355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кир Булычев » Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 06:08

Текст книги "Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)"


Автор книги: Кир Булычев



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

– Але калi ён умее здабываць золата?

– Мы знойдзем золата i без чарнакнiжнiкаў, – сказаў епiскап. – Брат Фрыдрых i брат Готфрыд, iдзiце следам за мною.

16

Усярэдзiне шацёр быў абстаўлены сцiпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялi складныя, без спiнак, ножкi крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэннi ляжалi згорнутыя на дзень скуры, высокi падсвечнiк з аплылым воскам паблiскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымi палосамi. На куфры ляжалi два пергаментныя скруткi.

Епiскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпiлiў пояс з мячом i паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставiў меч мiж ног i абапёрся рукамi ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслiзнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскi збан i тры сярэбраныя чаркi. Брат Готфрыд прыняў чарку, епiскап i Фрыдрых адмовiлiся.

– Ты кажаш, брат Фрыдрых, – вымавiў епiскап, – што месiр Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магii?

– Я ўпэўнены ў гэтым.

– Калi мы не заб'ём яго заўтра, – сказаў брат Готфрыд, – то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагiбель.

– Я памятаю галоўнае, – сказаў Фрыдрых. – Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месiр Раман блiзкi да адкрыцця тайны золата.

– Золата д'ябла, – запярэчыў Готфрыд фон Гольм.

– Месiр Раман любiць уладу i славу, – заўважыў Фрыдрых. – Што можа даць яму князь Вест?

– Чаго ён апынуўся тут? – спытаўся епiскап.

– Ён далёкi родзiч князя, – сказаў Фрыдрых. – Ён быў народжаны ад наложнiцы князя Барыса Полацкага.

– I хацеў бы стаць князем?

– Не тут, – усмiхнуўся брат Фрыдрых. – Не ў гэтай вёсцы.

– Добра, што ён спалiў вежу, – сказала Ганна. – Iнакш бы яны не сталi размаўляць.

– Што здарылася ў Смаленску? – спытаўся епiскап, перабiраючы ў моцных пальцах бурштынавы ружанец з вялiкiм залатым крыжам.

– Тутэйшы ўладыка – вiзантыец. Чалавек недалёкi. Ён вырашыў, што ўменне месiра Рамана ад д'ябла. I падняў чэрнь...

– Ну проста як нашы браты, – усмiхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў iронii. – I чараўнiка прыгрэў князь Вест?

– Ён жыве тут ужо трэцi год. Ён затаiўся. Ён напалоханы. Яму няма куды iсцi. У Кiеве яго чакае такi самы лёс, што i ў Смаленску. На Захадзе ён выклiкаў небяспечную жадобу караля Пiлiпа i гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабiць. Пра гэта сведчыць гiбель нашай вежы.

– Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, – сказаў епiскап. Сiла наша ў тым, што мы можам накiраваць на дабро аблуду чарадзея, калi мы цвёрдыя ў сваёй веры.

– Я мяркую, што праўда на вашым баку, – даў згоду брат Фрыдрых.

– Беражы нас, божа, – сказаў цiха брат Готфрыд. – Д'ябал усюдыiсны. Я сваiмi рукамi адкруцiў бы галаву чарадзею.

– Не нам яго баяцца, – вымавiў епiскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку i ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, якi ляжаў пад скруткамi. Паглядзiце, гэта прыслалi мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?

Рыцар Готфрыд перахрысцiўся, калi епiскап падаў аркуш Фрыдрыху.

– Гэта напiсана не ад рукi, – сказаў Фрыдрых. – I ў гэтым няма чарадзейства.

– Вы ўпэўненыя?

– Месiр Раман выразае лiтары на дрэве, а потым прыкладае да дошкi лiст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.

– Вялiкая справа, калi скiравана ў iмя царквы, – сказаў епiскап. Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!

– Гэтак, – згадзiўся брат Фрыдрых. – Раман патрэбны нам.

– Я ж паўтараю, – сказаў брат Готфрыд, устаючы, – што ён павiнен быць знiшчаны разам з усiмi ў гэтым горадзе.

Яго суразмоўцы нiчога не адказалi, епiскап заплюшчыў вочы.

– На ўсё воля божая, – сказаў ён урэшце.

Абодва рыцары ўсталi i накiравалiся да выхаду з шатра.

– Дарэчы, – кiнуў наўздагон епiскап, – чым можа для вас стацца гiсторыя з польскай князёўнай?

– Спытайцеся ў брата Готфрыда, – сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. – Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якiя напалi на ахову князёўны, па чутках, выконвалi яго загад.

– Гэта толькi чуткi, – сказаў Готфрыд. – Толькi чуткi. Цяпер жа князёўна i яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калi мы вызвалiм iх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.

– Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? – спытаўся епiскап.

– Нi ў якiм разе, – адказаў Фрыдрых. – Не сакрэт, што князь Вячка адбiў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.

– Я згодны з вамi, – сказаў епiскап. – Паклапацiцеся пра дзяўчыну. Як толькi яна трапiць да нас, мы тут жа адправiм яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнiкi. I нiякiх выкупаў.

– Мае людзi рызыкавалi, – сказаў Готфрыд.

– Мы i так не сумнявалiся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскiя рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. I гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамi Рыгi?

17

– Разумеецца, Жуль, – сказаў Кiн, – пачынай рыхтаваць апаратуру да пераходу. I паведамi дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.

Кiн дастаў з апарата шарык i пайшоў да дзвярэй.

– Я з вамi? – сказала Ганна, пра якую ўсе забылiся.

– Як вы сабе хочаце, – адказаў Кiн абыякава. Ён хутка выйшаў у вялiкi пакой. Там было занадта светла. Мухi кружылiся над вазачкай з цукеркамi. У адчыненае акно ўлiваўся вецярок, матляючы фiранку. Ганна падышла да акна i выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялi ў футбол хлапчукi, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькi трактар.

– Гэта партрэт епiскапа? – спыталася Ганна, гледзячы, як Кiнавы пальцы ператвараюць шарык у пласцiнку. – Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епiскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскi адбiтак. – Ён нахiлiўся над сталом, чытаючы тэкст.

– Чытайце ўголас, – папрасiла Ганна.

– Варварская латынь, – сказаў Кiн. – Алхiмiчны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлiгiйнае. Навошта дражнiць сабак?.. "Каб зрабiць элiксiр мудрацоў, вазьмi, мой брат, фiласафiчнай ртуцi i падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва... пасля гэтага разагравай мацней, i яна стане львом чырвоным..."

Трактар спынiўся, з яго выскачыў трактарыст i пачаў корпацца ў рухавiку. Нiзка праляцеў маленькi самалёцiк По-2...

– "Кiпяцi чырвонага льва на раскаленым пяску ў кiслым вiнаградным спiрце, выпары вадаасць, i ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзi гэта ў замазаную глiнай рэторту i ачысцi... "

– Зноў ртуць – мацi металаў? – спыталася Ганна.

– Не, – сказаў Кiн, – гэта другое. "...Кiмварыйскiя ценi акрыюць рэторту цёмным пакрывалам, i ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, якi пажырае свой хвост..." Не, гэта не ртуць, – паўтарыў Кiн. – Хутчэй гэта аб ператварэннях свiнцу. Зялёны леў – вокiс свiнцу, чырвоны леў – сурык... камедзь – воцатна-свiнцовая соль... Так, здаецца, так...

– Вы самi маглi б працаваць алхiмiкам, – сказала Ганна.

– Мог бы, мне давялося прачытаць шмат абракадабры. Але ў ёй часам праблiсквалi такiя знаходкi!..

– Вы цяпер пойдзеце туды?

– Вечарам. Я там мушу быць як мага менш.

– Але калi вас пазнаюць, падумаюць, што вы шпiён.

– Цяпер у крэпасцi шмат людзей з блiжэйшых паселiшчаў, якiя хаваюцца там. Ёсць i iншыя варыянты.

Кiн пакiнуў пласцiнку на стале i вярнуўся ў сенцы, дзе стаяў куфар з адзеннем.Ён выцягнуў адтуль боты, шэрую кашулю з тонкай вышыўкай каля каўняра, потым спытаўся ў Жуля:

– Ну што? Калi пададуць энергiю?

– Пасля семнаццацi.

18

– Ведаеце, – сказаў Кiн вечарам, калi падрыхтоўка да пераходу скончылася, – давайце глянем на горад яшчэ раз, час жа ёсць. Калi даведаемся, дзе ён хавае сваю лабараторыю, зможам спрасцiць версiю.

Шар завiс над скопiшчам саламяных стрэх.

– Дзе ж хаваецца наш алхiмiк? – сказаў Кiн.

– Трэба пачынаць з церама, – вымавiў Жуль.

– З церама? А чаму б не з церама?

Кiн павёў шар над вулiцай у цэнтр горада, да сабора. На вулiцы было бойка i ажыўлена. У лаўках – столькi малых, што дваiм не размiнуцца, гандлявалi адзеннем, жалезным i глiняным таварам, людзi глядзелi, але не куплялi. Натоўп народу сабраўся толькi каля нiзенькiх дзвярэй, з якiх рыжы мужчына выносiў бохан хлеба. Пэўна, голаду ў горадзе не было – асада пачалася нядаўна. Некалькi ратнiкаў валаклi да гарадской сцяны вялiкi медны кацёл, за iмi iшоў дзед у высокiм шлеме, згорбiўшыся пад вязанкай дроў. Коннiк на вараным жарабцы махнуў нагайкаю, прабiваючыся цераз натоўп, з-пад жывата ў каня вёртка выскачыў карлiк – князеў блазан, выскалiўся, прыцiснуўся да плота, пастрашыў кулаком ездака i тут жа працiснуўся ў лаўку, набiтую гаршкамi i мiскамi.

Кiн хуценька прабегся шарам па верхнiх пакоях, а ў iх – як венiкам усiх вымелi – толькi нейкiя нахлебнiкi, сонныя служкi, дзеўка з балеяй, старая з кульбаю... запусценне, цiшыня...

– Эвакуiравалiся яны, цi што? – спытаўся Жуль, адхiлiўшыся на iмгненне ад пульта, якi стрымана падморгваў, бурчаў, нiбыта Жуль вёў касмiчны карабель.

– Вы да зорак лятаеце? – спыталася Ганна.

– Дзiўна, – не звярнуў увагi на пытанне Кiн. У невялiкiм кутнiм пакоi, якi меў такi выгляд, быццам сюды ў спешцы панакiдалi розных рэчаў – куфроў, цюкоў, кашоў, нарэшце пашанцавала знайсцi знаёмых. На невысокiм драўляным крэсле з высокаю простаю спiнкаю сядзела пажылая панi, накрыўшы ногi мядзведжай шкурай. Гатычная прыгажуня ў закрытай, апушанай вавёрчыным футрам малiнавай сукенцы з сярэбранымi вытканымi кветкамi стаяла каля невялiкага акенца, гледзячы на царкву.

Пажылая дама гаварыла штосьцi, i Жуль правёў пальцамi над пультам, рэгулюючы гучнасць. Кiн спытаўся: – Якая мова?

– Старажытнапольская, – адказаў Жуль.

– Гора, гора, за грахi нашы кара, – гаварыла, сплюшчыўшы павекi, пажылая панi. – Гора, гора...

– Супакойцеся, цётка, – адклiкнулася з акна дзяўчынка.

Нафарбаваны твар пажылой жанчыны быў нерухомы.

– Казаў жа твой бацька пачакаць да восенi. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзялiў мяне божа сваёй мудрасцю... А дзе ж наша дружына ды верныя слугi... Млосна, млосна...

– Магло быць горш... – Дзяўчына дакранулася доўгiмi пальцамi да размаляванай праснiцы, што стаяла побач, i задумлiва пацягнула касмык воўны. – Магло быць горш...

– Ты пра што думаеш? – спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.

– Ён князь, ён храбры вiцязь, – сказала дзяўчына. – Дый няма граху ў маiх думках.

– Грэшыш, грэшыш... Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнiкаў. Колькi гадоў я дома не была...

– Цi хутка служба скончыцца? – спыталася дзяўчына. – У русiнаў такiя доўгiя службы.

– Наш абрад вiзантыйскi, урачысты, – сказала старая. – Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахi замалiць...

– Ах, пустая размова, цётка. Вы, русiны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калi ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць...

– Не дай божа, не дай божа! Жахлiвы будзе гнеў караля Лешкi.

– Нам жа будзе ўсё роўна.

– Хто гэтая Магда? – спыталася Ганна. – Усе пра яе гавораць.

– Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкi Белага. I ехала ў Смаленск... Давайце паглядзiм, цi не ў царкве князь?

Перад расчыненымi дзвярыма сабора сядзелi калекi i жабракi.

Шар пранiк цераз сцяну сабора, i Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак i ладану. Iшла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэннiка ў вышытай залатой рызе.Яго павялiчаны цень пакалыхваўся, засцiлаючы фрэскi суровых чорнабародых старцаў, што глядзелi са сцен на людзей, якiя напоўнiлi невялiкi сабор.

Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былi амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушылiся.

– Вароты слабыя, – цiха гаварыў ён князю. – Могуць не вытрымаць. Ведаеш?

Князь зморшчыўся:

– На вулiцах бiцца будзем, у лес уцячом.

– Не выйдзе. У iх на кожнага твайго дружыннiка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.

– Таму што тады лепш бы i не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём iх спалi.

– Не магу. Запас скончыўся.

– Ты купi.

– Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.

– Тады чаруй. Ты чарадзей.

– Чарамi не дапаможаш. Не чарадзей я.

– Калi не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палiлi?

– Зайздросцiлi. Папы зайздросцiлi. I манахi. Думалi, што я золата раблю...

Абодва замаўчалi, прыслухоўваючыся да свяшчэннiка. Князь перахрысцiўся, потым зiрнуў на суседа.

– А што зоркi гавораць? Цi выстаiм, пакуль лiтва прыйдзе?

– Баюся, не дачакаемся. Ордэн наўрад цi будзе адкладваць штурм.

– Выстаiм, – сказаў князь. – Павiнны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Цi спадзяешся на старую дружбу?

– Няма ў мяне з iмi дружбы.

– Тады расправяцца. I яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплiвай. Не па табе тавар.

– Я з княжага роду, брат.

– А яна каралеўскай крывi.

– Я сваё месца ведаю, брат, – сказаў Раман.

– Хiтруеш. Ды бог з табою. Толькi не ўздумай бегчы. I чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.

– Не пагражай, – сказаў Раман. – Мне пара iсцi.

– Ты куды? Поп не закончыў.

– Я Акiплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.

– Ну iдзi, толькi непрыкметна.

Раман павярнуўся i стаў асцярожна працiскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усмiхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знiк у змроку.

Кiн вывеў шар з сабора, i той завiс над цвiнтаром, дзе чакалi канца службы, курчылiся пад змрочным мокрым небам калекi i жабракi. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыцiскаючы да грудзей глiняную мiску i ружовы абпалены гаршчок.

– Цябе па смерць пасылаць, – сказаў Раман.

– Не бi мяне, дзядзечка, – заверашчаў блазан, выскаляючыся. – Госцi пазачынялi лаўкi – ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на вiселiцу, а ён – весялiцца.

Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за iм, пакульгваючы, горбячыся. Мiнулi калодзеж, конавязь, павярнулi ў вузкi, дваiм не размiнуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былi нiзкiя вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчынiлiся дзверы. Там стаяў стражнiк у кароткай кальчузе, скураной шапцы i доўгiх портках. Ён адступiў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькi валуноў, якiя ляжалi вакол выпаленай ямы... Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземiстага дома з бярвенняў на падмурку. Адчынiў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.

У святлiцы Раман шпурнуў плашч у рукi прыгожаму чарнаброваму хлопцу, якi падбег да яго.

– Ты чаго чакаеш? – спытаўся ён у блазна. Блазан паставiў на падлогу мiску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчынiўся лаз у падвал. Раман спусцiўся першы. За iм блазан i чарнабровы хлопец.

Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палiчках стаялi запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкi адлюстроўвалiся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад глiняных мiсак, медных сасудаў, злучаных металiчнымi i шклянымi трубкамi... У нiзкай з вялiкай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылiсты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокi, ён аглянуўся.

– Студзi патроху, – сказаў Раман, зазiрнуўшы ў печ.

Блазан зiрнуў у печ з-пад локця чарадзея i сказаў:

– Даўно пара студзiць.

– Ведаем, – сказаў мужчына. У яго былi доўгiя вусы, чорныя, блiзка пасаджаныя вочы. Рэдкiя валасы спадалi на лоб, i ён увесь час адгортваў iх за вушы.

– Хутка ордэн на штурм пойдзе, – сказаў Раман.

– Астудзiць не паспеем, – адказаў той. – А шкада.

– Студзi, – сказаў Раман. – Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сiлы каторы раз усё збiраць i будаваць.

– А ты, дзядзечка, епiскапу ў ногi пакланiся, – сказаў блазан. – Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён i пашкадуе.

– Нiкчэмнасць i ўбоства думкi, – сказаў Раман.

– Па-мойму, што ўбоства думкi, што яе празмернасць – усё бязглуздзiца, розумам чынiць – розуму не трэба, – сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пералiў з адной шклянкi ў другую – пайшоў едкi дым.

Раман адмахнуўся, зморшчыўся. Жылiсты мужчына адступiў да печы.

– Ты што, – абурыўся Ранан. – Атравiць нас хочаш?

– А можа, так i трэба? Ты дзяўчыну пакахаў, а табе не дазволена, я шклянку пералiў, а мне не дазволена, князь епiскапу пярэчыць, а яму не дазволена. Вось бы вас усiх i адправiць на той свет?

– Маўчы, дурань, – сказаў Раман стомлена, – лепш бы прываротнага зелля накапаў, чым лайдачыць.

– Не, – крыкнуў блазан, падбягаючы да стала i задзiраючы галаву, каб зблiзку паглядзець на Рамана. – Не разумею цябе, дзядзечка, i разумны ты ў нас, i слаўны на ўсю Эўропу – навошта табе князёўна? Наша справа – берагчы горад, золата здабываць, месца знаць.

– Маўчы, смерд, – сказаў Раман. – Маё месца сярод каралёў i князёў. I паводле роду, i па ўладзе, i па розуме!

Хлопец глядзеў на Рамана.

– Зробленае, перадуманае не магу кiнуць. Ува мне вялiкiя тайны жывуць недагавораныя, недакончаныя. – Раман шырокiм жэстам абвёў сутарэнне.

– Значыць, так, – сказаў блазан, падскочыўшы, пасмейваючыся i размахваючы бутэлечкай, бессаромны i нахабны, – значыць, ты ад дзяўчыны адмаўляешся, дзядзечка, дзеля гэтых бутэлечак? Будзем дома сядзець, чарапкi берагчы. Пакуль ландмайстар з мячом не прыйдзе.

– Але як усё зберагчы, – прашаптаў Раман, абапёршыся кулаком на стол. Скажы, як выратаваць? Як адцягнуць час?

– Не атрымаецца, дзядзечка. Адзiн асёл хацеў з дзвюх кармушак жэрцi, як элiны казалi, ды з голаду здох, не прыдумаў, з якой пачаць.

Раман дастаў з палiчкi бутэлечку.

– Ты ўсё памятаеш?

– Калi дзяўчыне даць выпiць тры каплi, на край свету пойдзе. Дай сам адап'ю. Рамана палюблю, ногi яму цалаваць буду, замуж за яго пайду...

Хлопец зарагатаў i тут жа збянтэжыўся пад Раманавым позiркам.

– Хопiць, чортава насенне! – выбухнуў чарадзей. – Забыўся, што я цябе з гнiлой ямы выкупiў?

– Памятаю, дзядзечка, – сказаў блазан. – Ой як памятаю!

– Усё-такi ён падобны на малпу, – сказала Ганна. – На злосную малпу. У iм ёсць штосьцi здраднiцкае.

– Баярын! – сказаў жылiсты мужчына. – А што з вогненным гаршком рабiць?

– Гэта цяпер не патрэбна, Мажэй, – адказаў Раман.

– Ты казаў, што мяне пашлеш, – вымавiў Мажэй. – Божыя дваране ўвесь мой род выразалi. Не магу забыць. Ты абяцаў.

– Божа! – Раман сеў на лаву, стукнуўся локцямi аб стальнiцу, абхапiў галаву рукамi. – Глупства гэта ўсё, нiкчэмнасць!

– Шаноўны, – сказаў Мажэй з тупой настойлiвасцю, – ты абяцаў мне. Я пайду i заб'ю епiскапа.

– Няўжо не разумееш, – амаль крычаў Раман, – нiчым мы горад не выратуем! Не спалохаюцца яны, не адступяць, iх у пяць разоў больш, у iх сiла, ордэн. Эўропа, Магдэбург, папа... Конрад Мазавецкi iм войска дасць, дацкi кароль чакае не дачакаецца. Вы ж цёмныя, вам здаецца, што ўвесь свет вакол нашага гарадка сышоўся! Я i вежу палiць не хацеў... Вячка мяне прыцiснуў. Лепш змiрыцца, ордэну кроў не патрэбна, ордэн бы князю горад пакiнуў... Хiба вам крывi мала!

– Ты загаварыў iнакш, баярын, – сказаў Мажэй. – Я з табою заўсёды быў, таму што верыў. Можа, я iншых гарадоў не бачыў – нашыя жамойцкiя гарадкi па лясах раскiданы, але пакуль ордэн на нашай зямлi, мне не жыць. Мы ордэн не клiкалi.

– Змагацца таксама трэба з розумам, – стукнуў кулаком па стале Раман. Сёння ноччу яны на прыступ пойдуць. Возьмуць горад, могуць не злiтавацца. Калi мы паднiмем руку на Альберта – яны ўсiх нас выражуць. I дзяцей, i жанчын, i цябе, блазан, i мяне...

– Я заб'ю епiскапа, – сказаў Мажэй.

– А я, дзядзечка, – сказаў блазан, – з табою не згодны. Авечкi добрыя, а авечак ваўкi ядуць.

– Маўчы, раб! – узлаваўся Раман. – Я цябе дзесяты год кармлю i ратую ад бед. Калi б не я, цябе ўжо тройчы павесiлi б.

– Правiльна, дзядзечка, – раптам засмяяўся блазан. – Часам я глупства скажу, затое разумныя не здагадаюцца. Рабом я быў, рабом памру, затое сумленне мучыць не будзе.

– Чым балбатаць, лепей пайдзi да князёўны, – сказаў Раман жорстка. Дасi ёй прываротнага зелля. Так, каб старая не заўважыла.

– I гэта генiй, – уздыхнула Ганна.

– А што? – спытаўся Кiн.

– Верыць у прываротнае зелле...

– Чаму ж не? I ў дваццатым стагоддзi вераць.

– Iду, – сказаў блазан, – толькi ты да немцаў не збяжы.

– Заб'ю. Ты даўно гэтага заслугоўваеш.

– Заб'еш, ды не сёння. Сёння я яшчэ патрэбны. Толькi дарма ты епiскапа беражэш. Ён табе дзякуй не скажа.

Блазан падхапiў бутэлечку i лоўка ўскараскаўся наверх. Мажэй вярнуўся да печы, памяшаў там качаргою, доўга маўчаў. Раман прайшоўся па пакоi.

– Не, – сказаў ён сам сабе. – Усё не так. Як я змарыўся ад глупства чалавечага.

Хлопец прысеў каля сцяны на кукiшкi. Раман вярнуўся назад да стала.

– Можа, паглядзець за блазнам? – спыталася Ганна.

– Мне цяпер важней Раман, – сказаў Кiн.

– Падыдзi сюды, Глузд, – сказаў Раман, аглядаючыся.

Хлопец лёгка ўстаў, зрабiў крок i тут жа азiрнуўся.

Раман рэзка ўзняў галаву, паглядзеў туды ж. Ускочыў з-за стала. Мажэя ў пакоi не было. Раман тут жа кiнуўся за печку. Там былi нiзкiя масiўныя дзверы. Яны былi прачыненыя. – Глузд, куды глядзеў? Мажэй збег!

– Куды збег? – не зразумеў хлопец.

– Ён жа з гаршком збег. Ён жа епiскапа забiць хоча! – Раман штурхнуў дзверы, зазiрнуў усярэдзiну, ляпнуў сабе па баку, дзе вiсеў кароткi меч, выхапiў яго з ножнаў i знiк у праёме.

Хлопец застаўся звонку, заглянуў у ход, i Ганна ўбачыла, што яго спiна расце, запаўняе экран. Стала цёмна – шар працяў хлопца, пранёсся ў цемры, i яна здавалася бясконцай, як здаецца бясконцым чыгуначны тунель, а потым наступiў бэзавы дажджлiвы вечар. Яны былi на метраў сто ад крапаснога вала ў нiзiне, парослай хмызняком. Памiж нiзiнай i крэпасцю паволi ехалi верхам два нямецкiя ратнiкi, паглядваючы на гарадскую сцяну. На вуглавой вежы пагойдвалiся шлемы стражнiкаў.

Раптам у схiле нiзiны ўтварылася чорная дзiрка – адкiнулiся ўбок дзверы, укрытыя звонку дзёрнам. У дзвярах стаяў Раман. Ён уважлiва агледзеўся. Дождж памацнеў i мутнаю сеткаю засланяў яго твар. Нiкога не ўбачыўшы, Раман адступiў, зачынiўшы за сабою дзверы. Перад вачыма быў парослы хмызняком схiл. I нiякiх слядоў ад дзвярэй.

Кiн вярнуў шар у падвал, на iмгненне абагнаўшы Рамана.

Хлопец, якi так i стаяў у дзвярах падземнага хода, адляцеў убок – Раман адштурхнуў яго, кiнуўся да стала. Хлопец падышоў, спынiўся ззаду. Раман iрвануў да сябе лiст пергаменту i хутка пачаў пiсаць.

– Стукаюць, – сказаў Кiн. – Ганна, чуеш?

У дзверы стукалi.

Раман згарнуў лiст у трубку, падаў хлопцу.

Ганна зрабiла намаганне, каб вярнуцца ў дваццатае стагоддзе.

– Зачынi дзверы, – хуткiм шэптам сказаў Кiн. – I хоць памры, каб нiхто сюды не ўвайшоў. Мы не можам перапынiць працу. Праз паўгадзiны я адыходжу ў мiнулае.

– Ёсць, капiтан, – сказала Ганна таксама шэптам. Каля дзвярэй яна аглянулася. Кiн сачыў за шарам, Жуль – за прыборамi. Яны спадзявалiся на Ганну. Хлопец Глузд узяў трубку пергаменту, слухаў, што гаварыў яму Раман.

За дзвярыма стаяў дзед Генадзь. Гэтага Ганна i баялася.

– Ты чаго замыкаешся? – сказаў ён. – Па тэлевiзары французскi фiльм паказваюць пра сярэдневяковае жыццё. Я па цябе.

– Ой, у мяне галава балiць! – сказала Ганна. – Зусiм не магу з хаты выйсцi. Легла ўжо.

– Як легла, – здзiвiўся Генадзь. – Паветра ў нас свежае, ад яго i балiць. Хочаш, гарчычнiкi пастаўлю?

– Ды я ж не прастудзiлася. У мяне галава балiць, стамiлася.

– А можа, па чарачцы? – спытаўся дзед Генадзь.

Ганна не магла ўпусцiць дзеда ў сенi, дзе на падлозе былi вiдаць сляды Жулевай працы.

– Не, дзякуй, не хочацца.

– Ну тады я пайшоў, – сказаў дзед, не робячы нi кроку. – А то французскi фiльм пачынаецца. А гэтыя не вярталiся? Рэстаўратары?

– Не, яны ўжо на станцыю паехалi.

– А "газiка" такi спачатку не было, а потым узяўся. Дзiва. Тут хiба "газiк" пройдзе?

– Яны з пагорка прыехалi.

– Я i кажу, што не праедзе. Але людзi прыемныя,

адукаваныя. Вывучаюць нашае мiнулае.

– Я пайду лягу. Можна?

– Iдзi, вядома, хiба я трымаю, а то фiльм пачынаецца. Калi хочаш, то прыходзь, я глядзець буду.

Нарэшце дзед пайшоў. Ганна не стала чакаць, пакуль ён мiне веснiчкi, кiнулася назад у халодную святлiцу. За час яе адсутнасцi сцэна ў шары памянялася. Яна ўяўляла сабой верхнi паверх церама, у кутнiм пакоi была толькi польская князёўна Магда. Ганна не адразу ўбачыла, што на падлозе, склаўшы накрыж ногi, сядзiць блазан.

– Я чула шум, – сказала Магда. – Пачаўся прыступ?

– А што iм рабiць? Прыйшлi на абед, значыць, лыжку падавай. А калi талерка пустая ды яны галодныя...

– Ты дзе навучыўся польскай мове, дурань?

– Жыццё прымусiла. Сёння тут, а заўтра там, – ухмыльнуўся блазан.

– Гэта праўда, што твой гаспадар спалiў ордэнскую вежу?

– Ён i дзесяць вежаў спалiць можа. Было б што палiць.

– Ён чарадзей?

– А што вам, бабам, да чарадзеяў? Дзе горача – туды пальчыкi цягнеце. Апечацеся.

– Скрозь агонь, – сказала князёўна. Яна раптам падышла да блазна, села побач з iм на дыван. I Ганна зразумела, што князёўна вельмi маладая, ёй гадоў васемнаццаць.

– Я ў Смаленск ехаць не хацела, – сказала яна. – У мяне дома кацяня засталося.

– Чорнае? – спытаўся блазан.

– Шэрае, такое пушыстае. I ласкавае. А потым нас леты захапiлi. Пана Тадэвуша забiлi. Чаму яны на нас напалi?

– Баярын кажа, што iх немцы паслалi.

– Мой бацька лiст епiскапу пiсаў. Мы ж не ў дзiкiх мясцiнах жывём. А ў Смаленску сцены моцныя?

– Смаленск нiхто не зачэпiць. Смаленск – вялiкi горад, – сказаў блазан. – Нас з баярынам Раманам адтуль так гналi, што мы нават паперы забраць не паспелi. I друкарскi варштат наш спалiлi.

– Якi варштат?

– Каб малiтвы друкаваць.

– Баярын Раман з д'яблам знаецца?

– Куды яму! Калi б д'ябал за яго быў, хiба ён дапусцiў бы, каб манахi нас у Смаленску папалiлi?

– Д'ябал хiтры, – сказала князёўна.

– Не без таго, – сказаў блазан. – Любы табе наш баярын?

– Так нельга казаць. Я ў Смаленск еду, там мяне замуж аддадуць. За князевага сына. Iзяслава Ўладзiмiравiча.

– Калi даедзеш, – сказаў блазан.

– Не кажы так. Мой бацька рыцарам сябар. Ён iм зямлю даў.

– А ноччу хто разбярэцца?

– Князь Вячка iх у горад не пусцiць. Ён смелы вiцязь.

– Дзiця ты, ну проста дзiця. – Блазан устаў i падышоў да стала. – Гэта квас у цябе?

– Мне таксама дай напiцца, – сказала, лёгка ўстаючы з дывана, дзяўчына.

Блазан раптам рэзка азiрнуўся, паглядзеў на дзверы.

– Пiць, кажаш, хочаш?

– Ану ж, – сказаў Кiн i скiраваў шар да дзвярэй, пранiзаў iх, i ў вузкiм калiдоры Ганна ўбачыла ссутуленага ў кутку Рамана.

– Ён яе кахае, – сказала Ганна.

– Гэтага нам яшчэ не хапала. – сказаў Жуль.

– А цётка на яе сварылася, што горнецца да князя, памятаеце?

– Памятаю, – сказаў Кiн, вяртаючы шар у пакой. Якраз у той момант, калi блазан, лоўка, як фокуснiк, лiнуў з бутэлечкi ў кубак прываротнага зелля. Падаў дзяўчыне.

– Дзякуй. Ты не iдзi, Акiплеша. Мне страшна адной.

– Усё, – сказаў Кiн. – Пара збiрацца.

19

– Як вы думаеце, – сказала Ганна, пакуль Кiн падбiраў з ложка кашулi i боты, – той жамойт заб'е епiскапа?

– Не, – сказаў Кiн. – Епiскап памрэ гадоў праз пятнаццаць. Жуль, правер, каб нiчога не заставалася ў сенцах.

– А вы не вернецеся? – раптам Ганна зразумела, што вiдовiшча канчаецца. Апошняя дзея – выкраданне чарадзея. I гледачы пакiдаюць залу. Акцёры загадзя сабралi рэквiзiт i пераязджаюць у iншы гарадок.

– Калi ўсё абыдзецца, – сказаў Кiн суха, – то не вярнуся. Жуль перакiне нас дамоў. Дзед Генадзь прыходзiў?

Ганна кiўнула.

– Згатаваць кавы?

– Толькi сабе i Жулю, – сказаў Кiн, – перад адпраўкаю лепш не есцi. Я заўтра ранiцай паснедаю. Дома...

– Усё-такi гэты шум мне непрыемны, – сказала Ганна. – Дзяўчына нiчога не падазрае...

– Ён яго раб, – сказаў Кiн. – Раман яго выратаваў ад смерцi. Але прываротнага зелля не iснуе. Гэта даказана навукай.

– Не ведаю, – сказала Ганна. – Вы ж самi гаворыце, што Раман унiверсальны генiй. Можа, прыдумаў. Былi ж раней розныя сакрэты.

– Я буду пераадзявацца, – сказаў Кiн. – I баюся вам перашкодзiць. Вы хацелi згатаваць кавы.

– Безумоўна, – сказала Ганна, – хацела. Яна падпалiла ў плiце – добра, што ўзяла з сабою молатай кавы, – гэтыя прышэльцы, вядома, не падумалi, што будуць кармiцца тры днi. Дармаеды. Лайдакi. Ганна была страшэнна сярдзiтая. I зразумела чаму. Яе прысутнасць трывалi, як i прысутнасць дзеда Генадзя. А чаго ж ты чакала, галубка? Што цябе запросяць на экскурсiю ў будучыню? Лухта, ты проста нi пра што не думала, авырашыла, што бясплатныя забавы будуць цягнуцца вечна... Кiн за перагародкаю нечым грукнуў. Цiкава, цi бярэ ён з сабою зброю?

– Ну як? – спытаўся Кiн.

Ганна азiрнулася. У дзвярах на кухню стаяў з кароткаю барадою мужчына з трынаццатага стагоддзя, заможны, дужы, меч збоку, кальчуга пад накiдкаю, на шыi незвычайны абруч – накшталт сярэбранай змяi. Быў гэты мужчына нiжэйшы ростам, чым Кiн, шырэйшы ў плячах, доўгiя, выгаралыя месцам валасы былi сабраныя тасёмкай.

– Я б вас нiколi не пазнала, – сказала Ганна.

– Дзякуй, – адказаў Кiн.

– А чаму змяя?

– Гэта вуж. Я лiтоўскi воiн, з Раманавай аховы.

– Але яны ж адзiн аднаго ведаюць.

– Цяпер цёмна. Я не буду высоўвацца на пярэднi план.

– А я кавы згатавала, – сказала Ганна.

– Кавы? Будзьце ласкавы, налiце Жулю.

Жуль ужо сабраў адзiн з пультаў, зачынiў чамадан i вынес у сенцы. Сам вярнуўся да пульта сувязi.

– Жуль, – сказала Ганна, – выпi кавы.

– Дзякуй, – сказаў Жуль, – пастаў, калi ласка, на столiк.

Ганна паставiла кубачак пад выключаны шар. Калi не патрэбна, лепш не набiвацца. У сенцах яе дагнаў Жулеў голас.

– Мне шкада будзе, што я вас больш не пабачу, – сказаў ён. – Такая ў нас праца.

– Такая праца, – усмiхнулася Ганна, паварочваючыся да яго. Яна была яму ўдзячная за жывыя словы.

Кiн стаяў на кухнi, сёрбаў каву.

– Вам жа нельга! – не стрымалася Ганна.

– Вядома, лепш не пiць. Толькi вось вам не хапiла.

– Нiчога, я яшчэ сабе згатую.

– Правiльна, – сказаў Кiн.

20

Выхад у мiнулае ледзь быў не сарваўся. Яны ўсе стаялi ў сенцах над чамаданамi i скрынкамi. I зноў пачуўся стук у дзверы.

– Хто? – спыталася Ганна.

– У цябе ўсё ў парадку? – запытаў дзед Генадзь.

– А што?

– Галасы чую, – сказаў дзед.

Кiн кiнуўся ў кухню. Жуль зачынiўся ў тыльным пакоi. Ганна марудзiла з засаўкай.

– У мяне радыё, – сказала яна. – Радыё я слухала. Я ўжо зноў легла.

– Спаць легла, а святло не тушыш, – прабурчаў дзед. – Я табе анальгiну прынёс.

– Навошта мне анальгiн?

– Ад галавы, вядома. Хiба не скардзiлася?

Прыйшлося адчынiць. На вулiцы павяваў вiльготны вецярок. Яркi месяц асвятляў дзедаў капялюш. Дзед iмкнуўся заглянуць Ганне за спiну, але ў сенцах было цёмна. Пачак таблетак быў цёплы, нагрэўся ў дзедавай жменi.

– Турбуюся я за цябе, – сказаў ён. – Увогуле ў нас мясцiны цiiхя, бандытаў, зразумела, няма, чым iм цiкавiцца, але нейкае да цябе ёсць небяспечнае прыцяжэнне.

– Я не баюся. Дзякую за лекi. Дабранач.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю