Текст книги "Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)"
Автор книги: Кир Булычев
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)
Ганна хуценька зачынiла дзверы, падумаўшы, што, калi дзед пакрыўдзiўся, у яе будзе даволi часу з iм зладзiць... Дзед яшчэ пастаяў на ганку, паўздыхаў, потым зарыпелi прыступкi. Кi падышоў да акна ў сенцах – дзед пацiху iшоў па сцежцы.
– Дзякуй, Ганна, не ведаю, што б мы без цябе рабiлi, – сказаў Кiн.
– Не крывiце душой. Ён прыходзiць менавiта таму, што я тут. Не было б мяне, ён бы i не западозрыў.
– Ваша праўда, – сказаў Кiн.
Ён прайшоў, мякка ступаючы, у халодны пакой. Кiн уключыў шар i павёў яго з святлiцы польскай князёўны, цяпер цёмнай, на двор, цераз залiтую дажджом плошчу, мiнаючы конавязь, дзе перамiналiся мокрыя конi, мiнаючы калодзеж, у закутак, да Раманавай хаты. За плотам, у двары шар апусцiўся да зямлi i спынiўся. Кiн выпрастаў рукi са столiка, перайшоў у другi куток пакоя, дзе стаяла тонкая металiчная рама, пад ёю блiшчала платформачка, падобная на падлогавыя вагi. Паветра ў раме ледзь варушылася.
– Давай напругу, – сказаў Кiн.
– Адну хвiлiнку, – сказаў Жуль. – Дай я прыму рэчы, а то потым не будзе калi адхiнуцца.
За спiной у Ганны зашапацела, пстрыкнула. Яна павярнулася i ўбачыла, як знiк адзiн чамадан – з лiшняй вопраткай, потым другi, з пультам. Сенцы апусцелi. Кiн ступiў у раму. Жуль падсунуў табурэцiк блiжэй да шара i нацягнуў на левую руку пальчатку.
– Пачынаецца ювелiрная праца, – сказаў ён.
Кiн зiрнуў на Ганну, як ёй здалося, дзiўна – ён быццам не зразумеў, з кiм размаўляе Жуль.
– Увага, – сказаў ён.
Шар быў скiраваны ў пусты двор. Пад невялiкаю паветкай ля веснiчак скурчыўся, вiдаць, драмаў, стражнiк, падобны да Кiна.
– Крыху блiжэй пад хлеў, – сказаў Кiн.
– Асцярожна, – сказаў Жуль, – жадаю шчасця.
Кiн падняў руку. Пачулася моцнае гудзенне, нiбыта ў пакой заляцеў пчалiны рой. I Кiн знiк.
21
I тут жа Кiн апынуўся ў двары. Усвядомiць гэты пераход было няцяжка, таму што Кiн быў адзеты адпаведна таму часу i месцу.
Ён выйшаў з ценю хлява – на дварэ стаяла такая цемра, што можна было толькi ўгадваць постацi. Кволае святло прабiвалася з шчылiн дзвярэй у хляве. Кiн слiзгануў туды, ледзь адчынiў дзверы – лучына асвятляла нiзкае памяшканне, на нiзкiм палку гулялi ў косцi два стражнiкi. Кiн пайшоў да варотаў. Стражнiк каля iх стаяў нерухома. У той момант, калi Кiн быў зусiм побач са стражнiкам, тры разы стукнуў у дзверы – на той бок плота стаяў Раман, каля яго ног, як згорблены сабачка, – блазан Акiплеша. Стражнiк уздыхнуў, пацягнуўся ў сне. Кiн хутка накiраваўся да варотаў, выглянуў, пазнаў Рамана i адцягнуў засаўку.
– Нi халеры не вiдаць, – прамармытаў Раман.
– Я правяду да дзвярэй, – сказаў Кiн. – Iдзiце за мною.
– У такую цямрэчу можна выйсцi, – сказаў Раман блазну. – Мiж iншым, частку дабра б мы вынеслi.
– А далей што? – спытаўся блазан. – Будзеш, дзядзечка, па лесе чарапкi свае насiць, мядзведзяў кармiць?
– Не спяшайся, у гразь уступлю, – сказаў Раман Кiну. Ён iшоў па драўляных мастках, трымаючыся за крысо яго плашча.
Ганна раптам хмыкнула.
– Ты чаго? – спытаўся Жуль.
– Ведаў бы Раман, што калегу за крысо трымае.
– Лепш, каб не ведаў, – сур'ёзна адказаў Жуль.
– Ты чаго гэта падглядваў, дзядзечка? – спытаўся блазан. – Не паверыў, што дам каханай зелля?
– Яна прыйдзе да мяне?
– Спытайся ў каго разумнейшага!
Зарыпелi прыступкi ганка. У дзвярах, якiя адчынiлiся, акрэслiлiся постацi людзей.
Кiн адразу адступiў убок. Данёсся блазнаў голас:
– Штосьцi гэтага ратнiка не памятаю.
– Яны ўсе на адзiн твар, – сказаў Раман.
Праз шчылiну дзвярэй было вiдаць, як блазан адкiнуў люк у склеп. Заглянуў усярэдзiну. Выпрастаўся.
– Мажэй не вяртаўся, – сказаў ён.
Голас яго раптам задрыжаў. Ганна падумала, што i блазны стамляюцца быць блазнамi.
– Лепш будзе, калi ён не вернецца, – сказаў Раман.
– Розум пакiдае цябе, баярын, – сказаў блазан жорстка. – Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.
– Горад не выстаiць, нават калi ўся лiтва прыйдзе на дапамогу.
– Калi загiне епiскап, будзе справядлiва.
– I рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загiнем.
– Мы выйграем дзень. Прыйдзе лiтва.
– Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц – i сакрэт фiласофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялiкi... Князi дзяржаваў i царквы будуць у мяне ў нагах... Нiхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.
– Дурань, – сказаў спакойна блазан, – разумны, а дурнейшы за мяне. Епiскап...
– А што, епiскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епiскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.
– Але ў клетцы, дзядзечка.
– Умовы будуць мае.
– Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?
– Будуць падаваць. Як мiленькiя.
– Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбiрацца...
– Епiскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.
– А ты яго таму беражэш?
– Гэта праўда. Не дзеля мяне – дзеля вялiкай тайны.
– Ой, баярын, заглянi сабе ў душу. Хiба не страшна?
– Страшна, страшна... страшна! – Тады ўцякай! Усё кiдай! Раман раптам выхапiў нож.
– Я заб'ю цябе!
– Нельга! – крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спынiўся Раман. Ухмылка не знiкла з яго твару. Ён кiнуўся на двор, Кiн ледзь паспеў адхiлiцца. На ганку блазан спынiўся, нiбы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокiя плечы.
– Дожджык, – сказаў ён, – дожджык якi... Да скону свету дожджык... Жыцця няма, праўды няма, адзiн дожджык.
Зарыпелi прыступкi. Блазан выйшаў на двор...
Кiн стаяў пасярод верхняй святлiцы. Раман спусцiўся ў склеп, але люк застаўся адчынены.
Кiн асцярожна заглянуў у люк, i шар, завiснуўшы над iм, глядзеў тудысама.
Раман стаяў каля стала, пастукваючы кончыкамi пальцаў па яго краi. Раптам ён сцепануўся. Ён убачыў, што каля печы, у якой ужо патухла, стаiць змерзлы мокры хлопец.
– Ты чаму маўчыш? – спытаўся Раман.
– Я не дагнаў яго, – сказаў хлопец.
– Я i не чакаў, што ты яго дагонiш. А там ты быў?
– Я быў, – адказаў хлопец.
– Што сказалi?
– Сказалi, апоўначы.
– Ты грэйся, грэйся, – сказаў Раман. – Потым дапаможаш мне.
– Дрыжыкi бяруць мяне, – сказаў хлопец. – Цi прыме нас ордэн?
– Ты не бойся. Мяне ўсюды ведаюць. Мяне ў Венецыi ведаюць. I ў Магдабурзе, i ў Майнцы ведаюць... мяне забiць нельга...
У гэты момант усё i здарылася.
Шар вiсеў над самай галавою ў Кiна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кiна ззаду. На iмгненне выява ў шары прапала, потым узнiк здзiўлены Кiнаў твар, якi iмкнуўся павярнуцца i тут жа страцiў раўнавагу i рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвiцы.
– Стой! Ён жа разаб'ецца!
Зверху мiльгануў аркан – за секунду блазан паспеў дастаць i кiнуць яго так, што вяроўка абхапiла Кiна за плечы i спынiла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кiна апусцiлася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубiнай – у другой. Раман i хлопец адхiснулiся ад люка, замерлi. Раман першы скемiў, што да чаго.
– Хто? – спытаўся ён.
– Ён мне з самага пачатку не спадабаўся – няма ў нас такога ў стражнiках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епiскапаў.
Вочы ў Кiна былi заплюшчаныя.
– Ты яго не забiў? – спытаўся Раман.
– У нас, лiтоўцаў, галава жалезная, – сказаў блазан.
– Што ж рабiць? – сказала Ганна. – Яны яго заб'юць. Ну зрабi што-небудзь, Жуль, мiленькi! Выцягнi яго назад.
– Без яго дапамогi не магу.
– То прыдумай.
– Ды пачакай ты! – агрызнуўся Жуль. – Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нiчога...
– Трэба яго дапытаць, – сказаў Раман.
– Толькi вазьмi ў яго... гэта. Блазан нагнуўся, выхапiў у Кiна меч, арканам звязаў рукi. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражнiка.
– А, Явайла, – сказаў блазан. – Ты гэтага земляка не прызнаеш?
– Не, – адказаў той хутка. – За варотамi князь.
– Гэтага яшчэ не хапала, – сказаў Раман. – Акiплеша, прымi, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!
Яны адцягнулi Кiна ўбок, у цень, Раман кiнуў зверху кучу лахманоў... Сцэна была злавесная – ценi мiтусiлiся на сценах, спляталiся, быццам у бойцы.
Князь хутка спусцiўся ўнiз, прыступкi прагiналiся, за iм следам яцвяг у чорнай куртцы i чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткi плашч прамок, прылiп да кальчугi, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзiты:
– Ордэн на прыступ сабраўся, лесвiцы валакуць... Як трымацца, вароты слабыя, людзей мала. Ты чаго тут хаваешся?
– Якая ад мяне карысць на сцяне? Я тут больш патрэбны.
– Ты думай. Нам бы дазаўтра пратрымацца. Раман, чаму на вежах вогненнай вады няма?
– Скончылася, княжа.
– Каб была! Не абаронiм горад – першы памрэш.
– Князь, я твайго роду, не кажы так. Я ўсё раблю...
– Не ведаю, нiкому не веру. Як дрэнна – нiкога няма. Дзе Ўладзiмiр Полацкi? Дзе Ўладзiмiр Смаленскi, дзе Мсцiслаў Удалы? Уладзiмiр Пскоўскi? Дзе рацi? Дзе ўся Русь?
– Я прыйду на сцяну, брат, – памяркоўна сказаў Раман.
– Тут у цябе столькi зелля нарыхтавана!
– Гэта, каб золата рабiць.
– Мне цяпер золата не патрэбна – ты мне самародак дасi, я яго на галаву епiскапу кiну. Ты мне агонь дай, агонь!
– Я прыйду на сцяну, брат.
Кiн заварушыўся пад лахманамi, вiдаць, застагнаў, таму што князь кiнуўся да кучы лахманоў, пад столь узляцелi чорныя ценi, – Кiн быў без прытомнасцi.
– Хто такi? Чаму лiтоўца звязаў?
– Чужы чалавек, – сказаў Раман. – У хату да мяне прабраўся. Не ведаю, можа, ордэнскi лазутчык.
– Забi яго, – князь выцягнуў меч. Ганна закрыла далонямi вочы.
– Не, – пачула яна Раманаў голас. – Я яго дапытаць павiнен. Iдзi, князь, я прыйду. Зробiм агонь – прыйдзем.
– Ты, – сказаў князь яцвягу, – застанешся тут.
– Лiшняе, князь, – сказаў Раман.
– Цяпер я нiкому не веру. Зразумеў. Табе не веру таксама. – Князь адпусцiў дзяржальна мяча. – Нам бы да заўтра пратрымацца.
Князь, аглядаючыся, хутка падняўся па лесвiцы. Спынiўся, глянуўшы ў падвал зверху. I яму вiдаць былi цёмныя ценi, няроўна асветленыя жоўтым святлом твары, бляск рэтортаў i трубак. Князь перахрысцiўся, столь над галовамi чарадзея i яго памочнiкамi, што глядзелi ўверх, здрыганулася, загайдалася ад хуткiх i цяжкiх крокаў князя Вячкi.
– Уся лiтоўская раць не выратуе яго, – цiха сказаў Раман.
Ён падышоў да Кiна, паглядзеў уважлiва на яго твар. Яцвяг – за яго спiной таксама глядзеў на Кiна, холадна i абыякава – для яго смерць i жыццё былi толькi момантамi ў бясконцым чаргаваннi быцця i небыцця.
– Дай чаго-небудзь выпiць яцвягу, – сказаў Раман.
– Ён загаварыў па-латынi, – заўважыў Жуль.
– Цi не ўсё роўна! – усклiкнула Ганна. Яцвяг адступiў на крок, ён быў напагатове.
– Не будзе ён пiць, – сказаў блазан.
Кiн расплюшчыў вочы. Памахаў галавой, зморшчыўся ад болю.
– Нiчога, – сказаў Жуль. – Мы не такiм давалi рады.
– Пiсталет бы яму. Чаму ён не ўзяў зброi!
– Ён не мае права нiкому ўчынiць шкоды.
– Нават калi гэта пагражае яму смерцю?
– Мы гатовы на гэта, – сказаў Жуль.
– Ты хто? – спытаўся Раман, нахiляючыся да Кiна. Кiн маўчаў, глядзеў на Рамана.
– Ён па-нямецку не разумее, – паведамiў блазан.
– Без цябе, дурань, бачу, напэўна, прытвараецца.
– То забi яго, i справе канец, – сказаў блазан.
– А раптам прыслаў яго епiскап?
– Другога прышле, – сказаў блазан. – З моваю.
– Нягоднiк, – сказала Ганна праз зубы.
– Спытайся ў яго па-лiтоўску, – сказаў Раман.
– Ты што тут робiш? – спытаўся блазан.
– Я прыйшоў з Трокаў, – сказаў Кiн. – Я сваiх убачыў.
– Хлусiш, – сказаў блазан.
– Што ён кажа?
– Хлусiць, – сказаў блазан. – Забiць яго трэба, i справе канец.
Кiн паспрабаваў прыпадняцца. Яцвяг, як кошка, мякка выхапiў шаблю.
– Пачакайце, – сказаў Кiн. – Месiр Раман, у мяне да вас важная справа.
– Ён ведае латынь? – вырвалася ў Рамана.
– Баярын, – сказаў хлопец, – час на зыходзе.
– Час? – паўтарыў яцвяг. – Князь чакае. Iдзiце на вежу.
– Зараз, – сказаў Раман. – Ты кажаш, што ведаеш мяне?
– Я прынёс навiны з Брэмена, – сказаў Кiн. – Я не магу сказаць цяпер. Я буду гаварыць толькi адзiн на адзiн. Развяжыце мяне.
– Не, – сказаў Раман. – Нават калi ты не хлусiш, ты ўсё роўна застанешся тут. Я не веру табе.
– Час не чакае, – сказаў хлопец.
– Што ён увесь час паўтарае? – спытаўся блазан.
– Ён павiнен сустрэцца з адным чалавекам.
Яцвяг паклаў на левую далонь лязом шаблю, быццам цешыўся з яе цьмянага бляску.
– Князь загадаў, – паўтарыў ён, – пара iсцi.
– З табою пойдзе Акiплеша, – сказаў Раман. – Ён усё ведае.
– Князь загадаў, – паўтарыў яцвяг, i ў словах яго была пагроза.
Ганна ўбачыла, што Раман падаў якiсьцi знак хлопцу i той, ледзь прыкметна кiўнуўшы, пайшоў уздоўж сцяны ў змроку. Кiн ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Уважлiва сачыў за людзьмi ў падвале. Крыху паварушыў плячыма.
– Ён здыме вяроўкi, – прашаптаў Жуль, нiбыта баяўся, што яго пачуюць, галоўнае – зняць вяроўкi.
Яцвяг таксама ўважлiва сачыў за тым, што адбываецца навокал, нiбы адчуваў нядобрае.
– Цэзар, – сказаў блазан, – не бяры грэх на душу.
– Ты нiколi не станеш вялiкiм чалавекам, – адказаў Раман, робячы крок да стала, каб адцягнуць увагу яцвяга, – наш час не трывае добрых. Стаўка занадта вялiкая. Стаўка – жыццё i вялiкая магiя. Ты! – крыкнуў ён нечакана яцвягу. I замахнуўся кулаком. Яцвяг мiмаволi ўзняў шаблю.
I ў гэты момант блiснуў хлопцаў нож – коратка, невыразна адлюстраваўшыся ў рэтортах. I яцвяг адразу выпусцiў шаблю, бессэнсоўна i безнадзейна iмкнучыся ўбачыць прычыну болю, дастаць закiнутымi за спiну рукамi ўваткнуты ў спiну нож... i рухнуў на бок, ссунуўшы цяжкi стол. Рэторта з цёмнай вадкасцю захiсталася, i Раман кiнуўся да стала i падхапiў яе.
– Як я спалохаўся... – сказаў ён. Блазан глядзеў на яцвяга.
– Нядобра выйшла, – сказаў блазан. – Ой, як нядобра выйшла...
– Скажам князю, што ён пайшоў. Выцягнi яго наверх – i за хлеў. Нiхто ноччу не знойдзе.
– Кроў, – сказаў блазан. – I гэта ёсць пазнанне?
– Дзеля якога я аддам сваё жыццё, а тваё – тым больш, – сказаў Раман. Цягнi, ён лёгкi. Блазан стаяў нерухома.
– Паслухай, – сказаў Раман. – Я вiнаваты, я цябе ўсё жыццё iншаму вучыў... я цябе вучыў, што жыццё можна зрабiць добрым. Але нельга не змагацца. За навуку змагацца трэба, за шчасце... iдзi, мой раб. У нас ужо няма выйсця. I грэх на мне.
Блазан нагнуўся i ўзяў яцвяга за плечы. Галава адкiнулася назад, рот пратулiўся ў грымасе.
Блазан павалок яго да лесвiцы. Хлопец падхапiў за ногi забiтага.
– Я больш не магу, – сказала Ганна. – Гэта жах.
– Гэта не канец, – сказаў Жуль. Ён наблiзiў шар да Кiнавага твару, i той, нiбыта здагадаўшыся, што яго бачаць, усмiхнуўся вуснамi.
– Вось бачыш, – сказаў Жуль. – Ён справiцца.
У Жулевым голасе не было ўпэўненасцi.
– А цi можна выклiкаць вам дапамогу? – спыталася Ганна.
– Не, – коратка адказаў Жуль. Блазан з хлопчыкам выцягнулi труп наверх. Раман паклiкаў хлопца:
– Глузд! Вярнiся.
Хлопец збег па лесвiцы ўнiз.
– Мне не дацягнуць, – зверху паказаўся блазнаў твар.
– Дацягнi да выхаду – паклiчаш Явайлу. Схавайце – тут жа iсцi на сцяну. Скажаш, што я – следам. Хлопец стаяў пасярод пакоя. Ён быў бледны.
– Стамiўся, мой хлопча? Цяжкая школа чарадзея?
– Я паслухмяны, настаўнiк, – сказаў юнак.
– Тады iдзi. Памятай, што павiнен завязаць яму вочы.
Хлопец адчынiў патайныя дзверы i знiк. Раман паглядзеў на вялiкi пясочны гадзiннiк, якi стаяў на палiчцы каля печы. Пясок ужо ўвесь высыпаўся. Ён пацiснуў плячыма, перавярнуў гадзiннiк i глядзеў, як пясок сыплецца тонкiм струменьчыкам.
– Другая гадзiна апоўначы, – сказаў Кiн, – хутка пачне свiтаць. Ночы кароткiя.
– Так? – Раман нiбы ўспомнiў, што не адзiн у падвале. – Ты мне загадка – лiтовец. Цi не лiтовец? Лiў? Эст?
– Хiба гэта важна, чарадзей? – спытаўся Кiн. – Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае iмя?
– Я чуў гэтае iмя, – сказаў Раман. – Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.
– Гэта толькi чуткi.
Дзверы загайдалiся, адчынiлiся, i з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскiм убраннi з капюшонам, насунутым на лоб, i з цёмнай павязкай на вачах.
– Можаце зняць павязку, – сказаў Раман. – У нас мала часу.
Манах зняў павязку i перадаў хлопцу.
– Я падпарадкоўваюся ўмовам, – сказаў ён. – Я таксама рызыкую жыццём.
Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала i сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.
– Як рука? – спытаўся Раман.
– Я ўдзячны табе, – сказаў Фрыдрых. – Я магу трымаць ёю шчыт. – Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далонi. Пальцы сцiснулiся, нiбыта абхапiлi дрэўка дзiды. – Дзякую. Епiскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнiя сябры, – сказаў Фрыдрых. – I ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?
– Вы злавiлi жамойта, якi ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.
– Так, – коратка сказаў Фрыдрых. – Ён хацеў забiць епiскапа?
– Зелле магло разарваць на кавалкi сто чалавек, – сказаў Раман.
Жуль зноў скiраваў шар на Кiна, i Ганна ўбачыла, як Кiн павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.
– А гэта хто? – рыцар раптам павярнуўся да Кiна.
– Я хацеў у цябе спытацца, – сказаў Раман. – Ён запэўнiвае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.
– Гэта хлусня, – сказаў рыцар. – Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялiкай тайны магii i ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсiх яго вучняў... Ён хлусiць. Дарэчы, паглядзi, зараз ён вызвалiць руку.
– Чорт! – вылаяўся Жуль. – Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кiнулiся да Кiна.
– Твая праўда, брат, – сказаў Раман Фрыдрыху. – Дзякуй табе.
Кiн быў нерухомы.
– Гэта першы чалавек, якi развязаў вузел майго блазна.
– I таму яго трэба забiць, – сказаў рыцар. Раман схапiў з-за стала тоўстую вяроўку i моцна звязаў Кiну рукi.
– Пачакай, – сказаў Раман. – Ён размаўляе па-латынi не горш за нас з табою i ведае iмя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан i дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.
– Як хочаш, – сказаў Фрыдрых. – Я чуў, што ты наблiзiўся да адкрыцця тайны золата.
– Ага, – сказаў Раман. – Я наблiзiўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.
– Цi толькi працы?
– I свой, i маiх памочнiкаў.
– Чым мы табе можам быць карысныя?
– Ты ведаеш чым – ты мой даўнi знаёмы. Ты страцiў руку, калi ў тваiм замку адбыўся выбух рэторты, хоць i кажаш, што гэта здарылася ў бiтве з сарацынамi.
– Дапусцiм, – сказаў рыцар.
– Мне галоўнае – захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.
– Пахвальна. Але калi нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?
– I не толькi мне, брат, – сказаў Раман. – Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?
Шар зноў прыблiзiўся да Кiна. Губы ў Кiна заварушылiся, i шар перадаў яго шэпт:
– Дрэнь справы. Думай, Жуль... Жуль кiўнуў, нiбыта Кiн мог убачыць яго. I павярнуўся да Ганны – можа, шукаў спачування?
– Калi ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? – спыталася Ганна.
– Не, мая дзяўчынка, – сказаў Жуль цiха. – Табе не выцягнуць нас.
Раман i рыцар паднялi галовы.
– Нехта iдзе, – хутка сказаў Раман хлопцу. – Затрымай яго. Я вярнуся. Рыцар цяжка ўстаў з-за стала i апусцiў капюшон.
– Завязаць вочы? – спытаўся Фрыдрых.
Раман махнуў рукою.
– Я выйду з табою. Хутчэй.
Патайныя дзверы зачынiлiся за рыцарам i Раманам.
Блазан спусцiўся па лесвiцы.
– Дзе гаспадар? – спытаўся ён.
– Не ведаю, – сказаў хлопец.
– Уцёк да ордэнскiх братоў? Не, ён адзiн не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна... гэтае яго золата... Гэтая яго ўлада i слава.
22
– Жуль, – сказала Ганна, – я ведаю, што рабiць.
– Праўда? – Жуль зноў павялiчыў Кiнаў твар. Кiн глядзеў на блазна.
– Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.
– Якую яшчэ Магду? – у Жулевых вачах была туга.
– Польскую князёўну, Магдалену.
– Ну i што?
– Жуль, я пайду туды. Замест яе.
– Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерцi. I куды мы князёўну дзенем?
– Ды слухай спакойна. Жуль, мiлы, у нас з табою няма iншага выйсця. Хутка будзе свiтаць. Кiн звязаны i бяссiльны.
– Сцiхнi. I без тваiх iдэй моташна.
– Усё вельмi проста. Ты можаш мяне высадзiць у любым месцы.
– Вядома. – Ён пацiснуў плячыма.
– Тады высадзi мяне ў князёўнiнай спальнi. Гэта адзiнае выйсце. Зразумей нарэшце. Калi я не прабяруся да Кiна ў блiжэйшыя хвiлiны, ён загiне. Я ўжо не кажу, што правалiцца вашая справа. Кiн можа загiнуць. I мне гэта не ўсё роўна!
– Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кiн першы? Думаеш, нiхто з нас не гiнуў?..
З акенца павеяла вiльготным халадком – надвор'е ў дваццатым стагоддзi таксама пачало псавацца. Брахалi сабакi. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.
– Не ў гэтым справа! Вядзi шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмiлi мяне з вашай справай...
– Так, але... – Жуль сумеўся. – Занадта мы ўжо лезем у мiнулае.
– Перажывём. Успомнi: Кiн ляжыць звязаны.
Жуль некалькi секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кiнуў позiрк на Ганну.
– Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.
– Не марнуй часу. Вядзi шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.
– Пачакай, можа быць...
– Паехалi, Жуль, мiленькi!
Ганну ахапiла лiхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, i было страшна, але страх запазнiцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.
Шар пакiнуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкi на сценах i далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.
Шар завiс у калiдоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсцi, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту...
– Усё чыста, – сказаў Жуль. – Можна.
– Пачакай! – крыкнула Ганна. – Я ж не магу там пакiнуць вопратку...
Князёўна спала на нiзкiм куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзiнокi каганец мiгцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалi каплi дажджу. Шар закружыўся па пакоi, абышоў усе куткi i спынiўся перад заднiмi, зачыненымi дзвярыма...
– Май на ўвазе, што там спiць яе цётка, – сказаў Жуль.
Потым iншым голасам, прагнаўшы сумненнi:
– Добра. Цяпер слухай уважлiва. Момант пераносу не павiнен мець памылак.
Жуль падняўся, дастаў з пульта плоскую аплатку, крыху меншую за капеечную манетку, прыцiснуў яе Ганне пад левым вухам. Аплатка была халаднаватая, цмокнуўшы, яна прысмакталася да скуры.
– Каб вярнуцца, ты павiнна замкнуць поле. Для гэтага дакранаешся пальцам да гэтага... прысоска. Я цябе выцягну. Будзеш там прызямляцца крыху падагнi ногi, каб не стукнуцца.
Польская князёўна павярнулася ў сне, заварушыла губамi. Рука ўпала ўнiз – сагнутыя пальцы дакранулiся да падлогi.
Ганна хуценька ступiла ў раму. Платформа холадам працяла яе босыя ногi. I адразу ж закружылася галава, i пачалося падзенне – падзенне ў глыбiню часу, бясконцае i страшнае, таму што не было за што ўчапiцца, не было каму крыкнуць, каб спынiлi, затрымалi, выратавалi, i не было голасу, не было верху i нiзу, была смерць або пярэдадзень яе, i ў галаве кружылася адна думка – чаму ж ёй не сказалi? Не папярэдзiлi? Чаму ёй здрадзiлi, пакiнулi яе, забылiся? Яна ж нiкому кепскага не зрабiла! Яна яшчэ такая маладая, яна не паспела пажыць... Жаль да сябе адгукнуўся болем у сэрцы, слёзнай слабасцю, а падзенне прадаўжалася i раптам... спынiлася, заняло дух, нiбы ў засеўшым лiфце, i Ганна расплюшчыла вочы...
Цвёрдая падлога стукнула знiзу ў ступакi. Ганна праглынула слiну.
Каганец гарэў на стале. Побач стаяла крэсла з простаю высокаю спiнкаю. Пах дрэнна вырабленых шкураў, дыму з печы, гарэлага масла, поту i мускусу стукнуў у ноздры... Ганна зразумела, што яна ў iншым стагоддзi.
Колькi прайшло часу? Гадзiна цi больш?.. Не, гэта памылковае адчуванне – Кiн жа пранiк у мiнулае амаль iмгненна: ступiў у раму i апынуўся ў Раманавым двары. А раптам машына сапсавалася i яе падарожжа на самай справе зацягнулася? Не, на невысокiм куфры спiць польская князёўна, рука яе ледзь-ледзь дастае да падлогi.
– Адзiн, два, тры, чатыры, пяць, – лiчыла ў памяцi Ганна, каб думкi вярнулiся на месца. Жуль цяпер бачыць яе ў шары. Дзе ж шар? Напэўна, крыху вышэй, над галавой, i Ганна паглядзела туды, дзе павiнен быў вiсець шар, i ўсмiхнулася Жулю – яму цяпер горш за ўсiх. Ён адзiн. Ах ты, гусар з дваццаць сёмага стагоддзя, табе, напэўна, пападзе за выкапнёвую дзяўчынку...
Цяпер трэба дзейнiчаць. I хутчэй. У любы момант можа пачацца штурм горада. Ганна паглядзела ў невялiкае, застаўленае слюдой акенца, i ёй здалося, што ў цемры ночы яна ўгадвае сiнь досвiтку.
Магдаленiна сукенка ляжала на табурэцiку каля куфра, невысокiя боцiкi без абцасiкаў валялiся побач.
Ганна прыслухалася. Церам жыў начным жыццём – скрыпам дошак у падлозе, пiскам мышэй на гарышчы, аддаленым лязганнем зброi, вокрыкам вартавога ля ганка, лёгкiм шорганнем крокаў... Князёўна замармытала ў сне. Было душна. У трынаццатым стагоддзi не любiлi расчыняць вокны.
Князёўнiна сукенка гучна зашалясцела. Надзяваць яе прыйшлося знiзу вышэй талii яна сцягвалася тасёмкамi. На грудзях сукенка цеснаватая – няхай сабе, пацерпiм. Цяпер вельмi важна – хустка. Яе трэба завязаць так, каб не было вiдаць валасоў. Дзе шапачка – пляскатая з залатым абручом? Ганна ўзяла каганец, пасвяцiла над сталом, у кутку знайшла шапачку. Цяпер каб люстэрка, – як дрэнна выпраўляцца ў мiнулае ў такой спешцы. "Строi нам павiнны быць да твару, – падумала Ганна, – але як шкада, што iнфармацыю давядзецца чэрпаць з чужых вачэй". Вядома, у князёўны дзесьцi ёсць люстэрка на доўгай ручцы, як у казках, але няма часу шнарыць па чужых куфрах. Ганна сунула нагу ў боцiк. Боцiк засеў на шчыкалатцы – нi туды нi сюды. За перагародкай нехта заварочаўся. Жаночы голас. Спытаў па-русiнску:
– Ты што, Магда, не спiш?
Ганна разгубiлася, адказала не адразу.
– Сплю, – сказала яна цiха.
– Спi, спi, – гэта быў цётчын голас. – Можа, чаго даць?
Цётка цяжка ўздыхнула.
Ганна адказалася ад думкi пашпацыраваць у боцiках. Нiчога, сукенка доўгая. Якi жаль, што дамы ў той час не насiлi вуаль... Зрэшты, наша трагедыя адбываецца пры цьмяным штучным асвятленнi, тут i родную мацi не пазнаеш. Ганна агледзела сябе яшчэ раз – можа, што-небудзь забылася? Лёгенька падняла князёўнiну руку i паклала на куфар – каб не здранцвела. Падумала, што цяпер Жуль, напэўна, аблаяў яе апошнiмi словамi. Навошта непатрэбная рызыка! Ганна адчувала дзiўную блiзкасць, амаль роднасць з дзяўчынай, якой i ў галаву не магло прыйсцi, што яе сукенку надзела на сябе другая, тая, што будзе жыць праз шмат соцень гадоў...
– Нiчога, – прашаптала яна, старанна варушачы губамi, каб Жуль бачыў, яна моцна спiць.
Ганна прашмыгнула да дзвярэй – у суседнiм пакоi надта заскрыпела, i голас цёткi, якая ўжо зусiм прачнулася, паведамiў:
– Я да цябе iду, дзяўчынка, не спiцца мне...
Ганна тузанула на сябе дзверы. Дзверы не паддалiся. Босыя ногi дакранулiся да падлогi – як усё чуваць у гэтым доме? – цётка скiнула нешта. Туп-туп-туп – яе крокi. Праклятае колца ў iльвiнай пашчы – гэта стары чараўнiк дзед Генадзь ва ўсiм вiнаваты... Ганна здагадалася павярнуць колца. Ззаду таксама адчынiлiся дзверы, але Ганна не стала аглядвацца, нагнуўшыся, каб не разбiць галаву, шмыганула ў цемру калiдора. За дзвярыма бубнела цётка.
23
Першы чалавек, якi трапiўся Ганне, быў стражнiк ля ўвахода ў церам. Ён стаяў каля поручняў ганка, глядзеў на зарыва, што трапяталася за сцяною горада, прыслухоўваўся да далёкага шуму на сценах. Стражнiк аглянуўся. Гэта быў пажылы мужчына, кальчуга яго была распорана на грудзях i сяк-так забэрсана скураным раменьчыкам.
– Што гарыць? – спыталася Ганна, не даючы яму абдумаць, дзеля чаго гэта польская князёўна шпацыруе па начах. Зрэшты, стражнiку было не да яе: адчуванне навiслай пагрозы авалодала ўсiмi гараджанамi.
– Стагi гараць – на балоце. Я так думаю. Дождж амаль сцiх, але завулкi за пляцам патаналi ў цемры. Адсюль, з ганка, усё выглядала не так, як у шары, i Ганна засумнявалася, куды iсцi. Можа, таму, што халодны i вiльготны вецер, гукi i дыханне горада прымусiлi ўсё ўспрымаць iнакш. Перад ёю быў ужо не тэлевiзар.
– Пачакай, – сказаў стражнiк, толькi цяпер скемiўшы, што полька збiраецца ў горад. – Нядобры час гуляць.
– Я вярнуся, – сказала Ганна.
Яе цень, тонкi, гнуткi, доўгi, бег перад ёю па мокрай зямлi плошчы.
– Калi на сцяне будзеш, – крыкнуў услед ратнiк, – паглядзi, гэта стагi гараць, цi што?
Ганна мiнула калодзеж, плошча звузiлася, – сабор здаваўся ружовым. Тут ад галоўнай вулiцы павiнен адыходзiць завулак да Раманавай хаты. Ганна ткнулася
туды – спынiлася. Яна больш не была назiральнiкам i стала часткай гэтага свету.
Ууу – загуло наперадзе, нiбы нейкi страшны звер высоўваўся з цемры. Ганна кiнулася ўбок, стукнулася ў плот. Роў цi стогн нарастаў, i Ганна, не могучы больш таiцца, павярнула назад да церама – там быў стражнiк.
З завулка паказаўся страшны абадраны чалавек, адну руку ён прыцiскаў да вачэй, i памiж пальцамi лiлася кроў, У Другой была сукаватая палка, якой ён размахваў, знясiлена выючы – аднастайна, нiбыта спяваў. Ганна пабегла да церама, коўзаючыся па гразi i баючыся крыкнуць, баючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. П'яныя, няўпэўненыя, пагрозлiвыя крыкi чалавека з дубiнаю наблiжалiся, да iх прымешваўся мерны грукат, тупат, крык, але не было дзе схавацца, i дзесьцi знiк, як у кашмары, стражнiк каля ганка – ганак быў чорны i пусты, як i сам церам.
Роў даганятага раптам перайшоў у крык – вiск – лямант – i абарваўся. Ветрам падхапiла, ледзь не збiла Ганну з ног – побач пранеслiся ценямi з вогненнымi блiкамi на тварах коннiкi Апакалiпсiса – яцвягi, што акружалi князя Вячку, пярэднiя былi з факеламi, ад якiх пырскамi ляцелi iскры.
Ганна аглянулася – невыразнаю плямаю, амаль не адрознiш, ляжаў забiты. Церам раптам ажыў, асвяцiўся факеламi, выбеглi стражнiкi. Князь саскочыў з каня. Яцвягi не спяшалiся, круцiлiся каля ганка,
– Хто там быў? – спытаўся князь.
– П'яны, – адказаў яцвяг.
– Добра. Не хапала яшчэ, каб па горадзе бегалi забойцы. Ты i ты, паклiчце баярына Рамана. Калi не пойдзе, вядзiце сiлай.
– Паклiчам. – Ганне з ценю каля плота вiдаць была ўсмешка яцвяга.
Коннiкi адначасова сцебанулi коней, прамiльгнулi зусiм блiзка каля Ганны i знiклi. Значыць, там i ёсць патрэбны ёй завулак. Яна чула, як тупат капытоў абарваўся, прагучаў рэзкi гартанны голас, якi, адбiўшыся ад платоў, пакацiўся назад на вулiцу, i Ганна ўявiла сабе, як замкнёныя ў хатах жыхары прыслухоўваюцца да гукаў з вулiцы, усёй скурай адчуваючы, што настала апошняя ноч...
Князь Вячка ўвайшоў у церам. Яцвягi пасаскоквалi з сёдлаў, вялi паiць коней.
Ганна сумнявалася – iсцi цi не iсцi. А раптам прымчацца назад яцвягi з Раманам? Але Раман мог не вярнуцца з падземнага хода. А калi ён вырашыць забiць Кiна? Час цёк, як пясок мiж пальцаў, беглi хвiлiны. Не, чакаць больш нельга. Яна зрабiла крок за вугал, заглянула ў кароткi завулак. Вароты былi расчыненыя. Адзiн з яцвягаў стаяў знадворку, ля варотаў, трымаў коней.
I тут жа ў варотах узнiк водблiск пажару. Iшоў Раманаў стражнiк з факелам. Раман iшоў следам. Ён спяшаўся. Яцвягi селi на коней i ехалi крыху ззаду, нiбы сцераглi палонных. Раман быў такi бледны, што Ганне здалося твар яго фасфарысцыруе. Ганна адхiнулася – чалавек з факелам прабег побач. I тут жа – Раманавы вочы, блiзка...









