355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Заўтрашнi дзень » Текст книги (страница 2)
Заўтрашнi дзень
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 02:08

Текст книги "Заўтрашнi дзень"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

– Што скажаш? Адкуль ты? Чаго ты забрыў сюды?

Коля ўзяў спакойны тон. Хiтрасць яго межавалася са шчырасцю.

– Я шукаю свайго бацькi.

– А дзе ж твой бацька дзеўся?

– Хiба ж я ведаю? З першага дня вайны я яго не бачыў.

– А ты здалёку?

– З раёна.

– Хто ж твой бацька?

– Сушчэвiч.

Антон Крамарэвiч перасмыкнуў усiмi рысамi свайго твару. З гарачым уздымам ён нi то запытаў, нi то дапытлiва крыкнуў:

– Як жа ты не ведаеш, дзе твой бацька?! Хiба твой бацька адцураўся цябе? Можа ён самахоць ведаць цябе не хоча? (Яму было прыемна гаварыць нядобрае пра Сушчэвiча яго сыну.) А можа ён i рад, што такая завiруха на свеце, каб адцурацца ўсiх сваiх i аднаму астацца. Знайшлiся i такiя.

Сказаўшы гэтае жорсткае слова, Крамарэвiч змоўк. Ён убачыў, што яго малы госць уздрыгануўся, замiргаў вачыма, а вочы ў яго зачырвонiлiся. Ён нейк дзiўна кiўнуў галавой, чмыхнуў носам i гатоў быў у той жа момант заплакаць. У кожным разе так здалося Антону Крамарэвiчу. Ён спалохаўся, як кожны слабавольны, хто нарабiў вялiкай бяды. Ён гатоў быў праклiнаць сябе за гэтую сваю дурноту, што перад малым хлапчуком пачаў нядобрым словам спаганяць сваю злосць на Сушчэвiча.

– Можа ты змерз? – сказаў ён. – Дык лезь на печ. Печ цёплая.

– Мне не холадна, – сказаў Коля нейкiм панурыстым тонам,

I тут Коля раптам зiрнуў на Крамарэвiча вачыма, поўнымi просьбы:

– Хiба вы што-небудзь дрэннае чулi пра майго бацьку? – сказаў ён. Мусiць, i ўсе нешта пра яго ведаюць, бо нiчога мне пра яго не кажуць, а самi яго ўспамiнаюць, што ён тут недзе поблiзу з'явiўся. Я не раз чуў, як яны гаварылi.

– А хто гэта яны?

Коля маўчаў.

– А дзе твая, калi так, мацi?

– Маю маму гiтлераўцы павесiлi за тое, што яна не хацела сказаць, дзе бацька. Яго немцы шукалi. А яна не ведала, дзе ён.

– Давай хiба будзем есцi бульбу, хоць халодную, у мяне повен чыгун, сказаў Крамарэвiч, адчуваючы прагу сказаць што-небудзь добрае i ласкавае Колю Сушчэвiчу.

– Я не хачу есцi, – адказаў Коля.

– А ты тут можа i раней бываў каля гэтага месца?

– Быў часта. Калi яшчэ тут фашысцкiх афiцэраў забiлi, i пасля карны нямецкi атрад шукаў тых, хто iх забiў, дык я тады ўвесь раён абышоў: многа людзей тады адусюль iшло хавацца. Дык я хацеў, каб убачыць: можа мой бацька з людзьмi дзе. Я тут на гэтым пасёлачку тады дзве ночы начаваў у аднаго чалавека.

– А каго з гэтага пасёлачка немцы забiралi? З гэтай хаты трое дзяцей i жанчына прапалi.

– Ведаю. Iхняга чалавека не было дома. Дык думалi, што гэта ён забiў афiцэраў i скрываецца. Тут так многа тады людзей стралялi i вешалi, што доўга не разбiралi, а адразу: або застрэляць, або гоняць некуды далёка. Тых трое дзяцей i iхнюю мацi паставiлi, з аўтаматаў адразу застрэлiлi, а самi на грузавiк i паехалi.

– А ты гэта бачыў? – слабым голасам сказаў Крамарэвiч.

– Не, але чалавек, у якога я начаваў, казаў. Ён бачыў.

– А з каторай гэта хаты чалавек?

– З той, што крытая саломай i што вокны з сiнiмi акянiцамi.

Сэрца ў Крамарэвiча быццам адарвалася i ўпала ў бездань. Ён ужо ведаў: яму самому той чалавек не сказаў праўды, бо не хацеў даваць яму горычы ў душу. Цяпер ужо скончылiся яго пошукi i надзеi. Утрапенне заўладала iм. Яго ўзбуджанасцi не было меры. Ён закалацiўся. Коля запытаў:

– А вы хто? Гэта ваша хата цi так сабе вы тут прыпынiлiся?

– Гэта мая хата, – панура i праз зубы абазваўся Крамарэвiч.

– А вас даўно дома не было, што хата пуставала?

– Не было мяне, сынку, дома. Даўно не было. (Голас яго спакайнеў i позiрк цвярдзеў.) Ну, а як той чалавек казаў, застрэлiлi iх, i хаця ж яны доўга не мучылiся?

– Ён казаў, што адразу ўпалi, i канец.

Можа яно i сапраўды так было, а можа Коля толькi казаў так, каб даць спакой ранам душы гэтага чалавека. Усёй душой сваёй ён чуў, што больш ужо не трэба яму дазнавацца, злы гэты чалавек цi добры, дзеля злога замыслу цi так сабе ён явiўся сюды. Але ён даводзiў справу да канца. Ён запытаў:

– Гэта вы ўбiлiся ў мурашнiк?

– А-а, гэта ты прыйшоў паглядзець, што я тут раблю, – здагадаўся Крамарэвiч. – Дык ведай, сынку, што я астаўся адзiн i сам шукаю, каб хто быў са мною. Ты мне скажы проста i адразу: ты служыш партызанам цi немцам?

Коля Сушчэвiч нiколi не спадзяваўся на такое запытанне. Падазрона паглядзеў на Крамарэвiча i задзiрыста адказаў:

– Я нiкому не служу, а шукаю свайго бацькi.

I раптам яны, адзiн стары, а другi малы, сталi адзiн да аднаго, як раўня. Крамарэвiч сказаў:

– А мне ўжо i шукаць не трэба. Дарэмна ўжо.

– А можа i мне таксама.

Крамарэвiч ступiў крок да Колi. Коля сеў на лаву i папрасiў курыць.

– Не ўвыкай, сынку, да гэтага дыму. Гэта не вялiкае шчасце.

– Калi ж смага нейкая, здэцца б палын глытаў.

– А ты перацярпi, перамаўчы, перачакай. Усё на свеце праходзiць. Пройдзе i гора гэтае.

Коля пасунуўся глыбей у лаву i ўзлёг локцямi на стол. Як у спёку смага, яго апанавала прага да прытульнага спакою ў пасцелi дзе цi ў добрай гаворцы з родным чалавекам. Вачыма, поўнымi просьбы, ён глядзеў на Крамарэвiча, а ў таго гэты позiрк выварочваў душу. Ён прагнуў мець пры сабе дзiцячую душу. Ён адначасна разумеў i Колеў смутак. Не так дзеля сябе, як дзеля таго, каб аблагодзiць гэтага хлапчука, ён сказаў:

– А нiкога ў цябе хiба няма блiзкага, каб i пашкадаваць часам цябе, пакуль ты бацьку знойдзеш?

– Ёсць у мяне дзядзька Сымон, i Павел Пракапенеў мне як таварыш, дарма, што яму дваццаць год. I ўсе. Мы ўсе памiж сабою добра жывем.

Думка, радасная i важная, i патрэбная, як збавенне, нарадзiлася i пачала жыць у Антона Крамарэвiча пасля гэтых Колевых слоў. "Ён прагаварыўся, гэты хлапчук. Гэта яны там у сваiм атрадзе добра памiж сабою жывуць. Не трэба больш нiчога распытваць, не трэба чапаць яго, няхай думае, што ён нiчога не сказаў". Якая гэта была радасць Антону Крамарэвiчу! Гэта прыйшоў яго ратунак ад пагiбелi ў сумнай адзiноце. Трымаючыся за гэтага хлапчука, ён выйдзе да людзей. З людзьмi ён будзе жыць, як шчаслiвы чалавек, а не мадзець, як пакутнiк. I на доўгi час Крамарэвiч змоўк. Коля Сушчэвiч падумаў, што гэты чалавек хоча быць толькi сам з сабою, i ўныў душой. Гэта заўсёды так бывае. Дзiцячая душа, калi яна ўражана вялiкiм утрапеннем, горкiм i атрутным, прагне ратунку цераз добрую ўвагу да сябе ад усiх як ёсць. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькi чалавека, выратуе дзiцячую душу ад псiхалагiчнага калецтва. Коля падумаў: я там скажу, што тут жыве падазроны чалавек.

– Ты, здаецца, завешся Коля? – сказаў Крамарэвiч.

– Коля, – узрадаваўся хлапчук. Ласкавасць усяго свету зноў да яго павярнулася. Гэты хлапчук стаяў на мяжы або душэўнага калецтва, або жалезнай загартаванасцi на ўсё жыццё.

– Дык ведаеш, Колечка, цябе драмаць цягне. Ляж на печ i паляжы. I я паляжу.

Коля маўчаў.

Крамарэвiч падумаў, што зноў гэты хлапчук наёршыўся на яго, i сапраўды такi ўстрывожыўся. Чалавек просты, цiхi, звычайны, сярэднi, а цi малы будзе лячыць душу тым, што каб усе ведалi пра яго гора. Крамарэвiч знайшоў што сказаць:

– Ведаеш, Коля, у мяне ёсць бульба, чыгун i гаршкi, дровы i запалкi. Давай зварым есцi.

– Добра, – сказаў Коля.

Гэта настаў момант iх сапраўднага зблiжэння, шчырага i глыбокага, без якога б там нi было недавер'я адзiн да другога. Цяпер ужо гаварылi яны адзiн з адным бясконца. Да самых прыцемак былi яны ў хаце. Коля падаставаў са сваiх кiшэнь укачаных у хлебныя крошкi кавалкаў сухой каўбасы. Варачы яду i ядучы яе, абодва яны былi роўныя натурай i настроем, сапраўдныя дзецi. Пасля яны такi прылеглi на печы. Але толькi на некалькi хвiлiн. Першы ўзварушыўся Коля. Ён быццам успомнiў, што страцiць зараз нешта важнае.

– Ужо я пайду, – сказаў ён.

– Напроцi ночы?! – са штучным здзiўленнем устрапянуўся Крамарэвiч, але ён i ведаў, што яно ўсё так будзе, ён гэтага чакаў i хацеў гэтага.

Коля зашпiльваў вопратку i вельмi спяшаўся. "Моўчкi трэба з iм", думаў Антон Крамарэвiч i цясней падперазаўся па ватоўцы. Не гледзячы адзiн на аднаго, яны прыгатавалiся ў дарогу. Ужо моўчкi ў думках сваiх яны згаварылiся. Коля стаяў i чакаў, пакуль Крамарэвiч закруцiў дротам сенцы. Захад яшчэ ружовiўся, але змрок восеннага вечара ўжо быў густы. Певень ужо сядзеў на сваiм месцы перад вокнамi.

– Адзiчэў адзiн, небарак, – сказаў Крамарэвiч, гледзячы на пеўня.

– О, ён тут усё сядзiць з самага лета i раней яшчэ. Я яго тут часта бачыў.

"Гэты хлапчук ведае ўсе таямнiцы гэтага кутка тады, калi мяне i нiкога ўжо тут не было. Гэты двор пры хаце жыў сваiм бязлюдным адмысловым жыццём, а ён ведаў усё гэта, ён бачыў гэтае жыццё". Антон Крамарэвiч адчуваў усё так, быццам ён i Коля Сушчэвiч былi з даўнiх часоў змоўшчыкi. Так яны iшлi, Коля паперадзе, а Крамарэвiч за iм. Коля думаў: "Няхай ён iдзе за мною, я скажу, што не толькi дасачыў, хто жыве ў пустой хаце, але i прывёў яго".

Яны мiнулi старую арабiну i дайшлi да лесу. Крамарэвiч быў упэўнен, што яны iдуць туды, куды ён хацеў. Без жальбы i смутку ён думаў аб пустой хаце, у якой такi страшны цяжар цiснуў яго душу. Не было б горшай пакуты, каб аднаму аставацца там.

Гэта i быў апошнi вечар i дзень яго сумнай адзiноты. Ноч агарнула iх у далёкiм лесе. Зоры позняй восенi зiхацелi над чорнай цiшынёй яловага лесу. Бралася на прымаразак. Боты шоргалiся аб зямлю, i пад iмi трашчалi лiсце, iголле i першая намаразь. Антон Крамарэвiч заўважаў усё гэта так, як i праз усё сваё жыццё ён адчуваў i любiў гэты час года i сутак.

Пакуль гаiлася яго рана i пакуль ён сам правiўся ў таго добрага чалавека, усё навакольнае здавалася яму несапраўдным. Важным i сапраўдным было толькi тое, што ён не ведаў, як i дзе яго дзецi, i сумаваў па iх. Пакуль ён сядзеў цяпер у сумнай адзiноце старой хаты, усё навакольнае – i сонца, i дождж, i дзень позняй восенi, i апошнiя лiсткi на дрэве, – усё-ўсё, што ён век свой любiў, было несапраўднае, як бы знявечанае i ўражанае яго смуткам. Самае важнае i адзiнае i сапраўднае на ўвесь свет было тое, што ўсе яны, дзецi i яна, iх мацi, верная сяброўка яго, знiклi з жыцця, што iх ужо на свеце не было! I што той, хто адабраў у iх жыццё, вырваў душу, сам жыве i цешыцца з жыцця. Першыя прыступы нянавiсцi ўжо тады пачалi завалодваць iм, але iх душыў роўны смутак i бесперапыннае прыгнечанне душы. Свет быў заслонен перад iм. Як быццам бы ўжо няможна было цешыцца з дрэва за акном i з яснага неба зранку.

Чалавеку не трэба многа для яго ўцехi i шчасця. I тое, што жыве ў чалавечай душы, не мае вечнай меры вялiкага i малога. Ён яшчэ не бачыў тых людзей, да якiх вёў яго Коля, а ўжо страцiў пачуццё таго, што ўсё навакольнае несапраўднае. Прыгнечанне было знята з яго душы. Цi надоўга? Але цяпер, так як i заўсёды, стаяла восенная ноч i так, як заўсёды, можна i трэба было мець з яе вялiкую ўцеху.

Яны прыйшлi ў лясны лагер задоўга да свiтання. Тут ужо Крамарэвiч заўважыў, што Коля пачаў трымацца як гаспадар усяго тут. Перад Крамарэвiчам ён увайшоў у ролю.

– Тут заўважым чалавека, унь, там будзе стаяць, – сказаў ён таемным голасам.

Сапраўды, яны пачалi падыходзiць да цёмнага абрысу чалавечай постацi.

– Гэта я, Коля Сушчэвiч, – пацiху выгукнуў ён, i Крамарэвiч шпарчэй пайшоў за iм. Коля сказаў яму прыгнуць галаву, калючае голле зачапiла за лоб i вушы, i Коля сказаў, што трэба закурыць i класцiся спаць. Коля ўжо распараджаўся. Крамарэвiч сеў на нейкае ламачча. Коля раптам сказаў:

– Гэта я забыўся, нам трэба не ў гэтае месца. Пярэйдзем туды.

– Куды гэта? – сказаў Крамарэвiч сумысле. Ён падумаў, што яму не трэба быць такiм паслухмяным перад гэтым хлапчуком. Ён як мае быць вылечыўся ад свайго душэўнага заняпаду. – Куды ж нам iсцi? – сказаў ён. – Ранiцай пойдзем, а цяпер прыдрамнуць трэба. Гэта шалаш нейкi?

Цвёрды i аўтарытэтны тон яго слоў адразу ўзяў пад уладу Колю.

– Гэты шалаш як на аднаго, гэта я сабе яго зрабiў, – абазваўся Коля тонам малога, якi рад пахвалiцца перад старэйшым. – Тут толькi трэба выцягнуцца, дык i ўдвух льга выспацца.

I праўда, што iм трэба было выцягнуцца, каб удвух паспаць да ранiцы. Яны цесна прыцiснулiся адзiн да аднаго спiнамi i глыбока задрамалi. Але ненадоўга. Неўзабаве Коля пачаў гаварыць i кiдацца. Дрымота яго была неспакойная. Праз сон ён гаварыў з бацькам, а пасля пытаўся ў некага, дзе бацька, i некаму казаў, што калi мацi вiсела на шыбенiцы, вецер трапаў яе валасы. Некалькi разоў ён усхватваўся, а пасля зноў кiдаўся на ранейшае месца i прыцiскаўся да спiны свайго суседа. Крамарэвiч выразна ўбачыў i адчуў, як уражана душа гэтага хлапчука i што ён можа стаць на мяжы душэўнага калецтва. I ў гэты момант уся iстота яго ўздрыганулася ад думкi, што яму трэба шукаць сваiх дзяцей, што, можа, каторае з iх толькi падстрэлена i мучыцца дзе. Можа гэта было хворае ўяўленне таго, у што ён сам не верыў, але гэта зноў узнiмала да вялiкага гарту яго ўзбуджанне. Зноў яму стала цяжка, i ён з радасцю заўважыў, што пачало свiтаць.

Пад самы дзень Коля заснуў спакайней, але дрыжаў з холаду. Шалашык быў малы, i ў iм нават стаць нельга было на ўвесь рост. Сплецены з яловых лап, шалашык толькi ад людскога вока ўкрываў таго, хто ў iм быў. Холад цёк у яго адусюль. "Як мучыцца гэтае хлапчанё, i я мучуся, i дзецi мае мучылiся. Якое жыццё настала!.." Страшная нянавiсць здушыла Крамарэвiчу грудзi. Ён стаў i чакаў, пакуль Коля прачнецца i ўстане.

Дзень пачаўся ясны, i пад сонцам да паўдня сышоў з травы iней. Коля павесялеў, як толькi скончыўся абавязак спаць уночы. Надвечар ён знайшоў Крамарэвiча i сказаў, што iдзе на ўсю ноч у разведку, а калi прыйдзе невядома. Ён пойдзе ўжо зусiм у iншы бок. Крамарэвiч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блiзкi i родны. Ён ужо быў патрэбен яму. Гэта было апiрышча яго душы.

Коля не прыходзiў некалькi дзён. Крамарэвiч адзiн спаў у тым малым шалашы, некалькi разоў на ноч курыў i ўжо i заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзiлася ў душы яго. Дзень за днём iшлi шпарка, i як чагосьцi вельмi важнага для сябе ён чакаў, калi вернецца Коля. Ён прыйшоў на сёмы дзень i прынёс дзве навiны, адну ўсiм, а другую толькi аднаму Крамарэвiчу. Першая навiна была: па шашы тымi днямi будуць гнаць многа людзей некуды. Iх адусюль зводзяць i зганяюць у цэнтр раёна. Там з'явiлiся нямецкiя салдаты i раскватаравалiся па хатах. Коля Сушчэвiч расказваў пра гэта без якой бы там нi было ўзбуджанасцi. Можна было падумаць, што ён бачыў што-небудзь цiкавае i толькi, а не тое, што зноў зачапiла яго самыя патаемныя думкi.

– Немцаў многа. Ходзяць па мястэчку. Я з iмi гаварыў. Адно слова наша, а другое нямецкае. Я два днi курыў iхнiя папяросы. Я начаваў адну ноч у палiцэйскай канцылярыi. Я iм сказаў, што гэта я шукаю, каб дзе жыць, бо не ведаю, дзе бацькi, i я адзiн астаўся...

У гэтым месцы ён сцiснуў вейкi воч i счырванеўся, але зноў пачаў спакайней гаварыць:

– Яны мне сказалi, гэтыя палiцаi, iсцi куды начаваць, а я сказаў, што вельмi мне балiць жывот i галава i не ведаю, да каго iсцi. Пасядзеў, прылёг на нейкi куфар з пляскатым векам i ляжаў. Мяне да ранiцы не чапалi. А яны ўдвух усю ноч курылi i гаварылi, што людзей, мусiць, па шашы будуць гнаць. Я яшчэ i назаўтра з паўдня каля iх быў, а пасля вельмi есцi захацеў i пайшоў папрасiў у адну хату. А там мяне ведаюць i пачалi распытваць, цi не ведаю я, дзе мой бацька. А я сказаў, што я сам яго шукаю. Яны на мяне паглядзелi i нiчога не сказалi. Я ўбачыў, што яны нешта ведаюць пра майго бацьку, але казаць мне не хочуць. Я пачаў дапытвацца ў iх, а яны мне маўчаць. Я скончыў есцi i пайшоў пад наш дом, нехта падаставаў з яго вокны. Я зазiрнуў усярэдзiну, дык там з канапкi абiўка здзёртая, а на канапцы, дзе я некалi спаў, нейкi шчанюк ляжыць сабе, схаваўшы морду ў лапы. Мне так нядобра стала, што я адразу пайшоў адтуль. Я выйшаў на шашу i ўбачыў, што там нямецкая танкетка iдзе i немцы з яе страляюць наабапал шашы. Гэта яны прачасаць хочуць кусты паўз дарогу. Дык я падумаў, што гэта яны шашу ачышчаюць, каб па ёй гнаць тых людзей. Я яшчэ вярнуўся ў раён i пайшоў прасiць у немцаў есцi i закурыць. Адзiн немец даў мне пяць белых сухароў i цыгару. Я пералiчыў, колькi там на двары салдат, закурыў цыгару i разгаварыўся з адным немцам. Там дзве роты салдат стаяць, на тым тыднi iх прыгналi. У iх ёсць грузавiкi i танкеткi, i гэта яны будуць ачышчаць ад партызан шашу i трымаць па шашы варту, каб дарога была свабодная iм. Тады я пайшоў пад шэсць хат. Дык туды матацыклiсты прыязджалi i зноў паехалi. Я павячэраў у таго чалавека, што хата з сiнiмi акянiцамi. Ён мне сказаў пра бацьку, я не адчапiўся ад яго, пакуль ён не сказаў.

Тут Коля Сушчэвiч перадыхнуў i спынiўся. Гэта была другая навiна, якую ён сказаў толькi аднаму Антону Крамарэвiчу i некалькi разоў прасiў яго маўчаць пра гэта перад усiмi. Ён аж зажаўся, шпарка гаворачы, аж твар яго перасмыкваўся ад празмернай узбуджанасцi:

– Мой бацька ў немцаў служыць.

– А можа гэта няпраўда, – перарваў на паўслове Колю Крамарэвiч, з гэтага моманту чуючы, як пачынае нараджацца ў яго дзiўная думка: гэта была думка ад задавалення i ад пачуцця зларадства. Аляксандр Сушчэвiч пайшоў на службу да немцаў! Гiтлераўцы павесiлi яго жонку, у яго кватэры на канапе спiць шчанюк валачашчы, а хлопец яго мучыцца ў лесе пад кустамi. А ён немцам служыць! Той самы Сушчэвiч, што некалi быў вельмi востры на слова i на справу! Але не гэта ўсё было самае важнае, з чаго Антон Крамарэвiч быў усе тыя днi ў неспакойнай узбуджанасцi. Прычына ўзбуджанасцi была ў вялiкай крыўдзе: у самы цяжкi момант свайго жыцця, калi ён пакiдаў на жончыны рукi няскончаную хату, ён жа добра ведаў, што Аляксандр Сушчэвiч дурань, хвалько i самы большы тут прайдзiсвет. Але толькi цяпер, праз колькi год, ён скiнуў з сябе тое, у што быў адзеты. Якая вялiкая крыўда душыла Антона Крамарэвiча! Ён ужо не слухаў, што i як дагаварваў да канца Коля. Атрутная думка тачыла яго. "Каб не Аляксандр Сушчэвiч, мой дом даўно ўжо быў бы гатовы! На свеце адным домам было б больш. Я ставiў дом. А ён нiчога не зрабiў добрага. Ён адно не даў мне давесцi да канца будоўлю... Але хто жыў бы цяпер у тым доме? Няма ўжо iх, тых, дзеля каго будаваўся дом. Божа мой, Божа, няма iх!"

Ён аж выгукнуў гэтыя словы. Коля паглядзеў на яго i пакiнуў расказваць аб сваёй разведцы. Позiркi iх спаткалiся.

– А ў маю хату ты там заходзiў? – запытаў Крамарэвiч, прагнучы душой, каб так было, што Коля заходзiў у хату i сказаў яму, што там робiцца.

– Заходзiў, – адказаў Коля. – Я там адну ноч пераспаў на печы.

– Там жа холадна?

– Холадна.

– А певень?

– Сядзеў на той самай жэрдцы.

– I нiхто туды не прыходзiў i не хадзiў паблiзу?

– Не. Цiха было.

– А дзверы ты не забыўся дротам закруцiць?

– Закруцiў як мае быць.

– Ну добра. Дык цяпер, мусiць, на шашу трэба будзе iсцi?

Коля пацiснуў плячыма. Ён рабiў, што да яго належала. А ўсё iншае – на гэта ёсць iншыя людзi.

Праз дзён два прыйшла змена ў жыццi ўсяго атрада, i Крамарэвiч ахрысцiўся на вечнае развiтанне са сваёю адзiнотаю. Коля Сушчэвiч яшчэ раз схадзiў у разведку i сказаў, што на шашы пачаўся небывалы раней рух. Ездзяць машыны з аўтаматчыкамi, матацыклiсты, танкеткi i легкавiкi. Камандзiр здагадаўся, што гэта падобна на нямецкую псiхiчную атаку: многа руху i грукату, каб працiўнiк думаў, што iдзе вялiкая сiла. Гэтак i тут.

На трэцюю ноч атрад зняўся з месца i выйшаў да свiтання на шашу. На ранейшым месцы асталiся толькi двое, i адзiн з гэтых двух быў Коля Сушчэвiч. Камандзiр атрада апошнiмi днямi пачаў думаць, што гэта не так сабе незнаёмыя людзi пачалi з'яўляцца ў гэтым месцы. Гэта маглi быць нямецкiя выследчыкi, якiя вывiжоўвалi партызанскiя сляды. Можа яны напалi на след атрада? Калi гэта так, то пасля аперацыi на шашы не трэба варочацца на гэтае месца. Дык трэба праверыць, цi ў гэтыя днi будуць падыходзiць туды незнаёмцы. Дзеля гэтага ў лесе асталiся Коля Сушчэвiч i добра вядомы яму з самых малых дзён тамашнi чалавек, якi апошнiя перад вайной два гады быў садаводам i пчаляром у блiзкiм да раённага цэнтра саўгасе i часта бываў у доме Сушчэвiчаў. Яны ўдвух самi з сабою памеркавалiся заняць месцы далёка адзiн ад аднаго, каб шырэй абсочваць мясцовасць. Коля ўвесь першы дзень прасядзеў на прыдарожнай таполi, i яму добра вiдно было на шырокую разлегласць. I ўсе падыходы да лесу былi як на далонi. Нават добра заўважаўся дробны кусток шыпшыннiка, ужо без лiсця i прыламаны калёсамi. За дзень Коля не ўбачыў анiводнага чалавека. Было так цiха i пуста, быццам тут нiколi не лiлася чалавечая кроў i быццам бы тут не тлелi ў зямлi прыблудныя ў гэты куток фашысты i iхнiя палiцаi. Змрокам дня Коля злез з дрэва i пайшоў на лагернае месца ў лес, так, як яны i дамовiлiся з садаводам. Той ужо быў там i нецярплiва чакаў Колю. Здавалася, што ён нейкi ўзбуджаны. Ён узяў Колю за плечы i сказаў:

– Ну, сынку, ты ўсё тужыш па бацьку i шукаеш яго. Дык будзь спакоен, твой бацька жыў i здароў.

Коля ўздрыгануўся i, апанаваны вялiкай трывогай, сцiшыўся.

– Я сёння апоўднi твайго бацьку бачыў. I так мне хацелася з iм пагаварыць, але не ўдалося. Ён iшоў паўз лес, я яго бачыў здалёку i пазнаў. Я крычаў, а ён не пачуў, вецер дзьмуў ад яго. Так што твой бацька жывы i здаровы. Цяпер ужо, калi так, ты з iм можаш скора i спаткацца.

Гэты чалавек не ведаў, што ён не ўзвесялiў Колю, а ўвагнаў яго душу ў жах безнадзейнасцi i трывогi. Удвух яны леглi на ноч у Колевым шалашыку. Садавод заснуў адразу i праспаў ноч, не павярнуўшыся. Гэта быў здаровы сон чалавека, якi пражыў дзень як трэба i заўтра будзе жыць як трэба. Здаровы чалавек i спiць здорава.

Трэба думаць, што гэтага садавода ў маленстве не кранула за душу нiякае зло. I ён мог бы быць прыкладам усiм: жывi так, як расце дрэва. Радуйся сонцу i ведай, што ў самую страшную навальнiцу iдзе дождж i жывiць усё жывое.

Коля Сушчэвiч нават i вачэй не заплюшчыў у тую ноч. Скурчыўшыся, ён чакаў дня i з радасцю заўважыў, як свiтанне пачало цадзiцца ў шалаш праз усе шчылiны. Ён вылез на двор i ўбачыў: стаяў сапраўдны мароз. Дзе крыху дрэвы разыходзiлiся ў паляну, там усё бялелася. I ў твар рэзала холадам. Блiзка была зiма. Пачуццё вялiкай няўтульнасцi апанавала Колю Сушчэвiча. Ён хацеў аднаго: iсцi туды, дзе ўсе, а не аставацца тут удвух. I яшчэ: ён гарнуўся да Антона Крамарэвiча, яму хацелася быць з iм. З вялiкай нецярплiвасцю ён перачакаў тут некалькi дзён, пакуль не стала i яму i садаводу ясна, што падазроныя людзi i сапраўды такi гэтае месца агледзелi i старанна абсочваюць яго.

Нават нейкiя ўдвух прыходзiлi на месца самога лагера, сказалi, што скрываюцца ад немцаў, пасядзелi, пагаварылi i пайшлi. Усё было выразна. Коля з садаводам рушылi ў дарогу. Iдучы скрозь паўз шашу, яны дайшлi да вялiкiх забалочаных паплавоў. Тут была ўжо тэрыторыя суседняга раёна. Балота было замерзлае. Рыжая асака тырчала на iм пукамi памiж куп'я i кустоў. Яны наткнулiся на свайго чалавека. Ён стаяў пад адкосам i акiдаў вачыма дарогу. Увесь атрад быў тут. Па шашы засада была ў трох месцах. Коля Сушчэвiч знайшоў Крамарэвiча i астаўся пры iм. Толькi на восьмы дзень людзi ўбачылi вялiкi натоўп людзей на шашы. Тут былi прыдарожныя дубы. Як зялёныя скалы, яны ўзвышалiся над шырокай мясцовасцю. Нiводнага з гэтых магутных дрэў не магла б узяць нiякая пiла, такiя яны былi тоўстыя. Кожны з гэтых дубоў меў не адну сотню гадоў. Вялiкi натоўп людзей паволi iшоў дарогай. Людзей было некалькi сот, i напэўна больш за тысячу. Больш як палова ўсiх тут было жанчын. А рэшта былi старыя i нават не старыя мужчыны, падросткi i дзецi. Зусiм малых дзяцей жанчыны неслi на руках. Трэба было бачыць твары гэтых жанчын, матак i сёстраў. Але найбольш маглi ўразiць чулую душу дзяўчынкi, самi яшчэ падросткi. Убачыўшы нядаўна смерць сваiх бацькоў, яны неслi на руках сваiх малых братоў i сёстраў, якiя некалi нават i памятаць не будуць, што iх жыццё пачыналася ў час, калi чалавецтва найбольш ганарылася сваёй цывiлiзацыяй i найбольш сыходзiла крывёй i енчыла ў пакутах з таго, што ясны розум яго занядбаў тое вялiкае, што магло б быць названа сэнсам светабудовы, – гэта чалавечае сумленне. Не памагла цывiлiзацыя.

Чалавечыя твары ў гэтым натоўпе былi шэрыя, учарнелыя i прыгнечаныя. Усе iшлi цесна адзiн пры адным. Ужо не было тут нiкога такога, хто не пераступiў бы яшчэ мяжы памiж дбайнасцю аб сваiм выглядзе i абыякавасцю да ўсяго, апроч адзiнай думкi аб захаваннi жыцця. Вялiкае гора скiдае з чалавека нават i некаторыя ўласцiвасцi яго натуры. У гэтым вялiкiм натоўпе асуджаных на пакуты i гiбель былi ўжо i такiя, што не спадзявалiся на ратунак. Вiдна была высокая i худая жанчына з завостраным тварам i паднятымi ўгару плячыма. Няйначай, што яна многа месяцаў адбыла ў якiм-небудзь канцэнтрацыйным лагеры. Абхапiўшы яе рукамi за шыю i звесiўшы галаву цераз яе плячо, вiсела ў яе на спiне зусiм малая дзяўчынка з забiнтаванай каляровымi лахманамi нагой. Жанчына iшла размашной паходкай. Ззаду яе падганяў натоўп. А натоўп падганялi канвойныя. Дзяўчынка гула сабе пад нос бясконца адну ноту. Здавалася, што жанчына спяшае, каб хутчэй мiнуць тое месца, па якiм яна iшла ў той момант, i толькi. Але не да мэты яна спяшала. Бесперапынны стан псiхiкi ў напружаным прыгнечаннi можа знiшчыць у чалавеку iмкненне. Блiзка ад гэтай жанчыны iшоў нiзкарослы чалавек з распушчанымi рыжымi вусамi. Калi жанчына iшла роўна, нiкуды не гледзячы i не маючы перад сабой куды глядзець, то гэты чалавек бесперапынна раз-поразу азiраўся на бакi i назад. Здавалася, што ён нешта хоча зараз убачыць. I ўсе iшлi цесным гуртам то панылыя, то рухавыя. Абзывалiся дзецi, маўчалi дарослыя, шоргаўся аб дарогу стаптаны абутак, чуўся кашаль i часам голас канвойнага салдата цi палiцая. За ўсiм натоўпам iшлi два грузавiкi з аўтаматчыкамi i пешкам цяглiся палiцаi, цэлая каманда. Грузавiкi то спынялiся, каб прапусцiць наперад пешы натоўп, то даганялi яго. Следам жа iшла машына лёгкая, крытая брызентам, i ў ёй сядзеў малады нямецкi афiцэр, чысты i спрытны. З таго часу, калi ён з'явiўся ў гэтых мясцовасцях, ён больш, як калi раней, i вельмi многа ў апошнiя тыднi думаў аб сваей эўрапейскай цывiлiзаванасцi. I ў гэты дзень ён перажываў вялiкую прыкрасць ад таго, што прыйшлося яму, цывiлiзаванаму немцу, узначальваць такi азiяцкi спосаб перагонкi арыштаваных людзей. Калi трымацца законаў цывiлiзацыi, то iх трэба было б пасадзiць на грузавiкi. Няважна, чаго ён з'явiўся сюды i што яны яго не запрашалi. Важна тое, якiя формы надаць перагону iх з аднаго канцэнтрацыйнага лагера ў другi. Не ў тым сэнс, што ад iмя i iмем свайго фюрэра ён мучыць гэтых людзей на iх жа роднай зямлi i ў iх уласным доме. А сэнс у тым, каб рабiць усё гэта паводле законаў нямецкай цывiлiзацыi. А тут якраз не было грузавых машын, а яму хацелася як мага хутчэй здаць са сваiх рук арыштаваных, бо могуць быць уцёкi, а гэта пагражае яму знiжэннем пасады i пенсii. Да таго ж ёсць загад вышэйшага начальства аб пераводзе арыштаваных. Ён не мог знайсцi хоць якой уцехi ў думках, што ў гэты ж дзень будзе складзен i падпiсан акт, што гэтулькi вось людзей памерла ў дарозе, а гэтулькi ўцякала i iх застрэлiлi. (Хоць iх застрэлiлi за тое, што яны ад сваёй змучанасцi ў лагеры ўжо не маглi далей цягнуць ног i несцi на сабе малых дзяцей.) Уцехi ў гэтага немца не было таму, што ён быў уражлiвы i схiльны бачыць перад сабой самае горшае. Дык вось i цяпер яму ўсё здавалася, што палавiна забраных людзей зараз пабяжыць i ўцячэ, i яшчэ (хiба не можа быць?) перадушыць яго салдат. Да таго ж – партызаны. Ад гэтай думкi ў яго пачынала ў грудзях ныць i смактаць. Нарэшце ён такi знайшоў сабе ўцеху ў думцы, што ён выконвае вялiкую мiсiю сярод гэтых людзей – мiсiю нямецка-патрыятычную i цывiлiзатарска-эўрапейскую. Ён на заваяванай чужой зямлi i абкружан ворагамi. Нездарма вышэйшы за яго начальнiк выразна быў сказаў:

– Тут многа хворых i немагушчых, нi да якой работы яны не здольны, i карысцi ад iх мала. Гэта непатрэбны баласт. Але ён у дарозе можа пабегчы ўцякаць. Тады астаецца толькi адно: перастраляць iх усiх.

Толькi цяпер гэтыя словы ў поўным сваiм сэнсе як мае быць дайшлi да свядомасцi цывiлiзаванага немца. Божа, якое шчасце было б не ўзначальваць iх, а хутчэй ведаць, што яны не iснуюць больш на свеце. На душы ў яго стала спакайней i лепш. "Вось зараз пачне канчацца дзень. Не можа быць, каб хто-небудзь з iх не паспрабаваў уцякаць". Жыццярадаснасць пачала варочацца да яго. Благаславенная яго маладосць вымагала найчысцейшай радасцi i задавалення сабой. I задаваленне прыйшло да яго. I яшчэ адна думка прыйшла да яго на падмогу: ён жа выконвае i яшчэ адну мiсiю: неабходнасць вышэйшай расы ўладаць рэштаю свету. Ён паглыбiўся ў думкi так, што з-пад яго ўвагi пачало знiкаць усё навакольнае. Настаў момант, калi ён загадаў спынiць машыну i выйшаў з яе. Паўз яго iшоў натоўп. Плылi людскiя постацi, мiналi яго, далей i далей. Яшчэ ён убачыў, як чорны жук поўз цераз дарогу, як птушка выпырхнула з травы. "Цiха, дзiцятка, бо немец пачуе", – пачуўся бадай што ў яго над вухам жаночы голас, бусел праплыў у старане за дарогай. Ён зрабiў тут жа на дарозе свой прыродны iнтэрас, дзеля якога i вылез з машыны, i прыгнуўся, каб зноў сесцi ў машыну. I сапраўды настаў момант. Усё ў яго вачах здрыганулася, у вушах яго ляснула i грунула. Ён пачуў крык многiх галасоў, адчуў пах дыму i пылу, дзiкiмi вачыма кiнуў у дарогу i ўбачыў, як натоўп пачаў разбягацца з дарогi, i тут жа перад iм апынуўся чалавек з распушанымi вусамi i даў кулакамi яму ў твар. Ён упаў, чуючы крык, i святло яснага адвячорка змеркла ў яго вачах.

Гэта Коля Сушчэвiч ляснуў гранату пад машыну гэтага афiцэра. Дзве гранаты яму выдалi ў той жа дзень, калi ён прыйшоў сюды i апынуўся пры Антону Крамарэвiчу, у якога таксама было дзве гранаты. Калi забраныя людзi пад канвоем салдат i палiцаяў з'явiлiся на дарозе, Коля адчуў, як сэрца распiрала яму грудзi. У яго была практыка: кожны раз у такiх выпадках у першы момант яму цяжка было дыхнуць на поўныя грудзi. I цяпер ён пачаў шукаць вачыма патрэбнага яму пункта. Яму добра вiдна была лёгкая машына, крытая зялёным брызентам. "Там павiнен быць афiцэр, гэта няйначай", – так думаў ён i сцiшыўся. Ён адчуваў толькi адно: як паволi паўзе гэтая машына. "Каб яна была згарэла", – каб трохi, дык выгукнуў бы ён. Людзi праплывалi паўз яго. I канваiры то з'яўлялiся, то знiкалi далей у дарозе. Ён нават i не прычакаў, каб машына даехала да яго. Ды i чакаць не было як: машына стала. З яе выйшаў афiцэр. Наўскасяк цераз адкос Коля шпурнуў гранату. Што там было далей, ён ужо не бачыў.

– Што ты зрабiў? – з горкiм упiкам крыкнуў яму блiзкi голас. – Трэба было пад салдацкi грузавiк! Унь аўтаматчыкi драла даюць.

Грузавiкi з аўтаматчыкамi мiтусiлiся, стараючыся завярнуцца i даць ход назад. Тады пачалiся гранатныя ўзрывы адзiн за адным. Гэтае месца шашы было ўзарвана, i нiякага ходу па шашы тут ужо быць не магло. Пашчапаныя ў трэскi грузавiкi ляжалi мёртвым плазам разам з косцьмi, галовамi i плячыма, з адарванымi рукамi ў рэштках мундзiрнага нямецкага сукна. Нiводнага чалавека з таго натоўпу ўжо на шашы не было. Чалавек з распушанымi вусамi стаяў за адкосам на паплаўцы, узбуджана азiраўся, i вочы яго блiшчалi. Ён усё гаварыў раз-поразу:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю