўцаў. Немцы ведаюць, дзе стаяць партызаны. Не ведалi толькi яны, што ў шасцi хатах стаiць атрад. Але цяпер i пра гэта ведаюць. Палiцаi, што адсюль родам, або так каторыя службоўцы пры немцах i ведаюць тут усе хады i выхады, а найбольш тыя, што высачылi партызан, па ўсiм раёне павялi сёння нямецкiя атрады iм вядомымi дарогамi на партызан. Гэтак i ў шэсць хат кiруецца нямецкi атрад, зборны, з палiцаяў i немцаў. Найбольш усе ўзброены аўтаматамi, ёсць i кулямёты. А то яшчэ i так: дзе-нiдзе палiцаi па адным збiраюцца ў лесе i там на месцы гуртуюцца i жарнуць на партызан, як пачуюць сiгнал.
Коля Сушчэвiч памчаўся ў суседнi атрад, кiламетраў за восем, каб пераказаць усё, што расказаў гэты палiцэйскi. "Можа ўсе атрады гэта ўжо ведаюць, але няхай погаласка дойдзе ўсюды".
На пачатку зiмы дзень вельмi кароткi. Коля не паспеў завiдна вярнуцца. У старой хаце было цёмна i горача. Печ была добра напалена. Усе спалi, хто на лаве, хто на прыстроеных паўз сцяну нарах, а хто проста на саломе, пасланай на зямлi пасярод хаты. Коля палез на печ, на сваё звыклае месца. Там спала некалькi чалавек. Коля звыклым iнстынктам пазнаў, каторы з iх Крамарэвiч, i лёг пры iм, плечы ў плечы. Якая доўгая ноч на пачатку зiмы! Коля спаў толькi спачатку, як лёг. А пасля ўжо, як прачнуўся пад канец ночы, да святла нават i не задрамаў. Раптам стукнула ў грудзi i вушы вялiкае ўзбуджанне. Колькi такiх ночай i дзён ужо было! Яны канчалi тое, што было да iх, i пачыналi новае. Гэтак i цяпер. Заўтра пачнецца можа грозная i цяжкая пара. Тут ужо недзе блiзка ходзяць яны, жорсткiя, тыя, што павесiлi матку. Яны панавалакалiся, як плойма, на пакуту людзям. Можа ўжо многiя, што спяць тут у гэтай хаце, дажываюць апошнiя свае гадзiны. Хто з iх заўтра будзе ўжо нежывы, а хто ўзнясе да ўсяго свету сваю вялiкую радасць, што жыве i сваiмi рукамi зрабiў смерць не аднаму прышламу гаду. Гэтая радасць будзе вялiкай, аб сваiм жыццi i аб гадаўскай смерцi! Божа мiлы! Каб у гэтыя хвiлiны знайсцi роднага бацьку! Ён жа жывы! Можа ён i тут дзе, блiзка! Блiзка быў дзень, i Колева душа была на вялiкiм уздыме.
Свiтала. Коля звесiўся з печы i глядзеў на хату. Партызан з распушанымi вусамi, лежачы на лаве, курыў папяросу. Белы певень стаяў пад сталом, выцягнуў шыю i заспяваў. Ён чуў дзень. Каля людзей ён адкармiўся i абсмялеў. Коля саскочыў з печы на зямлю i пачаў адзявацца. Шыбы ў вокнах былi чыстыя, i прымарожаныя сняжынкi садзiлiся на iх i ападалi. Певень спяваў раз-поразу, i людзi пачалi ўставаць. Антон Крамарэвiч апрануўся ў кароткi кажушок i пайшоў станавiцца на дзённую варту. Вусаты дакурыў папяросу, залажыў рукi пад галаву i сказаў да Колi:
– А ты чаго, хлопча, устаеш так рана? Ты яшчэ стаiш напроцi свайго веку, дык прывучвайся спаць i ў вадзе, i ў агнi. Калi ты будзеш мець такую натуру, што здолееш заснуць за тры гадзiны да смерцi, дык i нiякае смерцi тады не будзе. Спакоем i халоднаю развагаю льга горы з месца зрушыць. Хадзi сюды, садзiся пры мне, пагаворым.
Гэты вусаты чалавек апошнiмi часамi ўсё больш зблiжаўся з Колем. Хоць i ўсе так. Лёс вусатага чалавека так склаўся: пасля таго як устанавiлася ў раёне нямецкая ўлада, яго паклiкалi ў палiцэйскую ўправу i сказалi яму: "Ты цярпеў ад савецкай улады. Iдзi служыць у палiцыю". Ён адказаў: "Я цярпеў ад дурнога Сушчэвiча. Дазвольце мне iсцi дадому? Я хачу жыць цiха". Дадому яму iсцi дазволiлi, але ўвечары забралi, i ён апынуўся ў канцэнтрацыйным лагеры i быў там, аж пакуль не пагналi яго разам з усiмi па шашы. Сам то ён не бачыў, але чуў i ведаў ад Антона Крамарэвiча, што гэта Коля першы кiнуў гранату, пасля чаго ён кулакамi палажыў навек нямецкага афiцэра i пабег з шашы. У яго нарадзiлася i вырастала з кожным днём вялiкае замiлаванне да Колi Сушчэвiча, а пасля пачала з'яўляцца як бы рэўнасць аб Колю да Антона Крамарэвiча, з якiм Коля быў неразлучны.
– Развiднела, а нiчога не чуваць, – сказаў Коля, сеўшы на край лавы ля вусатага. – Можа палiцай наманiў, i ўсё так абыдзецца?
– Не абыдзецца, – сказаў вусаты. – Калi сёння будзе цiха, дык заўтра будзе грукатна. Як нi круцi, а з немцам бiцца прыйдзецца. Не на тое ён навалокся сюды, каб яму ў зубы глядзець. Ты, сынку, прыхоўвайся, калi што якое. Не вытыкайся без патрэбы. Шануйся. У сталых гадах прыйдзецца з гадаўём зноў бiцца.
– Хiба зноў тады вайна будзе?
– А ты думаеш, так адразу гады на свеце звядуцца? На твой век яшчэ хопiць.
Ён, гэты вусаты, тым i быў непадобен да Антона Крамарэвiча, што мог i любiў разважаць, хоць бы нават i сам з сабою, калi не было з кiм. Ён любiў Колю, як бацька любiць сына. Крамарэвiч жа iмкнуўся да Колi як да нейкага неабходнага апiрышча сваёй душы.
Марна спадзяваўся Коля, што абыдзецца цiшынёй той дзень. У познюю ранiцу немцы пайшлi на гэты лес, але наткнулiся на вялiкую засаду. Так што бой пачаўся не ў самым лесе, а за паплаўнымi хмызнякамi. Ад шасцi хат гэта было кiламетраў за шэсць. У старане, дзесьцi ўбаку, таксама чуўся бой. Там нават бiлi гарматы. Вiдаць, немец пачаў не жартам. Апоўднi самалёты страшылi партызан тым, што скiнулi над лесам некалькi бомбаў. Але ўсё гэта было звыклае i неўзабаве мiнулася. Самае важнае пачалося надвечар. Як пасля выявiлася, да гэтага часу ў пяцi месцах таго раёна партызаны разбiлi ўшчэнт немцаў i палiцаяў. У двух жа месцах партызаны адступiлi да гэтага "шасцiхатняга" лесу. Так што тыя два атрады i "шасцiхатнi" сышлiся i стаялi разам. Яны займалi пазiцыю доўгiм шнурам на ўзлессi. Немцаў перад iмi было многа. Кулямёты ўвесь час бiлi па гэтым узлессi, немцы здорава нацiскалi. Партызаны адыходзiлi ў глыбiню лесу. Пасля ўсе казалi – i гэта, бадай што, магло быць праўдай, – што такi, наканаваны здаровай думкай цi выпадковы, манеўр згубiў немцаў i правалiў усе iх намеры. Шашу iм ачысцiць так i не ўдалося.
У лесе пайшлi рукапашныя схваткi. Усе выбiлiся з фронтавага шнура i пабiлiся на групы па некалькi чалавек. Так само сабою зрабiлася. Выглядалi адны адных, расстрэльвалi, беглi на штыкi, бiлiся з крыкам "ура" i з лаянкаю. Вечар пачынаў агортаць першым змрокам зямлю. I ўжо зусiм чорным стаў сухi верас на белым засцiле мёрзлага снегу, якога вецер не паспеў яшчэ сагнаць у лагчыны. Па ўсiм лесе iшла стралянiна. Былi адзiночныя стрэлы, i iх глушылi аўтаматы i кулямёты. Божа! Як бярог увесь дзень Колю Антон Крамарэвiч! Ён усё гнаў яго лажыцца дзе пад выварат i чакаць. Коля лажыўся i прыпадаў да зямлi. Але ж гэта было б добра, каб усё стаяла на месцы. А то за дзень iм давялося некалькi разоў абшнарыць увесь лес з канца ў канец. Яны нарэшце ўдвух толькi ў рэдкiм лесе i асталiся. Настаў момант цiшынi. Раптам усё сцiхла. Цi гэта i тыя i гэтыя паляглi, цi, гонячы адны адных, зайшлi далёка, цi гэта яны ўдвух адбiлiся ад усiх i выйшлi з бою? Цi ўжо больш немцаў не хапiла, i бой сцiх? Праўда ж, ляжаць два гiтлераўцы перад iмi, чэравам угару.
Коля вылез з-пад выварата i стаў пры хвоi. Твар яго быў чырвоны, i адзежа ў зямлi. Крамарэвiч сядзеў на зямлi i прыслухоўваўся. У Колi на рэменi вiселi гранаты. Крамарэвiч быў з аўтаматычнай вiнтоўкай. У старане зноў загрукала i заляскала. Блiзка. Нават чутно, як закрычалi.
– Рус, здавайся! – чутно было.
– Сука берлiнская! – адказалi. I зноў трэск i грукат, i зноў: "Рус!" I зноў: "Нямецкая сука!"
– Коля, падай! – сказаў Крамарэвiч.
Коля ўпаў на зямлю i пачуў, што iдуць. Паволi, цiха, каб без трэску. Асцярожна. I Крамарэвiч ляжыць поплеч яго.
– Iх многа, – шэпча Крамарэвiч. – Iх можа пад дваццаць. Колечка, рыхтуйся кiдаць гранаты. Шануйся, не вытыкайся. Яны нас не бачаць. Яны iдуць проста на нас. Як падыдуць блiжэй, кiдай у самую кучу. З вiнтоўкi я менш iх палажу...
Коля недаслухаў. Вельмi можа быць, што ён i зусiм нiчога не чуў, што казаў яму Крамарэвiч, якi меў за свой абавязак навучаць малога. Нiчога Коля не чуў. Ён бачыў зводдалеку, як ступае па белай зямлi многа ботаў. I калi падумаў, што пара, ускiнуў руку i ткнуўся лбом у снег. Добра. Грунула. Устрасянулася.
– Колечка! Сынку! От жа маладзец! А на доўгi ж твой век! Ты ж з iх кашу зрабiў, – здаецца, не гаворыць, а спявае Крамарэвiч.
Ён яшчэ не бачыў сваёй работы, а душа яго напоўнiлася ўздымам шчасця i радасцi. Ён усхапiўся на ногi i шырокай хадой рушыў туды. Моцны шэпт Крамарэвiча дагнаў яго:
– Куды ты, чакай, унь там адзiн ходзiць, гнучыся. I другi. Проста стаiць!
Крамарэвiч нацэлiўся i стрэлiў. Коля бачыў, як там адзiн упаў, а другi сеў пры дрэве.
– Здавайся! – крыкнуў Коля i падбег, рыхтуючы гранату. Ён быў п'яны ад сваёй узбуджанасцi, i ўздым яго не зменшваўся. Дзеля такой хвiлiны варта шмат што перацярпець! Вось яны! Варожыя галовы, рукi, ногi, плечы, грымасы на акамянелых тварах, усё парвана, расшастана, скрываўлена. Разварочаная зямля. Вырванае карэнне. Ён быў п'яны ад шчасця. А ў старане яшчэ iшоў бой. Антон Крамарэвiч тузянуў Колю за плячо:
– Не стой, не глядзi, яны яшчэ могуць прыйсцi.
– Гэтыя не прыйдуць.
– Дык iншыя. Хадзем.
Крамарэвiч пацягнуў Колю ў кусты, i яны паспелi прайсцi не больш дваццацi крокаў.
– Здавайся! – закрычалi тут жа наўздагон.
Яны ўпалi i папаўзлi. Ледзьве паспелi дапасцi да кустоў.
– Здавайся! – яшчэ раз закрычалi. – Паднiмайце рукi i сюды iдзiце!
– Трасцы! – цiха абазваўся Коля. У вачах яго ўсё кружылася.
– Здавайся! Здавайся! – крычалi.
А партызаны адпоўзвалi. Тыя пачалi страляць. Стукаў кулямёт. Кулi цераз iх галовы стабнавалi зямлю. Ужо скончыўся дзень. Ужо свяцiў месяц. Чутно стала: тыя пакiнулi страляць i шпараць следам. Крамарэвiч азiрнуўся, прыўзняўшыся. Нацэлiўся i стрэлiў.
– Гатоў, – сказаў ён.
Зноў адтуль пачалi страляць. Коля ўстрапянуўся i зашаптаў, моцна i заiкаючыся:
– Яны мне вiдны. Спераду страляюць, а з бакоў заходзяць. Абкружваюць нас! От каб аўтамат...
Шэпт яго сцiх. Ён пачаў азiрацца.
– Трымацца, сынку! Дай мне адну гранату.
Вельмi можа быць, што ў гэты момант якраз i працверазiўся Коля ад сваёй узбуджанасцi. Ён працягнуў Крамарэвiчу гранату i зiрнуў на яго, як на бацьку, ад якога чакае ратунку. Ад месяца было вiдно. Бой у старане зацiх. Навiсла цiшыня.
– Здавайся! – закрычалi з двух бакоў. I пачалi страляць.
Iншай рады не было. Крамарэвiч пачаў адстрэльвацца. Так i пайшло. Тых было многа. Крамарэвiч адстрэльваўся адзiн. Было цяжка, нудна i страшна. Душа ў Колi ныла i прасiла ратунку. Крамарэвiч здаваўся яму цяпер асiлкам, i хацелася схавацца за яго плечы. Страшны сум па матцы рвануў яму душу. Хацелася кiнуцца на шыю бацьку i заплакаць. Вось ужо з двух бакоў пачалi абсыпаць iх кулямi.
– Дай яшчэ гранату, – сказаў Крамарэвiч.
Коля паслухмяна даў яму гранату.
– Бяжы за мной, – сказаў Крамарэвiч. – нарыхтуй гранату. Прабiцца трэба.
Крамарэвiч пабег, i Коля за iм. Крамарэвiч упаў, i Коля за iм.
– Перачакаем момант, – шапнуў Крамарэвiч. – Пiльнуйся мяне.
– Iх тут мала! Можа ўсяго адзiн! – пачуўся крык. Калi гэта не быў кашмар, а сапраўды ўсё гэта так i было, як чуў Коля, то гэтаму меры няма ў чалавечым абыходку. Колю здалося, што гэта закрычаў яго бацька. У Колi твар пачаў дрыжаць i зубы стукалiся аб зубы. Ён як ляжаў тварам унiз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Ён падпоўз да Крамарэвiча i астаўся пры яго плячы. Крамарэвiч ускiнуў руку, i граната разарвалася там, адкуль крычалi. Крамарэвiч тузянуў Колю за вопратку, i ўдвух яны пабеглi ўбок. Ужо iм здалося, што яны адарвалiся ад тых, хто дамагаўся iх смерцi. Лес канчаўся, i пустая прастора вызначылася перад iмi. Колю стала спакайней i весялей. Ужо яму хацелася, каб тыя падбеглi сюды i каб шпурнуць у iх гранатай. Але не, лепш ратавацца, бо унь яны бягуць напярэсцiжкi. I зноў! З аўтаматаў б'юць адтуль. I вось ужо пеканула яму ў ногi, i калена левай нагi здрыганулася.
– Сынку, Мiкалайка, хутчэй, мы адрываемся ад iх.
– Я ранен у ногi, – абазваўся ён i кiнуўся на зямлю. Крамарэвiч чуў, як трэснула пад iм струхлелае вецце. I запанавала цiшыня. Крамарэвiч нагнуўся над Колем i пачуў, як недзе зусiм блiзка аддаляюцца нечыя крокi.
– Моцна табе балiць?
– Моцна.
– Ну, як ты сам чуеш? Многа крывi iдзе?
– У боце мокра.
– Толькi ў адным? – узрадаваўся Крамарэвiч.
– Здаецца, у адным.
– Дык можа ты толькi ў адну нагу?..
– Можа i ў адну. Балiць у абодвух.
– Чакай, дай сцягнуць бот. О так. Ого, крывi многа. О так. О так. Здаецца, тут, на лытцы. Перавязаў. Не варушыся. Дай другi бот. Нiчога. Здаецца, тут няма раны. Каб лесам, то блiжэй да хаты. На табе мой кажух, ляжы на iм. Я пабягу дарогу разведаю. Чакай мяне. Адну гранату я табе пакiну, а рэшту адвяжу ад цябе.
Крамарэвiч пайшоў. Стаўшы, каб прыслухацца, ён пачуў, што гавораць. Блiзка. Iншай рады не было. Ён нарыхтаваўся i рушыў туды. Iх было трое. Яны стаялi памiж двух дрэў i вельмi добра вiдны былi пад поўным месяцам. Але трэба было зберагчы гранату. Крамарэвiч налажыўся i стрэлiў. I адзiн упаў. Крамарэвiч пабег туды.
– Здавайся! – крыкнуў ён.
I той усё самы голас аглушыў яго:
– Ён адзiн! На яго!
Крамарэвiч застыў пры дрэве. Унь яны вiдны. Бяруцца. Крамарэвiча брала злосць. Прыйдзецца гранатай. Ён пабег да iх. I яны сталi вiдны яму як мае быць. Яны разбеглiся ў два бакi. Крамарэвiч улёг за адным. А другi знiк i страцiўся. Крамарэвiч дагнаў яго ў знаёмым яму месцы. Гэта была вывернутая навальнiцай хвоя, завiслая на беразняку. Крамарэвiч задыхаўся. Той пачаў кiдацца ўбакi. Ён ужо не дыхаў, а хроп i свiстаў лёгкiмi. Нарэшце стаў i падняў рукi ўгару. Здавалася, што ён не мог ужо трымаць iх так, бо яны аб'ехалi ўнiз, i толькi цяпер з рукi ў яго ўпаў на зямлю аўтамат. Крамарэвiч паспеў заўважыць, што ён у цывiльнай адзежы i без шапкi. Крамарэвiч нацэлiўся i стрэлiў. I той грымнуўся вобземлю, дзiка заенчыў, захроп, перакруцiўся i змоўк у нерухомасцi.
Коля цярплiва чакаў на тым самым месцы. Крамарэвiч узяў яго на плечы i панёс лесам. I цiха гаварыў з Колем, якi трымаўся за яго шыю i звiсаў тварам з пляча.
– Унь тут, ля завiслай хвоi, ён ляжыць. Гэта ён усё крычаў i, мусiць, ён пачаставаў цябе ў нагу. Нiчога, Мiкалайка. Зараз данясу. Пацярпi.