Текст книги "Адзiнота на стадыёне"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)
* * *
Вечарэла. Мужчына i жанчына сядзелi за белым сталом у кавярнi марпорта. Высока над пiрсам стаяў скрылiк маладзiка.
– Паштоўку з бананавым дрэвам я сабе набыў.
– Нашто яна табе? – жанчына глядзела на маладзiк.
– Вырашыў даведацца, чаму дзед з папугаем прадае менавiта гэтую паштоўку.
– Даведаўся?
– Так.
– I чаму?
– Таму, што бананы тут не выспяваюць.
– Пры чым тут бананы? Яны не выспяваюць, бо не хапае цяпла...
– I шчасця тут няма, бо яму не хапае цяпла, – перабiў яе мужчына. – Ён табе абяцае. Разумееш?! Ён табе абяцае шчасце i каханне ў наступны раз, калi ты зноў прыедзеш сюды. За абяцанне ты плацiш грошы. Другiя табе нават не абяцаюць кахання. А ён тым i адрознiваецца, што абяцае. Праз год ара зноў будзе сядзець навязаны, зноў будзе гадаць i прарочыць, толькi ў другiм горадзе...
– Глупства, – спынiла яго жанчына.
– Чаму?
– Глупства, вось i ўсё. Гэты хабёл з папугаем не такi разумны, як ты думаеш.
– Можа, i так, але гэты хабёл знайшоў, як пяцiкапеечныя паштоўкi прадаваць за рубель.
– Гэта знайшоў не ён.
– А хто?
– Не ведаю. Спытай лепш у мора. I давай не будзем пра папугая, пра папугаяў. Усе яны папугаi.
– Добра, не будзем. Зрэшты, мы пра iх i не гаворым. Мы гаворым пра каханне, якога няма.
– Нашто ты купляў у яго паштоўку?
– Каб зразумець, як працуе сiстэма.
– Зразумеў?
– Зразумеў.
– I цябе больш не цiкавяць паштоўкi?
– Не цiкавяць.
– Шкада. Я страцiла клiента. Не крыўдуй. Калi цэлы дзень прастаiш за прылаўкам, усе людзi ператвараюцца ў клiентаў. Непрыемна, але гэта так. Не будзем больш гаварыць пра паштоўкi.
– Згода, – сказаў мужчына. Ён устаў i падышоў да буфетнай стойкi. Буфетчыца сварылася з дзябёлай эстонкай. Буфетчыца не дала рэшты i пераконвала эстонку, што, маўляў, налiла больш соку. Эстонка патрабавала вярнуць грошы i даць кнiгу скаргаў. Буфетчыца вярнула рэшту. Інцыдэнт скончыўся. Мужчына заказаў дзве кавы i вярнуўся за стол.
– У мяне заўтра вольны дзень, можна куды-небудзь паехаць, – сказала жанчына.
– Я тут нiчога не ведаю.
– Ёсць неблагi пляж, толькi туды трэба плыць на катэры.
– Можна i на катэры.
– А калi будзе дождж?
– Дажджу не будзе.
– А калi ён усё ж такi будзе?
– Паплывём на падводнай лодцы, – сказаў мужчына.
* * *
Дажджу не было. "Ракета" на падводных крылах, абагнуўшы пiрс з маяком, выйшла ў мора. Мужчына курыў на верхняй палубе. Жанчына стаяла побач. Па дарозе яны сустрэлi такую ж самую "ракету" на падводных крылах, што iшла ў процiлеглым кiрунку. Жанчына памахала рукою, i нейкi чалавек у белай кашулi памахаў у адказ. "Ракета" прышвартавалася да драўлянага прычала. Акрамя мужчыны i жанчыны, на гэтай станцыi нiхто не сышоў.
– Звычайна на гэтай станцыi "ракета" не спыняецца, але яна ёсць па маршруту, i я папрасiла, каб прычалiлi, – сказала жанчына. Мужчына прачытаў на дашчанай блакiтнай будцы, што стаяла на беразе каля прычала, шыльду: "Станцыя Востраў".
– Гэта сапраўды востраў? – спытаў ён.
– Гэта не востраў, гэта гара. Рэчка разыходзiцца на два рукавы, i атрымлiваецца, што вакол гары вада. У горад мы вернемся на электрычцы.
– Цудоўная станцыя Востраў, – сказаў мужчына.
– I мне падабаецца, мы сюды ездзiлi з аднакурснiкамi. Была поўня, i мы купалiся. Ведаеш, якi цуд плаваць ноччу, калi над морам поўня! Шкада, што зараз ранiца i няма поўнi...
– Учора быў толькi маладзiк. I добра, што зараз ранiца i няма тваiх аднакурснiкаў.
– Можа, i так, – пагадзiлася жанчына.
Яны iшлi каля самай вады па вiльготным жвiры. Потым паднялiся на гару i пайшлi праз платанавы лес. Сонца вялiкiмi дрогкiмi плямiнамi ляжала на зямлi. Ствалы i галiны ў платанаў былi плямiстыя, што маскхалаты. Мужчына падумаў, што, нават калi iдзе дождж, платаны выдаюць асветленымi сонцам. Пляж, на якi прыйшлi мужчына i жанчына, быў невялiкi. Яго нiхто не прыбiраў. На светлым пяску ляжалi карчы i бярвеннi побач з сухiмi водарасцямi, выкiнутымi хваляй i высушанымi жорсткiмi касымi промнямi.
– У гэтага пляжа ёсць адна загана, – жанчына сказала хутчэй сабе, чым мужчыну.
– Якая?
– Часам у гэтую бухту мора прыносiць нафту. Яе амаль не вiдаць.
Жанчына зайшла ў ваду. Зiхоткая, што срэбра, вада пасыпалася з яе далоняў.
– Здаецца, нафты няма.
Мужчына не распранаючыся лёг на гарачы пясок. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы. Жанчына падышла i села побач.
– Як ты ставiшся да нудысцкiх пляжаў? – спытаў мужчына.
– Нармальна. А ты?
– Калi малюеш аголеную, гэта здаецца нармальным, але распрануцца самому – iншая рэч. Цяжка пераадолець сорам.
– Яго трэба пераадолець адзiн раз.
– Жанчынам лягчэй.
– Аднолькава.
– Жанчынам лягчэй. Ведаю па натуршчыках. Нават калi ў майстэрнi адны мужчыны, не кожны пагодзiцца пазiраваць аголеным.
– А чаму?
– Не ведаю. Ёсць такi факт. Высновы не мая спецыяльнасць.
– Ты саромеешся мяне? – спытала жанчына.
– Не, – адказаў ён, не расплюшчваючы вачэй. Жанчына распранулася i зайшла ў белую хвалю. Мужчына, не адкрываючы вачэй, ляжаў на пяску. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы, калi прыемная чырвань ператвараецца ў зялёныя зоры, што плывуць i плывуць прад вачыма. Яго супакойвала кiнетыка прыроды, падпарадкаваная рытму сэрца. Жанчына выйшла з мора. Яе смуглае прыгожае цела, аблiтае сонечнасцю, свяцiлася.
– Тут дзiўны пясок, – сказала яна.
– На iм можна бясконца маляваць, – сказаў мужчына i адкрыў вочы, – а хвалi будуць змываць малюнкi. Ты будзеш пазiраваць, а я – маляваць, а хвалi будуць змываць малюнкi. Гэта цудоўна, калi малюнкi не застаюцца. Ты разумееш, гэта тое, што трэба – працаваць, ведаючы, што твае творы нiхто не пабачыць, толькi ты адзiн. А мора будзе выносiць прысуд тваiм малюнкам...
– Прабач, я не разумею.
– Гэта проста. Мы памiраем, i хваля смерцi змывае нас i нашы сляды, як марская хваля знiшчае малюнак на пяску. Кожны ведае, што знiкне. I рана цi позна знiкне памяць аб iм, але ён спадзяецца на цуд, на рай, на памяць iншых людзей... Спадзяецца на заўтра. А я – не, не спадзяюся на заўтра. Я не веру папугаю, не веру паштоўкам, не веру сонцу над морам. Я веру, што каханне тут, зараз, i я веру, што кахаю цябе...
Мужчына стаяў на пяску каля мора. Хвалi кацiлiся на бераг i вярталiся ў мора. Жанчына стаяла спiнаю да зямлi, а мужчына – спiнаю да мора. I было сонца. I быў дзень. I быў вецер. Ён маляваў на пяску. А хваля змывала малюнак. Ён маляваў аголеную жанчыну. А хваля не пакiдала i следу. Ён маляваў хутка i не паспяваў. А хваля паспявала. Ён рабiў некалькi лiнiй, i малюнак знiкаў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць жанчыну, што яе для яго няма, што ёсць толькi ён i сонца, ён i мора. I ён пачаў маляваць сонца, мора i горад. I зноў не паспяваў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць мора, i сонца, i горад, што ён паспее напiсаць на пяску, у прасторы памiж папярэднiм i наступным, толькi адно слова.
Вертыкаль, птушка кранае дзюбаю вертыкаль – лiтара К.Птушка iмкнецца ўзляцець, гарызанталь перакрэслiвае крылы – лiтара А.Дзве вертыкалi i агульная дыяганаль – лiтара И.Круг, вертыкаль – лiтара Ф.Кропка над И.
Мужчына паспяваў.
Ён паспяваў напiсаць слова.
Слова ў прасторы памiж папярэднiм i наступным. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф...
Потым было звычайнае – быў мужчына i была жанчына, была блiзкасць i сонца, i мора, i вецер...
– Ты маляваў мяне? – спытала жанчына.
– Так.
– Малюнкi былi добрыя?
– Так.
– Яны былi падобныя на мяне?
– Так, – сказаў мужчына.
Вечарэла. Да электрычкi яны iшлi праз платанавы лес. Светлая зелянiна платанаў трымала ў сабе дзённае святло. У электрычцы яны не гаварылi. На прывакзальнай плошчы мужчына спынiўся i, разглядаючы вежавы гадзiннiк, спытаў:
– Якое тваё сузор'е?
– Скарпiён.
– Не люблю скарпiёнаў.
– I я iх не люблю, але ж гэта толькi назва, выпадковая назва сузор'я, а не зоркi. Да зор назва не мае нiякага дачынення.
– Цiкавы адказ.
– Я гэта прачытала ў нейкiм часопiсе.
– У якiм?
– Не памятаю, помню, там былi фотаздымкi з замежнымi модамi.
* * *
Ранiцай у кавярнi да мужчыны за стол падсеў незнаёмы, кава была гарачая, i ён нязграбна трымаў фiлiжанку ў двух пальцах.
– Добрая кава, – сказаў незнаёмы.
Мужчына ў адказ кiўнуў.
– Ведаеш кавярню "Тры магнолii"?
Мужчына iзноў кiўнуў у адказ.
– Там няблага каву гатуюць. А больш у гэтым горадзе добрай кавы не знойдзеш.
– Курыць будзеш? – мужчына паклаў на стол пачак цыгарэт.
– Не, я не куру.
Каля буфетнай стойкi стаялi i перагаворвалiся дзве маладыя масквiчкi. Незнаёмы паглядзеў на загарэлых жанчын i сказаў:
– З жанчынамi тут блага. Рэстаран. Таксi. Грошы. А без гэтага нi адна не згодзiцца з табою пайсцi. Блага тут з жанчынамi. А адкуль у мяне тыя грошы, ну, адкуль яны наогул бяруцца ў гэтых "чорных"? Блага тут з жанчынамi.
– Блага, – сказаў мужчына.
Незнаёмы дапiў каву i выйшаў з кавярнi. За стол да мужчыны селi дзве загарэлыя масквiчкi.
– Прабачце, у вас ёсць запалкi? – спытала першая.
Мужчына паставiў на стол французскую запальнiчку. Жанчыны закурылi.
– Ты ведаеш, колькi каштуе паштоўка ў гэтага папугая? – спытала першая.
– Колькi? – перапытала другая.
– Два рублi.
– I ты купiла?
– Сорам сказаць. Не вытрывала. Купiла.
– I што?
– "Вас чакае каханне" было напiсана на паштоўцы.
– I ўсё?
– Усё.
– За два рублi можна было i больш напiсаць... Мужчына выйшаў з кавярнi i накiраваўся да кiёска сваёй знаёмай жанчыны. Ён iшоў па вулiцы, якая пахла смажаным тлушчам i гарачым алеем. Пачаўся курортны сезон.
– Як iдзе твой гандаль? – спытаў мужчына.
– Нiшто, – адказала яна.
– Я заўтра ад'язджаю. Пакiну табе сонца, мора i вецер.
– А я не люблю пляж, не люблю мора.
– Чаму?
– Рэдка туды хаджу. Адкладаю на заўтра, а заўтра так i застаецца заўтра.
– Разумею. Я вырашыў зрабiць падарунак, – ён паклаў на слiзкiя паштоўкi "Утопiю" Томаса Мора.
– Мне яна не патрэбна...
Да кiёска падышоў стары чалавек у белых шортах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. Нос у чалавека быў заклеены белай паперай.
– У вас ёсць канверты "авiя"? – спытаў ён.
– Ёсць.
– Мне адзiн.
– Калi ласка.
– А чаму ён такi пакамечаны?
– Ен трапiў сюды выпадкова. Я гандлюю паштоўкамi. Канверт у мяне адзiн.
– Мне не патрэбен пакамечаны канверт.
– А ў мяне другога, на жаль, няма. Купiце на пошце. Тут побач.
– Пакамечаны мне не патрэбен. Колькi каштуе гэтая кнiга, цi яна таксама трапiла сюды вьпадкова? – нервова спытаў чалавек з заклееным носам.
– Два рублi, – апярэдзiў жанчыну мужчына.
Чалавек паклаў на паштоўкi два металiчныя рублi i пайшоў у бок пошты.
– Нашто ты прадаў яму кнiгу? – спытала жанчына.
– Яна мне на патрэбна, як i табе.
– Мне падалося, што гэты ў шортах ненармальны.
– Чаму?
– Цяпер без рознiцы – "авiя" цi не, а па-другое, нешта ў iм... Я не ведаю, як сказаць. Карацей, ненармальны.
– А мне наадварот здаецца, што ён самы нармальны. Толькi ягонае шчасце папугай ара выцягнуў у канверце "авiя".
– Ты так думаеш?
– А што застаецца думаць? I наогул – нашто думаць, калi ара гадае?! – спрабаваў жартаваць мужчына. Яму захацелася хутчэй вярнуцца дадому.
* * *
Мужчына даляцеў нармальна. Дома, не здымаючы нават капелюша, ён падышоў да кнiжнай палiцы i, пагартаўшы пяты том "Жыцця жывёл", прачытаў: "Трохколерны ара вымер на пачатку XX стагоддзя. Жыў гэты папугай на..."
– Шкада, – сказаў мужчына намаляванаму папугаю i паўтарыў: – Шкада...
Аголеная ў тралейбусе
Чэсь любiць метал; рэжа сталь, як паперу. Трубы i прэнты згiнаюцца ў яго руках, як васковыя свечкi ў гарачай вадзе. Ён – спецыялiст па выкананню кратаў. Чэсь, адзiны на сваiм прадпрыемстве, хто займаецца дэкаратыўнымi кратамi ад эскiзаў i чарцяжоў да зборкi на аб'ектах. Яго паважаюць, яму зайздросцяць, калi атрымлiвае заробак; яго падманваюць, яму дапамагаюць, калi закрываюць i падпiсваюць нарады. Чэсь працуе ў цэху, дзе лiставая сталь i гудзенне газазваркi нiкога не дзiвiць, а звычайны голас немагчыма пачуць. Працаваць у яго атрымлiваецца. Ён здатны рабiць i лепш, i больш, але не вытрымае фонд зарплаты, i ў планавым аддзеле зляцяць прэмii, таму робiцца столькi, колькi трэба, каб з табою вiталiся за руку, а не кiвалi, касавурачыся на падлогу цi столь.
Знешнасць давала Чэсю шанц трапiць у кiназоркi, чые партрэты вырэзваюцца мiнiяцюрнымi нажнiцамi i развешваюцца ў дзявочых пакоях заводскiх iнтэрнатаў. I ён бы трапiў, ён нават выканаў адну ролю ў тэлеспектаклi, але перакананне, што гаварыць чужое i рабiць выгляд, быццам кiмсьцi прыдуманае – тваё ўласнае, Чэсь не здатны, i ён гэта ведае. Лепш балоны з ацэтыленам i жалеза, чым камера i манiтор, – думае Чэсь. Ягонаму характару адпавядае дэмакратычная вопратка нашага часу – джынсы, куртка i красоўкi, так можа апрануцца i дырэктар, калi едзе за горад, i грузчык з татуiроўкай на ўсю спiну, калi збiраецца ў рэстаран, i дзяўчо, як ляцiць на першае спатканне, i яшчэ немаведама хто з нас.
* * *
Жджоўк-жджоўк! Шчоўкае фортка на прахадной. Чэсь аглядаецца на браму свайго прадпрыемства. Да брамы прывiнчаны дарожны знак: чырвоная палоса перакрэслiвае чорны клаксан. Дарога да метро не запаўняецца падзеямi. Шчы-дзынь. Пятакi высыпаюцца ў падсветленую металёвую шуфлядку. Паўз малочныя цылiндры свяцiльнiкаў Чэсь апускаецца на платформу. Вывучэнне лiнолеуму на вагоннай падлозе – сумны i бесперспектыўны занятак. Выходзiць з метро больш прыемна, чым спускацца туды, што б там нi казалi, а яно так. На аўтобусным прыпынку Чэсь закурвае. Адно, што суцяшае ў гадзiннай дарозе з працы, гэта – iндустрыяльныя краявiды з iх дзiўнай здольнасцю быць заўсёды новымi i цiкавымi. Перасадка на тралейбус выконваецца iмгненна. У тралейбусе не прадыхнуць. Тры прыпынкi на адной назе. Нарэшце палова пасажыраў сыходзiць. Чэсь разглядае спадарожнiкаў. Ёсць твары, на якiя сорамна глядзець, асаблiва калi iх пара – ён i яна, яшчэ горш, калi яны смяюцца. Побач з Чэсем чытае спартыўную газету руды кучаравы маладзён. "Чым жа ты займаешся, ку-ча-ра-вы? Рыбалоў-спартсмен? Рыбалоў-спартсмен!" – круцiцца ў Чэся, калi заўважаецца прыгажосць. Галантнасць i прыгажосць належаць жанчыне. Яна ў акулярах, але можна ўявiць жанчыну i без акуляраў, i без празрыстых пластыкавых клiпсаў, i без пластмасавага драпежнага манiкюру, i без манернага залатога гадзiннiка на ланцужку, i без сумкi з неабавязковымi рэкламнымi надпiсамi, без курткi пастэльных тонаў, без лёгкай сукнi... Чорныя панчохi можна пакiнуць, а можна i не пакiдаць. Мужчына не пакiдае на жанчыне панчох. Яна застаецца аголеная ў паўпустым тралейбусе... "Вы зараз будзеце сыходзiць?" – у адзiн голас пытаецца ў Чэся пара. Той саступае дарогу. "Дазвольце пазнаёмiцца. Прабачце, дазвольце, калi ласка, пазна...", – думае Чэсь, калi разам з парай сыходзiць жанчына ў чорных панчохах. На прыпынку назбiралася тралейбусаў. Чэсь бачыць, як прыгажосць знiкае за дзвярыма рыбнага магазiна. Знаёмства адкладаецца назаўсёды. Руды сыходзiць на наступным прыпынку. Бух-бух па прыступках – i Чэсь на асфальце свайго мiкрараёна. Праз падземны пераход, да гастранома, паўз яго, да кафэ "Сустрэча", паўз кафэ, да кiёска. У вiтрынах выстаўлены календары на наступны год, на календарах леташнiя летнiя краявiды. "Яшчэ вясна, а календары назапашаны наперад. Чорныя лiчбы – буднi, чырвоныя – святы i нядзелi. Чырвоных значна менш", – думае Чэсь, калi трапляе ў свой пад'езд. Дзынь-дзы-ы-ыннь. Жонка адчыняе дзверы, муж заходзiць у кватэру.
* * *
На кухнi многа белага. Белы стол, белая плiта, белы халадзiльнiк... Кафлю з празрыстым шэрым малюнкам таксама можна назваць белай. Чыста i светла на кухнi.
Жонка i муж сядзяць за сталом, перад iмi талеркi з рысам.
– Такое адчуванне, што жыву ў гумовым пакоi, а ўсе мае спробы вызвалiцца – толькi марныя ўдары ў тоўстую чорную гуму. Добра яшчэ, калi чую грукат за сцяной, а то глухата... Цi варта жыць? Цi трэба намагацца, калi не жыццё, а iснаванне ў гумовым пакоi? – пачынае гаворку муж.
– Сапраўды, гумовы смурод, якiм набрыняла рэчаiснасць. Скрозь гумовы смурод. Вар'яцтва i самагубства здаюцца ратункамi. Жыць не хочацца, – працягвае гаворку жонка.
– Можа, паспрабуем жыць наноў? Пераедзем у другi горад. Не спадабаецца – паедзем у мястэчка, куды-небудзь да мора, на поўдзень. Я ўладкуюся на пляж выратавальнiкам, цi на маяк, цi на лодачную станцыю вартаўнiком. Ты забудзеш сваю лабараторыю i радыяцыю. Я выкiну з галавы камандзiроўкi i краты. Будзем хадзiць да мора i сядзець на пяску i глядзець на прыбой. Цi пойдзем у парк, дзе можна ноччу пад лiхтаром стаяць каля белай скульптуры i чытаць. Недзе павiнна знайсцiся гармонiя, суладнасць памiж светам i намi. Можа, паспрабаваць?
– Знаёмая казала, што на ўзбярэжжы ноч пераначаваць можна толькi за тры рублi, i то калi папярэдне, за месяц цi за два, дамовiшся.
– Дамаўляйся i едзь. Табе трэба адпачыць, а то дацягнем, як мiнулым летам, да восенi, i нi ты, нi я не адпачнём.
– Так i зраблю. Паеду на Балтыку, там не так горача, як на поўднi. Не пераношу спёкi. Гэты пот, пот, пот...
На халадзiльнiку спiць малы чырвоны тэлевiзар. На шкафчыку маўчаць магнiтафон i транзiстар. Памiж iмi на стосе часопiсаў i газет свецiцца залатою тлустасцю бутэлька са сланечнiкавым алеем.
– Паедзеш адна?
– Ты ж не зможаш?!
– Знойдзеш знаёмую. Дый з грашыма туга. Нашто куплялi прыёмнiк з магнiтафонам i яшчэ тэлевiзар, калi не глядзiм i не слухаем?
– Давай прадамо, – прапаноўвае жонка.
– А можа, мне на ўсход з'ездзiць? Папрацаваць з год у лесанарыхтоўчай брыгадзе, зарабiць колькi тысяч, а потым вольным пабыць, работы пашукаць, каб без камандзiровак. Цi лепей на вялiкую будоўлю на поўнач, дзе перспектыва i маштаб. А пасля купiм дом i сад. Не. Сад я сам пасаджу. Нi градаў, нi кветнiкаў, нi кустоўя не будзе, толькi трава i яблынi з пабеленымi стваламi. Дом таксама белым пафарбуем, а дзверы i аконныя рамы – блакiтныя. Плот вакол сада зробiм кратаваным i сiнiм, а сцежкi i двор тоўчанай цэглай засыплем i бардзюр з цэглы выкладзем. Сярод яблынь абавязкова некалькi антонавак прышчэпiм. Якi водар у вераснёўскiх антонавак! Цуд, мёд, а не яблык – наш "антон". А ўзiмку сад прыгожы, графiчны, як мае краты ў светлым iнтэр'еры. За садам майстэрню паставiм. Невялiкiя заказы можна i дома рабiць. А вечарам будзем чытаць. Я, калi заходжу ў бiблiятэку, часам страх адчуваю, робiцца жахлiва, што не паспею прачытаць столькi кнiжак. А вось ад таго, што магнiтафонных стужак не праслухаю цi вiдэакасет не пагляжу, страху няма. Стэлажы пад кнiгi я зраблю сам i абавязкова са шклом, каб пыл не псаваў паперу. Можа, мне паехаць?
– Едзь. Толькi не дзеля заробку. З'ездзi, адпачнi...
– Адпачнi! Адпачнi!! Адпачнi!!!
Муж бярэ бутэльку з алеем i разбiвае аб газавую плiту.
Жаўтлявыя рагi паўзуць па слiзкiм пластыку шкафчыка i дзвярах халадзiльнiка. На столi, нiбыта зоры на небе, праяўляюцца крапкi алею, якi вокамгненна знiшчае чысцiню кухнi. Аскепкi шкла асыпаюцца на лiнолеум. Выбух узарванай бутэлькi застаецца на слыху.
Муж i жонка прыбiраюць на кухнi, шаруюць, выцiраюць, мыюць, падмятаюць, зграбаюць... Нарэшце муж перакульвае вядро над адкiдной шуфлядай смеццеправода, i вольнае шкло грукацiць у вертыкальным жалезным тунелi.
– Цяпер чыста. Мне лягчэй. Мне добра. Мне весела. Нервы! А цяпер мне спакойна, нiбыта я вырваўся з гумовага пакоя, – гаворыць муж, калi хавае парожняе вядро ў шкафчык пад адшараванай ракавiнай.
– Разумею, кажу глупства, але ты наступным разам як-небудзь папярэджвай мяне, а то я спалохалася. Можа, павячэраем? – мякка пытае жонка.
– Давай вячэраць, – муж садзiцца за стол.
* * *
Кi-гi, кi-гi, кi-гi!.. Электрабудзiльнiк падае голас.
Гарката зубной пасты застаецца да першага глытка кавы. Кухонны гадзiннiк толькi тое i робiць, што нагадвае пра спазненне. Спружына ў дзвярах пад'езда рыпiць пранiзлiва i жаласна. Йi-i-i. На прыпынку цямнее натоўп. Твары сонныя i злосныя. Тралейбусы падыходзяць адзiн за адным. Усё разлiчваецца да драбнiц – крок управа цi ўлева, i ты не апынешся насупраць дзвярэй, i ты не паспееш заняць месца, а будзеш стаяць, i цябе пачнуць папiхаць з прабачэннямi i моўчкi. Чэсь уладкоўваецца ля акна. Доўгiя, ажно ў два тралейбусныя прыпынкi, заводскiя карпусы цягнуцца за шклом. Ранiцай у тралейбусах не жартуюць, а сварацца, жартуюць вечарам, да якога яшчэ далёка. Чэсь не слухае сваркi, ён сядзiць, ён едзе на работу, ён чытае падрыхтаваныя звечара газетныя ранiшнiя навiны. Перасадка зацягваецца – перапоўненыя аўтобусы не спыняюцца. Вымушаны перакур. Недапалак разам з навiнамi ляцiць у сметнiцу. Дзяжурны пятак знiкае ў шчылiне. Непрыемнае адчуванне, што аўтамат у метро не спрацуе, з'есць пятак i ўдарыць па каленях чорнымi загародкамi. Гумовыя парэнчы i прыступкi эскалатара паўзуць не сiнхронна, гэта абнадзейвае, што век робатаў яшчэ не скора. У вагоне насупраць Чэся сядзяць студэнткi i чытаюць адзiн на дзвюх канспект. Чэсь сыходзiць разам са студэнткамi. Пасажыры накiроўваюцца пад арку. Чэсь падыходзiць да калоны i прыхiнаецца спiнай да мармуру.
* * *
Ён узляцеў у метро. Спачатку прыйшло адчуванне, што ён можа ўзняцца над запалiраванай мiльёнамi падэшваў цэментавай платформай. Ён паспрабаваў адарвацца ад плоскасцi, i ў яго атрымалася. Мужчына ўзлятаў марудна, цяжка i незаўважна для людзей. Ён узняўся пад самую столь, раскiнуў рукi i... Завiс паралельна пабеленым панелям. Цела не чулася лёгкiм, наадварот, яно нiбы налiлося волавам. Здатнасць пераадольваць прыцягненне далася праз пакутлiвую страту пластычнасцi, праз халодны страх пераўвасаблення. Шоргат, бразгат, грукi, шэпты злiлiся ў манатонны гул, ацiхлi, знiклi. Колеры пашарэлi, выцвiлi. Запанаваў дальтанiзм. Электрычкi прыбывалi i адыходзiлi. Пасажыры запаўнялi вагоны i спяшалiся да эскалатараў. Нiхто не спыняўся, усе беглi, iшлi, спяшалiся. Нават i тыя, што чакалi на платформе, спяшалiся: хутчэй-хутчэй працягваць свой рух па гарызанталi. Мужчына сачыў мiтусню з абыякавым спакоем на твары. Ён быў вышэй. Яму захацелася ўзняцца яшчэ вышэй, працяць панелi i жвiр, працяць глебу i асфальт i ўзлятаць. Ён дакрануўся да столi, на далонi засталася пабелка. Пад тонкiм пластом мелу быў непрабiвальны бетон. Мужчына апусцiўся долу, на тое самае месца, з якога ўзлятаў, i назаўсёды, ён упэўнены, згубiў, страцiў, знiшчыў сваю здольнасць уздымацца, сваю сiлу пераадольваць прыцягненне. Была радасць, што ён лётаў, хай у метро, хай толькi раз за жыццё, але ён узняўся.
* * *
Мармур прыемна халодзiць спiну i супакойвае. Чэсь разглядае свае рукi – рукi працоўнага чалавека. З метро, праз другiя скразнякi, праз падземны пераход, паўз рабочую сталоўку i кулiнарыю, паўз малочны бар, мiма каруселяў i пясочнiцы, да прахадной. Клаксан на дарожным знаку падбухторвае выгукнуць на ўсю моц дзiцячае "Бi-бi-бi-i-i!". Паказваецца пропуск. Фортка шчоўкае за спiнай. Работа пачынаецца.