412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кир Булычев » Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 06:08

Текст книги "Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)"


Автор книги: Кир Булычев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

– Магда! Ты да мяне?

– Ага, – адказала Ганна, прыцiскаючыся да сцяны.

– Дачакаўся, – сказаў Раман, – прыйшла, галубка.

– Спяшайся, баярын, – сказаў яцвяг. – Князь гневаецца.

– Явайла, правядзi князёўну да майго дома. Яна будзе чакаць мяне там. I калi хоць адзiн волас упадзе з яе галавы, табе не жыць... Дачакайся мяне, Магдалена.

Яцвяг дакрануўся дзяржаннем нагайкi да спiны чарадзея.

– Мы стамiлiся чакаць, – сказаў ён.

– Святло факела ўпала на труп вар'ята.

– Магда, я вярнуся, – сказаў Раман. – Ты пачакаеш?

– Ага, – адказала Ганна. – Пачакаю.

– Слава богу, – дадаў Раман. Адыходзячы, ён аглянуўся, каб упэўнiцца, што стражнiк падпарадкаваўся загаду. Стражнiк, без аглядкi iдучы па вулiцы, крыкнуў:

– Вароты не зачыняйце, мяне назад паслалi. – I дадаў нешта па-лiтоўску. У варотах паказаўся твар другога стражнiка.

"Няма лiха без дабра", – падумала Ганна. Не трэба думаць, як увайсцi ў дом. Ён чакаў, ён быў гатовы ўбачыць князёўну. I ўбачыў.

24

Стражнiк правёў Ганну да дзвярэй. Лiтоўцы глядзелi на яе раўнадушна. Яна iшла, апусцiўшы вочы.

Зарыпелi дошкi насцiлу, стражнiк узышоў на ганак, штурхнуў дзверы i штосьцi крыкнуў усярэдзiну.

Ганна чакала. Зарыва як быццам стала меншае, затое з супрацьлеглага боку пачало святлець, хоць у горадзе было яшчэ зусiм цёмна.

З сярэдзiны данеслiся шпаркiя крокi, i на парог выбег, кульгаючы, блазан. Ён спынiўся, углядаючыся.

– Панi Магда?! – Здаецца, ён не верыў сваiм вачам.

– Пан Раман, – сказала Магда, – загадаў мне чакаць яго.

– Не можа быць, – сказаў блазан. – Ты павiнна спаць. Ты не павiнна была сюды прыходзiць. Нi ў якiм разе! Пакуль ты ў цераме, ён не ўцячэ, няўжо не разумееш? Чаму ты не спiш? Ты ж выпiла зелле? Ах, цяпер ты ў яго ў руках.

Ганна падумала, што пра зелле яна, Магда, ведаць не павiнна. Але паказаць цiкавасць трэба.

– Якое зелле? – спыталася яна.

– Хадзi, князёўна, – сказаў блазан. – Не слухай дурня. Iдзi, на вулiцы стаяць...

Ён падаў занадта вялiкую на яго рост руку, i Ганна паслушна, трымаючыся за яго сухiя пальцы, прайшла ў святлiцу.

Люк у падвал быў зачынены. Да Кiна некалькi крокаў.

– Сюды хадзi, – паклiкаў блазан, адчыняючы дзверы ў пакой. Але Ганна спынiлася на парозе.

– Я пачакаю тут, – сказала яна.

– Як хочаш. – Блазан быў засмучаны. – I чаго ты прыйшла? Хто цябе разбудзiў? Няўжо я памылiўся... гэта ж зелле, ад якога сама не прачнешся...

"Ён даў ёй снатворнага? Ах ты, iнтрыган!" – ледзь не вырвалася ў Ганны. Замест гэтага яна ўсмiхнулася i спыталася:

– А дзе ж твой гаспадар займаецца чарадзействам?

– Хiба гэта так важна? – спытаўся блазан. – Гэта ўжо не важна. Ты гаворыш па-русiнску. Але дзiўна. Гаворка твая чужая.

– Ты забыўся, што я выхавана ў Кракаве?

– Выхавана? Чужое слова, – сказаў блазан. – Ты вымаўляеш дзiўныя словы.

Века над люкам паднялося. Блазан жвава аглянуўся.

Хлопцава галава паказалася ў люку.

– Ты чаго, Глузд?

– Той, лiцвiн, б'ецца... баюся я яго. Паглядзi, Акiплеша.

– Прырэж яго, – спакойна адказаў блазан.

– Не! – вырвалася ў Ганны. – Хiба можна? – Яна ступiла да адчыненага люка. – Як ты пасмееш?.. – Яна амаль крычала: толькi б Кiн зразумеў, што яна побач.

Блазан спрытна выкруцiўся i стаў памiж люкам i Ганнаю.

– Табе туды нельга, князёўна, – сказаў ён. – Не дазволена.

– Гэй! – пачуўся знiзу прарэзлiвы Кiнаў голас. – Развяжы мяне, скамарох. Вядзi да князя. Я маю што сказаць!

– Знаёмы голас, – сказала Магда. – Хто ў цябе там?

– Не твой клопат, панi.

– Раб! – усклiкнула яна. – Смерд! Як ты пасмеў пярэчыць! – Ганна не баялася сказаць якое-небудзь слова, якога яны не ведалi. Яна iншаземка i не мела iншай адукацыi, акрамя хатняй.

I ў голасе адукаванай масквiчкi канца дваццатага стагоддзя раптам загучалi такiя велiкакняжацкiя iнтанацыi, што Жуль усмiхнуўся...

– Прэч з дарогi! – крыкнула Ганна. – Паглядзiм, што скажа баярын, калi даведаецца пра тваё свавольства. I блазан адразу знiк. Нiбыта яму стала ўсё роўна – убачыць Магда нявольнiка цi не...

Ганна ганарлiва адпiхнула хлопца i спусцiлася ўнiз у знаёмае ёй сутарэнне, дзе было мноства рэтортаў, гаршкоў, медных тыгляў – невядомых прадвеснiкаў хiмiчнай навукi. Моцна пахла сернаю кiслатою. Кiн назiраў, прыпёршыся да сцяны. Ганна падмiгнула яму, Кiн насупiўся i прамармытаў праз зубы:

– Яшчэ чаго не хапала.

– Дык вось ты дзе? – абурана сказала князёўна, гледзячы на Кiна. – Чаму звязаны? Што яны з табою зрабiлi?

– Панi, – зразумеў Кiн, – я дрэннага не рабiў.

Я прыйшоў да пана Рамана ад вас, але мяне нiхто не слухае.

Ганна азiрнулася. Хлопец стаяў каля лесвiцы, блазан на прыступках. Абодва ўважлiва слухалi.

– Do you speak English?

– А little.*

* – Вы размаўляеце па-ангельску?

– Крыху.

Ганна ўздыхнула з палёгкаю.

– Нам трэба iх пераканаць, – працягвала яна па-ангельску.

– Малайчына, – сказаў Кiн. – Як скажаце, панi.

– Развяжы яго, – загадала Ганна хлопцу.

– Зараз, панi, – сказаў ён нясмела. – Але... Пан...

– Пан зробiць усё, што я захачу.

Хлопец аглянуўся на блазна. Той спусцiўся ў падвал, сеў за стол.

– Рабi, – хмура сказаў ён, – пан выканае ўсё, што яна скажа.

– Дзе ваш каханы? – спытаўся Кiн па-ангельску.

– Не смейцеся. Я сумленная дзяўчына. Ён з князем. Яны абмяркоўваюць пытаннi абароны.

Кiн падняўся, размiнаючы здранцвелыя пальцы.

– Я пайшоў. Мне трэба быць з iм. А вам лепш вярнуцца.

– Не, я застануся. Раман прасiў мяне застацца. Я магу дапамагчы вам, калi вы вернецеся.

– На выпадак небяспекi вы ведаеце, што рабiць?

– Зразумела, – сказала Ганна па-расейску. – Iдзi да Рамана, беражы яго. – Яна павярнулася да хлопца. – Правядзi майго слугу да выхаду. Каб яго не трымалi стражнiкi.

Хлопец зiрнуў на блазна. Той кiўнуў. Хлопец пайшоў следам за Кiнам. Блазан сказаў:

– Thy will releaseth him from the fetters.*

* Твая воля выпусцiла яго з аковаў (старажытнаангл.).

Ганна збянтэжылася:

– Ты разумееш гэтую мову?

– Я бываў у розных краях, князёўна, – сказаў блазан. – З маiм панам. Мы, рабы, утойваем свае веды...

"Не можа быць, – падумала Ганна, – ён не мог усё зразумець. Сем жа стагоддзяў прайшло, мова так змянiлася".

25

– Тут вы дабываеце золата? – спыталася Ганна. У печы зус патухла, толькi пад попелам тлелi чырвоныя вугалькi.

– Мой пан робiць гэта, каб дагадзiць богу, – сказаў блазан.

– Веру, веру, – сказала Ганна. – А цi праўда, што ён вынайшаў кнiгадрукаванне?

– Не ведаю такога слова, панi, – прамовiў блазан. Ён падышоў да вуголля i выставiў свае вялiкiя рукi.

– Ты дапамагаеш пану?

– Калi ён дазваляе мне. А навошта табе i твайму чалавеку мой пан? спытаўся карлiк.

– Я не зразумела цябе.

– Вы размаўляеце на мове, якая падобная на мову саксаў. Твой чалавек пабег па майго пана.

– Ты баiшся за яго?

– Я баюся страху майго пана. I яго кахання да цябе. Ён забываецца пра другiх. Гэта прывядзе да смерцi.

– Чыёй смерцi?

– Сёння смерць чакае ўсiх. Калi хапаешся за адно, забываеш пра галоўнае.

– Што ж галоўнае? – Ганна хацела дадаць раб цi дурань, але зразумела, што не хоча больш гэтай гульнi.

– Галоўнае? – Блазан павярнуўся да яе, адзiнае яго вока было страшэнна сумнае. – Ты чужая. Ты не можаш зразумець.

– Я паспрабую.

– Зараз божыя дваране пойдуць на прыступ. I нiкому лiтасцi не будзе. Але калi я здагадаўся правiльна, то баярын Раман хадзiў, каб дамовiцца з божымi дваранамi так, галоўнае прападзе.

– Але ж застаецца навука, яе вялiкае адкрыццё.

– Ты, князёўна, з багатых. Ты нiколi не галадала. Цябе нiколi не бiлi, не палiлi, з цябе не здзекавалiся... табе нiчога не пагражае. Цябе нiхто не кране – нi тут, нi ў турме. А вось усе гэтыя людзi, тыя, што спяць цi не спяць, хвалююцца, п'юць, ядуць, плачуць на вулiцах, – iх паб'юць. I ўсё гэта не мае значэння для майго пана. I для цябе – iх мука да вас не даляцiць.

Карлiк, асветлены чырвоным святлом вугалёў, быў страшны. Вось такiя былi першыя прапаведнiкi сярэдневяковай справядлiвасцi, такiя iшлi на кастры. Людзi, якiя зразумелi, што кожны варты жыцця, i былi бяссiльныя.

– Ты памыляешся, блазан.

– Не, не памыляюся. Нават цяпер у тваiх добрых вачах i ў тваiх добрых словах няма праўды. Ты не ведаеш, цi ёсць у мяне iмя, слава i гонар. Блазан, дурань...

– Як цябе завуць?

– Акiплеша – гэта таксама мянушка. Я не памятаю свайго iмя. Але я не раб! Я зраблю тое, чаго не хоча рабiць Раман.

– Што ты можаш зрабiць?

– Я выйду падземным ходам, я знайду ў лесе лiцвiнаў, я скажу iм, каб спяшалiся.

– Ты не паспееш, Акiплеша, – сказала Ганна.

– Тады я разбуру ўсё гэта... усё!

– Але гэта жыццё твайго пана, справа яго жыцця.

– Ён заваражыў цябе, князёўна! Каму трэба яго справа, мая справа, твая справа, калi сыдуць крывёю хлопцы i немаўляты, жонкi i мужы – усе дзецi Хрыстовы? Аднак я не магу разбураць...

Блазан ускараскаўся на крэсла, сеў, звесiўшы ногi, апусцiў галаву на рукi, нiбы заснуў. Ганна маўчала, глядзела на шырокую гарбатую блазнаву спiну. Не паднiмаючы галавы, глуха ён спытаўся:

– Хто ты, князёўна? Ты не тая, за каго выдаеш сябе.

– Хiба гэта так важна, Акiплеша?

– Хутка развiднее. Я ведаю людзей. Дурнi назiральныя. Мой пан нам здрадзiць, i я не магу спынiць гэтага.

– Скажы, Акiплеша, твой пан напраўду такi вялiкi чарадзей? Большы за царкоўных каралёў i зямных князёў.

– Слава ў яго будзе вялiкая, – сказаў блазан. – I каралi прыйдуць да яго на паклон. Iнакш я не звязаў бы з iм свайго жыцця.

– А што ты мог зрабiць?

– Я мог уцячы. Я мог пайсцi да другога гаспадара.

– Ты так на самай справе думаў?

– I не раз. Але каму патрэбен кульгавы вырадак? Каму я дакажу, што ў мяне такое самае сэрца, такая самая галава, як i ў знакамiтага?

– Раман гэта ведае?

– Раман гэта ведае. Бог надзялiў яго розумам.

– А цябе?

– Раман ведае мне цану.

– I ўсё?

– А што яшчэ? Што яшчэ патрэбна рабу i вырадку?

– Ты ненавiдзiш яго? Ты... ты не раўнуеш мяне да яго?

Блазан адкiнуўся ад стала, зарагатаў, скрывiўшы грымасай i без таго знявечаны твар.

– Цябе? Да яго? У мяне адно вока, гэтага хапае, каб зразумець, што князёўна Магда спакойна спiць у цераме. Ты нават не магла абуць яе боцiкаў, ты не вельмi асцярожная. I голас цябе выдае. I мова. Але не бойся. Раман не здагадаецца. Ён бачыць толькi сваё каханне, ён сам iм любуецца. Ты птушка ў небе, слодыч невыказная – таму ты i патрэбна яму. Мала яму ўлады на зямлi, ён хоча i птахаў нябесных прыручыць... Ён прыме цябе за Магду, таму што хочацца яму прыняць цябе за Магду, цётачка! Ён разумны, а ў прываротнае зелле верыць!

– Дык ты замест прываротнага зелля зрабiў соннае?

– А ты што хацела? Нельга ж было, каб яна бегла сюды. Таму я так здзiвiўся з цябе. Зелле ж выпрабаванае. Я з iм два разы з аковаў уцякаў. Нават з замка Крак.

– Як ты трапiў туды?

– Вядома як – за варажбу. За глупства.

– Мне дзiўна, што ты раб, – сказала Ганна.

– Iншы раз мне таксама... Бог кожнаму вызначыў месца. Мабыць, так i трэба... так i трэба.

– Ты небяспечны раб. Ты не дурань, а прытворшчык.

– Не, дурань. Толькi без нас, дурняў, разумнiкi павымiраюць ад свайго розуму ды нудоты... А вось i яны...

Раман спусцiўся па лесвiцы першы.

– Вы чаго тут? – спытаўся ён. – Чаму не правёў князёўну ў пакоi?.. – Ён дакрануўся да Ганнiнага пляча.

Кiн i хлопец спусцiлiся следам. Кiн пакланiўся Магдзе. Раман паглядзеў на яго i спытаўся ў князёўны:

– Гэта праўда, што ён з табою?

– Праўда, ён заўсёды са мною, – сказала Ганна цвёрда. – Я пасылала яго, каб ён аберагаў цябе. I ён будзе цябе берагчы.

– Я рады, – сказаў Раман. – Усё будзе добра! Усё абыдзецца! Мы зробiм, як нам трэба. Ордэн ужо падступiў да сцен.

– Як? – Блазан стаў панурым. – Ужо прыступ?

– Яны за сто крокаў, iдуць да варотаў. Лiтвы ўсё няма...

– А чаго ты прыйшоў сюды? – спытаўся блазан. – У нас з табою няма тут агню i мячоў. Наша месца на сценах... З усiмi.

– Глупства кажаш, – вымавiў Ранан, зноў падыходзячы да Ганны i беручы яе за пальцы. Далонь у Ранана была вiльготная i гарачая. – Гарады будуць гiнуць, i людзi будуць памiраць, але вялiкiя веды застануцца на вякi. Забудзь пра дробязi, ды не па чыне табе гэта думаць, – завяршыў Раман суха, нiбыта ўспомнiўшы, што блазан яму не сябар, а толькi слуга.

Блазан, зiрнуўшы на Ганну, адказаў:

– Я сваё месца ведаю, дзядзечка.

З далечынi да падзямелля данёсся шум – знайшоў сабе дарогу праз платы, сцены, крык людзей, якi злiўся ў грозны роў, i адказам яму былi разрозненыя вокрыкi i стогн унутры горада. Тут жа адгукнулiся званы на плошчы – гужлiва, часта, быццам сцiснутае страхам сэрца, яны гулi, просячы божай лiтасцi.

Усе сцiхлi, прыслухоўваючыся. Раман хутка падышоў да куфра ў кутку пакоя, праверыў замок.

– Дапамажы! – сказаў ён блазну i налёг на куфар, перасоўваючы яго ў глыб падвала.

– Мы ўцякаем? – спытаўся хлопец.

– Не, – адказаў Раман.

– Ты будзеш змагацца? – спытаўся блазан.

– Буду, – адказаў Раман. – Iдзi паглядзi, як там на сценах. Можа, твой меч там спатрэбiцца?

– Не пайду, – запярэчыў блазан.

– Не ўцяку я, не бойся.

– Я баюся iншага, – вымавiў блазан.

– Чаго ж? Кажы.

– Здрады баюся.

– Дурань i памрэш па-дурному, – сказаў Раман, беручыся за дзяржанне мяча.

– Усё-такi заб'еш мяне? – Блазан быў здзiўлены.

– Калi раб здраджвае, – сказаў Раман, – яго забiваюць.

– Не ўздумайце! – крыкнула Ганна. – Як вам не сорамна.

– Сорамна? – Блазан караскаўся па лесвiцы.

– Ты куды? – спытаўся Раман.

– Зiрну, што там робiцца, – сказаў блазан. – Пагляджу, цi трымаюць вароты...

Ён знiк, i Раман павярнуўся да Кiна, але перадумаў, паглядзеў на хлопца.

– Iдзi за iм, – сказаў ён. – Прасачы...

– Што? – не зразумеў хлопец.

– Каб ён не падышоў да каго-небудзь з князевых людзей. Да князя каб не падышоў... а зрэшты, заставайся. Ён не паспее.

Раман паводзiў сябе дзелавiта, суха i холадна. Ён паглядзеў на пясочны гадзiннiк. Потым акiнуў позiркам тых, хто заставаўся ў сутарэннi.

– Князёўна Магда, – сказаў ён, – душа мая, паднiмiся наверх. Iдзi ў тыльныя пакоi. I не выходзь адтуль. Нi ў якiм разе. А ты, – ён загаварыў да Кiна, – глядзi, каб не выйшла.

– Раман, – сказала Ганна, – мой чалавек застанецца з табою. Я веру яму больш, чым каму iншаму.

– Няхай будзе па-твойму, – Раман усмiхнуўся. Цудоўная была гэтая добрая, шчаслiвая ўсмешка. – Дзякуй. З табою пойдзе Глузд.

– Iдзi, – сказаў Кiн. – Баярын кажа праўду. Iдзi, князёўна, далей ад небяспекi. Больш тут табе няма чаго рабiць.

Ганна паднялася па лесвiцы першая. Ззаду iшоў хлопец. Ён стамiўся, твар яго асунуўся, ён быў напалоханы. Звон i крыкi разносiлiся над горадам, i калi Ганнiна галава паднялася над падлогаю, шум аглушыў, уварваўшыся праз высокiя вокны верхняй святлiцы... I яшчэ Ганна паспела ўбачыць, як кiнуўся да выхаду блазан – аказваецца, ён нiкуды не пайшоў. Ён падслухоўваў. Можа, так i лепш. Можа, ёй на самай справе пара дакрануцца да прысоскi пад вухам.

Яна накiравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзiў яе, адчынiў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кiнула позiрк назад: блазан стаяў за вершнiкам, невыразна акрэслiваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй i заўважыў нейкi рух каля дзвярэй.

Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акiплеша. Нечакана моўчкi, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кiнуўся ў куст, наставiўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны i больш нiчога не бачыў.

Ганна толькi паспела ахнуць...

Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну i ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: – Ён мне не раўня... я ў сарацынаў навучыўся.

– Я не магу больш, – сказала Ганна. – Не магу...

– Страшны час, – сказаў блазан. – Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, i я таксама жорсткi... Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю...

Блазан падышоў да адчыненага люка i спынiўся так, што з сярэдзiны яго было цяжка ўбачыць.

– Цi будзе лепшы час? – спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўнiз. – Цi будзе добры час, цi смертаносныя коннiкi ўжо скачуць па нашай зямлi?

– Будзе, – сказала Ганна. – Павiнен быць.

Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружылiся яго плечы i кароткая шыя. Яна зрабiла крок наперад, заглянула ўнiз, у сутарэнне. Раман прынiк да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кiн ззаду.

– Адыдзiся, – адмахнуўся ад яго Раман.

Кiн паслухмяна адступiў на некалькi крокаў.

У дзверы стукнулi два разы. Потым яшчэ тры разы.

– Я так i ведаў! – прашаптаў блазан. – Я ведаў... Трэба было бегчы да князя!

Раман адсунуў засаўку, i цяжкiя дзверы адчынiлiся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.

Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:

– Усё ў парадку?

– Усё, – адказаў Раман. – Як там каля варотаў?

– Хутка рухнуць, – сказаў Фрыдрых. – Хутка.

Ён накiраваўся назад у цёмны праход i крыкнуў штосьцi па-нямецку. Раптам блазан завiшчаў, як параненая жывёлiна, i скочыў унiз, мiнаючы лесвiцу, з двухметровай вышынi, i ўмомант апынуўся каля дзвярэй, iмкнучыся дацягнуцца да засаўкi.

Раман першы скемiў, у чым справа, i схапiўся за тронкi нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож i блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так i не паспеўшы зачынiць дзверы, а ў руцэ ў яго блiшчаў штылет...

– Кiн! – адчайна крыкнула Ганна. – Не той!

Кiн павярнуўся да яе. Вочы ў качэўнiка зрабiлiся вузкiмi шчылiнкамi. Голас яго быў цiхi, але страшны, i непадпарадкавацца было нельга:

– Iдзi зараз жа.

Ганна зрабiла крок па лесвiцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кiну...

– Нацiснi на прысоску! Загубiш усё!

I Ганна, амаль не разумеючы, што робiць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыi...

I ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалiлася, знiкла, бясконцая бездань часу захапiла яе i панесла цераз цемру, мiж недарэчных i незразумелых прывiдаў: лавiна конскiх мызаў i капытоў неслася на яе праз агонь, якi вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвiстаў вецер, данеслiся абрыўкi музыкi...

Ганна стаяла ў маленькiм халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, i Жуль, схiлiўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:

– Зрабi крок убок! Выйдзi з поля!

Ганна паслухмяна ступiла – галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар – як акно ў падвал.

Надта маленькi ў шары блазан бiўся з Раманам, i рука яго, як абцугамi, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сцiскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож i крычаў штосьцi, але Ганна не чула слоў.

– Не той, – сказала яна хрыпла. – Не той!

Блазан вывернуўся, i Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману i той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлi адзiн за адным нямецкiя ратнiкi. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваiм мячом... I мiльгануў ценем Кiн...

– Не той! – паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.

У той жа момант з шара знiклi двое: Кiн i блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. I, адкiнуўшы яго, рыцар апусцiўся на каленi над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглi наверх. I ратнiкi адзiн за адным пачалi падымацца па лесвiцы – жвава i спрытна...

Шар патух.

– Усё, – сказаў Жуль.

– Дзе яны? – спыталася Ганна.

– Яны прайшлi скрозь нас. Яны ўжо там, дома... Ты не ўяўляеш, як я стамiўся.

– Я таксама стамiлася, – сказала Ганна.

– Дзякуй, – сказаў Жуль. – Без цябе было б не выбрацца нам.

– Не варта падзякi, – адказала Ганна. – Ты ўпэўнены, што ён забраў Акiплешу?

– Ты ж бачыла, – адказаў Жуль. Ён падняў пульт i паклаў у чамадан.

– Яны дабралiся на месца? Ты ўпэўнены?

– Безумоўна, – сказаў Жуль. – Што з iмi можа здарыцца?

26

Ганна прачнулася, калi сонца ўжо хiлiлася на захад. У пакоi было горача, над пакiнутай на стале фiлiжанкай кавы кружылiся восы. У пакоi стаяў дзед Генадзь.

– Выбачай, – сказаў ён. – Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклiкаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, – у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я i ўвайшоў.

– Нiчога, – сказала Ганна, апускаючы ногi з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.

Ганна акiнула сябе позiркам – яна так i засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменнiцы караля Лешкi Белага, родам са стольнага горада Кракава.

– Гэта ў Маскве так носяць? – спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасмiхаецца з яе. Яна ўстала i выглянула ў сенцы. Там было пуста i чыста. Дзверы ў халодную святлiцу расчынены насцеж. I там пуста. Ложак акуратна засланы.

Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.

– Паехалi, значыць? – сказаў ён.

– Паехалi, – адказала Ганна.

– А я табе на памяць прынёс, – сказаў дзед. – З музея.

Ён выцягнуў з глыбокай кiшэнi з плашча медную львiную галаву з колцам у пашчы.

– Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.

– Дзякуй, дзядуля, – сказала Ганна. – Яны напраўду адтуль?

– А цi я ведаю? Былi б людзi добрыя.

Ганна вярнулася ў вялiкi пакой. Праз адчыненае акно быў вiдаць круты пагорак. Каля ручая пасвiлася гнядая кабыла Клеапатра.

– Грахi нашы цяжкiя, – уздыхнуў дзед. – Спяшаемся, мiтусiмся, падарожнiчаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш пiць?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю