355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кир Булычев » Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 06:08

Текст книги "Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)"


Автор книги: Кир Булычев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

– Каля гэтага. – Кiн адхiлiў галiнку яблынi, прапус каючы Ганну. – Гэта добра, таму што такая прорва часу робiць нашы з вамi зносiны эфемернымi. Нават калi б вы захацелi даведацца пра час сваёй смерцi, а гэта натуральнае пытанне, я б адказаць на яго не змог. Вельмi даўно.

– Вам задавалi такiя пытаннi?

– Мы не павiнны пра гэта гаварыць. Але такiя выпадкi ўжо былi. I звычайна не парушалi ходу эксперыменту. Сiстэма часу стабiльная i iнерцыйная. Яна падобная на мора, якое паглынае смерчы...

– Я жыла даўно... – уголас падумала Ганна. – Для вас я выкапень. Выкапень, якi жыў даўным-даўно. Мамант.

– У пэўнай ступенi так. – Кiн не хацеў ашчаджаць пачуццi дзяўчыны. Для мяне вы памерлi семсот гадоў назад.

– Вы ў гэтым упэўнены?

– Упэўнены. Хоць i не бачыў вашай магiлы.

– Дзякую за шчырасць... Я была ўчора на могiлках. Там, на пагорку. Я магу ацанiць велiчыню гэтай прорвы.

– Мы хочам пераадолець яе.

– I забраць адтуль чалавека? А калi ён будзе няшчасны?

– Ён генiяльны. Генiй адаптабельны. У нас ёсць практыка.

– Вы катэгарычны.

– Нi ў якiм разе. Я заўсёды i ўсё правяраю сумненнем. Катэгарычны Жуль. Можа быць, таму, што малады. Ды не гiсторык, а фiзiк-кранiст.

– Вы гiсторык?

– У нас няма строгага падзелу на спецыяльнасцi. Мы ўмеем многае.

– Хоць у цэлым вы не змянiлiся.

– Антрапалагiчны тып чалавека застаўся ранейшы. Мы далёка не ўсе прыгожыя i нават не ўсе разумныя.

– Ува мне прачынаюцца пытаннi, – сказала Ганна, спынiўшыся ля ганка.

Кiн выняў з бочкi граблi i прыставiў да сцяны.

– Разумеецца, – сказаў ён. – Аб населенасцi Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах i мiры... Выбачайце, Ганна. Я нiчога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымiстычны. I тое, што мы можам займацца такой дзiўнаю справай, як пошукi старажытных мудрацоў...

– Гэта нiчога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамi мозгу не ад добрага жыцця.

– Пры кепскiм жыццi не хапае энергii i часу на такiя заняткi. А што належыць да недахопу генiяў... У веснiчках паказаўся дзед Генадзь са збанком.

– Добры дзень, – сказаў ён, быццам не заўважаючы Кiна, якi стаяў да яго спiною, – ты чаму па малако не прыйшла?

– Пазнаёмцеся, – сказала Ганна. – Гэта мае знаёмыя прыехалi.

Кiн марудна павярнуўся.

6

Раптам i неяк дзiўна ў Кiна змянiўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвiсла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.

– Генадзь... прабачце, не памятаю...

– Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якiм ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васiльеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакiне без увагi нашы мясцiны, з прычыны гiстарычнага iнтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.

– Ага, – цiха сказала Ганна. – Зразумела, Васiльеў. Вядомы рэстаўратар з Ленiнграда.

I ў гэтым, калi ўдумацца, не было нiчога дзiўнага: вядома, яны бывалi тут раней, вынюхiвалi, шукалi месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзi, вялiкiя стаўкi. А вось недаацанiлi дзедавай страсцi да гiсторыi.

– I надоўга? – спытаўся дзед Генадзь. – Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнiкi? А я ўжо невялiкi музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы iнтарэс.

– Абавязкова, – усмiхнуўся Кiн чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыi, ад пошукаў i знаходак вялiкага чалавека. – Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалi.

– Праведалi, – рэхам адгукнулася Ганна.

– Правiльна, – згадзiўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго кумiра, – я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзiм i выслухаем вашы парады.

Кiн раптам адрасаваў Ганне ўмольны позiрк: ратуйце!

– Не за так, – дала знаць Ганна толькi губамi, адвярнуўшыся ад пiльнага дзеда. – Мы пасля зойдзем, – сказала яна. – Разам зойдзем, не трэба музей сюды несцi, можна пагнуць што-небудзь цi зламаць...

– Я асцярожна, – сказаў дзед. – Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмi вялiкi. Я некаторыя рэчы на месцах пакiдаю. Адзначаю i пакiдаю. Мы з вамi павiнны на пагорак схадзiць, там я знайшоў дужа цiкавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гiльдзii Сумарокаву, жонка i чада яго надта скрушна тужылi ў вершах.

Ганна зразумела, што i яна бяссiльная перад нацiскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчынiлiся. З'явiўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкiмi вусамi.

– Цярэнцiй Iванавiч, – сказаў ён шафёрскiм голасам, – праз пятнаццаць хвiлiн едзем. Нас чакаць не будуць. – Ён спагадлiва кiўнуў дзеду Генадзю, i дзед разгубiўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю i непарушнасцю занятага чалавека.

– Так, безумоўна, – згадзiўся Кiн. – Пятнаццаць хвiлiн.

– Паспеем, – сказаў дзед хуценька. – Паспеем. Паглядзiм. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?

– Там, – няпэўна махнуў рукою Жуль.

– Зразумела. Значыць, чакаем. – I дзед з адчайным натхненнем павёў да веснiчак рэстаўратара Васiльева, сумнiцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.

"Цiкава, як вы цяпер выблытаецеся?" Ганна глядзела iм услед. Дзве постацi – маленькая, у капелюшы, дажджавiку, i высокая, у джынсах i чорным свiтэры, – хутка iшлi па схiле. Дзед размахваў рукамi, i Ганна ўявiла сабе, з якiм iмпэтам дзед выкладае звесткi, што бязмерна напаўнялi яго.

Яна павярнулася да ганка. Жуль рукою трымаўся за доўгiя вусы.

– Я ўпэўнены, што ўсё рухне, – паведамiў ён. – Другая накладка за два днi. Я разнясу групу падрыхтоўкi. Па нашых звестках, дзед Генадзь павiнен быў на два тыднi з'ехаць да сына.

– Маглi ў мяне папытацца.

– Кiн паводзiў сябе як хлапчук. Не заўважыць старога. Не паспець прыняць нiякiх мер! Трацiць хватку. Ён вам расказаў?

– Часткова, мой далёкi прашчур.

– Не можа быць, – сказаў Жуль. – Я ўважлiва падбiраў продкаў.

– Грэбуеце?

– Асцерагаюся настырных дзяўчат.

– Што ж будзе далей?

– Будзем выручаць, – сказаў Жуль i нырнуў у дзверы.

Ганна прысела на парог, адпiла са збанка – сырадой быў яшчэ цёплы, духмяны. Паказаўся Жуль.

– Не забудзьце прыклеiць вусы, – сказала Ганна.

– Застанецеся тут i нiкога не пускайце.

– Слухаюся, мой генерал. Малака хочаце?

– Няма калi, – адказаў Жуль.

Ганне было вiдаць, як ён спынiўся перад веснiчкамi, разгарнуў далонь на ёй ляжаў малюсенькi камп'ютэр – i пальцам левай рукi пачаў нацiскаць на iм кнопкi.

Схiл пагорка i лес, на фоне якiх стаяў Жуль, закалыхалiся i пачалi расплывацца, iх нiбыта ахутвала дымам. Дым гусцеў, набываючы форму куба. Раптам Ганна ўбачыла, што перад веснiчкамi на вулiцы ўзнiкла аб'ёмная выява "газiка". Ганна паставiла збанок. "Газiк" здаваўся сапраўдны, бакi яго паблiсквалi, а да радыятара прыляпiўся бярозавы лiсток.

– Пераканаўча, – сказала Ганна, накiроўваючыся да веснiчак. – А навошта вам гэта галаграфiя! Дзеда на гэтым не правядзеш.

Жуль адчынiў дзверцы i залез у кабiну.

– Дык гэта не галаграфiя? – тупа спыталася Ганна.

– I не гiпноз, – сказаў Жуль.

Пра нешта ўспомнiўшы, ён высунуўся з машыны, правёў рукой уздоўж кузава. Узнiклi белыя лiтары: "Экспедыцыйная".

– Вось так, – сказаў Жуль i выняў з кiшэнi ключы. Завёў рухавiк. Машына завуркатала i заглушылася.

– А, каб цябе, – прамармытаў шафёр. – Прыйдзецца папiхаць.

– Я вам не памочнiца, – сказала Ганна. – У вас колы да зямлi не датыкаюцца.

– А я што казаў, – пагадзiўся Жуль. Машына крыху асела, загайдалася i на гэты раз завялася. Набiраючы хуткасць, "газiк" пакацiўся па зялёным схiле ўнiз, да броду.

Ганна выйшла за плот. На зямлi былi вiдаць рубчатыя сляды шын.

– Напэўна, яны з будучынi, – сказала Ганна сама сабе. – Пайду згатую абед.

Псеўдарэстаўратары вярнулiся толькi праз гадзiну. Пехатою прыйшлi з рэчкi. Ганна ўжо наварыла лапшы з кансервамi.

Яна пачула iх галасы ў сенцах. Праз хвiлiну Кiн заглянуў на кухню, пацягнуў носам i сказаў:

– Добра, што здагадалася. Я смяртэльна прагаладаўся.

– Дарэчы, – сказала Ганна, – маiх прадуктаў надоўга не хопiць. Або прывозьце з будучынi, або здабывайце дзе хочаце.

– Жуль, – сказаў Кiн, – зрабi ласку, прынясi сюды прадукты.

З'явiўся Жуль, узвалiў на стол вялiзную сумку.

– Мы iх купiлi на станцыi, – сказаў Кiн. – Дзед думае, што мы паехалi.

– А калi ён прыйдзе да мяне ў госцi?

– Будзем гатовы i да гэтага. На жаль, яго надта ўразiла эрудыцыя рэстаўратара Васiльева.

– Там сам вiнаваты, – сказаў Жуль.

– Нiчога. Калi Аня пойдзе, яна замкне хату знадворку. I нiхто не здагадаецца, што мы тут засталiся.

– Не пайду, – сказала Ганна. – Жуль, вымый талеркi, яны на палiчцы. Я магу вас шантажыраваць.

– Вы на гэта не здольныя, – сказаў Кiн няўпэўнена.

– Кожны чалавек здольны. Калi спакуса вялiкая. Вы мяне прывабiлi прыгодамi. Можа, пра гэта я марыла ўсё жыццё. Калi вам трэба параiцца са старэйшымi таварышамi, калi ласка. Вы i так мне залiшне расказалi.

– Гэта неверагодна, – абурыўся Кiн.

– Вы дрэнны псiхолаг.

– Я папярэджваў, – сказаў Жуль.

Абедалi панура. Усе трое сумна жавалi лапшу, запiвалi малаком i не падымалi вачэй, нiбыта перасварылiся мiж сабою спадчыннiкi ў доме багатай бабкi.

Ганна пакутавала ў пакаяннi. Яна разумела, што сапраўды вядзе сябе недарэчна. Сама ж не церпiць, калi недасведчаныя людзi сунуць нос у тваю работу, i калi ў табе ёсць хоць кропля высакароднасцi, ты цяпер жа ўстанеш i выйдзеш.... Зрэшты, не, не цяпер. Крыху пазней, у гадзiн шэсць, блiжэй да цягнiка. Трэба цiхенька выслiзнуць з хаты, не прызнаючы адкрыта сваё паражэнне... I ўсё жыццё пакутаваць, што адказалася ад унiкальнага шанцу?

Кiн адклаў лыжку, моўчкi падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьцi там скiнуў. Жуль зморшчыўся. Наступiла цiшыня.

Кiн вярнуўся са стосам жаўтаватых лiсткоў паперы. Паклаў iх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку i пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.

– Што гэта? – спытала Ганна.

– Нейкiя дакументы. Вы нiчога ў iх не зразумееце.

– Навошта тады яны мне?

– Чым чорт не жартуе. Калi вы ўжо застаяцеся... Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.

Але знячэўку яе позiрк сустрэўся са злымi вачыма гусара.

Жуль не таiў сваёй непрыязнасцi.

– Дзякуй, – сказала Ганна абыякава. – Я пачытаю.

7

Госцi корпалiся ў сваiх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальнiца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногi. Жоўтыя лiсточкi былi невялiкiя, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымi лiтарамi.

Спачатку была назва на латынi.

Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,

Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.

...Рыцар Фрыдрых i пробашч Iаган выказалi меркаванне: трэба, сказалi яны, зрабiць наступленне i, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу iншым. Раней пры ўзяццi крэпасцяў даравалi грамадзянам жыццё i свабоду, i таму ў астатнiх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней i знатнага палоннiка. Вераломнага князя, ворага хрысцiянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсiх на самым высокiм дрэве. I пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзiцеля агню.

I русы выкацiлi з варотаў распаленыя колы, якiя раскiдвалi па баках пякельны агонь, каб падпалiць асадную вежу. Мiж тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за iм следаваў Вiльгельм Оге, i, убачыўшы гэта, астатнiя ратнiкi i браты спяшалiся ўзысцi на сцяну першымi, адны дапамагалi падымацца адзiн аднаму, а другiя бiлiся каля варотаў...

Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукi прыпiску: "Пераклад з першай публiкацыi. Рукапiс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай бiб-цы. Запiс адн. да лета 1215. Горскi памылкова iдэнтыфiцыраваў Замошша з Iзборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзiны ўпамiн пра Замошша ў ордэнскiх крынiцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскi летапiсец, пад 1215 г. падае скупа: "Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша". Тацiшчаў, за iм Салаўёў палiчылi Замошша лiтоўскай воласцю. Янiн выказаў сумненне ў 80-х гг. ".

На другiм лiстку было штосьцi незразумелае:

ДАРОГА ДАРОГ

Аb majorem Dei gloriam. У iмя Гермiя Тройчы Найвялiкшага. Калi хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабi перадусiм насычаную ваду з купарвасу i салетры, узяўшы iх пароўну, сальвiруй Месяц звычайным спосабам, дай асесцi ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусцi ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцынiравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавiцца, i праз тры тыднi Месяц узыдзе, i Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.

Тым жа беглым почыркам збоку было напiсана: "За паўстагоддзя да Альберта i Бэкана". Што ж зрабiлi праз паўвека Альберт i Бэкан, Ганне заставалася невядома.

Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэцi лiсток.

СА СПРАВАЗДАЧЫ ЗАХОДНЕДЗВIНСКАГА АТРАДА

Гарадзiшча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскi Палудзёнкi (Мёрскi р-н) на высокiм i крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р.Вятла (левы прыток Заходняй Дзвiны). Пляцоўка ў плане няправiльнай авальнай формы, арыентавана па лiнii поўнач – поўдзень з невялiкiм адхiленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкi 136 м, шырыня ў паўночнай палавiне 90 м, у паўднёвай – 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м блiжэй да цэнтра i 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамi даволi значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90% слабапрафiлiраваных i банкавых формаў, характэрных днепрадзвiнскай культуры, i штрыхавая керамiка (каля 10%), а таксама некалькi абломкаў керамiкi XII ст. Папярэдне выяўлены тры нiжнiя гарызонты: раннi этап днепрадзвiнскай культуры, познi этап той жа культуры i гарызонт трэцяй чвэрцi 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзiшча).

У канцы XII – пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм i шэраг жыллёвых будынкаў, якiя былi знiшчаны ў вынiку пажару. Даследаваннi фундамента храма, на якiм была пабудавана ў XVIII ст. каплiца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкi ўскладняюцца ў вынiку парушэнняў верхнiх пластоў могiлкамi XVI-XVIII стст.

(Археалагiчныя адкрыццi 1986 г. стар. 221)

Справаздача была зразумелая. Капалi – гэта значыць будуць капаць – на пагорку. Ганна склала лiсткi на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзiн Жуль.

– Хочаце паглядзець на машыну часу? – спытаўся ён.

– Вы на ёй прыехалi?

– Не, устаноўка патрэбна толькi на ўводзе. Яна б тут не змясцiлася.

Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металiчная скрынка. Над ёю вiсеў чорны шар. Яшчэ там былi два пульты. Адзiн з iх стаяў на крэсле, другi – на ложку. У кутку – тонкая высокая рама.

– I гэта ўсё? – спыталася Ганна.

– Амаль што. – Жуль быў задаволены эфектам. – Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзi не вынаходлiвыя. Ва ўсiх дэманах i ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазiя прыдумаць не змагла.

– А спаць вы тут будзеце? – спыталася Ганна.

– А як жа, – адказаў нявiнна Жуль. – Каб вы толькi не забралiся сюды ноччу ды не адправiлiся ў мiнулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскiм гарэме.

– Прыйдзецца шукаць, – сказала Ганна. – Горш будзе, калi я заб'ю свайго прадзеда.

– Банальны парадокс, – сказаў Жуль, – вiткi часу такiя вялiкiя, што эфект нiвелiруецца.

– А дзе Кiн?

– На пагорку.

– I не баiцца дзеда?

– Больш яны не сустрэнуцца.

– Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.

Ганна iшла па сцежцы, iмкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу i ручая iдуць пакатыя схiлы, толькi над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышынi вакол пагорка.

Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у безданi часу. А цяпер? Калi я, разважала Ганна, даўно памерла для Кiна i Жуля, ды ўсё ж такi яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад лiпкай пераднавальнiчнай спякоты, то, значыць, i генiяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два днi, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.

Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агiнала пагорак. Настолькi неглыбокую, што калi б Ганна не шукала слядоў горада, то i не здагадалася б, што гэта рэшткi рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак i бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы i вырашыла iсцi ў цень, на моглiцы, таму што праз паўгадзiны з гэтага пекла павiнна была распачацца навальнiца.

У рэдкай заценi крайнiх дрэваў было трошкi халадней, чым у полi. Варта было Ганне спынiцца, як з кустоў вылецелi полчышчы камарыных камiкадзэ. У кустах зашапацела.

– Гэта вы, Кiн?

Кiн выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вiсела фотакамера, недарагая, сучасная.

– Ах, якiя вы асцярожныя! – сказала Ганна, гледзячы на камеру.

– Стараемся. Прачыталi дакументы?

– Не ўсе. А хто такi Гермiй Тройчы Найвялiкшы?

– Апякун алхiмii. Гэтая справаздача пра дослед – лiпа. Яе напiсаў наш Раман.

– А што там цiкавае?

– Пра такi метад выдзялення ртуцi тады яшчэ не ведалi. Ён апiсвае даволi складаную хiмiчную рэакцыю.

Наляцеў вецер. Навальнiца папярэджвала пра сваё наблiжэнне.

– З чаго пачнём? – спыталася Ганна.

– Паглядзiм на горад. Проста паглядзiм.

– Вы ведаеце Рамана ў твар?

– Не, вядома. Але ён ствараў машыны i рабiў порах. Кiн зазiрнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за iм. У купале была дзiрка, i праз яе Ганна ўбачыла пасму лiловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захавалiся фрэскi. Святыя старцы абыякава глядзелi на людзей. Нiжэй каленяў фрэскi былi выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.

Першыя кроплi забарабанiлi па даху. Яны падалi праз адтулiну ў купале i выбiвалi на падлозе фантанчыкi пылу. Ганна выглянула на двор. Лiсце i каменне здавалiся ненатуральна светлымi.

– Справа, дзе расце дуб-спарыш, былi княскiя харомы. Ад iх нiчога не захавалася, – сказаў Кiн.

Дождж палiў спорна, нават сярдзiта. Ён быццам злаваўся, што людзi не траплялiся яму ў чыстым полi.

– Гэта былi незвычайныя княствы, – сказаў Кiн. – Фарпосты Русi, якiя ўпраўлялi дэмаграфiчнымi лiшкамi княскiх сем'яў. Народ быў тут у большасцi не русiнскi. Вось i даводзiлася лавiраваць, шукаць саюзнiкаў, пазбягаць ворагаў. I галоўнага ворага – нямецкага ордэна мечаносцаў. Iх цэнтр быў у Рызе, а замкi – па ўсёй Прыбалтыцы.

З хмызняку выйшла Клеапатра i ўпэўнена накiравалася да царквы, вiдаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.

– Давайце адыдзем, – сказала Ганна. – У нас цэлая царква на дваiх.

– Правiльна, – пагадзiўся Кiн. – Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кiн i Ганна селi на камень у дальнiм кутку, а Клепа ветлiва спынiлася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсцi ваду. Пасярод царквы, куды цяпер лiўся з дзiравага купала нешырокi вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнiльная пляма, выпускала шчупальцы. Адзiн ручаёк дабраўся да Ганнiных ног.

– А вам не страшна? – спыталася яна. – Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?

– Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык. – А хто з генiяў жыве ў вас?

– Вы iх не ведаеце. Гэта невядомыя генii.

– Мёртвыя душы?

– Мiлая мая, падумайце добра. Генiй – паняцце статыстычнае. У гiсторыi чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць i рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развiтых краiнах. Большасць дзяцей памiрала ў маленстве. Памiралi i будучыя генii. Эпiдэмii спусташалi цэлыя кантынент.ы – памiралi i генii. Грамадскi лад аддаваў на пагiбель людзей, што мелi няшчасце нарадзiцца з рабскiм ашыйнiкам, асуджаў на такое iснаванне, што генiй не мог паказаць сябе... У войнах, у эпiдамiях, у масавых забойствах, у турмах генii гiнулi часцей, чым звычайныя людзi. Яны адрознiвалiся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Генii станавiлiся ерэтыкамi, бунтарамi... Генiй – вельмi кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы i шанаваць. Аднак нiхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны генiй не быў застрахаваны ад заўчаснай смерцi. Звыкла гаварыць пра генiяльнасць Пушкiна. На паводзiны Дантэса гэтае меркаванне нiякiм чынам не ўплывала.

– Я ведаю, – сказала Ганна. – Нават сябры Пушкiна Карамзiны асуджалi яго. Шмат хто лiчыў, што Дантэс меў рацыю.

Клепа падышла блiжэй, таму што падзьмуў вецер i стрэлы дажджу паляцелi ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамi. Раптам загрымела, потым яшчэ i яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвецiўся маланкай. Кiн таксама паглядзеў уверх.

– Але чаму вы тады не выкрадаеце генiяў у маленстве?

– А як можна здагадацца, што дзiця генiяльнае? Яно ж павiнна паказаць сябе. I паказаць так, каб мы маглi адважыцца на экспедыцыю ў мiнулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькi энергii, колькi сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыi Зямлi за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.

Кабыла, стрыгучы вушамi, пераступала з нагi на нагу. Маланка ўрэзалася ў траву перад самым уваходам. Царква будавалася трывала.

– Не, – прамармытаў Кiн, – мы яшчэ шмат чаго не можам.

– Значыць, атрымлiваецца зачараванае кола. Генiй павiнен быць невядомы.

I ў той жа час паспець ужо нешта зрабiць.

– Бывалi сумнiцельныя здарэннi. Калi мы былi амаль упэўненыя, што ў мiнулым жыў вялiкi розум, i можна было б яго дастаць, але... ёсць няўпэўненасць. А часам мы ведаем дакладна, але вiток не адпавядае. I нiчога не зробiш.

– Тады вы звяртаецеся ў будучыню?

– Не, у нас няма сувязi з наступным вiтком.

– Там што-небудзь здарыцца?

– Не ведаю. Там бар'ер. Штучны бар'ер.

– Напэўна, нехта штосьцi натварыў.

– Можа быць. Не ведаю.

8

Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй нiколi не даведацца, што там адбылося...

Вецер сцiх, дождж лiў цiха-мiрна, як бы выконваючы свой абавязак.

– А ў наш час, – спыталася Ганна, – ёсць кандыдатуры?

– Вядома, – сказаў Кiн. Вiдаць, не падумаўшы, што робiць, ён правёў у паветры рукою, i ручаёк, што падабраўся да Ганнiных ног, спынiўся, нiбыта натрапiў на шкляную запруду. – Дваццатае стагоддзе, мiлая Ганна, – таксама забойца, як i iншыя стагоддзi. Калi хочаце, я вам зачытаю некалькi кароткiх даведак. Па некаторых з iх мы не рашылiся прымаць меры...

"А па якiх?" – хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. I правiльна зробiць.

– Гэта толькi сухiя звесткi. Зразумела, у перакладзе на вашу мову...

– Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А... рознiца вялiкая?

– Не, не настолькi, каб зусiм не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканiчная. Мы жывём хутчэй. Але калi трапляем у мiнулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра генiяў, якiх няма?

– Хачу.

Кiн коратка ўздыхнуў i загаварыў, гледзячы сабе пад ногi. Голас яго змянiўся, стаў сушэйшы. Кiн чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж iмжэў у такт яго голасу.

– "Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзiўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бiрме. У шасцiгадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзiвiў манахаў сваiм уменнем завучваць главы з Цiлiтакi. Ужо да дзесяцi гадоў ведаў на памяць увесь канон Хiнаяны, i яго як дзiця, адзначанага Кармой, вазiлi ў Мандалай, дзе з iм гутарыў сам татанабайн i падарыў яму парасон i гаршчок на мiласцiну. У Мандалаi ён натрапiў на кнiгу аб хрысцiянстве, i шляхам параўнання рэлiгiйных сiстэм i на аснове размоваў з вучонымi-мусульманамi хлопчык стварыў фiласофскую сiстэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкi, блiзкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлi. У 1901 годзе ўцёк з манастыра i дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невiнаватасцi ангельскага бiскупа Эндру Джонсана. Да бiскупа хлопчыка не пусцiлi, але некалькi дзён ён пражыў у доме мiсiянера Г.Стоўнуэла, якi быў уражаны тым, што бiрманскi абарванец на вулiцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Мiсiянер паказваў хлопчыка сваiм сябрам i пакiнуў у дзённiку запiс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькiмi мовамi. Спробы Маўн Маўн Ко давесцi мiсiянеру сваю тэорыю не мелi поспеху, таму што мiсiянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кнiжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме мiсiянера кармiлi, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамi моцнага знясiлення, з колатымi ранамi на грудзях быў знойдзены партовым палiцэйскiм А.Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерцi невядомая".

Кiн змоўк. Быццам яго выключылi. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.

– Тут мы былi ўпэўненыя, – сказаў Кiн. – Аднак спазнiлiся.

– Чаму ж нiхто яго не зразумеў?

– Дзiўна яшчэ, як ён дабраўся да таго мiсiянера, – сказаў Кiн. Пачытаць яшчэ?

– Калi ласка.

– "Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавiч. Нарадзiўся 23 кастрычнiка 1900 года ў г. Лiпавец Кiеўскай губернi. Навучыўся размаўляць i спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяцi дзiцяцi жылi ўсе мелодыi, пачутыя дома i ў Кiеве, куды яго два разы вазiлi бацькi. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Мiхайлавiча Гудзiм-Ляўковiча. Пасля гэтага канцэрта, на якiм Мордка выконваў, у прыватнасцi, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублi. Улетку 1905 года аптэкар С.Я.Сайферцiс, спiсаўшыся са знаёмымi ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобiў яго ўбачыць дзiва i даручыў клапацiцца аб iм. На вакзал праводзiлi ўсе суседзi. Скрыпку нёс Сайферцiс, а хлопчык – баул з цацкамi, прысмакамi ў дарогу i нотнай паперай, на якой сам запiсаў першую частку канцэрта для скрыпкi. На рагу Вiннiцкай i Мiкалаеўскай вулiц праважатыя сустрэлiся з шэсцем сябраў саюза Мiхаiла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохалiся за хлопчыка i хацелi яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесцi яго ў суседнi двор, але ён вырваўся i з крыкам: "Мая скрыпка!" выбег на вулiцу. Хлопчык быў забiты ўдарам бота былога падаткавага iнспектара Нiкiфара Быкава. Смерць была iмгненная". Яшчэ? – спытаў Кiн.

Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:

– "Справа 22-5а-4. Алiхманава Салiма. Нарадзiлася ў 1905 годзе ў г. Хiве. За прыгажосць i бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алiм-хана Кутайсы, блiзкай асобы апошняга хана Хiвiнскага. У 1919 годзе нарадзiла мёртвае дзiця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць i шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пiсаць i лiчыць, вынайшла таблiцу лагарыфмаў. Iнтуiтыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасцi, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго цiскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклiкала незадаволенасць у духавенстве Хiвы, i толькi каханне мужа выратавала Салiму ад пакарання. Прагна iмкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жнiўнi 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю i паступiла ў школу ў Турткуле. На здольнасцi дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўнiца Галiна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькi тыдняў Салiма засвоiла курс сямiгадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычнiцкiх святаў Галiна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялiстам. У час дэманстрацыi 7 лiстапада ў Турткуле Салiма iшла ў групе жанчын якiя знялi паранджу i была апазнана родзiчамi Алiм-хана. Ноччу была выкрадзена са школы i задушана ў Хiве 18 лiстапада 1924 года".

– Даволi, – сказала Ганна. – Вялiкi дзякуй. Хопiць.

9

На дварэ сцямнела. Невялiчкi квадрат акенца, якое выходзiла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сiнi, i ў iм умудрылася памясцiцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамi пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу – фiзiчна адчувальнай нiццю, па якой беглi хвiлiны.

Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваiм часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакiтны экран, на якiм дрыжалi ўзоры жоўтых i белых кропак, а Кiн наладжваў здымачную апаратуру.

Чорны шар, што вiсеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круцiцца. Ён быў падобны на вялiзны надзiмны шар.

– Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазiрнуць у трынаццатае стагоддзе, – сказаў Кiн.

Яе ахапiла казытлiвае дзiцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхiнецца занавес, i пачнецца дзея...

Замiльгацеў жоўтымi i белымi агеньчыкамi круглы экран сувязi. Жуль нахiлiўся да яго i пачаў хутка вадзiць перад iм пальцамi, нiбыта размаўляў з глуханямымi. Агнi на экранчыку застылi.

Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. I тут у шары паплылi нейкiя каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзiш на рэчку праз круглы iлюмiнатар парахода.

Кiн скрыпнуў табурэцiкам. Рукi яго былi ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкi, над якою вiсеў шар, i пальцы яго пагрузiлiся ў цвёрды метал.

– Паехалi, – сказаў Кiн.

Каляровыя плямы пабеглi хутчэй, яны сплывалi на край iлюмiнатара i знiкалi. Тут жа штосьцi рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле iлюмiнатара, i выява ў шары набыла выразныя формы i межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамi.

Шарам кiраваў Кiн. Рукi ў чорных пальчатках былi схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.

Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахiлiлiся, як у моднай кiнастужцы.

Ганна на iмгненне зажмурылася. Гай на экране знiк, паказаўся круты схiл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбiтая дарога i, нарэшце, штосьцi знаёмае – рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.

I тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу iншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю – прыземiстай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над iм схiлялiся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялi некалькi коннiкаў.

– Я стабiлiзуюся, – сказаў Жуль.

– Гэта трынаццатае стагоддзе? – спыталася Ганна.

– Дванаццатага чэрвеня.

– Вы ўпэўненыя?

– У нас няма альтэрнатывы.

– А там, ля ручая, людзi.

– Божыя дваране, – сказаў Кiн.

– Цi бачаць яны наш шар?

– Не, яны нас не бачаць.

– А ў хатах хто жыве?

– Цяпер нiхто. Людзi пайшлi ў крэпасць. Горад асаджаны.

Кiн павярнуў шар, i Ганна ўбачыла, што за ручаём, там, дзе павiнна пачынацца вёска, а цяпер быў узлесак, стаялi шалашы i шатры. Памiж iмi гарэлi вогнiшчы, хадзiлi людзi.

– Хто гэта? Ворагi? – спыталася Ганна.

– Так, гэта мечаносцы, ордэн святой Марыi, божыя дваране.

– Гэта яны захопяць горад?

– У ноч напаслязаўтра. Жуль, ты гатовы?

– Можна пачынаць.

Шар узняўся i паляцеў у бок ручая. Ганна заўважыла высокае драўлянае збудаванне, якое стаяла ў пакатай лагчыне на паўдарозе мiж схiлам пагорка i ручаём, дзе яна блукала ўсяго дзве гадзiны таму. Збудаванне гэта нагадвала ёй геадэзiчны знак – драўляную шкалу, якiя часам сустракаюцца ў полi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю