355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Дамавiкамерон » Текст книги (страница 3)
Дамавiкамерон
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 15:30

Текст книги "Дамавiкамерон"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 9 страниц)

Газавiк выйшаў з пакоя ўвесь чырвоны. Куртку ён зашпiляў на хаду. Дзверы засталiся шырока адчыненыя. Стажор убачыў жанчыну, што ляжала на стале, шырока раскiнуўшы ногi. Яна глядзела на хлопца i ўсмiхалася. Той сумеўся i не адразу ўцямiў, што жанчына знарок засталася ў такой недвухсэнсоўнай позе.

– Э-эй, – жанчына ўзмахнула рукою. – А ты хiба не хочаш атрымаць свой заробак?

Стажор зрабiў крок, але ўспомнiў, што не зняў чаравiкi, i спынiўся.

– А можа, ты iмпатэнт? – кватэру запоўнiў смех. – Цi ты не хочаш? – жанчына села на стале. – А я вось, была б толькi магчымасць, з ранiцы да самага вечара займалася б толькi сексам!

Стажор, не зняўшы чаравiкi, падышоў да стала i, стоячы, зрабiў тое, чым так хацела займацца жанчына з самай ранiцы i ажно да вечара.

Калi Газавiк са стажорам выйшаў з кватэры, дык закурыў папяросу i сказаў:

– Адразу вiдаць, што ў хаце няма гаспадара.

– Лепш бы мы грошы i вiно ўзялi, – у тон працягнуў стажор.

– Слiмак! – сказаў Газавiк i ўдарыў стажора кулаком у патылiцу.

Частка трэцяя


XXІ. НАТУРШЧЫЦА

Два жывапiсцы, калматы i рудабароды, накiроўвалiся да мансарды ў майстэрню з бутэлькай кубiнскага рому "Havana Club", калi сустрэлi Натуршчыцу.

– Вы куды? – спыталася яна.

Мастакi паказалi "Havana Club".

– Я з вамi, – узрадавалася Натуршчыца.

Калi рому ў бутэльцы паменшала недзе напалову, жанчына ўстала i заявiла:

– Хачу танчыць!

Калматы i рудабароды прамаўчалi.

– Буду танчыць аголеная, а вы будзеце мяне жывапiсаць...

Мужчыны нiчога не адказалi.

Натуршчыца зайшла за шырму, дзе распранулася цалкам. Потым выйшла на сярэдзiну пакоя i пачала скакаць. Вялiкае белае цела хвiлiн пяць лётала па майстэрнi, ажно пакуль не заскавытаў дзвярны замок. Жанчына войкнула i заляцела за шырму. Рудабароды адчынiў дзверы. На парозе стаяла суседка:

– Што тут у вас творыцца? Вы што, каня сюды прывалаклi? У мяне жырандоля ледзь-ледзь не абарвалася. А як абарвецца – то ўжо будзеце плацiць. А вы хоць ведаеце, колькi яна каштуе?

Рудабароды сцепануў плячыма.

– Вось-вось, не ведаеце, таму i скачаце. 1200 рублёў яна каштуе! І калi толькi што – давядзецца заплацiць...

– Скакаць больш не будзем, – рудабароды спынiў суседку.

– Я папярэдзiла, каб потым не казалi, што не ведалi. 1200 рублёў!

– Заплацiм! – мастак зачынiў дзверы.

Натуршчыца выйшла з-за шырмы i запрапанавала выпiць. Калматы разлiў па шклянках ром. Натуршчыца выпiла стоячы, паставiла шклянку на стол i села на каленi да рудабародага. Той высока ўзняў поўную шклянку i ўсклiкнуў:

– Карцiна Рэмбранта "Аўтапартрэт з Саскiяй"!

– На Саскiю яна не цягне, як i ты на Рэмбранта, – з'едлiва зазначыў калматы мастак, было вiдаць, што ён пакрыўдзiўся на жанчыну, бо тая села на каленi не да яго.

– Затое ў пана Рэмбранта Харменса ван Рэйна не было... – рудабароды са смакам выпiў свой ром.

– А ў мяне лепшая фiгура, чым у тваёй Саскii. Ты толькi ўспомнi тую карову: жывот вiсiць, грудзi вiсяць i яшчэ складкi тлушчу на спiне.

– Не было ў Саскii нiякiхскладак сала. Ты пераблытала Рэмбранта з Рубенсам, – баранiўся калматы.

– І нiчога я не паблытала. Вялiкi альбом, на супервокладцы партрэт Яна Сiкса, якi нацягвае пальчаткi. Ёсць такi альбом? Ёсць! І яшчэ там быў смешны афорт. Жанчына спраўляе патрэбы. Таўсценная карова, задраўшы спаднiцу, сядзiць на кукiшках i спаражняецца праз дзве адтулiны. Вось табе галандская эстэтыка. Так што не блытаю я Рубенса i Рэмбранта, а складкi тлушчу былi, менавiта ў Саскii.

– Не было, – не здаваўся калматы.

– Дарэчы, лiтовец, якi аблiў кiслатою Саскiю, добра зрабiў, бо ўсе карцiны Рэмбранта антыэстэтычныя, – Натуршчыца пацалавала рудабародага жывапiсца. – Слушна я кажу?

– Слушна, – кiўнуў той.

– Не слушна, – калматы жывапiсец устаў. – Лiтовец аблiў кiслатою не Саскiю, а Данаю, i не па эстэтычных, а па палiтычных матывах.

– Палiтыка, палiтыка, – скрывiлася Натуршчыца. – А чаму тэрарыст выбраў Рэмбранта? Чаму Данаю? Чаму не Тыцыяна цi Рафаэля? Я адкажу сама. Даная – антыэстэтычны твор, як i Саскiя, дарэчы. Што, можа, не так?

Калматы адно толькi махнуў рукою.

– А я хачу танчыць, – узрадавалася аголеная Натуршчыца.

Рудабароды цiха зашаптаў ёй у вуха.

– Ты што, думаеш – я шлюха, – абурылася тая.

– Тады пайшлi за шырму, – спакойна прапанаваў рудабароды.

– Занясi мяне...

Рудабароды панёс жанчыну за шырму. Калматы вылiў рэшткi рому ў шклянку i спустошыў яе адным вялiкiм глытком. З-за шырмы чулася парыпванне канапы. Калматы запалiў цыгарэту. Калi рудабароды жывапiсец выйшаў з-за шырмы, ягоны калега дапальваў ужо трэцюю цыгарэту.

– Ты што, увесь ром выжлукцiў?

– А ты думаў, я буду адно сядзець i слухаць, як вы маркiтуецеся?

– Можаш i ты схадзiць за шырму.

Калматы згасiў недапалак i пайшоў за шырму. Рудабароды ўзняў бутэльку "Havana Club" i паглядзеў на святло. На донцы сабралася грамаў дзесяць – пятнаццаць. Мужчына вытрас рэшткi рому з рыльца проста ў рот.

– Толькi не ў мяне, – пачуўся з-за шырмы голас Натуршчыцы.

Рудабароды прыслухаўся, але ў майстэрнi было цiха. Тады ён устаў, саставiў тры крэслы ў шнур i лёг на iх. І тут цiшыню ўзарваў грукат. Рудабароды ўскочыў са свайго лежбiшча. Шырма ляжала на падлозе. Калматы стаяў на адной назе i нацягваў нагавiцы. Натуршчыца паднялася з канапы i закрычала:

– Гэты iдыёт усё вылiў мне ўсярэдзiну. Я ж сказала, што сягоння спускаць нельга. Скацiна кудлатая...

Калматы засмяяўся:

– Я ад тваёй пяшчоты забыў усё на свеце. І яшчэ я не прывык падманваць свае яйцаклеткi.

Калi жывапiсцы з Натуршчыцай стаялi на тралейбусным прыпынку, дык тая сказала:

– З вас 50 рублёў, па 25 з кожнага, на аборт.

Калматы склаў дулю i паднёс да сур'ёзнага твару Натуршчыцы. Тая размахнулася, каб ударыць нахабнiка па шчацэ, але рудабароды перахапiў агрэсiўную руку.

– Супакойся, заўтра прыйдзеш, i я дам грошы. Ты ж нас ведаеш i любiш. А ён перабраў.

Калматы жывапiсец адышоў на колькi крокаў i гучна сказаў:

– А ў Саскii не было складак тлушчу на спiне.


XXІІ. РАБАЎНІК

У Рабаўнiка было хобi – джаз. Ён збiраў фiрмовыя кружэлкi, наведваў канцэрты i нават меў свой уласны iнструмент. Калi да яго прыходзiла жаданне, дык Рабаўнiк браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымi лямпачкамi плыве па начной Мiсiсiпi, i доўга натхнёна iмправiзаваў. Гадзiнамi Рабаўнiк мог заставацца сам-насам з каштоўным iнструментам i ўсяго толькi дзеля ўласнага задавальнення.

На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнiк ездзiў у Маскву.

"Раз у жыццi можна пачуць i ўбачыць Бога", – падумалася Рабаўнiку, калi ён браў квiток на самалёт.

Пасля канцэрта Рабаўнiк палiў на ганку фiлармонii. Побач з iм палiлi дзве маладыя пiянiсткi.

– Ён – Бог! – цiха гаварыла адна. – Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, i кожны настаўнiк лiчыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэнi пра джаз. Але калi слухаеш Бога, усе настаўнiкi робяцца лiлiпутамi...

"Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?" – падумалася Рабаўнiку, i ён сказаў уголас:

– Цалкам з вамi згодны. Ён – Бог! І я не жартую.

Пiянiсткi пераглянулiся, i тая, што казала пра Бога, знiзаўшы вострымi плячыма, спыталася:

– А, зрэшты, хто вы такi?

– Я? – Рабаўнiк зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, i ледзь не назваў сваё сапраўднае iмя, – Раман, я – рэстарацыйны саксафанiст з Гомеля. Правiнцыял, якi мае толькi адну загану, люблю джаз...

Пiянiсткi, было вiдаць па тварах, страцiлi цiкаўнасць да асобы правiнцыяла, але на развiтанне адна з iх, што была ў зялёнай сукнi, вырашыла ўсё ж паставiць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.

– Скажыце, а ў Гомелi ўсiм супрацоўнiкам рэстарацый выдаюць ангельскiя гарнiтуры цi толькi тым, што крадуць мяса?

Рабаўнiк зазлаваў, але выгляду не падаў:

– Прабачце за нясцiпласць, але на мне фiнскi гарнiтур, а не ангельскi. Мяса я, на жаль, не магу красцi, бо яно размяркоўваецца памiж кухарамi. Я краду, даруй мне Божа, толькi каньяк, i калi вы не супраць, дык у гатэлi "Расея" ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпiць за джазмена.

– А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? – спыталася пiянiстка ў чырвонай сукнi.

– З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму "Радыеактыўны блюз".

– Тады паехалi ў "Расею". Удзвюх мы як-небудзь з вамi справiмся.

"Паглядзiм", – падумаў помслiвы Рабаўнiк.

Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволiла яму перайграць сiтуацыю, i ў вынiку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыi "Прага". Пасля выпiтага каньяку пiянiсткi ледзь не ўгаварылi Рабаўнiка выйсцi на эстраду, пазычыць саксафон i сыграць "Радыеактыўны блюз".

– Калi будзеце так даставаць, дык я прадам свой фiнскi пiнжак, але ўгавару лабухаў iграць тры разы запар "Сабачы вальс", i ад канцэрта чорнага Бога не застанецца нi знаку, нi следу.

"Сабачы вальс" пiянiсткi слухаць не захацелi, затое пагадзiлiся ўзяць на вынас каньяк i шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як i разлiчваў Рабаўнiк, скончылася танцамi на кватэры ў адной з пiянiстак. Танцавалi дзяўчаты выдатна.

"Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, i пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго цi не хочаш", – зазначыў для сябе Рабаўнiк.

Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухнi дзве пiгулькi сонных лекаў i высыпаў у келiх пiянiсткi, што была ў чырвонай сукнi. Тая выпiла разам з усiмi за чорнага Бога i нават не заўважыла, што смак напою змянiўся. Рабаўнiк запрасiў яе на доўгi павольны танец.

– Спа-а-аць, – пiянiстка пазяхнула.

– Пайшлi, я правяду, – ён пацягнуў яе за руку.

– Не трэба, я сама, – сказала яна, але паслухмяна пайшла за Рабаўнiком у спачывальню.

– Рабi што заўгодна, толькi хутчэй. Я проста памiраю, так хачу спаць.

Па ўсiм Рабаўнiк зазначыў, што пачуццё рытму ў пiянiсткi не знiкае нават пасля каньяку, шампанскага i сонных лекаў.

Другая пiянiстка цiхамiрна спала, седзячы ў глыбокiм фатэлi.

Рабаўнiк падрыхтаваў на кухнi новы келiх з каньяком i сонным. План у яго быў даволi просты, але, каб здзейснiць, давялося аднаўляць сваю мужчынскую здатнасць з дапамогаю самага звычайнага масiравання. Калi чэлес меў станоўчы выгляд, Рабаўнiк пабудзiў пiянiстку, што заснула ў фатэлi. Яны нават не клалiся на кiлiм, Рабаўнiк здзяйсняў свой план, укленчыўшы каля фатэля.

Па ўсiм пiянiстка засталася задаволеная. Рабаўнiк прапанаваў выпiць, i яна праглынула сонны напой. Ён не пашкадаваў пяшчоты, каб дзяўчына хутчэй заснула.

Рабаўнiк запэўнiўся, што пiянiсткi спяць, прыняў душ, памыў посуд, старанна працёр усе паверхнi, дзе маглi застацца адбiткi ягоных музычных пальцаў, i пачаў педантычнае, але хуткае абследаванне кватэры. Ён пакiнуў абрабаванае жытло толькi тады, калi ў кiшэнях фiнскага гарнiтура ляжала каштоўнасцяў тысяч на дваццаць пяць. У гатэль "Расея" Рабаўнiк не паехаў, бо спынiўся ён у гатэлi "Украiна". Адтуль, вядома ж, разлiчыўшыся, ён даехаў на таксоўцы ў аэрапорт i праз колькi гадзiн быў у родным Мiнску.

Праз месяц Рабаўнiк даволi выгодна прадаў саксафон i калекцыю фiрмовых кружэлак, бо канчаткова пераканаўся, што з-за хобi – любовi да джаза – можна атрымаць дысквалiфiкацыю ў сваёй асноўнай гульнi – кватэрных рабаваннях.

Рабаўнiк клаў у кiшэню грошы за iнструмент, i яму падумалася, што Бог усё ж больш падобны да белабародага дзеда, чымся да потнага амерыканскага негра з трубою.


XXІІІ. МАНЕКЕНШЧЫЦА

– Ну, не плач, не плач, – сяброўка суцяшала Манекеншчыцу. Тая размазвала хустачкай сапсаваны слязьмi макiяж i нiяк не магла супакоiцца.

– Я ж думала, што ён сапраўды мяне любiць. А ён...

– Гад ён, – уставiла сяброўка.

– Ён не гад, ён добры... А сягоння, я нават не ведаю, што на яго найшло. Я з падарункам... У яго – дзень нараджэння. Я прынесла шалiк доўгi белы шаўковы... Ведаеш, як прыгожа глядзяцца на высокiх мужчынах доўгiя шалiкi? Уяўляеш, у яго ёсць чорнае палiто, вось да яго i купляўся гэты шалiк. Проста вымольвала ў Доме мадэляў, ледзь не ўкленчыла. Мне ж так хацелася, каб у Мiколенькi быў такi падарунак, каб яму было прыемна... А ён выгнаў мяне i шалiк кiнуў у твар. Ненавiджу яго!

– Шалiк? – здзiвiлася сяброўка.

– Пры чым тут шалiк? Яго хто нi навяжа, адразу робiцца падобны да гомасексуалiста. Мiколеньку я ненавiджу. Ён мне ўсё жыццё перакруцiў, каб яго самога ў пятлю скруцiла. У мяне быў муж, памятаеш? Абы-што, але муж. З-за Мiколенькi мы развялiся. Ну, ды Бог з iм. Потым мне падалося, што Мiколенька – нiкчэмнасць, сквапны дробны хлус. Я папрасiла пазычыць мне 200 рублёў, а ён апусцiў вочкi i сказаў, што ў яго iх няма. Як жа ж, няма! Я i завяла сабе немца. Памятаеш, таго тоўстага iнжынера? Выдатны быў немец. І якая ж я была дурнiца, калi з-за Мiколенькi пакiнула iнжынера з маркамi. Я паверыла ў словы пра каханне, iдыётка. А сягоння прыйшла з падарункам, бо Мiколенька паабяцаў нарэшце пазнаёмiць мяне са сваiмi бацькамi. А замест бацькоў ён мне паказаў часопiс...

– Часопiс? – сяброўка здзiвiлася.

– Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не вiдаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсiм зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? І таму яго трэба хаваць у саўкоўскiх анучах?..

– Дый не павiнна ты хаваць сваё цела, – пераканана сказала непрыгожая сяброўка.

– А, можа, Мiколенька думае, што я была б супраць, каб i яму прапанавалi сфатаграфавацца на вокладку? Ды нi ў якiм разе, фатаграфуйся, колькi заўгодна... Толькi нiхто не прапануе. На твары ж не напiсана, што дзед пакiнуў паўмiльёна ў спадчыну? А Мiколенька ўпэўнены, што ўсё гэта вiдавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай, калi ўвесь час пяткi каля вушэй, рукi невядома дзе, а рухацца зусiм немагчыма, бо цi што-небудзь разаб'еш, цi то сам падзярэшся аб якi-небудзь незакручаны вiнт. У Мiколенькi кватэра i дом за горадам... Але ж гэта для iншых, а для мяне – машына... Ты ведаеш, пра што я падумала?

– Не, – сказала сяброўка.

– Напэўна, у Мiколенькi ўсе астатнiя палюбоўнiцы такiя тоўстыя, што з iмi нельга займацца сексам у машыне. А са мной можна, я ж такая гнуткая, што можна злавiць кайф нават у машыне. Але гэтага больш не будзе. Хай ён задавiцца сваiмi грашыма разам са сваiмi сытымi каханкамi. Абнаглеў, казёл. Я прыходжу, а ён мне часопiс паказвае i крычыць: "Ты – прастытутка!" І б'е мяне часопiсам па твары... Казёл! Не дарую. Нiколi не дарую...

Манекеншчыца заплакала.

Сяброўка спачувальна захiтала галавою:

– Ён не варты тваiх слёз. Не плач...


XXІV. САДОЎНІК

Садоўнiк жыве на беразе мора, у вёсцы. Уяго маленькi дамок i палiсаднiк.

Шторанiцы Садоўнiк iдзе ўздоўж берага на працу. І можна ўбачыць на золку, як шырокiм крокам абпалены сонцам i ветрам малады чалавек iдзе i нясе на плечыках белую накрухмаленую кашулю. На Садоўнiку чорныя нагавiцы i чорныя паўчаравiкi, нiякай iншай вопраткi ён не прызнае. А белую накрухмаленую кашулю ён ускладае толькi ўвечары. А пакуль ён кiруецца да шматпавярховага гатэля, пры якiм адказвае за невялiчкi батанiчны сад.

Чаго толькi няма ў тым садзе. Даўгапёрыя грывы пампаснай травы паселi ўздоўж цэнтральнай алеi. А з другога боку прысады, зараснiкi гонкага шапаткога бамбуку, якi адгароджвае сад ад пляжа i марскога ветру. А ў самым цёмным кутку саду, каля сметнiка, сядзiць алейна-зялёны куст – Юдава дрэва, дый навявае нядобрыя думкi. Але тое цёмны кут, а ў самым светлым – ружы, iх шмат, яны розныя: i барвовыя, i крэмавыя, i колеру сырадою. Разы два цi тры на тыдзень Садоўнiк складае з тых ружаў букет, але пра букет крышачку пазней. Над разарыем узвышаюцца магутналiстыя фiнiкавыя пальмы. Калi Садоўнiк акуратна падразае магутныя лiсты, дык пальмавы ствол робiцца падобны да вялiкага ананаса. Можна бясконца захапляцца напалову рукатворным шэдэўрам Садоўнiка, але... Але надыходзiць час, i на сад апускаецца ноч. Садоўнiк iдзе да мора. Ён агаляецца i доўга плавае – змывае стому. Потым ён вяртаецца ў свой дашчаны садовы будан, дзе ўскладае хрумсткую ад крухмалу кашулю, бярэ букет ружаў i крадком падыходзiць да гатэля. Садоўнiк грукае ў шыбу медпункта. Акно адчыняецца, i Садоўнiк падае букет медсястры. На падаконне ён уздымаецца зусiм нячутна. Медсястра зачыняе акно i апускае жалюзi, а толькi тады запальвае святло. Яна ладная ў белым халаце. У яе такiя цёмныя смочкi, што нават праз халат i станiк свецяцца дзве павабныя плямiнкi. Медсястра кладзе букет на стол. Садоўнiк здымае з сябе кашулю i кiдае на падлогу, i ў гэтым руху ўся ягоная страсць. Ён жа для гэтага руху i прасуе кашулю i носiць яе на плечыках аж два кiламетры. Медсястра скiдае халат i здымае станiк. Чорныя смочкi клiчуць Садоўнiка. Ён ужо распрануўся i дапамагае жанчыне выслiзнуць з вузкай спаднiцы. Аголеную медсястру Садоўнiк кладзе на белую вузкую канапу. Жаночыя ногi ўздымаюцца высока ўгору, калi мужчына накрывае грудзьмi тугiя смочкi. Садоўнiк не любiць ноч, таму ў медпункце гарыць святло. Жаночыя рукi кладуцца на клубы Садоўнiка. Непастаўленыя ў ваду ружы напаўняюць пакой садовым водарам. Медсястра ўстае з канапы i ўскладае станiк. Як i большасць жанчын, яна ўскладае спачатку станiк, а потым майткi. Як i ў большасцi жанчын, у яе ёсць муж i дзецi, але толькi ў яе адной ёсць Садоўнiк, якi ўжо апрануўся i трымае пад пахаю пакамечаную кашулю. Медсястра гасiць святло. Садоўнiк нiколi не забывае забраць букет. Сцежкаю, што абсаджана вастраiклаю апунцыяй, ён iдзе да Юдавага дрэва, паўз яго на сметнiк, дзе выкiдае букет. Садоўнiк не любiць ноч, бо ягоны любiмы сад запоўнены адпачывальнiкамi, што ў цукерачным водары алеандры п'юць са слоiкаў кiслае вiно i кiдаюць цыгарэтныя недапалкi у разарый. Яны абрываюць лаўравiшню, абломваюць галiнкi найстаражытнага дрэўца гiнка, набiваюць пакеты эўкалiптавым лiсцем, а ў паштовыя канверты запiхваюць ружова-жоўтыя пэндзлiкi-мяцёлачкi альбiцыi – яны нiшчаць сад. І ўсё робiцца ўначы, калi Садоўнiк iдзе дадому, трымаючы пад пахаю пакамечаную кашулю i дзеравяныя плечыкi.

А на золку ён будзе вяртацца, i кашуля вiсецьме на плечыках i махацьме рукамi. А кабеты з сталовай знойдуць букет i па адной кветцы паставяць у вазы на сталы адпачывальнiкаў. А той, каму не хопiць ружы, яшчэ i пазайздросцiць астатнiм.


ХХV. ЦІКАЎНІК

– Займацца ананiзмам шкодна?

– Затое прыемна.

– Дык шкодна цi не?

– Усё прыемнае – шкодна.

– Жанчына лепш за ананiзм?

– Вядома лепш.

– А займацца з жанчынаю шкодна?

– Небяспечна.

– Гэта iншае.

– Не шкодна.

– А з жанчынаю прыемна?

– Прыемна.

– Вы казалi, што ўсё прыемнае – шкодна. Як быць?

– З жанчынаю небяспечна, а значыць i шкодна.

– Тады i ананiзм такi ж шкодны, як i занятак з жанчынаю?

– Напэўна.

– А як лепш, з жанчынаю цi з мужчынам?

– Як каму.

– А вы спрабавалi з мужчынам?

– Спрабаваў. Не спадабалася.

– А мне варта паспрабаваць?

– Калi дзеля цiкаўнасцi, дык не варта.

– А з жывёлаю прыемна?

– Не спрабаваў.

– Але ёсць такiя , што займаюцца з жывёламi. Вы iх не сустракалi?

– Сустракаў жанчыну, што займалася з сабакам.

– І ёй было прыемна?

– Напэўна, калi яна гэтым займалася.

– А з жывёламi шкодна?

– Небяспечна.

– А вы змаглi б паспрабаваць з жывёлаю?

– Напэўна, не змог бы.

– А чаму?

– Мне нават ад такой думкi робiцца непрыемна.

– Вы натурал?

– Так. І, дарэчы, табе не здаецца, што нашая гутарка чымсьцi нагадвае ананiзм?

– Затое цiкава, прыемна i нiякай шкоды.


XXVІ. ГОСЦЬ

Госць увалiўся ў кватэру а дванаццатай ночы, дый не адзiн, а з сябрам i сяброўкаю. Гаспадар пашкадаваў, што пусцiў п'яную кампанiю, бо сам быў з каханкаю. Тая засталася ў ложку, а гаспадар правёў начных наведнiкаў на кухню. Госць запатрабаваў вiна, закусак i цыгарэт. Гаспадар сабраў на стол. Госць схапiў бутэльку, разлiў яе па шклянках адразу ўсю, выпiў сваю чвэрць, запалiў цыгарэту i папрасiў гаспадара выйсцi "на два словы".

У вiтальнi Госць зашаптаў на вуха гаспадару:

– Гэта мае сябры. Ён – мент, але класны мужык, i баба яго класная. Хай яны застануцца ў цябе да ранiцы...

– Не магу я iх пакiнуць. У мяне адзiн пакой, ложак ужо заняты, каханка ў мяне.

– А калi мы iх на кухнi пакладзём? Ёсць у цябе якi-небудзь стары матрац? – напiраў п'яны Госць.

– Няма ў мяне матраца, нi старога, нi новага.

– А коўдра ватная ёсць?

– Здаецца, ёсць...

– Чакай тут, зараз у iх спытаюся, – Госць хiтнуўся ў бок кухнi i ледзь устояў на нагах. – А зрэшты, што ў iх пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухнi дык й-ййк.. Ікаўка напала. Пайшлi дап'ём.

На кухнi Госць выпiў з гаспадаровай шклянкi, паклаў у кiшэню пачак цыгарэт, развiтаўся i сышоў.

Гаспадар прынёс з кладоўкi коўдру i падушку з прасцiнамi, сябры нечаканага Госця пачалi ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкi. Тая прахапiлася ад сну, села на ложку i запыталася:

– Сышлi?

– Цiшэй ты! Леглi на кухнi.

– Утраiх?

– Удваiх, адзiн сышоў.

– А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?

– Ды цiшэй гавары, – асцярог гаспадар. – Не мог я iх выгнаць.

– Тады будзем спаць, – каханка павярнулася тварам да сцяны.

Мужчына паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму хацелася цеплынi i пяшчоты. Жанчына адкiнула мужчынскую руку ад сваiх грудзей.

– Ты не хочаш?

– Будзем спаць.

– А чаму ты не хочаш? Ну, перапынiлi нас, з кiм не бывае...

– Непрыемна, калi побач чужыя людзi...

– Ну, хочаш, я пайду зараз i праганю iх.

– Не трэба, давай спаць.

Мужчына зноў паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму нясцерпна хацелася пяшчоты. Жанчына ўзяла мужчынскую руку i павольна перасунула яе з грудзей сабе на жывот, потым нiжэй у самае гарачае месца.

Ранiцай каханка пабудзiла гаспадара. Яна паспела апрануцца i стаяла каля ложка ў куртцы i ботах.

– Ты сыходзiш? – гаспадар соладка пазяхнуў.

– Мяне чакаюць на працы, – каханка нахiлiлася i пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.

Той iзноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны i апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулi ўваходныя дзверы.

"Сышлi. Нарэшце. Божа, якi кайф! Можна i ўстаць".

Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставiць iмбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця i з неапiсальным здзiўленнем пазiрала на аголенага засмучонага гаспадара, якi спачатку засмуцiўся, а толькi потым скемiў, чым так уразiў жанчыну.

– Прабач, – нарэшце сказаў ён i прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. – Я ж думаў, усе сышлi, i хацеў толькi iмбрык на плiту паставiць.

– Нiчога страшнага, я зараз устану i пастаўлю...

Гаспадар вярнуўся ў пакой i, калi пачаў апранацца, дык адчуў, што яму iзноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухнi i паставiць iмбрык.

– А я ложак не паспеў заслаць, – сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.

– Ты зараз iдзеш на працу? – спыталася жанчына.

– Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.

– А ў мяне самы звычайны адгул.

"Загул, – падумаў гаспадар, – самы звычайны загул. І трэба, каб ён працягнуўся". Ён разлiў кiпень па кубках.

– Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?

– А чаму ты пытаешся?

– Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?

– А якое гэта мае значэнне?

– Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.

– У тваёй прапанове эратычны падтэкст?

– Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.

– Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, – сяброўка начнога Госця памыла кубкi.

Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.

"Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!" – падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.


XXVІІ. НЯБОЖЧЫК

На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка – колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...

За чатыры днi да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы i вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзiроўку, а сам пайшоў да каханкi. Там ён i сканаў. Сэрца спынiлася. Каханка выклiкала "хуткую дапамогу". Нябожчыка завезлi ў морг, дзе ва ўлiковай кнiзе зрабiлi запiс наступнага зместу: такi i такi ўзяты па адрасу – горад Мiнск, вулiца Багдановiча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены i напiсана, што Нябожчыка забралi з дому. А калi "з дому", дык у моргу нiхто i не хваляваўся, усе былi ўпэўненыя, што сваякi ведаюць пра смерць. Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае "ў камандзiроўцы". Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я "дастаў" каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.

З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", – даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", – сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.

Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.

Зямля – пухам.


XXVІІІ. ТУСОЎШЧЫК

Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт "Эксгуматар", трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне – завод, кайф, лом... А ў жыццi – шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт – адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару – на музыку. І гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi улезь, i назад дарогi няма. І якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я – рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... І не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды – "Бастыён", "Тарнада", "Радыяцыя"?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.

Тусоўшчык прыпалiў цыгарэту.

А зрэшты, усё гэта – падман. І ты гэта бачыш, журналiст. Я зламаўся, патрапiў не ў сваю танальнасць i зламаўся. Іграў, iграў, а потым нiбыта хто пульт абрубiў. Гасiце святло, прыехалi. І ведаеш, не ў мяне аднаго такое здарылася. Я ж тусуюся, з тым пагавару, з гэтым. Усе кажуць, што наш час прайшоў. І слушна, бо i сапраўды ўсёмагутная рука адключыла наш ток i забрала таленты. І цяпер хто куды... Адны напiваюцца да адключкi. Другiя лётаюць па горадзе з думкаю: "Каго б яшчэ трахнуць?" Трэцiя прыфарцоўваюць, занялiся камерцыяй. На мяне ты не глядзi, гэта часова. Не магу я адразу пайсцi ў рэстарацыю, можа, пайду ў пахавальную каманду, бо лепей ужо могiлкавы Шапэн, чым п'яная ламбада. А ёсць яшчэ i чацвёртыя, яны ў рэлiгiю павалаклiся. Яны кляпаюць тэксты пра Хрыста i Саборнiка i ўпэўненыя, што робяць святую справу, а сапраўдныя вернiкi чуць гэтага не могуць, абураюцца, кажуць, што ўсё гэта блюзнерства. І слушна кажуць, бо рыба павiнна ведаць свой вiр. Музыка – гэта споведзь, а не прамова цi заклiк. Месца музыкi на хорах, а не на казальнiцы. Для музыкi галоўнае што? Каб музыка вылiлася, выйшла з яго, а пачуе хто цi не пачуе – справа дзесятая. Гэта ў папсавiкоў колькасцю слухачоў вымяраецца якасць прадукцыi, а ў рокераў – кайфам. Але паэт памiрае ў табе раней, чым ты гэта заўважаеш. Так i музыка, ты яшчэ перабiраеш струны сваiмi хуткiмi пальцамi i не чуеш, што ўласна музыкi няма. І трэба ўжо iсцi прадаваць абразкi Бруса Лi, а ты ўсё яшчэ катуеш iнструмент. Як адчуў я сваю няздатнасць, дык думаў – павешуся ад крыўды. Прайшло. У падземным пераходзе скразнякi, яны мяне крыху астудзiлi. Магiла магiлай, але не сапраўдная. Нашто Бога гнявiць, нават калi Яго нямашака? Астыў, стаю, гандлюю, на людзей гляджу, на пiва зарабляю i, як дзiця, спадзяюся на заўтрашнi дзень. Вось i ўсё, журналiст. А пiсаць цi не, вырашай сам. Пiшы, пакуль здатнасць не адабрала. Зрэшты, усе там будзем.


XXІX. АСВЯТЛЯЛЬНІК

Цемра. Чорна. Падаю. Чаму так цёмна? Дзе рубiльнiк? Нарэшце...

Дзед трымае сярнiчку, агеньчык выхоплiвае з чарноцця газоўку. Патрэсквае, запальваецца кнот. Дзед папраўляе яго i накрывае шклом. У хаце цёпла, пахне печкай i хлебным мякiшам. Матылёк б'ецца ў тонкае шкло газоўкi. "Вось i ноч на дварэ", – голас у дзеда сапраўдны, ён не скажоны мiкрафонам i ўзмацняльнiкамi...

Якi Дзед? Якi кнот? Я стаяў на стадыёне, за сцэнаю, мне зрабiлася блага... Падаю. Цемрадзь суцэльная.

Голас, нечы знаёмы, дзядзькi Антака... "Чакайце, чакайце, асцярожна! Зараз, зараз... Раз, два, тры!!!" Успышка. Рэзь уваччу. Адвярнуцца, схавацца, закрыць твар рукамi... "Вось i ў нашай хаце лямпы дзённага святла", – Антакаў голас. Асцярожна расплюшчыць вочы, спачатку левае... Антак стаiць на зэдлiку i пакручвае малочна-белую трубку. "Асцярожна, не ўпадзi!" – голас дзеда. Зэдлiк хiстаецца, дзядзька падае...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю